Коннік без галавы (1941)/XLVI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XLV Коннік без галавы. Раздзел XLVI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XLVII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XLVI

ТАЙНАЕ ПРЫЗНАННЕ

Ледзь толькі пачало днець, вакол гасіенды Каса-дэль-Карво жыццё ўжо ішло поўным ходам.

У дварэ тоўпіліся людзі. Яны былі ўзброены, хоць не былі ваеннымі. У адных — грамоздкія паляўнічыя стрэльбы-аднастволкі або вялікія двухстволкі, у другіх — пісталеты, рэвальверы, у трэціх — вялікія нажы або нават тамагаўкі.

Не меншай разнастайнасцю адрозніваліся і вопратка гэтых людзей: чырвоныя фланелевыя рубашкі красаваліся побач з камзоламі са стракатай тканіны індзейскай работы; карычневыя штаны з даматканай шэрсці побач з блакітнымі баваўнянымі; паярковыя капелюшы і скураныя шапкі; высокія боты з дубленай скуры і абутак з аленяй скуры.

Што азначала з‘яўленне гэтага стракатага натоўпу?

Гэтыя людзі сабраліся каля гасіенды Каса-дэль-Карво, каб прадаўжаць пачатыя пошукі знікшага сына плантатара. Некаторыя з іх удзельнічалі ў пошуках напярэдадні, іншыя далучыліся ўноў. Да апошніх належалі перасяленцы больш аддаленых сетлментаў і паляўнічыя, якіх учора не было дома. Прадметам абмеркавання было забойства Генры Пойндэкстэра. Морыса-мустангера лічылі забойцам.

Ажыўленыя размовы выклікала з‘яўленне ў прэрыі загадачнага конніка без галавы. Скептыкі лічылі гэта выдумкай і спачатку не верылі. Аднак, ім хутка давялося здацца перад настойлівымі сцвярджэннямі вялікай колькасці ачавідцаў.

Усе чакалі Вудлі Пойндэкстэра, які павінен быў стаць на чале сёнешняй экспедыцыі. Чакалі яго распараджэнняў.

Плантатар затрымліваў адпраўленне, спадзеючыся знайсці правадніка — чалавека, які мог-бы паказаць дарогу на Аламо і прывесці атрад да халупы Морыса-мустангера. Такога чалавека не знайшлося. Плантатары, купцы, крамнікі, юрысты, паляўнічыя, гандляры коньмі і рабамі — ніхто не ведаў, дзе знаходзілася халупа на Аламо.

Высветлілася, што толькі адзін чалавек у сетлменце мог узяць на сябе гэты абавязак: гэта быў стары Зеб Стумп. Але Зеба Стумпа нельга было знайсці. Ён пайшоў, як звычайна, кудысьці далёка на паляванне. Некалькі чалавек было паслана па яго ў розных напрамках, але адзін за другім яны вярталіся ні з чым.

У гасіендзе была жанчына, якая магла-б беспамылкова паказаць шлях да халупы мустангера. Але Вудлі Пойндэкстэр не ведаў гэтага. І, напэўна, добра, што ён гэтага не ведаў. Калі-б толькі горды плантатар падазраваў, што яго дачка магла быць правадніком да адзінокай халупы на Аламо, яго гора аб страчаным сыне ўзмацнілася-б горкім разуменнем, што дачка яго пайшла па нядобрым шляху.

Апошні чалавек, пасланы на пошукі Зеба Стумпа, вярнуўся да гасіенды без яго. Далей чакаць рабілася ўжо немагчыма — прагнасць помсты сярод сабраўшыхся была занадта вялікая.

Рашылі ў дарогу рушыць без правадніка.

* * *

Толькі паспеў атрад ад‘ехаць ад Каса-дэль-Карво, як у сценах самой гасіенды адбылася сустрэча двух людзей, з якіх кожны добра ведаў дарогу на Аламо. У гэтай сустрэчы не было нічога адмоўнага, нічога загадзя прадугледжанага. Гэта была простая выпадковасць. Зеб Стумп толькі што вярнуўся з палявання і прывёз з сабою запас дзічыны для кухні плантатара.

Для Зеба Стумпа Луіза Пойндэкстэр была, зразумела, дома. Больш за тое, яна з вялікай нецярплівасцю чакала сустрэчы з ім. Жаданне ўбачыць старога паляўнічага ў яе было такое вялікае, што ўвесь дзень напярэдадні, з самага ўсходу сонца і да захаду, яна не зводзіла вачэй з дарогі.

Ледзь паспеў схавацца шумны натоўп удзельнікаў экспедыцыі, як яна ўбачыла старога конна на яго старой кабыле. Памалу ішоў стары каняка пад цяжарам багатай здабычы паляўнічага. Зеб Стумп ехаў па супроцьлеглым беразе ракі, але ўжо паварачваў у бок гасіенды.

Для Луізы было вялікай радасцю ўбачыць вялізную фігуру старога. У гэтым чалавеку яна бачыла прыяцеля, якому магла даверыць свае самыя вялікія таямніцы.

Яшчэ задоўга да таго, як Зеб Стумп з‘явіўся на дварэ, маладая дзяўчына ўжо чакала яго на верандзе.

Паляўнічы накіроўваўся да гасіенды з выглядам вясёлай бесклапотнасці. Ён не падазраваў аб здарыўшымся няшчасці. На твары яго адбілася здзіўленне, калі ён заўважыў, што вароты гасіенды закрыты на засаўку. Гэтага не было ў звычаях дома Пойндэкстэра. Сумны выгляд негра яшчэ больш здзівіў Зеба Стумпа.

— Што з табою, дружа Плутон? Ты выглядаеш змрачней за хмару. І чаму гэта ў цябе сярод белага дня раптам вароты на запоры? Ці не здарылася ў вас чаго?

— Так, так, містэр Стумп, здарылася. Іменна здарылася, няшчасце здарылася. Вялікае, вялікае няшчасце.

— Гавары-ж хутчэй! — усклікнуў паляўнічы. — Гавары! Нічога-ж не можа быць страшнейшым, чым тое, што напісана ў цябе на фізіяноміі. Ці не здарылася чаго з тваёй маладой гаспадыняй? Не можа гэтага быць! Міс Луіза…

— Не, не, з міс Луізай нічога не здарылася. Але падобна да гэтага. Маладая міс дома. Увайдзіце, містэр Стумп. Яна сама раскажа вам пра жудасную навіну.

— А твой гаспадар? Ён дома, праўда?

— О, не, не. Яго цяпер няма. Гаспадар цяпер далёка ад дома. Ён паехаў чвэрць гадзіны таму назад. Яго няма цяпер дома. Ён паехаў у прэрыю. Туды, дзе дзікія коні. Туды, дзе было паляванне месяц таму назад.

— У прэрыю, дзе дзікія коні? Чаго-ж ён паехаў туды? Хто-ж паехаў з ім?

— О-о! З ім містэр Кольхаун і шмат іншага народу. — О-о! Там іх шмат. Гэта Плутон вам праўду кажа.

— Ну, а ваш малады містэр Генры — ён, напэўна, таксама паехаў з ім?

— О, містэр Стумп, у гэтым якраз наша гора. Містэр Генры паехаў таксама. І ён ніколі ўжо не вернецца назад. Яго конь прыбег дадому; ён увесь быў у крыві. Ой, ой, людзі кажуць, што містэр Генры памёр ужо.

— Памёр? Ты праўду гаворыш, негр?

— О! Гэта сама праўда, містэр Стумп. Мне цяжка гаварыць гэта. Яны ўсе паехалі шукаць яго труп.

— Ну, забяры гэта на кухню. Тут індык і дзікія куры. Дзе мне можна ўбачыць міс Луізу?

— Я тут, містэр Стумп. Заходзьце! — адказаў срабрысты галасок, добра знаёмы паляўнічаму, на гэты раз гучэўшы так сумна, што Зеб Стумп ледзь пазнаў яго.

— Увы, усё, што Плутон вам сказаў, усё гэта праўда. Мой брат загінуў. Яго ніхто не бачыў з пазаўчарайшага вечара. Яго конь вярнуўся дадому з крывавымі плямамі на сядле. О, Зеб, аб гэтым нават страшна падумаць!

— Так, гэта цяжкія навіны. Ён некуды паехаў, — а яго конь вярнуўся адзін. Я не хачу прычыніць вам лішняга болю, міс Луіза, але, магчыма, і я магу дапамагчы ў гэтай справе, а для гэтага мне трэба ведаць падрабязнасці.

Луіза расказала Зебу ўсё, што ведала. Толькі тое, што адбылася ў садзе і што было перад гэтым, яна захавала ад яго. Яна спаслалася на расказ Обердофера ў пацверджанне таго, што Генры, напэўна, паехаў за мустангерам.

Зеб Стумп быў глыбока ўсхвалёваны яе расказам. А калі Луіза сказала яму аб тым, што Морыса лічаць забойцам яе брата, ён быў абураны страшэнна.

— Гэта хлусня! — крычаў паляўнічы. — Паклёп! Толькі нячыстыя жывёліны маглі гэта прыдумаць. Гэта зусім непраўдападобна. Мустангер не з тых, хто мог-бы пайсці на такую справу. Ніколі я ў гэта не паверу! І навошта яму гэта? Калі-б паміж імі былі дрэнныя адносіны — але-ж гэта не так! Я ведаю, як Морыс-мустангер ставіўся да вашага брата; ён сам мне аб гэтым гаварыў. Праўда, ён ненавідзеў вашага стрыечнага брата Касія. Але я хацеў-бы ведаць, хто яго не ненавідзіць? Даруйце мне, што я так гавару вам. Калі-б паміж вашым братам і мустангерам адбылася сварка і разлад, то…

— Не, не! — закрычала крэолка, забыўшыся аб усім у парыве свайго гора. — Паміж братам і містэрам Джэральдам усё было ўладжана. Генры мне так сказаў, а Морыс…

Позірк субяседніка прымусіў яе змоўкнуць. Закрыўшы твар рукамі, яна расплакалася.

— Значыцца, між імі штосьці было, — прамармытаў Зеб. — Вы сказалі, міс Луіза, што была сварка паміж вашым братам і…

— Мой любы, любы Зеб! — усклікнула яна, адрываючы рукі ад твара і гледзячы проста ў вочы збянтэжанаму паляўнічаму. — Абяцайце мне, што вы нікому, нікому не скажаце. Абяцайце мне, як сябра, як сумленны і прыстойны чалавек. Вы абяцаеце, праўда?

Паляўнічы ў адзнаку клятвеннага абяцання падняў сваю вялізную руку і затым выразна ўдарыў сябе ў грудзі.

Праз пяць хвілін ён ужо ведаў таямніцу, якую жанчыны не любяць выдаваць. Яны давяраюць такія таямніцы толькі таму, хто сапраўды заслугоўвае самага глыбокага давер‘я.

Зеб Стумп здзівіўся з гэтага прызнання менш, чым гэтага можна было чакаць.

— Што-ж тут такога, міс Луіза? — прамармытаў ён спачувальным голасам. — Зеб Стумп не бачыць ў гэтым нічога такога, чаго можна было-б сароміцца. Жанчыны заўсёды астаюцца жанчынамі, і ў прэрыі таксама, як і ўсюды на свеце. І калі хто-небудзь пачне сцвярджаць, што вы пакахалі не таго, каго трэба, аддаўшы сваё сэрца мустангеру, то гэта будзе вялікай памылкай. Ён вельмі добры чалавек і заслугоўвае вашага кахання. Усё-ж астатняе, што вы мне расказалі, толькі пацвярджае маё меркаванне, што ён не мог зрабіць гэтага бруднага ўчынку, калі толькі гэта наогул здарылася. Якія-ж ёсць доказы? Толькі тое, што конь вярнуўся з плямамі крыві на сядле?

— Увы, знойдзены і іншыя доказы. Учора цэлы дзень прадаўжаліся пошукі. Яны ездзілі на слядах і знайшлі штосьці, аб чым не хацелі расказаць. Мне здалося, што бацьку не хацелася гэтага гаварыць мне, а ў іншых я баялася запытацца. Яны зноў паехалі сёння, незадоўга да таго, як я ўбачыла вас на дарозе.

— А мустангер? Што-ж ён гаворыць у сваё апраўданне?

— О, я думала, што вы ведаеце! Яго-ж таксама не могуць знайсці. Магчыма, і ён загінуў ад той-жа рукі, якая забіла брата.

— Вы гаворыце, што яны ездзілі па слядах? Што-ж, яны знайшлі яго след? Калі ён толькі жывы, то ён на Аламо. Чаму яны не паехалі туды? А, разумею. Напэўна, ніхто не ведае як след, дзе гэта знаходзіцца. І калі толькі іх вёў гэты малакасос Спэнглер, то, вядома, на крэйдавай прэрыі ім нічога не ўдалося прасачыць. Значыць, яны зноў туды-ж паехалі?

— Дзеля гэтага вось мне і хацелася вас бачыць. З бацькам цяпер паехала многа рознага народа. Сярод паехаўшых былі і рэгулятары[1]. Калі яны ад‘язджалі, я чула, як яны гаварылі аб лінчаванні. Некаторыя з іх кляліся адпомсціць. Падумайце толькі, Зеб: калі яны знойдуць яго, калі Морыс не зможа як след даказаць сваю невіноўнасць?.. Гэтыя-ж людзі ў запале нястрымнай злосці, ды яшчэ маючы такога памочніка, як Касій Кольхаун, — вы ўяўляеце, што яны могуць з ім зрабіць? Дарагі Зеб, дзеля мяне, дзеля яго, дзеля нашай дружбы, паедзьце туды, хутчэй паедзьце. Абганіце іх і папярэдзьце Морыса. Ваш конь не з быстрых. Вазьміце майго, вазьміце любога, якога захочаце, з нашай стайні.

— Правільна, — перапыніў яе паляўнічы, збіраючыся ісці. — Вядома, гэта можа скончыцца дрэнна для маладога мустангера. Я зраблю ўсё, каб дапамагчы яму. Не хвалюйцеся, міс Луіза. Я паспею даехаць на сваім старэнькім. Ён вельмі добра ведае гэтую дарогу. Мы хутка дабярэмся. А на вашым крапчатым мне штосьці не надта хочацца ехаць. Так, апрача таго, мой стаіць асядланы. Ну, бывайце-ж. Не гаруйце — магчыма, з вашым братам нічога дрэннага і не здарылася. А што Морыс-мустангер чысты ў гэтай справе, — гэта для мяне ясна, зусім ясна.


  1. Рэгулятары — члены добраахвотнай дружыны па ахове парадку.