Коннік без галавы (1941)/XLIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XLIII Коннік без галавы. Раздзел XLIV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XLV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Раздзел XLIV

ЧАЦВЁРА КАМАНЧАЎ

Фелім бег, не спыняючыся і не азіраючыся назад. Капа яго рыжых валасоў раскудлачылася і развявалася ў паветры. Прыбегшы ў халупу, ён зачыніў абцягнутыя скурай мустанга дзверы і забарыкадыраваў іх некалькімі цюкамі і скруткамі, якія ляжалі тут-жа на падлозе.

Але нават і тады ён не адчуў сябе ў бяспецы. Хіба маглі ахаваць дзверы, хоць-бы і загароджаныя, ад той жудасці, якой ён толькі што быў сведкай?

А тое, што ён бачыў, — гэта, вядома, было звышнатуральным, патустароннім. На зямлі такіх цудаў яшчэ не было! Хіба хто-небудзь калі-небудзь бачыў такое відовішча: чалавек на кані і трымае ў руцэ сваю ўласную галаву?.. Хто калі-небудзь чуў аб такой супроцьнатуральнай з‘яве? Вядома, толькі не Фелім О‘Нійл.

Ахоплены жахам, слуга кідаўся ўзад і ўперад па халупе, сядаў на крэсла, уставаў, падкрадваўся да дзвярэй, не асмельваючыся, аднак, ні адчыніць іх, ні нават зазірнуць у шчылінку.

Часамі Фелім рваў на галаве валасы, сударгава сціскаў рукамі скроні і праціраў вочы, нібы стараючыся пераканацца, што ён не спаў і на самай справе бачыў гэты жудасны вобраз.

Паступова, не таму, што ў ім вырасла нейкая ўпэўненасць у безапаснасці, а проста таму, што ён адчуў неабходнасць разабрацца ва ўсім гэтым, да яго вярнуўся дар мовы. Тут пасыпаліся, нібы з рога багацця, бясконцыя пытанні і ўскрыкі. На гэты раз ён звяртаўся толькі да сябе самога. Тары не было дома, і ён не мог прыняць ўдзелу ў размове.

Фелім гаварыў зусім шэптам, нібы баючыся, што яго хто-небудзь можа падслухаць за сцяною хакале.

— Ах! Ах! — уздыхаў ён. — Не можа быць, каб гэта быў ён! Святы Патрык, абарані мяне! Але што-ж гэта было ў такім разе? Там-жа ўсё было яго. Яго конь, паласатае серапэ, ягуаравыя боты і сама галава, вось хіба толькі твар не яго. На твар я таксама паглядзеў, але як можна пазнаць чалавека па твары, які ўвесь пакрыты крывёю? Ах! Гэта не мог быць містэр Морыс! Ніколі! Ніколі!.. Гэта быў сон. Я, мусіць, спаў і бачыў толькі сон. Або, магчыма, усё гэта нарабіла віскі?.. Не. Я не быў п‘яным! Гэтага таксама не можа быць. Не прайшло-ж і поўгадзіны з таго часу, як я бачыў усё гэта… Дарэчы, кропля гэтага напітку цяпер мне вельмі карысна. А то-ж я не буду спаць усю ноч і ўсё буду думаць. Ах! Ах! Што-ж гэта можа быць, нарэшце? І дзе толькі можа быць гаспадар, калі гэта не ён? Святы Патрык! Абарані беднага грэшніка, які астаўся зусім адзін, а навокал толькі духі і здані!

Пасля гэтага звароту да каталіцкага святога ірландзец яшчэ з большай пачцівасцю звярнуўся да другога бажаства, з даўніх часоў вядомага пад імем Вакха[1]. Апошні пачуў яго просьбы.

Ужо праз гадзіну пасля таго, як Фелім стаяў на каленях перад алтаром гэтага язычаскага бажаства, прадстаўленага ў вобразе бутлі з манонгахельскім віскі, ён вызваліўся ад усіх пакут, хоць і не быў вызвалены ад грахоў. Ён ляжаў упоперак хакале, не толькі не памятаючы аб жудасным відовішчы, якое раніла яго ў самае сэрца, але нават і не памятаючы аб сваім уласным існаванні.

* * *

Спусцілася паўноч. У халупе Морыса-мустангера не было чуваць ні гуку.

Гукі былі чуваць толькі за сцяною. Але гэта звыклыя гукі — начныя галасы лесу: цурчыць крыніца, шэпчуцца лісці, устрывожаныя ветрыкам, стракочуць цыкады. Зрэдку чуваць крыкі нейкага звера.

Ярка свеціць месяц. Срабрыстыя яго праменні, асвятляючы зямлю, пранікаюць у самую гушчу лесу і кідаюць палосы святла сярод чорных ценяў дрэў.

Лічачы за лепшае цень, чым святло, едуць коннікі. Іх нямнога — усяго толькі чацвёра, але на іх жудасна глянуць. Іх голыя, афарбаваныя яркачырвонай фарбай целы, татуіроўка на шчоках, вогненныя пер‘і, што тырчаць на галаве, бліскучая зброя ў руках — усё гэта гаворыць аб дзікай і небяспечнай сіле. Яны ў ваенным уборы каманчаў.

Адкуль яны?

Коннікі накіроўваюцца да халупы, дзе ў беспрытомным стане ляжыць адзін з яе жыхароў. Як відаць, хакале Морыса Джэральда выбрана прадметам іх набегу.

На невялікай адлегласці ад халупы яны саскокваюць з коней, прывязваюць іх да дрэў і ўжо пехатою накіроўваюцца далей.

Яны ідуць крадучыся і зусім нячутна перасоўваюць ногі па апаўшых лісцях. Стараюцца трымацца ў цені. Часта спыняюцца, углядаючыся наперад і прыслухоўваючыся. Верхавод камандуе імі маўклівай жэстыкуляцыяй.

Унутры халупы поўная цішыня. Адтуль не далятае ніводнага гуку.

Чацвёра каманчаў падкрадаюцца да дзвярэй.

Яны замкнуты, але з бакоў іх ёсць шчыліны.

Да гэтых шчылін чатыры дзікуны адначасова прыкладваюць вушы і прытаіўшыся слухаюць.

Не чуваць ні храпення, ні нават дыхання і наогул ніякага гуку.

— Магчыма, — гаворыць па-іспанску іх верхавод, — вельмі магчыма, што ён яшчэ не вярнуўся дадому. Хоць, здавалася-б, ён ужо даўно павінен быць на месцы. Магчыма, зноў куды-небудзь заехаў? Памятаецца мне, што за домам павінна быць паветка для каня. Калі мустангер дома, то мы знойдзем там яго мустанга. Пачакайце тут, сябры, пакуль я схаджу і пагляджу.

Праз некалькі хвілін верхавод вярнуўся да сваіх саратнікоў, якія ўсё яшчэ стаялі ля дзвярэй.

— Вось не шанцуе! — усклікнуў ён ужо досыць гучным голасам. — Яго тут няма і не было за апошнія дні.

— Нам варта было-б увайсці ў халупу і ўпэўніцца ў гэтым, — прапанаваў адзін з радавых воінаў, гаворачы па-іспанску, і прытым з досыць нядрэнным выгаварваннем. — Што дрэннага, калі мы паглядзім, як ірландзец уладзіў сваё жыллё ў прэрыі?

— Вядома, у гэтым нічога дрэннага няма, — адказаў трэці таксама па-іспанску. — Давайце вось зазірнем і ў кладоўку. Я такі галодны, што магу есці сырое мяса.

— Чорт пабяры! — дадаў чацверты і апошні той-жа мілагучнай мовай. — Я чуў, што ў яго ёсць і свой скляпок. Калі гэта праўда…

Верхавод спыніў свайго саратніка. Успамін аб скляпку, як відаць, падштурхнуў яго да непасрэднага дзеяння.

Ён штурхануў дзверы нагой, але дзверы не адчыніліся.

— Карамба! Яны замкнуты знутры. Відаць, для таго, каб непавадна было наведвальнікам, як напрыклад ільвам, тыграм, мядзведзям, буйвалам і, напэўна, яшчэ і індзейцам. Ха-ха-ха!

Яшчэ адзін моцны ўдар нагою ў дзверы. Але дзверы не паддаюцца.

— Забарыкадыраваны, і нечым досыць цяжкім. Зараз зазірнем і ўбачым, у чым справа.

Пушчан у ход нож. У скуры мустанга, нацягнутай на лёгкай раме, паяўляецца вялікая дзірка. У яе індзеец прасоўвае руку і, мацаючы навокал, даследуе, у чым заключаецца перашкода.

Цюкі і скруткі хутка адсунуты з месца, і дзверы адчыняюцца насцеж.

Дзікуны ўваходзяць. У адчыненыя дзверы пранікае яркае святло месяца і асвятляе халупу.

Пасярод падлогі ляжыць, расцягнуўшыся, нейкі чалавек.

— Чорт пабяры!

— Што гэта — ён спіць?

— Гэта, напэўна, мярцвяк, інакш-бы ён пачуў нас.

— Не, — сказаў верхавод, разглядаючы чалавека на падлозе, — ён усяго только вельмі п‘яны. Гэта слуга мустангера. Мне ўжо даводзілася з ім сустракацца. Відаць, што гаспадара няма дома. Спадзяюся, што гэта жывёліна не выпіла ўсяго пойла! А вось і бутля. Пахне, як ружа. Асталося і на нашу долю. Ну што-ж, можна і выпіць!

За некалькі секунд рэшткі манонгахельскага віскі былі размеркаваны паміж прысутнымі. Хапіла кожнаму прыкласціся па разу, а верхаводу давялося і больш.

Гаспадар дома рана ці позна павінен вярнуцца. Госці безумоўна хочуць з ім пабачыцца, інакш-бы яны не прышлі ў такі позні час.

Што чатыром індзейцам патрэбна ад Морыса-мустангера?

Яны прышлі забіць яго!

Аднак, для чытача, напэўна, ужо ясна, хто хаваецца пад маскай каманчаў. Нашы каманчы — усяго толькі мексіканцы, іх правадыр — Мігуэль Дыяз, мустангер.

— Нам трэба наладзіць засаду і пачакаць яго, — гаворыць Эль-Кайот. — Цяпер ён ужо, напэўна, хутка вернецца. Вы, Барахо, адпраўляйцеся на кручу і сачыце, калі ён паявіцца на раўніне. Астатнія няхай астаюцца са мною. Ён прыедзе з боку Леоны. Мы можам сустрэць яго пад вялікім кіпарысам, унізе цясніны. Гэта будзе самае падыходзячае месца.

— Ці не лепш нам пакончыць з гэтым? — прапануе крывяжэрны Барахо, паказваючы на Феліма.

— З мёртвага ўзяткі гладкі! — далучаецца другі з таварышоў.

— Што карысці? Ён і так нікому не перашкаджае. Пакіньце гэтага дзівака ў спакоі. Я дагаварыўся забіць толькі яго гаспадара. Ну, Барахо, рушце ў дарогу. Узбірайцеся на кручу. Дон Морысіо можа з‘явіцца кожную хвіліну. Трэба дзейнічаць без промаху. Магчыма, нам ніколі не будзе такога выпадку. Сачыце за ім з вяршыні кручы. Пры такім асвятленні вы ўбачыце яго здалёку. Як толькі вы яго заўважыце, спяшайцеся сюды і паведаміце нам. Глядзіце, зрабіце гэта так, каб мы яшчэ паспелі дабегчы да кіпарыса.

Барахо марудзіў падначаліцца распараджэнню. Яму не пашанцавала ў мінулую ноч, і ён моцна прайграўся ў карты Эль-Кайоту. Яму хацелася-б адыграцца. Ён добра ведае, чым зоймуцца яго таварышы.

— Хутчэй-жа, сен‘ёр, Віцэнтэ, — камандуе Дыяз, бачачы, з якой неахвотай пакідае той халупу. — Калі мы прайграем у гэтай справе, то і вы прайграеце больш, чым вам удалося-б выйграць у партыю monté. Ідзіце-ж, мой дружа, — прадаўжае Эль-Кайот падбадзёрваючым тонам. — Калі ён не паявіцца на працягу гадзіны, хто-небудзь зменіць вас. Ідзіце-ж.

Барахо падначальваецца.

Вышаўшы з халупы ён накіроўваецца да кручы. Астатнія размяшчаюцца ў халупе.

На стале перад імі з‘яўляецца не вячэра, а калода іспанскіх карт — нязменны спадарожнік кожнага мексіканскага авантурыста.

У азарце ігры непрыкметна ляціць час. Праходзіць гадзіна. Срэбраныя долары звіняць на грубым стале халупы. Ціха шамацяць карты.

Але вось рэзкі гук раптам перапыняе ігру.

Гэта дзікі выкрык прачнуўшагася Феліма. Ён упершыню бачыць дзіўную кампанію, якая знайшла сабе прытулак разам з ім пад страхою хакале.

Ігракі ўсхопліваюцца з-за стала, і ўсе трое вымаюць нажы. Жыццё Феліма пад пагрозай.

Раптоўнае з‘яўленне Барахо выратоўвае ірландца.

— Ён едзе! Ужо набліжаецца да кручы. Хутчэй, сябры, хутчэй! — скорагаворкай шэпча Барахо.

Забіваць Феліма няма часу.

Праз некалькі секунд замаскіраваная кампанія ўжо ля падножжа кручы. Яны наладжваюць засаду пад вялікім кіпарысам і чакаюць набліжэння афяры.

Неўзабаве чуецца тупат капытоў. Чуваць стук падкоў. Гукі далятаюць няроўнамерна, нібы конь скача па няроўным месцы. Напэўна, коннік спускаецца па адкосу. Але яго яшчэ не відаць. Адкос, таксама як і даліна ўнізе, знаходзіцца ў цені кіпарыса. Месяц асвятляе толькі вузкую палоску зямлі.

— Не забівайце яго, — шэпча Мігуэль Дыяз загадным тонам. — Цяпер яшчэ рана. Няхай яшчэ пажыве крыху. Так трэба. Затрымайце яго і яго каня. Калі-ж ён будзе супраціўляцца, мы з ім пакончым. Памятайце ўгавор — я страляю першым.

Супярэчанняў няма. Загаворшчыкі абяцаюць падначаліцца ўказанням свайго старшага таварыша. Чакаць даводзіцца нядоўга.

— Abajo las armas! Afierra! (Кладзі зброю! Злазь з каня!) — разлягаецца голас Эль-Кайота, які кінуўся наперад да пад‘язджаючага конніка. Эль-Кайот хапае каня за аброць, а трое астатніх кідаюцца на конніка.

Апошні не аказвае ніякага супраціўлення. Ён не адбіваецца, не абараняецца зброяй, ні адзіным словам не выказвае пратэсту. Чалавек сядзіць на кані — гэта яны бачаць сваімі вачыма, рукамі адчуваюць яго цела, толькі яно здаецца як быццам нейкім нежывым. Супраціўляецца адзін толькі конь. Ён становіцца на дыбы, адступаецца назад і цягне за сабою атакуючых яго разбойнікаў.

Яны трапляюць у паласу, асветленую месяцам.

— О, жудасць! Што-ж гэта такое?

З дзікімі крыкамі банда кінулася назад. Мексіканцы бягуць з усіх сіл да гушчару, дзе прывязаны іх коні, хутка ўскокваюць на іх і імчацца колькі ёсць сіл.

Яны ўбачылі тое, што здзівіла сваёй жудасцю і больш адважных людзей: яны ўбачылі конніка без галавы.


  1. Вакх — па грэчаскай міфалогіі бог віна і весялосці.