Коннік без галавы (1941)/LXXXIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LXXXIII Коннік без галавы. Раздзел LXXXIV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXXXV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXXIV

ПЯШЧОТНЫ ПЛЯМЕННІК

«Яго судзяць заўтра, заўтра, дзякуй табе божа! Невераемна, каб хто-небудзь паспеў да гэтага часу злавіць гэтае праклятае стварэнне! Будзем спадзявацца, што гэта зусім немагчыма. А больш мне баяцца няма чаго. Няхай паспрабуюць даказаць без гэтага! Дзіўна, чаго з‘явіўся тут гэты ірландскі кручкатвор? і гэты другі юрыст! Цікава, хто гэта яго прыслаў і дзеля чаго? Напэўна, яму добра заплацілі… Пракляцце на іх! Я ўсёроўна не баюся! Што яны могуць прыдумаць, апрача таго, што Джэральд зрабіў гэтае злачынства? Усе доказы супроць яго… Толькі Зеб Стумп непакоіць мяне. Падазроная змяя! Яго нідзе не могуць знайсці. Цікава, дзе ён загінуў? Кажуць, на паляванні. Штосьці не падобна. А што, калі ён адправіўся за ім? І раптам зловіць яго?.. Я сам яшчэ раз паспрабаваў-бы, але цяпер ужо позна. Заўтра пад вечар усё будзе скончана. А што, калі высветліцца пасля? Чорт яго бяры, не будзем аб гэтым думаць. Трэба толькі, каб усё было ў парадку цяпер. Калі павесяць аднаго, наўрад ці каму-небудзь будзе ахвота абвінавачваць другога. Мне здаецца, што з рэгулятарамі ў мяне ўсё ўладжана як належыць. Нават Сэм Мэнлі як быццам дастаткова пераконаны. Яго сумненні рассеяліся, калі я расказаў, што чуў у тую ноч. Праклён!.. Але гэта справа мінулага. Яна была на спатканні, і з гэтым трэба прымірыцца. Але больш яна ніколі яго не сустрэне, гэта таксама правільна, хіба толькі на тым свеце. Што-ж, гэта будзе залежаць ад яе самой… Я не думаю, каб паміж імі было што-небудзь сур‘ёзнае. Яна не з такіх, не гледзячы на яе дзікія выхадкі. Магчыма, што гэта была толькі ўдзячнасць з яе боку. Не, не. З-за простай удзячнасці не ўстаюць з пасцелі сярод ночы, каб ісці на спатканне ў глуш саду! Яна кахае яго, яна кахае яго! Ну, і няхай кахае. Ён ніколі не будзе належаць ёй. Яна ніколі не ўбачыць яго, калі будзе і надалей упартай. Адно яе слова, і пятля зацягнецца на яго шыі. Яшчэ адна адмова, і тады я пакажу ім сваю ўладу. Не толькі скончыцца гэтая авантура з ірландцам, але яна-ж сама будзе вінавайцай яго пагібелі. Яна страціць яго, а таксама плантацыі, дом, неграў — усё іншае».

Так разважаў Кольхаун адзін у сваім пакоі.

* * *

— А, дзядзя Вудлі! Я хацеў вас бачыць.

Прыгнечаны, маўклівы, блукаў плантатар па карыдорах Каса-дэль-Карво. Ён увайшоў ў пакой свайго пляменніка выпадкова, без усякага пэўнага намеру.

— Ты хацеў бачыць мяне, Касій?

У тоне прыбітага горам старога гучэла нейкая прыніжаная пакорлівасць. Горды Пойндэкстэр, перад якім трапяталі дзвесце нявольнікаў, цяпер стаяў перад сваім уласным гаспадаром. Праўда, гэта ўлада належала яго пляменніку, сыну яго сястры, але ад гэтага яму не было лягчэй.

— Я хацеў з вамі пагаварыць адносна Лу, — адказаў Кольхаун.

Гэта была якраз тая тэма, якой Вудлі Пойндэкстэр усяляк унікаў. Ён баяўся нават думаць аб ёй, а тым больш яе абмяркоўваць.

Тон, якім Кольхаун пачаў гэтую размову, не абяцаў нічога добрага. У ім хутчэй гучэла патрабаванне, чым просьба.

— Адносна Лу? Што-ж іменна? — запытаў Вудлі з прытворным спакоем.

— Дык вось… — сказаў Кольхаун з некаторым хістаннем, як быццам не адважваючыся пачаць размову. — Я… я хацеў…

— Мне хацелася-б, — не чакаючы прадаўжэння, сказаў плантатар, — пакуль не гаварыць аб ёй.

Ён сказаў гэта амаль упрашальным голасам.

— Але чаму-ж, дзядзя? — запытаў ужо рашучым голасам Кольхаун, нездаволены супярэчаннем.

— Ты сам ведаеш, чаму!

— Я разумею, што момант цяжкі. Бедны Генры загінуў, думаюць, што ён… Нарэшце, ён можа яшчэ вярнуцца, і ўсё будзе добра.

— Ніколі! Мы ніколі больш не ўбачым яго ні жывым, ні мёртвым. У мяне больш няма сына!

— Але ў вас ёсць дачка, а яна…

— Яна зняславіла мяне!

— Я ў гэта не веру, не…

— Як-жа інакш можна растлумачыць тое, што я сам бачыў і чуў? Што магло яе прымусіць паехаць за дваццаць міль у халупу простага гандляра коньмі? О, божа! І чаму гэта яна ўзялася абараняць мустангера, забойцу майго сына, забойцу свайго брата? О, божа!

— Кожная жанчына зрабіла-б тое самае.

— О, калі-б я толькі мог паверыць таму, што ты гаворыш! Мая бедная дачка! Яна мне яшчэ даражэй цяпер, калі ў мяне няма сына.

— Толькі ад яе залежыць прывесці да вас сына… чалавека, ужо блізкага вам, які ўсімі сіламі пастараецца замяніць загінуўшага. Я не хачу гаварыць загадкамі, дзядзя Вудлі. Вы ведаеце, аб чым я думаю. Я хачу, каб Лу была маёю.

Пачуўшы гэта, плантатар не выказаў ні малейшага здзіўлення: ён гэтага чакаў. І разам з тым ён зрабіўся яшчэ больш змрочным.

Гэта магло здацца дзіўным. Да апошняга часу Пойндэкстэр быў прыхільнікам гэтага шлюбу і неаднаразова, праўда вельмі асцярожна, спрабаваў угаварваць сваю дачку.

Да пераезду ў Техас Пойндэкстэр дрэнна ведаў свайго пляменніка. З таго моманту, калі Кольхаун дасягнуў паўналецця і зрабіўся грамадзянінам штата Місісіпі, ён большую частку часу праводзіў у Новым Орлеане — горадзе неўгамаванай весялосці. Вудлі Пойндэкстэр сустракаўся са сваім пляменнікам толькі ў час яго выпадковых наведванняў плантацый у Луізіяне. Але пасля, калі Луіза з дзіцяці ператварылася ў красуню-дзяўчыну, Кольхаун пачаў часцей прыязджаць і даўжэй гасцяваць у іх.

Затым Касій удзельнічаў у мексіканскім паходзе, прабыў там каля дзесяці месяцаў і атрымаў капітанскі чын. Пасля ваенных геройскіх учынкаў пляменнік вярнуўся на радзіму з цвёрдым намерам заваяваць сэрца крэолкі.

З гэтага часу Кольхаун амаль не пакідаў дома свайго дзядзькі. Калі ён і не карыстаўся асаблівым поспехам у маладой дзяўчыны, то, ва ўсякім разе, зрабіўся жаданым госцем для яе бацькі.

Калісьці багаты чалавек, плантатар за апошнія годы хутка ішоў пад гару. Яго разараў той марнатраўны спосаб жыцця, які ён вёў. Дзякуючы грошам пляменніка справы Вудлі Пойндэкстэра зноў паправіліся. На сваёй радзіме Пойндэкстэр усё яшчэ прадаўжаў карыстацца пашанай суседзяў. Грашовая залежнасць ад пляменніка мала каму там была вядома. Толькі пасля пераезду ў Техас гэтая залежнасць лягла цяжарам на плантатара. Яго адносіны з пляменнікам абвастрыліся яшчэ мацней пасля некалькіх няўдачных спроб капітана заўладаць сэрцам непрыступнай Луізы.

Цяпер плантатар меў магчымасць бліжэй пазнаць характар пляменніка. З кожным днём з часу прыезду ў Каса-дэль-Карво яго расчараванне павялічвалася. Сварка Кольхауна з мустангерам і яе развязка не ўзмацнілі пашаны старога Пойндэкстэра да пляменніка, хоць яму як сваяку і давялося стаць на бок апошняга.

— Калі я цябе правільна разумею, Касій, ты гаворыш аб вяселлі. Не час думаць аб гэтым, калі ў доме жалоба. Калі аб гэтым даведаюцца ў сетлменце, там падымецца скандал.

— Вы памыляецеся, дзядзя. Я не думаю аб жаніцьбе. Я хачу сказаць: аб жаніцьбе ў бліжэйшы час… Мне толькі хацелася-б атрымаць нейкую ўпэўненасць, і я згодзен чакаць больш падыходзячага моманту.

— Я не разумею цябе, Касій.

— Я вам усё растлумачу. Выслухайце мяне.

— Гавары.

— Я хацеў сказаць наступнае. Я рашыў жаніцца. Вы ведаеце, што мне ўжо хутка трыццаць год. У гэтыя гады чалавеку надакучвае бадзяцца па свеце. Я страшэнна стаміўся ад гэтага і не маю намеру надалей аставацца бабылём. Я хачу, каб Луіза была маёй жонкай. Спяшацца з гэтым не трэба. Мне толькі хочацца заручыцца яе абяцаннем. І гэта абяцанне павінна быць ёю падпісана і засведчана пячаткаю, каб не асталося ніякіх няяснасцей. Калі ўляжацца гора аб страчаным браце, тады яшчэ хопіць часу пагаварыць аб вяселлі і аб усякіх такіх рэчах.

Слова «брат» у спалучэнні з гэтай «дзелавой» прамовай непрыемна здзівіла старога бацьку. Гордасць Вудлі Пойндэкстэра зноў прачнулася; ён быў страшэнна абураны.

Аднак, гэта пачуццё адразу ўляглося. З аднаго боку, яму ўявіліся плантацыі, рабы, багацце, становішча ў грамадстве, з другога — беднасць, якая здавалася пагібеллю. Але ўсё-ж ён не здаваўся.

З нерашучасцю ў голасе плантатар адказаў:

— Што-ж, Касій, трэба аддаць табе справядлівасць, ты дастаткова ясна растлумачыў, што табе патрэбна. Але я не заўважаў, каб мая дачка была асабліва прыхільнай да цябе. Ты хочаш, каб яна была тваёй жонкай. Ну, а якія ў яе намеры? Мне здаецца, што і з гэтым варта было-б лічыцца.

— Я думаю, дзядзя, што гэта ў вялікай меры будзе залежыць ад вас. Вы — бацька і можаце ўгаварыць яе.

— Я ў гэтым не ўпэўнены. Яна не з тых, каго можна прымусіць што-небудзь зрабіць супроць яе волі. І ты, Касій, ведаеш гэта таксама добра, як і я.

— Ну, што-ж, я ведаю толькі адно: што я цвёрда рашыў ажаніцца і зрабіць Лу гаспадыняй Каса-дэль-Карво.

Вудлі Пойндэкстэра ўсяго скаланула ад гэтых дзёрзкіх слоў. Упершыню яму сказалі, што ён больш не гаспадар Каса-дэль- Карво.

Зноў уявіліся яму ва ўсёй рэальнасці плантацыі, рабы, багацце, становішча ў грамадстве і, з другога боку, беднасць з яе нягодамі.

І Вудлі Пойндэкстэр рашыў афяраваць шчасцем сваёй дачкі: ён абяцаў Кольхауну дапамагчы яму атрымаць ад Луізы згоду на шлюб.

* * *

— Лу!

— Тата?

— У мяне да цябе просьба.

— Што такое, тата?

— Ты ведаеш, што твой стрыечны брат кахае цябе і хоча з табой ажаніцца?

— Але я не хачу выходзіць за яго замуж. Не, тата! Лепш памерці! Саманадзейны нягоднік! Я ведаю, што гэта азначае. Ён паслаў цябе, каб ты зрабіў гэтую прапанову. Дык скажы-ж яму ў адказ, што я гатова ўцякаць у прэрыю і зарабляць свой хлеб паляваннем на дзікіх коней, толькі-б не быць яго жонкай. Калі ласка, перадай яму гэта.

— Паслухай, дачка, ты, напэўна, не ведаеш…

— Што мой стрыечны брат твой крэдытор? Я ўсё гэта ведаю, дарагі бацька. Але я таксама ведаю, што ты — Вудлі Пойндэкстэр і што я — твая дачка.

Пачуццё ўласнай годнасці і гонару ўзялі верх у плантатара, і ён адказаў:

— Любая мая Луіза! Як ты падобна да сваёй маткі! А я сумняваўся ў табе. Даруй мне, мая добрая дзяўчынка. Забудземся аб мінулым. Рабі так, як табе падкажа сэрца. Я больш не скажу ні слова!