Коннік без галавы (1941)/LXII
← Раздзел LXI | Коннік без галавы. Раздзел LXII Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел LXIII → |
Раздзел LXII
У НАПРУЖАНЫМ ЧАКАННІ
Ніколі яшчэ каля халупы мустангера не было такога тупату капытоў, нават тады, калі яго кораль быў поўны толькі што злоўленых дзікіх коней.
Феліма, які выбег з дзвярэй, спыніла некалькі дзесяткаў галасоў.
Адзін голас пачуўся мацней за іншыя — ірландзец рашыў, што гэта кіраўнік атрада.
— Спыніся, нягоднік! Уцякаць бескарысна. Яшчэ адзін крок — і ты ніколі не сыйдзеш з месца. Спыніся, кажуць табе!
Гальвейцу нічога не аставалася, як падначаліцца.
— Запэўняю вас, джэнтльмены, я зусім не збіраўся ўцякаць, — сказаў Фелім дрыготным голасам, стоячы пад перакрыжным агнём лютых позіркаў і пад пагрозай паднятых на яго стрэльбаў. — У мяне не было такіх намераў. Я толькі сабраўся…
— Ну, уцякай, калі табе ўдасца. Пачатак быў добры. Сюды, Дзік Тросі! Давай сюды людзей! Звяжыце яго! Чорт пабяры! Наўрад ці той гэта, якога мы шукаем.
— Не, не! Гэта не ён. Гэта яго слуга, Джон.
— Гэй, вы там, акружыце халупу! Не спускайце з яе вачэй. Мы яшчэ не дабраліся да галоўнага. Нікому не давайце ўцякаць. А цяпер гавары: хто там унутры?
— Вы хочаце сказаць, хто ў халупе?
— Адказвай, дурань, на пытанні, якія табе задаюць, — сказаў Тросі, сцебануўшы гальвейца вяроўкай. — Хто ўнутры халупы?
— Там перш за ўсё мой гаспадар.
— Дзіўна. Што-ж гэта такое? — запытаўся толькі што пад‘ехаўшы Вудлі Пойндэкстэр, заўважыўшы крапчатага мустанга. — Гэта-ж конь Луізы?
— Так, гэта ён, дзядзя, — адказаў Касій Кольхаун, які ехаў побач з ім.
— Цікава, хто яго прывёў сюды.
— Напэўна, сама Луіза.
— Што за глупства! Ты жартуеш, Касій!
— Не, дзядзя, я гавару зусім сур‘ёзна.
— Ты хочаш гэтым сказаць, што мая дачка была тут?
— Яна і цяпер тут. Я ў гэтым не сумняваюся.
— Немагчыма!
— Паглядзіце вось туды!
У шырока адчыненых дзвярах халупы была відаць жанчына.
— О, божа, мая дачка!
Пойндэкстэр хутка саскочыў з сядла і паспешліва накіраваўся да хакале. За ім пайшоў і Кольхаун. Абодва ўвайшлі ў халупу.
— Луіза, што гэта азначае? Ранены? Хто гэта? Генры?
Перш чым плантатар паспеў пачуць адказ, яго вочы спыніліся на капелюшы і плашчы Генры.
— Гэта ён! Ён жывы! Дзякуй богу!
Пойндэкстэр кінуўся да ложка.
Імгненная радасць хутка знікла. Плантатар са стогнам адхінуўся.
Кольхаун, здавалася, быў усхвалёваны не менш за яго. У яго вырваўся крык жаху. І, увесь скурчыўшыся, ён ціхенька вышаў з халупы.
— Што-ж гэта? — прашаптаў плантатар. — Што-ж гэта? Ці можаш ты мне растлумачыць, Луіза?
— Не, я не магу, бацька. Я тут толькі некалькі хвілін. Я застала яго ў гэтым ужо стане. Ён ляжыць у непрытомнасці, як ты сам бачыш.
— А… а… Генры?
— Яны мне нічога не сказалі. Містэр Джэральд быў адзін, калі я ўвайшла. Яго слугі не было, ён толькі што вярнуўся. Я не паспела яшчэ распытаць у яго.
— Але… але… як ты магла трапіць сюды?
— Я не магла аставацца дома. Мяне мучыла невядомасць. Я была зусім адна. Гэта было жудасна. Я не магла больш вытрымаць. А думкі аб няшчасным браце… Божа мой! Божа мой!
Пойндэкстэр паглядзеў на дачку збянтэжаным і ўсё яшчэ дапытлівым позіркам.
— Я думала, што, магчыма, знайду тут Генры.
— Тут… Але адкуль ты ведала, як сюды трапіць? Хто правадзіў цябе? Ты тут адна?
— О, тата, я ведала дарогу. Ты памятаеш дзень палявання, калі мяне панёс мустанг? Па дарозе назад містэр Джэральд паказаў мне, дзе ён жыве. І я памятала гэтыя месцы.
Пойндэкстэр па-ранейшаму здаваўся азадачаным, але на яго твары з‘явіўся яшчэ і другі выраз — ён зрабіўся хмуры.
— Неабачліва гэта з твайго боку, дачка. Непрыстойная і вельмі рыскованая выхадка. Ты зрабіла, як дурная дзяўчынка. Трэба табе зараз-жа адгэтуль пайсці. Пойдзем, пойдзем! Тут не месца для дзяўчыны. Сядай на свайго каня і вяртайся дадому. Цябе хто-небудзь праводзіць. Тут могуць адбыцца ўсякія непрыемнасці. Табе нельга аставацца. Ну, пойдзем, пойдзем!
Бацька вышаў з халупы, дачка пайшла за ім з яўнай неахвотай.
Коннікі ўсе ўжо саскочылі з коней і стоўпіліся на паляне перад халупай.
Кольхаун паведаміў усім аб становішчы спраў у халупе. Людзі разбіліся на групы. Некаторыя стаялі моўчкі, іншыя гутарылі адзін з другім. Шмат народу стоўпілася каля Феліма. Ён ляжаў звязаны на зямлі. У яго распытвалі, але, як відаць, не надавалі асаблівага значэння яго адказам.
Пры з‘яўленні бацькі з дачкою ўсе павярнуліся ў іх бок. Большасць з іх ведалі дзяўчыну з выгляду. Усе былі страшэнна здзіўлены, калі ўбачылі яе тут. Сястра забітага юнака пад дахам забойцы! Усе яны цяпер больш чым калі-небудзь былі пераконаны, што вінавайцам злачынства быў мустангер. Кольхаун паведаміў аб капелюшы і плашчы, знойдзеных у хакале.
Але чаму-ж Луіза Пойндэкстэр тут адна, без праважатага?
Шэпт абляцеў натоўп. Але нават грубыя пагранічнікі баяліся абразіць бацькаўскае пачуццё. І ўсе цярпліва чакалі тлумачэнняў.
— Сядай на каня, Луіза. Містэр Янсі праводзіць цябе дадому.
Малады плантатар, да якога звярнуліся з гэтай просьбай, быў невыказна рад. Ён быў адзін з тых, хто асабліва зайздросціў уяўнаму шчасцю Касія Кольхауна.
— Але чаму мне не пачакаць цябе? — запытала дзяўчына. — Ды ты-ж доўга тут не астанешся?
— Мне хочацца, дачка, каб ты зрабіла так, як я табе гавару.
Луіза вельмі неахвотна села ў сядло. Малады плантатар паехаў наперадзе, Луіза памалу ехала за ім. Янсі не мог захаваць сваёй радасці, яна — свайго гора.
Але раптам твар крэолкі ператварыўся. Ён нібы асвятліўся нейкай надзеяй.
Луіза спынілася. Яе праважаты вымушан быў зрабіць тое самае.
— Містэр Янс, — сказала дзяўчына пасля некаторага маўчання. — У мяне аслабла папруга ад сядла. Мне вельмі нязручна сядзець. Будзьце ласкавы, падцягніце.
Янсі саскочыў з каня і агледзеў папругу. Яму здавалася, што тужэй зацягваць неварта. Але ён не хацеў у гэтым прызнацца і зацягнуў папругу з усёй сілы.
— Пачакайце хвіліначку, — сказала юная конніца. — Дайце я злезу, так вам будзе зручней.
Не чакаючы дапамогі, Луіза саскочыла на зямлю і стала каля мустанга.
— Цяпер, міс Пойндэкстэр, мне здаецца, усё ў парадку.
— Правільна, так будзе добра, — адказала яна, паклаўшы руку на сядзельную луку і паспрабаваўшы сядло. — Але ведаеце што: я толькі што сюды прыехала і імчалася галопам. Мая бедная Луна не паспела адпачыць. Давайце пабудзем тут крыху, а яна за гэты час адпачне. Гэта-ж жорстка — прымушаць яе бегчы зноў без перадышкі!
— Але ваш бацька… Яго жаданне, каб вы…
— Каб я зараз-жа вярнулася дадому? Ну, гэта нічога. Яму проста не хацелася, каб я аставалася сярод гэтага непрыстойнага натоўпа. Вось і ўсё. Паколькі-ж я ад‘ехала ўбок, ён больш не будзе трывожыцца. Як тут прыгожа! І так халадком вее пад ценем дрэў. А ў прэрыі спякота нясцерпная. Ах, містэр Янсі, паглядзіце, якія прыгожыя рыбкі ў рацэ! Вунь там, бачыце, з срабрыстай луской?
Маладому плантатару гэта паільсціла.
Ён не прымусіў доўга сябе ўпрашаць.
— Міс Пойндэкстэр, я ўвесь ў вашым распараджэнні і шчаслівы выканаць тое, што вам хочацца. Давайце пабудзем тут.
— Толькі да таго часу, пакуль Луна адпачне. Павінна вам сказаць, што я ледзь паспела сыйсці з каня, калі пад‘ехаў ваш атрад. Паглядзіце на Луну, як яна, бедненькая, змучылася пасля такой быстрай язды.
Янсі зусім не цікавіла, у якім стане конь Луізы. Ён быў шчаслівы выканаць найменшае жаданне сваёй спадарожніцы.
Яны асталіся на беразе ракі.
Малады плантатар быў крыху здзіўлены, заўважыўшы, што Луіза вельмі мала звяртае ўвагі на рыбак, і быў засмучаны, што яго самога яна амаль не заўважала. Яе вочы блукалі, а слых напружана лавіў кожны гук, які далятаў з палянкі перад халупай.
Не гледзячы на сваё захапленне дзяўчынай, Янсі таксама пачаў мімаволі прыслухоўвацца да галасоў. Як відаць, каля халупы наспявалі нейкія сур‘ёзныя падзеі.
Можна было адрозніць некалькі мужчынскіх галасоў. Адзін з іх гучэў мацней за іншыя.
Луіза пазнала гэты голас. Гэта гаварыў яе стрыечны брат Касій; ён у нечым пераконваў натоўп, даказваў штосьці. У яго гаворцы адчувалася злосць. Але вось ён скончыў. Адразу-ж пачуліся бурныя выклікі ўхвалення.
Прыслухоўваючыся, Янсі забыўся аб прысутнасці сваёй прыгогожай суседкі. Ён успомніў аб ёй толькі тады, калі яна, усхапіўшыся з месца, кінулася да хакале.