Гуляе за межамі шомпал,
Там быццам кіруе
Фон-Валь,
Спраўляюць з вялікаю помпай
Паны свой апошні баль.
І жудасны сьніцца малюнак
Скрозь ночы каменную ціш:
Ляглі на праменьнях Комуны
Пропэр,
Югэнд
І Гірш.
Прадажнай пятлёй дэфэнзывы,
Ледзь раньне
Апырскала Львоў,
Прынізіць імкнуліся ўзьвівы,
Суцішыць юнацкую кроў.
Трох з мільёнаў выбілі
Каты фашыцкіх меж… Краіну панурых шыбеніц
Кожны
Протэстам узрэж!
Ніколі, ніколі, ніколі
Ня спыніце выбухі мас.
На ўзьлёты
Крылатае волі
Ня ўскінуць жалезны пас.
Бо пішуць рабочых колёны
На помсты гартованы ліст
Гарачым і шчырым праклёнам
Ганебнае імя:
„Фашыст“
І рана ці позна,
А трэсьне
Іржавы пілсудчыкаў гімн
І звонкай, абуджанай песьняй
Зальлюцца абшары тугі.
Там заўтра на гонях раздольных
Адказам узьнімецца вір.
Сягоньня павінны быць вольны
Пропэр,
Югэнд
І Гірш!
|