Кніга трэцяя — На ростанях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Кніга трэцяя - На ростанях)
Кніга другая — У глыбі Палесся На ростанях/Кніга трэцяя — На ростанях
Раман
Аўтар: Якуб Колас
1948—1954 гг.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Частка першая — Верхань[правіць]

I[правіць]

Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей, набіраючы скорасць і пакідаючы за сабою густыя клубкі дыму. Лабановіч пастаяў з хвіліну, праводзячы вачамі поезд, завёзшы яго ў гэты ціхі куток, дзе пачнецца новае жыццё. Прамільгнула думка, што, знікшы на павароце чыгункі, поезд паклаў сабою рубеж паміж тым, што было раней, і тым, што будзе наперадзе.

Як толькі Лабановіч узяў свае чамаданчыкі, каб ісці на станцыю, да яго зараз жа падбег рухавы чалавек сярэдніх год у латанай сярмяжцы, з-пад якой выбіваўся такі ж паношаны кажушок. Дапытлівыя шэрыя вочкі селяніна на момант запыніліся на Лабановічу. I выраз твару, і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку.

— Вам далёка? — запытаў ён Лабановіча.

— У Верхань,— адказаў Лабановіч.

— У Верхань? То пойдзем са мною: я жыва завязу вас! — узрадаваўся селянін і, не чакаючы згоды, рашуча ўзяў чамадан з рук настаўніка і наважыўся завалодаць і другім.

— Вазьміце адзін, а другі панясу я.

Лабановіч, відавочна, быў задаволены, што не трэба доўга шукаць фурманкі, а гэта непакоіла яго ў дарозе.

Прайшлі станцыю, апынуліся на невялічкім дворыку, дзе стаяла некалькі фурманак. Селянін рухава патрусіў да сваіх саней, узбіў салому, каб латвей было сядзець, паклаў чамаданы, а сам борздзенька падабраў сена з-пад каня, паправіў збрую, узяў лейцы, ускочыў у сані, выцягнуў з саломы пугу, махнуў ёю для рэзвасці і гукнуў:

— Но, арол!

Усё гэта ён зрабіў так быстра, што трудна было ўсачыць за рухамі. Відаць, завіхаўся ён так знарок, каб не даць свайму седаку апамятавацца і не выпусціць яго з рук.

Конік не дужа стараўся апраўдваць свой пачэсны тытул «арла». Ён уздыхнуў па-конску і, павольна cтупаючы, павалок на касагорчык сані з седаком, яго чамаданамі і са сваім гаспадаром.

— Зацугляй каня, а то, глядзі, разнясе! — крыкнуў наўздагон селяніну другі фурманшчык, якому не ўдалося залучыць пасажыра.

Селянін хітра азірнуўся.

— Зацугляй сваю цешчу! — адказаў ён насмешніку.

Успаўзаючы то на адну, то на другую гурбіну і ныраючы ў іх, сані выйшлі на роўную і болей уезджаную дарогу. Худы мышасты конік падбадзёрыўся, весела пырхнуў і сам пабег па сваёй ахвоце.

— I праўда: конік — арол,— пахваліў Лабановіч.

Настаўніку хацелася разгаварыцца са сваім фурманом. Селянін быстра павярнуў галаву да седака. Вочы яго праясніліся, панурасць і заклапочанасць зніклі з твару. Відаць, ён таксама ўзрадаваўся выпадку пагутарыць. Спадабалася, што сядок пахваліў каня і трапна выклікае на размову.

— Вы хто ж будзеце? — лагодна запытаў селянін.

— Настаўнік,— адказаў Лабановіч.

— Настаўнік? — нібы здзівіўся селянін і яшчэ больш уважна паглядзеў на Лабановіча.

— Ведаеце,— сказаў ён,— я так і падумаў — напэўна, гэта новы настаўнік.

— А чаму вы так падумалі? І чаму новы?

Селянін паглядзеў на настаўніка.

— Ды вось мне так у думках цюкнула. Едзеце ў Верхань, а адтуль аднаго настаўніка, я чуў, забіраюць. Ну, думаю, напэўна, вы на яго месца.

— А што, хіба ў Верхані некалькі настаўнікаў? — крыху здзівіўся Лабановіч.

— Два, два, пане настаўніку! Школа вялікая, у двух будынках змяшчаецца, ды ёсць яшчэ кватэра для вучняў, што прыходзяць з іншых вёсак.

— Вось як! Гэта для мяне навіна.

Лабановіч не ведаў, як успрыняць такую навіну. Можа, добра, а можа, і нядобра, што ў адной школе два настаўнікі.

Гутарка павялася далей. Выявілася і колькі вёрст да Верханя,— а іх аказалася васемнаццаць,— і колькі дзядзька Нічыпар Кудрык — так назваў сябе селянін — возьме за фурманку. Дзядзька Нічыпар аказаўся чалавекам памяркоўным, настолькі памяркоўным, што Лабановіч у мыслях рашыў накінуць яму яшчэ адзін рубель, хоць гэтых рублёў было і не так многа,— прыемна ж зрабіць чалавеку нейкую хоць невялікую радасць.

Дарога то падымалася на ўзгоркі, то спускалася ў лагчыны, разгортваючы ўсё новыя і новыя малюнкі. Мясцовасць тут мела зусім іншы выгляд і рэзка адрознівалася ад палескай роўнядзі, з якой звыклася вока маладога настаўніка за гады яго побыту на Палессі. Але кароткі зімні дзень быў хмурны. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна і, нізка навісшы над прасторамі зямлі, надавала ім пануры выгляд, накладала пячаць аднастайнай паныласці. Усё гэта пакідала адбітак на настроі настаўніка. Не вабілі вока блізкія і далёкія сялянскія сядзібы, параскіданыя па заснежаных прасторах палёў то хутаркамі, то невялічкімі вёсачкамі. Няветла пазіралі стрэхі будынкаў з цэлымі пластамі снегу, пачарнелыя сцены хат і вокны, выбеленыя зімняю сцюжаю, і гэта сцюжа, здавалася, яшчэ ніжэй прыгінала да зямлі людскія сялібы. Над хатамі сям-там узнімаліся дрэвы. Аголеныя бязлістыя шатры іх, як шкілеты, яшчэ мацней падкрэслівалі паныласць усяго краявіду. Лабановіч адчуваў у сэрцы журботу аб Палессі, па тых вобразах, што далёка засталіся ззаду. Ён успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Шчаслівая акалічнасць памагла яму выблытацца з той непрыемнай справы, якая пагражала астрогам або высылкаю. Начальства само не ведала, як паставіцца да Лабановіча за напісаную ім петыцыю. Можа, сапраўды адвяла яна разгром панскага маёнтка. I настаўніка пусцілі на волю, прачытаўшы яму адпаведную натацыю, і абмежаваліся пераводам у іншую школу, на процілеглы бок краіны, сказаўшы: «Ідзі і болей не грашы». Вось туды і едзе ён цяпер. Цікава, што гэта за школа і якіх людзей сустрэне ён на новым месцы?


ІІ[правіць]

Мінуўшы панскі двор са старасвецкім паркам, з будынінамі, пачарнелымі ўжо ад часу, дарога апошні раз спусцілася з горкі ў шырокую раўчавіну, заросшую дробным алешнікам, прабегла цераз масток — тут цякла невялічкая рачулка — ды зноў пашыбавала ўгору на процілеглы бераг раўчавіны. Тут, на высокай і даволі прасторнай пляцоўцы, і знайшло сабе ціхі прыпынак сяло Верхань.

Лабановіч уважна акінуў яго вокам. Сяло расцягнулася ў адну доўгую лінію кіламетра на паўтара. На адным яго канцы, тут жа непадалёку, узнімаліся дзве школьныя будыніны, а насупраць, цераз вуліцу, яшчэ большы дом валаснога праўлення. Крыху ў баку ад яго стаяла простая, але досыць стройная цэркаўка ў густым вянку высокіх белых бяроз.

«А тут, напэўна, вясною прыгожа»,— падумаў Лабановіч.

Дзядзька Нічыпар Кудрык павярнуў коніка ўлева і праз хвіліну ці дзве спыніўся перад высокім школьным ганкам.

Не вылазячы з саней, Лабановіч дастаў з кішэні чатыры рублі: тры па ўгавору і рубель, накінуты за старанне.

Дзядзька Нічыпар зняў шапку, падзякаваў настаўніку.

— Калі спатрэбіцца фурманка, дык накажыце мне. Жыву я на тым канцы сяла, першая хата за бацюшкавым домам.

На ганку школы яны развіталіся.

Дзверы былі незамкнёныя. Невялічкі і даволі цёмны калідорчык аддзяляў класны пакой ад кватэры настаўніка. Лабановіч крыху здзівіўся цішыні і бязлюддзю. Ён паставіў чамаданы, а сам асцярожненька адчыніў дзверы ў класны пакой. Клас быў пусты і халодны. Даўно не беленыя сцены насілі на сабе сляды розных пашкоджанняў. Тынк у розных мясцінах быў абабіты. З-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Геаграфічныя карты віселі дзе папала і як папала. Карта Еўропы, страціўшы раўнавагу, пахілілася адным краем да падлогі, якая нагадвала твар чалавека, бязлітасна пабіты воспаю. На ёй ляжаў няроўны слой засохшай гразі, наношанай сюды, як відаць, яшчэ з восені вучнёўскімі лапцямі.

Лабановіч моўчкі дакорліва паківаў галавою і выйшаў з класа. Насупраць класных дзвярэй былі другія, таксама незамкнёныя,— у настаўніцкую кватэру. Лабановіч адчыніў іх, унёс свае чамаданчыкі і спыніўся каля парога. Дашчаная перагародка раздзяляла кватэру на два досыць прасторныя пакойчыкі. На процілеглым канцы першага з іх, супраць дзвярэй, стаяў стол без настольніка, такі ж убогі і нецікавы, як і сам гэты пакой. На стале і пад сталом валяліся крошкі, агрызкі селядцоў, скрынкі хлеба і коркі ад бутэлек. Дзве пустыя бутэлькі ад гарэлкі гаротна туліліся ў куточку за сталом. Нефарбаваная, даўно не мытая падлога была ўся ў плямах і насіла на сабе сляды рознага бруду.

«Куды ж я папаў?» — у думках запытаў самога сябе Лабановіч.

Ён падышоў да перагародкі і штурхануў дзверы, яны з шумам расчыніліся. Лабановіч убачыў дзеравяны ложак, на якім ляжаў чалавек, накрыты з галавою дзяругамі. Шум расчыненых дзвярэй патрывожыў сон ляжаўшага чалавека. Ён заварушыўся, з-пад дзяругі паказалася чарнявая галава. Лабановіч адразу пазнаў, каму яна належыць: на ложку ляжаў тутэйшы настаўнік з громкім прозвішчам на дваранскі лад — Срэтун-Сурчык! Ён годам раней скончыў настаўніцкую семінарыю.

Лабановічу і ў думкі не прыходзіла сустрэцца з ім тут і быць назначаным на яго месца. Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся.

— Ах ты, абібок! — весела крыкнуў Лабановіч, схапіў Срэтун-Сурчыка пад пахі, вывалак яго з бярлогу і паставіў на цыбатыя ногі.

Гаспадар не захацеў спасаваць перад сваім госцем, і яны схапіліся ўплечкі — Срэтун-Сурчык у адной бялізне, Лабановіч у зімовай вопратцы. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог.

— Ты чаго ж валяешся да гэтага часу? Пара ўставаць дый школу пара аслабаняць, бо яна ўся гразёю зарасце,— прамовіў Лабановіч.

— Ці бачыш, які рэвізор знайшоўся! — азваўся СрэтунСурчык.

— Рэвізор не рэвізор, а настаўнік гэтай школы цяпер — я!

— Ну, ты яшчэ пачакай,— запярэчыў Срэтун-Сурчык. — Сход заяву паслаў у дырэкцыю, каб мяне пакінулі тут.

Лабановіч паглядзеў на яго і засмяяўся.

— Чакай, цётка, Пятра — будзеш сыр есці.— I запытаў: — За што ж пераводзяць? У крамольнікі папаў?

— Ну, не без гэтага! — горда пацвердзіў Срэтун-Сурчык.

— Ну, дык вось я табе што скажу: не цеш сябе, хлопча, марнымі надзеямі, а лепш паціхеньку бяры лахі пад пахі і выбірайся. Ці ты думаеш, мне міла твая школа? Каб ад мяне залежала, дык я і цябе і тваю школу за дзесяць вёрст абышоў бы. На жаль, яна зараз мая.

Срэтун-Сурчык пачуў праўду ў словах Лабановіча.

— Дык, праўду сказаць, я і провады ўчора наладзіў. Але ўсё ж з нагрэтым кутком шкада расставацца.

— У каго яго не было, нагрэтага кутка? — сказаў Лабановіч.— Ну, што ж? Будзем награваць новыя. Але скажы ты мне, чаму ў цябе школа такая запушчаная? Нешта не відаць, каб ты яе нагрэў.

— Рэвалюцыя, брат,—сказаў Срэтун-Сурчык і махнуў рукою. Ён пачаў выбірацца з бярлогу і прыводзіць сябе ў парадак.

Лабановіч пазіраў на яго і пасміхаўся.

— Рэвалюцыя, кажаш? — прамовіў ён.— Праўда, рэвалюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінны быць гразь і бруд.

Расчыніліся дзверы. У кватэру зайшоў малады чалавек. На яго губах, прыкрытых рыжаватымі вусікамі і крыху паднятых к носу, засвяцілася ўсмешка. Гэта быў другі настаўнік Верханскай школы, ён назваў сябе Анцыпікам. Гаварыў ён трохі ў нос. Пры гутарцы язык яго як бы чапляўся за нешта ў роце і часамі прышчоўкваў. Калі людзі прыдумалі, хоць і недакладна, як перадаць на пісьме той гук, якім чалавек спыняе каня, дык запісаць прышчоўкванне языка Івана Анцыпіка было куды цяжэй.

«Блізкімі сябрамі з ім не будзем»,— падумалася Лабановічу з першага знаёмства з Анцыпікам. З гутаркі Лабановіч даведаўся, што заняткі з дзвюма малодшымі групамі Анцыпік пачаў пасля зімовага перапынку. Сярод вучняў жа Срэтун-Сурчыка склалася такое перакананне, што ў гэтым годзе ніхто з іх не будзе прадстаўлены да экзаменаў.

На другі дзень Срэтун-Сурчык выехаў у новую школу.


ІІІ[правіць]

Лабановічу запалі ў памяць словы Анцыпіка пра тыя гутаркі, што хадзілі між вучняў аб экзаменах. Ён вырашыў на трэці дзень прыступіць да школьных заняткаў. Яго сэрца балела за вучняў, якім абыходзіла справа аб сканчэнні школы. Ён іх не ведаў, і яму хацелася іх пабачыць. Але наўперад трэба было прывесці ў парадак школу, ачысціць яе ад бруду.

Старожка, нізенькая, сухенькая, рухавая бабка, пазнаёмілася з новым настаўнікам яшчэ ў першы дзень яго прыезду. Яна спярша ўкрадкам вельмі ўважліва разглядала яго з нейкаю зацікаўленасцю. Твар яе быў заклапочаны, бабка выглядала нявесела. Відаць, яна шкадавала ранейшага настаўніка, да якога прывыкла за тры гады. Бабка Параска была круглая бабылка, не мела ні мужа, ні сям’і і называла сябе «самасейкаю». Яна не ведала, хто яе бацька. А маці, радзіўшы без шлюбу Параску, пакінула яе сіратою, калі дзяўчынцы было не больш як пяць гадоў. Усё жыццё пражыла Параска ў чужых людзей, і жыццё гэта не было радасным. Адно, што выпадала на яе долю, гэта — цяжкая праца на чужых людзей. Працу яна любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць.

Як толькі выехаў Срэтун-Сурчык, бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык.

— Як засядуць, дык на ўсю ноч. Гразі пананосяць, панакідаюць агрызкаў, а ты чакай, покі не павыносіць іх з кватэры,— дакорліва бурчала бабка Параска. Відаць, яна хацела апраўдацца перад новым настаўнікам.

— А мы, бабка, не будзем такіх свіней у дом пускаць,— сказаў Лабановіч.

Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася.

— Няможна, панічок, так казаць, бо ўсё ж гэта людзі высокія — паны, панічы,— заўважыла бабка, але, відаць, і сама яна згаджалася, што гэта не людзі, а свінні.

Лабановіч адсунуў стол на падмеценае месца і сеў разглядаць школьны журнал — тыя раздзелы, дзе настаўнік робіць запісы, чым займаліся вучні ў кожную гадзіну вучэбнага дня. Уважна пазнаёміўся са спісам вучняў, над некаторымі прозвішчамі ён спыняўся. Яны проста цікавілі настаўніка сваім гучаннем, і яму хацелася паглядзець, што ж гэта за чалавек, які носіць такое прозвішча. Усяго вучняў у дзвюх старэйшых групах, з якімі належала весці заняткі Лабановічу, налічвалася каля пяцідзесяці. Амаль трэцюю частку іх складалі дзяўчаткі. Гэта парадавала настаўніка, бо ў адной яго школе на Палессі дзяўчатак не было зусім, а ў другой — яны складалі не больш дзесятай часткі вучняў. Знаёмства з класным журналам паказала, што школьныя праграмы не выпаўнены і напалавіну, тады як большая палавіна года ўжо засталася ззаду.

— Вы, панічок, пагрэйцеся каля агню, а я памыю падлогу,— сказала бабка Параска, ставячы каля печы крэселка.

Лабановіч сеў супраць дзверцаў печы. Дровы ўгарэліся і весела патрэсквалі. Ад агню ішло лагоднае цяпло.

— А вось, бабка, як бы нам у школе падлогу памыць?

— А вы скажыце Піліпу, няхай сходзіць да старасты, каб жанок выслаў. Гэта ўжо яго клопат.

— Што ні край, то свой абычай,— сказаў настаўнік і папрасіў бабку паклікаць стоража.

Піліп, чалавек сярэдніх гадоў, шчуплы, вяртлявы, гаварыў тоненькім галаском, часта рагатаў сухаватым смехам і пры кожным зручным выпадку зводзіў гутарку на «кватэрку» гарэлкі. Лабановічу кінулася ў вочы, што людзі, з якімі ён тут сустракаўся, былі дробныя, худыя, замораныя. Як відаць, тутэйшы народ жыў надзвычай бедна.

— Ну, Піліп! Прысядзь, пагрэйся. Пагутарым.

Стораж няёмка памяўся, а потым прысеў на калодачку, на якую станавілася бабка Параска, каб залажыць юшкі. «Недаростку трэба падмостку»,— гаварыла яна ў такіх выпадках пры людзях.

— Даўно старажуеш тут? — запытаў Лабановіч.

— Да ўжо, мусіць, чацвёрты год,— адказаў стораж.

— А колькі плацяць?

— А! якая там плата,— махнуў рукою Піліп: — I на кватэрку гарэлкі не выкраіш.

— Ну, а якая твая работа?

— Работы, дык яно, сказаць, хапае: дроў насеч, вады нанасіць, печы выпаліць ды школу прыбраць.

— Але школа не відаць, каб была прыбрана.

— Дый не прыбрана,— пацвердзіў Піліп і дадаў: — Настаўніка забіралі, дык яно ўсё і спынілася. I зноў жа: прыбірай ці не прыбірай, а гразі пананосяць.

— А вось давай папрабуем прыбраць ды будзем глядзець, каб у школе было чыста. Можа, якую раду і дамо. Як думаеш?

— Падумаўшы, можа, што і прыдумаеш,— згадзіўся стораж.

— Ну, дык вось,— першым чынам пазнімаць павуціну, бо ў ёй яшчэ леташнія мухі матляюцца. А потым вымыць клас. I зрабіць гэта сягоння. Чаму клас не памыты?

— Ды жанкі з чаргі збіліся і да згоды ніяк не прыйдуць. Ось каб ім даць па кватэрцы, дык жыва заварушыліся б.

— А ты, бачу, любіш кватэркі куляць? — пацікавіўся настаўнік.

— А хто іх не любіць? — пытаннем на пытанне адказаў Піліп і дадаў: — Вось той паніч, што быў перад вамі: зойдзе, бывала, да яго хто, ён і кажа мне: «Схадзі, Піліп, у манапольку». Ну, раз кажуць, значыць, трэба. А я чалавек увішны і паслушны. Прынясу гарэлкі. Выпіваюць і мяне не пакрыўдзяць. Пакліча той паніч мяне і кажа: «Выпі, Піліп, чарку!..» Слаўны быў чалавек, дай яму божа здароўя! — дыпламатычна закончыў стораж.

— Гэта вельмі добра,— сказаў Лабановіч,— што ты чалавек увішны і паслушны. Дык давай за работу, а потым ужо будзем пра кватэркі гаварыць.

У сенцах Піліп паківаў сам сабе галавою і сказаў:

— Не, брат, з гэтым піва не зварыш!

Уздыхнуўшы, ён пайшоў выконваць загад настаўніка. Пад вечар, калі пачынала цямнець, школа была прыбрана: падлога памыта, парты вычышчаны і выцерты, павуціна знята, а геаграфічныя карты набылі належны выгляд і занялі на сценах сваё адпаведнае месца. Лабановіч цішком паслаў бабку Параску ў манапольку па кручок гарэлкі, або мярзаўчык, як яго тады называлі. Калі работа па ўпарадкаванню школы была скончана, настаўнік падзякаваў жанчынам, а стоража Піліпа заклікаў да сябе. Пераліўшы мярзаўчык у шклянку, ён паднёс яе сторажу. Той кіўнуў настаўніку галавою, сказаўшы: «Будзьце ж здаровенькі!» — і з асалодай, не спяшаючыся, ачысціў шклянку. А калі мярзаўчык разышоўся па жылах, ён пераканана сказаў:

— А вы, панічок, мудрэй за таго настаўніка, далібог!


IV[правіць]

Пад вечар таго ж дня, ужо на змярканні, стаў пашумліваць вецер. Пасыпаў дробненькі, гусценькі сняжок. Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над змярцвелаю зямлёю. Вецер крапчэў. I неба і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Разгулялася завіруха. На ўсе галасы гула за вокнамі бязладная музыка. I трэба было моцна ўслухоўвацца ў яе, каб адрозніць паасобныя гукі, з якіх яна складалася. Аголеныя дрэвы шумелі глуха, надрыўна. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. З царкоўнай вежы слаба даносіўся прыглушаны голас званоў. Званар-вецер біў языкамі званоў аб іх край, і гэты звон, здавалася, падаваў вестку пра нейкую бяду, пра нейкае вялікае гора. Бура налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з жалезнае клеткі, усім цяжарам налягала на стрэхі будынін, з шумам ганяючы па іх патокі снегу. Пад яе напорам рыпелі кроквы і глуха стагналі сцены. А за вугламі хат, у цесных завулках стаяў свіст і галёканне, нібы нехта магутны, страшны і няўмольны ішоў па зямлі і прыводзіў у рух усе яе струны. А якую жалосную, несканчоную песню выводзіў комін! У тон гэтай песні барабанілі юшкі, зрываючыся са свайго месца, а няшчыльна прыладжаныя дзверцы каля іх далучалі свае многагалосыя свісты. Нешта жудаснае, жалобнае чулася ў гэтай песні, як бы то быў плач над дарагім нябожчыкам.

Па кім жа галосіць віхура? Можа, па тым усенародным выбуху гневу і абурэння супраць царскага самаўладства, памешчыцкага гнёту, выбуху, які заліваюць зараз кроўю паўстаўшых пры дапамозе карных экспедыцый, шыбеніц, расстрэлаў, узаконеных царом і «святою» царквою?

Гэта балесная песня ў коміне клала свой адбітак на настрой Лабановіча, і думкі яго мімаволі зварачаліся на палітычнае становішча ў краіне. Вышэй і вышэй падымае галаву чорная рэакцыя. Жорсткая рука царскага самаўладства з кожным днём тужэй сціскае пятлю на шыі народа, каб выбіць з яго ніколі не пагасаючы дух свабоды, волю да барацьбы за свае чалавечыя правы. Ужо адзін той факт, сведкам якога быў Лабановіч яшчэ на Палессі і які глыбока запаў яму ў памяць — з’яўленне поезда пасля доўгай забастоўкі чыгуначнікаў,— пахіснуў яго веру ў перамогу рэвалюцыі. Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было абегла зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Усё, што хоць у нязначнай меры ішло ад свабоды і прагрэсу, бязлітасна нішчылася пятамі царскіх сатрапаў. А побач з гэтым вынікалі чарнасоценныя манархічныя саюзы. На паверхню ўсплывалі такія імёны, як Дубровін, Булацаль, Грынгмут, Пурышкевіч і іншыя людскія пацяробкі. Ім была дана поўная свабода ў іх чалавеканенавісніцкай дзейнасці і агітацыі за цара, за прастол і «ісконныя ўстоі» царскага самаўладства.

А на дварэ яшчэ з большаю сілаю бушавала завіруха. «Не прыйдуць заўтра вучні»,— падумаў Лабановіч. Ён зірнуў у акно. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы.

«А што, калі пайсці з візітам да пісара? — падумалася Лабановічу.— Усё ж роўна схадзіць трэба,— такая ўжо завялася традыцыя. Час жа прападае марна. А ці варта ў такое кручанае надвор’е рабіць візіт свайму суседу? Ён, можа, зачыніўся так, што да яго і не дастукаешся. I хто вылазіць з дому ў такую завіруху?»

I ўсё ж настаўнік вырашыў завітаць да пісара. Цікава зірнуць, што на дварэ робіцца, а заадно і клопат пазбыць.

Бабка Параска рукамі замахала.

— Куды ж гэта вы, панічок, надумаліся ісці ў такое шалёнае надвор’е? Ці вам жыць на свеце надакучыла?

— А я проста хачу паглядзець на мяцеліцу,— адказаў настаўнік.

Не паслухаў бабкі Параскі, пайшоў. Толькі ён адчыніў дзверы на двор, як на іх налёг вецер з такою сілаю, што настаўнік мусіў уперціся і натужыцца, каб не выпусціць з рук клямкі і не паехаць разам з дзвярамі. Вецер насядаў так напорна, што ён насілу зачыніў дзверы. Стаяць на ганку было трудна: вось-вось садзьме вецер у гурбу, якая ўжо асталявалася па той бок ганка, дзе было зацішней.

Падняўшы каўнер і прыгнуўшыся, Лабановіч спусціўся з ганка. На вуліцы снегу было мала. Вецер гнаў яго, як па жолабе, шліфуючы вуліцу і робячы яе слізкай. На сярэдзіне вецер падхапіў настаўніка і панёс удоўж вуліцы. Лабановіч прысеў на кукішкі, падставіўшы ветру спіну, і некалькі крокаў праехаўся, як на санках.

Кватэра пісара засталася трохі ззаду. Вецер загнаў Лабановіча ў гурбу, дзе ён знайшоў апору і спыніўся. Настаўнік папікнуў сябе за легкадумнасць. Ён павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам.

«А ўсё ж такі дайду!» — сказаў Лабановіч сам сабе і накіраваўся ў бок пісаравай кватэры.

Абсыпаны снегам, як мельнік мукою, барукаючыся з ветрам, часамі ўступаючы яму, часамі пераадольваючы яго, настаўнік нарэшце ўзлез на валасны ганак. Ён доўга стукаў у дзверы, але ніхто не падыходзіў. «Або не чуюць, або думаюць, што ў дом прэцца нейкі бадзяга»,— падумаў Лабановіч. Пастукаў яшчэ раз — ніякіх адзнак жыцця. Ён ужо хацеў ісці назад, аж раптам грукнула засаўка.

— Хто там? — пачуўся голас з сярэдзіны.

— Сусед ваш, настаўнік.

Стораж упусціў настаўніка ў дом, паказаў пісараву кватэру. Лабановіч зняў паліто, атрос снег.

Пісар Васількевіч сядзеў у сваім запаветным пакойчыку, дзе ён часта любіў заставацца ў самоце, праўда, не ў поўнай, бо з ім звычайна была бутэлька гарэлкі, якую ён сяды-тады падносіў да сваіх пісаравых губ.

— Рад, рад! — прамовіў гаспадар, хоць выраз яго твару не сведчыў аб радасці. Пісар быў чалавек сярэдніх год і меў прафесарскі выгляд — строгі, сур’ёзны і нават сярдзіты. Акуратна падстрыжаная бародка-лапатка асабліва падкрэслівала гэты інтэлігенцкі выгляд.

— Як жа гэта вы ў такое надвор’е? — запытаў пісар, не праяўляючы ніякай зацікаўленасці да асобы настаўніка.

— Для добрага суседа хіба можа быць перашкодаю дрэннае надвор’е? — падкрэслена ветліва і з прытоенаю насмешкаю запытаў Лабановіч. Але і гэта не кранула пісара. Ён сядзеў пануры і чымсьці незадаволены.

— А чаму вас прыслалі сюды? — нечакана запытаў пісар.

— Каго ж небудзь ды трэба прыслаць, каб у школе работа была.

— Работа,— паўтарыў пісар і дадаў:—Гледзячы, якая работа… Нешта нашы настаўнікі праз меру да народа горнуцца, збіваюць яго з правільнай дарогі,— строга сказаў пісар і падняў на настаўніка свае блакітныя, досыць прыгожыя вочы.

Лабановіч не ўправіўся даць адказ на словы пісара, бо той раптам паставіў пытанне рубам:

— А вы не з такіх?

Лабановіч паглядзеў на пісара. Злыя агеньчыкі заіскрыліся ў вачах настаўніка, але ён стрымаўся і з дабрадушнаю ўсмешкаю сказаў:

— Я быў арыштаваны за тое, што гарнуўся, як вы кажаце, да народа. Але начальства разабралася і выпусціла мяне.

Пісар апусціў вочы на стол, на якім яшчэ значыліся сляды разлітай гарэлкі. Ён нават не запрасіў суседа на шклянку чаю. I толькі потым даведаўся Лабановіч, што ў асобе кожнага маладога чалавека пісар бачыў свайго асабістага ворага: пісар Васількевіч не давяраў сваёй жонцы.


V[правіць]

Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы, як і раней, мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі і дрэвы. Навокал усё гуло, трэслася, выла, скуголіла. У кватэры настаўніка было холадна. Вецер прабіваўся праз вокны і сцены і разгульваў па пакоях вольны, як гаспадар. Пад вечар завея аціхла. Нізкія воблакі, шчодра пасыпаўшы снегам зямлю, падняліся вышэй. На вуліцы пасвятлела, хоць ужо надыходзіў вечар. I толькі цяпер перад вачамі раскрываўся малюнак таго, што натварыла завіруха. На вуліцы, у дварах каля будынкаў і ўздоўж платоў ляжалі горы снегу з самымі вычварнымі паветкамі і карнізамі, якіх не патрапіць вылепіць самы здольны скульптар.

Стораж Піліп, не скупячыся, напаліў печы. Школа даўно не апальвалася, і ў ёй было холадна, асабліва пасля такога вятругі. Як толькі добра разднела, пачалі патроху збірацца вучні, але далёка не ўсе прыйшлі ў гэты дзень. Ніхто не з’явіўся з суседніх вёсак і хутароў: дарога пасля мяцеліцы была яшчэ не працёрта. Усё ж Лабановіч адчуваў нейкую маральную палёгку: ён любіў сваю школьную справу, і яму надакучыў вымушаны адрыў ад яе. Хоць ён меў ужо даволі значную школьную практыку, тым не меней першая сустрэча з вучнямі ў новай школе і цікавіла і трохі хвалявала.

Вучні сядзелі ціха, не бегалі, не падымалі гармідару, як уласціва школьнікам. Відаць, і іх цікавіла асоба новага настаўніка, яго характар і адносіны да іх у далейшым.

Лабановіч увайшоў у клас з некаторым спазненнем, мяркуючы, што, можа, яшчэ падыдуць вучні. Пры з’яўленні настаўніка дзеці пужліва ўсталі, не зводзячы з яго вачэй. Настаўнік паздароўкаўся з імі як мага прыветней і сказаў:

— Сядайце!

Звычайна школьны дзень пачынаўся малітваю перад вучэннем. На гэты раз настаўнік адступіўся ад заведзенага парадку.

— Ну, што ж? Перш за ўсё хачу пазнаёміцца з вамі,— сказаў ён, сеўшы за стол.

Самым прыдатным спосабам знаёмства з вучнямі быў класны журнал з вучнёўскімі спісамі на кожны месяц. Па гэтых спісах настаўнікі штодзённа правяралі наяўнасць вучняў і ступень акуратнасці наведвання школы.

Лабановіч па спісу чытаў прозвішчы вучняў трэцяй групы. Калі вучань не з’явіўся, ставіў паметку «нб», што азначала «не быў». У гэты дзень такіх аказалася большасць. Калі ж вучань быў у наяўнасці, то ён, пачуўшы сваё прозвішча, уставаў і казаў: «Я!» Настаўнік углядаўся ў яго, каб лепей запомніць, затым коратка распытваў, колькі яму гадоў, каторую зіму ходзіць у школу, колькі часу вучыўся ў той ці іншай групе, чым займаецца дома, што ён любіць найболей з навукі. Усе гэтыя пытанні мелі адну мэту — лепш азнаёміцца з вучнямі і трохі разварушыць іх, рассеяць нясмеласць і напружанасць. Сярод вучняў, з якімі знаёміўся Лабановіч, увагу настаўніка звярнуў на сябе Грышка Мініч. Пачуўшы сваё прозвішча, ён нерашуча і сарамяжліва ўстаў, прыгнуўся, трымаючыся за лаўку. Гэта быў бялявы, худы, высокі і тонкі хлапчук. На яго твары блукала разгубленая ўсмешка. Мініч вучыўся ў другой групе, але па росту ён быў самы большы ў школе, і гэта, відаць, бянтэжыла яго. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Было яму чатырнаццаць гадоў. Пасля кароткай гутаркі, адкáзаў на запытанні настаўніка, адкáзаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу.

— А чаму ж не перавёў цябе ранейшы настаўнік? — запытаў Лабановіч.

— Я неакуратна наведваў школу і шмат прапусціў заняткаў.

— А чаму прапусціў? Чаму неакуратна хадзіў у школу?

Мініч растлумачыў, што ён адзін работнік у доме. Бацькі ў яго няма. Маці доўгі час была хворая, і яму прыходзілася займацца рознымі хатнімі справамі. Цяпер жа ў яго вольны час, і можна цалкам аддацца навучанню.

Лабановічу стала шкада гэтага няскладнага, сарамяжлівага і, відаць, здольнага хлопца. У самым тоне яго просьбы гучаў боль чалавечай душы.

— Ну, добра, Мініч: перавяду цябе ў трэці клас. Будзеш старацца, я памагу табе. А далей пабачым.

Шчаслівы Мініч сеў і з выглядам пераможцы зірнуў на сваіх таварышаў.

Настаўнік выкрасліў прозвішча Мініча са спіса другой групы і запісаў яго ў трэцюю.

Знаёмства з вучнямі і гутаркі з імі занялі добрую гадзіну часу, пасля чаго быў аб’яўлены перапынак.

Першы дзень заняткаў Лабановіч скончыў шмат раней, чым належала. Гэты дзень паказаў, што наперадзе многа напружанай працы з вучнямі, бо яны шмат прапусцілі і школьны курс засвоілі слаба. Але гэта не палохала настаўніка і не зніжала яго добрага настрою. Тая ж акалічнасць, што ён будзе мець справу толькі з дзвюма групамі, яшчэ болей умацоўвала веру ў поспех і падымала жаданне цалкам аддацца рабоце. За нядоўгі час свайго побыту на новым месцы Лабановіч паспеў збольшага агледзецца, і яму пачынала падабацца тут. Ён палюбіў і школу і вучняў. Цяпер і само сяло Верхань і яго ваколіцы выглядалі шмат весялей і ўтульней.

Лабановіч выйшаў на ганак школы. Каля будынка воласці стаяла некалькі фурманак. Часамі туды праходзілі людзі, маючы, відаць, нейкія свае патрэбы. Лабановіч прыгадаў нядаўні візіт да пісара Васількевіча і яго негасцінны прыём. Настаўніку захацелася павандраваць куды-небудзь у ваколіцы сяла. Але ўжо вечарэла, і было многа снегу. Сваю вандроўку ён адлажыў на болей зручны час. Увесь вечар ён сядзеў дома, закапаўшыся ў школьныя справы.

Бабка ставілася да новага гаспадара з ласкаю роднай маткі. Некалькі разоў заходзіла яна да Лабановіча. Ёй прыемна было паведаміць, як паставіліся да яго вучні, што гаварылі аб настаўніку. А потым бабка надумалася пачаставаць яго асабліваю вячэраю. Яна наскрэбла чыгунчык бульбы. Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. З кашы яна рабіла піражкі і падсмажвала іх на скавародцы. Такіх піражкоў настаўніку ніколі не даводзілася каштаваць, ён еў з ахвотаю і хваліў кухарскія здольнасці бабкі Параскі. Бабка ўся цвіла ад задавалення.


VI[правіць]

Сярод розных настаўніцкіх турбот у новых умовах немалое месца займала пытанне аб адносінах да тутэйшай вясковай так званай інтэлігенцыі. З практыкі мінулых гадоў і з непасрэднага сутыкання Лабановіч ведаў цану ёй і не бачыў нічога такога, што хіліла б у яе бок. Карты, п’яныя вечарынкі, плёткі, гутаркі аб жаніцьбе і розныя патайныя замахі на халастога чалавека, каб зрабіць яго жанатым,— усё гэта вядомая і ўжо старая для Лабановіча гісторыя. Наведванне пісара Васількевіча яшчэ болей астудзіла ў настаўніку жаданне да далейшых візітаў. Але без іх абысціся было трудна. Ламаць устаноўленыя традыцыі нельга было без рызыкі здабыць славу нейкага адшчапенца і чалавека падазронага, асабліва ў такі час, калі настаўнікі зарэкамендавалі сябе як людзі з крамольніцкім складам мыслей.

У сяле самай віднай фігурай быў поп. Абмінаць яго ніяк не выпадала, тым болей што настаўнік хадзіў ужо да пісара. Гэта стала вядома папоўскай фаміліі, і сукосным чынам да Лабановіча даходзілі весткі, што ў папоўскім доме чакалі сустрэчы з новым настаўнікам. Вось чаму, хочаш не хочаш, а да папа заявіцца трэба.

У бліжэйшы суботні вечар, пасля царкоўнай службы, Лабановіч узяў курс на процілеглы бок сяла, дзе сярод прасторнага двара з агародам і садам стаяў вялікі і даволі прыгожы дом тутэйшага бацькі Уладзімера Малевіча. З домам зліваўся шырокі, крыты ганак са скругленымі слупамі. Улева ад яго ішла веранда. Тут у цёплыя дні вясны і лета спраўляў свае трапезы бацька Уладзімер. Уся яго гаспода нагадвала сядзібу землеўласніка сярэдняй рукі. Разгледзець яе больш падрабязна і ацаніць так, як таго яна варта, зараз было трудна: заміналі вечаровы змрок і снег, што тоўстым пластом закрываў стрэхі дома і падсобных гаспадарскіх будынкаў. Праз шчыліны зачыненых аканіц прабівалася яркае святло. Лабановіч узышоў на высокі ганак і пастукаў у дзверы. Крыху счакаўшы, пачуліся лёгкія крокі, а потым жаночы голас каля самых дзвярэй:

— Хто там?

— Новы настаўнік. Я з візітам да бацюшкі.

Дзверы адчыніліся. Маладая, высокая, ладная жанчына падалася ўбок, прапусціла настаўніка і, лагодна ўсміхнуўшыся, сказала:

— Заходзьце.

Лабановіч недаўменна зірнуў на маладую жанчыну — хто яна? Папова дачка ці служанка? Са столі пярэдняй звісала лямпа. Па баках былі прыладжаны вешалкі, а на іх — поўна жаночай і мужчынскай адзежы, муфтаў і шапак.

— Я, здаецца, не ў час прыйшоў,— разгублена прамовіў Лабановіч.

— Нічога, нічога,— сказала жанчына.— Знімайце паліто.

Яна ўзяла паліто і ўціснула яго між адзежы, ужо вісеўшай на вешалцы.

Маладая жанчына аказалася ахмістрыняю бацькі Уладзімера і не толькі ахмістрыняю: бацька Уладзімер быў не ў ладах са старою, тоўстаю накшталт капы матушкаю, але ўсе яны жылі разам, размеркаваўшы між сабою дамашнія абавязкі і функцыі.

Пакуль Лабановіч прыводзіў сябе ў парадак, ахмістрыня паспела далажыць аб яго прыходзе. Настаўнік няспрытна пераступіў парог і спыніўся збянтэжаны: у сталовай за доўгім сталом сядзела чалавек з дваццаць незнаёмых людзей рознага полу і ўзросту. Але Лабановічу не далі часу разгледзецца. Перад яго вачамі прамільгнулі няясна толькі дзве постаці: дзябёлага, барадатага бацькі Уладзімера і пісара Васількевіча. Далей разгублены візітант нічога не ўбачыў: да яго бурна падбег старэйшы сын бацькі Уладзімера, Віктар, нізкаваты, карэнкаваты хлопец гадоў дваццаці. Як самага лепшага друга, якога ён не бачыў доўгія гады, Віктар крэпка абняў за шыю новага госця і пачаў яго цалаваць. А ў гэты час каля іх ужо стала пераросшая дзявочы век Віктарава сястра Дуня. Яна адапхнула Віктара і таксама бурна выказала свае пачуцці, а потым узяла настаўніка пад руку і павяла знаёміць з гасцямі. Пры гэтым яна гаварыла:

— У нас папросту, па-прыяцельску.

— Сюды, сюды вядзі яго! — скамандаваў бацька Уладзімер.

Лабановіч падышоў да яго. I не паспеў сказаць слова, бо бацька, пахіснуўшыся, шырока развёў рукі, абняў госця, прыліп да яго мяккімі валасатымі губамі і пацалаваўся з ім, як на Вялікдзень. Ад бацькі Уладзімера несла гарэлкаю, як з віннага склепа. Абыходзіць гасцей бацька Уладзімер настаўніка не пусціў.

— Садзіся тут,— паказаў ён Лабановічу месца каля сябе і дадаў, зварочваючыся да гасцей: — Панюхаецеся з ім потым.

У бацькі Уладзімера быў свой лексікон. Ён часта ўжываў такія словы, якія ішлі наперакор не толькі статуту святой царквы, але і самай элементарнай цэнзуры. Набажэнства ў царкве ён заўсёды правіў пад «мухаю».

— П’еш гарэлку? — запытаўся ён Лабановіча.

— З духоўнымі асобамі гарэлка п’ецца смачна. Не ведаю толькі, які філосаф сказаў гэта,— прамовіў Лабановіч.

— Маладзец! — засмяяўся бацька Уладзімер.— Духоўныя асобы маху па гэтай часці не даюць.

У пацвярджэнне сваіх слоў ён завёў басам:


Отец наш благочинный

Пропил тулуп овчинный

И ножик перочинный —

Омерзительно!


Праспяваўшы гэты куплет, поп нечакана звярнуўся да суседа:

— Пакажы мне свае вочы!

Паглядзеўшы настаўніку ў вочы, бацька ўстанавіў:

— Вочы як вочы! А вось пісар кажа, што ў тваіх вачах рэвалюцыя гарыць.

Пісар заварушыўся ў крэсле і злосна зірнуў на бацьку Уладзімера.

— Не пасуе бацюшку плёткамі займацца,— заўважыў пісар.

Бацюшка толькі пусціў смех у густую бараду і ціха прамовіў да Лабановіча:

— Калі ў цябе ёсць нелегальная літаратура, нясі яе мне. Схаваю пад прастол — ніякі чорт не дабярэцца да яе.

Бацька Уладзімер ужо быў добра п’яны. Ён раптам змоўк, спахмурнеў і зараз жа падняўся з месца. Не сказаўшы болей ні слова, ён, пахістваючыся, накіраваўся ў сваю спачывальню. Яго шырокая спіна пакалыхвалася, як у мядзведзя. Праводзіць бацюшку пайшла ахмістрыня. На яго выхад ніхто не звярнуў увагі — так рабіў ён не першы раз. Госці нават уздыхнулі лягчэй. Толькі пісар заставаўся надзьмуты і пануры. Насупраць за сталом сядзела яго жонка, Ганна Грыгор’еўна, баючыся падняць вочы на каго-небудзь з маладых людзей. Яна была прыгожая жанчына і трохі нагадвала сабою чырвовую даму. Увесь час пісар не спускаў яе з вока, і ніводзін рух яе не заставаўся ім незаўважаным. Хутка і ён падняўся з-за стала, з сім-тым развітаўся, забраў сваю жонку, як ні ўпрошвала яго Дуня пакінуць яе тут, і пайшоў дахаты. За пісарам паўставалі і іншыя пажылыя госці. Гэта былі дробныя навакольныя землеўласнікі, з якімі Лабановічу не давялося ні пазнаёміцца, ні сустрэцца потым. Нязручна і няёмка пачуваў ён сябе тут. Сабраўся ісці дамоў, але белабрысая, кірпаносая Дуня, вылітая маці-пападдзя, катэгарычна запратэставала. Да яе далучыліся Віктар і Саўка, яго малодшы брат, цыбаты, даўганосы хлопец, не падобны ні да папа, ні да пападдзі, і сама пападдзя.

— Куды вам спяшацца? — казала матушка.— Дзеці плачуць у вас дома, ці што? Пагуляйце, павесяліцеся. Унь колькі дзяўчат, як маку на градзе.

На кавалкі разрывалася Дуня, каб стварыць атмасферу весялосці і ўцягнуць у яе малазнаёмага тут новага настаўніка. На вечары засталася толькі моладзь. Сярод яе была нават адна сама па сабе прывабная дзяўчына Вера Іжыцкая, з заняпалага дваранскага роду. Лабановіч употайку наглядаў за ёю. Яна сядзела ціха, стрымана, уважліва прыглядалася да ўсяго, што тут адбывалася. Крыху прыжмураныя цёмна-шэрыя вочы яе пазіралі кудысь задумліва, як бы яна штось успамінала і ў мыслях перабіралася ў іншае асяроддзе. «Якім чынам апынулася тут яна?» — думаў Лабановіч. Ён прыгадаў аднаго слуцкага рамізніка, які меў княжацкі тытул і ў крытычных выпадках казыраў ім. Дуня заводзіла хрыпаты грамафон, потым прымусіла спяваць Віктара. У яго быў някепскі голас. Як мага прачула праспяваў ён надрыўны раманс: «Отойди, не гляди, скройся с глаз ты моих». Словы раманса і выкананне рабілі цяжкае ўражанне; прычыну гэтага Лабановіч знайшоў не адразу. I словы, і мелодыя сведчылі аб распадзе жыцця тагачаснай грамады, дзе не заставалася ніякіх перспектыў на будучыню. Гэта падкрэслівалася словамі: «А тебя с красотой продадут, продадут!» Моладзь, асабліва дзяўчаты і ў тым ліку Іжыцкая, уважна слухалі і часамі цяжка ўздыхалі.

Лабановіч сядзеў, як звязаны, і не адчуваў ніякага задавалення. Яго замкнёнасць і скованасць зварачалі на сябе ўвагу і гаварылі не на яго карысць.

Вечар скончыўся гульнямі. Селі гуляць у «фанты». Было дамоўлена, што той, хто праштрафіцца, павінен па свайму выбару пацалаваць каго-небудзь з прысутных. Калі праштрафіцца хлопец, ён павінен выбраць дзяўчыну, і наадварот. Самым цікавым у гульні і быў гэты момант. Аматараў праштрафіцца знайшлося нямала. Праштрафілася і дваранка. З хітраватаю ўсмешкаю выйшла яна ў круг. Крадучыся, як кошка, яна абвяла поглядам хлопцаў і падышла да Лабановіча. Бедны настаўнік збянтэжыўся, чым і выклікаў дружны смех і воплескі. «Лепш было б пацалавацца адзін на адзін»,— падумаў Лабановіч, але сказаць гэтага не асмеліўся.

Лягчэй уздыхнуў ён тады, калі, нарэшце, выбраўся за парог дома бацькі Уладзімера. Веру Іжыцкую ўспамінаў ён часта, але болей сустрэцца з ёю не давялося.


VII[правіць]

Работа ў школе наладзілася, увайшла ў сваю каляіну.

Пасля школ з чатырма групамі заняткі з дзвюма здаліся Лабановічу надзвычай лёгкімі. Удвая болей увагі ён мог зараз аддаваць кожнай групе. Тыдні праз два ён вылучыў са старэйшай групы чатырнаццаць вучняў для прадстаўлення да экзаменаў: дзевяць хлопчыкаў і пяць дзяўчатак. Сярод хлопцаў, прадстаўленых да экзаменаў, аказаўся і Мініч. Якая гэта была для яго радасць і гордасць! Ён меў выдатныя здольнасці і быў незвычайна старанны. Аднойчы на занятках Лабановіч заўважыў, як Мініч не-не дый заплюшчыць вочы і клюне носам у лаўку. Неадольны сон прычапіўся да хлопца. Нарэшце Мініч заснуў. Настаўнік падышоў і крануў яго за плячо:

— Што гэта ты, Мініч, спіш на занятках?

Мініч спалохана прахапіўся. Вінаватая ўсмешка заблукала на яго губах. Вучні зарагаталі.

— Я не спаў усю ноч,— прашапялявіў Мініч.

— Чаму ж ты не спаў? — пацікавіўся настаўнік.

— Я вывучаў гісторыю,— адказаў Мініч.

— I многа ж ты вывучыў за ноч?

— Усю прайшоў.

— I цяпер ты яе ведаеш? — дапытваўся настаўнік.

— Ведаю,— упэўнена пацвердзіў Мініч.

Лабановіч здзівіўся, калі на цэлы рад яго запытанняў вучань даваў дакладныя і грунтоўныя адказы.

— Маладзец! — пахваліў яго настаўнік.

Мініч стаяў задаволены і горды. Вучням стала няёмка за пусты і неабгрунтаваны смех са свайго таварыша.

— Цяпер ты можаш пасмяяцца з іх,— сказаў Лабановіч хлопцу і дадаў: — Пасля абеду не прыходзь у школу, адаспіся.

— Мне ўжо не хочацца спаць,— прамовіў шчаслівы Мініч.

Цэлыя дні, з ранку да вечара, аддаваў Лабановіч школе. Ён адчуваў вялікае маральнае задаваленне: вучні займаліся дружна, старанна і рабілі значныя поспехі. Асабліва шмат увагі адводзіў ён чатырнаццаці вучням, падрыхтоўваючы іх да экзаменаў. Калі дні значна пабольшалі і пасвятлела, ён склікаў выпускнікоў пасля класных заняткаў і займаўся з імі асобна. Гэта былі самыя лепшыя часіны школьнага навучання і для настаўніка, і для яго вучняў. Тады ўжо не захоўваўся той строгі распарадак, які быў абавязковым, калі ўсе дзеці былі ў поўным зборы. Тут Лабановіч выходзіў часта за рамкі праграмы. Яму хацелася як мага болей абудзіць дапытлівы розум сваіх выхаванцаў, шырэй расчыніць ім вочы на свет і навучыць іх крытычна ставіцца да жыцця, да сваіх абавязкаў у адносінах да людзей. Абыклыя задачы, дыктоўкі, граматыка з галаваломнаю букваю «яць» часта замяняліся чытаннем мастацкіх твораў рускай класічнай літаратуры, знаёмствам з біяграфіямі выдатных людзей, разборам тых ці іншых твораў. Настаўнік імкнуўся заўсёды трымаць сваіх вучняў у стане зацікаўленасці да таго, аб чым ён гаварыў або чытаў. Калі сярод хлопцаў вылучаўся сваімі здольнасцямі Мініч, дык між дзяўчатак такою была Ліда Мураўская. Бацька яе быў тэлеграфістам, а маці хрышчаная яўрэйка. Ліда і яе меншы брат Коля, таксама прадстаўлены да экзаменаў, жылі пры матцы на хутары, кіламетраў за шэсць ад школы. Іх бацька памёр гады тры таму назад, калі Колю было дзевяць гадоў, а Лідзе адзінаццаць. Брат і сястра жылі дружна. Ліда не спускала брата з вока і не давала яму разыходзіцца ў школе, і Коля слухаў яе. Наогул Ліда карысталася павагаю не толькі з боку таварышак, але і з боку хлопцаў. У яе быў прыроджаны такт і ўменне трымаць сябе сярод школьнікаў. Яе аўтарытэту ў значнай меры спрыялі здольнасці да навукі, а таксама і прыгожы твар, характар і ўвесь яе воблік. Большыя хлопцы пачыналі заглядацца на Ліду, а адзін з іх, Думітрашка, кахаў яе першым, для яго самога яшчэ неакрэсленым каханнем. Лабановічу збоку было відней гэтае кволае абуджэнне хлапцоўскага пачуцця. Адзін раз ён нават заўважыў:

— Думітрашка! Ты болей глядзі ў кнігу, чым на Ліду.

Злоўлены Думітрашка засаромеўся. Вучні засмяяліся, а некаторыя з іх таксама апусцілі вочы. Ліда пачырванела. Потым Лабановіч разважаў у думках, ці правільна зрабіў ён Думітрашку такую заўвагу. Здавалася, што памылкі ён тут не дапусціў, і ў той жа час яго брала сумненне, бо і сам ён не ставіўся абыякава да Ліды Мураўскай.

Наладжаную плынь школьных заняткаў нечаканым чынам парушыў Іван Анцыпік. Устрывожаны, неспакойны, прыйшоў ён раз да Лабановіча. Настаўнікі звычайна сходзіліся рэдка. У кожнага было сваё жыццё і свой круг інтарэсаў. Анцыпік амаль ніколі не заставаўся дома пасля заняткаў. За логам, дзе рос алешнік і цякла рачулка, на горцы раскінуўся маёнтак пана Вансоўскага. У маёнтку жыла ахмістрыня. У яе была дачка, Ганна Карлаўна. Да Ганны Карлаўны і ўчашчаў Іван Анцыпік. Сягоння ён быў настолькі ўзрушаны, што ад хвалявання язык шчоўкаў шмат часцей, чым звычайна, і словы зрываліся з яго з вялікаю натугаю.

— Што здарылася, Іване? — спагадна запытаў Лабановіч.

Анцыпік трохі заспакоіўся, язык яго прыйшоў у звычайны стан пашчоўквання.

— «Віхры варожыя выюць над намі»,— трагічна адказаў ён.

З далейшай гутаркі высветлілася, што Ганну Карлаўну мае на воку і тутэйшы станавы прыстаў. Яму не падабаецца, што Анцыпік учашчае да Ганны Карлаўны, і ён хоча прышыць настаўніку некаторую долю крамолы. Пра гэта ён даведаўся ад Ганны Карлаўны і яе маці. Прыстаўская пагроза легла цяжкім каменем на плечы Анцыпіка. Адзін спосаб выратавацца з бяды — трэба на некаторы час знікнуць адгэтуль. Але як і куды знікнуць? Як знайсці прычыну знікнення? А самае важнае, як пакінуць школу?

— А можа, гэта плёткі?—заспакойваў яго Лабановіч.

Язык у Анцыпіка зноў зашчоўкаў. Ён так пераконаны ў той бядзе, якую падстройвае прыстаў, што нічога і слухаць не хоча.

Лабановіч паглядзеў на Анцыпіка — можа, і праўда, усё можа быць. Яму стала шкада калегу.

— Дык вось што,— параіў тады Лабановіч: — Дай тым ці іншым спосабам сабе самому тэлеграму такога зместу: «Неадкладна прыязджай, бацька цяжка хворы». Вось табе і будзе падстава выехаць. А сваіх вучняў перадай мне: я пазаймаюся з імі да твайго звароту.

Анцыпікаў твар праясніўся: парада і дапамога калегі прыйшліся па сэрцы. На трэці дзень ён ізноў прыйшоў да Лабановіча. Той зірнуў і затрывожыўся: Анцыпік стаяў пануры, спахмурнелы. Ён меў выгляд чалавека, якога напаткала няшчасце.

— Вось прыйшла тэлеграма,— упаўшым голасам прамовіў Анцыпік.

Лабановіч узяў лісток і прачытаў: «Прыязджай хутчэй бацька цяжка хворы».

— То чаго ж ты засмуціўся? — спытаў ён.

Анцыпікаў язык шчоўкнуў:

— Як жа не смуціцца, калі бацька такі хворы?

— Ды мы ж самі гэту тэлеграму прыдумалі, дзівак ты!

Анцыпік, як і раней, заставаўся смутным і разгубленым.

— А можа, і сапраўды бацька пры смерці,— адказаў ён.

Для Лабановіча так і засталося незразумелым: ці то Анцыпік разыгрываў камедыю, ці сапраўды спалохаўся свае тэлеграмы. У той жа дзень Анцыпік паехаў, а яго вучні з лаўкамі перабраліся ў клас Лабановіча. Людна і цесна стала ў школе. У перапоўненым класе было цяжкое паветра. Прыходзілася насцеж расчыняць дзверы. На дварэ стаяла прадвесне. Праз адчыненыя дзверы заляцела аднойчы ў клас нейкая маленькая птушынка. Яна пераляцела пакой і села на падаконніку. Дзеці кінуліся лавіць яе. Лабановіч прыкрыкнуў і спыніў іх. Калі ён падышоў да акна, птушынка раптам звяла і бачком легла на падаконнік. Лабановіч узяў самлелую птушынку і вынес на свежае паветра. Праз хвіліну яна ачулася, акрыяла, разгарнула крылцы і фуркнула з рукі настаўніка ў свежае веснавое паветра.


VIII[правіць]

Напрадвесні 1906 года па ўсёй царскай Расіі ішла падрыхтоўка да выбараў у першую Дзяржаўную думу. Праўда, гэта была не першая, а другая дума, бо першая, булыгінская, на свет не радзілася. Дзяржаўная дума, змайстраваная па рэцэпту Вітэ, і з’явілася першай, той думай, якая ўсё ж такі была выбрана. Царскі ўрад і ўся яго самаўладна-паліцэйская сістэма была прыведзена ў рух. Пісаліся і рассылаліся царскія «повеления», сенацкія растлумачэнні і розныя прадпісанні губернатараў і генерал-губернатараў. Усе яны мелі на мэце адно: выбраць паслушную думу, каб яна сваёю дзейнасцю падмацавала пахіснуты рэвалюцыяй царскі лад. Усё, што было жывога і прагрэсіўнага ў краіне, ліквідавалася, заганялася ў падполле, высылалася ў далёкую халодную Сібір. У тагачасных хранікальных нататках з дня ў дзень падаваліся жудасныя весткі аб рэпрэсіях царскага самаўладства: ваенна-палявыя суды, расстрэлы, арышты, высылкі на катаржныя работы, забароны газет і часопісаў. З прычыны ўсіх гэтых рэпрэсій у той час бытаваў такі верш:


Наказана ты, Русь, всесильным роком,

Как некогда священный Валаам:

Заграждены уста твоим пророкам

И слово вольное дано твоим ослам.


Але тая ж хроніка таксама адзначала, што сілы рэвалюцыйнага руху не складалі зброі: то там, то сям адбываліся паўстанні, нават у вайсковых часцях, не спыняліся забастоўкі. То ў адным, то ў другім горадзе забівалі прадстаўнікоў царскай улады, пачынаючы з губернатараў і канчаючы акалодачнымі і гарадавымі. Учыняліся экспрапрыяцыі банкаў і поштаў. Але рэвалюцыя тым не меней ішла на спад. Верх брала чорная рэакцыя. Пры такіх умовах адбываліся выбары ў Дзяржаўную думу.

Якая ж будзе дума? Чаго можна спадзявацца ад яе? Такія пытанні шмат каго цікавілі. Ход выбараў паказваў, што верх бярэ ў іх так званая канстытуцыйна-дэмакратычная, або кадэцкая, партыя, памяркоўна-апазіцыйная партыя памешчыкаў і ліберальнай буржуазіі. Бальшавікі ўдзелу ў выбарах не прымалі — яны аб’явілі байкот Дзяржаўнай думе.

Умелі кадэты пусціць пыл у вочы. Людзі, не спакушаныя ў палітыцы, спачувалі ім, лічылі іх вялікімі апазіцыянерамі царызму і шмат надзей ускладалі на іх. Гэтаму ў значнай меры спрыяла і тая акалічнасць, што цар і яго акружэнне скрыва пазіралі на кадэтаў, не ведаючы з убоства свайго розуму, што вялікага ліха кадэты прычыніць ім не хацелі, а ўмацаваць іхнія пазіцыі маглі б. Не разумеў гэтага і верханскі пісар Васіль Васількевіч. У рэдкія і не дужа доўгія хвіліны цвярозага прасвятлення чытаў ён чарнасоценныя лісткі князя Мяшчэрскага, які граміў кадэтаў, як ворагаў цара і Расіі. Пісар чытаў і разам з князем абураўся супраць кадэтаў, сурова хмурыўся і сярдзіта ківаў галавою. Звычайна ён выходзіў у такія хвіліны на ганак, садзіўся на лавачку з газетаю ў руках. Вясна ж у той год была ранняя і лагодная. Васількевічу было прыемна адчуваць, што людзі, праходзячы па вуліцы, кланяліся яму і, напэўна, думалі, які вучоны чалавек іх валасны пісар. I тады Васількевіч надаваў свайму твару самы сур’ёзны выраз. Ён не заўважаў, што яго сусед Лабановіч, прытаіўшыся ў сваім пакойчыку, пільна прыглядаўся да пісара, сачыў за кожным яго рухам, за кожнай зменай міны і ціха пасмейваўся. Лабановіч ведаў чарнасоценную душу пісара Васількевіча, ведаў, як не любіў ён кадэтаў, не гаворачы ўжо аб сацыял-дэмакратах і эсэрах. Аднаго пасіўнага наглядання Лабановічу было мала: яму хацелася пагутарыць з пісарам і падражніць яго кадэтамі.

Аднойчы Лабановіч ціхенька выбраўся на двор праз кухню, каб пісар не дагадаўся, што за ім назіралі, зайшоў здалёк на вуліцу і тады ўжо накіраваўся ў бок воласці. А пісар сядзеў усё ў той жа постаці надзвычай сур’ёзнага чалавека, нібы ён рашаў першаступенныя пытанні часу. Не даходзячы да ганка, Лабановіч замарудзіў хаду, прыпыніўся, нібы ён выпадкам напаткаў тут пісара, і як мага болей зычліва прывітаў яго:

— Добры вечар, Васіль Міронавіч!

Васількевіч адвёў вочы ад лістка князя Мяшчэрскага, зірнуў на Лабановіча. У пісаравым поглядзе не адбілася ні ветлівага здзіўлення, ні робленай радасці: Васількевіч глядзеў на свайго суседа як на блазна, з якім яму, пісару, кампанаваць не да твару. Тым жа часам Лабановіч быў ужо на ганку і працягваў руку пісару.

— Што добрага чуваць, Васіль Міронавіч?

— Ды што ж тут чуваць? Самі ж газеты чытаеце.

— Што газеты? — адказаў Лабановіч.— Кожная піша на свой лад. А вось як глядзіце вы на тое, што кадэты верх бяруць на выбарах?

У пісаравых вачах заіскрыліся злыя агеньчыкі. Зірнуў уніз на ганак, а потым на Лабановіча і сярдзіта сказаў:

— Бяруць верх? Пачакайце, будзе час, сядуць верхам і на кадэтаў ды пагоняць іх у Сібір на пашу.

— А за што гнаць іх? — спытаў Лабановіч.— Яны ж супраць самадзяржаўнага ладу ў Расіі не ідуць, прызнаюць манархію, святую царкву. Патрабуюць, праўда, некаторых рэформ. Але хто цяпер не стаіць за рэформы? Міністры за рэформы, акцябрысты за рэформы. Князь Мяшчэрскі таксама дабіваецца рэформ. А чаго дамагаюцца кадэты? Надзяліць беззямельных і малазямельных сялян зямлёю, дый то за грошы, каб памешчыкаў не пакрыўдзіць; адмяніць пакаранне смерцю, амнісціраваць высланых і асуджаных за палітыку…

— Злачынцы, забойцы будуць грабіць, забіваць чэсных, адданых гасудару людзей, і іх амнісціраваць, для іх адмяніць пакаранне смерцю?! — ускіпеў пісар і аж падскочыў.— Ды гэтых вашых кадэтаў вешаць трэба! У Сібір іх усіх! — злосна закончыў ён.

«Наступіў на мазоль пісару»,— весела падумаў Лабановіч, а ўголас сказаў сур’ёзна і нават крыху пакрыўджана:

— Адкуль вы ўзялі, Васіль Міронавіч, што кадэты «мае»? Сацыял-дэмакраты і эсэры,— казаў настаўнік далей,— таксама не любяць кадэтаў, так што вы, Васіль Міронавіч, у гэтым выпадку стаіце на адным з імі грунце.

Пісар з нянавісцю зірнуў на Лабановіча: жартуе ён, смяецца з яго ці гаворыць сур’ёзна?

— Нічога агульнага няма ў мяне з гэтымі адшчапенцамі, раскольнікамі, слугамі сатаны! I я прашу і вас не гаварыць мне такога блюзнерства! — закрычаў ён ды ізноў ускочыў з лаўкі.

Лабановіч надаў сабе выгляд збянтэжанага чалавека, якому вельмі балюча, што давёў суседа да такога стану.

— Даруйце мне, Васіль Міронавіч, што прычыніў вам прыкрасць. Ды з-за чаго тут абурацца, псаваць сабе нервы? Вы ж, Васіль Міронавіч, калі гаварыць праўду, далібог, нават з выгляду падобны да кадэта: такое ж інтэлігентнае аблічча, такая ж бародка. Ну, дапраўды, можна падумаць, што вы брат кадэта Шынгарова!

Пісар болей не мог слухаць, рэзка сарваўся з месца, парывіста расчыніў дзверы, злосна стукнуў імі і знік дзесь у сваіх апартаментах. Лабановіч момант пасядзеў. «Ці не перабраў я меры?» — спытаў самога сябе і павольна накіраваўся ў бок лесу, што пачынаўся зараз жа за могілкамі.


IX[правіць]

Ачысцілася ад снегу зямля, прашумелі ручаі і рэкі ды ізноў увайшлі ў свае берагі. Новай, пахучай траўкаю зазелянелі дарогі і сцежкі ў полі. Памаладзелі гаі і лясы. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам, спевамі. Вакол гаманіла адноўленае, маладое жыццё. Новае і кожны раз няяснае і чароўнае пачуццё прастору і волі абуджала людзям сэрца. Хацелася цалкам зліцца з гэтым адноўленым жыццём і поўнымі грудзьмі піць яго асалоду.

Зусім іншы выгляд мелі цяпер верханскія ваколіцы. Яны пасвятлелі, павесялелі і, здавалася, рассунулі свае граніцы. Між будынкамі валаснога праўлення і школы пралягала шырокая дарога. Мінуўшы справа царкву ў зялёным вянку купчастых бяроз, дарога ішла міма верханскіх могілак і зараз жа хавалася ў густым лесе. Гэта дарога, могілкі і лес ужо не адзін раз прыцягвалі ўвагу настаўніка і вабілі яго да сябе. I вось аднойчы, у вольную хвіліну, сабраўся ён у вандроўку агледзець навакольную мясціну. Ён узяў кірунак у бок лесу, маўклівага і мудрага ў сваёй замкнёнасці. Апошнія будынкі і агароджы каля іх засталіся ззаду. Ціхая сельская ваколіца і прасторы неба і зямлі зычліва прывялі настаўніка на сваё ўлонне, атулілі яго цішынёй і спакоем. Прайшоўшы яшчэ колькі крокаў, ён прыпыніўся, акінуў вокам бедныя верханскія хаты. На фоне адноўленай і памаладзеўшай зямлі яны выглядалі яшчэ болей убогімі і запушчанымі. Саламяныя стрэхі, крытыя шмат гадоў назад, асунуліся, паразлазіліся, паказвалі свае збуцвелыя рэбры і цёмныя правалы. Пачуццё жалю і крыўды за сялянства выклікала ў маладога настаўніка абурэнне. Для яго было ясна, чаму такія гіблыя і чэзлыя сялянскія будынкі, чаму такія вузкія і заняпалыя палоскі зямлі і чаму такім мізэрным выглядае тутэйшы народ. У валасным праўленні ён пацікавіўся, колькі ўсяго лічыцца зямлі па Верханскай воласці і як размяркована яна паміж насельніцтвам. На долю сялянскіх надзелаў прыпадала пяць тысяч семсот сорак дзесяцін, а ў памешчыкаў і ў дробных маёнтках было дваццаць сем тысяч трыста пяцьдзесят дзесяцін. Гэтыя лічбы шмат аб чым гаварылі Лабановічу.

Настаўнік рушыў далей, параўняўся з могілкамі, прайшоў яшчэ некалькі дзесяткаў крокаў. Цьмяная, ледзь прыметная дарожка вяла на могілкі з той шырокай уезджанай дарогі, што накіроўвалася ў лес. Лабановіч пайшоў на могілкі. Невялікая роўная пляцоўка, заросшая кустамі, устаўленая драўлянымі крыжамі, дзе новымі, а дзе зусім струхлелымі ад часу, была ціхая, сумотная. Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню гэтага апошняга прыпынку вечна клапатлівых і неспакойных людзей. Замест агароджы вакол могілак былі калісь выведзены акопы з даволі высокім валам. Цяпер гэты вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны.

Але якая тут цішыня! Здавалася, самі могілкі, гэтыя размытыя вадою горбікі зямлі, гэтыя каменныя, груба абчэсаныя пліты з выцвіўшымі напісамі, гаротна пахіленыя крыжы і крыжыкі ахоўвалі спакой тых, каго пахавалі тут. Лабановіч хадзіў па могілках, спыняўся над магіламі, дзе яшчэ можна было прачытаць незамыславатыя напісы з паказаннем прозвішчаў нябожчыкаў, калі радзіўся і памёр, або проста колькі пражыў на свеце пахаваны ці пахаваная. Сустракаліся тут і знаёмыя настаўніку прозвішчы, як Думітрашка, Мініч, Баравы, Казеніч і іншыя. Не трэба ім цяпер ні зямлі, ні хлеба, ні Дзяржаўнай думы, на якую прастадушныя людзі ўскладаюць надзеі — ці не прынясе яна ім якой-небудзь палёгкі. Жаль да нябожчыкаў і да тых, што засталіся жыць да часу на зямлі і ў тым ліку да сябе самога, агарнуў настаўніка. Ён прыгадаў прачытаны дзесь у папоўскай газеце верш аб могілках і аб смерці, што ўсіх ураўноўвае. У вершы былі прыблізна такія радкі:


Сошлись здесь знатность с простотою,

Смешались рубища с парчою…


"Мана ўсё гэта,— падумаў Лабановіч,— «знатнасць» і пасля смерці стараецца адмежавацца ад «прастаты» і замест звычайных могілак будуе сабе фамільныя склепы. Нават калі памрэ поп, дык і яго хаваюць на цвінтары каля царквы або дзе-небудзь асобна, абы толькі не змяшаць з «прастатою».

Павольна праходзячы паміж магіл, настаўнік набліжаўся да канца пляцоўкі, дзе пышна разрасталіся нікім не саджаныя кусты і буяла маладая трава. Тут было яшчэ глушэй і зацішней.

«Тут і можна схавацца ад сумятні ды паразважаць аб жыцці, аб усіх яго праўдах і няпраўдах»,— падумаў Лабановіч і накіраваўся ў зараснікі. Раптам да яго вуха даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Лабановіч прыпыніўся і стаў мімаволі прыслухоўвацца. Асобныя словы разабраць было трудна. Невыразная патайная гамонка часам перарывалася кароткім, адрывістым маладым жаночым смехам і не дужа рашучымі пратэстамі. У мужчынскім голасе, таксама адрывістым, чулася хваляванне, просьба і настойлівасць.

— Я ж цябе кахаю, кахаю! — з глыбокім запалам гаварыў здушаны мужчынскі голас.

— Усе вы кахаеце, покі не даб’яцеся свайго,— сур’ёзна адказаў жаночы голас.

Праз момант гамонка прыціхла. Пара закаханых абнімалася і цалавалася. Да вушэй настаўніка даносіліся толькі глыбокія ўздыхі і пацалункі, доўгія і хмельныя, як моцнае віно. Лабановіч не ведаў, як павесціся далей. Лепш за ўсё, здалося яму ў першую хвіліну, ціхенька адысціся адгэтуль і нічым не падаць закаханым знаку, што іхняй любасці ёсць сведка. Але хто ж яны такія? Хто ён і хто яна?.. А навошта трэба ведаць гэта? Навошта станавіцца ўпоперак дарогі жыццю, маладосці? Настаўніку прыгадаліся заключныя радкі пушкінскай элегіі «Брожу ли я вдоль улиц шумных»:


И пусть у гробового входа

Младая будет жизнь играть

И равнодушная природа

Красою вечною сиять.


Здавалася, нічога лепшага і прыдумаць нельга, што так адпавядала б усёй гэтай жыццёвай сітуацыі на могілках.

Лабановіч ужо хацеў паціхеньку адступіць, непрыметна падацца назад, каб не замінаць людзям. Але ў момант самых палкіх прызнанняў у каханні Лабановіч, ці то з зайздрасці, ці то з нічым неапраўданага блазенства, ні з таго ні з сяго голасна зацягнуў: «Ісайя, лікуй!» — словы з песні, якую спяваюць у царкве пры вянчанні. Чаму Ісаія павінен быў тут лікаваць, настаўнік і сам не ведаў, але маладых закаханых,— а можа, яны былі і не маладыя,— разгледзець яму не ўдалося — ён моцна перапалохаў іх. Лабановіч толькі на адзін кароткі момант згледзеў постаць жанчыны. Яна закрыла галаву шарфам, борздзенька шмыгнула ў кусты і знікла з вачэй. Гэтак жа шпарка завіў і кавалер, падаўшыся ў другі бок.


X[правіць]

Неўзабаве пасля Вялікадня, на велікодным тыдні, атрымаў Лабановіч ад інспектара народных вучылішчаў прадпісанне — прадставіць яму пасведчанне ад свяшчэнніка мясцовай царквы аб тым, што настаўнік спавядаўся і прычашчаўся «святых таін». Само па сабе такое прадпісанне было абразлівым: каму якая справа да таго, грэшны ты ці святы? На чорта яна, гэта начальніцкая апека над табою? Начальства, як відаць, не верыць табе, сочыць за табою. Але горш было тое, што Лабановіч у споведзь не хадзіў і «святых таін» не прымаў. Што ж напісаць інспектару? Спаслацца на тое, што такога прадпісання ён не атрымліваў, каб інспектару нічога не адказваць,— нельга: інспектарская паперка занесена воласцю ў журнал «исходящих». Аб гэтым паклапаціўся пісар Васількевіч. Значыць, адрабіцца маўчанкаю не выпадае. Як жа быць? Сезон спавядання прайшоў. У памяці Лабановіча засталася апошняя споведзь яшчэ ў а. Мікалая. Гэта была проста фармальнасць. Тады няёмка адчувалі сябе і поп, і настаўнік, бо яны добра ведалі адзін аднаго. Айцец Мікалай накрыў Лабановіча эпітрахіллю, папоўскім фартушком. На аналойчыку ляжаў пазалочаны крыж. Некалькі хвілін поп маўчаў, відаць, толькі для таго, каб прадоўжыць працэс споведзі.

— Грэшан? — яшчэ трошкі счакаўшы, запытаўся поп.

— Грэшан, а. Мікалай,— уздыхнуўшы, адказаў Лабановіч.

— Усе мы грэшныя, адзін Бог толькі без граху,— заўважыў а. Мікалай і дадаў: — Але пакаянне знімае грэх… Каешся ў грахах?

— Каюся.

Бацька Мікалай яшчэ трошкі памаўчаў.

— Прашчаю і разрашаю… Цалуй крыж!

На гэтым і скончылася споведзь.

Як жа выкруціцца з цяперашняга становішча? I чаму раптам інспектар патрабуе пасведчанне якраз у той час, калі настаўнік у споведзі не быў?.. Эге! Ды гэта пісар Васількевіч падлажыў яму такую свінню! Гэту дагадку Лабановіч прыняў за сапраўдны факт, хоць пацверджання і не было. Свет не перавярнуўся і рэвалюцыі не адбылося ад таго, што ён, Лабановіч, у споведзь не пайшоў, а клопату нажыў. «Аказваецца, не выпадае ўхіляцца ад боскіх і людскіх абавязкаў»,— з лёгкаю насмешкаю над самім сабою казаў у мыслях Лабановіч. Застаецца адно: звярнуцца да бацькі Уладзімера — іншага шляху няма. Прыхапіўшы прадпісанне інспектара, Лабановіч накіраваўся на другі канец сяла, дзе была папоўская сядзіба.

Бацька Уладзімер, ахмістрыня, Віктар і Саўка сядзелі за сталом на верандзе. Яны толькі што паабедалі. Ахмістрыня зараз жа ўзялася прыбіраць пустыя талеркі. На стале засталася адна толькі даволі ёмкая чарка з нявыпітаю гарэлкаю.

— Позна ходзіш,— заўважыў бацька і ветліва прывітаўся. Ён ужо трошкі быў пад «мухаю».

— Да вас я, а. Уладзімер, як грэшнік, якому пакаянне не дае спакою,— урачыста прамовіў настаўнік. Бацька Уладзімер часамі паважаў такую ўзнёсласць.

— А калі грэшнік, дык выпі гэту чарку! — адказаў бацька і паднёс настаўніку гарэлку.

У паводзінах бацькі, у яго настроі Лабановіч адчуў добры знак.

— За ваша здароўе, а. Уладзімер! — сказаў ён, узяўшы чарку, і тут жа кульнуў яе да дна. На момант ён аслупянеў. Яму захапіла дыханне, і ледзь не на лоб палезлі вочы: у чарцы быў чысты спірытус.

— Охо-хо! — нарэшце аддыхаўся настаўнік, а бацька Уладзімер весела пасмейваўся. Ад смеху злёгку пакалыхваўся яго жывот пад чорнай расаю.

— Ой, а. Уладзімер, траха на той свет не выправілі мяне без пакаяння,— сказаў Лабановіч, выціраючы вочы.

— А ў чым табе каяцца? — запытаўся бацька.

Замест адказу настаўнік выняў з кішэні паперку і перадаў яе бацьку Уладзімеру. Той моўчкі і сур’ёзна пачаў чытаць інспектарскае прадпісанне аб прысылцы пасведчання ў тым, што настаўнік спавядаўся і прычашчаўся. Лабановіч не без трывогі сачыў за выразам твару бацькі. Прачытаўшы, бацька Уладзімер з неакрэсленай усмешкаю зірнуў на Лабановіча.

— Дурак! — прамовіў ён.

Па тоне голасу і па абразлівай міне бацькі настаўнік зразумеў, што «дурака» бацька Уладзімер адрасуе інспектару.

— Бач ты яго — больш за мяне турбуецца аб спасенні твае душы! — прамовіў ён.

На верандзе цяпер, апроч настаўніка і бацькі Уладзімера, нікога болей не было.

— Пабудзь тут, а я зараз,— сказаў баця і рашуча накіраваўся ў глыб сваіх апартаментаў. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся з ёмкаю кнігаю, нагадваўшай з выгляду Евангелле, з лістом паперы, з чарніліцаю, ручкаю і царкоўнай пячаткаю. Усё гэта ён моўчкі палажыў і паставіў на стол. Настаўнік недаўменна пазіраў на бацьку, а той некаторы час ухіляўся зірнуць на Лабановіча. Нарэшце бацька Уладзімер падняў вочы. Вясёлая і хітрая ўхмылка прабегла па яго мяккіх губах. Ён моўчкі падсунуў бліжэй кнігу з залатым цісненнем, так падобную да Евангелля.

— Вось, глядзі,— сказаў а. Уладзімер,— напэўна, ты падумаў, што гэта Евангелле? Тым жа часам гэта — том пушкінскіх твораў!

Баця хвіліну памаўчаў. У вачах яго блукаў вясёлы смех. Настаўнік пазіраў і ніяк не мог дагадацца, куды гне.

— У тысяча восемсот дзевяноста чацвёртым годзе,— пачаў а. Уладзімер,— прыводзілі народ да прысягі новаму цару, ныне не зусім шчасліва царствуючаму Мікалаю Другому. Некалькі мужычкоў з майго прыхода засталіся без прысягі. Вось і прыходзяць яны да мяне на кватэру. Так і так, не ўправіліся, бачыце, прысягнуць гасудару. Па царкоўнаму чыну да прысягі можна прыводзіць і дома — на крыжы і на Евангеллі. Крыж у папа заўсёды на грудзях, а вось Евангелля на той час дома не аказалася. Трэба было ісці ў царкву, а царква на другім канцы сяла. Як тут быць? Выручыў мяне вось гэты том Пушкіна. Палажыў на яго крыж і прывёў сваіх мужычкоў да прысягі!.. Што, здорава?

Айцец Уладзімер зарагатаў, а потым дадаў:

— Усё гэта — адна фармальнасць.

Ён сеў за стол, узяў ліст паперы, палажыў яго на «Рускае слова» і напісаў настаўніку пасведчанне, якога дабіваўся ад яго інспектар, падпісаўся, а подпіс падмацаваў царкоўнай пячаткаю.

— Ну, вось і ўсё гатова! Пасылай свайму апекуну і заспакой яго сумленне.

— Добры вы і разумны чалавек, а. Уладзімер! Дай божа болей такіх.

Задаволены і радасны, як чалавек, пазбыўшы непрыемны клопат і згрызоты, ішоў Лабановіч у школу. Параўняўшыся з будынкам валаснога праўлення, ён зняважліва зірнуў на вокны кватэры пісара і сказаў у думках па яго адрасу: «Эх ты, чарнасоценная жыла!»


XI[правіць]

У хуткім часе прыйшло паведамленне ад дырэкцыі народных школ Мінскай губерні настаўніку прыбыць з вучнямі ў Грабёнскую школу на экзамены. Старшынёю экзаменацыйнай камісіі быў назначаны адзін з выкладчыкаў суседняга гарадскога вучылішча. Лабановіч з задаваленнем прыняў вестку аб экзаменах: чым хутчэй ён вызваліцца ад работы ў школе, тым лепей. Асабліва радавала яго тая акалічнасць, што экзаменатарам назначаўся не інспектар народных вучылішч, сухі і бяздушны чынуша, а выкладчык, які ў свой час быў таксама настаўнікам пачатковай школы.

Ранічкаю таго самага дня, калі былі назначаны экзамены, параконная фурманка пад’ехала да Верханскай школы. Каламажка была прасторная, шчодра высланая саломаю. Чаcтка вучняў, настаўнікі — Анцыпік і Лабановіч — умасціліся на фурманцы. Да іх далучыўся і сын бацькі Уладзімера, Віктар, якому захацелася пабыць на экзаменах, пачуць і пабачыць, як падрыхтаваны вучні. Лабановіч адчуваў, што экзаменуюцца не толькі яго вучні, а і ён сам. За выхаванцаў ён не баяўся: яны былі падрыхтаваны болей чым добра.

Да Грабёнкі было вёрст дванаццаць. Дарога спачатку ішла полем, а потым пашыбавала на масток праз рэчку Усу; далей, амаль да самай Грабёнкі, ехалі старасвецкім лесам.

Раніца была ціхая, ясная, цёплая. Не даязджаючы да рэчкі, усе пазлазілі з фурманкі, каб запыніцца на мастку, палюбавацца двухпавярховым млыном і струменем вады, якая падала ўніз з запруды на вышыні некалькіх сажняў. Пад мастком быў зроблены шлюз, праз які час ад часу прапускалі плыты. Лабановіч потым часта хадзіў сюды на пагулянку. Цікава было паглядзець, як плытнік, стоячы ў галаве плыта, заганяў у калоду бусак і моцна трымаў, налёгшы на яго ўсім целам. Калі галава плыта спаўзала са шлюза, яна тарчма спускалася ў букту, выбітую плынню, і тады плытнік па самыя грудзі апускаўся ў ваду. Быстрая плынь борздзенька выкідала галаву плыта разам з плытнікам на роўнае і спакойнае люстра рэчкі.

— Можна было б пабыць тут і болей, каб не экзамены,— сказаў Лабановіч.— Гайда, хлопцы, у дарогу!

І ўвесь гурт падарожнікаў пашыбаваў далей. Фурманка стаяла за мастком і чакала іх.

Дарогу праз лес праехалі непрыметна. Настрой у вучняў быў узняты. Хваляваўся трохі і сам настаўнік, але не паказваў гэтага і стараўся падтрымаць бадзёрасць сваіх выхаванцаў. Самым спакойным сярод іх і самым разважлівым быў Мініч. Цяпер яго не бянтэжыла тое, што ён на цэлую галаву большы за сваіх таварышаў: хлопец быў вясёлы, жартаваў і пасмейваўся. Вучні ішлі як папала. Дзяўчаткі трымаліся свае кампаніі, а хлопцы — свае. Калі хто трохі прыставаў, тых садзілі на фурманку.

Густы старадаўні лес дзвюма магутнымі сценамі абступаў дарогу. Прохаладзь і лёгкі змрок атульвалі нашых падарожнікаў. Гадзіны праз дзве дарога выйшла на светлую палянку, па краях якой таксама стаяў густы лес. I палянка, і само сяло Грабёнка нагадвалі Лабановічу палескае мястэчка Хатовічы, куды ён ездзіў першы раз са свайго глухога Цельшына.

Грабёнская школа таксама стаяла ў канцы сяла. Сюды і накіравалася фурманка з усёю працэсіяй верханскіх вучняў і настаўнікаў. Іх сустрэла ўжо немаладая настаўніца Грабёнскай школы, даволі сухая і не дужа ветлівая асоба, «заматарэўшая во днех своих», як гаварылі тады аб стараватых незамужніх жанчынах. Ёй не спадабалася незалежнасць настаўніка Верханскай школы і яго адносіны да сваіх выхаванцаў без той строгасці, якая ставіць мяжу паміж вучнямі і педагогамі. Яшчэ болей неўзлюбіла яна Лабановіча, калі яе вучні данеслі, што верханскі настаўнік, скруціўшы ў трубку, засунуў за кніжную шафу нямую геаграфічную карту, адкуль дастаць яе было не так лёгка. На такі незаконны ўчынак навёў Лабановіча Мініч. Вучняў Верханскай школы напалохала нямая геаграфічная карта: такой у іх ніколі не было. Ад імя сваіх таварышаў і выступіў Мініч, сказаўшы, што нямая карта для іх незнаёма і яна можа пашкодзіць ім на экзамене па геаграфіі. Настаўнікі іншых школ адобрылі ўчынак Лабановіча, і на гэтым справа з нямою картаю скончылася. Аднак настаўніца Грабёнскай школы на ўсё жыццё затаіла ў сэрцы непрыязнь да свайго верханскага суседа. Гэта непрыязнь павялічылася, калі пачалі экзаменавацца вучні Лабановіча. Настаўніца была ўпэўнена, што на вусных экзаменах гэтая школа аскандаліцца разам з педагогам. Яна загадзя выбрала сабе найболей зручную пазіцыю, з якой можна было б сачыць за экзаменамі. Яе вучні адэкзаменаваліся. Нельга сказаць, каб іх падрыхтоўка стаяла на належнай вышыні. Памяркоўны старшыня экзаменацыйнай камісіі, жывы і вясёлы Шчарбачэвіч, зрэдку пакручваў галавою, пасміхаўся і, нарэшце, ставіў здавальняючую адзнаку. Калі ж прыйшла чарга экзаменаваць вучняў Верханскай школы, Лабановіч заняў месца ў камісіі. Шчарбачэвіч паставіў некалькі запытанняў і атрымаў правільныя і дакладныя адказы. Пасля гэтага экзаменаваў Лабановіч. Ведаючы добра сваіх вучняў і ступень іх ведаў, настаўнік закідаў іх пытаннямі, якія далёка выходзілі за рамкі праграмы пачатковай школы. Экзамены праходзілі жыва і цікава. Вучні адказвалі бойка і ўпэўнена. Старшыня камісіі з цікавасцю сачыў і за пытаннямі Лабановіча і за адказамі вучняў. На яго твары ўвесь час свяцілася ўсмешка задавалення. Калі ўсе вучні Верханскай школы былі праэкзаменаваны, Шчарбачэвіч пры ўсіх паціснуў руку Лабановічу і сказаў:

— За ўсю маю экзаменацыйную практыку я ўпершыню сустракаю такую дасканалую падрыхтоўку вучняў. Дзякую вам!

Настаўніца Грабёнскай школы злосна шыкала, слухаючы, як экзаменаваў Лабановіч сваіх вучняў, і сіпела: «Вось як выстаўляецца! Хоча паказацца!» Але факт заставаўся фактам.

Позна вечарам з трыумфам варочалася з экзаменаў Верханская школа. Найболей выдатна вытрымалі экзамены Мініч і Ліда Мураўская. Цяпер яна спала на фурманцы, а сон дзяўчынкі ахоўваў Іван Анцыпік.


ХII[правіць]

Прыйшло пісьмо ад Турсевіча. Ён жыў і працаваў у сваёй ранейшай школе. У яго таксама скончыліся заняткі і адбыліся экзамены. Рэшта вясны, усё лета і частка восені заставаліся вольныя. Гэта былі канікулы, калі настаўнікі маглі рабіць усё, што ім зажадаецца: заставацца ў школе, ехаць да сваіх родных, да прыяцеляў або запісацца куды-небудзь на курсы. Наяўнасць такога вольнага часу мела вялікае значэнне для вясковых настаўнікаў. Была поўная магчымасць заняцца самаадукацыяй, калі ў каго была на гэта ахвота, або адправіцца пехатой ці паехаць па чыгунцы ў вандроўку, калі настаўнік ухітраўся прыхаваць капейку. Турсевіч пісаў, што ён надумаўся паступаць у настаўніцкі інстытут і калі Лабановіч будзе праводзіць лета ў сваёй школе, дык ён ахвотна прыехаў бы туды на гэты час, каб рыхтавацца ў інстытут. Апроч таго, яму, Турсевічу, цікава сустрэцца са сваім старым сябрам і паглядзець на «крамольніка». Турсевіч ведаў, за што перавялі Лабановіча з Палесся ў Верханскую школу. У той жа дзень Лабановіч даў яму адказ.

«Я не ведаю,— пісаў паміж іншым Лабановіч,— як паставіцца да твайго намеру паступаць у настаўніцкі інстытут. Мяне асабіста ён не дужа вабіць. Я ўжо казаў табе аб гэтым: тая ж заскарузлая схаластыка, тая ж казёншчына, што і ў настаўніцкай семінарыі. Розніца хіба толькі ў тым, што ў інстытуце большы маштаб для замацавання казённага патрыятызму. За часы інстытуцкага навучання цябе так замарынуюць, што нічога не застанецца ад жывога чалавека. Іншая справа — падрыхтавацца і здаць экзамены на атэстат сталасці для паступлення ва універсітэт. Там непараўнана болей шырокае поле для ўсебаковага развіцця… А ўрэшце, кожны плача па сваім бацьку, як умее. Не буду навязваць табе сваіх думак і адносін да настаўніцкага інстытута, бо, можа, я памыляюся, а знайсці праўду і намацаць правільны шлях у жыцці не так лёгка і проста. Адно здаецца мне верным і ў чым я не сумняваюся — не адрывацца ад народа, жыць яго інтарэсамі і дапамагаць яму вызваліцца ад таго зла і несправядлівасці, якія акаляюць яго. Ва ўсякім разе буду рад бачыць цябе сваім дарагім госцем у маёй школе. Дарэчы, я вырашыў застацца тут на ўсё лета. Хочацца падгатаваць некалькі вучняў для далейшай адукацыі. Прыязджай, дружышча. Мая бабка Параска пачастуе цябе бульбянымі піражкамі. Напішы, калі прыедзеш — сустрэну.

Твой А. Л.»

Лабановіч быў дужа рад сустрэцца са сваім даўнім прыяцелем, але ў яго жаданні паступіць у настаўніцкі інстытут адчуў, што іхнія дарогі разыходзяцца: Турсевіча вабіць шлях чыноўніка ад асветы, якімі ў пераважнай большасці рабіліся вясковыя настаўнікі па сканчэнні настаўніцкага інстытута.

Закончыўшы работу ў школе і апынуўшыся на вольнай волі, без абавязкаў і пэўнай справы, настаўнік адчуваў як бы нейкую лёгкую страту чагось блізкага, абыклага, з чым ён ужо звыкся. Каб развеяць гэты сумотны настрой, Лабановіч сабраўся паблукаць па верханскіх ваколіцах, тым болей што не ўсе яны былі даследаваны ім. У такім вандроўніцтве заўсёды было для яго нешта новае, хвалюючае і вабячае кудысь у неакрэсленыя далі. Прыемна было хадзіць па новых мясцінах, углядацца ў малюнкі, што трапляюцца ў падарожжы, і разважаць з самім сабою аб розных падзеях і праявах на свеце.

На гэты раз Лабановіч пайшоў у другі бок сяла. Шырокая, бітая дарога падымалася ўгору, а потым пайшла па роўным і прасторным узвышшы, адкуль расчынялася шырокая панарама Верханя, далёкіх палеткаў, гайкоў і кудзерак дрэваў, ледзь праглядаўшых з сіняватай тонкай смугі. Часамі адзінокі вандроўнік прыпыняўся, каб палюбавацца далёкімі купкамі бяроз, хвоямі сярод поля і людскімі сялібамі. Як хораша выглядалі яны здалёку! А побач з любаваннем новымі малюнкамі снаваліся і розныя думкі, лёгкія і лагодныя, якіх часамі нават не заўважаеш. Але нейкім чынам прыгадалася пісьмо Турсевіча. Цяпер аб ім думалася ўжо іначай. Турсевіч, як відаць, многа думаў, перш чым рашыцца на паступленне ў настаўніцкі інстытут. Ва ўсякім разе ён не заставаўся на адным месцы. Правільна ён робіць ці няправільна, а факт той, што чалавек рухаецца далей. А куды ідзе ён, Лабановіч? Гэтае пытанне раптам устрывожыла яго і павалакло за сабою цэлую чараду з’яў і падзей, што ўжо засталіся ззаду, і рад людскіх вобразаў, да якіх настаўнік меў тое ці іншае дачыненне. А як жыць далей і на што наважыцца? Не век жа векаваць у Верхані. Трэба нешта рабіць, а што? На гэтыя запытанні ў Лабановіча адказу не было, і на душы ў яго стала неспакойна. Але заставацца доўгі час у стане зніжанага настрою і няпэўнасці было не ў характары настаўніка, і ён, як мог, стараўся адагнаць прыкрыя думкі і верыць у лепшае на свеце. Для яго было ясна адно: не саступаць з пазіцыі барацьбы з царскім ладам. Праўда, за сваю бытнасць у Верханскай школе ён нічога рэальнага не зрабіў у гэтай барацьбе. Змяніліся абставіны, павінны змяніцца і спосабы барацьбы. Вось аб іх і трэба падумаць. І Лабановіч думаў. Само жыццё падказвала, што ісці далей па шляху барацьбы адзіночкай-саматужнікам нельга. Патрэбна згодная, па выпрацаванаму плану, работа тысяч людзей, якая біла б у адзін пункт, а для гэтага трэба арганізацыя, у дадзеным выпадку настаўніцкая арганізацыя.

Думкі Лабановіча пайшлі ў іншым кірунку. Яму здавалася, што ён зараз стаіць на вернай дарозе: стварыць настаўніцкую рэвалюцыйную арганізацыю і весці барацьбу па пэўнай праграме.

Узышоўшы на самы высокі пункт мясціны, Лабановіч спыніўся, каб вокам акінуць ваколіцы. I зрок яго раптам загарэўся: перад вачамі цьмяна вырысоўваліся з тонкай сінечы контуры прыгожага, велічлівага замка! Здалёку ён нагадваў сабою нясвіжскі замак князя Радзівіла. Які ж гэта замак? Чый? Лабановіч стаяў, зачараваны і здзіўлены, потым рушыў наперад і не прайшоў і дзесятка сажняў, як замак стаў раскідацца, траціць сваю дзівосную форму. Замест вежы аказалася шатрыстая елка, а рэшта складалася з купкі дрэваў і ўзгорка, якія стаялі на далёкай адлегласці адны ад другіх… «Які дасканалы мастак — далеч!» — думаў Лабановіч. Ён некалькі разоў прыходзіў сюды, станавіўся на той самы пункт, з якога быў відзен «замак», і ілюзія кожны раз паўставала.


XIII[правіць]

Сабралася і адчынілася Першая Дзяржаўная дума. Было гэта ў канцы красавіка 1906 года. Лабановіч прагна накінуўся на газеты, у якіх паведамлялася аб адчыненні думы. Цікава было ведаць, што яна скажа, як пачне сваю работу і чаго можна ад яе спадзявацца. Пераважную большасць членаў думы складалі кадэты. Яны ледзь не захлыналіся сваім трыумфам і ўяўлялі сябе ледзь не збавіцелямі Расіі.

Старшынёю думы быў выбран кадэт, прафесар Мурамцаў. Першыя яго словы, адрасаваныя царскім чыноўнікам, быўшым на адчыненні думы, многа дзён з гордасцю паўтараліся кадэцкімі часопісамі. Вось, бачыце, як гавораць народныя абраннікі з прадстаўнікамі царскага самаўладства! А Мурамцаў усяго толькі і зрабіў, што на першым пасяджэнні загадаў выдаліць з залы паліцыю. Ён сказаў: «Улада выканаўчая няхай падпарадкуецца ўладзе заканадаўчай!». З першых дзён работы думы азначыліся яе нелады з царызмам. Разлад яшчэ больш узрос пасля таго, калі міністр унутраных спраў Макараў заявіў у думе з прычыны расстрэлаў палітычных дэманстрацый і забаставаўшых рабочых: «Так было, так і будзе!» З левых лавак у адказ на словы міністра пачуліся абураныя галасы: «Вон, забойца!» Міністр толькі пабляднеў, але прыкінуўся, што нічога не чуў. Выйшаў ён з думы, як абліты памыямі, абняслаўлены на ўсю Расію.

«Вось гэта добра!» — казаў сам сабе Лабановіч. Часамі яму здавалася, што нават і ў такой Дзяржаўнай думе ёсць свае дадатныя бакі, што калі-нікалі з яе выходзіла вольная думка і трапнае слова.

Бальшавіцкі байкот выбараў зрабіў сваю справу. Насельніцтва пачало ўсё больш і больш пераконвацца, што гэтая дума з’яўляецца новай змоваю буржуазіі і самаўладства. Бальшавікі гаварылі проста: прэч старую ўладу, толькі пры гэтай умове можна дасягнуць свабоды.

Кадэты відавочна цягнулі за цара, але, не зважаючы на гэта, адносіны паміж самаўладствам і думаю пагоршваліся. Урад трапіў у няёмкае становішча: яму даводзілася ўжываць рэпрэсіі да той самай думы, якую ён сам склікаў. Гэта было навочнай агітацыяй супраць самаўладства.

«Падражніць бы пісара»,— падумаў Лабановіч. Але не давялося: пісар гэтыя дні піў запоем і бушаваў начамі. Цяжкія часы перажывала яго жонка. У Васількевіча былі тры памочнікі: стараваты Хрыпач, яшчэ горшы п’яніца, чым сам пісар, і двое маладых — Іваш і Лісіцкі. Пісару здавалася, што яго жонка потайкам сустракаецца з прыгожым Івашом. Аднойчы, позна вечарам, настаўнік пачуў шум і крык у воласці. Ён выйшаў на ганак. У пісаравай кватэры і ў праўленні было цёмна, а грукат, крык і шум не спыняліся. Дзікі, прарэзлівы голас, поўны роспачы, выгукваў:

— Адчыні! Адамкніся!

I следам за гэтым хтось глуха, як у бубен, барабаніў у дзверы. На вуліцы нікога не было. «Што ж бы гэта значыла?» — затрывожыўся Лабановіч. Ён збег са свайго ганка, перасек вуліцу і апынуўся на ганку воласці.

— Адчыніся, гáдзіна! — лямантаваў той жа голас.

— Што там у вас? Хто крычыць? — запытаў Лабановіч і затрос дзверы.

На адзін момант усё сціхла, і зараз жа пачуўся плаксівы голас моцна пакрыўджанага чалавека:

— Гэта я, Васількевіч,— заходзь, братка: сведкам будзеш.

Дзверы расчыніліся. На парозе стаяў пісар у адной бялізне. Невялікая двухкапеечная царкоўная свечачка цьмяна асвятляла прыхожую.

— Што тут робіцца? — недаўменна запытаў Лабановіч.

Пісар узяў настаўніка за руку і падвёў да дзвярэй пакойчыка.

— Вось тут! — сказаў ён ціха і раптам ізноў забарабаніў у дзверы і зароў: — Выходзь, сцерва!

— Васіль Міронавіч, ці ў сваім вы розуме? Што з вамі?

— Братка, з Івашом зачынілася! — залямантаваў пісар, а потым дадаў, зварачаючыся да настаўніка: — Папільнуй, братка, іх, каб не паўцякалі, а я пайду па тапор: буду дзверы ламаць!

Пісар зрабіў рух, каб ісці па тапор, але захістаўся, страціў раўнавагу і ўпаў. Цяпер ён забыўся, што думаў рабіць і куды ісці: ён быў зусім п’яны. Лабановіч памог яму ўстаць. Ён быў не рад, што ўвязаўся ў гэту сямейную гісторыю.

— Напіўся ты, выбачай, як свіння,— груба сказаў Лабановіч, падымаючы пісара.— Спаць ідзі! — дадаў ён, сціскаючы Васількевічу плечы.

Пісар заплакаў.

— I ты за іх! —з дакорам сказаў ён Лабановічу.

За замкнёнымі дзвярамі пачуўся голас Ганны Грыгор’еўны.

«Няўжо ж пісар не выдумляе?» — падумаў Лабановіч і пачуў такія словы:

— Божа мой, Божа! За што мне такая кара! Лепш бы я малою памерла, чым жыць з такім ірадам, з такім п’яніцам. Божачка мілы, чым я цябе прагнявіла! Пашлі ты мне смертухну ці яго забі маланкаю, громам-перуном. За што ён катуе мяне?!

Пісар хоць і быў п’яны, але і да яго даляцелі жончыны праклёны. А пісарыха, пачуўшы, што яна не адна ў доме, трохі асмялела і пачала жаліцца і праклінаць мужа. Лабановіч упэўніўся, што ніякага Іваша няма і не было там. Ён лёгенька пастукаў у дзверы і сказаў:

— Ганна Грыгор’еўна, адамкніце дзверы і выходзьце,— не век жа сядзець вам там.

— Ды ён жа будзе біць мяне і мучыць, тыран гэты.

— Не бойцеся: ён вам нічога не зробіць.

Пісар не адыходзіў ад парога, стаяў і слухаў. Лабановіч стаў паміж ім і дзвярамі і яшчэ раз сказаў:

— Выходзьце!

Ключ у замку заскрыгітаў, раз і другі. Дзверы адчыніліся. Ганна Грыгор’еўна не адразу выйшла са свае засады і мела рацыю: пісар падабраўся, стаў так, каб зручней было кінуцца на жонку. Ён прыгнуўся, як кот, збіраючыся скокнуць на мыш. Лабановіч схапіў Васількевіча за рукі і завярнуў іх яму за спіну.

— Не смей, а то выкіну на вуліцу! — прыгразіў ён пісару.

Пісарыха шмыгнула ў цемру калідора і знікла.

— Ну, пісар, хадзем шукаць Іваша.

Лабановіч пацягнуў пісара ў пакой, дзе вытрымала асаду Ганна Грыгор’еўна. Ніякіх слядоў прабывання Іваша там не было. Іваш у гэты дзень ездзіў па воласці са старшынёю збіраць нядоімкі.


XIV[правіць]

Вясна ўваходзіла ў поўную сілу. Якія прыгожыя былі раніцы да ўсходу і на ўсходзе сонца! Яснае неба распрасцірала над адноўленаю зямлёю свой бяздонны купал, абапёршы яго берагі па акружыне кругавіду. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла па невідомых струнах песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў.

Смачна спаў пад раніцу стомлены хмелем пісар Васількевіч. Пасля здарэння перад замкнёнымі дзвярамі пісар крыху апамятаваўся. Ён зразумеў недарэчнасць сваіх паводзін і віну перад жонкаю. Некалькі дзён ён нават не піў. Жонка з яго згоды паехала да сваіх бацькоў, жыўшых на далёкім хутары. Пісар у хуткім часе замаркоціўся адзін і пачаў ізноў прыкладацца да бутэлькі, зачыніўшыся ў сваім пакоі. Ён то сядзеў нерухліва, то хадзіў з кутка ў куток і час ад часу куляў чарку за чаркаю. Далёка за поўнач ён клаўся ў ложак, а засынаў толькі пад раніцу, калі ўжо людзі пакідалі свае пасцелі і вёска патроху пачынала абуджацца. Сярод разнастайных гукаў, якія напаўнялі ціхае паветра, асабліва вылучалася лясканне пугі Лукаша Леўчанкі.

Лукаш Леўчанка, дваранін па паходжанню, прыблукаў сюды з Украіны і асталяваўся ў Верхані ў якасці грамадскага пастуха. Пастаяннай аселасці ў яго не было. Па чарзе кожны дзень ён пераходзіў з хаты ў хату. Дзе ён начаваў, там яго кармілі. А назаўтра, калі ён выходзіў збіраць статак, па адной, па дзве каровы з двара, яму давалі ў торбу правізіі. Кожная сялянка старалася не адстаць ад іншых жанчын, каб не асудзіў яе Лукаш за скупасць. Вечарам, прыгнаўшы статак, ён падаваўся ў другую хату. Калі такім чынам Лукаш абыходзіў усё сяло, праходзіла месяца паўтара часу. Тады ён зачынаў новае кола свайго вандроўніцтва з хаты ў хату. У падмогу яму сяло давала двух падпаскаў.

Лукаша ў сяле любілі. Ён быў добры пастух і вясёлы па натуры чалавек. Насіў ён доўгую, парыжэлую ад сонца, суконную світку, старанна залатаную. Ранічкаю чуць свет Лукаш выступаў у паход, апранаў світку, вешаў цераз плячо торбу з правізіяй, браў адмысловую пугу на кароткім ёмкім пужальне, пугу сажні тры даўжынёю. Прымацаваная да пужальна жалезным кольцам з сырамяццю, гэтая пуга пачыналася з таўшчэразнай, як вужышча, спецыяльна звітай вяроўкі. Паступова вяроўка танчэла і заканчвалася тоненькім пяньковым хвосцікам з дзесяткамі вузельчыкаў. Лукаш Леўчанка дасканала валодаў гэтай своеасаблівай зброяй. Ён так па-мастацку ляскаў сваёю пугаю, што здалёк здавалася, быццам бы хто страляе з пісталета. Пры дапамозе гэтай зброі Лукаш трымаў у паслушэнстве сваю «рагатую парафію»,— як называў ён статак.

Сабраўшыся належным чынам, Лукаш падыходзіў да крайняга сялянскага дворыка, адкуль і пачынаў збіраць статак. Ён раскручваў пугу, займаў такую пазіцыю, з якой зручней было ляснуць, станавіўся ў позу, каб ямчэй крыкнуць, набіраў паветра ў грудзі і громка, працягла гукаў:

— Выганя-я-я-яй!

Гэта быў не проста крык або звычайны вокліч, не — гэта была свайго роду мелодыя, музыка, якая перш за ўсё цешыла і весяліла, як артыста, самога Лукаша. I ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выганя-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Пачуўшы Лукашова «выганяй», гаспадыні борздзенька выбягалі з хат, расчынялі хлявы і выпускалі кароў. Лукаш адчыняў весніцы, карова выходзіла на вуліцу. А каб яна не забывалася, што над ёю ёсць нядрэмнае вока, Лукаш ляскаў пугаю. Карова, калі яна была маладая і рэзвая, весела падбрыквала і бегла па вуліцы, а там да яе далучаліся іншыя каровы, бычкі і цялушачкі. Хвілін праз дзесяць уся Лукашова «рагатая парафія» збіралася ў шумны гаманлівы статак, павольна і паважна вандравала па вуліцы ў поле. Пакуль Лукаш не выходзіў са статкам з сяла, ён не пераставаў для страху жывёлы ляскаць пугаю і час ад часу пагукваць «выганя-я-я-яй», хоць патрэбы ў тым ужо не было. Яму проста падабалася музыка выгуку ў яго, Лукашовым, выкананні.

У адну з такіх раніц, сабраўшы «рагатую парафію», Лукаш праходзіў з ёю міма школы і воласці. I тут яму захацелася яшчэ раз на развітанне з сялом гукнуць «выганяй!». Ён прыпыніўся на сярэдзіне вуліцы між воласцю і школаю, закінуў галаву і гаркнуў натхнёна, працягла, з музычнымі пералівамі: «Выганя-я-я-яй!» Перад гэтым жа, калі Лукаш быў далекавата ад воласці, яго гучны голас перабіў пісару салодкі ранішні сон.

— Вось гарланіць, гад! — сказаў сам сабе абуджаны пісар.— Ну, і горла! Бадай яно табе запухла.

Але зараз жа ўсё сціхла. Пісара зноў пачаў марыць сон. I вось у гэты самы момант Лукаш і гаркнуў сваё багатырскае «выганяй», стоячы на сярэдзіне вуліцы. Пісар аж падскочыў на сваім ложы, як бы яго кальнулі шылам. Якая нагласць — так гарланіць пад вокнамі пісаравай кватэры! Не разважаючы, што будзе далей, ён сарваўся з пасцелі, босы, у адной сарочцы. Накінуўшы на плечы белую кáпу, пісар, як тыгр, выскачыў на ганак.

— Што дзярэш тут горла! — грозна накінуўся ён на Лукаша.— Крычы ў полі, а не пад вокнамі валаснога праўлення, няхай табе пуп трэсне, сволач ты!

Пакуль пісар выбягаў на ганак, Лукаш адышоўся крокаў на дзесяць, рухаючыся за статкам. Пабачыўшы Васількевіча на ганку без нагавіц, прыкрытага капаю, Лукаш толькі ўхмыльнуўся, задаволены тым эфектам, які прывёў пісара ў гэтакую лютасць,— вось што такое Лукашова «выганяй!». На пісараву лаянку ён дабрадушна азваўся:

— Дай Божа пану пісару такі крэпкі сон, як мой пуп. А што да сволачы, дык сволач — цару помач.

Васількевіч кінуў на Лукаша іскрамётны позірк і павярнуў у сваю спальню, не скідаючы з плячэй капы. Падпаскі зірнулі на Лукаша, пераглянуліся і зарагаталі. Лукаш падміргнуў ім і пераможна ляснуў пугаю.

Лабановіч абудзіўся яшчэ тады, калі Лукаш быў на другім канцы сяла. Ён услухоўваўся ў голас пастуха-двараніна. А той паволі набліжаўся са статкам, пакрыкваючы «выганяй» і паляскваючы пугаю. Калі пачуўся глухі тупат быдлячых капытоў, настаўнік падняўся з пасцелі і падышоў да акна, каб паглядзець на вясёлага Лукаша. Лабановіч аднойчы сустракаўся з ім і ўпадабаў пастуха за бестурботнасць, вясёласць і лагоднасць. Лукаш любіў выпіць і за чарку гарэлкі гатоў быў служыць вераю і праўдаю. Ён не бачыў настаўніка ў той час, калі выгукнуў апошняе «выганяй», не дагадваўся, што за ім сочыць Лабановіч, які быў сведкам пісаравай злосці і лютасці. Як толькі Васількевіч схаваўся ў будынку, настаўнік адчыніў акно і паклікаў Лукаша. Пастух падбег. На яго твары блукала хітрая ўсмешка.

— Ну, брат Лукаш, і голас жа ў цябе: як труба ерыхонская! Нават пісара з пасцелі падняў.

— Не ўпадабаў пісар майго голасу,— адказаў Лукаш і засмяяўся.

— А ты наплюй на гэта. Вось табе дваццаць капеек на чарку, а заўтра ранічкаю ты зноў тут пагукай. За тваё адно «выганяй» буду даваць па дваццаць капеек.

— Будзе зроблена! — весела адказаў Лукаш, беручы саракоўку.

Назаўтра Лукаш ізноў стаў на сярэдзіне вуліцы, на гэты раз бліжэй да кватэры настаўніка, і на ўсю моц загукаў:

— Выганя-я-я-яй!.. Паніч, выганя-я-я-яй! — і некалькі разоў ляснуў, як з пісталета, пугаю.

Лабановіч падбег да акна і даў Лукашу абяцаныя дваццаць капеек. Так паўтаралася некалькі раніц падрад. Пісар, як відаць, дагадаўся аб змове і на ганак болей не выбягаў.

Раз у год Лукаш меў адну прывілею: у дзень Святых апосталаў Пятра і Паўла ён мог рабіць усё, што захоча: мог выганяць жывёлу, а мог і не выганяць. Такі быў звычай у Верхані. Але калі Лукаш у гэты дзень выходзіў на работу, кожны двор адараў яго хлебам, скорамам, яйкамі, а хто даваў пры гэтым яшчэ трохі медзякоў. Лукаш, зразумела, праходзіўся па дварах, збіраў статак і браў добраахвотныя падаткі. Выгнаўшы з сяла жывёлу, Лукаш даручаў статак падпаскам, а сам прадаваў сабранае дабро, увесь дзень частаваўся гарэлкаю, частаваў і людзей, хадзіў па сяле і спяваў песні. I людзі саступалі яму дарогу. У гэты дзень Лукаш быў недатыкальнаю асобаю.


XV[правіць]

Лабановіч хоць і не дужа часта, але ўсё ж сустракаўся са сваім калегам Іванам Анцыпікам. Ніколі не было ў іх такога выпадку, калі б яны адкрыта і па-прыяцельску пагаманілі адзін з другім. Анцыпік быў чалавек празаічны, практычнага складу характару. Уся яго жыццёвая філасофія і мудрасць заключаліся ў тым, каб жыць спакойна, ціха і сытна. Спецыяльнай настаўніцкай асветы ў яго не было. Скончыў ён нейкую малавядомую сельскагаспадарчую школу, але гэта не перашкаджала яму высока несці свой настаўніцкі гонар і сваю адукацыю. Па сутнасці ж, чалавек ён быў няшкодны. У жыцці кіраваўся ён адным асноўным правілам: не чапай ты мяне, і я цябе не зачаплю. Лабановічу хацелася бліжэй азнаёміцца з калегам і зазірнуць у таямніцы яго душы. Але не надаралася зручнага выпадку. Анцыпік як бы прадчуваў замах свайго суседа і стараўся ўхіліцца ад усякіх адкрытых і інтымных гутарак. Удзень яго амаль ніколі не было дома, а варочаўся ён позна. Але аднойчы вечарком Анцыпік зайшоў да Лабановіча. Нейкім чынам даведаўся ён, што маці Ліды Мураўскай збіраецца заехаць да настаўнікаў і запрасіць іх у госці да сябе — з поваду таго, што Ліда і Коля скончылі школу.

— Ну, што ж? Пакліча, дык паедзем,— азваўся Лабановіч. Прызнацца, яму самому хацелася наведацца да маці такіх слаўных дзяцей, як Лідачка і Коля.

Анцыпік, трохі памаўчаўшы, шчоўкнуў языком і дадаў:

— Трэба і нам пачаставаць Антаніну Міхайлаўну.

— Калі трэба, то трэба,— згадзіўся Лабановіч,— не ведаю толькі, чым і як частаваць, і наогул не ведаю, што яна за жанчына.

Анцыпік заварушыўся. Язык яго на момант нібы заграз, але зараз жа шчоўкнуў і выкінуў такія словы:

— Антаніна Міхайлаўна — удава, і яшчэ не старая, гэта адно. Другое, яна — маці Лідачкі, да якой, па маіх назіраннях, калега мой неабыякавы.

Тут Анцыпік хітра і мнагазначна падміргнуў, як бы для яго былі зусім ясныя мыслі і сэрца калегі. Лабановіч апусціў вочы ўніз і зараз жа сказаў:

— Вось не думаў, што ты такі назіральны… А можа, і васпан да яе неабыякавы?

Анцыпік прапусціў міма вушэй гэтыя словы і казаў далей:

— Па-трэцяе, яна — выхрыстка і, па-чацвёртае, любіць чарку.

— Характарыстыка поўная, партрэт напісан грунтоўна. Відаць, сядзеў ты з ёю за чаркаю не раз,— пажартаваў Лабановіч.

— Сядзеў і яшчэ пасяджу, праўдзівей, паседзімо: пачастунак зробім у складчыну,— азваўся Анцыпік.

— Ну, што ж? Згодзен: так яшчэ лепей. Пытанне можна лічыць вырашаным,— скончыў Лабановіч і ўважліва зірнуў на Анцыпіка: — Скажы, Іване, як гадаеш правесці лета і што мяркуеш рабіць далей? Ці на век прысягнуў пачатковай школе, ці ёсць якія-небудзь іншыя планы?

Анцыпік заміргаў вачамі ў прадчуванні нейкай сур’ёзнай гутаркі. Сур’ёзных размоў ён не любіў, лічачы, што яны могуць збіць чалавека з тропу.

— А я аб гэтым і не думаю,— адказаў Анцыпік.— Дый што думаць? Надакучыць сядзець тут, паеду да бацькоў, там пажыву, папрацую на лузе, на полі. А прыесца і гэта, буду думаць пра нешта іншае. А так без патрэбы навошта мазоліць мазгі і псаваць нервы? Маё правіла такое: ціха, дык не рыпайся, а стануць прыціскаць, збярыся неўзаметку ды бяжы ў іншае месца.

— А за што ж і хто прыцісне, калі ты будзеш ціха сядзець? — спытаў Лабановіч.

— Ды яно і гэта праўда,— шчоўкнуў Анцыпік.— Але бываюць розныя людзі, што без дай прычыны прывяжуцца да цябе. I ўсё ж самае лепшае правіла: не чапай нічога і не бойся нікога.

— А вось жа ты сядзеў ціха, нікога не чапаў, а прыстава збаяўся і задаў уцекача,— укалоў Лабановіч.

Анцыпік утупіўся, хацеў штось запярэчыць, але Лабановіч дадаў:

— Урэшце, усё-такі твая праўда: ты не датрымаў свайго правіла, зачапіў Ганну Карлаўну, якую меў ці мае на воку грозны станавы прыстаў.

Для Анцыпіка гэты выпадак быў непрыемны, як непрыемны быў і напамінак аб ім.

— Усё бывае на свеце між людзьмі,— нотка пакорнасці чуваць была ў голасе і ў словах Анцыпіка.

— І ты павінен маўчаць, мірыцца з усёю недарэчнасцю і несправядлівасцю такога ладу?

— А што з таго, што я буду крычаць? Хто мяне пачуе? Вось ты папрабаваў крыкнуць, і цябе перамясцілі. Не, брат, вышэй пупа не падскочыш! — тонам пераможцы заключыў Анцыпік.

Для Лабановіча стала відавочна, што з Анцыпікам кашы не зварыш, а весці з ім гутарку аб ролі настаўніка ў грамадскім жыцці, каб абудзіць свядомасць, не толькі марная трата часу, але і небяспечная рэч. Дзе парука, што Анцыпік не прагаворыцца — вольна ці нявольна? Лабановіч не рабіў болей спробы зазіраць у душу свайго калегі. Яна была для яго ясная і нецікавая, як сцёрты мядзяк. Ён толькі сказаў:

— Так, твая праўда.

Праз некалькі дзён у школу сапраўды прыехала Антаніна Міхайлаўна. Лабановіч сустрэў яе на ганку.

— Напэўна, вы маці Ліды і Колі, Антаніна Міхайлаўна? — запытаў гаспадар.

Антаніна Міхайлаўна ўсміхнулася, і Лабановіч убачыў шчарбаты рот з працярэбленымі гнілымі зубамі.

— Я, я! — прамовіла госця.

З твару яна была даволі прыгожая жанчына, чарнабровая, цемнавокая. Праўда, вочы яе трохі выцвілі, парыжэлі… «Няўжо ж у яе гады і Ліда будзе такая?» — сам сабе сказаў Лабановіч і павёў госцю ў пакой. Пакуль яна прыводзіла сябе ў парадак, як гэта ўласціва жанчынам, Лабановіч, папрасіўшы прабачэння, збегаў у кухню і паслаў бабку Параску па Анцыпіка. Але патрэбы ў гэтым не было, бо Анцыпік зараз жа паказаўся і сам. Ён быў болей спрытны кавалер, чым гаспадар, запрасіў госцю прысесці, затупаў каля яе, зашчоўкаў на ўсе галасы. Лабановіч пазіраў і проста цешыўся з яго здольнасці ў справе абыходжання з жанчынамі. «Вось каб ты быў такім і ў грамадскай дзейнасці!» — падумаў Лабановіч.

Пакуль дасціпны Анцыпік забаўляў Антаніну Міхайлаўну, Лабановіч з бабкай Параскай рыхтавалі закуску. Знайшоўся кавалак сыру, крыху масла, каўбаса, кіслая капуста. Бабка Параска нарэзала сала — і для закускі і для яечні. Стораж Піліп урачыста выцягнуў з-за пазухі пляшку гарэлкі.

— Можа, і ў твой гарляк, Піліпе, перападзе кропля,— сказаў ён, ні да каго не зварачаючыся.

Бабка Параска дзеля такога ўрачыстага выпадку дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Паставіла талеркі, нажы і відэльцы, відаць, дзесь пазычыла. Яна не хацела, каб яе гаспадар «свяціў» вачамі перад госцяю. Калі ўсё было гатова, селі за стол. Стол атрымаўся даволі багаты, на вялікае задаваленне бабкі Параскі. Лабановіч, як гаспадар, наліў чаркі і падняў тост за госцю. Выпілі. Пасля кожнай чаркі Антаніна Міхайлаўна брала хлеб і, перш чым адкусіць, падносіла яго да носа і нюхала, а потым ужо клала ў рот і закусвала.

Сядзелі доўга. Некалькі разоў бабка Параска дабаўляла закускі. Стораж Піліп двойчы хадзіў па гарэлку, прычым і ў яго «гарляк» перападала «кропля». Лабановіч пачуў, што ў галаве шуміць. Яму хацелася, каб гэты пачастунак скончыўся, а госця сядзела, як і нібыта таго, піла чарку ў чарку з настаўнікамі, нюхала хлеб і закусвала. Анцыпік шчоўкаў шмат болей свае нормы. Улучыўшы момант, ён падміргнуў Лабановічу, даючы зразумець, што ён, Анцыпік, падпоіць госцю. Ён паклікаў Піліпа і паслаў яшчэ па гарэлку. Лабановіч ціхенька падаўся ў сваю бакавушку. Не раздзеючыся, прылёг на пасцель. Спачатку да яго вушэй даносіліся словы і стук чарак, шчоўканне Анцыпіка і бестурботны смех Антаніны Міхайлаўны. Ён прачнуўся тады, калі пастух Лукаш ляскаў сваёю славутаю пугаю і выгукваў сваё заліхвацкае «выганяй!».

Лабановіч падняўся з пасцелі і ўвайшоў у сталовую. За сталом спакойна сядзела Антаніна Міхайлаўна. Здавалася, што яна гарэлкі і ў рот не брала. Затое Анцыпік ляжаў каля стала на падлозе ў самай маляўнічай позе зусім п’янага чалавека. Разваліўшыся і задраўшы ўгору нос, ён задаваў храпака. Антаніна Міхайлаўна весела засмяялася і, паказваючы на Анцыпіка, сказала:

— Хацеў спаіць мяне. Я ж бачыла, як ён ківаў вам, і разгадала яго намер. Пілі мы чарка ў чарку… Не, не яму спаіць мяне. Колькі б я ні піла, я п’янаю не бываю.

Антаніна Міхайлаўна расказала, як яна выручала ў выпіўцы свайго нябожчыка мужа, як піла з самымі заядлымі выпівакамі і ніколі не п’янела.

«Можа, ты таму не п’янееш, што нюхаеш хлеб, выпіўшы чарку гарэлкі»,— падумаў Лабановіч.


XVI[правіць]

У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў. Адзін з гэтых дворыкаў перайшоў Антаніне Міхайлаўне і дзецям пасля смерці мужа. Да яе ў госці і ехалі верханскія настаўнікі.

Ад Верханя да хутара было вёрст шэсць. Увесь час дарога ішла полем, часамі паміж бярозавых прысад. Па баках маляўніча раскідаліся невысокія пагоркі, невялікія ляскі і гаі, вузенькія зялёныя далінкі, утульныя і прывабныя. У цяньку нізкіх альховых кустоў сям-там туліўся пакручасты ручаёк, зрэдку выбягаючы на чыстае месца і блішчучы, як срэбра, на сонцы. Багата і шчодра ўпрыгожыла вясна зямлю, адзеўшы яе зелянінаю, ярыною і жытамі, што пачыналі ўжо выпускаць угору маладзенечкія каласкі, рассыпала па ёй мільёны рознакаляровых кветак. Трудна было адвесці вочы ад хараства на зямлі, ад яе пышнага ўбрання. I толькі тады, калі фурманка павярнула з шырокага шляху на вузкую і маланаезджаную хутарскую дарожку, Лабановіч успомніў Антаніну Міхайлаўну, яе дабрадушную ўсмешку і шчарбаты рот. I ўсё ж гэта жанчына неблагая, а калі прыгадаць, як улажыла яна Анцыпіка, дык яе да некаторай ступені можна лічыць выдатнаю кабетаю.

Аб сваім правале Анцыпік стараўся не ўспамінаць, а Лабановіч таксама не прыгадваў, каб не закранаць гонару калегі.

Фурманка павярнула да хутарка. З запушчанай сялянскай хаты з парыжэлай саламянай страхою выбег Коля, а за ім і Ліда, крыху сціскаючыся і саромеючыся.

Коля шырока расчыніў весніцы ў невялічкі, але чысценькі дворык. Хлопец не так быў рады прыезду настаўнікаў, як з’яўленню каня на іх двары. Ён больш за ўсё на свеце любіў коней.

Як толькі фурманка спынілася, Коля зараз жа падбег да каня і хапіўся распрагаць яго. Дзядзька Купрэй бачыў Колеў спрыт і ўменне хадзіць каля коней. Ён не замінаў хлопцу і толькі пахвальваў яго. А Коля, хоць быў і маленькі, як вузел, спрытна рассупоніў каня і выняў з рота цуглі. Ён лічыў, што хамут і цуглі найболей дакучлівыя для каня рэчы. Выпрагшы каня, Коля падвёў яго да плота, сеў верхам.

— Вы сабе, дзядзька, гуляйце тут, а каня я папасу, і накармлю, і напаю.

— Вот маладзец! — сказаў дзядзька Купрэй.

Больш Коля амаль не з’яўляўся тут, а ўсё хадзіў каля каня, збіраў яму смачную траву. Такія захады каню спадабаліся. Згледзеўшы сакаўную траву ў руках свайго шэфа, конь адвешваў губу і дабрадушна абзываўся — го-го-го. А для Колі гэта была вялікая радасць.

Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трохі саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Шчокі дзяўчыны паружавелі ад хвалявання, і гэта прыдавала ёй асаблівую прываблівасць.

Амаль адначасова з дзецьмі на нізенькім ганачку паказалася і Антаніна Міхайлаўна. Яна здалёку павіталася з гасцямі, як ужо старая і добрая знаёмая.

— Заходзьце ж, заходзьце ў хату! Ліда, вядзі сваіх настаўнікаў, прасі іх.

Не дужа павабны выгляд мела хата Антаніны Міхайлаўны. Няўмольныя часы палажылі на яе адбітак старасці і разбурэння. Бярвенні ў сценах сям-там павытыркалі з колісь старанна ўкладзеных і гладка дагнаных вянкоў. Самі сцены знадворку і ўсярэдзіне пачарнелі, пазакурваліся, былі паточаны шашалем. Невялікія падслепаватыя вокны скупа прапускалі святло, хоць на дварэ ваўсю свяціла веснавое сонца. Хата нічым не адрознівалася ад старасвецкіх сялянскіх хат з іх нізкімі столямі і вялізнымі печамі, займаўшымі чвэрць усяе плошчы. Даволі прасторныя сцены аддзялялі хату ад каморы, у якой стаяў сталярскі варштат з гэблікамі і рубанкамі, габлёваныя дошкі і ляжалі пахучыя хваёвыя стружкі. Часамі хто-небудзь з суседзяў, а яны ўсе былі сваякамі Антаніны Міхайлаўны па мужу, прыходзіў сюды і займаўся майстэрствам у меры патрэбы ў ім.

Лабановіч з цікавасцю разглядаў хату. Антаніна Міхайлаўна, як бы пераймаючы яго мыслі, заўважыла:

— Занепадае мая хата. Усё ладжуся паднавіць яе сям-там, ды трудна мне адной. Сваякі абяцаюць дапамагчы, але, як кажуць, цацанкі-абяцанкі, а дурному радасць.

— Ды жыць яшчэ можна,— азваўся Анцыпік.— Чыста, цёпла, утульна. А калі яшчэ Лідачка засвеціць вочкамі, дык у хаце зусім стане светла.

Ліда засаромелася. Яе маці таксама апусціла вочы, а Анцыпік меў такі выгляд, як бы ён сказаў штось дужа трапнае і дасціпнае.

Тым часам Антаніна Міхайлаўна затупала каля печы, а потым і каля стала.

— Рашайце, госці, самі,— раптам сказала яна.— Ці тут мы сядзем за стол, ці, можа, лепей пойдзем у садок пад грушку?

Пастанавілі, што ў садку пад грушкай будзе і вальней і прастарней.

І сапраўды, лепшага месца цяжка было знайсці: зацішак, сонца, чыстае паветра і блізка ад хаты. Пад грушаю стаяў просты стол на слупках, укопаных у зямлю. Па даўжыні стала з аднаго і другога боку стаялі лаўкі, таксама на слупках, стаялі трывала.

— Ну вось, лепшае дачы, бадай што, і на свеце няма,— Лабановічу дужа спадабалася гэтае месца.

За сталом часу марна не трацілі. Антаніна Міхайлаўна аказалася дасканалаю гаспадыняю. Рознай закускі, пераважна сялянскага вырабу, на стале было багата, і ўсё было згатавана з густам.

Прайшла гадзіна, другая ў вясёлай бяседзе. Лабановіч канчаткова дагаварыўся з гаспадыняю, што будзе праз дзень прыходзіць сюды і займацца з Лідаю, каб дзяўчына магла паступіць у якую-небудзь вучэбную ўстанову, дзе рыхтуюць настаўніц; прычым займацца ён будзе бясплатна. Анцыпік усё гэта слухаў і па-свойму наматваў на вус. Цяпер ён асцерагаўся піць з гаспадыняй чарка ў чарку. Затое не пасцярогся Лабановіч. Ён ужо адчуў, што ў галаве пашумлівае. Як на ліха, Антаніна Міхайлаўна зрабіла яшчэ заўвагу, што ён не дапівае чаркі. Гаспадыню падтрымаў Анцыпік, і яны ўдваіх населі на Лабановіча.

— Вы, сябры, проста прыдзіраецеся да мяне або смеяцеся, што я занадта шчыра асушаю чарку,— бараніўся Лабановіч.— Ну, скажы ты, Лідачка, праўду я кажу ці не?

Ліда засмяялася, нічога не адказала і толькі паківала галавою, што можна было палічыць і так і гэтак.

— Ну, вось і Ліда кажа, што вы не дапіваеце,— выкарыстала, смеючыся, Антаніна Міхайлаўна неакрэслены ківок дачкі.

— А, калі так, дайце мне шклянку!

Антаніна Міхайлаўна не паскупілася і падала шклянку.

— Прашу наліць.

Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна.

— Налівайце другую,— сказаў ён,— я пакажу, як не дапіваю чарак!

Антаніна Міхайлаўна прабавала спыніць яго, але Лабановіч з упартасцю п’янага сам наліў другую шклянку і залпам асушыў яе.

I з гэтага моманту для Лабановіча наступіла цёмная ноч і поўны правал памяці. Прачнуўся ён у поўнач на пахучых стружках. Галава была ясная, адчуваў сябе добра, як ніколі. Усё, што было да дзвюх шклянак гарэлкі, ён помніў выразна. А вось як апынуўся ў каморы на стружках — гэта была загадка. Лабановіч ляжаў і разважаў. На другой палавіне будынка стаяў шум і тупат. Даносіўся гоман бубна і піліканне скрыпкі. Відаць, госці перайшлі з двара ў хату і там наладзілі вечарынку. Лабановічу стала прыкра і брыдка за свой учынак. I не век жа яму ляжаць на стружках. На шчасце, у камору ўвайшла Антаніна Міхайлаўна са свечкаю ў руках. Лабановіч узрадаваўся і пажартаваў:

— Антаніна Міхайлаўна, я зусім ачуняў і паміраць не збіраюся. Свечкі мне не трэба.

— Ну, і добра, а то я непакоілася.

Настаўнік папрасіў перадаць Анцыпіку і фурману, каб збіраліся дамоў.

Праз паўгадзіны Лабановіч сядзеў у каламажцы і падтрымліваў Анцыпіка, каб ён не выкінуўся. Пад’ехаўшы да двара, дзе жыла Ганна Карлаўна, Анцыпік раптам забушаваў і памыкаўся злезці з воза. Лабановіч трымаў яго і не пускаў. А Анцыпік крычаў на ўсё горла:

— Пусці мяне да Ганны!

Дзядзька Купрэй пагнаў каня. Калі ад’ехаліся ад двара, Анцыпік супакоіўся, а праспаўшыся, прыйшоў да калегі і падзякаваў за тое, што не пусціў да Ганны Карлаўны.

— Ну, Іване, квіты, абодва мы біты,— адказаў Лабановіч.


XVII[правіць]

Дзве шклянкі гарэлкі, як стрэмка, уеліся ў свядомасць Лабановіча. Нашто ён зрабіў так? Што ён гэтым давёў? I чым жа ён лепшы за п’яніцу Хрыпача і пісара Васількевіча? Проста ён стаў агідным сабе самому. Але адных дакораў было мала: адчувалася патрэба паспавядацца перад кім-небудзь, прызнацца ў сваім бязволлі і блазенстве.

У час яго згрызот і каяння ўвайшла бабка Параска.

— Можа, будзеце снедаць, панічок? — лагодна запыталася бабка. Яна прывыкла да новага настаўніка і палюбіла яго, як сына, і часта называла «манашкам».

— Не варта, бабка Параска, даваць мне снедаць.

— Чаму ж гэта не варта? — бабка занепакоілася і паглядзела на настаўніка.

— Нікуды не варты я чалавек, бабка Параска, няма ў мяне меры: напіўся ўчора ў гасцях, як Хрыпач.

— Дык на тое ж і госці, каб выпіць і пагуляць. Якія ж гэта госці, калі чалавек не дасць сабе трохі волі?.. I праўда — манашак вы! — лагодна заключыла бабка Параска.

— Ты, бабка, не ведаеш, як я піў.

Лабановіч расказаў, нічога не ўтойваючы, як выпіў ён засаб дзве шклянкі гарэлкі і што было з ім пасля гэтага. Бабка Параска слухала ўважна. Локаць адной рукі яна паставіла на далонь другое, падперла галаву і сядзела нерухліва. Лабановічу здалося, што бабка засмуцілася. Але калі ён скончыў сваю аповесць, бабка Параска весела азвалася:

— Ну, і што ж? Ачнуліся, праспаліся, галава свежая, дык і дзякуй Богу! Вось калі часта рабіць так, то гэта кепска, і так рабіць не трэба,— нотка дакору і строгасці пачулася ў бабчыным голасе.

— Слаўная ты кабетка, бабка Параска! — прамовіў настаўнік.— I сэрца тваё добрае, і розум твой разумны! — скаламбурыў ён.

Бабка Параска хітра паківала галавою.

— Вось сядзіць-сядзіць мой манашак ды нешта і выдумае: розум разумны!

Момант памаўчаўшы, яна іншым тонам дадала:

— А можа, яно і праўда, бо кажуць жа і «дурны розум»!

— Ну, ці ж не мая праўда? Ды ты, бабка,— філосаф!

Бабка Параска зарагатала.

— Божа мой, чаго ён ні прыдумае! I не чула ніколі слова такога — пілосап! Яно больш падыходзіць да Піліпа.

Гутарка з бабкаю Параскаю развесяліла настаўніка, да яго вярнуўся ранейшы гумор. Дзве шклянкі гарэлкі патроху страчвалі сваю вастрыню і адыходзілі ў прошласць, хоць яны і засталіся ў памяці на ўсё жыццё.

На другі дзень зрання, памятаючы свой угавор з Антанінай Міхайлаўнай наконт Ліды, ён узяў кій і ўжо знаёмаю дарогаю пашыбаваў на хутар.

Добра быць аднаму ў дарозе, асабліва тады, калі надвор’е спрыяе табе, а на сэрцы спакойна, і нішто не абцяжарвае твае душы, нішто не замінае думаць аб чым хочаш, або даваць поўную волю самым дзівосным і далёкім ад сапраўднага марам. Ідзеш сабе і радуешся, што жывеш на свеце, радуешся, што ў цябе ёсць вочы, каб аглядаць прасторы і малюнкі зямлі, і вушы, каб слухаць разнастайныя гукі, несціханую музыку жыцця. Радуешся небу і сонцу, кучаравым хмарам, лагоднаму ветру і людзям, што сустракаюцца на шляху.

Многа дарог, нікім не злічаных, снуецца па зямлі. Многа дарог у жыцці, па якіх блукаюць людзі, каб знайсці тое, што лічаць яны сваім шчасцем. Ды не для ўсіх расчынены гэтыя дарогі; іх трэба заваяваць — для сябе і для гарапашнага люду.

I зноў ажылі мыслі, якія ўсё часцей і часцей наведвалі Лабановіча, мыслі аб настаўніцкай арганізацыі, каб грамадой і па аднаму плану весці рэвалюцыйна-асветную работу ў народзе. У памяці ўсплылі малюнкі не так далёкага мінулага. Прыгадаўся Пінск, Вольга Андросава, першы патайны сход, дзе ён, Лабановіч, гаварыў аб арганізацыі вясковых настаўнікаў. Успомніў ён і Алеся Садовіча, і Янку Тукалу. Ці не аб гэтым жа самым думалі і яны, калі заводзілі гутарку аб трыумвіраце, аб пастаянных зносінах паміж сабою. У сілу непрадбачаных прычын і падзей падысці ўсутыч да ажыццяўлення патайной настаўніцкай арганізацыі не ўдалося. Але такая думка жыве не ў адной толькі галаве Лабановіча; яна займае тысячы настаўніцкіх галоў — не ўсе ж яны анцыпікі і саханюкі, якія ўхіляюцца ад рэвалюцыйнай барацьбы і лічаць лепшым жыць спакойна і сытна.

«Напісаць трэба Садовічу»,— вырашыў Лабановіч. І ён стаў абдумваць змест пісьма, каб ніхто не мог прычапіцца і каб яно было зразумелым для Садовіча. Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. А гэтым летам абавязкова пакласці пачатак рэвалюцыйнай настаўніцкай арганізацыі. Яе ў Беларусі няма, яна павінна быць.

З такімі думкамі ішоў Лабановіч на хутар. I раптам адчуў ён у сабе нейкі неспакой. Нейкая няўлоўная і неўсвядомленая думка стала карцець яму, разганяць добры настрой. I толькі тады для яго стала ясна, калі павярнуў з вялікай дарогі на маланаезджаную, што вяла на хутар: прычынаю неспакою была Ліда. Ці не паспяшаўся ён, беручыся падгатаваць яе для паступлення ў гарадскую школу? Нашто ўзяў ён такі абавязак і звязаў сябе? Хто прасіў яго быць настаўнікам Ліды пасля таго, калі яна скончыла пачатковую школу?

А на гэта былі дзве прычыны: Лабановічу падабалася прыгожанькая, крыху сарамяжлівая, чарнавокая Лідачка, хоць у гэтым ён не хацеў прызнавацца і сабе самому, не толькі людзям. Другая прычына — лішняя чарка, выпітая пад спакусліваю грушкаю. Усё паэтычнае асяроддзе наладжанага на скорую руку сялянскага банкету, прыемны шолам у галаве ўзнялі настрой, атулілі сэрца празмернаю дабратою, і ён, не ўзважыўшы цвяроза свайго парывання, паспяшаўся ўзяць на сябе адказны абавязак. А цяпер, зірнуўшы на ўсе гэтыя праявы другімі вачамі, настаўнік адчуў, што выпадковае, мімалётнае захапленне скіравала яго з правільнай дарогі. I сапраўды: што такое для яго Ліда? Якое мае ён права ўрывацца ў яе жыццё? I што кіруе ім у яго адносінах да яе? Бесстаронняе жаданне дапамагчы ёй? Вывесці ў людзі? Не, няма чаго хітрыць з самім сабою. Напэўна, калі б Ліда была такая шчарбатая, як і маці, дык наўрад ці з’явіліся б у яго такія высокія парыванні.

Лабановіч перанёсся думкамі наперад, каб уявіць сабе Ліду, калі яна будзе ў гадах свае маці. Але сягонняшняя Ліда выбегла ў гэты час з двара насустрач Лабановічу. Жывая, вясёлая і радасная, яна зблытала ўсе яго мыслі. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Параўнанне з Антанінай Міхайлаўнай вылецела з яго галавы.

Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця.

— Я вас учора чакала,— сказала яна.

Лабановіч зірнуў ёй у вочы. Замест адказу сам запытаўся:

— Лідачка, ты не смяешся і не кпіш з мяне за мой учынак?

Ліда засаромелася. Ёй стала няёмка: як гэта яна будзе смяяцца з настаўніка? I ніколі не чула яна такіх запытанняў ад яго.

— Як гэта я буду кпіць з вас і смяяцца?

— Напіўся я тады да непрытомнасці і з-за гэтага не прыйшоў учора. Брыдка было паказацца ў вашым доме.

— Дык ніхто ж гэтага не бачыў,— адказала Ліда.

Настаўнік засмяяўся.

— Ты, Лідачка, гаворыш таксама, як і мая бабка Параска. I за гэта я вас люблю — цябе і бабку Параску. Ну, дык пойдзем і сядзем за работу.

I яны накіраваліся ў хату Антаніны Міхайлаўны.


XVIII[правіць]

Набліжалася лета.

Ніякіх значных змен не адбылося ў жыцці Лабановіча. У Верханскай школе цяпер ён застаўся адзін. Анцыпік цішком знік. Куды ён падаўся, Лабановіч не ведаў. I яму таксама трэба было б адлучыцца на кароткі час. Ён паслаў пісьмо Садовічу. Яно было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Адказ прыйшоў даволі борзда. Садовіч пісаў, што яго школа стала прыпынішчам настаўнікаў, што з ім жыве Янка Тукала, Алесь Лушкевіч з-пад Шчорсаў і яшчэ збіраецца прыехаць некалькі чалавек. «У пачатку ліпеня, не пазней пятага,— пісаў сябар,— павінен быць і ты,— непрыменна, абавязкова. Наладжваецца гуртовая маёўка. Трэба ж, чорт вазьмі, гульнуць хоць раз у год». Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Паціхеньку і потайкам рыхтаваўся ён да важнай падзеі ў настаўніцкім жыцці. Лабановіч быў упэўнены, што ступае на новы рубеж. Для «маёўкі», аб якой паведамляў Садовіч, Лабановіч задумаў напісаць даклад на тэму аб асвеце ў пачатковых школах. Ён меркаваў выказаць думку аб тым, якія задачы ставяць царскія чыноўнікі настаўнікам пачатковых школ, і наогул, куды скіравана бюракратычна-паліцэйская навука царскай Расіі і што трэба супрацьставіць гэтаму.

Тым жа часам праз дзень, а калі праз два, хадзіў Лабановіч на хутар Антаніны Міхайлаўны займацца з Лідаю. Асаблівай стараннасці ў навучанні Ліда не выяўляла. Затое чым далей, тым прыметней абуджалася ў ёй дарослая дзяўчына.

Часам пазірала яна на свайго настаўніка не так, як належыць вучнёўцы. Настаўнік тлумачыць ёй правілы складання дробаў; Ліда слухае, а дробы кудысь адлятаюць ад яе, ніяк не трымаюцца ў галаве. А слухае, здаецца, яна вельмі ўважна і не зводзіць вачэй з настаўніка. У цёмных вачах з’яўляецца асаблівы бляск, на губах раптам заблукае ўсмешка; Ліда ловіць сама сябе на гэтай усмешцы, саромеецца і борздзенька хіліць галаву на падручнік. Кучаравыя цёмна-каштанавыя валасы падаюць ёй на рукі і рассыпаюцца па стале. Настаўнік спыняе тлумачэнне — галава ў яе забалела, ці што?

— Што з табою, Ліда? — пытае настаўнік.

Ліда падымае галаву, адкідае з ілба цёмныя локаны. Бляск вачэй гасне, на губах з’яўляецца вінаватая ўсмешка.

— Сон мяне змарыў,— няўпэўнена адказвае дзяўчына.

Настаўнік глядзіць на яе з дакорам. Лідзе робіцца непрыемна. Цень засмучэння кладзецца ёй на твар. Яна апускае вочы, замыкаецца ў сабе.

— Гэта, значыць, я так цікава тлумачу правілы складання дробаў, што навёў на цябе сон,— з ноткаю крыўды заўважае Лабановіч.

Ліда маўчыць і яшчэ ніжэй апускае галаву. Яна думае нейкія свае думкі, але якія, сказаць трудна. Некаторы час маўчыць і Лабановіч. Для яго зусім незразумела прычына такіх паводзін Ліды.

— Можа, табе нездаровіцца? — пасля кароткага маўчання пытае Лабановіч.

Ліда нічога не адказвае. Настаўнік у недаўменні глядзіць на яе.

— Чаго ж маўчыш, Лідачка? — спагадна дапытваецца ён.

Ліда нічога не гаворыць. А потым зрываецца з месца і бяжыць у свой куток за палатнянаю занавескай.

«Што ж гэта яшчэ за капрызы?» — пытае сам сябе Лабановіч. I не ведае, што рабіць далей: ці кінуць заняткі наогул і ісці дамоў, ці ўсё ж такі выясніць прычыну няроўнасці ў паводзінах вучнёўкі? У хаце, апроч яго і Ліды, нікога не было. Антаніна Міхайлаўна кудысь пайшла з двара. У часы заняткаў яна звычайна выходзіла з хаты, каб нічым не перашкаджаць «лекцыям». А Ліда, зашыўшыся ў свой берлажок за палатнянаю занавескаю, не падавала ніякіх адзнак існавання.

— Ліда! — аклікнуў голасна настаўнік.

Дзяўчына не адазвалася.

«Можа, яна самлела там!» — затрывожыўся Лабановіч. Ён устаў з-за стала і асцярожна накіраваўся да занавескі. Момант пастаяў каля яе і асцярожненька прыўзняў. За занавескай было даволі цёмна. Ліда ляжала на пасцелі, уткнуўшыся тварам у падушку і прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю.

Лабановіч нахіліўся над ёю, прыслухаўся да дыхання. Дзяўчына ляжала ціха і нерухома, як нежывая.

— Ліда! — яшчэ раз аклікнуў яе настаўнік.

Ліда не паварушылася і голасу не падала. Настаўнік палажыў руку на яе галоўку, пагладзіў валасы.

— Лідачка, што з табою? Чаго маўчыш? Жывая ты ці не?

I на гэты раз Ліда не азвалася. Тады настаўнік лёганька падсунуў руку пад чарнявую галаву свае капрызнае вучнёўкі, прыўзняў яе. Галава была цёплая, значыць, жывая. Настаўнік нахіліўся яшчэ ніжэй, а галаву падняў вышэй і пацалаваў яе ў шчочку, а потым і ў губы. Толькі тады Ліда зусім ажыла, зірнула на настаўніка, засмяялася, засаромелася, а потым строга сказала:

— Ідзіце адгэтуль!

«Вось табе і дробы!» — заўважыў сам сабе Лабановіч, выходзячы з-за занавескі.

Ён сеў за стол, на сваё звычайнае месца, з такім выглядам, як бы нічога асаблівага і не здарылася. Адразу ж ён не мог разабрацца ў сваім учынку і ў пачуццях. Але нашто было так рабіць? I як адчуваў бы ён сябе, калі б Антаніна Міхайлаўна застала яго за занавескаю? Што б яна магла падумаць?

Цэлы рой думак замітусіўся ў яго галаве, а ў вачах паўставала Ліда. I адно яшчэ не зусім акрэсленае адчуванне давала аб сабе знаць грамчэй за ўсе: рабіць так, як зрабіў ён, нядобра. Ні да якіх пэўных заключэнняў настаўнік прыйсці не паспеў: выйшла Ліда. Ёй было сорамна. Стараючыся не глядзець на настаўніка, каб вочы іх не сустрэліся, Ліда села на сваё месца. Настаўнік таксама апусціў вочы, але зараз жа ўзяў сябе ў рукі.

— Слухай, Ліда,— суха сказаў ён, каб згладзіць непрадбачаны выпадак.— Хочаш вучыцца, дык вучыся, а свае капрызы трэба схаваць. А калі не хочаш вучыцца, дык так і скажы: я болей хадзіць сюды не буду.

Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Засмучэнне і боль адбіліся на яе твары. Нізка апусціла галаву і маўчала. Лабановічу стала шкада яе, але ён не адразу з’ехаў з сухога настаўніцкага тону.

— Ну, ты падумай, Ліда, да чаго даводзяць твае капрызы! — настаўнік сам заўважыў, што ён пляце глупства, але пачатую гутарку павёў далей: — Што сказала б маці, калі б застала мяне з табою за занавескаю.

«Зусім глупства»,— сам сабе зазначыў Лабановіч.

Яшчэ ніжэй унурылася Ліда і нічога не адказала. Напэўна, яна думала, што яе настаўнік зараз не варты такой годнасці.

— Дык як гадаеш, Лідачка,— ужо ласкавей загаварыў настаўнік.— Будзем займацца далей ці скончым нашы заняткі?

Не падымаючы галавы, Ліда ціха прамовіла:

— Я хачу вучыцца далей.

— Ну, вось гэта іншая справа,— настаўнік быў задаволены, што да Ліды вярнуўся голас і яна загаварыла. Гэтым самым як бы клаўся рубеж між тым, што здарылася, і іх цяперашнім становішчам.

— Калі вучыцца, дык вучыцца, Лідачка. Больш капрызіць не будзеш?

— Не буду,— адказала Ліда і зірнула на Лабановіча.

— Ну, значыць, усё ў парадку. Сённяшнія заняткі скончым. Ідзі пагуляй, перадумай усё і на мяне не гневайся. Усё, што я тлумачыў пра складанне дробаў, ты пастарайся сама разабраць па падручніку.

Яны развіталіся.

Настаўнік накіраваўся ў свой бок.

I ўсё ж такі добрая справа — дарога. Чаго толькі не перадумаеш ідучы! Вярсты дзве прайшлі ў думках аб здарэнні на хутары. Абмеркаваўшы тое здарэнне з усіх бакоў, настаўнік не асудзіў сябе дужа строга, але перасцярог на далейшае.

I ён усё весялей пасуваўся наперад, трымаючы кірунак на Верхань.


XIX[правіць]

Вандроўкі на хутар не дужа вабілі Лабановіча. Гэта быў непрыемны абавязак. Уся бяда ў тым, што вінаваты ён сам: хто прасіў яго хадзіць на гэтыя заняткі? Ды ўжо адступаць позна. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Але былі і дадатныя бакі ў гэтых вандроўках: па дарозе добра абмяркоўваўся даклад. Думкі плылі лёгка і гладка. Многа трапных сказаў складалася ў галаве. Часамі настаўнік нават прыпыняўся, даставаў з кішэні запісную кніжку, азіраўся, каб не было лішніх сведак, бо людзі маглі б чорт ведае што падумаць, і запісваў дасціпныя выразы. Тады здавалася, што варта сесці за стол і ўсё пацячэ на паперу так жа гладка і вольна, як цяклі яго мыслі ў дарозе. На справе ж выходзіла іначай. Запісаныя дасканалыя сказы не маглі аднавіць той поўны і шырокі малюнак, што рысаваўся ў яго ўяўленні, і ўзятыя паасобку выглядалі бездапаможна, як абшчыпаныя вераб’і. Мімаволі прыгадваўся той чароўны замак, які ўявіўся аднойчы Лабановічу ў часе вандровак па ваколіцах Верханя: варта было саступіць на некалькі крокаў з той пазіцыі, адкуль рысаваўся замак, каб ён распаўся, развеяўся, як дым.

Трапляліся ў дарозе і іншыя прыемнасці. У канцы чэрвеня прайшлі шчодрыя летнія дажджы, а потым ізноў наладзілася надвор’е. Праходзячы ў цяньку пад бярозавымі прысадамі, насунуўся Лабановіч на ладнага баравіка, узрадаваўся яму, як другу свайго дзяцінства, прыпыніўся і падрэзаў яго карэньчык каля самай зямлі. Стаў разглядацца — паблізу сядзелі яшчэ два баравікі, маладыя, здаровыя. Акуратненька ачысціўшы ад пяску, ён палажыў грыбы ў хустачку і з гэтымі трафеямі пайшоў далей.

Уперадзе каля самай дарогі стаяў лясок, пераважна бярозавы. Зрэдку пракідаліся і хвойкі, трапляліся елкі і нават кусты ялоўцу. Лабановіч звярнуў з дарогі і пайшоў аглядаць лес. «Мясціна для баравікоў падхадзяшчая»,— падумаў ён і з захапленнем заўзятага грыбніка стаў аглядаць найбольш зручныя для баравікоў лясныя сховы. Не прайшоў ён і паўсотні крокаў, як раптам спыніўся бы ўкопаны. Яму рэдка калі траплялася бачыць такое мноства баравікоў на зусім невялічкай лапінцы. Грыбы сядзелі дзе па адным, дзе парамі, а дзе і цэлымі гуртамі. А самае цікавае, што гэта былі не бярозавікі, жоўценькія, як яечня, а чорнагаловыя, самыя лепшыя баравікі, якія растуць толькі ў сасонніках.

Налюбаваўшыся баравікамі, Лабановіч не спяшаючы прыступіў да збору. Ён прысядаў каля кожнага грыба, падразаў ножыкам карэньчык, саскрабаў пясок і рознае смецце, прыліпшае да кораня. Грыбы ж былі маладыя, крэпкія, важкія, шапкі зверху чорныя, а спаднізу белыя, бы кужаль. Ну, як не цешыцца з іх? Паднятыя і ачышчаныя баравікі шчаслівы грыбнік клаў на чыстае месца ў кучку. Іх набралася каля сотні. На гэтай лапінцы грыбоў болей не было і на суседніх мясцінах не трапілася ніводнага. Каша настаўнік не меў. Ён выразаў некалькі бярозавых пруткоў, звязаў іх тонкімі канцамі і нанізаў цэлыя тры маністы грыбоў. З гэтым здабыткам і пайшоў на хутар.

Сустрэчныя хутаране з цікавасцю глядзелі на вянкі грыбоў, часамі хто-небудзь і не мог змоўчаць, выказваў уголас сваё здзіўленне:

— А! Ото ж грыбкі! I так рана з’явіліся! I дзе вы назбіралі іх?

Настаўнік адказваў, нічога не ўтойваючы. Пакуль ён дайшоў да Антаніны Міхайлаўны, некалькі хутаранак пайшлі аглядаць грыбныя мясціны. Здзівілася таксама і Антаніна Міхайлаўна.

— Што ж вы будзеце рабіць з імі? — пацікавілася яна.

— Аддаю іх вам. Што хочаце, тое і рабіце, Антаніна Міхайлаўна.

— Ну, дык у нас сягоння будзе фрыштык…

Антаніна Міхайлаўна забрала грыбы і стала перабіраць, каб прыгатаваць іх сваім спосабам. Адна толькі Ліда не праявіла ніякага захаплення здабыткамі свайго настаўніка, і гэта трошкі пакрыўдзіла яго.

— Ліда, ты любіш збіраць грыбы? — спытаў ён.

Ліда вінавата ўсміхнулася.

— Я ніколі не збірала іх. Суніцы я люблю збіраць.

— Эх, Ліда, Ліда,— з дакорам сказаў настаўнік, і вочы яго загарэліся. Ён прыгадаў сваё дзяцінства і свае грыбныя паходы. Рознакаляровы ланцужок малюнкаў, вобразаў усплыў перад яго вачамі. Ён не мог стрымацца, каб хоць у агульных рысах не расказаць пра гэта.

— Няма для мяне нічога лепшага на свеце, як хадзіць аднаму па грыбных мясцінах і збіраць баравікі. Люблю я іх. Яны — нібы мае сябры, толькі гаварыць не ўмеюць. Устанеш, бывала, раненька, пойдзеш у лес, захапіўшы кошык, на аблюбаваныя раней баравіны. У лесе яшчэ цёмна, чакаеш, покі добра развіднеецца, каб першаму агледзець грыбныя мясціны. А там так ціха, так добра, ну проста хочацца спяваць песні! Ты разумееш гэта, Ліда?

Ліда не разумела гэтага. Яна слухала, а думала пра штось іншае. Запытанне настаўніка налучыла яе знянацку. Усміхнулася вінаватаю ўсмешкаю, апусціла галаву і ціха прамовіла:

— Так рана я ніколі не ўставала, а хадзіць у лес адна баюся.

Яе адказ ахаладзіў жар настаўніцкіх успамінаў. Цяпер ён ніколечкі не пакрыўдзіўся на Ліду: чаго было ўпадаць у такое цялячае захапленне. На момант Лабановіч прымоўк.

— Вось у тым-та і справа, Ліда, што ты рана не ўстаеш і не была ў лесе да ўсходу сонца… Ну, ды ладна,— перапыніў сябе настаўнік.— Будзем займацца, калі мая экскурсія ў лес не ўдалася,— іранічна закончыў ён.

Дзве добрых гадзіны займаліся, хоць сядзець у хаце за надакучыўшымі падручнікамі ды адмахвацца ад мух, калі за акном светла, зелена, прасторна,— не дужа вялікая прыемнасць. Але трэба было паўтарыць усё пройдзенае. Настаўнік збіраўся ў недалёкім часе паехаць у Мікуцічы да сваіх сяброў і стараўся як мага болей падвучыць Ліду. Паўтаралі граматыку, сінтаксіс, рабілі граматычны разбор, пісалі дыктоўкі, рашалі задачы. Там, дзе ў падрыхтоўцы не ўсё было гладка, настаўнік не адступаўся, пакуль Ліда поўнасцю не засвойвала таго ці іншага пытання. Часамі яна ў такіх выпадках упадала ў роспач.

— Нічога з майго паступлення не будзе,— казала Ліда. Незадаваленне і безнадзейнасць чуліся ў тоне яе голасу.

— Аб гэтым, Ліда, ты не думай, бо калі пачнеш гэта забіраць сабе ў галаву, дык тады і сапраўды нічога не будзе. Весялей пазірай на рэчы.

Настаўнік цярпліва тлумачыў дзяўчыне тое, што было засвоена ёю не зусім цвёрда і ясна. Нарэшце, дайшоўшы да поўнага разумення, яна весялела.

— Ну, вось бачыш. Не трэба складаць рукі перад цяжкасцямі,— падвясельваў настаўнік.

Наогул жа цяпер Ліда пасталела і трымалася ў адносінах да настаўніка стрымана і нават як бы трохі холадна. Пасля вядомага здарэння за палатнянай занавескай яна не выходзіла насустрач Лабановічу і не праводзіла яго, калі ён ішоў з хутара ў Верхань.

— Ну, зробім перапынак,— сказаў Лабановіч і падняўся.

Ліда засталася сядзець за сталом. Яна думала аб паездцы Лабановіча ў Мікуцічы. Чамусьці ёй не хацелася, каб ён туды ехаў. Сказаць жа пра гэта настаўніку не адважвалася.

— Чаго задумалася, Ліда? — спытаў ён.

Ліда яшчэ ніжэй нагнула галаву.

— А так, нічога.

Потым падняла вочы на настаўніка і ціха сказала:

— Не трэба вам ехаць у Мікуцічы.

Лабановіч здзівіўся.

— Чаму? — запытаў ён.

— Так,— адказала Ліда,— не ведаю, але не ездзіце.

Настаўнік болей нічога не дабіўся ад Ліды. Яна ўстала з-за стала і выбегла з хаты.

Тым часам Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай.

— Давайце крыху перакусім. Закаштуйце майго смажэння і скажыце, ці падыходжу я ў кухаркі.

Яна заслала стол белым настольнікам, прынесла талеркі, сялянскую закуску, паставіла графінчык наліўкі і грыбы.

Лабановіч мусіў прызнацца, што такіх смачных грыбоў ён не еў ніколі. Ліда таксама хваліла грыбы і ела з прыемнасцю. А потым сказала:

— Пайду Колю паклічу, няхай і ён закаштуе.

Калі яна выйшла з хаты, Антаніна Міхайлаўна, крыху памаўчаўшы, сказала:

— Закружылі вы галаву маёй Лідзе…

У гэтых словах настаўнік адчуў і другія, нявыказаныя: «А калі гэта так, дык ты ж і не кідай яе».

Настаўнік адчуваў сябе няёмка, але ўсё ж здолеў выціснуць некалькі слоў:

— Дзіця яна яшчэ. Усё гэта пройдзе ў яе.

Ідучы ў Верхань, настаўнік шмат аб чым думаў. I думкі свае скончыў ён украінскаю песняю:


Ой, не ходи, Грицю,

Тай на вечорницю.



XX[правіць]

На школьным ганку Лабановіча сустрэла бабка Параска. Па яе заклапочаным твары і па той хітраватай усмешцы, што свяцілася на ім, настаўнік дагадаўся, што бабка мае нейкую навіну. Але бабка не спяшалася казаць, бо не ведала, як будзе ўспрынята навіна.

— Ты, бабка, нешта тоіш ад мяне,— заўважыў настаўнік.

— Гэтага, панічок, не ўтоіш,— адказала бабка і, панізіўшы голас, ціха вымавіла: — Госць да вас прыехаў!

— Госць? Які госць? — запытаў Лабановіч.

— Не сказаў, хто такі — не назваўся.

— А дзе ён?

— Там,— паказала бабка на дзверы, што вялі ў пакоі настаўніка.

Пакуль ішла гэта гутарка, невядомы госць падкраўся да дзвярэй і замкнуў іх на ключ. Лабановіч заўважыў гэта толькі тады, калі пастукаў у дзверы, а потым і штурхнуў іх. Але дзверы не адчыніліся, і ніхто не азваўся.

«Заснуў там, ці што? I хто гэта такі?» — думаў Лабановіч, стоячы каля дзвярэй. Ён пастукаў мацней. Невядомы госць забарабаніў з сярэдзіны пальцам у дзверы, выстукваючы цэлую мелодыю: тра-та-та! тра-та-та! тра-та-та!

«Нехта з блізкіх сяброў,— падумаў Лабановіч,— але хто?» Ён прыдаў басавітасці свайму голасу, пастукаў яшчэ раз і запытаў:

— Церам-церамок! Хто ў цераме жыве?

Пісклівы голас з-за дзвярэй, таксама зменены, адказаў:

— Я, мышка-нарушка! А ты хто?

— Я — мядзведзь,— адказаў Лабановіч,— і магу выламаць дзверы!

— Цельшынскі? — спытаў тым жа пісклівым голасам госць.

I тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Лабановіч тады таксама пажартаваў з прыяцеля, як цяпер жартуе госць з яго.

— А-а-а! — выгукнуў Лабановіч.— Загадка разгадана. Адчыняй, Максім, дзверы!

У замку скрыгатнуў ключ. Дзверы расчыніліся. Сапраўды гэта быў Турсевіч. Адступіўшы на крок назад, ён прыгнуўся, адною рукою ўпёрся ў калена, а другою паказваў на Лабановіча і рагатаў.

— Не чакаў мяне? — спытаў ён.

Замест адказу Лабановіч кінуўся да прыяцеля — моцна абняў яго.

— Чакаць-то я чакаў, ды толькі не сягоння. Чаму ж не напісаў, калі прыедзеш? Я ж сустрэў бы цябе.

— А я вырашыў прыпаднесці табе сюрпрыз, застаць цябе знянацку,— адказаў Турсевіч, а потым запытаў: — Ты дзе ж гэта вандруеш?

— Дзе я быў, там цяпер мяне няма.

— Бач ты, які канспіратар! Ну, пакажыся, што ты за чалавек.

Турсевіч узяў прыяцеля за плечы, павярнуў яго направа, налева, паглядзеў у твар.

— Нічога, можна смела прымаць у салдаты,— заключыў Турсевіч свой агляд.

— Лепей, брат, быць арыштантам, чым слугою цара,— жартам адказаў Лабановіч.

— Ну, гэта як на чый густ,— заўважыў Турсевіч,— а што да мяне, дык я не хацеў бы быць ні тым, ні другім.

— А калі б перад табою паставілі такую дылему: салдат ці арыштант? Што выбраў бы?

Турсевіч палічыў, што гэта запытанне не мае пад сабой грунту, і адказу на яго не даў.

— Ні салдатам, ні арыштантам не хочаш быць,— заўважыў Лабановіч.— А я, брат, жыву па прыказцы: ад торбы і ад турмы не адракайся. Ну, ды ладна,— перапыніў ён самога сябе.— Рад, што ты прыехаў… Скажы, як знаходзіш ты маё новае месца?

Турсевіч задаволена ўскінуў галаву і сказаў:

— Гм! Добрая мясціна, ей-ей! Не тое, што наша былое Цельшына: прастору многа, свет відаць.

— А я з прыемнасцю ўспамінаю Цельшына. I калі думаю аб ім, а думаю часта, дык мяне агортвае нейкі жаль, як бы я страціў нешта дарагое — можа, таму, што там пакінута некаторая частачка душы,— з ноткаю засмучэння прамовіў Лабановіч.

— Ведаю я, што ты страціў,— праўдзівей, каго страціў: Ядвісю,— пажартаваў Турсевіч, уважна зірнуўшы на прыяцеля.

Лабановіч трохі збянтэжыўся. Само слова «Ядвіся» балюча адгукнулася ў сэрцы, і назіральны Турсевіч гэта заўважыў.

— Што, няпраўду сказаў? — не збіваючыся з жартлівага тону, са смехам выгукнуў Турсевіч, але, адчуўшы, што ён закрануў рану ў сэрцы Лабановіча, ужо сур’ёзна дадаў: — Ты, Андрэйка, не гневайся і не сярдуй на мяне. Даруй, калі закрануў тваю балючую струнку. Ядвіся ж варта таго, каб аб ёй часамі і ўздыхнуць.

Лабановічу хацелася сказаць: «Покі буду жыць, буду памятаць яе. Ды знікла яна з майго неба і сляды замяла за сабою».

Турсевічу ён сказаў, таксама пераходзячы на жарт:

— Бачу, што ты па ёй уздыхаеш.

— Ну, дзе ўжо мне спаганяць тое, што з воза ўпала,— махнуў рукою Турсевіч.— Хачу яшчэ павучыцца, а потым жаніцца.

— Ладна, ладна, браток! Успаміны на потым,— замітусіўся Лабановіч.— I быў бы я дурань, калі б не запытаў цябе: есці хочаш?

Не даючы прыяцелю апамятацца, Лабановіч гукнуў:

— Бабка Параска!

Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Яна ўбачыла, што яны рады адзін аднаму, і ёй стала лёгка на душы.

— Вось што, бабулечка,— звярнуўся да яе Лабановіч,— напячы нам бульбяных піражкоў: Максім Юстынавіч,— Лабановіч паказаў рукою на Турсевіча,— ніколі ў жыцці не толькі не еў, але і не бачыў такіх піражкоў.

Бабка Параска так і заззяла, а Лабановіч казаў далей:

— Вось, бабка, тры рублі. Пашлі Піліпа ў манапольку, няхай возьме паўкварты. Да нас прыехаў госць. Трэба пачаставаць яго так, каб ні нам, ні людзям брыдка не было.

Бабка прыязна ўсміхнулася і выйшла з пакоя.

— Залатая бабка,— сказаў Лабановіч.

Турсевіч разважліва азваўся:

— Навошта такія захады?.. Андрэй, не дурэй!

— Не кожны ж дзень так бывае. Прыгадай, колькі часу мы не бачыліся. Дык як не адзначыць такую падзею?

— Ну, гэта я так сабе сказаў, для прыліку,— засмяяўся Турсевіч і патрос Лабановіча за плечы.

Пакуль бабка Параска ўвіхалася ў кухні, гаспадар і госць вырашалі, як латвей размясціцца.

— Наперадзе ўсё лета,— казаў Лабановіч,— табе ж трэба заняцца зубрысцікаю, дык давай уладжвацца, як лепей і зручней для цябе. Вось адзін пакой, а вось другі. Ёсць канапка і койка — выбірай, што хочаш. Стол агульны.

Турсевіч смешна развёў рукі, нібы дзівячыся такому багаццю ў кватэры сябра.

— Такая раскоша, такое багацце! Не ведаеш, на што пазіраць і што выбіраць,— смяяўся ён. I з прычыны гэтага прыгадаў адзін выпадак: — Нейкі бедны чалавек сустрэў настаўніка і звярнуўся да яго з просьбаю аказаць грашовую дапамогу. «I рад бы я вам дапамагчы, ды адкуль грошы ў беднага вясковага настаўніка?» — «Вы сельскі настаўнік? — здзівіўся чалавек.— Даруйце мне, я гэтага не ведаў». Ён палез у кішэню, дастаў траячку і працягнуў яе настаўніку.

— Ці смяяцца тут, ці плакаць? — азваўся Лабановіч і дадаў: — Лепей пасмяяцца. Затое ж у настаўніка сумленне чыстае: гэта не абдзірала-ўраднік, не прыстаў і не валасны пісар. Па-маéму — вясковы настаўнік самы чысты і самы святы чалавек у царскай Расіі.

— Прыемна слухаць такія водгукі аб нашым браце,— уставіў слова Турсевіч.— Ды яно, можа, і праўда. Але не трэба забываць адной акалічнасці: пасадзі ты нашага брата каля смачнага і тлустага каравая, дык ці не скапыціцца і ён, як ты думаеш?

У прыяцельскай гутарцы, ва ўспамінах аб мінулых днях, аб знаёмых час ішоў непрыметна. Бабка Параска падрыхтавала перакуску, накрыла стол белым, як снег, настольнікам, паставіла талеркі, палажыла нажы і відэльцы і потым прынесла ёмкую скавараду з пахучымі скваркамі і яечняй. Пасля з’явіліся і славутыя бабчыны бульбяныя піражкі.

— Ну, што ты скажаш пра бабку Параску? — спытаў Лабановіч.

— Маладзец — твая бабка! — пахваліў Турсевіч.

— I легенда аб настаўніцкай беднасці не зусім адпавядае рэчаіснасці,— сказаў Лабановіч, паказваючы на скавараду са скваркамі, на паўпляшку гарэлкі і на бульбяныя піражкі.— Ну, дык давай прапусцім па чарцы: за наша спатканне, за нашу настаўніцкую беднасць, за чыстасць і святасць!

— Прымаю! Амін! — пацвердзіў Турсевіч, беручыся за чарку.


XXI[правіць]

Старыя сябры і прыяцелі, Турсевіч і Лабановіч, размясціліся ў кватэры найлепшым чынам. Усё падзялілі, размежавалі, і ніводзін ні ў чым не замінаў другому. Можа быць, гэтаму спрыяла настаўніцкая беднасць, аб якой расказваў Турсевіч, і настаўніцкая «святасць і чыстасць», за якія падымаў чарку Лабановіч.

Кожны з іх, у меру сваіх душэўных сіл, асаблівасцей характару, прыносіў даніну на алтар дружбы і прыяцельства, калі гаварыць высокім стылем. У пэўныя часіны яны разыходзіліся — у кожнага была свая дарога. Турсевіч браў падручнік, ішоў куды-небудзь у зацішны куток і старанна займаўся падрыхтоўкай у інстытут. Да сэрца прыйшліся яму верханскія могілкі — асабліва пасля таго, як Лабановіч расказаў пра невядомую пару закаханых людзей, знайшоўшых сабе там ціхі прыпынак і схоў. Сам гаспадар таксама меў свае абходы, выпраўляўся ў лес па грыбы, хоць трапіць на такі неруш і на такое мноства баравікоў, як давялося яму нядаўна, больш не здаралася.

У пэўныя часіны прыяцелі сядзелі разам, гутарылі, спрачаліся, не згаджаліся адзін з другім, але не выходзілі за межы дружбы. Гэтаму таксама спрыяла і тая акалічнасць, што сябры жылі пад адною страхою не дужа вялікі час. Яны лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей. Ды ў народзе бытуе простая мудрасць: каб пазнаць чалавека, дык трэба з’есці з ім пуд солі. Нашы сябры не з’елі яшчэ і аднаго фунта солі, а паміж іх пачалі ўзнікаць спрэчкі, якія чым далей, тым болей раз’ядноўвалі іх і праводзілі між імі такую мяжу, якую пераступіць не так лёгка. Повадам для такіх спрэчак звычайна была Дзяржаўная дума, вярней сказаць — палітычныя пытанні. Турсевіч у сваёй палітычнай накіраванасці не ішоў далей кадэцкай партыі. Яна была для яго палітычным ідэалам.

— О, каб толькі ў Расіі дабіліся таго, што ставіць сваёю палітычнаю праграмаю канстытуцыйна-дэмакратычная партыя! — казаў Турсевіч.— Ужо адно тое, што ў кадэцкай партыі сабраны лепшы цвет рускай інтэлігенцыі — прафесары, адвакаты, дактары, інжынеры,— шмат аб чым гаворыць і выгадна рэкамендуе самую партыю «народнай свабоды».

— Прыпусцім, што кадэты ажыццявілі сваю праграму,— уставіў слова Лабановіч.— Чаго дабіўся б тады народ?

— Па-першае, беззямельнае і малазямельнае сялянства атрымала б зямлю. Другое, самадзяржаўны лад быў бы абмяжованы, а да гэтага імкнецца пераважная большасць народа. Міністры і губернатары адказвалі б перад Дзяржаўнай думай. I мы, вясковыя настаўнікі, былі б пастаўлены ў непараўнальна лепшыя ўмовы. I ўсё насельніцтва мела б шырокія палітычныя правы. Ты ведаеш,— казаў далей у захапленні Турсевіч,— як азначала задачы Дзяржаўнай думы кадэцкая газета «Русь»? Галоўнае прызначэнне думы, якая цяпер выбіраецца,— пісалася там у часе выбараў,— і партыі «народнай свабоды» ў ёй — быць бічом народнага гневу. Выгнаўшы і аддаўшы пад суд злачынных членаў урада, ёй прыйдзецца займацца толькі неадкладнымі мерамі, а затым склікаць сапраўдную думу — на болей шырокіх асновах. Хіба гэта ў нашых умовах малая праграма? — з выглядам пераможцы спытаў Турсевіч і дадаў: — Памажы толькі ім, Божа, дабіцца яе ажыццяўлення.

— Але покі што,— заўважыў Лабановіч,— ніводнага царскага сатрапа дума пад суд не аддала. А хіба іх няма за што судзіць? Выходзіць наадварот: сатрапы самі пачынаюць сыкаць на думу. Счакаўшы, яны не толькі будуць сыкаць, але і тупаць нагамі, а можа, і па шапцы ёй дадуць. Вось ты спасылаўся на газету «Русь». Я табе прывяду словы другой кадэцкай газеты. Яна пісала аб тым, што поспех кадэтаў на выбарах звярнуў на сябе ўвагу «сфер» і нават занепакоіў гэтыя «сферы», гэта значыць сатрапаў. Але потым «сферы» ачухаліся, разгледзеліся, прыслухаліся і прыйшлі да заключэння, што поспех кадэтаў на выбарах і сама кадэцкая дума проста выгадна для царызму… А кадэты няхай сабе пашумяць, памахаюць кулакамі — біцца ж яны не палезуць,— няхай пакрытыкуюць урад і нават пагрозяць якому-небудзь міністру. Ніякага страху ў гэтым няма, бо ні кадэцкая і ніякая іншая дума міністраў не назначае. Мне здаецца, што гэта кадэцкая газета, а называецца яна «Наша жыццё», стаіць шмат бліжэй да праўды, чым твая «Русь».

— Дык, па-твойму, самы факт існавання Дзяржаўнай думы не мае ніякага значэння? — нахмурыўшыся, спытаў Турсевіч.

Лабановіч апусціў вочы ў дол. У першы момант ён не знаходзіў сталага адказу. Трэба было выгадаць некаторы час, каб адказаць памудрэй, і ён сказаў, зайшоўшы здалёку:

— Адна добра знаёмая мне настаўніца — не ведаю, дзе яна цяпер і што з ёю — расказвала пра басяка, які прасіў грошай на выпіўку. Калі настаўніца запыталася, колькі ж яму трэба, басяк глыбакадумна прыставіў палец да лба і сказаў: «Першы раз натыкаюся на такое філасофскае пытанне!» Дык вось і мне застаецца паўтарыць словы таго басяка ў сувязі з тваім запытаннем.

Турсевіч зняважліва махнуў рукою:

— Дзяржаўная дума ёсць рэчаіснасць, значыць, яе бытаванне ёсць з’ява разумная.

— Залез ты, брат, у такія філасофскія нетры, адкуль і не выбрацца. «Усё рэчаіснае разумна»,— іранічна падкрэсліў Лабановіч.— Самадзяржаўны лад — таксама рэчаіснасць і, значыць, разумны? Навошта ж тады змагацца з ім? Ты пачынаеш кідацца ў сафістыку. Жыццё і прырода і ўсе з’явы жыцця не знаходзяцца ў стане спакою і нерухомасці. Яшчэ старадаўні грэчаскі філосаф сказаў: «Усё цячэ і ўсё змяняецца», прычым усё гэта не абыходзіцца без барацьбы. А ўсё, што мае пачатак, тое мае і канец. Вось чаму я так упэўнены ў тым, што і самадзяржаўю з прыдуркаватым Міколкам прыйдзе канец не сам сабою, а ў выніку рэвалюцыйнага паўстання ўсяго народа. Але не кадэцкая Дзяржаўная дума прыложыць у гэтым сваю руку: кадэцкая дума — тормаз народнага паўстання супраць каранованага пудзіла на троне. А таму кожнаму, хто любіць народ, ідзе з народам, трэба стаць на шлях бязлітаснай, разумнай барацьбы, барацьбы па адзінаму плану, у імя звяржэння ідала на троне і яго памагатараў, паслугачоў і падбрэхічаў. Думаю, што гэта мая ацэнка Дзяржаўнай думы для цябе ясная.

Турсевіч, здзіўлены, недаўменна развёў рукі, уважліва зірнуўшы на свайго былога вучня, а сённяшняга друга.

— Ого-го! — выгукнуў ён.— Не спадзяваўся я пачуць ад цябе такую… Ну, як табе сказаць… канцэпцыю… Далёка ж ты махнуў!.. Давай будзем шчырымі: скажы, да якой партыі ты належыш?

— Калі быць шчырымі, як ты падкрэсліваеш, дык скажу табе: ні да якой партыі я не належу.

— Чаму ж гэта так? — спытаў Турсевіч.

— А вось чаму: часамі мне здавалася, што праўду нясуць кадэты. Ну, ведаеш: «лепшы цвет рускай інтэлігенцыі», як рэкамендуеш іх ты. А потым, прыслухаўшыся да эсэраў, я падумаў, што праўда на іх баку, і гатоў быў стаць на іхнія пазіцыі. Але давялося і даводзіцца мне, як і кожнаму з нас, хто шукае праўды, паслухаць і сацыял-дэмакратаў. Важка, грунтоўна, правільна гавораць яны… Ёсць адно агульнае і для эсэраў і для сацыял-дэмакратаў: імкненне звергнуць самадзяржаўны лад. А на чыім баку праўда, я яшчэ не ведаю дакладна. Але я мыслю сабе, што жыццё і далейшая барацьба за народаўладнасць пакажа, хто стаіць на верным шляху, а хто памыляецца. Тады я далучуся да тых, хто гаворыць праўду.

Турсевіч дакорліва паківаў галавою.

— Эх, Андрэй, Андрэй! — з ноткаю скрухі ў голасе адгукнуўся ён.— Табе ўжо было папярэджанне ў рэвалюцыі, і даволі грознае. Пагуляў, і будзе, бо ты гуляеш з агнём. А ёсць прыказка: каля вады намочышся, каля агню апячэшся. Я стаю за эвалюцыю. Усякай праяве на свеце свой час. Дзіця не робіцца адразу дарослым чалавекам. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе і не залежаць? Вось дабрадзеі чалавецтва падбухторылі народ на забастоўкі, на паўстанні, на разгромы памешчыкаў. I што атрымалася? Ты ведаеш апавяданне са школьнай хрэстаматыі, як хлопчык раскрываў пупышкі, бутоны кветак, каб яны хутчэй зацвілі на клумбе. Раскрыў іх не ў пору, і кветкі загінулі.

— А я табе прывяду другі расказ, як бацька навучаў сыноў, каб яны жылі ў дружбе і згодзе. Помніш пра венік? Покі венік быў звязаны ў адным пуку, сыны зламаць яго не маглі, а развязалі — па розачцы паламалі лёгка. Дык вось, калі народ усвядоміць свае інтарэсы і сваю сілу і будзе шчыльна злучаны, тады ён лёгка вымеце бруд са свае хаты: цара, князёў, графоў і ўсякую іншую поскудзь. За гэта я і буду змагацца. Закон эвалюцыі адно, але ёсць і закон рэвалюцыі. Адно без другога не абыходзіцца. I ведаеш, мой дарагі: у настаўніцкім інстытуце нічога табе пра гэта не скажуць.


ХХII[правіць]

Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі і ніякія гаворкі іх ужо не злучаць. Турсевіч шчыра шкадаваў свайго сябра як чалавека, відавочна, ступіўшага на небяспечны шлях, як чалавека, свядома выбраўшага пакуту, астрог і няволю. Чаго ж іншага можна спадзявацца на такім шляху? Чаму ён так робіць? — на самоце пытаў самога сябе Турсевіч. I хіба гэта верны шлях? Яго, Турсевічаў, абавязак — перасцерагчы маладзейшага і меней дасведчанага ў жыцці друга ад той небяспекі, па краі якой ён ходзіць.

I Турсевіч цвёрда паставіў сабе пагаварыць з Лабановічам аб гэтым, толькі не зараз, калі жар спрэчак яшчэ не астыў.

У сваю чаргу Лабановіч спачуваў Турсевічу як добраму другу дзіцячых і юнацкіх дзён. Перад яго вачамі паўстала Палессе, вандроўка ў Любашава, куды перабраўся Турсевіч з Цельшынскай школы, іх гутаркі і спрэчкі. Тады спрэчкі не разлучалі іх, а, наадварот, яшчэ болей умацоўвалі дружбу. Шкада было Турсевіча як чалавека, якога заела мяшчанскае імкненне да спакойнага і сытнага кавалка хлеба і мірнага, бестурботнага жыцця. У гэтым імкненні было падабенства між Анцыпікам і Турсевічам. Але ні Лабановіч, ні Турсевіч нічым не выяўлялі гэтых прытоеных пачуццяў адзін да аднаго, стараліся проста не гаварыць ні аб іх, ні аб тых пазіцыях, на якіх цяпер стаяць яны, як бы нічога асаблівага паміж імі не здарылася.

Турсевіч яшчэ болей паглыбіўся ў падрыхтоўку да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Лабановіч вандраваў па верханскіх ваколіцах. Яшчэ раз наведаў і тую пляцоўку, з якой можна было бачыць зданнёвы замак.

Тым часам набліжаўся дзень паездкі ў Мікуцічы, дзе нелегальна збяруцца вясковыя настаўнікі. Там будзе абмяркована праграма іх палітычнай дзейнасці. У краіне ж наспявалі не дужа радасныя падзеі. Усё болей наглелі сатрапы Мікалая Другога і вышэй падымалі галаву. Не так ужо многа дамагалася дума ў асобе яе кадэцкай большасці, але і самыя мізэрныя патрабаванні тармазіліся і не выконваліся. У той жа час з усіх канцоў Расіі сяляне слалі ў думу наказы аб зямлі, накіроўвалі ў Пецярбург сваіх хадакоў, патрабуючы неадкладна вырашыць пытанне аб надзяленні зямлёю беззямельных і малазямельных. Частка думскіх дэпутатаў, пераважна сялянскіх, прапанавала звярнуцца з думскай трыбуны да ўсіх сялян з заклікам аказаць дапамогу думе ў барацьбе з царызмам. Кадэцкая большасць на гэта не пайшла, дый як магла яна пайсці, калі самі кадэты былі тыя ж памешчыкі і прадстаўнікі буржуазнай інтэлігенцыі? Яны рабілі «запросы» міністрам, шумелі. Міністры ж або зусім не адказвалі, або, са свайго боку, пагражалі, і іхняя пагроза была больш дзейсная. Упарта насіліся чуткі аб роспуску думы. На гэты час быў назначаны новы міністр унутраных спраў, Гарамыкін. Яшчэ не паспеў ён увайсці ў сваю ролю, а ўжо з’явіўся верш:


Милый друг, не верь надежде,

Горемыкину не верь:

Горе мыкали мы прежде,

Горе мыкаем теперь.


Пакуль у Дзяржаўнай думе важыліся напісаць зварот да народа, да сялян царскай Расіі звярнуўся не хто іншы, як сам Гарамыкін.

Калі ў сялян і былі яшчэ надзеі атрымаць праз думу зямлю, дык гарамыкінскі зварот,— а зварачаўся ён ад імя ўрада,— развеяў гэтыя надзеі ў прах. Гарамыкін перасцерагаў сялянства ад празмернай прагі да зямлі, ад паспешнага імкнення авалодаць ёю ў самы кароткі час, бо сяляне, бач, як дзеці, часта не разумеюць таго, чаго яны хочуць. Гарамыкін утлумачваў народу, што цар і яго слугі заўсёды клапаціліся і будуць надалей клапаціцца аб народзе, бо не забываюць яго інтарэсаў. Развязаць жа з аднаго маху такое пытанне, як зямельнае, нельга, бо яно вельмі і вельмі складанае. I не трэба верыць тым крыкунам, што абяцаюць народу залатыя горы. Усё прыйдзе ў свой час.

«Вось гэта рэальная і знаёмая палітыка,— думаў Лабановіч, чытаючы гарамыкінскі зварот.— Але як народ успрыме яе!» Рэшткі веры ў Дзяржаўную думу, якія яшчэ тлелі ў свядомасці настаўніка, цяпер былі разбіты. Ён яшчэ болей пераканаўся ў тым, што ў спрэчцы з Турсевічам праўда была на яго баку, на баку Лабановіча. I тут ён — ужо каторы раз — мімаволі прыгадаў тую пляцоўку, з якой так прыгожа вырысоўваўся ў смужнай далечыні зданнёвы замак. Ці не была і сама надзея на Дзяржаўную думу такая ж ілюзія, як і той неіснуючы замак?

Гарамыкінскі зварот да народа зрабіў нядобрае ўражанне на Лабановіча. Асабліва непрыемна, што гэта адбылося амаль напярэдадні паездкі ў Мікуцічы. Чорная рэакцыя націскае ўсё мацней. Як адаб’ецца яна на сходзе вясковых настаўнікаў, на іх настроі? Ці не нагоніць страху і ці не астудзіць яна гарачых парываў неспакушаных у барацьбе таварышаў? Была вялікая патрэба перакінуцца жывым словам, падзяліцца думкамі з блізкім чалавекам.

Больш блізкага чалавека, як Турсевіч, у Лабановіча тут не было. Праўда, яны паспрачаліся і зусім не сышліся ў поглядах на Дзяржаўную думу і на палітычную барацьбу. Але ж спрэчка — не сварка і дружбы не разбіла, хоць і зрабіла ў ёй шчыліну. У пэўныя часіны дня сябры сходзіліся на кватэры: гэта быў час снедання, абеду, вячэры і познія летнія вечары.

— Можа, ты маеш ахвоту прагуляцца са мною па дарозе на Шабуні? — неўзабаве запытаў Лабановіч Турсевіча.

Гэту прапанову Турсевіч зразумеў як захады з боку сябра вярнуць згоду і ранейшую дружбу паміж імі, што як-ніяк былі парушаны нядаўнімі спрэчкамі.

— А што гэта за дарога такая ды яшчэ на Шабуні? — запытаў Турсевіч. Было відавочна, што ён нічога не мае супраць пагулянкі.

Па нейкай дзіўнай асацыяцыі Лабановічу прыгадаўся адзін біблейскі эпізод. На запытанне Турсевіча ён жартліва адказаў:

— Перад тым як ісці на пропаведзь, Хрыстос пасціў сорак дзён і сорак начэй. Пасля гэтага ён пайшоў у пустэлю памаліцца. Там сустрэў яго д’ябал. Д’ябал пачаў спакушаць Хрыста. Ён узвёў яго на высокую гару, паказаў усе царствы на зямлі і ўсе іх багацці. «Усё гэта я аддам табе,— сказаў д’ябал,— калі ты паклонішся мне». Што адказаў Хрыстос д’яблу, ты ведаеш: «Кланяцца можна толькі Богу»,— і адагнаў спакусніка прэч. Я, вядома, не д’ябал, а ты не Хрыстос, і нічога табе не абяцаю, апроч аднаго: я пакажу табе цуд прыроды.

Турсевіч насцярожыўся. У нязвыклым адказе прыяцеля ён пачуў намёк на нейкую прытоеную закавыку, што насіў у сэрцы Лабановіч.

— Пры чым жа тут д’ябал і Хрыстос, пропаведзь і спакуса? — пацікавіўся ён.

— Ну, ведаеш,— аналогія, праўда, вельмі далёкая: д’ябал узвёў Хрыста на высокую гару, а я цябе хачу павесці на ўзвышак, адкуль усё далёка відаць, і паказаць нешта падобнае да міражу.

— Ну, ладна, давай пойдзем, пабачым, што там за міраж, цуд прыроды,— згадзіўся Турсевіч. Яму хацелася прайсціся па верханскай вуліцы і паглядзець на сяло, якога ён яшчэ толкам не бачыў.

Не паспелі яны адысціся і ста крокаў ад школы, як напаткаўся памочнік пісара Хрыпач. Хрыпача, таксама як і саву, рэдка здаралася бачыць удзень. Ён амаль ніколі не бываў цвярозы, а заўсёды або моцна п’яны, або добра падвыпіўшы. Цяпер ён быў проста падвыпіўшы. Не даходзячы трох крокаў, Хрыпач зняў кепку і галантна пакланіўся настаўнікам. Гэта быў ужо стараваты чалавечак невысокага росту, сінявата-шэрыя вочкі яго бегалі, як у злодзея. Пасівелая бародка, акуратна падстрыжаная, надавала яму выгляд местачковага адваката, якім ён па сутнасці і быў. Апроч свае работы на пасадзе памочніка пісара, Хрыпач пісаў розныя прашэнні, скаргі, што складала значны прыбытак у бюджэце валаснога прапойцы. Таксама папісваў і ў мясцовых чарнасоценных лістках, стоячы на пазіцыі «ісцінна рускага» чалавека.

— Прасвяціцелям народа маё ніжэйшае! — сказаў Хрыпач, падаючы руку Лабановічу, а затым і Турсевічу.— Хрыпач маё прозвішча,— сказаў ён пры гэтым.— Ну, дык што? Крамольная дума дажывае свае апошнія дзянёчкі,— верце мне! Чыталі зварот да народа міністра Гарамыкіна? Галава, светлая галава! Праўда?

— А па-мойму, у вас, Мікодым Палуектавіч, галава святлейшая, чым у Гарамыкіна,— азваўся Лабановіч.

Хрыпач абедзвюма рукамі паціснуў яму руку.

— Што вы, што вы! Я — бледны цень яго. Хіба можна раўняць мяне з такім высокапастаўленым чалавекам!

Настаўнікі пайшлі далей. Хрыпач падаўся ў бок воласці. Ішоў і напаўголаса спяваў:


Эх ты, Русь, ты, Русь святая!


— Вось такая поскудзь, такія паразіты і ёсць апора царскага трона,— казаў Лабановіч.— А нюх у яго ёсць: думу разгоняць.

— Цябе ж гэта не павінна балюча абыходзіць,— заўважыў Турсевіч,— ніякага значэння яе ты не прызнаеш.

— Справа не ў думе, а ў тым, што царскія каты забіраюць сілу. Ды я прыгадваю адзін верш, які дужа люблю:


Как, февраль, ни злися,

Как ты, март, ни хмурься,

Будь хоть снег, хоть дождик,—

Всё весною пахнет!


У гутарцы на тэмы дня падышлі яны да таго пункта на ўзвышшы, адкуль вырысоўваўся замак. Лабановіч спыніўся, сказаўшы: «Стой!», і зірнуў у супрацьлеглы бок. Ці то ён спыніўся не на тым месцы, ці то была іншая празрыстасць паветра, ці, можа, і хваляванне самога Лабановіча было таму прычынаю, ды толькі на гэты раз паасобныя часткі «замка» не зліваліся ў адно цэлае і не давалі чаканага ўяўлення. Збянтэжаны, Лабановіч азірнуўся па баках, ступіў крокі два наперад, потым падаўся назад, не зводзячы вачэй з той далечы, дзе раней выступаў «замак».

— Што з табою? — запытаў Турсевіч.— Ці ты надумаўся кадрыль танцаваць?

Лабановіч, здавалася, не чуў запытання сябра і ўсё тупаў, то падаючыся наперад, то адступаючы назад.

— Во-во! З гэтага месца! — узрадавана сказаў Лабановіч.— Ідзі-тка зірні! — Ён добра бачыў контуры «замка», вежы і купал на адной з іх.

Турсевіч падышоў і стаў углядацца ў тое месца, што паказваў сябар.

— Нічога не бачу,— сказаў ён.

— Да ты прыгледзься: унь там, там! Бачыш — вежы!

— Жартаўнік ты,— засмяяўся Турсевіч,— ну, бачу. Стаяць дрэвы на рознай адлегласці, узгорачкі паміж імі… Ці то вочы твае падгулялі, ці занадта развіта ўяўленне?

— Значыцца, здольнасць успрымання ў нас розная,— расчаравана сказаў Лабановіч.— А я хацеў сказаць табе: вось ён, ілюзорны замак! Ці не ёсць такая ж ілюзія і Дзяржаўная дума? Не выйшлася, эфекту не атрымалася. Прашу прабачыць… I як гэта не бачыш ты таго, што так ясна стаіць у маіх вачах?


ХХІII[правіць]

Турсевіч доўга не выпускаў рукі Лабановіча.

— Ты ж, Андрэйка, не затрымлівайся там. А то, ведаеш, аднаму ў чужой школе — як табе сказаць? — не па сабе.

Гаворачы так, ён уважна ўглядаўся ў твар, у вочы Лабановіча, як бы хочучы прачытаць мыслі і настрой прыяцеля. Турсевіч дагадваўся, што настаўніцкая моладзь, захапляючыся рэвалюцыйнай плынню, збіраецца ўпотай для нейкай недазволенай справы. Проста гаварыць аб гэтым ён не адважваўся: баяўся, каб прыяцель не падумаў аб ім як аб рэакцыянеру, чалавеку, які не спачувае рэвалюцыі. Лабановіч, захоўваючы канспірацыю, нават Турсевічу не казаў, чаго едзе ў Мікуцічы,— яму проста хочацца даведацца, як жывуць родныя, маці, браты і сёстры, і пабачыцца з сябрамі.

— Ты на мяне пазіраеш так, нібы я, схаваўшы пад пільчаком сякеру, іду на разбой або выпраўляюся ехаць у Амерыку.

— А што табе верыць? — жартам адказаў Турсевіч.— Ці мала якія мыслі маглі цябе апанаваць у палескай глухмені! — Ён яшчэ раз моцна паціснуў руку Лабановічу і сур’ёзна сказаў:

— Ты ўсё ж такі будзь асцярожны… Андрэйка! Я цябе люблю, ну, і паважаю — доўга не заседжвайся, бо мне аднаму без цябе маркотна.

Бабка Параска, стаіўшыся за дзвярамі, прыслухоўвалася да гутаркі госця з гаспадаром. А пачуўшы, што Лабановіч выходзіць з пакоя, яна шуснула ў сваю каморку і адтуль праз прыадчыненыя дзверы пазірала ў калідор, на свайго «манашка». Лабановіч зайшоў да яе.

— Ну, бабка, іду на станцыю. Паеду не больш як на два-тры дні. А ты ўжо даглядай госця. Усяго добрага, бабка Параска!

Ён падаў ёй руку. Бабка так расчулілася, што слёзы пакаціліся па яе сухіх маршчыністых шчоках.

— Ну, дай жа вам Божа шчаслівага падарожжа ды здаровенькім вярнуцца.

Яна выйшла на ганак і з мацярынскім засмучэннем пазірала на Лабановіча, пакуль ён не павярнуў направа і не знік за будынкамі, дзе дарога спускалася ў лагчыну.

Бабка пайшла ў сваю каморку, каб яшчэ раз пабачыць «манашка», калі ён будзе падымацца на ўзгорак. З бабчынага акенца быў добра відаць узгорак і панскі двор, міма якога праходзіла дарога. Постаць Лабановіча выплыла з лагчынкі і паказалася на ўзгорку. Падарожнік на момант прыпыніўся і азірнуўся назад. Гэта вельмі ўсцешыла бабку Параску. Яна загадала: калі азірнецца, дык з ім нічога благога не здарыцца ў дарозе і ён шчасліва вернецца назад. Бабка з палёгкай уздыхнула, перахрысціла настаўніка і пайшла ўходжвацца каля кухні, успомніўшы пра госця.

Дарога — вялікая яна ці малая — кожны раз хвалявала Лабановіча і настройвала яго мыслі і пачуцці на салодка-журботны лад. Месца, якое ён пакідаў і з якім ужо звыкся, паўставала ў іншым святле і афарбоўцы, і тое, чаго ён раней як бы не заўважаў, станавілася дарагім і блізкім, і з ім шкада было разлучацца. Вось так і зараз: прыгадаліся верханскія могілкі, вузенькая дарожка-сцежачка між зелені збожжа, што вяла ў Тумель, дзе працякала Уса і стаяў млын. Успомніўся і той узвышак, куды настаўнік хадзіў некалькі разоў любавацца прывідным замкам. Хоць апошняя вандроўка з Турсевічам і не дала чаканага эфекту, але ўсё ж Лабановіч адчуваў прыемнасць, прыгадваючы і замак і пляцоўку, на якой выплываў ён са смужнай далечыні.

З такімі думкамі і пачуццямі падыходзіў Лабановіч да хутара Антаніны Міхайлаўны. Вось і паваротка на хутар, і сам ён не больш чым за паўвярсты ад дарогі. Зайсці ці не? Заходзіць сюды Лабановіч, выпраўляючыся ў дарогу, не думаў. Ды і чаго? Усё, што трэба было сказаць Лідзе як вучнёўцы, ён сказаў. Але ў яго быў яшчэ час. Чым сядзець на станцыі і чакаць поезда, дык ці не лепей збочыць з дарогі і яшчэ раз напомніць Лідзе, што яна павінна рабіць у яго адсутнасць? З другога боку, хоць ён едзе і не на доўгі час, ды ўсё можа здарыцца. Перад вачамі паўстаў вобраз Лідачкі. Што благога ў тым, калі ён па дарозе зойдзе да яе, каб лішні раз пагаварыць аб далейшых занятках. I тут жа прыгадаліся словы Антаніны Міхайлаўны, што Ліда неабыякава да свайго настаўніка. Дык, бадай што, і не варта заходзіць. Пакуль Лабановіч такім чынам вагаўся ў сваім намеры наведаць хутар, ногі яго самі накіраваліся туды.

На дворыку Антаніны Міхайлаўны нікога не было відаць. Падышоўшы да самага дома, Лабановіч заўважыў ёмкі замок на дзвярах. Гэта для яго было раўназначна таму, калі б пры ўваходзе вісеў спецыяльны напіс: «Просім да нас не заходзіць».

«I нашто я прыйшоў сюды?» — спытаў самога сябе Лабановіч і задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Сам па сабе гэты малазначны выпадак папсаваў настаўніку добры настрой. I чамусь замок, павешаны на дзвярах, ён успрыняў як нядобры знак. Але, адышоўшы некалькі вёрст ад хутара, ён перастаў думаць аб ім.

Дзень быў лагодны, ціхі. Сонца ўжо даўно мінула поўдзень. Прыпарвала. На далёкім захадзе з-за зубчастых пералескаў выплывалі, як мядзяныя горы, клубястыя хмары, пафарбаваныя сонцам у чырванаваты колер. Як прыгожа і велічна выступалі яны над краем зямлі, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй! У іх звілістых клубках, у вычварных і невыразных абрысах таілася магутная сіла зямлі і сонца, гатовая рушыць на мірныя нівы, лясы і даліны стрэлы маланак і рэкі дажджу. Зрэдку павяваўшы ветрык зусім заспакоіўся. Настала вялікая цішыня. Быў нават нейкі неакрэслены страх у гэтай нязвыклай цішыні.

Лабановіч не мог адвесці вачэй ад купчастых грамадзін-хмар і ўвесь аддаўся чарам зямлі і неба. Калі пападаўся зручны пункт, адкуль расчыняўся шырокі краявід, ён прыпыняўся і некалькі хвілін любаваўся малюнкамі, што паўставалі перад вачамі.

За бліжэйшым узгоркам, праз які ішла дарога, тулілася малапрыметная, закінутая чыгуначная станцыя. Некалькі шатрыстых ліп і клёнаў з аднаго канца яе і пара заняпалых таварных вагонаў з другога віднеліся здалёк. Мінуўшы ўзгорак, Лабановіч апынуўся амаль на самай станцыі. Такая ж яна ціхая і бязлюдная, як і тыя станцыі на Палессі, дзе ён садзіўся некалі на паязды… Як шпарка праходзіць час! Ці даўно ён, Лабановіч, прыехаў сюды ўпершыню, каб даставіцца да невядомага яму Верханя? I вось ён зараз ізноў на гэтай станцыі. Тады была зіма, а зараз лета. Тады ён не ведаў, што такое Верхань, і не думаў, што праз шэсць месяцаў ізноў давядзецца быць на гэтай жа станцыі, каб пачаць нейкую новую для яго дарогу. Усе гэтыя думкі і пачуцці прамільгнулі ў свядомасці Лабановіча ў самы кароткі час.

На станцыі ён даведаўся дакладна, калі прыходзіць пасажырскі поезд на Мінск і калі адчыніцца білетная каса. Чакаць заставалася ўжо і не так многа. Лабановіч заняў зручную пазіцыю, адкуль можна было здалёку згледзець поезд, каб паспець купіць білет, а ў крайнім выпадку сесці без білета — з кандуктарам лёгка дагаварыцца ў вагоне і сёе-тое нават сэканоміць. Самае ж важнае было тое, што з гэтага месца былі добра відаць хмары надыходзячай навальніцы. А навальніца насоўвалася павольна, ды станоўка і настырна. Захад хмурнеў. Чорная сцяна хмар рабілася ўсё болей і болей шчыльнай. За нядоўгі час усё навокал змянілася. Сонца патускнела і ўсё глыбей уплывала ў хмары. Цемра насоўвалася на зямлю. Далёкі глухі гром раз-пораз чуўся мацней, бліжэй і магутней. I раптам ад цёмнай, суцэльнай заслоны хмар аддзяліўся доўгі сіваваты вал; выгнуўшыся дугою і займаючы палавіну неба, ён шпарка каціўся наперад. Сярэдзіна дугі якраз насоўвалася на станцыю, гонячы перад сабою сціснуты ком навальнічнага воблака. Бліснула маланка, нібы нейкая велічэзная агністая птушка разняла свае крыллі, і асвяціла ўсю хмару. Дзесь зусім блізка грукнуў удар грому. Дыхнуў свежы вецер. Пасыпаліся буйныя кроплі дажджу, упала некалькі галак граду, як бы нейкі жартаўнік сыпануў жменю белых каменьчыкаў. А следам за гэтым паліў дождж як з вядра. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Білетная каса была ўжо адчынена. Купіўшы білет, настаўнік падышоў да акна, любуючыся бушаваннем навальніцы. Якраз прыбыў і поезд, выплыўшы, нібы з туману, з густой сеткі дажджу. Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Хоць ён зараз і вымак, алё быў вясёлы і задаволены. Нават прыгадалася народная прымета: калі выпраўляешся ў дарогу і цябе намочыць дождж, дык гэта к прыбытку, к дабру.

У вагоне пасажыраў было мала. Пападаліся нават зусім пустыя купэ. У адным з іх асталяваўся Лабановіч. Некалькі станцый ён прастаяў на нагах каля акна, любуючыся малюнкамі. Заводзіць знаёмства з пасажырамі і пускацца з імі ў гутаркі Лабановіч не хацеў. Шмат цікавейшымі для яго былі малюнкі, якія можна было разглядаць з акна. Грымотная дажджавая хмара паплыла далей, расквечваючы на яркім сонцы свае велічэзныя, пабялелыя, нібы памытыя дажджом, клубястыя горы. Лабановіч апусціў акно і ўдыхаў празрыстае паветра, ачышчанае навальніцаю.

Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш!

XXIV[правіць]

Сонца зайшло. Лёгкі вечаровы змрок засцілаў нізіны шаравата-цьмяным покрывам, калі поезд прыцішыў ход перад апошняй станцыяй, куды ехаў Лабановіч. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе? Збяруцца ці не збяруцца хлопцы? Правядуць яны свой першы патайны з’езд ці не правядуць? Сустрэне яго хто-небудзь ці не сустрэне? Садовічу ён пісаў, што вечарам 8 ліпеня будзе на станцыі Стаўбуны.

Як жа здзівіўся і ўзрадаваўся нястомны вандроўнік, выйшаўшы з вагона і згледзеўшы цэлы гурт маладых, бадай што ўсіх знаёмых, настаўнікаў! Шумным натоўпам акружылі яны Лабановіча. З некаторымі з іх ён горача абнімаўся, другім па-прыяцельску паціскаў рукі. Голасна гаманілі, рагаталі дружным смехам шчаслівай маладосці, напаўняючы платформу гоманам, выгукамі, чым зварачалі на сябе ўвагу пасажыраў і начальства станцыі. У маладым настаўніцкім натоўпе быў Садовіч як лідэр; быў смяшлівы, рухавы Янка Тукала, умеўшы сказаць трапнае слова і пацешыць сяброў. З грамады асабліва вылучаўся Аляксей Алешка, магутны, статны, вышэйшы на цэлую галаву за сваіх калег. У настаўніцкай семінарыі Лабановіч даў яму мянушку «Дзед Хрушч». Алешка быў на адзін курс старэйшы за Лабановіча, але гэта не замінала іхняй дружбе. Яшчэ ў семінарыі Алешка запусціў сабе вусікі. Яны былі рыжаватыя. Закручаныя ўгору кончыкі рабілі іх падобнымі да вусікаў хрушча. Гэта і дало повад Лабановічу ахрысціць прыяцеля Дзедам Хрушчом. Алешка не крыўдзіўся на сваю мянушку, яго так і звалі. Дзед Хрушч яшчэ не сустракаў у сваім жыцці — праўда, жыў ён нямнога — такога чалавека, які мог бы зваліць яго з ног.

— Адкуль ты такі ўдаўся? — запыталі аднойчы Алешку.

Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. А здарылася гэта так. У той мясцовасці, дзе жылі родзічы Алешкі, знаходзіўся маёнтак графа Буцянёва-Храптовіча. Было гэта яшчэ за паншчынаю. Народ у маёнтку быў дробны, нядошлы. Вось адзін з графоў надумаўся завесці новае, моцнае племя людзей. Усіх сваіх мужыкоў ён перавёў кудысь далёка і на доўгі час. Засталіся адны толькі жанчыны. Буцянёў-Храптовіч звярнуўся з просьбай да губернатара прыслаць на пастой у маёнтак эскадрон драгунаў. Хтось з іх і быў заснавальнікам роду Алешкі.

Так было гэта ці не так, ніхто не ведаў, дый скуль ведаць такія інтымна-сакрэтныя справы? Адно толькі можна сказаць, што Дзед Хрушч быў дастойны патомак свайго невядомага продка і хібы не даваў. А што да мікуціцкіх мужчын, дык яны нават заахвочвалі залёты Дзеда Хрушча і казалі: «Такі гвардзеец! Не шкада і не крыўдна, калі ён тут пакіне па сабе сякую-такую памяць, бо і ў Мікуцічах народ таксама пачынае драбнець».

Поезд пашыбаваў далей. Вясёлы, радасны, узбуджаны Лабановіч злучыўся з натоўпам маладых настаўнікаў і загубіўся ў ім. Шумнаю, гаманліваю грамадою,— а было тут чалавек пятнаццаць,— накіраваліся яны ў бок возера, на дарогу, што вяла ў Мікуцічы. Добрыя вярсты дзве не спыняліся нястрыманыя жарты, таўханіна, сумятня. Настаўнікі цяпер самі былі падобны да сваіх школьнікаў, чыю дураслівасць ім прыходзілася стрымліваць у часе заняткаў. Летнім часам, калі настаўнікі з’язджаліся на канікулы, тутэйшым людзям не раз траплялася сустракаць іх, але такога наплыву не здаралася бачыць. Ды настаўнікі, хмельныя ад свае маладосці, здароўя і сілы, не зварачалі на гэта ўвагі. Хоць яны і не выпілі, але зараз ім здавалася мора па калена.

— Эй, вы, слухайце! — крыкнуў Янка Тукала, зварачаючыся да сяброў і стараючыся іх перакрычаць.— Што вы гагочаце, як жарабцы? Давайце заспяваем песню,— ведаеце, як тыя местачковыя бунтары: «Урадніка няма? Стражнікаў ніто?» — Даведаўшыся, што нікога няма, яны і грымнулі:


Як у нас на троне

Пудзіла ў кароне!

Ай да цар, ай да цар,

Праваслаўны гасудар!


Янка Тукала, як рэгент, махаў рукамі і ва ўсё горла спяваў куплет песні, перадражніваючы местачковых бунтароў. Настаўнікі былі ў такім прыўзнятым настроі, што пацяшаліся словам песні і крыўляннем Янкі Тукалы.

— Давайце, хлопцы, цішэй,— перасцярог Садовіч.— А ты, Янка, волі горлу не давай, бо і ў гэтым ялоўцавым хмызняку могуць быць вушы.

З аднаго боку дарогі стаяў рэдкі хвойнік, з другога кусты ялоўцу, а далей — алешнік. На разумнае папярэджанне Садовіча ніхто не звярнуў увагі. Толькі Янка Тукала, якога галоўным чынам датыкалася заўвага Садовіча, азваўся:

— Што праўда, то праўда. Яшчэ адзін з герояў Ібсена сказаў: «Калі ідзеш у рэвалюцыю, дык не надзявай новых портак».

Настаўнікі дружна зарагаталі. Смяяўся і сам Садовіч, пры гэтым ён штурхануў у карак Янку Тукалу, сказаўшы:

— А няхай ты згары!

А ноч усё гусцей насоўвалася на зямлю. Нават неба на захадзе, якое святлела доўгі час пасля захаду сонца, пачало цьмяніцца і агортвацца ў лёгкую летнюю цемру. У вышыні сям-там замігацелі, як іскаркі, далёкія зоркі. Колькі разоў кожны з нас наглядаў гэтыя малюнкі кароткай летняй ночы! З лугу, дзе струменіўся Нёман, злёгку патыхала свежаю вільгаццю. Цішыня, спакой, сон панавалі навокал. Лабановіч мімаволі прыгадаў, як многа разоў хадзіў ён па гэтай дарозе. Ці даўно было, калі яны, сустрэўшыся на станцыі з Садовічам, хадзілі ў Панямонь, гулялі ў карты! Але зараз у гаманлівым настаўніцкім тлуме трудна аддацца ўспамінам, каб з паасобных з’яў мінулага скласці цэльны малюнак. Хацелася пагаварыць з Садовічам і аб той справе, дзеля якой пазбіраліся настаўнікі. Ды абстаноўка зусім не падыходзіла і гаварыць на хаду было нязручна.

Дзед Хрушч, не даходзячы да шляхецкага пасёлка, дзе было таксама і лясніцтва князя Радзівіла, гучным басам зацягнуў песню:


Смело, товарищи, в ногу…


Хоць Садовіч і зрабіў заўвагу захоўваць асцярогу, але не мог утрымацца, каб не далучыць свайго голасу да баса Алешкі. Колісь у семінарыі ён стаяў на клірасе разам з Дзедам Хрушчом і не хацеў уступаць яму ў басавітасці. Песню падхапілі ўсе настаўнікі. Пераважная большасць з іх былі добрымі харыстамі з добрымі галасамі. З першых жа гукаў песня наладзілася, палілася дружным ручаём маладых, сакавітых галасоў. Песня захапляла саміх спевакоў, узнімала яшчэ вышэй і без таго прыўзняты іхні настрой. Яна прыдавала сілы і гарту ў барацьбе супраць зла і сацыяльнай несправядлівасці.


Вышли мы все из народа,

Дети семьи трудовой.

Братский союз и свобода —

Вот наш девиз боевой!


Натхнёна спявалі настаўнікі. I ці ж гэта не праўда, што яны выйшлі з народа, што яны дзеці занядбанай, прыгнечанай працоўнай сям’і?

Разам з настаўнікамі набліжалася песня да сядзібы лясніцтва магната, пана Радзівіла. Адгэтуль направа і налева і далёка ўглыб пачынаюцца бясконцыя абшары лясоў, велічэзныя лавы так званай скарбовай зямлі. I ўсім гэтым неабсяжным прасторам зямель і лясоў валодае адзін старадаўні род польскага князя Радзівіла. Ці не занадта доўга заседзеўся ён у сваім нясвіжскім княжацкім гняздзе? Вось чаму, параўняўшыся з брамаю ў парк лясніцтва, баявая песня зазвінела яшчэ галасней і суровей. Шмат каму з настаўнікаў, у тым ліку і Лабановічу, здавалася, што і належным чынам зложаная песня пракладае дарогу перамозе народа над крывавым царом, над яго сатрапамі і магнатамі і над усёю хеўраю абдзіралаў і гвалтаўнікоў.

Увесь рэпертуар рэвалюцыйных тагачасных песень праспявалі настаўнікі зладжаным хорам, праходзячы міма лясніцтва і праз шляхецкі засценак, а потым і праз лес. Тым часам дарога падыходзіла да балоціны, праз якую была праложана грэбля. Абапал балота густою сцяною стаяў лес. Калі, бывала, ціхаю летняю ноччу спынішся каля грэблі і гукнеш, дык рэха доўга бегла ўскрай балоціны, адбіваючыся ад сцяны лесу, а потым ізноў варочалася назад ужо ў некалькі змененым адценні.

Сымон Чэчык, Садовіч, Янка Тукала і ўсе хлопцы з Мікуціч ведалі такую асаблівасць гэтай мясціны.

— Стойце, хлопцы!—спыніўся Тукала.— Пагукаем тут, паслухаем, што нам будзе адказваць рэха!

Настаўнікі спыніліся. Чэчык, Садовіч і Тукала набралі ў грудзі паветра і разам выгукнулі:

— У вас міністры бы-ы-ылі?

Голас пабег ускрай балота, павярнуў назад, і ўсе пачулі:

— Бі-і-ілі!

— Хлеба вам дава-а-алі?

— Дра-а-алі!

Некалькі хвілін забаўляліся настаўнікі, слухаючы пераклічку сваіх сяброў з балотам і лесам.

Позна ўначы прыйшлі яны ў школу Садовіча.


XXV[правіць]

Нягледзячы на позні час, у кватэры Садовіча гарэла лямпа. Тут былі і жывыя людзі: блізкі прыяцель Лабановіча Мікола Райскі і малавядомы яму Іван Тадорык — ён скончыў другую семінарыю. Райскі застаўся за гаспадара, каб прыгатаваць вячэру. Гэта быў высокі рухавы юнак, такі ж танклявы, як і Садовіч, а па характару добры, сардэчны хлопец. Ён горача абняў Лабановіча і пацалаваўся з ім. Тадорык тупаў па пакоі босы, бо так вальней нагам, казаў ён, і амаль не зварачаў увагі на шумны настаўніцкі натоўп, запоўніўшы ўсю кватэру Садовіча. Зрэдку перакідаючыся з тым ці з іншым закавырыстымі рэплікамі, ён зняў са сцяны скрыпку, прысеў на цвёрдую канапку з абдзёртаю абіўкаю і выігрываў нейкія мелодыі.

Манера трымаць скрыпку і смык і сама ігра сведчылі аб тым, што Іван Тадорык быў добрым скрыпачом. Лабановіч з прыемнасцю слухаў музыку, углядаўся ў твар скрыпача, крыху пануры і злёгку васпаваты, з насупленымі брывамі, са шчыльна сціснутымі губамі. Шырокі лоб і авал твару з вастраватым падбародкам казалі за тое, што Іван Тадорык, як відаць, чалавек з выдатнымі здольнасцямі. Рысы твару скрыпача нагадвалі Лабановічу нешта знаёмае. Дзесьці ён бачыў такі твар, але дзе? Нарэшце ўспомніў: Іван Тадорык меў штось агульнае з нямецкім філосафам-песімістам Шапенгаўэрам, толькі той быў стары, а Тадорык — равеснік Лабановіча.

Пры школе на кватэры Садовіча асталяваліся — Райскі, Янка Тукала і Іван Тадорык. Школа Тукалы была вёрст за пятнаццаць ад Мікуціч, а бацькі яго жылі не так далёка — за Нёманам вярсты тры. Але ўжо такая была натура ў Янкі: паўнацэнным чалавекам ён адчуваў сябе толькі тады, калі знаходзіўся ў коле сваіх сяброў, калі чуў іх плячо, на якое можна абаперціся, калі бачыў іх руку, за якую можна ўзяцца і ісці наперад, не збіваючыся з дарогі.

Быў ужо даволі позні час. Садовіч як гаспадар школы і як чалавек, прыняўшы кіраўніцтва сходам, хоць яго ў лідэры ніхто не выбіраў, выступіў з прамоваю. Пры гэтым ён стаў у належную позу, падаў наперад грудзіну і прыняў сур’ёзны выгляд.

— Таварышы! — пачаў ён з баса.— Мы сышліся і з’ехаліся для важнай справы. Усе чэсныя перадавыя людзі Расіі выступаюць за арганізаванае змаганне са злом і несправядлівасцю…

— А называюцца яны царскім самадзяржаўем,— падказаў Іван Тадорык і збіў прамоўцу з панталыку.

— Не лезь у пекла раней за бацьку,— жартліва і ў той жа час досыць строга заўважыў Садовіч.— Што трэба сказаць, я скажу сам. Не забывайся, Іван, што не для камедыі сабраліся мы тут.

— Я і не кажу пра камедыю,— не сунімаўся Тадорык.

Садовіч не звярнуў увагі на другую рэпліку.

— Не трэба, хлопцы, забывацца і на тое, што мы павінны быць вельмі і вельмі асцярожнымі. I гэта не ёсць страх перад паліцэйскімі шнурамі,— гэтага вымагаюць інтарэсы справы. На ўсякі выпадак я паставіў варту. Таварышы, справа наша дужа пачэсная і вельмі важная. Падрабязна аб ёй мы сягоння гаварыць не будзем: мы вырашым яе заўтра і не ў сценах школы, дзе можа і шашаль падслухаць нас, а ў адкрытым полі. Заўтра, а дванаццатай гадзіне, усе мы збяромся на Прыстаньцы, непадалёку ад Лядзін. Сходзіцца туды невялічкімі гурткамі, каб не кідацца ў вочы, каб не выклікаць падазронасці.

— Праўду кажаш, Бас! — падтрымаў Садовіча Уладзік Сальвэсеў. Уладзік меў загану ў вымаўленні літары «р», а таму слова «праўда» ў яго гучала як «прлаўда».

— Дык так, хлопцы: заўтра! — гаварыў далей Садовіч.— А зараз разыходзьцеся па каморках ды па адрынках. Не забараняецца і з дзяўчатамі пагуляць.

Сказаўшы так, Садовіч зірнуў на Дзеда Хрушча. Той толькі пасміхнуўся і хітра кіўнуў Садовічу — ведаем, які ты манах сам.

— У школе застануцца беспрытульныя гарапашнікі: Андрэй, Мікола Райскі, Іван і Янка — па сутнасці адно і тое, што Янка, што Іван,— зазначыў з некаторым гумарам Алесь Садовіч.

— Божа наш, якую прамудрасць сказаў ты, Алесь! — не ўтрываў Тадорык, каб не кінуць рэплікі.

Садовіч паглядзеў на Тадорыка, паківаў галавою і сказаў:

— Ішоў Тодар з Тадораю, знайшоў лапаць з абораю.

— Ну, і што ж? — запытаў Тадорык.

Як відаць, ён быў настроены на ваяўнічы лад.

— Ну, то да заўтра! — казалі настаўнікі і патроху распаўзаліся хто куды. У школе засталіся гаспадар і яго «беспрытульныя» госці: Лабановіч, Райскі, Тадорык і Тукала.

— Што ж, хлопцы! Сядайце за стол. На вялікі пачастунак прабачайце,— прамовіў гаспадар.

— А ўсё ж сёе-тое ды ёсць,— сказаў Райскі і гукнуў: — Акуля!

Шырокая, прысадзістая, румяная Акуля паказалася ў пакоі, выплыўшы з кухні.

— Падавай, Акуля, што ёсць,— загадаў ёй Райскі. Акуля так жа моўчкі, як і ўвайшла, схавалася за дзвярамі пакоіка. Іван Тадорык злажыў губы трубкаю, вырачыў вочы і, зварачаючыся да Райскага, выгукнуў з робленым здзіўленнем:

— О-о-о! Паглядзім, што гэта за сёе-тое!

Зараз жа дзябёлая Акуля — яна была старожкаю пры школе і разам гаспадыняю кухні — прынесла пяць рознакаліберных талерак, столькі ж зборных відэльцаў ды пару нажоў-інвалідаў. Усё гэта яна расставіла і разлажыла на старасвецкім стале, нічым не заслаўшы яго. У Садовіча настольнікаў не было — ён лічыў іх непатрэбнаю буржуйскаю раскошаю. Затым на стале з’явілася яшчэ адна талерка з накроенымі кавалачкамі сала, затым дзервяная саматужнага вырабу міска з хлебам, скаварада з яечняю і вялізная гліняная міска з рэдзькаю, пакрышанаю на скрылікі і запраўленаю кіслым малаком. Рэдзькі было з добрага паўвядра.

Тадорык не мог стрымацца.

— Памры, Мікола, і болей не кухар, бо лепшага нічога не зробіш,— сказаў ён Райскаму.

А Райскі, нічога не кажучы, падышоў да кніжнай шафы, вывалак з-за школьных папак кварту гарэлкі і ўрачыста паставіў яе на стол.

— Гэта дар ад маіх мізэрных здабыткаў,— прамовіў ён.— Вып’ем, як казаў Тарас Бульба, за тое, каб храбра ваявалі.

Настаўнікі так ажывіліся, так загаманілі, што іх галасы зліваліся ў тлум, дзе трудна было разабраць паасобныя выгукі.

— Вось гэта «сёе-тое»! — весела сказаў Тадорык.

— Слава Райскаму, добраму сыну Бахуса!

— Дай табе, Божа, шчасце, і долю, і кашулю на пуп!

— Жыві, жыві, Райскі, аж покі не скажаш: «годзе»!

Як хто ўмеў і як мог, хваліў Райскага за рэдзьку, а галоўным чынам за кварту гарэлкі. Калі ж выпілі па чарцы за яго здароўе, Райскі сказаў:

— Ну, то ешце, хлопцы, так, каб нічога не засталося, бо пасля вас і свінні есці не будуць.

— Здорава! — засмяяўся Тадорык, а Янка Тукала запэўніў:

— Не турбуйся, Міколка, усё змяцём, і ад твае рэдзькі застануцца адны толькі ўспаміны.

Вячэра зацягнулася далёка за поўнач. Шмат было маладога смеху, жартаў, весялосці. Потым гутарка скіравалася на тую справу, дзеля якой паз’язджаліся настаўнікі з розных канцоў краіны. На запытанне Лабановіча Садовіч паведаміў, што ўсяго сабралася васемнаццаць вясковых настаўнікаў і што заўтра, праўдзівей, ужо сягоння, прыедуць яшчэ трое з-пад Койданава. Можна спадзявацца, што з Панямоння прыбудуць Тарас Іванавіч Шырокі і Базыль Трайчанскі. Але на апошніх двух ускладаць надзей не варта — яны людзі сямейныя. Хоць на словах і спачуваюць рэвалюцыі, але прыняць у ёй удзел наўрад ці згодзяцца.

— Ва ўсякім разе, хлопцы,— казаў Садовіч,— заўтра мы паложым пачатак арганізацыі народных настаўнікаў у Беларусі. Мы будзем піянерамі рэвалюцыйнага арганізаванага руху ў барацьбе супраць праклятага царызму,— крыху рытарычна, але натхнёна скончыў Садовіч.

Ужо даўно развіднелася. Пачало абуджацца абыклае жыццё вёскі.

— Хіба ж мы будзем класціся спаць? — запытаў Лабановіч і ўнёс прапанову адправіцца на Нёман, «каб змыць грахі прошлага і апрануцца ў адзенне новага Адама», як гавораць папы.

Так і не спалі ў гэтую ноч. I запомнілася яна Лабановічу на ўсё жыццё.


XXVI[правіць]

Акуля на скорую руку прыгатавала настаўнікам снеданне, праўда, не такое багатае, як вячэра. Якраз у гэты час дзверы ў пакойчык, дзе снедалі настаўнікі, расчыніліся. Парог пераступіў Нічыпар Янкавец, а за ім Пятрусь Гулік і Сымон Лапаткевіч. Яны толькі што прыйшлі са станцыі.

— Смачнага апетыту! — громка і ўрачыста прывітаў Янкавец гаспадара і яго гасцей.

Садовіч, а за ім і госці, паўставалі з-за стала, шумна прывіталіся з прыбыўшымі, а потым пасадзілі іх за стол.

Сярод настаўніцкай галоты самым багатым быў Нічыпар Янкавец. У японскую вайну ён дабравольцам паехаў на Далёкі Усход і замацаваўся ў інтэнданцтве. Яму давялося быць сведкам самага расцугленага хабарніцтва, якое тварылася вакол. Інтэнданцкія кампанейскія чыноўнікі прапанавалі і яму долю, але Янкавец лічыў неэтычным абкрадаць сваё войска і толькі пад самы канец вайны, калі ўсё распаўзалася па ўсіх нітках, узяў трохі «на дарогу». Наогул жа Нічыпар быў хлопец разудалы, жывы, бойкі. Любіў часамі і гульнуць. Вось чаму зараз, сеўшы за стол і акінуўшы яго вокам, ён закамандаваў Садовічу паклікаць Акулю. Нічыпар даў ёй рубля.

— Прынясі паўкварты ды закусіць,— хоць хвост ад тарана. Ды на адной назе… Ну, дык як, патрасацелі самадзяржаўя! — звярнуўся ён да настаўнікаў.

— Страсянём! — грозна пакруціў кучараваю галавою Тадорык.

— А сам, Нічыпар, не збіраешся страсянуць яго? — пацікавіўся Лабановіч.

— Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не аглядайся! — рашуча заявіў Нічыпар.

Толькі ціхі і палахлівы Сымон Лапаткевіч нясмела азваўся:

— Самадзяржаўе не груша. Глядзіце, каб нас не страсянулі,— сказаўшы гэта, Лапаткевіч паправіў на носе пенснэ, якое надавала яму досыць паважны выгляд.

— А ты ж думаў, тытулярнага саветніка дадуць табе за тое, што супраць самадзяржаўя пойдзеш?— падсек Лапаткевіча Янка Тукала.

Настаўнікі дружна зарагаталі. Яны часта спявалі прывезеную Нічыпарам песню пра тытулярнага саветніка:


Он был титулярный советник,

Она — генеральская дочь.

Он томно в любви объяснился,

Она прогнала его прочь.


— Ну, што ж, хлопцы,— сказаў па сняданні Садовіч,— будзем памаленьку рухацца.

— Давайце пойдзем! — падхапіў Тадорык.— На вольным паветры латвей.

— Ты ж развітаўся з бацькамі? — запытаў Лапаткевіча Янка Тукала. Усім кідалася ў вочы, што Лапаткевіч і Гулік хваляваліся і, відаць, каяліся ў тым, што прынялі ўдзел у нелегальным зборы вясковых настаўнікаў. Ды адступаць не было куды, а прызнавацца ў сваёй боязні не хацелася.

Настаўнікі раздзяліліся на дзве групы. На чале адной стаў Садовіч, другую павёў Лабановіч. Яны добра ведалі мясцовасць і ўсе самыя малапрыметныя сцежачкі, па якіх можна выйсці на дарогу, што вяла да Прыстанькі. Пайшлі рознымі дарогамі. Садовіч накіраваўся на бераг Нёмана, каб мінуць сяло, а потым павярнуць улева і далей у лес. Улетку настаўнікі часта гулялі каля рэчкі, і ніхто на гэта не зварачаў увагі. Лабановіч са сваёю групаю зразу павярнуў у поле, каб межамі дайсці да лесу. З ім пайшлі Тукала, Гулік і Лапаткевіч.

— Цягаемся немаведама дзе і чаго,— скуголіў, спатыкаючыся па межах, Сымон Лапаткевіч.— I наогул уся гэта выдумка дабром не скончыцца.

— Цярпі, Грышка, карчма блізка,— развясельваў яго Тукала.— I не люблю я ў такі вясёлы, радасны дзень, каб чалавек стагнаў, нібы ў яго нясцерпна баліць зуб. Не падабаецца,— злазь з даху ды не псуй гонту!

— Праўда, Янка! — падтрымаў Тукалу Лабановіч і потым сур’ёзна сказаў: — Мы не цягаемся, а ідзём да пэўнай мэты, каб рабіць сухоты цару, разумееш?

— Покі мы зробім сухоты цару, дык ён згноіць нас у Сібіры,— азваўся Пятрусь Гулік.

— Тады вось што, хлопцы,— сказаў Лабановіч і спыніўся,— раз так, дык давайце вяртаць аглоблі. Сілаю вас ніхто не прымушае. Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Будзьце «ісцінна-рускімі» людзьмі, спявайце «Боже, царя храни», віншуйце валаснога пісара і прыстава з імянінамі, чытайце ў царкве «апостала», цалуйце папу руку, вазьміце замуж пападзянак…

— Ну, ну! Ты ўжо занадта разышоўся,— загаварыў Пятрусь Гулік.— Мы проста выпрабоўваем вас — ну, нашых… правадыроў… Ведаеш, браток Андрэй: ёсць прыказка — сем разоў прымер і адзін раз адрэж. Дык чаму ж мы не можам прымераць! I няўжо ты думаеш, што мы ні аб чым не разважаем, што нам нічога не абыходзіць? Але ж, каб не блытацца, не рабіць глупства, трэба ўсё належным чынам абмеркаваць.

— Вось гэта голас чалавечы! — выклікнуў Лабановіч.— Друг мой дарагі! Для гэтага мы і збіраемся. Нам трэба праверыць: што мы і хто мы? Ці мы — балотная вада, якой няма ходу, ці мы — крынічны струмень, жывы, свежы, той струмень, што пакідае ўбаку гнілую балотную ваду і ўсё імкнецца наперад і наперад па чысценькім жоўтым пясочку?

— Стой, хлопцы! Бачыце? — спалоханым голасам ціха прамовіў Лапаткевіч і прысеў каля мяжы ў разорцы.

Лабановіч зірнуў у той бок, куды паказвала дрыгатлівая рука Лапаткевіча. Сярод жыта, па суседняй мяжы, пакалыхваючыся над каласамі, набліжаліся дзве шапкі.

— Паліцыя! — ледзь паварушыў белымі губамі Гулік.

Усе крыху збянтэжыліся і прыгнулі галовы.

Расхінуўшы калоссе, Лабановіч пачаў углядацца. Праз некаторы час твар яго павесялеў.

— Эй ты, асілак! — кпліва звярнуўся Андрэй да Лапаткевіча.— Перастань дрыжаць ад страху,— разагніся, пратры вочы і глянь.

Настаўнікі пападымалі галовы, разгледзеліся.

— Шапкі ж не начальніцкія, цэшкі не блішчаць. Значыць, якая можа быць паліцыя,— загаварыў далей Лабановіч і засмяяўся.— Пойдзем насустрач. Гэта напэўна нехта з Мікуціч, а можа, і хто з нашых калег палічыў за лепшае падацца ў процілеглы бок ад месца сходу.— Андрэй выразна зірнуў на Лапаткевіча.

— Я лічу, што трэба ісці да іх і высветліць, хто яны і што яны,— прамовіў Тукала.— Прынамсі, будзем ведаць, каб вызначыць лінію нашых паводзін, а ў выпадку чаго — папярэдзім астатніх сяброў.

Тым часам шапкі невядомых зноў замільгалі сярод жыта, але на гэты раз было відаць, што падарожнікі падаліся ў другі бок.

— Гэй! — крыкнуў Лабановіч.— Гэй, хто там? Пачакайце!

Шапкі прыпыніліся.

— Што ты? — схапіў яго за руку Лапаткевіч.— А раптам — якія шпікі?

— Тым лепш,— сказаў Андрэй.— Мы пакажам, што нікога не баімся, а проста гуляем у полі.

Настаўнікі і невядомыя рушылі насустрач адны другім і хутка сутыкнуліся тварам да твару.

Лабановіч пазнаў невядомых. Гэта былі сапраўды мікуціцкія сяляне: Мірон Шуська і Лявон Раткевіч. Абодвух іх Лабановіч добра ведаў як землякоў.

Садовіч часта вёў з Шуськам і Раткевічам гутаркі, навучыў іх трохі разбірацца ў палітыцы. «Гэта наша апора, без народа ў нашых справах не наваюеш»,— казаў Садовіч Андрэю.

Павітаўшыся з сустрэчнымі, Лабановіч сказаў:

— А чаго гэта дзядзькі гуляюць па полі такою парою?

Раткевіч хітра пасміхнуўся.

— Дык вось хадзілі паглядзець, можа, дзе княжацкай травы ўдасца надвячоркам скасіць.

— Мы ж вольныя,— горка прамовіў Шуська.— Жаць ранавата, касіць, каб і хацеў, дык няма чаго,— увесь луг княжацкі. Жаваць таксама няма чаго — хлеб скончыўся. Вось і ходзім вольныя: ні рукам, ні зубам работы няма.

Лабановіча пранізала цяжкая праўда гэтых слоў.

— Не заўсёды так будзе,— горача звярнуўся ён да стрэчаных сялян.— Трэба толькі нам, працоўным людзям, бліжэй гарнуцца адзін да аднаго, каб разам бараніць свае інтарэсы, адстойваць сваё права. А калі так будзе, дык упадзе з прастола каранованы ідал, разбягуцца і меншыя бажаняты. Тады і поле, і паша пяройдуць у сялянскія рукі, што самі здолеюць абрабіць іх, управіцца. Не будзеце крадучыся выкошваць лапінкі ў панскім лесе, на сваё ўласнае поле пойдзеце працаваць.

Лапаткевіч непрыметна тузянуў Лабановіча за рукаў.

— Няхай настаўнік не турбуецца,— адкрыта зірнуўшы яснымі вачамі на Лапаткевіча, прамовіў Шуська,— нічога благога з нашай гутаркі не будзе. У дрэнныя вушы яна не трапіць. А калі скажу каму, дык такому ж гаротніку, як я сам. Ён мяне зразумее, бо і сам хоча выбіцца ў лепшую долю.

Лабановіч усцешана паглядзеў на сяброў.

На вуснах Раткевіча з’явілася тая ж хітрая ўсмешка.

— Калі настаўнікі пагуляць выбраліся, дык на добрае здароўе,— сказаў ён.— А можа, гуляючы, і пагаварыць аб чым захочацца — гаварыце смела. Мы тут поблізу паходзім, калі што якое — дамо знаць. Не так нам ужо тая панская трава рупіць,— закончыў Раткевіч.

Настаўнікі, усхваляваныя нечаканай сустрэчай і падтрымкай, падзякавалі сваю добраахвотную варту і рушылі далей.

Лабановічу стала зразумела, што гаворкі, якія ён і Садовіч вялі з сялянамі, не прапалі марна: «Маладзец, Бас! — пахваліў ён у думках Садовіча.— Сапраўды гэта наша апора!»

У гутарках, у спрэчках прыйшлі на Прыстаньку. Каля ракі ўжо мітусілася цэлая грамада настаўнікаў. Яны голасна прывіталі групу Лабановіча. Зараз жа паказаўся з лесу і Садовіч са сваімі сябрамі. Усе сышліся на высокім і маляўнічым беразе Нёмана, дзе можна было прысесці ці проста пакачацца на зялёнай траўцы.

Усяго сабралася дваццаць адзін чалавек. Гэта былі маладыя хлопцы ад дваццаці двух да дваццаці пяці гадоў. Аднаму толькі Нічыпару Янкаўцу было гадоў пад трыццаць. У некаторых толькі ледзь-ледзь высядалі вусікі. Затое ж трапіўся і адзін барадач. Гэта быў Мілеўскі Адам. Ён запусціў доўгую, рыжую, пасярэдзіне выстрыжаную бараду, як насілі міністры пры цару Аляксандру Другім. Барада Мілеўскага была прадметам жартаў і насмешак з боку настаўнікаў, але ён не зварачаў на гэта ўвагі, сам смяяўся і тлумачыў, што бараду ён носіць для «фацэціі». Апрануты настаўнікі былі хоць і не дужа багата, але ўсё ж такі на гарадскі лад, а некаторыя нават і фарсіста. Шапкі насілі яны чорныя і белыя летнія — з шырокімі круглымі вярхамі, з машастовымі аколышкамі. Былі, праўда, настаўнікі і без шапак, без пільчакоў, у адных толькі верхніх кашулях.

Калі гутарка і шум трохі сціхлі, Садовіч звярнуўся да настаўнікаў:

— Таварышы! Давайце прыступім да справы, дзеля якой, уласна кажучы, мы і сабраліся тут.

— Паколькі мы сабраліся для таго, каб назаўсёды скінуць з сябе адзежу «ветхага Адама»,— азваўся Іван Тадорык,— дык давайце наўперад пакупаемся ў Нёмане, а наш сход не мядзведзь, у лес не ўцячэ. Прыступім да важнай справы з чыстым сумленнем і з чыстым целам.

— Вось ты мне заўсёды псуеш абедню! — напусціўся на Тадорыка Садовіч.— Правядзём сход,— а ён будзе нядоўгі — і тады змыеш твайго «ветхага Адама». Як народ мяркуе? — спытаў ён настаўнікаў.

— Наўперад сход, купацца потым! — загулі ўсе, у тым ліку і Лапаткевіч і Гулік. Ім, відавочна, хацелася хутчэй развязацца з гэтым небяспечным сходам, а далей будзе відаць.

— Калі так, то пяройдзем да справы,— урачыста абвясціў Садовіч.— Таварышы! — казаў ён далей.— Як водзіцца ўсюды на свеце ў такіх выпадках, нам трэба выбраць старшыню сходу і сакратара. Каго выберам за старшыню? Я раю выбраць Нічыпара Янкаўца.

— Хто палку ўзяў, той і капрал,— адгукнуўся Нічыпар.— Будзь ты старшынёю… Хлопцы! я прапаную выбраць Садовіча: ён у такіх справах мастак.

Настаўнікі зашумелі. Адны называлі Нічыпара, другія — Садовіча. Старшынёю сходу быў выбраны Садовіч, а сакратаром — Райскі.

Стаўшы старшынёю сходу, Садовіч адразу перамяніўся. Рысы яго твару зрабіліся строгімі, вочы — грознымі, грудзі яшчэ болей падаліся ўперад, і голас зазвінеў па-новаму.

— Таварышы! Сягонняшні сход — важнейшая падзея ў нашым настаўніцкім жыцці,— пачаў ён.— Мы жывём у такі час, калі ўсе лепшыя людзі Расіі аддаюць сваю волю і энергію на барацьбу з царызмам, за раўнапраўнасць і свабоду народа. Ніякія кары царскіх прыслужнікаў не могуць спыніць барацьбу. Царскі трон захістаўся…

— Але цар з трона не скінуўся,— заўважыў Тадорык.

— Вось мы і павінны скінуць яго! — грозна сказаў прамоўца.— Наш святы абавязак — развязаць вочы народу. Наш доўг перад народам — арганізавацца ў рэвалюцыйны настаўніцкі саюз, далучыцца да Усерасійскага настаўніцкага саюза і агульнымі намаганнямі, па адной праграме, павесці барацьбу за вызваленне народа з ярма царскага самаўладства, за зямлю і за волю.

Гаварыў Садовіч даволі доўга і даволі складна. Не адзін са слухачоў, у тым ліку і Лабановіч, падумаў: «А добра гаворыць Бас!» і ўпотайку пазайздросціў яго красамоўству.

— Наш доўг,— скончыў сваю прамову Садовіч,— арганізаваць сягоння ж настаўніцкі саюз барацьбы з царызмам. Дык абмяркуем гэта. Хто хоча сказаць?

— А што тут абмяркоўваць і што казаць? — страсянуў доўгімі валасамі Нічыпар Янкавец.— Справа ясная — такая арганізацыя патрэбна! — і, скончыўшы прамову, ён рашуча махнуў рукою.

— Вядома, патрэбна! — падхапілі настаўнікі. Нават Гулік і Лапаткевіч праявілі тут некаторую ваяўнічасць.

— Я гэтак думаў, і ўсе мы так думаем,— сказаў у заключэнне Садовіч.— Нам, сябры, трэба аформіць нашу пастанову.

— А якая пастанова? — запытаў Лапаткевіч.

— Такая,— адказаў Садовіч.— 9 ліпеня 1906 года, гэта значыць сягоння, мы, ніжэйпадпісаныя, пастанавілі: 1. Арганізаваць настаўніцкі саюз. 2. Паставіць сабе задачу — змагацца з самадзяржаўным ладам… Больш падрабязна мы абмяркуем дома і запішам, бо ў нас тут ні паперы, ні чарніла няма,— перапыніў сам сябе Садовіч.

— Валяй! — махнуў рукою Лапаткевіч.

На гэтым настаўніцкі сход на Прыстаньцы быў скончаны, і яго ўдзельнікі, паскідаўшы з сябе ўсё, пайшлі ў Нёман — змываць «ветхага Адама».


XXVII[правіць]

Лабановіч крыху іначай уяўляў сабе сход. Ён спадзяваўся большай урачыстасці і паважнасці ў гэтай справе. А выйшла шмат прасцей. Не давялося яму нават выступіць з дакладам, над якім нямала памазоліліся мазгі. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы.

Вярнуўшыся з Прыстанькі з усімі асцярогамі, настаўнікі разышліся хто куды, з тым, аднак, каб вечарам сабрацца ў школе для абмеркавання пастановы і падпісаць яе. Садовічу, Райскаму і Тукалу даручылі напісаць пратакол настаўніцкага сходу і адрэдагаваць пастанову.

У пастанове былі запісаны чатыры пункты:

1. Арганізаваць саюз настаўнікаў на падставе пастановы сходу ад 9 ліпеня 1906 года.

2. Саюз ставіць сабе асноўнай мэтай — весці барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды ідэй рэвалюцыі сярод насельніцтва і распаўсюджвання рэвалюцыйнай літаратуры. Кожнаму члену арганізаванага настаўніцкага саюза ставіцца ў абавязак — стварэнне на месцах рэвалюцыйных ячэек з мэтай прыцягнення найбольшай колькасці членаў у саюз.

3. Арганізаванаму настаўніцкаму саюзу далучыцца да Усерасійскага саюза настаўнікаў і ўвайсці з ім у цесныя зносіны.

4. Для вядзення спраў саюза выбіраецца бюро ў складзе трох асоб: Садовіча, Райскага і Тукалы.

На змярканні ў школе сышліся настаўнікі для зацверджання пратакола; пры гэтым пільнасць з боку Садовіча была павышана: на вуліцы і ў канцы сяла стаяла варта, хоць усё было ціха і лагодна. Пратакол быў прыняты з папраўкаю Івана Тадорыка да першага пункта пастановы: замест «з самадзяржаўным ладам» было прынята «з самадзяржаўным рэжымам», што, па думцы Тадорыка, зніжала ступень адказнасці ў выпадку правалу.

— Ну, браткі, віншую! — сказаў усхваляваны Садовіч. Ён вельмі блізка прымаў да сэрца гэты акт рэвалюцыйнага настрою, за што высока падымаў яго ў мыслях Лабановіч.— Дазвольце мне, як старшыні сходу і нашага бюро, падпісацца першаму,— дадаў ён.

I Садовіч першы падпісаўся пад пратаколам.

Янка Тукала не мог стрымацца, каб не пажартаваць.

— Брава, Бас! — пахваліў ён Садовіча.— Гэта добры знак, што раней бацькі ў пекла ніхто не палез… Ну,— звярнуўся ён да настаўнікаў,— каму абрыдла настаўніцтва і хто хоча казённай кашы — падпісвайся!

Жарт спадабаўся настаўнікам. Гэта быў і не жарт, а хутчэй выклік, перад якім ніхто не хацеў спасаваць. Каля стала, дзе ляжаў пратакол, зрабілася завозна: кожнаму хацелася паказаць, што казённай кашы ён не баіцца. Не хапала толькі трох подпісаў: Гуліка, Лапаткевіча і Дзеда Хрушча. Іх на гэты час не было тут, ды на гэта ніхто і ўвагі не звярнуў — прыйдуць, падпішуцца.

З поваду такой важнай падзеі настаўнікі наладзілі прыяцельскі банкет: выпілі гарэлкі і закусілі традыцыйнай рэдзькаю, запраўленай кіслым малаком. Праспявалі некалькі песень: аб тым, як «Царь испугался, издал манифест — мёртвым свободу, живых под арест», і «Тытулярнага саветніка».

Толькі пад поўнач пачалі разыходзіцца настаўнікі. На кватэры ў Садовіча засталіся — сам гаспадар, Райскі, Тадорык, Янкавец, Лабановіч і Тукала. У пакоі значна пацішэла. Райскі як сакратар палажыў на стол пратакол сходу, прагледзеў яго, прачытаў подпісы, зрабіў сякія-такія нататкі на асобным лістку паперы. Тукала, скінуўшы хадакі, тупаў каля кніжнай шафы, час ад часу перакідаючыся жартамі то з тым, то з другім. Садовіч і Янкавец шпацыравалі па пакоі і ціха аб чымсьці гутарылі. Тадорык, прысеўшы каля адчыненага акна, іграў на скрыпцы нейкія музычныя імправізацыі, цалкам аддаючыся ім.

Лабановіч сядзеў на абадранай канапцы насупраць Райскага, слухаў, як гаманіла скрыпка ў здольных руках Івана Тадорыка. Яе гукі плылі кудысь у прасторы не дужа цёмнай летняй ночы. Слухаў і думаў. Яму здавалася, што ўжо даўно-даўно было тое, калі ён выпраўляўся ў дарогу з Верханя. Страцілася адчуванне часу, бо сцерліся абыклыя межы, якімі аддзяляецца адзін момант ад другога. Не так даўно ішоў ён з Верханя, заходзіў на хутар… Ніхто яго там не сустрэў, і нашто было заходзіць?.. I толькі цяпер усведаміў ён, што ўжо другую ноч не клаўся спаць. Успомніў, што ў кішэні ляжыць даклад, не скарыстаны на гэтым сходзе. Можа, прачытаць яго зараз хлопцам, што засталіся на кватэры Садовіча?.. Не — час для яго прайшоў! Чаму ж прайшоў?.. Эх, і колькі ж марна траціць чалавек сваіх намаганняў, энергіі!

I раптам здарылася нешта зусім нечаканае. Дзверы ў пакой расчыніліся з незвычайнаю сілаю і грукнулі ў сцену так, што пасыпаўся тынк. Сухі, высачэзны, сівабароды, як бог Саваоф з цёмнай хмары, панямонскі ўраднік Кабяк уварваўся ў пакой. Крыкнуўшы: «Ні з месца!» — маланкай рынуўся на стол. Адно імгненне — і пратакол апынуўся ў руках кашчэя-ўрадніка! У гэты ж момант з расчыненых дзвярэй важна, як ваявода-пераможца, увайшоў станавы прыстаў, а за ім — паліцэйскія стражнікі. Усё гэта адбылося так нечакана, што настаўнікі аслупянелі, як прышыбленыя громам. Тадорык апусціў скрыпку і смык, стаяў бледны, як труп. Райскі ўскочыў з месца і застыў: паехаў пратакол у паганыя рукі! Тукала прыпёрся спінаю да шафы. Лабановіч, як сядзеў на канапцы, так і застаўся сядзець — праваліліся, засыпаліся, і так глупа! Садовіч праз кухню кінуўся ў акно. Пад акном стаяў паліцэйскі стражнік і прыкладам павярнуў Садовіча назад. Садовіч, узбуджаны, сярдзіты, накінуўся на прыстава:

— Чаму вы дазваляеце сваім стражнікам біцца?

Прыстаў спакойна, нават лагодна адказаў таксама запытаннем:

— А хто вам казаў кідацца ў акно?

Болей за ўсіх вытрыманым і спакойным аказаўся Нічыпар Янкавец. Ён звярнуўся да прыстава:

— Скажыце, вас, напэўна, падвысяць па службе?

Прыстаў, яшчэ малады і даволі просты чалавек, паціснуў плячамі.

— Магчыма,— сказаў ён і загадаў урадніку: — Зрабіць вобыск!

Ураднік і два стражнікі падышлі да шафы са школьнымі кнігамі і рознымі паперамі. Садовіч не дужа быў акуратны ў дачыненні да справаводства, і гэта ўскладняла справу ўрадніка і стражнікаў, рабіўшых вобыск.

Лабановіч усё сядзеў на той жа канапцы. Яго займала адна думка: як знішчыць даклад, каб не папаў ён у рукі паліцыі? Гэты даклад — небяспечны сведка не толькі супраць Лабановіча, але і супраць усіх удзельнікаў настаўніцкага сходу. Тым часам першыя хвіліны страху і аслуплення прайшлі, і настаўнікі ажылі. Тадорык узяўся за скрыпку і пачаў выігрываць матыў гімна — «Коль славен наш Господь в Сионе». Янка Тукала, адышоўшыся ад шафы, дзе капаліся ўраднік і стражнікі, заспяваў песню, зложаную невядомым песняром пра вобыскі:


У курсистки под подушкой

Нашли пудры с пол-осьмушки.

У студента под конторкой

Пузырек нашли с касторкой —

Динамит — не динамит,

А при случае палит.


Нічыпар Янкавец, рашучы і нахмураны, хадзіў па пакоі. Садовіч прысеў на канапку побач з Лабановічам. Прыстаў стаяў каля дзвярэй і чытаў пратакол сходу. Каля прыстава былі два паліцэйскія стражнікі. Выбраўшы зручны момант, Лабановіч употайку выняў даклад з кішэні, палажыў яго на канапку за спіну і паціхеньку скуб лісток за лістком на дробненькія кавалачкі.

У пакой, як бура, уварваўся Дзед Хрушч. Аддыхаўшыся і акінуўшы поглядам усіх прысутных, паліцыю і сваіх сяброў, ён гучна прамовіў:

— Ледзь-ледзь праціснуўся цераз натоўп. Ну, і народу ж сабралася.

Глянуўшы на прыстава і ўбачыўшы ў яго руках пратакол, ён сказаў:

— Дайце мне пратакол!

Прыстаў збянтэжыўся, а потым запытаў:

— А нашто вам?

Дзед Хрушч брава заявіў:

— Я яшчэ не распісаўся!

Прыстаў даў пратакол. Дзед Хрушч прысеў за стол, узяў ручку, памачыў у чарніліцы пяро і выразна, хоць і выкрунтасіста, вывеў сваё прозвішча, пасля чаго па-рыцарску вярнуў пратакол прыставу.

У гэты час са двара ўбег устрывожаны стражнік і нешта шапнуў прыставу на вуха. Прыстаў таксама ўстрывожыўся, але вытрымаў паўзу, затым акінуў позіркам настаўнікаў і пакойчык і падаў знак спыніць вобыск. Янка Тукала борздзенька падаставаў пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі і выставіў іх на стол.

— Гаспадзін прыстаў,— звярнуўся ён да прыстава,— захапілі б з сабою і гэтыя «рэчавыя» доказы нашай крамолы.

Не жадаючы ператвараць свой візіт у насмешку, прыстаў пакланіўся настаўнікам, узяўшы пад казырок, і разам з ураднікам і стражнікамі пакінуў школу.

Дзед Хрушч падміргнуў сябрам.

— Давялося прыставу даваць драпака.

Сапраўды, не прайшло пяці хвілін пасля налёту паліцыі, як каля школы пачалі збірацца сяляне. Сышлося іх ужо больш за сотню, а натоўп усё рос і рос.

Калі паліцэйскія на чале з прыставам з’явіліся на ганку, Раткевіч з натоўпу сказаў услед:

— Што, закінулі невадок?

А хтосьці дадаў:

— Ганялі ганчакі зайца, ды не злавілі.


XXVIII[правіць]

Прыстаў спяшаўся недарма. Яго напалохаў натоўп сялян і іхні варожы настрой да паліцыі. Прыйшлося вымятацца, не закончыўшы вобыску і нікога не арыштаваўшы.

— Няхай бы паспрабавалі арыштаваць — мы паказалі б ім арышт! — ваяўніча заяўлялі сяляне.

— Хлопцы! — звярнуўся Садовіч да настаўнікаў.— Трэба выступіць перад народам!

— Трэба, непрыменна трэба,— горача падтрымаў прапанову Андрэй, а за ім і большасць настаўнікаў.

— Хто ж будзе выступаць? — запытаў Садовіч.

— Ты тут гаспадар, табе і трэба выступіць! — пачуліся дружныя галасы.

— Ты ўжо, брат, і руку набіў на прамовах,— заахвочваў Садовіча Янка Тукала.

Прысудзілі выступіць Садовічу. Настаўнікі выйшлі на ганак. Сяляне занялі ўвесь цесны дворык каля школы.

— Увага, таварышы! — громка гукнуў Садовіч.

Натоўп змоўк, заварушыўся і шчыльней збіўся перад ганкам.

— Таварышы, браты, землякі! — адразу з высокага тону пачаў Садовіч сваю прамову.— На вашых вачах адбылася падзея, для нас, настаўнікаў, не дужа прыемная. Яна была б яшчэ болей непрыемнаю, калі б вы, дарагія браты, не падаспелі сюды ў час. I калі мы зараз стаімо перад вамі на гэтым ганку яшчэ вольныя, дык толькі таму, што вы прыйшлі на дапамогу нам. Паліцыя спалохалася і дала драла. Праўда, у руках прыстава апынуўся пратакол нашага настаўніцкага сходу, намі падпісаны, што вельмі прыкра і небяспечна.

— Чаму ж вы не далі нам знаку? Мы б з іхняга горла вырвалі пратакол! — пачуўся грозны голас Мірона Шуські.

— Усё здарылася раптоўна і нечакана,— панізіў голас Садовіч.— Мы і варту былі паставілі, ды знялі, не ў часе заспакоіліся. Але, таварышы, покі мы жывы, мы не згорнем бездапаможна сваіх крылляў, будзем весці барацьбу далей — за нашу волю, за зямлю, за нашы людскія правы. Ёсць на свеце праўда і справядлівасць — перамога будзе за імі. Рэвалюцыйны рух не спыняецца. Да нас далятаюць, і штораз грамчэй, галасы змагароў-рэвалюцыянераў з падполля, з цёмных руднікоў сібірскай катаргі, ад людзей, змушаных пакінуць сваю радзіму, але не парываючых з ёю святой сувязі. Усё мацней разносіцца па зямлі голас волі, заклік да барацьбы з царскім самаўладствам. I гэты голас гаворыць нам: Гарапашнікі! Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! Гуртуйце сілы! Сіла ж у нашай злучанасці — усе за аднаго і адзін за ўсіх! Цешыцца царскае самаўладства, што прыдушыла рэвалюцыю. Мы ж напомнім яму: цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю.

Няхай жыве і не заціхае барацьба за шчасце працоўных людзей!

Няхай жыве рэвалюцыя!

Настаўнікі, а за імі і мікуціцкія сяляне заспявалі:


Смело, товарищи, в ногу!


Толькі калі пачало развідняцца, сяляне пакрысе разышліся па хатах. Крыху счакаўшы, з’явіліся Лапаткевіч з Гулікам. Яны рабілі выгляд, нібы вельмі шкадуюць, што спазніліся падпісаць пратакол.

У настаўнікаў настрой быў зніжаны, асабліва ў Садовіча і ў тых, што заставаліся на яго кватэры. I як далі яны такога пудла! Варту знялі тады, калі яна была найболей патрэбна. Дапусціліся да таго, што пратакол папаў у рукі паліцыі. Дасталося Райскаму і Лабановічу: чаму яны не парвалі пратакол, калі на яго налятаў ураднік? I яшчэ болей было нападак на Дзеда Хрушча. Ну, што яму значыла, залучыўшы ад прыстава пратакол, парваць гэты важны дакумент на кавалачкі!

— Шкада, што нас не было! — абурліва сказаў Лапаткевіч.

Нічыпар Янкавец сярдзіта глянуў на яго і на Гуліка. Ён адчуваў некаторую няёмкасць за тое, што прывёз з сабою такіх смелякоў, што ўмудрыліся не распісацца ў пратаколе, а цяпер яшчэ задаюцца. Нічыпар прыгразіў ім:

— Напішу прыставу, каб далучыў да пратакола і вашы подпісы! — І, страсянуўшы чупрынаю, прамовіў: — Эх ты, чорт! Чаму я не дагадаўся даць рублёў дваццаць пяць прыставу! Вярнуў бы пратакол, ну, знішчыў бы. А напісаць новы не такая ўжо трудная справа.

На ўсе нападкі і на ўсе запозненыя разважанні Лабановіч заўважыў:

— Ёсць у яўрэяў такая прыказка: «Дай, Божа, майму дзіцяці той розум наўперад, што да мужыка прыходзіць потым».

Кінуўшы погляд на пакойчык, дзе зараз усё было параскідана, засмечана, на расчыненую шафу і груды кніг і папер каля яе, на батарэю пустых пляшак ад гарэлкі і на шматкі свайго даклада пад сталом і пад канапкай, Лабановіч прыгадаў адзін сказ, што пісаў колісь пад дыктоўку ў гэтай жа школе, і ўголас вымавіў яго:

— «Где стол был яств, там гроб стоит»… Эх, хлопцы, хлопцы! — у засмучэнні гаварыў далей Лабановіч.— Лягчэй за ўсё шукаць вінаватых. Ды якая ў тым карысць? Ты ж, Алесь,— звярнуўся ён да Садовіча,— не згрызайся! У каня чатыры нагі, і той спатыкаецца. Памятаеш, як у Гогаля сказана? «Зачапіў, пацягнуў — сарвалася…» Ну, што ж? Слязамі бядзе не паможаш, а справу рабіць трэба. Жыццё ўсё наперадзе, хлопцы! Нават біты на вайне Мікалай Другі выбіў медаль для сваіх салдатаў і напісаў на ім, праўда, не сам — другія напісалі: «Няхай узнясе вас Бог у свой час». А мы давайце выражам медаль і напішам на ім: «Узнясёмся і мы ў свой час!» Дык так, хлопцы: вешаць галавы не трэба. Будзем глядзець на рэчы цвяроза — павыганяюць нас са школ, як крамольнікаў. Ды не ў школах свет клінам сышоўся. Засудзяць, ну і што ж?

— Правільна, стары,— падтрымаў Лабановіча Уладзік Сальвэсяў і зараз жа зацягнуў:


Вихри враждебные веют над нами…


Настаўнікі дружна падхапілі песню. Спявалі з пачуццём, натхнёна. Апаўшы настрой падняўся ізноў. I сапраўды: што гэта было б за жыццё, калі б яно плыло павольна, размерана, без усякіх крутых паваротаў?

Настала раніца новага дня. Надыходзіў час развітацца з Мікуціцкаю школаю. Але нельга было ўстояць перад спакусаю — пакупацца ў Нёмане. Адчувалася патрэба асвяжыцца, падтрымаць абяссілеўшае за бяссонную ноч стомленае цела, апаласнуць пачырванеўшыя ад зморы вочы.

Лабановіч, Нічыпар, Гулік і Лапаткевіч накіраваліся на станцыю, каб ехаць у сваю аселасць. Садовіч, Тадорык, Тукала, Райскі, Уладзік Сальвэсяў і Дзед Хрушч праводзілі іх.

Ужо сонца праглядвала праз вяршаліны хвой і пачынала адчувацца гарачыня летняга дня, калі настаўнікі падышлі да балота, дзе ўначы так выразна і голасна разыходзілася рэха. Цяжкая ноч і прыкрая праява, што напаткала настаўнікаў, паклалі на іх свой адбітак. Прыгнятала і вестка, якую пачулі яны сягоння, аб разгоне Дзяржаўнай думы. Неспакойна было на сэрцы. На дне душы варушыўся і патайны страх, што паліцыя адумаецца і возьмецца за арышты ўдзельнікаў крамольнага сходу. Вось чаму не так шумна і весела набліжаліся настаўнікі да станцыі, як ішлі яны пазаўчора адтуль у Мікуцічы. Заставалася шмат часу да адыходу поезда. Замест таго каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Нічыпар Янкавец увесь час маўчаў, думаў нейкую сваю думку, але не лічыў патрэбным падзяліцца ёю з сябрамі.

— Як вы думаеце, хлопцы, што будзе з намі далей? — запытаў Уладзік Сальвэсяў.

Гэта пытанне займала ўсіх. Толькі Дзед Хрушч прылёг на зялёны машок у цяньку і зараз жа моцна заснуў.

— Гэта вядома аднаму толькі начальству,— адказаў Райскі.

— А можа, нас у лепшыя школы перавядуць, каб не бунтаваліся,— пажартаваў Янка Тукала.

— Калі разважаць цвяроза і глядзець смела праўдзе ў вочы,— сказаў Лабановіч,— дык перш за ўсё, сябры мае мілыя, праз тыдзень або праз некалькі дзён усіх, падпісаўшых пратакол, пазвальняюць з настаўніцкіх пасад і, напэўна, аддадуць пад суд. Паліцыя і ўсё начальства на чале з губернатарам да нашага сходу паставяцца вельмі сурова. Як так, каб на Беларусі, на ўскрайку царскай імперыі, адбываліся такія справы! Пакараць так, каб другім было ў навуку.

— Аракул, не гавары так злавесна! — перапыніў Лабановіча Тадорык.

— А ён кажа праўду,— згадзіўся Садовіч,— нам жа, мне, Міколу і Янку, як членам бюро не мінуць пакарання напэўна. Тым болей мне, бо сход адбываўся ў маёй школе. Паліцыя ж даўно паглядае на мяне неласкавым вокам.

— Калі нас будуць судзіць, дык будуць і дапытваць,— заўважыў практычны Уладзік.— А таму нам трэба дагаварыцца загадзя, як трымацца на допыце, што казаць, а пра што маўчаць або адмаўляць зусім, каб не было супярэчлівых паказанняў.

— Табе трэба адвакатам быць,— пахваліў Уладзіка Янка Тукала і дадаў: — На мой дурны розум, нам трэба напіраць вось на што: ні на якую крамолу-забастоўку мы не важыліся. Сабраліся для таго, каб справіць маёўку, а на маёўцы падпілі. Аб гэтым сведчыць пяць кварт — пустых бутэлек. А падпіўшым людзям і мора па калена. Вось і вырашылі, аддаючы даніну часу, арганізаваць настаўніцкі саюз.

— Складна гаворыш,— сказаў Іван Тадорык.— А можа, да гэтага і не дойдзе, а калі дойдзе, дык сапраўды ў цябе неблагая думка. I ведаеце, хлопцы, што? Мы вельмі зрабілі добра, што паправілі «змагацца з царскім ладам» на «змагацца з царскім рэжымам».

— А! — махнуў рукою Нічыпар.— Ёсць прыказка: «Ці памёр Гаўрыла, ці яго скула задавіла». Тое самае і тут. Лад, рэжым — адзін чорт.

— Ну, не, брат, выбачай! — запярэчыў Тадорык.— Лад — адно, рэжым — другое. Лад — гэта сістэма, палітычная накіраванасць, нешта агульнае, а рэжым — толькі частка агульнага, прыватнае.

— Я талмудыстам ніколі не быў і ў такія тонкасці не ўдаюся. I следчы не будзе праводзіць мяжы паміж выразамі «царскі лад» і «царскі рэжым»,— адказаў Нічыпар.

— Усё-такі «рэжым» у некаторай ступені змякчае першы і самы небяспечны для нас пункт пастановы, запісанай у пратаколе,— падтрымаў Тадорыка Лабановіч.— Але ў цэлым ён рэкамендуе нас як «крамольнікаў». Ну, ды ладна!.. Вось што, хлопцы,— перавёў Лабановіч гутарку на іншае,— усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Мой поезд адыходзіць на паўгадзіны раней за ваш,— звярнуўся ён да Янкаўца, Лапаткевіча і Гуліка,— вось я адзін і падыбаю, вазьму білет і паеду, а потым вы. Праўда, Лапаткевічу і Гуліку баяцца няма чаго, бо яны нявінныя, як божыя ягняткі: іх подпісы не стаяць пад пратаколам.

«Божым ягняткам» не зусім прыемна было слухаць гэта, але ў думках сваіх яны былі рады, што сухімі выйшлі з завірухі.

Настаўнікі згадзіліся з Лабановічам. Пабудзіўшы Дзеда Хрушча, яны прайшліся са сваім сябрам пад самае возера, адкуль ужо была блізка станцыя, і развіталіся з ім. Нічыпар Янкавец на станцыю зусім не пайшоў. Ён узяў пад руку Садовіча і сказаў яму:

— Ведаеш, Бас: давай пройдземся ў Панямонь.

У Янкаўца злажыўся ў дарозе свой план. Калі яны засталіся адны з Садовічам, Нічыпар сказаў:

— Дабром уся гэта квэстыя не скончыцца. Табе ж прыйдзецца горш, як іншым. Ты даўно на падазрэнні ў паліцыі, і начальства глядзіць на цябе, як мачыха. Паліцыя ведае і пра лісткі, што вы раскідалі ў ваколіцы Мікуціч. А тое, што нас накрылі ў тваёй школе, яшчэ болей узмоцніць тваю адказнасць. Дык вось што я надумаўся: давай махнём у Амерыку. Грошы ў мяне трохі ёсць, рахманага агента мы знойдзем. Раздабудзе нам пашпарты, і мы рушым за добрае надвор’е, узяўшы ўсю віну за настаўніцкі з’езд на сябе, аб чым і паведамім паліцыі.

Садовіч быў хлопец гарачы. Аднак ён трохі пахістаўся.

— Чорт яго, брат, ведае. Ніколі аб гэтым не думаў,— прызнаўся ён.

— А ты падумай. Лепш ветру ў чыстым полі, чым за высокімі агароджамі.

Садовіч крыху памаўчаў, падумаў, а потым рашуча і з захапленнем вымавіў:

— Згодзен! Чым чорт не араў, тым і сеяць не стаў. Хоць свету пабачым.

Сваю змову яны трымалі ў строгім сакрэце. I толькі месяцы праз два, ужо з-за граніцы, прыслалі бліжэйшым сябрам вестку аб сваёй эміграцыі.


XXIX[правіць]

Лабановіч застаўся адзін. У першыя хвіліны яго ахапіў жаль да сваіх сяброў, з якімі ён нядаўна развітаўся. Асабліва шкада было Янку Тукалу і Алеся Садовіча. Чатыры гады прабылі яны ў настаўніцкай семінарыі як землякі і найлепшыя дружбакі. Многа малюнкаў і нічым не зганьбаваных перажыванняў засталося ў мінулым. Аб гэтым зараз можна толькі з прыемнасцю ўспамінаць.

Янка Тукала правёў Лабановіча да самай чыгункі. Тут яны спыніліся. Янка надумаўся пайсці ў сваю школу, перагледзець на ўсякі выпадак кнігі і брашуры. А потым ён ізноў вернецца ў Мікуцічы да Садовіча або да бацькоў.

— Ну, Андрэйка,— прамовіў урачыста Янка, трымаючы руку сябра ў сваёй.— Няхай будзе над табою благаславенне святой гары!

— Бывай, Янка! Не смуткуй, браток, і не падстаўляй спіны ветру, калі ён падзьме на цябе, а ідзі насустрач яму,— так гаворыць табе верханскі Заратустра. Пішы мне, а я цябе пісьмамі не пакрыўджу.

Народу на вакзале было мала. Лабановіч узяў білет, акінуў вокам станцыю. Нічога небяспечнага ні тут, ні на пероне ён не заўважыў. Але прыказка гаворыць: хто ўкраў парася, у таго ў вушах пішчыць. Часу да прыходу поезда заставалася хвілін дваццаць. Лабановіч падышоў да буфета, узяў бутэльку піва і закускі. Выбраўшы зацішны куток, прысеў за столік. Выпіў адну шклянку і другую. Дзве бяссонныя ночы стамілі яго. За ўвесь гэты час ён ні разу нават не прылёг. Выпітая бутэлька піва зашаламіла галаву. Салодка-журботны настрой авалодаў ім. Ён успомніў сваю маці, братоў, сясцёр, дзядзьку Марціна. Меўся праведаць іх. Але сход скончыўся так, што паказвацца ў сваім родным вогнішчы было цяжка. Што скажа ён дома? Там жа, напэўна, і зараз ужо вядома, што іх Андрэй быў у Мікуцічах, вядома, чым усё скончылася. Яго зразумеюць і хоць, можа, трохі пакрыўдзяцца, але злавацца не будуць.

Ужо заходзячы ў вагон, Лабановіч успомніў і Янку Тукалу як апошнюю нітку, што звязвала яго з тутэйшымі дарогамі і сябрамі. Дзе цяпер Янка? Сунецца дзесь адзін у сваю Ячонку і напэўна адчувае адзіноцтва, страх і трывогу перад невядомымі праявамі наступных дзён… Як хацелася яшчэ раз паглядзець на свайго разважлівага друга, паціснуць руку і сказаць:

— Янка, трымайся! Не апускай галавы! Ідзі смела насустрач заўтрашняму дню!

Без малога ў поўдзень прыбыў Лабановіч на сваю станцыю. Здаралася і фурманка, але настаўнік пашкадаваў рубля, бо невядома, што будзе далей, і патрапаў пехатою дахаты. Ён выбраў другую дарогу, што значна спрошчвала адлегласць да Верхані і пакідала ўбаку хутар Антаніны Міхайлаўны. Хацелася хутчэй дайсці да свае школы ды адпачыць, бо ўжо трэцюю пару не спаў, застаючыся ўвесь час на нагах. Адчувалася такая стомленасць, што нават трудна было сабраць мыслі, абмеркаваць усё, што здарылася за апошнія тры дні.

Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупраць яе. Як узрадуецца пісар Васількевіч, калі даведаецца аб правале свайго нязноснага суседа!

— Вярнуўся мой вандроўнічак! — радасна сустрэла бабка Параска настаўніка.— Ну, як жа вам ездзілася?

— I ездзілася, і хадзілася, і вось вярнуўся.

— Ну, і дзякуй Богу!

Бабка Параска пайшла ў кухню збіраць абед. Турсевіч быў дома, сядзеў за сталом, аблажыўшыся падручнікамі. Ён парывіста ўскочыў, шумна сустрэў прыяцеля, моцна патрос яму руку.

— Явіхся есі? — на царкоўнаславянскі лад запытаў вандроўніка і, паглядзеўшы на яго, дадаў:— Ды нешта ж ты, брат, зблажэў!

— Эх, друг ты мой сардэчны, таракан запечны! Дай Божа ніколі не з’яўляцца табе дадому, як я!

Уся прыўзнятасць Турсевіча раптам апала. Ён яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі, і ўжо іншым голасам запытаў:

— А што здарылася?

Лабановіч без усякіх хітрыкаў, проста і праўдзіва, расказаў аб усім, што адбылося ў Мікуцічах.

Спахмурнелы Турсевіч сядзеў і слухаў. Цяжка было ў яго на душы. Не хваліў ён у мыслях маладых настаўнікаў, але нічога пра гэта не казаў. Калі Лабановіч скончыў невясёлае апавяданне, Турсевіч журботна паківаў галавою.

— Та-ак! — працягла прамовіў ён.— Справа, брат… гм! не таго!

Увайшла бабка Параска, хуценька накрыла стол. Пры яе з’яўленні настаўнікі змоўклі, але яна зразу заўважыла, што «манашак» прыехаў з нядобрымі навінамі, ды распытвацца зараз пры госцю лічыла нязручным. Бабка выйшла з пакоя і зараз жа вярнулася, паставіўшы на стол хлеб і халаднік. Яна ведала, чым дагадзіць свайму настаўніку.

— Вось дзякую, бабка, за халаднік! — сказаў Лабановіч, падсаджваючыся да стравы.

Бабка Параска зірнула на яго, уздыхнула.

— Ну, то ешце на здароўе! — і выйшла з пакоіка.

Турсевіч паабедаў ужо. Ён сядзеў, маўчаў і штось думаў.

— Ну, што ж, брат,— сказаў, папалуднаваўшы, Лабановіч.— Пайду спаць. Вось як выйшаў тады, дык і не клаўся. Адпачну, а заўтра відней будзе.— Ён зірнуў на Турсевіча і дадаў: — Пагуляў казак на волі, трэба і адпачыць.

Турсевіч чмокнуў, журботна паківаў галавою:

— Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш.

Лабановіч спыніўся ў дзвярах бакавушкі і сказаў:

— Перамелецца, мука будзе.

— Можа, мукá, а можа, і мýка,— заўважыў Турсевіч.

— А што такое мýка? — запытаў Лабановіч і сам адказаў: — Мýка — гэта ўсё тое, што прычыняе нам боль і непрыемнасць. Вось нас павыганяюць са школы з воўчым білетам, аддадуць пад суд, пасадзяць, можа, і ў астрог або вышлюць, і мы будзем мучыцца. А хіба такіх мала? А хіба мільёны простых людзей не мучацца пад пятою царскіх сатрапаў, памешчыкаў і тысяч іншых абдзіралаў?.. Ды для мяне зараз даражэй за ўсё на свеце — сон.

Лабановіч прысеў на пасцелі, зняў хадакі, пільчак, палажыў галаву на падушку і зараз жа заснуў.

Турсевіч застаўся адзін за сталом. Спакой яго быў парушаны. Яму шкада было прыяцеля. А горш за ўсё дык гэта тое, што сам чалавек вінаваты ў сваім няшчасці. Як дапаможаш яму, і што ён гэтым давёў? Было ўжо раз папярэджанне, дык не: нічому яно не навучыла яго. А яшчэ і казырыцца, нібы ён учыніў вялікі подзвіг… Эх, брат, жыццё пражыць — не поле перайсці!

Некалькі разоў Турсевіч ціхенька прайшоўся па пакоіку. Асцярожна зазірнуў у бакавушку. Лабановіч ляжаў спакойна на правым баку, падпёршы плячом падушку. Сон авалодаў ім так моцна, што нават трудна было заўважыць дыханне. Турсевіч нахіліўся над сябрам: «Вось цяпер ты шчаслівы, бо нічога не думаеш»,— падумаў ён, адыходзячы.

Новая думка мільганула ў свядомасці Турсевіча і адагнала ўсе іншыя: а ці добра заставацца цяпер у школе небяспечнага ў палітычным сэнсе настаўніка? Ці не пашкодзіць гэта акалічнасць яму, Турсевічу? I нібы ў падмацаванне яго разваг на памяць прыйшлі выразы: «З кім павядзешся, ад таго і набярэшся», «Скажы, з кім ты сябруеш, я скажу, хто ты».

Яшчэ большы неспакой агарнуў Турсевіча. Цяпер Лабановіч у яго думках адышоў на задні план. Прыхапіўшы з сабою падручнік, Турсевіч выйшаў з кватэры, каб на вольным паветры абмеркаваць усё і прыняць нейкае пэўнае рашэнне.

Сказаць праўду, разважаў Турсевіч, усё, што паложана праграмаю, ён даўно праштудзіраваў, бо не сягоння ж прыйшла яму думка паступаць у інстытут. А часу засталося не так ужо і многа. Пакуль заедзе ў сваю школу ды прывядзе ў парадак хатнія і школьныя справы, дык не за гарамі і той час, калі трэба падавацца ў Вільню, трымаць экзамены. I зноў жа — прыехаць туды трэба таксама загадзя.

Думкі Турсевіча пайшлі па той лініі, якая казала, што заставацца тут доўга няма ніякай патрэбы. Такое было прынята і рашэнне.

Пад вечар Турсевіч вярнуўся з пагулянкі. Ён меркаваў, што прыяцель, якога ён, напалоханы, збіраўся пакінуць, ужо абудзіўся і яны па шчырасці пагавораць аб сваіх справах. Але Лабановіч не абуджаўся, ляжаў у той жа паставе. Не прачнуўся ён і ўночы і назаўтра раніцаю. Толькі пасля паўдня, каля таго часу, калі ён лёг спаць, Лабановіч расплюшчыў вочы.

— А я, брат, думаў, ці не летаргічным сном ужо заснуў ты,— сказаў Турсевіч.

— Затое ж выспаўся, як ніколі ў жыцці,— адказаў Лабановіч. Трошкі памаўчаўшы, ён заўважыў: — Можа, яно і не кепска было б, каб заснуць на нейкі год і не прачынацца.

Турсевіч паглядзеў на яго і сказаў, цяжка ўздыхнуўшы:

— На адзін год, можа, і малавата.


XXX[правіць]

Кожная новая змена ў абставінах, ці яна добрая, ці благая, выводзіць чалавека з абыклай раўнавагі. Яго агортваюць новыя пачуцці, новыя мыслі і разважанні — у залежнасці ад таго, на які шлях у сілу тых ці іншых акалічнасцей ступае чалавек. Так здарылася зараз і з Лабановічам. Праўда, у яго цяпер не было ніякага акрэсленага шляху, ён проста апынуўся на ростанях, выбіты з каляіны так ці іначай усталёванага жыцця. Такое становішча яго не дужа засмучала. Наадварот, у гэтай неакрэсленасці была і нейкая свая прываблівасць: цікава ж ведаць, чым яно ўсё скончыцца. Выдаленне з настаўніцкай пасады не палохала, бо ён ужо звыкся з такою думкаю, і яно не будзе для яго нечаканасцю. А вось як пойдзе жыццё яго далей, што станецца з ім у наступныя дні, як паставяцца да яго ўсе знаёмыя і прыяцелі, калі ён застанецца без службы, у гэтым і заключаецца цікавасць. Ды пакуль служаць рукі і ногі, сіла і здароўе, ён не згіне. Ніякай працы ён не баіцца, бо змалку прызвычаіўся да яе… Наогул жа многа ўперадзе такіх падзей, якіх зараз і не згадаеш. Важна адно — быць жывому, жыць і змагацца.

На другі дзень пасля таго, як прачнуўся Лабановіч, каля школьнага ганка ўжо стаяла фурманка дзядзькі Нічыпара Кудрыка, таго самага, што першы раз прывозіў яго ў Верхань. Лабановіч дагадваўся аб прычыне такога паспешнага ад’езду яго прыяцеля і госця, але маўчаў пра гэта: навошта прычыняць чалавеку прыкрасць? Турсевіч жа са свайго боку стараўся не выявіць сапраўднае прычыны ад’езду, паводзіў сябе так, як бы яму вельмі і вельмі хацелася пабыць яшчэ ў Верхані, ды нічога не паробіш: трэба ехаць! Ён даволі шчодра расплаціўся з бабкаю Параскаю за паслугі. А бабка была спахмурнелая і невясёлая. Яна ўжо ведала пра «нейкія» непрыемнасці ў свайго «манашка», і ёй было шкада, што яго пакідаюць у такі час аднаго.

— Ну, мой дарагі Андрэй,— Турсевіч ціснуў руку Лабановічу і абдымаў яго. — Заставайся здаровы, шчаслівы! Можа, усё яшчэ абыдзецца… Не прымай блізка да сэрца гэты непрыемны выпадак, трымайся! А калі што, дык і я цябе не забуду.

— Дзякуй, дружа, за добрае слова. Няхай жа будзе светлая твая дарога. Жадаю поўнай удачы!

Сябры абняліся, пацалаваліся. У Турсевіча на вачах нават паказаліся слёзы. Лабановіч правёў яго да фурманкі. Турсевіч усеўся ў каламажцы, зняў шапку, памахаў прыяцелю. Фурманка рушыла з месца.

Пісар Васількевіч, адсунуўшы край фіранкі, потайкам пазіраў са свайго пакоя на развітанне сяброў. Пра здарэнне з суседам яму не было яшчэ вядома. Але пісар быў і таму рады, што ненавісная для яго Дзяржаўная дума скончыла сваё існаванне, а гэта, напэўна, не дужа радавала Лабановіча.

Пастаяўшы на ганку, пакуль фурманка не знікла на павароце, Лабановіч вярнуўся ў свой пакойчык. Дык так: ён ізноў адзін, быць можа, як ніколі. На сэрцы было сумна. Ад’езд Турсевіча яшчэ болей паглыбляў гэту сумоту. Няскора сустрэнуцца яны, а калі і сустрэнуцца, дык ужо не будзе той радасці, што звычайна ўзнікала пры іх спатканнях. Разыходзяцца іхнія дарогі ў розныя бакі — і ў простым, і ў пераносным сэнсе.

— Ізноў мой манашак адзін,— паспачувала бабка, увайшоўшы ў пакой, і абарвала мыслі Лабановіча.

— Дарма, бабка Параска, адны мы прыходзім у свет, у адзіноце і пакідаем яго.

— Ну, вось ужо сказаў: пакідаем свет! Няхай пакідаюць яго ліхія людзі, а вам жыць яшчэ ды жыць і не аднаму, а з прыгожаю жонкаю!

I пры гэтым бабка хітра паглядзела на Лабановіча.

— Якраз і добра, што няма жонкі, лішні быў бы клопат.

— Чаму ж гэта так? — не паверыла бабка Параска, але засмуцілася, а потым запытала: — Скажыце, панічок, што з вамі здарылася? Нешта я не ўцямлю. Той паніч, што паехаў, казаў: нядобры выпадак налучыў твайго настаўніка. Дый вы так гаворыце, што я сама гэта бачу.

— Нічога страшнага не здарылася. Пачакаем трошкі, і ўсё стане ясна,— адказаў Лабановіч.— Вось таго настаўніка, што быў тут перада мною, перавялі ў другую школу. Дык могуць перавесці і мяне. Могуць нават і зусім выдаліць.

На дробны маршчыністы твар бабкі легла засмучэнне.

— I нікуды не перавядуць і не выдаляць,— запратэставала яна.— I не трэба так гаварыць!

— Трэба меркаваць, бабка Параска, і так і гэтак ды болей гадаць і пра ліхі канец, каб тое ліха не было для нас нечаканым.

— Ай! Гаворыць немаведама што. Вось пайду ды на картах паваражу: яны скажуць мне ўсю праўду.

Яна пайшла ў сваю каморку, выняла з-пад сенніка калоду старых, як і сама яна, карт, прысела на табарэцік каля невялічкага століка, што стаяў пры пасцелі, патасавала сваім манерам і пачала спаважна раскладваць іх на восем кучак па тры карты ў кожнай. Калі такім чынам карты былі разложаны, а ляжалі яны тварам уніз, бабка Параска пераварочвала кучкі ў тым жа парадку, у якім раскладала іх. Кожная тройка карт мела сваё прызначэнне: «для дому», «для лёсу», «для шчасця», «для дружбы» і г. д. Перавярнуўшы адну карту, бабка Параска пільна ўглядалася. У першай кучцы пасярэдзіне аказаўся вінны туз, а з краю — званковая дзевятка, з другога — храстовы ніжнік, гэта значыць — Лабановіч. Бабка незадаволена паківала галавою: такое спалучэнне карт было не ў руку настаўніку, бо яно азначала невясёлыя думкі, згрызоты і цяжкі клопат. Нічога добрага для настаўніка не было і ў другой, і ў трэцяй, і ў наступных кучках карт. То замешваўся нейкі злы і хітры мужчына, то непрыязная жанчына, то сумная дарога. Бабка зусім засмуцілася. Яна змяшала карты, ператасавала як мае быць ды ізноў пачала новую раскладку. Але і на гэты раз нічога добрага для Лабановіча не варажылі карты. А бабка не хацела мірыцца з гэтым. Шмат разоў раскідала яна карты, і толькі тады заспакоілася, калі характар варажбы змяніўся ў лепшы бок.

Павесялеўшая бабка Параска паказалася на парозе настаўнікавай кватэры.

— Ну, што я вам казала: усё будзе добра! — прамовіла яна.— Вось ідзіце ды гляньце, што кажуць карты.

— Але ж ты, бабка, нешта вельмі доўга варажыла,— заўважыў Лабановіч.

Бабка хітра ўсміхнулася.

— Бо я хацела як найлепей вываражыць для вас.

Лабановіч дагадаўся, чаму так доўга варажыла бабка, але не сказаў ёй гэтага. Яна ж так хацела, каб усё скончылася шчасліва для настаўніка!

— А што ж там вываражылася? — запытаў ён, каб не пакрыўдзіць такой жычлівай да яго бабкі.

— А вось зайдзіце ды пацікаўцеся.

— Ды я ж нічога не разумею на картах.

— А я вам раскажу, што карты паказваюць.

Восем кучак карт бабка размясціла ў тры радкі: у двух радах па тры тройкі, а ў трэцім — дзве.

— Вось зараз усё відно як на далоні,— прыступіла бабка да тлумачэння і сказала, паказаўшы на першую тройку:

— Ад высокага начальніка да вас прыйдуць дужа прыемныя весткі, якіх вы і не чакаеце.

— Гэта вось ён — высокі начальнік? — запытаў Лабановіч, ткнуўшы пальцам у званковага караля, што быў у першай кучцы карт.

Бабка Параска дакорліва паглядзела на настаўніка.

— Так паказваюць карты,— заўважыла яна.— I не смейцеся, бо можаце спалохаць сваё ўласнае шчасце.

— Ды я, бабка, не смяюся, хоць мне і смешна, што такі бамбіза, як званковы кароль,— высокае начальства.

— А чаму ж не высокае? Кожны можа быць высокім, калі яму пашанцуе і Бог дапаможа… Гледзячы, хто і што яго высока падыме.

— Ды ты, бабка, проста мудрэц! Твая праўда: каму пашанцуе, той і ў лапцях танцуе. Шкада толькі, што верыш у карты.

Бабка хацела перш пакрыўдзіцца, бо ёй здалося, што настаўнік насміхаецца. Але яна стрымалася і толькі з дакорам прамовіла:

— Ну, калі вы не верыце картам, дык нашто і варажыць?

— Мілая бабка Параска! — горача сказаў настаўнік.— Веру я ці не веру, гэта адно. А самае важнае, дык гэта тое, што мне цікава паслухаць, асабліва калі сама варажбітка такая слаўная і разумная, як ты, бабка Параска.

Бабка была зусім абяззброена, а Лабановіч яшчэ дадаў:

— А тое, што я пасмяяўся са званковага караля, дык ты махні рукою — рыжы бамбіза змрочнага выгляду! Я толькі падумаў: хто ж з высокага начальства ўвасобіўся ў вобраз званковага караля? I сам сабе адказаў: гэта наш дырэктар народных школ, стацкі саветнік, барадаты Акаронка. I сапраўды, у яго падабенства ёсць са званковым каралём: абодва барадатыя, абодва гарбаносыя, абодва панурыя. А ўсё разам — абодва дурні.

Бабка Параска не магла ўтрымацца супраць такой жартаўлівасці і весялосці свайго настаўніка і сама разрагаталася. А потым, крута змяніўшы вясёлы настрой, сур’ёзна сказала:

— Вось тое, што вы смеяцёся і мяне рассмяшылі, ёсць той добры знак, што з вамі нічога прыкрага не здарыцца.

I як бы ў пацвярджэнне слоў і варажбы бабкі Параскі на другі дзень Лабановічу прынеслі пакет з воласці. Пакет быў даволі ёмкі. Лабановіч выняў з канверта паперу, дзе за подпісам дырэктара народных школ Мінскай губерні Акаронкі выказвалася падзяка настаўніку Верханскай школы Лабановічу за ўзорную падрыхтоўку вучняў да экзаменаў.


XXXI[правіць]

Вярнуўшыся з Мікуціч, Лабановіч не адзін раз прыгадваў хутар Антаніны Міхайлаўны, яе самую і сваю вучнёўку Лідачку. Трэба ж усё-такі зайсці да іх і так ці іначай давесці справу з навучаннем да канца. Абставіны ж зараз зусім іншыя: не сягоння-заўтра яго, Лабановіча, са школы звольняць. У гэтым ён ніколечкі не сумняваўся. Не паможа і падзяка дырэкцыі народных школ. Паведамленне паліцыі аб нелегальным сходзе настаўнікаў у Мікуцічах, як відаць, яшчэ не дайшло да высокага начальства. Гэта высокае начальства кожны раз, калі аб ім думаў Лабановіч, нагадвала варажбу бабкі Параскі, а званковы кароль выклікаў сваім панурым абліччам вобраз дырэктара народных школ Акаронкі. Цікава, як паставяцца да настаўніка маці з дачкою, калі даведаюцца, што ён без службы?

На трэці дзень пасля звароту з Мікуціч Лабановіч накіраваўся на хутар так добра знаёмай дарогай. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. У лесе было так добра і так ціха, што нават прыкрая прыгода адышла на задні план. Ды з ёю Лабановіч ужо звыкся — яна зараз у мінулым. А жыць трэба сягонняшнім і заўтрашнім. А што ж будзе далей? Ну, зволяць са школы. Куды ж падацца і што рабіць? Розныя думкі снаваліся ў галаве. Лабановіч выйшаў з ляска. Што ім сказаць і як сказаць? — пытаў ён сябе.

Вось і паваротка з бітай дарогі на хутар Антаніны Міхайлаўны. Лабановіч пайшоў паміж палёў, засеяных жытамі і ярыной. Па баках нешырокай маланаезджанай дарожкі, сярод розных траў і кветак, багата рос і ўжо выспяваў пахучы кмен, закраса шмат якой ежы сялянскага ўжытку. I сама вузенькая дарожка, і прыдарожныя травы і кветкі, і гэты духмяны кмен прыгадалі Лабановічу зараз ужо досыць далёкае дзяцінства, калі ён хадзіў па такіх жа сцежках з маткаю ці адзін і не меў у сэрцы ніякага клопату… Эх, шчаслівыя і незваротныя часы!

Лідачка была чамусь упэўнена, што сягоння да іх прыйдзе настаўнік. I той сон, што прысніўся ёй у гэту ноч, як тлумачылі вясковыя жанчыны, азначаў госця. А снілася ёй, што нейкі пачварны жук біўся аб шкло акна, каб заляцець у хату і ўкусіць Лідачку. Калі сон пра жука сапраўды азначае прыход Лабановіча, дык Лідачка на жука зусім не злуецца, бо хто ж для яе можа быць госцем, калі не настаўнік? Усіх іншых яна і за гасцей не лічыць. У гэтыя дні, седзячы адна над падручнікамі, Ліда многа думала аб сваім настаўніку. Яна і сама не магла б сказаць, як і што яна думала аб ім. Ён проста стаяў у вачах, то лагодны і добры, то сур’ёзны і як бы трохі сярдзіты. Не знікаў у думках і той выпадак, як ён асцярожна, крадучыся, падыходзіў да яе за палатняную занавеску, стаяў, нахіліўшыся над вучнёўкаю, стаяў і гадаў, ці жывая яна, ці памерла.

Некалькі разоў выбягала Ліда на двор, выбірала такую мясцінку, адкуль была добра відна паваротка на іхні хутар, і глядзела, ці не ідзе настаўнік. I не таму, што дужа хацела бачыць яго,— разважала яна сама з сабою,— а проста так: мусіць жа нарэшце ён прыйсці. Тым не меней, паглядаючы на дарогу, Ліда азіралася: ёй усё здавалася, што людзі дагадваюцца, чаго яна глядзіць туды, каго выглядае. А калі і сапраўды яна ўбачыла знаёмую постаць настаўніка, сэрца забілася мацней. Хацелася, як і раней, пабегчы насустрач. Але не: гэтага яна не зробіць, бо што падумае маці і што скажуць людзі? Як маладая козачка, шмыгнула яна ў хату. Добра, што там не было маткі — іначай яна заўважыла б хваляванне. Самае лепшае — сесці за стол, паглыбіцца ў падручнікі і ні на кога не зварачаць увагі. Яна выняла з шуфлядкі падручнікі, разгарнула адзін і стала чытаць,— аднымі толькі вачамі. Калі б хто запытаў, што яна чытае, дык не адказала б. Яна проста не бачыла літар, бо думала зусім пра іншае. На шчасце, яна сама гэта заўважыла і толькі цяпер убачыла, што разгарнула падручнік па геаграфіі. Ну, усё роўна — геаграфія таксама патрэбная рэч. Пазіраючы ў кніжку, яна думала, дзе зараз павінен быць настаўнік… Нешта ж яго доўга няма… Ну, што ж? Няма, няхай і зусім яго тут не будзе.

Аднак тут грукнулі дзверы з двара, а затым Ліда пачула мерны тупат ног у сенях. Яшчэ адзін момант, і парог хаты пераступіў той, каго яна чакала.

— О, якая малайчына мая Лідачка! — сказаў Лабановіч, спыніўшыся каля парога.— Падручнікаў з рук не выпускае. Ну, дзень добры, Лідачка!

Настаўнік падышоў да стала і павітаўся з Лідаю за руку.

— А я вот і ведала, што вы сягоння прыйдзеце,— сказала Ліда. Ёй хацелася расказаць пра жука, што прысніўся ў гэту ноч, але стрымалася, бо ставіць у адзін рад жука і настаўніка нязручна. Настаўнік можа пакрыўдзіцца.

— А скуль жа і як ты магла ведаць, што я прыйду сягоння?

Ліда засаромелася, апусціла вочкі ўніз, а потым зірнула на настаўніка.

— Вось ведала — і ўсё,— адказала яна, не ўдаючыся ў далейшыя тлумачэнні.

— Ну, а ўчора ты думала, што я прыйду? — дапытваўся Лабановіч. «Нашто я дапытваю яе?» — прамільгнула ў яго думка.

Ліда ізноў апусціла вочы.

— Думаць думала, а чакаць не чакала,— прызналася яна і зірнула настаўніку ў вочы.

«А ўсё-такі яна слаўная»,— падумаў Лабановіч.

У хату ўвайшла Антаніна Міхайлаўна. Лагодная ўсмешка, заіграўшая на яе губах і расчыніўшая бяззубы рот, сведчыла аб тым, што Антаніна Міхайлаўна рада бачыць настаўніка, якога ўжо з тыдзень тут не было. Яна ветла паціснула яму руку. Яе цёмныя вочы засвяціліся прыязным агеньчыкам. У гэту хвіліну яна была нават прыгожаю. Антаніна Міхайлаўна прысела на зэдлік каля стала.

— А мы ўжо і засумавалі тут без вас,— пачала яна гутарку.

Ліда крыху сумелася і апусціла галоўку. Відаць, яна баялася, каб маці не сказала чаго аб іх інтымных гутарках.

— Ну, як жа вам ездзілася? — запытала Антаніна Міхайлаўна.

Пытанне было зусім простае, але не так лёгка адказаць на яго, бо за ім стаяла шмат падзей, цэлы кавалак жыцця.

— У тым-та і ўся сіла, як ездзілася,— крыху памаўчаўшы, азваўся Лабановіч. Яму трэба было выйграць некаторы час. Хоць ён, ідучы сюды, і абдумаў гутарку з Антанінай Міхайлаўнай і Лідаю, але ў іх прысутнасці падрыхтаваныя сказы былі забракованы. У словах настаўніка Антаніна Міхайлаўна адчула ноткі нейкай непрыемнасці, што здарылася з ім у дарозе.

— Ды ўжо ж расказвайце ўсё,— занепакоілася Антаніна Міхайлаўна. Ліда таксама чакала адказу.

— З’ездзіў я так, што, напэўна, праездзіў і сваю Верханскую школу, і сваю настаўніцкую службу,— сказаў Лабановіч.

Антаніна Міхайлаўна і Ліда адразу прымоўклі.

— Як жа вас разумець? — у недаўменні запытала Антаніна Міхайлаўна.— Ці вы проста жартуеце? Як жа так можна праездзіць і школу і настаўніцкую службу?

— А вось так здарылася,— адказаў Лабановіч. Хацелася сказаць усю праўду, але ён стрымаўся: у такіх справах засцярога ніколі не пашкодзіць.— Мы, маладыя настаўнікі,— казаў далей Лабановіч,— даўно збіраліся з’ехацца памеркаваць аб нашых справах, аб тым, што мы павінны рабіць… Ну, і проста, каб пабачыцца і павесяліцца.

— А хіба да гэтага часу вы не ведалі, што павінны рабіць настаўнікі? — іранічна запытала Антаніна Міхайлаўна.

— Ведалі, але не ўсе.

— Нічога не разумею,— паціснула плячамі Антаніна Міхайлаўна.— Ну, расказвайце далей.

— А далей мала чаго засталося расказваць. Нехта, відаць, данёс у паліцыю, што ў сяле Мікуцічы сабралася многа настаўнікаў, а для чаго? Усім жа цяпер вярзецца крамола. Вось уночы і завітаў да нас станавы прыстаў з ураднікам і паліцэйскімі стражнікамі. Перапісалі нас. Ды, праўду сказаць, у гэтым і патрэбы не было, бо самі мы падпісаліся… Па-сапраўднаму — нас павінны былі арыштаваць. Можа, паліцыя гэта і зрабіла б, калі б не збегся народ.— Лабановіч падумаў, ці не сказаў ён такога, чаго б не варта гаварыць.— Ну, вось і ўсё,— скончыў ён сваё кароткае апавяданне.

Антаніна Міхайлаўна выяўна спахмурнела. Ліда сядзела панурыўшыся. Маці і дачка некаторы час маўчалі. Маўчаў і іхні госць.

— I што ж цяпер будзе з вамі? — спытала Антаніна Міхайлаўна.

— Усё можа быць: са службы зволяць, могуць арыштаваць і пад суд аддаць.

Антаніна Міхайлаўна дакорліва паківала галаваю.

— I навошта ж было шукаць сабе ліха? — прамовіла яна.

— А я вам і казала, каб не ездзілі,— ціха заўважыла Ліда, не падымаючы галавы.

— Эх,— уздыхнуў Лабановіч,— каб ведаў, дзе павалішся, там саломкі падаслаў бы… Жывым жа ў зямлю не палезу. I нічога страшнага я тут не бачу. Ці мала народу сядзіць па астрогах і высылках? Ды, можа, яшчэ нічога не будзе.

Каб даць другі кірунак гутарцы, ён выняў і паказаў паперу ад дырэкцыі народных школ — падзяку за добрую падрыхтоўку вучняў да экзамену.

— Было б добра, каб добра скончылася,— недаверліва прамовіла Антаніна Міхайлаўна і цяжка ўздыхнула.

— Заўсёды трэба спадзявацца на лепшае, ды разам з тым не варта быць і занадта бестурботным,— заўважыў Лабановіч.


ХХХІІ[правіць]

Лабановіч лягчэй уздыхнуў, апынуўшыся за межамі хутарка. Але было такое адчуванне, нібы ён нешта страціў і яму чагось бракуе. Праўду сказаць, не дужа прыемна было гаварыць пра няўдалую паездку ў Мікуцічы.

Прыходзілася выкручвацца, лаўчыцца, каб расказаць усё і ў той жа час сёе-тое і змоўчаць. Інстынкт самазахавання штурхаў яго на такі шлях, бо настаўнік быў упэўнены ў тым, што так ці іначай яму прыйдзецца мець дачыненне з начальствам і даваць тлумачэнне па сутнасці захопленага прыставам пратакола, а можа, адказваць і на запытанні следчага. Гэтага не трэба забываць, да гэтага загадзя трэба рыхтавацца. У сувязі з усім гэтым прыгадвалася размова з Антанінай Міхайлаўнай і Лідаю, іхні настрой, навеяны тою гутаркаю. Ясна, што асаблівай радасці выказваць яны не будуць, пабачыўшы настаўніка ў сваёй хаце. А калі яго выдаляць са школы, дык, можа, на дзвярах іхняй хаты будзе вісець замок. Але як бы там ні было, Лабановіч цвёрда наважыўся давесці да канца справу з падрыхтоўкаю Ліды, хіба толькі яго ногі не будуць вольна хадзіць па зямлі.

Тым часам канчалася лета. Адгрымелі ліпеньскія і жнівеньскія начныя навальніцы, гучна адспяваўшы песні лету. Дзень за днём пусцелі палі. Людзі ўжо збіралі познія пасевы ярыны. Паспявала грэчка. Прасторы зямлі нібы звужваліся ў межах і таілі ў сабе нейкую неакрэсленую і невыказную сумоту. Сціхлі разнастайныя птушыныя песні. Адны толькі дружныя, вясёлыя шпакі, павыводзіўшы дзяцей, зляталіся ў велічэзныя гурты, ляталі над палямі, то збіваючыся ў густыя, чорныя кучы, то рассыпаючыся ў паветры празрыстымі сеткамі. Старыя шпакі, відавочна, практыкавалі маладых у лятанні, каб умацаваць іх крыллі перад дарогай у вырай. Тое самае рабілі і буслы. Яны то збіраліся па грудáх на лузе ў цэлыя чароды і доўга павольна пахаджалі або стаялі нерухома, нібы трымаючы нейкую нараду, то падымаліся высока ў неба і доўга-доўга кружыліся пад аблокамі, выпрабоўваючы сілу сваіх крылляў… Эх, вольныя птушкі, як не пазайздросціць вашым лёгкім і быстрым крыллям!.. Канчалася лета, замірала прырода, затухалі яркія агні ясных праменняў сонца. Лёгкаю, цёплаю смугою, нібы сумам, засцілаліся ціхія далечы з іх лясамі і сіняватымі кудзеркамі далёкіх гаёў і пералескаў.

Заспакойваліся і ваколіцы Верханя. Нават пісар Васількевіч, як заўважыў Лабановіч, угамаваўся і паспакайнеў. Да яго вярнулася жонка. Пісар спецыяльна ездзіў да яе і ўпрашаў вярнуцца. Ён перастаў піць гарэлку і бушаваць. Быць можа, змене ў паводзінах пісара спрыяла тое, што неўзабаве мелася адбыцца рэвізія валаснога праўлення, аб чым даведаўся ён ад сваіх людзей з канцылярыі земскага начальніка.

Як бы там ні было, але пісар нібы стаўся зусім іншым чалавекам, калі да яго зайшоў Лабановіч атрымаць пад распіску пакет.

Васількевіч важна сядзеў у канцылярыі за доўгім сталом, засланым сінім сукном і заваленым рознымі справамі ў папках. Васіль Міронавіч нібы крыху змізарнеў у твары — з яго сышла тая азызласць, што бывае ў людзей пасля працяглага і шчырага прыпадання да бога Бахуса. Угледзеўшы настаўніка на парозе канцылярыі, пісар прыўзняўся ў крэсле, працягнуў суседу руку, як добры знаёмы, як прыяцель. Паказаўшы рукою на крэсла каля стала супраць свае асобы, ён ветла прамовіў:

— Прашу садзіцца.

— Дзякую, Васіль Міронавіч! — кіўнуў Лабановіч галавою ў бок пісара.

— Ну, як жывяце? Што добранькага ў вас? — жычліва распытваў пісар.

«Які ж гэта лось у лесе паваліўся, што ты рассыпаешся такім дробным макам? Ці, можа, мне пашчасціла?» — падумаў Лабановіч і навастрыў вуха.

— Ды так сабе, нічога, Васіль Міронавіч. Дзякую за ўвагу,— адказаў ён.

— Можа, ваша школа мае якія-небудзь прэтэнзіі да валаснога праўлення? — у тым жа тоне спрыяння распытваў далей пісар.

Лабановіч ускінуў плечы, як бы кажучы гэтым, што ніякіх такіх прэтэнзій школа не мае — ні да пісара, ні да воласці.

— Што належыць школе ад воласці, тое выпаўняецца,— адказаў настаўнік.

— Ну, то і добра, дужа рады, што і вы і ваша школа не ў крыўдзе на воласць,— сказаў пісар. На гэтым ён скончыў свае папярэднія цырымоніі і перайшоў да справы.

— Прабачайце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Вось ён. Прашу распісацца ў атрыманні.

Пісар палажыў на стол пакет. Лабановіч распісаўся ў кнізе «входящих».

Як відаць, пісара забірала цікавасць, што ж гэта за пакет, які трэба аддаваць пад распіску. А можа, яму было вядома, што там напісана, і Васількевіч толькі прыкідваўся, што нічога не ведае, каб паздзекавацца з настаўніка.

— Напэўна, дырэкцыя прадстаўляе вас да ўзнагароды? — не ўцерпеў пісар.

У гэтым запытанні настаўніку пачулася насмешка.

— А за што мяне ўзнагароджваць? Мікаду я ўзяў у палон, ці што?

— Як за што? — спакойна сказаў пісар.— Была ж вам падзяка за дасканалую падрыхтоўку вучняў да экзамену.

— Ну, мала там што: то быў адзін час, а цяпер іншы. Была, скажам, Дзяржаўная дума, а зараз яе няма. У сувязі з гэтым і ў начальства могуць быць іншыя настроі… А ўрэшце, каб не хадзіць упоцемку, паглядзім у пакет.

Не спяшаючыся, Лабановіч ускрыў пакет, прабег вачамі па напісанаму на машынцы. Тэкст быў невялічкі, некалькі радкоў.

«Настаўніку Верханскай школы такому-та.

Педагагічны савет дырэкцыі народных вучылішчаў Мінскай губерні пастанавіў — зволіць вас з настаўніцкай пасады ў Верханскім народным вучылішчы з 1-га верасня гэтага 1906 г.».

Пад паведамленнем стаяў уласнаручны подпіс дырэктара, стацкага саветніка Акаронкі, і выкрунтасісты роспіс дзелавода Давідзіка. Пакуль настаўнік чытаў, пісар пільна сачыў за выразам яго твару. Але ніводзін мускул на твары Лабановіча не зварухнуўся. Настаўнік яшчэ раз акінуў вачамі бланк. Усё было на сваім месцы: тры літары М. Н. П.— міністэрства народнага прасвяшчэння, подпісы Акаронкі і Давідзіка і пячаць ніжэй подпісаў.

Лабановіч перадаў паперу пісару:

— Пацікаўцеся.

Пісар прачытаў яе, здзіўлена зірнуў на настаўніка і доўга моўчкі пазіраў яму ў вочы.

— Вас звальняюць з настаўніцкай пасады? — ціха і працягла запытаў ён і яшчэ раз прачытаў паперу.

— Ну, вось вам і прадставілі да ўзнагароды,— з адценнем крыўды прамовіў настаўнік.

— Ды паслухайце ж, за што?

Быць можа, у пісара былі свае грахі перад начальствам, і яго так уразіла вестка аб тым, што настаўнік звальняецца са школы, ва ўсякім разе фальшу і здзеку з суседа ў голасе Васількевіча не было, і для яго гэта вестка была нечаканасцю.

— Якая ж прычына? — дапытваўся пісар.— Прычына тут не ўказана.

— Відаць, прыгадалі мне мае ранейшыя грахі,— адказаў Лабановіч. Расказваць пра настаўніцкі з’езд ён лічыў непатрэбным.

Развітаўшыся з пісарам, Лабановіч накіраваўся ў школу, якая цяпер была ўжо не для яго.


XXXIII[правіць]

Яшчэ раз, ужо дома ў сваім пакоіку, прачытаў Лабановіч невясёлае паведамленне дырэкцыі. Цяпер ён пераканаўся, што ўяўляць сабе няўхільную падзею — адно, а сама гэтая падзея, калі яна становіцца адбытым фактам, нешта зусім іншае… Дык так: ён без службы, ён безработны. I ніякіх ілюзій болей няма! Праведзен рубеж, які аддзяляе ад таго, што было, і якога не пяройдзеш.

Настаўнік азірнуўся навокал. Вось яго кватэра, праўдзівей, яго былая кватэра, сталовая і разам кабінет з трыма вокнамі і спальня за перагародкаю з адным акенцам. Ужо болей як паўгода Лабановіч жыў у гэтай кватэры і не заўважаў яе, а зараз яна ўстала перад ім у іншым асвятленні і ва ўсёй сваёй убогай, але дарагой паўнаце. Цэлы рой думак і вобразаў замітусіўся ў галаве настаўніка. Чамусь прыгадаўся той дзень, калі ён першы раз апынуўся тут і пабачыў запушчаную, брудную школу, Срэтун-Сурчыка ў пасцелі, спатканне з ім. Прыгадалася і дарога, і фурман дзядзька Кудрык, і шалёная завея, калі вецер злосна біў аканіцамі ў сцены. Здаецца, было гэта даўно-даўно, як далёкі сон, паспеўшы выліняць у памяці. За некалькі кароткіх хвілінак прамільгнула ў мыслях усё, што было звязана з настаўніцкаю работаю, і ўсе тыя этапы, што былі пройдзены за чатыры гады: Цельшына, Выганы. Усё гэта засталося ззаду, уплыло ўдалечыню.

Бабка Параска ціхенька адчыніла дзверы. Убачыўшы Лабановіча ў глыбокай задумлёнасці, яна спынілася, не пераступаючы парог, а потым ціхенька падалася назад, каб не перашкаджаць настаўніку думаць. А ён нават і не заўважыў, як бабка прыходзіла і як знікла за дзвярамі.

Увайшла яна ізноў, трохі счакаўшы, калі пачула крокі ў пакоіку. Настаўнік ветла сустрэў яе, сагнаўшы з твару адбітак засмучэння.

— Заходзь, бабка Параска! Даўно ўжо мы не гутарылі і на картах не варажылі. Сядай, бабка: большага друга, як ты, у мяне тут нікога няма.

Бабка Параска цяжка ўздыхнула і прысела на дзервяную канапку каля стала.

— Што ты, бабка, зажурылася?

— Калі вам нявесела, дык і мне нявесела,— адказала бабка.

— А чаму ты думаеш, што мне нявесела?

— Па вас бачу, галубок. Ведаю, што вам цяжка на душы, але вы пра гэта не гаворыце. Не такі вы былі раней,— уздыхала бабка.— Цяпер вы і жартуеце і смеяцеся, а сэрца ваша не смяецца і не жартуе. Ці ж я не бачу?

— Эх, бабка, ты шмат чаго бачыш, але шмат чаго не ведаеш.

Бабка, здавалася, не слухала, што гаварыў настаўнік. Яна сядзела, нізка апусціўшы галаву, паглыбіўшыся ў свае думкі. А потым ускінула вочы на настаўніка і паставіла пытанне рубам:

— Скажыце, панічок, праўду: якая бяда напаткала вас?

Для настаўніка гэта запытанне было нечаканым. Ён паўглядаўся ў засмучаны дробны твар бабкі, спаласованы маршчынамі.

— Добрае ў цябе сэрца, бабка Параска. Бачу, што ты мяне шкадуеш, як родная маці. А шкадаваць мяне няма чаго. Уся ж мая бяда, як ты кажаш, змешчана вось у гэтай невялічкай пісульцы,— Лабановіч паказаў паперку ад дырэкцыі народных школ.— Разлучае мяне з табою і з гэтаю школаю «высокае начальства», бабка Параска. Памятаеш, як ты варажыла мне на картах? «Высокае начальства» спачатку прыслала мне падзяку, што добра вучыў дзяцей у школе, а цяпер кажа: «Выбірайся вон!»

Бабка ў зняменні пазірала на настаўніка. Здавалася, што сэнс настаўнікавых слоў не даходзіў да яе свядомасці. Але яна адчула ў іх горкую праўду.

— Як жа гэта так? — узрушылася бабка.— За што такая няласка, такое пакаранне? Што благога вы зрабілі?

— Вось у тым-та, бабка, і ўся сіла, што гэта благое розныя людзі разумеюць па-рознаму. Адны, дармаеды, благім лічаць тое, што простыя, бедныя людзі, прыдушаныя падаткамі, голадам, бяспраўем, не хочуць мірыцца і дабіваюцца праўды, гатовыя бунтавацца супраць несправядлівага ладу.

— Ох, панічок, не яны заводзілі гэты лад, і не ім разбурыць яго,— тонам безнадзейнасці азвалася бабка.— Ды не мне вучыць вас, панічок. Пэўна ж, вы болей ведаеце за мяне, але вось вы пайшлі супраць несправядлівага ладу, а вам узялі ды ад службы адмовілі.— Яна апусціла нізка галаву і стала хвартухом выціраць слёзы.

Лабановіч падышоў да бабкі Параскі і лёгенька пастукаў яе па плячы.

— Не плач і не гаруй, бабка. Пабачым яшчэ, на чыім баку верх будзе. Мы яшчэ паваюем. А ты ж, бабка, як жыла, дык і будзеш жыць.

Бабка выцерла хвартухом заплаканыя вочы і нос ды моўчкі пасунулася ў бакавушку, каб там паплакаць па сваім «манашку». А можа, яна хацела ў самоце паваражыць на картах, каб дазнацца аб далейшым лёсе настаўніка. Лабановіч у гэты час наважыўся схадзіць да папа.

Айцец Уладзімер сядзеў у садзе, у альтанцы. З ім быў Віктар і незнаёмы малады чалавек, смуглявы, мускулісты, нібы высечаны з каменю. Каля альтанкі стаяў круглы стол, а вакол яго шырокія лаўкі. Лабановіч акінуў іх вокам. Яму прыйшла ў галаву дураслівая думка пераскочыць цераз стол і лаўкі. «Спрабую»,— сказаў ён сам сабе і, ні з кім не павітаўшыся, разагнаўся і перамахнуў.

— Глядзіце, што з яго выходзіць! — пахвальна адгукнуўся а. Уладзімер і дадаў: — Ды ў цябе бес гадарынскі ўсяліўся!

— Брава, брава, настаўнік! Больш за сажань у паветры ляцеў,— азваўся і Віктар.

Смуглявы малады чалавек толькі ўсміхнуўся і аклікнуўся адным словам:

— Здорава!

Лабановіч пазнаёміўся з ім. Яго прозвішча было Дзячэнка. Прыехаў ён да Віктара як да свайго прыяцеля пагасцяваць. Была тут і іншая прычына. Дзячэнка быў начальнікам баявой эсэраўскай дружыны ў адным з украінскіх гарадоў на Дняпры. Паліцыя напала на след і шукала яго. Каб збіць паліцыю з тропу, Дзячэнка ў змове са сваімі сябрамі разыграў камедыю самагубства. У адной тагачаснай газеце з’явілася пісьмо прыблізна такога зместу:

"На дняпроўскай кручы ў раёне г. К. знойдзена запіска невядомага чалавека, які назваў сябе Аўгені Дзячэнка. У запісцы значылася: «Усё абрыдла. Не бачу ніякага сэнсу цягнуць далей лямку, якая завецца жыццём. У маёй смерці нікога не вінавачу. Прымі ж, родны Дняпро, у сваё прадонне незадачлівага твайго сына».

Напісаўшы такую запіску, Дзячэнка прыехаў у Верхань да Віктара і жывіўся ад дароў а. Уладзімера.

Айцец Уладзімер быў у меру выпіўшы і ў добрым гуморы.

— Ты што ж гэта так расскакаўся. Скуль у цябе гэты цялячы настрой? — запытаў ён Лабановіча.

— Эх, бацька Уладзімер: скачуць не толькі з радасці, але і з гора,— заўважыў настаўнік.

— Чуў, чуў, дружа… Эх, вы, мала сабе пад ногі гледзіце, вось і спатыкаецеся,— паўшчуваў баця Лабановіча, а ў яго асобе і ўсіх неасцярожных маладых людзей. Потым запытаў: — Што ж цяпер рабіць будзеш?

— Падумаю, разгледжуся.

— Не прападзе! — упэўнена буркнуў Дзячэнка.

— Ведаеш, што я табе скажу,— гаварыў далей баця не то сур’ёзна, не то жартліва.— Падавайся ў папы. Вось тут у маім прыходзе і аставайся. Будзем удвух Бога хваліць і капейку заганяць, і ніякі нам чорт не брат.

— Кепскі з мяне божы служка,— жартам адказаў Лабановіч.

— Вельмі добрым і не трэба быць. Не дужа ўдавайся ў святасць, бо лішняга і свінні не ядуць, але і лайдаком празмерным не трэба быць, а так сабе: сярэдзінка на палавінку. А ўрэшце як сабе хочаш,— заключыў баця, махнуў рукою, падняўся і пасунуўся ў папоўскія харомы.

— А вам трэба звязацца з партыяй сапраўдных рэвалюцыянераў,— сказаў Лабановічу Дзячэнка,— і стаць членам партыі. Партыя паможа вам у многім. У яе ёсць сувязі, праз яе можна і работу знайсці.

— А ў якую партыю вы мне раіце пайсці? — спытаў Лабановіч.

— У партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Яна, як ніякая іншая партыя, выражае інтарэсы сялянства.

Лабановіч усміхнуўся:

— Кепскі быў бы той сват, які не пахваліў бы сваю маладую. Ну, што ж? Паглядзім ды паслухаем, як яно што. А за добрыя словы — дзякую.


XXXIV[правіць]

Лабановіч ужо звыкся з думкаю, што ён — адрэзаная скіба ад школы, што хлеб трэба здабываць нейкім іншым спосабам. Ды галавы ён не вешаў. Няўжо ж у гэтым вялікім і шырокім свеце не знойдзецца прытулку для адзінокага чалавека, пакуль ён вольны і нічым не звязаны? Абнадзеіў яго і Дзячэнка, калі раіў шчыльней звязацца з партыяй рэвалюцыянераў, дзе можна мець падтрыманне. Справа толькі ў тым, якую выбраць партыю, каб яна цалкам задаволіла ўсе твае запатрабаванні. А з гэтага выходзіла, што, перш чым звязаць сябе з той ці іншай партыяй, трэба ўважліва прыгледзецца, каб правільна выбраць дарогу. А пакуль што важна адно: не застойвацца на месцы, ні ў якім разе не апускацца ўніз, а ісці наперад, насустрач жыццю і не загубіцца ў ім. У жыцці ж прыгод многа, яно багатае рознымі падзеямі, за якімі расчыняецца нязведаны і нябачаны свет.

У гэты час Лабановічу ўпадабалася бадзянне без рэальнай мэты. Гэтае пачуццё падагрэў прыяцель Янка Тукала. Сягоння Лабановіч атрымаў ад яго пісьмо. Янку таксама зволілі з настаўніцтва, але і ён не сумаваў і бадзёра пазіраў наперад. У пісьме ён прыслаў такі верш:


Глупец! где посох твой дорожный?

Бери его, пускайся в путь!

Пойдешь ли ты через пустыни,

Иль в город пышный и большой,

Не оскверняй ничьей святыни,

Нигде приют себе не строй.


Верш гэты адпавядаў настроям маладых настаўнікаў і захапляў іх сваёю рамантычнаю туманнасцю.

Тым часам надыходзіла восень. Не за гарамі быў і верасень, калі настаўнікі збіраліся пасля канікул у свае школы, як птушкі ў вырай. Толькі яму, Лабановічу, зачынены дарогі ў гэты вырай. Час падумаць аб здачы школы — воласці або непасрэдна свайму заступніку, які мог з’явіцца тут кожны дзень, а самому выбірацца за добрае надвор’е.

Вярнуўшыся аднойчы са сваіх нядоўгіх вандровак па ваколіцах Верханя, Лабановіч сустрэўся з Іванам Анцыпікам. Ён за лета паружавеў, загарэў і нагуляў сабе трохі жырку. Рыжаватыя, невялікія яго вусікі падраслі, і ён часта разгладжваў іх пальцамі. Гэтая аздоба ў вачах Лабановіча рабіла Анцыпіка падобным да гогалеўскага вінакура: вусы былі такія, што здавалася, нібы ўладар іх трымаў у зубах мыш. Анцыпік меў выгляд чалавека, задаволенага сабою, сваім жыццём і сваімі далейшымі планамі. Ён ужо ведаў, якое ліха напаткала яго калегу.

«Вось як дарэчы прыехаў: не будзе клопату са здачаю школы!» — узрадаваўся Лабановіч.

У засмучэнні, як і належыць у такім выпадку, і ў тоне спачування Анцыпік сказаў:

— Сумныя навіны, нядобрыя справы, Андрэй.

Анцыпік меў на ўвазе звальненне Лабановіча.

— А што здарылася, Іване? — прыкінуўся Лабановіч.

— Са мною нічога не здарылася,— зашчоўкаў Анцыпік.— Наадварот, я атрымаў назначэнне ў лепшую школу, у Клінкі. А вось ты… падгуляў ты, брат. А-я-яй! — з дакорам і са спачуваннем паківаў галавою Анцыпік.— Чыя ж праўда? — з выглядам пераможцы запытаў ён і дадаў: — Лезці на ражон нікому не рэкамендуецца. Не чапай нічога, не бойся нікога. Сядзі ціха, не чапай ліха.

— Ведаеш, Іване, расчараваў ты мяне ўшчэнт: я ж думаў, што ты застаешся тут і я здам табе школу, каб не вазіцца з рознымі людзьмі… Ну, але раз так, дык так. Пажадаю табе не ўступаць у канфлікты на новым месцы са станавым прыставам. А што да праўды, дык наўперад выведзем куранят, а палічым іх увосень.

Анцыпік чмыхнуў у нос і шчоўкнуў.

— Не ведаю, што ты будзеш лічыць,— з насмешкаю сказаў ён.

Самазадаволены Анцыпік выяўна адчуваў зараз сваю перавагу над выгнаным са школы Лабановічам.

Яны разышліся. I ніколі больш нічога не чуў аб ім Лабановіч у далейшым.

Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. А здай школу, і гэтай падставы, няхай сабе ілюзорнай, не будзе. Вось чаму здачу ён адкладаў да апошняга часу. Трохі затрымлівала яго тут і Ліда, бо трэба ж было закончыць справу з яе паступленнем у новую школу. Не хацелася таксама і разлучацца з дзяўчынкай, да якой ён прывык, а можа быць, і болей, чым прывык, хоць у гэтым ён і сам сабе не хацеў прызнацца. Апроч таго, ён не ашукваў сябе і не цешыў ніякімі ілюзіямі ў дачыненні да Ліды, бо ведаў, што калі ён выедзе, дык болей з ёю не сустрэнецца. Дый нашто? Яна яшчэ толькі-толькі распускаецца ў прыгожую кветку, з мілага нявіннага падлетка перараджаецца ў маладую дзяўчыну, якая потым на яго, бяздомніка, можа, і глядзець не захоча. Не дужа прыемна было думаць аб гэтым. Ды Ліда ўсё ж такі стаяла ў яго вачах.

Ужо некалькі дзён не хадзіў ён да свае вучнёўкі. А яны там яшчэ не ведаюць, што ён ужо не настаўнік Верханскай школы і наогул не настаўнік. Але гэтага не ўтоіш. I які сэнс таіцца?

Настаўнік, узяўшы кій, сябра свайго вандравання, накіраваўся на хутар Антаніны Міхайлаўны. Быць можа, гэта апошняя вандроўка туды.

Вясёлая, бестурботная Ліда гуляла на сваім дворыку, ганялася за кацяняткам, лавіла яго, туліла да шчакі, штось ласкавае гаварыла яму і цалавала. Маленькі каток, як толькі Ліда пускала яго на дол, задзіраў хвосцік і кідаўся бегчы. Тады Ліда ізноў гналася за ім. Каток хаваўся пад жэрдачкаю плота і перабягаў за плот. Лёгка, як дзікая козачка, Ліда пераскоквала праз плот, каб злавіць хітрага катка.

Лабановіч стаіўся ў сукромным куточку, адкуль яго не відаць было, і цешыўся гульнёю Ліды з дураслівым катком. Ніколі не бачыў ён яе такой жвавай, такой вясёлай, лёгкай і спрытнай і па-дзіцячы бестурботнай, і ніколі не здавалася яна яму такой мілай і чароўнай. Некалькі хвілін любаваўся ён Лідачкаю, стаяў, не варушачыся, каб не заўважыла яна, што на яе глядзяць і цешацца, гледзячы. Катку, як відаць, надакучыла гульня, і ён, выгнуўшы спіну дужкаю і задраўшы хвосцік, стралою памчаўся да хаты і схаваўся пад ганкам. I Ліда таксама палічыла, што хопіць гэтай забаўкі, бо ёсць у яе болей важныя справы. Уся бестурботнасць і дураслівасць сышлі з яе твару. Яна адразу змянілася, пасталела, як дарослая жанчына, у якой ёсць куды болей важныя інтарэсы, чым гульня з кацяняткам. Адкінуўшы з ілба назад цёмна-каштанавыя пасмы густых хвалістых валасоў, яна азірнулася ў бок дарожкі, што ішла з бальшака — наезджанай дарогі на станцыю, да іхняга хутара. Тут звычайна хадзіў Лабановіч. Лідзе прыходзілася глядзець супраць сонца, і яна зрабіла сабе шчыток рукою, каб засланіць вочы. Гэта вельмі ўзрушыла Лабановіча: ці не яго выглядае Ліда? Але Лабановіча не было на дарозе: ён стаяў тут, непадалёку, і ўсё гэта бачыў, сам застаючыся незаўважаным.

Ліда, як сталая жанчына, павольна накіравалася да хаты, на ганак, пад якім схаваўся каток. Лабановіч пастаяў яшчэ некалькі хвілін, абышоў будыніну, каля якой туляўся, і не спяшаючыся пайшоў у двор.

Антаніна Міхайлаўна і Ліда былі ў хаце. Яны ветліва і гасцінна сустрэлі настаўніка.

— Расказвайце, што добрага чуваць,— звярнулася Антаніна Міхайлаўна.

— Як вам сказаць? Добрага нічога,— адказаў ён.— Ды гэта ўсё глупства. Не было б толькі горшага.

— Дык расказвайце ўсё,— не адступалася Антаніна Міхайлаўна.

— Многа і расказваць няма чаго: выгналі мяне са школы, вось і ўсё. I цяпер я магу сказаць: «Чист кругом я, лёгок и никому не нужен»,— дадаў ён, прыгадаўшы сказ, калісь прадыктаваны ў пачатковай школе яго былым настаўнікам.

— Вас зволілі з настаўніцтва? — са здзіўленнем перапытала Антаніна Міхайлаўна. У яе голасе нават чулася нотка суму і спачування.— Ну, і што ж з вамі будзе?

— А што ж будзе? Вазьму лахі пад пахі — маёмасць мая невялікая — ды пайду шукаць шчасця па свеце. Дзе-небудзь прыпынюся. Ёсць такая прыказка: «Адзін Сцяпан — заўсёды пан, а калі і нястача, дзіця не плача»,— бойка адказаў настаўнік.

Некалькі хвілін у хаце было ціха, нібы яна была пустая. Што адчувала Ліда, Лабановіч не ведаў. Здавалася, што ўсё гэта яе мала кратала. Цішыню парушыла Антаніна Міхайлаўна.

— Ну, а як жа будзе з маёю Лідаю? — запытала яна і дадала: — Збілі вы яе з тропу.

Словы Антаніны Міхайлаўны балюча адгукнуліся ў сэрцы Лабановіча. Чым жа ён збіў Лідачку з тропу? Няўжо тым, што хацеў вывесці яе ў людзі? Не зводзіў яе, залатых гор не абяцаў.

— З Лідаю вось што будзе,— сказаў Лабановіч.— Сягоння напішам прашэнне начальніцы Мінскай гарадской школы. Праз тыдні два там пачнуцца экзамены. Ліда паедзе і будзе экзаменавацца. Для гэтай школы яна падрыхтавана болей чым трэба.

— Не паеду я трымаць экзамены,— забунтавала Ліда.

— Чаму? — запытаў Лабановіч.

Ліда адказала:

— Не хачу паступаць туды. Я буду лепей тэлеграфісткай.

Як відаць, яна гутарыла аб гэтым з маткаю, а можа, маці і навяла яе на такія думкі. Але прашэнне Ліда ўсё ж такі напісала.

На развітанні, пакідаючы дом і хутар Антаніны Міхайлаўны, Лабановіч запытаў Ліду:

— Мілая Лідачка, калі я прышлю табе пісьмо, дык ці будзеш ты пісаць мне?

Ліда апусціла вочкі.

— Можа, і напішу,— ціха прамовіла яна, а потым у сваю чаргу запытала: — А што я буду пісаць? Дый нашто гэта?

Развіталіся даволі суха.

«Не быў бы я зволены, яна так не сказала б мне»,— падумаў Лабановіч, ідучы ў Верхань. Потым сказаў сам сабе: «Сягоння ж здам пісару школу. Няма больш ніякай патрэбы заставацца тут».


XXXV[правіць]

«Ну, што ж? — думаў Лабановіч.— Апошнія мае часіны тут. Школу здаў, і зараз я чужы ў ёй. Рубеж праведзены. Цяпер я — вольны казак, покі яшчэ не падрэзаны крыллі». На памяць прыйшлі радкі верша Мельшына (Якубовіча):


В колосьях желтеющих нив утопая,

По узкой меже, сквозь редеющий мрак,

В убогой сермяге, кряхтя и вздыхая,

Проходит свободный батрак.


Такім «свабодным» батраком уяўляўся сабе адстаўны настаўнік Верханскай школы.

Усе гэтыя дні бабка Параска хадзіла невясёлая і часта плакала. Калі ж яна даведалася аб здачы школы, жалю яе не было канца, бо ўжо болей не заставалася ніякай надзеі, што настаўнік, можа, яшчэ застанецца.

— Ты, бабка, так плачаш па мне, нібы я — нябожчык, а я жывы і жывучы.

— Ох, галубок мой! — бабка Параска выцерла слёзы.— Шкада ж мне вас. Здаецца, і роднага сына не было б так шкада, як вас.

— Добрая ты, слаўная ты, бабка Параска, і я буду памятаць цябе, як сын. Развяселься ж і не плач па жывым чалавеку.

Але бабка заплакала яшчэ мацней і, выціраючы слёзы, запытала:

— Калі ж думаеце пакідаць нас?

— Доўга заставацца тут мне цяпер ужо не выпадае. Той жа пісар, якому я здаў школу, можа сказаць: са школы зволены, школу здаў, дык будзь ласкаў выбірацца. Значыцца, трэба збірацца і падавацца ў свет. А свет вялікі і прастору ў ім многа.

Бабка Параска цяжка ўздыхнула і выйшла з пакоіка. Не сядзелася ў ім і Лабановічу. Перад тым як пакінуць сваё трэцяе і апошняе настаўніцкае месца, яму захацелася яшчэ раз абысці ўсе тыя дарогі і сцежкі, дзе не адзін раз вандраваў ён у вольныя хвіліны. Такія вандроўкі шмат прыносілі яму радасці і задавалення, і многія мясцінкі ў ваколіцах Верханя сталіся блізкімі і дарагімі. Не раз паўставалі і не раз паўстануць яны ў вачах Лабановіча, вабячы да сябе, як самыя прыязныя сябры. Дык як жа не развітацца з імі?

Лабановіч узяў кій, выйшаў на высокі ганак. Без усякага разважання і пэўнага плана накіраваўся ён улева, на шырокую дарогу, што ішла міма воласці і царквы ў зялёным вянку бяроз, і ў ціхім задуменні падаўся ў бок лесу. Калі б хто запытаў у гэту хвіліну, аб чым ён думае, ён, напэўна, не даў бы адказу. Апамятаўся ён толькі тады, калі апынуўся на могілках. Выходзячы з дому, каб развітацца з верханскімі ваколіцамі, ён зусім не думаў заходзіць туды.

«Як жа я папаў сюды і чаму? — здзівіўся Лабановіч.— Якая прычына прывяла на могілкі? Могілкі — сімвал канца чалавечага існавання. Канец — простае слова, а заключае ў сабе багаты змест: часамі чалавек рады яму, а часамі канец набывае характар трагізму».

Вось і для яго, Лабановіча, настаў канец настаўніцтва і побыту ў Верхані. Але ён прыгадаў тое здарэнне на могілках — спатканне незнаёмых людзей, мужчыны з жанчынаю. Як высветлілася потым, гэта былі памочнік пісара Лапіцкі і пісарава швагерка, якая хутка пасля таго выехала адсюль.

На могілках было ціха, глуха і маркотна. Лабановіч павольна пасунуўся знаёмаю дарожкаю да знаёмага ўжо вала. Кусты, запаўшыя ў памяць настаўніка, страцілі сакаўную зеляніну, красу свае маладосці. Сям-там калыхалася на іх пажоўклае лісце, і ў павяўшай траве валялася яго нямала. Прадвосеньскі час накладаў адбітак засмучэння на ўсё, куды ні глянеш. Нават неспакойны вецер і той гаманіў на сумны лад, прыпадаючы да зямлі, нібы для таго, каб падслухаць яе нямоўчныя песні. Эх, песні, адвечныя песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон?

Лабановіч спыніўся і акінуў вачамі могілкі — як бы для таго, каб запамятаць іх назаўсёды. Струхлелыя драўляныя крыжы, пахіленыя над зямлёю, сівыя купінкі моху на іх, надмагільныя пліты, уросшыя ў дол,— як усё тут закінута, забыта і запушчана, як усё гэта ўбога і журботна! Настаўніку зрабілася так нявесела і сумна, што заставацца тут далей было цяжка. Ён пакіраваўся назад на дарогу, яшчэ раз азірнуўся.

«Напэўна, не пабачу вас болей ніколі. Ну, бывайце!» — сказаў у думках на развітанне.

З могілак Лабановіч падаўся ў бок лесу. Ускрайкам, не спяшаючыся, пакіраваўся на Тумель, дзе быў ставок і старасвецкі двухпавярховы млын. Гэта было ўлюбёнае месца, куды часта хадзіў Лабановіч у вольныя хвіліны на пагулянку. Прыйшоўшы сюды, ён запыніўся. Цэлая чарада ўспамінаў паўстала прад ім. Прыгадаўся той дзень, калі ранічкаю ехаў ён праз грэбельку каля млына са сваімі вучнямі на экзамены. Дарога зараз жа, мінуўшы грэблю, уваходзіла ў лес. З краю на лясных прагалах стаялі маладыя бярозкі, толькі-толькі выпускаючы маладзенькія пахучыя лісточкі і прыдаючы лесу асаблівую чароўнасць. Здавалася тады, што стары, пануры лес наўмысня развесіў тонкую празрыстую покрыўку, сатканую сонцам і зямлёю з тысячы тысяч маладых, кволых бледна-зялёных лісточкаў бярэзін і кустоў, росшых на ўскрайку лесу, каб упрыгожыць сябе гэтымі дарамі вясны і прыкрыць сваю панурасць. Іншыя мыслі і іншы настрой былі тады ў настаўніка, што зараз прыйшоў сюды ўжо на парозе восені, каб апошні раз азірнуць усе гэтыя мясціны, так глыбока асеўшыя ў памяці, і таксама сказаць ім: «Бывайце!»

Стары млын стаяў нерухома. Не было каля яго ні людзей, ні фурманак. Не рухалася і велічэзнае, многаступянёвае кола, ажыўляўшае млын і ўвесь яго нескладаны механізм. Толькі дзесь з непрыметнай шчылінкі прабіваўся струменьчык вады і аднастайным цурчаннем парушаў спакой анямеўшай будыніны. 3-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы далей тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Зараз жа за млыном яна апісвала прыгожую дужку, падаючыся наўперад управа, а потым, забіраючы ў бок поля, хавалася пад навіссю старых вербаў, што схіліліся над вадою, і затым зусім знікала з вачэй. I рэчка і крывыя вербы над ёю яшчэ болей падкрэслівалі спакой і цішыню аднаго з закінутых і малавядомых утульных куткоў старажытнай Беларусі.

Лабановіч доўга пазіраў на рэчку. У памяці ўсплывалі падобныя ж блізкія і дарагія сэрцу малюнкі, якія даводзілася яму сустракаць не адзін раз. А колькі ёсць малюнкаў, яшчэ не бачаных ні разу! I колькі ў іх прывабнага, заспакойваючага душу хараства! Дык наперад, брат, наперад! Пракладай сабе дарогу ў жыццё, не зважаючы ні на якія нягоды, дарогу прасторную, ясную, з бясконцымі краявідамі і далячынямі і склікай народ на гэту прасторную дарогу!

Увесь панылы настрой, пад уплывам якога быў нядаўна Лабановіч, развеяўся, як ранішні туман перад гарачым летнім днём. Ён адчуў прыліў бадзёрасці, новай сілы, жаданне змагацца за сваё месца ў жыцці і за ўсіх добрых людзей, пакрыўджаных нядоляй і рознаю злыбедаю, што загароджвае ім дарогі. Чаго ж сумаваць? На каго спадзявацца?.. Заставайцеся ж тут шчаслівыя, мае мілыя вербачкі, і ты, неўгамонная рэчка! У другім месцы сустрэнуся з такімі ж дарагімі, як і вы.

Апошні раз акінуў Лабановіч вачамі ўсе ваколіцы. Зірнуў і на той узвышак, адкуль першы раз уявіўся яму прывідны замак, на сяло, што выцягнулася ў адну доўгую стракатую істужку, з убогімі загарадкамі каля запушчаных будынкаў, на двор а. Уладзімера, на царкву з процілеглага боку і непадалёку ад яе будынкі валаснога праўлення і школы. Вось ён, увесь Верхань перад ім і ўсе яго ваколіцы…

Той самы дзядзька Нічыпар Кудрык, што зімою прывозіў Лабановіча, цяпер вёз яго на станцыю з тымі ж двума невялікімі чамаданамі, дзе быў зложан увесь незамыславаты скарб настаўніка. У вачах Лабановіча яшчэ стаяў заплаканы твар бабкі Параскі і ўся яна, такая жычлівая і добрая, нізенькая, сухенькая, маршчыністая. Мімаволі прыгадаўся выезд з Цельшына, Ядвіся, з-за якой ён і пакідаў сваё першае настаўніцкае месца, шыракаплечы дзядзька Раман і яго апавяданне аб Яшуковай гары.

«Адзін раздзел кнігі прачытан і загортваецца»,— думаў Лабановіч, пакідаючы Цельшына. А зараз прачытан і другі раздзел яшчэ далёка не дачытанай да канца кнігі.


Частка другая — На крыжовых дарогах[правіць]

Колісь, яшчэ ў дні юнацтва, мяне зачароўвалі прасторы зямлі з іх шматлікімі гаманкімі дарогамі, шырокімі і вузкімі, роўнымі і крывымі, наабапал якіх сям-там вынікалі купчастыя ліпы, стромкія таполі або старыя кучаравыя хвоі. Мяне вабілі неакрэсленыя далечы, маўклівыя і мудрыя ў сваёй задумлёнасці, з іх узгоркамі, далінамі і крыніцамі, з тонкімі палоскамі лясоў на небасхіле, дзе зямля нібы сходзіцца з небам. I ўсё гэта прыкрывалася празрыстаю заслонаю сіняватай смугі.

Што хаваецца за заслонаю сінечы-смугі? Якія праявы, якія людзі сустрэнуцца мне на шляху вандравання? Праз якія абшары зямлі пройдуць пуцявінкі і куды яны прывядуць?

Нічога цікавейшага на свеце не было тады для мяне, як прыўзняць заслону сінечы і зазірнуць за яе рубяжы. Там, думалася, я знайду ўсе адказы на пытанні, пазнаю таямніцы жыцця. Жыццё ж такое складанае і так многа ў ім нечаканасцей, крутых паваротак, што неспакушанаму юнаку цяжка было разабрацца ва ўсіх разнастайных праявах і ацаніць іх так, як яны таго заслугоўвалі. Вось чаму так радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае.

З таго часу шмат прайшло гадоў. Многа дарог перамералі мае ногі. Розныя людзі сустракаліся ў маім вандроўніцтве. Шмат хто з іх стаўся мне блізкім і дарагім, і шмат каго з іх сягоння я не далічваюся. I сам я прытаміўся за гэты час і ўсё болей і мацней адчуваю спрадвечную і непераможную сілу прыцягнення зямлі.

Але шумяць і гамоняць несупынныя хвалі жыцця, і ўсё тыя шырокія, яшчэ болей прывабныя далечы разгортваюцца перад вачамі.

Новыя прасторныя дарогі расчыніліся перад нашымі народамі. I не гасне нястомнае жаданне зірнуць за заслону заўтрашніх дзён.

Будзьце ж вы светлыя і радасныя, наступныя дні людства!


I[правіць]

Каля чыгункі, што злучае Мінск і Брэст, непадалёку ад станцыі, у малапрыметным кутку сярод высокага цёмнага лесу, тулілася леснікова сядзіба. Належала яна лясніцтву князя Радзівіла. За доўгі час будынкі пачарнелі, пастарэлі, пакрывіліся. Дый што гэта былі за будынкі! Нізкая, падслепаватая хата з закуранымі вокнамі і збуцвелым ганкам пазірала ў бок чыгункі. Хоць чыгунка праходзіла тут і блізка, але яе не відаць было: высокі вал, заросшы хвайняком і кустамі арэшніку, закрываў яе. Старасвецкае гуменца з угнутаю саламянаю страхою тулілася бліжэй да лесу — здавалася, для таго, каб схавацца ад холаду і вятроў, бо яны для яго былі ўжо небяспечныя. Цёмны хлевушок, таксама пашарпаны часамі, гаротна прыпадаў да зямлі. Па адзін і па другі бок сядзібы раскінулася невялікая палянка. Калісь была тут смалярня. Ад яе засталіся толькі глыбы гліняных пячэй, дзе парыліся смалякі ды дробныя рэшткі пранятых смалою карчоў. Яшчэ і цяпер адчуваўся тут душок дзёгцю і тарпатыны. Назва «Смалярня», як спадчына, перайшла на леснікову сядзібу. У ёй на сягонняшні час за лесніка быў брат Андрэя Лабановіча, Уладзімер. Яшчэ з маленства браты жылі ў згодзе. Сустракаліся зрэдку і тады, калі ўзмужнелі, а дарогі іх разышліся, сустракаліся ветліва і прыязна. Даведаўшыся, што Андрэя зволілі з настаўніцтва і ён цяпер без пасады, Уладзімер паспачуваў яму, а потым запытаў:

— Дык што ж ты, брат, рабіць будзеш цяпер?

— А вось разгледжуся трохі, прыслухаюся. З кім-колечы параюся, як яно, дзе і што — можа, што-небудзь і надарыцца.

Браты памаўчалі.

— Ды пэўна ж, не ў школе свет сышоўся клінам,— заўважыў Уладзімер.— А гэтакіх, як ты, зараз многа: час такі — за праўду стаяць людзі пачалі, а начальства праўды не любіць.

— Гэта верна,— азваўся Андрэй.

Уладзімер крута павярнуў гутарку ў другі бок.

— Покі знойдзеш сабе прыпынак і работу, перабірайся да мяне. Куток зацішны. Ты адзін, замінаць не будзеш мне. Вялікай раскошы, праўда, няма, але кідацца сяк-так можна.

Андрэй шчыра падзякаваў брату і згадзіўся спыніцца тут.

Пасля таго як Лабановіч выбраўся з Верханя і прыехаў да сваіх родных, яму ўсё здавалася, што людзі пазіраюць на яго па-іншаму і ў душы нават радуюцца, што ён без месца, без работы,— адным словам — басяк!

Лабановіч асталяваўся ў Смалярні, у брата.

Не болей тыдня прайшло з таго часу, калі ён з’явіўся ў свае родныя мясціны. У першыя дні адчуваў ён у сэрцы і ў думках такое засмучэнне, нібы насіў жалобу па цяжкай страце. У мінулыя гады ў такую пару ўсе настаўнікі, у тым ліку і ён сам, ужо былі ў сваіх школах і пачыналі заняткі. Меншыя дзеці, вольныя ад хатніх работ, напаўнялі класы сваімі звонкімі галасамі. Які гэта слаўны быў час! Сустрэцца непасрэдна з малечаю, якая потым вырасце, пойдзе ў жыццё — ці то дарогамі сваіх бацькоў, ці то новымі, болей прасторнымі і шчаслівымі. Хіба ж не цікава пазнаёміць яе са школаю, са школьнымі парадкамі, навучыць чытаць і пісаць, пазнаваць кніжную мудрасць і гутарыць з ёю так, каб тваё слова дайшло да розуму і сэрца малечы!

Перад вачамі Лабановіча выразна, як жывыя, усплывалі малюнкі школьнага жыцця і тыя школы, у якіх яму давялося пабываць за нядоўгі час настаўніцтва. Цельшына, яго ваколіцы, людзі і ўсё, што там перажыта і перачута. I бясконца дарагі вобраз Ядвісі зноў ажыў у памяці, як чароўная кветка палескай глушы, як незваротная страта. Прыгадалася і Выганаўская школа, і шырокая нізіна пінскага зарэчча, заросшая высокім густым чаротам, і Пінск, які быў вельмі добра відаць, калі спусціцца са школьнай пляцоўкі ўніз на рэчку Піну. Як нейкі востраў на агромністым блюдзе чаратовых балот, маляўніча выступаў старадаўні горад, важнейшы цэнтр неабсяжнага Палесся.

Яшчэ жывей і ярчэй вырысоўваўся ў думках Верхань, бо ж толькі некалькі дзён прайшло з часу развітання з ім. Прыгадаліся і хутарок Антаніны Міхайлаўны, і Лідачка… Слаўная дзяўчынка, здольная, вясёлая, па-дзіцячы дураслівая. Ці паедзе яна здаваць экзамены ў гарадскую школу? Які будзе далейшы лёс яе? Ці напіша яму пісьмо?

Лабановіч даў ёй свой адрас. Дарэчы, да пошты адгэтуль шмат бліжэй, чым з Мікуціч. Напэўна, ёсць на пошце пісьмо і ад каго-небудзь з сяброў, такіх жа выкінутых са школы гарапашнікаў і бяздомнікаў, як і Лабановіч.

Дык вось ён які, новы паваротак у жыцці! У якім жыцці? У бяздомніцтве, у блуканні паміж небам і зямлёю. Спадзявацца няма на каго. Пакладайся толькі на самога сябе, ніадкуль не чакай дапамогі… Не, няпраўда: брат Уладзімер ужо дапамог, паправіў самога сябе Лабановіч. А людзі? Хіба свет без добрых людзей? А таму, пакуль ты яшчэ вольны, пакуль служаць ногі, ідзі! Ідзі ўперад па бездарожжы, па цаліне, пракладай новы след. Адно толькі памятай: не збочвай з вернай дарогі. Але дзе яна, верная дарога? А гэта дарога прыбітага, заціснутага народа, які марыць аб праўдзе, аб справядлівасці і ў меру сваіх сіл і мажлівасцей змагаецца за іх, народа, які жыве думкамі аб зямлі, што пазабірала казна, паны, цэрквы і манастыры, і аб сваім чалавечым праве. Шмат на гэтай дарозе ям і калдобін, розных патырчак і злыдняў. Але калі ты чэсны і свядомы чалавек і перад табою паўстаюць цяжкасці, уразумей іх сваім розумам і адчуй сэрцам, не бойся, не адступайся ад праўды і ніколі, ні пры якіх умовах, не пагаджайся з тымі, хто зневажае народ і чыніць здзекі над ім. Не паддавайся ні на якія спакусы і абяцанні, накіраваныя на крыўду народа.

Такімі думкамі і такімі добрымі намерамі жыў зараз бяздомны Лабановіч. У гэтых думках чэрпаў ён падтрыманне сабе самому і простым людзям, што стогнуць у ярме беспрасветнага прыгнёту. Ды ў жыцці падзеі ідуць не тымі дарогамі і не так, як хацелася б нам. Пачыналася веснавое разводдзе новага жыцця, ды не вылілася з берагоў — скавалі яго халады. Але будзе жаданы час усенароднай вясны.


ІІ[правіць]

Каля Смалярні, між сядзібаю лесніка і чыгункаю, праходзіла лясная дарога. Мінуўшы сядзібу і не даходзячы да пераезда, яна разгаліньвалася, дзялілася на дзве: адна перасякала чыгунку, а другая забірала ўлева, некаторую адлегласць ішла пад густою навіссю старых ялін, па карэннях, па выбоінах, праз лужыны чорнай, як дзёгаць, вады. Тут было змрочна і сыра, шмат калдобін і лужын, якія рэдка калі высыхалі. Выбіўшыся з лесу, дарога выходзіла ў Цёмныя Ляды, а потым забірала ўправа, прымаючы кірунак на лясніцтва князя Радзівіла. На цяперашніх Цёмных Лядах не так даўно стаяў густы, вялікі змрочны лес. Час ад часу велічэзныя лясныя абшары высякалі дачыста. Адборная драўніна сплаўлялася купцамі за граніцу, а грошы пераходзілі ў княжацкі скарб ды ў кішэні лесапрамыслоўцаў. Аголеныя лапіны лясоў прыбіралі сяляне навакольных вёсак. Рэшткі дрэва складалі ў стусы і ў шуркі, а галлё і ламачча проста палілі. Пасеку раскарчоўвалі і на ёй засявалі жыта, ярыну. Траціна ўраджаю паступала ў лясніцтва, усё таму ж князю Радзівілу.

Зараз пасекі зноў былі запушчаны пад лес. Ніхто яго не засяваў тут, апроч ветру. На агромністай пасецы — плешыне, акружанай магутнай сцяной старога лесу, выступалі з травы вялізныя пні старадрэвін, многа вякоў стаяўшых тут, сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Іх пакінулі знарок — абсемяняць аголены плех і заводзіць новы лес. Яны так і называліся — насенніцы. Запушчаныя ляды паволі засяваліся маладымі дрэўцамі: асіннікам, бярэзнікам, сасоннікам, ельнікам і рознымі іншымі дрэвамі. Густая трава, дзікія кветкі закрывалі маладое пакаленне новага лесу, але ён падымаўся ўгору, глушыў слабейшыя расліны.

Бязлюдна і сцішна было ў Цёмных Лядах. I асабліва панура выглядалі запушчаныя, маладаступныя нізіны-лужкі, заваленыя галлём і сатлеўшымі верхавінамі ссечаных старых дрэў. Напалову згніўшыя пні і парыжэлая сухая трава яшчэ болей падкрэслівалі паныласць гэтай пустэлі сярод кашлатай сцяны старадаўняга лесу, шырокім колам атачаўшага Цёмныя Ляды.

Зусім іншы характар мела тая мясціна, па якой праходзіла дарога, перасекшы чыгунку. З двух бакоў разлягаліся лагодныя, светлыя прасторы палёў, пясчаныя ўзгоркі, на якіх асталяваліся нізкія, але даволі пышныя кусцікі ялоўцу і разложыстыя прыземістыя хвойкі. Вузкія даліны між узгоркаў вабілі вока. Невялічкія лясы і далёкія гаі, прыкрытыя покрывам восеньскай смугі,— усё гэта было для Лабановіча новым, яшчэ не бачаным.

Каля самай дарогі, за высокаю мураванаю агароджаю, раскінуўся двор з багатым садам нейкага малавядомага землеўласніка Сцяпанава, царскага вайскоўца — не то палкоўніка, не то генерала. Ні сам Сцяпанаў, ні яго патомкі не жылі тут ніколі. Маёнтак гэты зварачаў на сябе ўвагу, асабліва кідаўся ў вочы сад, які выглядаў нейкім прыгожым востравам. Рады стромкіх таполяў, як вартаўнікі, стаялі высокаю шарэнгаю паўздоўж чатырох сцен агароджы. I дзіўным здавалася, як маглі гэтыя магутныя таполі і гэты цудоўны сад разрасціся тут і забраць такую сілу на мізэрнай пясчанай зямлі? I вось тут прыгадаліся Лабановічу яго не такія ўжо даўнія думкі аб Мікуцічах, калі ён наведваўся ў свой кут над Нёманам і марыў аб пераўтварэнні глебы.

"Можа, гэта былі і верныя думкі,— разважаў Лабановіч.— Чорнае тлустае балота перанесці на пясчаныя землі сялянскіх палеткаў, каб падняць ураджайнасць. Ды што гэта дасць, калі пераважная большасць зямлі і прытым найболей ураджайнай знаходзіцца пад панамі! Ці не прасцей павыганяць паноў, адабраць ад іх зямлю і перадаць тым, хто працуе на ёй? Была такая спроба, ды скончылася яна няўдала. Аказалася, што паганае дрэва, Міколка Другі, яшчэ трывала сядзіць на троне, хоць трон гэты моцна пахіснуўся. Колькі праліта крыві! Колькі людзей пайшло на катаргу, у высылку і колькі сядзіць па астрогах! I, можа, сам ён, Лабановіч, ёсць кандыдат на адно з гэтых месцаў спачынку царскага самаўладства. Але, «што не ўдалося цяпер, тое ўдасца ў чацвер»,— паўтарыў Лабановіч прыказку дзядзькі Марціна,— верыць народ, што прыйдуць лепшыя дні. Вось і трэба жыць гэтай верай, не зважаючы на тое, што «покі сонца ўзыдзе, раса вочы выесць».

Ён яшчэ раз акінуў вокам панскую сядзібу, паважны рад стромкіх таполяў, багаты сад. Белы палац прасвечваўся ў глыбіні праз галіны абступаўшых яго купчастых яблынь і іншых дрэў. I сад і панскі дом засланяліся з паўночнага і з усходняга бакоў узгорка і падстаўлялі ўсю сваю пляцоўку пад цёмныя праменні паўднёвага сонца.

Прайшоўшы яшчэ колькі крокаў, Лабановіч параўняўся з брамаю, жалезнымі, наглуха зачыненымі варотамі, што якраз прыходзіліся насупроць панскага дома. Адгэтуль дом быў добра відаць. Вароты, па ўсім прыметна, даўно не расчыняліся, і ніякія панскія брычкі не ўязджалі і не выязджалі ні туды ні сюды. Маленькая брамка была адамкнёна. Вытаптаная сцежачка вяла ў сад. Відаць, сюды заходзілі людзі, каб купіць або папрасіць яблыкаў.

Лабановіч злёгку таўкануў брамку. Яна паслухмяна расчынілася. Непадалёку, сярод яблынь, стаяў просценькі буданок-шалашык, галоўны штаб вартаўніка панскага саду. З большасці садовых дрэў плады ўжо былі пазніманы, і толькі на позніх гатунках спакусліва красаваліся буйныя чырвоныя яблыкі — здавалася для таго, каб завабіць сюды падарожніка. Лабановіч, пастаяўшы крыху каля брамкі, паволі накіраваўся да шалашыка. Там нікога не было. У адным кутку ляжала прымятая салома, прыкрытая дзяружкаю, пэўна, гэта была пасцель вартаўніка. З другога боку ў шалашы на саломцы нерухліва ляжалі яблыкі, перабраныя чыеюсьці стараннаю рукою і разложаныя ў тры кучкі: лепшыя, сярэднія і горшыя. Адразу кідалася ў вочы, што чалавек, які жыве тут, любіць парадак і не задарма есць панскі хлеб.

Не паспеў Лабановіч як мае быць разгледзець гэтыя ўбогія апартаменты вартаўніка, як зараз жа выплыла з-за дрэў яго постаць. Гэта быў каротка падстрыжаны пасівелы чалавек з пышнымі сівымі вусамі, у старым заношаным салдацкім мундзіры мінулага веку. У руках нёс ён таксама старую салдацкую шапку, поўную яблыкаў. За плячамі вартаўніка вісела стрэльба. Усё гэта прыдавала вартаўніку нейкую ўладнасць і ўпэўненасць.

Лабановіч пачціва зняў шапку і прыязна пакланіўся. Захацелася пажартаваць з бывалага ваякі, не зніжаючы яго ганарлівасці.

— Даруйце мне: ці не вы ўладар гэтага маёнтка?

Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў яго з ног да галавы: брэша ці сапраўды прыняў за гаспадара?

— А чаму табе прыйшло ў галаву, што я тут гаспадар? — запытаў салдат.

— Выгляд у вас гасподскі, такі, што можна палічыць за гаспадара, тым болей што ўласнік гэтага двара, як чуў я, з ваенных.

Стары салдат відавочна памякчэў.

— Не, дружок, памыляешся: іх высокаблагародзіе, палкоўнік Сцяпанаў, у Пецярбургу жывуць, а я толькі давераная асоба іх высокаблагародзія… Разам супроць турка ваявалі, разам усю ваенную службу прайшлі. З таго часу мы так і не разлучаемся. Дастойны чалавек,— заключыў стары салдат. Ён яшчэ хацеў штось сказаць, ды, відаць, палічыў нязручным пускацца ў гутарку з незнаёмым чалавекам, яшчэ, можа, якім-небудзь забастоўшчыкам.

— А колькі вам палкоўнік за службу плаціць?

— Што ён мне плаціць, таго мне на мой век хваціць,— ухіліўся салдат ад простага адказу і сам запытаў Лабановіча:

— Ты ж сам хто такі будзеш?

— Проста падарожны. Угледзеў сад і падумаў сабе: дай зайду, можа, на яблыкі ці не разжывуся. I вось сустрэў вас, чалавека адданага і, па ўсім відаць, разумнага.

— Як разжыцца: за грошы ці так? — пацікавіўся салдат.

— Ды хоць бы і купіць.

— Гэта іншая справа!

Бравы салдат павёў Лабановіча да яблыні, на якой віселі буйныя чырвоныя яблыкі, сарваў самы спелы і самы буйны.

— Вось табе, дружок, вазьмі. I памятай, што я — давераная асоба іх высокаблагародзія.

Лабановіч падзякаваў. Такога вялікага яблыка яму яшчэ не даводзілася бачыць. Ён развітаўся з салдатам і пайшоў далей сваёю дарогаю.


ІІI[правіць]

Быць можа, шмат каму з вас, дарагія сябры, нецікава запыняцца такі доўгі час на падарожжах Лабановіча і разглядаць разам з ім тыя малюнкі і тыя мясціны, што даўно прыгледзеліся вашым вачам, бо гэта ўжо старадаўнія дарогі і не новыя малюнкі. Калі б сягоння давялося мне яшчэ раз прайсціся па іх, дык я і не пазнаў бы ні тых дарог, ні мясцін, ні малюнкаў, што разгортваліся перад вачамі паўвека таму назад. Усё карэнным чынам змянілася, адышло ў прошласць і захавалася толькі ў памяці, як успаміны аб далёкіх днях юнацтва. Мне ж так прыемна ўспомніць і хоць у мыслях перажыць іх яшчэ раз. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою.

Двор палкоўніка Сцяпанава, таполі і сад засталіся ззаду. Лабановіч узыходзіў на ўзгорак, самы большы па дарозе са Смалярні ў Стаўбуны. Па правую руку раскінуўся невялікі лясок, светлы і празрысты, як тонкая, лёгкая тканіна. Дарога крута падымалася ўгору праз жоўты сыпучы пясок. Даядаючы ёмкі, надзвычай смачны малінавы яблык — дар старога вартаўніка,— Лабановіч узышоў на самы высокі пункт пагорка. Шырокі, разнастайны краявід, што агароджваўся толькі бязмежным небам, расчыніўся перад падарожнікам. Гэта было так неспадзеўна, так прыгожа і ў той жа час так знаёма, што вандроўнік мімаволі спыніўся.

Новыя малюнкі!.. Не, не новыя: новае толькі тое, што паўсталі яны з другога боку і з другой пазіцыі. Так бывае і з чалавекам, калі пазнаеш яго ў новым праяўленні.

Акінуўшы вокам увесь краявід, Лабановіч стаў прыглядацца да паасобных, найбольш знаёмых яго частак. Вось станцыя з усімі збудаваннямі — вакзал, дэпо, возера за вакзалам, заросшае па краях густым, высокім сітняком і аерам. Правей — млын, дарога на Мікуцічы. Як гаманіла яна, калі не так даўно, улетку, шумная грамада настаўнікаў ішла ў школу Садовіча абмеркаваць пытанні палітыкі і заснаваць ядро рэвалюцыйнай настаўніцкай арганізацыі… I як гэта ўсё няўдала скончылася!

Не, дарога на Мікуцічы не вабіць зараз вока. Густы хвойнік і яловец з аднаго боку і альховы хмызняк з другога засланялі яе. Дарога знікала з вачэй, не дайшоўшы да гасцінца, абапал якога стаялі, як старэнькія бабулькі, парадзелыя бярозы. Лабановіч зірнуў правей вакзала. На высокай горцы стаяў прыземісты, добра адбудаваны, з замахам на хараство вятрак, адзінокі і нібы забыты. Лабановічу рэдка калі даводзілася бачыць, каб вятрак гэты махаў крыллямі, і таму ён рабіў сумнае ўражанне, як асірацелая будыніна. Зірнуўшы перад сабою, Лабановіч згледзеў стромкія вежы белай царквы мястэчка Стаўбуны. Само мястэчка і яшчэ адна, жоўтая, царква засланяліся другім пагоркам. Затое ж была добра відаць Панямонь і яе ваколіцы, хоць гэтае мястэчка вярсты на паўтары стаяла далей за Стаўбуны, па другі бок Нёмана. Сіняўскі гай, выцягнуты тонкаю палоскаю з прыўзнятым адным канцом, як заліхвацкі вус маладога зуха, прыкрываў Панямонь з паўночнага захаду. Лявей і бліжэй да мястэчка сурова ўзнімалася вапельная гара. Называлі яе Драздоваю — ад імя панямонскага жыхара Драздоўскага, які арандаваў гару і здабываў вапну.

Самымі высокімі будынкамі ў Панямоні былі — царква, касцёл і сінагога. Царква і касцёл стаялі ў цэнтры мястэчка і на самым высокім месцы, сінагога тулілася на задворках, воддаль. Калі Лабановіч яшчэ ў дзяцінстве першы раз пабачыў панямонскі касцёл здалёку, то сваёю формаю гэты будынак нагадаў малому Андрэю вялікага сядзячага ката з задраным угору носам. Так гэтае першае ўражанне назаўсёды і засталося ў памяці. Запомнілася таксама і маленькая рачулка, якая выцякала з-пад вапельнай гары, купчастыя вербачкі над ёю, Хаімава кузня над рачулкаю і сам Хаім, спрытны і здатны каваль з чорнаю барадою. Прыгадаўся і стары млын, гнілое возера каля яго, алешнік над возерам, густа затканы гнёздамі гракоў, і несціханы іх крык.

Лабановіч глядзіць туды. Вунь ён, той алешнік, кудзерка абцярэбленага гракамі гайка! А далей, крыху лявей, той самы старасвецкі гасцінец шыбуецца з панямонскай роўнядзі на больш высокую пляцоўку, беручы кірунак на Нясвіж. Знікшыя на некаторай адлегласці бярозы, мінуўшы Панямонь, зноў ідуць побач гасцінца прыгожымі прысадамі, няясна вырысоўваючыся ў сіняватых хвалях далечыні. Як добра знаёмы ўсе гэтыя малюнкі і як моцна яны звязваюць з дзяцінствам, шчаслівым і непаўторным!

«А можа, будзе такі час,— падумаў Лабановіч,— калі я і гэтыя дні свайго бяздомнага вандроўніцтва ўспомню з прыемнасцю і ўздыхну па іх».

Ён рушыў далей, спусціўся ў глыбокую і вузкую далінку паміж двума пагоркамі. I стромкія вежы белай царквы, і вятрак, і Панямонь засланіліся другім узгоркам. Калі Лабановіч мінуў яго, адразу вынікла перад вачамі ўсё мястэчка Стаўбуны з яго цэрквамі, з мураванымі будынкамі і з плошчаю, дзе звычайна адбываліся шумныя, мнагалюдныя кірмашы. Вузкая пясчаная вулачка, паабапал якой убога туліліся старасвецкія халупы местачковай беднаты, і кузня, дзе заўсёды стаяла некалькі сялянскіх фурманак і чуўся галасісты звон молата, вяла ў сярэдзіну мястэчка. Бліжэй да цэнтра часцей пападаліся акуратныя і з густам пабудаваныя домікі заможных жыхароў з пафарбаванымі аканіцамі, з разьбою над вокнамі і з прыгожа адштукаванымі высокімі ганкамі. Крыху далей пайшлі крамы розных гатункаў і з рознымі таварамі, пачынаючы дзёгцем і газаю і канчаючы іголкамі і ніткамі.

Малапрыметная спачатку вулачка чым далей, тым болей прымала выгляд сапраўднай вуліцы. Выводзіла яна на прасторную выбрукаваную плошчу ў цэнтры мястэчка, праходзячы непадалёку ад белай царквы і пакідаючы яе збоку ўлева. Дзень быў некірмашовы, і плошча амаль што пуставала, калі не лічыць адзіночных сялянскіх каламажак, дзвюх-трох гандлярак, якія цярпліва сядзелі каля просценькіх столікаў пад такімі ж убогімі, як і самі яны, стрэшкамі, ды коз, што вандравалі па плошчы ў пошуках спажывы. Найболей спрытныя з іх запыняліся каля вазоў і, стаўшы на заднія ногі, выбіралі сена з палýкашкаў, а іншыя прымайстраваліся каля коней і памагалі ім хрумстаць смачную віку або канюшыну.

Мінуўшы плошчу і валасное праўленне, Лабановіч узышоў на ганак пошты. Яна была якраз па суседству з воласцю. Даволі прасторны пакой падзяляўся невысокаю дзервяною перагародкаю і драцянаю сеткаю над ёю на дзве няроўныя часткі: саму пошту і пярэднюю для наведвальнікаў. За перагародкаю пры стале сядзеў начальнік пошты, сярэдніх год чалавек з кароткім і шырокім на канцы носам, падобным да цяслы. Там жа пакручваўся памочнік начальніка, знаёмы Лабановічу белабрысы хлопец, якога за вочы называлі Цвілым. Гэта быў малаадукаваны чыноўнічак, але з прэтэнзіямі на інтэлігента і з замахам на дасціпнасць і жарты, якія, праўда, мала ўдаваліся яму. За перагародкаю стаяла некалькі шафаў з паштовымі справамі і паперамі, з рознага роду карэспандэнцыяй. У драцянай сетцы былі зроблены невялікія акенцы, праз якія прымаліся заказныя пісьмы, прадаваліся маркі, выдаваліся пісьмы і пасылкі.

У пярэдняй таўклося некалькі наведвальнікаў. Лабановічу кінулася ў вочы адна бабка. З разгубленым выглядам яна зварачалася то да аднаго, то да другога з наведвальнікаў, але ад яе адмахваліся, як ад надакучлівай мухі. А ёй проста трэба было, каб хто прачытаў пісьмо, што прыйшло ёй па пошце. Яна звярнулася і да Лабановіча. Прыйшлося задаволіць бабчыну просьбу. Стаўшы ў зацішнейшае месца, Лабановіч ціха, каб толькі чула бабка, прачытаў ёй пісьмо. Бабка слухала і плакала, хоць прычын для плачу ў пісьме не было.

Улучыўшы зручную хвіліну, Лабановіч аклікнуў Цвілога:

— Іван Паўлавіч, дзень добры!

Іван Паўлавіч падняў вочы з-пад тоўстых прыпухлых павек. Відаць, ноч правёў ён у вясёлай кампаніі.

— А! — ажывіўся ён, убачыўшы Лабановіча.— Дзень добры, дзень добры, педагог без педагогікі!

Іван Паўлавіч вясёлым смехам сам ухваліў сваю дасціпнасць, трапныя словы.

— Паглядзіце, калі ласка, ці няма мне пісем да запатрабавання.

— Паглядзім!

Іван Паўлавіч перагарнуў стопку пісем.

— Няма! — сказаў ён і насмешліва дадаў: — Пішуць… Пэўна, ад кралі, калі да запатрабавання?

Лабановіч быў расчараваны, як бы яго пакрыўдзілі тым, што не аказалася пісем і асабліва аднаго — ад Ліды.

«Куды ж цяпер падацца?» — запытаў у мыслях самога сябе Лабановіч, апынуўшыся на той жа малалюднай плошчы. Зірнуўшы ў бок вуліцы, што выходзіла да Нёмана, ён угледзеў постаць чалавека, які вельмі нагадваў Янку Тукалу. Чалавек ішоў унурыўшыся, у задуменні. Лабановіч паўзіраўся пільней — так: гэта Янка Тукала! Лабановіч ціхенька падкраўся і пайшоў за Янкам у некалькіх кроках. Заняты сваімі думкамі, Тукала нічога не зважаў.

— Ахэ!! Ахэ! — кашлянуў Лабановіч.

Янка азірнуўся. У яго вачах наўперад адбілася палахлівасць, а потым твар засвяціўся, як сонца.

— Андрэй! А бадай жа ты скіс! — радасна выгукнуў Янка.

Сябры кінуліся адзін да аднаго і моцна абняліся.

— Дай, брат, пацалую твой імбрычак! — Янкаў нос нагадваў рыльца чайніка.

— Пойдзем туды! — кіўнуў Янка ў бок Нёмана.

Яны выйшлі на пустыр, дзе нікога не было, і спыніліся каля яруса акуратна зложаных бярвенняў.


IV[правіць]

— Давай сядзем тут,— прамовіў Янка, паказваючы рукою на сасновыя круглякі.

Перш чым сесці, Янка спасцярожліва зірнуў на мястэчка, кінуў погляд перад сабою.

— Эге, брат Янка, ты стаў штось баязлівы і падазроны,— заўважыў Лабановіч і адною рукою крэпка прыгарнуў прыяцеля.

Янка Тукала жартліва адказаў у евангельскім тоне:

— Блюдите, како опасно ходите!

Прыняўшы сур’ёзны выгляд і панізіўшы голас, ён сказаў:

— Трэба, браце, быць асцярожнымі: усе мы, зволеныя настаўнікі, што збіраліся ваяваць з царом, знаходзімся на вялікім падазрэнні ў начальства і аддадзены пад патайны нагляд паліцыі. Разумееш, васпане?

— Тут і разумець няма чаго,— спакойна азваўся Лабановіч, хоць тое, што сказаў Янка, яго моцна затрывожыла.— Гэтага і трэба было чакаць, ды гэта — толькі ўступ да далейшых рэпрэсій. Так жа нас не пакінуць,— дадаў Лабановіч і запытаў: — Але адкуль ты ведаеш, што мы пад наглядам паліцыі?

Янка хітра зірнуў на Андрэя, падняў палец угору і сказаў:

— О, гэта, брат, тонкая палітыка! Аказваецца, што ў лагеры нашых ворагаў ёсць і нашы прыхільнікі.

— Што ты кажаш! — здзівіўся Лабановіч.

— Ты толькі маўчы: гэтыя весткі пачуў я з ураднікавага дому, таго сівага даўжэразнага Кашчэя, што першы кінуўся на наш пратакол у часе налёту прыстава са стражнікамі.

— Ну, гэта ўжо зусім цікава. Няўжо гэты Кашчэй — наш прыхільнік?

— Не ён, а яго дачка Аксана!

— Здзівіў ты мяне, Янка! I як жа я зараз паверу, што да цябе не горнуцца дзяўчаты! — пажартаваў Лабановіч.

— Ну, гэта яшчэ нічога не значыць. Справа тут не ва мне, а ў тым, што ўраднікава дачка спачувае нам, спачувае той справе, за якую нас павыганялі са школ.

— Вось яно што! Дзівосныя справы, браце Яне! I навіны якія! — азваўся трохі здзіўлены і зацікаўлены Лабановіч.— А якая яна, гэта Аксана, прыгожая?

— Як на чый густ,— абыякава сказаў Янка. Відаць было, што ён хацеў заінтрыгаваць прыяцеля і не адказваў проста на яго пытанне.

— А ўсё ж такі? — не адступаўся Лабановіч.

Янка адказаў усё ў тым жа тоне:

— Каму падабаецца поп, каму пападдзя, а каму папова дачка.

— А каму ўраднікава,— падражніў Янку Лабановіч.

Янка весела засмяяўся.

— Ну, і назола ж ты, Андрэй,— сказаў ён.— I няхай сабе. Сам пабачыш яе. А калі ўжо так хочаш ведаць, дык скажу: нішто дзяўчына, русявая, танклявая, высокая, белы твар, носік даўгаваты, але твару не псуе. На шчоках румянак сухотніцы. Ну, што — цяпер ты задаволены?

— Калі б я быў мастак-маляр, дык я напісаў бы яе партрэт з тваіх слоў: так добра і падрабязна апісаў ты Аксану,— жартліва заўважыў Лабановіч і падміргнуў прыяцелю.

— Эх, брат! — махнуў рукою Янка.— Няважныя мы з табою цяпер кавалеры-жаніхі: хто на нас пагáліцца, бяздомных басякоў?

— Ну, гэтага ты не кажы,— запратэставаў Лабановіч,— сякую-такую цану маем і мы. Па-першае: у нас маладосць. Мы здаровыя, любім жыццё і моцна чапляемся за яго. Па-другое: новыя дарогі расчыняюцца перад намі — няхай сабе неакрэсленыя, трудныя і няпэўныя. Дык няхай жыве наша вандроўніцтва па свеце!

— Я заўсёды адчуваю сябе добра, калі ў мяне ёсць апора і ёсць друг, з якім можна адвесці душу, запазычыць сілу ў хвіліны заняпаду. Вось я і зараз рад, што сустрэў цябе, бо я ўжо быў закіс трохі.

— Дзе ж ты зараз жывеш? Чым і як мацуешся?

— Жыву я, можна сказаць, паміж небам і зямлёю. Вандрую з Ячонкі ў Стаўбуны. Сталага месца покі што яшчэ не маю. Хаджу ды прыглядаюся да зямлі, праўдзівей, пад ногі сабе: мне ўсё здаецца, што я знайду тысячу семсот сорак рублёў і пяцьдзесят чатыры капейкі. Ні болей ні меней!

Лабановіч засмяяўся і патрос прыяцеля за плячо.

— Ты не смейся, далібог, думаю, што знайду тысячу семсот сорак рублёў.

— А чаму ж яшчэ і пяцьдзесят чатыры капейкі?

— А чорт іх ведае, убіліся мне ў вочы: срэбраны паўрубель з «Міколкам-дзве палачкі», медны траяк і адна капейка! Так і стаяць яны ў маіх вачах… А можа, я вар’яцець пачынаю? — спытаў самога сябе Янка ды тут жа дадаў: — Дык не, з глузду мне цяжка з’ехаць, бо яго ў мяне не так ужо багата.

— Эй, Янка, не паважаеш ты самога сябе: глуздоў у цябе — больш як на аднаго чалавека.

— Нічога я не ведаю,— адказаў Янка,— табе збоку відней. Ёсць глузды, то і дзякуй Богу!

Лабановіч павярнуў гутарку ў другі бок.

— Што ж мы сядзець будзем тут, на гэтых бярвеннях: давай падамося куды-небудзь ды пагутарым, як таго вымагае наша становішча.

Янка ўскочыў з бервяна, гатовы падацца хоць на край свету, і прадэкламаваў:


Казак, любі мяне,

Куды хочаш, вядзі мяне!


— Го! Бачыш, які ты спрытны,— вядзі яго! А можа, васпан павёў мяне? Ты ж гаспадар і жыхар тутэйшых мясцін,— заўважыў Лабановіч.

— Быў конь, ды з’ездзіўся,— журботна прызнаўся Янка, але раптам набраўся смеласці, падняў угору правую руку і выгукнуў: — Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах — гайда да Шварца! Гуляць дык гуляць: давай на капейку квасу!

Да сяброў вярнуўся добры гумор і дураслівы настрой. Яны забыліся нават, што знаходзяцца пад патайным наглядам паліцыі, і пра Аксану, ад якой даведаўся Янка пра гэта. Ідучы глухімі закавулкамі ў шынок да Шварца, Янка прыгадаў семінарскі велікапосны спеў:


Покаяния отверзи ми двери, жизнедавче,

Утренюет бо дух мой ко храму святому твоему…


Удвух пачалі яны перайначваць царкоўны тэкст, прыстасоўваючы яго да шынка Шварца. Атрымалася так:


Заведения отверзи ми двери, отче Шварче,

Утренюет бо дух мой к шинку святому твоему.

Живот носяй поджарый, весь опустошен,

Но яко щедр, напой мя благоутробною твоею гнилостию.


— Добра, яй-права, добра! — сказаў у захапленні Янка.

Прыяцелі засталіся задаволенымі вынікамі свае творчасці. Яны напаўголаса спявалі перайначаную песню. Людзі, якім давялося сустрэцца з імі і пачуць матыў святога спеву, зычліва пазіралі на іх, як на маладых набожных хлопцаў.

— Ну, вось і напаткалі мы новую прафесію! — смяяўся Янка Тукала.

— А што ж? Зложым цэлы рэпертуар такіх песень ды пойдзем па фэстах. Сядзем на цвінтары каля царквы і будзем даваць канцэрты, а людзі не паскупяцца на медзякі спевакам.

Прыяцелям было весела і смешна. У такім настроі ступілі яны на парог Шварцавага прытулку. Прытулак гэты быў для іх не новы. Шварц, увішны чалавек сталых гадоў, заўсёды быў рады гасцям, асабліва такім, як настаўнікі. Шварц трохі чуў пра здарэнне з імі, але што яму да таго? Зайшлі, значыць, дадуць утаргаваць.

У шынку пахла гарэлкаю, селядцамі, дзёгцем, і быў яшчэ такі пах, якога не вызначыць самы напрактыкаваны нос. Падлога была ўся ў плямах, затаптаная мокрымі лапцямі і ботамі.

— Дзень добры, ойча Шварча! — прывіталі госці гаспадара.

Шварц ускінуў на іх чорныя вочы, усміхнуўся.

— Дзень добры! Але што гэта такое «ойча Шварча»? — пацікавіўся ён.

— Гэта значыць — дзень добры, бацька Шварц!

— Го, гэта добра!

Гаспадар, як відаць, застаўся задаволены такім зваротам. Ён павёў гасцей у глыб свае хаты, у чысты пакойчык, хоць і неправетраны. Але госці былі людзі непатрабоўныя,— пакойчык у поўнай меры задавольваў іх, як задавольвала і гасціннасць самога гаспадара.

— Ну, чаго ж загадаеце падаць, якіх трункаў і якой закускі?

Госці паглядзелі адзін на другога. Ім пачулася некаторая іранічнасць у словах Шварца, хоць ён і не меў гэтага ў думках.

— Ну, чаго ж? — перапытаў Янка.— Дайце на першы пачатак па бутэльцы піва на брата, сяледчыка замарынаванага. Гаспадыня пана Шварца вялікая мастачка марынаваць селядцы.

Шварц задаволена засмяяўся.

— Ну, добра! — сказаў ён і выйшаў.

Былыя настаўнікі мнагазначна пераглянуліся.

— Бачыш, Янка,— сказаў Лабановіч,— а ты нядаўна гаварыў, што нікудышныя мы людзі. А вось Шварц ставіцца з павагаю да нас. А гэта, дружа, значыць, што мы нешта важым.

— Не ведае Шварц, што «в нашем кармане вошь на аркане»,— заўважыў Янка.

— А хіба нашы кішэні так ужо спусташыліся? — запярэчыў Лабановіч.— А хто нядаўна казаў: ёсць яшчэ порах у парахаўніцах? А твае тысяча семсот сорак рублёў пяцьдзесят чатыры капейкі?

— Ведаў бы, то не казаў бы пра сваё багацце…

Іхняя гутарка на гэтым спынілася. У дзвярах паказалася Шварцава служанка з падносам у руках, на якім было піва і закуска. За служанкаю ўвайшоў і сам Шварц.

— Будзьце ласкавы, вось піва, а вось сяледчык і хлеб. За хлеб Шварц грошай не бярэ,— сказаў гаспадар і ўрачыста выйшаў з бакавушкі.

«Госці» сядзелі, частаваліся. Хутка ад марынаванага селядца засталася адна толькі галава ды хвосцік. Заказалі яшчэ пару піва і пару селядцоў. Настаўнікам стала яшчэ весялей. Іх не палохала зараз ніякая прыгода невядомых наступных дзён. Са Шварцам разлічыліся па-людску і моцна ціснулі яму руку на развітанне.

Ідучы з прыяцелем у Смалярню, Янка гаварыў аб яўрэйскай інтэлігенцыі, з якой пазнаёміўся ён і якой у Стаўбунах было даволі многа. Яму абяцалі падшукаць неблагі заработак па спецыяльнасці. З ліку гэтай інтэлігенцыі можна ў першую чаргу назваць Міру Савельеўну, дантыстку. Някепска развіты і малады парыкмахер Мітэльзон. Ёсць і студэнты, у якіх можна раздабыць добрых кніг. Уся гэта інтэлігенцыя шчыра спачувае выгнаным настаўнікам і гатова падтрымоўваць іх чым толькі можа.


V[правіць]

Смалярня стала на некаторы час галоўным штабам двух закадычных прыяцеляў, Лабановіча і Тукалы. Невялікія, вузенькія сенцы разгароджвалі хату лесніка на дзве палавіны; чысцейшую Уладзімер адвёў для брата Андрэя.

Больш глухі і зацішны куток, як тут, цяжка было знайсці. Але глухмень і зацішак не забяспечвалі ўпэўненасці ў тым, што сюды не зазірне вока непатрэбнага чалавека, асабліва цяпер, калі настаўнікі знаходзяцца пад наглядам паліцыі. Сябры не забываліся на гэта і нічога «крамольнага», недазволенага паліцэйскімі прадпісаннямі, не трымалі ў лесніковай хаце. Розную ж недазволеную літаратуру — брашуркі, лісткі, адозвы — яны хавалі ў нетрах глухога гуетога лесу. Літаратуру прыносіў потайкам Янка з мястэчка, у якім ён з дапамогаю рэвалюцыйна настроенай моладзі знайшоў сабе аселасць і невялікі заработак.

Сябры сустракаліся часта — ці то ў мястэчку, у цеснай каморцы Янкі, ці тут у Смалярні. Удвух было весялей дый шмат паўставала пытанняў, якія вымагалі свайго вырашэння. Для такіх спраў болей надавалася Смалярня, а таму сябры тут часцей і сустракаліся. Аб чым толькі не гаварылі яны ў доўгія восеньскія вечары і ночы ў зацішнай хатцы! Першым чынам трэба было дамовіцца, як трымацца на допыце — не толькі ім, але і ўсім зволеным настаўнікам. А што допыту не абмінуць, сябры ў гэтым не сумняваліся.

Яшчэ ў тую пару, калі пратакол настаўніцкага сходу папаў у рукі паліцыі, хтось з яго ўдзельнікаў падаў думку: у выпадку непрыемнай гутаркі з начальствам гаварыць, даводзіць, што сход быў выпадковым і не ставіў сабе ніякіх рэвалюцыйных мэт. Гэты варыянт і прынялі за аснову сваіх паказанняў саматужныя юрысты — Янка і Андрэй. Але яго трэба было абмеркаваць з усіх бакоў, каб усё было падобна да праўды.

Сябры пачынаюць рэпетыцыю. То той, то другі з іх бярэ на сябе ролю следчага. Наўперад выступае Янка. Следства вядзе ён па ўсіх правілах юрыдычнай навукі. Пасля некаторых трафарэтных пытанняў, як: імя, па бацьку, прозвішча, колькі гадоў, ці быў пад судом ці не быў, «следчы» пераходзіць да допыту па сутнасці справы. «Наддопытны» Лабановіч у сваіх адказах займае тую пазіцыю, аб якой дамовіліся. «Следчы» ставіць пытанне:

— Вы сцвярджаеце, што не мелі намеру склікаць недазволены з’езд настаўнікаў і не ставілі перад сабою крамольных, злачынных мэт. А як жа пагадніць вашы сцверджанні з тым, што запісана вось ў гэтым багамерзкім пратаколе, дзе стаіць і ваш лодпіс?

«Следчы» сурова пазірае на «паддопытнага». Лабановіч напускае на сябе выгляд нявіннага чалавека.

— Я не ведаў, што было запісана ў пратаколе, гаспадзін следчы,— адказвае ён.

«Следчы» паціскае плячамі. Злая ўсмешка крывіць яго губы.

— Як жа вы падпісвалі тое, што вам невядома? — цікавіцца «следчы».— А калі б у пратаколе было напісана: гэтым я абавязуюся ўсунуць у пятлю галаву, каб мяне павесілі. Што, вы і тады падпісаліся б? — насядае ён.

«Паддопытны» адказвае ў журботным тоне:

— Вядома, калі б я не чытаў пратакола і не ведаў, што ў ім напісана, дык і пад такім пратаколам падпісаўся б.

— Вось гэта міла! — выгуквае «следчы». Ён ізноў яхідна, як і сапраўдны следчы, пасміхаецца.— Растлумачце — я вас не разумею,— зварачаецца ён да «паддопытнага».

«Паддопытны» сарамяжліва і вінавата апускае вочы, хвілінку думае.

— П’янаму, гаспадзін следчы, і мора па калена,— журботна прызнаецца ён і дадае: — А за кампанію, як кажуць, цыган павесіўся.

Янка не датрымаў ролі і весела зарагатаў.

--А ведаеш,— сказаў Янка,— някепска атрымоўваецца, далібог!

--Ты ж, трэба аддаць табе справядлівасць, пытанні ставіў казуістычныя,— хваліць следчыцкі талент Янкі Андрэй.

Тут не абышлося без таго, каб сябры не пахвалілі адзін аднаго за ўдала праведзеныя ролі. Але гэта толькі пачатак. Добры ж пачатак — палавіна справы. Дык трэба прадоўжыць следства. На гэты раз «следчым» робіцца Лабановіч, і ролі мяняюцца.

Спачатку паўтараецца той жа ўступны допыт, а затым працяг па сутнасці справы.

— З вашых слоў выходзіць, што вы падпісалі пратакол, не ведаючы, што ў ім запісана, толькі таму, што вы былі п’яны і не зналі, што рабілі. Так я вас разумею? — пытае «следчы» Лабановіч «паддопытнага» Янку Тукалу.

— Так,— смела пацвярджае Янка.

— А дзе вы напіліся і з якога поваду?

Янка напускае посны выгляд, збіраецца з думкамі.

— Выпілі на сяброўскай маёўцы, спачатку, як кажуць, на ўлонні прыроды за сялом, а потым дадалі яшчэ і ў Мікуціцкай школе, на кватэры свайго калегі Садовіча.

— Стала быць, мелася нейкая рэальная прычына для такой выпіўкі. Вось вы і скажыце, якая гэта была прычына?

«Паддопытны» спачатку крыху мнецца, а потым кажа:

— Асноўная прычына, гаспадзін следчы, была ў тым, што і нашаму брату, вясковаму настаўніку, часамі хочацца выпіць, тым болей, у такой вялікай кампаніі.

— Гэта праўда, кампанія вялікая, задужа нават вялікая для сяброўскай маёўкі, як сцвярджаеце вы,— іранічна заўважае «следчы».

«Паддопытны» не крыўдзіцца за гэту заўвагу і прадаўжае сваё тлумачэнне.

— Сяло Мікуцічы, гаспадзін следчы, славіцца тым, што з яго выходзіць многа настаўнікаў. Дык нічога дзіўнага няма ў тым, што летам іх з’язджаецца многа ў сваё сяло, да бацькоў.

— А вось з іншых мясцін былі тут настаўнікі? — вядзе сваю лінію «следчы».

— Іх было мала, гаспадзін следчы, дый то гэта ўсё блізкія прыяцелі, аднакашнікі настаўнікаў, выйшаўшых з Мікуціч.

— Ну, а вы — таксама з Мікуціч? — пытае «следчы».

— Я тут па суседству. Мая вёска вярсты дзве адгэтуль. Летам я ўвесь час праводзіў з сябрамі ў Мікуцічах.

— Так весела там? — іранічна падае рэпліку «следчы».

— Мы ўтварылі там, на кватэры Садовіча, пры школе, гурток настаўнікаў і займаліся падгатоўкаю да экзаменаў на атэстат сталасці,— дае тлумачэнне Янка.

— Вашу «сталасць» вы засведчылі ў сваёй крамольніцкай рэзалюцыі,— кажа бязлітасна «следчы», потым рэзка мяняе тон. — Давайце кінем гуляць у хованкі,— сурова гаворыць ён.— Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам! — «Следчы» падымае ўгору ліст паперы, які павінен азначаць «дакумент», і ўжо болей спакойна гаворыць: — Прызнавайцеся — хто пісаў тэкст гэтага паскуднага пратакола?

Пасля кароткай паўзы ён дадаў:

— Памятайце, што шчырае ўсведамленне злачыннасці і праўдзівае прызнанне свае віны толькі зменшыць ступень справядлівага пакарання.

«Паддопытны» спачатку маўчыць, а потым лагодна заяўляе:

— Мне няма ў чым прызнавацца, бо я не толькі не ведаю, хто пісаў пратакол, але і не ведаю, што ў ім напісана.

— Кіньце дурака валяць! — грыміць «следчы».— Гаварыце праўду, хто складаў пратакол?

— Калі хочаце ведаць праўду, дык скажу: пратакол напісаў бог Бахус! — адказвае таксама крыху ўзлаваны «паддопытны».

Прыяцелі не датрымліваюць далейшай камедыі і весела рагочуць.

— А няхай ты скісні! Замарыў мяне, аж лабаціна ўпарылася,— гаворыць Янка і выцірае хустачкаю лоб.

— Што скажаш, Яне? Па-мойму — някепска. Калі мы ўсе разыграем такую «божскую камедыю», дык яй-права, добра будзе!

— Шлях працярэблены! — весела адзываецца Янка.— Застаецца толькі пашліфаваць некаторыя дробязі. Можа, «следчы» — ты ці я — не так часамі запытваў, а «паддопытныя» часамі не так адказвалі.

— А як ты мяркуеш, можа, «Бахуса» трэба зняць, а тую ж думку выказаць трохі іначай,— асцярожна заўважае Лабановіч.

— Справа, браток мой, не ў дакладнай тэрміналогіі, была б толькі верна і не разнабойна вызначана лінія агульных паводзін, а рэшту, вядома, трэба падгладзіць, падчысціць.

— Я ў прынцыпе не супраць Бахуса, Янка, быць можа, гэта наша знáхадка. Тысячы людзей ускладалі віну на беднага Бахуса, і гэта часта памагала ім. А ну ж і нам ён саслужыць службу.

— Прыяцелі пераходзяць да канчатковага афармлення «допыту» і апошніх заключэнняў. Застаецца толькі пазнаёміць усіх удзельнікаў настаўніцкага з’езду ў Мікуцічах, каб усе зволеныя настаўнікі ігралі ў адну дудку — ніякага раней абдуманага намеру не было. Паўстала другое пытанне: якім спосабам паведаміць сябрам аб прынятай лініі паводзін на допыце. Адказ быў адзін: толькі вусна і ўпотайку.

У заключэнне Лабановіч сказаў:

— Трымайся, Янка, нас яшчэ лёсы невядомыя чакаюць. Падаць духам не будзем!

— Не будзем!..— падхапіў Янка.— Мы яшчэ пакажам, што такое «агаркі-санкюлоты» — сцеражыцеся, багацеі, бедната гуляе!

Пасля таго як настаўнікаў павыганялі са школы, яны называлі сябе «агаркамі», гэта значыць людзьмі, выкінутымі за парог жыцця.


VI[правіць]

Праз колькі дзён пасля рэпетыцыі допыту да Лабановіча зайшоў брат.

— Для цябе, браце, наклёўваецца школа,— весела прамовіў Уладзімер. На яго губах красавалася хітраватая ўсмешка.

Лабановічу здалося, што брат хоча пакпіць з яго — напэўна, пад’язджае з нейкім жартам.

— У які бок ты ківаеш, Уладзік? Якая можа быць для мяне школа? — недаверліва азваўся Андрэй.

— Маленькая школка, тут у Смалярні!

— Не разумею, што ты хочаш сказаць,— прызнаўся Андрэй.

А Уладзімер казаў далей:

— Справа залежыць зараз ад цябе — згодзішся вучыць, і вучні будуць,— па тры рублі ў месяц з носа!

— Было б добра, каб яны былі, але дзе ўзяць іх?

Тут Уладзімер раскрыў карты. Некаторыя бацькі з суседніх вёсак, дачуўшыся, што тут пад бокам ёсць настаўнік, прасілі Уладзімера перагаварыць з братам, ці не ўзяўся б ён вучыць іхніх хлопцаў. Везці іх у Стаўбуны далекавата, ды яшчэ трэба знайсці кватэру, плаціць за яе, пасылаць харчы. А так было б зручней: лягчэй прайсці дзве-тры вярсты да Смалярні, чым ехаць вёрст дзесяць да мястэчка.

— Дык як ты глядзіш на гэта? — запытаўся Уладзімер.

— Ахвотна ўзяўся б вучыць — рабіць жа мне няма чаго. Колькі набярэцца вучняў?

— Сем-восем хлопцаў, а то, можа, і болей.

— Што ж? Гэта добра. Не ведаю толькі, як размясціць школу.

— Пра гэта ты не думай,— сказаў Уладзімер.

Яшчэ дні праз два «школа» была зусім гатова прыняць непрадбачаных вучняў. Змайстравалі просты доўгі стол, паставілі дзве лаўкі па адзін і па другі бок, а ў адным канцы табарэцік, «прафесарскую» кафедру.

Такая гісторыя адчынення «школы» ў Смалярні — на вялікую радасць Лабановіча і задаваленне вяскоўцаў, бацькоў дзевяці вучняў.

Хоць Лабановіч зараз быў далёка непаўнапраўны настаўнік, ад начальства не пастаўлены, але ён адчуў вялікае задаваленне, калі ў леснікову хату прыйшло дзевяць хлапчукоў рознага ўзросту і рознай адукацыі. Даволі было палавіны дня, каб устанавіць ступень падгатаванасці вучняў. Самаму старэйшаму з іх, Тодару Бярвенскаму, было ўжо каля шаснаццаці гадоў. Гэта быў рослы дзяцюк. Некалькі зім хадзіў ён у школу, але з вялікімі перапынкамі. Са школьнай праграмы ён сёе-тое ведаў, а наогул быў малапісьменны. Яго ўжо болей займалі дзяўчаты, чым кнігі. Але жыццё прымушала ўзяцца за навуку, хоць бы здаць экзамен за курс пачатковай школы. У школе, сярод шумнай грамады невялікіх хлапчукоў, Бярвенскі пачуваўся не дужа ёмка. Вось чаму з вялікаю ахвотаю пайшоў ён у зацішную Смалярню да Лабановіча. У Тодара была і асаблівасць гаворкі: калі дзеяслоў канчаўся на «аў», ён вымаўляў «оў»: браў — броў, араў — ароў, баранаваў — баранавоў і інш.

Усе астатнія вучні былі ад адзінаццаці да трынаццаці гадоў. Яны таксама вучыліся ўрыўкамі, прапускалі заняткі, слаба ведалі навуку ў межах школьнай праграмы. Па азнаямленні Лабановіч падзяліў іх на тры групы, па тры вучні ў кожнай: вышэйшая група, у якую ўваходзілі Тодар Бярвенскі, Якім Пракопік і Паўлюк Глушка, сярэдняя і група найболей адсталых.

З усёю адданасцю заўзятага настаўніка пачаў Лабановіч заняткі са сваімі нешматлікімі вучнямі. Перш за ўсё іх трэба было забяспечыць належнаю колькасцю пісьмовых прыналежнасцей, кнігамі-падручнікамі і іншымі дапаможнымі рэчамі школьнага ўжытку. Усё гэта было раздабыта стараннем самога настаўніка і дзякуючы некаторым грашовым выдаткам яго выхаванцаў, якія загарэліся шчырым жаданнем вучыцца.

З ранку да вечара крукам сядзелі вучні і настаўнік за сталом, то ўткнуўшыся ў кнігі, то ў сшыткі, то глыбакадумна падымалі ўгору вочы, калі рашалі задачы. Тут не было такога распарадку, як у звычайных школах. Перапынкі рабілі ў меру патрэбы, не лічачыся з тым, колькі часу адводзілася заняткам па тым ці іншым прадмеце.

Саматужная школа ў Смалярні абмежавала час Лабановіча, што ніколькі не турбавала яго, бо гэта была жывая і прывычная яму справа.

Янка Тукала шчыра парадаваўся за прыяцеля.

— Го, брат! — жартліва казаў ён.— Нашага брата голымі рукамі не возьмёш: ён жывучы, як палын, і жыць будзе, пакуль карэнні з зямлі не вырвеш!

Каб не замінаць прыяцелю ў занятках, ён таксама абмежаваў свае наведванні ў Смалярню. Але не было ніводнага тыдня, каб яны не сустрэліся — ці на кароткі, ці на болей доўгі час,— не пагаманілі аб розных рэчах і справах. Гэта ўжо сталася патрэбаю, доўга заставацца адзін без другога яны не маглі. Пагаманіць жа заўсёды было пра што. Жывучы ў мястэчку і сустракаючыся з местачковаю інтэлігенцыяй, Янка быў да некаторай ступені ў курсе розных палітычных плыняў, але ніводнаю з іх не захапляўся, стаяў збоку ад іх, прыглядаўся і прыслухоўваўся да ўсяго, што гаварылася, каб усё ўзважыць сваім уласным розумам, прапусціць праз свае думкі. Часамі ён нават пасмейваўся з местачковых лідэраў дробнабуржуазных партый і з іх бясстрашнасці.

Янка казаў:

— Кожны гэткі цыган сваю кабылу хваліць. Мяне яны ўсе хочуць залучыць на свой бок. Я слухаю, і мне прыходзяць на памяць местачковыя крамнікі, што стараюцца зацягнуць у сваю краму пакупніка, каб прадаць яму тавар і зарабіць на продажы. Кожны разрываецца, даводзячы, што самая сапраўдная партыя ёсць тая, да якой ён сам належыць. Ды хто бачыў тую праўду? Дзе яна і якая яна? Я, прызнацца, не бачу яе. Помніш, як мы вывучалі ў Новым завеце: Пілат пытаўся ў Хрыста: а што ёсць ісціна? I адказу не пачуў.

— Унь куды завярнуў ты, Янка! — крыху здзівіўся Лабановіч.— Залезеш, браце, у такія нетры, што і не выберашся.

— А ўсё ж такі, што такое праўда? — упёрся Янка.

— Калі Хрыстос не здолеў даць адказ Пілату на запытанне, што ёсць ісціна, дык я табе скажу. Праўда, гэта, брат, тое, у што ты веруеш так, што і другіх прымусіш паверыць.

— Гм! — патрос галавою Янка.— Завілавата і неакрэслена. Це діло треба разжувати, як кажуць украінцы.

— Бяда наша, Янка, у тым, што мы непадкаваныя, невялікая наша адукацыя, каб правільна падысці і крытычна паставіцца да праграмы розных палітычных партый.

— У іх сам чорт нагу зломіць,— заўважыў Янка.— Слухаеш аднаго здольнага прамоўцу, дык здаецца, што ён гаворыць праўду. А паслухаеш другога, яшчэ болей здольнага і красамоўнага, які будзе абвяргаць першага і даводзіць правату сваіх поглядаў, дык выходзіць, што праўда на баку гэтага другога… Можа, і правільна, што такое хістанне ёсць вынік невялікай адукацыі,— згадзіўся Янка, але тут жа запярэчыў: — Не, браце, не ў адукацыі справа! Вось кадэты — вельмі адукаваныя людзі. Гэта ўсё прафесары, адвакаты, рэдактары газет і часопісаў. Дык няўжо ж ісці за імі і прызнаць, што яны кажуць праўду?

— Не варты кадэты таго, каб гаварыць аб іх нават у маёй Смалярні,— зняважліва сказаў Лабановіч.— Справа ў тым, што кадэты — манархісты, хоць афарбоўка ў іх трохі іншая, чым, скажам, у акцябрыстаў і ў другіх падобных партый. Раз яны стаяць за манархію, якую б там ні было, дык цвілы грош цана ім.

— Што праўда, то праўда,— згадзіўся з сябрам Янка.— Усё ж большасць партый сходзіцца ў адным: яны стаяць за тое, каб скінуць цара. Калі ж гэта так, то я згодзен тут ісці з імі ў ногу і бяру ад іх усё, што спрыяе пагібелі цара і самадзяржаўнага ладу. У гэтым выпадку я падобен да пчалы, што збірае мёд з розных кветак, абы толькі паўнейшы быў вулей. Вось яны, гэтыя кветкі!

Янка выняў з-за пазухі жмут пракламацый, згорнутых у трубку.

— Перш за ўсё,— кажа Янка,— трэба занесці іх у лес і схаваць у нашай «скарбонцы».

Лабановіч узяў пракламацыі.

— I ты не баішся насіць іх? — спытаў ён, падміргнуўшы.

Янка засмяяўся.

— Бог не папусціць, свіння не з’есць. А калі б пабачыў, што мяне запыняць і зробяць вобыск, дык сказаў бы: а я іду якраз у паліцыю — недазволеную літаратуру знайшоў!

— Так бы яны табе і паверылі?

— Ну, што ж? Купіў не купіў, а патаргаваць можна,— у тым жа вясёлым тоне адказаў Янка.

— Гэта таксама правільна. Але ці думаў ты, збіраючы вось гэтыя «кветкі», што сярод іх могуць быць і атрутныя?

— Покі што пра гэта не думаў. Я, брат, зыходжу з прынцыпу: што Бог даў, тое ў торбу. Будзе зручная часіна, перагледзім іх і тады аддзелім плéвелы ад пшаніцы. Плевелы спалім, а чыстую пшаніцу паложым у жытніцу, як вучыць Хрыстос.

— Здорава засвоіў ты евангельскую навуку, — пажартаваў Лабановіч.

— Без Бога ні да парога.

— А з Богам хоць за выварат,— у тон прыяцелю дадаў Лабановіч, намякаючы на патайное сховішча забароненай літаратуры ў лесе пад карэннямі вывернутай старой яліны.

Прыяцелі добра зразумелі адзін аднаго і накіраваліся ў лес да патайнога сховішча.


VII[правіць]

Амаль кожную суботу надвячоркам, калі Лабановіч адпускаў сваіх вучняў дахаты, Янка Тукала прыходзіў да прыяцеля ў Смалярню. Янка любіў цішыню і спакой, якія панавалі ў глухім кутку сярод лесу, дзе праводзіў заняткі Лабановіч. Спатканні заўсёды былі жаданымі, радаснымі, вясёлымі. Бадай кожны раз, прыходзячы да сябра ў адведзіны, Янка захапляўся прытулкам свайго прыяцеля, утульнасцю, глухменню.

— Тут, брат, як у Бога за пазухаю і не бачыш ніводнай паліцэйскай морды. Проста — рай!

Звычайна Янка прыносіў сякія-такія навіны, цікавыя кніжкі, раздабытыя ў мястэчку, чуткі, звязаныя з палітычным становішчам у Расіі, весткі аб намерах прагрэсіўных людзей — імёны іх не называліся — выдаваць новыя газеты, часопісы. Расказвалі, што нібыта рыхтуецца выпуск беларускай газеты, чаго яшчэ амаль ніколі не бывала. Усе гэтыя навіны прыемна хвалявалі сяброў і служылі багатаю страваю для гутарак. Размовы часта цягнуліся за поўнач, калі прыяцелі ўжо ляжалі ў цвёрдай сялянскай пасцелі пад адною коўдраю. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Прыяцелі шчыра заліваліся такім смехам, якога ў іх даўно ўжо не было. З гэтай прычыны Янка аднойчы заўважыў:

— Я ніколі так весела не смяяўся, як цяпер, калі страціў школу і бадзяюся адзін, як воўк па глухіх дарогах.

— Вось гэта і добра, Янка,— падтрымаў яго Лабановіч.— Смех не грэх, а галавы не вешай.

— Але, глядзі, брат, каб не давялося нам паплакаць.

— Калі надыдзе такі час, дык што ж? I паплачам. Слёзы, кажуць, ачышчаюць чалавека.

— Няхай лепей нашы ворагі плачуць,— азваўся Янка.

Пасля такіх вечароў і начлегаў, калі прыяцелям падыходзіла пара развітацца, Янка непрыметна цішэў, замыкаўся ў сабе, і ўся яго вясёласць знікала.

— Што зажурыўся, мой дружа? — пытаў яго Лабановіч.

Янка нібы абуджаўся ад сну, падымаў на прыяцеля шэрыя, удумлівыя вочы.

— А чаго мне журыцца? — казаў ён.— Жонкі няма, дзеці дома не плачуць, дый дому няма. Я вольны, як вецер у полі. Дык чаго журыцца?

— Не, брат, не хітруй! Прызнавайся, кажы праўду!

Янка прымаў паставу акцёра і трагічным голасам казаў:

— Праўда можа забіць чалавека, калі яна не ў часе выяўляецца!

— Хто табе сказаў гэта?

— Такі сказ я вычытаў у Артура Шніцлера,— адказаў Янка і ўжо натуральным голасам дадаў:— Умеюць жа людзі выказваць такія цікавыя думкі. Чаму яны не прыходзяць у маю галаву!

— Каб ты паставіў сабе задачу складаць такія сказы-афарызмы, дык, можа, не горш, чым у Шніцлера, атрымлівалася б.

— Чорт яго ведае! Хіба, можа, папрабаваць,— згаджаўся павесялеўшы Янка.

Ён яшчэ болей павесялеў, калі Лабановіч раптам заахвоціўся прайсціся разам да мястэчка Стаўбуны.

— Вось гэта голас! Чаму не прайсціся? — падхапіў Янка.— Я, можа, таму і зажурыўся, як ты кажаш, што мне прыйшоў час развітацца з табою,— прызнаўся ён і дадаў: — Можа, на пошце і пісьмы будуць для цябе,— спакушаў ён сябра.

А Лабановіч і сам думаў аб пісьмах, але прыяцелю сказаў:

— Без цябе і мне аднаму сумна.

Яны сабраліся і выйшлі з лесніковай сядзібы.

— Я павяду цябе новаю дарогаю, па якой ты яшчэ ніколі не хадзіў. Праўда, будзе трохі далей, затое ж новыя малюнкі разгорнуцца перад табою,— сказаў Лабановіч, беручы кірунак улева ад пераезда.

— Ну, што ж? Давай!— адгукнуўся Янка.— Я люблю ўсё новае, нябачанае і ўсё, што павялічвае дарогу.

Выйшлі ў Цёмныя Ляды, з вярсту ішлі паўздоўж старога яловага лесу, крута павярнуўшы ўправа. Лабановіч часта спыняўся, зварачаў увагу Янкі на цікавыя мясціны.

— Зірні, Янка, бачыш — кудзерка лесу сярод высечанай агромністай лясной прагаліны, нібы зялёны астравок у пустэлі. Праўда, прыгожы гаёк?

— Сапраўды, прыгожы,— пацвердзіў Янка.— Ведаеш, гэтая кудзерка пакінутага лесу нават выклікае такі жаль, нібы яна — адзінокая сірата.

— А паглядзі, колькі на гэтых лядах пераспелай травы, ды якой травы! I вось гіне марна. Ды аддай яе людзям, у якіх няма сенажаці! Сярпамі павыжыналі б яе. Дык не, няможна — скарбовая, княжацкая,— абураўся Лабановіч.

— А што князю мужык, беззямельнае сялянства! Быў бы напханы свой трыбух… Вешаць трэба такіх гадаў! — злосна заключыў Янка.

Восеньскі дзень, шэрае неба, засланае роўным аднастайным покрывам суцэльных воблакаў, і самі Цёмныя Ляды з пажаўцелаю высокаю травою, дзе пагульваў неспакойны вецер і шаптаў ёй нікому не вядомыя казкі,— усё казала аб заміранні жыцця прыроды і наводзіла неакрэслены смутак на сэрцы двух вандроўнікаў. Навокал было глуха, маўкліва, панура.

Ляды скончыліся. Вандроўнікі выйшлі на пустое, запушчанае поле, ужо колькі гадоў гаспадары перасталі засяваць яго, бо з засеву ледзь-ледзь збіралі насенне. На поле наступаў маладзенькі хвойнічак, усё болей і болей займаючы яго закінуты разлог. З правага боку — маленькая вёсачка, лявей выступаў вакзал і ўжо вядомы нам вятрак на горцы.

Тым часам прымоўкшыя вандроўнікі выйшлі на добра знаёмую дарогу, што вяла ў Мікуцічы.

— Стой, Янка, спынімся і паклонімся дарозе, што прывяла нас да пакуты. Памятаеш у Дастаеўскага? «Я не табе пакланіўся, а тваёй пакуце».

Янка паглядзеў на дарогу і ўздыхнуў.

— Чаго ўздыхаеш, браце?

— У мяне нарадзіўся афарызм,— адказаў Янка.

— Ну, кажы!

— Ідучы рабіць сур’ёзную справу, не забывай узяць з сабою розум, калі ён у цябе ёсць.

Лабановіч громка зарагатаў.

— Ну, вось бачыш, Янка, афарызм не горшы за шніцлераўскі. Толькі не зусім арыгінальны: нешта падобнае сказана ў Ібсена.

— Ну, што ж,— сказаў спакойна Янка.— Жабрак жабраку відзён па кійку.

Сябры развесяліліся і накіраваліся ў мястэчка, зрабіўшы вярсты тры лішніх. Нікуды не заходзячы, падаліся на пошту. Пошта была зачынена. Янка бачыў, як прыкра было прыяцелю. Андрэй жа і праводзіў яго з-за пошты.

— Што за свінства! — абурыўся Янка.— Зачыняць у святы дзень, калі бедным людзям зручней за ўсё завітаць сюды!.. Але пастой, сходзім на кватэру Івана Паўлавіча, гэтага цвілога балбеса.

Іван Паўлавіч толькі што вылез са свайго бярлогу, памыўся, апрануўся. Наведвальнікаў сустрэў прыязна. Яму ўчора пашчаслівіла: ён выйграў у карты сем рублёў трыццаць капеек. Ахвотна пайшоў на пошту, бо яна была зачынена па яго віне.

— Да запатрабавання? — запытаў Іван Паўлавіч, стоячы за перагародкаю, і хітра падміргнуў Лабановічу. Ён перакінуў некалькі пісем і падаў адно Лабановічу.

— Пэўна, гэтага чакалі? — пасміхнуўся паштавік.

Быстра зірнуўшы на пісьмо, Лабановіч палажыў яго ў кішэню, не падаючы знаку, што гэта яго ўзрушыла.

Сябры развіталіся з Іванам Паўлавічам. На гэты раз Лабановіч заклікаў Янку да Шварца. Пасядзеўшы з гадзіну і выпіўшы па бутэльцы піва, прыяцелі разышліся.

— Прыходзь жа вольным часам да мяне, дарагі мой Янка. Ды прынось афарызмы.

— Прыйду і афарызмы прынясу. На мяне цяпер наплыла афарызмавая хваля,— пажартаваў на развітанні Янка.

Апынуўшыся ў дарозе адзін, Лабановіч выняў з кішэні пісьмо.

«Дарагі Андрэй Пятровіч! — так пачыналася яно.— Я доўга не пісала Вам: не было і няма чым пахваліцца. У гарадскую жаночую школу не прынялі мяне, хоць экзамены здала шмат лепей, чым многія паступаўшыя са мною. Не было каму закінуць за мяне слова. Можа, мне не варта было гаварыць загадчыцы школы, што да экзаменаў рыхтавалі мяне Вы. Што буду рабіць далей, пакуль што не ведаю. Хутчэй за ўсё пайду па бацькавай дарозе. У мамы ёсць знаёмыя, калегі майго таты. Паступлю на работу і буду вучыцца на тэлеграфістку. Мы з мамаю часта ўспамінаем Вас. Мама пасылае Вам паклон.

Пішыце, як Вы жывяце. Што ў Вас чуваць?

Бывайце здаровы! Ваша вучнёўка Ліда».

Цэлы клубок думак і пачуццяў выклікала гэта кароценькае, акуратна і граматна напісанае пісьмо. Балюча разанулі па сэрцу словы: «Можа, мне не варта было гаварыць загадчыцы школы, што да экзаменаў рыхтавалі мяне Вы». Што гэта — дакор ці шчырасць? Горкі жаль і смутак па Лідачцы агарнулі Лабановіча. Ён некалькі разоў перачытаў пісьмо, і вобраз Ліды, якую налучыла першая прыкрая няўдача і, можа быць, з-за настаўніка, як жывы, паўстаў перад яго вачамі. Цяпер стала ясна, што дарогі іх не сыдуцца.

Спахмурнелы, адзінокі ішоў ён у Смалярню.


VIII[правіць]

Заняткі ў саматужнай школе ішлі сваёю чаргою. Яны дапамагалі Лабановічу вызваляцца ад лішніх думак і непатрэбных настрояў. Праз некаторы час выявілася, што вучні старэйшай групы настолькі пасунуліся наперад у навучанні, што ўжо можна было гаварыць і пра іх экзамены. Гэта акалічнасць асабліва ўзрадавала Тодара Бярвенскага, і хлопцы сталі займацца яшчэ старанней. Паўставала адно пытанне: ад якой школы пасылаць іх на экзамены? Выпадак з Лідачкаю прымушаў Лабановіча ставіцца болей прадбачліва і адказна да сваіх выхаванцаў. Найлепшае выйсце — перагаварыць з мясцовым настаўнікам і заручыцца яго згодаю прадставіць на экзамены хлопцаў Лабановіча як сваіх, як вучняў Стаўбуноўскай школы. Не было падставы думаць, што стаўбуноўскі калега не згодзіцца з гэтым. Але наперадзе была яшчэ ўся зіма, хопіць часу, каб вырашыць гэта пытанне; абы толькі нішто не парушала наладжанай работы і тых планаў, што былі ў Лабановіча.

Вечарам, калі ён заставаўся адзін, апаноўвалі розныя думкі. Ён выходзіў з дому праветрыцца і ў самоце аб усім падумаць, усё абмеркаваць. Неразлучна спадарожыў яму ў думках вобраз Лідачкі і ўсе тыя падзеі і малюнкі, што злучаліся з ёю. I дзяўчына была для Лабановіча зараз такой мілай, такой прывабнай і дарагой, як і ўсё, што адыходзіць ад нас і не варочаецца. Ёй трэба напісаць пісьмо, напісаць прыязна, шчыра, праўдзіва. Вечарам ён сядзе за стол, запаліўшы просценькую сялянскую лямпу, і будзе пісаць пісьмо. Яно ўжо складалася ў мыслях.

З пагулянкі Лабановіч вярнуўся ў змярканне. Пераступіўшы парог свае «школы», ён заўважыў постаць чалавека за вучнёўскім сталом. У хаце было зусім ужо цёмна, і пазнаць незнаёмага было трудна. I як жа здзівіўся Андрэй, калі пачуў так добра знаёмы голас і словы прывітання:

— Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якой сядзеў грэк!

— Янка! — выгукнуў Лабановіч і на прывітанне прыяцеля адказаў: — Няхай не апынешся ты ў становішчы сабакі, што сядзіць на плоце!

Такія былі ў іх «агаркаўскія» прывітанні.

— Не чакаў мяне? — запытаў Янка, выходзячы з цемнаты насустрач Лабановічу.

— Прызнацца, такі і не чакаў,— з ноткаю здзіўлення сказаў Андрэй.

— А я, бачыш, тут як тут.

— Маладзец, што прыйшоў: заўсёды рад бачыць цябе. Пэўна, не з пустымі рукамі, а з афарызмамі прыйшоў?

— Не, брат, не з афарызмамі, а з нечым болей важным.

Лабановіч пачаў крыху трывожыцца. Янка дастаў з бакавой кішэні ліст паперы, сеў бліжэй да цьмяна гарэўшай лямпы. Да яго падсеў і Лабановіч. Угары на разгорнутым лісце паперы былі напісаны ад рукі, а потым адбіты на шапірографе два словы: «Таварышы настаўнікі!» А далей ішоў тэкст звароту:

«Група нашых таварышаў-настаўнікаў, якія сабраліся летам гэтага года ў сяле Мікуцічы для абмеркавання сваіх прафесіянальных інтарэсаў, асабістых і школьных, зволена з настаўніцкіх пасад бяздушнымі чыноўнікамі-бюракратамі. Ні расследавання, ні суда над імі не чынілі, угледзеўшы, як відаць, у сходзе настаўнікаў бунтарства і крамолу. Мы самым катэгарычным чынам пратэстуем супраць такой паліцэйска-бюракратычнай расправы над нашымі таварышамі і калегамі. Мы зварачаемся да ўсіх настаўнікаў Мінскай губерні — выказаць самы рашучы пратэст з поваду расправы над нашымі калегамі. Пасады зволеных настаўнікаў аб’яўляюцца пад байкотам. З пачуцця таварыскай салідарнасці ніхто з настаўнікаў не павінен займаць месцы зволеных таварышаў, каб не пераходзіць у лагер іх ворагаў».

Унізе было напісана:

«Ад групы настаўнікаў Мінскай губерні».

Скончыўшы чытаць адозву, Янка запытаў:

— Што? Бачыў, кум, сонца?

Лабановіч паківаў галавою, і трудна было зразумець, ці рад ён быў, ці не рад.

— Не ведаю, браце, якое гэта сонца.

— А як усё ж такі расцэньваеш ты гэты дакумент?

— Дадатна,— крыху падумаўшы, адказаў Лабановіч.— Справа, браце, у тым, што, як кажуць, не звяліся яшчэ багатыры на нашай зямлі. Нас пазвальнялі, а вось знайшліся паміж нашаю братвою людзі, аб якіх мы нічога не ведаем і якія не мірацца з нашым звальненнем, заступаюцца за нас, пратэстуюць. I наша справа такім чынам набывае пэўны водгук. Вось у чым дадатнасць адозвы, невядома чыёю рукою напісанай. Для нас жа асабіста… Як табе сказаць, быць можа, гэты дакумент пагаршае наша становішча.

— Усё, што ні робіцца, робіцца к лепшаму,— заўважыў Янка.— Але ты кажаш праўду — нам гэта адозва можа пашкодзіць. Мне ўжо казаў цвілы паштавік: «А ці не ваша, васпане, гэта работа? Ці не вы самі напісалі адозвачку?» Так могуць паставіцца і нашы следчыя, а таму трэба ўсё гэта ўлічыць і ўнесці некаторыя дадаткі ў наш «допыт».

— У кожным разе адозву трэба занесці пад выварат: нядобра будзе, калі яна пападзе ад нас у рукі паліцыі.

Сябры зараз жа апрануліся і пашыбавалі ў лес, каб палажыць у «скарбонку» тое, «што Бог даў». Скарбонкаю называлі яны дзервяную невялікую скрынку, залітую зверху смалою, каб не гніла.

Як толькі звярнулі яны з дарогі ў лес, Лабановіч раптам спыніўся.

— Пастой,— сказаў ён ціха,— скажы, якім чынам папала да цябе адозва? Дзе ты яе ўзяў?

— Хацеў сказаць табе пра гэта і сказаў бы, ды ўсё не было зручнага моманту. Быў я сягоння на пошце. Гэты самы паштар Уласік адвёў убок і перадаў мне яе. Пытаюся, дзе ўзяў? Ён толькі падняў палец угору і прашаптаў: «Маўчы!» А потым пачаў пасмейвацца, ці не самі мы пісалі зварот да настаўнікаў.

— Гм!.. Цікава!— прамовіў Лабановіч.— А ці не думаеш ты, што гэты паштавік — паліцэйскі агент? Можа, знарок далі яму адозву з тым, каб ён падсунуў нам?

— А навошта ім так рабіць? Які сэнс у гэтым?

— А сэнс можа быць такі. Калі паліцыя дазнаецца, што ён перадаў адозву табе і нам яна стала вядома, дык зробіць вобыск, каб мець супраць нас уліку.

— Чорт іх ведае,— сумеўся Янка,— усё можа быць. А мо проста гэты паштавік — праўнук гогалеўскага паштмайстра, які любіў свежыя весткі,— з адценнем жарту сказаў Янка.

— Адным словам, дружа, так ці сяк, але вуха будзем трымаць чуйна, а вочы зорка. А калі павядзецца з боку следства гутарка аб звароце да настаўнікаў, дык гавары: адозву бачыў і чытаў. А спытаюць, дзе ўзяў, кажы: на пошце чыноўнік даў.

— Чыноўніка, браце, замешваць сюды не трэба: можа, ён хлопец шчыры і толькі прыкідваецца дурачком? — заўважыў Янка.

— Ты праўду кажаш,— згадзіўся Лабановіч,— лепш сказаць тады, што адозву прыслалі па пошце ў канверце, як пісьмо. А да чыноўніка будзем прыглядацца і ў гутарцы з ім лішняга слова не гаварыць. Калі ж ён — паліцэйскі агент і правакатар, тады можна сказаць, што адозву даў ён.

У лесе было ўжо зусім цёмна, калі прыяцелі прыйшлі пад выварат. Лабановіч добра ведаў патайны куточак, дзе была схована скрынка. Янка стаяў тут жа, хацеў выказаць нейкую думку, але ўстрымаўся. Сілуэт Лабановіча ледзь-ледзь вырысоўваўся з цемры. Некалькі хвілін увіхаўся ён каля патайнога закавулачка пад вываратам, пакуль не намацаў скрынку. Ён злёгку падцягнуў яе, каб зручней было адчыніць вечка. Нарэшце адозва была схована ў «скарбонцы». Лабановіч наўгад, бо нічога не было відаць, прыгладзіў пясок, вылез з-пад выварату і сказаў:

— Гатова!

— Ведаеш, Андрэй,— парушыў лясную глухмень Янка.— Крыху нават рамантычна.— Потым ён змяніў тон і прамовіў:— А што было б, каб у гэтую хвіліну наскочыла паліцыя і гаркнула: «Рукі ўгору! Дык вось дзе вы, галубчыкі!» I асвяцілі б нас ліхтарыкамі!

— Так бывае ў прыгодніцкіх раманах, а жыццё стварае такія сітуацыі, што і прыдумаць нельга,— адказаў Лабановіч.

— А ўсё ж такі, Андрэй, цікавы твой куток, далібог!

Не спяшаючыся, асцярожна прабіраліся сябры густым лесам на дарогу.

— Заўтра завідна прыйду сюды наводзіць парадак пад вываратам, каб надаць яму першапачатковы выгляд,— сказаў Лабановіч і дадаў:— Усё ж такі, Янка, цікава жыць на свеце!

— На гэты выпадак я прыдумаю афарызм,— азваўся Янка.

Ранічкаю назаўтра ён падаўся ў Стаўбуны і, паціскаючы на развітанні руку сябра, выказаў афарызм:

— Смерць — пачатак новага жыцця.


ІX[правіць]

Праз некаторы час, напярэдадні двух святочных дзён, зноў прыйшоў Янка Тукала. Хоць Лабановіч успрымаў «афарызмы» свайго сябра як больш-менш трапныя жарты, але над апошнім: «Смерць — пачатак новага жыцця»,— ён мімаволі задумаўся. Што меў на ўвазе Янка, выказваючы такую мысль? Чым яна выклікана? I прыйшоў да заключэння, што пад смерцю, напэўна, разумеўся выварат, як рэштка паваленай ветрам яліны, дзе яны хавалі забароненую літаратуру, сама ж гэта літаратура засявала пачаткі новага сацыяльнага ладу.

Ці верна разгадан «афарызм», Лабановіч так і не запытаў Янку, бо ён прынёс болей важную навіну. Якраз на адзін святочны дзень у Мінску назначаўся канспірацыйны сход прадстаўнікоў розных рэвалюцыйных падпольных арганізацый. Запрашаліся і зволеныя настаўнікі. За два дні свят можна было лёгка з’ездзіць і вярнуцца назад. Сябры параіліся, варта ці не варта ехаць, хоць паслухаць, што будуць гаварыць людзі з падполля, дужа хацелася. Непакоіла тая акалічнасць, што яны пад наглядам паліцыі і сваёю паездкаю могуць «засыпаць» сход. Але іх браўся завесці адзін падпольшчык, які меў практыку ў справах канспірацыі. Была ў яго партыйная мянушка «Шэра-Сенька». Сябры вырашылі ехаць. Янка для храбрасці і большай смеласці сказаў:

— Пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі — не аглядайся, як добра казаў Нічыпар Янкавец.

З некаторым хваляваннем сябры селі ў вагон поезда, што раніцою адыходзіў на Мінск. Шэра-Сенька даў ім інструкцыі, як трымацца сярод незнаёмай публікі ў поездзе, каб нічым не зварачаць на сябе ўвагі: паводзіцца проста, натуральна, не напускаць на сябе сур’ёзнай заклапочанасці і не пачынаць гутаркі з рознымі пранырамі, аматарамі пагаманіць.

Апаўдні нашы вандроўнікі прыехалі ў Мінск. Шэра-Сенька даў адрас таго дома, дзе павінен быў праходзіць сход. Ён параіў дабірацца паасобку, наўперад конкаю, а далей ісці пехатою. Дом знаходзіўся на Камароўцы. Тады гэта быў ужо край горада, яго ваколіца, дзе стаяў высокі бор, а з-за хвой выглядалі сям-там ладныя простыя домікі, пабудаваныя на гарадскі лад. Гаспадары здавалі іх пад дачы. У адным з такіх домікаў і мелася адбыцца патайная нарада. Шэра-Сенька даў і пароль, каб увайсці ў канспірацыйны дом: «Паклон ад Шэра-Сенькі».

Першым сеў на конку Янка Тукала. Андрэй пачакаў другой. Сябры дамовіліся спаткацца каля дома, каб увайсці туды разам. Яшчэ здалёк заўважыў Лабановіч сябра. Янка бестурботна шпацыраваў па вуліцы, адышоўшыся на значную адлегласць ад запаветнага доміка, які ён нагледзеў загадзя. Хоць сябры трохі пабойваліся і падазрона кідалі потайкам позіркі на людзей у кацялках, але Лабановіч не мог утрымацца, каб не пажартаваць.

— Паклон ад Шэра-Сенькі,— сказаў ён ціха сябру.

— Глядзі, каб не было паклону ад «кацялка»,— яшчэ цішэй заўважыў Янка, намякаючы, што тагачасныя шпікі царскіх ахранак звычайна хадзілі ў кацялках.

Сябры трохі патупалі, а потым, украдкам азірнуўшыся, шмыгнулі ў двор. Сустрэў іх сам Шэра-Сенька.

— Трэба перадаваць паклон ці не? — сказаў жартам Янка, каб надаць сабе крыху смеласці.

— Можна і без паклону,— усміхнуўся Шэра-Сенька.

На вешалцы ў пярэдняй вісела чыёсьці ладнае паліто з добрай матэрыі, жаночы капялюшык, два «буржуйскія» капелюшы і некалькі кепак. Госці таксама пазнімалі свае мізэрныя паліто і шапкі. Шэра-Сенька павёў сяброў у пакой, наўперад пастукаўшы ў дзверы. Дзверы зараз жа злёгку прыадчыніліся. У росчыну дзвярэй паказаўся даўгаваты тонкі нос і чорныя вочы. Убачыўшы Шэра-Сеньку, даўгаваты нос расчыніў дзверы шырэй.

— А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа, чорных брывей і вачэй.

За сталом у пакоі, на самым відным месцы, сядзеў стары чалавек, гадоў пад семдзесят, з пышнаю сіваю барадою. Ён найболей кінуўся ў вочы ўвайшоўшым сябрам. Барада і аблічча гэтага чалавека ў некаторай ступені рабілі яго падобным да Льва Талстога. Пра гэта ведаў сам барадаты стары і дужа ганарыўся такім падабенствам. Гэта быў вядомы ў той час нарадаволец. Уся сям’я яго належала да розных рэвалюцыйных плыняў. Стары нарадаволец арганізаваў нелегальны гурток сялян з бліжэйшых навакольных вёсак. Апроч самога нарадавольца, у пакоі былі яго сын, хваравіты на выгляд чалавек, маўклівы, нібы нечым незадаволены, і дачка. Сын безуважна глядзеў кудысь у неакрэсленыя прасторы, а дачка з цікавасцю пазірала на новых людзей. Яна была ўжо не першай маладосці, працавала дакторкаю ў адной з земскіх бальніц. Быў тут яшчэ незнаёмы, даволі малады чалавек, з зыркімі цёмнымі вачамі і рухавым тварам. У часе гутаркі, а гаварыць ён любіў і гаварыў громка і ўпэўнена, весела пасмейваўся, а калі ён смяяўся, то смяяўся ўвесь яго твар, вочы і губы, прычым верхняя губа падымалася ўгору і расчыняла дзясны з буйнымі крэпкімі зубамі. Прозвішча яго было Кандаковіч. Калі нарадаволец ганарыўся падабенствам да Льва Талстога, то Кандаковіч славіўся асабістым знаёмствам з Караленкам.

Тон гутарцы, як відаць, задаваў стары нарадаволец. Было такое ўражанне, што размова нейкая тут вялася і спынілася толькі з прыходам новых у гэтай кампаніі настаўнікаў. Шэра-Сенька пазнаёміў іх з нарадавольцам і з іншымі асобамі, што былі ў пакоі. Стары падняў вочы з-пад навіслых сівых брывей, агледзеў настаўнікаў беглым поглядам.

— Прашу садзіцца,— прамовіў ён і паказаў на канапу.

— Так, настаўніцтва — сіла,— заўважыў Кандаковіч.— Нямецкія настаўнікі наладзілі французам Седан — яны перамаглі Францыю.

Заўвага была зусім недарэчы, і думкі Кандаковіча ніхто не падтрымаў. Нарадаволец памяшаў лыжачкаю ў шклянцы чаю, палыкнуў глыток, цмокнуў разы два губамі, лізнуў языком куточкі губ.

— Гэта верна,— азваўся ён.— Усякая разрозненая сіла, сабраная ў адно, звязаная крэпкім абручом і накіраваная ў адзін пункт, робіць цуды. Гэта заўсёды трэба мець на ўвазе.

Для Кандаковіча словы нарадавольца былі тою саломінкаю, якая зараз жа пераходзіць у цэлы мост да вялікай гаворкі. Ён лічыў сябе высокаінтэлігентным чалавекам і выдатным прамоўцам. Кандаковіч часамі казаў, што калі выступае з прамоваю, то гаворыць узрушана і горача, і яго сяды-тады трэба стрымліваць.

— Святая праўда! — падхапіў ён словы нарадавольца.— I бяда толькі ў тым, што не так лёгка згуртаваць разрозненыя, як вы слушна кажаце, сілы. Вось, да прыкладу, нас, рэвалюцыйна настроеных людзей, сабралася тут не так многа, а такой бясспрэчнай, для ўсіх яснай і прымальнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як адзін чалавек, няма. Адзін разумее справы грамадскага жыцця так, другі іначай. Адгэтуль і розных плыняў у нас многа. Больш таго: вось, скажам, я належу да Беларускай сацыялістычнай грамады. У нашай арганізацыі свая спецыфіка: сюды далучаецца нацыянальны момант. Але і мы, грамадаўцы, не ва ўсіх поглядах сходзімся. Ды гэта, можа, і не бяда: чым болей у букеце кветак розных адценняў, тым багацейшы букет.

— Ну, а калі ў букеце будуць адны толькі чырвоныя ружы, то, як па-вашаму, такі букет будзе бедны? — падала прамоўцу рэпліку дачка нарадавольца.

Кандаковіч весела засмяяўся ўсім сваім тварам, паказаўшы буйныя жаўтаватыя зубы.

— Пытанне, Вера Анатольеўна, і дамскае і ў той жа час філасофскае,— адказаў ён.

Кандаковіч хацеў пагаварыць шмат болей, але ў пакой увайшлі яшчэ два чалавекі. Абодва яны былі здаравякі, шырокія, грамозныя. Адзін чарнявы, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі, крыху касавокі: адно вока пазірала, як кажуць, на Маскву, другое на Варшаву. На выгляд яму можна было даць гадоў за трыццаць. Другі быў яшчэ шырэйшы ў плячах і ростам вышэйшы, з дабрадушным тварам, з вялікай святляваю галавою. Абодва яны збіраліся рэдагаваць розныя выданні. Чарнявы намячаўся калі не ў рэдактары, дык у намеснікі рэдактара першай беларускай газеты, якая мелася выходзіць у бліжэйшыя дні. Прозвішча яго было Уласюк. Ні да якой партыі ён не належаў, называў сябе незалежным хутаранінам, хоць цалкам падзяляў праграму Беларускай сацыялістычнай грамады. Другі, таксама будучы рэдактар новага часопіса, але ўжо іншага кірунку, быў сацыял-дэмакрат Кастогін. У мінскай прагрэсіўнай газеце ён змясціў сваю алегарычную казку пад назваю «Пень». Людзі згуртаваліся і вывернулі з зямлі пень, які дужа замінаў ім. Пад пнём разумеўся цар. Царскія чыноўнікі дайшлі да сэнсу казкі. Газету закрылі, выдаваць новую не дазволілі, а сам Кастогін на час дзесь знік.

З прыходам рэдактараў двух новых выданняў, што, праўда, яшчэ толькі наклёўваліся, усе прымоўклі. Рэдактары павіталіся з прысутнымі, як з добрымі знаёмымі, а на былых настаўнікаў зірнулі спачувальна, даведаўшыся, хто яны такія.

— Што ж, панове,— сказаў стары нарадаволец, зноў пажаваўшы губамі і аблізнуўшы іх кончыкам языка,— болей мы нікога не чакаем, то давайце пагутарым. Прашу бліжэй да стала!.. Хто хацеў бы ўзяць слова? — запытаў ён прысутных.

— Вы, Анатоль Іосіфавіч, як самы старэйшы сярод нас, павінны пачаць сход,— адказаў Кандаковіч. Яго падтрымалі.

— Ну, добра,— згадзіўся нарадаволец.— Аб чым жа нам гаварыць сягоння? — звярнуўся ён да прысутных. Памаўчаўшы, казаў далей:— Справа сягоння не ў тым, што мы не маем такой агульнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як гаварыў паважаны Ігар Сяргеевіч,— кіўнуў нарадаволец на Кандаковіча.— Справа, сябры мае, у тым, што полымя рэвалюцыі асядае і гасне. На жаль, верх узяў агульны вораг наш — самадзяржаўны царскі лад. Наша задача: не даць патухнуць агню рэвалюцыі.

Старому нарадавольцу папляскалі.

— Адгэтуль, сябры мае, вынікае і спосаб, метад барацьбы прагрэсіўных людзей Расіі за народ, за яго правы і інтарэсы ў новай абстаноўцы. Якія ж спосабы-шляхі можам азначыць мы? Прашу выказацца.

— Для мяне ясна адно,— узяў слова Кастогін,— нам трэба заняць адну найболей правільную пазіцыю і з гэтай пазіцыі пасылаць свой агонь у адзін пункт. Гэта — пазіцыя рабочага класа, пралетарыяту. На гэтай пазіцыі стаім мы, марксісты. А таму наша стаўка на рабочы клас як на адзіны паслядоўны і рэвалюцыйны клас у дзяржаве, здольны стаяць на чале рэвалюцыйнага руху і кіраваць ім…

— А сялянства вы скідаеце з рахунку? — узрушана перапыніў прамоўцу Шэра-Сенька.— Яно — самы шматлікі клас у Расіі. Яно папаўняе рады рабочых на фабрыках і заводах. Яно дае салдатаў у царскую армію. А покі мы не адарвём яе ад царска-паліцэйскага рэжыму, да таго часу не возьме верх рэвалюцыя. А таму ўсю ўвагу трэба накіраваць на сялянства.

Спрэчкі разгарэліся. Кожны з прысутных адстойваў свой погляд. Маўчалі толькі два сябры, і не таму, што не было чаго сказаць, а проста не асмельваліся выступаць перад такімі бойкімі прамоўцамі. Выступіў і Уласюк.

— На маю думку, сягоння ў нас можа быць адзін верны шлях. Гэта — шлях культурна-асветнай работы як сярод сялянства, так і сярод рабочых у гарадах.

— А якую мэту ставіце перад імі вы? Якую перспектыву даеце ім? — запытаў Кастогін.

— Не будзем зараз забягаць наперад. Час і абстаноўка пакажуць, што рабіць далей,— нічога лепшага адказаць не патрапіў Уласюк.

— Нашы рознагалоссі нагадваюць мне адзін расказ,— сказаў ён у заключэнне.— Вёз мужык у горад прадаваць капусту. Па дарозе быў круты ўзгорак. З узгорка воз пакаціўся ўніз і перакуліўся. Капуста выкінулася, і кожная галоўка пакацілася куды папала. На гэты час ішоў падарожны. Ён спыніўся і глыбакадумна прамовіў: «Глядзі ты яе — у кожнай галоўцы капусты, аказваецца, ёсць свой розум, адна коціцца туды, другая сюды». Ці ж не тое самае наглядаецца і ў нас? Дык вось чаму патрэбна культурна-выхаваўчая работа сярод шырокіх пластоў народа, каб усе галовы каціліся ў адзін бок.

Нельга сказаць, каб гэты расказ дужа спадабаўся прысутным.

— Сябры мае! — сказаў нарадаволец на зачыненні сходу.— Думкі ў нас розныя, а мэта адна: не даць заглухнуць рэвалюцыйнаму руху ў народзе. Усё, што можам рабіць для яго, будзем рабіць. I нашы намаганні не прападуць. Жадаю ўсім нам поспеху! Заўтра нашу нараду прадоўжым у іншым месцы.


X[правіць]

Апынуўшыся па-за сценамі дачнага дома, сябры ўздыхнулі лягчэй. Спачатку яны там адчувалі сябе нібы звязанымі, пакуль не прыгледзеліся да новых і незнаёмых ім людзей і не перакінуліся з сім-тым з іх некалькімі словамі. Удзельнікі патайной нарады як людзі рабілі добрае ўражанне, а асабліва Кастогін. У ім самім і ў яго словах адчувалася ўнутраная сіла і праўда. Найболей супярэчлівым здаваўся стары нарадаволец: буйны землеўласнік, рэвалюцыянер, а чаму не аддае зямлі сялянам? У цэлым жа гаворкі прадстаўнікоў розных рэвалюцыйных плыняў крыху расчароўвалі: у галовах неспакушаных у грамадскіх справах былых настаўнікаў стваралася яшчэ большая блытаніна.

Было ўжо зусім цёмна, калі сябры выйшлі на вуліцу. Слаба свяцілі ліхтары. На ўскрайку горада руху было мала. Зрэдку праходзіла парачка, занятая сваімі справамі, далёкімі ад усяго, што пачулі і аб чым думалі зараз сябры. Калі-нікалі праязджала павольна калымага, пагрукваючы коламі па няроўным бруку, пацоквалі падкаваныя конскія капыты.

— Блажен муж, иже не иде на совет нечестивых,— сказаў Янка, нібы падводзячы гэтым царкоўнаславянскім выслоўем падрахункі патайной нарады.

— А я не каюся, што пабыў там,— адказаў Лабановіч.— Праўда, нічога новага не пачуў, а ўсё ж цікава. Шмат новых думак абуджана ў галаве, ды аб гэтым, Яне, пагамонім потым.

— А як заўтра? — спытаў Янка.— Пойдзем ці не?

— Я не пайду, паеду дахаты: «школа» чакае мяне.

Мінуўшы мост цераз Свіслач, сябры развіталіся. Янка накіраваўся да знаёмага, дзе і думаў заначаваць. Лабановіч хацеў сесці на конку і паехаць да таварыша па семінарыі, з якім яны сябравалі і пісалі адзін аднаму. Выглядаючы конку, Лабановіч не заўважыў, як да яго непрыметна падышоў высокі чалавек і палажыў на плячо руку.

Ад нечаканасці Лабановіч здрыгануўся.

— Што, перапалохаў? — спытаў высокі чалавек і жычліва засмяяўся.

Лабановіч зірнуў: перад ім стаяў чарнявы рэдактар.

— Пазнаёмімся — маё прозвішча Уласюк.

— Ды мы бадай што знаёмыя,— адказаў Лабановіч, падаючы руку.

— То было знаёмства здалёку, можна сказаць, безыменнае, а я хачу пазнаёміцца з вамі бліжэй. Што?

Уласюк меў звычай часта ўжываць слова «што» ў форме запытання, на якое можна і не адказваць.

— Мне вельмі прыемна,— пачціва адказаў Лабановіч, крыху засаромеўшыся і ў той жа час таксама трохі і насцярожыўшыся.

— Вось і добра. Тады пойдзем да мяне: я спыніўся тут непадалёку.

— Дзякую і не пярэчу… Прабачайце: як ваша імя і па бацьку?

— Мікіта Аляксандравіч,— адказаў Уласюк і дадаў:— Я, прызнацца, шукаў вас, каб пагаварыць і прыцягнуць да работы ў нашай беларускай першай газеце, што?

Дом, у які Уласюк прывёў Лабановіча, сапраўды быў непадалёку. Тут кватараваў нейкі адвакат-ліберал. Зараз яго дома не было, ён уступіў кватэру на пэўны час свайму добраму знаёмаму Уласюку. Аканіцы ў кватэры былі шчыльна зачынены. Уласюк запаліў агонь. Адвакацкі кабінет быў прасторны. У ім стаяла некалькі шафаў з кнігамі, галоўным чынам па адвакацкай спецыяльнасці.

— Сядайце, дзядзька Андрэй! — паказаў Уласюк на мяккае крэсла каля стала.— Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей называць па-беларуску: чай ці гарбата?

— Як ні назавеш,— усё будзе добра, абы смачна,— адказаў жартам Лабановіч.

— Ды не адным чаем жыў будзе чалавек. Пашукаю чаго-колечы і да чаю — на патрэбу чалавеку. Што?

Уласюк то знікаў, то з’яўляўся, гатуючы вячэру. Кожны раз ён казаў што-небудзь, адпускаў жарты, сам смяяўся густым басам.

— Дом гэты якраз змяшчаецца на Паліцэйскай вуліцы, пад носам, можна сказаць, у паліцыі, а бліжэй да паліцыі — яно смялей і спакайней, што? — гаварыў Уласюк і бестурботна смяяўся.

Нарэшце вячэра была прыгатавана. Гаспадар паставіў на стол чайнік, а каб чай лепей настояўся, накрыў чайнік старым адвакацкім капелюшом. Потым дастаў з шафы талерку з падсохлымі лустачкамі хлеба, выцягнуў кавалак каўбасы, як відаць, немалой даўнасці, парэзаў яе на тонкія скрылікі.

— Усякая ежа куды смачнейшая, калі з густам пададзена, што? — казаў Уласюк, не дужа спяшаючыся з вячэрай. Ужо ў самым канцы паставіў кручок гарэлкі, разліў яе пароўну ў чаркі.

— Вячэра небагатая, затое дэмакратычная, што? Дык вып’ем і за наша знаёмства, і за новую беларускую газету! — урачыста сказаў Уласюк, паднімаючы ўгору чарку.

Выпілі. Узялі па кавалачку хлеба і па скрыліку каўбасы.

— Як глядзіце вы, дзядзька Андрэй, на выхад у свет першай беларускай газеты? — запытаў Уласюк.

— Для мяне гэта такая радасць, такое шчасце, што я баюся нават верыць у тое, што газета такая можа выйсці,— усхвалявана азваўся Лабановіч.

— Выйдзе, выйдзе,— упэўнена сказаў Уласюк,— ужо і матэрыялу сабрана столькі, што і ў нумар не ўмесціш.

— Рад, вельмі рад і ад усяго сэрца вітаю нараджэнне новага выдання, першай газеты, якая будзе выходзіць на беларускай мове. Я не раз думаў, што для беларускага народа даўно патрэбен такі часопіс, які моваю народа, матчынаю моваю, зварачаўся б да яго са словам праўды. Але якое слова праўды скажаце вы яму, калі за праўду ў астрогі саджаюць? — запытаў Лабановіч, і ў тоне яго запытання чуліся страх і трывога за лёс роднага слова.

Уласюк пагладзіў свае пышныя чорныя вусы, зірнуў на Лабановіча касымі вачамі.

— Нічога, дзядзька Андрэй, не клапацецеся і не бойцеся: мы, беларусы, хітрыя — чорта абдурым. Кожны артыкул, прызначаны для друку, мы будзем узгадняць з юрыстамі: можна яго змяшчаць ці няможна, каб захаваць газету. Будзем пісаць так, каб камар носа не падсунуў. Мы збіраем і згуртоўваем вакол нашай заўтрашняй газеты свядомых беларусаў, лепшыя сілы народа. Вось я і вас запрашаю да нашай талакі.

— Я з мілаю душою гатовы працаваць, як толькі здолею, на карысць агульнай грамадскай справы,— адказаў Лабановіч. Яму было дужа прыемна, што яго запрашаюць на такую важную працу. Толькі брала сумненне, ці няма тут якой-небудзь памылкі, непаразумення. I ён запытаў:— Але чым я заслужыў, што вы запрашаеце мяне на работу ў газеце? I чаму вы іменна шукаеце мяне — вы так гаварылі?

Уласюк закурыў папяросу, пакасіўся на цёмны куток пакоя.

— Сёе-тое мы чулі і ведаем пра вас,— сказаў Уласюк.— Мы ведаем і некаторыя вашы творы. Яны не надрукаваны, а ходзяць у народзе, нібы зложаныя народам. Вось хоць бы гэта:


Давялося раз Гаўрыле

З вёскі ў горад завітаць.

Чхаў пяхотай вёрсты, мілі,

Каб той праўды пашукаць.

[[[[[]]]]]

Вы гэта пісалі, што?

— Калі б такое пытанне я пачуў ад следчага, дык сказаў бы, што не я,— пасміхнуўся Лабановіч.— Праўда, нешта падобнае калісь складаў я. Ад вас жа я пачуў новы варыянт.

— Такі ўжо лёс гуртовай, народнай творчасці,— заўважыў Уласюк.— Важна, што народ прымае аснову, а рабіць змены ў тэксце — яго права. Ніякі юрыст пад гэта не падкапаецца, што?

— Супраць гэтага і я нічога не маю,— сказаў узрадаваны Лабановіч. А потым шчыра і прастадушна прызнаўся:

— Ведаеце, Мікіта Аляксандравіч, я прабаваў пісаць і па-руску і па-беларуску — ёсць такое моцнае жаданне. Ды сам я адчуваю, што па-руску пісаць мне цяжэй і напісанае выходзіць нязграбна. Апроч таго, руская мастацкая літаратура такая багатая, што пракласці сабе дарогу на гэтым шляху цяжка. I як моцна трэба напісаць, каб напісанае табою чыталі з цікавасцю пасля Пушкіна, Лермантава, Крылова, Гогаля! Пісаць мне па-беларуску шмат лягчэй і прасцей, бо сваё роднае, матчына слова мацней закранае струны сэрца. Даруйце мне такі кніжны выраз. Дарогі ж для напісанага беларускаю моваю не было. У выніку ўсяго гэтага я адчуваў горкі смутак. I сапраўды: навошта пісаць, калі напісанае табою не дойдзе да сэрца людскога?

Лабановіч гаварыў шчыра, хвалюючыся, а таму і гаворка яго была блытаная, няроўная, нібы ішоў п’яны або кульгавы чалавек.

— А зараз, дзядзька Андрэй, вы можаце выйсці на дарогу,— заўважыў Уласюк.— I я не мыляўся, калі казаў, што шукаю вас.

— Я вельмі і вельмі дзякую вам, Мікіта Аляксандравіч. Вось, як бы я ізноў на свет нарадзіўся… Скажыце, калі гэта не сакрэт, якія мыслі, ну, праграму мае на ўвазе праводзіць газета і якая назва ёй? — запытаў Лабановіч.

— Мы яшчэ не ахрысцілі яе. Мы ставім сабе задачу — служыць беларускаму народу, змагацца за яго грамадскія і нацыянальныя правы, абуджаць яго свядомасць. А рэшту я гаварыў на сходзе. Вы чулі мяне?

— Я слухаў вас уважна… Удалы прыклад прывялі вы — аб капусце.

— Што, здорава? — запытаў Уласюк і засмяяўся.

— Вельмі трапна. Толькі не ведаю, як спадабаліся капусцяныя галовы слухачам.

Уласюк ізноў засмяяўся.

— Гэта ім не пашкодзіць.

Далёка за поўнач Лабановіч і Уласюк леглі спаць.

Доўгі час не мог заснуць Лабановіч. Ён прыгадваў усе падзеі дня. Беларуская газета разганяла яго сон. У галаве складалася казка аб тым, што жывой мыслі народа не могуць знішчыць ніякія царскія рэпрэсіі.

XI[правіць]

Адшумелі свой час неспакойныя восеньскія вятры. Нізкія, разарваныя ветрам мітуслівыя хмары выплакалі халодныя слёзы.

Кароткія, змрочныя дні наводзілі паныласць і смутак, прыгняталі добры настрой і адчуванне. Быў той час, калі людзі прасілі: «Прыходзіла б ужо зіма. Няхай бы падсушылі марозікі зямлю, каб яна не тапілася ў гразі і ў балоце».

I вось у адзін дзень бязладныя, неспакойныя хмары, нібы спалоханыя птушкі, падняліся вышэй, зрабіліся болей тугімі. Падзьмула з поўначы здаровым халадком. Зямля сушэла, пакрывалася цвёрдаю скарынкаю. А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі. Снег ішоў усю ноч і ўвесь заўтрашні дзень. Пад вечар снег суняўся. На захадзе бліснула журботная, ласкавая ўсмешка сонца і патухла. У небе засвяціліся першыя зоркі. Прыціснуў мароз. Назаўтра, як толькі разднела і праз густыя шаты высокіх ялін, убраных снегам, пачалі ледзь-ледзь прабівацца халодныя праменні сонца, Лабановіч выйшаў з хаты. Пругкае марознае паветра абняло яго сваім дыханнем. Зусім іншы малюнак вынікаў перад вачамі павесялеўшага Лабановіча. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткаю посцілкаю. Кашлатыя лапы ялін гнуліся пад халодным пластом снегу, а маленькія елачкі на ўскрайку лесу і пні панадзявалі пышныя белыя скругленыя шапкі-башлыкі і хаваліся пад імі. I нельга было ўтрымацца, каб не памераць сваімі нагамі глыбіню снегавога покрыва, як не адзін раз рабіў Лабановіч яшчэ ў дзяцінстве. Снег даходзіў амаль да калена.

«Можна будзе і на лыжах пахадзіць»,— падумаў Лабановіч. У брата Уладзімера якраз і лыжы былі.

Праходзіў час. Усталявалася зіма з маразамі і завеямі. У жыцці нашых сяброў нічога асаблівага не здарылася, і пакуль што ніхто іх не патрывожыў і не патурбаваў. Заняткі з хлопцамі праходзілі сваёй чаргою. Лабановіч заручыўся згодаю настаўніка Стаўбуноўскай школы прыняць вучняў да экзаменаў як сваіх. Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Ён чытаў і перачытваў кожны артыкул, кожны верш і карэспандэнцыю. Усё гэта было так нова, так нязвыкла. Найбольш сардэчны водгук на з’яўленне беларускай газеты пачуў ён ад сялян свайго сяла Мікуцічы, куды знарок хадзіў пачытаць людзям напісанае іх простым, родным мужыцкім словам. I сам Лабановіч стаў гарачым і адданым прыхільнікам і прапагандыстам свайго роднага слова, на якім друкавалася газета. Але кожны нумар газеты падпадаў пад рэпрэсіі царскіх чыноўнікаў і цэнзуры. Газету затрымлівалі, штрафавалі, канфіскавалі і, нарэшце, зусім забаранілі, а рэдактара засудзілі на год заключэння ў крэпасць. Замест забароненай пачала выходзіць газета болей памяркоўная, з ліберальна-буржуазным ухілам. Аднак і гэту рахманую газету царскія чыноўнікі заціскалі рознымі прыдзіркамі, прыгняталі штрафамі і белымі плямамі.

Некалькі пісем напісаў Лабановіч Лідачцы. Разы два ці тры яна адказвала на пісьмы і ў адным з іх прыслала нават сваю картачку. Лабановіч з замілаваннем часта разглядаў фатаграфію. Потым Ліда перастала адказваць на пісьмы, і далейшы лёс яе для яго стаў невядомы. Адна толькі фатаграфія засталася на памяць аб мінулых днях побыту ў Верханскай школе, аб вандроўках на хутар Антаніны Міхайлаўны. Лабановіч моўчкі перажываў і гэтую сваю страту. «Жыццё, і падзеі, і людзі ў ім праходзяць, нібы тыя рачныя хвалі»,— думаў ён у самоце.

Аднойчы, калі ў Смалярню прыйшоў Янка Тукала, сябры дамовіліся схадзіць у Панямонь да сваіх знаёмых настаўнікаў. Ім даўно хацелася паказацца сярод былых калег, пабачыць, як паставяцца яны да бяздомных бадзяг і выгнаннікаў. Пайшлі пад вечар у суботу з тым, каб заначаваць у Панямоні. Ім мала абыходзіў клопат, у каго заначаваць. З гэтай прычыны Янка нават прадэкламаваў вядомы з школьных чытанак таго часу верш:


Бог и птичку в поле кормит

И кропит росой цветок…


Другія ж два радкі верша: «Бесприютного сиротку не оставит также Бог» ён перайначыў на свой лад:


Беспрытульнага «агарка»

Не пакіне Базылёк,


намякаючы гэтым на Базыля Трайчанскага, які меў уласную камяніцу.

Правілам паводзін сяброў было: не вешаць нос на квінту. Вось чаму яны заўсёды, асабліва на людзях, былі вясёлыя, жартаўлівыя, прыдатныя да розных штук і забавак. У іх былі песні, выдуманыя імі самімі. Яны прыдумалі нават адзін балетны нумар і назвалі яго танец «зялёнага асла». Сябры станавіліся спінамі адзін да аднаго і адначасова падгіналі правую або левую нагу. Янка браўся рукою за падагнутую нагу Лабановіча, а Лабановіч за Янкаву, а на другой назе яны скакалі, як вар’яты, прысвістваючы або падпяваючы ў такт скокам. Потым яны мяняліся месцамі і адпаведна з гэтым мянялі і ногі па камандзе: «З другой!»

I песні, і жарты, і танец «зялёнага асла» мелі на мэце — высмеяць местачковы мяшчанскі быт з усімі яго цырымоніямі. Публіка, перад якою час ад часу выступалі саматужныя артысты, успрымала іх выступленні па-рознаму: адны крывіліся, другія гучна адаралі іх воплескамі. А наогул жа іх лічылі самымі вясёлымі і пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч саміх сябе, не зрабілі.

Ужо адвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь. Мінулі будынак валаснога праўлення, фельчарскі пункт, дзе фельчарам быў той жа самы Найдус, і накіраваліся ў двухкласную школу да Тараса Іванавіча Шырокага. Ён таксама трывала сядзеў на сваёй пасадзе.

— Добры вечар вам! Ці рады вы нам? — дружна, у адзін голас прывіталі сябры гаспадара, пераступіўшы парог кватэры.

Гаспадар стаяў перад імі. На яго твары адбілася здзіўленне і тое няўлоўнае пачуццё, якое можна было назваць неспакоем, страхам і нечаканасцю бачыць перад сабою такіх гасцей. Але гэта быў адзін толькі момант. Тарас Іванавіч авалодаў сабою і прыйшоў у стан звыклага прыўзнята-бурнага настрою.

— А браточкі мае! А пакутнікі вы нашы! Заходзьце, заходзьце! Распранайцеся! Даўно ж я не бачыў вас, а як хацелася пабачыцца, пагутарыць! — шумна выказваў ён сваю радасць, моцна паціскаючы рукі гасцям.— I як рады я, што бачу вас, галубчыкі, качанчыкі мае,— сыпаў, як з мяшка, Тарас Іванавіч.

Знімаючы паліто, Лабановіч спытаў Шырокага:

— Але не баіцеся вы, Тарас Іванавіч, што прымаеце нас, адшчапенцаў, крамольнікаў, ды яшчэ з такім энтузіязмам?

У вачах Тараса Іванавіча бліснула на момант пужлівасць, няўпэўненасць, ды ён зараз жа перамог іх.

— Хто забароніць мне прымаць у сваёй хаце лепшых з лепшых настаўнікаў? Злачынцы вы, ці што? Казнакрады ці канакрады? Ды такі ж адшчапенец і крамольнік я сам і сотні тысяч гэтакіх крамольнікаў!

Каб не даць астыць пачуццю дружбацкасці і салідарнасці, ён голасна крыкнуў:

— Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў!

Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў:

— Смаж яечню!

— Дай жа прывітацца з людзьмі! — весела прамовіла Вольга Сцяпанаўна. На яе твары свяцілася сапраўдная радасць і прыязнь. Яна памятала, як Лабановіч забаўляў яе малога сына Лёню і расказваў яму такія цікавыя казкі, што хлопчык часта ўспамінаў і пытаў пра дзядзю Андрэя.

— Ну, як жа вы жывяце? — пытала яна гасцей. У яе голасе чулася шчырае спачуванне і засмучэнне.

— Ды жывём так, што дай Божа: то скокам, то бокам, то часам з квасам, парою з вадою,— адказаў Лабановіч.

Янка дадаў:

— Мы людзі бестурботныя, на ўсё добрае ахвотныя, хлопцы вясёлыя, хоць пяткі нашы голыя. Ні аб чым не тужым і цару не служым.

Тарас Іванавіч замахаў рукамі: так гаварыць небяспечна, але гучна засмяяўся.

— Раешнік, сапраўды раешнік! — пахваліў ён Янку, а той прызнаўся:

— Мы з Андрэем падзялілі ролі: ён пачынае, а я падбрэхваю яму, і ў нас выходзіць складна.

— Што вы вясёлыя і ні аб чым не тужыце, гэта вельмі добра, але ўсяго гаварыць уголас не варта,— дабрадушна заўважыла Вольга Сцяпанаўна.

— Ідзі, ідзі, жонка, каля скаварады ды каля буфета пахадзі! — паўтарыў свой загад Тарас Іванавіч.

Вольга Сцяпанаўна выйшла. Гаспадар і госці перайшлі ў кабінет.

— Ах, галубчыкі мае! — не збіваўся з тону Шырокі.— Дык вось яно як!

Нягледзячы на бурнае выказванне радасці, Тарас Іванавіч, заўважалася, быў нібы звязаны, і сапраўднай буры, уласцівай яго характару, не атрымлівалася.

— А скажыце, Тарас Іванавіч: што пра нас ваша асяроддзе гаворыць, як расцэньвае самы факт нашага няўдалага сходу? — спытаў Лабановіч.

— Якое тут асяроддзе! — абурыўся Тарас Іванавіч.— Разумныя людзі спачуваюць вам, дурні, прахвосты ганяць, а болей хітрыя і подлыя маўчаць. Ды ведаеце вы! — раптам ён перайшоў на новую пазіцыю.— Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў ён голас.— На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Сам асабіста хадзіў да станавога прыстава з даносам! А як ён даведаўся? Шмат хто з маладых настаўнікаў, удзельнікаў сходу, не лічыў патрэбным трымаць язык за зубамі… Толькі, браткі, ні шэп! Нікому ні гу-гу, што гэта я вам казаў!

Сябры пераглянуліся.

— Тарас Іванавіч, мы — магіла! — запэўніў Шырокага Лабановіч, а Янка пацвердзіў.

У кабінет прасунула галаву Вольга Сцяпанаўна.

— Прашу да стала! — прамовіла яна.

— Пойдзем!

Тарас Іванавіч узяў пад руку гасцей і павёў у сталовую. Стол быў акуратна накрыты. На ім стаялі прыборы, чаркі, бутэлька наліўкі, вяндліна і ёмкая скаварада яечні з дзябёлымі, сакаўнымі скваркамі.

— Да не оскудевает рука дающего! — сказаў Янка.

Выпілі па чарцы, па другой, павесялелі. Завялася гутарка аб Панямоні, аб панямонскіх людзях, аб зменах. Выявілася, што Тамара Аляксееўна выйшла замуж за Найдуса, і такім чынам на гарызонце «неба Італіі» пагасла адна зорка. Затое ж з’явіліся тры новыя. Сюды прыехаў ветэрынарны фельчар Адам Ігнатавіч, а з ім дзве дарослыя дачкі. За старэйшаю ўчашчае Базыль Трайчанскі. Ёсць і трэцяя, Аксана… Нішто дзяўчына, хоць і ўраднікава дачка. Выявілася таксама, што сягоння ў Адама Ігнатавіча дзень нараджэння і што Тарас Іванавіч з Вольгай Сцяпанаўнай запрошаны на вячэру. Тарас Іванавіч у прадчуванні «банчка» пасля наліўкі прыйшоў у экстаз.

— Пойдзем да Адама Ігнатавіча! — загарэўся ён, зварачаючыся да гасцей.— Там будуць не толькі рады вам, вас на руках насіць будуць!

У доказ гэтых слоў на парозе паявіўся Ёсель з пісьмом. Адам Ігнатавіч запрашаў яшчэ раз Тараса Іванавіча з жонкаю і гасцямі.


ХІІ[правіць]

Па малалюднай вуліцы Панямоні спаважна ішлі госці — Тарас Іванавіч з Вольгаю Сцяпанаўнай і нашы прыяцелі. Прысыпаная свежым снегам вуліца была ўжо ўтоптана людскімі нагамі, палазамі саней і конскімі капытамі. Вокны ўздоўж вуліцы былі шчыльна зачынены аканіцамі.

Кампанія ішла не спяшаючыся, сяды-тады перакідаючыся кароткімі словамі або заўвагамі. Лабановіч маўчаў і думаў свае думкі. Шмат уплыло часу з тых веснавых дзён, калі ён з Садовічам заходзіў у Панямонь. Не так даўно было ад яго пісьмо з Балціморы: як ён там жыве, Садовіч не піша, відаць, не дужа салодка. Аб адным толькі паведамляе — дзесь ходзяць з Нічыпарам на нейкія курсы, каб вывучыць англійскую мову.

Мала што змянілася ў Панямоні за гэты час. Той жа шумны і яшчэ болей тоўсты Тарас Іванавіч, тыя ж вечары местачковай так званай інтэлігенцыі з карцёжнаю гульнёй, той жа Ёсель з яго ранейшымі абавязкамі. Чым жывуць тут людзі? Аб чым яны мараць?

Пазіраючы на ледзь прыметныя палоскі святла, што прабіваліся праз шчыліны аканіц, Лабановіч думаў, як цьмяна і скупа прабіваюцца на свет з зацятага мроку мыслі тутэйшых людзей. У чым жа іх радасць і шчасце? У затхлай цішыні, у нерухомым спакоі, засланым тоненькаю пялёнкай вадзяной каросты, што пакрывае стаячую ваду ціхіх затокаў. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. А вось шкурнікі, паразіты, даносчыкі, накшталт язэпаў брылёў, жывуць. Успомніліся Лабановічу такія ж пустыя вечарынкі ў Хатовічах, у Верхані. Як жа яны падобны адны да другіх! Вядомая старая песня на той жа забраснявелы лад. Праціўна ўся гэтая музыка. Тым часам кампанія падыходзіла да кватэры Адама Ігнатавіча, які жыў на другім канцы мястэчка.

З’яўленне гасцей на чале з Тарасам Іванавічам у доме Адама Ігнатавіча асаблівага ўражання не зрабіла. Некаторыя з прысутных, праўда, са здзіўленнем і нават недаўменнем акінулі поглядам былых настаўнікаў, нібы яны прыйшлі з таго свету, а потым узяліся за свае справы, як дужа занятыя: адны гулялі ў прэферанс, другія ў шэсцьдзесят шэсць, а трэція проста сядзелі і мянцілі языкамі. Сярод гуляўшых у прэферанс быў і той стары, даўгі, як жэрдка, ураднік, што схапіў пратакол са стала ў часе неспадзяванага налёту на школу ў Мікуцічах. Ён зрабіў выгляд, што не заўважыў настаўнікаў.

Гаспадар дому захапіўся гульнёю ў шэсцьдзесят шэсць і натужліва абмяркоўваў свой ход. Гэты чорнавалосы чалавек гадоў пад пяцьдзесят, інтэлігентны з выгляду, нагадваў правінцыяльнага адваката. На момант ён адарваўся ад гульні, каб выслухаць ад Тараса Іванавіча павіншаванне, павітаўся з былымі настаўнікамі, пасля чаго ізноў сеў на сваё месца. Тарас Іванавіч абразліва заўважыў, спыніўшыся каля ігракоў:

— Гуляць у шэсцьдзесят шэсць — усё роўна, што блох лавіць.

— На ўсё будзе свой час,— павучальна азваўся ўжо вядомы нам сядзелец Кузьма Скаромны.

Жанчыны — праўда, іх было не так многа — займалі пазіцыю ў другім пакоі, а некаторыя з іх памагалі гаспадыні накрываць стол, бо ўжо ўсе госці былі ў зборы.

Лабановіч акінуў вокам прысутных. Пераважная большасць з іх яму была ўжо вядома. Не было толькі Язэпа Брыля і Міколы Зязюльскага. Базыль Трайчанскі зараз жа вынырнуў з таго пакоя, дзе сядзелі жанчыны. Ён быў такі ж лагодны, як і заўсёды, прыемная ўсмешка не сходзіла з яго твару, па-ранейшаму ківаў ён галавою, ускідваў то адно вока, то другое. Розніца была толькі ў тым, што на гэты раз твар Базыля ззяў радасцю. Ён вельмі ветла паздароўкаўся з Лабановічам і з Янкам Тукалам. Аб тым, як жывуць выгнаныя са школ калегі, ён палічыў тактоўным не распытвацца.

— Ну, што ж, Базыль: камяніца ёсць, а душы гэтай камяніцы няма,— зрабіў тонкі намёк на жаніцьбу Янка.

Базыль Трайчанскі зразумеў. Ён прасвятлеў яшчэ болей і яшчэ лагодней пасміхнуўся. Яму прыемна было пачуць збоку намёк — зрабіць у сваім жыцці той важны крок, без якога жыццё чалавека не ёсць поўнае, пры гэтым перад вачамі яго паўстаў вобраз Надзеі Адамаўны, якая была тут, за дзвярамі. Але прызнавацца ў сваіх сардэчных справах Базыль не хацеў. Ён толькі ўзяў Янку пад руку, кіўнуў галавою Лабановічу і сказаў:

— Калі ласка,— пойдзем! Пазнаёмлю з дзяўчатамі, а заадно павітаецеся з жанчынамі.

Захоўваючы этыкет, Базыль падвёў сяброў наўперад да жонкі Кузьмы Скаромнага, як самай старэйшай з жанок. Гэта была з выгляду нецікавая і сярдзітая кабета. Можа, настрой ёй псавала тая акалічнасць, што ў яе было многа дачок, такіх жа белабрысых і кірпатых, як і маці, і ніводная з іх не выйшла яшчэ замуж. Паўліна Сямёнаўна звысоку зірнула на Янку і яго прыяцеля — карысці з іх для яе няма,— але падала руку. Дзячыха Памахайлічыха таксама павіталася суха, паглядзела на сяброў уважна, каб лепей разгледзець «забастоўшчыкаў». А потым, добра прыгледзеўшыся да іх, шапнула Паўліне Сямёнаўне:

— А яны нішто сабе хлопцы!

Паўліна Сямёнаўна таксама ціха адказала:

— Галадранцы, ды яшчэ, можа, астрожнікамі будуць!

— Ну, гэта яшчэ як Бог каму паспрыяе,— заўважыла пакорліва дзячыха.

Чуткае вуха Янкі Тукалы падслухала гутарку жанчын. Ён пакланіўся дзячысе і сказаў:

— Вашымі вуснамі гаворыць прамудрасць. Няхай станецца па вашаму слову!

Жанчыны крыху збянтэжыліся і не знайшлі чаго сказаць. Базыль жа накіраваўся з былымі калегамі далей. Дзяўчаты — іх было трое — сядзелі ў цесным гуртку за столікам. То адна, то другая, то трэцяя падымалі ўкрадкам свае вочкі на хлопцаў.

Базыль падышоў з Лабановічам наўперад да Надзеі Адамаўны, прычым твар яго асвятліўся лагоднаю ўсмешкаю. Янка, як ужо знаёмы, здароўкаўся з Аксанаю.

— Надзея Адамаўна, Марыя Адамаўна Смалянскія,— называў Базыль кожную сястру, прадстаўляючы ім па чарзе Лабановіча.— Будзьце знаёмы і не цурайцеся адны другіх,— сказаў у заключэнне Трайчанскі, пераходзячы на вясёлы, жартаўлівы лад, але дасціпныя жарты яму не ўдаваліся.

Аксана пазнаёміла Янку з сёстрамі Смалянскімі і сама пазнаёмілася з Лабановічам. Гэта была бялявая, высокая дзяўчына. Лабановіч азірнуў яе кароткім поглядам: яе партрэт, напісаны Янкам, зусім адпавядаў сапраўднасці.

— Сядайце, пасядзіце, калі ласка, з намі,— прамовіла Надзея Адамаўна нізкаватым, крыху нібы сіплым голасам.

З трох дзяўчат яна была самая мілавідная. Рысы твару былі даволі буйныя, вочы карыя, добрыя. Маня была не падобна да сястры: у яе шэрых вачах блукаў вясёлы, гарэзлівы агеньчык. Наогул жа ўсе тры дзяўчыны рабілі добрае ўражанне, і кожная з іх у паасобку па-свойму была прывабная. Ускідваючы зрэдку погляд на Аксану, Лабановіч прыгадваў бацьку яе, старога, даўгавязага ўрадніка, які каршуном наляцеў на пратакол. Не верылася, што яна — дачка гэтага злога кашчэя.

— Чаму вы так рэдка бываеце ў нашым мястэчку? — запытала настаўнікаў Надзя.

— Часта бываць тут нам небяспечна,— адказаў Лабановіч і прыняў міну сур’ёзнага чалавека.

— Чаму? — зацікавіліся дзяўчаты.

Аксана, як здалося яму, з некаторым неспакоем чакала адказу.

— Быць у Панямоні і не пабачыць вас, трох грацый, панямонскіх красунь, было б злачынствам з нашага боку,— пажартаваў Лабановіч.

— А пабачыць вас разы два-тры, дык лёгка можна і сэрца пакінуць у Панямоні,— падхапіў Янка Тукала.

Дзяўчаты трохі засаромеліся, а потым і засмяяліся.

— Ну, і што ж такога? — бліснула хітра шэрымі вачамі Маня.

— Вам, вядома, усё роўна: нашы пакуты не крануць вас, а як нам, бедным «агаркам»? — тужліва-напускным тонам прамовіў Янка.

— А вам адкуль вядома, як паставімся мы да вашых пакут, калі б яны здарыліся? — спытала Аксана, і на яе шчочках выступіў хваравіты румянак.

Янка сказаў:

— Выпадкам я пачуў, як адна жанчына казала тут па нашаму адрасу: «Галадранцы — ды яшчэ, можа, і астрожнікамі будуць».

Аксана апусціла вочы. Румянак яшчэ ярчэй выступіў на яе шчоках.

— Так магла сказаць дурная і злая жанчына. Плюньце на яе,— сказала Аксана.

Далейшую гутарку спыніла гаспадыня. Лабановіч заўважыў, што калі Надзея дажыве да яе гадоў, дык кропка ў кропку будзе падобна да маці.

— Прашу да стала! — запрасіла яна гасцей.

Для гаспадароў, да якіх прыходзяць госці, не малая турбота пасадзіць іх за стол. Госці звычайна таўкуцца некаторы час, не спяшаюцца, каб захаваць тактычнасць, пакуль гаспадар або гаспадыня не возьмуць пад руку госця ці госцю і не пасадзяць на болей пачэсным месцы. Тады ўжо астатнія, захоўваючы этыкет, размяшчаюцца самі.

Па суседству з гаспадаром селі Тарас Іванавіч, Найдус,— Тамара Аляксееўна не магла прыйсці,— Кузьма Скаромны, ураднік. Базыль Трайчанскі сеў у закутку з дзяўчатамі і з былымі настаўнікамі.

Тарас Іванавіч падняў тост за здароўе гаспадара.

— Панове, увага! — гучным голасам грымнуў ён, падняўшыся з месца і трымаючы высока чарку.— Наша дружная сям’я панямонскай інтэлігенцыі папоўнілася новым выдатным членам, Адамам Ігнатавічам, чалавекам высокаінтэлігентным, можна сказаць, прафесарам ад ветэрынарыі, высокагуманным, бо яшчэ ў Святым Пісанні сказана: «Блажен муж, иже скоты милует». Гэта першы чалавек, які ўзначальвае ў нас ветэрынарыю. Дык вып’ем жа да дна за Адама Ігнатавіча і пажадаем яму поспехаў, здароўя і шмат гадоў жыцця.

Дружна выпілі за гаспадара, потым пілі за гаспадыню, за гаспадарскіх «ясных зорак» — дачок. Выпілі і за Базыля Трайчанскага, за павелічэнне насельніцтва ў яго камяніцы. З кожнаю чаркаю госці ўсё болей і болей весялелі, а гутарка станавілася ўсё болей і болей шумнаю. Першапачатковая сталасць, з якою госці садзіліся за стол, парушылася. Яны шумелі, крычалі, рагаталі, адпускалі не зусім прыстойныя жарты, падымаліся са сваіх месцаў, падыходзілі да тых, хто сядзеў далей, чокаліся, выпівалі, выказвалі самыя прыязныя прызнанні.

Першым падышоў да дзяўчат, з якімі сядзелі Базыль і нашы прыяцелі, Тарас Іванавіч. Тут было найболей ажыўлена і весела. Жарты і самы шчыры смех не змаўкалі ні на хвіліну. Асабліва разышоўся Янка Тукала і зусім закасаваў Базыля, як бы яго тут не было. Тарас Іванавіч чокнуўся.

— За нашых красунь! — сказаў ён.— Лёс не крыўдзіць нашу Панямонь і пасылае такіх краль, як Надзея і Марыя Адамаўны, як Аксана Анісімаўна. Дык няхай жыве хараство, няхай красуе маладосць! — Шырокі зрабіў агаворку:— Праўда, Базыль Антонавіч ужо выйшаў з кругу маладосці, але даць жару яшчэ можа.

Тарас Іванавіч доўга не затрымліваўся; яго болей цікавіў «банчок», які ўжо арганізоўваўся. Калі госці павылазілі з-за стала, да Лабановіча падышоў ураднік і сеў каля яго, ветла павітаўшыся.

— Вы, напэўна, думаеце пра мяне, як пра злога паліцэйскага служаку. Што зробіш? Такая наша служба, на свеце жыць трэба. I не мы самі, трэба вам сказаць, надумаліся накрыць вас у Мікуцічах: збоку нам падказалі, а наш абавязак — выпаўняць. Вы думаеце,— казаў далей стары ўраднік,— я не бачыў, як вы, седзячы на канапцы, скублі нейкі недазволены рукапіс? Ён, можа, быў горшы за ваш пратакол. А я і пальцам не паварушыў, каб вам перашкодзіць.

— Значыцца, у вас зоркае вока, а ваша сэрца не зусім адзервянела,— заўважыў Лабановіч.

Ураднік палічыў, што чалавечы доўг ім выканан, і далучыўся да карцёжніцкага гуртка. Дзяўчаты на развітанне доўга паціскалі рукі «агаркам».

— Каб усе былі такія, як вы! — з некаторым засмучэннем сказала Надзея.— Не забывайце нас.


XIII[правіць]

Надыходзіў час веснавога бездарожжа. Глыбокі снег асеў і пачарнеў, а пад снегам набывала вада. У небе, нібы срэбраныя званочкі, звінелі песні жаваранкаў. Крыху спозненая, але дружная вясна забірала ўсё болей і болей жыватворнай сілы.

Лабановіч даведаўся ад настаўніка Стаўбуноўскай школы, што экзамены назначаны на пятае красавіка: заставалася ўсяго тры тыдні. Гэта вестка ўсхвалявала і ў той жа час і парадавала трох вучняў Лабановіча, якія меліся здаваць экзамены за курс пачатковай школы. Тыдні два яны старанна паўтаралі пройдзенае за зіму, пісалі дыктоўкі, практыкаваліся ў граматычным разборы, рашалі задачы. Нарэшце настаўнік даў ім перадышку і час разабрацца самім у тых пытаннях, якія здаваліся для іх найболей труднымі.

Непрыметна прайшоў час, і настаў дзень экзаменаў. Лабановіч загадзя даставіўся з вучнямі ў Стаўбуноўскую школу, каб яны азнаёміліся з новаю для іх абстаноўкаю і пачуваліся болей упэўнена і смела. Сам жа Лабановіч на гэты раз, як бяспраўны настаўнік, сядзеў далей ад стала экзаменатараў у якасці старонняга і пасіўнага наглядальніка. Яго настаўніцкае сэрца адчувала нейкую неакрэсленую крыўду. Затое яго вучні шчаслівымі варочаліся пад вечар дамоў. З радасці яны выпілі піва, і Тодар Бярвенскі, ідучы, спяваў песні сваім хрыпаватым, як у маладога пеўніка, голасам.

Бацькі вучняў сумленна расплаціліся з настаўнікам, а сам ён падзяліўся сваім заработкам з Уладзімерам, чыім хлебам карміўся. Некалькі дзесяткаў заробленых рублёў зараз здаваліся Лабановічу значным капіталам, з якім весялей заглядалася ў заўтрашні дзень. Але разам з гэтым надыходзіў і той трывожны неспакой, звязаны з пытаннем — а што будзе далей? Заставацца ў гэтай глухой Смалярні, дзе заработкі скончыліся, не выпадала, сядзець жа на хлебе брата, а хлеба таксама было ў абрэз, нязручна. Такім чынам, трэба было збіраць манаткі і падавацца ў іншае месца. Вось толькі б падсохнулі дарогі.

Але ў дарогу прыйшлося рушыць раней, чым прасохла зямля. У Смалярню прыйшоў нечакана Янка.

— Сам Бог пасылае цябе да мяне! — радасна сустрэў прыяцеля Лабановіч.— I як гэта адважыўся ты ў бездараж пускацца ў вандроўку?

— Для смелых людзей няма бездарожжа! — горда зазначыў Янка.— Але чаго гэта Богу раптам спатрэбілася пасылаць мяне да цябе?

— Стаю, брат, я на ростанях. Адзін мой этап скончыўся. Трэба кудысь падавацца, а куды, не ведаю. Вось чаму я і рады параіцца з табою,— прызнаўся Лабановіч.

— А што тут доўга думаць, куды падавацца! Падаўся, і ўсё. Для таго я і прыйшоў да цябе, каб рушыць у дарогу,— у словах Янкі чулася нешта сур’ёзнае.

— Аб якой дарозе гаворыш, Янка?

Замест адказу Янка дастаў з кішэні пісьмо. Пісаў Уладзік Сальвэсяў. У пісьме, прысланым праз аднаго надзейнага чалавека, гаварылася аб засульскай настаўніцы Фідрус. Яна напісала інспектару народных вучылішчаў, што яе запрашалі ў Мікуцічы на настаўніцкі сход. Уладзік настойліва прасіў перагаварыць з гэтай настаўніцай, і як найхутчэй, каб яна адмовілася ад сваіх слоў, а не — дык і прыстрашыць. I гэты абавязак ускладаўся на Янку і Андрэя.

— Дык што скажаш? — спытаў Янка.

— Якому ж дурню прыйшло ў галаву запрашаць на сход гэтую дурную саву? — абурыўся Лабановіч.— Ужо адно яе прозвішча чаго варта!

Янка вінавата спусціў вочы.

— У гэтай справе ёсць і майго кусок дурня,— прызнаўся ён.

Лабановіч крыху памякчэў.

— А ты ведаеш яе?

— Сустракаўся аднойчы. Яна здалася мне прагрэсіўнаю жанчынаю.

— Маладая ці старая?

— Стараватая,— нясмела адказаў Янка.

— Ды проста кажы: грыб стары. I, пэўна, з духоўнага звання?

— А чорт яе ведае! Савою ж ты назваў яе правільна.

— Ну, дык ідзі і цалуйся з ёю.

— Не, брат,— справа грамадская, пойдзем разам.

Лабановіч яшчэ крыху пазлаваўся, а нарэшце адпусціўся і сказаў:

— Калі ісці, дык з музыкаю!

— Вось гэта голас! — падхапіў павесялеўшы Янка.— Пад музыку, пад барабан і салдатам весялей хадзіць. А з якою музыкаю мы пойдзем?

— Наша музыка безгалосая, а чуваць будзе далёка.

— Дык і ты пачаў гаварыць афарызмамі? — крыху здзівіўся Янка.— Што ж гэта за музыка такая?

— Музыка наша зачнецца ад выварата,— сказаў Лабановіч.

— Во! Цяпер я разумею, пра якую музыку гаворыш ты. Пара, пара, браце, музыкантам нашым па свеце пахадзіць ды пайграць добрым людзям.

Сябры дамовіліся захапіць з сабою лісткі і брашуркі, што ляжалі пад вываратам, і раскідаць сям-там, каб людзі чыталі іх. Але наўперад гэтыя брашуркі і лісткі трэба было прагледзець, адабраць, бо шмат якія з іх ужо аджылі свой век і страцілі надзённую актуальнасць.

Запаветны выварат верна і сумленна выпаўніў свой абавязак ахоўніка літаратуры: ні адна кропля вады не прасачылася ў засмоленую скрынку, усё было цэла. Тое, што ўжо страціла цікавасць ці застарэла або проста не адпавядала палітычным поглядам двух сяброў, было тут жа спалена, а болей важнае — узята ў дарогу. Рэшту зноў схавалі пад выварат.

Узяўшы на ўсякі выпадак маленькіх цвічкоў і малаток, сябры рушылі ў дарогу. У полі па нізінах і па ўскрайку лясоў яшчэ бялеў снег. З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна.

— Як добра ў полі на прыволлі, калі з зямлі сходзіць снег! — захапляўся Лабановіч веснавым прасторам зямлі.

— Вось бачыш, а ты не хацеў ісці,— азваўся Янка.

Вярсты праз тры вандроўнікі выйшлі на другую дарогу. На ростанях стаяў высокі крыж, агароджаны дзервянымі штакецінамі, пападгніваўшымі і пахіленымі. Да крыжа была прыбіта фігурка Хрыста, зробленая з дрэва невядомым разьбяром. Галава фігуркі была гаротна схілена ўніз, яе аздабляў вянок, таксама выразаны з дрэва. Выцвіўшы, пашарпаны вятрамі і нягодамі хвартушок закрываў ніжнюю частку фігуркі Хрыста.

— Спынімся тут,— сказаў Лабановіч і азірнуў наваколле.

Нікога нідзе не было відаць.

— Ведаю, што хочаш ты рабіць,— дагадаўся Янка.

— А што?

— Прыбіць да крыжа пракламацыю!

— Угадаў, брат Янка.

— Гэта будзе нова і арыгінальна,— захапіўся Янка.— I ведаеш што! Надрукуем угары на пракламацыі чырвоным алоўкам некалькі слоў.

— Якіх? — запытаў Лабановіч.

— А вось такіх: «I кажа вам Хрыстос — чытайце і рабіце так, як напісана тут».

— А гэта, бадай, будзе някепска,— згадзіўся Лабановіч.

Яны дасталі пракламацыю, зварот да сялян. У ёй гаварылася, каб сяляне не слухалі папоў, ксяндзоў і царскіх чыноўнікаў, бо ўсе яны хлусяць, ашукваюць простых людзей. А таму не трэба плаціць падаткаў для ўтрымання дармаедаў, не даваць сваіх сыноў у салдаты, наладжваць забастоўкі, патрабаваць ад землеўласнікаў справядлівай аплаты працы работнікаў і работніц. Не патрэбен цар, улада павінна належаць народу.

Янка сеў на камень, узяў газету, на яе палажыў пракламацыю і стаў выводзіць друкаванымі літарамі прадмову ад імя Хрыста. Калі ўсё было выдрукавана, Лабановіч пачаў прыбіваць пракламацыю да крыжа пад фігуркаю.

— Ты, брат, глядзі, каб не насунуўся хто, бо мы робім падвойнае злачынства: разносім пракламацыі і чынім блюзнерства,— казаў Лабановіч, прымацоўваючы даўгаваты лісток.

— Дарма,— адказаў смеючыся Янка.— У гэта злачынства замешан і Сын Божы.

— А ўсё-такі давай, браце, замяцём свае сляды і звернем з гэтай дарогі і пойдзем унь тою сляпою сцежкаю, абагнём вёсачку і выйдзем на свой шлях з другога боку.

— Тваімі вуснамі мудрасць гаворыць,— згадзіўся Янка.

Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Не заходзячы ў вёсачку, яны далі яшчэ адзін круг, а затым накіраваліся далей.

Сябры выйшлі ізноў на засульскую дарогу. Зрэдку пападаліся падарожныя людзі. З адным сустрэчным селянінам вандроўнікі нашы жычліва прывіталіся.

— Спыніцеся, дзядзька, на хвілінку,— звярнуўся да яго Лабановіч.

Селянін спыніўся. Гэта быў чалавек сярэдніх гадоў, у суконным добрым пільчаку хатняга вырабу, у ботах. Відаць, не бедны гаспадар. Ён спакойна і ўважліва зірнуў на сяброў.

— Скажыце, калі ласка, ці далёка да Ячонкі? — спытаў яго Лабановіч.

— Ячонка засталася ўлева, ззаду,— адказаў крыху здзіўлены селянін і яшчэ больш уважліва паглядзеў на вандроўнікаў.

— А, як жа гэта мы далі зевака,— пачухаў патыліцу Янка.

— А вы ідзіце вунь тою сцежкаю,— паказаў селянін на малапрыметную дарожку ў полі.— Пройдзеце з паўвярсты і выйдзеце на бітую дарогу і тады павернеце ўлева — там ужо недалёка Ячонка.

— Дзякуем за добрую параду,— сказаў Лабановіч.— Вазьміце ад нас вось гэтую кніжачку і пару лістовак. Прачытайце самі і другім дайце пачытаць. Ды чытайце іх уважна, як святую малітву.

Селянін крыху замяўся, яшчэ раз недаверліва зірнуў на сяброў, але ўзяў кніжачку і пракламацыі. Ён пайшоў сваёю дарогаю, раз-пораз аглядаючыся назад. Сябры звярнулі на сцежку, хоць у гэтым патрэбы не было.

— Ведаеш, Андрэй, ці не ўліплі мы з гэтым дзядзькам: нешта ён не дужа прыязна пазіраў на нас,— заўважыў Янка.

— І мне ён здаецца небяспечным,— азваўся Лабановіч.

Як толькі дзядзька знік з вачэй, сябры павярнулі з глухой дарожкі, прайшлі зараснікамі, беручы кірунак на сухі ялоўцавы груд. У лагчыне дарогу перагароджвала неглыбокая, але даволі быстрая рачулка, на дне якой ляжаў лёд. Сябры спыніліся. Варочацца назад небяспечна.

— Наперад, Янка!

Сябры разуліся, знялі нагавіцы і патупалі па слізкім лёдзе на другі бок. Вада апякала ногі, па лёдзе ісці было цяжка, але яны шчасліва перабрылі рэчку, выскачылі на бераг. Адзеліся, абуліся. Потым зашыліся ў яловец, выбраўшы такую пазіцыю, з якой можна было аглядаць усё наваколле.

— Давай крыху перачакаем,— параіў Лабановіч.

— Музыка безгалосая, а пачуецца далёка,— з некаторым непакоем і з насмешкаю з саміх сябе сказаў Янка.

Ісці зараз да Мальвіны Фідрус не выпадала. Сябры абмяркоўвалі новы план. I раптам бачаць — дарогаю імчыцца нехта верхам на кані! Падскакаў да сцежкі, якую паказваў сябрам селянін, і павярнуў на яе.

— Ураднік, стаўбуноўскі ўраднік! — ціха вымавіў Янка.

— Няхай ловіць ветра ў полі. Разумна зрабілі, Янка, што пераправіліся за рэчку.

Толькі надвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь, адмераўшы дзесяткі лішніх вёрст, каб замесці свае сляды.

Сустрэцца і пагаварыць з настаўніцай Фідрус Янку і Андрэю давялося ўжо другім разам.

XIV[правіць]

Ёсць свой дадатны бок у пэўнай абмежаванасці твайго дабра і багацця, калі ты можаш спакаваць яго ў скрынку або ў чамадан, закінуць за плечы і ісці, узяўшы кій у рукі, куды табе трэба. Такое становішча было зараз і ў Лабановіча.

Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў ён сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. На ўскрайку лесу Лабановіч прыпыніўся і акінуў вокам Смалярню, двор і хату, невялічкі садок, дзе ўжо збіралася зацвітаць маладая дзікая груша. «Можа, не давядзецца болей пабачыць мне гэты часовы прыпынак»,— падумаў ён.

Мінуўшы глухія Цёмныя Ляды, Лабановіч павярнуў улева, трымаючы кірунак на Мікуцічы. Малапрыметнымі ляснымі дарожкамі і сцежкамі абышоў засценак, дзе было лясніцтва і дзе амаль усе людзі ведалі яго, выгнанніка. Дарога ішла праз лес, чысты, высокі, стромкі бор. Бор гэты меў назву — Сустрэнаўка. «Чаму яго назвалі так? Відаць, тут адбылася нейкая сустрэча»,— разважаў Андрэй, падаючыся далей у бок Мікуціч. I раптам заўважыў — уперадзе, крыху ў бок ад дарогі, стаіць вялізны стары лось, гарбаносы, з цёмнаю шэрсцю на спіне, са здаравеннымі лапчастымі рагамі. Знянацку Лабановіч спыніўся, углядаючыся ў лася. Лось таксама стаяў і пазіраў на яго.

«Дай жа напалохаю!» — сказаў сам сабе Лабановіч і рынуўся на лася. Калі паміж імі заставалася крокаў сорак, лось стаў у баявую позу, адкаціўшы цёмны хіб, і не крануўся з месца. Лабановіч спалохаўся і ад наступлення перайшоў у адступленне. Схаваўшыся за тоўстай хвояй, ён стаў ляскаць па ёй палкаю. Лось трохі занепакоіўся, але не траціў свайго гонару. Ён паставіў на месца грозны хіб, прыняў звычайны выгляд і не спяшаючыся падаўся ў глыб лесу.

«Вось табе і Сустрэнаўка»,— сказаў сам сабе Лабановіч, не на жарты напалоханы. Ён пайшоў далей, паглядаючы направа і налева. Але лася нідзе не было відаць. Лес скончыўся, і перад вачамі вандроўніка вынікла пясчанае, узгоркаватае поле мікуціцкіх сялян.

Маці і дзядзька Марцін больш са смуткам, чым з радасцю, сустрэлі бяздомнага і безработнага вандроўніка. Але яго добры гумор і настрой трохі развесялілі іх абоіх. Дзядзька Марцін заўважыў нават, бестурботна махнуўшы рукою:

— Не ўдалося цяпер, то, можа, удасца ў чацвер. Толькі не загналі б куды за свет.

Ні маці, ні дзядзька не папікнулі Андрэя за прыкрае здарэнне на сходзе настаўнікаў. А Якуб шчыра быў рады прыходу брата. Калі ж ён даведаўся, што Андрэй збіраецца жыць тут усё лета, дык Якубава радасць яшчэ павялічылася. За апошні час ён значна падрос і быў праваю рукою дзядзькі Марціна.

— Без Якуба я проста як без рук,— сказаў дзядзька.— Ён і ў гумне памагае мне, і ў полі, і ў лесе. То пойдзе ўкрадкам высеча ялінку на грабільна або на кассё, то заскочыць у дубняк і калі выбера біч, дык толькі падымай цэп: біч сам будзе малаціць.

Ведаў дзядзька Марцін, чым і як дагадзіць пляменніку. А Якуб слухаў і ўвесь расцвітаў ад задавалення. Каб не выявіць свайго ўзрушэння, шчаслівы Якуб сказаў, зварачаючыся да брата:

— Я пакажу табе, Андрэй, адно месцейка на Нёмане ў Бервянцы — вось там рыбы дык рыбы! Часамі як плюхне, ці то сом, ці шчупак, дык аж булбаткі ўстаюць на вадзе. А язёў там, а голаватняў! Так і ходзяць чародамі.

— А ты ж часамі не прабаваў падчапіць на вуду язя? — пацікавіўся Андрэй.

— Цяжка ўзяць яго там,— безнадзейна прызнаўся Якуб.— Карчаўё, карэнне. Не адзін кручок мой застаўся там.

— А можа, мы з табою ўдвух ці не далі б рады? — спытаў Андрэй.

Якуб запэўніў, што і ўдвух нічога не зробяць. Дзядзька Марцін слухаў і пасміхаўся ў вус.

— Ужо калі Якуб сказаў, значыць, так яно і ёсць,— падтрымаў малога пляменніка дзядзька Марцін. Яны былі вялікімі дружбакамі.

— Вось калі пацяплее, дык яны сеткамі, таптухамі наловяць з пуд рыбы,— заўважыла маці і пайшла да печы: пэўна ж, Андрэю з дарогі захацелася падсілкавацца.

Дзядзька Марцін, Андрэй і Якуб выйшлі на двор агледзець гаспадарку.

Чымсьці блізкім, родным патыхнула на Лабановіча, калі ён аглядаў двор, будынкі і ўбогі скарб нескладанай сялянскай гаспадаркі, дзе кожная рэч нагадвала далёкае, бестурботнае дзяцінства. І ў той жа час яшчэ з большай сілай абуджаўся ў душы пратэст супраць несправядлівага ладу жыцця, дзе беднаму чалавеку адведзен такі цесны куток. Адно толькі цешыла сэрца: народ не хоча змірыцца з такім ладам. І ў гэтым — зарука перамогі.

Андрэй ніколі не цураўся сялянскай работы і ў кожны зручны час ахвотна памагаў дзядзьку Марціну. Калі ён быў настаўнікам, дык часта пасылаў сваім хатнім грошы. А цяпер ён у гэткім становішчы, што такой дапамогі аказаць не можа, хоць яна вельмі патрэбна. Прамільгнула невядома адкуль вынікшая думка аб тым, колькі новых месцаў прыходзіцца змяніць чалавеку на сваім жыцці. Не болей чвэрці веку пражыў на свеце Лабановіч, а пабыць яму даводзілася шмат дзе. І якія мясціны чакаюць яго наперадзе! Але зараз не было як затрымацца на гэтых разважаннях: рухавы, гаваркі Якуб звінеў, як званок, і ўсё стараўся як мага болей паказаць і расказаць брату аб розных рэчах і праявах. У гумне ён падвёў Андрэя да шырокага дубовага шула. На ёмкім гвазду гэтага шула паважна адпачывалі цапы. Якубу хацелася паказаць цэп з тым хвацкім бічом, пра які расказваў дзядзька Марцін: біч, высечаны ў дубняку самім Якубам!

— Сапраўды, біч хвацкі,— азваўся Андрэй, зняўшы з гвазда цэп і разоў пару падняўшы яго ўгору.

З хаты выйшла маці, руплівая, працавітая, заўсёды заклапочаная жанчына. Яна паклікала Андрэя снедаць. Дзядзька Марцін і Якуб у хату не пайшлі, спаслаўшыся на тое, што яны нядаўна добра пад’елі.

Маці палажыла на стол дзервяны кружок і паставіла на яго скавараду з яечняй, засмажанай на тлустых скварках.

— Ведаеш, мама,— звярнуўся да яе Андрэй,— і дым з кадзіла, што пускае поп у царкве, не пахне так прыемна, як гэта скаварада са скваркамі.

— Не трэба, сынок, гаварыць лішняга,— з журботнаю ўсмешкаю заўважыла маці.

Пасмакаваўшы яечні, Андрэй ізноў азваўся:

— Такой яечні не толькі губернатар, але і наш дурань цар, Міколка Другі, не еў.

— Еш, сынок, і глупства гаварыць не трэба,— запярэчыла маці.— Вось вы пайшлі супраць начальства, зняважылі цара, а зараз сядзіце без месца. Забыліся вы прыказку: не чапай гною, бо смярдзець будзе.

Лабановіч громка зарагатаў:

— Вось гэта, мама, праўда. Але раз гэта гной, што зусім справядліва, дык яго трэба ў зямлю закапаць, каб угнойваў яе.

Андрэй падышоў да маткі, пацалаваў яе ў руку.

— Дзякую, мама, за снеданне. Даруй мне за непрыемнасці, за прыкрасці, што я прычыніў вам. Смуткаваць жа і плакаць няма чаго. Вось калі б я зрабіў злачынства людзям, простым людзям, дык тады можна было б адвярнуцца ад мяне і ў хату не пусціць, хоць я і родны ваш сын. Я ж хачу, і многія-многія сотні тысяч такіх, як я, хочуць, каб простым людзям жылося добра, каб самі яны былі гаспадарамі над сабою і каб не чынілі над імі здзекаў паны, чыноўнікі, пачынаючы ад урадніка і губернатара і канчаючы царом. У імя ж цара і ад імя цара творацца ўсе гэтыя несправядлівасці: мужыкам на зямлі, рабочым на фабрыках і заводах. А ці маем жа мы права сядзець злажыўшы рукі і спакойна пазіраць на ўсю гэту пачварнасць? Калі б праменні сонца не знішчалі вясною снегу і лёду, дык зямля б не вызвалілася ад холаду і не было б вясны. Няхай мяне выгналі, няхай я сяджу без работы, хоць, праўда, работу сякую-такую знаходжу, няхай мяне судзяць і засудзяць, я ніколі здавацца не буду, бо ведаю, у імя чаго змагаюся.

Маці слухала і плакала.

— Ох, сынок, калі ўжо так трэба, дык трэба.

І выцерла хвартухом слёзы.


XV[правіць]

За Мікуцічамі ўгору па Нёману, за паўвярсты ад сяла, ёсць высокі прыгожы груд, дзе раслі пышныя, разложыстыя хвойкі. Уся гэта мясціна мела адну назву — Клешчыцы. Тут быў тады малады яшчэ лясок і маляўнічыя зацішныя далінкі, куды любілі сходзіцца летам мікуціцкія настаўнікі лавіць рыбу і наладжваць таварыскія маёўкі. Глыбока ўнізе, пад зрывістым пясчаным берагам, струменіўся быстры Нёман, праносячы па чыстым жолабе веснавыя воды і падразаючы высокі свой бераг. Тут, як расказвалі старыя людзі, знаходзілі чалавечыя чэрапы і косці. Тыя ж людзі сцвярджалі, што тут быў калісь курган, магіла забітых на вайне са шведамі салдатаў.

Нёман яшчэ не ўвайшоў у свае берагі. Даволі шырокая даліна была заліта веснавою вадою. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. На процілеглым баку даліны раскінуліся палеткі, вузкія палоскі ўзгоркаватай зямлі занямонскіх сялян, дзе туліліся закрытыя пагоркамі невялікія вёскі, якія мелі агульную назву — Сёлы. Якраз насупраць Клешчыц, на тым баку даліны, узнімаўся досыць высокі курган. На самым версе кургана красаваўся выступ, нібы круглая шапка. У Мікуцічах яго называлі Дзямянавым Гузам.

Лабановіч стаяў на самым высокім пункце берага, адкуль яму вельмі добра былі відаць Дзямянаў Гуз, Мікуцічы, мястэчкі Панямонь, Стаўбуны і сіняя палоска Сіняўскага гаю — малюнак, якім нельга было не залюбавацца. Але вочы Андрэя Лабановіча пільней узіраліся ў Дзямянаў Гуз: там зараз павінна была з’явіцца постаць чалавека, імя якому Янка Тукала.

Перш чым пакідаць Смалярню і перабірацца ў Мікуцічы, Андрэй паведаміў аб гэтым Янку і сказаў:

— Без цябе, Янка, мне горка на свеце жыць, давай не будзем разлучацца і надалей. Дык вось што, мой дружа: зрабі і ты сабе канікулы, тым болей што не за гарамі Вялікдзень, і перабірайся да бацькоў у Нейгертава, за Нёман, у вашы славутыя Сёлы.

Янка на гэта ўзнёсла азваўся:

— Твая радасць — мая радасць, тваё гора — маё гора, твой Бог — мой Бог, няхай будзе благаславёна імя яго! I няхай станецца па слову твайму.

— Адчуваю, Янка, і ведаю, што ты — мой сапраўдны друг. А калі так, дык давай наладзім наша наступнае спатканне ў вялікую пятніцу і наладзім яго… у прасторах!

— Да гэтага я ўсё разумеў, а вось спатканне «ў прасторах» не дайшло,— заўважыў Янка.

— Растлумачу табе. Ведаеш Дзямянаў Гуз? — запытаў прыяцеля Андрэй.

— Ведаю, добра ведаю.

— А пра Клешчыцы ты чуў?

— I Клешчыцы ведаю. I гарэлку там піў, і смачную юшку еў.

— Ну, дык так, мой браце: у дванаццаць гадзін у вялікую пятніцу ты ўзыдзі на гару высокую, сірэч — на Дзямянаў Гуз. Я ж у гэты час буду стаяць над Нёманам, на высокім беразе ў Клешчыцах. З гэтага берага добра відаць Дзямянаў Гуз, а з Дзямянавага Гуза яшчэ лепей відны Клешчыцы. Калі ты ўзыдзеш на Дзямянаў Гуз, я два разы махну табе хваёваю галінаю. А гэта будзе азначаць: «Здароў, Янка!» А паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. I я буду ведаць, што ты пабачыў і зразумеў мой сігнал і ў адказ пасылаеш мне сваё прывітанне.

Янку Тукалу ў высокай ступені было ўласціва захапленне. Яму дужа спадабалася Андрэева выдумка.

— Цікавейшая думка! — весела адгукнуўся Янка.— Арыгінальная выдумка! Ды ты ведаеш, брат: мы створым цэлую сістэму сігналаў, каб гаварыць на адлегласці, або, як трапна ты сказаў,— наладзім спатканне ў прасторах.

Прыгадваючы гэтую гутарку з прыяцелем, Лабановіч зрэдку паглядаў на Дзямянаў Гуз. Пяці хвілін не хапала да дванаццаці. І раптам з-за схілу кургана паказалася чалавечая постаць. Не было ніякага сумнення, што гэта Янка. Узыходзячы на самую макушку Дзямянавага Гуза, ён трымаў добра прыметны саматужны сцяг, хоць адлегласць паміж сябрамі была не меней вярсты. Паветра было празрыстае. На фоне неба фігура Янкі вырысоўвалася вельмі выразна. Узрадаваны Лабановіч падняў угору даволі ёмкую хваёвую галіну і павольна махнуў ёю два разы. Зараз жа над Дзямянавым Гузам узвіўся Янкаў сцяг, ён таксама пасігналіў, як было дамоўлена раней. Сябры абмяняліся прывітаннямі. Тады Лабановіч зноў падаў сігнал, зрабіўшы галінай круг над галавою. Тое самае зрабіў і Янка на Дзямянавым Гузе. А гэта азначала: здаровы, новага пакуль не чуваць. Наступны сігнал і быў такі: Лабановіч адной рукою падняў над галавою галіну, а другую руку працягнуў убок. Янка адказаў такімі ж рухамі. Гэта значыла: з аднаго боку — хачу пабачыць цябе зблізку, а з другога — я таксама хачу. Пасля гэтага Лабановіч дзвюма рукамі падняў галіну ўгору і стаў махаць ёю ў свой бок, даючы гэтым знак, каб Янка сыходзіў з кургана і накіроўваўся да грэблі, што пачыналася зараз жа за Нёманам насупраць Мікуціч і пралягала праз усю нёманскую даліну. Другім сваім канцом грэбля ўсутыч падыходзіла да занямонскага поля; зараз яна была заліта вадою. Пабачыўшы сігнал, Янка падняў свой сцяг і некалькі разоў махнуў ім у бок Андрэя: зразумеў, іду і буду чакаць пераправы.

Лабановіч шпарка накіраваўся ў сяло, каб узяць лодку і плысці да Янкі. На ўсе Мікуцічы было не болей трох лодак, хоць у сяле налічвалася каля двухсот двароў. Былі, праўда, чаўны, але каб плысці на чаўне, трэба мець спрыт, бо пры такой вадзе перапраўляцца на ім небяспечна. Якраз насупраць грэблі, над самым Нёманам, на грудку стаяла хата старога Базыля, у якога была лодка. Да яго і звярнуўся Лабановіч. Праўда, сам Базыль ужо не мог упраўляцца з лодкаю, ёю распараджаўся старэйшы сын Паўлюк. Але павага да старасці вымагала звярнуцца наўперад да Базыля. Стары сядзеў на прызбе ў кажусе і пасмоктваў сваю піпку, якой ён ніколі не выпускаў з рота, хіба толькі тады, калі садзіўся за стол пасілкавацца або калі спаў.

Лабановіч ветліва павітаўся, прыпаднёс старому пачак махоркі. Базыль паўглядаўся ў Лабановіча. Вочы не дужа добра свяцілі старому.

— А чый жа ты? — запытаў Базыль.

Лабановіч сказаў, чый ён і хто такі. Стары Базыль яго добра ведаў, а зараз не пазнаваў, бо недабачваў.

— Ну, што ж? Вазьмі. Унь там Паўлюк на дрывотні. Ідзі да яго, дзеткі, няхай дасць ключ ад лодкі.

З Паўлюком справа была зроблена хутка, і хвіліны праз дзве Лабановіч сядзеў у лодцы. Шмат прыйшлося яму памахаць вяслом і затраціць сілы, пакуль не прызвычаіўся да кіравання. Быстрая вада, шырока выліўшыся з берагоў, несла лодку ўніз па плыні. Часамі на перавалах, дзе разводдзе бушавала з нястрыманаю сілаю і кідала лодку, як трэску, прыходзілася налягаць на ўсю змогу на вясло, каб выбрацца з небяспечных віроў. Пераезд на той бок даліны аказаўся не такім лёгкім і простым, як здавалася наўперад. Нарэшце большая частка вадзяной дарогі была пераадолена. Бліжэй да поля вада струменілася спакайней, а часамі і зусім не рухалася. Лабановіч уздыхнуў лягчэй. Зірнуўшы перад сабою, ён убачыў Янку. Сябар стаяў каля саменькай вады, выбраўшы найбольш зручнае месца для «прыстані». Калі Андрэй падплыў да яе, Янка зняў шапку і памахаў ёю ў паветры.

— Ура! Перамога! — крычаў ён, як відаць, маючы на ўвазе ўдачнае спатканне «ў прасторах».

— Не адна, а дзве,— азваўся з лодкі Лабановіч, выціраючы рукавом спацелы лоб.

Лодка зусім блізка падышла да берага і насавою часткаю кранулася долу. Янка ўхапіўся за нос лодкі і падцягнуў яе так, каб можна было зручна апынуцца ў ёй. Сябры радасна павіталіся. Колькі моманту яны моўчкі ўглядаліся адзін у аднаго, а на іх тварах свяцілася вясёлая ўсмешка.

— Ну, што скажаш, мой жывы афарызм?

— Няма на свеце такога невясёлага становішча, дзе б вясёлыя людзі не знайшлі сабе весялосці! — адразу адказаў Янка.


XVI[правіць]

Не меней дванаццаці маладых настаўнікаў, зволеных са школ, паз’язджаліся ў Мікуцічы святкаваць Вялікдзень, а заадно пагутарыць аб сваіх справах і, галоўным чынам, аб тым, як трымацца на допыце. Але тая акалічнасць, што да гэтага часу нікога з настаўнікаў не турбавалі, заспакойвала большасць з іх. Калі б тут была сур’ёзная справа, разважалі яны, дык іх даўно ўзялі б у абаротак. Тым не меней цвёрдай упэўненасці ў гэтым не было. Вось чаму тая рэпетыцыя допыту, што правялі ў Смалярні Лабановіч і Янка, зрабіла ўражанне на іх сяброў, прымусіла затрывожыцца і цалкам прыняць спосаб абароны, распрацаваны прыяцелямі.

Некаторыя настаўнікі знайшлі работу не па сваёй спецыяльнасці. У гэтых адносінах асабліва вылучаўся Мілеўскі. Ён справіў сабе сіні даўгаполы сурдут, запусціў яшчэ большую бараду, з разгаліненнем у левы і ў правы бакі, і бáкі, а падбародак для большай важнасці галіў. Нібы клешч, учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Уся яго рэвалюцыйнасць выказалася ў падпісанні пратакола, у чым ён зараз каяўся, хоць нікому пра гэта не гаварыў. Хадзіла нават такая пагалоска, што Мілеўскі потайкам паслаў просьбу да земскага начальніка. Ён пісаў пакаянную, прасіў закінуць за яго слова перад адпаведным начальствам. З сябрамі ж ён трымаўся так, што цяжка было дагадацца аб яго патайных захадах.

На першы дзень Вялікадня настаўнікі ўсёй шумнаю грамадою рушылі ў Панямонь аддаваць велікодныя візіты мясцовым інтэлігентам. Тут быў і Адам Мілеўскі ў сінім сурдуце і з маляўнічай барадою.

— Прапалі мы з табою, брат Янка,— жартаваў Лабановіч.— Закасуе нас Мілеўскі сваім сурдутам і барадою.

— Яго барадою — прыпек падмятаць,— азваўся Янка Тукала.

Усе зарагаталі.

Настаўнікі жартавалі, смяяліся — ім было весела. Забаўляла іх і сама думка аб тым, які страх нагоняць яны на гаспадароў і гаспадынь і якую шкоду прычыняць іх велікодным сталам, калі ўваляцца ў хату гэткаю грамадою.

— Стойце, валачобнікі, сціхніце! Паслухайце песню, што мы злажылі з Андрэем,— выгукнуў Янка Тукала.

— Ну, давайце песню! — аклікнуліся настаўнікі.

— Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка. Так ужо мы дамовіліся: ты пачынаеш, я падбрэхваю. А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка.

— Што ж? Давай,— згадзіўся Лабановіч,— якраз наша песня і ёсць валачобная.

Андрэй адкашляўся і пачаў:


Ходзяць валачобнікі без дарог…


Янка падхапіў:


Яны не шкадуюць ні горла, ні ног.


— Прыпеўку! — звярнуўся да ўсіх запявала:


Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.


Лабановіч:


Ходзяць валачобнікі з дому ў дом,


Янка:


А хто іх не прыме, таго забі гром!


Усе:


Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.



Лабановіч:


Скіньце, дзяўчаткі, сцяснення ярмо!


Янка:


За ваш пацалунак яечка дамо!


Усе:


Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.


Песня наладзілася, і ўжо далей яе спявалі з захапленнем у тым жа парадку:


Прывітанне ў хату вам, дзядзька Тарас!

Не шкадуй гарэлкі нам і кілбас!


Пад Тарасам разумеўся Тарас Іванавіч Шырокі. З яго натоўп настаўнікаў пастанавіў пачаць свае візіты. Апошні куплет меў варыянт — на той выпадак, калі прыйдзецца зайсці з павіншаваннем да Базыля Трайчанскага:


Жыві і красуйся, Трайчанскі Базыль!

Віся каля Надзенькі, як матыль!


Для сядзельца Кузьмы Скаромнага быў зложан асобны куплет:


У Кузьмы Скаромнага дом, як сад.

Нібы майскіх кветак, нарасло дзяўчат.


Складальнікі песні не мінулі таксама і ўрадніка, што схапіў пратакол:


Ёсць у Панямоні ўраднік-кашчэй,

Але мы не пойдзем да яго дзвярэй.


Не забыліся «валачобнікі» і пра валаснога старшыню Язэпа Брыля, што данёс на настаўнікаў земскаму начальніку:


Ёсць у Панямоні Брыль — старшыня.

Маленькі сабачка быў і ёсць шчаня.


Канчалася валачобная песня так:


Што ж? Канчаем песню, бо канчаць пара.

Добрым панямонцам выгукнем — ура!


Песня яшчэ болей узняла вясёлы настрой «валачобнікаў». Некаторыя куплеты яе выклікалі дружны смех. Складальнікаў песні — Андрэя Лабановіча і Янку Тукалу — не адзін раз віталі па-сяброўску прыязнымі словамі адабрэння:

— А бадай вы папруцянелі!

Былі, праўда, і крытычныя заўвагі. У ролі крытыка выступіў Мілеўскі Адам.

— Ну, якія там у Кузьмы Скаромнага майскія кветкі! Ды яго дочкі проста пудзілы!

Супроць такой знявагі абурыўся Янка Тукала.

— Няхай сабе сядзельцавы дочкі не дужа прыгожыя. Дык ці ж пра гэта казаць ім у вочы, галава твая капусцяная? А калі мы пахвалім іх у песні, дык і самі яны і бацькі іх будуць на сёмым небе і пачастуюць цябе так, што і сурдута на пупе не зашпіліш.

— Брава, Янка!

— Каб крытыкаваць нашу песню,— сказаў заахвочаны пахвалою Янка,— табе трэба падмесці сваёю барадою не прыпек, а цэлы двор.

Янку зноў падтрымалі громкім смехам.

«Валачобнікам» было весела ў дарозе не столькі ад жартлівай песні, колькі ад цеплыні і яснасці веснавога дня, калі ўсё, што трапляла на вочы, выглядала так ласкава, молада, утульна і хіліла да сябе. Асабліва было прыемна зірнуць з дзервянога моста на шырокую наднямонскую даліну ўгору па Нёмане. Рака ўжо амаль што ўвайшла ў берагі. На лугавых нізінах сям-там яшчэ стаяла вада, а над ёю лапушнымі кусцікамі жаўцела лотаць, рассцілаючы буйныя лісты. З лугу патыхала веснавою вільгаццю. Берагі Нёмана, багата напоеныя разводдзем, яшчэ не прасохлі. Там прабівалася густая жаўтавата-зялёная, яшчэ кволенькая мурожная траўка, як сведка ажывання і аднаўлення зямлі. Над нёманскай далінай узвышалася поле з глыбокімі равамі, пракладзенымі снегавою і навальнічнаю вадою, з высокімі пагоркамі, заросшымі хмызам. Далёка на поўдні выступала блакітная вежа мікуціцкай царквы.

Колькі хвілін стаялі на мосце настаўнікі-«валачобнікі», любаваліся Нёманам, яшчэ мнагаводным і быстрым, лугамі, полем і лесам. Шмат разоў бачыў іх Лабановіч, але ніколі не дакучалі яны, бо выразна гаварылі, хоць без слоў, аб волі, аб вялікіх прасторах зямлі, аб маладым жыцці.

— Эх, хлопцы! — прамовіў ён.— Як добра было б жыць на свеце, калі б чалавека не гналі, не крыўдзілі, не пазбаўлялі волі, не звязвалі крылляў.


XVII[правіць]

Амаль паўвека прайшло з таго часу, калі мае «валачобнікі», а з імі і я, хадзілі ў Панямонь з велікоднымі візітамі і павіншаваннямі. Шмат каго з тых людзей, аб якіх расказваецца тут, ужо няма на свеце. І калі я сягоння трывожу іх памяць, то мне робіцца сумна: быць можа, не так сказаў пра іх, як гэта было ў сапраўднасці, часамі, можа, недарэчы пасмяяўся або не ў меру зганьбіў каго. Яны не напішуць мне і не прыйдуць да мяне, каб сказаць: «Ты адступіў ад праўды, бо мы не такія, як ты нас паказваеш». Калі б яны былі жывыя, дык мы паразумеліся б і прыйшлі да згоды. А так я магу толькі сказаць: «Прабачце! Я ж хацеў і хачу аднаго — праўды».


Як ужо было дамоўлена, «валачобнікі» накіраваліся да Шырокага, бо так зручней: кватэра Тараса Іванавіча стаяла тэрытарыяльна першай. «Валачобнікі» ўвайшлі ў двор школы і пасталі каля акна. Лабановіч і Янка выйшлі наперад. Астатнія выстраіліся ў два рады.

Лабановіч, колькі хапала сілы, пачаў:


Прывітанне ў хату вам, дзядзька Тарас!


Янка таксама на ўвесь голас падхапіў:


Не шкадуй гарэлкі нам і кілбас!


I ўсе разам грымнулі вядомую прыпеўку, ды грымнулі так, што шыбы задрыжалі. Акно расчынілася, паказаліся дзве галавы — жаночая і мужчынская. Вольга Сцяпанаўна ўсміхнулася, згледзеўшы натоўп «валачобнікаў», большасць якіх была ёй вядома. Тарас Іванавіч таксама прасвятлеўся. З уласцівай яму імклівасцю ён рушыў на ганак.

— Браточкі мае! Хрыстос васкрос! — выгукнуў Тарас Іванавіч і рынуўся да «валачобнікаў». Кожнага ён ветла абнімаў і са словамі: «Хрыстос васкрос!» цалаваў тры разы ў губы; «валачобнік» на момант амаль што знікаў у магутных абнімках Тараса Іванавіча. Толькі калі чарга дайшла да Адама Мілеўскага, гасцінны гаспадар пацалаваў яго ўсяго адзін раз і заўважыў:

— Барада твая, брат, як дзяркач!

«Валачобнікі» зарагаталі. Смяяўся і сам уласнік барады. Ён нават ганарыўся, што меў такую жорсткую бараду, бо гэта — сведчанне цвёрдага характару.

Тарас Іванавіч зараз жа запрасіў сяброў у кватэру. Самы большы пакой,— а ён знаходзіўся пры ўваходзе ў кватэру,— быў прыстасаваны спецыяльна для велікодных візітаў. На Вялікдзень звычайна ў госці не запрашалі, хто хацеў, прыходзіў сам. Такі быў звычай, заведзены дзядамі і прадзедамі.

Пасярэдзіне пакоя стаяў доўгі стол, засланы белым абрусам і ўсцяж застаўлены багатаю і разнастайнаю закускай, выпіўкай, пасудаю. Нажы і відэльцы ляжалі ў некалькіх кучках. Госці самі ў меру патрэбы бралі пасуду, нож і відэлец і, выпіўшы добрую чарку, нацэльваліся на закуску, якая найболей адпавядала іх густу. Самае пачэснае і віднае месца на стале займала шынка, запечаная ў хлебным цесце. Па велічыні яна нагадвала добрую падушку і ляжала на адмысловым дзервяным крузе, убраная сцяблінкамі бруснічніку і вянком з дзеразы. Гэта шынка была ўкрасаю стала і гордасцю Вольгі Сцяпанаўны і Тараса Іванавіча. Янка Тукала адразу ж заўважыў:

— Вось гэта дык шынка! Не шынка, а Дзямянаў Гуз!

На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў, пара індычак, бабкі, мазуркі і цэлая горка афарбаваных яечак.

— Вось як буржуі жывуць! — дабрадушна сказаў хтосьці з «валачобнікаў», акінуўшы поглядам стол.

— Хопіць работы нам, безработным, на доўгі час,— жартаваў Янка.

— Сядайце, сядайце ж за стол,— запрасіла гасцей Вольга Сцяпанаўна.

Тарас Іванавіч прынёс некалькі крэслаў з другіх пакояў, бо для ўсіх не хапала месца.

«Валачобнікі» расселіся. Гарэлку наліваў кожны сам сабе, яе было многа. Выпілі па чарцы, па другой, прапусцілі па трэцяй. Шынка найболей прыйшлася даспадобы «валачобнікам» і на вачах мізарнела ў сваіх памерах. За сталом было шумна, весела.

Лабановіч ціхенька падышоў да Янкі Тукалы:

— Ведаеш, Янка, трэба ў нашу валачобную песню дадаць прысвячэнне Вользе Сцяпанаўне.

— А гэта было б дарэчы,— падтрымаў прыяцеля Янка.

Яны трошкі пашапталіся, падбіраючы найлепшыя варыянты. Калі куплеты былі знойдзены, Янка гукнуў:

— Увага! Хлопцы! Уславім у валачобнай песні нашу мілую гаспадыню, Вольгу Сцяпанаўну.

— Уславім! Уславім! — дружна азваліся «валачобнікі».

Усе пападымаліся са сваіх месцаў. У пакоі зрабілася ціха. Лабановіч прыняў позу рэгента і запявалы. Побач з ім стаяў Янка Тукала.

Песня загрымела з вялікім уздымам:


Мілейшай дружачцы гаспадара…

Воленьцы Сцяпанаўне жадаем дабра!


Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.


Жывіце на свеце сорак тысяч дзён.

Калі мы не любы, ганіце нас вон!


Вольга Сцяпанаўна зацвіла, як ружа. Яна падышла да запявалы і падпявалы і пацалавалася з імі, астатнім нізка пакланілася.

Тарас Іванавіч ускочыў са свайго крэсла.

— Браточкі мае, «валачобнікі»! Вып’ем і будзем спяваць усю вашу валачобную песню! Яны ж і пра мяне не забыліся,— сказаў ён да жонкі.— Я хачу спяваць з вамі!

— Заспявайце, заспявайце! — з радасным узбуджэннем далучылася да мужа Вольга Сцяпанаўна.

— Чуеш, Янка, і вы, вахлакі: які вялікі поспех мае наша песня! — звярнуўся Лабановіч да свае кампаніі.

Дружна выпілі, закусілі. Лабановіч выцер губы.

— Ну, Янка, пачнём!

«Валачобнікі» збіліся ў гурт. Уперадзе зноў сталі Андрэй і Янка, пачалі песню. Куплеты, у якіх гаварылася пра дзяўчат, каб яны скінулі «сцяснення ярмо», пра сядзельца Кузьму Скаромнага і пра старшыню, выклікалі бурнае захапленне Тараса Іванавіча. Ён смяяўся, пляскаў у далоні і ўвесь быў у руху. Асабліва вясёлае ажыўленне было, калі па шчаслівай выпадковасці, якраз тады, як меркавалі заспяваць пра Базыля, увайшоў сам Трайчанскі. Лабановіч падаў яму знак спыніцца, маўчаць і слухаць. Для Тараса Іванавіча, для Вольгі Сцяпанаўны і для самога Базыля гэты куплет быў невядомы. Вось чаму, калі запявала і падпявала выканалі радкі, прысвечаныя Трайчанскаму, Тарас Іванавіч сарваўся з месца і, як рэгент, замахаў рукамі ўсім, каб яны падхапілі прыпеўку.

Базыль таксама стаяў вясёлы і шчаслівы, а твар яго свяціўся, як велікодны пірог, памазаны яечным жаўтком. Калі скончылі песню, у якой прыняў удзел і Базыль, ён пахрыстосаваўся з гаспадарамі і з «валачобнікамі» па ўсіх правілах велікоднага этыкету. Базыль сеў за стол, і хоць ён і да гэтага трохі выпіў, але выпіў і тут. На Вялікдзень дазвалялася піць, колькі хто можа. Калі ж хто і перап’е, таго не судзілі. Крыху пасядзеўшы, пагаманіўшы, пасмяяўшыся, Базыль звярнуўся да гаспадара, да «валачобнікаў», запрашаючы ўсіх да сябе. Вольга Сцяпанаўна як гаспадыня засталася дома прымаць наведвальнікаў. Тарас жа Іванавіч нават быў рады пакінуць свой дом і вывесці з яго «вусеняў» (так называў ён у думках «валачобнікаў»), каб выратаваць хоць рэштку шынкі, ад якой заставалася адна касцяная рама і култышка свінога сцягна.

На вуліцы каля Базылёвай камяніцы ляжала з дзесятак ёмкіх камянёў. Яны прызначаліся для падмуроўкі і засталіся нескарыстанымі пры збудаванні дома. Па нейкай неакрэсленай прычыне Лабановіч звярнуў на іх увагу — можа, таму, што яшчэ ў дзяцінстве ён любіў сядзець на кучы камення ў полі (гэта куча называлася крушня), слухаць і пазіраць, што адбываецца навокал. Вось і цяпер яму хацелася прыпыніцца каля камення і пасядзець, але гаспадар і Тарас Іванавіч узялі цвёрды курс на Базылёў велікодны стол, які таксама абяцаў быць багатым і разнастайным.

У пакоі за сталом сядзелі нейкі чыноўнік родам з Панямоні па прозвішчу Булах, маці Базыля, нізенькая і тоўстая, як кадушка, дзве сястры Смалянскія і «кашчэева» дачка Аксана. З’яўленне такога натоўпу зрабіла ў доме цэлы пераварот. Старая маці Базыля паважна паднялася з месца. Чыноўнік Булах, не трацячы свае годнасці, павольна прыўзняўся. Дзяўчаты ж узляцелі і, як матылі на агонь, кінуліся сустракаць гасцей.

Лабановіч даў знак «валачобнікам» спыніцца, каб заспяваць ужо вядомую песню. Калі дайшлі да куплета, у якім гаварылася, каб дзяўчаты «скінулі сцяснення ярмо», Базыль кінуўся да Надзі. А Надзя адапхнула яго і сама кінулася да Янкі Тукалы з тым, каб потым ужо на законнай падставе пахрыстосавацца з Андрэем, якога яна проста па-дзявочы пакахала. Счакаўшы, Надзя і Лабановіч выйшлі з-за стала і прыселі ў больш-менш зацішным куточку. Госці падгулялі, шумелі і не зварачалі на іх увагі. Толькі Базыль зрэдку паглядаў у той бок. Ён не дужа быў упэўнены, што Надзя не адмовіцца ад яго, хоць ён і ўласнік знатнай камяніцы.

— Калі ж выходзіце вы замуж? — запытаў Лабановіч Надзю.

— За каго? — таксама запытала і Надзя.

— Яшчэ і пытаецеся! Вядома, за каго: за Базыля! Пра гэта ўсё Панямонне гаворыць. Чалавек ён добры і нябрыдкі, мае такі слаўны дом. Вось бачыце, буду вашым сватам.

Надзя паглядзела на Андрэя, хітравата пасміхнулася.

— Каб за свата, дык пайшла б, а за Трайчанскага не пайду.

У гэты час падышоў Базыль.

— Як бачыце — сон у руку,— заўважыў Лабановіч,— але даруйце, мяне мучыць прага.

Лабановіч пайшоў да стала, дзе стаяў велічэзны збан, вядра на паўтара, з квасам. Збан і квас былі хатняю гордасцю Базылёвай маці.

Больш за ўсіх шумеў за сталом Янка Тукала, жартаваў і вырабляў розныя штукі, што не зусім падабалася старой Трайчанісе. Лабановіч вывеў сябра з хаты.

— Пасядзімо на каменьчыках,— сказаў ён сябру.

— Я зараз у такім стане, што, здаецца, перавярнуў бы Базылёву камяніцу.

— Бачу, брат, што імпэту ў цябе вельмі многа. Дык пайдзі і прынясі збан з квасам — паміраю ад прагі.

Янка прытарабаніў збан. Лабановіч напіўся, у яго ў галаве таксама быў празмерны шолам.

— Ты памятаеш — пра Сценьку Разіна, як ён кінуў у Волгу пярсідскую князёўну? — запытаў Андрэй Янку.

Павярнуўшыся да каменя, ён заспяваў, трымаючы ў руцэ збан:


Камень, камень, бацька родны,

Ты красунчыка прымі!


Размахнуўся і ляснуў збан аб камень. Янка рагатаў:

— Знішчылі буржуйскую ўласнасць.

Калі Базылёва маці агледзела і знайшла чарапы ад збана, яна ўсю віну ўзлажыла на Янку. Але сяброў у гэты час ужо не было ў Базылёвай камяніцы.


ХVІII[правіць]

Удалы пачатак вясны змяніўся халадамі. Вятры падзьмулі з паўночнага захаду, а потым перамясціліся на ўсход і запыніліся там на доўгі час. Удзень па небе плылі груды разарваных воблакаў, халодных, нішчымных. Пад вечар вецер заціхаў. Над зямлёю звісала яркае, зыркае неба, а пад раніцу на зямлю асядала шэрань. Зямля высыхала, трава не расла, і збожжа ніяк не магло адарвацца ад зямлі. Бедавалі людзі і з непрыязню паглядалі на глухое бясплоднае неба. Не абыходзілася і без таго, каб крыху не пазлаваліся на Бога: што яму значыць паслаць пагоду і наогул паспрыяць людзям! А мікуціцкі Сёмка Дзямідаў — цяпер ужо нябожчык — казаў:

— Злавіць бы гэтага Бога ды паашалёстваць пугаю вушы, дык ён ведаў бы, як рабіць прыкрасць людзям і худобе!

Мікуціцкія жанчыны пайшлі па іншым шляху. Знайшлася адна з іх, Тарэся, што ведала верны спосаб, як расчыніць у небе дзверы для цёплых дожджыкаў. А для гэтага трэба было да ўсходу сонца пераараць упоперак Нёман, яго дно, ды каб саху не конь і не валы цягнулі, а самі жанчыны. Яны так і зрабілі ў адну з халодных майскіх раніц. І ўсё ж такі дождж не пайшоў. А каб ён пайшоў напэўна, дык яшчэ трэба было разбурыць плот Міколы Стырніка, што гарадзіўся паміж двума Юр’ямі — каталіцкім і праваслаўным. Раскідалі і плот, хоць гэта каштавала некалькіх касмыкоў на галаве дзвюх кабет, цёткі Тарэсі і Стырнікавай Тэклі: яны пабіліся пры разбурэнні плота. Крыўдней за ўсё было тое, што і гэта мерапрыемства не памагло, а аўтарытэт цёткі Тарэсі, завадыяшчыцы ўсёй справы, зусім упаў. Так і не было дажджу і цяпла аж да самага чэрвеня.

У гэтае сухое, непрыемнае надвор’е, калі вакол чуліся адны толькі скаргі і нараканні, да Лабановіча прыйшло пісьмо з Вільні. Пісаў яму Уласюк.


«Паважаны дзядзька Андрэй!

Калі вы не маеце дужа прыбытных заробкаў, дык прыязджайце да нас: работа для Вас знойдзецца. Даволі Вам сядзець у шчыліне, трэба выходзіць у людзі. У гэтым мы Вам можам памагчы і з часам зрабіць з Вас адукаванага чалавека — паслаць Вас туды, дзе вучыцца Цётка-Пашкевічанка. Трымайцеся, дзядзька, і трымайце хвост трубою.

З пашанаю да Вас М. У.»


Невялічкае і крыху дзікаватае пісьмо павярнула зусім у іншы бок думкі Лабановіча. Перш за ўсё было прыемна, што яго запрашаюць у рэдакцыю. «Рэдакцыя» здавалася яму тады самаю высокаю і самаю разумнай установаю ў свеце, дзе сядзяць самыя разумныя людзі. А важней за ўсё — у пісьме быў намёк, што яго пашлюць для навукі ва універсітэт, а гэта была даўняя мара Лабановіча. Сядзець жа дома, не маючы пэўных заняткаў, было нецікава. Вось чаму пісьмо так усхвалявала яго і падняло настрой. Было моцнае жаданне зараз жа паказаць каму-небудзь гэтае пісьмо, пагутарыць аб яго змесце. З кім жа, як не з Янкам, падзяліцца мыслямі і пачуццямі? У гэтыя дні Янка гібеў у бацькоў. Была б добрая вясна, дык ужо ў такі час выраслі б цыбуля ў агародзе, шчаўе на лузе і смалуды ў лесе на пасеках. Зараз жа нічога такога не было, хіба толькі зрэдку перападала яечка,— усё ж ён быў сын у маці. Наспявала патрэба падацца ў Стаўбуны: там наклёўвалася сякая-такая работа.

Да Янкі і накіраваўся Андрэй Лабановіч, узяўшы невялікі кавалачак сала і кручок гарэлкі.

Вада ў Нёмане апала. Мікуціцкія людзі гаварылі, што зараз і курыца пяройдзе раку ўброд. Лабановіч перабрыў Нёман і хвілін праз сорак падыходзіў да Нейгертава, дзе жыў Янка. Вёсачка тулілася на ўзгорку, малапрыметная і маленькая. У ёй была адна толькі вулачка. Сам жыхар вёскі, Янка, так азначаў даўжыню свае вуліцы: у пэўны час, на досвітку, з аднаго і з другога канца сяла выходзілі на двор, вылезшы з бярлогу, дзед Мацей і дзед Аўсей. Яны рабілі сваю справу, пазіралі на зоры, на неба, гадалі аб надвор’і. І кожны гук ад аднаго дзеда зараз жа перадаваўся другому.

Лабановіч пераступіў высокі, амаль на локаць, парог і спыніўся каля дзвярэй. У хаце, апроч Янкі, нікога не было.

— Здароў, Янка! Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якою сядзеў грэк!

Янка не чакаў прыходу прыяцеля. Ён сядзеў з краю просценькага сялянскага століка і чытаў кніжку «Так гаварыў Заратустра». На покуці над сталом віселі абразы ў просценькіх саматужных асадках, але пад шклом, каб мухі не забруджвалі твары святых угоднікаў. На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў даматканы абрус акраец хлеба. Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала.

Янка здзівіўся і ўзрадаваўся.

— Каго я бачу! Ці не зманьваюць мяне мае вочы! — выгукнуў ён і выскачыў з-за стала.— Вітаю чалавека, які шукае сабе пагібелі, каб стаць чалавекам!—дадаў Янка і горача павітаўся з прыяцелем.

— Вось гэтага ад цябе я не чуў яшчэ. Ці не ад Ніцшэ запазычыў? — спытаў Лабановіч.

— Ад яго, сабачага сына!— прызнаўся Янка і пры гэтым выказаў жаль, што ў хаце нікога няма, усе ў полі, а таму і пачаставаць няма чым і няма каму.

— Не аб адным хлебе жыў будзе чалавек,— азваўся Лабановіч. Ён ведаў, што Янкава сям’я жыла бедна.— Я прыйшоў да цябе не для таго, каб ты мяне частаваў,— заўважыў Лабановіч і дадаў: — Можа, і сапраўды кажаш ты праўду, калі гаворыш пра чалавека, які шукае сабе пагібелі, каб стаць чалавекам.

Лабановіч выняў з кішэні пісьмо ад Уласюка.

— Вось прачытай!

Янка ўзяў пісьмо і ўпіўся ў яго вачамі, а Лабановіч пазіраў, якое ўражанне робіць пісьмо на прыяцеля.

Прачытаўшы, Янка моўчкі і доўга глядзеў на Андрэя. Па твары было відаць, што ён узрадаван і ўсцешан.

— Гэта навіна!.. Я ж табе казаў, што нашага брата, бадзягу-бяздомніка, голымі рукамі не возьмеш і ад зямлі не адарвеш, бо яго карэнні глыбока сядзяць… Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна пасыпана жоўценькім пясочкам!

Янка моцна паціснуў руку Андрэю.

— Дык ты раіш мне ехаць?

— Ад усяго сэрца! — пацвердзіў Янка.

— Ну, калі так, дык будзем піць барыш!

— Лабановіч выняў кручок гарэлкі, паставіў на стол і палажыў сала, загорнутае ў паперу. Янка з захапленнем пазіраў на гэта дабро.

— А, браток ты мой! — громка сказаў ён.— Няхай будзе благаславёны той вецер, што занёс цябе ў маю хароміну! — Ён рухава мятнуўся да дзервянога шафіка і дастаў адтуль дзябёлую сялянскую чарку, борздзенька разгарнуў настольнік, адрэзаў лусты дзве хлеба. Лабановіч тым часам адкаркаваў «мярзаўчык» і наліў чарку.

— Дык давай, Янка, вып’ем за тых, у каго, як сакрамант, ляжыць на стале акрайчык хлеба, з такою любасцю і пашанаю загорнуты ў просценькі даматканы абрусік. Няхай гэтага хлеба стане болей і няхай не дадаюць да яго мякіны або тоўчанай бульбы. Няхай вольна, шчасліва і багата жывуць працоўныя людзі!

— Глядзі ты, які з цябе прамоўца! — заўважыў Янка, а Лабановіч кульнуў чарку, наліў у яе гарэлкі і перадаў прыяцелю.

Янка ўзяў чарку.

— Хоць і вялікае маё жаданне выпіць гэту чарку, але яшчэ большае жаданне таксама сказаць што-небудзь перад тым, як выпіць. Ляці ж, маё слова, далёка ў свет! Вырвіся з гэтай нізкай хаты, дзе нават няма падлогі, прабіся праз саламяную страху, бомбаю выбухні ў панскіх палацах, у кабінетах царскіх сатрапаў і ў самой царскай рэзідэнцыі і гукні ім: «Падохніце вы ўсе, акаянныя абдзіралы, крыўдзіцелі, кáты, на радасць простых працоўных людзей!» — Адным духам Янка апаражніў чарку.

— А здорава ты сказаў! Закасаваў ты мяне, Янка. Маладзец!

Янка ўзяў кавалачак хлеба і сала.

— Пры табе, Андрэй, я магу сказаць прамову, вось калі б я выступаў перад натоўпам людзей, дык нічога не выйшла б,— прызнаўся Янка.

— Бо табе ж і не даводзілася выступаць перад народам. Практыка, брат, патрэбна,— падтрымаў прыяцеля Андрэй.

Хоць кручок і не дужа вялікая мера, ды ўсё ж сябры значна павесялелі, калі асушылі яго.

— Што ж, Янка,— сказаў Лабановіч,— ці не пайсці нам шукаць свае пагібелі? Што мы будзем сядзець так?

— А куды мяркуеш ісці? — запытаў Янка.

— Сярод мікуціцкіх ваколіц для мяне малавядомай засталася адна: я ніколі не хадзіў яшчэ ў Панямонь занямонскімі польнымі дарогамі. Давай пройдземся!

— З табою я гатовы ісці хоць якімі сцежкамі, хоць якімі дарогамі на самы край свету,— даў поўную згоду Янка Тукала.

— А ведаеш, чаму я хачу завітаць у Панямонь?

— Можа, і ведаю, але не ведаю,— адказаў Янка.

— Сумленне, браток, не дае спакою мне — з таго дня, калі я пабіў збан старой Трайчаніхі. Мне мала, а можа быць, і не мала абыходзіць тое, што віну яна ўзлажыла на цябе. І ты мне скажы: нашто было крыўдзіць старую і добрую жанчыну, якая даводзіцца нам бабкаю? Гэты ж збан, можа быць, яе друг, стары спадарожнік яе жыцця, а мы ўчынілі такое свінства! Калі я не выкуплю свайго граху перад добраю цёткаю Саламеяй, дык Бог пакарае мяне самога,— жартліва-трагічна вымавіў Лабановіч.

— Бог? — запытаў Янка.

— Ну, няхай не Бог, а лёс… Ведаеш, Янка, ніякага глупства, ніякага свінства з боку чалавека, што дапускае ён у адносінах да іншых, жыццё не даруе… Гэта дробязь, але ўсё гэта верна.

— Мне падабаецца, Андрэй, усё, што ты зараз сказаў. Але як мысліш ты сабе выкупіць свой «грэх»?— запытаў Янка.

— А вось як: сягоння кірмашовы дзень у Панямоні. На кірмашы нас болей за ўсё павінны цікавіць ганчары: купім самы вялікі, паліваны збан, які толькі знойдзецца ў іх. На гэтым збане я наклею карталюшку з такім напісам: «Дарагая цётка Саламея! Не гневайцеся Вы на нас і асабліва на Янку: збан пабіў не ён, гэта наша агульная з ім віна». І падпішуся. Яна паверыць, бо ведае мяне з малых дзён.

— А калі мы не знойдзем такога збана? — запытаў Янка.

— Тады мы закажам ганчару вылепіць яшчэ большы збан і з двума вушкамі,— адказаў Лабановіч.


XIX[правіць]

Пасажыраў у вагоне было не так многа. Лабановіч прымасціўся на лаўцы каля акна і пазіраў на ўсё новыя і новыя малюнкі, напісаныя шчодраю прыродаю на кожным кавалачку зямлі, а таксама і змайстраваныя рукамі чалавека. Нейкае невыказнае хараство спалучалася ў сумеснай працы чалавека і прыроды і ў тонах іх агульнага настрою.

Адно толькі не радуе: наплыўшыя раптам халады і суш запынілі рост збажыны ў палях і травы ў лузе. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Іншы выгляд мелі дваровыя палеткі, выкраеныя з лепшых кавалкаў зямлі і сабраныя ў шырокія лавы, што акружалі панскія сядзібы і фальваркі. У часе засеяныя, угноеныя багата, пышна растуць тут збажына і ярына і трывала пераносяць нягоды вясны.

Лабановіч уважна прыглядаецца да ўсяго, што трапляецца на вочы пры шпаркім бегу машыны, якая з кожнай хвілінай імчыць яго далей і далей ад Мікуціч, ад Нейгертава, адкуль яшчэ пазаўчора блукалі яны з Янкам польнай дарогай, дзе хадзіць не даводзілася. Паблізу стаяла тая пышная старая хвоя, верхавіну якой даўно бачыў Лабановіч, праходзячы праз адзін узгорак, непадалёку ад Мікуціч. Не адзін раз прыпыняўся ён там палюбавацца хвояй. Ён глядзеў у падзорную трубу, купленую калісь у Пінску, у той час, як быў настаўнікам у Выганаўскай школе. Да адзінокай хвоі было шэсць вёрст з таго пагорка. І вось нядаўна Лабановіч разам з Янкам усутыч падыходзілі да зачараваўшага яго дрэва. А зараз яно і прыяцель стаяць у Андрэевых вачах.

Чым далей ад’язджаў Лабановіч ад Мікуціч і яго ваколіц, тым меней думаў аб іх. Іншыя мыслі займалі зараз вандроўніка: аб тым горадзе, у якім яшчэ не даводзілася яму быць, аб газеце і яе рэдакцыі, куды запрашалі яго прыехаць. Што пабачыць ён там? Як прымуць яго? Якую работу дадуць у рэдакцыі? Таксама не забываўся ён і аб тым, што знаходзіцца пад патайным наглядам паліцыі. Таму было і рызыкоўна зварачацца па дазвол паехаць у Вільню. Яго могуць запытаць у паліцыі, а чаму ён просіць дазвол? Можа выявіцца, што паднагляднаму вядомы яго стасункі да паліцыі. Дык лепей паехаць цішком, а там што будзе, то будзе, абы не кіснуць на адным месцы.

Ужо зусім добра развіднела, калі Лабановіч пад’язджаў да Вільні. З-за прыгожа акругленага пагорка, якімі так багаты віленскія ваколіцы, паднімаліся ў яснае і халоднае неба, нібы залатыя стрэлы, праменні сонца. Тым часам поезд з кожнай хвілінай набліжаўся да вакзала і нарэшце спыніўся. Лабановіч з невялічкім чамаданчыкам у руцэ адзін з першых сышоў з вагона і пайшоў следам за народам, з захапленнем пазіраючы на падземныя тунелі, што вялі на вакзал і ў горад. Тут шмат было паваротак, і каб не напісы, дык новы чалавек мог бы лёгка заблудзіцца. Нарэшце Лабановіч выйшаў у горад, перасек даволі прасторную плошчу і зараз жа трапіў да Вострай Брамы, дзе была святыня каталіцкага насельніцтва, абраз Вастрабрамскай Божай Маці.

Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы ды ішлі або ехалі павольным крокам. Па баках вуліцы, не зважаючы на ранні час, стаялі на каленях багамольныя людзі, кабеты і мужчыны, заўзята білі сябе ў грудзі кулакамі і прыпадалі лбамі да халоднага тарцовага бруку. Было тут шмат жабракоў, якія маліліся з асаблівым стараннем і ўголас. Лабановіч таксама мусіў зняць шапку, прычым яму прыгадаўся адзін паляшук, якога сілаю заганялі ў царкву. Па дарозе ён казаў: «Хоць і пайду, але ні рукою, ні губою не мяльну!»

Мінуўшы Вострую Браму, Лабановіч стаў разглядацца і ўкрадкам чытаць напісы на скрыжаваннях вуліц, каб напаткаць тую, дзе змяшчалася рэдакцыя газеты. Было яшчэ рана. Горад толькі-толькі абуджаўся, і руху было мала. Зрэдку трапляліся адзіночныя постаці мужчын і кабет, якім не было калі песціцца ў пасцелях ды, можа, не ўсе яны мелі свае пасцелі. Гэта быў пераважна сярмяжны люд з навакольных вёсак ды з глухіх гарадскіх закуткаў, рамеснікі і людзі невядомых прафесій. Худыя, абарваныя, заклапочаныя, яны кудысьці спяшаліся для здабывання кавалка надзённага хлеба. Лабановіч уважліва і са спачуваннем прыглядаўся да іх і думаў: як многа такіх людзей, якім жывецца шмат горай за тых настаўнікаў, што павыганяны са школ. Не спяшаючыся, ён заходзіў у глухія, цесныя закавулкі, на якія быў багаты горад, каб лепей азнаёміцца з імі. Завулкі заводзілі часамі вандроўніка ў тупікі, дзе далей не было дарогі. Ён варочаўся назад і губляў арыентацыю ў горадзе, якога не ведаў, ішоў у другім кірунку ды ізноў упіраўся ў тупікі. Нарэшце ён выбіўся на болей прасторныя вуліцы. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Гэта былі свайго роду сімвалічныя летапісы, што расказвалі пра многавяковае жыццё горада, пра яго гістарычныя лёсы.

Блукаючы па вуліцах і завулках, Лабановіч забраўся ў такія раёны, дзе ўжо страціў надзею без дапамогі людзей знайсці патрэбную яму Завальную вуліцу. А Вільня тым часам абудзілася і пачала сваё абыклае жыццё ў рэчышчы паліцэйска-чыноўніцкага тагачаснага ўкладу губернскага горада царскай імперыі. Яшчэ праз паўгадзіны Лабановіч, нарэшце, спыніўся каля рэдакцыі. Побач размясцілася даволі вялікая багатая крама з пышнаю размаляванаю шыльдаю, на якой было напісана па-руску: «Торговая фирма Амстердама». Можна было падумаць,— людзі так і думалі спачатку,— што гэта гандлёвы дом, адчынены тут якім-небудзь багатым купцом з Амстэрдама. У сапраўднасці ж крама належала мясцоваму гандляру, па прозвішчу Амстэрдам, які гандляваў цыкорыяй і кофе.

Нясмела, з некаторым хваляваннем і нават страхам пераступаў Лабановіч парог дома, дзе была рэдакцыя.

У цеснай каморцы, за просценькай дзервяной перагародкай з невялікім акенцам без шкла, сядзеў чалавек, малады, хударлявы. Перад ім стаяла бляшанка з клейстарам і памазком. Ён складаў нумары газеты то па адным, то цэлымі пачкамі і наклейваў на іх ярлычкі з тым ці іншым адрасам.

Малады чалавек падняў вочы на незнаёмага наведвальніка. Лабановіч пачціва прывітаў яго па-беларуску: «Дзень добры!» і запытаў:

— Гэта тут рэдакцыя?

— Тут,— адказаў малады чалавек і ў сваю чаргу пацікавіўся: — Вам, уласна кажучы, каго трэба? Па якой вы справе?

Малады чалавек гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам. Гэта быў экспедытар газеты, сакратар па гаспадарчай частцы, бухгалтар і справавод. Зваўся ён Стась, а прозвішча яго было Гуляшак. Лабановіч прызнаўся, што рэдактар прыслаў яму запрашэнне прыехаць на работу ў рэдакцыю.

— Дык будзьце ласкавы, распранайцеся. Рэдактар звычайна прыходзіць а дванаццатай гадзіне.

Цяпер Стась Гуляшак значна гасцінней паставіўся да свайго новага знаёмага. Ён нават выказаў меркаванне, што тут, у рэдакцыі, Лабановічу будзе і пакой. Стась паказаў рукою на пакойчык, што знаходзіўся насупроць перагародкі.

— А самі ж вы дзе жывеце? — запытаў Лабановіч.

— На кватэры ў горадзе. Са мною жыве і мая маці,— адказаў Стась і дадаў: — Яна ў мяне сталаўнікоў утрымлівае.

Стась аказаўся гаваркім і гатовым на розныя паслугі чалавекам. З дазволу Стася Лабановіч зайшоў у той пакойчык, што меўся стаць кватэрай для яго. Пакойчык быў запушчаны, даўно нябелены, змрочны і няўтульны. Нумар газеты, наклеены на шыбах так, каб можна было чытаць яго з вуліцы, засланяў святло і рабіў пакойчык яшчэ болей цёмным. Пры адной сцяне ў глыбі пакойчыка стаяў ложак, падобны да санітарных насілак. Дзяружка, тканіна сялянскага вырабу, прымацаваная да дзвюх дзервяных бакавінак, была ўціснута ўніз, і ўся пасцель разам нагадвала сабою карыта. Так потым і называў яе Лабановіч.

Неўзабаве ў рэдакцыю прыйшоў і сам рэдактар, высокі, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі. Відаць, перад адзяваннем рэдактар чапляў на вусы навуснікі, а канцы іх, туга нацягнуўшы, завязваў на патыліцы і так хадзіў з гадзіну, каб прыдаць вусам пажаданы для іх уласніка выгляд. Уся постаць рэдактара, манера трымацца з людзьмі, капялюш і адзенне сведчылі аб тым, што ў яго быў загадзя надуманы намер рабіць на людзей уражанне, пусціць ім у вочы пыл для большай павагі. Свайму знешняму выгляду рэдактар надаваў немалое значэнне. У гутарцы з малазнаёмымі людзьмі ён трымаўся незалежна, любіў ужыць такое слова або сказ, каб паказаць сябе чалавекам самабытным, не падобным да іншых і ў той жа час жартаўлівым і аптымістычным. Пры кожным трапным сказе ці выслоўі сам смяяўся паважным басавітым смехам.

— Го! — ветла сказаў рэдактар, убачыўшы Лабановіча.— З прыездам вас, дзядзька Андрэй! Працаваць будзем, што?

— Дзякую за жычлівае слова,— пачціва адказаў Лабановіч,— не ведаю толькі, як прыдамся да працы.

— Не святыя гаршкі лепяць,— сказаў рэдактар і махнуў рукою.— Закруцім, пане мой, справу, аж пыл курэць будзе, што?

Рэдактар палажыў на плячо Лабановічу сваю цяжкую руку, даючы гэтым зразумець, што ён, рэдактар, чалавек просты і прадбачлівы, а рэдакцыйная і газетная справы пастаўлены як лепей не трэба. Рэдактарскі аптымізм захапляў і радаваў Лабановіча, бо яму хацелася, каб гэтак яно і было.

— А скажыце, калі ласка, як разыходзіцца газета ў народзе? — пацікавіўся Лабановіч.

Рэдактар адвёў крыху ўбок вочы, нібы трохі збянтэжыўся, але цвёрда адказаў:

— Добра, зусім добра, дзядзька Андрэй. А будзе разыходзіцца яшчэ лепей, калі пачнём друкаваць яе,— такія меркаванні ў нас ёсць,— кірыліцай і лацінкаю, бо шмат ёсць беларусаў-католікаў.

Гэту навіну Лабановіч успрыняў без асаблівага задавалення, бо тады ўжо хадзілі гутаркі, што да беларускай газеты прымазваюцца польскія клерыкалы. Але ён палічыў за лепшае пакуль што прамаўчаць.

Доўга яшчэ гаманіў рэдактар, пераходзячы з аднаго на другое. Ён не забыў нават сказаць і пра Кракаўскі універсітэт. На развітанне рэдактар даў Лабановічу грыўню на падмацаванне.

— Падмацуйцеся і адпачывайце з дарогі.

Рэдактар паказаў рукою на пакойчык, у якім стаяў карыта-ложак.


XX[правіць]

Непадалёку ад рэдакцыі была сталоўка-чайная, адчыненая «Союзом истинно-русских людей». Там можна было за пяць капеек з’есці талерку баршчу і адпаведную порцыю кашы. Аб усім гэтым паінфармаваў Лабановіча паслужлівы Стась.

— Хоць сталоўка і чарнасоценная, але чаму не пакарыстацца ёю таму, у каго мала грошай? — хітра падміргнуў Стась і дадаў: — Не зробяць жа чалавека чарнасоценцам чарнасоценскі боршч і каша. Як вы гледзіце на гэта?

— Згодзен з вамі, Станіслаў Зыгмундавіч,— падхапіў Лабановіч. У яго вачах бліснуў вясёлы агеньчык: — Гэта нават будзе цікава: «истинно- русские люди» па дзяшоўцы падкормліваюць крамольнікаў!

Стась засмяяўся.

— І не толькі крамольнікаў, але і проста… Бог яго ведае, каго,— сказаў ён.

Яны пайшлі. Сталоўка была даволі прасторная, але бруднаватая і прымітыўна абсталяваная. Сталы былі тапорнай работы і без настольнікаў. Замест крэслаў каля іх стаялі дзервяныя табарэты ці проста доўгія, вузкія лаўкі. За сталамі сядзела некалькі наведвальнікаў неакрэсленай прафесіі. Лабановічу нават здавалася, што паміж іх ёсць звычайныя тарбахваты. Сярод гэтай кампаніі Стась і Лабановіч былі самымі элегантнымі маладымі людзьмі. Вось чаму на іх з падазронасцю паглядзеў чалавек сярэдніх гадоў з шырокай русяваю барадою, які сядзеў каля буфета, дзе стаялі ёмкія чайнікі, шклянкі і талеркі незамыславатага вырабу.

Каля буфета і па сталоўцы не спяшаючыся тупала кірпатая, ружовашчокая яшчэ маладая жанчына. Яна разносіла чай і падавала боршч і кашу. Адзін з наведвальнікаў пяшчотна назваў яе «перапёлачкаю», калі яна падышла да яго.

Па суседству з тым сталом, за які селі Стась і Андрэй, прымасціліся два чалавекі, з выгляду мешчанін і селянін. Яны вялі гутарку аб сваіх справах, аб заработках, каму, як і дзе пашчасціла.

— І многа ж ты зарабіў? — пачуў Лабановіч запытанне мешчаніна, адрасаванае селяніну.

Селянін уздыхнуў, правёў рукою па вусах, зірнуў на мешчаніна і сур’ёзна адказаў:

— Руп і дзве ноздры круп.

Лабановіч не пакаяўся, што зайшоў сюды: тут можна і пасілкавацца і спакойна наглядаць людзей, пачуць трапнае слова ці выслоўе. Можна таксама пабачыць і цікавыя сцэны. Ён успомніў Янку Тукалу. Было б добра, каб і ён быў тут. Ужо, напэўна, не абышлося б без таго, каб ён выдумаў які-небудзь афарызм, напрыклад, такі: «І ў чарнасоценным брудзе можна знайсці крупінкі золата». Лабановіч меў на ўвазе выслоўе селяніна аб яго заработку.

Пачынала вечарэць, калі Лабановіч, абышоўшы значныя раёны горада, часамі надзвычай маляўнічыя, апынуўся ізноў у рэдакцыі.

Стась скончыў свой рабочы дзень і падаўся на кватэру. Лабановіч застаўся адзін і таксама пашыўся ў сваю спачывальню, дзе стаяў вядомы ўжо ложак-карыта. Пажылая кабета, што прыбірала ў рэдакцыі, прынесла дзяружку і жмут нейкіх лахманоў замест падушкі. Андрэй паслаўся, лёг і пасміхаўся: ніводзін цар, напэўна, не адчуваў сябе так добра ў сваёй пасцелі, як адчувае ў гэтым карыце Лабановіч. Доўгі час яму не ўдавалася заснуць. Ён прыгадваў розныя падзеі, уражанні пражытага на новым месцы дня, гадаў, думаў, як сустрэне заўтрашні дзень, што новага напаткаецца ў ім. Узнікала шмат пытанняў у сувязі з выданнем газеты, на якія сродкі яна выдаецца, якія перспектывы яе ў будучым.

А неўгамонны горад шумеў. За акном тарахцелі на вуліцы колы цяжкіх павозак. Рытмічна цокалі па бруку падкаваныя конскія капыты, чуліся людскія галасы і залівісты спеў рэек і колаў старамоднай конкі на крутых паваротах. Усё гэта злівалася ў глухі несціханы шум. Пад гэты прыглушаны шум Лабановіч заснуў моцным сном. Але як толькі развіднела і заспявала конка, ён прачнуўся і некалькі часу ляжаў — спяшацца не было куды. Пачынаўся новы дзень з яго клопатамі і турботамі. У першую чаргу трэба было так ці іначай вырашыць пытанне аб тым, як і на якія грошы жыць у рэдакцыі. На рэдактарскіх траяках і пятаках далёка не заедзеш. Стась учора паведаміў, што для выдання газеты спецыяльных грошай няма, што супрацоўнікі газеты,— праўда, іх не так многа,— працуюць больш з-за ідэі, чым з-за ганарару, і сам Стась атрымлівае ўсяго тры рублі ў месяц ды невялікі працэнт ад продажу газет, але ён любіць беларускую газету, спачувае і спрыяе ёй як можа.

Гадзін у дзесяць раніцы Стась першы завітаў у рэдакцыю. Ён ветла паздароўкаўся з Лабановічам.

— Як жа адпачывалі? — запытаўся Стась.

— Дзякую. Адпачываў, можна сказаць, не горш за губернатара: губернатар дрыжыць за сваё жыццё, ён баіцца тэрарыстаў. А мне чаго баяцца? Далей высылкі і астрога дарог для мяне няма,— жартам прамовіў Лабановіч.

— Няхай лепш у высылку і ў астрогі ідуць губернатары,— заўважыў Стась.

Яны разгаварыліся. Стась быў больш-менш знаёмы са справамі газеты і яе ўнутраным механізмам, але не ўсё выкладаў: можа, ён і не ўсё ведаў, а можа, проста не хацеў пра ўсё расказваць. Ад Стася даведаўся Лабановіч, што рэдактар Уласюк адыгрывае ў газеце другарадную ролю, з’яўляецца афіцыйнаю асобаю, прадстаўніком рэдакцыі, юрыдычным рэдактарам. Сапраўдныя ж кіраўнікі і заправілы газеты — браты Ліскоўскія, Стафан і Ясь. Фактычным рэдактарам з’яўляецца Стафан Ліскоўскі. Старэйшы брат, Ясь,— скарбнік газеты. Большую частку свае дзейнасці ён праводзіць далёка за межамі рэдакцыі, галоўным чынам у раз’ездах. Што гэта былі за раз’езды, Лабановіч даведаўся потым. Ясь Ліскоўскі паставіў сабе мэту — сабраць як мага болей беларускіх экспанатаў і адчыніць краявы музей. Не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгрывалі і меркаванні пэўнай эканамічнай выгады. Некаторыя экспанаты Ясь Ліскоўскі выменьваў на такія, якіх у яго не было, і пры гэтым з прыбыткам для сябе. Вандруючы па розных кутках Беларусі, па старажытных гарадах і мястэчках, ён не абмінаў кляштараў, касцёлаў і старых цэркваў, заглядаў у панскія двары, у шляхецкія фальваркі, рабіў свае справы і збіраў падпіску на беларускую газету. Ксяндзы, арандатары і фальваркоўцы бачылі ў газеце адзін са сродкаў, што можна выкарыстаць для пашырэння польскасці ў беларускім краі. А можа, на гэтую думку наводзіў іх сам збіральнік беларускай старасветчыны. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Адгэтуль стала ясна, чаму газету друкавалі некаторы час кірыліцай і лацінкай.

У свой строга вызначаны час прыйшоў рэдактар. Як і заўсёды, пышныя рэдактарскія вусы стаялі па-баявому на сваёй пазіцыі, не выходзячы за межы той формы, якую надалі ім навуснікі. I сам рэдактар быў, як і заўсёды, спакойны, ураўнаважаны, з тым жа выглядам незалежнага, вясёлага чалавека, які любіць пажартаваць і пасмяяцца.

— Ну, як адчуваеце сябе на новай кватэры і ў новай, пане мой, абстаноўцы? — запытаў рэдактар Лабановіча, павітаўшыся з ім і Стасем.

— Дзякую, Мікіта Аляксандравіч, адчуваў бы сябе зусім па-губернатарску, калі б у жываце кішкі не спявалі.

Рэдактар зарагатаў дабрадушна і раскоціста.

— Люблю беларусаў за тое, што яны не трацяць гумору і маюць апетыт запарожскіх казакоў, што? — азваўся рэдактар.— Я вам, пане мой, найду заробак,— казаў ён далей.— Ёсць у мяне ў кіраўніцтве палескай чыгункі знаёмы інжынер, Блок па прозвішчу. Я з ім перагавару. Ён дасць вам перапіску з добраю аплатаю.

— За гэта дзякую,— шчыра адказаў Лабановіч.

— Мы вас, пане мой, на ногі паставім і свет расчынім перад вамі,— не сунімаўся рэдактар,— а каб кішкі не трубілі, дык мы зараз закоцім баль на ўсю Завальную вуліцу.

Рэдактар даў Стасю некалькі медзякоў і паслаў яго купіць пару пляцак і абаранкаў. Сам жа ён выцягнуў з кутка прымус і з захапленнем узяўся тупаць каля яго.

— А ў гэты час, покі я буду гатаваць губернатарскае падмацаванне, вы перагледзьце карэспандэнцыю «Марціна з-за рэчкі» і, дзе трэба, папраўце. Чалавек здольны, толькі мова ў яго пакульгвае.

Рэдактар сунуў у рукі Лабановічу жмуток доўгенькіх паперачак, на якіх была напісана карэспандэнцыя, а сам завінуўся каля прымуса.

Лабановіч прысеў за столік, каб азнаёміцца грунтоўна з карэспандэнцыяй.

«Робяць мне экзамен,— падумаў ён.— Ну, што ж? або пан, або прапаў. І не святыя ж гаршкі лепяць»,— разважаў Лабановіч пад густы шум прымуса.


XXI[правіць]

Зранку, на другі дзень пасля размовы з рэдактарам, Лабановіч надумаўся зайсці да яго і да братоў Ліскоўскіх. Усе яны былі нежанатыя, ці, як тады казалі, кавалеры, і жылі на адной кватэры. Ранні прыход незнаёмага і нечаканага госця здзівіў Стафана Ліскоўскага. З усіх трох кватарантаў ён устаў раней і прысеў за пісьмовы стол. На нясмелы стук у дзверы Стафан падышоў і спытаў:

— Хто там?

Лабановіч як умеў растлумачыў, хто ён такі і чаго прыйшоў. Дзверы расчыніліся. На парозе стаяў самы сапраўдны рэдактар беларускай газеты, малады, невысокі чалавек, з белым, даволі прыгожым тварам, з цёмна-шэрымі вачамі. Ён паціснуў руку Лабановічу і з прыемнай усмешкаю павёў яго ў кабінет.

— Ну, сядайце, калі ласка,— Стафан паказаў на крэсла, а сам сеў за стол. На стале было некалькі нумароў газеты, рукапісы, розныя артыкулы і карэспандэнцыя. Стафан апрацоўваў іх да чарговага нумара газеты. Сярод гэтых рукапісаў ляжала і карэспандэнцыя «Марціна з-за рэчкі», папраўленая ўчора Лабановічам. На стале быў поўны парадак: рукапісы і газеты акуратна пакладзены, і кожная рэч на сваім месцы. Лабановіч акінуў вокам кабінет. Ні ў якае параўнанне не ішоў ён з катухом у рэдакцыі, дзе асталяваўся Лабановіч і дзе стаяла яго «карыта». Параю дзвярэй кабінет быў злучаны з другімі пакоямі кватэры.

Стафан Ліскоўскі ўзяў са стала «Марціна з-за рэчкі», лагодна кіўнуў галавою налева і направа, як бы кладучы гэтым пачатак гутаркі.

— Зусім згодзен з вашымі папраўкамі,— сказаў ён Лабановічу.

— Вельмі рады чуць гэта,— азваўся абнадзеены Лабановіч.

— А як вам падабаецца газета наша? — запытаў Стафан.

— Пра мяне і гаварыць няма чаго: люблю яе. Люблю ўжо таму, што гэта першая беларуская газета. А самае важнае тое, што яе ахвотна чытаюць простыя людзі, для якіх яна прызначаецца.

Такі адказ Лабановіча выклікаў новую ўсмешку на губах Стафана.

— Вельмі, вельмі прыемна чуць гэта і асабліва ад вас,— прамовіў Стафан. У яго тоне Лабановічу пачулася нотка фальшу, але ён змаўчаў.

У гэты час дзверы, што былі насупраць, павольна адчыніліся, і адтуль выйшаў Ясь Ліскоўскі. Лабановіч паспеў убачыць на сцяне пакойчыка некалькі старасвецкіх шабель і пісталетаў. Але ўсё гэта толькі мільганулася ў вачах, бо дзверы зараз жа зачыніліся.

Ясь Ліскоўскі быў зусім не падобен да брата і на цэлую галаву вышэйшы за яго. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая.

— Пазнаёмся: новы супрацоўнік нашай газеты, таленавіты,— прадставіў Стафан Лабановіча.

Усмешка на Ясевым твары расплылася яшчэ шырэй і прыемней.

— Дужа, дужа рады бачыць вас у нашым асяроддзі,— салодка прамовіў Ясь.— Фактычна я знаёмы з вамі, завочна. Ведаеце, прафесія мая — вандроўніцтва. Я вандрую з аднаго кутка Беларусі ў другі, прыглядаюся да ўсяго, прыслухоўваюся, аб чым гамоняць людзі,— адным словам, шукаю ўсяго таго, што складае асаблівасць беларусаў. І аб вас я таксама шмат чаго чуў, разумеецца, добрага. А зараз вельмі рады, што бачу вас перад сабою.

Лабановіч маўчаў, слухаў гэтага дыпламата і спрытнага чалавека. А Ясь казаў далей:

— Расце наша беларуская грамада, шырыцца і збіраецца вакол нашай газеты гурт свядомых беларусаў. Хутка мы аб’яднаем усе нашы лепшыя сілы.

Гаварыў Ясь з захапленнем. На губах з’яўлялася папераменна то салодкая, то хітрая ўсмешка. Якраз у самы разгар Ясевага ўзнёслага красамоўства з другіх дзвярэй высунуўся Мікіта Аляксандравіч, босы, у адной толькі ніжняй кароценькай сарочцы. Уся яго постаць нагадвала дзябёлую чыгунную тумбу. Нельга было без смеху глядзець на гэтую амаль зусім голую фігуру. Пад носам Уласюка красаваліся навуснікі, канцы якіх былі завязаны на патыліцы. Такі «ўрачысты» выхад рэдактара абразіў эстэтычны густ Яся Ліскоўскага. Нічога не кажучы, ён шпарка выйшаў у свой пакой, зняў са сцяны адну са старасвецкіх шабель. Не вымаючы клінка, пляснуў разоў пару ножнамі па рэдактарскаму заду. Рэдактар ніколечкі не пакрыўдзіўся і толькі сказаў:

— Не паненкі ж тут сядзяць! — Павярнуўся і пайшоў у свой пакой. Там у яго былі гіры і штанга, і ён прыступіў да гімнастычных практыкаванняў, а потым заняўся туалетам.

Браты ж Ліскоўскія гаварылі многа, з вялікай перакананасцю, гаварылі так, як бы толькі ў іх адчынены вочы на ўсе праявы жыцця. І ўсё малявалі яны ў ружовых колерах. Не абмінулі таксама і Кракаўскага універсітэта, дзе вучыцца не адна толькі Элаіза Пашкевіч (Цётка), але і шмат іншых беларусаў. Ім дапамагае беларуская грамада, беларускае зямляцтва. Лабановічу таксама не загароджана дарога ў Кракаўскі універсітэт.

— Вы ведаеце, шаноўны сябра Андрэй,— не сунімаўся Ясь Ліскоўскі,— культура ідзе да нас і далей на ўсход з захаду! — на апошнім слове ён зрабіў націск.

— А як акрэсліць межы гэтага захаду? — запытаў Лабановіч.

Ясь Ліскоўскі прабачліва ўсміхнуўся: які ж ты, браце, невук, калі ставіш такое пытанне!

— Захад — гэта Італія…

— З Рымскім Папам ці без Папы? — кінуў рэпліку «невук» Андрэй.

Ясь Ліскоўскі прапусціў яе міма вушэй і казаў далей:

— Нямеччына, Францыя і, калі хочаце, Польшча. Галоўным чынам культура з захаду ішла і ідзе да нас праз Польшчу.

— Ды Польшчы цяпер, як такой, няма. І калі праз яе ішоў шляхецкі «не пазвалям!» і рэакцыйны каталіцызм, і калі гэта называць культураю, дык такую «культуру» — сабаку пад хвост,— адрэзаў Лабановіч.

— Мы гэта і не лічым за культуру,— уставіў слова Стафан, а Ясь, трохі збянтэжаны, палажыў руку на плячо Лабановічу.

— Вы, шаноўны сябра, не зусім разбіраецеся ў тым, што ідзе да нас з захаду. Не з азіяцкай жа Расіі ідзе культура! Адразу заўважаецца на вас уплыў рускай школы і русіфікатарства, і ў гэтым ваша памылка.

— Вы мне даруйце, шаноўны дзядзька Ян,— лагодна заўважыў Лабановіч.— Вы валіце ў адну кучу рускую школу і русіфікатарства. Русіфікатарства — гэта самаўладная царская нацыянальная палітыка. Не прызнаю яе, змагаюся супраць яе як умею. А руская школа для мяне — гэта Пушкін, Бялінскі, Грыбаедаў, Гогаль, Лермантаў, непаўторны Іван Андрэевіч Крылоў, якога я вельмі люблю. Вось мая руская школа.

Браты Ліскоўскія яшчэ шмат гаварылі пра культуру з захаду, гаварылі, як палітыкі-дыпламаты.

Выйшаў Лабановіч адтуль з неакрэсленым адчуваннем, з непрыведзенаю ў парадак мешанінай у галаве. У яго крыху адчыніліся вочы на ролю братоў Ліскоўскіх. Мяжа, што разлучала іх з Лабановічам, засталася непяройдзенай.

Адно, што было некатораю рэальнасцю, гэта — запіска ад рэдактара Уласюка на імя інжынера Блока. Дайсці да яго Лабановічу ўдалося толькі ў другую палавіну дня, і ўпусцілі яго ў кабінет інжынера не адразу. Нарэшце ўсё ж такі ён пераступіў парог кабінета, у якім на мяккім шырокім крэсле велічна, як цар на троне, сядзеў інжынер Блок, уткнуўшыся ў паперы. Ён толькі лыпнуў вачамі на наведвальніка, нічога не сказаў ды ізноў апусціў свой позірк у паперы.

Лабановіч, пачціва пакланіўшыся, стаяў каля дзвярэй, чакаючы, калі Блок звернецца да яго, і разглядаў важнага інжынера. Гэта быў пажылы чалавек інтэлігентнага выгляду, спакойны і салідны. Рэдактар казаў, што Блок — ліберал, кадэт па сваіх палітычных поглядах.

Кабінет быў светлы, прасторны, багата абсталяваны. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю, сваёй лысінаю на тры чвэрці галавы і пышнаю кароткаю, але шырокаю барадою, у якой прабіваліся срэбраныя ніці сівізны.

Праз некалькі хвілін інжынер адарваўся ад папер, падняў галаву, зірнуў на Лабановіча такім поглядам, нібы ўзважваў яго ў сваіх мыслях.

— Вы да мяне? — спытаў Блок.

— Так, гаспадзін інжынер. У мяне ёсць пісьмо да вас,— адказаў Лабановіч, падышоў бліжэй да стала і перадаў канверт, у якім ляжала запіска ад рэдактара.

Блок прачытаў запіску і ўжо болей уважліва, з зацікаўленасцю паглядзеў на Лабановіча.

— М-да,— неакрэслена мдакнуў інжынер і яшчэ раз зірнуў на наведвальніка.— Сказаць, такой падыходзячай для вас работы знайсці мне, м-да, труднавата.

Інжынер прымоўк, а Лабановіч усхвалявана чакаў выніку.

— А ўрэшце, бадай што, сёе-тое магу вам запрапанаваць,— сказаў Блок. Ён расчыніў шуфляду ў стале, выняў адтуль жмут папер. Перагарнуў некалькі аркушаў, выбраў адну паперыну памерам з квадратны аршын і другую з накіданымі на скорую руку лічбінамі.

— Вось, малады чалавек,— сказаў інжынер Блок,— тут два аркушы — чарнавы і чысты. На чысты аркуш вы перанесяце папраўленыя лічбы… Гэта так, на першых часах. Перанясіце акуратна лічбы з чарнавога на чысты і тады прыходзьце. Да таго часу, можа, знойдзецца для вас што-небудзь болей падыходзячае… Ну, усяго добрага!

Інжынер Блок досыць дэмакратычна падаў руку Лабановічу.

Выйшаў Лабановіч з сяміпавярховага дома кіраўніцтва чыгунак. Настрой у яго быў добры: жыць на свеце можна і безработнаму выгнанніку-агарку. У гэты ж вечар ён цвёрда пастанавіў напісаць вялікае пісьмо свайму другу Янку Тукалу. Уражанняў жа так многа, што пісаць ёсць пра што і напісаць можна вельмі цікава.

З такімі думкамі ішоў Лабановіч у свой прытулак, дзе чакала яго вядомае «карыта». Гэтую кватэру ён ахрысціць, пішучы пісьмо да прыяцеля, «вертэпам Венеры пахавальнай».


XXII[правіць]

Тое, што спачатку ўяўлялася Лабановічу вялікаю радасцю, удачаю, потым сталася для яго крыніцаю вялікага клопату і згрызот.

Лабановіч сядзеў у сваім закутку, схіліўшыся над вялізнымі аркушамі разлінованай паперы. У гэтых аркушах было не меней як па сто клетачак, падобных адна да другое, як дзве кроплі вады. На чарнавым аркушы стаялі лічбы, часамі перакрэсленыя і папраўленыя. Іх трэба было перанесці на чысты аркуш у такім жа парадку. Як ні ўзіраўся Лабановіч у клеткі, якія толькі вылічэнні і зверкі ён ні рабіў, каб адна клетка супадала з адпаведнаю другою, але пры напісанні лічбін у чыставым аркушы яны не-не ды пападалі не ў адпаведную графу. Калі памылка выяўлялася, Лабановіч адчуваў непрыемнасць. Напісанае пяром прыходзілася выскрабаць ножыкам, бо сцірка не памагала. На месцы выскрабеных лічбін заставалася плямка, праз якую прасвечвала папера. Некалькі дзён марнаваўся няўдалы перапісчык над простаю, чыста механічнаю работаю і часта збіваўся з тропу. Адна памылка выклікала другую. Як жа ён будзе глядзець у вочы рэдактару? І як будзе здаваць такую работу інжынеру? Прыйшлося, як дарадзіў Стась, шукаць па аптэках такія кіслоты, што вытраўлялі сляды чарніла. Гэтыя кіслоты Стась называў «чарнільнаю смерцю». Калі праз тыдзень Лабановіч закончыў перапісванне лічбін у чыставы аркуш, дык гэты «чыставы» выглядаў горай за чарнавы. Цяпер толькі Лабановіч папікнуў самога сябе ў тым, што не папрасіў у Блока запаснога чыстага аркуша паперы. Але тады гэта справа паказалася яму лёгкаю. Або яшчэ лепей: трэба было наўперад лёгенька пісаць алоўкам, а потым, калі лічбіны пападалі не туды, куды трэба, проста сцерці іх і напісаць правільна. Тут Лабановічу прыгадалася польская прыказка: «Мондры поляк, ды па шкодзе». Глянуўшы на стракаты аркуш з павыскрабанымі плямамі, ён сказаў сам сабе: "Гэта табе, брат, не «Марцін з-за рэчкі».

З паніжаным настроем ішоў Лабановіч у кіраўніцтва палескіх чыгунак, каб здаць перапіску, так неахайна выкананую. Інжынер Блок сядзеў у тым жа крэсле, такі ж важны і спакойны. Лабановіч пакланіўся. Блок адказаў на паклон лёгкім, ледзь прыметным кіўком галавы.

— Ну, што — перапісалі? — запытаў Блок.

— Перапісаў, гаспадзін інжынер, ды толькі першы блін выйшаў камяком. Калі б вы былі ласкавы і далі мне аркуш чыстай паперы, дык я зрабіў бы гэта добра.

Інжынер нічога не адказаў, узяў скручаныя ў трубку аркушы. Ледзь прыметная ўсмешка адбілася на яго твары.

— М-да,— прамовіў ён.— Перапісчык-бухгалтар з вас няважны.

— Дайце мне чысты аркуш, я перапішу нанова. Я цяпер ведаю, у чым была мая памылка.

Блок нічога на гэта не сказаў, палажыў у стол аркушы, а потым выняў з кішэні бумажнік, даў Лабановічу дзесяцірублёўку і моўчкі кіўнуў галавою, даючы гэтым зразумець, што болей гаварыць няма аб чым і што работы болей не будзе.

«Прынізіў мяне кадэт,— разважаў Лабановіч, выходзячы з кіраўніцтва чыгунак, а на вуліцы сам сабе сказаў: — Дзесяць рублёў не ў яйцы пішчаць». І накіраваўся ў свой бярлог.

Выхад новага нумара газеты прыносіў ажыўленне ў рэдакцыю. Звычайна ў такі дзень пад вечар Стась браў возніка і ехаў у друкарню забіраць выдрукаваны нумар газеты. К гэтаму часу прыходзіў і сам рэдактар. А ў рэдакцыі ўжо было многа вучнёўскай моладзі: гімназісты, студэнты тэхнічнага вучылішча і проста маладыя людзі, якіх трудна было аднесці да якой-небудзь катэгорыі. Усе яны памагалі «фальцаваць» надрукаваныя аркушы газет. Работа часам зацягвалася за поўнач. Было шумна і весела. Рэдактар расказваў розныя байкі, сам смяяўся і другіх смяшыў. А прымус шумеў несціхана, падаграваючы адзін за другім закураныя чайнікі.

У такія вечары зрэдку паказваўся ў рэдакцыі і Стафан Ліскоўскі. Ён акідаў памяшканне і прысутных вокам строгага гаспадара, трымаўся падкрэслена важна і незалежна. З яго прыходам Мікіта Аляксандравіч рабіўся адразу болей сталым і не пускаўся ў гутаркі. Стафан прыязна ківаў таму-сяму галавою з лагоднай усмешкаю. Ён спыняўся, бегла пераглядаў некалькі нумароў газеты, а потым заходзіў за перагародку, дзе сядзеў Стась Гуляшак, і меў з ім сакрэтную размову, даваў інструкцыі і забіраў грошы, паступаўшыя ад продажу газет. Потым, таксама важна і велічна, выходзіў з рэдакцыі. Такім чынам навочна пацвярджаліся словы Стася аб тым, што сапраўдны рэдактар газеты ёсць Стафан Ліскоўскі.

На адным з такіх вечароў пазнаёміўся Лабановіч з панямонцам Міхалам Баўдзеем, амаль што сваім земляком. Сустрэцца з ім у Панямоні Лабановічу не давялося. Міхал Баўдзей зараз таксама быў безработным: яго зволілі са службы за ўдзел у забастоўцы чыгуначнікаў. Як у амаль што землякоў, у іх шмат чаго знайшлося для агульнай гутаркі.

Баўдзей гады на два быў старэйшы за Лабановіча. Ён вельмі ганарыўся тым, што таксама прымаў удзел у рэвалюцыі і страціў у сувязі з гэтым работу. Але ў роспач ён не ўпадаў: рана ці позна зноў прымуць назад, бо работнік з яго быў здольны. Ужо шмат каго са зволеных чыгуначнікаў варочаюць ізноў на старыя месцы.

Міхал Баўдзей па натуры быў скептык, да ўсяго новага ставіўся недаверліва. Бадай што ўсіх ён высмейваў і ў шчырасць чалавечай натуры не верыў. Рэдактара Уласюка называў ён абмежаваным прасцяком, але куды болей чэсным, чым браты Ліскоўскія, бо яны проста — езуіты, са шляхецкаю афарбоўкаю. Іх трэба асцерагацца. Яны, як казаў ён, умеюць залезці чалавеку ў душу з тым, каб што-небудзь апаганіць у ёй. Баўдзей таксама адмоўна ставіўся і да выдання беларускай газеты: ці патрэбна яна, калі ёсць дасканалая, развітая руская мова, якую беларусы добра разумеюць? На гэтым грунце паміж ім і Лабановічам былі спрэчкі. Ніякіх разумных довадаў супраць існавання беларускай газеты Баўдзей не прыводзіў. Ён толькі высмейваў беларускія словы і тэксты, напісаныя гэтымі словамі, што вельмі абражала ў Лабановічу нацыянальнае пачуццё.

— Па-мойму, Міхал Кірылавіч, вы проста раскольнік, адшчапенец, калі так ставіцеся да свайго народа, да яго мовы і права на развіццё свае культуры,— са злосцю гаварыў Лабановіч.

Баўдзей зняважліва пасміхаўся.

— Што ж, і школу вы хочаце будаваць беларускую? — пытаў ён насмешліва.

— І школу, і тэатр, і ўсё, што патрэбна народу для культурнага жыцця.

Баўдзей недаверліва хіхікаў і выводзіў Лабановіча з цярпення.

— Такімі адносінамі да свайго народа, забітага, цёмнага, прыніжанага, вы, даруйце мне, выяўляеце сваё панямонскае баўдзейства! — ужо зусім у злосці сказаў Лабановіч і дадаў: — Нездарма ж зямляк ваш, Маргун, адкусіў палец аднаму з вашых аднафамільцаў, Сымону Баўдзею.

І гэтая спасылка на сапраўдны выпадак не вывела з раўнавагі Баўдзея. Ён толькі азваўся:

— Пятрусь Маргун — чалавек рашучы, але гэта нічога не даводзіць. Не,— крута павярнуў гутарку Баўдзей у другі бок,— нічога з вашых патуг не выйдзе — не на тым грунце вы стаіце. Вось вы, энтузіяст адраджэння беларускага народа, працуеце ў газеце, а што вы зарабляеце? Траяк ды пятак на дзень, а грошы кладуць у кішэню Ліскоўскія, вы нават не ведаеце колькі. Вам жа з рэдактарам — падстаўным, трэба сказаць,— гула асмаленая.

Міхала Баўдзея цяжка было збіць з пазіцыі. На колкія словы свайго супярэчніка ён не звяртаў ніякай увагі і ніколькі не крыўдзіўся. Наадварот, ён вельмі спачуваў яму.

— Вось вам спяваюць песні пра Кракаў,— пачаў гутарку Баўдзей,— але вы пабачыце гэты Кракаў тады, калі ўкусіце сябе за локаць. Вас проста, выбачайце, водзяць за нос, каб утрымаць пры сабе — вы для іх патрэбны чалавек. А вось вы паслухайце мяне, вашага не зусім блізкага земляка. Тут, на Новым Свеце,— гэта за чыгункаю — ёсць обер-кандуктар. Чалавек ён спрытны, збірае даніну з «зайцаў». У яго ёсць добры домік, набыты за грошы, заробленыя на «зайцах», агарод, старанная жонка і два сыны, якіх трэба падвучыць да паступлення ў гімназію. Я магу закінуць слова за вас, бо вы, мне здаецца, добры настаўнік і будзеце мець добры заработак. І калі вам суджана ад Ліскоўскіх паехаць у Кракаў,— іранічна заўважыў Баўдзей,— дык у вас будуць грошы на дарогу. Згодны?

Баўдзей хітра зірнуў на Лабановіча. А Лабановіч падумаў: «На свеце пажывеш, і Баўдзея другам назавеш».


ХХІІІ[правіць]

З запіскаю ад Баўдзея пайшоў Лабановіч на Новы Свет, дзе пераважна жылі чыгуначнікі, шукаць таго спрытнага обер-кандуктара, што жыў на грошы ад правозу безбілетных пасажыраў, або «зайцаў», як іх тады называлі. Обер-кандуктар Эдуард Рымашэўскі збіраўся ў чарговы рэйс па Палескай чыгунцы. Гэта быў чалавек гадоў сарака, далікатны і абыходлівы. Нічога ў яго абліччы не кідалася ў вочы, усё было ў меру і на сваім месцы. Ён прачытаў запіску і зірнуў на Лабановіча.

— Вы знаёмы з панам Баўдзеем? — запытаў обер-кандуктар, каб пачаць гутарку.

— Ён амаль што мой зямляк, але пазнаёміўся я з ім тут, у Вільні.

— Вы былі настаўнікам у школе? — распытваў далей Рымашэўскі.

— Быў, але зараз я зволены.

— Не буду пытаць, за што вас зволілі. Мне важна, каб у маіх дзяцей быў добры настаўнік.

Обер-кандуктар паклікаў сваіх сыноў — Эдзіка і Юзафа.

— Вось вам дарэктар, а вы слухайце і вучыцеся старанна,— сказаў ён.— Асабліва ж Эдзік.

Хлопчыкі зірнулі на «дарэктара» і зараз жа апусцілі вочкі ў дол. Яны рабілі ўражанне выхаваных і дысцыплінаваных хлопчыкаў. Эдзіку было дзевяць гадоў, а Юзаф — на год маладзейшы.

— Калі з вашага боку перашкод не будзе, дык я прашу пачаць навучанне сягоння ж,— звярнуўся обер-кандуктар да Лабановіча.— Час заняткаў вызначце самі, як вам зручней.— А сынам зноў сказаў: — Вучыцеся, дзеткі, слухайце пана дарэктара. А з вамі, пане дарэктар, мы паразумеемся. Я буду плаціць вам пятнаццаць рублёў у месяц, а там будзе відней. Зараз жа я еду ў сваю дарогу.

Ён падаў руку Лабановічу, пацалаваў сыноў і, узяўшы дарожны чамаданчык, накіраваўся ў кухню развітацца з жонкаю і перакінуцца з ёю параю слоў. У часе гутаркі мужа з «дарэктарам» яна сюды не заходзіла.

Лабановіч паўзіраўся на сваіх вучняў. Яны здаліся яму сімпатычнымі хлопчыкамі.

— Дык што ж, арляняткі мае, будзем вучыцца? — спытаў ён.

Хлопчыкі маўчалі, а потым Юзаф ціха прамовіў:

— Будзем! — Ён нясмела зірнуў на настаўніка. Таксама зірнуў на яго і Эдзік, і гэта азначала, што ён згодзен з братам.

— А дзе мы будзем займацца? — звярнуўся да іх Лабановіч.

На гэты час увайшла гаспадыня. Яшчэ з парога яна ветліва прывіталася, несучы на пухлявых губах прыемную ўсмешку, уласцівую толькі жанчынам. Лабановіч устаў, пакланіўся.

— А мы вось тут дагаварваемся, дзе займацца,— сказаў Лабановіч, падышоўшы да гаспадыні.

Мальвіна Казіміраўна прыязна зірнула на сваіх хлопцаў, на Лабановіча. Ёй спадабалася, што настаўнік дамаўляецца з сынамі, якіх яна вельмі любіла.

— Калі пан дарэктар не мае нічога супраць, можна займацца і ў гэтым пакоі,— ветла заўважыла обер-кандуктарка, адданая маці для дзяцей, добрая жонка для мужа і дбалая гаспадыня ў доме.

— Лепшага пакоя для заняткаў і не трэба,— згадзіўся Лабановіч.

Сапраўды, пакой быў светлы, чысты, прасторны і ўтульны.

— Дык з вашага дазволу мы і прыступім да заняткаў.

— Калі ласка! — гаспадыня прыязна кіўнула галавою і з той жа добраю ўсмешкаю пакінула настаўніка і вучняў.

Лабановіч загадаў выхаванцам прынесці кнігі, сшыткі, якія ў іх ёсць, і ўсё, што патрэбна для навучання.

Наўперад хоць збольшага трэба было азнаёміцца з вучнямі, у якой меры яны падрыхтаваны.

— Вось, Эдзік,— звярнуўся Лабановіч да старэйшага вучня,— скажы, як многа ты можаш лічыць?

— Да тысячы і болей,— упэўнена адказаў Эдзік.

— Добра… Вось ты налічыў, скажам, пяцьсот дзевяноста восем. Як ты будзеш лічыць далей?

— Пяцьсот дзевяноста дзевяць, шэсцьсот…

— Маладзец, Эдзік! А цяпер папрабуй лічыць пяцёркамі. Пяць, прылажыць яшчэ пяць?..

— Дзесяць, пятнаццаць, дваццаць.

Выявілася, што Эдзік можа лічыць пяцёркамі і дзесяткамі. Юзаф, хоць яго настаўнік не пытаў, таксама адказваў разам з Эдзікам, часамі апярэджваў яго. Болей за гадзіну гутарыў Лабановіч з хлопчыкамі. Яны аказаліся здольнымі да навучання, умелі лічыць, разбіраліся ў чытанні, маглі напісаць паасобныя словы і просценькія сказы.

Настаўнік і вучні не заўважалі, як хутка праходзіў час. У дзвярах ізноў паказалася Мальвіна Казіміраўна. Яна несла на падносіку шклянку кавы, а на талерачцы некалькі піражкоў з мясам, тоўсценькіх, пухленькіх, яшчэ гарачых.

— Вось, калі ласка, падмацуйцеся трошкі, а дзеці няхай пабавяцца пару хвілінак,— лагодна сказала гаспадыня.

— У нас, праўда, крыху зацягнулася лекцыя, хоць гэта яшчэ не сапраўдныя заняткі. Я проста знаёміўся з вашымі дзеткамі, наколькі яны падрыхтаваны.

— І якое ж уражанне ў пана дарэктара? — з некаторым неспакоем запытала Мальвіна Казіміраўна.

— Першае, што можна сказаць,— хлопчыкі здольныя. З імі можна займацца з поспехам. А што да Юзафа, дык мне здаецца, што ён можа абагнаць Эдзіка.

Мальвіна Казіміраўна зацвіла, як ружа: Юзаф быў яе любімы сын.

— Ну, то я не буду вам перашкаджаць,— з прыемнаю ўсмешкаю Мальвіна Казіміраўна выйшла з пакоя.

Лабановіч зараз жа прыступіў да падмацавання. Кава была салодкая, араматная, а піражкі самі раставалі ў роце.

«Эх, Янка!— сказаў ён сам сабе,— пакаштаваў бы ты такога піражка!.. Добра жывуць обер-кандуктары».

Пасля кароткага перапынку Лабановіч даў работу вучням для самастойных заняткаў і дамовіўся, у які час ён будзе хадзіць займацца з імі.

Не адзін раз успамінаў Лабановіч свайго амаль што земляка Міхала Баўдзея: ніхто лепей не паклапаціўся аб ім. Заняткі з малымі Рымашэўскімі прыносілі адно толькі задаваленне. Вучыліся яны старанна, былі паслушнымі, уважлівымі вучнямі. Кожны раз, калі Лабановіч прыходзіў на заняткі, хлопчыкі выбягалі яму насустрач. Адзін браў настаўніка за адну руку, другі за другую, і так усе разам уваходзілі ў свой пакой. Мальвіна Казіміраўна ўзяла за звычай кожны дзень частаваць «дарэктара» пахучаю каваю і смачнымі піражкамі. Пасля такіх падмацаванняў і на сэрцы было весялей. Сам жа Рымашэўскі, паэкзаменаваўшы потайкам сваіх сыноў, застаўся дужа задаволены.

— Вы не толькі вучыце, але і выхоўваеце іх,— прыязна сказаў ён Лабановічу і ўжо сам па сваёй добрай волі накінуў яшчэ тры рублі за навучанне.

Адным словам, жыць можна было. Праўда, і работы хапала. Рэдактары загадалі Лабановічу весці ў газеце раздзел аб Дзяржаўнай думе. З усіх прамоў дэпутатаў думы ён выбіраў усё найболей выдатнае і найболей прагрэсіўнае і толькі так сабе, мімаходам, упамінаў аб выступленнях правых і рэакцыйных дэпутатаў, каб не кідалася ў вочы царскім чыноўнікам тэндэнцыйнасць газеты. Час ад часу трэба было таксама даць і сваю ацэнку прамоў розных маркавых і падобных ім «ісцінна-рускіх» зуброў. З работай сваёю Лабановіч спраўляўся. За гэта рэдактары аплачвалі абеды ў маці Стася Гуляшака. I жыццё такім чынам сяк-так наладзілася. Пад вясёлую хвіліну Лабановіч складаў песні пра тое, як беспрытульная галота разбурыць царскі трон, скіне цара, а з яго пазалочанай парфіры пашые сабе штаны.

Але нічога не вечна пад ясным месяцам. Не гадаў Лабановіч, што яго віленскаму дабрабыту прыйдзе нечаканы канец. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, смачна сплючы ў сваім «карыце», раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Лабановіч прачнуўся, прыслухаўся, у дзверы загрукалі яшчэ мацней. Не было сумнення, што кулак быў здаравенны і напрактыкаваны па часці груку ў дзверы познім начным часам.

Лабановіч нацягнуў нагавіцы, накінуў на плечы пільчак і пад барабанны бой кулака басанож падышоў да дзвярэй.

— Хто там? — упаўшым голасам запытаў Лабановіч.

— Адчыняй! — уладна пачуўся голас з-за дзвярэй.

— Я ж не ведаю, каму адчыняць, можа, вы якія грабежнікі.

— Адчыняй, кажуць табе!.. Не грабежнікі, а паліцыя!

У галаве Лабановіча мільганулася думка: што лепей — грабежнікі ці паліцыя? Ён адамкнуў дзверы, а сам падаўся ўбок. Парог пераступіў жандарскі вахмістр з ліхтаром у руках, за ім тры гарадавыя, чалавек у цывільным і жандарскі ротмістр. Ён навёў ліхтар у твар Лабановічу.

— Ты што тут робіш? — грозна запытаў ротмістр.

— Служу,— адказаў Лабановіч.

— Пашпарт ёсць?

Лабановіч паказаў. Ротмістр перагартаў пашпарт, а потым зірнуў на Лабановіча. I ўжо болей чалавечна прамовіў:

— Дзе вашы рэчы?

Лабановіч расчыніў свой убогі чамаданчык, дзе ляжала запасная пара бялізны, лёгенькія шкарпэткі, некалькі пісем і спісаных аркушаў паперы. Жандарскі ротмістр усё гэта перагледзеў, вахмістр з гарадавымі пашворыліся ў рэдакцыі. Нічога не знайшлі. Ротмістр пазабіраў пісьмы, аркушы спісанай паперы, некалькі рукапісных вершаў. Усё гэта ён запісаў у пратакол. Калі вобыск быў скончаны, ротмістр строга сказаў Лабановічу:

— Калі вы ў трохдзённы тэрмін не выедзеце самі, дык я вас арыштую і адашлю этапам да месца вашага пражывання.

Ротмістр завярнуўся і накіраваўся да дзвярэй. За ім пайшла і ўся яго капэлія.


ХХІV[правіць]

Прыйшлі, панюхалі, пагаўкалі і зніклі… Добра, што хоць так абышлося. І ўсё ж клопату нарабілі шмат.

Спаць Лабановіч ужо не мог. Вырысоўваўся новы этап жыцця і новая праграма дзеяння. Нечаканы візіт жандараў і гарадавых разбурыў усе планы. Тры дні! За гэты час трэба ліквідаваць усе справы. Па-першае, паведаміць обер-кандуктару, каб ён шукаў для сваіх сыноў новага «дарэктара», і развітацца з яго домам. Па-другое, зайсці да рэдактараў. Можа, яны чым-небудзь памогуць. Ды спадзявацца на іх падтрыманне — марная справа. Меў рацыю Баўдзей, калі гаварыў, што ў Кракаў зямляк яго паедзе тады, калі ўкусіць свой локаць. Дык няхай хоць паклон перададуць свайму Кракаву. Іншыя думкі круціліся ў галаве: як зрабіць, каб ізноў вярнуцца ў Вільню? І раптам нечакана вырашыў: выкарыстаць орган віленскага генерал-губернатара «Виленский вестник» і пры яго дапамозе адхіліць перашкоды, што паўсталі на дарозе. А для гэтага трэба наведаць рэдакцыю, ды не з пустымі рукамі. Лабановіч сеў за стол і пачаў пісаць невялічкае апавяданне, вельмі памяркоўнае, не было ў ім рэвалюцыйнасці, але не мела яно і нічога агульнага з чарнасоценствам. Да дзесяці гадзін раніцы работа была скончана. Апавяданне спадабалася аўтару, ён падпісаўся «Іван Торба».

Захапіўшы рукапіс, Лабановіч накіраваўся ў рэдакцыю «Виленского вестника», якая змяшчалася ў шыкарным доме. Памяшканне было прасторнае і багата абсталяванае.

Рэдактара яшчэ не было. Лабановіча прыняў сакратар рэдакцыі, малады, бялявы, прылізаны чалавек.

— Сядайце! — паказаў ён на крэсла і дапытліва зірнуў на наведвальніка.

— Прашу прабачыць мне за ранні візіт,— сказаў пачціва Лабановіч.— Я еду ў правінцыю. Мне ж хочацца быць карэспандэнтам і наогул супрацоўнікам вашай газеты. На першы пачатак прынёс вам невялічкае апавяданне.

Сакратар узяў рукапіс, прагледзеў яго, зірнуў на подпіс.

— Гэта ваша сапраўднае прозвішча? — запытаў сакратар.

— Не, гэта мой псеўданім.

— Здорава гучыць,— усміхнуўся сакратар і дадаў: — Ваш расказец мне падабаецца. У чарговым нумары газеты будзе змешчан. Толькі напішыце ваша сапраўднае прозвішча і адрас. Яшчэ чым магу служыць?

Узрадаваны Лабановіч прамовіў:

— Мне хацелася б мець нейкі дакумент, скажам, карэспандэнцкі білет, у якім значылася б, што я — супрацоўнік або карэспандэнт «Виленского вестника». Гэта памагло б мне быць болей карысным для газеты супрацоўнікам.

— Гэта можна,— згадзіўся сакратар.

Хвілін праз пяць Лабановіч меў на руках акуратна напісаны на добрай цвёрдай паперы, з выразнаю пячаткаю, карэспандэнцкі білет ад «Виленского вестника». Гэтая ўдача акрыліла Лабановіча, але ён сам яшчэ не ўсведаміў у належнай ступені яе значэнне.

Рэдактары нібыта былі засмучаны вымушаным выездам Лабановіча. Яны паківалі галовамі, выказалі шмат спачуванняў.

— А калі б замест выезду на месца пражывання ўзяць ды махнуць у Кракаў? — з прытоеным насміханнем запытаў Лабановіч Стафана і Уласюка.

Стафан вінавата апусціў вочы, а Уласюк адвёў іх убок. Стафан прамовіў:

— Час яшчэ не прыйшоў.

Памаўчаўшы, ён дадаў, палажыўшы руку на плячо Лабановічу:

— Не трацьце надзеі!

Уласюк павярнуў твар да Лабановіча і даў такую дараду:

— Вось што, дзядзька Андрэй: зайдзіце ў Мінску да адваката Семіпалава. Ён свой чалавек і можа параіць вам што-колечы добрае. На тое ж ён і адвакат… Што?

Уласюка падтрымаў і Стафан. Яны далі Лабановічу пісьмо на імя адваката.

— Калі ж вы мяркуеце ехаць з Вільні? — пацікавіўся Стафан.

— Чым хутчэй, тым лепей. Можа, нават сягоння ўвечары. Даводзіць да таго, каб жандары павезлі, як арыштанта, не дужа прыемная рэч… А ўрэшце, можа, такім спосабам дабірацца дамоў выгадней: дарога нічога не будзе каштаваць,— сказаў Лабановіч з горкай усмешкай.

— На дарогу мы вам сёе-тое перакінем,— супакоіў Лабановіча Стафан.

Лабановіч нават не падзяліўся з рэдактарамі сваёю ўдачаю. Нашто? Ён цвёрда пастанавіў выехаць з Вільні ў гэты ж дзень. Зборы невялікія. Зайсці ж да обер-кандуктара, паведаміць аб усім і развітацца часу хопіць.

Гаспадар і жычлівая Мальвіна Казіміраўна шчыра пашкадавалі, што дзеці іх застаюцца без «дарэктара». Дый самі вучні былі засмучаны — яны прывыклі да свайго настаўніка. Обер-кандуктар сумленна разлічыўся з Лабановічам з накідкаю трох рублёў да пятнаццаці. А на развітанне сказаў:

— Калі б паехалі па Палескай чыгунцы, дык да Баранавіч я завёз бы вас бясплатна.

Лабановіч падзякаваў, ехаць на Баранавічы яму было не з рукі.

Развітаўся ён таксама і са Стасем Гуляшакам. Затым зайшоў у свой катушок, дзе стаяла «карыта», прыпыніўся каля яго. «Эх, карыта маё, карыта! — сказаў у думках Лабановіч.— Песціла ты мае мары аб Кракаве, ды ім не суджана здзейсніцца». Ён узяў свой чамаданчык і пехатой падаўся на вакзал.

Поезд з Вільні ў Мінск ішоў не болей шасці гадзін. На ўсходзе сонца Лабановіч прыбыў у Мінск. Сухое і не па часе халоднае надвор’е змянілася цёплымі начамі і гарачымі днямі. З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых. Балоціч трымаўся старых правіл паводзін, з дарогі «добранадзейнага» чалавека не саступаў і рэвалюцыі не спачуваў, але старога прыяцеля сустрэў ветла, хоць і жартаваў з яго няўдачнага ўдзелу ў рэвалюцыі.

— Ты, брат, пастой смяяцца,— сказаў Лабановіч.— А вось што скажаш пра гэта? — Ён дастаў з кішэні карэспандэнцкі білет і паказаў сябру. Балоціч уважна разгледзеў білет, а потым перавёў вочы на прыяцеля.

— Значыць, адумаўся і над крамолаю паставіў крыж? — запытаў баском крыху здзіўлены Балоціч.

— Не, браце: крыж мяркую паставіць над дурнямі, але аб гэтым яшчэ рана гаварыць,— заўважыў Лабановіч.

Балоціч нібы крыху збянтэжыўся: на што ківае прыяцель?

— Як разумець твае словы? — запытаў ён Лабановіча.

— Калі б з намі быў Янка Тукала, дык ён адказаў бы табе якім-небудзь афарызмам.

Балоціч губляўся яшчэ болей.

— Нічога не разумею. Які афарызм сказаў бы ён?

Лабановіч развёў рукамі.

— Ход яго думак адгадаць не так-та лёгка. Ён мог бы сказаць нешта накшталт загадкі біблейскага Самсона, напрыклад: «Ад паядáючага выйшла тое, што можна есці, і ад дужага атрымалася салодкае».

Цяпер Балоціч развёў рукамі.

— Напускаеш ты мне нейкага туману: чым далей у лес, тым болей дроў. Адно можна сказаць,— усміхнуўся Балоціч,— ты — той заяц, за якім ганяюцца ганчакі, і ты закручваеш петлі, каб збіць іх з тропу.

— Во, во! — падхапіў Лабановіч.— Нарэшце і ты можаш напасці на след.

Яны трохі пасмяяліся.

— А што думаеш рабіць зараз?

— Сказаць табе праўду, і сам не ведаю. Жандары выгналі мяне з Вільні, бо я пад наглядам паліцыі. Дазволу на права жыць у Вільні я не маю. А там я меў сякія-такія заработкі.

— Дык ты зараз з Вільні?

— Адтуль, браце!

— А адгэтуль куды падасіся?

Лабановіч паглядзеў на яго.

— А што, калі ты прытуліш мяне на сваёй кватэры?

Балоціч зірнуў на Лабановіча.

— Што ж? Дзень-два пажыві ў мяне.

— А вось скажы ты мне праўду. Калі б я не быў басяком-выгнаннікам, а важным чыноўнікам, з акладам у тысячу рублёў, тады колькі дзён туліў бы ты мяне?

— Атрымай тысячны аклад, і тады пытайся… Ведаеш, Андрэй, што: я прытуліў бы цябе і больш, але ці вядома табе, што пішуць аб вас, аб такіх, як ты, у «Минском голосе»?

— Гэта ў той газеце, дзе рэдактар чарнасоценец і здраднік радзімы Шмідт?

— Я не ведаю, хто ён такі, ведаю толькі, што ён — рэдактар «Минского голоса» і напісаў у газеце вось што.

Балоціч дастаў са стала, дзе ўсе паперачкі ляжалі кожная на сваім месцы і быў узорны парадак, нумар газеты «Минский голос» і паказаў нататку, у якой удзельнікі настаўніцкага сходу ў Мікуцічах шальмаваліся на ўсе лады.

Лабановіч наскора прагледзеў гэтую нататку і сказаў прыяцелю:

— Можаш даць мне гэты нумар?

— Для цябе я і хаваў яго,— адказаў Балоціч.


XXV[правіць]

Падмацаваўшыся ў прыяцеля, Лабановіч падаўся ў горад: яму трэба было знайсці адваката Семіпалава і перадаць пісьмо ад рэдактараў. Адваката дома не аказалася: ён выехаў на неакрэслены час на поўдзень Украіны. Такім чынам надзеі на Семіпалава адпадалі. Дый што ён мог сказаць і якую даць параду? Напэўна, сказаў бы ехаць на месца пражывання і ад мясцовага паліцэйскага начальства прасіць дазволу жыць і працаваць у Вільні. «Але я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята»,— прыгадаў Лабановіч старую прыказку.

Ён павярнуў назад. У скверыку насупраць архірэйскага дома выбраў болей зацішнае месца, прысеў на лаўку і выняў з кішэні «Минский голос», у якім была змешчана злая нататка аб народных настаўніках пад назваю: «Без розуму і сумлення». Прачытаў і задумаўся. І тут прыйшла ў галаву думка — зайсці да рэдактара «Минского голоса», да чарнасоценца Шмідта і ў сувязі з нататкаю пагаварыць з ім у тым плане, у якім яны з Янкам Тукалам праводзілі рэпетыцыю допыту. Спачатку думка гэта здалася недарэчнаю, але чым болей разважаў, тым глыбей яна захапляла яго. І сапраўды: што ён траціць? Калі рэдактар нават не захоча гаварыць з ім — дык што за бяда! Пра Шмідта хадзілі гутаркі, што раней ён быў флоцкім афіцэрам, украў планы Кранштацкай крэпасці і перадаў іх нямецкай разведцы. Яму далі за гэта дзесяць гадоў катаржных работ, але цар Мікалай Другі зняў пакаранне і вярнуў рэдактару грамадзянскія правы. А зараз ён — самы адданы «истинно-русский» чалавек. Лабановіч канчаткова замацаваўся ў сваім намеры схадзіць да Шмідта. Хоць паглядзець, што гэта за чалавек, і папрабаваць завесці гутарку аб выгнаных настаўніках, якіх шальмавала газета.

У прыёмнай рэдактара «Минского голоса» сядзелі два чалавекі: поп і нейкі занядбаны чыноўнічак. Папа зараз жа запрасілі ў кабінет. Праз некалькі хвілін ён выйшаў адтуль у добрым гуморы. Ён кіўнуў чыноўнічку, даючы яму знак ісці разам. Лабановіч пачуў толькі словы папа ўжо ў дзвярах, сказаныя чыноўніку:

— Скажу табе, чалавеча, галава!

Яны зніклі.

— Як далажыць аб вас гаспадзіну рэдактару? — звярнуўся да Лабановіча прыслужнік з рыжаватаю бародкаю, чалавек без усякай формы і нецікавы на выгляд.

— Скажыце — карэспандэнт «Виленского вестника», газеты віленскага генерал-губернатара,— важна сказаў Лабановіч.

Прыслужнік з павагаю зірнуў на наведвальніка і нават пакланіўся. Лабановіч сам сабе заўважыў: «Клюе!»

Чалавек з рыжаватаю бародкаю ціхенька шуснуў у дзверы рэдактарскага кабінета і зараз жа вярнуўся.

— Калі ласка! — паказаў ён галавою на дзверы.

У прасторным крэсле за сталом, засланым зялёным сукном, сядзеў рэдактар, без пільчака. Гэта быў невысокі, карэнкаваты чалавек з шырокім тварам, з пранізлівымі выцвіўшымі вачамі, з кучмаю пасівелых валасоў. На ім была руская кашуля з расшпіленым каўняром, з якога выступала тоўстая, як у вала, шыя. На прывітанне Лабановіча ён толькі злёгку зварухнуўся ў сваім крэсле.

— Чым магу быць для вас карысным? — даволі сурова запытаў ён.

— Я хачу пагаварыць з вамі, гаспадзін рэдактар, не толькі аб сваёй справе, але і аб справе сваіх калег, настаўнікаў.

Рэдактар крыху шырэй расчыніў вочы, але маўчаў, нарыхтаваўшыся слухаць далей. Лабановіч зрабіў невялікую паўзу.

— Я вас слухаю,— ужо нецярпліва прамовіў рэдактар.

Лабановіч выняў з бакавой кішэні акуратна зложаны нумар «Минского голоса» і разгарнуў яго, знайшоў нататку «Без розуму і сумлення» і паказаў на яе рэдактару.

— Я, гаспадзін рэдактар, і ёсць адзін з тых, што ў нататцы вашай газеты значацца пад такім тытулам.

Рэдактар узяў з рук Лабановіча нумар газеты, зірнуў на нататку. Твар яго адразу змяніўся. У выцвіўшых вачах бліснуў злы агеньчык.

— Дык што вам трэба? — сярдзіта сказаў рэдактар, як бы перад ім быў не малады чалавек, а нейкі шкодны гад.

— Калі чалавека незаслужана абліваюць памыямі,— спакойна, з адценнем гарчэчы ў голасе адказаў Лабановіч,— дык зусім натуральна, гаспадзін рэдактар, што гэты чалавек хоча ачысціцца ад такога бруду.

Рэдактара, здалося Лабановічу, кранулі гэтыя словы.

— Я не разумею вас,— сказаў ён.

— Справа вось у чым, гаспадзін рэдактар: тое, што пішацца пра нас у вашай газеце, ні ў найменшай меры не адпавядае сапраўднасці.

Рэдактар недаўменна зірнуў на Лабановіча.

— Як жа гэта так? Але ж быў у вас недазволены, законам забаронены сход? Нават і пастанову напісалі вы! — запярэчыў рэдактар.

Лабановіч зірнуў рэдактару ў вочы.

— Шкада, што прыстаў, якому, вядома, хацелася выслужыцца, забраў адну толькі так званую пастанову. Але чаму ён не патурбаваўся далучыць да яе паўтара дзесятка пустых бутэлек ад гарэлкі? Тады было б зразумела, адкуль і як магла з’явіцца гэтая пастанова.

Рэдактар недаверліва паківаў галавою.

— Чым жа растлумачыць той факт, што ў адным сяле сабралася звыш двух дзесяткаў настаўнікаў?

— У гэтым сяле, гаспадзін рэдактар, іх болей трох дзесяткаў. Такое ўжо наша сяло Мікуцічы: скончыў настаўніцкую семінарыю адзін і паказаў дарогу дзесяці.

Як ні стараўся рэдактар падлавіць Лабановіча, яму гэта ніяк не ўдавалася. Усё, што гаварыў Лабановіч, здавалася праўдзівым і натуральным. Тады рэдактар паспрабаваў павесці атаку з другой пазіцыі.

— Скажыце, вы спецыяльна для таго зайшлі да мяне, каб абвергнуць выстаўленыя супраць вас абвінавачанні? — рубам паставіў ён пытанне.

— Паверце, гаспадзін рэдактар: я зайшоў да вас зусім выпадкова. Скажу вам праўду: я еду, і не па сваёй волі, з Вільні. Там я меў сякі-такі заработак — займаўся з дзецьмі аднаго чыгуначніка. Але пазаўчора мне жандарскі ротмістр катэгарычна заявіў, каб я пакінуў горад, калі не хачу быць высланым па этапу. Таксама зрэдку даваў я сякія-такія матэрыялы і ў орган віленскага генерал-губернатара, у газету «Виленский вестник».

Лабановіч убачыў, што на стале рэдактара якраз і ляжала гэтая газета. У пацвярджэнне таго, што было сказана, ён дастаў свой «талісман» — акуратна і прыгожа напісаны карэспандэнцкі білет. На вачах у Лабановіча з рэдактарам адбылася перамена: з суровага ён зрабіўся лагодным. Іншым тонам ён сказаў, падняўшы на Лабановіча выцвіўшыя вочы:

— Вось што. Пра ўсё тое, што вы расказалі мне аб настаўніцкім сходзе, напішыце ў «Минский голос», напішыце так, як было ў сапраўднасці. Я змяшчу гэта ў газеце… Думаю, малады чалавек, што гэта паслужыць на вашу карысць і на карысць вашых калег. Я…— не без гордасці заўважыў рэдактар, але перабудаваў свой сказ без «я»: — Да «Минского голоса» прыслухоўваюцца і лічацца з ім і яго прэвасхадзіцельства мінскі губернатар, і яго прэасвяшчэнства епіскап Мінскі і Тураўскі, і ўсе вышэйшыя чыноўнікі губерні.

Лабановіч заўважыў схільнасць рэдактара да самавыхвалення і вырашыў скарыстаць гэта.

— Гаспадзін рэдактар! Мне давялося чытаць малавядомага пісьменніка Лейкіна. Адзін з яго герояў на банкеце сказаў: «Любили правду мы сызмальства и награждены за это от начальства». Я хачу сказаць, што і ваша любасць да праўды начальствам заўважана.

Рэдактар соладка ўсміхнуўся. Было відаць, што гэтыя словы прыйшліся яму даспадобы. А калі Лабановіч падзякаваў за гуманны прыём, рэдактар устаў са свайго шырокага крэсла і моцна паціснуў руку наведвальніку.

— Дык так, чакаю вашага артыкульчыка.

Калі Лабановіч ішоў з «Минского голоса», яму здавалася, што за плячамі разгарнуліся крыллі. Без дапамогі Ліскоўскага і Уласюка, без адваката Семіпалава ён сам патрапіў зрабіць справу на карысць сабе і таварышам. Не затрымліваючыся нідзе, ён шпарка ішоў на кватэру Балоціча: там ён наважыўся напісаць «артыкульчык».

За гэты час Балоціч упыніў свае справы, сядзеў у кабінеце, наводзіў парадак у пісьмовым стале, хоць гэты парадак быў і без таго на належнай вышыні. Калі Лабановіч увайшоў, Балоціч адразу заўважыў вясёлы, узбуджаны настрой свайго сябра.

— Ну, як, Андрэй? «С победой, Гришка, поздравляю и с расцарапанной щекой»? — спытаў ён.

— Вось што, Балоцімус-Балота. Дай мне пару-другую аркушаў паперы, і ты паглядзіш, што я на іх напішу, куды і для каго.

Балоціч шчыра і весела смяяўся, выслухаўшы апавяданне Лабановіча аб гутарцы з рэдактарам і аб выніках спаткання.

— Гэта называецца — правесці папа ў рэшаце,— жартліва заўважыў Балоціч. Ён выняў са стала з дзесятак аркушаў добрай, гладкай паперы.— Пішы колькі ўлезе,— не пераставаў жартаваць Балоціч.

Лабановіч выбраў спакойны куток у кватэры і сеў за работу.


XXVI[правіць]

Артыкул Лабановіча пад назваю «Як яно было» быў надрукаваны праз дзень у «Минском голосе» за подпісам «Кудесник». Калі Балоціч прачытаў яго, то шырока расплюшчыў вочы і некаторы момант моўчкі пазіраў на прыяцеля.

— Вось папрабуй разабрацца, дзе праўда, а дзе хітрая выдумка! — у захапленні сказаў ён.

— Паміж праўдаю і выдумкаю, падобнаю да праўды, трудна, мой дружа, правесці мяжу,— заўважыў Лабановіч.— Канву ж для іх дае само жыццё.

— Завілавата гаворыш, мой браце. Не выпіўшы чаркі добрай настойкі, нічога не разбярэш.

Сказаўшы так, Балоціч падаўся да свайго даволі прыгожага і нават утульнага буфеціка, дастаў ёмкую пляшку і паставіў на стол.

— Гэта, браце мой, накшталт польскай старкі. Доўгі час я хаваў яе на ўрачысты выпадак.

— Гэтым самым, дарагі мой Балоцімус, ты даводзіш, што ты мой сапраўдны друг, якім быў і ў семінарыі.

Наліваючы настойку ў чаркі, Балоціч сур’ёзным тонам заўважыў:

— А ведаеш, Лабуня, гэты артыкул зробіць калі не пераварот, дык поўнае замяшанне ў галовах судовых чыноўнікаў, а таксама і ў паліцэйскіх, бо «Минский голос» — гэта іх сімвал веры.

— Што ж? — весела азваўся Лабановіч, падняўшы чарку.— Дай, Божа, нашаму цяляці воўка зваяваці!

Вечарам, сардэчна развітаўшыся з Балоцічам, Лабановіч накіраваўся да вакзала. Ён захапіў з сабою некалькі экземпляраў «Минского голоса», у якім быў выдрукаваны яго артыкул. Седзячы ў вагоне, ён думаў аб тым, як будуць здзіўлены сябры, зволеныя з настаўніцкіх пасад, калі раптам дачуюцца пра «Кудесника». Нікому і ў галаву не прыйдзе, што гэта напісана ім, Лабановічам. Яму было весела і разам з тым смешна. Ён думаў у першую чаргу пра свайго прыяцеля Янку Тукалу, думаў, як латвей апавядаць яму аб сваіх прыгодах.

У Стаўбуны поезд прыбываў каля адзінаццаці гадзін раніцы. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Ад вакзала да мястэчка было з паўвярсты. Як жа здзівіліся і ўзрадаваліся прыяцелі, калі, па шчаслівай выпадковасці, сустрэліся на дарозе, там, дзе яна крыжавалася з павароткаю на вакзал! Яны кінуліся адзін да аднаго.

— Янка!

— Андрэй!

Сябры моцна паціснулі адзін другому рукі і пацалаваліся.

— Як жа гэтак нечакана апынуўся тут? Адкуль ты ўзяўся? — пытаў з радасным недаўменнем Янка.

— Час майго вандроўніцтва нікім не лічаны, а дарогі мае толькі Богам ды жандарамі мераны,— урачыста адказаў Андрэй.

— Ты гаворыш, як нейкі старадаўні прарок,— засмяяўся Янка ў прадчуванні важных навін, аб якіх павінен паведаміць прыяцель.

Андрэй жа запытаў:

— Ты ж куды вандруеш?

— Не сам я вандрую: мае ногі нясуць чэрці,— у тон прыяцелю адказаў Янка.— Збіраўся ў Мінск, але калі пабачыў цябе, дык чэрці ад мяне адступіліся — па боку Мінск!

— Добра сказана!.. Ведаеш, Янка: я ўвесь час думаў, як бы не размінуцца нам. А мы ўзялі ды сустрэліся!

— Калі каму шанцуе, той і ў лапцях танцуе,— прыказкай пацвердзіў Янка.— Выкладай, браце, аб тваім, нікім не лічаным, часе.

Лабановіч абвёў поглядам наваколле і ціха сказаў:

— Кожнай агародніне свой час. Свой час ягадзе і свой час баравіку… Слухай, Янка: давай заскочым у мястэчка, возьмем на дарогу таго, што весяліць сэрца чалавеку. Адыдземся ад вуліц і ад сцен хат і там, у зацішным месцы, расчынім нашы душы і волю дамо нашым словам.

— Вось што значыць пабыць у рэдакцыі! Адразу відаць, што чалавек набраўся розуму! І дурань будзе той, хто стане супраць гэтага пярэчыць.

Прыяцелі накіраваліся ў шынок да цёткі Гені па падмацунак. На першым утульным месцы над Нёманам яны спыніліся.

— Вось тут мы і расчынім вусны нашы,— сказаў Лабановіч.— Садзіся, брат Янка!

Яны селі на зялёнай траўцы за пышным лазовым кустом, што раскінуў тонкія, гнуткія дубцы над самым Нёманам. Патрывожаная лугавая мята разліла навокал востры пах. Унізе, пад зрывістым берагам, несупынна гнала рака празрыстыя хвалі, нібы жывое срэбра.

— Што скажаш, Янка: хораша, утульна, спакойна тут! — сказаў, азіраючыся навакол, Лабановіч.

— Што хораша, то хораша, але не гэта я спадзяваўся пачуць ад цябе,— заўважыў Янка.— Выходзіць, з вялікага грому малы дождж!

Андрэй засмяяўся.

— Ведаеш, брат, я ўсё думаў: як пачаць расказваць пры спатканні з табою пра ўсё, што здарылася за гэты час. І нібы не знаходжу такога пачатку, які б задаволіў мяне і цябе.

— Тады адкаркоўвай пляшку, можа, яна развяжа табе язык,— рашуча сказаў Янка і дадаў: — Чуе маё сэрца, што скажаш нешта цікавае.

Лабановіч выцягнуў з кішэні кручок, загорнуты ў паперку кавалак каўбасы і хлеб. Янка ў чаканні не зводзіў вачэй з прыяцеля. Андрэй сказаў:

— Покі я буду накрываць «стол» і ўходжвацца каля яго, ты прачытай вось гэтую нататку.

У руках у Янкі апынуўся «Минский голос». Ён так і ўпіўся вачамі ў артыкульчык. Лабановіч рэзаў каўбасу і ўкрадкам сачыў за прыяцелем. А Янка, у меру таго як чытаў, мяняўся ў твары, збіваўся з тропу, некалькі разоў варочаўся да пачатку артыкула, глядзеў на подпіс, на назву. Нарэшце працёр вочы і доўгім позіркам паглядзеў на Андрэя.

— Што скажаш, Янка, на гэта? — спытаў Лабановіч.

— Браткі мае! Матухны і татухны! — ледзь не вар’яцеў Янка.— Ці дабачваюць мае вочы? Ці не аслеп я! Ці не чорт водзіць мяне ў лузе! — Янка весела перахрысціўся.— Што ж гэта значыць? — развёў ён рукамі і раптам ірвануўся да пляшкі.— Выпіць, выпіць за таго добрага чалавека, што падаў за бяздомных «агаркаў» голас у «Минском голосе»!

— Выпіць! — падтрымаў прыяцеля Андрэй.— А вось пра чарку мы забыліся. З чаго будзем піць?

— Як з чаго? Абыдземся без вяроўкі,— была б кароўка!

Янка перадаў пляшку Андрэю.

— Гарэлка твая і твая навіна! Благаславіся, ойча Андрэю! Палыкні! З горла ў горла!

Андрэй выбіў з пляшкі корак.

— Дык што, браце Янка: узрадуемся і ўзвесялімся. Няхай адступіцца ад нас ліха, а добра пачатае няхай дабром і скончыцца. Здароў будзь!

Гарэлка забулькала ў роце Лабановіча за частаколам зубоў. Добрую чарку ўліў ён у рот, глынуў.

— Столькі ж, браце, вазьмі і ты,— перадаў ён пляшку Янку і адмераў пазногцем на шкле, колькі таму належала выпіць.

Янка ўзяў пляшку, зірнуў у бок Панямоні і Стаўбуноў, потым павярнуўся тварам да Мікуціч, падняў вочы на Дзямянаў Гуз.

— Чуеце вы, мястэчкі і сяло, і ты, Дзямянаў Гуз, і вы, дарогі, па якіх мы хадзілі, ходзім і будзем хадзіць! Здаровы будзьце! Будзь здаровы і ты, добры чалавек, што закінуў за нас добрае слова ў «Минском голосе»! Няхай табе лёгка ікнецца ў гэты час!.. І ты, Нейгертава, будзь здарова!

Лабановіч пасміхнуўся. Янка глынуў у два захады сваю порцыю, крактануў, абцёр губы, пачухаў нос і заўважыў:

— Мусібыць, яшчэ вып’ем!

— Ды гарэлка яшчэ ёсць,— патрос Лабановіч пляшку.— Давай закусім!

Янка паглядзеў на пляшку, прыкінуў на вока, ці столькі ён выпіў, як было адмерана, і заявіў:

— Трошкі перабраў!.. Ведаеш, натура ўжо мая такая: пры рабоце не дабіраю меры, а пры выпіўцы — перабіраю!

— Ну, ты ўжо трохі клеплеш на сябе, Янка.

— Кляплю, бо мне весела, і гарэлка пачынае шаламіць.

Сябры сядзелі над ракою, пад кустом, закусвалі, жартавалі, прыкладаліся да пляшкі. А калі апаражнілі яе, Янка даў поўную волю сваім пачуццям.

— Ці ёсць на свеце такі вяльможа, якому я пазайздросціў бы сягоння! Ці ёсць такі замак або палац, якія памяняў бы я на гэты куст над Нёманам. Нічога падобнага няма! — Янка энергічна махнуў рукою.

— Адкуль жа ў цябе такое шчасце?

— З дзвюх крыніц: адна — артыкул, а другая — вось гэтая пляшка, на жаль, пустая.

— З пустой пляшкі можна зрабіць поўную. Але як жа ты ставішся да «Кудесника»? Якое, на тваё меркаванне, яго значэнне для нас?

— Ды гэта, браце, дождж у вялікую сухмень!..— выгукнуў Янка.— Ты вось паглядзі на луг, на груды: папаліла іх сонца з вясны. А прайшлі дажджы, яны пачалі ажываць. Відаць, здарыўся і для нас нейкі спагадны паварот.

— Так прыблізна разважае і Косцік Балоціч. Ён сказаў нават болей: «Минский голос» для паліцэйскіх, для папоў і чыноўнікаў тое самае, што «сімвал веры» для прававерных хрысціян.

— Брава! — гукнуў Янка.

— Ведаеш, Янка,— павярнуў гутарку на другое Андрэй,— калі на тое пайшло, дык скокні да Моні — ён зараз жа тут за мостам, і вазьмі яшчэ кручок, тады я раскажу табе, як з’явіўся «Кудесник» у чарнасоценнай газеце і хто такі ён сам.

— На край свету пабягу дзеля гэтага!

Лабановіч хацеў даць грошы.

— Мая капейка таксама не шчарбатая,— адвёў руку прыяцеля Янка і памчаўся да Моні.

Пад тым жа лазовым кустом расказаў Лабановіч прыяцелю пра ўсе свае прыгоды — пра выгнанне з Вільні, пра візіт да рэдактара «Минского голоса» і пра вынік гэтага наведвання.

— Ведай, мой дружа Яне,— сказаў у заключэнне Андрэй.— Праўда, прыкрытая дзяружкаю, цікавей за голую праўду. І мне здаецца, што ты нават расчараваны гісторыяй «Кудесника». Наша рэпетыцыя не прапала дарма.

Янка сказаў у захапленні:

— «Кудесник», ты — хітры стары!


XXVII[правіць]

Андрэй і Янка асталяваліся на няпэўны час у гумне дзядзькі Марціна. Гумно было прасторнае, і каб залажыць яго даверху збажыною і сенам, дык гэтага дабра хапіла б на такія тры гаспадаркі. У застаронні ляжала даволі ёмкая куча леташняй саломы, пагрызенай мышамі. Там, паслаўшы посцілкі і накрыўшыся даматканаю коўдраю, сябры спалі моцным сялянскім сном.

Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін: і над шырокімі варотамі і ўздоўж усяе страхі. З двух бакоў у шчытку былі нават парныя акенцы без шкла, праз якія ўляталі і выляталі ластаўкі: яны дужа любяць гняздзіцца ў гумнах. Трэба заўважыць, што гуменныя шчыліны, аднак, пакідалі з такім меркаваннем, каб не засякаў дождж, а зімою вецер не наганяў снегу.

Усходзіла сонца. Абуджалася ясная летняя раніца. Тысячы шчылінак і дзірачак загараліся на сонцы, і ўсё гумно налівалася бліскучымі патокамі святла, зіхцела, жыло і ззяла ў залатых праменнях.

— Трасцу што-небудзь падобнае бачыў калі цар,— сказаў, абудзіўшыся, Янка і залюбаваўся істужкамі яркіх праменняў, у якіх мітусіліся мільярды пылінак.— Ты чуеш, што я табе кажу? — спытаўся ён, не пачуўшы голасу прыяцеля.

Андрэй жа глядзеў, як над гнёздамі махалі лёгенькімі крыльцамі юркія ластавачкі і так лагодна шчабяталі.

— Вось ведаеш, Янка, я ніколі не бачыў, каб ластавачкі біліся паміж сабою,— заўважыў ён, прапусціўшы міма вушэй сябравы словы,— ён проста не чуў іх.

— Слаўныя птушэнцыі! — падхапіў Янка.— Калі яны пачнуць шчабятаць над гняздом, дык я прыгадваю маладзіц, што збяруцца часамі з вёдрамі каля калодзежа і на ўсе галасы разліваюцца, бо гэта ўжо іх такая патрэба.

У гумно даляталі і штодзённыя песні вясковай працы, і водгулле працоўнага сялянскага дня. Некалькі разоў бразнулі дзверы ў хаце, рыпнулі вароты ў хлеве — гэта маці пайшла даіць карову. Пасля зарыпеў журавель над калодзежам. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Потым пачуўся нездаволены голас Юзіка, другога Андрэевага брата: ён выганяў на пашу жывёлу, ды не даспаў, быў сярдзіты і сваю злосць спаганяў на каровах. Дзядзька Марцін спыніў Юзіка таксама сярдзітым вокрыкам:

— Што ты хвошчаш пугаю карову? Што яна табе зрабіла? Вось вазьму гэтую пугу ды пацягну па тваёй спіне.

Юзік маўчаў, покуль двор не застаўся ззаду, а тады агрызнуўся:

— Не дастанеш: рукі кароткія! А пуга — вось яна, у маіх руках.

— Глядзі, Дзюбок, каб яна не апынулася ў маіх!

Дзядзька Марцін сядзеў на плашцы і кляпаў касу.

Аднастайны стук малатка па жалезнай бабцы, забітай у калодку, уторыў ранішнім гукам, што разносіліся па двары. Да ўсіх ранейшых гукаў зараз далучаўся спеў гарластага пеўня.

Лабановіч успомніў, якая зараз гарачая пара: дзядзька Марцін ладзіў касу — надыходзіў час касьбы. Трэба было спяшацца, бо калі русінаўцы скосяць свае шнуры, дык яны адразу і коней пусцяць на пакошу. А застануцца там два шнуркі дзядзькавай сенажаці, дык іх патравяць, патопчуць коні. Сумленне Лабановіча казала, што трэба памагчы Марціну.

Сябры моўчкі ляжалі. Кожны думаў сваё. І раптам Лабановіч перарваў маўчанне:

— Ведаеш, Янка, які афарызм скажу я табе?

— А-ну! — ажывіўся Янка, нібы прахапіўшыся.

— Усяму на свеце ёсць канец,— урачыста прамовіў Андрэй.

— Гэта праўда, як праўда і тое, што калі чалавек галодны, дык ён хоча есці,— падпусціў «жука» Янка.

— А калі праўда, дык годзе нам ляжаць. Давай падымацца!

— Падыманне не варта такога афарызма,— усё яшчэ жартаваў Янка, але вылез з-пад коўдры і сеў на саломе, сказаўшы: — І добра ж, брат, спаць тут! Не спіш, а боскае пітво п’еш!

— Гумно гэта — дача на дачы, рай, які не сніўся Адаму і Еве.

Сябры зараз жа адзеліся і пайшлі мыцца ў Нёман. На сцежцы, што была пратоптана каля гумна і вяла да ракі, сябры спыніліся і паздароўкаліся з дзядзькам Марцінам. Ён ссунуў з ілба на патыліцу «варшаўскую» шапку. Калісь Марцін насіў яе ў святочныя дні. Цяпер яна састарылася, страціла ранейшы панскі форс, форму і колер, але нават і ў такім выглядзе нагадвала шапкі, якія насілі фальваркоўцы.

— Ну, як спачывалі? — запытаў дзядзька прыяцеляў і смаркануў направа і налева, упёршыся кулаком спачатку ў адну ноздру, а потым у другую.

— Спалі як пшаніцу прадаўшы,— азваўся Янка.

Андрэй запытаў:

— Ёсць у дзядзькі запасныя косы?

— Чаму ж няма! Ёсць, і не адна.

— Дык наладзь іх харашэнька: пойдзем разам касіць. А русінаўцы няхай наматаюць сабе на вус: калі занадта ўлягуць у касьбу, то каб не былі ў іх пяты падрэзаны,— сказаў жартам Андрэй.

Дзядзька Марцін засмяяўся. Ён любіў Андрэя і як пляменніка і як выдатнага касца. І ён ведаў, што з такім памочнікам у хвасце не застанешся.

Досвіткам наступнага дня дзядзька Марцін і Андрэй, пабраўшы косы і прыхапіўшы малаток і бабку, пайшлі на касьбу ў Ёлава. Янка з Якубам павінны былі прынесці ім туды снеданне і ўзяць з сабою граблі: работы хопіць для ўсіх.

Андрэй з ранняга дзяцінства любіў Ёлава. Там было многа такіх магутных дубоў, што чатыры чалавекі ледзь-ледзь маглі абняць камель. Дубы пераважна стаялі над ракою, іх верхавіны чарнелі буслінымі гнёздамі. У глыбі лугу рос густы арэшнік, а Нёман так прыгожа павіваўся, утвараў такія лукі, што імі нельга было не залюбавацца.

У Ёлаве быў дужа добры луг, асабліва бліжэй да Нёмана. Луг і зямля, на якой знаходзілася сядзіба дзядзькі Марціна, належалі князю Радзівілу. Яе наўперад арандаваў Моўша Перац, які трымаў у Мікуцічах карчму. Калі Вітэ ўвёў манаполію на гарэлку, Моўша ліквідаваў свае справы і перабраўся ў Панямонь, а скарбовую зямлю заарандаваў дзядзька Марцін.

Ад хутарка дзядзькі Марціна да Ёлава лічылася чатыры вярсты. Нашы касцы прыйшлі на луг, калі з-за лесу ледзь-ледзь паказвалася сонца. Дзядзька Марцін не зводзіў часу. Ён убіў у дол касу, павесіў на кульку торбу, дзе ляжалі малаток і бабка, а сам пайшоў правяраць граніцы свайго шнура сенажаці. Агледзеў, ці на сваім месцы стаяць пáлі, а потым дробненькімі крокамі пайшоў ад пáлі да пáлі рабіць «брод», каб у часе касьбы не зрабіць перакосу. У людзей было так мала сенажаці, што яны калаціліся за кожную пядзю.

Дзядзька Марцін і Андрэй пастанавілі пачаць касьбу ад лесу, з нізіны, дзе луг быў перамешаны быдлячымі нагамі, сляды якіх заставаліся на доўгі час. У лагчыне дзе-нідзе было мокра, але затое і трава расла мяккая, хоць і нецікавая. Дзядзька Марцін правёў «брод» аж да палавіны доўгага і нешырокага шнура. Гэты кавалак падзялілі на дзве часткі. Марцін узяў сабе горшую дзялянку. Намянцілі косы. Перш чым замахнуцца касою, дзядзька, не знімаючы шапкі, перахрысціўся і сказаў: «Госпадзі, благаславі!» Андрэй за гэты час управіўся спрытна махнуць касою разоў пару.

Трава была маладая, ранішняя раса рабіла яе вільготнаю і мяккаю. Добра наклёпаныя і наладжаныя косы толькі пасвіствалі. Трава лёгка паддавалася і пакорна лажылася ў роўныя пракосы.

Касцы хоць і былі далекавата адзін ад другога, але стараліся ваўсю. Сонца паднялося ўгору і стала прыпякаць. Паскідалі шапкі. На лбе выступаў пот. Паскідалі і кашулі. Абодва былі мокрыя ад поту, але ніводзін не паддаваўся другому. Ужо заставаліся адны толькі шматкі няскошанай сенажаці, калі Андрэй, менцячы касу, заўважыў Янку, а з ім і Якуба. Углядацца доўга не было калі, бо дзядзька Марцін ужо дакошваў сваю дзялянку. Аднак Андрэй паспеў згледзець над галавой у Янкі сетку-таптуху, нібы шлем старадаўняга багатыра, і збан у руцэ, напэўна, з кіслым малаком — дзядзька Марцін любіў яго. Якуб нёс на плячах пару грабель, а ў руцэ ёмкую торбу з лігомінай, як называлі па-плытніцку харчы. Андрэй і сам не ведаў, чаму яму раптам стала весела.

Хвілін праз дзесяць грабцы падышлі да дзядзькі Марціна.

— Вось якраз у самы час прыйшлі. Малайцы, хлопцы!

Марцін падаўся разам з хлопцамі да Андрэя, які дабіваў астатні пракос. Дзядзька весела сказаў:

— Касі, каса, пакуль раса, раса далоў, касец дамоў!

Усёю грамадою, касцы і грабцы, падаліся пад дуб на бераг Нёмана.

— Вось добра, што ўзялі з сабою сетку! Дай, Божа, здароўя таму, у чыю галаву прыйшла такая выдатная думка,— азваўся Андрэй.

— Гэта Якуб распарадзіўся,— сказаў Янка.

— Якуб — золата, а не хлопец! — сказаў Андрэй.

Дзядзька Марцін дадаў:

— Вы яшчэ не ведаеце, што за галава на Якубавых плячах.

Марцін і сам быў рады, што Якуб дагадаўся захапіць сетку.


XXVIII[правіць]

Для Якуба самаю вясёлаю і радаснаю парою года быў час сенакосу. Дый дзе столькі разгону для твае жвавасці, для твайго спрыту, для тваіх забавак, як не на касьбе! І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Чаго варты пахучыя хвалі скошанай і прывяўшай травы! Ды не аднымі забаўкамі захапляўся малы Якуб: якіх толькі відовішчаў не сустрэнеш на сенажаці! Работа захапляе цябе ўсяго з галавы да пят.

Якуб пільна прыглядаўся, як спрытна валодае касою дзядзька Марцін. Для хлопца гэта быў лепшы ў свеце касец. Цэлыя гадзіны сядзеў ён каля Марціна, калі той кляпаў касу, і не прапускаў ніводнага дзядзькавага руху. Дзядзька Марцін не заўсёды дагадваўся, што за ім сочыць так уважліва вока пляменніка. Неспадзявана Якуб часамі даваў такія гаспадарчыя дарады, што дзядзька толькі здзіўляўся. Часамі ў гэтакіх выпадках ён абнімаў пляменніка, цалаваў ды казаў:

— Ты, брат Якуб, залаты чалавек, і галава твая светлая.

Пакуль дзядзька Марцін і Андрэй падмацоўваліся пад дубам, які стаяў якраз на іх шнуры, Якуб не чакаў загаду, што трэба рабіць. Ён даў Янку граблі, а другія ўзяў сам.

— Пойдзем выграбаць сена з лагчыны і пазносім яго на груд; там яно бадай што да вечара высахне.

Янка не пярэчыў Якубу, бо той гаварыў праўду. Сушэйшага мурагу яны прынеслі па пярэберычу пад дуб: пасля падмацавання захочацца паляжаць на сене ў цяньку. Сам Янка не дагадаўся б зрабіць гэтага, у чым потым і прызнаўся.

Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам кулём угору. Дзядзька Марцін вельмі любіў лавіць рыбу наогул. А тут і месца добрае, і ніхто з рыбакоў яшчэ не патрывожыў прыбярэжных заток. Аб рыбе таксама думалі Андрэй і Якуб. Але ў першую чаргу трэба падагнаць работу. Адзін толькі Янка заставаўся абыякавым у дачыненні рыбы: ён не пазнаў яшчэ асалоды ў лоўлі сеткаю-таптухаю.

Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэблена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Другі шнур таксама быў скошан на вялікае задавальненне дзядзькі Марціна. Яшчэ дзень-другі пагоды — і сена будзе прыбрана з лугу і звезена ў гумно.

— Ну, як, хлопцы, пройдземся каля беражкоў з сеткаю? — весела запытаў Марцін сваю рабочую грамаду.

— Цяпер самы час паплюхацца,— стала прамовіў Якуб.

— Даўно пара,— падтрымаў яго Андрэй.

— Ну, то давайце пачнем! Ты, Якубок, будзеш насіць тытун і скручваць нам цыгаркі, бо калі ловіш рыбу, дык асабліва хочацца курыць.

— І асабліва тады, калі яна ловіцца,— заўважыў Андрэй.

Дзядзька аддаваў далейшую каманду:

— А ты, брат Янка, пільнуй адзежу, бо прыйдзецца зняць усё, апроч шапак… Не канечне стаяць над ёю крукам,— зрабіў агаворку Марцін,— а з вока спускаць не трэба.

— Рад служыць агульнай справе! — як салдат, азваўся Янка.

Дзядзька Марцін узяў сетку і першы спусціўся ў Нёман. За ім падаўся і Андрэй. Абодва былі голыя, толькі ў адных шапках. Лазіць голаму па вадзе, па жорсткай траве — не дужа прыемная рэч. Зусім іншая справа была б, каб надзець рыбацкую адзежу. Але яе не ўзялі, бо нязручна было несці ўсё разам.

— Вось давай, брат, патрасём гэту завоінку,— сказаў Марцін.

Завоінай называлася паласа стаячай вады пры беразе. Звычайна яна зарастала розным зеллем, лотаццю, макрыцай, сітняком. З самага дна падымалася доўгая, на ўсю глыбіню, трава, нібы тонкія ніці. Выбіўшыся на паверхню, яна рассцілала на вадзе акруглыя белаватыя лісцікі. Трапляліся часамі пры беразе чароты і аер. У гэтым вадзяным зарасніку хавалася рыба, адпачывала пасля жыравання ці проста ратавалася ад сваіх заклятых ворагаў, шчупакоў і акунёў.

У рыбацкай справе вёў рэй дзядзька Марцін, як самы сталы і спрактыкаваны па часці лоўлі рыбы. Ён узяўся за адзін бераг абруча сеткі, а памочнік яго — за другі, і абодва ціхенька-ціхенька пачалі выкрадацца да берага. Сетку лёгенька вялі бліжэй да берага ў вадзе. Бывалі такія выпадкі, калі які-небудзь дурнаваты язь або лешч, уцякаючы «на ваду», трапляў у сетку.

Дзядзька выбіраў месца, дзе магло што-небудзь злавіцца, і каманду свайму памочніку падаваў шэптам:

— Асцярожней, асцярожней! Ну, спускай сетку на дно ціхенька-ціхутка ды глядзі, каб яна не завісала на корані або на купіне, бо рыба пад ніз пойдзе. Ну, стаўляй!

Сетку шчыльна ставілі на дно ў адпаведным месцы. Андрэй стаяў нерухома каля краю сеткі, пакуль дзядзька Марцін, трымаючыся за абруч з процілеглага боку, не заносіў як мага далей нагу і не «замельваў» ёю, паволі гонячы рыбу. Калі такі рух быў зроблены, таксама заносіў нагу і боўтаў Андрэй, каб рыба не заставалася пры беразе. Тады ўдвух падымалі сетку, прычым падымаць трэба было хутка. Так адбываўся першы зачын.

Раптам пры першым зачыне, калі паднялі сетку, з куля бухнуў здаравенны шчупак, высока падскочыў угору, апісаў у паветры дугу і вось-вось быў гатовы пляснуцца ў ваду! Дзядзька Марцін рвануўся, як тыгр, і падставіў сетку, каб падхапіць яго. Збегліся Якуб, вартаўнік Янка. І якая гэта была агульная радасць, калі шчупак фунтаў з пяць пачаў біцца ў кулі сеткі!

— Не, брат, дудкі! — урачыста прамовіў Марцін.

Удвух з Андрэем неслі яны сетку на бераг, трымаючы вусцем угору, і, толькі адышоўшыся далей ад вады, перавярнулі яе кулём на дол. Ладны шчупак, яшчэ, можа, большы, чым здалося адразу, доўга трапятаўся, падскокваў угору, пакуль не аслабеў.

— Ну і спрытняк вы, дзядзька Марцін! Каб не вы, плаваў бы шчупак у Нёмане! — у шчырым захапленні казаў Янка.

— Гэта, брат, рэдкі выпадак, проста пашанцавала,— заўважыў Марцін.— Але калі яму прызначана трапіць у гаршчок або на патэльню, дык тут ужо нічога не папішаш.— Дзядзька Марцін рэдка калі дазваляў сабе выхваляцца спрытам, хоць і быў чалавек дасціпны і спрытны. I ўсё ж пышны вус Марціна стаяў яшчэ доўгі час на пазіцыі шчаслівай усмешкі.

— Так, брат, і я зраблюся хутка рыбаком,— сказаў Янка.

Выпадак са шчупаком прынёс многа вясёлага ажыўлення. Дзядзька Марцін і Андрэй зараз жа зноў палезлі ў Нёман. Сонца яшчэ не зайшло, але яго вялізны чырвоны круг ужо апускаўся на паверхню зямлі. Завоіна ж была амаль уся наперадзе. Рыбакі яшчэ больш асцярожна пасоўваліся ўздоўж берага. Шапталіся, ставілі сетку і падымалі яе. Дзядзька Марцін ціха гаварыў Андрэю:

— Калі пачуеш, як у сетку таўхане што, дык хватай угору: гэта напэўна будзе шчупак.

Амаль у кожны заход траплялася сякая-такая дробная рыбка. Пападалася і ніштаватая. Трывогі рыбакам і наглядальнікам нагнаў язь. Праўда, ён быў фунты два, а лопату ў сетцы нарабіў фунтаў на чатыры. І тым не меней усе былі задаволены, тым болей што, апроч язя, у сетцы плюхаліся ніштаватыя ляшчы. Часта трапляліся плоткі, акуні, яльцы. Укаціўся ў сетку малавёрткі мянтуз і адзін дужа паважны і гультаяваты лінь. Ён ляжаў у сетцы так спакойна, што дзядзька Марцін спачатку не заўважыў і ледзь быў не выкінуў яго ў ваду.

Надыходзіў вечар, змяркалася. Трэба было вылазіць з вады, але Марцін, што б там ні стала, захацеў яшчэ раз паставіць сетку каля купінкі аеру. Прылаўчаліся доўга, асцярожна. Нарэшце дзядзька мяльнуў нагою. Патапталіся трохі. Марцін з вялікаю надзеяй падняў сетку. Рыбы не было, затое паважна сядзела дзябёлая зялёная жаба і са здзіўленнем пазірала на незнаёмую абстаноўку. Якуб так і паехаў са смеху.

— Злавілі плотку, што не лезе ў глотку! — рагатаў ён.

Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань на чыстай бягучай вадзе.

Рыбакі старанна вымыліся і палезлі на бераг адзявацца і падлічваць трафеі. Лоўля аказалася болей чым удачная. Дзядзьку ж Марціну прыйшла думка — буйнейшую рыбу занесці заўтра раненька або яшчэ лепей сягоння ў Панямонь. А заўтра якраз пятніца, вечарам заходзіць яўрэйскае свята — шабас. У такі час на рыбу надзвычайна вялікі попыт. Дзядзькаву думку падтрымалі. Дома рыбу перабралі. Драбнейшую пакінулі сабе, адборную ж Андрэй і Янка патарабанілі ў Панямонь. За парогам Янка сказаў:

— Плакаў, плакаў, а Бог быў аднакаў, пачаў танцаваць, пачало шанцаваць.

— Мы трапілі ў добры струмень,— згадзіўся Лабановіч.— А што прынясе заўтрашні дзень, няхай яно таксама будзе радасным.

— Добра на лузе ў час сенакосу,— прызнаўся Янка.


XXIX[правіць]

Часамі, як кажуць, чалавек трапляе ў шчаслівы струмень, што так лагодненька носіць цябе па хвалях жыцця. І ты моцна жадаеш, каб гэты струмень як мага даўжэй калыхаў і песціў, гойдаў цябе, нідзе не страсянуўшы, не падкінуўшы на выбоіне. Але так бывае вельмі рэдка і вельмі нядоўга. Струмень твой раптам расплывецца, развеецца, як лёгкі ранішні туман, і ты застанешся пры тым жа старым, разбітым карыце.

Андрэй і Янка захапіліся рыбацтвам. Ім спачатку шчасціла. На рыбе яны трохі падмацаваліся. Янка гаварыў часамі:

— Чорт яе бяры, настаўніцкую службу! Перавяду стрэлкі на рыбацтва!

Янка нават марыў набыць другую таптуху, бо калі адною сеткаю яны ў сярэднім лавілі па дзесяць фунтаў, дык у дзве зловяць паўпуда.

Андрэй з гэтай прычыны сказаў Янку:

— Аднойчы ішоў я праз мост у Панямонь. Пад мостам ляжала старое рэчышча — нямнішча, заросшае лотаццю і рознаю травою. Там было мелка і гразка. У гэтай азярыне тапталася з брадніком чарада жанчын. Калі яны захоплівалі рыбу, дык шумелі, крычалі, лямантавалі. Адна ўжо немаладая панямонская кабета, трымаючы ў зубах і смокчучы, як суслу, ёмкую папяросу, з захапленнем казала: «Вось налаўлю рыбы і, далібог, куплю каня!» Дык ці не падобен і ты да той жанчыны?

— І нашто ж ты разбіваеш мае, можа, самыя лепшыя мары? Няўжо ж чалавек не мае права хоць у думках пабыць шчаслівым? — сказаў Янка.

— І тая жанчына была шчаслівая ў сваіх думках; а вось ці купіла яна каня за налоўленую рыбу, не ведаю. Напэўна — не.

Касьба, шчаслівая пара, тым часам скончылася. Дзядзька Марцін сказаў аднойчы Андрэю:

— Сёлета з сенам у нас, браце, скупавата. Прыйдзецца цялушачку прадаць. А шкада! Удалая цялушка.

Андрэй адказаў:

— Ведаеш, дзядзька, а што, калі ўзараць кавалак поплаву каля агарода, дзе капуста, ды засеяць аўсом з вікаю, прыцярушыўшы гноем.

Дзядзька Марцін задумаўся.

— А што ты думаў? — сказаў ён.

Думка гэтая яму спадабалася.

Назаўтра Андрэй з Янкам, прыйшоўшы з рыбы, убачылі завораны поплаў, старанна выбаранаваны і нават прыгладжаны валікам. Андрэй употайку насіў на засеяную мясціну попел і не шкадуючы рассяваў яго, пакуль не пабачыў, як густа і зелена ўсходзілі авёс і віка.

Яшчэ ў часе касавіцы да Лабановіча прыйшло пісьмо ад Райскага, сакратара неіснуючага настаўніцкага бюро. Ён у вялікім захапленні пісаў: «Ці ведаеш, старына, якая важная навіна? І хто б мог паверыць! Шмідт, рэдактар „Минского голоса“, адвёў месца ў сваёй газеце для артыкула аб нашым няўдачным сходзе, бярэ нас пад абарону! Што ж гэта ў лесе здохла? Вось табе і Шмідт! Выходзіць, калі не родны, дык хросны бацька!»

Андрэй і Янка весела пасмейваліся, чытаючы гэтае пісьмо, але раскрываць тайну з’яўлення артыкула палічылі непатрэбным і нават шкодным. Яны напісалі Райскаму, шмат выказвалі радасці, надзей на шчаслівы канец і накідаліся на нікчэмства ўсяе чыноўніцкай тармасні вакол настаўніцкага сходу. І ўсё ж такі дадалі евангельскія словы, упэўненыя ў тым, што іх пісьмо чыноўніцкіх рук не міне: «Бойся Усявышняга і не гавары лішняга».

І вось тут шчаслівы струмень перастаў іскрыцца і насіць прыяцеляў па лагодных хвалях.

Новы панямонскі ўраднік — Кашчэй, відаць, падаўся ў адстаўку — прыехаў на добрым кані і на фарсістай брычцы на хутарок, дзе жылі Янка і Андрэй. Ураднік саскочыў з брычкі, прывязаў каня, а сам падаўся ў двор. Сябры сустрэлі яго каля весніц.

— Заходзьце, калі ласка,— сказаў Андрэй.

Ураднік паздароўкаўся, нават узяў пад казырок і паціснуў прыяцелям рукі.

— Ставоліч,— назваў ён сябе.— Вы мяне прабачце, але служба ёсць служба… Хто Андрэй Лабановіч? — запытаў ён, быстра акінуўшы позіркам сяброў.

— Я! — сказаў Лабановіч.

Ставоліч выняў з партфеля, такога ж фарсістага, як і сам ураднік, пакет з паважнаю пячаццю мінскага жандарскага кіраўніцтва.

— Папрашу вас распісацца,— сказаў Ставоліч, паказваючы ў спісе месца для подпісу.

Лабановіч распісаўся. Ураднік развітаўся, зноў узяўшы пад казырок, сеў у брычку і паехаў. Калі брычка схавалася на паваротцы за пышнымі кустамі ялоўцу, Лабановіч акуратненька абарваў вузенькую палоску з пакета. Янка стаяў і недаўменна пазіраў на Андрэя. Янку на момант пачулася, што між імі хтось праводзіць мяжу.

— Што піша ротмістр?

Замест адказу Андрэй перадаў Янку паперу. На адной лініі з подпісам ротмістра была прыбіта пячаць.

Жандарскі ротмістр пісаў:

«Гэтым прадпісваецца вам 12 жніўня 1907 г. з’явіцца ў г. Мінск, Падгорная, 16, для дачы паказання па справе настаўніцкага сходу, які адбыўся ў с. Мікуцічы 9 ліпеня 1906 г. У выпадку няяўкі вы будзеце арыштаваны і дастаўлены па этапу».

Подпіс быў невыразны: можна было чытаць і Салтанаў, і як Салтысанаў.

Сябры моўчкі пераглянуліся.

— А чаму ж не прывезлі пакета і мне? — крыху разгублена запытаў Янка. І выгляд меў такі, нібы яго пакрыўдзілі.

Андрэй ускінуў плячамі і рукі развёў, што азначала: «Не ведаю».

— Я толькі абегла заўважыў у спісе, дзе распісваюцца ў атрыманні пакетаў, сваё прозвішча, прозвішча Уладзіка Сальвэсева і нейкага незнаёмага мне Тургая. Болей нічога не было там.

Янка ў сваю чаргу паціснуў плячамі і ў поўным неўразуменні прамовіў:

— Дык што ж гэта значыць?

Лабановічу лезлі ў галаву розныя думкі, дагадкі, прыпушчэнні. Але перш чым выказаць іх, трэба было перадумаць, узважыць і ўжо тады гаварыць.

Каб развесяліць Янку, Андрэй расказаў пра адзін выпадак, які нібы меў месца ў практыцы студэнтаў. Прафесар на лекцыі паставіў нейкі дослед. Пасля гэтага, упэўнены, што апарат усё паказвае як належыць, урачыста запытаў: «І што ж мы бачым?» У апараце нічога не было відаць. Тады прафесар сказаў: «Мы бачым, што мы нічога не бачым, а чаму нічога не бачым, мы зараз пабачым». Дык і я магу сказаць,— дадаў Андрэй,— нічога невядома. А чаму невядома? А таму, што нічога невядома. Пасля допыту буду ведаць.— А потым прыняў паставу артыста на эстрадзе і прадэкламаваў, па-акторску падняўшы руку:


Кто снидет в глубину морскую,

Покрытую недвижно льдом?

Кто испытующим умом

Проникнет в бездну роковую

Души… жандармской?


«Жандармской» Андрэй ужыў замест «коварной».

— Ніякай загадкавай тайны няма ў жандарскай душы, бо яна голая, як калена, без ніводнага валаска. Уся ж сутнасць жандарская месціцца ў словах: «ташчыць і не пушчаць»,— сказаў Янка.

Андрэй палажыў руку на плячо Янку і прамовіў евангельска-царкоўным тонам:

— Няма нічога патайнага, што не стала б яўным, як казаў калісь дзяк Бацяноўскі. Пачакаю трохі: да дванаццатага жніўня застаецца не так ужо многа. А можа, і да гэтага часу што-небудзь адслоніцца.

— Эх, прападзі яны пропадам! І пажыць спакойна не даюць. А жылі мы з табою, як рыбка з вадою. І яшчэ можна было б палавіць — надвор’е, глядзі, якое добрае!

— Дык што ж? Давай апранёмся ў рыбацкую адзежу ды пойдзем патрасём азярыны.

Гутарка спынілася: падыходзіла Андрэева маці.

— Скажы, сынок, чаго прыязджаў ураднік? — запытала яна.— Які пакет ён табе прывёз?

— Ды ты, мама, не трывожся: проста трэба праз нейкі тыдзень заявіцца да прыстава: я ж пад наглядам паліцыі. Баіцца, каб не збег куды.

Маці ўздыхнула, нічога не сказала і пайшла пыніць сваю работу. Яна зусім заспакоілася, калі хлопцы апранулі рыбацкую адзежу і падаліся ў бок Нёмана.

— Ведаеш што? — сказаў Янка.— Калі будзе багаты наш улоў, дык гэта будзе азначаць, што нічога благога не здарыцца з табою ў жандарскага ротмістра.

— У пэўныя хвіліны мы любім цешыць сябе ўсялякім глупствам,— адказаў Андрэй.


XXX[правіць]

Непрыметна праходзіў час.

Амаль кожны дзень Андрэй праводзіў у полі, вязаў ячмень, авёс, памагаў дзядзьку Марціну звозіць збажыну і складаць у гумне. Кожную раніцу або ў іншы вольны час зазіраў ён і на ўзораны поплаў. Авёс і віка раслі так буйна, што люба было паглядзець. Нават людзі, праходзячы ўскрай Нёмана, зварочвалі з дарогі, каб палюбавацца, як пышна і дружна падымаецца рунь, і самі сабе ківалі галовамі.

— Вось табе і сіняпёс! А такога аўса з вікаю і ў панскіх дварах не знойдзеш.

— А гэта, кажуць, Андрэй дарадзіў Марціну пасеяць тут авёс з вікаю. І падгнаілі пасеў дый попелам папасыпалі,— не без зайздрасці гаварылі людзі з Мікуціч.— На ўсё ўмельства трэба і практыка,— дадавалі яны глыбакадумна.

Сам дзядзька Марцін сяды-тады наведваўся на паплавец. Калі ён пазіраў на гонкі рост свайго засеву, дык дзядзькаў твар свяціўся, як месяц у поўню, а пышны вус сам сабою ставіўся на пазіцыю задавалення.

Кожную раніцу на досвітку, калі пачалі расці баравікі, Андрэй, захапіўшы кош, бег у хвайнякі па грыбы. Для яго не было болей прыемнага занятку, як хадзіць па баравінах і шукаць баравікі. Нідзе не было іх так многа, як у мікуціцкіх баравінах. Ды што за баравікі! А якое чыстае і звонкае паветра ў летнюю раніцу! Гукнеш, дык здаецца, што хвойкі пераклікаюцца адна з другою і кожная падае свой голас. А якая радасць для сапраўднага грыбніка, калі насунешся на мнагалікую сям’ю рознага ўзросту чорных, з адценнем срэбранага налёту на маладых пругкіх шапках, ладных, ні з чым не параўнаных баравікоў! Усё тады забываеш на свеце, нават жандарскага ротмістра.

У Янкі не было ахвоты цягацца з кашом па хвайняках, ён слаба арыентаваўся ў лесе дый вочы меў блізарукія. А таму ён лічыў за лепшае паспаць або проста паляжаць на свежым пахучым сене, падумаць ды паразважаць. Калі ж Янка перабіраўся ў свет сваіх мар, сваіх запаветных думак, тады ён быў да ўсяго глухі і нямы. Аб чым ён толькі не думаў, не марыў! Але гэта было святая святых, аб гэтым ён нікому не расказваў, нават Андрэю. Дый расказваць было трудна: хіба можна выказаць у словах тыя няўлоўныя лятункі і пачуцці, што напаўнялі яго сэрца і розум? Янку здавалася, калі пачне ён пра ўсё гэта расказваць каму б там ні было, дык усе яго самыя яркія адчуванні зліняюць, і нічога ад іх не застанецца.

Адзін раз Андрэй, назбіраўшы поўны, пад самую ручку, кош дасканалых баравікоў, зайшоў па дарозе ў гумно праверыць — там Янка ці пацягнуўся куды. Прыяцель ляжаў на свежым пахучым сене.

— Янка, ты тут?

— Тут, браце,— азваўся Янка.

— Што ж ты качаешся, абібок ты! — па-прыяцельску папікнуў Андрэй.— Злазь, купацца пойдзем!

Янка борздзенька нацягнуў майткі і верхнюю кашулю, хадакі ўзяў у руку і спусціў на ток.

— Хоць бы ты пайшоў палавіў рыбы вудаю.

— Дай ты свет! — махнуў рукою Янка.— Тфу! Тфу! — плюнуў ён два разы.

— Што з табою здарылася? — запытаў Андрэй.

— Тфу! — плюнуў яшчэ раз Янка. Не відаць было, каб ён быў хворы. — Ведаеш, брат, такая прыснілася брыда, што і цяпер яшчэ праціўна ў роце.

— Што ж ты сніў?

— Сніў, браце, што хадзіў па лузе, збіраў горкі чэмер і еў.

Нельга было без смеху глядзець на Янкаву скрыўленую міну. Лабановіч аж клаўся са смеху, слухаючы прыгоды, што прысніліся яго прыяцелю.

— Можна сказаць, сон біблейскі.

Раздзеўшыся, Янка кінуўся ў Нёман, плыў, набіраў у рот ваду, паласкаў рот і адплёўваўся.

— Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон.

— Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго,— жартаваў Янка. А потым павярнуўся да Андрэя і сказаў:— А можа, і сапраўды пабагацею… Ведаеш, мой дзядзька Сымон, настаўнік Якшыцкай школы, прыслаў пісьмо, каб я прыехаў да яго. Кажа, добры заработак ёсць.

— Вось бачыш: сон табе ў руку. А калі атрымаў ты пісьмо?

— Нядаўна Якуб прынёс, пераслалі з Мікуціч. Як ты мне раіш, ехаць ці не ехаць?

— А чаму ж не паехаць? Вазьмі толькі дазвол ад паліцыі.

Праз дзень Янка сабраўся ў дарогу, а яшчэ праз дзень маці, дзядзька Марцін, Якуб з сёстрамі праводзілі і Андрэя за вароты двара. Дзядзька хацеў завезці яго да станцыі на падводзе. Андрэй катэгарычна адмовіўся.

— Не ўсё яшчэ сабрана з поля, нашто марнаваць час?

Маці доўга стаяла каля весніц і глядзела ўслед. У яе сэрцы была крыўда: Янка паехаў у вёску да дзядзькі на нейкія заработкі. А чаго ж Андрэя цягнуць у Мінск? Не на добрае гэта. Яна стаяла, пакуль Андрэй не перайшоў Сярэднюю гару і не знік з вачэй.

Нярадасна было на сэрцы і ў Лабановіча. Па-першае, яму шкада было пакідаць дом і родных. Ён ведаў, як смуткуе па ім маці і ўсе блізкія. Па-другое, непакоіла таксама і думка, чаму толькі яго і Уладзіка з усёй настаўніцкай грамады выклікаюць да жандарскага ротмістра? Гэты неспакой яшчэ болей павялічыўся, калі Андрэй даведаўся на станцыі Стаўбуны ад аднаго знаёмага аб тым, што Уладзіка Сальвэсева пасадзілі ў бабруйскую турму. Арыштавалі нібыта за пашырэнне пракламацый і нелегальнай літаратуры. А якая ж прычына для таго, каб выклікаць яго, Лабановіча? Можа, супрацоўніцтва ў беларускай газеце?

Дарога трохі заспакоіла. Лабановіч спакваля звыкаўся і з самою думкаю аб допыце ў жандарскага ротмістра. Цешыла яго і тое, што дзядзька Марцін і сям’я не будуць сядзець галоднымі, бо з поля ўсё сабралі. Нават і цялушачкі не прыйдзецца прадаваць. З такімі думкамі ехаў Андрэй у Мінск.

На Падгорнай вуліцы тагачаснага Мінска было болей дзервяных дамоў, чым цагляных. Домік, у якім змяшчалася канцылярыя і кватэра жандарскага ротмістра, стаяў ў глыбі двара. Накрыты, прасторны ганак-веранда амаль губляўся ў густой зелені дзікага вінаграду. На сцяне, на відным месцы, была прыбіта пафарбаваная бляшаная дошка з выразным нумарам дома. Разглядаючыся, Андрэй ціха ўзышоў на абвіты зелянінай ганак. Збоку на сцяне, пры ўваходзе ў жандарскае котлішча, вісела на тоўстым дроце ручка званка. Лабановіч пастаяў трохі, паразважаў, зірнуў на гадзіннік. Была палавіна адзінаццатай, час, калі чыноўнікі сядзяць ужо за сваімі сталамі. Лабановіч пацягнуў за ручку і стаў прыслухоўвацца. Неўзабаве пачуліся павольныя цяжкія крокі. Дзверы адчыніў здаравенны жандарскі вахмістр. Ён акінуў Лабановіча пранізлівымі сярдзітымі вачамі і сурова запытаў:

— Вам што трэба?

Лабановіч моўчкі падаў яму выклік да ротмістра з такім выглядам, нібы і сам ён — важная асоба. Вахмістр узяў пакет, паглядзеў на яго, потым на Лабановіча і яшчэ болей сурова буркнуў:

— Заходзьце!

Ён правёў Лабановіча ў прыёмную, паказаў на жорсткую дзервяную канапу.

— Чакайце тут! — а сам падаўся кудысьці ў глыб дома.

«Відаць, спіць або снедае»,— падумаў Лабановіч. Але хвілін праз пяць здалёку пачуўся звон шпораў, і зараз жа ўвайшоў ротмістр. Не прывітаўшыся, ён адчыніў свой кабінет і, кіўнуўшы галавою ў бок дзвярэй, спакойна сказаў:

— Ступайце за мною!

Ротмістр пайшоў паперадзе, за ім Лабановіч, а вахмістр замыкаў працэсію.

Ротмістр сеў за стол у крэсла. Цяпер Лабановіч разгледзеў яго зблізку. Гэта быў чалавек сярэдняга росту, яшчэ малады, шыракаплечы, акуратна апрануты ў форму афіцэра царскай арміі. Твар у яго быў прыгожы і нават сімпатычны. У кожным руху заўважалася ваенная выпраўка. Ён паказаў Лабановічу рукою на крэсла каля стала, а сам адамкнуў скрынку, дастаў даволі ёмкую папку, дзе ляжалі розныя паперы і дакументы. Знайшоўшы рукапісны аркуш, ён палажыў яго перад Лабановічам.

— Тут запісана паказанне аднаго з вашых калег. Можаце азнаёміцца з ім.— Затым ротмістр дастаў са стала аркуш чыстай паперы.— Напішыце коратка аб вашым удзеле ў настаўніцкім сходзе, што гэта быў за сход? Пастарайцеся ўкласціся ў адну гадзіну. Зможаце?

— Пастараюся.

Ротмістр замкнуў стол і цвёрдаю, хуткаю хадою выйшаў з кабінета ў другія дзверы, завешаныя штораю.

Перш чым брацца за справу, Лабановіч узяў «паказанне аднаго з калег». Уладзік Сальвэсеў пісаў па тым плане, што быў выпрацаваны Лабановічам і Янкам.

Прыём і паводзіны ротмістра дужа здзівілі Андрэя. Жандарскі вахмістр таксама выйшаў з кабінета, і Андрэй застаўся зусім адзін. «Што гэта: хітрасць нейкая, пастка?» — пытаў самога сябе Лабановіч. «Напэўна, за мною сочаць з патайнога кутка. Трэба быць асцярожным».

Вызначаны тэрмін яшчэ далёка не сышоў, а сваё паказанне Андрэй напісаў, і напісаў акуратна. Пасля гэтага ён стаў разглядаць кабінет, не сыходзячы з месца. На пярэднім плане вісеў партрэт Мікалашкі Другога і яго царыцы. І болей нічога не было на сценах.

Заставалася ўжо мала часу да канца тэрміну. «Што ж далей будзе?» — гэта непакоіла Андрэя. Роўна праз гадзіну прыйшоў ротмістр. Відаць, ён падмацоўваўся — ад яго патыхала каньячком.

— Ну, што? — запытаў ён, сеўшы ў крэсла.

Лабановіч падаў аркуш моўчкі. «Чым меней гаварыць, тым лепей»,— зазначыў у думках Андрэй.

Ротмістр пільна прыглядаўся да напісанага. Здавалася, яго болей цікавіў почырк, чым змест.

— А прыгожы ў вас почырк,— сказаў ён.

— Настаўніку ўжо так паложана.

Ротмістр адамкнуў скрынку стала, узяў нейкі рукапісны аркуш, паўглядаўся, перавёў вочы на запіс Лабановіча, затым і на яго самога. Ротмістр пасміхнуўся і прамовіў:

— Я не прарок, а магу вам сказаць, што ваш почырк адыграе ролю ў вашым жыцці… Можаце быць свабодным.— І ротмістр кіўнуў галавою, даючы знак, што Лабановіч можа ісці.


XXXI[правіць]

Апынуўшыся на вуліцы і пераканаўшыся, што ззаду жандараў не відаць, Лабановіч адчуў сябе так, як бы з яго плячэй зваліўся цяжкі камень і сам ён другі раз нарадзіўся на свет. Усе страхі, што варушыліся ў свядомасці, развеяліся і расплыліся, як хмары ў сухмень. Але на змену страхам прыйшло пытанне: чаму жандарскі ротмістр так уважна ўглядаўся ў характар рукі Лабановіча? Праўда, гэта магла быць проста выпадковасць, тым болей што ён і ад сяброў чуў пра свой прыгожы почырк. І ўсё ж на гэтае пытанне дакладнага адказу не знаходзілася. Але ўжо добра адно тое, што ён вольна ходзіць па вуліцы, зліваецца з людзьмі, што шнуруюць туды і сюды па тратуарах. Як бы добра было пагутарыць зараз з Янкам! Ды Янка далёка, жыве дзесь на рэчцы Беразіне ў дзядзькі.

Болей блізкага знаёмага, як Балоціч, у Андрэя тут не было. Хвілін праз дзесяць ён пераступіў парог чысценькай кватэры былога сябра.

— А, гэта ты, крамольнік! Ну, рады бачыць цябе.— Такімі словамі, аздобленымі жартам, сустрэў Балоціч Андрэя.— Сядай! — сказаў ён госцю.— А ці ж скора вас будуць судзіць?

Пытанне, як і ўсе паводзіны Балоціча, не спадабалася Андрэю. Не падабалася яму прылізанасць і кватэры, і самога гаспадара яе, і падкрэслены парадак ва ўсім.

— Пра суд нам стане ведама тады, калі ўручаць павесткі. Хіба, можа, ты што-небудзь чуў? Ты ж маеш доступ у «вышэйшыя сферы», а нам туды зачынены дзверы,— даволі суха адказаў Лабановіч.

— А ты ўжо і надзьмуўся! — заўважыў Балоціч.— У «вышэйшых сферах», як ты кажаш, я не бываю. Дый само разуменне «вышэйшыя сферы» неакрэсленае. А вось ад пісарчука аднаго — не ведаю, з якіх ён… «сфераў»,— я чуў, што ўся ваша справа, дарэчы сказаць, бязглуздая, пойдзе на скасаванне.

— Што ты кажаш?

— Тое, што ты чуеш.

— Каб справа пайшла на скасаванне, гэта было б вельмі добра. Але чаму ж мяне выклікалі да жандарскага ротмістра для дачы паказання? Вось толькі што вырваўся адтуль!

Балоціч ускінуў плячамі.

— А пра што ў цябе дапытвалі?

— Па сутнасці, і допыту ніякага не было. Сказаў жандарскі ротмістр напісаць, як праходзіў настаўніцкі сход і што там было. І нават дазволіў пацікавіцца, што паказвалі мае сябры, даў мне цэлую бібулу папер.

Лабановіч расказаў, як ротмістр хваліў характар пісьма паддопытнага.

— Што ж, можа, мяркуе ўзяць у справаводы цябе,— заўважыў Балоціч.

— Эх, брат Балоціч! Табе смешкі ды жарты. Каб ты быў на маім месцы, так лёгка я не паставіўся б да цябе. І скажы, чаму наш сход называеш ты бязглуздзіцаю?

— Ды вельмі проста, у ім няма ніякага сэнсу.

— Чаму?

Балоціч іранічна пасміхнуўся, а потым ужо сур’ёзна, нават злосна адказаў:

— Дзяржаўны лад мануліся разбурыць, цара скінуць і замест аднаго паставіць тысячы цароў у асобе розных камітэтаў, муніцыпалітэтаў, камун, сябрын… І гэта ваша народапраўства?! Моські вы, што брэшаце на слана!

Лабановіч паглядзеў на Балоціча, як бы не даючы веры, што перад ім былы таварыш. Стрымліваючы вострую ўспышку абурэння, ён спакойна і з адценнем суму сказаў:

— Эх, Косцік! Як моцна засеў у цябе князь Мяшчэрскі і ўся закваска чыноўніцка-папоўскай семінарыі! Як усё перамяшалася ў тваёй галаве!

— Не ведаю, у каго болей перамяшалася,— агрызнуўся Балоціч. Відаць, ён быў не ў гуморы.

— Не будзем спрачацца, у чыёй галаве большая мешаніна,— спакойна адказаў Андрэй,— але нашто гаварыць тое, чаго ты не ведаеш і не разумееш? Пэўна ж, лягчэй, зручней і выгадней спяваць: «Боже, царя храни», чым заступацца за абяздоленых, галодных людзей і мець за гэта штурхялі жандараў і паліцыі ды косыя погляды чарнасоценцаў усіх масцей.

— Даволі я наслухаўся ўсякіх агітатараў і начытаўся розных пракламацый, дык ты мне такіх песень не спявай,— перапыніў Андрэя Балоціч.

Лабановіч паглядзеў на яго, памаўчаў. А потым ціха прамовіў:

— Прабач! Песні ў нас розныя, і нашы дарогі скірованы ў процілеглыя канцы. Ды хто ведае? Жыццё не стаіць на адным месцы. Адно толькі магу сказаць: па дарозе князёў мяшчэрскіх, дубровіных і гамзеяў гамзеявічаў я не пайду!

— Гэта твая справа. Чалавек есць хлеб траякі: белы, чорны і ніякі.

Лабановіч усміхнуўся.

— Мне здаецца, што ты любіш больш за ўсё белы хлеб.

— Гэта ўжо мая справа. Табе ж вось што скажу: тая дарога, па якой ты ідзеш, завядзе цябе не туды, куды ты хочаш.

Лабановіч падняўся, каб пакінуць кватэру былога сябра: шмат разоў чуў ён такія гутаркі. На памяць прыйшоў пісар Дулеба, з якім вялася гэткая ж спрэчка.

— Вось ты ўжо і надзьмуўся як мыш на крупы,— пагадліва сказаў Балоціч.— Пасядзі, перакусім!

— Дзякую! Мне трэба ехаць дамоў, зараз адыходзіць поезд,— адмовіўся Андрэй ад пачастунку.

Балоціч недаўменна пазіраў на былога друга, але не ўпрошваў яго застацца. Ужо стоячы на парозе, Лабановіч дакорліва ўсміхнуўся і нечакана для самога сябе сказаў:

— Ніводзін цар не ездзіў каранавацца верхам на свінні. Бывай!

З гэтымі словамі, не падаўшы рукі, Андрэй выйшаў за дзверы. Балоціч, застаўшыся адзін, кіўнуў сам сабе галавою.

— З глузду з’ехаў, ці што? Ці розум за розум зайшоў?


XXXII[правіць]

Андрэй ішоў на станцыю. У галаве праносіліся розныя думкі. І недарэчны допыт у кабінеце жандарскага ротмістра, і размова з Балоцічам, якая па сутнасці была сваркаю.

Балоціч жа ў гэты час сядзеў за рабочым столікам, абапёршы галаву на рукі. Ён думаў аб тым, што несправядліва пакрыўдзіў Андрэя… На памяць прыйшло адно здарэнне, Балоціч прыгадаў выпадак у сваім жыцці. На семінарскіх канікулах, калі Балоціч быў ужо на апошнім курсе, ён пазнаёміўся з дачкою чыгуначнага інжынера, якая канчала гімназію. Балоціч моцна пакахаў Валю, а Валя яго. Гэтае першае, чыстае, нясмелае каханне захапіла Балоціча. Яму цяжка было захаваць пачуццё ў глыбіні свайго сэрца. Трэба было знайсці такога друга, якому ён мог бы даверыць каханне і падзяліцца сваімі пачуццямі. І лепшага ахоўніка сардэчнай пячаці ён не мог знайсці, апроч Лабановіча. Цэлую ноч, прылёгшы на адзін ложак з Андрэем, расказваў Балоціч пра Валю, якая яна мілая, прыгожая і як кахае яго. А назаўтра ўдзень паказаў дзяўчыніну фатаграфію, чытаў яе пісьмы. Лабановіч свята ахоўваў даручаную яму юнацкую тайну і прыняў удзел у сардэчных справах сябра. Часамі яны разам складалі пісьмы да Валі, гаварылі аб ёй. Усё гэта зблізіла сяброў і парадзіла паміж імі шчырую дружбу. З год перапісваўся Балоціч з Валяй. І вось аднойчы прыслаў Лабановічу пісьмо, поўнае роспачы і сардэчнага смутку: Валя знайшла сабе болей выгаднага і знатнага жаніха і выйшла замуж. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджваў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік?

Усё гэта зараз прыгадваў Балоціч. Яго давераная асоба свята ахоўвала тайну друга і ніколі нічым не абражала яе. Але ўсё адышло ўжо ў прошласць і забылася, як першая веснавая навальніца…

Лабановіч таксама адчуў і зразумеў, што Балоціч быў выпадковаю з’яваю ў жыцці, прыяцелем да пары. Дзяўчына адышла. Балоціч падаўся на іншую дарогу. І зараз дарогі іх скіраваны ў процілеглыя бакі. Дык не было падставы гараваць па страце друга, друга да першай крутой павароткі.

У Стаўбунах Лабановіч сышоў з поезда. Ён забег на пошту, апусціў у скрынку пісьмо да Янкі, падрыхтаванае ў дарозе. Андрэй паведамляў аб тым, як лёгка адрабіўся ён у жандарскага ротмістра. Не забыўся і пра тое, што найбольш цікавіла ротмістра ў паказаннях і што гэта з’яўляецца для Андрэя неразгаданаю загадкаю. На пошце было пісьмо і ад Янкі.

«Дарагі мой беспрытульны вандроўнік Андрэй! Кожную часіну думаю аб табе, малюся ветру, сонцу і хмарам, каб яны адганялі ад цябе напасці, якімі ўсеяны нашы дарогі. Сам жа я жыву, як вол на бровары: ёсць што есці і ёсць што піць. Маю сякія-такія заработкі. Коцяцца да мяне рублікі, а часамі траячкі і пяцёркі. Школа майго дзядзькі Сымона стаіць непадалёку ад Бярозы ў сяле Якшыцы. Слаўная гэта рэчка, хоць, можа, і не такая прыгожая, як наш Нёман. Каля берагоў трапляюцца цэлыя зараснікі розных лапухоў, вадзяной травы. А ў траве так і шворацца акуні, язі, голаватні. Шкада, што няма тут цябе: мы раздабылі б таптуху і налавілі б процьму рыбы. Я ж без цябе сам, як рыба, выкінутая на пясок,— ні чорту качарга ні богу свечка. Пішы мне, як і што з табою. Падмацуй маю душу крылатым словам. Свайму ж дзядзьку я не пара. Ён усё працуе, скардзіцца, сам сухі, нагадвае тарана, што нашы бацькі купляюць на Каляды для поснай верашчакі. Абнімаю цябе, цалую. Твой Янка».

Андрэй некалькі разоў прачытаў пісьмо. Хацелася адказаць адразу ж, ды лепш пачакаць: няхай прыйдзе адказ на тое, што паслаў ён, прыехаўшы ў Стаўбуны з Мінска.

Дні праз тры Андрэй, пакуль што вольны ў сваіх учынках і паводзінах, пайшоў на пошту ў надзеі атрымаць вестку ад Янкі. I сапраўды, пісьмо прыйшло. Як толькі Андрэй апынуўся адзін, ён распячатаў канверт. Янка пісаў:

«Друг мой сардэчны, таракан запечны! Ты — і радасць мая, ты — і смутак мой. Тое, што ты паведаміў, мяне трохі занепакоіла. Пісаць табе пра гэта няма патрэбы, бо тое, што легла табе на сэрца, ляжыць каменем і на маім. Я доўга не спаў — усё думаў ды гадаў. Нарэшце стрэліла ў галаву… Ці памятаеш ты, як аднойчы прыйшоў я ў тваю „школу“? Тады ж я сказаў адзін „афарызм“: „Смерць ёсць пачатак новага жыцця“. Можа, я не зусім літаральна паўтараю яго, але сэнс такі. Нам чамусь не давялося пагутарыць пра гэта: ці афарызм быў няўдалы, ці нас адцягнулі іншыя думкі. Скажу проста, прыгадай нашу „скарбонку“ і пакланіся карчу: ён скажа тое, што я табе сказаць хачу. Будзем простыя і лагодныя, як галубы, і мудрыя, як змеі, ды пальца нам у рот не кладзі. Ёсць мова, зразумелая для ўсіх, і ёсць мова, даступная для нямногіх…»

З Андрэевых вачэй нібы апала заслона: ён успомніў, як Янка прыносіў адозву ад невядомай групы настаўнікаў: яна пачыналася словамі: «Таварышы настаўнікі!» Аб гэтай адозве была ў сяброў грунтоўная гутарка. І нарэшце яе занеслі ў патайную скрынку пад выварат. Цяпер Лабановічу стала зразумела, чаму жандарскі ротмістр так пільна ўзіраўся ў почырк яго паказання і параўноўваў, звяраў потайкам з нейкім рукапісным лістком! Гэта ж і была тая настаўніцкая адозва, адзін экземпляр якой схавалі сябры. А значыць — на Лабановіча падае падазрэнне, што адозву напісаў ён!

Мінуўшы возера і млын, Андрэй раптам спыніўся: прыйшла новая думка — збочыць з дарогі і наведацца ў Смалярню. Перад вачамі паўстаў выварат, «скарбонка» і адозва ў асмаленай скрынцы. Гэта адозва набывала зараз для Лабановіча зусім іншы сэнс, хацелася самому паглядзець на яе з новага пункту гледжання і параўнаць той почырк са сваім. Ці ёсць жа падабенства?

Каб не сустракацца з людзьмі, Лабановіч ішоў хмызнякамі і зараснікамі, трымаючы кірунак на Смалярню. Нарэшце ён апынуўся ў Цёмных Лядах, абмінуў леснікову хату,— з братам зараз яму не хацелася сустракацца. Смалярня і пануры лес вакол яе выглядалі зараз яшчэ болей непрыветна, чым зімою, калі белае адзенне крыху аздабляла і весяліла гэтыя ціхія ваколіцы.

Ні сцежкі, ні нават следу, які б вёў пад запаветны выварат, тут не было, але Андрэй меў добрую зрокавую памяць і неўзабаве апынуўся на месцы. І гэты корч набыў цяпер новае значэнне: гэта быў не проста выварат, а як быццам лорд-ахоўнік дзяржаўнай пячаткі, як гэта заведзена ў Англіі.

Лабановіч прыпыніўся. Ён зараз жа знайшоў канцы, за якія трэба ўзяцца, каб дабрацца да «скарбонкі». Яна стаяла ўсё ў тым жа месцы, як і паўгода назад. Андрэй выцягнуў яе з-пад выварата і мімаволі падаўся назад: на «скарбонцы» сядзела пухлая, агідная, на кароценькіх лапках, уся ў бародаўках, жаўтавата-шэрая жаба-рапуха!

— Ну ты, цётка, злазь адгэтуль! — сказаў Лабановіч, нахіліў «скарбонку» і строс жабу на зямлю. На вечка скрынкі няўзнакі нацярушыўся пясок і рознае смецце. У самой «скарбонцы» нічога не папсавалася, хоць трохі і паліняла ад часу. Тоненькія брашуркі і пракламацыі захаваліся добра. Сярод іх была і патрэбная адозва — самае важнае, што зараз найболей цікавіла Андрэя. Ён борздзенька акінуў яе вачамі. З першага погляду здавалася, што між характарам рукі, пісаўшай адозву, і почыркам Лабановіча небяспечнае падабенства нібы і было. Ён згарнуў адозву ў чатыры часткі, схаваў у кішэню, каб потым грунтоўна заняцца параўнаннем і зверкаю почыркаў.

Усё астатняе, што хавалася ў «скарбонцы», і сама скрынка цяпер былі ўжо непатрэбны. Лабановіч павыбіраў лісткі і брашуркі і падлажыў пад іх запалку. Папера загарэлася. Андрэй патрос яе ражончыкам, каб, апроч чорнага попелу, нічога не засталося. Непаваротная жаба смешна заварушыла кароценькімі лапкамі, уцякаючы далей ад агню. «Скарбонку» Андрэй не паліў, каб не нарабіць шмат дыму, а паламаў яе на шматочкі і параскідаў па лесе. Ён апошні раз паглядзеў на выварат, нібы для таго, каб развітацца з ім назаўсёды, а сам падаўся ў свой бок.

Не адзін раз, зашыўшыся ў патайны куточак, разглядаў Андрэй кожны радок і кожную літару адозвы. У выніку такіх разглядаў ён неаднойчы казаў сам сабе:

— Ну, дзе ж тут падабенства? Якому дурню магла ўзбрысці ў мазгаўню такая думка?

Але Лабановіч быў яшчэ маласпрактыкаваны і дасведчаны ў жыцці чалавек. Ды ўсё ж на памяць прыходзілі гутаркі старых людзей. Яны расказвалі, як адна рэч ператваралася часамі ў другую, белае рабілася чорным. Нарэшце Лабановіч махнуў рукою: няма чаго гадаць ды забягаць наперад. Можа, гэта адны толькі страхі. У выніку такіх разважанняў Андрэй сеў за стол пісаць Янку.

«Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты, адгукніся!» — Андрэй пачаў пісьмо словамі песні, як некалі ў Цельшыне.— «Слухай, дружа: я пакланіўся карчу, і ён даў мне тое, чаго мы не шукалі. Ды не мы шукаем бяду, а бяда шукае нас. Так было, напрыклад, з адным чалавекам, што прадаваў смятану. Да яго падышоў акалодачны. „Што продаеш?“ — „Смятану“. Акалодачны памачыў палец у смятану і аблізаў яго. „Што ж ты брэшаш? — накінуўся ён на чалавека.— Гэта не смятана, а маслянка!“ У акалодачнага знайшліся сведкі, якія таксама паказалі, што чалавек прадае маслянку. Патаргаваўшыся яшчэ трохі, акалодачны паказаў рукою на паліцыю і сказаў: „Калі ты будзеш стаяць на сваім, дык завяду ў акалодак!“ І чалавек мусіў згадзіцца, што ён сапраўды прадае голую маслянку, і з гэтай прычыны смятана была канфіскавана. Усё гэта я кажу, каб ты ведаў, што ў пэўных выпадках адны рэчы пераходзяць у другія. Можна, скажам, давесці, што Пятрусь Маргун падобен з твару да архангела Міхаіла, што я — не я і хата не мая. Дык шкада, браце, што ты на Бярозе, а не тут са мною. Будзем жыць надзеяй, што сустрэнемся і станцуем танец „зялёнага асла“.

Бывай здаровы!


Р. S. Пад вываратам засталася адна шурпатая жаба-рапуха! „Скарбонка“ растрасла свае костачкі па лесе.

Твой Андрэй».


XXXIII[правіць]

У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі. Другімі словамі сказаць: у чалавека ёсць жыццё яўнае і ёсць жыццё прыхованае, калі за цябе стараюцца пабочныя людзі, пераважна начальства. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Ён толькі ведаў, што вакол яго нешта накручваецца, як ніткі на верацяне, каб потым з верацяна перайсці ў клубок, а з клубка ў аснову кросен. І кросны звычайна вянчаюць канец, і гэты канец — нешта накшталт чацвёртага акта драмы або камедыі.

У сярэдзіне лета тысяча дзевяцьсот восьмага года ў мясцовых газетах было надрукована паведамленне, цікавае не для аднаго толькі Лабановіча, а і для цэлага рада яго таварышаў:

«Адміністрацыйна-распарадчае пасяджэнне выязной сесіі Віленскай судовай палаты пастанавіла:

1. Справу аб настаўніцкім сходзе ў сяле Мікуцічы спыніць і скасаваць.

2. Настаўнікі, падпісаўшыя так званы пратакол,— у пастанове яны пералічаліся — вызваляюцца ад суда і следства. Яны маюць права заняць настаўніцкія пасады па ўзгадненню з дырэкцыяй народных вучылішчаў Мінскай губерні.

3. Што ж датычыць Лявоніка Уладзімера Сальвэсева, Лабановіча Андрэя Пятрова і Тургая Сымона Якубава, дык памянёных вышэй асоб прыцягнуць да судовай адказнасці па 126 арт. крымінальнага кодэкса».

Паведамленне глыбока ўсхвалявала Андрэя. Па-першае, ён адчуваў маральнае задаваленне: яго артыкул, змешчаны ў «Минском голосе», бясспрэчна, зрабіў пералом у іх настаўніцкай справе. Па-другое, адчуваўся і нейкі лагодны смутак: таварышам памог, а сам застаўся перад невядомаю і, быць можа, трагічнаю павароткаю ў жыцці.

Што ж магло быць прычынаю таго, што Лабановіча ставяць перад судом ды яшчэ па такім артыкуле, які прадугледжвае пакаранне катаргаю за звяржэнне дзяржаўнага ладу? Абвінаваўчага акта Андрэю яшчэ не ўручылі. Заставалася думаць і пераконвацца ў тым, што адозва «Таварышы настаўнікі!» ёсць асноўная таму прычына. Лабановічу прыгадаліся словы жандарскага ротмістра: «Ваш почырк адыграе ролю ў вашым жыцці».

Андрэй чакаў далейшага развіцця падзей. Дзіўным і незразумелым здавалася тое, што ў справу быў замешан нейкі Тургай. Андрэй ніколі не чуў пра яго і ніколі не бачыў у вочы. Як жа так магло стацца, каб у адну цялежку ўпрэглі такую тройку? Уладзіка арыштавалі і пасадзілі да суда ў бабруйскі астрог за пашырэнне пракламацый, забароненай літаратуры і за агітацыю супроць існуючага самадзяржаўнага ладу. Тургая, як неўзабаве даведаўся Лабановіч, злавілі ў Карэлічах на пошце і загналі ў навагрудскі астрог. Апроч усёй іншай «крамольнай» дзейнасці, Тургаю ставілі ў віну і агітацыю сярод вяскоўцаў, каб яны не хадзілі на работу ў панскія двары, бо ўсе маёнткі павінны належаць народу… Шмат было няяснага ў той павуціне, якую выткалі для іх трох царскія юрысты-павукі.

У чаканні падзей і таго ці іншага канца іх Андрэй жыў у сваіх родных на Нёмане. Адлучацца куды-небудзь з дому было зараз нязручна. Ён толькі хадзіў збіраць грыбы, а іх было многа. У лесе было так ціха і нішто не замінала думаць думкі, ствараць у галаве такія малюнкі, ад якіх рабілася весялей, але якія рэдка калі ажыццяўляюцца. Кожны дзень чакаў ён і пісем ад сваіх былых сяброў… Але яны маўчалі. Нават Янка, такі ўжо шчыры, адданы друг, і той не падаваў голасу. Хіба гэта не крыўдна? Не, крыўдзіцца няма чаго! Былыя сябры і самы блізкі з іх, Янка, зараз думаюць, як замацавацца ў якой-небудзь школе — восень не за гарамі. Дык што ім ён, Андрэй! Яны цяпер чыстыя, палітычна надзейныя. Дык навошта мець зносіны з крамольнікам, якога наперадзе чакае суд? Андрэй адчуў вялікую адзіноту, але не паддаваўся паныламу настрою. Проста было крыху смутна на сэрцы.

У гэту ноч Андрэю не спалася. Вільготная зямля і начная цішыня даносілі разнастайныя гукі неўгамоннага жыцця. Вось па дарозе мякка прашумелі ў пяску колы сялянскай цялежкі. Хтось, запазніўшыся, павольна ехаў у свой двор, у свой дом. За Нёманам мілагучна свіснула нейкая таксама бяссонная птушка. З нізінкі па гэты бок Нёмана заложна, несціхана, аднатонна кракталі жабы. І гэтае крактанне злівалася ў адну аднастайную і нібы засмучоную песню жальбы… Як усё гэта блізка, знаёма з самага дзяцінства!

Заснуў ён толькі пад раніцу, калі сонца ледзь-ледзь прабівалася скрозь бліскучыя акенечкі недалёкага лесу. Першыя ж праменні сонца, завітаўшыя ў гумно, дзе звычайна праводзіў ноч Андрэй, пабудзілі яго. Заснуць болей ужо не мог, а варочацца з боку на бок не хацелася. Лепей даўжэй пабыць на прасторнай зямлі, дзе, аднак, людзям цесна пад ясным небам, якое таксама засцілаецца хмарамі і шуміць грознымі навальніцамі. Ці не будзе і сягоння навальніцы? Андрэй заўважыў, што перад навальнічнымі дажджамі яго наведвае бяссонне. Ды ён любіў навальніцы: няхай лепш недаспіцца, абы толькі была гучная навальніца. Ён падняўся са свае пахучай пасцелі на мяккім сене, борздзенька адзеўся і падаўся на Нёман, каб у свежай, чыстай, празрыстай вадзе сагнаць сляды стомленасці пасля маласоннай начы. І сапраўды, пасля купання Андрэю стала лёгка: цела нібы налілося новаю сілаю, і мускулы сталі пругкімі. Адзеўшыся, Андрэй прысеў на бераг. У добрае надвор’е ён любіў пабыць тут. Размераная плынь нёманскай вады заспакойвала, навявала такія лагодныя мары. Над зямлёю распасцёрся ясны купал бяздоннага неба. Толькі крыху лявей Мікуціч, на паўднёвым захадзе, паказалася тонкая даўгаватая хмарка, нібы нейкі мастак, збіраючыся напісаць малюнак, правёў упэўнена і смела першую цёмную палоску. На палосцы пачалі вынікаць вычварныя, белыя клубочкі, як гарохавінкі, вежы, розныя завітушкі. Яны то раслі, то раставалі, і на месцы растаўшых з’яўляліся новыя, яшчэ болей вычварныя.

Лабановіч сядзеў і любаваўся. Са сваіх назіранняў ён ведаў, што такія хмаркі з’яўляюцца на небе перад навальніцаю. У хуткім часе палоска знікла. Сонца паднялося вышэй. Дыхнуў вецярок, густы, цёплы. «Паўднёва-заходні, дажджавы»,— падумаў Лабановіч. Ён пайшоў у хату. Маці паставіла на стол снеданне.

— Ячмень ляжыць на просце нязвязаны. Ужо і высах. Каб часамі дождж не пайшоў — нешта прыпарвае,— сказала мімаходзь яна.

Андрэй успомніў, што дзядзька з Якубам паехалі раніцаю на Сямёнаўкі — там засталося з паўвоза сена.

Паснедаўшы, Андрэй узяў пару ёмкіх скруткаў перавясел, загатаваных загадзя, і пайшоў вязаць ячмень, скошаны на процілеглым канцы той палоскі зямлі, на якой стаяла іх сядзіба, непадалёку ад хвойніку. Гадзіны праз паўтары ячмень быў павязаны ў снапы. Андрэй акуратна паклаў іх у капу, на ўсякі выпадак умацаваў жэрдкамі, каб не разбурыў яе вецер у часе навальніцы. Наверх палажыў рэшту перавясел, а на іх — сноп-шапку, распраўлены накшталт парасона. Але гэта работа была лішняя: з двара выязджалі драбіны — дзядзька Марцін прывёз сена, а зараз ехаў разам з Якубам забіраць ячмень. Андрэй памог накласці воз, а сам пашыбаваў на Сярэднюю гару, якую любіў з самых юнацкіх дзён. Там было ціха, спакойна, утульна. Адзін схіл гары быў пакрыты жоўтым глыбокім пяском, сям-там пракідаліся чэзлыя кусцікі ялоўцу, убогія купінкі чабору і астраўкі белага баравога моху. Больш за ўсё падабалася Андрэю гара за тое, што з самага высокага пункта яе разгортваўся прыгожы краявід. Асабліва цікава было зірнуць у бок гасцінца, што ішоў праз Панямонь на Нясвіж. У полі каля гасцінца стаяла і тая чароўная хвоя, непадалёку ад якой, незадоўга да паездкі ў Вільню, праходзілі Андрэй з Янкам. Яна вельмі выразна ўзнімала з-за грэбеня занямонскіх узгоркаў кучаравую шапку-вяршаліну і дзве магутныя галіны, сіметрычна размешчаныя па абодва бакі. Здавалася, што гэта нейкая казачная жанчына ўвайшла па грудзі ў глыбокую рэчку, развёўшы ў бакі рукі, і вось-вось апусціцца ў ваду і паплыве.

Тым часам з паўднёвага захаду падымалася злавесная хмара. Яна ўсё шырэй і шчыльней засцілала неба. З-за Нёмана даносілася глухое гурчанне далёкага грому. Лабановіч падаўся дахаты. Навальніца набліжалася. Раптам рвануўся вецер і перайшоў у такую буру, што зямля закурылася пылам. Кусты прыпадалі да самага долу. Агнявымі стрэламі ўспыхвалі маланкі. І лінуў такі дождж, што вада праз сцены зацякала ў хату. Хата дрыжала пад націскам ветру, і здавалася, вось-вось перакуліцца. Бура выкаціла з-пад страхі неакованае дзервяное кола, нейкім чынам паставіла яго на вобад і пакаціла ў поле. Калі навальніца адспявала сваю грозную песню і паплыла далей, Андрэй выйшаў паглядзець на сляды, што яна пакінула. Двор увесь быў заліты дажджом. У лужынах плавала салома, вырваная са стрэх. Кола далёка адкацілася ад двара і, трапіўшы ў разору, бездапаможна ляжала на баку. Падымаючы яго з мокрай зямлі, Андрэй азірнуўся навокал, каб ніхто нават не падслухаў думкі, і сказаў сабе самому:

— Ці не пагоніць у поле, як і гэтае кола, мяне варожая сіла?


XXXIV[правіць]

Лабановіч ішоў з лесу і нёс кошык баравікоў. Не даходзячы з паўвярсты да хаты, ён пачуў за сабою мяккі грукат калёс. Андрэй азірнуўся. У лёгкай, даволі зухаўской брычцы ехаў ураднік Ставоліч. Сумнення не было: гэты госць ехаў да яго, Лабановіча. Ён сышоў крыху з дарогі і спыніўся. Параўняўшыся, ураднік спыніў каня.

— Дзень добры! — прывітаў ён Лабановіча.— Сядайце, падвязу, хоць, праўда, тут і недалёка.

— Вы, пэўна, з нейкім паведамленнем да мяне? — запытаў Лабановіч, сеўшы ў брычку.

— Угадалі: ёсць такая справа,— адказаў ураднік і змоўк. Маўчаў таксама і Лабановіч: да хаты зусім блізка, там усё стане вядома. Выказваць жа нецярплівасць перад ураднікам ён не хацеў.

Заехаць у двор ураднік адмовіўся: не меў часу. Ён спыніў каня каля частаколу, закінуў лейцы на шула, узяў партфель і разам з Лабановічам пайшоў у хату. Андрэя вельмі кранулі паводзіны Якуба: ён збегаў у гумно і прынёс жмак лепшага сена для ўраднікавага каня. Гэтым, відаць, хлопец думаў паддабрыць урадніка, нібы ад яго залежала даць Андрэю палёгку. Занепакоена была і маці: яна ведала, што такія наведванні нічога добрага не прыносяць.

У хаце ўраднік зняў шапку, што крыху здзівіла Андрэя, і сеў за стол. Не спяшаючыся расчыніў партфель і выняў з яго паперку.

— Вось распішыцеся ў атрыманні,— сказаў ураднік, разгарнуўшы разлінованы журнал.

Лабановіч зірнуў на паперку: гэта была позва да Віленскай судовай палаты з’явіцца на суд пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот восьмага года аб адзінаццатай гадзіне дня. У позве было прыпісана папярэджанне, што ў выпадку няяўкі ў паказаны час падсудны будзе арыштаваны і дастаўлены ў суд пад канвоем. Лабановіч распісаўся і ўзяў павестку. Прачытаўшы яе яшчэ раз, ён прамовіў, ні да каго не зварачаючыся:

— Каціся, маё кола, пакуль коцішся!

Ураднік не зразумеў, на што ківае Лабановіч, дый для самога Андрэя сказ гэты быў не зусім выразны, хоць у ім быў нейкі сэнс. Відаць, тое кола, што нядаўна выкаціла бура з двара ў поле, навяло на такое выказванне.

— Ведаеце што? — сказаў ураднік.— Давайце паедзем у Панямонь. Чаго вам заставацца тут аднаму? Праветрыцца трэба.

Андрэй здзівіўся: ураднік яму спачувае і хоча адвесці ад сумных думак… Вось табе і ўраднік, паліцэйскі чын! А можа, тут якія хітрыкі? Лабановіч падзякаваў.

— Баюся, што затрымаю вас; я не снедаў яшчэ,— адмаўляўся ён.

— Якая ж гэта затрымка, снеданне! Можаце пацярпець з паўгадзіны! А за гэты час мы будзем на хутарку — там і паснедаем. Паедзем?

І сапраўды: чаму ж не паехаць?

Яны селі ў брычку, праехалі Мікуцічы, адтуль цераз Нёман, уброд, выбраліся на дарогу, праехаўшы паўз Нейгертава, дзе жыў Янка Тукала. Андрэю стала сумна, і ён падумаў: «Эх, Янка! Ці гадаў ты, што я паеду з ураднікам каля твае хаты і не зайду ў яе? Але цябе тут няма, і ты маўчыш, не прамовіш мне ніводнага слова! Няўжо ж ты памёр для мяне?»

Думкі перабіў ураднік.

— У чым жа вас абвінавачваюць? — запытаў ён.— За што судзяць? Чаму ўсіх вызвалілі з-пад суда, а вас не?

Лабановіч усміхнуўся і сказаў:

— У народнай казцы расказваецца так. Ішоў кот лесам, сустрэў яго воўк. «Куды ідзеш, кот?» — «Іду судзіцца».— «А ў чым твая крыўда?» — пытае воўк. «Як жа не крыўда,— адказвае кот,— нашкодзіць кошка, а віну ўскладаюць на ката». Дык вось так і са мною: хтось напісаў адозву да настаўнікаў, а мяне за яе судзіць будуць.

— Як жа гэта так? — здзівіўся ўраднік.

Лабановіч растлумачыў, як стаіць справа і чаму так выйшла.

Ураднік слухаў, верыў і не верыў, а потым азваўся:

— Калі не вы пісалі, дык за што судзіць вас? Хіба тут, можа, яшчэ што замешана?

— Вось гэтага не ведаю, а калі замешана, дык не па маёй віне і не з майго боку,— адказаў Лабановіч і падумаў: «А ўрэшце чорт яго ведае: можа, падгледзелі, як я з Янкам прыбіваў да крыжа пракламацыю? Не, тады і Янку ўзялі б на цугундзер».

Тым часам з-за ўзгорка выплыў хутарок, сядзіба дробнага арандатара. Сюды і павярнуў каня ўраднік. Пры ўездзе ў двор стаяла высокая брама, над архітэктураю якой, відаць, ламалі галовы мясцовыя архітэктары, а можа, і сам гаспадар. Брама складалася з двух дзябёлых дубовых слупоў, роўных, старанна выгаблеваных, на якія была паложана таксама дубовая шапка. Адступіўшы з аднаго і другога боку шапкі на аршын, на ёй прымацавалі яшчэ чатыры бярвенцы: кожнае вышэйшае сіметрычна ўкарочвалася і было з канцоў счэсана наўскасяк. У верхняе, самае кароценькае бярвенца быў упушчаны стаячок, завостраны ўгары, як іголка.

— Вось выштукаваў сабе браму Язэп Глынскі,— прамовіў ураднік, спыняючы каня.

Андрэй выскачыў з брычкі, праз веснічкі ўвайшоў у двор, каб адчыніць вароты, але ў гэты час выйшаў з хаты сам гаспадар, лысы, сярэдніх гадоў чалавек, у расшпіленай камізэльцы. Глынскі быў шляхціц і хоць чым-небудзь імкнуўся адрознівацца ад простага мужыка.

— Калі ласка! Калі ласка! — борздзенька гаварыў Глынскі, расчыніўшы вароты. Калі брычка спынілася, ён падбег да ўрадніка і патрос яго руку абедзвюма рукамі.

— Дзень добры! Дзень добры! А як жа вы ў часе заехалі! Якраз на полудзень!.. Пойдзем жа ў хату!

Лабановіча ён не заўважаў, хоць і ведаў яго, і рукі не падаў. Глынскі не любіў Лабановіча за тое, што той «забастоўшчык» і гатовы адбіраць зямлю ад паноў і арандатараў. А такія людзі — лайдакі, па думцы Глынскага. Лабановіч адстаў ад арандатара і ад урадніка і ўжо меркаваў, дзе б яму схавацца. Але якраз ураднік азірнуўся і падаў голас:

— А вы што ж, Андрэй Пятровіч? Хадзем у хату!

Тады ўжо і гаспадар змяніў свае паводзіны ў дачыненні да «забастоўшчыка». Ён падбег да Андрэя, узяў яго пад руку і павёў да дзвярэй.

— Калі ласка! Калі ласка, заходзьце! Колісь мы з вашым нябожчыкам бацькам былі добрыя знаёмыя.

Глынскі павёў гасцей у чыстую палавіну. Там стаяла многа вазонаў, кветак, дужа пашыраных у сялянскім абыходку. У хаце была прохладзь, стаяў своеасаблівы пах і наогул чыстае паветра. Паміж фікусаў утульна прымайстраваўся стол, засланы белым абрусам.

Глынскі папрасіў гасцей садзіцца, а сам адамкнуў буфецік і дастаў ёмкую бутлю вішнёвай настойкі на чыстым спірытусе. Потым, папрасіўшы прабачэння, адлучыўся ў другую палавіну хаты. Вярнуўся ён разам з гаспадыняй, яшчэ маладой і дужа прывабнай кабетай. Яна хораша прывіталася з гасцямі, рассыпаючы самыя прыязныя ўсмешкі. У дзверы ўсунулі галовы сын і дачка гаспадароў. Лабановіч толькі на кароткі момант мог заўважыць, што дачка падобна да маткі, а сын да бацькі. А Глынскі зараз жа загадаў ім пайсці ў сад, дзе было многа вішань, і назбіраць каробку для «пана ўрадніка».

Тым часам на стале з’явіліся відэльцы, нажы і талеркі і следам паплылі сакаўныя вэнджаныя кілбасы, цэлая талерка па-мастацку нарэзаных скрылікаў паляндвіцы, чырвоных, як пялёсткі вяргіні, сыр свежы, запраўлены смятанай і чорненькімі кропкамі кмену, і сыр, крыху падсушаны. Адным словам, багаты пачастунак.

Ураднік, уважлівы, далікатны кавалер, звярнуўся да прыгожай гаспадыні, пані Анэлі:

— Сядайце, пані, за стол: без вас не будзе парадку.

Гаспадар наліў ёмкія чаркі настойкі і сказаў цэлы тост. А гаспадыня пераводзіла вочы то з мужа на ўрадніка, то наадварот. Лабановіча абмінала. Глынскі казаў:

— Вып’ем за дарагога нашага госця, Герасіма Паўлавіча. Няхай Бог паможа яму лавіць злодзеяў, канакрадаў і ўсякіх забастоўшчыкаў, што становяцца ўпоперак дарогі начальству.

— Добра сказалі, пане Юзаф,— пахваліў Андрэй,— толькі б трэба было дадаць і «казнакрадаў».

— Гэта само сабою разумеецца,— азваўся гаспадар.

Вылучыўшы зручную хвіліну, Андрэй падзякаваў, папрасіў прабачэння і выйшаў з-за стала.

— Пане Лабановіч,— сказаў Язэп Глынскі,— прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань, колькі выстарчае вашай душы.

Такіх спелых, буйных вішань Лабановіч ніколі ў жыцці не бачыў.

Калі банкет скончыўся і брычка выехала з хутара, ураднік запытаў Лабановіча:

— Не каецеся, што паехалі са мною?

— Не, не каюся! Наадварот, вельмі дзякую.

Брычка ўзяла кірунак на Панямонь.


XXXV[правіць]

Не так ужо далёкі суд змусіў Лабановіча паехаць у Мінск. Ён прыгадаў адваката Семіпалава, да якога накіроўвалі яго ў свой час рэдактары Уласюк і Стафан Ліскоўскі.

Семіпалаў якраз быў дома. Гэта быў яшчэ малады чалавек, ён толькі што рабіў сваю адвакацкую кар’еру. Адвакат выказаў жывы ўдзел у справе Лабановіча і ў яго лёсе.

— Па якім жа артыкуле закону вас прыцягваюць да судовай адказнасці? — запытаў Семіпалаў і зыркімі шэрымі вачамі зірнуў на Лабановіча.

— Па 126-м, па першай частцы,— адказаў Лабановіч.

— І што канкрэтна ставіцца вам у віну? — цікавіўся далей адвакат, перабіраючы пальцамі сваю акуратную цёмна-русую бародку, падстрыжаную знізу пад завостраны колік.

— Абвінаваўчага акта я не маю, ён дзесь вандруе па паліцэйскіх інстанцыях, але па ўсім відаць, што мне прыпісваюць аўтарства ў складанні адозвы да настаўнікаў.

— Але гэта вашы дагадкі? — не адступаўся адвакат.

— Так, дагадкі, але яны маюць пад сабою грунт.

Лабановіч расказаў Семіпалаву пра допыт у жандарскага ротмістра. Адвакат памаўчаў, падумаў, а потым, хітра ўсміхнуўшыся, запытаў:

— А вы ж маеце якое-колечы дачыненне да аўтарства, як сказалі вы? — Пасля ён дадаў:— Мне вы можаце гаварыць праўду: у вашых інтарэсах гэта мае значэнне. Пракурору і следчаму можна салгаць, абы толькі гладка,— зусім прыязна ўсміхнуўся адвакат.

Візіт закончыўся на тым, што Семіпалаў паабяцаў у гэты ж дзень азнаёміцца з матэрыяламі следства і ўжо тады даць пэўную параду.

— А пятай-шостай гадзіне вечара зайдзіце да мяне,— сказаў адвакат і падаў руку Лабановічу.

Марудна цягнуўся час да вечара. А такіх добрых знаёмых, да якіх можна было б зайсці, каб прабавіць час, Лабановіч цяпер не меў. Дружба з Балоцічам скончылася, ды ісці да яго ў такіх абставінах было проста нязручна. Лабановіч пайшоў вандраваць па вуліцах старога, пераважна драўлянага Мінска. Нарэшце зайшоў у танненькі рэстаранчык, каб падмацавацца. Тым часам набліжалася і запаветная пара: было пяць гадзін вечара.

З пачуццём некаторага хвалявання Лабановіч пайшоў да Семіпалава. Адвакат ужо быў дома. Ён весела зірнуў на свайго кліента і павёў яго ў кабінет.

— Сядайце! — Семіпалаў паказаў на крэсла каля стала і сам сеў.— Вашы прыпушчэнні аказаліся слушнымі,— прамовіў адвакат.— Вам сапраўды ставяць у віну напісанне адозвы да настаўнікаў. Такое заключэнне далі эксперты.

— Гэтакім экспертам не экспертызы рабіць, а носам зямлю рыць! — сказаў абурана Лабановіч.

Адвакат засмяяўся.

— Можа, ваша і праўда,— заўважыў ён,— аднак факт застаецца фактам, і з ім прыходзіцца лічыцца. Але паколькі вы адозвы не пісалі, дык абарона ваша мае законнае права патрабаваць ад суда назначэння новай экспертызы. Ды гэта акалічнасць няхай вас дужа не радуе. Калі нават другая экспертыза абвергне першую, гэта яшчэ не значыць, што вы чысты перад судом. У суда ёсць свае меркаванні, і ён часта больш кіруецца палітыкаю, чым законам. Апрача таго, у суда можа быць і так званае сваё ўнутраное пераконанне.

Семіпалаў гаварыў пераканаўча, важка, і трудна было пярэчыць яму.

— Ну, што ж? — азваўся Лабановіч.— Засудзяць дык засудзяць — за чужы грэх!

— Так песімістычна глядзець на рэчы не варта,— сказаў адвакат, але тут жа дадаў:— З другога боку, не шкодзіць падрыхтаваць сябе псіхалагічна і да горшага. А наконт абароны вам трэба падумаць. Каго б вы хацелі мець сваім адвакатам?

Лабановіч крыху памаўчаў.

— Праўду сказаць, я і сам не ведаю. Прасіў прысяжнага паверанага пана Урублеўскага. А калі ён не згодзіцца, дык, можа б, вы былі ласкавы ўзяць на сябе маю абарону? — нясмела звярнуўся Лабановіч да Семіпалава.

Адвакат адразу пасур’ёзнеў.

— Я дужа ўдзячны вам за давер’е. Ды ўсё ж такі я ў поўнай меры падтрымліваю ваш выбар — звярніцеся да Урублеўскага. Ён вядомы сярод усіх юрыстаў Расіі, і з ім пракурор мусіў бы сур’ёзна лічыцца. Пракуроры ж звычайна і асабліва пракуроры па палітычных справах падбіраюцца злыя, пякучыя, языкатыя, адным словам, прайдзісветы.

— А калі Урублеўскі па якіх-небудзь прычынах не зможа ўзяць на сябе абарону мяне і маіх сяброў, з адным з якіх я зусім і незнаёмы?

— Нават гэтак? — здзівіўся крыху Семіпалаў.

Адвакат і яго кліент памаўчалі.

— Вось што, давайце зробім так: даручыце мне весці перамовы ад карпарацыі прысяжных павераных горада Мінска з панам Урублеўскім. Вы ў гэтых справах ненапрактыкаваны.

Лабановіч устаў з месца:

— Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне.

— Ну, вось і добра,— сказаў Семіпалаў.— Так ці іначай ваша абарона ў судзе будзе забяспечана.

Адвакат запісаў адрас Лабановіча, абяцаў неўзабаве зрабіць усё, што трэба і што можна зрабіць, а потым аб усім паведаміць. Лабановіч горача паціснуў руку Семіпалаву і развітаўся з ім. Ідучы на вакзал, Андрэй прыгадваў паслужлівага юрыста, што вызваліў яго ад клопату і турбот, ад лішніх выдаткаў на паездкі да адвакатаў. Здавалася, усё ідзе добра. Аднак, паразважаўшы глыбей, Андрэй мусіў прызнаць адно: не ўсё яно так добра, як здалося ў першыя хвіліны. Папярок дарогі станавіліся эксперты і іх заключэнне. Аказваецца, яшчэ мала абвергнуць паказанне першай экспертызы. Андрэй прыгадаў важкія словы Семіпалава: суд — асноўны эксперт і ўсё вырашае псіхалагічная пераконанасць саміх суддзяў. Мала ўцехі ў такой пераконанасці знарок падабраных прыхільнікаў царскага самаўладства.

Але турботныя і невясёлыя думкі ў дарозе развеяліся. Аптымізм, уласцівы натуры Лабановіча, вера ў лепшае ў жыцці ўзялі верх над прыкрымі развагамі, і ён у добрым гуморы вярнуўся дамоў.

Семіпалаў аказаўся сумленным і праўдзівым чалавекам. Роўна праз тыдзень Лабановіч атрымаў пісьмо. Семіпалаў паведамляў, што суд задаволіў хадайніцтва адваката Казіміра Адамавіча Петруневіча назначыць новых экспертаў для праверкі першай экспертызы. Урублеўскі, пісаў Семіпалаў, ахвотна ўзяў бы ўдзел у абароне на судзе Лабановіча і яго сяброў, калі б не быў заняты на другім працэсе. Вось чаму ён дагаварыўся з прысяжным павераным Петруневічам і даручыў абарону яму. Лабановіч чуў, што Петруневіч лічыўся адным з лепшых адвакатаў у Мінску.

«Чаго ж большага жадаць,— разважаў Андрэй.— Экспертыза забяспечана, адвакат ёсць. Але ж бывае, што хворага чалавека лечыць самы добры доктар, а ён возьме ды памрэ. Так можа здарыцца і тут: захочуць суддзі засудзіць, дык і засудзяць. Лепш не думаць аб гэтым. Праз нейкі тыдзень усё стане вядомым».

Да суда заставалася некалькі дзён. Маці, дзядзька Марцін, Якуб, Андрэевы сёстры — усе дагаджалі Андрэю, як вялікаму, хоць яшчэ невядомаму пакутніку.

Дні за тры да суда Лабановіч узяў кошык, з якім звычайна хадзіў у грыбы. Хацелася паглядзець на свае грыбныя абходы і развітацца — хто ведае? быць можа, надоўга — з тымі мясцінамі, якія давалі яму столькі ўцехі і радасці. Грыбоў, праўда, было ўжо малавата, але той баравік, што пападаецца радзей і знаходзіцца трудней, робіць большае ўражанне.

Андрэй узышоў на Сярэднюю гару і спыніўся, развітальным поглядам абводзячы дарагія прасторы зямлі. Вось перад ім Мікуцічы. Гучна было тут улетку. Цяпер жа настаўнікі параз’язджаліся па школах. Напэўна, і Янка Тукала ўвайшоў ужо ў настаўніцкую каляіну. І вось жа да гэтага часу не падаў голасу.

Правей ад Мікуціч, за Нёманам, далёка на небасхіле сіняя палоска лесу, нібы піла, паложаная на зямлі зубамі ўгору, выплывае з празрыстай вераснёўскай сінечы. Правей выступаў Дзямянаў Гуз і занямонскія палеткі, сярод якіх туліліся невялічкія пасёлкі, вёсачкі і хутаркі. Не абмінула Андрэева вока і пышнай хвоі, што ўзнімала вяршаліну над далёкімі пагоркамі…

Шмат знаёмых малюнкаў разгортвалася перад вачамі заварожанага Андрэя! Налюбаваўшыся імі, ён павольна рушыў у бок маладых сасоннікаў. Сярод сыпучага жоўтага пясочку выглядалі часамі закінутыя пагоркі, зарастаўшыя маладым хвойнікам, прыземістымі кустамі калючага ялоўцу і белага моху.

Да вечара снаваў Андрэй па грыбных баравінах, падняў дзесяткі два пругкіх, крэпкіх баравікоў. Потым пайшоў на луг: хацелася паглядзець на адзінокую хвою непадалёку ад Нёмана, на каржакаваты прысадзісты дубок — яны так добра былі знаёмы Андрэю з самага ранняга дзяцінства. На схіленай вяршаліне хвоі красавалася старадаўняе буслава гняздо.

«Ну, што ж? Бывайце, мілыя, дарагія сябры!»— у мыслях прамовіў Андрэй і лугам пашыбаваў дахаты.


XXXVI[правіць]

Доўгі-доўгі час у вачах Андрэя стаяла гаротная постаць маці. Яна выйшла з двара і стала паводдаль ад хаты, каб правесці сына ў невясёлую дарогу. Андрэй з дзядзькам Марцінам ад’ехаліся ўжо далёка, а маці ўсё стаяла і пазірала ў той бок, дзе дарога, падняўшыся на горку, схавалася за выступам зямлі, каб ужо болей не паказацца. Тады маці глыбока ўздыхнула, абцерла хусткаю слёзы і пайшла ў хату.

Дзядзька Марцін падвозіў Андрэя на вакзал. Перад самаю станцыяй фурманка спынілася. Сядок і фурман злезлі з воза. Дзядзька Марцін доўга не выпускаў Андрэевай рукі з свае рукі, цвёрдай і шурпатай ад цяжкай сялянскай працы. Потым уважна і пільна паглядзеў у вочы пляменніку. У маленькіх шэрых дзядзькавых вачах стаялі слёзы.

— Ну, мой родны, дарагі, бывай здаровы! Няхай Бог цябе ацаліць. Вяртайся хутка і шчасліва.

Яны моцна абняліся, пацалаваліся. Як ні трымаў сябе ў руках Андрэй, але і ў яго вачах бліснула слязінка.

Раніцаю ў дзень суда Лабановіч быў у Мінску. Ён сядзеў на лаўцы ў скверыку насупраць будынка земскай управы, дзе меўся адбыцца суд. Пасяджэнне было назначана на адзінаццаць раніцы, заставалася чакаць яшчэ паўтары гадзіны.

«І чаму так цягне мяне гэты будынак? — думаў Лабановіч.— Чаго мне чакаць ад яго — гора ці радасці? Вось жа ёсць нейкая ліхая, ды ўладная сіла, што прывязала мяне да яго».

Зала суда была даволі прасторная і не дужа прывабная, асабліва для такіх асоб, як Лабановіч, каму прыходзілася тут выступаць у якасці падсудных. У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджаны ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. У ім было некалькі праходаў: для падсудных, для сведак і для розных асоб судовага персаналу. Пакой для суддзяў знаходзіўся за сцэнаю.

Калі Лабановіч прыйшоў, у зале было амаль пуста. Патроху пачыналі сходзіцца людзі — мужчыны, жанчыны, для якіх суд, асабліва над палітычнымі, быў такім жа відовішчам, якім для тэатральных гледачоў з’яўляўся спектакль.

Лабановіч сеў бліжэй да бар’ера, адкуль можна было наглядаць за ўсім, што будзе адбывацца на судзе і ў зале. Найбольшую ўвагу Лабановіча прыцягваў памост, які ён у думках назваў Галгофаю, што значыць — месца пакуты. Пасярэдзіне памоста красаваўся вялікі стол, засланы зялёным сукном. Тут жа стаялі крэслы для адвакатаў і пракурора. Адвакаты Петруневіч і Мяцёлкін сядзелі сярод публікі непадалёку ад бар’ера.

У зале стаяў стрыманы шумок. І раптам пачуўся гучны голас:

— Устаць! Суд ідзе!

Гэта выгукнуў судовы прыстаў.

Усе, хто быў у зале, паўставалі. З расчыненых за памостам дзвярэй паказаўся гурт суддзяў і саслоўных прадстаўнікоў. Уперадзе важна выступаў старшыня суда, член Віленскай судовай палаты, шырокі, сівабароды, грамозны чалавек. Барада яго была раздзелена на дзве палавіны і рабіла такое ўражанне, быццам пад сківіцамі ў старшыні былі прымацаваны два караткаватыя венікі, звязаныя з белага курчавага баравога моху, дзе любяць расці чорныя баравікі. Гэта быў вядомы ў той час сярод палітычных падсудных сапраўдны стацкі саветнік Бабека, чалавек, бязлітасны да сваіх ахвяр. Недарма сярод засуджаных ім хадзіла такая прымаўка: «За сталом сядзіць Бабека, той, што губіць чалавека».

За Бабекам таксама спаважна дыбалі суддзі — Бужынскі, Кіслоўскі, Верхаводаў. Усе яны былі ў парадных сініх сурдутах, у накрухмаленых белых манішках, строгія, непрыступныя, нібы яны неслі з сабою па кавалачку «божага памазаніка» — цара, якому прысягалі служыць верна. За суддзямі, таксама захоўваючы саслоўныя градацыі, ішлі: напышлівы прадстаўнік дваранства, мінскі губернскі маршалак Ромава-Рымша-Сабур, член управы Янцэвіч, які прыбыў замест гарадскога галавы. Замыкаў працэсію прадстаўнік ад сялян, валасны старшыня Пахальчык, апрануты ў бравэрку з простага даматканага сукна, у вялізных ботах, даўно няголены і, відаць, добра «падмацованы». Бабека заняў самае віднае месца ў цэнтры і сеў у самае высокае крэсла. Пахальчык прымасціўся з краю стала ў групе саслоўных прадстаўнікоў. Асобнае месца заняў на памосце пракурор, чалавек ужо немалады, з невялічкаю сівізною, сярэдняга росту, панурага выгляду, даволі ёмкі ў целе. Кончыкі яго вушэй крыху выступалі наперад, як завітушкі барановых рожак. Са свайго назірання Лабановіч устанавіў, што людзі з такімі вушамі маюць здольнасць да красамоўства. Пракурор ні на кога не глядзеў, сядзеў моўчкі, нібы зазіраў у сваё нутро, і ледзь прыметна пажоўваў пярэднімі зубамі, як быццам на іх быў кавалачак арэхавага зерня. Адвакаты селі бліжэй да лавы падсудных. Петруневіч, яшчэ малады, відны мужчына, з добрым абліччам, надзеў фрак, што аздабляла яго фігуру. Мяцёлкін, шмат старэйшы за свайго калегу, быў у скромным, але строгім сурдуце.

У зале стала ціха. Старшыня суда велічна ўзняўся з крэсла. Два венікі яго барады крыху падаліся ўгору. Ён абвясціў, што разгляду палаты падлягае справа аб сялянах Андрэю Лабановічу, Уладзімеру Лявоніку, Сымону Тургаю і Мацвею Астраўцу. Прозвішча чацвёртага падсуднага Лабановіч пачуў упершыню таксама, з абвінаваўчага акта. Бабека пералічыў усе артыкулы і пункты, на падставе якіх палата будзе судзіць памянёных асоб. Пасля гэтага ён спакойна і важна аддаў загад судоваму прыставу прывесці ў залу падсудных, што знаходзіліся пад вартаю. З малапрыметнай бакавушкі зараз жа паказаліся салдаты-канвойнікі, а ў іх строгім атачэнні — Уладзік і Тургай, якога Лабановіч толькі цяпер пабачыў. Абодва падсудныя былі бледныя: доўгае знаходжанне ў астрозе да суда налажыла на іх свой адбітак. Канвойнікі вялі арыштаваных сурова, ступалі цвёрда і моцна грукалі па памосце цяжкімі салдацкімі ботамі. Арыштаваных пасадзілі на лаву падсудных, самі канвойнікі пасталі ззаду і па канцах лавы, трымаючы напагатове стрэльбы і шаблі. Падсудныя спакойна і нават весела пазіралі на публіку. Андрэй не зводзіў з іх вачэй, нібы просячы поглядам зірнуць у яго бок. Уладзік згледзеў Андрэя, ледзь прыметна ўсміхнуўся і ўкрадкам падміргнуў яму.

Як вымагаў судовы парадак, старшыня запытаў падсудных, ці ўручылі ім копіі абвінаваўчага акта, спісы суддзяў і саслоўных прадстаўнікоў. Затым суд учыніў паверку сведак. Паказанні сведак, адсутных па законных прычынах, суд пастанавіў агаласіць у свой час. Пасля гэтага Бабека абвясціў, што згодна пастановы палаты суд будзе адбывацца пры зачыненых дзвярах.

«Значыць, справа швах»,— падумаў Лабановіч.

Судовы прыстаў выдаліў публіку з залы, а сведак завёў у асобны пакой. Калі ўсё гэта было зроблена, Бабека, седзячы на сваім троне, прыступіў да чытання абвінаваўчага акта. Чытаў ён аднатонна і нудна, і сам акт быў нудны і занадта доўгі. Нічога новага не пачуў у ім Андрэй. Суддзі і саслоўныя прадстаўнікі ўпотайку, прыкрываючы рот, пазяхалі так, што здавалася, разарвуцца сківіцы.

Прадстаўнік ад сялян, Пахальчык, заснуў моцным сном. Лабановіч і падсудныя раптам заўважылі, як прадстаўнікі іншых саслоўяў крутнулі насамі і паціхеньку пачалі адсоўвацца далей ад Пахальчыка. Дух дайшоў і да Бабекі. Але таму трэба было захоўваць паважнасць і вытрымку. Лабановіч і яго сябры ледзь стрымлівалі смех, заўважыўшы такую праяву ў судзе, што вёўся па загаду яго імператарскай вялікасці. Бабека толькі шпарчэй стаў чытаць. Калі чытанне акта было скончана, Пахальчык прачнуўся. Яму здалося, што, заснуўшы, ён адсунуўся ад сваіх калег, і прадстаўнік ад сялян стаў патрошку падсоўвацца да іх. Гэта было яшчэ смяшней.

Бабека тым часам запытаў наўперад Лабановіча, а затым і астатніх, ці прызнаюць яны сябе вінаватымі ў тых «злачынствах», аб якіх гаварылася ў акце.

Лабановіч адказаў упэўнена і выразна:

— Не!

Уладзік, хвалюючыся, прызнаў сябе вінаватым у тым, што даваў свайму знаёмаму, нейкаму Пятрушý, літаратуру, у тым ліку аповесці Гогаля: «Шынель», «Прапаўшая грамата» і іншыя. Ён катэгарычна адмаўляў свой удзел ва Усерасійскім саюзе настаўнікаў, гаворачы, што толькі меў намер уступіць.

Сымон Тургай прызнаўся, што ўваходзіў ва Усерасійскі саюз настаўнікаў і напісаў адозву аб байкоце. Другія ж адозвы пісаў не ён. Таксама пісаў і не Андрэй Лабановіч: усе іншыя адозвы былі напісаны трэцяю асобаю. Гаварыў Тургай смела, упэўнена і пераканаўча.

— Хто ж гэта трэцяя асоба? — запытаў пракурор.

— Я не сведка на гэтым судзе, а падсудны,— з годнасцю адказаў Тургай і дадаў: — Калі б я і ведаў «трэцюю» асобу, дык закон дае мне права на некаторыя пытанні не адказваць.

— Другіх запытанняў не маю,— сказаў старшыні трохі абсечаны пракурор.

Андрэй падзівіўся смеласці Тургая і яшчэ болей упадабаў яго.

Па прапанове старшыні суда пракурор і адвакаты азнаёміліся з «доказамі» па справе. Гэтых «доказаў» было не так багата: настаўніцкі пратакол, захоплены ў Мікуцічах, статут Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў народнай асветы, адозва «Да ўсіх настаўнікаў і настаўніц», складанне якой прыпісвалася Лабановічу, зварот да настаўнікаў аб байкоце і іншая дробязь.

Пачаўся допыт сведак, якіх прывёў да прысягі нейкі невядомы папок. Найболей цікавымі былі паказанні новых экспертаў. З напружанай увагай слухаў іх Лабановіч.

Новы эксперт, Гоман, выкліканы судом па хадайніцтву абароны, катэгарычна заявіў:

— Гаспадзін старшыня! Гаспада суддзі! Я дзіўлюся, як магла ранейшая экспертыза на падставе зверкі почыркаў сцвярджаць, што адозву «Да ўсіх настаўнікаў і настаўніц» напісаў Андрэй Лабановіч. Ніякага падабенства ў характары пісьма абсалютна няма!

І Гоман пачаў падрабязна, літара за літараю, абвяргаць заключэнне ранейшай экспертызы.

Пракурор яшчэ больш нахмурыўся: сук, на якім сядзеў ён, каб кідаць шышкі ў падсуднага Лабановіча, аказаўся падсечаны. І горш за ўсё, што і ранейшы эксперт, Ярмін, адрокся ад падпісанага ім заключэння.

— Як жа гэта так: вы ж падпісвалі экспертызу? — сурова заўважыў пракурор.

— Экспертызу рабіў нябожчык Асмольскі. Ён падсунуў яе мне, я паверыў яму і падпісаў. Цяпер жа, калі я сам сваімі вачамі пабачыў, якія там почыркі, дык маё сумленне не дазваляе мне ўзводзіць паклёп на нявіннага чалавека. Не хачу браць грэх на душу! — рашуча закончыў Ярмін.

Здавалася, заключэнне новых экспертаў і асабліва словы Ярміна зрабілі ўражанне на пракурора і на суд. Зусім абыякава паставіўся да гэтага Бабека. Ён звярнуўся да пракурора і да адвакатаў:

— Ці маеце запытанні да сведак, або, можа, хочаце дадаць што-небудзь?

Пракурор і адвакаты запытанняў не мелі. Для абвінаваўчай прамовы старшыня даў слова пракурору.

Як напрактыкаваны ў гэтых справах чалавек, пракурор павольна звярнуўся да суда. Голас яго спачатку быў ціхі, але выразны, ён паступова павышаў тон.

— Вы чулі абвінаваўчы акт, у якім грунтоўна, лагічна, аб’ектыўна пададзена перад вамі, гаспада суддзі і гаспада саслоўныя прадстаўнікі, уся мярзотная дзейнасць злачыннай групы, паставіўшы перад сабою мэту — разбурыць, звергнуць вякамі ўсталёваны дзяржаўны лад. Злачынцы, частка якіх сядзіць на лаве падсудных, а частка яшчэ знаходзіцца ў гэтай зале на становішчы свабодных людзей, не грэбавалі ніякімі спосабамі для ажыццяўлення сваіх злачынных мэт. Яны страцілі сумленне, забыліся аб сваім доўгу, аб сваёй ролі, якая адведзена ім: «сеяць разумнае, добрае, вечнае».

Чым далей, тым болей распаляўся пракурор, хоць гэты запал быў штучны, акцёрскі. Гаварыў ён доўга, не прамінуў ніводнай рысачкі з таго, што было адзначана ў абвінаваўчым акце, і аздабляў усё самымі згубнымі, бязлітаснымі ўкрасамі. Кожнаму падсуднаму ён даў асобную характарыстыку. Асабліва даставалася Тургаю і Уладзіку. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка,— па абліччы апостал, а па зубах сабака. Хоць заключэнні экспертаў разыходзяцца, але самым аўтарытэтным экспертам ёсць суд.

— Усе мы — людзі граматныя,— сказаў пракурор,— нам даводзілася чытаць розныя почыркі. Няхай суд скажа тут сваё слова.

У заключэнне пракурор патрабаваў вышэйшай меры кары, што азначана ў артыкулах, па якіх адбываўся суд.

З грунтоўнай прамовай, без выкрунтасаў, але і не без шпілек, выступіў адвакат Петруневіч. Ён абараняў Тургая і Лабановіча. Петруневіч пачаў з пахвалы «натхнёнаму» выступленню пракурора.

— Гэта — узор красамоўства,— сказаў адвакат.— На жаль, толькі пракурор згусціў фарбы. Вы паглядзіце, гаспада суддзі і гаспада саслоўныя прадстаўнікі, на падсудных: усё гэта — зялёнае юнацтва, веснавая паводка, што не тоўпіцца ў берагах. Не трэба мець злачынную душу і злачыннае сэрца, каб падпасці пад уплыў тых ці іншых асоб, тых ці іншых ідэй і зрабіць памылку. Пракурор у сваёй прамове спасылаўся на залатыя словы паэта-народніка — «сеяць разумнае, добрае, вечнае». Дазвольце і мне спаслацца на генія рускай паэзіі, на бяссмертнага Пушкіна:


И долго буду тем любезен я народу,

Что чувства добрые я лирой пробуждал,

Что в мой жестокий век восславил я свободу

И милость к падшим призывал.


Апошні радок Петруневіч прадэкламаваў, як артыст, вымаўляючы кожнае слова асобна і робячы на ім лагічны націск.

— Юнацтву ўласціва кіпенне, бурленне,— казаў далей абаронца.— Колькі юнакоў-студэнтаў прымала ўдзел у дэманстрацыях, у выступленнях, у бунтах супроць таго ці іншага грамадскага парадку, супроць закону! Хіба можна называць іх злачынцамі? Паводка ўваходзіла ў берагі, і бунтары канчалі універсітэты, паступалі на дзяржаўную службу, рабіліся стараннымі чыноўнікамі і дзеячамі ў розных галінах жыцця. Яны былі адданымі суддзямі, таленавітымі следчымі і пракурорамі, асабліва ў палітычных справах.

Бабека заварушыўся.

— Прытрымлівайцеся межаў кодэкса і матэрыялаў суда,— заўважыў ён Петруневічу.

— Прымаю да ведама, гаспадзін старшыня, але не магу не адзначыць таго, што і ў сцверджанні пракурора па адрасу падсуднага Лабановіча — па абліччы апостал, а па зубах сабака — заключана нейкая юрыдычная функцыя.

Пракурор пагладзіў сівавата-рыжы вус, але змоўчаў. А Петруневіч правіў сваё адвакацкае права і скончыў прамову зваротам да суда з просьбаю — прыняць пад увагу маладосць падсуднага Сымона Тургая і панесеную ім ужо кару — паўтара года зняволення ў астрозе. Што ж датычыць падсуднага Лабановіча, то адзінае абвінавачанне, выстаўленае супроць яго, пабудавана на хісткім грунце і, як давялі эксперты, рассыпалася, а таму падсудны Лабановіч павінен быць апраўданы.

Мяцёлкін сказаў кароткую, лагодную прамову і, па прыкладу Петруневіча, прасіў суд уважыць і маладосць падсуднага і яго пакаранне да суда — зняволенне на год з чвэрцю. Астраўца Мяцёлкін прасіў апраўдаць: падсудны ні ў чым не выявіў свае незаконнае дзейнасці.

Бабека запытаў кожнага з падсудных, ці хочуць яны сказаць сваё слова суду. Падсудныя адмовіліся. Тады старшыня зачытаў суддзям некалькі пытанняў, на якія суд павінен быў сказаць: вінаваты або не вінаваты. Пасля гэтага Бабека абвясціў перапынак на дзве гадзіны. Суд пайшоў у спецыяльны пакой на нараду, прасцей сказаць — на абед, бо спрактыкаваны старшыня ўжо меў у партфелі прыгавор.


XXXVII[правіць]

Лабановіч выйшаў з залы суда з такім адчуваннем, нібы ў яго галаве ляжала цэлая куча намалочанай, але не правеянай збажыны. Так многа было супярэчлівых думак, пачуццяў, вобразаў, уражанняў.

Было ўжо каля шасці гадзін вечара. Зранку Лабановіч нічога не еў і накіраваўся ў рэстаран. Яго прывабіла шыльда «Каўказ». Але нічога каўказскага ў тым рэстаране не было, і нават гаспадар яго мала чым з выгляду адрозніваўся ад Бабекі: тая ж раздвоеная барада, толькі не сівая, а цёмна-русая, і сам рэстаратар быў шчуплейшы.

Андрэй заказаў сабе чарку гарэлкі і катлет. Усё адно: засудзяць — піць не давядзецца, апраўдаюць — заробіць і на выпіўку, і на закуску. Думка аб тым, засудзяць яго ці апраўдаюць, была асноўнай. Праўду сказаць, Лабановіч быў упэўнены, што яго апраўдаюць. Гэту ўпэўненасць падтрымаў і адвакат Петруневіч, калі ў перапынку падышоў да Андрэя і сказаў: «Можаце не трывожыцца — вас павінны апраўдаць».

Выпіўшы чарку гарэлкі і закусваючы катлетаю, без меры салёнаю, Андрэй успомніў крыху раскісшага Уладзіка і моцнага духам Сымона Тургая. «Засудзяць хлопцаў»,— думаў Андрэй. І вялікае спачуванне да іх радзілася ў сэрцы яго. І сапраўды: як жа так? Ён, Андрэй, будзе апраўданы! Перад ім расчыніцца шырокі свет, а іх з суда ізноў павядуць у астрог, пазбавяць волі на невядомы час. Дык лепей няхай і яго, Андрэя, засудзяць разам з імі. І на сэрцы было б спакайней і меў бы праўдзівае ўяўленне аб турме, аб тым, як жывуць у высылцы. Адна справа чуць пра гэта з пабочных крыніц, з мастацкай літаратуры, і іншая справа — перажыць, адчуць на сабе ўсе царскія «літасці» да забітага народа. Толькі б не на доўгі час засудзілі і не разлучылі б з сябрамі.

У Лабановіча было правіла — не пазніцца. Пасілкаваўшыся і расплаціўшыся за падмацунак, Андрэй павольна падыбаў у суд.

Самага важнага суд яшчэ не сказаў. І Бабека, відаць, быў упэўнены, што пакінуты на волі падсудны Лабановіч нідзе не дзенецца, прыйдзе выслухаць прыгавор. Нават крыўдна было ад такіх думак. А што, калі б узяць ды павярнуць аглоблі ў другі бок, далей ад гэтага злавеснага будынка? Пайсці глухімі завулкамі за межы горада, у поле, і накіраваць ступакі свае куды-небудзь на Заслаўе, на Барысаў або на Ігумен? Пачалі б чытаць прыгавор, прачыталі, Бабека адчуў бы сябе ў становішчы дурня. Так летуценіў Андрэй, а ногі неслі яго ўсё бліжэй да будынка земскай управы.

Пры дзвярах стаяў гарадавы.

— Рана яшчэ! — начальніцкім тонам прамовіў ён.

Лабановіч толькі акінуў гарадавога кароткім строгім поглядам і сказаў:

— Можа, каму і рана, а мне якраз упору.— І рашуча сунуўся ў дзверы.

Гарадавы збянтэжыўся: можа, які сышчык або начальства якое? І прапусціў Лабановіча. Праз паўгадзіны ў залу пачала сходзіцца публіка. Цяпер уваход быў вольны для ўсіх.

Бабека быў чалавек пунктуальны. Роўна без дваццаці восем вечара зноў пачуўся громкі голас:

— Устаць! Суд ідзе!

З таго ж самага пакоя і ў тым жа парадку, як і наўперад, ішлі суддзі і саслоўныя прадстаўнікі на чале з Бабекам і маршалкам Ромава-Рымша-Сабурам. Бабека быў яшчэ болей важны, чым раней. Уладзік і Тургай былі своечасова прыведзены і сядзелі на лаве падсудных. Лабановіч сядзеў сярод публікі на ранейшым месцы.

У зале адразу ж запанавала цішыня. Не спяшаючыся, важна ўзняўся з свайго трона Бабека і, трымаючы ў руках ліст паперы, прыступіў да чытання рэзалюцыі суда,— тое самае, што і прыгавор, толькі ў болей кароткай форме. Спачатку глухавата, а далей усё грамчэй чытаў Бабека:

— «1908 года, верасня 15 дня.

Па ўказу яго імператарскай вялікасці Віленская судовая палата, па крымінальнаму дэпартаменту, у публічным судовым пасяджэнні ў складзе (пералічаліся суддзі, саслоўныя прадстаўнікі, пракурор і сакратар), выслухаўшы справу аб сялянах (пералічаліся падсудныя, апроч Астраўца), прыгаварыла сялян Лабановіча, Лявоніка і Тургая заключыць у крэпасць на тры гады кожнага. Судовыя выдаткі па гэтай справе ўскласці на асуджаных пароўну і за кругавою іх адказнасцю, а пры нястатнасці ўсіх іх прыняць на кошт казны. Рэчавыя па справе доказы пакінуць пры справах. Селяніна Мацвея Астраўца лічыць апраўданым па суду».

Як толькі чытанне рэзалюцыі было скончана, Бабека, як арол, акінуў вачамі залу і трубным голасам аддаў загад:

— Асуджанага Лабановіча Андрэя Пятрова зараз жа ўзяць пад варту!

Лабановіч і не апамятаўся, як да яго падбег зусім яшчэ малады і плюгавы на выгляд акалодачны і схапіў за руку.

— Чаго ты скачаш, як пеўнік, і хапаешся за мяне? Я ж не ўцякаю.— Лабановіч спакойна, але з сілаю вызваліў руку.— Арыштаваць не ўмееш — служака! — з насмешкаю прамовіў ён.

У гэты час падышоў плячысты гарадавы. Ён злёгку штурхануў Лабановіча.

— Ну, ідзі! — па-начальніцку скамандаваў ён.

— Вось гэта слова! — азваўся Лабановіч і пад канвоем гарадавога пакінуў залу.

У гэты ж час канвойнікі вывелі Тургая і Уладзіка. Лабановіча далучылі да іх, але гарадавы ад яго не адступаўся. Уводдалі тырчаў акалодачны, болей салідны, чым той, што арыштаваў Андрэя.

Уся працэсія накіравалася ў бок астрога, а ён стаяў якраз насупраць земскай управы. Гаварыць паміж сабой арыштаваным забаранялася. Яны толькі абменьваліся кароткімі позіркамі і сяброўскімі ўсмешкамі.

Андрэю здалося, што яго сябры засталіся задаволенымі прыгаворам суда. Цяпер ужо не прыходзілася гадаць, зазіраць у будучыню, які налучыць лёс. Адбыць тры гады, а там пачнецца новае жыццё.

Хвілін праз дзесяць працэсія спынілася, падышлі да астрога. Высачэзная жалезная брама знізу, метры на два з палавінаю, была зроблена з суцэльнага жалеза, а да самага верху ішлі тоўстыя металічныя штакеціны з вузкімі прасветкамі. Яна адгароджвала будынак астрога і кантору ад знешняга свету. Прабрацца праз браму без належных прыстасаванняў было немагчыма.

Старшы канвойнай каманды пастукаў кулаком. У жалезнай сцяне брамы адчыніліся дзверцы, таксама жалезныя. Адтуль выглянуў вусаты пануры твар астрожнага прываротнага. Зірнуўшы на канвой і на арыштаваных, ён моўчкі прыадчыніў вароты і прапусціў іх у кантору. Там сядзеў Рагоза, дзяжурны памочнік начальніка турмы. Ён прыняў арыштаваных, распісаўся. Канвойнікі выйшлі. Цяпер прыведзеныя ў астрог засуджаныя называліся проста арыштантамі.

— Абыскаць! — загадаў рыжавусы Рагоза з чырвоным ад гарэлкі тварам.

Два наглядчыкі прывычнымі рукамі і спрактыкаванымі пальцамі абмацалі ўсе кішэні і вопратку ад галавы да пят. У Лабановіча забралі складаны ножык, нязменнага спадарожніка грыбных паходаў, бумажнік, у якім хавалася рублёў пятнаццаць грошай. Таксама залезлі ў кашалёк, дзе было з паўрубля дробязі. Бумажнік і кашалёк павытрасалі, грошы палажылі на стол. Усе адабраныя рэчы запісалі ў асобную кнігу.

— Адседзіш свой тэрмін, пры вызваленні атрымаеш,— растлумачыў Рагоза Лабановічу.

— Завесці ўсіх у першую камеру на другім паверсе,— аддаў загад старшы наглядчык Дожджык, падобны з выгляду да вядомага генерал-губернатара Мураўёва.

— Ну, пайшлі! — скамандаваў наглядчык, якому быў дадзен загад весці арыштантаў.

Пераступіўшы парог канторы і праціснуўшыся праз другія вузкія варотцы ў браме, сябры апынуліся на турэмным двары і пачуліся вальней.

— Што, не спадзяваўся? — запытаў Андрэя Сымон Тургай і паціснуў яму крэпка руку.

— І спадзяваўся і не спадзяваўся. Ну, ды чорт іх бяры! Абы разам з вамі на адзін тэрмін,— адказаў Лабановіч.

— Правільна гаворыш, Андрэй! — азваўся весела Сымон.

Ужо было цёмна. Пануры астрог цьмяна асвятляўся газоўкамі, ад гэтага вокны здаваліся сляпымі. На жалезных прутах віселі торбы, клуначкі з арыштанцкім скарбам. Заўважаліся ў вокнах і твары жыхароў гэтага жудаснага дома, аднак здавалася, нібы гэта мітусіліся не людзі, а іх цені. Жыхары цёмнага астрога пазналі прыбыўшых.

— Сымон! Уладзік! — чуліся галасы з розных акон за жалезнымі кратамі.— Колькі далі?

— Драй! — адказаў чамусьці па-яўрэйску Сымон.

Каб папасці на другі паверх у камеру, трэба было прайсці яшчэ адны жалезныя дзверы. Яны расчыніліся з рэзкім бразгатам. Па жалезных прыступках, скупа асветленых начнымі лямпамі, падняліся на першы, а потым і на другі паверх, павярнулі налева. Насустрач ішоў калідорны наглядчык у чорным шынялі. Усё тут было чорнае: і жалезная брама, і вароты, і адзенне наглядчыкаў, і калідор.

— Адчыняй першую камеру! — сказаў наглядчык, што вёў засуджаных з канторы.

Калідорны наглядчык не спяшаючыся ўлажыў ёмкі ключ у замок камеры, адамкнуў, паглядзеў на прыйшоўшых.

— З прыбыткам прыйшлі! — з насміханнем прамовіў ён, акінуўшы вокам Лабановіча.

— Не выскаляйся, Бакіноўскі, пускай у камеру,— строга сказаў Тургай.

— Што, хіба хутка пакідаеш яе? — не сунімаўся Бакіноўскі. Ён шырока расчыніў дзябёлыя, акутыя жалезам дзверы, і хлопцы ўвайшлі ў камеру.

— Ну, вось мы і дома, дзякуй Богу,— пажартаваў Уладзік. З гэтай камеры яго і Сымона павёў канвой на суд.


ХХХVІІІ[правіць]

Малюнак, што паўстаў перад вачамі Лабановіча, ашаламіў яго. Камера была бітком набіта людзьмі, бледнымі, худымі, як шкілеты. Пры цьмяным асвятленні курáвай лямпы камера здавалася бруднай трушчобай, куды сходзяцца нанач цёмныя людзі, аматары глухіх завулкаў і дарог. Даўно беленыя сцены брудна-рыжаватага колеру выглядалі жудасна, прыгняталі. Насельнікі камеры, якіх за доўгі час перабывала тут тысячы, забівалі ў сцены цвікі, каб павесіць свае манаткі. У дзірках каля цвікоў тоўпіліся кучы клапоў са шматлікім патомствам. Пры сцяне каля дзвярэй стаялі збітыя з грубых дошчак паліцы. На іх ляжаў хлеб, арыштанцкія «пайкі», лыжкі і розныя дазволеныя рэчы астрожнага ўжытку. Угары над дзвярамі красаваўся «каляндар», нарысаваны вугалем чатырохкутнік, падзелены на сем клетак. У кожную клетку ўпісвалася чысло, а калі дзень канчаўся, яго перакрэслівалі. Так рабілі, пакуль не праходзіў тыдзень, а потым пісалі новы каляндар. На другой сцяне ва ўсю даўжыню значыўся таксама напісаны вугалем лозунг «У барацьбе здабудзеш ты права сваё!». «Цікава, як гэта эсэры здабываюць тут правы?» — пасміхнуўся Лабановіч.

У камеры сядзелі людзі розных узростаў, нацыянальнасцей і сацыяльнага становішча. Тут былі прадстаўлены ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя, або, як называлі іх у турме, палітыкі. Былі засуджаныя на катаргу, у высылку, у арыштанцкія роты, у крэпасць, як Лабановіч і яго сябры. Былі і такія, што чакалі яшчэ суда. Засуджаныя на катаргу былі апрануты ў арыштанцкае адзенне і закуты ў кайданы, злучаныя доўгім, цяжкім жалезным ланцугом. Каб зручней было хадзіць, ланцуг, згарнуўшы папалам, звычайна падвязвалі да раменнага пояса.

Усё рознамасцёвае насельніцтва камеры гаманіла, гуло, часамі там-сям чуўся закацісты рогат. Многія ў зацятым маўчанні снавалі ў праходзе паміж двух нараў ад дзвярэй да акна і назад. Некаторыя стаялі каля дзвярэй і пазіралі на астрожны калідор праз жалезныя ёмкія пруты, устаўленыя адзін да аднаго на такой адлегласці, што можна было прасунуць між іх руку. Крыху ніжэй прутоў у дзвярах быў прароблены ваўчок, круглая дзірка, каб варта магла бачыць, што робіцца ў камеры. З розных камер на калідоры таксама далятаў прыглушаны шум, чуўся звон і бразгат ланцугоў-кайданаў. Усе камеры былі замкнуты на замок, бо ўжо адбылася паверка, і парашы займалі пачэснае месца каля дзвярэй.

Позна вечарам астрог угаманіўся. Адзін за адным пачыналі класціся людзі на сваіх шчупленькіх казённых сеннічках, умошчваючыся плячо ў плячо на цвёрдых і брудных нарах. Хто клаўся моўчкі, панура, а хто, уладзіўшыся ў сваім берлажку, казаў што-небудзь жартлівае.

— Эх, брат, дзе рай дык рай! Лажыся спаць, калі хочаш, уставай, калі зажадаецца або калі пакліча параша, а то і зусім не ўставай. І ахоўваюць цябе, як генерал-губернатара!..

Перад Лабановічам паўстала пытанне: як прымасціцца на ноч? Сымон і Уладзік прыйшлі на дапамогу: яны ссунулі свае нішчымныя сеннікі ўсутыч і ўлегліся ўсе трое.

— Не дрэйф, Андрэй, заўтра ўладзімся лепей,— падбадзёрваў яго Сымон Тургай.

Уціснуўшыся паміж сяброў, ляжаў Лабановіч на кавалачку сенніка. Скаціцца не было куды: і справа і злева шчыльна ляжалі людзі. У галаве ўсё перамяшалася. Які доўгі быў дзень! Колькі ўражанняў! Часамі здавалася, што гэта — цяжкі пачварны сон, ад якога Андрэй абудзіцца і ўсё знікне. Ён прыгадаў той момант, калі Бабека чытаў прысуд. Тады тры гады зняволення ў крэпасці вялікага ўражання не зрабілі. Андрэй памятае, як ён зірнуў на сяброў і пасміхнуўся. А цяпер, лежачы на цвёрдых нарах, сціснуты жывымі чалавечымі целамі, ён уявіў сабе тры гады: тысячу дзевяноста пяць дзён і начэй! Ён адчуў іх жыва, рэальна. Тры гады сядзець у гэтых брудных сценах, тры гады насіць на сабе кляймо пазбаўленага волі арыштанта! Тры гады быць адарваным ад жыцця, ад народа, ад усяго, з чым зжыўся і што табе міла і дорага!

На нейкі момант стала цяжка-цяжка, нібы апала сэрца. Але Андрэй прыгадаў, што ў гэтай камеры ёсць людзі, пазбаўленыя ўсякіх чалавечых правоў, закутыя ў кайданы і засуджаныя на доўгія гады ў катаргу. З якою радасцю памяняліся б яны на лёс Лабановіча! Гэта разважанне прынесла крыху заспакаенне Андрэю. Але заснуць ён не мог: як наліха, клапы ўчулі свежага чалавека і сталі кусаць часта і моцна.

Паволі камера заспакоілася. Прыціх звычайна шумны астрог. Па-ранейшаму цьмяна гарэлі лямпы. Зрэдку па калідоры крочыў турэмны наглядчык, падыходзіў да ваўчка камеры, прыглядаючыся, што робіцца ў ёй. Найчасцей яму даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі.

Цяжка варочаліся на нарах катаржнікі, пазвоньваючы кайданамі. «Навошта гэты здзек, гэта дзікасць і гвалт над чалавекам?» — думаў, выбіўшыся са сну, Лабановіч.

«Ды не! — запярэчыў ён сам сабе.— Некаму гэта патрэбна. Вось жа і мяне ўпяклі ў астрог, нават не паклапаціўшыся падперці прысуд доказамі. Нездарма казаў Семіпалаў, што ўсё дыктуе палітыка. Так яно і ёсць: зараз спатрэбілася скінуць з царскай дарогі небяспечных людзей, а заадно і такіх, што ў пэўны момант могуць стаць небяспечнымі».

Лабановіч папрабаваў паварушыцца, але гэта было трудна зрабіць, не патрывожыўшы сяброў. Сон абняў усю камеру, можна было вольна разважаць далей.

«Значыць, самаўладства баіцца,— думаў Лабановіч.— Чыноўнікі, салдаты, закон, на варце якога стаіць суд, жандары, паліцэйскія кручкі і шпікі. Здавалася б, грамозная махіна, аднак і ёй можна нагнаць страху. Спалохаліся, што недзе ходзіць па волі беспрацоўны „агарак“! Выходзіць, што і „агарак“ — сіла!» Ад гэтай думкі Лабановіч пачуў сябе мацней і ўсміхнуўся. «У чым жа сіла такіх, як я? — запытаў сам сябе. На гэта ён адказаў, крыху счакаўшы: — Калі ты сам убачыў, што лад жыцця несправядлівы, і адкрыў сяму-таму вочы, дык так пакрысе і ўсе людзі стануць відушчымі. А гэта і ёсць жывая пагроза царызму».

Лабановіч прыгадаў Аксёна Каля з Высокага, што так старанна вучыўся грамаце, потым Шуську і Раткевіча на палявой сцежцы ў Мікуцічах. Далей успомнілася, як чакаў ён Вольгу Віктараўну ў Пінску, як пазнаёміўся з таварышамі Глебам і Грышам. Што з імі цяпер?

Лабановіч абвёў вачамі зняволеных, што покатам ляжалі на нарах, цяжка храпучы і ўскрыкваючы цераз сон. «Пэўна, і тут ёсць людзі, што ведаюць глыбіні і далечы рэвалюцыі. Знойдзецца з кім таварышаваць і павучыцца».

Ва ўяўленні ўсплыла постаць сацыял-дэмакрата Кастогіна ў доме на мінскай ускраіне. «Вось каб давялося яшчэ сустрэцца…»

Перад Лабановічам паўстаў велічны вобраз грознай, хоць і залітай крывёю нядаўняй рэвалюцыі. Паветра дыхала навальніцай, полымя магло ўзгарэцца…

«Значыць, барацьба будзе. Трэба больш гарнуцца да людзей. Тады…»

Што будзе тады, Лабановіч выразна не ўяўляў, але адчуў, што пакіруе сваё жыццё неяк інакш. Такі настрой рашучасці ўзняў яго дух.

Толькі пад самую раніцу моцна заснуў Андрэй, і сон падмацаваў яго. Аднак абудзіўся ён рана, калі Уладзік і Тургай яшчэ спалі. Пры святле дня і камера і насельніцтва яе выглядалі, здавалася, весялей. Лабановіч ляжаў моўчкі, наглядаў за ўсім, што рабілася тут: было цікава прыгледзецца да жыцця, да людзей у новых абставінах. Тым часам то той, то другі паварушваўся на нарах, абуджаўся. Шмат хто з жыхароў камеры пачынаў дзень завілаватаю лаянкаю, ні да каго не адрасаванаю, пасля чаго парадкаваў сваё ложа ды ішоў умывацца. Умываліся над парашаю, бо ўмывальнікі знаходзіліся ў прыбіральні і трэба было чакаць, пакуль адамкнуць камеру. Звычайна к гэтаму часу ўставалі ўсе, апроч самых заядлых лежабокаў.

— Ну, як, старына: выспаўся? — дабрадушна і хітравата запытаў Андрэя Уладзік.

— Дзе тут выспішся, калі ты ўночы скрыгічаш зубамі так, нібы табе на іх трапіў Бабека! — адказаў жартаўліва за Андрэя Сымон Тургай, які ляжаў з другога боку.

— Нічога, Уладзік, трохі паспаў… Жыць можна,— махнуў рукою Лабановіч.

— Будзем падымацца, чорт ім тата! — прамовіў Тургай і прысеў на нары.

Як вымагаў камерны парадак, заведзены самімі зняволенымі, сябры падгарнулі свае сеннікі бліжэй да сцяны і накрылі грубымі казённымі коўдрамі, зробленымі немаведама з якога матэрыялу.

Тым часам наглядчык адамкнуў камеру і выпусціў усіх «на апраўку». У камеры былі свае дзяжурныя — вынесці на дзень і прынесці на ноч парашу. Асобны дзяжурны быў для падмятання камеры і для наглядання за агульным парадкам у ёй. Дзяжурылі па чарзе, прычым дзяжурны меў пэўную ўладу. Напрыклад, калі ён падмятаў праход паміж нарамі, дык мог загадаць сесці на нары, каб не заміналі. І ўсе павінны былі слухацца яго, хто б ён там ні быў.

Разам з усім насельніцтвам камеры Лабановіч выйшаў на калідор, які цягнуўся праз увесь будынак астрога. Усе астатнія камеры былі зачынены, людзей выпускалі па чарзе. Невялікія акенцы ў адным і ў другім канцы калідора давалі мала святла. Ад таго, што сцены былі афарбованы напалавіну ў чорны колер, здавалася яшчэ цямней.

Уладзік і Сымон, як «старыя арыштанты», былі кансультантамі і паведамілі прыяцелю шмат цікавага з астрожнага побыту, напрыклад, пра камеры ў вежах. На астрожнай мове яны называліся «дваранскімі». Туды звычайна саджалі людзей важных: чыноўнікаў, пачынаючы з калежскіх асэсараў, паноў, калі ім даводзілася пападаць у астрог. Траплялі туды таксама і палітыкі, калі яны мелі вагу і не пустыя кішэні. У «дваранскіх» камерах было святлей і весялей. І рэжым там іншы: увесь дзень дзверы былі адчынены. Замест цвёрдых нар стаялі выгодныя тапчаны, паліліся печы, дзе можна было гатаваць сабе смачную страву, грэць чай і наогул песціць сваю асобу. Папасці ў такую камеру звычайнаму смяротнаму было цяжка. Для гэтага трэба было мець заруку за сценамі астрога, каб добра дагадзіць адміністрацыі, або такія сродкі, якія расчынілі б дзверы ў «дваранскую» камеру. На гэтым грунце, як апавядалі «старыя арыштанты», вынікалі часамі смешныя праявы.

Неяк у адну з «дваранскіх» камер, дзе было вольнае месца, імкнуліся папасці два прэтэндэнты: эсэр і анархіст. Паміж імі пачалося змаганне. Адміністрацыя не спяшалася аддаваць каму-небудзь перавагу. Яна проста брала «падаткі» з аднаго і з другога да таго часу, пакуль хто-небудзь не перакрываў у значнай меры свайго канкурэнта. У першай камеры, дзе ўсё гэта было вядома, з цікавасцю сачылі за барацьбой кандыдатаў у «дваране». Па камеры праносілася чутка:

— Барыс (эсэр) сягоння даставіў у кантору тры фунты масла.

На гэта адказвалі:

— Што там тры фунты масла! Анатоль (анархіст) заслаў туды з паўпуда мёду.

Масла і мёд падхватваліся на языкі і служылі тэмаю для жартаў і смеху. Украінскую песню «Узяў бы я бандуру» перайначылі і спявалі:


Узяў бы дзежку мёду

Ды ў кантору даў.

Скажуць арыштанты —

Дваранінам стаў.


Верх узяў Барыс. Праз некаторы час ён пераносіў свае манаткі на новае месца, а з другіх камер выгуквалі:

— Дваранін! Дваранін!

— Барыс, колькі каштавала табе дваранства?


XXXIX[правіць]

За два-тры тыдні Лабановіч азнаёміўся з астрожным жыццём у агульных рысах. Адгароджанае ад усяго свету высокімі сценамі, паўздоўж якіх удзень і ўночы хадзіла варта, загнанае ў цесны, смуродны астрог, акуты ў жалеза, гэтае жыццё было нецікавае, аднастайнае. Заведзены парадак не парушаўся ў сваіх асновах. Раніцаю, у пэўныя гадзіны, адбывалася паверка. Дзяжурны наглядчык з шумам расчыняў дзверы камеры і камандаваў:

— Смірна! Устаць на паверку!

У камеру ўваходзіў дзяжурны памочнік начальніка астрога, старшы наглядчык Дожджык, які здаўся Лабановічу з першага погляду падобным да Мураўёва-вешальніка.

На паверку падымаліся не адразу. Спачатку каманду дзяжурнага наогул не слухалі. Толькі той-сёй з самых адпетых падлізнікаў, хочучы падслужыцца да начальства, станавіўся навыцяжку, як салдат, пасярод камеры. Пасля таго як адбывалася паверка, камеры па чарзе адмыкаліся, арыштанты выходзілі на калідор, ішлі ўмывацца, прыводзіць сябе ў парадак. Вечарам, зрабіўшы паверку, наглядчыкі замыкалі камеры на ўсю ноч да наступнай раніцы.

У пэўны час прыносілі з пякарні хлеб. Пякарня была свая, арыштанцкая. Хлеб загадзя рэзалі на «пáйкі» ў прысутнасці другога старшага наглядчыка, Алейкі: ён сам кідаў «пáйкі» на вагу. Кавалак хлеба, стукнуўшыся ў талерку вагі, цягнуў яе ўніз, быццам бы «пáйка» важыла болей нормы — два з палавінаю фунты. Алейка быў спрытны махляр і нажываўся на арыштанцкім хлебе, гароху, капусце і сале.

У турме быў устаноўлены штат арыштантаў: разносчыкаў хлеба, кіпню і гарачай стравы ў абед. Хлебапёкамі, кухаркамі, калідорнымі, падмятайламі былі толькі крымінальнікі, пераважна кароткатэрміновыя. Кожны крымінальнік лічыў вялікай радасцю і гонарам папасці ў гэты штат. Адна толькі пасада, пасада падмятайлы, не дужа карысталася павагаю з боку арыштантаў. На справе ж падмятайлу было шмат весялей мець справу з венікам і памяцельнікам, з ачысткаю прыбіралень, чым сядзець увесь дзень у камеры. Апроч таго, падмятайла меў болей шырокія зносіны з людзьмі, з тымі ж арыштантамі, мог зрабіць ім сякую-такую паслугу і сам здабыць што-колечы.

Ды які цяжкі ні быў астрожны парадак, як ні абмежавана была воля астрожнікаў, загнаных, як звяры, у цесныя клеткі, усё ж і тут жыццё, чалавечыя пачуцці і імкненні выбіваліся на свае прасторы.

Сярод крымінальнікаў быў малады, крэпкі, як дуб, чалавек, поўнаўладны гаспадар у сваёй камеры. Уперадзе яго чакалі блуканні па перасыльных астрогах і доўгія гады катаргі. Але на яго твары ніколі не адбівалася і ценю пакуты, горкай развагі. Часамі на яго находзіла такая хвіліна, калі чалавеку хочацца разгарнуцца ва ўсю шырыню натуры. Не стрывае душа, нейкая бура падхопіць яе, і ён, расчысціўшы сабе месца ў камеры, пускаецца ў скокі. Ногі закуты ў цяжкія кайданы, а ён скача лёгка, прыгожа, выкрунтасіста. У гэтым была для яго асаблівая асалода, натхненне. Ён так умеў падзвоньваць сабе самому ланцугамі, падбіраць тоны, што гэты звон замяняў яму музыку, адпавядаючы ўласнаму настрою. І калі чалавек скакаў, яго рухі захоплівалі ўсіх. Размераны і нават музычны звон і бразгат ланцугоў разлягаўся па калідоры, далятаў у іншыя камеры. Да ваўчка падыходзілі дзяжурныя наглядчыкі, глядзелі, любаваліся бурнымі, нястрымнымі рухамі катаржніка Івана Гудзілы. Быць можа, ён выказваў гэтым свой пратэст супраць няволі і несправядлівасці грамадскага ладу, які зрабіў з чалавека злачынцу.

Вечарамі, калі камеры замыкаліся на ўсю ноч, зняволеныя прараблялі розныя цікавыя штукарствы, напрыклад, падыманне чалавека кончыкамі пальцаў або падыманне самога сябе на нары. Для гэтага трэба было падацца ўсім целам пад нары, а рукамі трымацца за іх край. Гэты нумар быў даволі трудны, і мала каму ўдавалася прарабіць яго. Падымалі чалавека кончыкамі пальцаў так. Пасярэдзіне камеры станавіўся хто-небудзь са зняволеных, пажадана чалавек ёмкі. Да яго падыходзілі пяць чалавек: двое падкладалі пальцы пад наскі, двое — пад локці і пяты — пад бараду. Па камандзе «падымай!» усе браліся гуртом, узнімалі чалавека досыць высока і насілі яго па камеры.

Каб насмяяцца з неспакушанага новапрыбыўшага чалавека, які на арыштанцкай мове называўся лабуком, рабілі так. Адзін чалавек клаўся ніцма на сяннік на нарах, другі лажыўся на яго спінаю. Наверх укладалі трэцяга, таго, з каго і хацелі паздзекавацца. Той, што ляжаў пасярэдзіне, хапаў ахвяру за рукі, а нагамі заціскаў ёй ногі. Тады падыходзіў які-небудзь спец па часці стаўляння «банек», агаляў верхняму жывот і ставіў «банькі»: біў дзервяною лыжкаю па адцягнутай скуры.

Забаўляліся людзі, як умелі, як маглі і як дазвалялі абставіны. Той год, калі Лабановіч прыйшоў у турму, асабліва апошнія месяцы, быў годам узмацнення рэакцыі. Усе прывілеі, якімі на першых часах карысталіся зняволеныя, паступова касаваліся. Астрожная адміністрацыя пачынала ўводзіць жорсткі рэжым, часта рабіла вобыскі, адбірала розныя рэчы, патрэбныя ў штодзённым абыходку, як самавары, нажы. Забіралі і кнігі, калі яны мелі хоць у найменшай ступені прагрэсіўны характар. Зняволеных вылучалі па катэгорыях і размяшчалі па асобных камерах.

Разам з групай іншых засуджаных у крэпасць у асобную камеру трапілі і нашы сябры. Зняволеных там было няшмат, чалавек сем-восем. Але гэты лік мяняўся: адны прыбывалі, другія выходзілі на волю, адбыўшы свой тэрмін. На агульны турэмны кацёл «крапаснікоў», як іх называлі, не залічвалі і харчоў не выдавалі. Замест гэтага на кожнага адпускалі па дзесяць капеек у суткі.

Перабраўшыся на новае месца, Уладзік па-гаспадарску акінуў камеру вокам і сказаў да сяброў:

— Тут, браткі, і занятак знайсці сабе можна: падвучыцца і па выхадзе на волю здаць экзамен на атэстат сталасці.

— Маладзец, Уладзік, што не дрэйфіш і пазіраеш далёка наперад,— пахваліў яго Сымон Тургай і з хітраватай усмешкай звярнуўся да Лабановіча: — Праўда, Андрэй: Уладзік цвяроза глядзіць на рэчы?

На гэта Лабановіч адказаў:

— Уладзік быў і застаўся чалавекам справы і мудрай жыццёвай практычнасці. І мне хочацца ў сувязі з гэтым расказаць пра адно здарэнне. Нейкія вандроўнікі падышлі да глыбокай рэчкі. Ні броду, ні моста не было. Плаваць яны не ўмелі і вады баяліся. На беразе ляжалі круглякі. Адзін з вандроўнікаў, найболей кемны, скаціў кругляк у рэчку, потым зняў камашы, сеў верхам на бервяно, а ногі прывязаў да бервяна, каб не з’ехаць у ваду. На сярэдзіне рэчкі кругляк перакруціўся, плавок бухнуўся галавою ў ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору! Спадарожныя стаялі на беразе, пазіралі і казалі: «Глядзі ты, які змыслы наш Яшка: рэчкі не пераплыў, а панчохі ўжо сушыць».

Уладзік заўважыў:

— Я, брат, з кругляка не з’еду! А там, глядзіш, перажыў дзень, і воля бліжэй. Вось канчаецца, дзякаваць Богу, месяц, значыць — адну трыццаць шостую часць няволі і скінулі з плячэй. Так ці не так?

— Так, так, Уладзік! — пацвердзілі Сымон і Андрэй.

— А калі так, давайце падумаем, як латвей арганізаваць наша жыццё ў астрозе.

Уладзік запрапанаваў стварыць камуну, каб усе грыўні былі ў адных руках і каб адзін чалавек меў права са згоды ўсіх іншых распараджацца гэтымі грашамі.

Усё насельніцтва новай камеры абмеркавала Уладзікаву прапанову і пастанавіла: Уладзіка выбраць за аконама, каб ён вёў харчовую справу — выпісваў праз Дожджыка прадукты. Заставалася выбраць і свайго кухара. Па турэмнаму статуту «кухару» ад асуджаных у крэпасць дазвалялася хадзіць на астрожную кухню і гатаваць абеды. Кухарам назначылі Сымона Тургая: ён быў калідорным старастам, але ахвотна згадзіўся ўзяць на сябе і новую ролю, набыўшы такім чынам і другую пасаду.

Так пачалося новае жыццё асуджаных у крэпасць, адбываўшых сваю кару ў мінскім астрозе.


ХL[правіць]

Аднастайнасць астрожнага побыту крыху ажыўлялася, калі ў камеру прыбывалі новыя засуджаныя. Траплялі сюды людзі розных прафесій і сацыяльнага стану: дробныя чыноўнікі, пісарчукі, чыгуначнікі і іншыя так званыя інтэлігенты. Аднойчы прывялі нават канакрада з-пад Ракава, нейкага Касперыча, маладога, малапісьменнага, але хітрага лодара. Ідучы ў раздабыткі па часці канакрадства, Касперыч браў з сабою пракламацыі. Калі ён пападаўся на кражы, яго спачатку моцна білі, а потым вялі ў паліцыю. Пры вобыску выяўлялася, што Касперыч не канакрад, а «палітык». Канакрада судзілі за пракламацыі, як палітычнага злачынцу, а яму толькі гэта і трэба было. Апошні раз Касперыча замест доўгатэрміновай катаргі засудзілі ў крэпасць на дзевяць месяцаў. Касперыч вылажыў сваю праграму дзейнасці перад жыхарамі камеры, весела пасмейваючыся з уласнай хітрай выдумкі.

— Да якой жа палітычнай партыі належыш ты? — запытаў яго з сур’ёзным выглядам Сымон Тургай, ледзь стрымліваючы смех.

— Мая партыя — ратуй сам сябе,— адказаў Касперыч, пазіраючы на Тургая маленькімі свінымі вочкамі.

— Значыць, ты — аднабокі анархіст-індывідуаліст? — заўважыў Уладзік.

— А мне ўсё роўна які, хоць бы сабе і аднабокі,— азваўся Касперыч.

У камуну яго не прынялі, дый сам ён да яе не гарнуўся і жыў на сваю грыўню. Крыху разгледзеўшыся і зарыентаваўшыся ў нязвыклай абстаноўцы, Касперыч аднойчы запытаў Уладзіка:

— Колькі чалавек можа з’есці сырога сала?

Уладзік засцярожліва паглядзеў на Касперыча, спадзеючыся нейкага падвоху. А для «старога» арыштанта даць ашукаць сябе лічылася ганьбаю.

— Галоднай куме хлеб на ўме? — хітра пасміхнуўся Уладзік.

— Можа, і так,— абыякава прамовіў Касперыч і паўтарыў пытанне: — Не, не на жарты: колькі чалавек здужае з’есці сырога сала?

— Гледзячы, які чалавек і якое сала,— адказаў Уладзік.— Я, напрыклад, выгаладаўшыся, з’еў бы фунтаў са два.

— Два фунты! — зняважліва адклікнуўся Касперыч.— А я магу з’есці сем фунтаў!

— А не разарве цябе? — не паверыў Лабановіч і сказаў Сымону Тургаю: — «Палітык» бярэцца з’есці сем фунтаў сырога сала!

Сымон хадзіў па камеры і не зварачаў увагі. Пасля запытання Лабановіча ён спыніўся.

— А чорт яго ведае, які ў «палітыка» трыбух.

Касперыч рашуча сцвярджаў сваё і гатовы быў ісці ў заклад.

Каля Уладзіка і Касперыча сабраўся цэлы гурт. Нават Аляксандр Галубовіч, пераважна сур’ёзны, маўклівы, замкнёны ў сабе чалавек, піцерскі рабочы, бальшавік па сваіх палітычных пераконаннях, далучыўся да грамады таварышаў па камеры.

— Калі нават і з’есць, дык вырве з яго,— сказаў Галубовіч.

Спрэчка ўсё больш разгаралася.

— Дык што, хлопцы, рызыкнём хіба? Як, Уладзік, рызыкнём? — звярнуўся Тургай да сяброў і да «аконама».

Уладзік выдаў кавалак сала з агульных запасаў, Сымон Тургай адважыў на кухні сем фунтаў і аддаў Касперычу. Той узяў з паліцы невялікі кавалак хлеба, сеў на нары і пачаў есці. Ён еў прагавіта: адрываў, як воўк, зубамі ёмкія порцыі сала, разам з кавалачкам хлеба. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Ён варушыў сківіцамі, як жорнамі, малоў сала і хлеб, а потым, таксама па-воўчы, глытаў іх. І вочы яго блішчалі, як у воўка. З кожным разам сала заставалася ўсё меней і меней.

— Усё змеле! — расчаравана сказаў Уладзік.

І сапраўды, Касперыч залажыў у рот апошні кавалак хлеба і сала, не спяшаючыся пачвакаў, глынуў з выглядам пераможцы і нават засмяяўся.

— О,— сказаў ён,— цяпер аж да заўтрашняга можна трываць!

Тургай гучна зарагатаў.

— Ось прожар дык прожар!

А Касперыч, як і нібыта таго, пагульваў па камеры і пасміхаўся.

Касперыч адседзеў свае дзевяць месяцаў і выйшаў на волю. У памяці аб ім толькі ўсяго і засталося, што сем фунтаў сырога сала ды свіныя вочкі і сківіцы, якія варушыліся, як камяні ў жорнах.

Сярод кароткатэрміновых зняволеных часамі пападаліся аматары, што любілі шмат гаварыць і наплесці з тры кашалі рознай хлусні. Свае выдумкі для ўзвелічэння саміх сябе яны падносілі як сапраўднасць. Іх слухалі, нават заахвочвалі, каб даць разалгацца яшчэ болей. Па-астрожнаму такіх людзей проста называлі залівакамі, ад выразу — заліваць кулі, што значыць ілгаць.

Да залівак належаў нядаўна прыведзены ў камеру Зыгмусь Зайкоўскі. Гэта быў просты чалавек гадоў трыццаці, сталяр па прафесіі. Асвойтаўшыся ў камеры, Зайкоўскі садзіўся каля стала на нары, скручваў ёмкую цыгарку з грамадскай махоркі, а яна стаяла ў памястоўнай скрынцы, смачна зацягваўся і расказваў аб сваіх прыгодах.

Адно такое апавяданне запомнілася Лабановічу.

Аднойчы Зыгмуся, так расказваў ён, затрымалі несвядомыя сяляне за агітацыю супроць царскіх парадкаў і пасадзілі ў пусты свіран. Сядзець там Зайкоўскі не хацеў. Вось і пачаў ён снаваць з кутка ў куток. Спачатку было цёмна, а потым вочы прыгледзеліся і сёе-тое можна было разабраць. Абмацаў Зыгмусь усе дошкі ў падлозе. Яны былі тоўстыя і шчыльна прыбіты плінтусам. Не было за што зацяць не толькі рук, але і пальцаў. План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпадаў. Але Зыгмусь цвёрда пастанавіў выбрацца. Ён зладзіў падмостак, узлез на яго, агледзеў столь. Падмостак быў нетрывалы, уперціся ў яго, каб плячамі ўзадраць дошку, было немагчыма. На шчасце, у свірне стаяла дзябёлая дубовая кадушка. Зыгмусь павярнуў яе дном угору, узлез, зрабіў спробу: угнуў галаву, а хрыбецінай і плечуком налёг на дошку. Дошка падалася і зарыпела. Зыгмусю аж страшна стала: а што, як пачуюць? Але навокал было ціха. Зыгмусь падняў дошку яшчэ вышэй. З гары за карак пасыпаўся пясок і розная дрэнь. Ну, ды ліха з імі! Праз хвіліну Зайкоўскі быў ужо на гары. Паслухаў — ціха. Тады ён прадраў страху і праз дзірку шуснуў на зямлю, а там яго толькі і бачылі.

Скончыўшы расказваць, Зыгмусь сам першы громка зарагатаў.

— І ўцёк?! — у вялікім здзіўленні і з робленым захапленнем выгукнуў Сымон Тургай.

— Ну ж і лаўкач! — абазваўся Уладзік.

— Ды ты ж асілак: узадраў хрыбецінаю дошку! — таксама здзівіўся і Лабановіч.

— А ты што думаў! — узнёсла прамовіў Зыгмусь і яшчэ з большым пыхам дадаў: — Ды гэта яшчэ не ўсё!

— Што ты кажаш?! — выгукнулі ўсе разам.

— А вось слухайце. Апынуўся гэта я на зямлі, азірнуўся, прыгнуўся і шусь — у каноплі! Разорамі, загуменнямі выбраўся з вёскі і напрасткі — у хмызняк! І — на дарогу. Наперадзе, бачу, лес, ды далекавата. Бегчы на ўсю шпаркасць не выпадае: згледзяць, адразу дагадаюцца. Трэба ж і кемлівасць мець. І што вы думаеце? Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Дагоніць, не дабягу да лесу! Дух займае, бягу, а пагоня ўсё бліжэй. Ззаду ж за конікам з пяць мужыкоў! Чэшуць навыперадкі! Што рабіць?

— Ой! Гэта проста трагічна! — спачувальна ўздыхнуў Тургай.— Кажы, што далей!

Зыгмусь правёў пальцамі па вусах.

— Бачу — густы лазовы куст пры дарозе. Я — у куст! I не ведаю, што будзе далей. Мужык, думаю, у куст з канём не ўедзе. У момант разгледзеўся: ад куста канаўка ў бок дарогі. А паўздоўж дарогі яна і шырэйшая і глыбейшая і ўся зарасла травою. Я з куста — у канаву! Папоўз. Дапоўз да дарогі. Кудлаты мужык спыніў каня, закінуў яму на шыю павады, а сам — на зямлю! Спыніўся, махнуў мужыкам рукою: — тут, бач, злачынец! А я вось-вось каля кудлатага мужыка. Ён асцярожна абыходзіць куст. Конь хрумстае траву на ўзбочыне дарогі каля саменькага мяне. Павады з’ехалі з шыі — ледзь не на галаву мне! Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Толькі і бачылі мяне!

— Ну, Зыгмусь! Герой ты, далібог, герой! — не ўтрываў Сымон і міргнуў сябрам. А гэта быў знак — выкрыць і высмеяць самахвальства Зайкоўскага.

Выкрыванне і высмейванне вяліся тым жа парадкам, якім карысталіся «залівакі»: гаварыць самыя неверагодныя рэчы ды ў яшчэ большых памерах.

— Такія прыгоды рэдка з кім здараюцца,— нібы з зайздрасцю пачаў Уладзік.— Ды не ў прыгодах справа, самае важнае, як будзе трымацца чалавек. Кемлівасць, вынаходніцтва — вось што ўратавала Зыгмуся… Мне таксама хочацца расказаць пра адно здарэнне. Пайшоў я неяк пад восень збіраць грыбы. Зайшоў у лес. Бачу — старая хвоя, а ў хвоі дупло. Узлез на хвою: што там у дупле робіцца? Засунуў руку, а мяне за палец — цоп нейкі звярок! Аж кроў пайшла. Я абматаў руку торбачкаю ды ізноў у дупло! Злавіў за хіб нейкага звярка і цягну яго. Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! — ды на дол. Засунуў руку ізноў — другая куніца! Я і яе такім жа манерам — стук аб хвою ды ўніз. І ведаеце? Шэсць куніц выцягнуў з дупла! Звязаў я іх за хвасты, перакінуў праз плячо ды патарабаніў дамоў. Па тры з палавінаю рублі шкурку прадаў! Што скажаш, Зыгмусь?

Зыгмусь даўжэй зацягнуўся махоркаю і апусціў вочы, гадаючы, што адказаць на запытанне і як наогул паставіцца да апавядання Уладзіка. Ды Лабановіч папярэдзіў Зыгмуся.

— Ты — аконам, і прыгоды твае аконамскія,— сказаў ён Уладзіку.— Са мною не такі быў выпадак, праўдзівей, са мною і з маім бацькам. Бацька мой быў пчаляр. На лета завёз ён пяць вулляў бліжэй да лесу, каб зручней было пчолам насіць мёд. І вось аднойчы, надвячоркам, чую: раве нешта, ды так, што аж зямля гудзе. Зірнуў я — бачу, бацька трымае за хвост вялізнага звера і цягне да сябе. Я дагадаўся, што гэта мядзведзь прыйшоў паласавацца мёдам. Бацька цягне мядзведзя назад, а ён тужыцца наперад. I чую я — гукае бацька: «Андрэй! бяры лейцы ды бяжы сюды!» Я заскочыў у сенечкі, схапіў лейцы ды на пчольнік! Прыбег — бацька цягне мядзведзя за хвост. Мядзведзь упіраецца і арэ лапамі зямлю, як сахою. «Закідай пад жывот лейцы!» — крычыць бацька. Я спрытна закінуў лейцы, зрабіў пятлю, каб не скінуліся. «Цягні!» — камандуе бацька. Ён цягне мядзведзя за хвост, а я за лейцы. Пачуў гэта мядзведзь ды як рванецца! Адарваў хвост! Бацька з хвастом на спіну паваліўся і ногі задраў. Я адзін трымаю звяругу. А ён яшчэ мацней рвануўся. Я нагамі па калені ў зямлю закапаўся. І раптам лейцы — трэсь! Толькі кончыкі ў маіх руках засталіся. Сарваўся мядзведзь і паджгаў у лес. Замест хваста пару ляйчын павалок з сабою. Падняўся бацька з зямлі, паківаў галавою: шкада, што мядзведзя выпусцілі. А потым кажа мне: «Ну, сынок, цяпер мядзведзь па мёд хадзіць не будзе».

Дзед Юзафовіч, белавусы сямідзесяцігадовы чалавек, сапраўдны аконам, засуджаны ў крэпасць на адзін год, ляжаў на нарах, залажыўшы рукі за галаву, слухаў ды пасмейваўся.

Іван Сарока, спрытны мужычок з-пад Астрашыцкага Гарадка, не зварачаў увагі на ўсе гэтыя плявузготы, сядзеў каля падаконніка і шавецкім нажом — нож узычыў яму шавец Лазар Мардуховіч, малады хлапец, засуджаны ў крэпасць на паўтара года,— рэзаў скарынкі хлеба на дробненькія кавалачкі, каб пакарміць галубоў. Яны зляталіся на падаконнік цэлымі чародамі.

— Ось, чэрці шарачковыя! — азваўся Тургай на расказы сяброў.— Што ж мне сказаць пасля гэтага? Хіба пра свайго дзеда? Мой дзед важыў адзін пуд і адзін фунт… Што вы смеяцёся? Далібог, праўда: адзін пуд і фунт! Баба мая, бывала, возьме яго пад паху і нясе, як абмалочаны аўсяны сноп. А спачатку дзед быў чалавек ёмкі, дужы. Калі б Андрэеў бацька паклікаў не Андрэя, а майго дзеда, дык яны мядзведзя не выпусцілі б. Ды вось якое ліха здарылася з дзедам. Паснедаў ён на Сёмуху ды пайшоў пад вішню ў халадок адпачыць. А ўстаў, пачуў, што нешта не далягае ў вуху. I пачаў ён з таго дня сохнуць. Сох, сох, аж покі ад яго не застаўся адзін пуд і адзін фунт. На галаву скардзіўся дзед: баліць і шуміць у галаве. Павезлі дзеда ў бальніцу. Агледзелі яго дактары, выслухалі, а потым кажуць: «Аперацыю трэба рабіць: у мазгах нешта завялося». Зрабілі дзеду аперацыю: падрэзалі накрыватку на галаве, чэрап, ну, як на кавуне скарынку. Як толькі паднялі накрыватку, з дзедавых мазгоў — скок жаба! Не верыце? — Тургай стукнуў сябе кулаком у грудзі і з самым сур’ёзным выглядам пабажыўся, што гэта праўда.— Аказалася вось што,— тлумачыў далей ён,— калі дзед ляжаў у халадку, яму ў вуха залезла малюсенькая жабка. З вуха перабралася ў мазгі, смактала іх і гадавалася.

Аляксандар Галубовіч, шнуруючы з аднаго канца камеры ў другі, з прытоенаю ўсмешкаю прыслухоўваўся да неверагодных падзей, аб якіх расказвалі Андрэй і Уладзік. А калі Сымон Тургай пачаў апавяданне пра свайго дзеда, Галубовіч прыпыніўся каля слухачоў і прысеў разам з імі. Пасля нечаканага фіналу, якім скончыў Тургай сваё апавяданне, Галубовіч громка зарагатаў. Дый нельга было не смяяцца, гледзячы на сур’ёзную Сымонаву міну, з якой выдаваў ён лухту за праўду.

— Не звяліся яшчэ цуды на нашай зямлі,— гаварыў, рагочучы, Галубовіч.

— Закасаваў ты, брат Сымон, усіх нас: і Зыгмуся, і Уладзіка, і мяне,— сказаў Лабановіч, таксама не могучы ўтрымацца ад смеху.

Сябры весела смяяліся. Да агульнай весялосці далучыўся сам Зыгмусь Зайкоўскі і шмат хто з таварышаў.

Жыхары камеры асцерагаліся потым хадзіць сцежкамі Зыгмуся Зайкоўскага.


ХLІ[правіць]

Аляксандар Галубовіч займаў своеасаблівую пазіцыю. Ён мала калі прымаў удзел у забаўках сяброў па камеры. Часам цэлымі гадзінамі ляжаў на нарах з кніжкаю ў руках. Кнігі ён літаральна глытаў, даставаў іх шмат. Па ўсім было відаць, што ён мае сувязі за сценамі астрога.

Калі да Галубовіча зварачаўся хто-небудзь з сяброў з запытаннем, ён лагодна і жычліва адказваў, тлумачыў незразумелае, а за жарт плаціў дасціпным дабрадушным жартам.

Падняўшыся з нараў, Галубовіч браўся за свой абыклы занятак — мераў крокамі камеру, мусіць, разважаў над прачытаным. На твары яго клаўся адбітак нейкай неспакойнай думкі. Потым аблічча яго праяснялася, Аляксандар развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры.

— Ну, што, дружок? Пусцім дымок? — казаў Галубовіч, лагодна ўсміхнуўшыся.

Сябры садзіліся каля тытунёвай скарбонкі і закурвалі. Яны не распытвалі Галубовіча, чаму ён часамі такі маўклівы і сур’ёзны. А Галубовіч, нахадзіўшыся, пакурыўшы, трохі пажартаваўшы, садзіўся на нары і доўга запісваў нешта ў ёмкі сшытак.

Андрэй аднойчы ўбачыў, што Аляксандар Галубовіч вырваў напісанае са сшытка, улажыў у пераплёт кнігі і перадаў яе на пагулянцы аднаму з крымінальнікаў.

Андрэя цягнула да гэтага чалавека. Галубовіч таксама ставіўся да яго больш уважліва, хоць выразна гэтага не паказваў, а часцей зварачаўся да Уладзіка і дабрадушна падсмейваўся з яго.

Уладзік жа строга прытрымліваўся ім самім заведзенага ладу. Кожны дзень раніцаю ён займаўся гімнастыкаю «па Мюлеру». Гімнастыка гэта была зручна тым, што ёю можна было займацца і ў астрозе. Складалася яна з цэлага рада розных практыкаванняў. Пачыналася з таго, што гімнаст станавіўся пасярод камеры, шырока расстаўляў ногі, а рукі клаў на пояс. Наўперад ён нагінаўся, пругка трымаючы паясніцу, потым адкідаўся назад, затым нахіляўся налева і направа. Другое практыкаванне складалася з таго, што, не знімаючы рук з пояса, Уладзік пакручваўся вакол свае восі то ў правы, то ў левы бок, наколькі хапала змогі. Далей у ход пускаліся рукі і ногі. Кульмінацыйны пункт гімнастыкі заключаўся ў тым, што гімнаст клаўся на падлогу, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, абапіраўся на пальцы рук і на наскі. На кончыках пальцаў трэба было падымацца і апускацца дванаццаць разоў. Гэта лічылася рэкордам. Выконваючы такое практыкаванне, Уладзік моцна ўдыхаў і выдыхаў паветра носам. Прарабіўшы ўвесь комплекс гімнастыкі, ён стамляўся, пасля чаго казаў:

— А цяпер папіць кіпяточку.

Сырой вады Уладзік, ахоўваючы здароўе, не піў, у яго заўсёды была ў запасе гатаваная.

Стары Юзафовіч, лежачы на нарах, наглядаў, як мардаваўся Уладзік. Часамі ён не вытрымліваў і лагодна, па-бацькоўску, казаў:

— Эх, сынку, маеш кроплю здароўя і сілы, дык шануй іх, бо гэтак доўга не надыхаеш.

Пасля ранішняй зарадкі і снедання Уладзік прымошчваўся каля стала, браў падручнікі па лацінскай мове і па алгебры. Пазаймаўшыся старанна з гадзіну, Уладзік завучваў некалькі лацінскіх слоў, сказаў, склонаў, пасля чаго рабіў перапынак і пытаў дзеда Юзафовіча:

— Скажы, дзед, што значыць: «Dentibus crepitavit»?

Дзед адмоўна круціў галавою:

— А Бог яго ведае, сынку! Можа, ксёндз адказаў бы на гэта.

— А гэта, дзеду, значыць,— з выглядам прафесара тлумачыў Уладзік,— зубамі скрыгіча!

— Я во і гляджу, што ты, сынку, скрыгічаш уночы зубамі! — адказвае дзед Юзафовіч.— Кінь, дзеткі, і гэта сваё мардаванне і гэту навуку — здаравейшы будзеш!

Уладзік сапраўды часта ўночы скрыгітаў зубамі.

У хуткім часе захапленне латынню прайшло. Засталося ад яе ў памяці Уладзіка ўсяго некалькі слоў і сказаў, якімі ён карыстаўся ў некаторых выпадках. Калі, напрыклад, трэба было сказаць, што ўсё на свеце нетрывала, што ўсё праходзіць або забываецца, дык ужываўся сказ: «Siс transit gloria mundi» — так праходзіць слава зямлі.

Таксама як і Сымон Тургай, Уладзік пачаў болей захапляцца матэматычнымі навукамі. Да іх на некаторы час далучыўся і Андрэй Лабановіч. Адносна латыні Сымон і Андрэй прытрымліваліся слоў Пушкіна: «Латынь из моды вышла ныне», хоць ад Уладзіка і самі непасрэдна з падручніка перанялі некалькі лацінскіх выслоўяў.

Кожны з насельнікаў камеры меў свой занятак і праводзіў час так, як лічыў для сябе найбольш мэтазгодна.

Іван Сарока не толькі цэлымі гадзінамі сядзеў каля закованага ў жалеза акна і крышыў для галубоў счарсцвелы арыштанцкі хлеб. Сарока лічыўся майстрам на ўсе рукі: дома ён быў добрым гаспадаром і нават аграномам. Усім цікавіўся, да ўсяго даходзіў сам, сваёю галавою. Калі галубы былі накормлены так, што ўжо болей не ляцелі на падаконнік, Сарока знаходзіў сабе іншы занятак. Ад людзей, галоўным чынам тых, што сядзелі ў астрозе, пераняў ён умельства вылепліваць з хлеба мастацкія фігуры і пешкі для гульні ў шахматы, вельмі трывалыя і моцныя. Паламаць іх было цяжка, можна было разбіць, хіба толькі палажыўшы на кавадла і б’ючы ёмкім малатком. Сакрэт моцы заключаўся ў тым, што перад вылепліваннем хлеб трэба было перажаваць і вымесіць спецыяльным спосабам, пасля чаго ён рабіўся гнуткім і клейкім. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Попыт на шахматы быў вялікі. Ад астрожных майстроў яны часамі пераходзілі на волю, у горад, а ў камеры амаль не сходзілі са стала. Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Нагуляюцца, бывала, так, што калі пакладуцца вечарам спаць, дык і шахматная дошка, і фігуры, і заматованы кароль доўга стаяць у вачах.

Адзін толькі Лазар Мардуховіч не прымаў удзелу ў шахматнай гульні і не цікавіўся ёю. Ён лічыў, што гэта не дастойна рабочага чалавека. Зранку пасля паверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Хадзіў туды па сваёй волі, бо не было такога права, каб прымусіць засуджанага ў крэпасць да той ці іншай працы. Перад вячэрняю паверкаю яго прыводзілі ў камеру. Лазар, закончыўшы рабочы дзень, старанна ўмываўся, надзяваў свой лепшы гарнітур, падмацоўваўся хлебам і каўбасою. Пасля гэтага з паўгадзіны хадзіў па камеры ўзад і ўперад, потым клаўся на сваё месца на нарах і спяваў песні. Голас у яго быў праз меру танклявы, дый песні падбіраў ён жаласныя, пераважна астрожныя.


Говорила сыну мать —

Не водись с ворами:

В Сибирь-каторгу сошлют,

Скуют кандалами.


З вялікім натхненнем спевака заліваўся Лазар, надаючы свайму голасу самую тонкую лірычнасць. Спяваў ён выключна для самога сябе і ў спевах знаходзіў найвышэйшую асалоду. Як ставіліся жыхары камеры да песень, Лазара мала цікавіла. На дзеда Юзафовіча, як і на шмат каго з карэнных жыхароў камеры, Лазаравы спевы рабілі самае непрыемнае ўражанне. Але навошта псаваць чалавеку настрой, калі ў песнях забываў ён астрожную няволю?

— А бадай ты захлынуўся гэтаю сваёю песняю! — ціха бурчаў дзед Юзафовіч, але так, каб пачуў Уладзік.

Дзед любіў Уладзіка і кампанаваў з ім болей, чым з іншымі. Калі часамі Уладзіку нядужылася, дзед накрываў яго нанач сваёю бравэркаю. Назаўтра Уладзік уставаў здаровы.

— Ну, дзеду, у вашай бравэрцы захована лекавая сіла,— казаў Уладзік, аддаючы Юзафовічу вопратку.— Прапацеў, і як рукой зняло!

Дзед быў рады, што яго пацыент адчуваў сябе добра і што бравэрка адыграла ў гэтым дадатную ролю.

На дзедава абурэнне песнямі Лазара Уладзік казаў:

— Сапраўды, гэта не спевы, а скуголенне сабакі, які не прывык яшчэ да ланцуга. Ды няхай спявае. Цешся, ліска, вяселле блізка — каўбасы з’ясі.

Але часамі абураўся і Уладзік:

— Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна!

— Дык ты не слухай,— адказваў спакойна Лазар.— I што гэта за жыццё? За што ж я змагаўся на волі? Тут, брат, астрог, і я раблю, што хачу.

— Дуй, дуй, брат Лазар! — ці то сапраўды, ці то ў насмешку заступаўся за Лазара Сымон Тургай.— Твае спевы і твой голас такія, што слухаеш, і сэрца замірае, і вочы на лоб лезуць.

Лазару было цяжка пярэчыць. Крыху памаўчаўшы, здавалася, толькі для таго, каб ператравіць сваю крыўду на людскую несправядлівасць, ён з яшчэ большым захапленнем спяваў:


О, ночь темна! О, ночь глуха!

О, ночь последняя моя!

Я отдал все и кровью смыл

Позор, позор страны родной!


Лабановіч не ўмешваўся ў канфлікт. Ён сядзеў каля нараў на казённым сенніку і пісаў пісьмо Сымону Тургаю. З некаторага часу, будучы ў адной камеры, яны пачалі пісаць адзін аднаму пісьмы, нібы іх раздзялялі цэлыя сотні вёрст. Пачатак гэтай перапісцы паклаў Лабановіч. Аднойчы ён заўважыў: летам у гарачы дзень падае снег! Гэта цвілі таполі, і іх белы пух плаваў на ветры. Андрэй, каб павесяліць сябра, пісаў:

«Дарагі мой Сымоне! Перакідалі мы і другую зіму. Вось зараз выпусцяць нас на пагулянку. Я пакажу табе цікавую з’яву. У ясны летні дзень ты ўбачыш, як у паветры кружацца сняжынкі. Упаўшы дзе-небудзь каля сцяны на зямлю, яны не растаюць на гарачым сонцы… Як жывеш ты, мой дружа? Аб чым ты больш за ўсё думаеш? Напішы мне, будзь ласкаў. Моцна абнімаю цябе, цалую. Мой адрас: 7-я камера. Паштовая скрынка — чамаданчык пад нарамі. Навекі твой Андрэй».

Скончыўшы пісьмо, Андрэй заадрасаваў яго і потайкам падкінуў у Сымонаў чамадан, што таксама стаяў пад нарамі.

У той жа дзень Сымон, выцягнуўшы з-пад нараў чамаданчык, угледзеў пісьмо, прачытаў яго, нічога не сказаў Андрэю і сеў адказваць негаданаму карэспандэнту. Так і пачалася перапіска.

— Трэба на пошту зазірнуць.— I то той, то другі лез пад нары і знаходзіў у чамаданчыку пісьмо.

Аднойчы Сымон прызнаўся Андрэю, хто пісаў адозву да настаўнікаў: гэта быў добра знаёмы яму настаўнік, па прозвішчу Жук. I вось што прыдумалі сябры: напісаць Жуку такое пісьмо, каб ніхто, апроч аўтара адозвы, не ўразумеў яго сэнсу.

Аднаму астрожнаму рысавальшчыку сябры далі тэму: нарысаваць звычайнага чорнага жука, даць яму ў лапку ручку з пяром. Жук выводзіць словы: «Таварышы настаўнікі!» Цэнтральнаю фігураю рысунка быў малады чалавек, адзеты, як адзяваліся летам вясковыя настаўнікі. На плячах у яго ляжаў вялізны дзервяны крыж. Пад цяжарам чалавек сагнуўся, адразу было відаць, што яму цяжка. Унізе пад рысункам былі напісаны словы з прарока Ісайі: «Той грехи наши понесе, и язвою его мы исцелихомся».

Рысунак сябрам спадабаўся. Яны палажылі яго ў канверт і адправілі пісьмо Жуку нелегальна. Ці атрымаў яго адрасат і як паставіўся да рысунка, сябры не дазналіся.


ХLІІ[правіць]

І радасна і сумна набліжэнне канца.

Сумна, калі канец кладзе сабою мяжу і аддзяляе ад усяго таго, чым ты жыў, у чым знаходзіў сэнс, прыемнасць, захапленне. І наадварот, мы цешымся, калі набліжаемся да такой мяжы, што пакідае за сабою бязрадасны, цяжкі і пакутлівы кавалак жыцця, і пераходзім у другі яго круг — ясны, прываблівы, жаданы.

На мяжы такога канца, напярэдадні волі стаялі зараз Лабановіч, Тургай, Лявонік і Галубовіч. Надыходзіла трэцяе лета астрожнай пакуты. І дзіўная справа! Калі нашы нявольнікі акідалі ўнутраным зрокам без малога тры пражытыя ўжо гады, дык гады гэтыя зліваліся ў адну малавыразную пляму, у якой дні і ночы, месяцы, вёсны і зімы мала чым адрозніваліся адны ад другіх — суцэльная аднастайнасць, нібы перад вачамі пралегла мёртвая пустэля. І трэба было напружваць памяць, каб ажывіць тую ці іншую з’яву або малюнак з астрожнага побыту.

— Два месяцы і паўмесяца! Ты разумееш гэта, Уладзік? — трос Лявоніка за плечы Сымон Тургай.

— Разумею і адчуваю,— адказаў Уладзік, пазіраючы праз клеткі жалезных прутоў у акне на зеляніву садоў, адкуль чуліся маладыя песні, вясёлыя галасы і смех бестурботнага юнацтва, хлопцаў і дзяўчат.

— Прастор, прастор і воля там, але не нам яны, не нам! — падражніў Уладзіка Андрэй.

— Хацеў бы ты, Уладзік, пабыць там? — пытаў Сымон і паказваў на сад, адкуль даносіліся галасы.

— Думаю, што і ты не адмовіўся б ад гэтага,— азваўся Уладзік.

— Не дрэйф, Курачкін: будзеш на волі! — такая прымаўка бытавала тады ў турме.

Тым часам насельніцтва камеры патроху змяншалася. Выпусцілі Івана Сароку, Мардуховіча. За імі на чарзе быў дзед Юзафовіч. Праз некаторы час і яго паклікалі ў кантору, сказаўшы, каб забіраў манаткі. Хоць дзед і чакаў гэтага часу, але ўсё ж дужа ўсхваляваўся. Нескладаныя дзедавы пажыткі ўжо ляжалі на нарах. Наглядчык адамкнуў дзверы камеры і ўрачыста сказаў:

— Ідзі на волю, дзед!

Дзед Юзафовіч узрушыўся яшчэ болей. Ён схапіў з нараў клунак, а потым паклаў яго назад. З паспешлівасцю, колькі дазвалялі яму семдзесят гадоў, ён кінуўся да Тургая, да Лабановіча, моцна і доўга паціскаў ім рукі.

— Дзякую, дзякую вам за вашу дабрату, за ўвагу да мяне, старога.

Развітваючыся з Уладзікам, дзед абняў і горача пацалаваў яго.

— Няхай табе, сынку, дае Бог шчасця!

Болей ён гаварыць не мог: на сівыя вусы, як срэбра, скаціліся буйныя кроплі слёз.

— Трымайся, дзеду, у тваёй бравэрцы шмат захавана лекавай сілы! — жартаваў Уладзік.

У дзвярах дзед звярнуўся да жыхароў камеры:

— Бывайце, дзеткі, здаровы! Дай, Божа, і вам шчасліва дачакацца часу вызвалення.

Крыху стала сумна, калі дзед Юзафовіч старэчаю паходкаю спускаўся з другога паверха астрога ўніз і схаваўся за жалезнымі варотамі.

— Папрастарнела ў камеры, нібы ў лесе, калі ў ім ссякуць старое дрэва,— з сумам у голасе заўважыў Лабановіч.

Сымон Тургай, каб павярнуць настрой у другі бок, прамовіў:

— Ты не зважай на «старое дрэва»! Яно яшчэ падкоціцца да свае бабкі! Пайшоў на волю наш дзед!

Аляксандар Галубовіч, які ўвесь час маўчаў, падаў свой голас:

— А за дзедам і я следам.

Яму заставалася яшчэ дзён дзесяць пабыць з таварышамі, з якімі зблізіў трохгадовы побыт у астрозе.

Лабановічу хацелася паразважаць аб жыцці, аб людскім лёсе.

— Людзі, як хвалі ў рэчцы: ідуць ды ідуць адна за другою, покі не закалыша іх цішыня,— сказаў ён.

— Калі людзі — хвалі рачныя, дык няхай не закалыхвае іх людская цішыня,— мнагазначна заўважыў Галубовіч. На слова «людская» ён зрабіў націск і ўзяў Андрэя пад руку. Яны доўга шнуравалі па камеры, а потым прыселі на нарах, паціху ведучы гутарку, якая захапіла іх, а затым прадоўжылі яе ў часе чарговай пагулянкі.

— Такі стан рэчаў не можа цягнуцца дзесяцігоддзямі,— казаў Андрэй Галубовічу, ходзячы па турэмным двары.— Рэвалюцыйны рух прыдушаны, але не спынены — ён жыве. I хіба можна паставіць такую сцяну, праз якую не перайшлі б чалавечыя думкі! Рэвалюцыйны рух — жывая вада, што тоіцца ў нетрах зямлі, у сэрцы і пачуццях народа. Яна выб’ецца на паверхню, праложыць сабе дарогу і пазносіць усё, што скоўвае незлічоныя сілы людскія.

— Іначай і быць не можа,— пераконана пацвердзіў Галубовіч.— А для гэтага не трэба, каб «людская цішыня закалыхвала рачныя хвалі»… Дарэчы, да якой палітычнай партыі ляжыць тваё сэрца?

Аляксандар закрануў якраз тое пытанне, што даўно займала Андрэя. Лабановіч падумаў, паківаў галавою.

— Эх, дружа мой! — сказаў ён.— Калі б мы мелі такія вагі, дзе можна было б узважваць добрае і благое! Тады паставілі б на дарогах слупы з напісамі: налева — праўда, направа — хлусня. І так лёгка б стала хадзіць па свеце, затое, відаць, было б нудна і нецікава.

— Гатовай праўды захацелася? — прамовіў Галубовіч.— Не, брат, праўду трэба здабываць з боем. А гэта не так проста, як малююць балбатуны-анархісты: шах-мах — скінулі цара, і кожны сам сабе сіла і права. Можа, табе гэта даспадобы?

Лабановіч рашуча адмовіўся.

— Па шчырасці сказаць, я — на ростанях,— загаварыў ён,— не вырашыў, куды далучацца…

— Пара, брат, пераступіць гэты парог,— сказаў Галубовіч.— Спадзяюся, што ты зробіш верны крок. Правільна, зараз такі час, калі рэвалюцыйны рух прыцішыўся. Але ты сам нядаўна слушна казаў, што гэты рух — жывая вада, якая тоіцца ў сэрцы людзей. Жыццё не спыняецца і на месцы не стаіць — такая дыялектыка.

— А як прымаеш ты сацыялістаў-рэвалюцыянераў? Пытаюся так таму, што мне найчасцей прыходзілася сутыкацца з імі.

— І яны табе па душы? — запытаў Галубовіч.

— Не, гэтага я не сказаў бы. Я не бачу ў іх таго жывога, глыбокага струменю, што выводзіць рэчку на вялікія прасторы.

— Хоць гэта трохі і туманна, але ў асноўным верна,— адказаў Галубовіч.— Эсэры вабяць інтэлігентаў — выхадцаў з сялян. I вы ж хацелі ўвайсці ва Усерасійскі настаўніцкі саюз. А на гэтую арганізацыю ўплывалі эсэры. Яны казыраюць сваёю аграрнай праграмаю. Але ж гэта не праграма, а тупік, бо эсэры, заігрываючы з сялянствам, перабольшваюць яго магчымасці. Патрэбен цвёрды саюз сіл — пралетарыяту і сялянства. Тады рэвалюцыя пераможа. На такім пункце погляду і стаяць сацыял-дэмакраты.

— Але ж партыя эсэраў не з’яўляецца адзінай, строга злітнай арганізацыяй,— заўважыў Лабановіч.— У яе радах ёсць розныя плыні.

— Тым горш,— адсек Галубовіч.— Гэта толькі сведчыць, што эсэры — дробнабуржуазная партыя, якая не мае пад сабой надзейнай асновы.

Лабановіч пасміхнуўся.

— Такі аргумент гаворыць і не ў карысць сацыял-дэмакратаў, бо і сярод іх ёсць дзве плыні. Ты ж сам казаў мне аб гэтым.

— Калі я гаварыў — сацыял-дэмакраты, дык меў на ўвазе бальшавікоў,— прамовіў Галубовіч.

Аляксандар крыху задумаўся, а потым з ясным, прасветленым тварам пачаў:

— Адзінае вернае і правільнае вучэнне аб рэвалюцыі і аб законах, па якіх развіваецца грамадства, гэта — марксізм, марксісцкае светаразуменне. Ад усяго сэрца раю табе: азнаёмся, глыбока засвой гэту навуку — яна будзе для цябе не верставым слупам, а маяком, які паказвае дарогу. Сіла бальшавікоў у тым, што яны цвёрда трымаюцца марксізму.

Галубовіч ускінуў вочы на Андрэя.

— Не палічы гэта за нейкую пропаведзь. Я звяртаюся да цябе як да чалавека, якому веру. Бальшавікі адкідаюць прыгожыя словы, мы не цураемся самай чорнай работы ў імя рэвалюцыі. Трэба абудзіць народ, выхаваць, згуртаваць і павесці на рашучы і ўжо астатні штурм царызму. Ты не павінен застацца ў баку ад гэтага штурму.

Галубовіч узяў Андрэя за плечы і пільна паглядзеў яму ў вочы.

— Дазволь мне верыць, Андрэй, што ты ніколі не адступішся ад народа. Я не сумняваюся ў гэтым, бо ты і так моцна з ім звязаны. А таму — уступі ў цесную сувязь з марксістамі, з бальшавікамі. На гэтай дарозе, спадзяюся, мы з табой сустрэнемся. Калі не знойдзеш ты мяне, я адшукаю спосаб напамянуць табе гэтую гаворку.

Пагулянка скончылася. Наглядчыкі пачалі падганяць зняволеных вяртацца ў камеры. Ідучы па сходах, Галубовіч гаварыў далей:

— Хацелася б мне сказаць колькі слоў і аб нашых таварышах, аб Тургаю і Лявоніку. На Тургая я таксама моцна пакладаюся, ён не збочыць з дарогі. А вось Лявонік — у ім я не ўпэўнены. Першае выпрабаванне, першая бура, змяўшыя часова яго жыццё, адвярнулі яго ад рэвалюцыі, ад народа, ён будзе шукаць у далейшым спакою і абывацельскага прытулку.

Усё, што казаў Галубовіч, западала ў душу Андрэя. Чалавек гэты, крыху старэйшы за Лабановіча, шмат перажыў, шмат перадумаў і цвёрда ішоў па шляху рэвалюцыйнай дзейнасці, быў пераконаным бальшавіком. Сардэчная размова зацягнулася на ўвесь вечар і заняла добрую палову астрожнай ночы.


ХLІІІ[правіць]

У свой час, сардэчна развітаўшыся з сябрамі, Галубовіч выйшаў з астрога. Андрэй крыху правёў яго па калідоры.

— Да сустрэчы! — яшчэ раз паціснуў руку Галубовіч.

Вярнуўся ў камеру Андрэй з невыразным пачуццём. Ён быў рад, што сябар выйшаў на волю. У той жа час было шкада, што перарвалася сяброўства. I камера здалася пустою. Але вобраз малапрыметнага, удумлівага, разважлівага таварыша не выходзіў з памяці.

Час праходзіў сваёю чаргою. З кожным днём набліжаўся тэрмін вызвалення.

— Ну, хлопцы,— сказаў аднойчы Сымон Тургай Уладзіку і Андрэю,— тыдні праз два і я вылятаю ў вырай: адпраўляюся па этапу ў сваю навагрудскую турму на вызваленне.

— Хоць і шкада будзе разлучацца з табою, але мы парадуемся і тваёю і нашымі радасцямі,— адказаў Лабановіч. Ён яшчэ хацеў штось сказаць прыяцелю, але дзверы ў камеру расчыніліся, увайшоў суровы Дожджык. Ён хітравата зірнуў на Андрэя:

— Ідзіце ў кантору: да вас прыйшлі на пабачэнне.

Да Лабановіча амаль кожны тыдзень прыходзіў у адведзіны хто-небудзь з блізкіх або старых знаёмых. Таварышы па няволі яму часамі з гэтай прычыны зайздросцілі. Але сягонняшні дзень не быў днём наведвання. Хто ж бы гэта мог быць? Лабановіча прывялі ў пакой, дзе звычайна адбываліся спатканні. Там было даволі цёмна. Апроч таго, асоб, што прыходзілі з волі, адгароджвала ад зняволеных падвойная драцяная сетка. Ад аднаго яе крыла да другога было не меней як аршын. Спатканні звычайна адбываліся ў прысутнасці турэмнай варты.

Лабановіч заняў месца па адзін бок сеткі. З процілеглага боку стаяла жанчына. Андрэй паўглядаўся ў рысы яе твару і сумеўся. Насупраць яго стаяла Ліда, ды не тая вучнёўка-падлетак, а расцвіўшая ва ўсёй красе, зграбная, стройная, свежая, бы майская кветка, дзяўчына! Андрэй не зводзіў з яе вачэй і маўчаў, нібы ў зняменні.

Ліда ўсміхнулася.

— Не пазнаеце мяне?

— Ліда! Лідачка! — вырвалася з грудзей Андрэя.

— А вы так змяніліся, сталі такім бледным ды яшчэ бараду запусцілі. Каб я сустрэла вас у горадзе, дык і не пазнала б.

— Бледны, Лідачка, таму што сяджу пад замком, без свежага паветра. А сваёй барадзе я не гаспадар.

— Што, вас прымушаюць запускаць бараду? — здзівілася Ліда.

— Не,— засмяяўся Андрэй і зірнуў на наглядчыка Рутовіча, якому Дожджык загадаў быць пры спатканні. Наглядчык адышоўся далей.

— Мая барада належыць камуне, таварышам па камеры. У барадзе я хаваю грошы і складаны нож у часе вобыскаў, бо гэтага нам не дазваляецца мець на руках.

— У барадзе? Грошы і нож?! — здзівілася Ліда. Яна яшчэ ўважлівей ускінула цёмныя авалы вачэй на былога настаўніка і весела засмяялася. А потым на яе твары адбіўся сум.

— І многа вас … такіх няшчасных у камеры?

— А чаму «няшчасных»? Часамі нам бывае і дужа весела. Часу многа, на службу хадзіць не трэба. Жывем успамінамі аб мінулым, гадаем пра сваю будучыню, пра волю, а яна ўжо блізка. Усюды, Лідачка, жыць можна, нават і ў астрозе. А вы як жывеце, Лідачка? Я вельмі рад, што ты ўспомніла мяне, наведала, бо думаў, што вы навекі страчаны для мяне.

Лідзін твар спахмурнеў. Вясёлая і такая чароўная ўсмешка пагасла. Ліда апусціла галаву, утупіла на момант вочы ў дол. Потым падняла іх на Андрэя.

— Можа, яно так і ёсць,— ціха і журботна прамовіла яна.

Лідзіны словы балюча адгукнуліся ў сэрцы Лабановіча. Ён адчуў сэнс іх і не распытваў дзяўчыну, што яны значаць. Ды Ліда сама растлумачыла:

— Я выходжу замуж.

Лабановіч авалодаў сабою і сваім хваляваннем.

— Ну, што ж? Жадаю вам быць шчаслівай у замужастве… За каго ж выходзіш, Ліда?

Лабановіч зварачаўся да яе то на «вы», то на «ты». Ліда выходзіла замуж за памочніка начальніка станцыі, на якой яна сама была тэлеграфісткаю. Горкая крыўда, быць можа, беспадстаўная, сціснула сэрца. Андрэй зараз не цікавіўся, хто гэты памочнік і на якой станцыі служаць яны. А калі ўвайшоў Дожджык і сказаў канчаць пабачэнне, Андрэй не пашкадаваў, што яно скончылася. На развітанне ён кіўнуў галавою. Ліда доўгім поглядам глядзела на Лабановіча. Яму здалося, што ў гэтым поглядзе было многа пакуты і жалю. А можа, яму проста здалося.

Ён амаль не спаў усю ноч і ўсё думаў, лежачы на астрожным матрацы, пра Ліду, пра яе чароўную постаць, пра апошні развітальны погляд, пра ўсё, што гаварыла яна на гэтым недарэчным пабачэнні. Чаго прыходзіла яна? Няўжо для таго толькі, каб абудзіць у сэрцы тое, што даўно перажыта, перачута? Нашто было прычыняць яму новы, яшчэ болей востры боль? А можа, і іншыя думкі і пачуцці кіравалі ёю? Можа, ён, Андрэй, нячула паставіўся да яе? І чаму не ўзяў у яе адраса? Ды нашто? Вобраз Ліды неадступна стаяў у вачах. І што найболей глыбока запала ў сэрца, гэта — апошні яе погляд.

«Ну, што ж? Калі б у чалавека не было горкіх разваг і прычын, выклікаўшых гэтыя развагі, дык не было б і належнай вастрыні для ўспрыняцця жыцця і яго з’яў», — падвёў падрахунак Андрэй сваім бяссонным думкам.

З радасцю і ў той жа час з жалем развітваўся Андрэй з Сымонам Тургаем, лепшым другам, якога набыў ён сабе ў астрозе. Сымон Тургай браў кірунак на свой Навагрудак, каб там выйсці на волю.

— Раскідалася наша «тройца»,— журботна сказаў Лабановіч, абнімаючы на развітанне Сымона.

— Дарма, Андрэй: не будзе тройцы, дык будзе двойца,— жартам адказаў Сымон.— Пішы, не забывай!

Андрэй з Уладзікам праводзілі Сымона да дзвярэй камеры. Дзверы замкнуліся, і хлопцы засталіся ўдвух з астрожных старажылаў.

— «Ах, братцы, мало нас! Голубчики, немножко?» — прыгадаў Уладзік выслоўе, вычытанае яшчэ ў пачатковай школе, і запытаў:

— Ну, што ты думаеш пра Янку Тукалу? Ён жа такі быў шчыры, прыязны. А вось пісьма так ні разу і не прыслаў.

— І я пра яго думаю. І ведаеш, хачу знайсці Янку! Не можа быць, каб ён так і прапаў.

— А як ты яго знойдзеш?

— Па памятных кніжках Мінскай губерні. У іх ёсць усе школы. Натраплю дзе-небудзь на след і непрыменна знайду і паеду да яго, пагляджу, што за чалавек ён цяпер.

Чым бліжэй падыходзіў час вызвалення, тым болей хваляваліся Уладзік і Андрэй. Але гэта хваляванне было радасным, жаданым. Турбавала зараз адно: як уладзяцца яны ў новым жыцці, на волі?

Нарэшце настаў той дзень, якога так прагна чакалі тры гады. Нічым асаблівым не адзначыўся ён, гэты дзень. Незадоўга да паўдня пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот адзінаццатага года адамкнуліся дзверы ў камеру. Увайшоў той самы Рутовіч, што вартаваў Лабановіча ў часе пабачэння з Лідаю. У руках у яго быў ліст паперы з прозвішчамі Андрэя і Уладзіка.

— Ну, збірайцеся ў добры час!

У турэмнай канторы Лабановіч атрымаў рэчы, адабраныя ў яго тры гады назад: складаны ножык, «неразлучны спадарожнік грыбных паходаў», і грошы. Усяго грошай з тымі, што перадавалі з волі на імя Андрэя, набралася без малога сотня. Іх па-таварыску падзялілі.

Уладзіка і Андрэя павёў за вароты астрога Рутовіч. Каб мець поўную волю, трэба было яшчэ заявіцца ў сыскны аддзел. З далікацтва і з пачуцця чалавечнасці, а галоўным чынам у надзеі атрымаць на паўкварты, Рутовіч ішоў побач з вызваленымі, але па другім баку вуліцы, каб людзі не дагадваліся, што Уладзік і Андрэй — арыштанты, выпушчаныя з астрога. Завёўшы сяброў у сыскны аддзел, Рутовіч развітаўся з імі і, вясёлы, з рублём у кішэні, накіраваўся ў першы шынок, які трапіўся па дарозе. А сяброў яшчэ доўга трымалі ў сыскным аддзеле. Чыноўнік, ад якога залежала адпусціць іх, таксама чакаў хабару. Уладзік ужо гатовы быў даць таксама рубель.

— Не смей, Уладзік, рабіць гэтага! Сядзелі тры гады, пасядзім і тры гадзіны.

Так і зрабілі. Страціўшы надзею на хабар, чыноўнік запісаў іх у кнігу злачынцаў, даўшы строгі наказ з’явіцца да павятовага спраўніка. Спраўнік, чалавек немалады, з сіняватым носам, даў сябрам навучанне, як павінны яны трымаць сябе ў жыцці: не забываць бацькі-цара, веры і айчыны. Прачытаўшы натацыю, ён кіўнуў галавою, даючы гэтым знак сябрам, што яны цяпер вольныя людзі і могуць ісці, куды хочуць.

Калі яны апынуліся на вуліцы «вольнымі людзьмі», Уладзік сказаў:

— Не верыцца, Андрэй, што мы на волі, што за намі няма нагляду, канвойнікаў… Віншую, брат!

Сябры паціснулі адзін аднаму рукі.

— Куды, Уладзік, падасіся?

— Наўперад паеду ў Мікуцічы да бацькоў, пажыву трохі, агледжуся, а там — Бог бацька. Ты ж куды пакіруеш «стопы своя»?

— Насустрач жыццю і яго прыгодам,— адказаў Андрэй.

Ён успомніў Сымона Тургая і запавет Галубовіча. Гэты запавет і стаўся асноваю жыцця і дзейнасці Андрэя Лабановіча ў далейшым вандраванні па новых дарогах.


1948—1954 гг.