Кніга лірыкі як мастацкае цэлае
Кніга лірыкі як мастацкае цэлае Крытыка Аўтар: Язэп Пушча 1927 год |
Я. Плашчынскі
КНІГА ЛІРЫКІ, ЯК МАСТАЦКАЕ ЦЭЛАЕ
Перажываньні і настроі поэты вельмі рознастайны, як рознастайна і само жыцьцë; у сапраўды таленавітым лірычным вершы яны, амаль, заўсёды органічны, суцэльны і закончаны. У такім вершы і ідэя ў сваёй гордай постаці (хоць, праўда, найчасьцей пасьля доўгай упартай барацьбы) гарманічна зьліваецца з акордамі слоўных гучаньняў, якія радзіліся на звонкіх струнах перажываньняў поэты.
Амаль кожны поэта ў сваёй асобе двуісны,—у ім жывуць: чалавек-поэта і чалавек-грамадзянін, і, трэба падкрэсьліць, не заўсёды у злагадзе. Вось чаму ў жыцьці кожнага поэты ёсьць хвіліны будзённыя, прозаічныя, у якія ён нічым не адрозьніваецца ад кожнага "сьмертнага", але апрача гэтых—у поэты ёсьць і ўрачыстыя хвіліны, дадзеныя толькі яму, хвіліны яго эмоцыянальнага жыцьця, у якія ўся яго істота ахоплена творчым полымем, у якія ён творыць новае жыцьцё і аздабляе яго васількамі красы, бо-ж яна і зьяўляецца, фактычна, канчатковай мэтай творчасьці кожнага сапраўднага поэты. Я адчуваю, што некаторыя "поэты" пачынаюць моршчыцца і гатовы ўхапіцца за гэты выраз, як за "атэістычны". Але-ж даруйце, гэта краса не для самое сябе, не для красы, а як вялікі соцыяльны чыньнік. Мастак слова—поэта, які хоча, каб творы яго адыгралі значную соцыолёгічную ролю, павінен схіляць чало перад красой, і падняцца "да тэй ідэальнасьці, якая дасягае свайго найвялікшага удасканаленьня, як вобраз Мадонны ў мастацтве Рафаэля". Гэтымі апошнімі словамі не ўпадаю я ў містыцызм, а прыводжу іх усяго як вобразную ілюстрацыю, узятую з пэўнай гістарычнай квадры.
Шлях поэты, ня ўсыпаны срэбнымі зорамі. Колькі творчых мук, колькі крыўды, горачы і смутку павінен перажыць поэта, пакуль выйдзе на ўласны сьветлазорны шлях. Кожны дзень яго сэрца крывавіцца сьвежымі ранамі за лёс братоў, сясьцёр, краіны і г. д. Затое ён мае вялікае шчасьце лірычнага жыцьця. Асобныя вершы—толькі слоўныя сымболі гэтага жыцьця". (А. Барычэўскі).
Бывае, што якая-небудзь праява выклікае шэраг блізкіх, але разам з тым і адменных у сваіх дэталях перажываньняў і настрояў, вынікам якіх у поэты зьяўляюцца вершы, хоць тэматычна і родныя, але эмоцыянальна-формальна маюць розныя адценьні. Дазвольце прыведзеную думку ілюстраваць такім прыкладам: каханьне, колькі яно выклікае розных перажываньняў настрояў—то пяшчотна-ласкавых, то гнеўна-ненавісных, то радасна-сьветлых, то маркотна-хмурых, якім Гэнрых Гэйнэ прысьвяціў большую частку ўсёй сваёй задушэўнай лірыкі. Так і з другімі праявамі, ці то суб'ектыўнага, ці то зьнешнеоб'ектыўнага парадку. Вось чаму ў поэтаў і зьяўляюцца вершы; хоць хронолёгічна часамі і далёкія, але органічна зьвязаныя між сабою. Адсюль патрэба групаваць гэтыя вершы ў цыклі, разьдзелы і якраз не па хронолёгічнаму прынцыпу, а па прынцыпу ўнутранога сваяцтва — лірычнай радні вершаў, а ўжо пасьля гэтыя цыклі, разьдзелы ізноў-жа ў пэўнай композыцыйнай паступовасьці групуюцца ў асобныя зборнікі, кнігі. Вось чаму кніга лірыкі павінна зьяўляцца ня простым, не выпадковым зборам вершаў, у якім папала парадку, але, як і сам верш, нечым органічным, суцэльным і закончаным.
У складаньні кнігі лірыкі выяўляецца творча-будаўнічая воля поэты. Кожны поэта, які хоча прыдаць сваёй кнізе лірыкі архітэктонічную стройнасьць, шмат павінен падумаць над цыклізацыяй сваіх вершаў і над загалоўкамі гэтых цыкляў, а таксама і над загалоўкам самое кнігі. Бо гэтыя загалоўкі павінны зьяўляцца трапнай характарыстыкай цыклю або цэлай кнігі.
Апрача падзелу на цыклі, амаль кожная кніга лірыкі яшчэ мае прадмову,—часамі ў прозаічнай, а часамі ў вершаванай форме. Зьмест гэтых прадмоў бывае рознастайны: то у ёй поэта вызначае гісторыю кнігі, то часамі яе формальна-мастацкую програму, то аўтахарактарыстыку, то прысьвечаньне, то што-небудзь іншае. За прадмовай часта ідзе ўступны верш, які зьяўляецца агульным зьвяном для ўсіх цыкляў кнігі, яго прынята называць уверцюрай. Бывае часта, што хніга лірыкі заканчваецца асобным самастойным вершам, які называецца фінальным. У уверцюры і фінальным вершы поэта стараецца сабраць характэрныя фарбы і колеры, акорды і гукі з усіх цыкляў. Яны зьяўляюцца нярэдка найвышэйшай нотай лірычнага гучаньня кнігі. Часамі здараецца, што і паасобныя цыклі кнігі маюць увэрцюру і фінальны верш. Значнае месца ў архітэктоніцы цыкляў, але найчасьцей паасобных вершаў, займаюць так званыя эпіграфы. Яны бываюць дваякага роду: або з сваіх уласных вершаў, або з вершаў іншых поэтаў. Бязумоўна, не заўсёды поэта, складаючы сваю кнігу лірыкі, мае на ўвазе такія сур'ёзныя архітэктонічныя заданьні, але-ж і нельга іх зусім адмаўляць" (А. Барычэўскі).
Прадметам майго артыкулу якраз і зьяўляецца разгледзіць з гэтага пункту погляду „Вянок" Максіма Багдановіча.
Максім Багдановіч — адзін з найвялікшых поэтаў пары адраджэньня ў беларускай літаратуры. Ён у сваёй поэзіі паказаў ня толькі хараство, красу роднай яму краіны Беларусі, якую ён так задушэўна, шчыра і моцна кахаў; ён ня толькі яе абвеяў глыбока-лірычнымі песьнямі,-але ён таксама ў сваёй поэзіі адбіў і агульна-людзкія імкненьні і настроі. Ён і самыя ўзвышаныя і самыя звычайныя будзённыя рэчы, калі яны рабіліся прадметам яго творчасьці, умеў заўсёды густоўна, памастацку выявіць, -гэта адна з характэрных рыс яго творчасьці. У яго поэзіі беларускае мастацкае слова стала пералівацца адценьнямі ўсіх колераў сучасных яму дасягненьняў заходня-эўропэйскіх літаратур у асобе школ: імпрэсыонізму і сымболізму. Хоць, праўда, можа гэта стыхія была крыху чужая для тагочаснай беларускай поэзіі. Але-ж формальна-мастацкія асаблівасьці поэзіі М. Багдановіча далёка ня вычэрпваюцца гэтым, — яны куды больш рознастайны. Ён унëс у нашу поэзію і стыхію сьвежую, самабытна-беларускую, аб якой гутарка будзе ніжэй. Ён падарыў беларускай літаратуры ўзоры мастацкіх перакладаў, пачынаючы з твораў антычных поэтаў і канчаючы творамі францускіх сымболістых. Ён ахмяляўся творамі вялікіх поэтаў, — яны былі для яго заўсёды асалодай, уцехай у цяжкія хвіліны жыцьця. Ён гаварыў: "калі сумна, бяры з якіх-небудзь клясыкаў вершы, дэклямуй сам сабе, тады зробіцца лёгка на душы, знойдзеш уцеху". Ён сваёй творчасьцю блізкі, родны і дарагі нашаму пакаленьню. Ён сказаў у ёй аб жыцьці Беларусі, а сам адышоў ад гэтага жыцьця, Ён пачаў тварыць, калі меў усяго 15 гадоў, а ўжо ў 25 год (25 мая 1917 г.) яго адзінокага пахавалі на чужыне. Якраз 25 мая 1927 году спаўняюцца дзесятыя ўгодкі са дня яго сьмерці. Гэні яго творчага духу не расьцьвіў поўнай красой, жыцьцё яго замарозіла ў юнацтве. А ён марыў, марыў аб тым, каб найхутчэй Беларусь узгадавала гэнія слова, "які-б паказаў свайму народу ня толькі красу роднай мовы, але даў-бы творы з агульна-людзкімі цэннасьцямі, каб знаньне творчасьці нашага гэнія было абавязковым для кожнага культурнага чалавека ўсяго сьвету". Уміраючы, ён цешыў сябе адным, што мае "Вянок", пра які напісаў, ужо канаючы, такі верш:
У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Вось і зьвернемся да разгляду "Вянка", які вышаў з друку ў 1913 годзе—на 21 годзе жыцьця Максіма Багдановіча.
Перш за ўсё зьвернемся да вонкава друкарскай композыцыі: гэта да вокладкі, тытульнай і да першай пасьля тытульнай старонак. На вокладцы мы бачым нейкі нявыразны малюнак, які напамінае сабою крыху вянок, у сярэдзіне якога такія словы: Максім Багдановіч. Вянок. На тытульнай старонцы апрача назвы ёсьць і знак "лебедзь". На першай-жа старонцы пасьля тытульнай такі надпіс: Вянок на магілу С. А. Палуяна († 8 красавіка 1910 г.). Здавалася-б на першы погляд, што ўсё гэта ня мае беспасрэдных адносін да характарыстыкі кнігі лірыкі. Але-ж у даным выпадку пададзенае вышэй набывае некаторую актуальнасьць, заслугоўвае ўвагі, і вось чаму:
"У часе набору "Вянка*, перад падрыхтоўваньнем першага аркушу, Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч (беларускія культурныя дзеячы) дасталі яшчэ нейкую суму грошы ад княгіні Магдалены Радзівіл на выданьне беларускіх кніжак. Пастаноўлена было паказаць выдавецкую спраўнасьць перад княгіняй, і дзеля гэтага на агалоўнай балоне памешчаны быў лебедзь“, што мела азначаць герб Завішаў (Магдалена Радзівіл з дому Завішанка). Рысунак на акладку даў я (Ластоўскі) са свайго сабраньня. Гэты рысунак у 1905 годзе зрабіў адзін з вучняў (ня памятаю яго прозьвішча) Шпыгліцаўскай школы. Рысунак напамінае крыху вянок, дзеля гэтага я і пастанавіў, карыстаючыся правамі выдаўца, дапісаць на кніжцы, да аўтарскага, яшчэ і свой агаловак "Вянок". Выходзіла ня згорш: "Вянок—кніжка выбраных вершаў". А каб апраўдаць перад чытачамі, чаму названа кніжка: "Вянок", я на першым, пасьля агалоўку, лісьце памясьціў разьясьненьне: "Вянок на магілу С. А. Палуяна († 8 красавіка 1910 г.). Зрабіў я гэта бяз ведама аўтара, але асноўваючыся на яго сардэчным адношаньні да нябожчыка Палуяна. Між іншым, калі кніжка вышла, М. Багдановіч быў вельмі здаволены з майго помыслу, што выразіў у форме падзякі вершам."
С. Е. Палуян быў глыбока лірычны поэта ў пару яшчэ юнацкай Творчасьці М. Багдановіча. Між абодвума поэтамі, як відаць, была блізкая таварыская сувязь, бо мы нават і ў „Вянку" на 59 стар. знаходзім цікавы верш, прысьвечаны С. Е. Палуяну, у якім яго поэзію параўноўвае з зоркай, што "у цемні ляціць, усіх чаруючы сьветам сваім."
Усе вершы ў "Вянку" М. Багдановіч разьбіў, згодна тэматычным асаблівасьцям, на восем цыкляў-нізкаў: 1) нізка вершаў "У зачарованым царстве", 2) нізка вершаў "Згукі бацькаўшчыны", 3) нізка вершаў "Старая Беларусь", 4) нізка вершаў „Места“, 5) Думы", 6) нізка вершаў "Вольныя думы", 7) нізка вершаў "Старая спадчына" і 8) "Мадонны". Усе гэтыя цыклі-нізкі аб'яднаны агульнай назвай "Малюнкі і сьпевы", пад якой такі эпіграф:
Этот листок, что иссох и свалился,
Золотом вечным горит в песнопеньи.
А. Фет.
"Вянок" пачынаецца ўступным вершам-увэрцюрай, у якой поэта зьвяртаецца да чытача з аўтахарактарыстыкай свайго зборніку:
Вы, хто любіце натрапіць
Між страніц старых, пажоўклых
Кнігі, ужо даўно забытай,
Блеклы высахшы лісток,
Паглядзіце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, сьвежыя калісьці,
Думак шчырых і чуцьця.
І сапраўды, аўтахарактарыстыка праўдзівая. Бясспрэчна, у „Вянку" засушаны сьвежыя краскі, сабраны шчырыя думкі і глыбокае пачуцьцё поэты.
Зьвернемся-ж зараз да архітэктонічнага строю паасобных цыкляў нізкаў.
Першай ідзе нізка вершаў "У зачарованым царстве", якая мае такі эпіграф:
O voi, ch’avete gl’intelletti sani
Mirate la dottrina, che s’asconde
Sotto’l velame degli versi strani.
::Dante. Inf. IX.
Вы, што здаровае маеце разуменьне,
Прыгледзьцеся к навуцы, што хаваецца
Пад вэлюмам вершаў дзівосных.
Данте, пекла ІX.
У гэтай нізцы вершаў, апрача агульнага эпіграфу з Дантэ, ёсьць яшчэ эпіграфы і да паасобных вершаў; так верш: "Прывет табе жыцьцё на волі!", мае эпіграф:
Оглянись, и мир вседневный
Многоцветен и чудесен.
А. Фет.
Як гэты так і усе іншыя эпіграфы ў М. Багдановіча не зьяуляюцца выпадковымі, яны зьліваюцца, гучаць у унісон з настроем і зьместам вершу. Сапраўды, ці-ж не адчуем шматфарбнасьці, калі чытаем такія строфы:
Прывет табе, жыцьце на волі,
Над галавой—дубоў павець.
Віднеюць неба, зоры, поле
Праз лісьцяў сець.
Або з другім эпіграфам з гэтай нізкі да вершу: „Плакала лета, зямлю пакідаючы":
Цветы осение милей
Раскошных первенцев полей.
А. Пушкін.
Ці-ж ня зьліўся наш поэта ўсімі перажываньнямі сваёй душы, калі з-пад яго пяра зьявіліся такія поэтычныя, але разам з тым і глыбока-трагічныя радкі, як:
Кветкі асеньнія, родныя, бледныя!
Вырасьлі вы, каб ураз-жа і згінуць.
Можа таму то душа надарваная
Гэтак любоўна вянок з вас сплятае.
Няйначы, тады ён ужо адчуваў у кветках асеньніх сваю надарваную душу і таму так любоўна вянок з іх сплятаў.
Далей, трэцім эпіграфам, зьяўляецца эпіграф:
Polataj nad groby,
Pіosenka zaloby.
Zyglіnskі.
да вершу "Разрытая магіла". Тут-бы можна было сказаць тое-ж самае, што адносна і першых двох эпіграфаў.
Чацьвертым эпіграфам ідзе:
De la musіque avant toute chose.
P. Verlaіne.
Музыкі перш за ўсе.
П. Верлен.
да вершу „Маёвая песьня". Цікава тое, што М. Багдановіч насіў ня толькі глыбокія перажываньні у сваёй душы, але меў вельмі утончаны поэтычны слух, уласьцівы далёка ня кожнаму поэту. Дзякуючы яму, ён улаўлівае музыку "сінякрылага матылька над белым пухам вішняў":
Навакол усе паветра
Ў струнах сонца залатых.—
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песьня,—
Ціхі ясны гімн вясьне.
Ці ня сэрца напявае,
Напявае яго мне?
Ці-ж не апраўданы эпіграф:
"Музыкі перш за ўсё"?
Пятым і апошнім эпіграфам у гэтай нізцы ідзе эпіграф з Сюльлі Прудома да "Романсу".
Quand luіra cette étoіle, un jour
La plus belle et la plus loіntaіne,
Dіtes-luі qu' elle eut mon amour,
O, dernіers de la race humaіne.
Калі тая засьвеціцца зорка,
Што за ўсе прыгажэй і найдалей,
Вы-апошнія з роду людзкога.
Ёй скажэце: кахау яе я.
Сюльлі Прудом.
Ён таксама ў поўнай сугучнасьці з вершам.
Ці-ж адпавядае назва „У зачарованым царстве" колёрыту і зьместу гэтай нізкі? Перш за ўсе, мы у гэтай нізцы знаходзім такія вобразы як: лясун, русалкі, вадзянік, зьмяіны цар. Ці-ж гэта вобразы рэальнага жыцьця? Бязумоўна-"Зачарованага царства". І гэтыя вобразы ў тэматычнай композыцыі вершаў не зьяўляюцца пабочнымі, а зьяўляюцца як вобразы мастацкага ўвасабленьня лірычнага жыцьця поэты: даюцца яны ў мастацка-суцэльнай закончанасьці. Колёрыт вершаў гэтай нізкі таксама з зачараванага царства:
Чуеш гул?-Гэта сумны, маркотны лясун
Пачынае няголасна граць:
Пад рукамі яго разважаючы сум.
Быццам тысяча крэпка нацягнутых струн.
Тонкаствольныя сосны зьвіняць.
У яго гэткія малюнкі выходзяць надзвычай мастацкімі, ад іх павявае сапраўды сьцюдзёна-цнатлівай красой, чыстым хараством. Яму ўдаецца ў аднэй-дзьвюх строфах даць цэлы малюнак, поўную політуру фарбаў, цэлую гаму перажываньняў. Для ілюстрацыі возьмем верш „Над возерам":
Сонца ціха скацілася з горкі;
Месяц белы заплаканы сьвеціць.
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці.
Ў іх русалкі заблуталі косы,—
Рвуць і блытаюць срэбныя ніці.
Ноч плыве над зямлёй, сее росы.
Ноч шапоча русалкам: "засьніце".
Дзе першакрыніца, генетычнасьць такіх мотываў у поэзіі М. Багдановіча?-Вядома, ня уплывы чужаземных літаратур, а беларуская народная творчасьць, з сваёй багатай міфолёгіяй. Народную творчасьць М. Багдановіч добра ведаў,-ён па ёй вывучаў і беларускую мову. Навеяць-жа такія мотывы маглі яшчэ і этнографічныя працы яго бацькі. Аб унутранай стыхіі беларускай поэзіі М. Багдановіч разважаў так:
"Край беларускі лясісты і балоцісты. Вось нам і трэба стварыць поэзію лесу, поэзію дрыгвы. Украінская стыхія-стэп, у нас наша стыхія-пушча і балоты. Тут ёсьць свая адменная краса, адменная рытміка. Трэба іх падгледзіць, знайсьці і вынесьці на шырокі сьвет"...
Зараз пяройдзем да другой нізкі вершаў „Вянка" -"Згукі бацькаўшчыны". Усе вершы гэтай нізкі прасякнуты глыбокім соцыолёгічным зьместам. Тут мы ня маем эпіграфаў з другіх поэтаў. Ды цяжка мусіць было-б наогул адшукаць такія радкі ў чужаземных літаратурах, якія-б маглі зьліцца ў адно з „згукамі бацькаўшчыны"-Беларусі: з соцыяльна-нацыянальнай нядоляй, сумам, сьлязьмі, жалем, болем і г. д. эпіграфам для гэтай нізкі зьяўляецца нядоля самога жыцьця. Тут поэта непасрэдна з самога жыцьця змаляваў: як "ўся ў сьлязах дзяўчына хіліцца да тына", як "каля сьцежкі пахіліўся явар да каліны", як кувае "шэрая зязюля сумным гукам у бары", як "у панурай, цеснай хаце хлопец памірае", як "сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю", як "у чыстым полі вецер вее, павявае", як "пра няшчаснае каханьне нехта запявае", і г. д.
Калі мы бачылі, што у нізцы вершаў у зачараваным царстве М. Багдановіч адчуваў унутраную стыхію беларускай поэзіі, дык ён у гэтай нізцы падыходзіць да беларускай формальна-мастацкай стыхіі, ён тут беларускую поэзію пачынае выводзіць на яе "Забыты шлях", аб якім пазьней у вадным з сваіх артыкулаў пісаў:
- "І ўсё-ж, хоць многа шляхоў прайшла пры сваім разьвіцьці наша поэзія, але адзін дасюль яшчэ абмінае яна,-свой родны, беларускі шлях, праложаны праз соткі год народнай песеннай працай. Сотні год народ вытвараў сваю поэзію, вырабляў прынаджаныя да сваёй душы вобразы, параўнаньні, эпітэты, сюжэты, творчыя падыходы. А чым нашы песьняры скарысталіся са ўсяго гэтага? Бадай нічым"[1].
Толькі ён сам, у апошнія гады сваёй творчасьці, вышаў на гэты "Забыты шлях", падарыўшы беларускай найноўшай поэзіі, дасканальныя узоры вершаў на беларускі лад. Ён гэтым увёў сьвежую стыхію і уласьцівую якраз нашай поэзіі-стыхію мастацкага фольклёрызму. Гэтыя абедзьве нізкі вершаў адна другую дапаўняе: першая вызначае унутраную, а другая формальна-мастацкую стыхію поэзіі М. Багдановіча.
Максім Багдановіч першы раз прыехаў на Беларусь і якраз у Вільню ў 1911 г. Яму тут сярод працаўнікоў "Нашай Нівы" ўдаецца бліжэй пазнаёміцца з беларускай этнографіяй і гісторыяй. "Асабліва глыбокае ўражаньне на Багдановіча зрабілі рукапісы старасьвецкіх славянскіх кніг, а так-жа слуцкія паясы, якія ён некалькі разоў пераглядаў".
"Гэта ёсьць фундамант нашага адраджэньня! Гэта і за тысячу гадоў будзе сьведчыць за нас!"—казаў М. Багдановіч аб помніках нашай старасьвецкай культуры. Ня меншае ўражаньне на яго зрабіла і Вільня.
Лета гэтага году яму ўдаецца правесьці ў адней вёсцы на Віленшчыне. Не змарнаваў М. Багдановіч там дарма часу,—з-пад яго пяра зьяўляюцца тры новыя нізкі вершаў "Старая Беларусь" "Места" і "Maдонны".
Да нізкі вершаў "Старая Беларусь" ён бярэ эпіграф з Я. Купалы:
Ўсе прайшло мінула.
Як і ня было.
У канцох паснула,
Зельлем зарасло.
І вось ён гэта мінулае, якое "у капцох заснула", уваскрашае, прымушае нанова жыць у сваіх вершах, як: "Летапісец“, "Перапішчык", „Кніга“, „Слуцкія ткачыхі“, „Безнадзейнасьць" і ў іншых, ад якіх сапраўды павявае жыцьцём старасьветчыны, з яе летапісцам "у манастырскіх мурох", які верыць, што ўсё мінулае
... у спамінах, устане, ажыве,
Калі знойдуць яго няхітрае пісаньне;
з яе перапішчыкам, які:
На чыстым аркушы, прад вузенькім вакном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром.
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радкамі
Чырвоную страку: усякімі цьвятамі
Рознакалернымі галоўкамі зьвяроў,
І птах навіданых, спляценьнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь—даволі ссьць знароўкі—
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі.
І загалоўкі ўсе,-няма куды сьпяшыць!
з яе залатымі паясамі, з яе слуцкімі ткачыхамі, рука якіх, забыўшыся, тчэ
Заміж пэрсідзкага узору
Цьвяток радзімы васілька.
Так старасьветчына паўстае перад намі ў гэтай нізцы ў павольным, статычным рытме, што сапраўды адпавядае зьместу і настраëвасьці саміх мотываў, і мы адчуваем сапраўды "як вее сьвежасьцю яе краса жывая!"
Нізка вершаў „Места“ мае такі эпіграф:
Ты-чарователь неустанный,
Ты-не слабеющий магнит,
В. Брусаў.
Гэта нізка мае і свой уласны ўступ, сваю увэрцюру, у якой поэта зазначае на зьмену мотываў сваіх песень, як мотывы вясковыя дапаўняюцца мотывамі гарадзкімі, у якіх ёсьць свая уласьцівая краса, якой "іскры жала" ён адчувае; дазвольце-ж поўнасьцю прывесьці гэту увэрцюру:
Зьвярнуў калісь Пэгас на вулкі
З прывольных палявых дарог.—
І пакаціўся топат гулкі
І іскры сыпнулі з-пад ног.
У грудзі кволыя запала
Дачка каменьняў места мне.
Пачую я тэй іскры жала,
І верш аб месьце з сэрца мкне.
М. Багдановіч умелым седаком праехаўся на златагрывым пэгасе па вулках Вільні; сапраўды "іскры сыпнулі з-пад ног". Ён праехаў на іх шпарка, але здолеў, хоць мо' па імпрэсіаніску, накідаць штрыхі малюнкаў Вільні на шырокае палатно сваёй поэзіі з іхняй каляровасьцю, імклівасьцю і дынамічнасьцю:
Ліхтарняў сьвет у сіняй вышыне...
Вітрыны... мора вывесак... як плямы,
Анонсы і плякаты на сьцяне.
Кініць натоўп на жорсткім вулак дне!
Снуюць хлапцы, суючыя рэклямы...
Разношчыкі крычаць ля кожнай брамы...
Гул, гоман, гул,-усё ракой імкне.
Ён заслужыў гэтай нізкай права на першае месца ў беларускай поэзіі, у разьвіцьці яе урбанічнай плыні. Вызначыўшы ў першых дзьвёх нізках стыхію сваёй поэзіі, М. Багдановіч у другіх дзьвех нізках даў зарысоўкі старой і новай ужо гарадзкой Беларусі. За імі, як трэба было чакаць, ідуць дзьве нізкі вершаў, па характару свайму больш суб'ектыўныя, чым папярэднія. Але і ў іх поэта не замыкаецца ў сваё ізоляванае ад жыцьця "я", — ён зьвязвае іх найчасьцей з грамадзкім станам сваёй краіны.
Пятай нізкай вершаў, будзе нізка "Думы", да якой М. Багдановіч узяў два эпіграфы-першы:
З Израилем певцу один закон:
Да не творит себе кумира он.
E. Бaрaтынскі.
Другі:
De quelque mot profoud homme est le dіscіple.
Усякі чалавек-вучань якогасьці глыбокага слоўца.
Думы агортваюць М. Багдановіча ў кожным вершы гэтае нізкі, і ў кожнай з іх затоена "глыбокае слоўца"; ён задумваецца над зорамі яснымі ў сінім прасторы:
Што-ж там яны, ясныя, бачаць?
Чаго ўсё дрыжаць і дрыжаць?..
Ён задумваецца над родным краем, дзе "сьціснула гора дыханьне у народзе", і ставіць знак запытаньня:
Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!
Ён верыў у дзень вызваленьня:
Ён, гэты дзень, яшчэ настане,
І ачуняе старана!
І верыў, што будзе канчатковая перамога за гэтым днём. Але ўсё-ж у яго "думах" адчуваецца нейкая двуіснасьць, пачатак інтэлекту і эмоцыі:
Думкі з розуму ліюцца,
Пачуцьце з душы бяжыць
Верш з гэтай нізкі "Жывеш ня вечна чалавек" мае эпіграф:
... passe sans laіsser mème
Son ombr le mur.
... праходзіць, ня кідае нават
І ценю свайго на сьцяну.
Віктар Гюго.
Ня менш цікавым за эпіграф зьяўляецца і сам верш, прысьвечаны жыцьцю чалавека, які павінен жыць "і цэльнасьці шукаць", але жыць так, каб перажыць "у момант век". Хіба такім шчасьліўцам быў наш пясьняр, які у родным краі шукаў "жывой вады", каб ёю загаіць сваю хворую душу, якая перажыла "у момант век". Ён, як чулы пясьняр, ведаў такія перажываньні, але-ж павінен ведаць і кожны пясьняр, каб сваімі песьнямі "збудзіць сьвятое сумленьне".
Далей за „Думамі", ідзе нізка вершаў "Вольныя думы", да якой узяты такі эпіграф з Гэйнэ:
Meine Bitterkeit kömmt nur aus den,
Galläpfeln meiner Dinte, und wenn
Gift in mir ist, so istes doch nur Gegenift.
Горкасьць мая паходзіць ад альясавых арэшкаў майго атраманту, і калі ў мне самым атрута ёсьць, то гэта толькі адатрута. ::::::::Гэйнэ. Гэта невялічкая нізка ўсяго з 7-ěх вершаў мае сваю увэрцюру, у якой поэта дае характарыстыку сваім песьням "Вольным думам" уверцюра, якая павінна зьязіцца запаведзьдзю для кожнага песьняра, вось яна:
Я думы, ня скутыя путамі.
Тут перад вамі вываджу.
А проці ганеньня кажу:
Хваробы лечаць і атрутамі.
Сëмай нізкай вершаў зьяўляецца—"Старая спадчына"; яна мае эпіграф:
Мы зерна древния лелеем.
Мы урожай столетий жнем.
В. Брусаў.
Які-ж плён сталецьцяў пажаў М. Багдановіч у гэтай нізцы сваіх вершаў? Сапраўды, плён багаты, ён прынёс у беларускую поэзію сьпелае калосьсе гэтага плёну, ён іх нажаў у клясычнай поэзіі. Ён першы нашай поэзіі падарыў канонічныя клясычныя формы: пантамэтры, сонеты, трыолеты, рондо, октавы, тэрцыны, якія знайшлі сабе месца ў гэтай нізцы і з якімі яго верш пачаў пералівацца на новыя лады.
Ён быў у захапленьні ад гэтых клясычных форм, ён гэтае захапленьне выказаў у сваім вершы "Тэрцыны".
І вось зьвярнуўся я к рандо, сонэтам.
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітьм сьветам.
Так вершы зьяюць даўніх форм красой!
А якія цікавыя ён узяў эпіграфы да сваіх сонэтаў:
Да першага: Un sonentt sans défaut vautseul un loug poème.
Адзін сонэт без дакору варт доўгай поэмы.
Буалі.
Да другога: Nе rіs poіnt du sonnet, o crіtіgue moqueur.
Ня сьмейся з сонэту, о крытык-пасьмешнік.
С. Боб.
Або да трыолету:
Красавец юный триолет.
К. Фафанаў.
Апрача вершаў на клясычныя формы, у гэтую нізку увайшлі пераклады з грэцкай і украінскай поэзій.
Восьмай і апошняй нізкай у „Вянку" ідзе нізка "Мадонны"; у гэтую нізку ўваходзіць верш "У вёсцы" з эпіграфам:
Lumen coeli, sarcta rosa!
Сьвет нябёс, сьвятая ружа!
А. Пушкін.
і вершаванае апавяданьне „Вероніка" з эпіграфам:
E un pensіer del mіo capo.
Яна -выдумка маей галавы.
Джыованьні
Абедзьве гэтыя рэчы поэтаю напісаны ў 1911 г., летам, калі ён жыў на вёсцы. Цікава адзначыць тут тое, што ў гэтых вершах адчуваецца ўжо захапленьне поэты жанчынай-маткай:
І душы мацярэй нас могуць чараваці;
Вышэйшая краса-ў іх зьлітнасьці жывой.
Ён у Вэроніцы бачыць "двайной красы аблік адзіны": постаць дзяўчыны і рысы маткі; ён перад гэтай двуіснасьцю схіляўся "і конь крылаты да Парнаса" яго "дух імчаў тады". На гэтай нізцы апушчаецца заслона "Вянка".
Адчуваецца, як быццам абасоблена стаіць ад іншых нізкаў-вершаў апошняя нізка; адчуваецца, як быццам некаторая адсутнасьць у гармонічнасьці тэматычнай композыцыі, як быццам нечага не хапае для органічнасьці і суцэльнасьці. Крыху зьяўляецца незразумелым такі мотыў, як захапленьне жанчынай-маткай.
Зараз нам ужо з розных крыніць вядома, што М. Багдановіч напісаў быў нізку вершаў "Каханьне і сьмерць", якую хацеў зьмясьціць у "Вянку" перад цыклем "Мадонны". Гэтай нізкі вершаў асноўным мотывам зьяўляецца-жанчына-парадзіха, жанчына-матка, якая ў мучэньнях памірае, даючы жыцьце дзіцяці.
Некаторыя блізкія таварышы М. Багдановіча, напрыклад, як З. Бядуля, перадаюць такую характэрную біографічна-псыхолёгічную рысу поэты: яму больш падабалася цяжарная жанчына, як дзяўчына, бо ён бачыў у ёй пачатак новага жыцьця, ён яе ідэалізаваў, вось чаму нямала ён ёй і прысьвяціў сваіх вершаў. Хутчэй за ўсё вершы з такімі мотывамі ў яго зьяўляюцца адзнакай псыхолёгічнай, чым літаратурнай.
Таксама некаторыя крыніцы яшчэ гавораць і аб тым, што "Вянок" хацеў поэт папоўніць і перакладамі з Вэрлена, але паколькі яны не ўвайшлі, дык на іхнім разглядзе спыняцца ня будзем.
Каб знайшлі сабе месца і гэтыя нізкі, „Вянок" набыў-бы большай архітэктонічнай закончанасьці.
Тагды-б ён быў сплецены з дзесяці красак, і набыў-бы сымболічнае значэньне ў адносінах да жыцьцёвага шляху творчасьці М. Багдановіча. Дзесяць цыкляў нізак сымболявалì-б сабою дзесяць гадоў, якія поэта аддаў для поэзіі.
Зробім-жа цяпер некаторыя падагуленьні і вывады. "Вянок" складаецца з васьмі трапна названых і бездакорна скампанаваных цыкляў вершаў; ён мае агульную для ўсіх цыкляў увэрцюру, апрача агульнай, ёсьць яшчэ дзьве увэрцюры да паасобных цыкляў: адна да цыклю-"Места", а другая да цыклю "Вольныя думы". Усе цыклі аб'яднаны агульнай назвай "Малюнкі і сьпевы". Эпіграфаў да паасобных цыкляў сем, а да паасобных вершаў адзінаццаць; яны ўзяты з пятнацаці поэтаў: з Дантэ, П. Вэрлена, С. Прудома, В. Гюго, Г. Гэйнэ, Буалё. Боба, Джыованьні, Я. Купалы, Жыглінскага, А. Пушкіна, А. Фета, В. Брусава, Е. Баратынскага і К. Фафанава, з якіх восем зьяўляецца прадстаўнікамі заходня-эўропэйскай літаратуры: францускай, італьянскай, нямецкай, адзін з беларускай, адзін-з польскай і пяць з расійскай літаратуры. Гэтыя рознастайныя эпіграфы прыдаюць ня толькі архітэктонічнасьці "Вянку“, але яны гавораць і за тое, што наш поэта цікавіўся ўсімі літаратурамі і што ён меў шырокую літаратурную асьвету. З іх мы можам бачыць, што ў творчасьці М. Багдановіча жылі і раўналежна разьвіваліся дзьве плыні: плынь узораў клясычнасьці формы і думак і плынь самабытная, плынь родных крыніц-народнай творчасьці. Ён гэтыя плыні ўмеў пагадзіць, умеў прыдаць ім асаблівай мастацкасьці, гарманічнасьці і сугучнасьці, што надае "Вянку" ня толькі мясцовае нацыянальнае значэньне, але, бязумоўна, і больш шырэйшае; ён уносіць і некаторую сьвежую плынь у заходня-эўропейскую літаратуру апошніх часоў.
- ↑ "Забыты шлях" - "Вольная Беларусь". 1918 г., № 15.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.