Перайсці да зместу

Кляновыя завеі (1927)/Па-за вокнамі круціць мяцеліца…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кастрычнік Па-за вокнамі круціць мяцеліца…
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Ліст да дзяўчыны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па-за вокнамі круціць мяцеліца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Па-за вокнамі круціць мяцеліца,
Па-за вокнамі плачуць вятры…
Быццам ведзьмы за брамаю жэняцца,
Альба едуць на баль гусьляры…

Дзесьці там, —
Над драмучаю пушчаю
Сьцеляць зоры цяпер агняцьвет
А за вёскай ваўчыныя гульбішчы
Зараз граюць галодны концэрт.

Дзесьці там, —
На сівую ваколіцу
Зараз маці з дакорам глядзіць,
І на пэўна галосіць і моліцца,
І у думках далёкае сьніць.

Мабыць думае:
Ў ноч гэту цёмную,
Ў гэту ноч на чужой старане
Плачуць ветры цяпер па пакойнаму,
Плачуць ветры цяпер аба мне.

Эх ты родная,
Родная блізкая,
Ты ня можаш ўсяго зразумець…
За тынянымі дзесьці кулісамі
Ёсьць і шчырасьць, і людзі і сьвет.

Нашы дні пераліўныя хвалі;
Ў парусах нашых сьвішчуць вятры,
Ўсе плывём мы ў бязьмежныя далі
Каб жыцьцю дарагое дарыць.

А ў жыцьці яшчэ круціць мяцеліца,
А ў жыцьці яшчэ многа сьнягоў;
Па-за нашай ваколіцай сьцеліцца
Шматгадовая тлень туманоў.

Але што маладому — кіпучаму
Гэты холад апошніх завей;
Хай галосяць марозы траскучыя
Ад марозу зара пунсавей.

Па-над нашай сталёваю пушчаю
Сьцелюць зоры цяпер агняцьвет,
Па-за намі ваўчыныя гульбішчы
Зараз граюць галодны концэрт.

Дарагая,
Далёкая — блізкая,
Ты ня можаш ўсяго зразумець
За тынянымі дзесьці кулісамі
Ёсьць і шчырасьць і людзі і сьвет.