Па-за вакном крышталяцца зарніцы,
За пералесіцы губляюць серабро.
На вёсцы цішыня —
Аднэй табе нясьпіцца
Ў тваіх руках шуміць верацено.
Шуміць — зьвініць,
А думкі — валацугі
Лятуць — снуюць —
Хто можа іх спыніць?
Ты цягнеш валакно
І завіваеш кужаль.
З сівымі пырскамі сярэбраных зарніц.
Бягуць часы, —
Часы як хвалі валяць…
Яшчэ учора любыя бары
У косы росныя
Зарніцы упляталі,
Сягоньня сум прынесьлі журавы.
На канапляньніку, —
Дзе змрокі куламесяць
Губляе неба тысячы цьвятоў,
І акалеў
За брамай сіні месяц
Ў халоднай шэрані васеньніх туманоў…
Па-за вакном крышталяцца зарніцы
За пералесіцы губляюць серабро.
На вёсцы цішыня —
Аднэй табе ня сьпіцца,
Ў тваіх руках шуміць верацяно.
Два дні назад,
Была у сельсавеце...
........
Як ўсё меняецца
І жыцьце і закон…
І думкі дым
Плывуць к празрыстай мэце
За змрок душы,
Дзе жыцьця — зоры сьвецяць.
Дзе ў кожным сэрцы б‘ецца комсамол.
Імклівіць час…
А што?
Што далей будзе?..
Слатой за прасьніцай праносяцца гады.
Жыцьцё — жыцьцё!
Як шырак сьвет і людзі,
І як-жа як
Павабны гарады.
Зімой у вечары
У хаце пры лучыне,
Калі за брамаю як тысячі ваўкоў
Мяцелі нудныя
Так вылі й галасілі
І пасыпалі бельлю за вакном,
Старая маці казку гаварыла
Трашчэў лучнік,
Мурлыкаў дзесьці кот,
А ў цесных вуліцах
Сабакі ў рог трубілі,
І быццам ведзьмы
Вылі ля варот.
Снавалі дні
Так ціха і паважна,
Эх, колькі слоў навеялі бары,
Сягоньня ўсё патонула у багну,
сягоньня сум прынесьлі журавы,
Сягоньня крута парашыла маці
Прысватаць Янку рыжага табе;
У Янкі болі скарбу ў хаце,
Чым у панурай рыжай галаве.
Істыне сэрца
Як зара за хмарай,
Слатой за прасьніцай праносяцца гады.
І быццам дым
Кудысьці гінуць мары
Пра любы сьвет, прастор і гарады
На канапляньніку —
Дзе змрокі куламесяць
Губляе неба тысячы цьвятоў.
І акалеў
За брамай сіні месяц
Ў халоднай шэрані
Кудлатых туманоў.
|