На небе сыпліцца сярэбраны гарох, —
Ў завулках ціш. —
Ў завулках ціш нямая…
О колькі жвірастых няведамых дарог
Нас прывялі ў сягоньня дарагая,
Пад гэту сінь, дзе сыпліцца гарох.
Ня скажуць зор срабрыстыя завеі,
Ня скажа ліпаў выцьвіўшая медзь
Пра тое — што калісьці адзьвінела
Што будзе ў шэрані над сьцежкамі зьвінець
І сыпаць зор срабрыстыя завеі.
Ня выпіць змрок кілішкамі зарніц,
І не сагрэць застыўшыя даліны…
Само жыцьцё нас ў далечы умчыць,
Само жыцьцё пакажа пуцявіны
І вып‘е змрок кілішкамі зарніц.
І грае ноч на струнах ледзяных.
Гадзіны чаркамі вычэрпываюць вечнасьць.
Як скора, любая, ў завеях залатых
Сівымі пальцамі
Наш верасьнёвы вечар
Сыграе «recvium» на струнах ледзяных.
З нябесных гоняў сыпліцца гарох, —
У завулках ціш, —
Ў завулках ціш нямая…
А ў далях сьцеліцца паўтысячы дарог
Паўтысячы пуцінаў, дарагая,
Лунаюць ў далечы, дзе сыплецца гарох.
Прайдуць гады,
Разыйдуцца пуціны,
Разыйдуцца у пражы туманоў;
Рассыплюць золата над рэчкаю каліны,
Патужа гай над сьцежкай журавоў,
І можа зноў ня сойдуцца пуціны.
|