Ня раз ужо гэта
Пісала газэта,
А горад і вёска
Напэўна чыталі —
Папы і знахаркі
Бяз грошай і чаркі
Ня ступяць ні кроку,
Ня пройдуць ні цалі…
За ўсякую ласку,
Вадзіцу і казку,
Малітвы і шэпты
Падзякаваць трэба:
Сатнягай яечак,
Капой перапечак,
Вядзёркам адгону,
Буханкаю хлеба…
Заплаціш — і толькі;
Карысьці ніколькі!
Як здохламу пуга —
Ад чорта і бога! Махлярства і штука,
Хлусьня і ашука,
І болей нічога,
Нічога, нічога!
Здаецца пара-бы,
Каб нават і бабы
Уцямілі гэта
І з хат чапялою
Прагналі у карак
Папоў і знахарак
З вярбою, вадою
І іншай брыдою!
Аж не! ў мазгавіны
Да гэтай хвіліны
Мусябыць яшчэ
Не заглянула сонца:
Жывуць забабоны,
Залом і праклёны
І цемра ўлазіць
Да нас праз ваконца…
Ці сьмерць, ці радзіны,
Вясельле, хрысьціны,
Уходзіны, сьвята —
Сялянскія лавы
Ня пройдуць ніколі
Бяз хлеба і солі
Для чортавай зграі
І боскай аравы!
З дзіравай кішэні,
З апошняе жмені
Ў папоўскую торбу
Рублі і двузлоткі
Плывуць, як крыніца,
Ад Тэклі і Грыца,
Ад бабкі і дзеда,
Ад дзядзькі і цёткі.
Сыны без сарочкі.
І зрэбная ў дочкі —
Хоць пралі і ткалі
І зіму, і лета…
Украдкай ад мужа
Змаглёваны кужаль
На Сёмуху ў цэркву
Занесла кабета…
Як зваляцца порткі,
Ці вылязуць форткі —
„А дзе ж гэта кужаль?“
Спытае Мікіта.
Заверціцца баба —
Аж зробіцца слаба:
„Дык я-ж падаслала
Папу пад капыта!“
А поп не завала:
Бяры, што папала!
З-пад ног і у хату, —
Прыдасца, нябога! На мех ці на торбу,
Каб з нашага-ж горбу
Зьбіраць на каляды
„Ахвяры для бога“.
А часам у хаце
Навыварат, браце!
Пабожны мужчына:
Ні многа ні мала:
Цягае таксама
Ў папоўскую краму
З кадушачкі жыта,
3 кубельчыка сала.
Было і бывае!
Жанчына спытае:
„Скажы мне, Мікіта, —
Ня знаю, што знача?
Куды гэта сала
З паўпуда патала?
Два тыдні ня елі,
А ў кубле — нястача?“
Папаўся Мікіта:
Рабіў шыта-крыта,
А жонка злавіла
Ураз небараку:
„Куды? Я намедні
Папу па абедні
За душачкі змарлых
Занёс у падзяку!“
Мо‘ хто не паверыць
І зубы ашчэрыць:
„Пра леташні сьнег,
Успамінаў ня трэба!
Калісьці бывала,
Што поп абірала —
Цяпер-жа ён лас
І кавалачкам хлеба!
Што дасьць, калі ласка,
Якуб ці Параска —
Ён возьме з падзякай,
Бяз торгу і крыку:
„Дай болей“ — ня скажа,
Паклоніцца — ляжа!
Пашло духавенства
Інакшага ліку!“
Ня першае лета
Я ведаю гэта:
Ваўкі у авечую
Строяцца скуру,
Каб ласачкай душу
Абтрэсьці, як грушу —
За сорак гадкоў
Я пазнаў іх натуру!
Бяз царскай кароны
Няма абароны —
Другія часы
У краіне Свабоды: інакшыя людзі —
Ня возьмеш за грудзі,
Як гэта было
Ў паднявольныя годы!
А дай толькі ўладу —
Намолішся ззаду.
Ня знойдзеш прытулку
Ні ў лесе, ні ў садзе —
І з пеклам і з раем
Старым абычаем
Усёй чацьвярнёю
На шыю ўсьсядзе.
Цяпер ён ня ласы
На нашы кілбасы, —
А толькі ўсё гэта,
Браточкі, няшчыра!
Гаворачы з вамі,
За пазухай камень
Заўсёды трымае
„Сьвятая праныра“…
Пакуль да аброці,
Ня чорна у роце!
А зловіць падманай
Каня у вуздэчку, —
Вярхом — і паедзе!
Ня раз, мой суседзе,
Прыймалі мы воўка
За тую авечку.
Ні ў лесе, ні ў полі —
Ня верце ніколі,
Бо воўк свае воўчай
Ня зьменіць пароды!
Пара ўжо у карак
Папоў і знахарак
З Краіны Саветаў
Прагнаць назаўсёды!
|