Кацярына (Шаўчэнка/Купала)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
III Кацярына
IV
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
V
Крыніца: http://knihi.com/Taras_Saucenka/Kaciaryna.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Каля гары, над ярам-долам,
Як старцы, ўзняўшы сваю голаў,
Дубы з гетманшчыны стаяць.
Грабелька ў яры, вербы ў рад,
Ставок пад крыгаю ў няволі,
У ім палонка - ваду браць,
Як круг чырвоны чырванее, -
З-за хмары сонца ўсплыло;
Надзьмуўся вецер, - як павее!
Няма нічога, скрозь бялее...
Ды толькі ў лесе загуло.
Раве, свішча завіруха,
Па лесе завыла;
Як бы мора, бела поле
Снегам закаціла.
Выйшаў з хаты карбаўнічы
Лесу аглядаці,
Ды куды там!
Гэткі розрух!
Свету не відаці.
«Эге, бачу, што за немач!
Ліха ж яго з лесам!
Пайсці ў хату... Але што там?
Ну іх да ста бесаў!
Ліхаццё іх разнасіла,
Як бы й справу мелі.
Глянь, Нічыпар, прыглядзіся!
Як жа пабялелі!»
«Што, маскалі?.. Дзе маскалі?»
«Што ты? Схамяніся!..»
«Дзе маскалі, галубочкі?»
«Ды вунь, падзівіся!»
Паляцела Кацярына,
Не ўспела адзецца.
«Мабыць, добра Маскоўшчына
Ў знакі ёй даецца!
Бо ўначы толькі і знае,
Што маскаля кліча».
Цераз пні, цераз сувеі
Ляціць, ледзьве дыша.
Босай стала сярод шляху,
Махае рукамі.
А маскалі ёй насустрач,
Як адзін, вярхамі.
«Доля ж мая! бяда-гора!»
Да іх... Калі гляне -
Наперадзе старшы едзе.
«Любы мой Іване!
Каханае маё сэрца!
Дзе ж ты быў падзеўся?»
Ды да яго... за страмёны...
А ён прыглядзеўся
Ды шпорамі каня ў бокі.
«Чаго ж ты ўцякаеш?
Забыў хіба Кацярыну?
Хіба не пазнаеш?
Прыглядзіся, мой галубе,
На мяне глянь, скемі:
Я - Катруся твая люба,
Нашто рвеш ты стрэмя?»
А ён каня паганяе,
Нібы і не бача.
«Пачакай жа, мой галубе!
Зірні - я не плачу.
Непазнаў мяне, Іване?
Сэрца, прыглядзіся,
Ей жа Богу, я - Катруся!»
«Дура, отвяжися!
Возьмите прочь безумную!»
«Божа мой! Івасю!
І ты мяне пакідаеш?
А ты ж прысягаўся!»
«Возьмите прочь! Что ж вы стали?»
«Каго? Мяне ўзяці?
За што ж скажы, мой галубе?
Каму хочаш даці
Сваю Касю, да цябе што
Ў садочак хадзіла,
Сваю Касю, для цябе што
Сына спарадзіла?
Мой бацечка, мой браточак!
Хоць ты не цурайся!
Найміткаю табе стану...
З другою кахайся...
З цэлым светам... я забуду,
Што калісь кахала,
Што ад цябе сына мела,
Пакрыткаю стала...
Пакрыткаю... Які сорам!
І за што я гіну?
Кінь мяне, забудзь мяне ты,
Ды не кідай сына.
Не пакінеш?.. Маё сэрца,
Пастой! Прашу вельмі!..
Я вынесу табе сына».
Выпусціла стрэмя
Ды ў хаціну. Бяжыць з хаты,
Нясе яму сына.
Заплаканы, неспавіты
Бедны сіраціна.
«Во яно дзе, на, прыгледзься!
Дзе ж ты? Захаваўся?
Ўцёк!.. няма ўжо!.. Сына, сына
Бацька адцураўся!
Божа ты мой!.. Мая дзетка!
Дзе ж дзецца з табою?
Маскалікі! Галубочкі!
Вазьміце з сабою;
Не цурайцеся, браточкі:
Яно сіраціна;
Забярыце і аддайце
Старшаму за сына.
Забярыце!.. Бо пакіну,
Як бацька пакінуў, -
Бадай яго не кідала
Горкая часіна!..
Грэхам цябе на свет Божы
Маці спарадзіла;
Вырастай жа на смех людзям!»
На шлях палажыла.
«Заставайся шукаць бацькі,
А я ўжо шукала...»
Ды ў лес з шляху, як вар'ятка!
І следу не стала.
Дзіцё плача... Маскалям што?
Балазе; мінулі.
Яно й добра; ды на ліха
Леснікі пачулі.
Кася бегае па лесе,
Бегае, галосіць,
То кляне свайго Івана,
То плача, то просіць.
Выбягае на ўзлессе;
Зірнула навокал
Ды ў яр... бяжыць... сярод ставу
Стала адзінока.
«Прымі, Божа, маю душу,
А ты - маё цела!»
Бух старчма ў ваду!.. Пад лёдам
Глуха забурлела.
Чарнабрыва Кацярына
Знайшла, што шукала.
Дзьмухнуў вецер па-над ставам -
І следу не стала.
То не вецер, то не буйны,
Што дубы ламае;
То не гора, не ліхое,
Што маці ўмірае;
Не сіроткі тыя дзеці,
Што мамка ў зямельцы,
Слава добрая й магіла
Для іх застанецца.
Як дакучаць злыя людзі
Малой сіраціне, -
Вылье слёзы на магілу -
Сэрцайка спачыне.
А таму якая доля,
Доля засталася,
Каго бацька і не бачыў,
Маці адраклася?
Байструку што засталося?
Хто з ім загавора?
Ні радні той, ні хаціны;
Шляхі, пяскі, гора...
Панскі тварык, чорны бровы...
Нашто? Каб пазналі!
Выпесціла, не схавала...
Бадай палінялі!