Перайсці да зместу

Кацярына (Шаўчэнка/Купала)/II

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I Кацярына
II
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Крыніца: http://knihi.com/Taras_Saucenka/Kaciaryna.html
III

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





У канцы стала сядзіць бацька,
На рукі схіліўся;
Не глядзіць ён на свет Божы:
Цяжка зажурыўся.
Ля яго старая маці
Сядзіць на ўслоне,
Са слязамі адно толькі
На дачку гамоне:
„Што, вяселле, мая дочка?
А дзе ж твая пара?
Дзе сваточкі з ручнікамі,
Прыданкі, баяры?
Ў Маскоўшчыне, мая дочка!
Ідзі ж іх шукаці,
Ды не кажы добрым людзям,
Што ў цябе ёсць маці.
Ох, праклятаю часінай
Цябе спарадзіла!
Каб ды знала, да ўсход сонца
Была б утапіла…
Гадзюкавай была б стравай,
Цяпер — маскалёвай…
Ой, дачушка, ой, дачушка,
Цвеце мой ружовы!
Як ягадку ды як птушку,
Кахала, расціла
На нядолю… Эх, дачушка,
Што ты нарабіла?..
Адплаціла!.. Йдзі, шукай жа
У Маскве свякрухі.
Не слухала маіх радаў,
Дык яе паслухай!
Ідзі, дочка, знайдзі яе,
Знайдзі, прывітайся,
Будзь шчасліва ў чужых людзях,
Да нас не вяртайся!
Не вяртайся, мая дзетка,
З далёкага краю…
А хто ж костачкі мае тут
Без цябе схавае?
Хто заплача нада мною,
Як родная дзетка?
Хто пасадзіць на магіле
Каліну ды кветкі?
Хто без цябе грэшну душу
Будзе памінаці?
Ой, дачушка, ой, дачушка,
Што болей казаці?
Ідзі ад нас!..“
Ледзьве, ледзьве
Паблагаславіла:
„Бог з табою!“ — ды, як мёртва,
Галаву схіліла.
Абазваўся стары бацька:
„Чаго жджэш, нябога?“
Заплакала Кацярына
Ды бух яму ў ногі:
„Даруй ты мне, мой татулька,
Што я нарабіла!
Даруй ты мне, мой галубе,
Мой саколе мілы!“
„Няхай Бог табе даруе
Ды добрыя людзі,
Памаліся ды йдзі з Богам —
Мо лягчэй мне будзе“.
Пакланілася, устаўшы,
Выйшла моўчкі з хаткі;
Засталіся сіратамі
Стары бацька й матка.
У садок пайшла вішнёвы,
Малілася Богу,
Узяла зямлі з-пад вішні
Сабе на дарогу;
Прашаптала: „Не вярнуся!
У далёкім краі,
У чужой зямлі чужыя
Мяне пахаваюць;
А сваёй гэты драбочак
Нада мною ляжа,
Ды пра долю, маё гора
Чужым людзям скажа…
Не расказывай, галубка!
Дзе б ні пахавалі,
Каб на гэтым свеце грэшнай
Людзі не чапалі!
Ты не скажаш…
Вось хто скажа,
Што я яго маці!
Мой ты Божа! Маё гора!
Дзе ж мне захавацца?
Схаваюся, мая дзетка,
Сама пад вадою,
А за грэх мой адцярпіш ты
Ў людзях сіратою,
Бязбацькаўцам!..“
Пайшла вёскай
З плачам Кацярына,
Завязаўшыся хусцінай,
Галубячы сына.
Азірнулася, як выйшла,
Сэрцайка заныла,
Паківала галавою
Дый загаласіла.
Як таполя, стала ў полі
Пры бітай дарозе;
Як раса да ўсходу сонца,
Пакапалі слёзы.
За горкімі за слязамі
І свету не бача,
Толькі сына прыгартае,
Цалуе ды плача.
А яно, як ангелятка,
Нічога не знае,
Ручаняткамі малымі
Пазухі шукае.
Села сонца, чуць дзе-нідзе
Зоркі зазіялі,
Слёзы ўцерла, паплялася…
Нікне… знікла ў далі.
Доўга ў сяле гаманілі
Дасужыя свацці,
Ды не чулі тых гамонак
Ні бацька, ні маці…
Вось жа як на гэтым свеце
Робяць людзям людзі!
Таго вяжуць, таго рэжуць,
Той сам сябе губіць…
А за што? Святы іх знае.
Свет, як глянь, шырокі,
Ды няма дзе прыхіліцца
Ў свеце адзінокім.
Таму доля дала месца
Ад краю да краю,
А другому тры аршыны,
Дзе і пахаваюць.
Дзе ж добрыя тыя людзі,
Што сэрца жадала
З імі жыці, іх любіці?
Прапалі, не стала!
Ёсць на свеце доля,
А хто яе знае?
Ёсць на свеце воля,
А хто яе мае?
Ёсць людзі на свеце —
Золатам зіяюць;
Здаецца, пануюць,
А долі не знаюць, —
Ні долі, ні волі!
З нудою ды з горам
Жупан надзяваюць,
А плакаці — сорам…
Забярыце скарбы,
Жывіце ў багацці,
А я вазьму слёзы —
Гора заліваці.
Затаплю нядолю
Дробнымі слязамі,
Затапчу няволю
Босымі нагамі!
Тады я вясёлы,
Тады ўсё — багаццем,
Як сэрцайка будзе
На волі гуляці.