Каток
Выгляд
Каток Верш Аўтар: Адам Гурыновіч |
Сядзіць над вадою маленькі каток,
Глядзіць ён на рыбкі, разінуў раток.
Хацеў бы дастаць іх − баіцца скакнуць,
Баіцца вадою ён ног абмакнуць.
А хлопчык маленькі над кніжкай сядзіць.
Яе ён раскрыўшы, на вершы глядзіць.
I рад бы вучыцца, хацеў бы ўсё знаць —
Ды шкода галоўкі сваёй бедаваць.
Ах, дарма, мой хлопчык, напрасна, дзіця, −
Пячоныя пташкі у рот не ляцяць.
Калі ты што-кольвек захочаш пазнаць,
То мусіш не мала над тым працаваць.