Перайсці да зместу

Кастусь Каліноўскі (Лявонны)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кастусь Каліноўскі
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1928
Крыніца: http://kalinouski.arkushy.by/exegit/literature/liawonny_kk.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




...Слухай, вёска,
Запечная, цьмяная!
Вестку волі Кастусь прынёс...
— Тваё цела ў нязьлічаных ранах,
Ланцугамі акован лёс...

— Выхадзі-ж на паўстанак, жытнёвая, —
Час памерацца сілай даўно!
Засьпяваеш тады песьні новыя,
Як прагоніш з зямлі паноў.

Нікне ў цьвецені рань цёмна-шэрая.
Шмат загінула там,
на масту...
Беларусь Кастусю паверыла —
І пайшоў на паўстаньне Кастусь...

Бізуны... Бізуны... Зорка бліскае.
А ў лясох —
Для паўстанца прастор!..
Ой, крывавы туман на Лукішках
І над Горадняй крыўды стон...

Да змаганьня прызыўныя тоны
Строфы коўкія
ў сэрцы выбілі...
...Беларусі палеткі звоняць
Шэрагам
            шэрых
                        шыбеніц.

І надоўга,
надоўга замоўклі
Кастуся агнявыя словы.
І праводзілі белыя воўкі
Мураўёўскія прапановы...

Разгуляліся ветры па полю,
Але памяць аб тым не замесьці,
Хто аправіў мужыцкую волю
У паўстанцкія, сьмелыя песьні!..

За чырвонай мяжой —
шал і лёскат.
Але стануць і там у калёны —
Не адзін Кастусь Каліноўскі,
А такіх, як ён — мільёны!..

(20 сакавіка 1928)