Перайсці да зместу

Кастусь Каліноўскі (Клімковіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кастусь Каліноўскі
П’еса
Аўтар: Міхась Клімковіч
1940-1944
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзеючыя асобы

Кастусь Каліноўскі.
Вольга.
Мечыслаў.
Вярыга.
Марыя Грагатовіч.
Парфіяновіч.
Мураўёў.
Лосеў.
Маршалак.
Князь Валконскі — кур'ер з Пецярбурга.
Капітан.
Афіцэр.
Пан — прадстаўнік Варшаўскага жонду.
Пан — абшарнік.
Пані.
Гувернантка.
Дзяўчына.
Стары.
Дзед.
Вартавы.
Салдат.
Жандар,
Шляхта, дзяўчаты, хлопцы, салдаты.
Хор.

Карціна першая

[правіць]

Вечарынка ў пецярбургскай кватэры Кастуся Каліноўскага. Сабраліся аднадумцы Кастуся. Вярыга, будучы начальнік кінжальшчыкаў[1], студэнты, два рускія афіцэры, Вольга, Мечыслаў. Прысутнічаюць і два палякі, звязаныя з камітэтам дапамогі польскаму паўстанню[2] — вусаты пан і Марыя Грагатовіч.


Мечыслаў
(спявае)
"Ах ты, ноченька, ночка темная3,
Ночка темная, ночь осенняя".

Усе
"Ночка темная, ночь осенняя".

Марыя
"Ни одной-то нет, в небе звездочки,
Лишь один-то есть, мил-сердечный друг".

Усе
"Лишь один-то есть, мил-сердечный друг".

Каліноўскі
(чытае)
"...Няўжо вам ніколі не прыходзіла на думку, што, акрамя царскай афіцыяльнай Расіі, ёсць другая; што акрамя Мураўёва, які вешае, ёсць Мураўёвы, якіх вешаюць..."

Вярыга
Пакуль што вешаюць, Кастусь...

Каліноўскі
(спявае)
Дык вось. сябры, успомнім чалавека.
Сумленне рускае зямлі,
I "Колокол"4 яго магутны
Ва ўсіх кутках Русі далёка чутны.

Усе
Жыве хай Герцэн! "Vivos voco!
Vivos Voco!"5

Каліноўскі
Цень Герцэна вітае паміж намі,
Заве жывых узяцца за сякеру
На самаўладства дзікае цара,
І клічам тым ўздымае нашу веру,
Што над Расіяй ўзыдзе светлая зара.
Паўстаў народ гаротнай Беларусі.

Пан
Паўстала Польшча, а за ёй Літва,
Пан гэта выславіць хацеў, я спадзяюся...

Каліноўскі
Не, пан ужондавец! Прывык я зваць
Край родны свой гаротнай Беларуссю
І братам мужыка. а не паноў над ім.

Парфіяновіч
Навошта рэзкім быць, Кастусь, такім?

Каліноўскі
Ды справа зараз мабыць і не ў тым.
Паўстануць ўсе, хто стогне у прымусе.
І хто сумленны — дапаможа ім.

Афіцэр
Ты праў, Кастусь!..
У сэрцы рускага вялікага народа,
У марах лепшых між яго сыноў
Былі заўсёды роўнасць і свабода,
Былі заўсёды роўнасць і свабода,
Ён іх здабыць нам памагчы гатоў!
Каліноўскі, Вольга і Вярыга
У сэрцы рускага вялікага народа
Былі заўсёды роўнасць і свабода!

Афіцэр
Аб іх складалі оды рускія паэты,
Народ спяваў,
Не баючыся ні смерці, ні турмы.
Тыя ж
Аб іх складалі оды рускія паэты,
Народ спяваў...

Афіцэр
Адною з вамі думкаю сагрэты,
За іх свой голас уздымаем мы.
Тыя ж
Адною з намі думкаю сагрэты,
Уздымаеце за іх свой голас вы.

Афіцэр
Каб сцвердзіць праўду гэтых слоў,
Прад вамі я ламаю шпагу —
На імя рускае не выклічу знявагі,
Не абагру рукі сваёй
Крывёй братоў, паўстаўшых за свабоду...

Марыя
Дазвольце мне, жанчыне, жаноцкую вам даць узнагароду.
(яна цалуе афіцэра)

Усе
Брава, брава!..

Марыя
Мой Мечыслаў, ты не злуешся на мяне?..

Мечыслаў
У такім выпадку не, Марыя, не!

Марыя
Я трошкі п'яна ад віна,
Але я вып'ю ўсё да дна.
Няхай п'яніць мяне і вас
Свяшчэннай помсты блізкі час...

Афіцэр
За гібель дэспата-цара,
За злучнасць рук і сэрцаў нашых
Вышэй паднімем дружбы чашу
I грымнем рускае ура!!!

Усе
(акрамя Марыі і пана)
Ура! Ура! Ура!

Марыя
Я польскі віват дадаю!

Афіцэр
I за сябровак у баю!

Вярыга
(Кастусю)
А мы з табой паднімем чару
За сілу будучых удараў!.

Афіцэр
Гэй, нарыхтуем пунш, панове,
Каб выпіць нам за Беларусь...
Большасць прысутных выходзіць. Пан адводзіць Марыю ўбок.


Пан
Вы разумееце, Марыя, што надзею
Вялікую на вас ўскладае камітэт.
Прымусьце Кастуся ісці за вамі ўслед,
Калі патрэбна, ўсёй чароўнасцю сваёю...
Калі ж ён стане нам насупярок,
Прыняць яго з пуці любой цаною.

Марыя
Але...

Пан
Заданне гэтае дае вам айчына й бог...

Марыя
Баюся я, што ён мяне палоніць,
Як ён прыгож, нібы паўстання бог...

Пан
Няхай вас Езус абароніць!..

Марыя
Жартую я...
Калі б ён быў не хам,
Калі б яго зусім прывабіць к нам,
Тады...

Пан
Тады... Але нашто гадаць?..
Пакуль што трэба скарыстаць
Супроць цара сялянскія настроі,
Каб нам мацней прыбраць да рук
Літву і Беларусь...
Вы разумееце?

Марыя
Так, разумею...
Яны падыходзяць да Мечыслава, які за раялем спявае сам сабе


Мечыслаў
Дзе ты, шчасце маё шматчаканае,
У якіх ты лясах заблудзілася,
У якіх ты вірах утапілася,
Сцежкі топчаш, нікім не таптаныя!..
Людзі любяць, і пушча далёкая
Салаўямі ўсю ноч адклікаецца,
Калі ж сэрца маё разрываецца ў грудзях, —
Адны совы смяюцца, галёкаюць...
Дзе б ні была, мая Марыя,
Пачуй мяне душой...
Твае пяшчоты агнявыя
Я клічу, светлы анёл мой...
Рука шукае цёплай стрэчы
З тваёй рукой...
На заклік мары чалавечай
Зляці ты, светлы анёл мой...
Цішыня, толькі рэха бясплотнае
Адгукаецца зданню няўлоўнаю...
Рассыпае тугу незваротную
На душу на маю, на гаротную...
Пад канец усе ўваходзяць з пуншам і слухаюць Мечыслава


Афіцэр
Цудоўная Марыя, мы просім вас,
Без вас прамовы і віно губляюць смак!

Марыя
Іду і п'ю да дна!
П'ю за найлепшага між нас.

Каліноўскі
За Беларусь!

Мечыслаў
О, так, мой друг, за Беларусь!

Марыя
I славу ўстаўшае Варшавы.
Афіцэр адводзіць Каліноўскага ўбок.


Афіцэр
Вось тут усё, што ты прасіў,
Падлік жандарскіх чорных сіл,
Тут адрас склада зброі ў Дзвінску,
Туды звярніся... скажаш: Мінскі
Цябе прыслаў...
Тут беларускія шрыфты,
Узор якіх прыслаў нам ты...
Эх, чорт вазьмі,
Як бой, дык бой!
Кастусь, я еду за табой...
Паўстанню стану ў дапамогу.

Кастусь
У добры час!
Вітаю смелага між нас!
Давайце вып'ем на дарогу!
Усе падымаюць бакалы.


Кастусь
За тыя сілы маладыя,
Якімі пеніцца Расія
Ад гор далёкага Алтая
Да хваль сярэбраных Дняпра...
Глядзіце, другі! Нас вітае
Зара свабоды залатая,
З усходу ўстаўшая зара.
З усходу ўстаўшая зара,
Хай гэты сімвал нас яднае!
Зары і сонейку — ура!!!

Усе
Зары і сонейку — ура, ура, ура!!!
Грукнем, стукнем чары ў чары
На вясёлы успамін,
Хай звіняць, як сны і мары
Маладых людскіх гадзін.
Жыць аднойчы чалавеку,
Хай жа кожны міг жыцця
Будзе повен аж да веку
Маладога пачуцця...
Хай з нас кожны мецьме права
На закаце ўласных дзён
На карысць братам, на славу
Зноў узняць вось гэты звон...
Жыць аднойчы чалавеку,
Хай жа кожны міг жыцця
Будзе повен аж да веку
Маладога пачуцця!..
Маладога пачуцця!..
Усе разыходзяцца. Праз нейкі час Вольга вяртаецца ў пакой


Вольга
Прабачце мне, Кастусь... Ці не змаглі б вы
Да бацькоў маіх
Завезці гэты ліст?..

Кастусь
Ахвотна, Вольга. Як я рад, што вы вярнуліся
Пабыць са мной хвіліну...

Вольга
Кастусь, не трэба жартаваць...

Кастусь
Без вас я буду сумаваць...

Вольга
Не трэба так, Кастусь!
О, не сумуйце, сізы сокал!
Народ вы, любіце глыбока,
I ён вам будзе рад!..
А я хацела б, каб вы скора
Дапамагалі яму ў горы
І к нам вярнуліся назад!

Кастусь
О, як павезці я жадаў бы
Адну дзяўчыну ў Беларусь...

Вольга
Вы ўсё жартуеце, а я, Кастусь,
Я вас люблю...
(спалоханая раптоўным прызнаннем, яна кінулася ўцякаць, але Кастусь затрымоўвае яе)

Кастусь
Які цудоўны сон сасніў я.
Не веру я сваім вушам.
Здалося мне, што дзесь далёка
"Люблю цябе" звіняць аблокі,
"Люблю цябе" шумяць асокі!
О, паўтары святое гэта слова!

Вольга
Кастусь, любімы мой, люблю цябе..

Кастусь
О, паўтары...

Вольга
Люблю цябе...

Кастусь
О, паўтары!

Вольга
Люблю цябе. А ты мяне?

Кастусь
Люблю цябе, як не любіў ніколі
I як нікога больш не палюблю.
Ды толькі...

Вольга
Што?..

Кастусь
Мо' згіну я у барацьбе, цябе згублю…

Вольга
Родны мой, любы мой, сокал,
Вось што хвалюе цябе.
Ведай жа — шчасцем глыбокім
Смерць палічу за цябе...
Любы, вазьмі маё сэрца,
Толькі табой яно б'ецца,
Толькі табою жыве,
Толькі табою жыве...

Кастусь
Галубка чыстая мая,

Вольга
Кастусь, мой любы сізы сокал...
Вольга і Кастусь
(разам)
Нашу любоў да астатняга скону,
Дум нашых, мар нашых светлы вяночак
Благаславі ты, о светлая ночка,
Зоркамі яснымі свет азароны.
Заслона

Карціна другая

[правіць]


Панскі двор. На двары сумятня: панская сям'я збіраецца ўцякаць, бо блізка паявіліся каліноўцы. Пан падганяе дворных, каб хутчэй цягалі рэчы.


Пан
Хутчэй цягні! Вось я вас падганю!
(зазяваўшамуся хлопцу)
Што, хаме, стаў?
Цягні, кажу табе!
Пан ударыў хлопца, той хацеў даць здачы, але стрымаўся, панёс цюк.


Пан
(да жонкі і гувернанткі)
Хутчэй жа, мэз амі6. Марудзіце,
Як бабы дзе-небудзь старыя...
А Каліноўскі ўжо за рэчкай.
Пані
(заўважыўшы, што няма сабачкі)
Фіфі, Фіфі! Сабачка мой,
Як без яго паеду я?

Пан
(злосна)
Да д'ябла пса! Прашу вас, мэз амі!
Спяшайцеся, калі не хочаце папасці ў лапы
Каліноўцам!
Пані
Не, не, ні за што на свеце!
Фіфі, Фіфі, Фіфі!
Пакуль пані, гувернантка і дзяўчына шукаюць сабачку, хлопец, якога ўдарыў пан, адводзіць двух другіх убок.

Хлопец
Чуў, Каліноўскі блізка! Пайшлі...
На мосце панскую карэту спынім
I каліноўцам пана аддамо.
Усе трое бяруць вілы і знікаюць за стайняй. Тым часам дзяўчына адшукала балонку.

Дзяўчына
Нарэшце, пані, адшукала! Вось яна!

Гувернантка
Мон дзьё, мон дзьё!7 Яны у вёсцы!
Загінем ўсе! Алён віт, мэз анфан!8
Хутчэй, хутчэй.

Пан
(да сялян)
Глядзіце, хамы, беражыце ўсё,
А прападзе што — выб'ю з вашай скуры!
Пайшоў, фурман!
Карэта з панамі паехала. Настрой дворных змяніўся.


Стары
Вось, як мышы, паўцякалі!
Але не сёння — заўтра ўсё адно дагонім!
Пра гэта вось напісана ў газеце.
(дастае газету)
Завецца газета
"Мужыцкая праўда" — у ёй пра зямлю і пра волю напісана.
Мовай мужыцкай яна надрукована.
Так Кастусём Каліноўскім загадана.
Пакуль сяляне разглядаюць газету, чуваць шум: гэта тры хлопцы цягнуць захопленага пана.

Дзяўчаты
Што гэта! Пана назад валакуць?

Стары
Ці ж не казаў я — усё адно дагонім!

Хлопцы
Ідзі, ідзі, брухаты, на народны суд!

Пан
Галубчыкі, галубчыкі...
Хлопец
Вось я табе твайго каршня аддам!
(дае каршня пану)

Стары
(пану)
Папаўся, крук?
За здзек нялюдскі твой над намі,
За нашых прадзедаў, што прадзеды твае
На гэтай стайні секлі бізунамі, —
Куды цябе, панок? У вір ці на дубовы сук?

Пан
Галубчыкі, галубчыкі...
Хлопцы і дзяўчаты
На сук! У вір! На браму!
Дзяўчына
(убягаючы)
Каліноўцы, каліноўцы!
За сцэнай чутна песня каліноўцаў.

Стары
Давайце пачакаем вешаць,
Хай Каліноўскі вырашае,
Якая смерць яму.
Песня ўзмацняецца. Сяляне вяжуць пана і кідаюць пад дубам.

Салдаты
Досыць гнуцца ад болю і мукі,
Досыць нам зносіць і крыўду і здзек,
Возьмем косы ў мазольныя рукі,
Хай Каліноўскі на бітву вядзе!
Касі, каса, касі!
Цягне царская воласць падаткі,
Хоць дзяцей прадаваць ты нясі.
Пан здзірае свае недаплаткі9, —
Ты з зямлі іх касою скасі!
Касі, каса, касі!
Каліноўцы выходзяць з песняй на сцэну. Пад наглядам Вольгі праносяць некалькі раненых. Уваходзіць і Каліноўскі. Радасная сустрэча з народам.

Каліноўскі
Сябры мае! Вось і яшчэ адна ўдача:
Маёнтак здалі нам панкі.
Не памаглі ім казакі,
Ні ксёндз жалобным звонам-плачам.

Стары
А мы свайго пана затрымалі!

Каліноўскі
Няўжо? Ну й малайцы!

Стары
Хацелі тут яму зрабіць канцы,
Ды вырашылі пачакаць твайго прысуду.

Каліноўскі
Што ж, заўтра будзе суд.
Ён атрымае на заслугах.
На ноч запрыце ў стайню. Не ўцячэ!
Пана валакуць у стайню, запіраюць, ключ кладуць на стол.

Каліноўскі
Даволі прыгнёту і здзекаў даволі,
Здабудзем мы волю сабе
Не з панскае ласкі, не з царскай рукі,
А сілай і зброяй, сябры-дзецюкі!

Салдаты
Не з панскае ласкі, не з царскай рукі,
А сілай і зброяй, сябры-дзецюкі.

Каліноўскі
Паноў пазганяем, двары пабярэм
I царскіх сатрапаў змяцем!
А самі мы вольнай сям'ёй зажывем,
На гэтым стаім мы, на гэтым памрэм!

Салдаты
А самі мы вольнай сям'ёй зажывем,
На гэтым стаім мы, на гэтым памрэм!

Каліноўскі
А зараз гуляйма! У гэтым двары
Не пан гаспадарыць, — а мы!
У ранні падзелім зямлю у двары,
Дык песню, дык пляску, давайце, сябры!
Пачынаецца пляска.

Дзед
Па гародзе я хаджу10,
Канапелькі я саджу.
Сею, сею, высяваю,
Ураджаю дажыдаю!

Салдаты
Канапелькі мае, канапелечкі,
Вы расціце, вы шуміце памаленечку.
Канапелькі растуць,
Канапелькі цвітуць.
Верабейкі лятуць,
Канапелькі дзяўбуць.
Акыш... Акыш...

Дзед
Браў бы я каноплі,
Браў бы я пласконку,
Няма ў мяне любкі,
Няма ў мяне жонкі.

Салдаты
Канапелькі мае, канапелечкі,
Ну, давайце зацвітаць памаленечку.
Канапелькі растуць, канапелькі цвітуць.
Верабейкі лятуць,
Канапелькі дзяўбуць!

Дзед
Ты хадзі, Мар'яна,
Да мяне за жонку,
Будзем рана-рана
Браць маю пласконку.

Салдаты
Канапелькі мае, канапелечкі,
Ну давайце выспяваць памаленечку.

Дзед
Калі ж ты не пойдзеш
За мяне, Мар'яна,
Зацкую сабакам,
Праганю за браму.
Дзяўчына
Забі цябе божа,
Ды на сваёй печы.
Забі цябе божа
Таўкачом у плечы.
Яшчэ у дарозе
Зламанай дугою,
На маім парозе
У лоб качаргою.

Дзед
Ідзі лепей замуж
За мяне, Мар'яна,
У мяне не будзеш
Надта спрацаванай.
Я не дам, я не дам
Ні таўчы, ні малаціць,
Буду сам, буду сам
Усё рабіць, рабіць, рабіць.
Бо я сам малады,
Каромысел залаты.
Дзяўчына
Пайду замуж за цябе...

Дзяўчаты
I я, і я, і я...
Дзяўчына
О, цяпер на таку
Канапелек натаўку
І бліноў напяку
На гарачым паду.

Дзед
Бліноў напяку, бліноў на мяду.
Гарачы под, салодкі мёд...
Кхе, кхе, кхе...
Нехта з хору
Чаго ж, дзядулька, кашляеш?

Салдаты
Заняло старому дых,
Набраў жонак маладых,
Што не хочуць ні малоць,
Ні малоць, ні палоць,
Ні малоць, ні палоць...
Ні з гары ваду насіць,
Ні з гары ваду насіць,
Ні каноплі малаціць!
Дзяўчына і дзед
Мы з табою, дзедка,
Мы з табою, бабка,
Век векавалі,
З аднае лыжкі, з аднае міскі
Канапелькі клявалі.

Салдаты
Канапелькі мае, канапелечкі,
Вы расціце вось тут памаленечку.
Песня пераходзіць у танец.

Каліноўскі
(пасля танцу)
Сябры, пара адпачываць,
А зараз зноў казакаў гнаць...
Народ разыходзіцца. Каліноўскі застаецца адзін.

Каліноўскі
Вось, вось яна ляжыць перада мной,
Мая вялікая Радзіма, у імгле начной.
Шумяць яе задумленыя пушчы векавыя.
Між залатых жытоў дарогі палявыя.
На ўлонні поўных рэк схіліў чупрыну бор,
Глядзяцца зоры ў гладзь бязмежную азёр.
О, як прыгожа ты, мая Радзіма!
Колькі сілы ў тваёй спакойнай велічы.
О, край мой мілы!..
Колькі ў табе — і жуды і бяды.
Хаты сляпыя прыніклі к зямлі,
Крыж за сялом просіць долі у неба,
Дзеці апухлі без хлеба...
Толькі, як буслы, паны і падпанкі,
Ходзяць, махаючы ўсцяж бізуном,
Ды па астрогах бесперастанку
Рукі народа звіняць ланцугом.
Даў лёс бы арлу свае крыллі прасцерці,
Даў лёс бы адчуць сваю сілу зямную,
Ён здолее бурай з зямлі сваёй сцерці
Усіх прыганятых, усіх краважэрцаў.
Тады ў небывалай красе і уздыме
Мой край, нібы май, расцвіце, разаўецца.
I светлай сваёй і багатай Радзіме
Свабодны народ, нібы сонца, ўсміхнецца.
Уваходзіць Марыя Грагатовіч.

Марыя
Прашу прабачыць мне, што справай,
Звычайным буднічным дакладам,
Я вымушана перабіць
Натхнёных дум высокія уздымы...

Каліноўскі
Што скажаце, Марыя Грагатовіч?

Марыя
Што я скажу? Я далажу,
Што ў трох баях
Тры сотні казакоў разбіты
Маім атрадам ў пух і прах.
За першы бой мы з казакамі квіты.

Каліноўскі
Рад гэта чуць...

Марыя
I ўсё?.. I толькі?..

Каліноўскі
Што яшчэ, Марыя?

Марыя
Не ведаю. Як ехала сюды я,
Так многа мне хацелася сказаць
I раптам знікла ўсё...
Але я вам скажу...
Са снежнай пецярбургскае зімы
Абодва разам ехалі сюды мы.
I разам марылі ў дарозе мы
Аб вызваленні нашае Радзімы.
Я захапілася. Ва мне кіпела кроў...
I помста, і любоў...
Так, помсты і любві агонь непагасімы...
Мы разышліся... Сёння зноў
Нас зводзіць лёс неумалімы...
Яшчэ скажу, што я...
Што я люблю цябе, Кастусь,
Што без цябе мне свет не мілы,
Што я хачу, з'яднаўшы нашы сілы,
З'яднаць і рукі нашы, і на век,
На наш зусім кароткі век.
Я ведаю, што гэта ўсё не ў час,
Што звар'яцела я...
Не гаварыце зразу — "не" —
Пачакайце...

Кастусь
Марыя, мне шкада, што не магу
Вам тым жа адказаць...
Інакшыя мне свецяць зоркай вочы.
Інакшым сэрцам сэрца паланёна.
Вярніце сэрца ваша Мечыславу.

Марыя
Вы разумееце, што вы зрабілі?!
Я — полька! Я — жанчына!

Кастусь
Я разумею, але... Дазвольце мне
Правесці вас, вас Мечыслаў чакае.
Ён больш, чым я, паверце, варты вас.
Марыя выходзіць. Каліноўскі адзін. Уваходзіць Парфіяновіч.

Кастусь
Што скажаш, Парфіяновіч?!

Парфіяновіч
Я вам гасцей прывёў.
Уваходзяць Вярыга і афіцэр.

Кастусь
Вярыга, прывет, мой друг.
(пазнае афіцэра і кідаецца яму насустрач.)
А, гэта вы! Як рад, як рад я вам, мой друг.
Жыве хай наш студэнцкі Пецярбург.
О, як мне вас папраўдзе не хапала.

Афіцэр
Мяне ў дарозе справа затрымала,
I без яго
(паказвае на Парфіяновіча)
Я не папаў бы к вам.
Але цяпер да вашых я паслуг.

Кастусь
Вам адпачыць з дарогі трэба, друг.

Афіцэр
Мне досыць і салдацкага прывала.
На адпачынак часу мала.

Вярыга
Я ў Вільні быў. Навіны дрэнь.

Кастусь
Якія?

Вярыга
Ў Літоўскім камітэце паны і правы жонд
Рыхтуюць здраду чорную...

Кастусь
Так, я жорстка памыляўся,
Думаў скарыстаць
Супроць цара шляхецкае паўстанне.
Аж бачу я — ваўка з авечкай нельга супрагаць
Цягнуць у лес ён ўсё ж не перастане.
Нам трэба узнімаць, пакуль яшчэ не позна,
Супроць усіх паноў народны бунт
Магутны, грозны.
Інакш загінем мы.
Я вырашаю так — шляхецкія атрады,
Якія пойдуць з намі, — падначаліць нам.
(афіцэру.)
Каманду над атрадам Грагатовіч
Прыміце вы, мой друг.

Марыя
(увайшоўшы пры апошніх словах Кастуся)
Дык гэта дыктатура.

Кастусь
Так — дыктатура. Здайце свой атрад.

Марыя
Як не хапае вам шляхетнасці — дыктатар.

Кастусь
Так, не хапае, й дзякуй богу.
Інакш яна б мне засціла дарогу
Да сэрца селяніна, для якога
Ўсё роўна пан — паляк, ці беларус,
Ці рускі, — панам застаецца,
Калі сваёй прывычкі не зрачэцца
У селяніна ездзіць на гарбу.
I супроць іх усіх вядзе ён барацьбу.

Афіцэр
Ты праў, Кастусь. Калі б яшчэ дадаць
З'яднанне не з Літвой, а з вольнай рускаю зямлёй.
А з вольнай рускаю зямлёй*
Народ наш рад з'яднацца быў заўсёды,
Каб разам здабываць і шчасце і свабоду!
Але за іх патрэбен жорсткі бой
I хто яго ні распачне —
З тым мы павінны быць...

Кастусь
(Парфіяновічу)
Начальніка кінжальшчыкаў ка мне!
(бярэ ключ і паказвае на стайню.)
У стайні пан тутэйшы да суда сядзіць,
Няхай начальнік возьме пад ахову.
Пайшлі, сябры, вам трэба адпачыць.
Кладзе ключ на стол і выходзіць разам з Вярыгай і афіцэрам. Марыя выходзіць асобна. Парфіяновіч бярэ ключ і задумваецца.

Парфіяновіч
У Вільні белы жонд... рыхтуе здраду.
А што калі захопіць ён уладу?
Пакоцяцца галовы з мужыкоў!
Нам, шляхце беларускай, брат, таксама
Сваіх не ўратаваць галоў.
Якую ж даць сабе мне раду?
Закінь наперад — знойдзеш ззаду.
Я пана выпушчу... Ну так!
Кастусь ключа мне не здаваў,
Ён толькі за кінжальшчыкам мяне паслаў.
А покуль я хадзіў — тут пана нехта выпусціў,
Скажу...
(адмыкае дзверы стайні, прыадчыняе іх і кідае туды кінжал)
Калі жыццё вам дорага — ўцякайце!
Кінжал на ўсякі выпадак схавайце.
Парфіяновіч зноў прыадчыняе дзверы, азіраецца і кладзе ключ на старое месца і хутка знікае. Праз нейкі час Вольга выходзіць з жанчынай.

Вольга
(жанчыне)
Здаецца, раненых перавязалі ўсіх...
Няхай іх раны гояцца надзеяй,
Што хутка прыйдзе той шчаслівы міг.
Калі мы ворагаў навекі адалеем!
Спытайся, можа раненыя ёсць?
Жанчына пайшла. Вольга адна
А дзе ж Кастусь? Як рэдка ў гэтыя дні
Мы застаемся з ім адны.
Вось ён ідзе, здаецца, любы мой Кастусь...
Задумлены... знебытаваны...
Парадую яго спатканнем нечаканым!..
Яна хаваецца за дрэва. Задумлівы Кастусь праходзіць міма яе і спыняецца каля стайні так, што не можа бачыць ні дзвярэй стайні, ні дуба. З дзвярэй стайні выглядае пан, на ім вісяць разрэзаныя вяроўкі. Але шлях да ўцёку яму адрэзаны чалавекам, што стаіць да яго спіной. Трэба ачысціць шлях, і ён падкрадаецца да Каліноўскага з кінжалам. Такім чынам ён пападае ў поле зроку Вольгі, якая з абажаннем назірае за Кастусём. Вольга з крыкам: "Кастусь" кідаецца да пана і хапае яго за руку. Каліноўскі абарочваецца.


Каліноўскі
Ах, змей, што джаліць з-за вугла.
Ён кідаецца на дапамогу Вользе.
Я вырву джала.
Каліноўскі скруціў пана і кінуў зноў у стайню.

Кастусь
Дай, Вольга, ключ!
Дзверы зноў замкнуты. Каліноўскі працягвае рукі да Вольгі.

Кастусь
Як дзякаваць табе, што ты уратавала
Жыццё маё, галубанька мая?!

Вольга
(абдымае Кастуся)
Як я спужалася, Кастусь,
Мой родны, мой неасцярожны.
Пачынаецца трывога.

Кастусь
Трывога. Да зброі!
Убягае Вартавы і народ.

Кастусь
Што там?

Вартавы
Казакі за рэчкай,
Ідуць ад мястэчка,
Тры сотні з гарматай11.

Кастусь
(афіцэру)
Мой дружа, вам з яе атрадам
Ісці прысадамі, за садам
Ударыць ў левае крыло.
Вам мой стары у дапамогу.
Дзяўчаткі, дружна у сяло,
Усе бароны і нарогі
На вуліцу каням пад ногі,
Каб ім праходу не было.

Вольга
Я павяду іх, мой Кастусь.

Кастусь
Вядзі, галубка, й сцеражыся.
Табе, Вярыга, мой загад,
Адбіць гармату у салдат.
А мы пайдзём на перарэз
Казакаў біць і не на жарты.
А ну, сябры, у бой за волю,
За вольны свет, за наша поле.

Усе
За волю, за зямлю,
Вядзі, Кастусь, нас ў бой.
Вядзі, Кастусь, за волю ў бой,
За волю ў бой!
Заслона

Карціна трэцяя

[правіць]


Прыёмная зала ў палацы Віленскага генерал-губернатара Мураўёва12. Шляхта на чале з маршалкам прыйшла з візітам.

Хор шляхты
Што будзе? Што будзе? Па чутках прынамсі,
Яны ў Пецярбургу паўгода шукалі
Найбольшага ката. Ніхто не згаджаўся.
Нарэшце спыніліся на генерале...
Частка хору
Тс... у імя бога, асцярога!
Мы ж у самых лапах звера.
Праходзіць палкоўнік Лосеў13.
Маршалак
(да Лосева)
О, пан палкоўнік, хутка генерал
Нас прыняць зможа?

Лосеў
Не ведаю, здаецца затрымаў
Яго даклад начальніка жандараў.
Лосеў выходзіць у кабінет Мураўёва.

Салдаты
Вось бачыце, пахмелле пачалося.
Хто гэты афіцэр?
Маршалак
Палкоўнік Лосеў, памочнік Мураўёва.

Салдаты
Мы ж гаварылі, падвядзе Варшава.
Ім добра разам, а у нас разброд.
На крэсах Каліноўскі і мужыцкі зброд.
Маршалак
I адступіць нельга, бо трапіш на кінжал
Чырвонай іхняй дыктатуры.
Так і жывеш, чакаючы, ці хам, ці генерал
Дух вытрасе з тваёй шляхетнай скуры.

Салдаты
Так і чакаеш: хам ці генерал
Дух вытрасе з тваёй шляхетнай скуры.
Адзін з паноў
Эх, мала мы іх трэслі — мужыкоў!
Таму яны паўсталі на паноў.
Маршалак
Не! Скончыцца мяцеж — я скуру з іх злуплю!
Расчыняюцца дзверы і выходзіць Мураўёў.

Мураўёў
Здарова, гаспада!

Салдаты
Мы рады бачыць вас, шаноўны граф,
Па ласцы царскай у краях тутэйшых
Вітаем вас з прыездам!

Мураўёў
Загадам імператара-гасудара сюды
Прысланы я, каб вынішчыць крамолу.
Я не палітык, я — салдат!
Сваёй салдацкаю рукою
Я царскі выпаўню загад
I край мяцежны да спакою
Я прывяду любой цаною.
Я склікаў вас, яго вялікасці дваран,
Напомніць вам прысягу гасудару
I вам сказаць, што буду ужываць
Для здраднікаў адну я толькі кару,
I гэта кара — крэпкая пяньковая пятля.
I гэтай карай сёння па майму загаду
Скараны граф Ляваль!

Шляхта
Як, павешан граф Ляваль?
Цвет нашага магнацтва!

Мураўёў
Ні чын, ні тытул, ні радня
Не збавяць здрадніка ад кары,
Пакуль на гэтым месцы я
Стаю па ласцы гасудара.
Чулі?!
Лосеў падае яму прыгавор.
"Студэнтаў, чытаўшых па сёлах маніфесты
"Ужонду народового"14 — павесіць!"
(падпісвае прыгавор і перадае Лосеву.)
Гатова вісельня?

Лосеў
Гатова, граф!

Мураўёў
Уздыміце шторы! Так...
Няхай іх міласць пабачаць самі,
Сваімі ўласнымі вачамі,
Як вешаць будуць здраднікаў.
Паглядзіце на студэнтаў.
Не, не! Глядзіце, прашу!
Шляхта вымушана глядзець праз акно на павешанне.
Выхад адзін вам
Бача й сляпы:
Схіліцца ў пакоры
Да царскай стапы,
Альбо за здраду
Ісці у пятлю,
Разам згубіць
I жыццё і зямлю.

Шляхта
Мы слугі верныя яго вялікасці цара.
А шляхта — кінула б мяцеж даўно,
Але ж, каб іх жыццю не пагражаў кінжал.

Мураўёў
Чый?

Шляхта
Каліноўскага.
Уваходзіць жандар.

Жандар
Іх светласць, князь Валконскі з Пецярбурга.

Мураўёў
Прасі! Дык дзе ж ён усё-такі
Ваш няўлоўны Каліноўскі?
Уваходзіць Каліноўскі ў касцюме князя Валконскага.

Каліноўскі
Дазвольце вашаму сіяцельству сказаць,
Што Каліноўскага гадзіны дзве назад
Спаткаў я каля Вільні у засадзе.
З ім казакі, маёй аховы радзі,
Уступілі ў бой.
А я аб'ехаў стараной,
Каб вам даставіць эстафету.

Мураўёў
Хто ж вы такі, пан афіцэр?

Каліноўскі
Кур'ер з пакетам
Міністра вайсковых
I ўнутраных міністра спраў.

Мураўёў
Дакументы?

Каліноўскі
Калі ласка!

Мураўёў
(чытае дакументы і пытаецца)
Што хочуць ад мяне шаноўныя міністры?

Каліноўскі
Яны баяліся, што вы рашэннем скорым
Пасеяць можаце нездавальнення іскры,
Таму прасілі аб Лявалю,
Каб пакаранне вы адклалі,
Пакуль даложана не будзе гасудару.
Яшчэ прасілі, каб нікога без суда
Вы не казнілі, не спытаўшы згоды,
Калі патрэбна, то й свяшчэннага сінода.

Мураўёў
Скажыце ім, што між прысудам
I смерцю здрадніка даю такі кароткі час,
Што... Што...
(не можа гаварыць ад абурэння і паказвае ў акно.)
Лепш зірніце... Вам добра бачна?
А Ляваль павешан раніцою.

Каліноўскі
Дазвольце далажыць яшчэ адзін наказ!
Міністр ваенны просіць вас
Прыслаць яму адбітак дыслакацый
Ўсіх карных частак, мог каб інтэндант
Ім непасрэдна сумы асігнацый
Даслаць на ўвесь фураж і правіянт.

Мураўёў
Палкоўнік Лосеў! Выканаць загад!
Без правалокі выканаць паперы,
А міністэрскага кур'ера
Адправіць зараз жа назад.
(да шляхты.)
Цяпер прашу па нашаму звычаю
Пажалаваць на чашку чаю.
Бо ўсё-такі у госці вы прыйшлі.

Шляхта
Удзячны графу мы за гонар запрашэння
I рады будзем хлеб і соль аддаць
Ў маёнтках нашых ў часе пабачэння.
Калі мець гонар будзем вас вітаць.
Шляхта і Мураўёў пакідаюць сцэну.

Лосеў
Палкоўнік Лосеў!

Каліноўскі
Паручык, князь Валконскі!

Лосеў
Дзе ж вы жадаеце з дарогі адпачыць?

Каліноўскі
Я пачакаю тут,
Пакуль вы правіць будзеце паперы.
I зараз жа паеду ў Пецярбург.

Лосеў
Як жадаеце, а я прыму ўсе меры,
Каб вас не затрымаць, мой друг!
Лосеў выходзіць. Убягае жандар.

Жандар
К вам ад'ютант, ваша сіяцельства.

Каліноўскі
Прасі!
Спяшаючыся, уваходзіць афіцэр з атрада Каліноўскага.

Каліноўскі
Што здарылася, дружа?

Афіцэр
Палонны збег, хутчэй адсюль, Кастусь!

Каліноўскі
Мы не паспеем збегчы, нас дагоняць,
Калі што западозраць... Буду
Тут да апошняй магчымасці...
Ратуйся сам.

Афіцэр
Тады і я паблізу застануся,
Калі што здарыцца — мы будзем тут удвух.
Выходзіць. Каліноўскі зноў адзін. Уваходзіць Лосеў.

Лосеў
Гатовы, князь, і планы, і паперы
Для вашага ад'езду ў Пецярбург.

Кастусь
За вашы клопаты я дзякую вам.
Цяпер хутчэй мне трэба ў пуць.
Бывайце.

Лосеў
Жадаю вам шчаслівага пуці. Бывайце!
Каліноўскі выходзіць. Лосеў жандару.
Прывесці жанчыну!
Жандар прыводзіць Марыю Грагатовіч.
Напэўна, бачылі вы, пані Грагатовіч,
Як вешалі студэнтаў?

Марыя
Я не магу, я не магу...
О, божа! Божа мой!
Дроб барабана, шыбеніцы скрып
Мне душу рэжа, вогненнай атрутай
На сэрца пена падае з іх пасінелых губ.
О, божа, божа мой!

Лосеў
Шкада мне вас, Марыя Грагатовіч.
З такімі нервамі, з такой душой
Ісці ў мяцеж?
Дзе ж розум быў у вас, друг любы мой?
Дзе ж розум быў у тых, хто вас падбіў
I меч паклаў ў цудоўнейшыя рукі.
Пасля, як трус, не бараніў
I вас аддаў на мукі?
Мяцеж, вайна і смерць не для жанчыны.
Мне вас шкада, Марыя,
I я гатоў зрабіць усё, каб вы жылі.
Я падпішу загад аб вашым вызваленні,
Але з адной умовай...

Марыя
З якой, палкоўнік?

Лосеў
Вам знаёмы Каліноўскі?

Марыя
Далёкае знаёмства, былое...

Лосеў
Дзе зараз ён?
Ад гэтага адказу
Залежыць ваша воля і жыццё, мадам!
Вы не адказвайце адразу,
Я вам на роздум часу дам!

Марыя
Не ведаю, адкуль жа ведаць мне?

Лосеў
Адкуль? Супольнае змаганне.

Марыя
У нас супольнага няма.

Лосеў
Тады рамантыка, каханне!

Марыя
Бог бараніў. Паверце,
Я Каліноўскага сама
Магла б судзіць і прысудзіць да смерці.
Але дваранка я. Шляхецкі гонар...
Вы зразумейце самі...

Мураўёў
(з'яўляецца нечакана з-за парцьеры)
Дык прысудзіце нашымі рукамі.
Я — Мураўёў. Адкінем сантыменты.
Вы — полька, вы — дваранка,
А Каліноўскі — хам.
Карысць і сэнс якія вам
Рызыкаваць за хама галавою?
Даведайцеся, дзе ён. Я скажу
Стварыць для вас патрэбныя умовы.
Куды паслаць таемна адно слова,
Дзе Каліноўскі... Потым за мяжу
Вы ехаць вольны. Жыццё даруем вам!

Марыя
А ў Царства Польскае?

Мураўёў
О, калі ласка! Я не варшаўскі губернатар.

Марыя
Тады схіляюся, як хіліць вецце лозы
Перад магутным ветрам, генерал.
О, дзякуй вам, вы сцерлі тыя слёзы,
Якія выклікаць мог кары вашай шквал.

Мураўёў
Да пабачэння.
Палкоўнік Лосеў растлумачыць вам,
Як выканаць найлепей даручэнне.
Жыццё і волю абяцаю сам!
Заслона

Карціна чацвёртая

[правіць]


Адчыняецца вялікая бальная зала ў палацы Мураўёва і пачынаецца мазурка. Праз некаторы час прыбягае сапраўдны князь Валконскі.


Мураўёў
Хто вы?

Валконскі
Я — князь Валконскі,
Кур'ер з Пецярбурга.

Мураўёў
Як? Валконскі быў ўжо тут!..

Валконскі
То Каліноўскі быў.
Ён захапіў мяне ў палон.
У дарозе... Забраў паперы... Я ледзь уцёк.

Мураўёў
Што? Змоўкніце!!!
Усе кругом налева марш! Чуеце?
Лавіць, шукаць, ўсю Вільню ператрэсці!!!
Не смець ні спаць, ні піць, ні есці,
А Каліноўскага сягоння ж мне прывесці!!!
Усе аглушаны гэтай навіной. Бал абрываецца.
Заслона

Карціна пятая

[правіць]


Ноч, парывы вясенняга ветру. Куток нейкага маёнтка. Вазы са зброяй. На іх туляцца салдаты, шукаючы абарону ад сіверу. Некалькі чалавек грэецца каля кастра. Ходзіць вартавы. Раптам усе ўскочылі, вартавы ўзяў на караул: паказаўся Капітан.


Капітан
Не спіце, братцы! Кажуць, Каліноўскі
Тут недзе круціцца...
Каб не напаў на нас.

Салдаты
Не спім, ваша высокароддзе.

Салдат
Дазвольце запытаць, вашскародзь,
Хто гэта Каліноўскі?

Капітан
Вораг унутраны расійскага прастола,
Здаецца, з іншародцаў, з палякоў.

Салдат
А ён адзін ці некалькі?

Капітан
Чаму?

Салдат
Праз тры губерні ідзем і чуем:
Тут Каліноўскі, там Каліноўскі,
I не паны — сяляне яго хваляць.

Капітан
Маўчаць! Каб я не чуў ніколі
Разваг падобных, калі хочаш,
Каб зубы цэлымі былі. Запомні —
Ён іншародзец, вораг рускага цара.
Знаць большае — салдату непатрэбна.
Глядзіце ж мне, не спаць!
А хто засне — ў Сібір.
Ну й халадэча — я пайду пагрэцца.
Капітан выходзіць. Салдаты зноў кладуцца дзе хто быў.

Салдат
Не спі... А сам пайшоў на баль да пана.
Эх ты, жыццё салдацкае!

Салдаты
Эх жыццё салдацкае, ваяцкае!
А ні дня табе, ні ўтульнай ночанькі.
Дзесьці жонка б'ецца, мучыцца,
Сёмым потам абліваецца,
Слязьмі горкімі абмываецца,
На дзяцей сірот гаротных гледзячы.
Ты ж, салдат, начуй пад буранамі,
Ды чакай адной узнагародачкі —
Зубатычыны, аплявушыны афіцэрскае.

Вартавы
Стой! Хто ідзе?
Уваходзіць стары з захутанай жанчынай, за плячыма ў яго ліра.

Стары
Стары з сляпою ўнучкаю, салдацікі.
Не бойцеся, пусціце абагрэцца.
Я вам за гэта песню паспяваю, байку збаю.

Вартавы
Ідзі, ідзі далей. Тут забаронена
Начальствам.

Салдат
Начальства прыйдзе толькі на світанні.
Няхай пагрэецца стары і паспявае...
Нудна...

Стары
Чаму не нудна? Нудна, супроць народу
Ідучы.
Садзіся, Вольга, грэйся. Змерзла мабыць.

Вольга
Змерзла, дзеду.

Стары
Пра што спяваць, салдацікі?
Пра Світку можа?

Салдат
Спявай, хоць і не чулі хто такі...

Стары
Рэкі Світка наш бабром пераплывае,
Перапёлкай поле пераходзіць.
Сокалам бор-пушчы пралятае,
Малайцом праходзіць у народзе.
Ды не проста ходзіць, а шукае,
Дзе зара ключ залаты згубіла.
Тым ключом замкнёна наша сіла
I замкнёна воля залатая.

Салдат
Эх, ключ такі згадзіўся б і салдату.
Ці адшукаў ён гэты ключ?

Стары
Ён хадзіў па пушчах, па барах,
Ён шукаў па рэчках, па вірах.
Залаты той ключ ён адшукаў.
Адамкне ім волю мужыкам.
Адамкне ім белы свет салдатам.

Салдат
Адамкне, ты кажаш?
Ты пра Каліноўскага пяеш?
А Каліноўскі твой — не пан і не паляк?

Стары
Такі ён пан, такі й паляк, як мы з табой,
Каб быў ён пан, за мужыка б не йшоў...
Вось толькі зброі ў хлопца малавата.
А вы, здаецца, зброю везяцё абозам,
Далі б мо' для яго?

Салдат
Даць нам не вольна. Сам хай адбярэ!

Вартавы
А нас на шыбельню за гэта?
Казакі ж у двары.
Ідзі ты, дзед, не спакушай —
I так жыццё не рай.
А тут яшчэ ты думкі раздражняеш,
Салдацкую прысягу нашу знаеш?

Стары
А ты, браток, народу прысягай.

Вольга
I не страляй ў народ, бо можа маці
Твая дзе-небудзь так пад кулямі стаіць...

Стары
Ці можа брат спявае з Каліноўскім —
Касі, каса, касі!

Вольга
Касі, каса, касі!
Відавочна гэта быў умоўны знак. Адусюль выскакваюць каліноўцы на чале з рускім афіцэрам. Яны не адбіраюць ружжы ад салдат, а толькі кладуць на іх рукі. Вольга стала супроць ружжа вартавога смела і ўпэўнена: "Салдаты не будуць, не могуць страляць".

Афіцэр
Я чуў усё, салдаты. Вам Расія
Дала у рукі зброю на знешніх ворагаў сваіх,
А цар накіраваў яе на вашых жа братоў,
На вашых матак і бацькоў і на дзяцей малых.
Але другая ёсць Расія — Радзіма рускага
Мазольнага народа.
Расія тых, хто марыць пра свабоду,
Такіх, як вы, як навакольныя сяляне!
Няўжо вы пойдзеце супроць яе?
Супроць сваёй Расіі?
Не — вы пойдзеце ў паўстанне!

Салдат
Эх, паміраць, дык ведаць хоць завошта.
Хто Каліноўскі з вас? Я зброю аддаю!
Паказвае на вазы. Хутка ўваходзіць Каліноўскі. Ён акінуў поглядам і ўсё зразумеў.

Каліноўскі
Паладзілі? Я ведаў, што так будзе.
Маёнтак я сваімі абкружыў.
Пара даваць сігнал...
Адкуль, сябры?

Салдаты
Я з Урала... Я з Дона...
А я з Разані,
А я з Казані.
А я з Масквы.
Нам хапіла слёз і стогнаў,
Надаела пад панамі.
Захацелася вольнай волюшкі.
Захацелася светлай долюшкі.
Захацелася скінуць лямку салдацкую!
Памагчы мужыку рукою брацкаю.

Вольга
(абдымаючы прыйшоўшых у рух, узбуджаных салдат)
Салдацікі, вы родныя мае!

Кастусь
Прымаю вас у армію паўстання.
Раздай ты, Вольга, ружжы ўсе бяззбройным...
Вольга выбягае і праз нейкі час варочаецца і ўзбройвае сялян, якія прыходзяць з ёю.

Кастусь
Пайшлі, сябры, у наступ на маёнтак.

Стары
А я вам пасвячу...
Усеагульны рух, стрэлы, выбухі. Перабягаючая група паўстанцаў, набат. Потым усё заліваецца чырванню пажару: Стары падпаліў будынкі двара.

Заслона

Карціна шостая

[правіць]


Канспіратыўная кватэра Каліноўскага ў Вільні. У ёй — афіцэр, Каліноўскі, дзед, Вярыга, начальнік кінжальшчыкаў.


Кастусь
Дык вось, сябры, загад мой.
Табе вось спіс.
Паказаных ў ім здраднікаў паноў,
Петыцыі пісаўшых да цара,
Другіх да здрады прымушаўшых, —
Убраць патрэбна!
Загад Радзімы выканаць павінны
Твае кінжальшчыкі.
За здраду смерць!
Начальнік кінжальшчыкаў
Так, Кастусь!

Афіцэр
А я, Кастусь, аб'еду ўсе атрады
I падрыхтую к бою да вясны,
Каб Мураўёву і не снілася,
Што ён паўстанне спыніць...

Кастусь
Добра, добра, дружа!
Перадай паўстанцам прывітанне.
Скажы: яшчэ мы паваюем!
(Вярызе.)
Ты, Вярыга, вазьмі артыкул
Гэты для газеты.
Па-другое, табе я даручаю наглядаць
За Мечыславам, пакуль ён не залечыць раны.
Акрамя таго, пасачыць патрэбна за Грагатовіч,
Бо нешта ў ёй здаецца мне не так.
Апошняе прашу: дапамажыце Вользе.

Вярыга
Пэўны будзь, Кастусь. На будучай сустрэчы
Мяркую выпіць за наследніка твайго!
Дык як жа з арыштамі ў Мінску?
Хоць хто папаўся — невядома?
Але табе хутчэй мяняць кватэру трэба.

Кастусь
Я ўжо надумаў. Вось нумар дома новае кватэры.
Там каваля пытай. Цяпер хутчэй ідзіце, бо час не церпіць.

Вярыга
Бывай, Кастусь!

Кастусь
Бывайце, другі!
Усе спяваюць.

Досыць гнуцца ад болю і мукі,
Досыць нам зносіць і крыўду і здзек,
Возьмем косы ў мазольныя рукі,
Хай Каліноўскі на бой нас вядзе!
Касі, каса, касі! Касі, каса, касі!
Афіцэр, Вярыга, дзед, начальнік кінжальшчыкаў пайшлі.

Кастусь
(адзін)
Пайшлі сябры мае — у добры час!
Між воўчых ям і пастак Мураўёва
Нясіце праўды вогненнае слова
I востры меч. Народ успомніць вас!
(задумваецца)
Паддацца пачуццю,
Забыцца на хвіліну...
На ўвесь цяжар няроўнай барацьбы...
Пайсці туды, дзе веццямі вярбы
Прыкрыта Вольгі мірная хаціна!!!
Ціхонька падысці, прынікнуць да акна,
Праз белы вэлюм занавескі ўбачыць,
Як над калыскаю дзіцячай
З любоўным позіркам схілілася яна.
Якое шчасце ў ім і боль які...
Сэрцам я чую, шукае рука
Друга рукі на падмогу,
Слух не пакінуў чакаць
Крокаў маіх за парогам.
Дружа мой, шчасце маё!
Сонейка светлага мая!
Толькі адну гэту ноч,
Толькі адну гэту ноч —
Справа мяне затрымае...
А заўтра толькі ляжа ноч на гулкі брук
I зоры ў вокны цёмныя засвецяць,
На ганак я ўзыду шчаслівей ўсіх на свеце,
I наш умоўны стук пачуеш ты.
То будзе сэрца радаснага стук!
Тук-тук... Тук-тук...
Ты галаву узнімеш... I раптоўна,
Нібы расой заззяюць вочы — вочы-васількі...
Каліноўскі чуе стук у дзверы.
Здаецца стук? Умоўны?
Хто такі?

Марыя
(за дзвярыма)
Ці тут жыве настаўнік Вітаржэнц?

Кастусь
Свае... Заходзьце, калі ласка...
Уваходзіць Марыя Грагатовіч.

Кастусь
Марыя Грагатовіч, вы?

Марыя
Вы здзіўлены? Ні кропелькі не рады?

Кастусь
Хто вас сюды паслаў
Наперакор майму загаду?

Марыя
Агульны друг наш Мечыслаў
Мяне прыслаў сюды да вас.

Кастусь
Вас Мечыслаў прыслаць не мог,
Ён справу асцярог бы.

Марыя
Вы не ласкавы недарэчы,
Чакала я інакшай стрэчы.
Ваш друг паранены прасіў
Мяне сюды ісці хутчэй,
Ад страшнае бяды
Вас ратаваць, Кастусь!
Дазнацца удалося:
Парфіяновіч ўзят!

Кастусь
Парфіяновіч — гэта небяспека.
Парфіяновіч можа нас прадаць.

Марыя
Так. Палкоўнік Лосеў
Напаў на вашыя сляды.

Кастусь
Марыя, тут няма абману?

Марыя
Кастусь, паверыць мне прашу,
Сваім каханнем растаптаным,
Навек адкінутым табой,
Сваёй няўтольнаю жальбой
Па краю ворагам забраным.
Кастусь, калі ты хочаш жыць —
Бяжы, пакуль яшчэ не позна!

Кастусь
Як той завецца, хто бяжыць
Ад ворага ў час бою грозны?
Ён трус і здраднік, і ўтрая
Ганебна гэта камандзіру.
Пакуль ва мне душа мая,
Пакуль ва мне душа мая —
Кастусь не будзе дэзерцірам.

Марыя
Я папярэдзіла, а далей — ваша справа.
Бывайце, можа у астатні раз...
Пайду... Мне час...
На сходках цёмна, пасвяціце...
Марыя падыходзіць да дзвярэй і хутка адчыняе іх. У пакой урываюцца жандары на чале з Лосевым.

Лосеў
Прабачце, служба! Я — палкоўнік Лосеў.
З кім маю гонар гаварыць?

Кастусь
Я Вітольд Вітаржэнц, географ.
Чым магу служыць палкоўніку?

Лосеў
Вы Канстанцін Вікенці Каліноўскі?!

Кастусь
Вы не дачулі — я сябе назваў:
Я Вітольд Вітаржэнц, географ.
Літоўскі дваранін.
Прабачце мне, але відаць нагнаў
На вас той Каліноўскі жаху,
Што ўсюды здольны бачыць вы яго,
I цэлай арміяй жандараў аднаго
Ў пустэчы ночы ловіце з размаху.

Лосеў
Даволі жартаў, Каліноўскі! Хто вы —
Вядома нам без вас.
Марыя Грагатовіч, пасведчыце, што гэта ён.

Марыя
Так, гэта Каліноўскі.

Лосеў
Хто ён у паўстанні?

Марыя
Дыктатар Беларусі і Літвы.

Кастусь
Такой, як вы, шляхцянцы,
Можна прызнаць за Каліноўскага
Самога Мураўёва.

Лосеў
Вядзіце, ды трымаць як трэба!
Каліноўскага выводзяць.

Марыя
(да Лосева)
А я, палкоўнік, я на волі?

Лосеў
Пакуль даруйце — не!

Марыя
Вы абяцалі волю мне.

Лосеў
Часова мы затрымаем вас.

Марыя
Усё зрабіла я, што трэба вам было.

Лосеў
Пад вернаю аховай вы покуль што пабудзеце.
Я Каліноўскага здам графу і за вамі
Заеду сам праз некалькі хвілін.

Марыя
Я веру вам, палкоўнік, веру!!!
Лосеў выходзіць, Марыя застаецца адна.

Марыя
Я веру вам, палкоўнік, і не веру!
О, як халодна мне за гэтымі мурамі.
Дзе сонца, сонца дзе?
Куды сваімі цёмнымі шляхамі
Мяне мой лёс вядзе?
Мне ўсё адно, абы не ў смертны дол!
Мне ўсё адно — жыцця мне не паўторыць
Ні слава, ні любоў.
Няхай зняважаная, у брудзе, у горы,
Жыць, толькі жыць я прагну зноў!
Жыць, як мурашка, жыць, як асінка,
З доляю цяжкай, з горкай часінкай, —
Жыць, толькі жыць!
Можа забудзецца
Погляд суровы,
Можа забудзецца грознае слова,
Можа час потым
Здолее сцерці
Жудасны дотык
Подыху смерці...
Жыць, толькі жыць...
О, як халодна мне за гэтымі мурамі!
Дзе сонца, сонца дзе?
Не трапячыся сэрца, недаступны мы:
Вартуюць добра наш спакой...
Будзь зоркай той,
Што свеціць адналькова
На хваль марскіх прыбой
I на людское гора, —
З аднолькавай жальбой
I ласкай аднальковай.

Вартавы
(за сцэнай)
Стой, хто ідзе?

Мечыслаў
(за сцэнай)
Прэч з шляху!!!
Мечыслаў забівае вартавога і ўбягае ў пакой.

Мечыслаў
Забіў я вартавога! Кастусь, хутчэй ідзем!

Марыя
Мой любы, тут няма нікога.
Спазніліся абодва мы з табой.
Я папярэдзіць бегла.
Воляй лёсу злога
Бяда прыйшла яшчэ перада мной.

Мечыслаў
Марыя, дзе Кастусь? Мне адкажы!
Марыя, дзе Кастусь, хутчэй кажы!

Марыя
Схапілі, закавалі, павялі,
Спазніліся абодва мы з табой.

Мечыслаў
О, гора, гора нам!

Марыя
Прыйшлі жандары і Кастуся забралі,
Павялі з сабой.
Мы ўсё зрабілі, што маглі,
Каб ратаваць яго.

Мечыслаў
Збылося, чаго баяліся мы так.

Марыя
Але спазніліся мы. Але спазніліся мы.
Зрабілі мы ўсё, што змаглі...

Мечыслаў
Зрабілі вы ўсё, што змаглі —
I сонца разняволенай зямлі
Ніколі нам з-за хмары не засвеціць.
Кастусь, мой любы друг і брат!
Я вінават, бязмежна вінават,
Што ў страшны час не разгадаў,
Куды твой светлы лёс я сам у рукі даў.
Ты здрадзіла Радзіме. Каліноўскага —
Прадала ты.
Як ты магла такою стаць, Марыя?
Як я магу любіць цябе такой?
Хай Беларусь, хай Польшча і Расія
I сэрца, здратаванае табой,
Цябе скараюць хай маёй рукой!

Марыя
Дваране мы, мой Мечыслаў,
Над намі сонца вольнае ўзысці было павінна,
Нам Каліноўскі засланяў яго не менш,
Чым Мураўёў.

Мечыслаў
Ты Кастуся на смерць паслала!
Падыдзе ён да шыбеніцы гонкай,
Пачуе плач сірот над роднаю старонкай,
Убачыць скованую гнётам Беларусь.
Ён рукі к ёй працягне —
Ланцугамі зазвоняць рукі.
Не, не сябра ты! Ты — здрадніца!
I будзеш пакарана. Маліся богу!

Марыя
Мой Мечыслаў, мой любы, мой каханы!
Хвілінку дай! Павер мне, за цябе,
Каб жыў ты быў, каб быў уратаваны,
Здалася я ў няроўнай барацьбе.
Нам далі пашпарты! Паедзем! За мяжою
Я вылечу цябе. Мы будзем шчасна жыць,
Адны, нязнаныя, о, рыцар мой, з табою.
Як буду я цябе, збавіцель мой, любіць.

Мечыслаў
Той, хто спыніў палёт арла да сонца,
Не мае права сонца бачыць сам!

Марыя
Прашу цябе, не будзь няўмольны.
Каханы мой! Стрымай свой гнеў.
Ў імя жыцця, былых уцех
Даруй мне грэх!
Дваране мы. Я — друг твой!
Друг твой — я!
О, божа мой! О, божа мой!
Мне страшна смерць!
О, як мне страшна смерць!

Мечыслаў
Сабе не ў праве дараваць,
Што я не ўсё прадбачыў.
Ты Кастуся на смерць паслала
Не смееш звацца другам ты.
Не смееш полькай звацца.
Ты — толькі здрадніца!
Не сябра ты! О, не, не полька ты!
I звацца так не смець!
Табе прысуд мой — смерць!
Мечыслаў забівае Марыю.

Заслона

Карціна сёмая

[правіць]


Камера Каліноўскага ў Лукішскай турме15. Кастусь піша сваё апошняе пісьмо.


Каліноўскі
З-пад шыбельні пішу я, мой народзе,
К табе сваё апошняе пісьмо.
I аднаго мне сёння толькі шкода,
Што для цябе не ўсё зрабіць я змог.
Заўчасна вораг закаваў мне рукі.
Ды наша кроў дарма не прападзе:
Не скончым мы — закончаць нашы ўнукі,
I ўспомняць нас у волі светлы дзень.
Падзяку, мой любы народзе,
Ад вернага сына прымі.
Ты даў мне пазнаць перамог
Над ворагам радасны міг.
Ты даў мне пазнаць хараство
Душы тваёй, сілу тваю.
Я веру, што катаў сваіх
Ты зломіш ў наступным баю.
Спакойна з гэтым я памру
I лягу ў родную зямлю.
Бязмежна я яе любіў,
Бязмежна я яе люблю!
У камеру ўваходзіць Мураўёў.

Каліноўскі
Чаму я абавязан гэткай чэсцю,
Што не звычайны кат прыйшоў
Ка мне з апошняю смяротнай весткай,
А генерал-душыцель Мураўёў?

Мураўёў
З майго прыходу можаце пазнаць,
Што вас па-свойму мы высока цэнім,
I вам жыццё б маглі падараваць,
Калі яго на што каштоўнае заменім.
Пад вашым імем мы павесім ўсенародна
Любога, твар яму схаваўшы мехам.
А вы пад іменем чужым, спакойна,
Благародна дажывяце свой век.
Ўзамен вы нам павінны даць
Ўсе пункты, планы мяцяжу,
Ўсе спісы, грошы, зброі сховы.

Каліноўскі
Каб сто разоў я паміраў
I сто разоў зноў ажываў,
Я б кожны раз жыццё сваё аддаў,
Каб вы і сотай долі не ўзялі
Таго, што тут пералічылі.

Мураўёў
Такой прыхільнасці к магіле не разумею я.
Вы малады? Вам дваццаць шэсць, здаецца?

Каліноўскі
Дастаткова, каб распазнаць ваўка ў авечай скуры.

Мураўёў
Я вам забараняю!!!

Каліноўскі
Не, слухайце, калі прыйшлі.
Я рад, што вы нам паказалі,
Як баіцёся вы суда народа
Вялікай рускае зямлі!

Мураўёў
Мы не баімся вас!

Каліноўскі
Няўжо ніколі перад вамі, генерал,
Прададзеныя вамі за чыны,
Расіі верныя сыны,
Героі-дзекабрысты не ўставалі?

Мураўёў
Маўчаць! Мы вас таксама знішчым!!!

Каліноўскі
Ў душы народа вам не загасіць
Да волі вольнай страснага імкнення,
Народ мой жыў, жыве і будзе жыць!

Мураўёў
Ні слова больш!

Кастусь
О, бачу я агні паўстанцаў новых
На Волзе, пад Масквой, на Украіне.
I колькі б цар ні меў вас, Мураўёвых,
Ён з вамі разам і загіне.

Мураўёў
Маўчаць! Не толькі гэтага не бачыць вам,
А й сонца больш ніколі!
Загад павесіць вас я зараз дам!

Каліноўскі
I ўсё ж я шчаслівей за вас,
Жыць буду я і пасля смерці.
Вы ж петляносны труп,
Хаця яшчэ не здолелі памерці!

Мураўёў
Павесіць, зараз жа павесіць!
Мураўёў хутка выбягае з камеры.

Заслона

Карціна восьмая

[правіць]


Плошча перад Лукішскай турмой. Цяжкія муры ледзь бачны ў прадранішнім змроку. Паступова пачынае світаць і тады бачны і турма і рог падрыхтаванай вісельні. Чуваць хор калоднікаў16, якія неўзабаве пад канвоем праходзяць у турму.
Хор калоднікаў
Бывай, наш край! Ў далёкую Сібір
Пагоняць заўтра злыя каты.
Ў апошні раз убачым мы
Дымок над роднай хатай.
Ў апошні раз нас правядуць
За вёску жонкі й дзеці з плачам,
I ўслед нам на крыжы груган
На ростаньках закрача.
I тым жадаць, хто нас паслаў,
Адно мы будзем, ідучы ў чужыну,
Каб ім было так цяжка жыць,
Як нам цябе пакінуць...
Бывай, наш родны край!
Бывай, наш любы край!
Бывай... бывай... бывай...
На плошчы паяўляецца Вольга з дзіцем на руках.

Вольга
Павінна я чакаць апошняга спаткання.
Няхай ён знае, што дачка
Прыйшла на развітанне.
Няхай пабачыць ён яе
Ў жыцці хоць раз адзіны,
Адчуе блізкіх ля сябе
Ў смяротныя хвіліны.
Дарагі мой Кастусь, падказала душа,
Што мы тут ад цябе недалёка,
Што прыйшлі раздзяліць тваіх думак цяжар
Мы з табой, паланёны наш сокал!
Мы прыйшлі расказаць, як мы любім цябе,
Што з табою памерці гатовы,
Што жыццё нам дае толькі твой запавет
Не схіляць перад горам галовы.
Разрываецца сэрца, Кастусь, у жальбе.
Плача з намі уся Беларусь па табе,
Стогнуць пушчы і рэкі Радзімы
Па табе, наш адзіны, любімы!
Дарагі мой Кастусь! Мой любімы,
Мой родны Кастусь!
Да Вольгі падыходзяць афіцэр і дзед.

Афіцэр
Мужайся, Вольга,
Пакуль мы жывы,
Жывы і думкі Кастуся.
З табой мы будзем сеяць іх,
Як зерняткі на нівы.

Дзед
Не памрэ, маладзіца,
У народзе імя Кастуся,
Не адзін ён — іх сотні народзяцца,
Ужо зараз не тут, у палоне цара,
А у пушчах імя гэта коціцца.
Паступова плошча запаўняецца людзьмі. Расчыняюцца вароты турмы і адтуль выходзяць жандары. Яны адцясняюць народ. З турмы выходзяць Лосеў і пракурор. За імі выводзяць Каліноўскага. Ён смела ўзыходзіць на эшафот.

Каліноўскі
Вітаю я цябе, мая апошняя зара.
Вітаю і цябе, любімы мой народзе.
Не цяжка паміраць, як бачыш,
Што зара над нашым краем ўсходзе!

Вольга
(у народзе)
Кастусь, мой любы, Кастусь!!!
Жандары кінуліся шукаць — хто крыкнуў, але з турмы выходзіць Мураўёў.

Мураўёў
Стрымаць народ!! Іх шашкамі гані!!!
Чытаць указ!!!

Лосеў
(чытае ўказ)
"...Па загаду яго імператарскай вялікасці палявы суд пры віленскім генерал-губернатары прыгаварыў правадыра паўстання ў Літве і Беларусі Канстанціна Вікенція Каліноўскага да пакарання смерцю праз павешанне!!! Павесіць!"
Жандары схапілі Каліноўскага. Бой барабана.

Каліноўскі
Бывай, мой народ!..
Фінал пераапрацоўваецца сцэнічна: ён абрываецца на чытанні прыгавора. Народ, пачуўшы словы "Павесіць", кідаецца на варту з песняй каліноўцаў і падмінае варту. Мураўёў у страху з крыкам "Стрымаць народ" — кідаецца ў турму.

Заслона

  1. Кінжальшчыкі — падраздзяленне ў паўстанчых войсках.
  2. Камітэт дапамогі польскаму паўстанню — беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты ў 1863 г. стварылі ў Вільні спецыяльны камітэт, у які ўваходзілі прадстаўнікі трох народаў — беларускага, літоўскага і польскага, — у мэтах дапамогі польскаму паўстанню.