Кастусь Каліноўскі (Гурло)
Кастусь Каліноўскі Верш Аўтар: Алесь Гурло 1924 год |
Крыніца: Гурло А. К. Каліноўскі // Тварам да шыбеніцы. Кастусь Каліноўскі і Паўстаньне 1863–1864 гадоў у беларускай і летувіскай паэзіі. С. 93. |
З агнём у вачах, з душою брата,
На вуснах з клічам вызвалення,
Агорнен ўвесь агнём сумлення,
Ён з вёскі ў горад, з кузні ў хату
Ішоў па землях беларускіх,
І, як прарок, прарочыў людзям -
Сваім братом, што шчасце будзе,
Што на шляхох на гэтых вузкіх,
Дзе ўсё застыгнула ў тумане,
Няма прастору дзе для волі,
Дзе чутны стогны, енкі болю, -
Вялік прастор дзеля змагання.
І, сам узяўшы меч ваяцкі,
З дружынай вернаю па працы
Пайшоў з няволяю змагацца,
Здабытак палячы магнацкі...
І зацягнулась бойка доўга,
Бо вораг моцны быў, трывалы;
Але што далей - раць дрыжала -
Расла варожая трывога.
- Браты! За намі перамога, -
Зычэў той вокліч, нібы рэха;
І адгукалась шчасце смехам
Паўздоўж змаганчаскай дарогі.
Будзіла веру навальніца,
Уліваўшы ў мора свежасць плыні...
За лепшы лёс сваёй айчыны,
Браты, мы далей будзем біцца! -
- Ліецца кроў на землях нашых:
Забраці хочуць ў нас айчыну
Паны, абшарнікі чужыны,
І пот і кроў нашу забраўшы!
- Браты! Ці аддамо - што наша?
Не аддамо - здабыць павінны! -
Так адгукаўся кліч арліны,
Да бойкі новай заклікаўшы.
Але змаганца лёс свавольны
Падвёў, а кат адзеў вяроўку,
З агіднай катняю знароўкай
Спытаўшы: "Што, цяпер давольны?"
- Ужо блізак час майго сканання,
Аддаць адказ я ўжо бязвольны...
А вы, браты, далей к змаганню,
Вы быць павінны скора вольны!..
Апошні ўздых - Яго ня стала...
Але той першы ўздым адвагі,
Што быў збавіцелем ад смагі,
Вяроўка, куля не адцялі...
Героя памяць заўжды вечна,
Яго заветы - сымболь веры;
Народ шануе ўсё бязьмеры,
Што жыццем поўна, чалавечна.
І вось з вякоў ад году к году
Мацнеў уздым за вызваленне;
Прайшоўшы з наша пакаленне,
Ён зліўся з воклічам: Свабода!
(1924)