Кастантын Каліноўскі (Цвікевіч)
Кастантын Каліноўскі Навукова-папулярны артыкул Аўтар: Іван Цьвікевіч 1922 год Крыніца: http://kalinouski.arkushy.by/library/tryzna/kk.htm |
Гістарычны нарыс |
Сьвядомае змаганьне за незалежнасьць і сувэрэннасьць беларускага народу пачалося яскравым выступленьнем на арэну гэтага змаганьня Канстантына Каліноўскага. Ён быў першым беларусам, каторы зразумеў, што нашы ўсходныя і заходныя суседзі, некалькі вякоў баеваўшыя паміж сабой і праліўшыя не адну раку крыві за ўладаньне беларускай тэрыторыяй, за права панаваньня над беларускім народам, — што яны нізашто і ніколі дабравольна ня вызнаюць права беларускаму народу распараджацца ўласным сваім лёсам. Асабістыя досьледы Каліноўскага даканчальна пераканалі яго ў гэтым, і таму ён першы голасна і адважна выказаў думкі, да якіх беларускі народ дайшоў толькі праз 50 гадоў пасьля сьмерці Каліноўскага, перажыўшы трагедыю ўсесьветнае вайны, перажыўшы Берасьцейскі мір, і, урэшце, зьведаўшы польска-расійскую вайну і пачуўшы на целе сваім нож Рыжскага міру.
Каліноўскі першы заявіў што калі народ хоча быць вольным — ён павінен заваяваць гэту волю. Кінуўшы гэтую думку, паказаўшы шлях усім адважным духам, Каліноўскі сам стаў на гэты шлях: падняў аружнае паўстаньне супроць маскоўскага і варшаўскага дзяржаўна-нацыанальнага гнёту.
Гэтага мала: Каліноўскі зразумеў грунтоўны варунак, пры якім магчыма нашае нацыанальнае вызваленьне. Ласьне, што гэтае, вызваленьне павінна ісьці разам, злучна, крок у крок, з вызваленьнем соцыальным. Тут крыюцца карэньні сьмелага праекту Каліноўскага — выкінуць дачыста ўсю вяліказямельную польскую шляхту з Беларусі; ось чаму ён гэтак напорыста вымагаў аграрнае рэвалюцыі і поўнае роўнасьці кляс.
Апошняй думкай Каліноўскага, якая, — у злучнасьці з дзейнасьцю з мукамі і сьмерцьцю якую ён прыняў, — дае поўнае права яго асобе на адно з пачэсных мейсц у вызвольнай гісторыі нашае краіны, — была думка аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.
Сёньня прыйшоў час, калі трэба прыпомніць гэтыя думкі, надыйшоў час, калі трэба лішні раз прыпомніць што і мы, сучасьнікі, павінны йсьці толькі рэвалюцыйным шляхам да нашае волі, адкінуўшы нават думку аб здачы на літасьць часова дужэйшых ворагаў. Знаёмячыся з істасьцю Каліноўскага, мы можам, як прыклад, знайсьці ў нашай мінуўшчыне слаўныя ўчынкі праўдзівых герояў, якія ня гнулі карку перад сілай, але ўмелі ўміраць за сваю ідэю з высока паднятаю галавою.
Аб асобе Каліноўскага захавалася надзвычайна мала матэр'ялаў. Ведама толькі, што ён радзіўся ў 1836 г.2 ў беднай шляхоцкай сям'і. Бацька яго быў па прафесыі ткач з-пад мястэчка Сьвіслач, Горадзенскай губэрні. Ні аб складзе сям'і Каліноўскіх, ні аб дзіцячых гадох Кастантына, ні аб варунках яго выхаваньня і адукацыі да часу студэнцкіх гадоў не засталося ніякіх данных3. Тыя шчуплыя матэр'ялы, што маюцца ў нас пад рукамі, кажуць аб Каліноўскім ужо таго пэрыаду яго жыцьця, калі ён выступіў на арэну грамадзка-палітычнага змаганьня, як асоба зусім сфармаваная і закончаная[1].
Паміма волі ўстае пытаньне: чаму ў даволі абшырнай літэратуры польскай і расійскай аб падзеях 1863 году амаль нічога німа аб асобе Каліноўскага.
Адказ просты: ні расійцам, ні палякам не было абсалютна ніякай карысьці застанаўляцца над асобай Каліноўскага, як беларускай нацыанальнай і палітычнай сіле. Наадварот, самы маленькі спынак над гэтым, бязумоўна прымусіў бы да сур'ёзнай развагі над прыкрым для іх пытаньням аб адносінах да Беларусі, зьбіў бы іх з раз прынятага патрыотычнага курсу, пакінуў бы ў душы чытача шмат розных шкодных сумніваў. Карацей кажучы, пісаць у тыя часы (дый і ў пазьнейшыя) аб асобе і чыннасьці Каліноўскага — гэта азначала-б падагрэваць і верадаваць і без таго гарачае і балючае беларускае пытаньне; гэта азначала для расійцаў і палякаў — уласнымі рукамІ вырываць з-пад ног апошні грунт, стоячы на якім абедзьве стараны гэтак крэпка баранілі свае "гістарычныя" і ўселякія іншыя правы на прылучэньне да сябе беларускай краіны.
Трэба адзначыць, што нават і эмігранцкая расійская прэса, асабліва створаная групай Герцэна і Бакуніна, якая шмат памагала польскаму руху, і якая, ласьне, вытыкала польскім патрыотам іх імпэрыалістычныя пляны — захапіць Беларусь, Літву і Украіну, — нават і гэтая прэса нічым ня ўспомніла змаганьне і сьмерць Каліноўскага. Трэба думаць, што для гэтай групы і ў асобнасьці для Бакуніна якраз падыйшоў момант цяжкай ідэйнай барацьбы з Карлам Марксам у справе ўтварэньня Першага Інтэрнацыаналу, і што пасьля неўдачы польскага паўстаньня 1863-1864 гг. Бакунін адыйшоў ад славянскіх спраў, бо "панславізм" у "гэты час меў ужо рэакцыйна-маскоўскі кірунак"[2].
Студэнцкія годы Каліноўскага акурат прыпадаюць на пэрыод найвялікшага ўплыву герцэнаўскай часопісі "Колокол". Расійская эмігранцкая група, на чале з Герцэнам і Огаревым была ў ідэйным зьвязку з эмігранцкай групай польскіх палітычных дзеячоў і таму, час ад часу, у часопісі "Колокол" зьмяшчаліся артыкулы, бараніўшыя справу паўстаньня 63 году. Часьцей другіх пісалі аб падзеях і дамаганьнях тае эпохі сам Герцэн і М. Бакунін.
Дзеля таго, што погляды гэтых людзей, асабліва Міхайлы Бакуніна, мелі выключнае значэньне ў сэнсе ўплыву на Каліноўскага, і нават стварылі Каліноўскага у тым выглядзе, якім мы яго ведаем, мы лічым патрэбным спыніцца над імі крыху даўжэй.
Зьведаўшы цяготы нямецкіх, аўстрыяцкіх, і расійскіх турмаў, 10 гадоў прасядзеўшы ў казэматах Петрапаўлаўскай і Шліссельбурскай крэпасьці, паўгода сядзеўшы прыкуты ланцугамі да турэмнай сьцяны, тры разы прысуджаны да сьмертнае кары, — Бакунін найвышэй за ўсё цаніў свабоду як асобы так і цэлага народу. Ён ненавідзеў прыгнечаньне, як палітычнае, так нацыанальнае і рэлігійнае. Супроць уціску, супроць гвалту ў імя волі і незалежнасьці Бакукін кліча ўсіх чэсных барцоў да рэвалюцыі, як адзінага спосабу пазбавіцца гвалту і здабыць поўную волю.
"Наш ратунак толькі ў рэвалюцыі й нідзе болей... парвіце раз назаўсёды, парвіце з дыплёматыяй, парвіце са ўсякай палавіннай і нягоднай вас палітыкай. Толькі ў рэвалюцыі прабуджаньне, вашае ўваскрошаньне, ваша надзея, ваш ратунак, ваша будучына. У ёй ўся сіла, моц і пэўнасьць перамогі. Толькі той, хто ідзе за ёй і вядзе яе справу, убачыць сваю справу зьдзейсьненай".
Клічучы да рэвалюцыі, Бакунін разумее яе толькі як рэвалюцыю народную. Ён кажа:
"Ці можа быць у нас іншая мэта і іншае жаданьне апрача прыходу народнага царства. Мы любім толькі народ, верым толькі ў народ і жадаем толькі таго, чаго жадае народ".
Паўстаньне, якое Бакунін дапамагаў рыхтаваць палякам, ён так сама жадаў бачыць у форме народнага, селянскага, мужыцкага паўстаньня і ў гэткім бачыў грунт дзеля ўдачы самага паўстаньня і вызваленьня польскага народу, а разам і народаў — украінскага, беларускага і літоўскага. Свае думкі аб гэтым ён вылажыў у рожных творах, асабліва-ж ў вядомай адозве "Расійскім, польскім і ўсім славянскім землям".
"Мы, — пісаў ён, — павінны працягнуць братнюю руку ўсім славянам, але ў першую чаргу нашым пакрыўджаным брацьцям-палякам. Мы вельмі грэшны перад імі. І ганьба таму з расійцаў, у каго ў сучасную хвілю, калі расійскія войскі рэжуць польскі народ, топчуць польскіх жанчын і дзяцей, дастане духу сказаць хоць адно слова закіду геройскім і добрародным сынам гэтага замучанага, але далёка яшчэ ня прыдушанага краю".
Бакунін верыў, хацеў верыць, што польскае паўстаньне будзе мець запраўды народны характар і будзе скіравана ня толькі проці расійскага дэспатычнага ўраду, але так сама проці польскіх паноў і расійскіх памешчыкаў. Ён верыў, што зысьціцца "вольная сувязь Селянскае Расіі і Хлопскае Польшчы". Ён верыў і спадзеваўся, што польскае паўстаньне будзе сыгналам да паўстаньня народаў Беларусі, Літвы і Украіны, што жыхарства гэтых краёў выявіць сваю волю да самавызначэньня і створыць вольную фэдарацыю сваіх дзяржаў — з Расіяй ці з Польшчай, як самі таго захочуць. Але ведаючы прэтэнсыі палякаў да прылучэньня да Польшчы — Украіны, Літвы і Беларусі, Бакунін засьцерагае палякаў ад гэтае абмылкі і піша:
"Палякі, можа, будуць вымагаць занадта многа. Яны не абмежацца адным Царствам Польскім, яны прад'явяць гістарычныя дамаганьня на Літву, Беларусь нават уключна з Смаленскам, на Ліфляндыю, Курляндыю і на ўсю Украіну ўключна з Кіевам... Я думаю, што палякі робяць вялікую абмылку, так ставячы пытаньне.
Ён некалькі разоў падкрэсьляе права на незалежнасьць гэтых краёў. У гэтым напрамку Бакунін пайшоў далей і шчырэй ўсіх расійскіх рэвалюцыанераў — быўшых і сучасных, — ён не палохаўся поўнае сэпарацыі ад Расіі славянскіх і неславянскіх нацыяў.
"Адыйміце, — пісаў ён, — ад Расіі Польшчу, Беларусь і Маларосію, аддзяліце ад яе Фінляндыю, Остзэйскія губэрні, Грузію і ўвесь Каўказ: застанецца агромністае вялікарускае племя ў 40 мільёнаў, племя энэргічнае, шыроказдольнае і ледзь-ледзь зачэпленае і, дзеля таго, несапсутае гісторыяй, якое можна сказаць, да сяго часу толькі рыхтавалася да свайго гістарычнага жыцьця".
"Я думаю, — піша Бакунін далей, — што ўся Украіна, а так сама і Беларусь будуць самаістымі сябрамі агульна-славянскае сувязі. Я вымагаю толькі аднаго, каб кождаму народу, кождаму малому і вялікаму племю былі дадзены магчымасьці і правы паступаць згодна ўласнай волі: жадае ён зьліцца з Расіяй ці з Польшчай — ніхай зьліваецца. Хоча быць самаістым: ніхай будзе гэткім. Урэшці, хоча ён зусім ад усіх аддзяліцца і жыць на варунках саўсім асобнае дзяржавы — Бог з ім, ніхай аддзеляецца".
"Бог з ім з вяліччам пятроўскім, кацярыненскім, мікалеўскім, прымусіўшым расійскі народ адыгрываць ганебную ролю ката і разам раба-мучаніка. Мы шукалі сілы і славы, а знайшлі толькі безслаўе, заслужылі ненавісьць і пракляцьця замардаваных намі народаў. Дзякуй Богу, нашая двохвяковая турма, пятроўская дзяржава, урэшце, валіцца. Мы-ж самі падапхнем яе ў бяздоньне. І воля нам; воля героічнай Польшчы, воля Беларусі, Літве, Украіне, воля Фінляндыі, воля Чухонцам і Латышам у Остзэйскіх правінцыях!"
Надзвычайная шчырасьць і сьветлая вольнасьць духа Бакуніна запаляла маладыя сэрцы і ня дзіва, што захапіўся ім і Каліноўскі.
У 1862 гаду Каліноўскі пераяжджае з Пецярбурга ў Вільню, дзе яго прыймаюць у лік сяброў Літоўскага паўстанчага камітэту. У той час гэты камітэт складаўся з чатырох асоб — капітана генеральнага штабу Зьвірждоўскага, двох быўшых афіцэраў расійскае арміі — Малахоўскага і Вэрыгі ды доктара Длускага. Каліноўскі ўвайшоў пятым поўнапраўным сябрам. Пасьля прыезду Каліноўскага камітэт паступова пачынае рабіць нахіл у бок рэвалюцыйна-дэмакратычных плянаў у процілегласьць плянам Цэнтральнага Варшаўскага паўстанчага камітэту, у якім партыя арыстакратычна-шляхоцкага напрамку з ідэямі буржуазна-імпэрыалістычнымі ўзмацнялася што час то болей. Пад уплыў Каліноўскага падпадаюць усе сябры Літоўскага камітэту, апрача Зьвірждоўскага, які ўважна сачыў за ўзмацаваньнем новага кірунку ў Варшаўскім камітэце і, каб дагадзіць апошняму, воража ставіўся да чырвоных плянаў Каліноўскага. Але Каліноўскі цьвёрда пераконаны ў справядлівасьці сваіх плянаў энэргічна і рашуча бараніў іх на паседжаньнях камітэту, дамагаючыся прыняцьця іх ва ўсёй шырыні.
Прыехаўшы ў родны край, Каліноўскі пачынае на мейсцы знаёміцца з настроямі і жаданьнямі селянскіх мас: ён ходзіць па беларускіх вёсках і корчмах, агітуючы за паўстаньне і адначасна прыглядаючыся і прыслухаючыся да таго, чым жыве народ. Трэба думаць, што Каліноўскі не мінаў і панскіх двароў — на якія ў сэнсе паўстаньня накладаў галоўную надзею Варшаўскі камітэт, і ў якіх можна было пачуць шляхоцкія пагляды на справу ладжанага паўстаньня. Ходзячы і агітуючы сярод селян і стыкаючыся з поглядамі паноў, Каліноўскі зразумеў, што паўстаньне толькі тады будзе мець удачу і моц, калі падыймецца селянства, калі возьмецца за зброю беларус-земляроб. Зразумеў, што ёсьць адзіны толькі спосаб загітаваць і падняць селян — гэта неадкладна зараз-жа раздаць ім ўсю зямельную ўласнасьць і жывасілам выпхнуць з абшараў Беларусі вяліказямельную польскую шляхту. Каліноўскі адразу зразумеў (што потым і спраўдзілася), што мейсцовыя паны-землеўласьнікі калі і прыймуць удзел у паўстаньні, дык вельмі неахвотна, а некаторыя толькі пад прымусам і пагрозаю з боку цэнтральных арганізацый, і што гэты удзел будзе не далей першай няўдачы. Дзеля гэтага ён вымагаў, каб паўстанчая арганізацыя на мейсцох складалася не з паноў-землеўласьнікаў, а, ласьне, са здольных і сьмелых селян і беднай дробнай шляхты. Каліноўскі нават адшукаў сярод селян і беднай шляхты адпаведных асоб, каторых прапанаваў паставіць кіраваць паўстанцкім рухам і якія-б запраўды паднялі за сабою просты народ і прымусілі ўсіх паноў хоць-нехаць зямлю аддаць.
Намечаючы такі плян паўстанцкае працы і такіх выканаўцаў, Каліноўскі жадаў дасягнуць дзьвёх мэтаў: Першае — яму хацелася паставіць перад вачыма беларускага селянства, як у сьвятле пражэктара, яго клясавага і нацыанальнага ворага, каб у самым працэсі паўстаньня, кіраванага мужыцкай рукой пад лёзунгам "усю зямлю і ўсю волю" — селянства з імі немінуча стрэнулася; другою мэтаю Каліноўскага было — шляхам поўнага падзелу ўсяе зямлі паміж селянамі аслабіць сярод іх ўражэньне расійскае аграрнае рэформы 19 лютага і гэтым падняць дух дзеля змаганьня з маскоўскім чужацкім гнётам.
Побач з зямельным пытаньнем у праграме Каліноўскага стаяла пытаньне ня меншае вагі дзеля ўдачы паўстаньня — пытаньне нацыанальнае. Сама лёгіка падсказывала, што беларускае селянства магчыма ўцягнуць у аружнае паўстаньне толькі цьвёрда усьвядоміўшы, што барацьба ідзе не за польскую справу, але за беларускую, што селянін бярэцца за аружжа не для таго, каб адбудоўваць старую рэч Паспалітую, але каб сілаю ўзяць зямлю і волю для беларускага народу.
На гэтым пункце пачаліся сур'ёзныя спрэчкі Каліноўскага з Варшаўскім камітэтам. Заместа выбыўшага з Літоўскага камітэту кап. Зьвірждоўскага назначан быў з Варшавы новы сябра — Дюлоран, заўзяты прыхільнік варшаўскіх плянаў. Гэты Дюлоран падаў вестку ў Варшаву, што Літоўскі камітэт пад уплывам Каліноўскага, апрача працы па падгатоўцы паўстаньня займаецца яшчэ агітацыяй і дзейнасьцю на карысьць нацыанальнай аўтаноміі Беларусі і Літвы і падбухторуе селян проці паноў-землеўласьнікаў. Данос Дюлорана спалохаў Варшаўскі камітэт, і ён пастанавіў параліжаваць небясьпечную працу Літоўскага камітэту: без паведамленьня і згоды апошняга ён назначае ва ўсе беларускія паветы сваіх агентаў дзеля збору грошы на справу паўстаньня, уводзячы такім чынам на гэту тэрыторыю сваіх людзей, зьвязаных беспасьрэдна з Варшавай. Калі Каліноўскі даведаўся аб гэтым, ён на чарговым паседжаньні свайго камітэту выступіў з крытыкаю Варшаўскага камітэту, і тут пачалася гарачая спрэчка з агентам апошняга — Дюлоранам, якога ў запале спрэчкі Каліноўскі сілаю выкінуў з салі паседжаньня.
Факт гэты выявіў воражасьць Літоўскага камітэту і ў асобнасьці Каліноўскага да Варшаўскага камітэту. Урэшці рэшт Каліноўскі адмаўляецца спаўняць загады з Варшавы, вымагаючы поўнай незалежнасьці ў чыннасьці на тэрыторыі Беларусі і Літвы.
У часе паўстаньня шляхоцка-рэакцыйныя групы польскіх дзеячоў зрабілі пераварот у Варшаўскім камітэце і ўсьлед за гэтым абвесьцілі небясьпечны чырвоны Літоўскі камітэт распушчаным. Новы Літоўскі камітэт быў складзен з прыхільнікаў варшаўскіх рэакцыйных кірункаў. Цікава адзначыць, што ўсе сябры Літ. К-ту прынялі моўчкі факт яго разгону, і толькі адзін Каліноўскі напісаў з гэтай прычыны ў Варшаву энэргічны пратэст.
І ўсёж-ткі ня гледзячы на гэты пратэст і на адкрытую воражасьць яго аўтара да палітыкі Варшаўскага камітэту, апошні назначае камісарам у Горадзенскую губэрню нікога іншага як таго-ж самага Каліноўскага, бачучы ў ім асобу вельмі энэргічную, здольную і карысную дзеля справы паўстаньня. Але Каліноўскі на гэтым не супакоіўся: ў патайку разам з другім сябрам Літоўскага камітэту першага складу — Малахоўскім ён працуе над плянам новага перавароту і захопленьня ў свае рукі кіраўніцтва ўсяго паўстаньня ў краю.
Варункі ходу паўстаньня спрыялі таёмнаму пляну Каліноўскага. Паўстанцкія аддзелы, кіраваныя даводцамі па загаду з Варшавы, ня мелі ўдачы, паны-землеўласьнікі спалохаліся першых неўдач і пачалі ўхіляцца ад грашовай і іншай актыўнай дапамогі паўстанцам, а новы Літоўскі камітэт не надта спагадаў адважным выступленьням дробных атрадаў Каліноўскага і пачаў спыняць іх, каб гэтым аслабіць узмацненьне яго арганізацыі. Такім чынам атрымлівалася дэзарганізацыя паўстанчага руху, што давала магчымасьць расійскім войскам разьбіваць і ліквідаваць паасобныя паўстанцкія групы.
Неўдачы консэрватыўнай польскай партыі "белых" узмацнялі становішча рэвалюцыйнай партыі "чырвоных", і гэтым самым узрастала значэньне арганізацыі Каліноўскага. Уплыў апошняга яшчэ болей пасунуўся наперад, калі галоўная надзея Варшаўскага камітэту — шматлічэбнае паўстанцкае войска пад камандаю вайсковага даводцы Літвы і Беларусі — Серакоўскага была разьбіта, і сам Серакоўскі папаў у палон.
Каліноўскі, ня гледзячы на гэту ўдачу расійскіх войск, яшчэ больш энэргічна павёў паўстанцкую арганізацыйную працу і дабіўся таго, што праз кароткі час на тэрыторыі Беларусі ўлада апынулася ў яго руках.
Расійскі ўрад, убачыўшы што паўстаньне не спыняецца, а ўзмацняецца, пускаючы карэньні ў гушчу сялянства, назначае дзеля хутчэйшай ліквідацыі паўстаньня генерала Мураўева, дае яму самыя шырокія паўнамоцтвы і пасылае ў Вільню. Зараз жа па прыезьдзе на мейсца Мураўёў абвешчае інструкцыю па справе ліквідацыі паўстаньня, у якой увесь ціжар адказу за паўстаньне ўскладаўся на паноў-землеўласьнікаў. Гэта адразу адпужала ўсю заможную шляхту ад актыўнай дапамогі паўстанцам. Пачаўшыяся ўслед за інструкцыяй па загаду Мураўёва сэквэстры маёнткаў і асабліва сьмертныя кары нагэтулькі напалохалі Варшаўскі камітэт, што ён рашыў часова разпусьціць арганізацыі, ліквідаваць атрады, схаваць аружжа — адным словам замясьці ўсе сьляды і чакаць, пакуль эўрапэйскія дзяржавы не падтрымаюць Польшчу ў яе дамаганьнях.
Падасьпеў і новы ўдар: амаль усе сябры Літоўскага камітэту арэштоўвуюцца і кідаюцца у цытадэлю.
Гэтым момантам і карыстаецца Каліноўскі. Уласным загадам ён арганізуе новы Літоўскі камітэт і, каб вызваліцца з падпарадкаваньня Варшаўскаму камітэту, абвяшчае сябе дыктатарам Літвы і Беларусі, як незалежнай дзяржаўнай адзінкі. Насьпех зложаны новы ўрад з Каліноўскім на чале пачынае гарачую працу, каб падтрымаць паўстанцкі рух, пашырыць яго і вясьці барацьбу далей, ня гледзячы ні на якія перашкоды, не зьвертаючы ўвагі на паніку Варшаўскага камітэту.
Але пара спрыяючая паўстаньню ўжо прамінала. Агенты расійскага ўраду пачапі сьцеклую агітацыю сярод беларускіх і літоўскіх селян, што нібы паўстаньне робіцца польскімі панамі дзеля таго, каб умацаваць свой панскі прыгон над беларускай і літоўскай вёскай. Адначасна з гэтым па загаду Мураўёва паўсюды была арганізавана так званая "сельская стража" — складзеная толькі з адных селян, каторыя прымушаліся сачыць і лавіць паўстанцаў, або даводзіць да ведама начальства, дзе знаходзяцца паўстанцкія атрады, а такжа асобы дапамагаючыя і спрыяючыя паўстаньню.
Каліноўскі, які, ласьне, хацеў уцягнуць селян у паўстанцкі рух, які, ласьне, на селян пакладаў найвялікшыя надзеі і які добра ведаў настрой і жаданьня селянскае масы, даведаўшыся аб арганізацыі "селянскае стражы" адразу пачуў у ёй сьмяротную небясьпеку для справы і пачаў рабіць пасьпешныя контр-захады, каб утрымаць селян ад службы ненавіднаму расійскаму ўраду. Праз кароткі час Каліноўскі ўбачыў, што селяне, нацкаваныя на паноў, вельмі ахвотна памагаюць расійскім войскам тлуміць паўстаньне, а з другога боку мейсцовыя паны-шляхта, каб уратаваць сваю скуру і асабліва свае маёнткі, адракаюцца ад паўстаньня і пачынаюць навет сабіраць подпісы для "всепадданейшаго адрэсу".
Астаўся адзіны спосаб падтрымаць паўстанцкі дух — бязьлітасны тэрор да ўсіх трусоў і здраднікаў. Урад Каліноўскага не застанавіўся перад гэтым спосабам і першым актам гэтага тэрору быў напад на старшыню віленскай шляхты Домэйко, які зьбіраў подпісы і сам падпісаўся пад "чэлабітнаю" расійскаму цару. Гэта паслужыла таму, што загады мураўёўскай улады былі падтрыманы панамі, дзеля чаго хутка была разкрыта цэнтральная конспірацыйная арганізацыя Каліноўскага. Сам ён здолеў схавацца, але большая частка сяброў былі злоўлены і павешаны. Застаўшыя жывымі паўцекалі з Вільні заграніцу. Арганізацыя, пабудаваная надзвычайнымі высілкамі, — разпалася. Не пакінуў Вільні толькі адзін Каліноўскі, адзін ён аставаўся цьвёрдым і непахібным. 26 жніўня 1863 г. Мураўёў выдае загад, па якому кожды схвачаны з аружжам у руках прысуждаецца на мейсцы на сьмерць у 24 гадзіны, а ўсім самахоць зьявіўшымся да начальства і прынёсшым аружжа давалося выбачаньне. Гэты загад уплываў на маладушных, і многа паўстанцаў прыходзілі да начальства — каяцца. Упадак духа ў паўстанцкіх аддзелах, хаваўшыхся па лясох, пачаў шырыцца з прыходам сьцюжы. Нестача цёплай адзежы і стравы, жыцьцё па лясох сярод сьнегу і марозу зьменшалі лік байцоў і адыймалі надзею на добры вынік.
Мацней за другіх трымаліся паўстанцкія атрады па лясох Ковенскай і Менскай губэрній. У першай — камандаваў паўстанцамі энэргічны і адважны ксёндз Мацкевіч, які вельмі спрытна вёў партызанскую вайну і да кастрычніка 63 году ўпарта бараніўся ад акружыўшых яго атрад расійскіх войск. Нешчасьлівае здарэньне загубіла справу Мацкевіча: расійскі конны раз'езд выпадкова знайшоў яго сьпячым у лесе і прывёў у Коўну, дзе яго павесілі.
У Менскай губэрні, дзе аддзеламі паўстанцаў кіраваў Сьвентаржэцкі, доўгі час яшчэ, то тут то там, успыхалі паўстаньня, але пасьля ўцечкі Сьвентаржэцкага заграніцу, нібы настаў супакой у цэлым краю.
Каліноўскі, з надзвычайнымі труднасьцямі хаваючыся у Вільні, усё-ж такі прадаўжае няўпынную і няўтомную конспірацыйную працу: нанова арганізуе контакт з паасобнымі атрадамі, знайходзіць здольных і верных людзей, прыймае ганцоў, гарачымі адозвамі і строгімі загадамі падтрымлівае падаючы дух паўстанцаў, просячы іх пратрымацца толькі да цёплай вясны, калі лічба партызанаў ізноў павялічыцца, калі лягчэй можна будзе хаваць сьляды і лягчэй пераносіць ціжары паходнага жыцьця. Увесь час зьмяняючы фаміліі, пашпарты, адзяючыся ў рожныя вопраткі ўключна да жаночых, энэргічна і ўмела працуючы дзеля падтрыманьня і пашырэньня паўстанцкага руху, Каліноўскі к канцу 1863 году даў адчуць Мураўёву і яго агентам, што пры ўсім зьнешным спакою, на Беларусі і Літве кіпіць падземная рэвалюцыйная праца, кіраваньня спрытнай і моцнай рукой.
Чыннасьць Каліноўскага спалохала Мураўёва і ён, думаючы, што цэнтр арганізацыі знаходзіцца ў Менскай губэрні, высылае туды спэцыальную камісыю на чале з палкоўнікам Лосевым. Дзякуючы працы гэтае камісыі ўрэшце была выкрыта ўся Менская рэвалюцыйна-паўстанцкая арганізацыя. Большая частка арыштаваных паноў шчыра прызналася ў прыналежнасьці да арганізацыі Каліноўскага, а адзін польскі шляхціц, які стаяў бліжэй за ўсіх да К. К., пасьля посулаў палк. Лосева выпрасіць яму памілаваньне і магчымасьць выехаць у цэнтральныя расійскія губэрні, выдаў местазнаходжаньне "небясьпечнага дыктатара".
Адзін з галоўных супрацоўнікаў ген. Мураўёва, ачавідзец арэшту Каліноўскага, так апісвае арэшт:
"Шыфраваная тэлеграма з паведамленьнем аб гэтым (дзе знаходзіцца Каліноўскі) была атрымана ў Вільні а 9 гадзіне вечара, у ёй былі апісаны прыкметы Каліноўскага і сказана, што ён жыве па фальшываму пашпарту горадзенскага шляхціца Вітальда Вітожэнца у Сьвята-Янскіх мурох".
Гэтае апошняе паказаньне было крыху неясным, бо пад гэтаю назоваю разумеўся ўвесь будынак, які калісьці належаў касьцёлу св. Яна, цягнуўся амаль што на цэлы квартал і выходзіў адным бокам да палацу. У вялізарных будынках, каторыя належалі перш калегіі езуітаў, а потым унівэрсытэту, у той час знаходзіліся: гімназія, музэй старасьветчыны, цэнтральны архіў, абсэрваторыя, шмат кватэр для служачых і нават здаваліся прыватныя кватэры.
Зьмест тэлеграмы захоўваўся ў найглыбейшай тайне. Паліцмэйстару даручана было асабіста зрабіць спраўку ў кнігах (толькі што прыведзеных з прычыны новага году да парадку) аб акуратным адрэсе Вітожэнца і, як заўсёды здараецца пры пасьпешнасьці, імя яго прамінулася пры разгледжаньні кнігі, хоць і было ў яе запісана. Вымушаны былі зрабіць вялікі обыск і акружыць увесь св.-Янскі квартал, дзеля чаго прысланы дзьве роты салдат, падзеляныя на 10 партый, кождая пры афіцэры паліцыі і асобых чыноўніках. Імя асобы, якую належала арэштаваць, было абвешчана ім толькі ноччу, перад самым обыскам.
Каліноўскі жыў ужо другі месяц на кватэры вучыцеля гімназыі, выехаўшага кудысь у правінцыю. Яго засталі на сходах са сьвечкаю ў руцэ, і калі запыталі фамілію, ён самапэўна адказаў: "Вітожэнц" — і ў тую-ж хвіліну быў схвачан.
"Раннай раніцай, ня гледзячы на тайну, якою ўсё гэта было абстаўлена, жыды ўжо паўсюды разьнясьлі вестку аб тым, што арэштаваны "галоўны начальнік жонду", хоць яшчэ ня ведама было, ці запраўды арыштаваны зьўляецца Каліноўскім"[3].
Справа Каліноўскага была даручана спэцыальнай "домініканскай камісыі", і сам Мураўёў нагэтулькі цікавіўся ходам сьледзтва, што ўвесь час пасылаў у камісыю сваіх чыноўнікаў, якія пасьля асабіста дакладалі яму аб ходзе справы.
"Першы дзень, — піша супрацоўнік Мураўёва-Масолаў, — Каліноўскі толькі кусаў сабе вусны і неахвотна адказваў на пытаньня, але пад вечар ня вытрымаў і сказаў свае запраўднае імя.
Ня гледзячы на ўсе высілкі сяброў камісыі, ім не ўдалося вырваць ад Каліноўскага дэтальных даных аб асобах, складаючых рэвалюцыйную арганізацыю краю. Ён, аднак, прызнаўся, што стаяў на чале ўраду ўсяго краю, і як відаць з паказаньняў іншых асоб, умеў падтрымаць падаючы рэвалюцыйны дух...
Дзейнасьць Каліноўскага не абмежвалася барацьбой толькі аружнай. Дыктатар Літвы і Беларусі ведаў сілу друкаванага слова і пры тым слова народнага, ведаў сілу народнай асьветы. За кароткі час, што Каліноўскі знаходзіўся на Беларусі, — ён арганізаваў патаемныя беларускія школы, стварыў у Беластоку конспірацыйную беларускую друкарню, дзе друкаваліся адозвы да беларускіх селян, і адкуль выйшла некалькі нумароў (6–7) беларускай газэты — "Мужыцкая праўда". У гэтай газэце Каліноўскі зьмешчаў свае артыкулы пад псэўданімам — "Яська гаспадар з-пад Вільні".
Да нашага часу захаваўся зьмест двох пісем Каліноўскага, каторыя ён напісаў у турме за некалькі дзён да разстрэлу4. У пісьмах сваіх ён прашчаецца са сваёй горача каханай бацькаўшчынай і сваім народам, за вызваленьне і шчасьце каторых ён прынёс у ахвяру сваё маладое жыцьцё.
Вось зьмест гэтых пісём[4]:
1. "Беларуская зямелька, галубка мая! Гдзеж-ся падзела шчасьце і доля Твая? Усе прайшло, прайшло, як-бы не бывала, адно страшэнна горыч у грудзёх застала. Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці, дый у правечнага суду вялеў прападаці — то мы прападзем марна, а праўды ня кінем, хутчэй Неба і шчасьце, як праўду абмінем! Не наракай, Народзе, на сваю бяздолю, а прыймі цяжкую кару — Правечнага волю. А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся, то я з таго сьвету Табе адзавуся. Бывай здаровы, даражэнькі Народзе!! Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе. І часам спамяні пра "Яську" Твайго. А калі слова пяройдзе у дзела, тады да бітвы станавіся сьмела, бо адно з праўдай у грамадзе згодна дажджэшся, Народзе, старасьці свабоднай!"
2. "Беларусы, браты мае родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да вас пісаці і можа раз астатні! Горка пакінуць зямельку родную і Цябе дарагі мой Народзе! Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але не жаль зьгінуць за Тваю праўду!
Прыймі, Народзе, па шчырасьці мае слова прадсьмертнае, бо яно як бы з таго сьвету толькі для дабра Твайго напісана.
Німаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках і тагды толькі памаліўшыся Богу, заслужыць Неба, бо, збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзіва ня йдзе разам з няволяй маскоўскай, А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, багацьця, і ніякай навукі, адно намі як скацінай варачаць будуць не для дабра, адно на пагібель нашу... Ваюй, Народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную. Бо я Табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над Табой маскаля ўжо ня будзе!"
Да Каліноўскага, сядзеўшага ў турме і чакаўшага сьмертнага засуду, прыходзілі некаторыя з найбольш прыбліжонных да Мураўёва асоб, каб падзівіцца на знаменітага дыктатара. Супрацоўнік Мураўёва — Масолаў, які адведываў Каліноўскага ў турме, так апісвае яго:
"Каліноўскі быў гадоў 26, крэпкага складу, з абліччам чорствым і выразным, кароткія русыя валасы былі зачэсаны назад, гэткім я яго бачыў у турме за некалькі дзён да сьмерці".
Настаў дзень казьні... Была ясная, халодная раніца. Каліноўскі йшоў на казьнь сьмела. Прышоўшы на Лукішскі пляц, ён стаў тварам да шыбеніцы і толькі часамі кідаў погляд ў далёкі натоўп. Калі яму чыталі конфірмацыю, ён пачаў было рабіць увагі; так, напрыклад, калі назвалі яго імя: "шляхціц Кастантын Каліноўскі", ён крыкнуў: "у нас німа шляхты, — ўсе роўныя!..". Паліцмэйстар паківаў яму галавой і прасіў замаўчаць"...
Сьмертная кара цераз павешаньне адбылася над Кастантынам Каліноўскім 7 красавіка 1864 году6 ў м. Вільні.
1922
Зноскі
[правіць]- ↑ У часе друкаваньня гэтай стацьці, я атрымаў вестку, што ў Кракаўскай бібліатэцы ёсьць шмат цікавых матэр'ялаў аб Каліноўскім. Вестка вельмі панадная. Але сёньня паехаць у Кракаўскую бібліатэку — гэта значыць напэўна апынуцца замест бібліатэкі ў Кракаўскай турме.
- ↑ М. Драгоманов. "Біографіческій очеркъ о М. Бакунинѣ".
- ↑ А. И. Масолов. "Виленскіе очерки 1863–1865 (Муравьевское время)".
- ↑ Гл. "Наша Дума" №5, 1920. Календар "Сваяк" 1919 г. Galler "Historyja powstania" 1863 r.7