Перайсці да зместу

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927)/Чацьвёрты пэрыяд

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трэці пэрыяд гісторыі Беларусі. (XVI—XVIII ст.) Чацьвёрты пэрыяд гісторыі Беларусі
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чацьверты пэрыяд гісторыі Беларусі.



Беларусь у складзе Расейскай імпэрыі.

Рускі пэрыяд гісторыі Беларусі нам усім больш-менш вядомы, бо мы зьяўляемся сучасьнікамі яго і ў падручніках агульнай рускай гісторыі мы спатыкаліся з некаторымі фактамі з гісторыі Беларусі. За адсутнасьцю часу, мы ў сваіх выкладах ад’значым толькі самыя выдатныя мамэнты гэтага пэрыяду.

Беларусь, вызваленая з складу аднэй, ужо раскіданай, дзяржавы, апынулася ў складзе другой, гэтак сама хворай дзяржавы. І Расейская імпэрыя хварэла тою самаю панскаю хваробаю, ад якой загінула і Рэч Паспалітая. Доля працоўнага народу беларускага ад палітычнай перамены не палепшылася. Прылучыўшы новыя землі, Кацярына II прыказала Пскоўскаму і Магілёўскаму губэрнатарам абвясьціць усім жыхаром краю, што яны маюць ўсе правы і вольнасьці, якімі карыстаюцца і ўсе падданыя Расеі. „Каждое состояніе из жителей присоединеных земель вступает с самаго сего дня во все оному свойственныя выгоды по всему пространству Имперіи Россійской“. Правы, вольнасьці і выгады рускага мужыка таго часу нам добра вядомы; іх і дастаў беларускі мужык. Што датычыць польскага панства на Беларусі, то яно не магло скардзіцца на сваю долю, бо яго правы, вольнасьці і выгады былі крыху прыямнейшыя, як мужыцкія. Яно, гэтае панства, і не скардзілася.

У канцы ХVIII стагодзьдзя шляхта прылучаных да Расеі земляў Рэчы Паспалітай падала рускаму ўраду адрэс. У гэтым адрэсе яна піша: „Живя не в Польше, мы чувствуем себя как-бы в Польше и даже лучше, чем в настоящей Польше“. Так адчувала сябе польскае панства на Беларусі.

Для мужыка было іншае: паншчына і прыгон на Беларусі расцьвілі пышнаю краскаю. Усе, хто бачыў, кажуць, што ўва ўсей Расеі ня можна было знайсьці горшага мужыцкага палажэньня, чым на Беларусі. У Расеі паміж панам і мужыком была толькі соцыяльна-эканамічная яма, а на Беларусі былі і другія ямы: рэлігійная і нацыянальна-культурная.

Эканамічнае палажэньне беларускага мужыка ў той час, нават у офіцыяльных паперах малюецца зусім чорнаю фарбаю. Галоўны начальнік краю у сваім усепадданьнейшым данясеньні 1855 году піша: „В Витебской губерніи крестьяне почти не знают хлеба, питаются грибами и разными сырыми веществами, порождающими болезни; ніщета страшная, а рядом роскошь помещиков. Жизненныя силы края совершенно истощились в нравственном и физическом отношеніи; разслабленіе достигло крайних пределов“. Вядомы рускі эмігрант, сучасьнік дзекабрыстых, Н. Тургенев, у сваіх запісках так малюе жыцьцё беларускага мужыка: „Одно из самых возмутительных злоупотребленій замечается в белорусских провинціях (Витебской и Могилевской), гдѣ крестьяне так несчастны, что вызывали состраданіе даже русских крепостных. В этих провинціях помещики отдавали своих крепостных сотнями и тысячами подрядчакам, которые исполняли землякопныя работы во всех концах имперіи. Эти бедныя люди употребляются, главным образом, на постройку больших дорог и каналов. Помещик берет обязательство поставить такое-то количество людей по установленной плате, а подрядчик обязуется кормить их во время работы. Правительственныя инженеры, наблюдающие за работами, не требуют от подрядчика в пользу этих несчастных ничего сверх того, што требуется для поддержанія их жизни. Что-же касается до денег, которыя получает за них помещик, то правительство не вмешивается в это. Эти несчастные провели дороги в окрестностях Царскаго Села“. Мы нічога ня маем дадаць да гэтых малюнкаў. У Рэчы Паспалітай беларус быў „працавітым быдлам“, а ў царскай Расеі ён зрабіўся „рабочим скотом“. Лепш ад гэтага працоўнаму народу Беларусі ня стала.

Ад’значыўшы гэты аснаўны соцыяльна-эканамічны факт, мы зробім кароткі хронолёгічны агляд палітычных і культурных фактаў рускага пэрыяду гісторыі Беларусі.

Дастаўшы Беларусь, Кацярына II лічыла яе такою самаю этнаграфічнаю адзінкаю, як напр. Маскоўская, ці другая якая-небудзь велікаруская губэрня. Яна ўводзіла на Беларусі агульна-рускія законы, суды і др. установы, паддзержвала праваслаўе і спачувала пераходу вуніятаў на праваслаўе. Адным словам, царыца, выходзячы з палітычнага грунту, зусім ня лічылася з этнографічным складам краю.

Адносіны да Беларусі зьмяніліся ў часы Паўла I. Імпэратар спачуваў паляком і быў пад уплывам каталіцтва. Ён лічыў каталіцкае духавенства здальнейшым для змаганьня з ідэямі вялікай францускай рэвалюцыі, каторае вельмі баяўся. Каб пасіліць каталіцкае духавенства на Беларусі, ён уніяцкую паркву зрабіў падуладнай каталіцкай царкве. Уніяты, замест праваслаўя, пачалі пераходзіць у каталіцтва. Праца над пашырэньнем праваслаўя і рускага ўплыву на нейкі час спынілася. Ізноў для Беларусі была павернена чыннасьць Літоўскага Статуту, замест агульнарускіх законаў, якімі тады былі законы, уложаныя Аляксеем Міхайлавічам. Гэтая пастанова была карысна для Беларусі, бо лічылася з гісторыка-юрыдычнымі традыцыямі краю.

Такі самы кірунак справы мелі і ў часы Александра I. Імпэратар, спачуваючы, Польшчы дапамог перарабіць віленскую езуіцкую акадэмію ў унівэрсытэт, каторы стаў цэнтрам польскай прасьветы і адраджэньня. Беларуская інтэлігэнтная шляхта тут рабілася польскай інтэлігэнцыяй. Трэба усё-ж такі ад’значыць, што якраз у колах гэтай інтэлігэнцыі жыла цікавасьць да Беларусі. Віленскі унівэрсытэт даў шмат палякоў, якія зрабіліся піянэрамі беларускага культурнага руху (Чачот). Куратарам унівэрсытэту і Віленскага школьнага вокругу быў пастаўлены бліжэйшы прыяцель імпэратара, польскі патрыёт, князь Адам Чартарыйскі, каторы шчыра працаваў над адбудаваньнем Польшчы ў старых межах, з прылучэньнем да яе Літвы і Беларусі. Пасада прасьветнага куратара давала Чартарыйскаму магчымасьць пашыраць польскую культуру і польскі ўплыў.

У часы францускай кампаніі 1812 году Беларусь перажыла цяжкія часы. Раней тут стаялі рускія войскі. Пасьля іх адыходу пацягнуліся на Маскву сілы Напалеона. Праз нейкі час зноў, у жабрацкім палажэньні, пашла на захад француская армія, па сьлядох якой ішлі рускія войскі. Усе гэтыя арміі рабавалі і нішчылі край. Беларусь зусім згаладнела. Стаялі пустыя хаты ў вёсках, бо сяляне мёрлі з голаду, ці хаваліся па лясох і балотах. Доўга памятаў беларускі народ часы гэтага вялікага змаганьня вялікіх народаў і ідэяў.

Ня гледзячы на тое, што палякі дапамагалі Напалеону, Аляксандар І ня згубіў да іх свайго спачуцьця. Адзяржаўшы пад сваю ўладу „Польскае Царства“ ён даў яму асаблівы палітычны лад, вызначаны так званай „устаноўчай хартыяй“. На аснове гэтай хартыі, Польшча зноў рабілася як-бы гаспадарствам, нават з сваею ўласнаю армію, Сэнатам, Соймам і Радаю Міністраў, на чале каторай стаяў намесьнік Царства Польскага. Сойм пачаў працаваць у 1818 годзе і адразу выявілася опозыцыя рускаму ўраду, а ў краі пачаўся рэвалюцыйны рух проці Расеі.

У часе панаваньня Мікалая І адбылося першае польскае паўстаньне. Як паўстанцы, так і рускі ўрад, стараліся прыцягнуць беларускага мужыка кожны на свой бок. Рускі ўрад у асобе галоўнакамандуючага рускімі сіламі прырок навет скасаваньня прыгону. Але гэтая „абецанка“ так і асталася пустымі словамі. Зьнішчыўшы паўстаньне, рускі ўрад прыняўся за страшэнную русыфікацыю краю. Рабілася ўсё гэта вельмі груба і няўмела. Пачалося з зачыненьня польскіх школаў без замены іх школамі мясцовымі, беларускімі. Зруйнаваўшы Віленскі польскі унівэрсытэт, Мікалай I ня мог прыдумаць нічога разумнейшага, як перанясьці яго навуковыя каштоўнасьці ў Кіеў, не заснаваўшы, замест зруйнованага, новага, мясцовага Беларускага унівэрсытэту. Так і не дачакалася Беларусь аж да нашых дзён свайго унівэрсытэту. Некаторыя з паўстанцаў, польскіх паноў, былі — ці выгнаны з краю, ці адпраўлены ў Сыбір, але пры гэтым ня было закранута польскае земляўласьніцтва. Лічучы, па свойму неразуменьню, Літоўскі Статут прадуктам польскай культуры, урад выкасаваў яго з судоваге карыстаньня. Ува ўсіх урадовых установах, замест польскай, была заведзена прымусова руская мова, каторай ня мог добра разумець беларус.

Да прылучэньня вуніятаў да праваслаўнай царквы быў зложаны сакрэтны камітэт пад кіраўніцтвам вуніяцкага епіскопа Іосіфа Сямашкі. Мэтаю камітэту было паступовае зьбліжэньне вуніяцтва з праваслаўнай вераю. Пачалі перарабляць вуніяцкія царквы так, каб яны былі падобнымі да цэркваў праваслаўных; старыя вуніяцкія служэбнікі ў беларускай мове зьмянілі на служэбнікі маскоўскага выданьня. На месца сканаўшых вуніяцкіх епіскапаў былі высьвечаны новыя (Васіль Лужынскі, Антоні Зубка і Езафат Жарскі), каторыя былі пэўнымі супрацоўнікамі рускага ўраду ў справе прылучэньня вуніятаў да праваслаўнай рускай царквы. Пасьля скананьня вуніяцкага мітрапаліта, Іосіфа Булгака, і епіскапа Езафата Жарскага, епіскапы Іосіф Сямашка, Васіль Лужынскі і Антоні Зубка, зьехаўшыся у 1893 годзе ў Полацку на сабор, злажылі акт аб злучэньні вуніятаў з праваслаўнымі, каторы, у гэтым жа годзе, быў зацьверджаны царскаю ўладаю. Ў гэтым-жа годзе быў выданы царскі указ, каторы забараніў, невядому чаму, ужываць у цэрквах і касьцёлах беларускую мову. Трэба зазначыць, што да гэтага часу ў беларускай мове гаварыліся казаньні, каб іх лепш мог зразумець просты народ. Тыя сьвяшчэньнікі і парафіяне, каторыя не хацелі прызнаць акту аб скасаваньні вуніі, павінны былі нясьці кару. Народ, за часы вуніі (243), зжыўся з ёю, прывык да яе. Прымусовае скасаваньне вуніі з болем адбілася на народным суменьні.

Заходнія рэвалюцыі пасьля 1830 году рабілі ўплыў на польскае грамадзянства і будзілі думку аб новым паўстаньні. Пачалася арганізацыйная праца тайнага польскага нацыянальнага (нарадовага) ўраду. У часы кіраваньня Аляксандра II, паўстаньне, урэшце, выбухла ў студні 1863 году. У раней умоўлены дзень у розных мясцох Польшчы, Беларусі і Літвы групы паўстанцаў напалі на рускія войскі і паўстаньне пачалося. На Беларусі польскі элемэнт ня быў сільны, бо ён складаўся з невялікага ліку паноў і залежных ад іх людзей. Разумеецца, паўстанцам трэба было залучыць да свае справы беларускага мужыка. У такім кірунку і йдзе прапаганда, рассылаюцца агітатары і адозвы. Каб зрабіць большы ўплыў на селяніна, адозвы друкуюцца ў беларускай мове. Польская інтэлігэнцыя, стаяўшая на чале паўстаньня, добра разумела, што мужык толькі тады можа спачуваць справе, калі яна афарбуецца ў соцыяльную фарбу. Мужык ня цікавіўся адбудаваньнем Польшчы ці Расеі, яму патрэбна была толькі воля і эканамічная забясьпека. Толькі такую Польшчу ён мог паддзержваць, каторая не занепадала-б панскаю хваробаю і каторая здаволіла-б яго мужыцкія інтарэсы. У такім кірунку і напісаны адозвы да мужыкоў. Яны стаяць за „праўдзівую вольнасьць і веру бацькоў“, апісваюць уціск над мужыкамі маскоўскай адміністрацыіі. Усе войны, якія вяла Рэч Паспалітая з Масквою тлумачацца ў адозвах, як войны за тое, „што народу паляк хацеў даць свабоду“. Мужыкі, як стануць палякамі, будуць „роўныя з панамі“. Толькі палякі ёсьць „сапраўднымі прыяцелі беларускага мужыка, толькі яны дадуць яму вольнае і шчасьлівае жыцьцё ў Польшчы, незалежнай ад Расеі.“

Чыталі мужыкі гэтыя адозвы, ці не — невядома. Вядома толькі тое, што за паўстанцамі яны не пашлі, бо ў паўстанцах яны бачылі толькі прыганятых. Хоць яны былі цёмнай масай, але зразумелі, што паўстаньне было ня іхняй соцыяльна-мужыцкай справай, а справай толькі палітычнай. Наадварот, ад „маскальскага“ ўраду, аб якім хадзілі чуткі, што ён быццам у Расеі вызваляе мужыкоў, чакалі беларускія мужыкі палепшаньне свайго жыцьця. Паўстаньне, непаддзержаная мужыкамі, было хутка спынена. Самы назоў „Царство Польское“ быў выкасаваны і заменены назовам „Привислянскій край“. У Беларусі сталі праводзіць мужыцкую рэформу на асновах блізкіх да „Полаженія 19 февраля 1861 года“. Жаданьні, як рускіх, так і беларускіх мужыкоў, гэтаю рэформаю не былі здаволены. Беларусь, апроч таго, не дастала нават і земскай рэформы, каторая магла-б быць карыснаю для краю.

Пасьля спыненьня польскага паўстаньня, пачаўся сільны русыфікацыйны рух пад кіраўніцтвам вядомага Мураўёва. Першаю мэтаю ўраду было зруйнаваць польскасьць, але, руйнуючы польскасьць, урад больш руйнаваў беларускую культуру. Вядома, напрыклад, што друк польскіх кніжак забаронены ня быў, а друк кніжак у беларускай мове быў забаронены указам 1865 году. Прычына гэтага крыецца ў тым, што за Польшчу заступіліся замежныя дзяржавы, а Беларусь заступнікаў ня мела.

Пад цяжкім нацыянальна-соцыяльным уціскам жыла Беларусь і далей, ў часы глыбокай рэакцыі пры рускіх часох, Аляксандры III і Мікалай II. Толькі вялікая руская равалюцыя вызваліла Беларусь, даўшы ёй магчымасьць падняць ня толькі нацыянальна-культурнае, але і соцыяльна-палітычнае пытаньне. Настаў і для Беларусі час рэвалюцыйнай працы і дзяржаўнага будаўніцтва