Перайсці да зместу

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1926)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кароткі нарыс гісторыі Беларусі
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1926 год
Іншыя выданьні: Кароткі нарыс гісторыі Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прадмова

[правіць]

ПРАДМОВА ДА 4-га ВЫДАНЬНЯ

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі зьявіўся першы раз у друку ў цяжкія часы бела-польскай окупацыі, у 1919 годзе. «Нарыс» злажыўся з лекцый, якія аўтарам чыталіся для настаўнікаў пачатковых школ Меншчыны. Польская цэнзура выкасавала каля трэцяй часткі рукапісу, і кніжка вышла з друку скарочанаю і папсованаю. Копіі рукапісу ў аўтара не асталося; аўтэнтык польскі «wydzial prasy» з друкарні забраў сабе. Ня гледзячы на «zezwolenie» цэнзуры, окупацыйны ўрад праз нейкі час хапіўся і даў загад конфіскаваць кніжку. Студэнтам Пэдагогічнага Менскага інстытуту ўдалося забраць каля тысячы экзэмпляраў, а дзьве тысячы конфіскована. Гэтыя дзьве тысячы «Нарысу» белапалякі, уцякаючы з Менску летам 1920 г., кінулі, і, такім спосабам, з перамогаю Кастрычніка, «Нарыс» вышаў на сьвет з поліцэйскай каморы.

У 1921 годзе вышлі два выданьні «Нарысу». Другое выданьне бяз ведама аўтара вышла ў Вільні. Нам невядома, як яно вышла, але на кніжцы няма цэнзурнай паметкі «z zezwolenia władz». Другое выданьне зьяўляецца перадрукам з першага выданьня без перамен.

Трэцяе выданьне «Нарысу» вышла ў Менску, ужо вольным ад белапалякаў, крыху пазьней за другое, бо аўтар унёс у «Нарыс» некаторыя папраўкі, на што патрэбен быў час. Такім спосабам, 3-е выданьне вышла ў сьвет крыху папраўленым і дапоўненым.

Попыт на кніжку не прыпыніўся й цяпер. Па пропозыцыі Дзяржаўнага Выдавецтва аўтар яшчэ раз пераглядзеў кніжку, унёс у яе тое, што дала навука аб Беларусі за апошнія гады, і пусьціў яе ў людзі.

Аўтар выказвае шчырую падзяку т-шу Я. Лёсіку, каторы згадзіўся ўзяць на сябе працу падабраць адпаведныя малюнкі да тэксту кніжкі. Дзякуючы гэтай працы чацьвертае выданьне кніжкі будзе ілюстраваным.

У. ІГНАТОЎСКІ.

ПРАДМОВА ДА 3-га ВЫДАНЬНЯ

Нам усім добра вядомы той політыка-соцыяльны ўклад жыцьця, які быў пад цяжкаю рукою самаўладзтва ў Расіі наогул і ў нас на Беларусі. Змагаючыся з усім тым, што было карысна для пролетарска-сялянскіх мас Расіі, самаўладзтва, разам з тым, змагалася з усім тым, што насіла на сабе адзнакі мясцовага ці нацыянальнага характару. Усё вялікае, агульнае ставілася замест дробнага, мясцовага і нацыянальнага. Панавала ідэя імпэрыялізму. З офіцыяльнага боку існавала політычна і культурна толькі адзіная і непадзельная Расія, якая ведала і падтрымлівала адзіную і непадзельную гісторыю, агульна-рускую гісторыю царска-панскага кірунку. Такая гісторыя чыталася і выкладалася ўва ўсіх школах вялікай імпэрыі, да якое-б грамадзкае клясы і нацыянальнасьці яны не належалі, у якой-бы мове яны не гаварылі. На гэтай царскай, агульна-рускай гісторыі адукаваліся і мы, што вышлі з працоўных мас Беларусі.

У часы імпэрыі не зварачалася ўвагі на тое, што з соцыяльнага і культурнага боку не магло быць і ніколі ня было цэльнай і адзінай Расіі. Не зварачалася ўвагі на тое, што адзін супроць другога стаяць дзьве клясы рускага так званага «народу», інтарэсы каторых ня толькі не супадаюць, але йдуць адзін на другога; дзьве клясы, каторыя разьдзелены глыбокаю прорваю, праз якую масты ня будуюцца. Было зьняважана і тое, што гэтая політычна-адзіная Расія лічыць у сваім складзе далёка больш за 100 народаў, што прырода Расіі сьпявае свае рознастайныя сьпевы і формуе асобныя этнографічныя адзінкі народаў, што падданыя адзінай імпэрыі гавораць у розных мовах і маюць кожны свой асобны быт, кожны сваё мінулае, на каторым будуецца яго будучына.

І што ж зрабілася? Зрабілася тое, што і заўжды робіцца ў такім разе. Мы ніколі ня ведалі і цяпер ня ведаем сапраўднай агульна-рускай гісторыі, бо толькі тады магчыма знаць агульнае, калі мы ведаем дробнае, з якога складаецца агульнае. У гісторыі, таксама як і ў другіх навуках, павінна йсьці не ад агульнага да асобнага, а наадварот.

У часы самаўладзтва шырокім колам грамадзянства здавалася, што моцна стаіць на нагах жалезны кумір царска-панскай імпэрыі, што моцна ён трымае і доўга яшчэ будзе трымаць у магутных руках політыка-соцыяльную, культурную, географічную і этнографічную рознастайнасьць. Але ня так было ў самай справе. Прабіў час, і рухнуў з вялікім шумам жалезны кумір, бо ня было ў яго апоры, бо былі ў яго, як у таго біблейнага куміра, гліняныя ногі. Калі ўпаў кумір, то ўвесь абшар Расіі засыпаў ён сваімі руінамі і друзгамі. Паднялася вялікая цемра ад густога пылу гнілой і струхлелай старасьветчыны. І здавалася нам, што нічога няма ўкола нас, апроч гэтай цемры і гэтага пылу. Але аблёгся пыл, пачала зьнікаць цемра, пачалі і мы аглядацца навокала. Пад нагамі нашымі, сярод руін і друзгаў, ужо пачалі выбівацца на сьвет з пладавітай глебы чалавечага жыцьця новыя, пакуль што чуць прыметныя расьліны новай творчасьці. Сярод гэтых новых расьлін асабліва хутка пачалі падымацца ўгару расьліны нейкай як-бы крышталізацыі жыцьця — расьліны рэвалюцыйнай індукцыі. Пачалося на могілках новае жыцьцё. У нашыя часы мы бачым, як усё навокала нас крышталізуецца, як ува ўсё прасочваецца творчая індукцыя.

Найперш за ўсё пачалася крышталізацыя і індукцыя ў політыка-экономічным будаўніцтве. На месцы зруйнованага політыка-экономічнага будынку пачалі ўтварацца невялікія, нават маленькія будынкі, зьяўляюцца політычна-экономічныя організмы. Кожная экономічна-этнографічная галіна пачала з вялікаю ўвагаю падлічаць свае экономічна-політычныя магчымасьці, скарбы, капіталы і маемасьць. У цяжкіх муках нязвыклай творчасьці нараджаюцца на сьвет дзяржавы невялікіх, нават маленькіх, прыгнечаных імпэрыялістычнай Расіяй, народаў. Ствараюцца ўрады гэтых дзяржаў, зьяўляюцца гандлёвыя палаты, пасылаюцца ўзаемна-экономічныя місіі. Пачынае, урэшце, варушыцца і Беларусь, прыняўшыся за будоўлю свайго экономічна-політычнага будынку.

Амаль што адначасна з крышталізацыяй экономічна-політычнай зьяўляецца індукцыя і крышталізацыя экономічна-соцыяльная. «Народ» у розных краёх пачынае ўглядацца ў сваю структуру і дзяліцца паводле сваіх інтарэсаў на дзьве няроўныя групы. З аднаго боку, зьбіраюцца ў невялічкі гурток эксплёататарскія элемэнты з вялікім капіталам і яшчэ большым апэтытам. З другога боку, расьце вялікая грамада працоўнай клясы, спакон веку забітай, пакрыўджанай і аграбленай. Кожная з гэтых кляс-груп пачынае вясьці сваю лінію, гатуецца да барацьбы і, урэшце, змагаецца за свае інтарэсы.

У пазьнейшыя часы крышталізуецца мастацтва, крышталізуецца і навука, апіраючыся ў сваёй творчасьці ці на мясцовы, тэрыторыяльна-экономічны, ці на экономічна-соцыяльны, клясавы грунт. Паміж іншымі навукамі пачала сваю крышталізацыю і індукцыйную працу і гісторыя. У шырокіх колах грамадзянства паўстаў вялікі попыт на гісторыі асобных тэрыторый, асобных народаў, асобных кляс. Агульныя курсы перасталі здавальняць чалавека, бо ён не знаходзіў там адказаў на запытаньні бягучага рэволюцыйнага руху. Паўстаў попыт і на гісторыю Беларусі і асобкых яе кляс, на што раней не зварочвалі ўвагі, як на нешта маленькае і няпрыметнае.

Цяжкую працу прыходзіцца цяпер рабіць таму, хто ставіць сабе за мэту працаваць над гісторыяй асобнай тэрыторыі, напрыклад Беларусі. Раней вайна імпэрыялістычная, потым вайна міжнародна-соцыяльная зруйнавала край, які ўвесь час быў арэнай барацьбы. Эвакуацыі на ўсход і, асабліва, на захад зусім зьнішчылі край ня толькі экономічна, але і навукова-культурна. Няма гістарычных крыніц і матэрыялаў, няма падручнікаў. Бушуе рэволюцыйны гураган, урываецца ў габінэты навуковай працы і не дае магчымасьці спакойна і роўна працаваць. Апроч таго, мы ўсе вельмі звыклі да старых мэтодаў. Ніяк ня ўмеем мы працаваць над тым, што здаецца нам невялікім і дробным. Мы прызвычаіліся лёгка глядзець на прыватнае і дробнае і не даваць яму сапраўднага значэньня, а часам мы і зусім дробнага ня бачым.

Цяпер трэба пісаць і працаваць іначай. Мы павінны з гары спусьціцца ўніз, каб тут, унізе, а не з вышыні птушынага лёту, рабіць нашу працу. Калі налавек з вышыні птушынага лёту глядзіць уніз, усё здаецца яму гладкім, роўным і аднастайным: зьнікаюць з вачэй этнографічныя і клясавыя межы, кліматычныя і іншыя адзнакі. Чалавек з гары бачыць толькі агульны плян і ня можа прыглядзецца да асабістасьцяй малюнку. Каб добра разглядзець дэталі малюнку, трэба спусьціцца ўніз.

Узяўшы ў рукі ясны ліхтарык, павінны мы крок за крокам абыйсьці мінулае нашай бацькаўшчыны. І ніводзін куточак нашага многапакутнага жыцьця ня можа і не павінен астацца бяз нашага стараннага агляду. І калі ўсе, нават найцямнейшыя куточкі жыцьця ня толькі кожнага народу, але і соцыяльных груп гэтага народу будуць вядомы, тады толькі будзе магчыма ўзяць крыльле вольнай птушкі, падняцца ўверх і адтуль з вышыні паглядзець на жыцьцё ўсіх народаў. Такі агульны агляд будзе індукцыйным аглядам. Пабудованы такім спосабам агульны курс будзе сапраўдным і карысным курсам.

Але раней трэба ўзяцца за чорную працу, за дробную працу. Ужо прышоў і для Беларусі час гэтай працы, час індукцыйнай будоўлі. Над струхлелымі крыжамі бацькоў паднялася новая маладая Савецкая Беларусь. Цяжкаю працаю і жыцьцёваю політыка-соцыяльнаю барацьбою здабывае яна сабе месца сярод сясьцёр сваіх, іншых савецкіх рэспублік.

Уводзіны ў гісторыю Беларусі

[правіць]

УВОДЗІНЫ Ў ГІСТОРЫЮ БЕЛАРУСІ

Звыклі мы ў ранейшыя часы да вялікіх абшараў, да вялікіх цыфраў. Дзеля гэтага звыклі мы лічыць нашу бацькаўшчыну зусім невялікаю і няпрыметнаю па абшары яе тэрыторыі і па ліку яе насельнікаў. Пэўна, можа так яно і будзе, калі мы параўнаем Беларусь з так званымі «вялікімі» дзяржавамі, як, напрыклад, Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя з колёніямі, Кітай, былая Расія і г. д. Але будзе ня так, калі параўнаем Беларусь з такімі невялікімі дзяржавамі, як, напрыклад, Швайцарыя, Данія, Бэльгія, Голяндыя, Літва, Латвія, Эстонія і г. д.

Пры апошнім параўнаньні мы бачым, што ня так ужо малая наша Беларусь. Выстарчыць[1] гэтае зямелькі да таго, каб можна было добра жыць, толькі-б ніхто не руйнаваў гэтай тэрыторыі і не грабаваў сваёю эксплёатацыяй яе пролетарска-сялянскіх мас.

Беларусь даўно ўжо ня мела свайго агульнага політычнага цэнтру; сучасная Савецкая Беларусь ня ўключае ў свой склад усёй этнографічнай Беларусі. Дзякуючы гэтаму даволі цяжка вызначыць велічыню тэрыторыі Беларусі. Мы папрабуем вызначыць тэрыторыю Беларусі паводле этнографічна-экономічных прымет. Пры такім падходзе да справы мы бачым, што Беларусь складаюць старыя губэрні — Менская, Магілеўская і Горадзенская, узятыя амаль што цалкам; Віцебская ў пераважнай большасьці свае тэрыторыі; Смаленская і Чарнігаўская некаторымі асобнымі паветамі. Ёсьць моцна русыфікаваны беларускі этнографічны тып у суседніх губэрнях — Цьверскай, Пскоўскай і Арлоўскай. Наогул, Беларусь разьляглася ў басэйне верхняга Дняпра, пачынаючы з Прыпяці і Дзясны і ў басэйне рэк Нёмана і Заходняй Дзьвіны. Уся тэрыторыя этнографічнай Беларусі даходзіць амаль што да 300 тысяч квадр. кілёмэтраў. Што датыча ліку насяленьня на гэтай тэрыторыі, то ён вылічаецца рознымі лічбамі, сярэдняю з якіх можа быць прынята лічба ў 10 мільёнаў.

Прырода Беларусі даволі багатая, з харошым, удзячным для рольніцтва кліматам, але няма тут высокіх гор і глыбокіх прорваў. Куды ні глянь, ляжыць перад табою амаль што аднастайная раўніна, сярэдняя частка якой пакрыта сенажацямі, лясамі, пушчамі і вялікай сілай вазёр і балот.

Рэдка калі ў часы свайго мінулага жыцьця бачыла Беларусь супакой. Знаходзячыся ў сярэдзіне Эўропы, яна была тым месцам, дзе стыкаліся экономічныя інтарэсы Захаду і Ўсходу. Тут вельмі часта адбываліся вялікія войны. Беларусь заліта крывёю і ўсыпана касьцьмі ня толькі яе насельнікаў, але і другіх народаў Эўропы і Азіі. Курганы, якія раскіданы па ўсёй Беларусі, сьведчаць і гавораць маўчком аб тым, што калісь тут было. Цяжкае, гаротнае мінулае нашай старонкі як-бы налажыла на яе твар сваю пячатку, спавіло яе горам і пакутаю. Над краем як-бы вісьне векавечная скарга на цяжкую долю, і вісьне ціхі смутак. Вось як беларускі пясьняр, сын сваёй зямелькі і народу, Якуб Колас пяе ў адным з сваіх твораў пра Беларусь.

«Вісьне скарга уздоўж Нёмана,
Беларусі сына,
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна.
Зьбіты ў кучы твае вёскі,
У землю стрэхі ўходзяць;
Нуднай песьні адгалоскі
Лес, курганы родзяць…
Усё ў табе, мой родны краю,
Усё, спавіта горам:
І той вецер, што дзьме з гаю,
Што шуміць над борам;
Тая песьня, што на полі
Жнеі засьпяваюць;
Тыя думкі, што да болю
Сэрца калыхаюць».

На тэрыторыі гэтай, спавітай горам, пакрытай курганамі-магільнікамі, жывуць насельнікі, каторыя дзеляцца на некалькі этнографічных тыпаў. Каля 20 проц. насяленьня складаюць вялікарусы, еўрэі, палякі, літоўцы, цыганы і інш. народы, каторыя, такім спосабам, зьяўляюцца меншасьцю ў краі. Этнографічнаю большасьцю тэрыторыі ў ліку 80 проц. зьяўляюцца беларусы, галіна ўсходня-славянскага, ці руска-этнографічнага, тыпу. Часта толькі па адным абліччы можна адрозьніць беларуса ад двух яго этнографічных сваякоў — вялікаруса і ўкраінца. Найчасьцей беларус росту невялікага, сярэдняга, крыху пахілага складу. Калі глядзіш на яго, то здаецца, што на сваіх сагнутых плячох нясе ён увесь цяжар свайго мінулага і сучаснага жыцьця. Твар беларуса даволі выразны, у ім ёсьць нейкая мяккасьць, каторая залежыць як ад мімічнага складу твару, так і ад спакойна-ласкавага погляду вачэй.

Калі параўнаць беларуса з вялікарусам ці ўкраінцам, то выйдзе, што ён ёсьць прадстаўнік самага чыстага этнографічнага тыпу ўсходня-славянскага рускага племя. Гэта аб’ясьняецца абставінамі яго папярэдняга гістарычнага жыцьця.

З гісторыі Беларусі мы бачым, што беларускае племя праз увесь час свайго мінулага жыцьця ня зьлівалася з народнасьцямі другіх рас. Ня так было з вялікарусамі і ўкраінцамі: яны жылі пры такіх умовах, што ім немагчыма было зьберагчы свой старажытны этнографічны тып. Турка-мангольскія пляменьні праз некалькі вякоў ішлі праз паўднёвыя стэпы, у вялікім ліку аставаліся там і рабілі паходы як на паўднёвую, так і паўночна-ўсходнюю Русь. Многа вякоў і ўкраінцы і вялікарусы пражылі пад турка-мангольскім панаваньнем і іх этнографічным уплывам. На поўначы і на паўночным усходзе рускія пляменьні ў сваім расьсяленьні спаткаліся з фіна-манголамі. Вялікарускія пляменьні зьліваліся з фінамі і русыфікавалі іх. Гэтая гістарычная зьява цягнецца аж да нашага часу. Пэўна, што сумеснае згоднае жыцьцё з фіна-манголамі і русыфікацыя іх мелі свой адваротны бок, г. зн. этнографічны ўплыў фінаў на вялікарусаў. Што датычыць да беларусаў, то мы ведаем, што турка-мангольская лявіна да іх не дакацілася, а фіна-мангольскія пляменьні ня былі іх суседзямі. На беларусаў мог быць уплыў літоўскай і польскай крыві, і, пэўна, доўгае суседзтва і сужыцьцё з літвінамі зрабіла гэты ўплыў. Што датычыць да палякаў, то іх этнографічны ўплыў ня мог быць значным, бо палякі былі ў Беларусі вышэйшым, шляхоцкім станам. Тыя беларусы, якія зьліваліся з імі, былі прадстаўнікамі таксама шляхоцкага беларускага стану. З гісторыі нам вядома, што гэтыя беларусы адышлі ад свайго народу і сталі палякамі. Што датычыць да шырокіх мас беларусаў, то польскага ўплыву тут не магло быць: паміж панам-палякам і мужыком-беларусам была глыбокая соцыяльная прорва. З усяго вышэйпаданага мы бачым, што этнографічнага ўплыву мангольскай расы на беларуса ня было. Калі і прызнаць этнографічны ўплыў літоўскі і польскі, то гэты ўплыў быў невялікі; апроч таго, літвіны — такія-ж арыйцы, як і беларусы, а палякі — славяне, толькі заходняй галіны.

Клімат Беларусі вельмі вільготны. Лясы і балоты трымаюць гэтую вільгаць. Вільгаць тэрыторыі і вялікая плошча, занятая балотамі, доўгі час лічыліся вельмі шкадлівымі недахватамі краю. Але з гэтым можна згадзіцца толькі часткаю. Справа ў тым, што багацьце вільгаці бароніць тэрыторыю ад засухі, і на Беларусі немагчымы такія неўраджаі, як, напрыклад, на паўднёвым усходзе Расіі. З другога боку, калі гаварыць аб культурных магчымасьцях, аб магчымасьцях мэліорацыі, то трэба заўважыць, што асушыць куды лягчэй, чым абводніць, увільгоціць. Такім спосабам, для падняцьця культуры Беларусі ня прыдзецца траціць столькі сіл і коштаў, як краём з контынэнтальным кліматам.

Тэрыторыя Беларусі ня можа пахваліцца добраю глебаю: зямелька Беларусі, за выключэньнем некаторых паветаў,— малаўрадлівая. Найбольш пашыранымі грунтамі зьяўляюцца суглінкі і супяскі. Суглінак спатыкаецца ў паўночнай часьці Магілеўшчыны і Віленшчыны і ў паўночна-заходняй часьці Горадзеншчыны. Супескавы грунт бяднейшы за сугліністы і дае меншыя ўраджаі. Супясковае глебы на Беларусі больш чым сугліністае: яна спатыкаецца амаль па ўсёй Беларусі. Шмат ёсьць на Беларусі і пяскоў, асабліва каля вялікіх рэк. Найбольш пяскоў знаходзіцца ў паўднёвай Беларусі. Спатыкаюцца ў нас і падзолы, якія па сваёй ураджайнасьці стаяць яшчэ ніжэй ад пясковых глеб. Найчасьцей яны пападаюцца ў паўночнай Беларусі, напрыклад у старых Полацкім і Вяліскім паветах на Віцебшчыне. Самай ураджайнай глебай на Беларусі зьяўляецца гліністая, якая складаецца з 40 проц. пяскоў і 60 проц. гліны. Гліністых грунтоў найбольш спатыкаецца ў паветах Слуцкім, Наваградзкім, Менскім і Нэвельскім.

Шмат трэба ўлажыць у зямлю, каб дала яна кавалак хлеба. І беларус шчыра працуе. Ня гледзячы на невялікі ўзрост і пахілы склад, ён вытрыманы працаўнік. Гэта добра ведаюць усе, хто наймае на земляныя работы; добра ведае Амэрыка, бяручы з Беларусі работніка на цяжкую чорную працу. Найбольш прывязан сучасны нам беларус да ральніцтва. Ен, як кажа пясьняр Янка Купала, «пан сахі і касы». І толькі тады, калі няма ў беларуса гэтага панства, ён ідзе на другія работы.

Як і ўсе тэрыторыі, Беларусь мела сваё мінулае і павінна мець сваю гісторыю. Дагэтуль мала хто цікавіўся ёю, але рэволюцыйнае жыцьцё ўсё больш і больш прымушае нас ведаць гэтую гісторыю. Ужо недалёка той час, калі кожны грамадзянін Беларусі будзе ведаць гісторыю краю, бо без яе ён ня будзе сьвядомым грамадзянінам, ня будзе тварцом будучыны. Толькі гісторыя дае моцны грунт для політычна-соцыяльнай і культурнай творчасьці.

Пэрыоды гісторыі Беларусі

[правіць]

ПЭРЫОДЫ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Ніколі не перарываецца людзкое жыцьцё. Як бягучая рэчка, цячэ яно з году ў год, з сталецьця ў сталецьце. Ніколі ня зьнікае творчая сіла чалавечай працы. Адны працаўнікі йдуць на адпачынак у сырую зямлю, і іх прымае магіла, другія нараджаюцца на сьвет, бяруць ярмо бацькоў сваіх, працуюць, змагаюцца і таксама йдуць да магілы. Працу гэтых людзей эксплёатуе капітал і яго прадстаўнікі. Гэты-ж самы капітал параджае організацыю працоўнай масы, формуе клясы і ўтварае дзяржаўныя групоўкі. Так ідзе людзкая праца, так робіцца гісторыя роду чалавечага.

Але год на год, сталецьце на сталецьце не падобна. У адны часы хутка, жвава йдзе праца. Організуюцца і ствараюцца соцыяльныя групы, пашыраецца і паглыбляецца культура сярод працоўных мас народу, здабываюцца новыя вартасьці як матэрыяльнага, так і духоўнага значэньня, вынікаюць тэорыі жыцьцёвага будаўніцтва,— наогул, ідзе шпарка гістарычны паступовы рух. У другія-ж часы справа стаіць іначай: рух жыцьця прыпыняецца, сілы народу заміраюць, хаваецца кудысь у глыбіню творчасьць люднасьці, соцыяльны і політычны ўціск руйнуе дзяржаўны будынак і прыгнятае працоўную масу.

Адным словам, прыглядзеўшыся з увагай да неперарыўнага, паступовага руху гісторыі народу, можна ўсё-ж такі знайсьці ў гэтым руху нейкія яго асаблівасці ў тыя ці іншыя эпохі. Грунтуючыся на такіх асаблівасьцях гістарычнага руху, можна зноў такі вызначыць у гісторыі народу пэрыоды яго жыцьця.

Разумеецца, што таксама стаіць справа і ў гісторыі Беларусі і яе народу.

Па асаблівасьці політыка-соцыяльнага і культурнага жыцьця беларускага народу гісторыю Беларусі можна падзяліць на чатыры пэрыоды: Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі і Расійскі.

Пачынаецца больш-менш вядомае гістарычнае жыцьцё IX сталецьця на сярэдняй часьці вялікага воднага шляху «з Варагаў у Грэкі». Гэты шлях ёсьць шлях тагочаснай культуры і гандлю. Наймацнейшым княствам сярод нашых пляменьняў (крывічоў, дрыгвічоў і радзімічаў) было Полацкае. Незалежнае з пачатку гістарычных зьвестак, яно прымушана было кіеўскімі князьмі да залежнасьці ад Кіева. Але гэтая залежнасьць трымалася кароткі час і ня была агульнай поўнай залежнасьцю. Ужо з пачатку XI сталецьця пашло змаганьне за незалежнасьць полацкіх Ізяславічаў з кіеўскімі Яраславічамі. У гэтым змаганьні ўкола Полацкага княства зьбіраліся княствы драбнейшыя. Да найболынай моцы Полацкае княства дашло ў часы Усяслава (1044—1101). Пасьля яго сьмерці пачаўся політычны ўпадак Полацкай Русі. Полацкая Русь вядзе шырокі гандаль як з Захадам, так і Усходам. Яна мае магчымасьць збываць свае продукты і даставаць патрэбных ёй тавараў чужаземнай вытворчасці, незалежна ад кіеўскага рынку. У руках купцоў зьбіраюцца вялікія капіталы, каторыя даюць ім магчымасьць эксплёатаваць полацкую працоўную масу. Вечы гарадоў зьяўляюцца тым месцам, дзе асабліва яскрава выяўляецца барацьба паміж «лепшымі» людзьмі, уладарамі капіталаў, і «подлымі» людзьмі, уладарамі рабочых рук.

У XIII сталецьці пачынаюць гуртавацца літоўскія пляменьні, суседнія з Полаччынай; яны організуюцца і зьбіраюць укола сябе разрозьненыя паўночна-заходнія рускія пляменьні, якія пачынаюць злучацца з літвінамі. Будуецца вялікае княства Літоўска-Беларускае, дзе кіруе гаспадар, вялікі князь-літвін, а пануюць культура і мова заняпаўшай політычна Полаччыны, каторыя з пачатку XIV сталецьця прымаюць адзнакі беларускай мовы і культуры. Мы ведаем, што беларуская мова стала ў новым гаспадарстве[2] дзяржаўнай мовай: у ёй пісаліся законы і офіцыяльныя паперы. У беларускай мове рабілася і культурная справа таго часу: пісаліся летапісы і другія творы слова, друкаваліся кнігі; па-беларуску гаварылі і ў палацы вялікага князя.

У Літоўска-Беларускім гаспадарстве згодна жывуць дзьве веры: усходня-хрысьціянская — у славян і паганская — у літвіноў. Хоць у канцы XIV сталецьця, дзеля прычын хатніх і знадворных Літоўска-Беларуская дзяржава юрыдычна злучылася з Польшчай, аднак-жа у XV і першай палавіне XVI сталецьця дзяржаўныя, культурныя і рэлігійныя справы мала чым зьмяніліся. Усяму гэтаму пэрыоду ад XIII да палавіны XVI сталецьця можна даць назву Літоўска-Беларускага. «Подлыя» людзі паступова ўсё больш пападаюць у рукі заможных, лепшых людзей. Вольны земляроб паступова губіць сваю вольнасьць і робіцца ўсё бліжэйшым да фэўдальнага сэрва[3]. Гарады адгароджваюцца ад вёскі тым, што купляюць за грошы ад літоўскіх гаспадароў Майдэборскае права[4]. Вечы паступова адміраюць.

К палавіне XVI сталецьця польскі ўплыў усё мацнее. Па прычынах як хатніх, так і знадворных Літва і Беларусь усё больш і больш павінны хіліцца да Польшчы. У 1569 годзе на Люблінскім сойме адбылася ня толькі юрыдычна, але і рэальна вунія Літвы й Беларусі з Польшчай. Польшча скарыстала цяжкія ўмовы дзяржаўнага жыцьця сваёй суседкі, каб зрабіць вунію інкорпорацыяй Літвы і Беларусі ў організм Польшчы. Асобнасьць і незалежнасьць Літвы і Беларусі была згублена. Валынь, Падольле і Падлясьсе былі залічаны землямі Польскай Кароны. На сойме 1697 г. была зроблена пастанова аб польскай мове як дзяржаўнае мове. Поруч з мовай сталі панаваць польская культура, польскі соцыяльны і політычны лад і каталіцкая вера. Літвіны і беларусы вышэйшых станаў апалячваліся, адыходзілі ад бацькаўшчыны сваёй, ад свайго народу. Пакінуты імі просты беларускі народ, каторы ў гэтыя часы быў ужо запрыгоненым, захаваў сваю старую мову, старыя звычаі і веру. Але ён ня меў ужо моцы зьберагчы і пашырыць беларускую культуру. Пад політычнай і культурнай уладай Польшчы Беларусь была да канца XVIII веку.

Дзякуючы вялікім і зацяжным недахватам соцыяльнага, політычнага і царкоўна-рэлігійнага жыцьця гаспадарства Рэчы Паспалітай у канцы XVIII сталецьця зусім заняпала і прышло, урэшце, да поўнага свайго распаду. Суседнія дзяржавы выкарысталі ўпадак соцыяльна і політычна гнілое Польшчы. Полыпча была падзелена паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Беларуская тэрыторыя ўвайшла ў склад Расійскай імпэрыі. Імпэратрыца расійская, прыняўшы пад сваю «вялікую руку» Беларусь, абяцалася захаваць «на вечныя часы» ў прылучаных беларускіх землях грамадзянскую вольнасьць і вольнасьць сумленьня паводлуг старых звычаяў і прывілеяў. Само сабою разумеецца, што гэтыя звычаі і прывілеі панска-шляхецкай По-льшчы былі ў соцыяльна-грамадскім сэнсе вельмі шкадлівы для працоўных мас беларускага народу. Такая політыка расійскага ўраду йдзе да часу кіраваньня Мікалая I. Урад увесь час няньчыцца з панам-палякам, робячы адначасна соцыяльна-нацыянальны націск на мужыка-беларуса. З часу Мікалая I справа пашла некалькі йначай. Пасьля польскіх паўстаньняў польскія паны на Беларусі як-бы страцілі ласку расійскага ўраду, але ад гэтага ня стала лепш беларускаму мужыку. Некаторых зямляўласьнікаў-палякаў замянялі зямляўласьнікі, што вышлі з расійскай бюрократыі, і соцыяльны ўціск ніколі не зьмяншаўся. Праўда, прыпыніўся польскі культурна-нацыянальны ўціск; затое яго месца заняў расійскі культурна-нацыянальны ўціск. Беларусу было забаронена асобным указам нават мець кнігу, друкаваную ў яго роднай мове. Ня гледзячы на гэтае, якраз у гэты перыод у Беларусі пачынаецца рух, каторы мае клясавы і нацыянальна-культурны кірунак.

Толькі сучасная вялікая рэволюцыя, разваліўшы царскую Расію, вызваліла Беларусь і дала ёй магчымасьць пачаць новае жыцьцё на зусім новым грунце.

Першы пэрыод

[правіць]

ПЕРШЫ ПЭРЫОД БЕЛАРУСКАЕ ГІСТОРЫІ

(IX—XIII ст.).

СТАРАЖЫТНЫЯ НАСЕЛЬНІКІ БЕЛАРУСІ

Каля часоў IX сталецьця землі, занятыя ўсходнімі, рускімі славянамі, дзяліліся паводлуг рэчных сыстэм і гандлёвых цэнтраў на чатырьі тэрыторыі. На поўначы, пасярод вазёр, балот і лясоў, цэнтруючыся ўкола Ільменю, лягла зямля Ноўгарадзкіх славян. Далёка на ўсход цягнуліся гэтыя землі, даходзячы аж да Уральскіх гор. Кіраваў імі «Гаспадзін вялікі Ноўгарад». Пад усходнімі землямі Ноўгараду, паміж Волгаю і Акою, ляглі землі, што цягнуліся да Ростава Вялікага і да Суздалю. Значную ролю будуць мець гэтыя землі толькі з пачатку XIII сталецьця. На поўдні, па сярэдняму і ніжнему Дняпру, уходзячы аж у стэпы, лягла Дняпроўская Русь, сцэнтраваная ўкола багатага Кіеву. Гісторыя гэтае зямлі нам добра вядома з агульных курсаў расійскай гісторыі, якая разглядала жыцьцё амаль што яго аднаго. Паміж заходнімі Ноўгарадзкімі і Кіеўскімі землямі, па верхняй Заходняй Дзьвіне і верхняму Дняпру з Прыпяцьцю, Бярэзінаю і Сожам лягліземлі будучай Беларусі, каторыя цэнтраваліся ўкола гораду Полацку. Гэта ёсьць так званая Полацкая Русь.

Насельнікамі вышэйпаказанай тэрыторыі (Полацкай) былі тры ўсходня-славянскія, рускія пляменьні: крывічы, дрыгвічы і радзімічы. Сярод крывічоў і дрыгвічоў жылі яшчэ літвіны, напр., ятвягі.

Найвялікшым племем былі крывічы, каторыя жылі па вышнявінах рэк — Заходняй Дзьвіны, Дняпра і Лаваці. Што датычыць назвы «крывічы», то адны вучоныя гавораць, што крывіча так назвалі за тое, што ён быў хітры, крывадушны чалавек. Другія вучоныя вядуць імя «крывічы» ад слова «кроў», тады назву «крывічы» магчыма разумець: «сваякі па крыві», кроўныя. Раскіданыя па шырокаму абшару, крывічы сваёю назваю як-бы падкрэсьлівалі сваё сваяцтва. Дрыгвічы расьсяліліся паміж Прыпяцьцю і Заходняй Дзьвіною. Сярэдзіна сялібы дрыгвічоў супадае з нашай Меншчынай. Яны жылі пасярод лясоў і балот, дзе шмат было багнін, інакш кажучы, дрыгвы. Адсюль і пашло іх імя. Пасьля іх толькі ў Меншчыне засталося больш як 30 тысяч курганоў-магільнікаў. Радзімічы былі невялікім племем і жылі па абодвух берагох Сожу. Яны прышлі сюды пазьней ад крывічоў і дрыгвічоў з ляскай (польскай) страны. Летапіс гаворыць аб іх так: «Бяста бо два брата в Лясех: Радім, а другі Вятко, і прішедша седоста Радім на Соже, і прозвашася Радімічі, Вятко седе с родом своім по Оце, от него-ж прозвашася Вятічі».

Аб жыцьці нашых прародзічаў мы знаходзім весткі ў Кіеўскім летапісе. Летапісец так малюе гэтае жыцьцё: «Жівяху в лесе, яко-же всякі зверь, ядуще всё нечісто, і срамословіе в ніх пред отцы і пред снохамі; і брацы не бываху в ніх, но ігріща межю селы»… і г. д. Судзячы па гэтай летапіснай ведамасьці, выходзіць, што нашыя продкі былі зусім у первястковым стане, ня мелі ніякай культуры і жылі сярод лясоў, як нейкае быдла. Ня так абстаіць справа, калі мы запытаемся ў чужаземных сьведкаў. Усе яны ў адзін голас кажуць аб тым, што ўсходнія славяне ўжо і ў часы сівой старасьветчыны мелі нейкую культуру і нават немалую. Так, напрыклад, гавораць бізантыцкія аўтары — Пракопі, Маўрыкі, Канстанты Чырвонародны і арабскі аўтар Масудзі. Той самы летапіс, каторы, з аднаго боку, такою чорнаю хварбаю малюе культурны быт нашых продкаў, з другога боку — дае пэўныя весткі аб вялікім ліку гарадоў, якія былі раскіданы па ўсіх куткох тагочаснай Полацкай Русі. А мы ведаем, што прысутнасьць у народу гарадоў, як гандлёвых цэнтраў, гаворыць зусім ясна аб культурнасьці народу. Аб гэтым-жа, хоць маўчком, але гавораць тыя магільнікі-курганы, каторыя засталіся на тэрыторыі Беларусі аж да нашых часоў. Раскопкі гэтых магільнікаў-курганоў, якія робяцца вучонымі, даюць шмат матэрыялаў, каб намаляваць стан культуры як матэрыяльнай, так і духоўнай у крывічоў, дрыгвічоў і радзімічаў.

З раскопак мы бачым, што пляменьні будучага беларускага народу, не зважаючы на сваю блізкасьць па крыві і суседзтву, мелі ня зусім сходныя звычаі. Так, напрыклад, кожнае з іх па сваім уласным звычаі хавала нябожчыкаў. Крывічы палілі труп, попел зьбіралі ў пасудзіну, якую потым пакрывалі насыпам. Укола насыпу капалі раўчак, а курган абводзілі стужкай з каменю. Дрыгвічы клалі сваіх нябожчыкаў на зямлі і насыпалі над імі курганы. Радзімічы да X сталецьця сваіх нябожчыкаў палілі, а пасьля гэтага часу клалі нябожчыка на ложка, пасыпанае попелам, і над ім рабілі наспу. Уклад хаўтурны крывіцкі быў найскладнейшы; гэтае гаворыць аб тым, што і культура іх павінна была быць вышэйшаю.

Па тых рэчах, што знаходзяцца ў курганох, ясна, што дзяды нашыя ня сквапны былі да вайны, ім больш падабалася мірная праца: земляробства, зьвералоўства і гандаль. Яны ўмелі ўжо ткаць на кроснах, ведалі бандарную і ганчарную справу. Былі сярод іх людзі заможныя, каторыя любілі хораша прыбрацца. На шыі яны насілі маністы з шкляных пацерак; часам бронзавых і срэбных, з размаітымі[5] падвескамі, добра апрацаванымі. Відаць, што пацеркі, вельмі штучна зробленыя, дзесь купляліся. Беларус нашага часу ня можа прыбрацца так багата і цікава, як маглі прыбрацца яго продкі, каторыя, па летапісу, «жівяху в лесе, яко-же всякій зверь». Проф. Завітневіч аб кургановых рэчах гаворыць так: «Курганные предметы Полесья по своему материалу ценнее, а по форме разнообразнее, затейливее, а иногда даже изящнее нынешних». І няма тут ніякага дзіва. Нашу бацькаўшчыну багаціў вялікі водны шлях з Варагаў у Бізантыю[6], па каторым ішоў сусьветны гандаль таго часу. У гэтым гандлі працавалі і мелі немалы заробак і нашы прародзічы. Цікава тое, што некаторыя рэчы, якія ўжываліся тады, ужываюцца і цяпер беларусамі нашага часу. Жыхар кургановага Палесься меў звычай падпяразвацца раменным паскам з шкураным кашэлікам, у каторым ён хаваў крэсіва, крамень, губку і ножык. Наш беларус некаторых паветаў Горадзеншчыны, Магілеўшчыны і Меншчыны таксама носіць пры сабе ў кашэліку на раменным паску такія самыя рэчы; толькі ён дадаў да іх, як чалавек нашае культуры, яшчэ тутун і люльку.

Чым вытлумачыць тое, што вестка летапісу аб някультурнасьці нашых прародзічаў так не падобна на весткі чужаземных сьведкаў курганоў? Трэба памятаць, што хто-б ня быў аўтар летапісу, ён быў манах, прадстаўнік новай культуры і новай веры, якая прасочвалася ў нашыя лясы з далёкай Бізантыі. Пэўна, што ўсё тое, што насіла на сабе адзнакі не яго культуры, аўтар лічыў някультурным. Шлюб, учынены водлуг звычаяў паганскай веры, яго не здавольваў, і летапісец піша, што ў продкаў нашых «брацы не бываху». Калі продкі нашы ў посны, па звычаі хрысьціянства, дзень елі скаромнае па сваім паганскім звычаі, манах летапісец кажа, што яны елі ўсё нячыстае. Такія здарэньні ацэнкі культуры ў гісторыі людзей мы бачым часта. Вядома нам, напрыклад, што рымляне звалі першых хрысьціян бязбожнікамі за тое, што яны верылі ў свайго нявіднага бога, а ня ў іх рымскіх багоў; апроч таго, рымляне вінавацілі іх у распуснасьці за тое, што ў хрысьціян была свая мораль, а не мораль паганскай веры рымлян. Адным словам, летапісец зрабіў згодна з законамі соцыяльнай псыхолёгіі тую абмылку, якая для нас зусім зразумела: славяне ня мелі і не прызнавалі бізантыцка-хрысьціянскай культуры, значыць, яны ня мелі ніякай культуры.

ДЗЯРЖАЎНА-ПОЛІТЫЧНЫ ЛАД

З палавіны IX сталецьця сярод усіх усходніх славян пачынаецца дзяржаўна-грамадзская організацыя. Пляеньні крывічоў, дрыгвічоў і радзімічаў ідуць па тым-жа гістарычным шляху. Будуецца гаспадарства й тут. Яшчэ да закліканьня вядомых нам князёў-варагаў (862) пачалі тут складацца воласьці-княствы. Вёскі валасьцей цягнулі, як да цэнтру, да бліжэйшага гораду. Чым болыны і багацейшы быў горад, тым большую тэрыторыю вясковую концэнтраваў ён укола сябе. Разумеецца, што воласьці былі розныя па абшарам сваіх тэрыторый. Найвялікшымі паміж імі лічыліся; Полацкая, Смаленская і Тураўская. У летапісе апроч іх успамінаюцца яшчэ і другія воласьці, з меншай тэрыторыяй, напрыклад: Віцебская, Аршанская, Друцкая, Мсьціслаўская, Ізяслаўская, Слуцкая, Навагрудзкая, Нясьвіская, Менская, Пінская, Мазырская, Сьвіслацкая і іншыя.

Кожная воласьць кіравалася збоку ўстаноўча-заканадаўчага — вечам, а збоку выканаўчага — князем і яго дружынаю. Адкуль і як узяліся князі ў Полацкай Русі? Магчыма думаць, што ўлада князя ў розных мясцох вынікла з розных крыніц. Часам князь быў адным з роданачальнікаў племя. Энеріія і здольнасьць, асабліва ў ваяўніцкіх справах, выстаўлялі яго наперад з агульнай масы старшынь. У некаторых мясцох, дзе жыцьцё было спакайнейшае, ён станавіўся першым проста на аснове родавага старшынства па гадох. Князі, што вышлі з роданачальнікаў, былі, такім спосабам, элементам мясцовым. Апроч гэтых князёў мясцовай формацыі, у Полацкай Русі, як і ў Кіеўскай, былі князі прышлыя. Яны вербаваліся з тых нармана-вараскіх элементаў, каторыя часта праходзілі праз Русь з поўначы на поўдзень і часта асядалі па мясцох. Як вербаваўся ў князі гэты прышлы элемент, можна бачыць, напрыклад, з летапіснага паданьня аб закліку князёў-варагаў — Рурыка, Сінявуса і Трувара. Маглі быць здарэнні, калі варагі бралі на сябе ўладу і бяз закліку, проста сілаю зброі. У Полацкую Русь норманы-варагі пападалі як з поўначы, так і з захаду, ідучы сюды з дружынамі па Заходняй Дзьвіне. Валасныя князі, як ужо было сказана вышэй, мелі выканаўчую ўладу ў сваёй воласьці. Найчасьцей ім прыходзілася весьці ваяўніцкую працу: яны баранілі тэрыторыю воласьці і яе маетнасьць ад ворага і рабілі з сваёю дружынаю паходы на суседнія варожыя воласьці і на чужаземныя краі. Апроч таго, князь з дружынаю рабіў адміністрацыйную работу, чыніў суд і расправу і павінен быў пільнаваць гандлёвыя шляхі й караваны, якія ішлі праз яго воласьць.

Законадаўчая ўлада ў воласьці належала да веча, або да народнага сходу. Веча зьбіралася ў найгалоўнейшым горадзе воласьці-княства. Веча запрашала князя, гадзілася з ім; калі князь нарушаў пастаўленыя яму ўмовы, яно «паказывало князю пуць», іначай кажучы, адбірала ад яго княжую ўладу. Веча выдавала ўсялякія пастановы для насельнікаў воласьці, абірала ўраднікаў[7] на патрэбныя пасады, адбірала ў іх даныя пасады. Веча абвяшчала войны і рабіла згоду з суседзямі. Улада веча шырылася ня толькі на горад, але й на ўсю воласьць, якая цэнтравалася ўкола гораду, і вёскі, якія параскіданы па ўсяму княству. Пры гэтым меншыя ў воласьці гарады лічыліся прыгарадамі галоўнага гораду. Кіеўскі летапісец так гаворыць аб уладзе веча: «Новгородці ізначала, і Смольняне, і Кіяне, і Полочане, і вся власті (воласьці), яко же на думу, на веча сходятся; на что-же старейшіі сдумают, на тым і прыгороді станут». Веча ў воласьці мела магутную моц. Усякі жыхар воласьці павінен быў слухаць яго голасу, у тым ліку і князь, які быў, як мы казалі вышэй, толькі наймітам веча.

Звычай вечавога народапраўства існаваў як у Кіеўшчыне, так і ў Полаччыне з незапомных часоў. Як рабіліся справы на вечах, мы мала ведаем, бо ад вечавых сабраньняў не засталося да нашага часу аніякіх пісаных дакументаў. Па тых невялічкіх вестках, якія мы маем, на вечавы сход жыхары зьбіраліся па звоне асобнага вечавога звону, каторы вісеў на плошчы найгалоўнейшага гораду княства. Па гэтым звоне са ўсіх канцоў гораду йшлі як мяшчане гораду, так і тыя вясковыя насельнікі воласьці, якія ў гэты час былі ў горадзе па сваіх справах. Права голасу на сходзе мелі ўсе вольныя дарослыя людзі, незалежныя гаспадары. На вечы найперш дакладвалася аб тэй справе, на якую веча павінна было даць той ці іншы адказ. Даклад аб справе рабіўся ці князем воласьці, ці ўраднікамі, ці проста якім-небудзь старым чалавекам. Затым ішло абгаварваньне справы. Веча адказвала прамоўцам гоманам. Пэўна, што асобных галасоў ня лічылі, а толькі па слуху адгадвалі, што ўхваляе большасьць веча. Іншы раз выпадала так, што большасьць веча была нязначная і меньшасьць не хацела адступіцца ад сваёй думкі. Тады справа даходзіла да бойкі і аднагалоснасьць дасягалася сілком; меншасьці затыкалі рот кулаком, і яе галасоў ня было чутно.

З усіх валасьцей наймагутнейшым было веча ў Полацку. Тут яно існавала з незапомных часоў і вяло сваю ўстаноўча-законадаўчую працу аж да самага канца 15 сталецьця (1498 г.), калі гораду было даравана Майдэборскае права. Яно выступала тут ува ўсе больш-менш рызыкоўныя моманты жыцьця як рашучая сіла. Яно прымала і выганяла сваіх князёў: у 1151 годзе, яно, напрыклад, «паказала пуць» адразу і князю Рагволоду Барысавічу і пасадніку Расьціславу Глебавічу. Яно заключала дагаворы з князямі другіх валасьцей: вядомы дагаворы полацкага веча з Ольгавічамі і з літоўскімі князямі. Полацкаму вечу прад’яўляліся протэсты на дзейнасьць полацкіх князёў, як гэта было, напрыклад, у 1127 годзе збоку кіеўскага князя Мсьціслава Уладзіміравіча. Князь у Полацку заўжды ведаў сваё месца і юрыдычна ня меў вялікай сілы. Улада яго грунтавалася на яго індывідуальных здольнасьцях. Ен і яго дружына жылі асобным жыцьцём ад гораду і зьмяшчаліся ня ў самым горадзе, а ў некалькіх вярстох ад гораду, у вёсцы Бельчыцах, дзе былі пабудаваны для князя з дружынаю палацы. Апрача таго, вядома, што князь і яго дружына ня мелі нават права купляць і ўладаць у Полацку нярухомаю маемасьцю. Таксама было ў Ноўгарадзе і Пскове. Трэба сказаць, што палажэнне ноўгарадзкіх князёў было некалькі пэўнейшае, чым князёў полацкіх. Справа ў тым, што веча ў Ноўгарадзе звычайна абірала сабе князя з роду кіеўскіх Яраславічаў. Пакрыўджаны вечам ноўгарадзкі князь мог знайсьці сабе дапамогу ад сваіх кіеўскіх родзічаў і ад кіеўскага вялікага князя, каторы быў найстаршым у родзе і павінен быў бараніць малодшых сваіх родзічаў. Што датычыць да полацкіх князёў, то яны нікому ніколі не маглі паскардзіцца на сваю крыўду. Жылі яны асобным ад кіеўскіх князёў жыцьцём і нават найчасьцей былі ў спрэчках з імі. Згубіўшы па якіх-колечы прычынах свой пасад у Полацкай воласьці, князь павінен быў бегчы на чужую старану, да чужых людзей. Такою стараною звычайна была суседняя Літва. Трэба ўсё-ж такі сказаць, што полацкія князі ўмелі зжывацца з полацкім насяленьнем, былі популярнымі ў Полацку, і палачане падтрымлівалі род сваіх князёў Ізяславічаў і баранілі іх, а разам з імі і сябе, ад крыўды князёў чужога роду, напрыклад Яраславічаў Кіеўскіх.

Полацак быў найгалоўнейшым горадам у воласьці. Усе другія гарады яе былі залежны ад Полацку і лічыліся яго прыгарадамі. Такімі прыгарадамі былі, напрыклад, Менск, Віцебск, Барысаў, Стрэжаў, Усьвят, Друцк і др. Гэтая залежнасьць адносілася толькі да надворных спраў. У сваіх хатніх справах усе прыгарады былі незалежнымі і кіраваліся сваімі вечамі і князямі.

ЗМАГАНЬНЕ ПОЛАЧЧЫНЫ З КІЕЎШЧЫНАЙ

Больш-менш каля часу закліку ў Ноўгарадзкую Русь варагаў (862) Полаччына мела сваіх мясцовых князёў, аб каторых успамінае адна з скандынаўскіх сагаў, Адмундава сага. Гэтых князёў назваць па іменьнях мы ня маем магчымасьці. Вядома, што ўжо ў тыя старыя часы былі нейкія непаразуменьні паміж Полацкім і Кіеўскім цэнтрамі. Хутка пасьля закліку князёў варагі-норманы Аскольд і Дзір, родзічы прышлых з поўначы князёў — Рурыка, Сінявуса і Трувара — захапілі ўладу ў Кіеве. Абсеўшыся тут, яны адразу ўвашлі ў мясцовыя інтарэсы і сталі ў варожыя адносіны да Полацкай Русі. У Ніканаўскім летапісе мы чытаем: «Аскольд і Дір воеваша Полочан і многае зло ім сотворіша».

Чым была выклікана вайна паміж Кіеўскім і Полацкім гандлёвымі цэнтрамі, мы ня ведаем. Відаць толькі, што Полаччына ад гэтае вайны шмат пацярпела ўбыткаў.

Аскольд і Дзір доўга ў Кіеве ня выседзелі. Рад прышлых норманскіх князёў Рурыкавічаў лічыў, што яны селі ў Кіеве незаконна. Іх зьмяніў апякун Рурыкавіча Ігара князь Алег (879—912). Гэты першы гістарычна-праўдзівы кіеўскі князь пачаў цэнтраваць укола Кіева розныя пляменьні. Ен накладаў на іх дань, адкуль і пашло слово «падданых». У ліку другіх падданых пляменьняў Іпацкі летапіс называе і крывічоў. Разам з крывічамі пашоў потым Алег на Смаленск і ўзяў яго без змаганьня. «Олег прія город Смоленск і посаді в нем муж свой». Аб падданьні Алегу Полацку і дрыгвічоў у летапісе вестак няма, але магчыма думаць, што і гэтыя землі былі ў нейкай залежнасьці ад Кіеву. Так, напрыклад, летапіс, гаворачы аб «укладах», якія браў Алег з Бізантыі, называе «ўклад» ня толькі на Смаленск, але і на Полацак. «Укладам» завецца ваенны здабытак, каторы прысылаўся кіеўскаму князю з Бізантыі. Зьвярнуўшы ўвагу на тое, што Смаленск і Полацак мелі свае асобныя ўклады, мы павінны прызнаць, што яны былі не рабамі Кіева, а яго супольнікамі ў змаганьні з Бізантыяй. Гэты факт пацьвярджаецца тым, што ў паходах Алега ў 907 і 911 годзе на Бізантыю, паводле летапісу, Смаленск і Полацк прымалі ўдзел. Праўда, Алег у далучаных гарадох ставіў сваіх «мужэй», але яны былі ня столькі ўраднікамі, колькі прадстаўнікамі экономічных інтарэсаў кіеўскага князя. Справа гарадоў і валасьцей па звычаі вялі мясцовыя вечы і князі «под Ольгом суще».

Пры насьледніках Алега (Ігар, Вольга, Сьвятаслаў, 912—972) залежнасьць Полаччыны ад Кіеву паступова ўсё падае. У апошнюю чвэрць X сталецьця ў Полацку ўжо незалежна княжыць Рагвалод.

Некаторыя вучоныя лічаць, што Рагвалод быў патомак нормана-вараскіх князёў, каторыя зьявіліся ў Полаччыну ў канцы IX веку, адначасна з тымі, якія прышлі ў Ноўгарад. У той час, як апошнія прышлі з поўначы, продкі Рагвалода зьявіліся на Русь па Заходняй Дзьвіне і тут абселіся. Але магчыма думаць, што Рагвалод быў патомкам тых мясцовых полацкіх князёў, якія раней былі ў Полацку. Гэта пацьвярджаецца чыста славянскім імем самога Рагвалода і дачкі яго Рагнеды.

Рагвалод скарыстаў слабасьць Кіеўшчыны ў часы Ігара, Вольгі і Сьвятаслава і стаў пашыраць свой уплыў на поўнач, стараючыся адарваць Ноўгарадчыну ад сувязі з аслабеўшай Кіеўшчынай. Апроч таго, у далейшыя часы ён выкарыстаў спрэчкі, якія пачаліся ў Кіеўшчыне паміж сынамі Сьвятаслава Кіеўскага — Яраполкам, Алегам і Ўладзімерам. Ён значна пашырыў тэрыторыю полацкага ўплыву на поўдзень, атрымаўшы верх у Тураўскім княстве, каторае дагэтуль цалкам залежала ад Кіеўшчыны.

Аднак моц Полаччыны хутка зьменшылася. У часы далейшай барацьбы сыны Сьвятаслава, Яраполк і Уладзімер, шукалі сабе дапамогі з боку Рагвалода. Дзеля гэтай мэты абодва браты дамагаліся рукі Рагвалодавай Рагнеды, каб політычны зьвязак зацьвердзіць сваяцтвам. Маладыя князі заслалі сватоў да полацкай княжны. Летапіс гаворыць, што Рагнеда, даведаўшыся, што Уладзімер быў сынам Сьвятаслава і рабыні, не захацела быць жаною рабыніча і з пагардай адказала так: «не хочу разуті рабыніча, а за Ярополка іду». Калі Уладзімеру перадалі адказ Рагнеды, ён у 980 годзе пашоў паходам на Полацк, разьбіў полацкае войска, зруйнаваў горад, забіў Рагвалода і яго двух сыноў, а Рагнеду забраў у Кіеў і прымусіў быць сваёю жонкаю. Ад яе ён меў чатырох сыноў і дзьве дачкі, старшы з сыноў быў Ізяслаў.

Нават тут, у палацы кіеўскага князя, ішоў працяг спрэчкі паміж Полацкам і Кіевам. Водгукі гэтай спрэчкі адчуваюцца ў Кіеўскім летапісе. Паданьне гаворыць аб тым, што Рагнеда не магла забыць сваёй крыўды і хацела раз забіць Уладзімера. Ён хапіўся за меч, каб засячы гордую палачанку, але маленькі Ізяслаў стаў таксама з мечам на заслону сваёй маткі. Гэты маленькі абаронец так спадабаўся Уладзімеру, што ён даў яму дзедзічнае[8] Полацкае княства. А для Рагнеды ён збудаваў каля Менску новы горад Ізяслаўль і адаслаў яе туды на жыцьцё (987 г.). Калі мы паміж радкоў перачытаем гэтае паданьне, то пабачым, што для кіеўскага князя было ня зусім бясьпечна трымаць каля сябе нават і жонку, калі яна была шчыраю палачанкаю. Ад Ізяслава і пачынаецца род гістарычных полацкіх князёў, каторыя завуцца Ізяславічамі. Поруч з гэтым часта летапіс называе полацкіх князёў «Рагваложымі ўнукамі».

Спрэчка паміж Полаччынаю і Кіеўшчынаю ня скончылася пры Уладзімеры з высылкаю Рагнеды. Яна прыняла толькі другую форму, ня выходзячы з сям’і вялікага князя кіеўскага. У летапісе мы чытаем адно апавяданьне, каторае, на першы погляд, як-бы і не дае матэрыялаў для нашага пытаньня, але, угледзеўшыся ў каторае, мы бачым працяг Кіеўска-Полацкага змаганьня. Мы разумеем тут барацьбу, якая йшла паміж Уладзімерам і Яраславам Кіеўскімі, з аднаго боку, і Яраполкам Тураўскім[9] — з другога боку. Трэба разабрацца ў гэтай гісторыі, бо яна ня так ясна, як здаецца на першы погляд.

У часы Рагвалода Тураўская воласьць належала да Полацку. Уладзімер Кіеўскі, перамогчы Рагвалода, прылучыў Тураў з яго землямі да Кіеву, як асобную воласьць вялікакняжацкага пасаду. Разумеецца, што мясцовыя дрыгавіцкія князі тураўскія згубілі сваю незалежнасьць. Тураў зварачаў на сябе ўвагу князя кіеўскага, як быўшая воласьць Полаччыны. Апроч таго, Тураў быў распаложан на Прыпяці, каторая была водным шляхам на Захад. Заходнія ўплывы былі магчымы як у Тураве, так і ва ўсёй Полаччыне, дзякуючы такім рэкам, як Заходняя Дзьвіна, Нёман і Прыпяць. Гэтыя заходнія ўплывы рабілі Тураў тыповаю воласьцю Полаччыны. Што датычыць да Кіеўшчыны, то яна мела яўна выразны, чыста бізантыцкі, усходня-паўднёвы кірунак.

Калі мы зьвернем увагу на гэтую зьяву, то зразумеем, чаму кіеўскія князі заўсёды на тураўскім пасадзе трымаюць намесьнікамі сваіх старэйшых сыноў. Так было і ў часы Уладзімера. Намесьнікам тут сядзеў Сьвятаполк Уладзімеравіч, каторы павінен быў, па мысьлі бацькі, праводзіць у жыццё краю кіеўскі паўднёва-бізантыцкі кірунак. Але Сьвятополк ня спраўдзіў надзей Уладзімера. Ён хутка стаў паддавацца заходняму ўплыву. Ён, як вядома, ажаніўся з дачкой польскага караля Баляслава I, каторая была хрысьціянкай заходняга абраду. З ёю да тураўскага князя-намесьніка прыехаў заходні біскуп Рэйнбэрн. Апіраючыся на тураўцаў, каторыя добра памяталі незалежнасьць Тураўскай воласьці ад Кіеўшчыны, а таксама моцна спадзеючыся на вайсковую дапамогу цесьця свайго, караля польскага Баляслава, Сьвятаполк намерыўся адлучыцца ад Кіеўшчыны. Аднак-жа яго намеры ня спраўдзіліся. Уладзімер, даведаўшыся аб варожых плянах свайго старэйшага сына, раптам напаў на яго, схапіў яго самога, яго жонку і біскупа Рэйнбэрна і ўсіх для бясьпекі пасадзіў у «поруб». Разумеецца, што пасьля таго, што здарылася, Сьвятаполк ужо не мог быць тураўскім князем.

Пасьля таго, як у 1015 годзе памёр Уладзімер, Сьвятаполк, як старэйшы ў родзе, атрымаў права заняць кіеўскі вялікакняжацкі пасад. Гэта не магло спадабацца яго братом, каторыя былі ўзгадаваны ў другім кірунку. Паміж імі і Сьвятаполкам узьнялася барацьба вельмі крывавая. Кіеўскі летапісец, каторы стаяў на ўсходня-хрысьціянскім, чыста бізантыцкім грунце і бачыў у асобе Сьвятаполка прадстаўніка другога, варожага кірунку, чорнаю хварбаю малюе гэтага князя. Ён вінаваціць яго ў сьмерці братоў Барыса і Глеба, нават у тым, што ён меў намеры згубіць усіх братоў, і, урэшце, дае яму прозьвішча «Акаянны».

Справа кончылася так: браты, з Яраславам на чале, перамаглі Сьвятаполка. Яго выжылі з Русі, і ён павінен быў бадзяцца, як выгнанец, па замежных краёх, пакуль і не загінуў дзесь на чужыне, за тое, што быў у Кіеўшчыне прадстаўніком культурна-політычнага кірунку Полаччыны.

Барацьба паміж Полаччынай і Кіеўшчынай ідзе ў далейшыя часы. Яраслаў Мудры Кіеўскі змагаецца з Брачыславам Ізяславічам Полацкім, дзядзька з пляменьнікам. Вялікая спрэчка разгарэлася з-за Ноўгарада, каторы быў як-бы паўночным ключом воднага шляху з Варагаў у Грэкі. Мець у руках гэты ключ было вельмі важна. Хто меў гэты ключ, той меў магчымасьць замкнуць і адчыніць шлях тагочаснага гандлю і культуры. Апроч таго, спрэчка йдзе з-за ўладаньня двума гарадамі — Віцебскам і Усьвятам. Гэтыя гарады мелі таксама вялікае экономічнае значэньне. Той, хто ўладаў імі, ўладаў ключамі ад вышэйшага Падзьвіньня і меў надта важную частку вялікага шляху, дзе былі волакі паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіной і Лавацьцю. Барацьба паміж Полацкай і Кіеўскай тэрыторыяй скончылся тым, што Кіеўшчына адмовілася ад прэтэнзій на Віцебск і Усьвят. Што датычыць да Ноўгарада, то пытаньне аб ім ня было выяўлена, усе-ж такі ён больш быў пад уплывам Кіеўшчыны.

З часу Брачыслава Полацкага змаганьне паміж тэрыторыямі становіцца нясупынным і бесьперарыўным. У летапісах гэта змаганьне адзначана як барацьба паміж Кіеўскімі Яраславічамі і Полацкімі Ізяславічамі. Апроч старой Рагвалодавай і Рагнедзінай крыўды паміж гэтымі тэрыторыямі лягло суперніцтва за ўплыў на Ноўгарад і за пяршынства ўва ўсходня-славянскім сьвеце. Разгар змаганьня выпадае на часы князяваньня ў Полацкай Русі Брачыслававага сына Усяслава.

УСЯСЛАЎ ПОЛАЦКІ (1044—1101)

Выдатнае месца ў гісторыі Полаччыны здабыў Рагвалодаў прапраўнук Усяслаў. На яго асобе сконцэнтравалася шмат легэндарных і летапісных вестак. Калі іх сабраць, то мы маем такі малюнак асобы Усяслава.

Шчыра працаваў князь для паляпшэньня Полацкай тэрыторыі, баронячы яе ад націску суседзяў і нападаючы на суседнія, асабліва Кіеўскую, тэрыторыі. Ня ведаў ён праз усё сваё доўгае жыцьцё, што такое вольны час і адпачынак. І адкуль толькі ўзялося столькі політычнага розуму, хітрасьці й нявычарпанай энергіі і жвавасьці ў гэтага работніка сівой старасьветчыны? Гэтае пытаньне цікавіла і сучасьнікаў Усяслава. Сучасьнікі яго не маглі яго зразумець і не маглі згадзіцца з тым, што гэта звычайны, просты чалавек, як усе. Ці можа просты чалавек мець такую энергію, моц і жвавасьць? І народ быў перакананы ў тым, што Усяслаў мае ў сабе надзвычайную сілу, што ён чараўнік, што ён, напрыклад, можа рыскаць шэрым ваўком за сотні вёрст. Хадзіла сярод шырокіх мас паданьне, што і радзіўся ён ад чарадзейства; што ад нараджэньня меў ён на галаве чарадзейскую прымету, асаблівы радзімы знак, ад якога і залежала ўся яго цудоўная надзвычайная сіла. Каб ня кідаўся людзям у вочы гэты знак, князь-чарадзей заўжды насіў на галаве павязку.

Як чараўніка малюе Усяслава і вешчы баян, пясьняр «Слова аб палку Ігаравым». Ён таксама сьпявае аб князі: «Усяслаў князь людзям суды судзіў, князём гарады парадкаваў, а ўначы сам воўкам рыскаў: з Кіева ён дасягаў да Тмутаракані да першых пеўняў, воўкам перацінаючы шлях Вялікаму Сонцу—Хорсу. У Полацку ў святой Софіі званы звоняць на завутраню, а ён у Кіеве званы гэтыя чуе. Хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеў. Яму-то і баян вешчы раней прыказку сьпяваў: ні хітраму, ні гараздаму, ні птушцы лятучай суда божага не пазбыцца». Сваім розумам, сваім непакорным, бурным духам князь-чараўнік надоўга застаўся ў народнай памяці. З усяго гэтага пясьняр «Слова» і зрабіў свой малюнак. Як у Полаччыне, так і ў Кіеўшчыне добра ведалі ўсе гэтага чалавека з вешчым духам у харобрым целе.

Пакуль яшчэ жыве Яраслаў Мудры, Усяслаў быў у згодзе з паўднёвымі князьмі. Пасьля сьмерці Яраслава (1054) у валасьцёх Кіеўшчыны сталі князяваць яго сыны, разабраўшыя асобныя гарады па старшынству. На кіеўскі пасад сеў найстарэйшы сын Ізяслаў з тытулам вялікага князя, на чарнігаўскі пасад сеў Сьвятаслаў, на пераяслаўскі — Усевалад і г. д. У першыя часы і з імі Ўсяслаў жыў згодна, нават быў супольнікам у некаторых ваяўніцкіх справах паўднёвых князёў. На поўдні ў гэты час зьявіўся на зьмену разьбітых печанегаў новы мангольскі народ — полаўцы. Асеўшы ў стэпах, полаўцы зьвярнулі на сябе ўвагу Кіеўшчыны, пагражаючы ёй кожны момант. Так было аж да 60 год. З гэтага часу ізноў пачынаецца змаганьне Полаччыны і Кіеўшчыны, каторае цягнецца аж да сьмерці Усяслава. Прычыны змаганьня добра нам невядомы. Магчыма думаць, што й цяпер, як і пры Брачыславе, сварка пачалася за ўладаньне Ноўгарадам.

Ноўгарад у той час належаў да Кіеўшчыны. З гэтым ніяк не магла згадзіцца Полаччына. У 1067-м годзе Усяслаў «вонзі стрекала і отворі врата Новуграду». Узяўшы ў Ноўгарадзе шмат здабычы, вярнуўся Усяслаў у Полацак. Даведаўшыся аб гэтым, паўднёвыя князі — Ізяслаў Кіеўскі, Сьвятаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі згадзіліся паміж сабою адпомсьціць Полаччыне. Яны сабралі вялікую ўзброеную сілу і пашлі паходам на Менск, каторы ў той час быў адным з багацейшых прыгарадаў Полацку. Ня гледзячы на абарону, Менск яны забралі. Расправа з Менскам была жорсткая: мужчынскае насяленьне было пагалоўна перабіта, а жанчыны і дзеці былі раздадзены як здабыча дружыньнікам кіеўскіх князёў.

Расправіўшыся з горадам і падзяліўшы здабычу, павялі яны свае войскі далей па рэчцы Нямізе, што цячэ ў Свіслач, і тут сустрэліся з войскам Усяслававым. Маленькая рэчка 3-га сакавіка 1067 году бачыла на берагох сваіх страшэннае збойства. Аб тым, што тут было, так пяе пясьняр Слова аб Ігаравым палку: «На Немізе снопы стелют головамі, молотят цепамі булатнымі, на току жізнь кладут, веют душу от тела. Немігі кровавы брегі не жітом былі посеяны а костьмі сынов русскіх». Рэчка Няміга цяпер высахла. Па рыцьве яе йдзе Няміская вуліца ў Менску. Часам вясною напаўняецца вадою Няміга і ўспамінае сваё мінулае.

Дрэнна скончылася гэтая Няміская бойка для сыноў Полаччыны. Большая частка іх палягла тут, як снапы на полі, і не вярнуліся яны да хат сваіх. Усяслаў быў разьбіты. Але не малыя былі страты і кіеўскіх Яраславічаў. Замест таго, каб скарыстаць перамогу і гнаць далей разьбітых палачан, яны павінны былі праз нейкі час зазваць да сябе Усяслава, каб зрабіць з ім згоду. Усяслаў з двума сынамі і невялікаю дружынаю прышоў у кіеўскі лягэр, не спадзяючыся, што паўднёвыя князі ўмысьлілі злачынства. Яны схапілі яго і сыноў, закавалі іх у моцныя кайданы і адвязьлі ў палон у Кіеў. Смутна было на сэрцы палоннага князя, каторы сядзеў у ланцугох у кіеўскім парубе пад вялікакняжацкімі палацамі. Яго цягнула ў Полаччыну, якая была месцам яго працы. Не дарма гаворыць пясьняр слова аб Ігаравым палку, што Усяслаў, седзячы ў турме, чуе званы, якія звоняць на завутраню ў царкве сьв. Сафіі ў Полацку.

Але нядоўга таміўся гэты чарадзей-князь у парубе. Яго чары, істота каторых была ў яго популярнасьці, былі мацнейшымі ад ланцугоў і праз моцныя сьцены турмы йшлі па Кіеве да кіеўскага народу. Небясьпечным быў полацкі палоньнік для даволі слабага і бязьдзейнага кіеўскага князя.

На другі год палону Ўсяслава кіеўскі князь Ізяслаў павінен быў сьпешна йсьці паходам на вандроўнікаў полаўцаў, каторыя пачалі руйнаваць паўднёвыя землі Кіеўскай Русі. Полаўцы разьбілі войскі князя, і ён з ганьбаю вярнуўся дадому. Абураныя кіеўляне падняліся проціў свайго князя, прагналі яго, вызвалілі з парубу князя-чарадзея і запрасілі яго на кіеўскі пасад замест Ізяслава, нарушыўшы, такім спосабам, традыцыю замяшчэньня кіеўскага пасаду Яраславічамі.

Здаецца, чаго больш было жадаць Усяславу. З сумнай турмы падняўся ён на «златакованы» кіеўскі вялікакняжацкі пасад, на той самы пасад, які быў так пажаданы для кожнага з паўднёвых князёў Яраславічаў. Навокала была пашана і багацьце; паўднёвая прырода давала свае падарункі, якіх немагчыма параўнаць з падарункамі прыроды Полаччыны. Так ось — не! Як і раней у парубе, звалі Усяслава званы, якія званілі ў сьв. Сафіі ў Полацку. І моцна, відаць, званілі яны ў галаве князя Полаччыны, калі ён толькі сем месяцаў здолеў выседзець на «залатым» кіеўскім стале. Цягнула яго да сябе далёкая Полаччына, пакрытая смугою-туманамі балот, але блізкая яму на тэй працы, якую ён тут вынес на сваіх плячох. Апроч таго, сваё палажэньне ў Кіеве ён, мабыць, ня лічыў моцным, бо ня меў тут такой сувязі з масамі, якую меў на бацькаўшчыне.

Далей справа разьвярнулася так. Прагнаты з кіеўскага пасаду Ізяслаў зьвярнуўся за дапамогаю да караля польскага Баляслава. Апошні з польскімі войскамі зьявіўся ў Кіеўшчыну, каб пасадзіць Ізяслава на цёплае месца. Кіеўскае войска выступіла насустрэчу і стала пад Белгарадам. Сярод кіеўлян, відаць, былі нейкія нелады. Відаць, тут пачала выяўляць сябе партыя, якая стаяла за выгнанага Ізяслава. Няхочучы ўпутвацца ў справы, каторыя былі вельмі няпэўныя, князь-чарадзей кінуў войска і ўначы ўцёк у далёкую Полаччыну, каторая забясьпечвала яму падтрыманьне і пэўнае месца. Усе гэтыя падзеі так апісвае пясьняр «Слова аб Ігаравым палку»: «Кінуў жэраб’е Усяслаў, даткнуўся пікаю да залатога пасаду кіеўскага. І пабег ён зьверам лютым ад іх аб поўнач з Белгараду і зьнік у сіняй смузе».

Ізноў пашло змаганьне паміж Полаччынаю і Кіеўшчынаю, паміж Рагваложымі ўнукамі, Ізяславічамі і Ўладзімеравым племем — Яраславічамі. Сярод апошніх у гэтыя часы ўжо ўзрасла новая працавітая і даравітая асоба — Уладзімер Манамах, сын Усевалада Пераяслаўскага. Шмат гора і бяды прынёс Полаччыне гэты добра вядомы нам з агульна-расійскай гісторыі вялікі князь Кіеўшчыны. Многа раз пад яго кіраўніцтвам злучаюцца паўднёвыя князі, каб руйнаваць і нішчыць Полацкую тэрыторыю, каб палоньнікамі, узятымі з яе абшараў, запаўняць паўднёвыя рынкі. Два разы ўдавалася Яраславічам прагнаць Усяслава з полацкага пасаду, але ён зноў і зноў варочаўся назад у Полаччыну, бо яго падтрымлівала насяленьне полацкае.

Апошні паход на полацкую зямлю адбыўся ў 1084 г. Уладзімер Манамах сабраў вялізнае войска і павёў яго на поўнач. Дашлі да Менску. Горад быў узят і зруйнован дашчэнту. Воі Уладзімера, як кажа летапіс, «не оставіша ні челядніна, ні скотіны, вся разграбіша і пажгоша». Доўга потым Менск памінаў нядобрым словам кіеўскага князя Манамаха.

Гэтым паходам, здаецца, і закончылася барацьба Усяслава з Яраславічамі. Полацкі князь быў ужо вельмі стары. Цяжкае, поўнае працы і барацьбы, жыцьцё засьмірыла яго разум; «хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеў». Пасьля 57 год князяваньня пашоў гэты працаўнік спачываць у сырую зямельку сваёй пакутнай бацькаўшчыны. Пад 1101 годам у летапісе запісана: «Преставіся Всеслав Полотьскій князь, месяца апріля в 14 день, в 9 час дне, в среду».

ПОЛАЧЧЫНА ПАСЬЛЯ УСЯСЛАВА

Пасьля сьмерці чарадзея-князя Полаччына пачынае хіліцца ўсё данізу. Прыгарады Полацку вядуць бязупыннае змаганне з іх галоўным горадам, а таксама і паміж сабою. На чале варожых гарадоў становяцца асобныя князі Рагваложага роду і вядуць змаганьне як адзін з другім, так і ўсе разам з старэйшым полацкім князем. У кожным горадзе на вечавых сходах ідзе барацьба паміж багацейшымі і бяднейшымі станамі грамадзянства[10]. Адным словам, на абшарах Полацкай тэрыторыі разгарэлася якаясь політычная і грамадзянская барацьба. З тых скупых вестак, каторыя прыпадкова спатыкаюцца ў летапісах, няма ніякай магчымасьці даць поўны і дакладны малюнак гэтай хатняй барацьбы і выясьніць усе яе прычыны.

А адначасна з гэтай хатняй барацьбой ідзе далейшы працяг таго змаганьня Полацкай воласьці з воласьцю Кіеўскай, каторае пачалося яшчэ з старых часоў Рагвалода. Уладзімер Манамах Кіеўскі, каторы яшчэ раней выказаў сябе як упарты вораг Полаччыны, зноў організуе і робіць паходы на Полацкую зямлю. Ён руйнуе такія гарады, як Менск, Друцк, Оршу, Капыль і інш. Бачачы, што ў дэзорганізованай Полаччыне можна лёгка атрымаць вялікі здабытак, кіеўскія князі нават злучаюцца для гэтай мэты, што наогул рэдка з імі бывае. У 1127-м годзе яны робяць хаўрусны паход. Зьніштожаны агнём і мечам такія гарады, як Полацк, Лагойск, Ізяслаў і інш. Урэшце кіеўскі князь Мсьціслаў (у 1129 годзе) выгнаў з Полацку і іншых гарадоў Ізяславічаў і іх падручных князёў, а на іх месца пасадзіў сваіх сыноў і родзічаў. Тэрорызованыя вечы маўчалі і павінны былі згадзіцца з гэтымі пераменамі, бо на старане новых прышлых князёў была перавага і моц зброі. Гэтыя князі не адчувалі ніякай адказнасьці перад мясцовымі элементамі і фатыгаваліся[11] толькі аб тым, каб як найбольш выкарыстаць з забранага краю.

Увесь край быў зьнішчаны і дашоў да руіны. Гарады і вёскі пусьцелі. Палі, кінутыя працоўнаю рукою, зарасталі лясамі і зельлем. Прыгнечаныя экономічна і аграбленыя насельнікі зямлі забіраліся ў няволю. Іх потым тысячамі гналі на нявольніцкія рынкі і гандлявалі гэтым жывым таварам як у Рускай зямлі, так і ў далёкай Азіі. Нявольнічы гандаль пашырыўся. Ад яго карысталіся як прышлыя князі, так і мясцовыя капіталістыя[12], інтарэсы каторых супалі з інтарэсамі князёў. Такім спосабам, мясцовая буржуазія таго часу і чужаземная політычная ўлада, маючы на ўвазе толькі сваю карысьць, руйнавалі Полацкі край.

Але часам прыходзіць канец і цярплівасьці працоўных мас. Так на гэты раз сталася і ў Полаччыне. У 1132 годзе, як кажа летапіс, разгарэлася народная помста. Паднялося шырока паўстаньне, каторае ахапіла вялікія народныя масы. Народ выгнаў прышлых князёў і іх мясцовых прыхільнікаў. За гэтым у Полацку сабралася веча і вынесла пастанову, каб зьвярнуць на бацькаўшчыну выгнаных кіеўскімі князьмі дзедзічаў полацкага пасаду, Рагвалодавых унукаў Ізяславічаў. Мабыць добры ўспамінак застаўся ў народных масах аб сваіх былых князёх, калі ў цяжкі час жыцьця думалі яны аб іх і зьвярнуліся да іх, каб адбудаваць заняпалае гаспадарства.

Выкліканыя народным рухам і вечам, вярнуліся Ізяславічы на Полацкую Русь. Год каля пяцідзесяцёх (ад 1132 да 1180) зноў кіравалі ў Полацкай воласьці Рагвалодавы ўнукі.

З князёў гэтага часу трэба адзначыць унука чарадзея Усяслава, Васілька Рагвалодавіча, і яго сына — Усяслава Васільковіча. Заціхлі дамовыя войны і спрэчкі. Край пачаў ажываць, народ зноў прыняўся за працу. Прыпыніліся і паходы з Кіеўшчыны; Кіеўская воласьць не пасылала больш на Полаччыну сваіх каршуноў за здабыткам. Ёй было цяпер не да паходаў. Там настаў час асаблівага ўціску паўднёвых вандроўнікаў полаўцаў, і ўсе сілы Кіеўшчыны павінны былі адцягнуцца на поўдзень. Не прыпыніліся там адначасна і хатнія спрэчкі паміж асобнымі валасьцямі й князьмі. Ад гэтых бед беглі людзі з Кіеўшчыны — хто ў Полаччыну, хто ў Ноўгарадзкія землі, хто на паўночны ўсход, у Растова-Суздальскую тэрыторыю. Асабліва многа народу пашло на паўночны ўсход. Першымі сталі асядаць там некаторыя з кіеўскіх князёў, якія шукалі спакайнейшага месца. Ужо Уладзімер Манамах быў адным з такіх князёў. Князі затрымоўваюць тут уцекачоў з Кіеўшчыны, організуюць іх як экономічна, так і політычна. Утвараюцца новыя адносіны паміж насяленьнем і князем. Тут гаспадаром жыцьця становіцца князь. Юры Доўгарукі, потым яго сын Андрэй Богалюбскі найбольш разьвярнулі тую сваю княжацка-гаспадарскую працу. Хоць яны і кіеўскія князі, але традыцыі Кіеву ўжо чужыя для іх. Расьце і ўзмацняецца тая Растова-Суздальская тэрыторыя Русі, якая дагэтуль ня мела вялікага значэньня. Усе сілы гэтай тэрыторыі йдуць на яе ўзрост, і ёй зараз не да Полаччыны. Усё гэта давала Полаччыне магчымасьць зноў прыняцца за спакойную працу і адпачываць ад таго цяжкага жыцьця, якое выпала на яе долю ў першай траціне XII сталецьця.

Пасьля сьмерці Ўсяслава Васільковіча, у 1180 годзе, мы бачым у гісторыі Полаччыны надта цікавае здарэньне. Летапіс апісуе яго так: Усяслаў Васільковіч быў дужа паважаны народам князь. Меў ён пашану ня толькі ад князёў Полацкай зямлі, але і ад простага люду. Усе яго паважалі за яго розум, справядлівасьць і дабрату і называлі нават вялікім. Калі ён памёр, то веча, пераконанае ў тым, што другога такога князя немагчыма знайсьці, каб не зьняважыць нябожчыка, не абрала аніякага князя і ўхваліла ў Полацку рэспубліку. Замест князя абралі 30 старшын, каторыя і кіравалі рэспублікай некалькі год, да 1190 году.

Немагчыма згадзіцца з тым, што рэспубліка ў Полацку ўтварылася толькі дзеля таго, што веча не знашло дастойнага кандыдата на месца князя. Ня можна згадзіцца і з тым, што веча не абрала князя толькі затым, што яно ніяк не магло разабрацца ў лініях сваяцтва князёў. Мы ведаем, што веча ня лічыла для сябе абавязковым пры абраньні князя кіравацца яго старшынствам. Князем абіраўся той, хто больш здавольваў умовам веча. Трэба, такім спосабам, шукаць другіх, больш грунтоўных прычын для такой політычнай падзеі, як перамена формы кіраваньня.

Каб дайсьці да прычыны заснаваньня рэспублікі ў Полаччыне, зьвернемся да параўнаўчага мэтоду. Мы зробім адзін успамінак з паданьняў старажытнай Эльляды, каторы надта падобен на наша паданьне і ўжо выяўлен гістарычнаю навукаю.

Быў калісь у Атыцы ў незапомныя часы адзін цар, імем Кодр. Паданьне гаворыць, што народ вельмі любіў і паважаў яго за яго добрае, справядлівае кіраваньне. І вось адзін раз напалі на Атыку дужыя ворагі, ад каторых ня было ніякай магчымасьці абараніцца. Людзям нічога больш не аставалася рабіць, як зьвярнуцца да боскай дапамогі. На запытаньне пасланцоў ад народу дэльфійскі оракул даў такі адказ: атрымае верх тая старана, дзе загіне цар. Калі гэты адказ зрабіўся вядомым Кодру, то ён намысьліў прынясьці ў ахвяру за народ сваё жыцьцё. Апрануўся ён у драную вопратку, павесіў на старыя плечы жабрацкую торбу і, зусім непадобны да цара, патаемна ад сваіх падданых, пашоў у варожы стан. Тут ён сумысьля пачаў нейкія спрэчкі з сустрэчнымі людзьмі, і ворагі, ня ведаючы, што гэты стары, абадраны жабрак ёсьць атэнскі[13] цар, у зусім прыватнай спрэчцы забілі яго. Толькі пасьля гэтага даведаліся яны аб тым, што сказаў дэльфійскі бог, і аб тым, хто такі ёсьць забіты імі жабрак. Гэта адняло ў іх усю сілу. Не спадзяючыся ўжо перамагчы атэнян, бо з боку апошніх загінуў цар, ворагі хутка сабраліся і адышлі ад абложаных Атэн, сталіцы Атыкі. Атэняне, вызваліўшыся ад няпрыяцеляў па ахвяры свайго цара, сабраліся на сход і зрабілі пастанову, каб не абіраць больш цара, бо другога такога цара, як Кодр, немагчыма знайсьці. Такім спосабам, у Атыцы была заложана рэспубліка. Трэба толькі адзначыць, што гэтая новаўтвораная рэспубліка была не дэмократычная, а арыстократычная.

Гістарычная навука ў гэтым старажытным дзіцяча-наіўным паданьні ўгледзела далёкі адгалосак барацьбы за ўладу багацейшых і заможнейшых станаў гаспадарства з царамі, каторыя абмежавалі іх экономічную і політычную моц. Цары былі тым небясьпечны для арыстократаў, што яны маглі аперціся на дэмос, на просты люд, і ўвайсьці ў барацьбу з арыстократамі. Такое самае здарэньне адбылося і ў Атыцы. Скарыстаўшы момант, атэнская арыстократыя скасавала царскую ўладу, каб узмацніць сваю ўласную ўладу, і заснавала олегархічную, арыстократычную рэспубліку. Паміж іншымі, у Атэнах дэмос нядоўга цярпеў арыстократычную рэспубліку. Ен згрупаваўся ўкола Пізыстрата, прагнаў прыхільнікаў арыстократычнай рэспубліканскай улады і аддаў яму дзяржаўную ўладу. Разумеецца, што Пізыстрат, атрымаўшы ўладу ад дэмосу, у далейшым сваім кіраваньні на яго і апіраўся. Для дэмосу, пэўна, больш была прыемна дэмократычная ўлада аднаго чалавека (монарха), чым арыстократычная ўлада некалькіх заможных асоб (рэспубліка-олігархія).

Трэба думаць, што таксама мелася справа і ў Полаччыне. Скарыстаўшы сьмерць князя, каторы быў абаронцам інтарэсаў «меншых» людзей, багацейшыя баяры ў ліку трыццацёх асоб усякімі праўдамі і няпраўдамі павярнулі веча ў свой бок, скасавалі княжацкую ўладу, няпрыемную для іх, і захапілі ў свае рукі політычную ўладу, залажыўшы арыстократычную рэспубліку. Народ ў сваёй масе ня быў здаволены такою рэспублікаю, бо яна не давала яму месца ў справах гаспадарства. Заможныя арыстократы, злучыўшы з экономічнаю моцаю політычную ўладу і ня маючы пагрозы сабе з боку князя, каторы мог заўжды аперціся на шырокія масы простага люду, рабілі, што хацелі, а хацелі, што было карысна толькі ім, прадстаўніком заможнае клясы. Абурэньне шырокіх мас народу ў 1190-м годзе скончыла гэтую рэспубліку, каторая існавала толькі 9 год.

ХРЫСЬЦІЯНСТВА І АСЬВЕТА

Нам добра вядома, як пашыралася хрысьціянства ў Кіеўскай Русі. Князь Уладзімер, зрабіўшыся хрысьціянінам, апіраючыся на заможныя пласты грамадзянства, каторым была экономічна цікава сувязь з хрысьціянскай гандлёвай Бізантыяй, выдаў прыказ зьнішчыць балваноў (ідалаў): адных пасячы, другіх спаліць. Асабліва ён зьдзекваўся над Пяруном, галоўнейшым богам нашых продкаў. Па прыказу князя яго прывязалі да конскага хваста, пацягнулі ў Дняпро, і слугі князя па дарозе білі яго батогамі. Потым вярхоўнага бога кінулі ў рэчку і бусакамі[14] вялі яго аж да парогаў, дзе ён павінен быў разьбіцца. Веруючыя ў свайго бога людзі плакалі, бягучы за зьняважаным богам, і крычалі: «Выдыбай, божа». Але бог ня выплыў.

Потым Уладзімер, згадзіўшыся з вечам, запатрабаваў, каб усе прышлі на рэчку прыняць вадохрышча, абвясьціўшы, што невыкананьне гэтага прыказу будзе прызнана як супраціўленьне дзяржаўнай уладзе. Народ павінен быў паслухаць прыказу. У некаторых мясцох справа йшла ня так гладка. У летапісе ня раз успамінаецца аб барацьбе хрысьціянства з паганствам, сьвяшчэннікаў з кудзесьнікамі і валхвамі. Што датычыць да Ноўгараду, то там «Добрыня хрысьціў агнём, а Пуцята — мячом», як кажа летапіс.

Аб тым, як пашырылася хрысьціянства ў Полацкай Русі, мы маем таксама некаторыя зьвесткі. Прыняўшы хрысьціянства, у тым-жа годзе (989), Уладзімер успомніў і аб сваёй апальнай жонцы ў Полаччыне. Ён прыслаў у Ізяслаўль, дзе жыла Рагнеда, сваіх пасланцоў, каторыя ад імя князя перадалі ёй такія словы: «Аз убо ныне крещен есьм і пріях веру і закон хрістіанскій; подобает мне едініцу іметі жену, юже поял в хрістіанстве. Ізбері себе от вельмож моіх, его же хощеіці, да сочетаю тя ему». З гэтай весткі мы бачым, што Уладзімер больш зацікаўлен ліквідаваньнем сваіх паганскіх шлюбных зьвязкаў, чым пашырэньнем у Полаччыне хрысьціянства. Выслухаўшы пасланцоў, Рагнеда ў кароткіх словах так адказала свайму быўшаму мужу: «Быв княгінею, могу лі быть рабою ў слугі твоего». Уладзімера гэты адаз не здаволіў, бо ён не ліквідаваў шлюбнай справы. Праз нейкі час зноў ідуць ад яго пасланцы да Рагнеды і кажуць ёй прыняць хрысьціянства. Пропозыцыя была зроблена так энергічна, што Рагнеда ня толькі зрабілася хрысьціянкаю, але і прыняла манашацкі пастрыг пад імем Анастазіі. Для новапастрыжанай манахіні-княііні быў збудаваны манастыр, у каторым яна і пражыла некалькі год да сьмерці ў 1.000 годзе. Ведама таксама, што ў гэты час у Полацку ўжо была адна хрысьціянская царква. Гэтае летапіснае паданьне гаворыць нам аб тым, што кіеўскі князь надта цікавіўся вераю Рагнеды. У такога політыка, як Уладзімер, гэтая цікавасьць ня так рэлігійнага, як політычнага значэньня. Ён турбаваўся не аб тым, каб яго апальная жонка знашла пэўнае месца ў нябескім царстве, а аб тым, каб злучыць Полацкую воласьць з Кіеўскай у рэлігійных адносінах, а ў царкоўных адносінах падпарадкаваць яе кіеўскаму мітрапаліту. У кожным выпадку трэба сказаць, што ў Полаччыне кіеўскі князь не выдаваў прыказу аб абавязковым для ўсіх прыняцьці вадохрышча, як у Кіеве, і не змагаўся сілаю з паганствам.

Што датычыць да Ізяслава, сына Рагнеды, то можна думаць, што ён згодаю, а ня сілком, пашыраў новую веру ў Полаччыне. Адзін, праўда, ужо пазьнейшы летапіс так малюе характар гэтага полацкага князя: Ізяслаў быў рахманы, ласкавы і міласэрны. Ён паважаў духоўны і манашацкі сан і вельмі любіў чытаць сьвятое пісьмо. Такі характар князя як нельга лепей быў здатны для згоднага, паступовага пашырэньня хрысьціянства.

Калі зьявіліся першыя хрысьціяне ў Полаччыне, трудна дазнацца. Гэтае пытаньне пакуль што яшчэ ня выяўлена гісторыкамі. Ёсьць паданьне, што ўжо ў IX сталецьці тут былі хрысьціяне і былі епархіяльныя цэнтры ў Полацку і Тураве.

Пад гэтымі паданьнямі ёсьць пэўныя гістарычныя асновы. Землі ў Беларусі ляжалі на вялікім водным шляху з Варагаў у Грэкі. Па гэтым шляху йшлі гандлёвыя зносіны як з усходня-хрысьціянскай Бізантыяй, так і заходнімі хрысьціянскімі народамі. Гандляры, як варагі, так і рускія, везьлі па гэтым вялікім шляху ня толькі чужаземныя тавары, але й чужаземную хрысьціянскую культуру і веру.

Усе гэтыя весткі гавораць нам аб тым, што новая вера ня прышла сюды, як вера, што заваёўвае сабе месца агнём і мячом. Праўда, ішла нейкая барацьба паміж сьвяшчэньнікамі новай веры і валхвамі, якія прадстаўлялі паганства, але ўсё-ж такі наогул хрысьціянскія погляды прасочваліся ў жыцьцё, як і ўся культура, згодным паступовым шляхам. Часам яны выціскалі з быту грамадзянства старыя паганскія погляды, а яшчэ часьцей зьліваліся з імі. Політэістычная паганская вера ня ставіла ніякіх перашкод для бога і сьвятых новай веры, бо яна прызнавала, што існуе не адзін бог, а многа. Прызнаць новых багоў было для яе магчымым тым больш, што гэтых новых багоў яна малявала падобнымі на сваіх старых багоў. Сьвяты прарок Ільля стаў падобен на Пяруна, сьвяты Улас на Велеса і г. д. Такім спосабам утварылася яшчэ з часоў старасьветчыны тое дваявер’е, якое існуе і ў сучаснай нам Беларусі. Наша вёска і дагэтуль носіць на сваіх рэлігійных паглядах пячатку далёкага мінулага. Тут згодна ўжываецца старое славянскае паганства з усходнім і заходнім хрысьціянствам.

Кніжная асьвета ў Полаччыне з самага пачатку стала ў сувязь з хрысьціянскай верай. Укола царквы групавалася тады сучасная адукаваная інтэлігэнцыя. Так было ня толькі ў Полаччыне, але і ў Кіеўшчыне і ў Заходняй Эўропе, і ў Бізантыі. Асьвета ўсяго сьвету насіла тады царкоўны кірунак, і шмат патрэбна было часу змагацца за сваю незалежнасьць ад царквы. Рэлігійнымі і культурна-асьветнымі цэнтрамі былі манастыры. У іх альбо пры іх існавалі як-бы школы, пісаліся і перапісваліся кнігі, групаваліся людзі асьветы. У народ кніжная асьвета даходзіла так, як у нашыя часы. Народ жыў сваім жыцьцём і тварыў сваю культуру. Ён сьпяваў свае песьні і быліны, баяў байкі, гутарыў пагаворкі і прыслоўі, складаў легэнды і другія творы. Культура народу ня была пісьменнаю культураю, а перадавалася з вуснаў у вусны. З прадстаўнікоў кніжнай асьветы першага пэрыоду гісторыі Беларусі мы павінны адзначыць: у Смаленску — Кліманта Смаляціча, у Тураве — Кірылу Тураўскага і ў Полацку — княжну Прадславу-Еўфрасінію.

Клімант Смаляціч жыў у першай палавіне XII сталецьця. Як кажа летапіс, гэта быў кніжнік, якога ня было на ўсёй Русі. Жыў ён у манастыры, але больш быў вучоным, чым манахам. У яго кельлі поруч з кнігамі сьвятога пісаньня, можна было знайсьці і айцоў царквы, з якіх ён атрымліваў веды аб антычных аўтарах: Гомэру, Плятоне і Арыстотэлі. Ён добра ўчытваўся ў літаратуру і бачыў, што ў ёй ёсьць шмат чаго такога, на што трэба зьвярнуць увагу і без чаго ня можна добра зразумець сьвятога пісьма. На яго погляд, антычныя аўтары былі зьвястунамі хрысьціянскіх ідэй сярод паганскіх народаў таксама, як старазаветныя прарокі сярод гэбрэяў.

Паводле вестак, якія дашлі да нас, Клімант быў вельмі працавіты і пладавіты аўтар: ён напісаў шмат кніжак, казаньняў, лістоў, тлумачэньняў і г. д. З усіх гэтых матэрыялаў да нашага часу дашоў толькі адзін ліст, напісаны Клімантам смаленскаму сьвяшчэньніку Фаме. Гэты ліст мае вялікую вартасьць затым, што ён сьведчыць пра кірунак мысьлі Кліманта і яго сучасьнікаў. Мы бачым, што тагочаснае грамадзянства цікавілася навукова-рэлігійнымі пытаньнямі, а з іх асабліва пытаньнем аб тым, як разумець і тлумачыць сьвятое пісьмо. Адны гаварылі, што разумець біблію трэба так, як напісана, г. ё. літаральна. Другія не здавальняліся такім тлумачэньнем і гаварылі, што зразумець сьвятыя кнігі можна толькі пры дапамозе сьвецкай навукі, напрыклад, антычных аўтараў17. Зразумела, што такое тлумачэньне ўжо не магло быць літаральным. Сам Клімант, як гэта відаць з кірунку яго мысьлі, трымаўся гэтага погляду. Паміж спрэчнымі старонамі спрытна йшла полеміка, у якую паміма волі ўцягвалася і мясцовае грамадзянства.

Другі прадстаўнік кніжнай асьветы ў Полаччыне, Кірыла Тураўскі, жыў таксама ў XII сталецьці. Гэта быў ня столькі габінэтны вучоны, як Клімант, колькі выдатны царкоўны прамоўца. Імя яго мы спатыкаем у агульных курсах гісторыі рускай літаратуры старэйшага пэрыоду. Усе прамовы Кірылы даюць нам добрыя прыклады царкоўнай красамоўнасьці таго часу. Яго казаньні і наўчаньні створаны паводле правіл бізантыйскай рыторыкі. Сучасыгікі далі яму назву рускага Златавустага, і гэтая назва з поўным правам застаецца за ім і да нашага часу. Проф. Галубінскі, выдатны вучоны па гісторыі рускай царквы, так характарызуе яго казаньні: «Казаньні Кірылы Тураўскага, ня маючы нічога агульнага з другімі сучаснымі яму казаньнямі і наўчаньнямі, становяць сабой зусім такія самыя аратарскія творы, як казаньні сучасных нам вучоных царкоўных прамоўцаў. Калі-б перакласьці іх на расійскую мову і сказаць, што яны належаць якому-небудзь сучаснаму прамоўцы, то можа толькі добры знаўца справы заўважыць гэты абман». Кірыла добра ведаў сучасную яму як заходнюю, так і бізантыйскую літаратуру, што відаць са зьместу яго прамоў. Ён гаварыў свае казаньні такою мовай, што пэўна толькі нязначная часта народу магла зразумець іх, але ўсё-ж, ня гледзячы на гэтае, яго добра ведалі ня толькі ў Полаччыне і ў Тураўшчыне, але і ўва ўсёй Русі як выдатнага царкоўнага прамоўцу.

Прадслава-Еўфрасіньня, княжна Полацкая, жыла таксама ў XII сталецьці. Яна была ўнучкаю вядомага нам полацкага князя-чарадзея Ўсяслава Брачыславіча. Як кажуць паданьні, яна сваім хараством і розумам стаяла вышэй ад усіх сваіх равесьніц. Жаніхі дабіваліся рукі княжны, але яна адмаўлялася выйсьці замуж. Бацькі хацелі аддаць яе замуж сілком. Даведаўшыся аб гэтым, яна патаемна пакінула родную сям’ю і ўцякла ў жаночы манастыр, на чале каторага стаяла яе цётка. Калі бацькі даведаліся аб тым, на што прамянала іх дачка княжацкія палацы, яны пачалі прасіць яе вярнуцца дадому. Ня гледзячы на гэтае, Прадславе ўсё-ж такі ўдалося застацца ў манастыры, і яна праз нейкі час нават прыняла пострыг. Яшчэ жывучы ў бацькоў, Прадслава любіла аддаваць свой адпачынак чытаньню кніг. Кніга ў тыя часы была рэдкаю зьяваю ў грамадзянстве. Яшчэ й тады, каб мець кнігу, Прадслава з вялікім стараньнем і цярплівасьцю перапісвала яе. Прыняўшы манашацкі пострыг, яна ўвесь час пачала працаваць над перапіскаю кніжак. Укола яе пачалі гуртавацца другія пасьлядоўцы асьветы і кнігі, апроч таго, яна сама зьбірала ў манастыры перапішчыкаў і перапішчыц. І вось такім спосабам той манастыр, дзе жыла і працавала Прадслава-Еўфрасіньня, стаў тым цэнтрам, ад каторага кнігі расходзіліся ва ўсе староны. Шмат кніжных людзей, дзякуючы працы манастыру, атрымалі магчымасьць чытаць кнігу, і асьвета пашырылася ў Полацкай Русі і ў суседніх з ёю славянскіх тэрыторыях. Праца Еўфрасіньні была, такім спосабам, тым дапаўненьнем да працы вучоных, без якого навука ня можа стаць культурным набыткам шырокага кола грамадзянства. Пад старасьць Прадслава зрабіла падарож у Палястыну, у Ерузалем. Там яна і памерла ў 1173 годзе.

ГАНДАЛЬ І СОЦЫЯЛЬНЫ СКЛАД ГРАМАДЗЯНСТВА

Сярод другіх промыслаў у жыцьці старажытнай Русі першае месца займаў гандаль. Магчымасьць гандлю і яго разьвіцьця залежала ад таго, што праз Русь таго часу рэчкамі праходзіў важны гандлёвы шлях. Гэта ёсьць так званы водны пуць «з Варяг в Грекі». Летапісец так апісуе гэтую гандлёвую артэрыю краю: «Бе путь із Варяг в Грекі і із Грек по Днепру, і верх Днепра волок до Ловаті, і по Ловаті вніті в Ільмен озеро велікое Нево, і того озера потечеть Волхов і втечеть в озеро велікое Нево, і того же озера внідеть устье в море Варяжское, і по тому морю іті до Ріма, а от Ріма пріті по тому же морю ко Царю-гораду, а от Царя-горада пріті в Понт-море, в него-же втечеть Днепр река».

Калі мы на географічнай карце пройдзем па шляху, які апісан тут, то пабачым, што летапісец добра ведае «великий водный путь», гандлёвую артэрыю краю. Гэта — вялікі шлях, які цягнецца на некалькі тысяч вёрст. Ён абкружае з захаду ўсю Эўропу морамі і Атлянтычным акіянам і перарэзвае ўсходнюю Эўропу рэчкамі з поўдня на поўнач. На гэтым шляху ляжыць шмат дзяржаў, шмат гандлёвых прыморскіх і прырэчных цэнтраў. Народ, што пануе на гэтым шляху,— ёсьць норманы-варагі, каторых добра ведаюць усе народы таго часу. Норманы — і гандляры, і воіны. Гэта дало ім магчымасьць быць першымі на шляху. Дзе можна — яны першыя розумам і практыкай гандляра, дзе няможна — яны першыя сваёю зброяю і фізічна-ваеннаю сілаю. Добра ведаюць норманаў-варагаў і ўсходнія славяне. Калі яны завуць іх на сваю зямлю для організацыйнай працы «княжыць і валадзець», то абмылкі ня робяць.

Вялікі гандлёвы шлях багаціў тыя землі, праз якія праходзіў, у тым ліку і Русь Полацкую. У Полаччыне была важная частка шляху. Справа ў тым, што паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіной, а таксама паміж Заходняй Дзьвіной і Лавацьцю былі волакі. Тут водны шлях перарываўся; тавары трэба было перагружаць, пераладоўваць і «валачы» па сушы. У такіх мясцох тавар затрымліваўся, а ўкола тавару затрымліваліся людзі і іх праца. Волакі былі месцам складаў тавараў, зграмаджэньня гандляроў і разам з гэтым і капіталу. Капітал у сваю чаргу цягнуў да сябе тых людзей, якія шукалі заработкаў. Усё гэта рабіла волакі важнымі пунктамі для тэрыторыі. Апроч таго, у Полаччыне водны шлях расходзіўся. Адзін яго напрамак ішоў на поўнач; гэта той напрамак, які апісаны ў летапісе. Другі яго напрамак ішоў на захад, па Заходняй Дзьвіне да Рыскай затокі, і значна скарачаў дарогу ў Заходнюю Эўропу. Гэты факт таксама быў карысным для Полаччыны, бо ён даваў двухкалейны шлях замест звычайнага аднакалейнага.

Усё гэта значна пашырала гандлёвыя звароты Полаччыны параўнаўча з другімі тэрыторыямі па шляху. Тут было шмат багатых гарадоў; найбагацейшымі з іх былі Смаленск і Полацак. Смаленск панаваў на паўночнай частцы воднага шляху, а Полацак на заходняй. Апроч іх мы ведаем шмат і другіх гарадоў, каторыя былі хоць і ня так багаты, але ўсё-ж такі концэнтравалі вакол сябе значныя гандлёвыя абароты, напр., Менск, Віцебск, Усьвят, Тураў і др. Усходнія тавары па водным шляху праз гарады Полаччыны йшлі на поўнач і на захад — у Ноўгарадзкую Русь, да латышоў, фінаў і немцаў; з захаду тавары йшлі на ўсход і на поўдзень — да баўгар па сярэдняй Волзе, у паўднёвую Русь, Бізантыю, у далёкую Арабію. Але Полаччына была ня толькі перадаўцай чужаземных продуктаў: яна сама здабывала продукты і пастаўляла на сусьветны рынак тавары свайго ўласнага вырабу. Лясы, пушчы і балоты нашай бацькаўшчыны гадавалі ў сваіх запаведных мясцох ваўкоў, лісаў, дзікаў, кунаў, бурых мядзьведзяў і г. д. Гэтыя зьвяры давалі чалавеку скуры і мех. У борцях па лясох працавалі пчолы і давалі жыхару, як і ў нашыя часы, шмат воску і мёду. Віўся хмель, залатою хваляю калыхалася жыта на палёх, каторыя ўжо пачалі зьяўляцца пасярод лясоў. У хатах сялян і мяшчан у кроснах жвава бегаў ткацкі чаўнок, на колах рабіліся гліняныя гаршкі. Розныя пароды дрэва давалі магчымасьць разьвіцьцю саматужнага (кустарнага) дравянога промыслу. Адным словам, край вырабляў свае ўласныя продукты, з якіх карыстаў наш продак, вывозячы лішкі на тыя рынкі, якіх так многа было на вялікім водным шляху. Аддаючы суседзям свае ўласныя продукты, наша бацькаўшчына ўзамену атрымлівала продукты з суседніх і нясуседніх краёў. Далёкія ўсходнія і паўднёвыя землі пасылалі сюды аксаміты, маністы, пацяркі, пярсьцёнкі, ліхтарні і г. д. Паўночная Скандынавія давала мячы, сякеры, пікі і др. мэталічныя рэчы з зялеза, бронзы, сталі і срэбра. Нямеччына пасылала сюды свае віны, сукны, бурштын і г. д. Гандаль вялікага воднага шляху багаціў нашу бацькаўшчыну. У Полацку, Смаленску і другіх гарадох было многа вельмі багатых людзей. Гандлёвыя людзі таго часу плацілі страшэнную моц усялякіх падаткаў, аброкаў і мытных збораў. Смаленскі князь, напрыклад, у пачатку XII сталецьця меў даход ад гандлёвых падаткаў амаль што ня 600.000 рублёў у год на нашыя грошы. І горад мог вытрымаць у сваім бюджэце такія расходы толькі па аплаце працы князя. Ня маючы сучасных банкаў, капіталістыя таго часу хавалі сваю грашовую маемасьць у зямлі. І вось скарбы бізантыцкіх і арабскіх грошай знаходзіліся аж да нашага часу па ўсіх абшарах Полацкай, Смаленскай і Тураўскай зямель. Смаленскія і полацкія гандляры не здаволіваліся мясцовымі рынкамі, іх капітал патрабаваў для сябе прастору эксплёатацыі. Гандляроў нашай бацькаўшчыны можна было спаткаць па ўсіх тэрыторыях Русі, у Бізантыі, Арабіі і Нямеччыне.

Чужаземныя гандляры, з свайго боку, забясьпечвалі ўплыў на Полаччыну чужаземнага капіталу. Найбольш быў організованы заходні нямецкі капітал. У канцы XII сталецьця немцы, таксама як і ў Ноўгарадзе, мелі свае «двары» ў розных гарадох Полаччыны. Асабліва грунтоўна прыстроіліся яны ў Смаленску. Тут, пры ўваходзе ў Дняпро ракі Рачоўкі, разьляглася іх слабада-сяліба, былі пабудованы вялізныя магазыны-склады і магазыны-крамы, хаты на загранічны лад, заможна й жвала ішло жыцьцё. Над слабадою падымалася званіца нямецкай царквы заходняга звычаю і вежа ратушы. Жыхары чужаземнай слабады мелі свой урад. На чале колёніі стаяў абраны старшыня з абранымі райцамі, каторыя ўтваралі суд над сваімі землякамі і вялі адміністрацыйныя справы.

Паміж асобнымі гарадамі Полацкай Русі, з аднаго боку, і нямецкімі гарадамі, з другога боку, утвараліся дагаворы аб узаемных правох і абавязках. З гарадоў Полаччыны, што мелі дагаворы, можна назваць такія, як Полацак, Смаленск, Віцебск, Менск; з нямецкага боку можна назваць: Данцыг, Брэмэн, Любэк, Мюнстэр, Рыгу, востраў Готлянд. Найцікавейшыя па сваёй апрацованасьці з усіх дагавораў — гэта Смаленскія дагаворы; з іх злажылася так званая «Смаленская Тарговая Праўда». З асобных артыкулаў Смаленскай Праўды мы бачым, якія былі ў той час адносіны паміж купцамі Полацкай Русі й немцамі і наадварот. Перш за ўсё мы бачым, што абедзьве з дагаворных старон маюць права ўвозіць тавары бяз мытных збораў. Пры вывазе тавару гандляр павінен плаціць дакладна вызначаную вагавую павіннасьць. Калі трэба мець справу з абяднеўшым пазычацелем, то першыя выплаты з яго праданай маемасьці на тэрыторыі Полацкай Русі йдуць да немца, а ў Нямеччыне — да беларуса. Каб працягнуць на свае рынкі чужаземныя капіталы, князі давалі нямецкім купцом розныя прывілеі. З такіх прывілеяў трэба адзначыць «волачную прывілею». Справа ў тым, што вялікі водны шлях, як мы ўжо казалі вышэй, праходзячы праз Полаччыну, у двох мясцох перарываўся: паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіною і паміж Заходняй Дзьвіною і Лавацьцю. Тут з таварамі было шмат клопату. Іх трэба было выгружаць з барак, перакладаць на хурманкі; на Дзьвіне зноў нагружаць у баркі і потым перакладаць на хурманкі, каб везьці да Лаваці; на Лаваці зноў нагружаць у баркі для далейшага шляху. Гандляру-палачаніну, як мясцоваму чалавеку, было куды лягчэй рабіць гэтую перагрузку тавару, чым купцу чужаземнаму. Каб дапамагчы на волаках чужаземцам, ім быў дадзены прывілей на тое, каб атрымліваць хурманкі ад мясцовага насяленьня. Княжацкі ўраднік, каторы меў дагляд за волакамі, павінен быў для чужаземных купцоў паставіць патрэбны лік хурманак ад мясцовых жыхароў па вызначанай таксе. Апроч таго, чужаземны гандляр быў на першай чарзе па адпраўцы, калі ў волаку зьбіралася многа народу і тавару.

Ува ўсіх краёх з моцна разьвітым гандлем жыхары дзеляцца на соцыяльныя групы, клясы па сваёй маемасьці. Так было і ў Полацкай Русі. Гандлёвы капітал разьбіваў жыхароў яе таго часу на два лягэры, непадобныя адзін на друіі. З аднаго боку стаяла ня надта вялікая грамада людзей з аграмаднай маемасьцю і белымі, чыстымі рукамі. З другога боку стаяла вялікая грамада з маленькай маемасьцю альбо і без яе, з працоўнымі, мазолістымі рукамі. Першыя зваліся людзьмі добрымі, лепшымі, другія — меншымі, подлымі (нісшымі).

Добрыя, ці лепшыя, людзі — гэта былі гандляры і зямляўласьнікі краю. Іх крамы і маёнткі былі раскіданы па ўсёй тэрыторыі. У іх руках была вялікая моц гандлёвага і зямельнага капіталу, з катораю часта не маглі спрачацца і змагацца нават князі. На вечах яны мелі перавагу не затым, што іх было многа, а затым, што ў іх бок цягнулі экономічна залежныя ад іх дробныя людзі, баючыся іх, як капіталістых. Гэта зразумела тым больш, што галасаваньне на вечах ня было патаемнае. Лепшыя людзі паміж сабою таксама дзяліліся на асобныя групы болыы ці менш багатых людзей. Багацейшыя фаміліі гэтых заможных людзей з роду ў род давалі прадстаўнікоў на выбарныя грамадзянскія і політычныя ўрады і такім спосабам выдзяляліся з сваёй соцыяльнай групы як знатнейшыя. Гэта і ёсьць земскія баяры. Яны часта вялі барацьбу з князямі дэмократычнага настрою і ў іншыя часы перамагалі іх. Так, напрыклад, было ў Полацкай воласьці пасьля сьмерці Ўсяслава Васільковіча ў 1180 годзе, калі земскія баяры полацкія праз веча залажылі рэспубліку, на чале каторай сталі 30 чалавек старшыны.

Усе бедныя жыхары Полаччыны зьліваліся ў адну многалюдную клясу меншых, ці подлых, людзей. Жылі яны як па гарадох, так і па вёсках. У гарадох гэта былі дробныя гандляры, што гандлявалі часам на пазычаны, часам на невялічкі ўласны капітал; апроч іх такімі людзьмі былі прыказчыкі, рамесьнікі, работнікі і другі дробны мясцовы люд. Па вёсках гэта былі мужыкі-сяляне. Частка іх была незалежнымі аратымі ўласнага кавалачку зямлі (смерды), а частка ўжо залежала экономічна ад багатых зямляўласьнікаў (закупы). Працавалі яны ўжо не на ўласнай зямлі, а часам мелі і ня ўласны інвэнтар: і тое і другое яны бралі ў пазычку, ці ў арэнду ў багатага зямляўласьніка.

Паміж дзьвюма клясамі жыхароў старажытнай Полаччыны праз увесь першы гістарычны пэрыод Беларусі йшло змаганьне. У пачатку гэтае змаганьне мела выпадковы характар, бо яма паміж багатырамі і бедакамі была ня так яшчэ глыбокая. Але йшлі часы, капітал ўсё рос і ўзмацняўся, усё больш і больш эксплёатаваў ён беднату, і яма паміж дзьвюма соцыяльнымі групамі станавілася глыбокаю прорваю. Соцыяльная барацьба становіцца ўжо звычайнаю зьяваю. Асабліва відна яна ў вечавым жыцьці. На вечах багатыры робяць націск на беднату, залежную экономічна ад іх капіталу, і бедната змушана ўхваляць тое, што карысна багатыром. Гэтая экономічная і політычная залежнасць заўсёды гняце беднату, і яна ўсё часьцей і часьцей адказвае на ўціск бунтамі і збойствамі. Такая хатняя барацьба кляс у Полаччыне ня можа прайсьці бяскарна для гаспадарства. Яно з кожным часам слабее і робіцца лёгкаю здабычаю для суседзяў.

Князь і яго дружына складалі клясу, каторая стаяла асобна ад мясцовага жыхарства. Адносіны паміж князем і дружынаю вызначаліся дагаворам. Дагаворам-жа вызначаліся і адносіны паміж князем і дружынаю, з аднаго боку, і мясцовым жыхарствам — с другога боку. Дружыньнікі распадаліся на дзьве групы: старшых і малодшых. Старшыя дружыньнікі насілі назву княжых мужоў і баяраў (ня земскіх, а княжых). Яны дапамагалі князю несьці яго абавязкі ў адносінах да воласьці і займалі пры князі вышэйшыя пасады. Малодшыя дружыньнікі насілі назву отракаў, ці грыдняў. Яны выконвалі пры князі дробныя дапаручэньні. Доступ у княжую дружыну быў адчынен для ўсіх вольных людзей. Дзякуючы пастаянным зносінам полацкіх князёў з Заходняй Эўропай у ліку дружыньнікаў мы часта спатыкаем чужаземцаў.

Апроч вольнага Полацкая Русь мела і нявольнае жыхарства. Крыніцы няволі былі такія: палон, самапродаж у няволю, пахаджэньне ад нявольных, праступствы, нявыплачаныя даўгі і г. д. Нявольнікі часамі складаюць дамовую чэлядзь, часам зьяўляюцца рабочай сілай у маёнтках зямляўласьнікаў. Яны займаюць значнае месца ў гандлі як прадмет яго. Нявольнікі ў летапісе называюцца халопамі ці рабамі.

Другі пэрыод

[правіць]

ДРУГІ ПЭРЫОД ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

(XIII—XVI ст.)

Полацкая Русь за ўвесь час свайго папярэдняга існавання вяла амаль што не бесьперарыўную барацьбу з Русью Кіеўскай. Барацьба была ўпартая і крывавая. На яе трацілася шмат сілы і коштаў, гінулі людзі, жывёлы і маемасьць. Руйнавалася ў змаганьні ўсё тое, што было здабыткам цяжкай працы. У дамовым жыцьці тэрыторыі паступова вынікла і разгарэлася змаганьне дзьвюх соцыяльных кляс грамадзянства: на адным баку стаяла невялікая, але моцная група людзей лепшых, экономічнай і політычнай арыстократыі; проціў іх на другім баку выступала вялікая, але неорганізованая маса подлых, нізшых людзей працоўнай беднаты. Гэтае змаганьне таксама руйнуе экономічнае і політычнае палажэньне краю.

Да ўсяго гэтага трэба яшчэ дадаць, што пашла барацьба гарадоў паміж сабою, гарадоў з прыгарадамі; барацьба валасьцей і князёў паміж сабою і валасных князёў з вечамі. Стала цяжка жыць у Полаччыне, пачынаецца эміграцыя з краю. Людзі розных станаў грамадзянства, шукаючы лепшых умоў жыцьця ці проста жадаючы выратаваць сваю галаву і маемасьць, уцякаюць з краю як з некага гіблага месца. Эміграцыя пачала яшчэ больш пустошыць і нішчыць край. Эміграцыя йдзе ўва ўсе бакі і найчасьцей кіруецца на захад, у Літву. Бягуць у Літву прадстаўнікі розных груп грамадзянства. Ад сыстэматычнага ўціску мясцовага капіталу бяжыць у заходнія лясы і балоты прыгнечаная бедната. Асабліва многа ўцякае рабоў, каторыя ў уцёках знаходзяць магчымасьць атрымаць волю. Капітал, баючыся выбухаў народнай помсты, таксама йдзе пэўным крокам у непачатыя куты Літвы. Туды-ж бяжыць часам і князь з дружынаю, выгнаны з Полаччыны ці вечам, ці князем родзічам, ці князем, прышлым з Кіеўшчыны. Абжыўшыся ў Літве і набраўшы ў сваю дружыну новыя сілы з літвінаў, вяртаецца гэты пакрыўджаны" князь зноў у Полаччыну, каб зрабіць помсту і ўзяць назад тое, што ў яго адабралі. Сувязь полацкіх князёў з Літвою ў канцы XII і пачатку XIII сталецьця часта выяўляецца ўжо ў тым, што адтуль прывозяць яны з сабою і літвінскія іменьні, каторыя носяць поруч з ранейшымі хрысьціянска-полацкімі, а то і бяз іх.

Эміграцыя ў Літву, шкадлівая для інтарэсаў Полаччыны, пашла на карысць Літве. Там пачынаецца нейкі рух — як культурны, так і політычны. Літва пачынае злучацца і пачынае будаваць уласнае гаспадарства. Злучыўшы культурна і політычна асобныя пляменьні ў адзін дзяржаўны організм, яна будзе рабіць політычную справу і ў Полаччыне.

Разьвінуўшы асьвету, культуру і экономіку, Полацкая тэрыторыя ня здолела захаваць свайго асобнага дзяржаўнага жыцьця. Літва ўзяла ў Полаччыны яе асьвету, культуру і экономічны разьвітак і прышла на тэрыторыю будучай Беларусі, каб даць ёй новы політычны зьвязак і сувязь з сабою. Ідзе векавая супольная праца; на месцы зруйнованай політычна Полаччыны і на тэрыторыі Літвы будуецца вялікае і моцнае гаспадарства з літоўскаю ўладаю і полацкаю культурна-экономічнаю асноваю. Жыцьцё гэтага гаспадарства складае другі, Літоўска-Беларускі пэрыод гісторыі Беларусі.

Гэты пэрыод называюць яшчэ эпохаю Літоўска-Рускага гаспадарства. Мы лічым патрэбным назваць яго Літоўска-Беларускім пэрыодам. Справа ў тым, што якраз у працягу гэтага пэрыоду вынікла і разьвінулася тая дыфэрэнцыяцыя ўсходня-славянскага, рускага племя, якую мы бачым дагэтуль у асобе трох прадстаўнікоў рускага племя — вялікаруса, украінца і беларуса. Літва злучыла заходнія элементы рускага племя. Тут ішло сваё асобнае культурна-экономічнае і соцыяльна-політычнае будаўніцтва, над каторым у цэнтры новай дзяржавы працавалі беларусы з літвінамі, а на паўднёвай акраіне — украінцы. На ўсходзе ў гэты самы час збудавалася Маскоўскае гаспадарства, каторае злучыла ўсходнюю палавіну рускага племя. Тут таксама йшла асобная культурна-экономічная і соцыяльна-політычная праца вялікаруса.

Апроч гэтага, трэба прыняць пад увагу, што слова «рускі» ў тыя часы ўжывалася якраз для адзнакі заходняй часткі рускага племя, якая концэнтравалася з Літвою, а ўсходнія рускія звалі сябе масквічамі. Такім спосабам, калі ператлумачыць на наша сучаснае разуменьне слова «рускі», то яно і будзе роўназначна слову «беларускі», бо беларусы ў тыя часы якраз былі культурным цэнтрам на захадзе, у Літоўска-Рускім гаспадарстве.

ЛІТВІНЫ

Што датычыць да літвінаў, то весткі аб іх у летапісе надта небагатыя. У першы раз імя іх сустракаецца тут толькі ў X-м сталецьці. Судзячы па летапісе, літвіны — невялікі народ, каторы ня мае нават пачуцьця сваёй этнографічнай еднасьці. Сялібы літвінаў былі раскіданы як-бы астраўкамі сярод пушч і непраходных балот. Тэрыторыя, каторую займалі літвіны, ляжала большасцю па рэчцы Нёмну і па яго прытоках, часткаю па Заходняй Дзьвіне і ўсходніх прытоках Віслы. На поўначы яна падыходзіла да берагоў Бальтыцкага мора, а на поўдні землі літвінаў даходзілі да сярэдняй часткі Заходняга Бугу.

Апроч летапісаў весткі аб літвінах даюць яшчэ і курганы. З гэтых курганных вестак мы бачым, што ў Эўропе яны жывуць вельмі даўно і што ў старажытныя часы яны займалі куды шырэйшую тэрыторыю, чым потым, напрыклад, у X сталецьці. У тыя незапомныя часы іх сялібы ад берагоў Бальтыцкага мора праз басэйны рэк Нёмну і Заходняй Дзьвіны цягнуліся далёка на ўсход аж да сярэдняй Акі. У цяперашняй Калускай губэрні, напрыклад, можна знайсьці літоўскія архэолёгічныя памяткі. Якія прычыны ўтварылі гэты адход літвінаў на захад, мы ня ведаем. Магчыма прыняць дагадку, што рускія пляменьні, прышоўшыя сюды з поўдня, як мацнейшыя і лепш організованыя, адціснулі неорганізованых літвінаў і занялі лепшыя месцы на ўсходзе.

У часы ад X да XII сталецьця невялікі літвінскі народ распадаўся на шмат зусім дробных пляменьняў. На крайняй поўначы, на правым беразе Заходняй Дзьвіны жылі летголы, продкі сучасных латышоў; на поўдні ад іх, на левым беразе Заходняй Дзьвіны, у цяперашняй Ліўземшчыне, жылі земголы. Ад нізоўя Дзьвіны аж да самага Бальтыцкага мора сядзелі куроны (паводле номэнклятуры заходніх кронік, ці Корсь — паводле рускіх летапісаў). Паміж утоку рэк Нёмну і Віслы — прусы, каторыя, водлуг паданьняў, дзяліліся яшчэ на 10 каленродаў. Назовы двох з гэтым кален сустракаюцца ў александрыйскага вучонага II сталецьця па нарадж. Хрыста, Птолёмэя. Апроч вышэйпаданых іменьняў можна назваць такія літоўскія пляменьні, як Жамойць (Ковеншчына), Аўкстотэ (Віленшчына), Ятвягі (Горадзеншчына). Усе гэты пляменьні доўга жылі ня толькі розна, а нават і воража адно да другога.

Вучоныя, судзячы па мове літвінаў і па другіх этнографічных прыметах, прызналі, што яны належаць да арыйскіх, ці, іначай кажучы, да індэўропейскіх народаў. Да гэтага-ж самага кораню належаць пэрсы, грэкі, рымляне, кэльты, германцы і славяне. У той час, як мовы ўсіх пералічаных народаў далёка адышлі ў сваім разьвітку ад сваёй мацеры, стараарыйскай мовы, мова нават сучасных нам літвінаў захавала ў сваім граматычным і лексычным складзе амаль ня ўсе асаблівасьці стараарыйскай мовы. Гэтая зьява, думаюць, залежыць ад таго, што літвіны, асеўшы на доўгі час сярод пушч і балот, як-бы захаваліся тут ад культурна-гістарычнага руху і ад культурных уплываў.

Што датычыць да звычайных промыслаў, якімі жылі і карміліся літвіны, то й тут яны йшлі тым шляхам, які паказвала ім матка-прырода. Балоты, вазёры і рэкі клікалі іх да рыбацтва, адвечныя лясы — да зьвералоўства і пчалярства. Вельмі рана павінны былі яны прышыцца да зямлі, зрабіцца аселым народам, бо куды ты пойдзеш, калі цябе ня пускае вольна хадзіць па сьвеце то балота, то вада. Асеўшы на мясцох, літвіны пачалі эксплёатаваць тыя кавалкі сухога грунту, якія былі раскіданы па іх зямлі. Так павінна было зьявіцца сярод іх рольніцтва. Усе летапісы XII і XIII сталецьця ў адзін голас гавораць, што літвіны таго часу былі ўжо рольнікамі і мелі, дзякуючы гэтаму, больш чым даволі хлеба.

Жывучы ў лясным заціску, адгароджаныя ад суседзяў балотамі і вазёрамі, літвіны не маглі разьвінуць такой культуры, якая была ў той час у ўсходніх і заходніх славян. Гарадоў, як гандлёвых цэнтраў, у іх ня было. Зрэдка можна было спаткаць гарады як цэнтры стратэгічныя, каторыя мала чым розьніліся ад вёсак. Найчасьцей жылі яны па вёсках, зьбіраючыся ў купу патрыярхальнай сям'і ці роду. На чале такіх сямей і родаў стаялі звычайныя старшыні, роданачальнікі, ці князі, каторых літвіны называлі рыкасамі і кунігасамі. Летапісы гавораць, што такіх князёў у літвінаў было шмат. У нас ёсьць, напрыклад, такія весткі, што паўночна-ўсходні, рускі вялікі князь Аляксандр Неўскі ў бойцы пад Тарапцом забіў восем літоўскіх князёў; Даніла Раманівіч, вялікі князь Галіцка-Валынскі, змагаючыся з ятвягамі, забіў сорак ятвяскіх князёў. Нам трэба выясьніць, кім былі гэтыя літвінскія кунігасы ці рыкасы, якую яны мелі ўладу і моц. Мы мала можам адказаць на гэтае пытаньне. Усё-ж такі вядома, што ўлада літвінскіх князёў пашыралася на нязначныя па тэрыторыі вясковыя аколіцы, але ў гэтым невялікім абшары яны кіравалі зусім незалежна адзін ад другога. Паміж імі часта адбываліся хаўрусы, а яшчэ часьцей ішло змаганьне з прычын чыста мясцовых ці родавых; іншы раз яны злучаліся для якога-колечы хаўруснага паходу на суседзяў. Магчыма думаць, што некаторыя кунігасы былі проста патомкамі родавых старшынь; другія абіраліся асобнымі патрыярхальнымі грамадамі для таго, каб стаць на чале іх у цяжкі час барацьбы з другімі такімі-ж грамадамі; трэція прышлі збоку і сілком накінулі сваю ўладу, скарыстаўшы ці сваю экономічную моц, ці цяжкае і гаротнае палажэньне асобнай літоўскай групы. Часам з летапісаў можна бачыць, што асобныя літоўскія князі зьбіралі вокала сябе ахвотнікаў да нажывы, організавалі нешта падобнае на славянскую і германскую дружыну і рабілі напады на суседнія землі. Нават такі багаты і магутны горад, як Рыга, ня мог лічыць сябе бясьпечным ад нападаў літоўскіх князёў.

У літвінаў доўга трымалася паганская вера, бо дзякуючы асобнасьці свайго грамадзкага і політычнага жыцьця яны ня мелі ніякіх шырокіх зносін з народамі хрысьціянскай рэлігіі. Нават у XIII сталецьці, калі ўжо ўсе народы навокала літвінаў прынялі хрысьціянскую веру, яны, як і раней, былі паганскім народам. Літвіны, як раней і славяне, лічылі, што ўся прырода заселена багамі, і кланяліся сілам прыроды. Сілы прыроды жылі ў зьявах прыроды, у зьверах і г. д. Дзякуючы гэтаму, яны кланяліся сонцу, агню, гругану, дрэвам, каменьням, рэкам, зьверам і г. д. Летапісец Пётра Дюсбурскі так апісуе веру літоўскага племені прусаў: "У прусаў няма паняцьця аб богу (у разуменьні хрысьціянскім), бо яны народ просты і някультурны. Дзеля таго, што яны ня маюць пісьма, яны ня могуць пазнаёміцца з кнігамі сьвятога пісьма. Ня ведаючы бога, яны па абмылцы лічаць за бога ўсялякае стварэньне, як, напрыклад, сонца, месяц і зоры, гром, жывёл, птушак, нават жаб. Таксама ёсьць у іх запаведныя лясы, палі і воды, дзе яны не адважваюцца ні рубіць дрэва, ні араць, ні лавіць рыбу». Як і ўсе арыйцы, літвіны асабліва паважалі і кланяліся жыватворчаму агню ўва ўсіх яго зьявах і формах, лічачы агонь наймацнейшай боскай сілай. Пакланеньне агню было астаткам моцна разьвітага калісь культу продкаў. Дзеля гэтага агонь дамовага вогнішча быў сьвяшчэнным нават у пазьнейшыя часы, калі літвіны зрабіліся ўжо хрысьціянамі.

Найгалоўнейшым пэрсоніфікаваным богам лічыўся пан маланкі і грому — Пэркунас, падобны да ўсходня-славянскага Пяруна і нямецкага бога-грамаўніка Тора. Апрача яго, літвіны кланяліся другім багом, у асобе каторых бачылі асобныя сілы акружаючай іх маткі-прыроды. Наогул кажучы, рэлігія літвінаў была дужа падобна на паганскую веру ўсходніх славян. У ліку літоўскіх багоў спатыкаюцца нават добра вядомыя славянскія багі Лель і Лада, якія прадстаўляюць сабою сонца і чалавечую радасьць.

Да нашага часу шмат якія падручнікі кажуць аб тым, што ў літвінаў паганскага часу існавала добра організованая жрэцкая іерархія, на чале каторай стаяў нейкі старэйшы жрэц, якому даюць назву Крыве-Крывейта, каторы быў ня толькі першай духоўнай уладай у літвінаў, але меў і вышэйшую сьвецкую ўладу. Усё гэта ёсьць чыстае непаразуменьне. Грунтуецца яно на кроніцы канца XIII сталецьця Пётры Дюсбурскага, у каторай, паміж іншым, гаворыцца: «У літвінскага народу Прусаў было такое месца, звалася яно Ромаў. Гэтая назва мае свой пачатак ад назвы вечнага гораду Рыму. Тут, як у Ромаве, жыў нехта Крыве, каторага яны паважаюць, як папу. Як пан наш папа кіруе агульнаю царквою верных, так Крыве кіруе ня толькі памянёным народам (прусамі), але і Летамі і другімі народамі зямлі Літоўскай. Улада яго мела такую моц, што калі сам ён ці хто другі, ім пасланы, праходзіў па зямлі літвінаў, то ўсе князі, знатныя людзі і просты народ рабілі яму вялікую пашану». Вядомы профэсар Мяржынскі даводзіць, што гэтаму паданьню, запісанаму ў кроніцы, нельга даваць веры. Справа ў тым, што паданьне аб Крыве маецца толькі ў аднаго Пётры Дюсбурскага, а ўсе другія гістарычныя крыніцы — як старэйшыя, так і сучасныя яму — нічога не гавораць аб Крыве і аб яго ўладзе. Найпэўней, самае слова «Крыве» хутчэй магчыма разумець як уласнае імя нейкага паважанага ў літвінаў жраца ці валхва, чым агульную назву асобы, меўшай такую вялікую моц і ўладу. Што датычыць падвойнай назвы «Крыве-Крывейта», то яе ў Пётры Дюсбурскага зусім няма; апроч таго, яна і немагчыма ў літоўскай мове, каторая наогул ня ведае такіх падвойнасьцяй. Параўнаўшы з паданьнем кронікі П. Дюсбурскага ўсе другія весткі аб літвінах таго часу, мы можам пэўна сказаць, што да пачатку XIII сталецьця ў Літве ня было і не магло быць адзінай дзяржаўнай улады. Зьмест паданьня аб Крыве-Крывейце ня можа быць пагоджаны з абставінамі жыцьця літвінаў таго часу.

АБ’ЯДНАНЬНЕ ЛІТВЫ

У канцы XII і ў пачатку XIII сталецьця сярод літвінскіх пляменьняў, раскіданых сярод лясоў і балот, пачынаецца нейкі концэнтрацыйны рух. Калі мы ўглядаемся, што вызвала гэты рух, то пабачым, што ён вынік як адказ на той уціск, каторы рыхтуецца ў гэты час на Літву з паўдня і ўсходу. Водлуг вестак рускіх летапісаў, на працягу XII сталецьця і раней на Літву йдуць досыць частыя паходы паўднёва-рускіх князёў. Так, напрыклад, вядома, што ўжо Ўладзімір Кіеўскі (так званы сьвяты) ня раз рабіў паходы на ятвягаў і некалькі раз перамагаў іх. Адзін з сыноў Уладзімера, добра вядомы Яраслаў Мудры, таксама не адзін раз хадзіў паходамі на Літву, карыстаючыся з неорганізованасьці яе насельнікаў. Для стратэгічных мэт, каб мець апорны пункт пры наступе ў Літву, Яраслаў пабудаваў на мяжы Літвы з Русьсю горад, каторы назваў Наваградкам. Асабліва, многа паходаў на тэрыторыю Літвы рабілі галіцка-валынскія князі.

Бліжэйшыя суседзі літвінаў на ўсходзе, палачане і іх князі, таксама ня раз урываліся ў зямлю літвінаў. Такая паступовая політыка была ў тыя часы, калі Полаччына была моцная і не разрывалася на кавалкі ад хатніх політычных і соцыяльных спрэчак, напрыклад пры Ўсяславе Чарадзеі. Але калі Полаччына аслабла ад бесьперарыўнага змаганьня з Кіеўшчынай і ад таго бязладзьдзя, якое ў ёй пачалося пасьля Ўсяслава, то, разумеецца, адносіны яе да Літвы сталі зусім іншымі. Наступ на захад павінен быў прыпыніцца. Асобныя князі і прадстаўнікі варожых у Полаччыне груп грамадзянства, пры павароце шчасьця не на іх карысць, павінны былі эміграваць з бацькаўшчыны і шукаць для сябе новай лепшай долі на Літве. Воляю ці няволяю асядаючы тут, яны станавіліся як-бы правадырамі ў новую тэрыторыю тэй культуры і організацыі, каторая была ў пакінутай імі Полаччыне. Разам з уцекачамі прыходзіў на Літву і капітал і ваенная моц. Уцекачы-князі групавалі вакол сябе дружыньнікаў з літвінаў, знаёмілі іх з тэй ваеннай організацыяй, якая была добра знаёма ім самым. Часта, скарыстаўшы згрупованую імі літвінскую ўзброеную сілу, князі-ўцекачы вялі яе на барацьбу проціў Полаччыны. Адсюль толькі адзін крок да таго, каб літвіны бяз прызыву і без ініцыятывы прышлых князёў, па сваёй добрай волі і ахвоце пачалі мяшацца ў жыцьцё Полаччыны. Так яно і сталася з працягам часу: літвіны з пасыўнага матэрыялу рабіліся актыўным суседам Полаччыны. Прыходзячы ў Полаччыну і ўмешваючыся ў яе хатнія справы, літвіны яшчэ лепш і шчыльней маглі падыйсьці і звыкнуць да організацыі і культуры, якую бачылі ў Полаччыне.

Такім спосабам, паходы паўднёвых і асабліва заходніх рускіх князёў на Літву пачалі гуртаваць раскіданыя літвінскія пляменьні, каторыя павінны былі бараніцца і для гэтага гуртавацца. Поруч з гэтым Полацкая Русь рабіла культурны ўплыў на Літву праз сваіх эмігрантаў. Усё гэтае пачало на Літве організацыйны рух. Спачатку злажылася вайсковая організацыя і потым толькі організацыя накіравалася на дзяржаўны шлях.

У канцы XII сталецьця Літва ўжо выступае на гістарычную арэну. Яна ўжо робіць акуратныя паходы на Полаччыну, маючы на мэце прылучэньне да Літвы новых тэрыторый. Пачаўшы з абароны, яна потым перашла да нападу. Адзін з такіх момантаў нападу на Полаччыну апісвае пясьняр слова аб Ігаравым палку: "Мутна цячэ Дзьвіна ў палачан пад грозным клікам Літвы паганскай. Толькі адзін Усяслаў, сын Васількоў, пазваніў вострымі мячамі аб шаломы літоўскія, думаючы аб славе дзеда свайго Ўсяслава, але сам ён ужо ляжыць на крывавай руні, пад шчытамі чырвонымі, пацяты мячамі літоўскімі. Ня было з ім брата Брачыслава і другога брата Ўсевалада. Адзін ён выраніў душу з харобрага цела праз залатое ажарэльле". Як відна з гэтай выняткі, Літва часта мела ўжо перавагу над Полаччынай: Літва будавалася, Полаччына раскідалася.

Сьледам за вайсковаю організацыяй пачалася ў літвінаў, як мы казалі, організацыя дзяржаўная. Яна была таксама як-бы адказам на другі ўціск, уціск з захаду, з боку немцаў. Гэты ўціск на Літву пачаўся крыху пазьней.

Першы раз немцы зьявіліся ў утоку Заходняй Дзьвіны каля палавіны XII сталецьця. Існуе такое паданьне, што немцы пазнаёміліся з літоўскім краем і яго насяленьнем зусім выпадкова. Марская бура прыбіла сюды іх карабель, і з гэтага часу яны пачалі езьдзіць сюды ўжо па сваёй волі. Заявіліся немцы падобраму: бяз зброі, бяз шуму, ціха і згодна, як простыя гандляры, шукаючы карыснага памену. Праз нейкі час, разам з гандлярамі, прыехаў сюды сьвяшчэннік Мэйнгард. Лівонская кроніка так піша аб гэтым: "Названы сьвяшчэньнік (Мэйнгард) атрымаў дазвол ад полацкага караля Вольдэмара (Уладзімера), якому паганскія лівы плацілі дань, а разам з тым і падарункі ад яго, і, прапаведуючы хрысьціянства, пабудаваў царкву ў вёсцы Укэсколе (Уксэкуль). За ім пасьпяшылі зьявіцца і другія місыянэры. Трымаючы ў руцэ сакрамант і крыж, за пазухаю мелі яны добры камень для сваіх духоўных авечак". Гэта відаць з таго, што сьледам за царквою хутка тут ужо будуецца высокі, моцны замак, муры і вежы каторага пануюць над абшарамі акружных лясоў і балот. Гэты замак рабіў місыянэраў панамі ня толькі над душою, але і над целам мясцовага люду і даваў ім магчымасць мець ня толькі моральную, але й політычную моц.

Раней, калі літвіны і іх суседзі лівы бачылі ў прышлых людзях прапаведнікаў і пашырыцеляў новай веры, яны прыслухаліся да іх слоў і зварачалі нейкую ўвагу на новыя праўды. Але з цягам часу адносіны іх да гэтых людзей з крыжамі ў руках зьмяніліся. Мясцовыя жыхары сталі добра прыглядацца да чужынцаў і хутка пабачылі, што місыянэры ня так цікавяцца сваім духоўным уплывам, як пашырэньньем і ўзмацненьнем сваёй улады ў гэтым краі. Таму, хто прыняў вадохрышча, прышлося цяпер плаціць ня толькі дань полацкаму князю, але і дзесяціну каталіцкай царкве. Пасьля гэтага яны ня надта ахвотна сталі слухаць прапаведнікаў, а потым і зусім перасталі.

Праз нейкі час мы бачым, што ўжо ў Літве выбухаюць паўстаньні. Часта нямецкіх місыянэраў, разам з гандлярамі, праганяюць з краю. Літвіны і лівы, прыняўшы вадохрышча, пры першай магчымасьці зноў апускаюцца ў чыстыя воды Дзьвіны, змываюць з сябе хрысьціянства і адсылаюць яго па Дзьвіне назад да немцаў, адкуль яно і прышло. Калі на Захадзе даведаліся аб гэтым, то рымскі папа абвясьціў крыжовы паход на Лівонію і Літву, бо ў той час у Заходняй Эўропе якраз ішла эпоха крыжовых паходаў. Розныя клясы заходняга грамадзянства, дабіваючыся сваіх політычных і экономічных мэт, давалі матэрыял і грунт для гэтай эпохі. Пад знакам крыжа хаваліся політычныя і экономічныя інтарэсы ўдзельнікаў паходаў: рыцары шукалі новых фэодаў, гандляры — новых рынкаў, мужыкі-сэрвы — вольнага жыцьця, духавенства — новых парафій, якія-б плацілі яму дзесяціну і г. д. Гэты натоўп з далёкімі ад хрысьціянства мэтамі і інтарэсамі прышоў з Заходняй Эўропы ў Лівонію і Літву для пашырэньня рэлігіі Хрыста.

У 1200 годзе пры ўтоку Заходняй Дзьвіны ўжо зьяўляецца крыжовае апалчэньне, на чале якога стаіць будучы біскуп Лівоніі Альбэрт Буксгэўдзен. З крыжам, такім спосабам, на Літву прышоў меч. У 1201 годзе ў чатырнаццаці кілёмэтрах ад мора на Заходняй Дзьвіне Альбэрт закладае горад Рыгу, каторы робіць месцам сваёй катэдры. Біскуп добра разумеў, што на аднэй пропаведзі аперціся ня можна. Каб зьберагчы заснаваны горад, патрэбна была немалая ваенная сіла, якая абараняла-б яго. Каб утварыць яе, ён пачаў раздаваць у літоўскіх землях фэоды тым рыцарам, якія сюды зьяўляліся. Але гэтага было мала. Трэба было мець больш лік людзей і лепшую організацыю. Сучасная яму гісторыя паказала выхад. У гэтым-жа годзе ён засноўвае для Літвы і Лівоніі рыцарска-манаскі ордэн, падобны тым, якія заснаваліся ў Палестыне. Новы ордэн, атрымаўшы статут палестынскага ордэну тампліераў, пачаў называцца брацтвам хрыстовай дружыны (fratres miliciae Christi), а потым ордэнам мечаносцаў (qladiferi), ці Лівонскім. Відочная адзнака рыцараў-манахаў гэтага ордэну такая: белы плашч з чырвоным крыжам і мячом на плячох. Сябры ордэну атрымалі ад папы ня толькі абавязак пашырыць хрысьціянства, але й права ўладаць пакорнымі землямі залежна ад рыскага біскупа. Крыжам, мечам і агнём робяць яны сваю справу, рабацяць ліваў і літвінаў і сілком перарабляюць іх на хрысьціян. Каб лепш трымаць у сваіх руках новых каталікоў, яны муруюць моцныя замчышчы ў Крэйцбурзе, Дынабурзе, Волькэнбэрзе, Люцыне, Рэжыцы і г. д. Бяз страху седзячы ў мурох сваіх замкаў, яны зьнявольваюць, эксплёатуюць і германізуюць край ад паўночнай мяжы цяперашняй Ковеншчыны да Фінскай затокі і да Пскоўшчыны. Мясцовыя жыхары, згубіўшыя вольнасьць ці сілком пераробленыя на хрысьціян, падымаюць паўстаньне і гуртуюцца, каб мець магчымасць абароны ад уціску.

Крыху пазьней ад Лівонскага ордэну пры Бальтыцкім моры, паміж Нёмнам і Віслай, на землях літвінскага племя прусаў абсеўся другі духоўна-рыцарскі ордэн — Тэўтонскі. Зьявіўся ён сюды з Палестыны, дзе існаваў з часу трэцяга крыжовага паходу. Затрымацца ў Палестыне на далейшыя часы ён ня мог, бо там мусульмане пачалі праганяць крыжакоў. У такі цяжкі для ордэну момант да яго зьвярнуўся адзін польскі ўдзельны князь, гэрцаг Мазавецкі Канрад. Ен запрасіў да сябе рыцараў Тэўтонскага ордэну, каб яны баранілі яго землі ад нападаў літоўскага племя прусаў. Калі рыцары аселі на новыя месцы, пачалося іх змаганьне з прусамі. Барацьба была ўпартая і крывавая. Дзякуючы свайму ваяўніцкаму штукарству і добрай зброі ўрэшце тэўтонцы атрымалі верх. Прусы прымушаны былі часткаю выселіцца на паўднёвы ўсход, часткаю загінулі ў няроўнай барацьбе, часткаю зьліліся з немцамі. Літоўскі нацыянальны твар іх сьцёрся, а імя перашло да немцаў, каторыя зрабілі гэты літоўскі край сваёй колёніяй.

Палажэньне Лівонскага ордэну між тым пагаршалася. Апроч ліваў на яго напіралі суседзі рускія, якія мелі свой экономічны ўплыў на Літву і не хацелі ад яго адмовіцца. Ордэн разлагаўся і ўнутры ад адсутнасьці дысцыпліны. Людзі туды набіраліся сьпешна, без адбору. Мечаносцы сваім «манашацкім» жыцьцём праслаўляліся па ўсёй Эўропе. Ня бачачы ніякага паратунку для ордэну, яго магістар Вольквін прапанаваў Тэўтонскаму ордэну, каб той згадзіўся на зьліяньне мечаносцаў з ім. Пасьля перагавораў ў 1237 годзе абодва ордэны злучыліся, каб лепш змагацца з Літвою. Літвіны, устрывожаныя гэтымі суседзямі, пачалі з імі крывавую барацьбу, баронячы сваю народнасьць. Пэўна, што і літоўскім пляменьням трэба было злучацца ў адно моцнае гаспадарства, каб цалкам не загінуць у гэтай барацьбе.

Такім спосабам, самае жыцьцё прымушала літвінскія пляменьні да аб'яднаньня. З двох бакоў былі яны сьціснуты сваімі суседзямі. З аднаго боку, з усходу, напіралі на іх рускія славяне, с другога боку, з захаду, ішоў гвалтоўны нямецкі ўціск. Літоўцам, у адказ на гэты двухбочны націск, прышлося гуртавацца. Раней яны гуртуюцца ў ваенныя сувязі, пазьней з гэтых сувязяў вынікае грамадзянская і дзяржаўная організацыя. Організуючы адпор сваім заходнім і ўсходнім суседзям, літвіны падаліся некалькі на ўсход, бо славяне былі слабейшыя ад немцаў: літвіны рушыліся ў бок меншага супраціўленьня. Спаткаўшыся з полацкімі славянамі ўжо на славянскай тэрыторыі, літвіны аказаліся з політычна-організацыйнага боку мацнейшымі і пачалі творчую працу ў Полаччыне. Так пачаўся пэрыод супольнага жыцьця ў адным гаспадарстве літвінаў і Полацкай Русі, пэрыод Літоўска-Беларускага гаспадарства.

БУДАВАНЬНЕ ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ Ў XII СТАЛЕЦЬЦІ

У другой чэцьверці XIII сталецьця, больш-менш каля часу злучэньня двух нямецкіх ордэнаў, летапісы часта пачынаюць гаварыць і выдзяляць з другіх літоўскіх кунігасаў аднаго кунігаса Мэндаўга. Яны яго адзначаюць як мацнейшага і заможнейшага ад усіх літвінскіх князёў. На падставе летапісных даных мы можам судзіць, што ён ужо ад свайго бацькі Рынгольта атрымаў значныя сілы для барацьбы з сваімі супернікамі. Пад 1236 годам у Валынскім летапісе Мэндаўг ужо лічыцца галоўным князем і прадстаўніком інтарэсаў усёй Літвы. Ліўземская кроніка, апісваючы на сваіх радкох пад 1244 годам адзін з многіх наскокаў літвінаў на лівонскіх рыцараў-крыжакоў, гаворыць, што зямлю лівонскую зусім спустошыла літоўскае войска, якое налічвала ў сваім складзе да 30 тысяч чалавек, і што на чале яго стаяў Мэндаўг, «магутны кароль літоўскі». Гэтыя частыя паўторныя весткі летапісаў і кронік трэба разумець так, што Мэндаўг быў проста старшым над кунігасамі і меў пяршынства ў некаторых ваяўніцкіх справах. Адначасна з гэтым мы бачым, што малодшыя князі далёка яшчэ ня згубілі сваёй незалежнасці. Летапісы адзначаюць ня раз, што кунігасы маюць поўную магчымасць вясьці сваю асобную політыку як у ваяўніцкіх, так і ў грамадзянскіх справах. Так, напрыклад, вядома, што ў 1246 годзе, ня гледзячы на тое, што паміж Валыньню і Мэндаўгам была поўная згода, ішла вялікая бойка паміж валынскім вялікім князем і адным з літоўскіх князёў па імені Айшвна. І гэтая бойка зусім не парушыла згодных адносін паміж Валыньню і Мэндаўгам. Мэндаўг зусім ня лічыў сваіх інтарэсаў закранутымі ў гэтым выпадку.

Пачынаючы з 1248 году кірунак улады Мэндаўга зьмяняецца. Ён ужо не здавальняецца значэньнем першага князя паміж незалежнымі літоўскімі кунігасамі. Ён прагнецца быць поўным гаспадаром усёй Літвы. Дзеля гэтай пастаўленай сабе мэты ён энергічна вядзе барацьбу з тымі князямі, каторыя ўпарта хочуць захаваць сваю незалежнасць. Барацьба была няўпынная і крывавая. Мэндаўг ня спыняецца ні перад чым. Шмат дробных князёў, нават блізкіх родзічаў і сваякоў яго, загінула ў гэтай бесьперарыўнай барацьбе ад рук Мэндаўга.

Адначасна з гэтым Мэндаўг накладае сваю цяжкую руку на незалежнасць суседніх княстваў Полацкай Русі. Карыстаючы з таго агульнага перапалоху, каторы зрабілі на Русі татары, ён захватвае так званую Чорную Русь, тэрыторыя каторай займала правыя прытокі Нёмну. Тут ён атрымаў уладу над ніжэйпаданымі гарадамі: Наваградкам, Слонімам, Горадняю, Ваўкавыскам і г. д. Яго падручныя князі ў гэты самы час зацьвярдзіліся ў самым Полацку. Сталіцаю свайго гаспадарства Мэндаўг зрабіў Наваградак.

Такім спосабам Мэндаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім. Літоўскі гаспадар добра разумеў, што аперціся ў сваёй будоўлі толькі на адных літвінаў ён ня можа. Племя літвінаў было невялікае, апроч таго, у ім ня было культурнай моцы. Трэба было прыцягнуць да дзяржаўнай творчасьці полацкае грамадзянства. Толькі яно было тым элемэнтам, з каторага можна было чэрпаць і збройную сілу і організацыйна-культурную традыцыю, каторая была надта патрэбна для маладога, чуць пачынаўшага сваю організацыйную працу гаспадарства. І трэба зазначыць, што Полацкая Русь пэўна дала новаму гаспадарству свае парадкі, звычаі, установы і культуру.

Найбольш пагражалі новаму гаспадарству заходнія суседзі — крыжакі. Часам здавалася, што малады дзяржаўны організм ня вытрывае заходняга націску. Крыжакі карысталі з кожнага выпадку, каб умяшацца ў хатнія справы Літвы і Беларусі. Змагацца з імі зброяю яшчэ ня было магчыма. І Мэндаўг, добра ведаючы, што барацьба з немцамі прывядзе гаспадарства да гібелі, стрымліваў іх, робячы ім усялякія ўступкі і пасылаючы ім падарункі. Каб лепш забясьпечыць сваё гаспадарства ад нападаў крыжакоў, ён прыняў нават у 1250 годзе вадохрышча. Само сабою разумеецца, што гэта вадохрышча мела выключна толькі політычны кірунак і «было льстіво», як кажа летапісец. Перамяніўшы сваю веру і зрабіўшыся офіцыяльна хрысьціянінам, Мэндаўг у сваёй істоце ніколькі не перамяніўся. Ён, як і раней, прыносіў ахвяры сваім старым паганскім багом, верыў сваёю старою вераю: выходзячы на паляваньне, ён заўжды, як і раней, асьцерагаўся і баяўся, каб заяц не перабег яму дарогі, а калі гэта бывала, то ён варочаўся да хаты.

Праз нейкі час выявілася ўсё-ж такі, што гэтае «льсьцівае» вадохрышча не забясьпечыла Літвы ад нападаў немцаў, каторыя, як і раней, не давалі Мэндаўгу спакою. Абачыўшы гэтае і пераканаўшыся, што дабром ад крыжакоў нічога не дабіцца, ён зрокся хрысьціянства, стаў на чале абуранага нямецкімі нападамі народу і так разьбіў ордэнскія войскі, што яны доўгі час памяталі гэтую навуку і ўстрымліваліся ад паходаў на літоўска-беларускія землі.

Асобныя літоўскія князі былі вельмі нездаволены самаўладзтвам Мэндаўга. Мясцовыя сэпаратыўныя пажаданьні падтрымлівалі іх настрой. Ня маючы ўсё-ж такі моцы адкрыта, са зброяю ў руках, змагацца з Мэндаўгам, яны ўчынілі патаемную змову. Золата адчыніла ім моцна замкнутыя дзьверы да спальнага пакою гаспадара. Напаўшы на сьпячага князя, яны забілі яго разам з двума малалетнімі сынамі. Так скончылася першая самаўладная спроба пабудаваць Літоўска-Беларускае гаспадарства.

Забіўшы Мэндаўга, змоўцы пачалі дзяліць захопленую ўладу паміж сабой. Тым ня менш, кожны з іх разумеў, што грунтоўным кірункам політычнага жыцьця Літвы і Белай Русі зьяўляецца злучэньне ўсіх зямель. Кожны з іх лічыў, што выкананьне гэтай мэты павінна быць зроблена яго рукамі і што будучае першае месца ў гаспадарстве павінна быць за ім. Зноў пачынаецца барацьба за вярхоўную ўладу паміж тымі, хто ня мог выцярпець цяжару вярхоўнай улады Мэндаўга.

У пачатку ўладу атрымаў адзін з супернікаў, князь Таўцівіл. Праз нейкі час мы бачым на чале маладога гаспадарства жмудзкага князя Страйната. Але і ён ня змог доўга ўтрымаць уладу ў сваіх руках. Скора яго пасаду займае дастойны свайго бацькі, старэйшы сын Мэндаўга, хітры і дыплёматычны Вайшэлак.

Яшчэ ў той час, як жыў на сьвеце Мэндаўг, Вайшэлак па даручэньні бацькі кіраваў, як намеснік, у Наваградзкім княстве і ў Чорнай Русі, каторая групавалася навакол Наваградку. Ен быў падобен на свайго бацьку і па тэй мэце, якую паставіў перад сабою: утварыць усімі спосабамі ў Літве аднаўладзтва, узяўшы ўладу ў свае рукі.

Летапісец так малюе Вайшэлка ў той час, калі ён быў князем-намесьнікам у Чорнай Русі: «Вайшэлак кожны дзень забіваў па тры ці па чатыры чалавекі. Калі ў які дзень яму ня было здарэньня забіць каго-небудзь, то ён рабіўся вельмі сумным і засмучаным, а калі ён каго забіваў, то быў надта рады».

Як прачытаеш гэтую кароценькую летапісную вестку, то здаецца, што Вайшэлак быў якімсьці лютым, дзікім зьверам, каторы карміўся чалавечым мясам і крывёю. Зразумела, што сапраўды гэтага быць не магло. Усё-ж такі летапіснае паданьне дае нейкую адзнаку таго, што тварылася ў тыя часы. Трэба думаць, што былі пэўныя і грунтоўныя прычыны, каторыя прымушалі Вайшэлка, як і Мэндаўга, праліваць кроў і рабіць забойствы. Ен быў занадта разумны і хітры для таго, каб бяз прычыны і бяз мэты займацца людзкім забойствам. Справа ў тым, што Вайшэлак падтрымліваў бацькоўскую ідэю аднаўладзтва. Пэўна, што трэба было дапамагчы свайму айцу зламаць ворагаў аднаўладзтва, якіх, мы ведаем, было ня мала. Калі мы зьвернем увагу на ўсё гэтае, то зразумеем, што Вайшэлак рабіў забойствы не дзеля свайго капрызу, а дзеля політычнай мэты.

Некалькі раней, калі была спрэчка паміж галіцкім князем Данілай Раманавічам і Мэндаўгам, літоўскі князь, жадаючы згоды, паслаў дзеля гэтай справы ў Галіччыну Вайшэлка. Вайшэлку ўдалося дабіцца згоды. Потым ён застаўся жыць у м. Холме ў Галіччыне, мабыць дзеля таго, каб падтрымаць згоду. Гэтая дыплёматычная місія яму ўдалася. Згода была ўзмоцнена выданьнем'замуж сястры Вайшэлка за сына Данілы — Шварна. Князяваньне над Чорнай Русьсю, а таксама жыцьцё ў Галіцкай Русі зрабілі з Вайшэлка прыхільніка рускай нацыі, культуры і праваслаўнай веры. Раней паданьне не шкадавала чорнай хварбы, калі давала малюнак паганскага жыцьця Вайшэлка. Цяпер яно таксама не шкадуе ружовай хварбы, малюючы Вайшэлка ў хрысьціянстве. Паданьне кажа, што, жывучы ў Галіччыне, Вайшэлак пазнаёміўся з адным ігумэнам Грыгорам, такім сьвятым чалавекам, якога, водлуг паданьня, «ня было раней і ня будзе пазьней». Гэты сьвяты ігумен меў такі ўплыў на літоўскага сярдзітага князя, што ён зрабіўся сьвятым чалавекам. Вайшэлка стала грызьці сумленьне за ўсе тыя забойствы, каторыя ён утварыў раней, калі быў у паганскім стане. Ен прыняў вадохрышча, не здаволіўшыся гэтым, ён потым зрокся мірскога грэшнага жыцьця і прыняў манашацкі пострыг. Тры гады пражыў Вайшэлак у Галіччыне пад кіраўніцтвам ігумена Грыгора, але яму ўсё жадалася сьвяцейшага жыцьця. Даведаўшыся, што гэтае жыцьцё можна знайсьці на Афоне, ён паехаў туды. Да Афону з нейкіх прычын яму не давялося дабрацца, і тады ён вярнуўся на бацькаўшчыну. Тут, недалёка каля Наваградку, ён заснаваў манастыр, дзе і жыў, як просты, звычайны манах. Мэндаўг, каторы ў той час быў жывы, гневаўся на сына, што ён замест таго, каб дапамагаць бацьку ў політычных справах, зачыніўся ў манастыры, але Вайшэлак быў цьвёрдым і астаўся манахам,

Так кажа летапіснае паданьне. Але далейшыя падзеі прымушаюць нас крыху іначай тлумачыць хрысьціянскі настрой Вайшэлка.

Нам, напрыклад, вядома, што калі Мэндаўг быў забіты загаворшчыкамі, Вайшэлак уцёк да Пінску і тут жыў зусім бязбоязна, пакрыты манашацкай расай і клабуком. Манашацкі сан даваў паратунак ня столькі яго грэшнай душы, колькіцелу. Алекаліпрышоў зручны момант пасьля сьмерці Таўцівіла, калі Вайшэлак зрабіўся мацнейшым ад сваіх ворагаў, ён адразу без ваганьня скінуў з сябе расу і згрупаваў каля сябе беларускія хрысьціянскія масы, каторыя падтрымлівалі яго, забраў Наваградак і абвясціў сябе вялікім аднаўладным князем у гаспадарстве. Пачалася крывавая расправа з тымі князямі, каторыя былі ворагамі яго бацькі і організавалі яго забойства, таксама і з тымі, каторыя былі ў варожых адносінах да яго самога. Адных ён пазабіваў і пасаджаў па турмах, а другія павінны былі пакінуць бацькаўшчыну і ўцякаць у чужаземныя краі. Вялікаю цаною, але ўсё-ж такі зноў у Літве і Беларусі было дасягнута самаўладзтва.

Пасьля вышэйпаданага мы чакаем, што Вайшэлак, забясьпечыўшы за сабою ўладу, будзе берагчы яе і ўзмацняць. Аднак-жа гэтага ня сталася. Па невядомых нам прычынах праз нейкі час Вайшэлак кінуў усе справы, зноў адзеў манашацкую расу і пакончыў сваё жыцьцё ў адным з манастыроў.

А ў Літве і Русі зноў пашлі спрэчкі паміж асобнымі князямі, каторыя змагаліся за вярхоўную ўладу. І так ішла справа праз увесь канец XIII сталецьця, пакуль уладу ў гаспадарстве ня ўзяў у свае рукі ў 1293 годзе Вітэн. Вітэн разам з братам і наступнікам сваім Гэдымінам ужо надобра збудавалі моцнае і вялікае Літоўска-Беларускае гаспадарства.

АСНОЎНЫЯ МОМАНТЫ ЖЫЦЬЦЯ НОВАГА ГАСПАДАРСТВА

У XIV сталецьці і далей новае Літоўска-Беларускае гаспадарства стаіць ужо на цьвёрдых нагах. Нават з падручнікаў дарэвалюцыйнага часу нам добра вядомы такія іменьні, як: Вітэн (1293—1316), Гэдымін (1316—1341), Альгэрд (1345—1377) і Кэйстут (1345—1379), Ягайла, Вітаўт і г. д. Даваць дакладную характарыстыку справаваньня гэтых гаспадароў мы ня будзем, бо гэта ня ўходзіць у нашыя заданьні. Мы толькі пастараемся адзначыць галоўныя, асноўныя моманты політычнага жыцьця дзяржавы, каторыя дадуць як-бы агульны тон і кірунак для далейшай гісторыі Літоўска-Беларускага гаспадарства ў гэты пэрыод.

Новая дзяржава з самага пачатку і далей групуе ў адзін організм літоўскую і заходня-рускія землі. Пачынаючы з часу Гэдыміна, сталіцаю гаспадарства, заместа Наваградку, стала Вільня пры ўтоку рэчкі Вілейкі ў Вільлю. Месца было выбрана зручнае. Тут якраз праходзіў гандлёвы шлях з паўдня ў Бальтыцкае мора. Апроч таго, рэчка Вільля злучала ўсходнія землі з заходняй часткаю Літоўскага-Беларускага гаспадарства. Вільня пабудавалася на стыку гэтых двух шляхоў і зрабілася моцным экономічным і політычным цэнтрам дзяржавы. Тут-жа быў і рэлігійны цэнтр паганскай Літвы, перанесены сюды ў 12-м сталецьці з Ромава. Тут у даліне Сьвентарога быў пабудаваны храм бога Пяркунаса і гарэў для літвінаў сьвяты агонь «зьніч».

Што датычыць гораду Полацку, то ён разам са сваёю воласьцю яшчэ пры Вітэне, ратуючыся ад немцаў, у 1307 годзе паддаўся пад уладу літоўскага гаспадара. У пачатку выканаўчую ўладу там мелі намесьнікі гаспадара пры законадаўчай уладзе веча, што засталося ад старажытных часоў; потым на полацкім пасадзе сядзелі малодшыя браты ці сыны гаспадара. З гэтага часу Полацак ужо даволі моцна закрапіўся за Літвою. За Полацкам прышоў чарод і да Віцебску, каторы яшчэ ў ранейшыя часы абасобіўся ад Полацку ў незалежнае княства. Апошні віцебскі князь, ня маючы насьледнікаў па мужчынскай лініі, аддаў сваю дачку за сына Гэдымінавага, Альгэрда. Па сьмерці цесьця Альгэрд зрабіўся віцебскім князем і, разумеецца, быў у залежнасьці ад бацькі свайго Гэдыміна. Хутка ўвашоў у склад йовага гаспадарства і наш Менск са сваёю воласьцю. У летапісе пад 1326 годам ёсьць вестка, што ў Ноўгарад прыходзілі пасланцы ад Літоўска-Беларускага гаспадара. Паміж імі названы і Васіль, князь менскі. Выходзіць, што яшчэ да гэтага часу тэрыторыя Меншчыны увашла ў склад новай дзяржавы, калі ў 1326 годзе мекскі князь быў ужо адным з падручных князёў Літоўска-Беларускага гаспадара. Магчыма думаць, што каля гэтага самага часу ці, можа, некалькі раней зрабіліся залежнымі ад Літвы княствы Лукомскае і Друцкае. Каля гэтага-ж часу маладое гаспадарства ўключыла ў склад сваёй тэрыторыі Турава-Пінскае Палесьсе і зямлю Берасьцейскую, каторая ў заходняй сваёй палавіне насіла назву Падлясься.

Пасьля сьмерці Гэдыміна тэрыторыя гаспадарства ўсё пашыраецца, уключаючы ў свой склад тэрыторыі, населеныя заходнімі рускімі славянамі. У часы Альгэрда і Кэйстута, наступнікаў Гэдыміна, да Літоўска-Беларускага гаспадарства прылучыліся Чарнігаўшчына і Кіеўская воласць з Валыньню і Падольлем. Трэба зазначыць, што Кіеўшчына яшчэ ў пачатку XIV сталецьця ня была падобна на тую багатую, моцную і магутную Кіеўшчыну, каторая ў часы, напрыклад, Уладзімера Манамаха руйнавала і нішчыла з такою заўзятасьцю тэрыторыю Полаччыны. Кіеўшчына ў гэтыя часы сама была зруйнована і зьнішчана дашчэнту як хатнім бязладзьдзем, так і набегамі паўднёвых стэпнякоў-манголаў — раней полаўцаў, а потым татар. Слава і багацьце вялікага князя кіеўскага зьніклі. Ен зрабіўся адным з тых маленькіх паўднёвых князькоў, каторыя ледзьве-ледзьве трымаліся, апіраючыся на нязначную жменьку рускіх насельнікаў, пазасталых у стэпу, ня гледзячы на небясьпечнасьць ад татар. «Маці гарадоў рускіх», паўднёвы залаты ключ ад вялікага воднага шляху з Варагаў у Грэкі, багаты, густа заселены раней Кіеў быў цяпер невялікім мястэчкам бяз усякай гандлёвай вагі. Італьянскі манах Пляна-Карпіні, каторы, праязджаючы па паўднёва-ўсходнім краі, бачыў у гэты час, паміж іншым, і Кіеў, налічыў у ім ня больш як 200 хат. У 1300 годзе Кіеў перастаў быць і рэлігійна-царкоўным цэнтрам, бо мітрополіт «усяе Русі» Максім, шукаючы смачнейшага кавалку хлеба, з Кіева пераехаў на жыцьцё на паўночны ўсход, дзе пачаў будавацца маскоўскі цэнтр. Туды-ж, на паўночны ўсход, вышлі і мацнейшыя князі і насельнікі Кіеўскай воласьці, шукаючы больш бясьпечнага для сваёй працы месца. Разумеецца, што з жменькаю людзей кіеўскі нязь ня мог тут трымацца як самаўладны, незалежны ўласнік і павінен быў прызнаць дзяржаўную вярхоўную ўладу магутнага суседа, вялікага князя літоўска-рускага, каторы меў абараняць поўдзень ад татар.

Не здавальняючыся паўднёвымі рускімі валасьцямі, Альгэрд прагнуўся зацьвердзіць свой політычны уплыў на паўночныя воласьці з такімі багатымі гандлёвымі гарадамі, як Ноўгарад і Пскоў. Тут ён быў наступнікам політыкі Полаччыны, каторая ў папярэдні пэрыод гісторыі Беларусі таксама змагалася за ўладу над гэтымі гарадамі і валасьцямі. Апроч таго, Літоўска-Беларускае гаспадарства зварачала ўвагу і на ўсход. Яно прагнулася схіліць ў свой бок, напрыклад, Цьверскае княства, падтрымліваючы яго ў барацьбе з Масквою. Але тут, на ўсходзе, рос моцны супернік літоўска-беларускаму гаспадару ў асобе маскоўскага гаспадара, каторы пачаў ужо рабіць тую самую справу зьбіраньня Русі, якую рабіла і Літва.

Працуючы над зьбіраньнем Русі, Літва павінна была таксама, як і Масква, бараніць сваё гаспадарства ад татар. Яшчэ амаль што за 20 год да вядомай нам Кулікоўскай бітвы ў 1362 годзе Літоўска-Беларускае гаспадарства, злучыўшы ўсе свае сілы, вышла на спатканьне татар на паўднёвую граніцу. Адбылося страшэннае збойства на Падолі. Ня гледзячы на вялікі лік і сваю храбрасць, татары былі разьбіты і, пакінуўшы на месцы многа трупаў, здабычы і палонных, уцяклі на паўднёвы ўсход. Пад уплывам страху, татары доўга сюды ня прыходзілі, і паўднёва-заходнія землі такім спосабам мелі цяпер магчымасць экономічна і культурна разьвівацца, забясьпечаныя ад паўднёвага ворага.

Такім спосабам, з быўшых раскідных заходня-славянскіх зямель[15] у злучнасьці з Літвою злажылася гаспадарства. У гэтым гаспадарстве на кожным кроку мы бачым працу беларускага жыхарства. З гандлёвай Полаччыны прышоў сюды капітал і пачаў зноў зьбіраць для эксплёатацыі працу мазольных рук. Вясковая старажытная Літва будуе ў сябе гарады, і яны пачынаюць жыць жыцьцём старых гарадоў Полаччыны і Кіеўшчыны. Некаторыя з гарадоў акружаюцца мурамі, узмацняюцца замчышчамі. Войскі гаспадарства добра ўзброены і добра ведаюць ваяўнічае штукарства, каторае таксама прышло сюды з Полаччыны. Жыхары маюць добрую організацыю. Нам, напрыклад, вядома, што яны бароняць свае гарады па чарзе, праз колькі месяцаў кожная група. Яны ня толькі служаць у войсках гаспадара, але складаюць іх значную частку. Ім, як найбольш культурнаму элемэнту, даручаецца каманда над вайсковымі часткамі і абарона ад ворагаў меж гаспадарства. Яны кіруюць ад імя гаспадара як асобнымі гарадамі, так і цэльнымі тэрыторыямі. Ім дапаручаюцца такія справы, дзе асабліва патрэбна адукацыя і спрыт, напрыклад зносіны вялікага княства з суседнімі гаспадарствамі. Адным словам, мы бачым, што беларуская частка жыхарства, як найбольш культурны элемэнт, займае пачэснае месца ў політычных і грамадзянскіх справах гаспадарства. Ідзе даволі згоднае сужыцьцё паміж двума народамі. У Літоўска-Беларускім гаспадарстве кіруе гаспадар-літвін, а пануе асьвета і культура беларуса. Ёсьць нават такая думка, што гаспадары дзяржавы ня былі прыроднымі літвінамі, а потомкамі тых князёў Полацкай Русі, каторыя раней, у канцы папярэдняга пэрыоду, уцякалі ў Літву ад бязладзьдзя, якое настала ў Полаччыне. Ня ўходзячы ў разгляд гэтай думкі, мы ўсё ж такі павінны адзначыць, што самі гаспадары княства лічылі сябе літвінамі. Гэтае літвінскае самапачуцьцё ня было, аднак-жа, шовіністычным. Усе яны добра ведаюць беларускую мову, некаторыя з іх прымаюць усходнюю хрысьціянскую веру і бяруць шлюбы з рускімі княжнамі. Беларуская мова пануе ня толькі ў палацы вялікага князя, але і сярод грамадзянства. Дзяржаўныя пастановы выдаюцца раней ў дзьвюх мовах, а потым амаль што выключна ў беларускай мове. Гаспадар, лічачы сябе літвінам па нацыі, прызнаваў, што ён, як дзяржавец, ёсьць прадстаўнік тэй і другой нацыі. У офіцыйных граматах і ў зносінах з суседнімі народамі ён называе сябе царом літвінаў і русінаў (rex Litvinorum Ruthenorumque). Іначай і быць не магло, бо дзьве трэція часткі яго зямель былі беларускія.

Ня гледзячы на тое, што ў літвінаў была вера паганская, а ў беларусаў усходня-славянская[16], абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярплівасць. Да якой-бы веры хто ні належаў, ён служыць аднаму богу. Гэдымін, адказваючы на адну з пропозыцый рымскага папы, у сваёй грамаце так піша аб гэтым: «Я казаў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаі іх веры, русінам — па іх звычаі, паляком — па іх. А мы, літвіны, будзем маліцца па нашым звычаі, бо ўсе мы паважаем аднаго бога». Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што літвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і нават веру. Так, напрыклад, вядома, што ў канцы XIV сталецьця больш як 50 літвінскіх мясцовых князёў трымаліся ўсходня-хрысьціянскай веры, бо яна мела ў сабе больш культурных элементаў, як паганская вера; аб гэтым жа сьведчыць і польскі вядомы гісторык Ярашэвіч, каторы гаворыць, што калі-б так справы йшлі праз некаторы час, то літвіны прынялі-б беларускую мову, звычаі, законадаўства і праваслаўную веру, нават іх народнасьць зьмянілася-б на беларускую.

Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і рускім элемэнтамі дзяржавы залежала ад таго, што Літоўска-Беларускае гаспадарства было збудована больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны. Полацкае гаспадарства ў канцы свайго існаваньня не магло даць сваім падданым грамадзянскага спакою. Мы ведаем, што ў грамадзянстве йшла клясавая барацьба паміж лепшымі і подлымі людзьмі, паміж капіталам і працавітаю беднатою. Апроч таго, ня было забясьпечаньня ад хатняй калатні паміж асобнымі валасьцямі і гарадамі гаспадарства. Усё гэтае прыводзіла да таго, што не існавала ў Полаччыне ніякіх перашкод для новага концэнтрацыйнага руху, каторы йшоў збоку Літвы і яе гаспадара. Асобныя воласьці і гарады самахоць прызналі новую ўладу і глядзелі на яе як на пажаданую ўладу. Як на выключэньне, можна паказаць толькі на Смаленск з яго тэрыторыяй, каторы быў прылучан да Літоўска-Беларускага гаспадарства ваяўніцкім шляхам. Але і тут ня было дружнага адпору. Яшчэ раней у Смаленску была грамадзянская партыя, каторая спачувала і цягнула да Літвы. Прадстаўнікі гэтай партыі адчынілі гарадзкую браму літоўска-рускаму войску, і яно амаль што без перашкод і збойства ўвашдо і заняло Смаленск.

Наогул можна сказаць, што насельнікі быўшай Полацкай дзяржавы бяз протэсту прынялі ўладу новага гаспадара, каторы прыносіў з сабою абарону ад моцных суседзяў і даваў спакой і адпачынак ад міжусобнай хатняй барацьбы.

Нам вядома, што ў гісторыі полацкага пэрыоду Беларусі вялікую вагу ў дзяржаўным і грамадзянскім жыцьці краю мела веча. Яно было тым цэнтрам, дзе групаваліся экономічныя і політычныя інтарэсы воласьці і гораду. Новая дзяржаўная ўлада, якая організавалася ў Полацкай Русі, не нарушыла гэтай старажытнай, агульнарускай ідэі народапраўства. Наадварот, зьбірацелі заходняй часткі рускага племя, літоўскія вялікія князі, асобнымі граматамі забясьпечвалі правы законадаўчага веча. У аснове ўсіх грамат Літоўска-Беларускіх гаспадароў, якія даваліся імі асобным гарадом і валасьцём, мы заўсёды можам знайсьці такія вельмі цікавыя словы: «Гаспадар старыны не нарушае і навіны ня ўводзе». Кожная воласьць быўшай Полаччыны, уходзячы ў склад новага гаспадарства, не адходзіла ад сваіх старых традыцый і зьберагала свой твар. Ніякай ломкі хатніх звычаяў яна не перажывала.

Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе, дзе навокала Масквы таксама пачалося зьбіраньне і концэнтрацыя дзяржавы — усходняй, Маскоўскай Русі. Масква, зьбіраючы Русь, паступова і няўхільна касуе на сваіх абшарах старарускую ідэю народапраўства. Тут увесь час будзе расьці моцнае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць цьвёрды грунт для бязупыннай сваволі, напрыклад, Івана IV Грознага. Усякая асобная воласьць, змушаная ўвайсьці ў склад Маскоўскага гаспадарства, павінна будзе згубіць свой асабісты твар, свае старажытныя звычаі і традыцыі. Маскоўскае самаўладзтва сваёй цяжкаю рукою будзе касаваць тэрыторыяльную індывідуальнасць абласьцей і будзе будаваць цэнтралістычную дзяржаву з абсолютнаю ўладаю монарха.

Не касуючы праў веча і старарускай ідэі народапраўства, новая дзяржаўная літоўска-беларуская ўлада будзе прагнуцца скасаваць уладу асобных маскоўскіх[17] князёў. Праўда, мясцовыя князі не зганяюцца з сваіх пасад, але яны павінны прызнаць як-бы васальную залежнасьць ад вялікага князя і гаспадара Літвы і Беларусі. Толькі ў тых валасьцёх, дзе пасады заставаліся з якіх-небудзь прычын пустымі, гаспадар садзіў як князёў, намесьнікаў сваіх родзічаў і сваякоў, каторыя таксама рабіліся васаламі вялікага князя.

АДНОСІНЫ ГАСПАДАРСТВА ДА НЯМЕЦКІХ ОРДЭНАЎ

Важнейшаю з надворных спраў Літоўска-Беларускага гаспадарства ў гэтыя часы было змаганьне з нямецкімі ордэнамі. З IX, асабліва з X сталецьця, пачынаецца вялікі рух германскага племя на ўсход.

Гэты рух на ўсход найперш прыціснуў заходніх, бальтыцкіх славян, каторыя раней жылі аж да самага Рэйну. Сталецьце за сталецьцем ішоў гэты націск немцаў, і славяне адышлі аж за Эльбу (Лабу). На поўначы Заходняй Эўропы, на берагох Бальтыцкага мора, нямецкі націск быў мацнейшым. Немцы ўсе свае сілы сконцэнтравалі ў гэтым кірунку. Усё гэта зразумела само сабой, калі мы будзем мець на ўвазе значэньне і ў тыя і ў нашыя часы морскага берагу. Над Бальтыцкім морам немцы асабліва напіралі на насельнікаў-тубыльцаў і, ідучы берагам на ўсход, спаткаліся, як мы ведаем, з палякамі і літвінамі. Літвіны пачалі бараніцца ад гэтага ўціску і, каб абарона была мацнейшай, пачалі організоўвацца. Так збудавалася дзяржава. Новай дзяржаве прышлося стрымліваць нямецкі націск. Пачалася цяжкая барацьба, каторая цягнулася праз сталецьці. Ужо Мэндаўгу трэба было бараніцца; ён бараніўся, як мог, — дзе мечам, дзе хітрасьцю. Тое самае рабіў і Гэдымін. Часта, ня маючы магчымасьці ўзяць верх над немцамі сілаю мяча, ён зьвяртаўся і да другіх спосабаў. Так, напрыклад, адзін раз ён прасіў у рымскага папы заступніцтва ад мечаносцаў. Папа, скарыстаўшы гэтае здарэньне, прапанаваў Гэдыміну прыняць вадохрышча па заходнім абрадзе. Гэдымін з пробы Мэндаўга ўжо даведаўся, што каталіцтва ня можа абараніць Літву і Беларусь ад крыжацкага ўціску. Наадварот, літоўская ўлада за ранейшы час магла пераканацца, што каталіцтва якраз было тэю сьцежкаю, катораю ішлі політычныя жаданьні немцаў. Гэдымін рэзка адхіліў пропозыцыю папы. Як кажа паданьне, ён адказаў паслонцом папы так: «Калі я меў намеры калі-небудзь хрысьціцца, то няхай мяне сам чорт хрысьціць. Пэўна, я казаў, як і напісана ў грамаце, што буду паважаць папу, як бацьку, але я гэта сказаў дзеля таго, што папа старэйшы ад мяне. Усіх старых я паважаю, як бацькоў, таварышаў люблю, як братоў, а малодшых ад мяне люблю, як сыноў. На самай справе я гаварыў, што дазволю хрысьціянам маліцца па звычаі іх веры, русінам — па іх звычаі, палякам — па іх. Саміж мы будзем маліцца богу па нашым звычаі, бо ўсе мы вызнаём аднаго бога». Барацьба з крыжакамі пры Гэдыміне йшла з пераменным шчасьцем. Некалькі раз літвінам удавалася браць над імі верх, але, наогул кажучы, Літва і Беларусь былі слабейшыя. Крыжакі мелі ўжо агнястрэльную зброю, якой яшчэ ня ведалі ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве. У барацьбе з крыжакамі загіб і сам Гэдымін. Пад 1341 годам у адным з рускіх летапісаў гаворыцца, што Гэдымін загінуў пры абароне аднэй літоўскай крэпасьці, паранены крыжацкаю куляю.

У часы Альгэрда і Кэйстута амаль што ня ўвесь цяжар барацьбы з немцамі ляжаў на Кэйстуце, каторы быў кіраўніком заходняй палавіны гаспадарства. Барацьба йшла без перарыву. Немцы замест вялікіх паходаў робяць паходы дробныя, але затое частыя. Такія паходы яны завуць рэйзамі. Кожны дзень, кожную гадзіну павінны літвіны чакаць неспадзяванага ворага. Якія-небудзь 100 ці 200 крыжакоў, а часам і менш, добра ўзброеныя, на добрых конях урываюцца раптам у сумежныя з ордэнскімі літоўскія землі, паляць гарады і вёскі, хаты і гумны, б'юць жыхароў альбо бяруць у палон. Разам з людзьмі гоняць яны ў свае межы быдла і цягнуць маёмасьць. Часам у адзін год было па некалькі такіх рэйзаў. За 30 год князяваньня Альгэрда, згодна нямецкім летапісам, лічыцца каля сотні такіх паходаў збоку немцаў і трыццаці паходаў збоку Літоўска-Беларускага гаспадарства. Крыжакі мелі звычай рабіць больш дробныя рэйзы, але затое часьцей.

Каб спыніць ворага і ня даць яму магчымасьці ўвайсьці на сваю тэрыторыю, і немцы, і Літва на межах муруюць моцныя замкі і руйнуюць пабудованыя замкі адны другіх. Наймацнейшым з літоўскіх замкаў таго часу быў замак ў Коўне. Многа раз падступаліся немцы да замку, многа раз прагнуліся ўзяць яго, але замак, вымураваны з каменьняў і цэглы чужаземнымі і мясцовымі майстрамі, стаяў нярухомы і бараніў межы Літвы. Кожны раз выпускаў ён з-за сваіх муроў узброеныя сілы літвінаў на помсту немцам за іх бязупынныя рэйзы на Літву. Толькі сабраўшы вялікія ўзброеныя сілы і запрасіўшы на дапамогу суседніх і чужаземных рыцараў, немцы забралі, урэшце, гэты грозны, стойкі замак, ці, лепш кажучы, яго руіны, бо літвіны толькі тады перасталі яго абараняць, калі ён быў зусім ужо зруйнованы. Але і пасьля гэтага нямецкія рыцары ня доўга панавалі тут. Прашоў год, прашоў другі, і літвіны зноў, недалёка ад руін, з вялікаю стараннасьцю і мастацтвам пабудавалі новы замак, каторы быў ня менш моцны ад старога. Крыжакі зруйнавалі і гэты замак, але ён зноў быў адноўлены, і немцы больш не маглі зніштожыць яго. На гэтым прыкладзе мы бачым, з якою творчасьцю, зацятасьцю вялася барацьба з абодвых бакоў.

Не заўсёды так добра і пасьпешна йшла барацьба. Калі распачыналіся хатнія спрэчкі, Літоўска-Беларускае гаспадарства ня толькі не рабіла наступаў на крыжакоў, але само замешвала іх у свае дамовыя справы. Так рабілі, напрыклад, Кэйстут і Ягайла, каторыя зьвярталіся да крыжакоў, шукаючы іх дапамогі ў барацьбе за вялікакняжацкі пасад. Крыжакі ахвотна адклікаліся на гэтыя прызывы і ўмешваліся ў жыцьцё Літвы, добра разумеючы, што гэтым яны аслабляюць моц шкадлівага для іх суседняга гаспадарства. Але спрэчкі праходзілі, Літва і Беларусь зноў браліся за зброю, каб змагацца са сваім упартым ворагам.

Змаганьне з немцамі было, паміж іншым, аднэй з прычын дынастычнага злучэння Літоўска-Беларускага гаспадарства з каралеўствам польскім у 1386 годзе. І трэба згадзіцца з тым, што гэтае злучэньне было надта шкадлівым для нямецкіх ордэнаў. У 1410 годзе літоўска-беларускі гаспадар Вітаўт, разам з польскім каралём Ягайлам, даў немцам рашучую бітву пад Танэнбэргам ці Грунвальдам у Прусіі. Ордэнскае войска складалася з 80 тысяч, войскі саюзьнікаў — з 150 тысяч. Лічэбная перавага арміі была на старане Літоўска-Беларускага гаспадарства. Затое крыжацкае войска было лепш узброена і організована; яно мела нават артылерыю, якой ня было ў літоўцаў, беларусаў і палякоў. У бітве прымаў удзел і вялікі лік беларускага войска. Апроч Вітаўта, Ягайлы і магістра Тэўтонскага ордэну тут быў добра вядомы чэскі рыцар Жыжка, будучы нацыянальны чэскі правадыр і дзеяч часу гусыцкіх войн. Бойка пачалася раніцою 15 чэрвеня. Літоўска-беларускія войскі былі пастаўлены на правым фланзе. Доўга біліся і ніяк ня мог выявіцца рэзультат бою. Толькі пад вечар дзякуючы моцнаму націску на ворага беларускіх смаленскіх палкоў немцы пачалі бегчы і масамі кідаць поле бою. Страты з нямецкага боку былі не малыя: рыцараў было збіта каля 30 тысяч, са зброяю ў руках загінуў і сам магістар ордэну. Само сабою разумеецца, што радасьць ад перамогі была вялікая. З гэтай бітвы пачынаецца відны пералом у бесьперарыўным змаганьні Літоўска-Беларускага гаспадарства з нямецкімі ордэнамі. Сілы немцаў пачынаюць усё слабець. У 1466 годзе нават канчаецца зусім незалежнае існаваньне Тэўтонскага ордэну, каторы пачаў раскідацца. Вялікі магістар ордэну, пабачыўшы, што няма магчымасьці далей існаваць, павінен быў прызнаць сябе васалам польскага караля і літоўска-беларускага гаспадара Казімера IV.

ВУНІЯ ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАГА ГАСПАДАРСТВА З ПОЛЬШЧАЙ 1386 г.

Па сьмерці Альгэрда ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве пачынаецца бязладзьдзе. У свае часы Альгэрд быў жанаты два разы: першы раз на Марыі Віцебскай, другі раз — на Ульляне Цьверскай. Ад тэй і другой жонкі засталіся сыны. Паміж гэтымі дзьвюма галінамі Альгэрдавага роду яшчэ пры жыцьці Альгэрда йшло суперніцтва. Пасаду вялікага князя Літвы і Беларусі заняў Ягайла, старэйшы з сыноў Альгэрда ад другой жонкі Ўльляны Цьверскай. Тым, што Ягайла, ня будучы самым старэйшым, заняў пасаду гаспадара, былі нездаволены яго старэйшыя браты, сыны першай жонкі Альгэрда, Марыі Віцебскай. Яны, ня хочучы падацца Ягайле, зьвярнуліся за дапамогаю да Масквы, дзе ў гэты час быў вялікім князем вядомы нам Зьмітры Данскі.

Што датычыць да Кэйстута, малодшага Альгэрдавага брата, то ён, з аднаго боку, шануючы ідэю еднасьці гаспадарства і, з другога боку, лічачы патрэбным падтрымліваць ідэю законнасьці волі памёршага вялікага князя Альгэрда, каторы назначыў сваім наступнікам Ягайлу, ня выходзіў з паслушэнства свайму пляменьніку, каторага прызнаў формальна вялікім князем. Каб падтрымаць яго парушаны аўторытэт і даць другім князём прыклад паслушэнства вялікаму князю, ён нават у паложаны час езьдзіў у Вільню да Ягайлы на пасяджэньне вялікакняжацкай рады, як і раней езьдзіў у раду да свайго старэйшага брата Альгэрда.

Аднак-жа гэтыя добрыя адносіны паміж Ягайлам і Кэйстутам хутка перарваліся з віны Ягайлы. Ягайла вельмі баяўся аўторытэту і популярнасьці свайго дзядзькі і, скарыстаўшы дробнае здарэньне, пачаў з ім барацьбу. Два разы зьвяртаўся да крыжакоў Ягайла, каб з іх дапамогаю перамагчы Кэйстута і зрабіць яго бясьпечным для сябе. Узяўся за зброю і Кэйстут. Ня гледзячы на дапамогу крыжакоў, Ягайла быў разьбіты. Каб забясьпечыць сябе ад суперніцтва Кэйстута, ён пашоў на вераломную хітрасьць. Адзін раз ён запрасіў Кэйстута з сынам яго Вітаўтам у свой абоз, быццам для таго, каб абгаварыць з імі ўмовы для паляпшэньня далейшых адносін. Кэйстут з сынам не зразумелі сапраўднай падкладкі гэтага запрашэньня і паехалі. Як толькі яны зьявіліся на месца спатканьня, бяз войска і бяз зброі, неспадзявана іх схапілі, закавалі ў моцныя ланцугі, патаемна завезьлі ў Крэва (Ашмянскі павет у Віленшчыне) і там пасадзілі ў замчышчы ў турму. Сюды Ягайла падаслаў людзей, каторыя задушылі вельмі популярнага старога Кэйстута, а верную жонку яго Біруту ўтапілі ў замкавым рове. Вітаўту неяк пашанцавала ўцячы з турмы. Паданьне кажа, што ўцёк ён з палону, апрануўшыся ў жаноцкую вопратку, каторую даставіла яму яго жонка Ганна.

Такім способам, мы бачым, што Ягайла меў многа ворагаў сярод сваіх родных і стрэчных братоў. Апроч таго, імя яго было вельмі непопулярна ў шырокіх масах. Зразумела, што яму неадкладна трэба было шукаць апоры для сваёй улады дзесь за межамі Літоўска-Беларускага гаспадарства.

У гэты самы час і ў суседняй Польшчы ў 1382 годзе памёр польскі кароль Людовік, каторы адначасна быў і вэнгерскім каралём. Мужчын каралеўскага роду не засталося, спадчыну прынялі яго жонка Катарына і дзьве дачкі — Марыля і Ядвіга. Фамілія караля хацела пасадзіць на пасад старэйшую дачку Марылю, которая ў гэты час была ўжо жонкаю Зыгмунда, маркграпа Брандэнбурскага. Людовік яшчэ пры сваім жыцьці пажаніў іх і па згодзе з польскімі магнатамі аставіў у спадчыну Зыгмунду польскі каралеўскі пасад. Зьвязак польскага пасаду з моцным Брандэнбургам ужо даўно не падабаўся польскаму вышэйшаму панству, бо, дзякуючы гэтаму зьвязку, кароль мог аперціся ў асобных выпадках на Брандэнбург і трымаць сябе даволі незалежна ад паноў, каторыя хацелі ўзяць яго ў свае рукі. Зразумела, што і цяпер паны не згаджаліся абраць на пасад Зыгмунда, які быў небясьпечны для іх з гэтага боку. Дзеля ўсяго гэтага ўжо два гады цягнулася бескаралеўе, каторае ўносіла бязладзьдзе ў жыцьцё Польскага гаспадарства. Трэба было выйсьці з такога палажэньня. І вось у 1384 годзе паміж фаміліяй памёршага караля і польскімі панамі была зроблена згода. Маці-каралева пасьля доўгіх перагавораў згадзілася аддаць на польскі пасад малодшую дачку Ядвігу, 13 год. Было зразумела, што Ядвіга не магла сама кіраваць гаспадарствам, тым больш, што Польшчы, як і Літве, цяжка прыходзілася ад крыжакоў. Трэба было знайсьці такога чалавека для Ядвігі, каторы быў-бы ня столькі прыемным для яе, колькі карысным для Польшчы. Ягайла, літоўска-беларускі гаспадар, якраз надаваўся для гэтай мэты: перш ад усяго, Літве пагражаў экономічна і політычна той самы вораг, што і Польшчы, апроч таго, хатнія спрэчкі ў Літве за ўладу рабілі Ягайлу больш згаворлівым з польскімі панамі. Апроч гэтых думак экономічнага і надворна-політычнага кірунку польскія паны трымаліся і сваіх клясавых інтарэсаў. Яны былі перакананы ў тым, што Ягайла ў падзяку ім за сваё абраньне пашырыць правы і прывілеі. Духавенства таксама спадзявалася, што шлюб Ядвігі з Ягайлам пашырыць і рэлігійна-політычны ўплыў на Літву і павялічыць іх даходы новаю дзесяцінаю, якую яны атрымаюць з хрышчонай Літвы. І тыя і другія не абмыліліся.

Ягайла ў 1385 годзе атрымаў з Польшчы пропозыцыю наконт шлюбу з Ядвігаю і злучэньня з Польшчаю. З якою ахвотаю ён адгукнуўся на гэтую пропозыцыю, відаць з тых абавязкаў, якія налажыў ён на сябе і на сваё гаспадарства. На нарадзе польскіх паслоў у Крэве ён абавязаўся прыняць каталіцкую веру з сваімі братамі, сваякамі, народам літоўскім, знатным і простым, даваць грошы свайго гаспадарства на патрэбы Польшчы, дапамагчы Польшчы атрымаць паўднёвыя адабраныя тэрыторыі, заплаціць адступнага 200.000 флёрынаў быўшаму жаніху Ядвігі прынцу Вільгэльму Аўстрыйскаму і на вечны час прылучыць Літоўска-Беларскае гаспадарства да кароны Польскай. Польшча за ўсё гэта абяцала Літве і Беларусі дапамогу ў барацьбе з крыжакамі.

На зьезьдзе ў Ваўкавыску ў 1386 годзе былі ўхвалены такія ўмовы злучэньня Польшчы з Літоўска-Беларускім гаспадарствам: кароль і вялікі князь у злучаных дзяржавах павінен быць адзін; спачатку гэтая асоба ёсьць Ягайла, потым — просты патомак яго і Ядвігі; надворныя зносіны ў справах, датычных абедзьвюх дзяржаў, а таксама і абарона тэрыторыі робяцца супольна. Хатняе кіраваньне ў кожным гаспадарстве асобнае: і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве і ў Польшчы — асобныя войскі, асобны скарб і асобныя ўрады. Апроч таго, як было ўжо сказана вышэй, Ягайла меў абавязак прыняць каталіцтва і шырыць яго паміж літвінаў. Беларускаму насяленьню была застаўлена свабода належаць да ўсходня-хрысьціянскай веры.

Так адбылася першая вунія Літоўска-Беларускай дзяржавы з Дольшчай. Гэтая вунія залежала ня толькі ад надворных прычын, але і ад прычын хатніх. Злучэньнем з Польшчай літоўска-беларускі ўрад жадаў ня толькі здабыць дапамогу ў барацьбе з суседзямі, але і ўзмацніць палажэньне вялікакняжацкай улады ў маладым гаспадарстве.

Вунія 1386 году разглядалася да нашага часу толькі як вунія дынастычна-пэрсональная. Лічылася, што два гаспадарствы злучыліся адно з другім толькі праз асобу агульнага для абедзьвюх дзяржаў монарха і яго наступнікаў-патомкаў; лічылася, што вунія не мяняла юрыдычнага грунту другіх бакоў дзяржаўнага і грамадзянскага жыцьця. Такі погляд нельга прызнаць правільным. Трэба адзначыць, што юрыдычна, паводле тэксту дагавору, вунія 1386 году была больш, чым дынастычна-пэрсональнаю. Яна была як-бы інкорпорацыяй дзяржавы Літоўска-Беларускай у каралеўства Польскае. Юрыдычна літоўска-беларускія землі на вечныя часы прылучаліся да кароны Польскай. Паводле тэксту дагавору, з 1386 году як-бы зусім прыпынялася незалежнае існаваньне вялікага княства, і яно рабілася разам з Польшчаю адным політычным, дзяржаўным організмам. Недарма пасьля вуніі ўсе літоўска-беларускія князі павінны былі прыняць прысягу на вернасьць кароне Польскай, і літоўска-беларускія баяры-каталікі атрымалі такія самыя правы, якія былі ў польскіх паноў.

Так стаяла справа з юрыдычнага боку. Але фактычна далёка не заўсёды бывае тое, што пішацца ў юрыдычных актах. Так было і тут. Вунія была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці. Праўда, ужо адчыняецца шлях для політычнага польскага і рэлігійнага каталіцкага ўплыву, але фундаментальнай зьмены жыцьця ўраз ня будзе. Літва і Беларусь доўга яшчэ, аж да другой паловы XVI сталецьця, будуць жыць сваім асабістым жыцьцём, баронячыся ад пачаўшагася ўплыву. Кірунак жыцьця пасьля вуніі 1386 году застаецца той самы, які быў і да гэтага году. Пэрыод Літоўска-Беларускай дзяржавы ў гісторыі Беларусі не перарываецца.

Калі мы паглядзім на далейшае дзяржаўна-політычнае жыцьцё Літвы і Беларусі, то пабачым, што самастойнасьць Літоўска-Беларускага гаспадарства пасьля 1386 году фактычна ня была згублена. За прыкладам далёка йсьці ня трэба, даволі пазнаёміцца па якім-колечы падручніку з кіраваньнем Вітаўта, каторы быў асобным вялікім князем Літвы і Беларусі (1392—1430), ня гледзячы на ўмовы вуніі. Кіраваў ён зусім незалежна ад Ягайлы, караля польскага. І толькі інтрыгі збоку Польшчы не далі яму магчымасьці каранавацца і зрабіцца літоўска-беларускім каралём. Нямецкі імпэратар паслаў карону Вітаўту, але гэтая карона да яго не дашла. Летапіс так апісвае гэтую падзею: «І ляхове, ня жычыўшы кароны Літве, карону ад іх (паслоў імпэратара) тую адабраўшы і расьсекшы яе на полы, прыложылі ко коруне біскупа кракоўскага, каторая і цяпер пры замку ў касьцёле сьв. Станіслава ёсьць».

І ў далейшыя часы мы бачым, што Літва і Беларусь маюць часта сваіх асобных вялікіх князёў, што ідзе супроць вуніі 1386 году. Ніжэйпаданая сынхроністычная табліца дасьць патрэбныя для нас прыклады.

Як можна бачыць з гэтай табліцы, толькі паступова і з цягам часу Літоўска-Беларускае вялікае княства губіць сваіх асобных гаспадароў. Гэта паказвае, што вунія 1386 году толькі адчыніла шырэй дарогу для

Літва і Беларусь Польшча
Вітаўт 1392—1430.
Сьвідрыгайла 1430—1432.
Ягайла-Уладыслаў II
1386—1434.
Зыгмунд 1432—1440. Уладыслаў III 1434—1444.
Казімер I у Літве і Беларусі 1440—1492, да 1447 асобны ад Польшчы літ.-бел. гаспадар. Казімір IV ў Польшчы 1447—1492.
Аляксандар 1492—1506, да 1501 асобны ад Польшчы гаспадар. Ян-Альбрэхт 1492—1501.
Аляксандар — 1501—1505.
Зыгмунд II (у Літве і Беларусі) Стары 1505—1548. Зыгмунд I (у Польшчы) Стары 1506—1548.
Зыгмунд III (у Літве і Беларусі) Аўгуст 1548—1572. Зыгмунд II (у Польшчы) Аўгуст 1548—1572.

польскага політычнага, культурнага і соцыяльнага ўплыву. Потым трэба адзначыць, што тыя асобы, каторыя былі літоўска-беларускімі гаспадарамі і разам з тым польскімі каралямі ў першыя часы пасьля ўтварэньня вуніі, лічылі сябе больш літоўска-беларускімі гаспадарамі, чым польскімі каралямі. Інтарэсы і жыцьцё Літвы і Беларусі больш цікавілі, чым справы і жыцьцё Польшчы. Гэты факт робіцца тым больш зразумелым, калі прыняць пад увагу палажэньне караля ў Польшчы, дзе паны і ўзмацняючыся шляхта ўжо пачалі забіраць і потым забралі караля ў свае рукі. Літоўска-беларускі настрой польскіх каралёў у першыя часы гіасьля вуніі можна бачыць, напрыклад, у такім юрыдычным дакуманце, як «Земскія Прывілеі» Казімера I (у Польшчы IV), аб каторых будзе слова далей. Толькі пад канец пэрыоду, калі пад польскім уплывам і пад уплывам другіх прычын умовы жыцьця зьмяніліся, агульныя дзяржаўцы Літвы, Беларусі і Польшчы пачалі ставіць інтарэсы Польшчы вышэй інтарэсаў Літвы і Беларусі, а сябе лічыць больш каралямі польскімі, чым гаспадарамі літоўска-беларускімі. Такім гаспадаром быў, напрыклад, Зыгмунд III (у Польшчы II) Аўгуст, апошні прадстаўнік выміраўшага Ягайлавага дому.

Што жыцьцё Літоўска-Беларускага гаспадарства пасьля 1386 году ў асновах сваіх не перамянілася, відаць яшчэ з таго, што акты вуніі паміж дзяржавамі ўсё пішуцца і пішуцца ў далейшыя гады. Навошта гэта было-б рабіць, калі-б усё было зроблена раней. Паўтарэньне актаў голасна гаворыць аб тым, што яны ня маюць моцы ў жыцьці. Калі-б акт 1386 году быў рэальным, моцным, то само сабою зразумела, што ня прышлося-б пытаньне аб вуніі падымаць на далейшых зьездах больш, чым дзесяць раз. З гістарычных дакумантаў мы ведаем, што гэтае пытаньне падымалася зноў у наступныя гады: 1401, 1413, 1447, 1451, 1453, 1501, 1503, 1564, 1566 і 1567. Як мы бачым з гэтага пералічэньня гадоў, пытаньне аб вуніі асабліва падкрэсьліваецца і вымагаецца жыцьцём у 60-я годы XVI сталецьця. Пасьпелі якіясь прычыны, каторыя патрабавалі поўнай, рэальнай вуніі. Галоўнейшай з гэтых прычын быў той польскі соцыяльны і політычны ўплыў, якому былі адчынены дзьверы на Літву і Беларусь актам 1386 году. Апроч таго, на вунію з Польшчай гоніць Літву і Беларусь яшчэ адна важная прычына, гэта — імперыялістычны націск з усходу, збоку Маскоўскага гаспадарства. Гэты націск робіцца асабліва моцным якраз у 60-я годы XVI сталецьця, калі ў Маскве разьвіваецца тэрор апрычніны. Ратуючыся ад тэрору Івана IV Грознага, літоўска-беларускае панства падпісала ўрэшце апошні раз вунію з Польшчай. Гэтая вунія скончыла незалежнае самабытнае існаваньне Літоўска-Беларускага гаспадарства, каторае ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай.

АДНОСІНЫ ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ ДА ГАСПАДАРСТВА МАСКОЎСКАГА

Літоўска-Беларуская дзяржава з самага пачатку свайго існаваньня ўзяла на сябе заданьне сабраць у адзін політычны організм заходнюю частку рускіх славян. У XIII і ў першай палавіне XIV сталецьця яна была ў гэтых адносінах адзінаю і ня мела ў справе зьбіраньня суперніка. Горад за горадам, тэрыторыя за тэрыторыяй уходзілі ў склад заходня-рускага гаспадарства. З другой палавіны XIV сталецьця ў дзяржавы-зьбіральніцы зьявіўся супернік. Гэта было Маскоўскае гаспадарства, каторае пачало хутка расьці і рабіць зьбіраньне ўсходняй часьці рускіх славян. І тая, і другая дзяржавы, групуючы вакола сябе гарады і пашыраючы свае тэрыторыі, урэшце спаткаліся межамі ў канцы XIV сталецьця. З гэтага часу і пачнецца суперніцтва паміж зацікаўленымі ў тэрыторыях зьбірацелямі, Літвой і Беларусьсю, з аднаго боку, і Масквою — з другога боку.

Пачалося змаганьне паміж дзяржавамі за ўплыў на невялікае тады Цьверскае княства, якое мела літоўскую і маскоўскую партыі. Кожная з іх зьвярталася за дапамогаю паводлуг сваіх сымпатый. Войскі Альгэрда, гаспадара літоўска-беларускага, два разы біліся з войскамі вядомага нам з рускай гісторыі маскоўскага вялікага князя Зьмітра Донскага. У першы раз Літва з Беларусьсю згуртавалі вялікую сілу і ўзяў верх Альгэрд. У другі раз Масква справілася сабраць большае войска і ўзяла верх над Літвою. Літва і Беларусь, занятыя якраз у гэты час змаганьнем з нямецкімі ордэнамі, прыпынілі пакуль што свой наступны рух на ўсход. Пасьля перагавораў зроблена была згода паміж супернікамі. У адзнаку і для замацаваньня згоды Альгэрд аддаў сваю дачку замуж за стрэчнага брата Зьмітра, Уладзімера Андрэевіча.

Прашло крыху часу, і згода ў часы Вітаўта зноў прыпынілася. Завязалася барацьба з Масквою з-за Ноўгараду і Смаленску. На гэты раз Літве папсавалі ўсю справу татары. Яны ўзялі верх над Літвою і Беларусьсю на берагох ракі Ворсклы і не далі Вітаўту магчымасьці пашырыць межы свайго гаспадарства далёка на ўсход. Усё-ж такі і Ноўгарад і Смаленск павінны былі прызнаць сваю залежнасьць ад Вітаўта.

У 1396 годзе Вітаўт і Васіль І Маскоўскі, зьехаўшыся на ўзаемную нараду ў Смаленску, устанавілі граніцы Літоўска-Беларускага і Маскоўскага гаспадарства па сумежнай рэчцы Угры. Для ўзмацненьня згоды дачка Вітаўта Настасія была выдадзена замуж за Васіля I. У гэты час Літоўска-Беларуская дзяржава ўключае ў свой склад вялікі абшар заходнярускіх зямель. Палажыўшы ўсходнюю мяжу гэтае дзяржавы на карту, напрыклад, быўшай Расійскай імпэрыі дарэвалюцыйнага часу, мы бачым, што ў склад падуладных Вітаўту зямель уходзяць такія губэрні: Віленская, Горадзенская, Ковенская, Сувальская, Падольская, Валынская, Менская, Магілеўская, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, Чарнігаўская, Кацярынаслаўская, Херсонская, Арлоўская, часткаю Калуская і Тульская. Літоўска-Беларуская дзяржава пашырылася далёка на ўсход; яе мяжа даходзіла аж да сучаснага нам Мажайску, за 107 вёрст ад Масквы.

Масква гэтага часу ня мае яшчэ сілы. Вырасшы з невялічкага ўдзельнага княства, яна крок за крокам выбіваецца на першае месца сярод асобных удзельных княстваў. Хоць татары разьбіты на Кулікавым полі (1380 г.), але яшчэ іх улада цяжкім каменем ляжыць на маладым маскоўскім самаўладзтве. Толькі пачынаючы з палавіны XV сталецьця ўмовы жыцьця Масквы як гаспадарства хіляцца ў лепшы бок. Ідзе хуткае разлажэньне татарскага ханства. Замест аднае Залатой Гарды мы бачым некалькі гордаў, каторыя змагаюцца паміж сабою і ўзаемна аслабляюць адна другую. 1480 год прыносіць Маскоўскаму гаспадарству вызваленьне ад татарскай няволі. Усе дробныя ўдзельныя княствы ўжо страцілі свою незалежнасьць і ўвашлі ў склад Маскоўскага гаспадарства. Вырасшы з невялічкага ўдзелу-вотчыны, Маскоўская дзяржава гэтую ідэю і організацыю вотчыны зьберагае і ў далейшы час. Маскоўскі дзяржавец кіруе ў сваёй вялікай дзяржаве так, як некалі яго продкі кіравалі ў сваім удзеле-вотчыне. Ён нават лічыць, што ўсе землі рускіх славян ёсьць яго вотчына. «Вся Русская земля божиею волею из старины наша вотчина». Маскоўскі князь ужо забыўся, што «из старины» яго вотчынаю быў невялічкі маскоўскі ўдзел. І пэўна, справа тут ня ў старасьветчыне, а ў моцы. Маскоўскі гаспадар мае цяпер вялікую моц, і, апіраючыся на яе, ён лічыць сябе прадстаўніком і ўласьнікам усяе Русі. Стары тытул вялікага князя маскоўскага ўжо не здавольвае, і ён прымае тытул вялікага князя, гаспадара маскоўскага і «всея Руси». З новаю сілаю падымаецца суперніцтва паміж заходнім літоўска-беларускім і ўсходнім маскоўскім гаспадарамі «Русі». Змаганьне за «вотчыну» цягнецца блізка 150 год. Бацькаўшчына наша руйнуецца, палі зарастаюць лесам, прасякаюць крывёю дзеля імпэрыялістычных мэт Маскоўскага гаспадарства.

У 1492 годзе, калі Літоўска-Беларускім гаспадаром быў абраны Аляксандар Ягайлавіч, Іван III Маскоўскі, карыстаючыся з разладу паміж Літвою і Польшчай, пачаў вайну за сваю беларускую «вотчыну», якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі. На дапамогу сабе ён паклікаў татарскага крымскага хана Мэнглі-Гірэя, для каторага Беларусь хоць і ня была вотчынаю, але была месцам добрай спажывы. Пачаўся пагром нашае бацькаўшчыны з паўдня і ўсходу. Асабліва быў зруйнован Рагачоў: каштоўнасьці паграбавалі, горад спалілі, жыхароў пацягнулі ў няволю ў Маскву і ў Крым. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было прасіць згоды. Згоду зрабілі, аддаўшы Яну III[18] горад Мсьціслаў. З граматы відна, што абодва гаспадары абяцаюцца дапамагаць і шанаваць адзін другога. Аляксандр Літоўска-Беларускі ў сваёй грамаце піша: «А хто мне вораг, то і яму (маскоўскаму гаспадару) вораг. А хто будзе яму друг, то і мне друг, хто будзе яму вораг, то і мне вораг». Каб згоду, утвораную з Маскоўскім гаспадарствам, зрабіць пэўнаю і моцнаю, Аляксандр заслаў сваіх сватоў да Іванавай дачкі Галены, з каторай потым і ажаніўся. Але і гэтая брачная сувязь не зрабіла згоды моцнаю.

Праходзіць нейкі час, і ў аднэй з сваіх грамат Аляксандр не назваў Івана III гаспадаром усяе Русі. Тады, абураны парушэньнем сваіх імперыялістычных праў, маскоўскі самаўладца Іван III прыслаў Аляксандру «складную грамату», абвяшчаючы яму вайну. І прыпыненая вайна пачалася ў 1500 годзе з новаю сілаю. Каманду над Літоўска-беларускім войскам меў князь Канстантын Астроскі. У чэрвені адбылася страшэнная бойка недалёка каля гораду Дарагабужу. Маскоўскім войскам тады камандваў добры знаўца ваеннай справы Даніла Холмскі. Каля 8 тысяч народу палажылі свае галовы ў гэтай бойцы. Літоўска-беларускія войскі былі разьбіты, кінуліся на ўцёкі, а ваявода князь Астроскі папаў у маскоўскі палон.

Яшчэ на працягу трох доўгіх гадоў маскоўскія войскі руйнуюць беларускую тэрыторыю. Удзень неба чарнее дымам, а ўноч цемра палае чырвоным агнём пажараў. Рэчкаю льлецца чалавечая кроў, нішчыцца сабраная працаю маемасьць. Скора маскоўскае войска пачало галадаваць у краі, каторы само зьнішчыла і зруйнавала, і распачаліся самі сабою перагаворы аб згодзе. У 1503 годзе замірэньне ўрэшце было падпісана. Масква атрымала Гомель і некалькі мест у Рагачоўскім павеце. У час гэтага замірэньня ў 1506-м годзе памерлі і цесьць, і зяць.

Пасьля іх сьмерці гаспадаравалі на Літве і Беларусі брат Аляксандр Зыгмунд II (Стары), а ў Маскве — Васіль III, сын Івана III. Яны зноў пачалі барацьбу, скарыстаўшы дробнае здарэньне. У 1508 годзе перабег з Літвы ў Маскву воража настроены да Зыгмунда князь Глінскі. Літоўска-беларускі гаспадар увесь час быў нездаволены тым, што Масква прыняла ўцекача. Глінскі з свайго боку падбіваў маскоўскага гаспадара на вайну з Літвою. Зноў маскоўскія войскі ўварваліся на Беларусь. Зыгмунд, даведаўшыся аб гэтым, сабраў вялікае, моцнае войска і вышаў ім на спатканьне. Перамогу атрымаў Зыгмунд і пачаў гнаць няпрыяцеля на ўсход. Васіль III, бачачы, што ён прайграў справу, павінен быў прасіць згоды. Абедзьве стараны падпісалі «вечны мір». Маскоўскі гаспадар павінен быў прыпыніць свой наступ на ўсход і вызваліць з палону князя Астроскага і другіх ваеннапалоньнікаў.

«Вечнасьць» утворанай згоды цягнулася вельмі нядоўга, усяго толькі пяць год. У 1513 годзе зноў разгарэўся пажар імпэрыялістычнай вайны. Маскоўская армія ўвашла на тэрыторыю Беларусі. Адбываюцца адна за другою вялікія бойкі пад Смаленскам і Воршаю. Пад Воршаю ўжо вядомы нам гэтман Астроскі атрымаў над маскоўскім войскам дзьве пабеды, ня гледзячы на тое, што яго армія была меншаю ад маскоўскай у два разы. Ад Воршы ён гнаў маскоўскае войска аж да Дарагабужу. Трыццаць тысяч трупаў беларусаў, літвінаў і маскоўцаў заслалі ўсю гэтую дарогу. Змаганьне бязупынна ідзе і далей. Перамога перакідваецца то на тую, то на другую старану, пакуль яна зусім не пяройдзе на старану Масквы. Такія гарады, як Полацак, Мсьціслаў, Магілеў, Ворша, Рагачоў, Гомель, Віцебск, Смаленск і інш., руйнуюцца па некалькі раз. Мы ўжо і ня лічым, які страшэнны лік вёсак, невялічкіх мястэчак быў зруйнован за часы гэтага змаганьня. Усё тое, што зрабіла многавяковая праца народных нізоў, гібне ў часы імперыялістычнага змаганьня. Зямля зарастае частым лесам. Людзі бадзяюцца па лясох, хаваючыся там ад забойства і рабаваньня. Прыпыняецца народная творчасьць. Насельнікі краю, бачачы, што барацьбе няма канца-краю, кідаюць сваю родную зямлю і бягуць на Украіну. А барацьба ўсё ідзе. Войны аднаўляюцца ў 1516, 1518, 1519, 1534 і 1536 гадох. І тая і другая старана, змучаныя змаганьнем, робяць зноў згоду, каторая цягнецца толькі 25 год. Пры Іване IV Грозным у 1561 годзе зноў пачынаецца так званая Лівонская вайна, каторая таксама адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імпэрыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсьць іх «вотчына».

КУЛЬТУРНАЯ ПРАЦА

Ня гледзячы на тое, што край з году ў год руйнаваўся, што нішчылася і матэрыяльная і інтэлектуальная культура, усё ж такі ў гэты час мы бачым разьвітак, і дужа шырокі, беларускай культуры. Ваяўніцкі гвалт і ўціск ня можа прыпыніць моцнага культурнага руху. Культура пэрыоду Літоўска-Беларускай дзяржавы носіць выразна беларускі кірунак і робіцца ў беларускай мове. Наша мова ў гэты час ёсьць ня толькі мова ўраду, але і мова вышэйшых і ніжэйшых станаў грамадзянства. Хоць шлях для польскай культуры і мовы шырока адчынен вуніяю 1386 году, тым ня менш польскі ўплыў ня можа пакуль што змагацца з самабытнаю ўзрос-шаю беларускаю культураю. Архівы захоўваюць да нашага часу вялікую моц памятак беларускай культуры гэтага пэрыоду.

З гэтых памятак асабліва цікавы для нас юрыдычныя дакуманты, каторыя сьведчаць аб высокасьці культуры беларускіх кіруючых станаў. Мы тут назавем некаторыя з такіх дакумантаў.

Пры Казімеры I Ягайлавічы ў 1457 годзе была выдадзена грамата, вядомая пад назваю «Земскія прывілеі Казімера». Гэты акт датычыць жыцьця ўсіх зямель гаспадарства, ён напамінае нам па сваім зьмесьце ангельскі акт XIII сталецьця, вялікую карту вольнасьцяй. Тут забясьпечваюцца правы як асобы, так і маемасьці князёў, баяр, служылай шляхты і нават мяшчан. На падставе прывілей ніхто з іх ня можа быць пакараны толькі па тайным ці яўным даносе або па падазрэньні; раней справу павінен разгледзець суд. Кожны нясе адказнасьць толькі за свае віны; жонка, напрыклад, не караецца за праступства свайго чалавека, бацька — за праступства сына і г. д. Кожны мае права вольнага выйсьця за граніцу гаспадарства. Для служылай шляхты былі забясьпечаны правы ўладаньня і распараджэньня іх вотчыннымі маёнткамі. Сяляне, судзячы па прывілеях, ужо ня ёсьць вольны стан дзяржавы, як гэта было раней; правы над імі пана пашыраны. У зьвязку з гэтым яны высвабаджаюцца ад беспасрэдных фінансава-матэрыяльных дзяржаўных абавязкаў, апроч рамонту дарог і мастоў; паміж імі і дзяржавай становіцца пан, якога толькі і ведае дзяржава як юрыдычную асобу. Абавязкі паложаны і на гаспадара дзяржавы; вялікі князь, напрыклад, ня мае права памяншаць меж Літоўска-Беларускага гаспадарства. Наадварот, ён павінен усімі сіламі прагнуцца пашыраць межы яго (гл. артыкул 14). Апроч таго, цікавы яшчэ 15 артыкул прывілеяў. На грунце гэтага артыкулу забараняецца людзям чужых народнасьцяй займаць урадавыя пасады ў гаспадарстве і купляць зямлю. «У тых зямлях нашых, таго вялікага княства, зямель, гарадоў, мест, а з каторых кольвек урадоў, і дзедзіцтва ўдзержаньня, або дастойнасьцей, не маетсі даваті жаднаму чужаземцу, але толькі тубыльцом тых зямель маем даваці мы і патомкі нашыя». Гэтыя пункты, наложаныя на вялікага князя, маюць на ўвазе той факт, што гаспадар літоўска-беларускі ёсьць разам з тым і кароль польскі. Яны аберагаюць Літву і Беларусь ад політычных і экономічных жаданьняў Польшчы. Прывілеі, выдадзеныя Казімерам I, ляглі як грунт констытуцыі гаспадарства. Вялікі князь Аляксандар, наступнік Казімера, у 1492 годзе ўпісаў абавязкі, наложаныя на гаспадара, у сваю констытуцыйную карту. Далейшыя гаспадары гэтыя свае абавязкі пацьвярджалі. Прымаючы пад увагу ўвесь зьмест вышэйпаданага юрыдычнага акту, мы павінны адзначыць, што характар улады гаспадара літоўска-беларускага быў не падобен на характар улады дзяржаўца Маскоўскага гаспадарства, дзе ў гэты час вырастала і ўзмацнялася тое самаўладзтва, якое ня прымала на сябе аніякіх юрыдычных абавязкаў і ня лічылася з правамі станаў гаспадарства.

Праз 11 год (1468) Казімер Ягайлавіч выдае другі дзяржаўны акт, таксама ў беларускай мове, вядомы пад назваю статуту або судзебніку. Гэты статут мае практычную мэту — даць дзяржаўным судзьдзям як-бы падручнік для судатварэньня. Да гэтага часу Беларусь ня мела аднаго агульнага кодэксу, і гэта шкодзіла справе суду ў гаспадарстве. Суд па асобных абласьцях тварыўся на аснове вуснага звычаёвага права, каторае складалася з мясцовых звычаяў, прыгавораў больш популярных, вядомых судзьдзяў, і далёка не заўсёды гэтыя матэрыялы былі запісаны. Адсюль вынікалі як непаразуменьні, так надужыцьці[19] ў судовых справах. Парадзіўшыся на сойме ў Вільні з панамі і князямі, Казімер выдаў вышэйпаказаны кодэкс для ўсяго гаспадарства. Поўным, зусім дагаджаючым усяму складу жыцьця, гэтага кодэксу прызнаць немагчыма. Ён амаль што выключна сабраў у свой зьмест нормы ўгалоўнага права, у якіх адчувалася найвастрэйшая патрэба. Найбольш апрацаваны артыкул аб забойстве і зладзействах. Хоць і мала, але ўсё ж такі ёсьць у статуце Казімера артыкулы, датычаныя і гражданскага і грамадзянскага права[20]. Так, напрыклад, тут зачэплены пытаньні аб судох копных[21], мяжовых спрэчках паміж суседзьмі, аб утрыманьні ў добрым стане шляхоў, мастоў, аб абароне лесу і г. д. Цікава адзначыць, што ўжо ў той, далёкі ад нас час літоўска-беларускі ўрад зразумеў усю карысьць зьездаў судных, на якіх магчыма выявіць паўней, яўней заблытаныя і непаразуменныя судовыя пытаньні. Судзебнік Казімера ўспамінае аб зьездных судох. Трэба таксама адзначыць, што кодэкс 1468 году і ў тэрмінолёгіі і ў зьмесьце многіх артыкулаў вельмі падобны да старарускага зборніка «Рускай Праўды». Гэтыя старарускія традыцыі ў зборніку літоўска-беларускім зьберагліся нават больш, чым у зборніках Маскоўскай дзяржавы. Першы пасьля Рускай Праўды зборнік у Маскве зьявіўся ў часы Івана III, калі з ростам гаспадарства, зложанага з размаітых зямель, вырасла патрэба і ў аднолькавых законах. Іван III дапаручыў працу над кодэксам дзяку Гусеву. Калі кодыфікацыя была зроблена, Іван з баярскаю Думаю разгледзелі працу і зацьвердзілі яе ў 1497 годзе. Гэта нам дакладна даводзіць, што першы зборнік у Літоўска-Беларускім гаспадарстве вышаў раней зборніку ў Маскоўскім гаспадарстве на 29 год. Маскоўскае законадаўства гэтага часу падлягло ўплыву мангольскіх звычаяў, што значна зацямняе старарускую традыцыю старажытнай Рускай Праўды. Што датычыць да поўнасьці зборнікаў, то і зборнік маскоўскі таксама немагчыма прызнаць дакладным і поўным. У яго зьмест уходзяць амаль што выключна формы судатворства і артыкулы аб судовых пошлінах.

Праз другую палавіну XV сталецьця і першую чвэрць XVI сталецьця статут Казімера перарабляецца, дапаўняецца новымі граматамі і пастановамі, пакуль не вырастае ў вялікі, поўны кодэкс законаў Літоўска-Беларускай дзяржавы. Як такі, ён вядомы пад назваю «Статут Вялікага Княства Літоўскага». Першы раз ён быў выдадзен у 1529 годзе ў часы кіраваньня Зыгмунда II Казімеравіча Старога. Тут беларускае права як угалоўнае, так і гражданскае знашло сваё поўнае выражэньне. Ёсьць тры рэдакцыі Літоўскага Статуту. Першая, самая поўная, выдана ў 1529 годзе. Дзьве другія рэдакцыі выданы ў 1566 і 1588 гадох. Закрапіўшы ў сваім зьмесьце старажытныя рускія асновы права, статуты, аднак-жа, не маглі не адзначыць і новых форм жыцьця, бо і формы чалавечага жыцьця, як і факты, маюць сваю эволюцыю. Першы статут, як ранейшы, дае нам права ў найменш закранутым эволюцыяй выглядзе. Што датычыць другога і трэцяга статуту, то перамены жыцьця і польскі ўплыў ужо налажылі на іх зьмест сваю пячатку. Зьберагаючы ў сваім зьмесьце старыя формы ўгалоўнага і гражданскага права, яны адзначаюць ужо новыя формы права; адзначаюць і новы соцыяльны строй польскага пэрыоду беларускай гісторыі, увесь прасякнуты панскімі, шляхоцкімі поглядамі і тэндэнцыямі.

Ня гледзячы на тое, што трэцяя рэдакцыя статуту была выдана пасьля Люблінскай вуніі, калі Літва і Беларусь страцілі сваю політычную і культурную незалежнасьць, Літоўскі Статут ува ўсіх трох рэдакцыях надрукован у беларускай мове, которая была ў той час ня «мужыцкай» мовай нашага часу, а мовай культурнай і дзяржаўнай. Што гэта так, можна бачыць з ніжэйпаданага выпісу з статуту: «Пісар земскі маеть поруску, літерамі і словы рускімі ўсе лісты, выпісы і позвы пісаті, а не іншым языком і словы». Калі вышэйпаданы артыкул аб мове парушаўся, то беларуская шляхта протэставала. Так было ў 1576-м годзе, калі кароль Стэфан Баторы выклікаў да сябе Браслаўскую шляхту позваю, напісанаю папольску («Акты Зап. России» т. III. стр. 187).

Аб высокасьці культуры Літоўска-Беларускай дзяржавы сьведчыць і вялікі разьвітак беларускага друку. Мы ведаем, што калі Заходняя Эўропа перажыла малакультурныя часы сярэдніх вякоў і пачала сваю новую гістарычную працу, то першай справай абуджанае культуры было адкрыцьце друку, а друк адкрыў для культуры шлях у шырокія колы грамадзянства. У 1455 годзе Ян Гутэнбэрг у Нюрнбэрзе надрукаваў Біблію. Толькі праз 28 год зьявілася ў Кракаве (1483 г.) першая друкованая беларуская кніга Цьветная Трыодзь, а праз 8 год (1492 г.) таксама ў Кракаве зьявілася яшчэ другая кніга Актоіх. Друкованая беларуская Біблія зьявілася ў 1517 годзе. Раней за яе вышлі з друку толькі гутэнбэргаўская Біблія (1455 г.) і чэская Біблія (1488 г.). Што датычыць да Масквы, то там першая друкованая славянская кніга, Апостал, зьявілася толькі ў 1573-м годзе, на 90 год пазьней ад першай друкованай беларускай кнігі. Вельмі рана зьяўляюцца і беларускія друкарні. У Кракаве беларуская друкарня пачала друкаваць у 1483 годзе, польская — на 22 гады пазьней, у 1505 годзе; у Вільні беларуская друкарня існуе з 1525 году, а польская — з 1576 году, на 51 год пазьней. У Маскве друкарня пачала працаваць з 1563 году, на 80 год пазьней за беларускую друкарню. Да ўсіх гэтых лічбаў нам ня трэба нічога дадаваць, бо яны гавораць самі за сябе.

Беларуская друкарская справа зьвязана з імем першага беларускага друкара Францішка-Юрыя Скарыны. Ён быў родам, як сам казаў, «з слаўнага гораду Полацку», з багатай гандлярскай фаміліі. У 1506 г. ён скончыў Кракаўскі універсытэт па філёзофскім факультэце. Не здаволіўшыся гэтай адукацыяй, Скарына паехаў у Заходнюю Эўропу, дзе таксама скончыў адзін з унівэрсытэтаў, але ўжо па мэдыцынскім факультэце, атрымаўшы ступень доктара. На нейкі час ён затрымаўся ў Празе і тут пачаў сваю працу па перакладзе на беларускую мову і па выданьні кніг. Каля 1525 году доктар Скарына перабраўся ў Вільню, дзе займаўся тэю самаю працаю. Скарына ўжо ў той час зразумеў, што лацінская мова, а таксама і стара-царкоўнаславянская мова ня могуць здаволіць шырокіх кол грамадзянства. Адчувалася ўжо патрэба ў кнігах, якія былі б напісаны ў простай, штодзённай размоўнай мове. Ось Скарына і прыняўся за пераклад кніг сьвятога пісаньня і кніг набажэнства на сучасную яму беларускую мову, каб гэтыя кнігі былі даступны ня толькі вучоным, але і простым людзям. Свае выданьні ён ахвяраваў «людзям простым, паспалітым». Скарынаю былі ператлумачаны і выданы Біблія, Канонік і Псалтыр. Апроч каштоўнасьці працы Скарыны збоку культурнага трэба адзначыць каштоўнасьць гэтай працы і збоку хараства. Усе кнігі выданы вельмі прыгожа. Шрыфт яго выданьняў не падобен на другія шрыфты яго часу. Ясна, што шрыфт быў зроблен па малюнку самога Скарыны, які даглядаў ня толькі за тым, каб літара была лёгкая, але за тым, каб яна здавольвала чытача і збоку хараства. Вялікія літары ў кнігах Скарыны ўсе прыгожыя, усе штучна ўбраны. Тут ёсьць і галінкі, і лісьці, і кветкі, і зьвяры. Ёсьць тут і гэрб роду друкара: сонца і поўмаладзік, злучаныя разам. На Бібліі намалёван і портрэт Скарыны. Друкар сядзіць за сталом і піша; з левага боку ад яго згруджаны фоліянты і кнігі; над галавою намалёваны фамільныя гэрбы тых мэцэнатаў, якія рабілі матэрыяльную і моральную дапамогу яго працы; з правага боку на зямлі стаіць плецены кошык, падобны да якога і цяпер можна спаткаць у вёсцы на Беларусі.

Пісьменства ў беларускай мове асабліва пашырылася з палавіны XV сталецьця. Праўда, дзе-ні-дзе ўжо пачалі вучыцца лацінскай і польскай мовам, але ў масе вышэйшыя і сярэднія станы гаспадарства — паны, шляхта і мяшчане пішуць, чытаюць і гавораць амаль што выключна толькі ў беларускай мове. У грамадзянства існуе вялікае запатрабаваньне на беларускую кнігу. Каб здаволіць гэтую кніжную патрэбу, існуе шмат друкарань. Друкарні раскідаліся па ўсёй Беларусі, па вялікіх і малых гарадох. Мы можам назваць друкарні ў такіх гарадох, як Вільня, Полацак, Менск, Магілеў, Несьвіж, Любча, Заслаў, Слуцак, Пінск, Заблудава, Супрасьль, Еўе і г. д. Кніжная праца йдзе жвавым крокам.

У пачатку XVI сталецьця на Захадзе вынік рэформацыйны рух. Хутка ён перакінуўся і на Беларусь. На Беларусі пачалі пашырацца лютаранства, кальвінізм, антытрынітарства, арыянства, соцыянізм і другія рэлігійныя рэформацкія сэкцыі. Рух рэформацыі абудзіў і тут, як на Захадзе, культурна-нацыянальныя пытаньні. Яны падняліся як у нас, так і ў Польшчы. У Польшчы зьявіўся гурток так званых рэформістых, каторыя, паміж іншым, паднялі пытаньне аб нацыянальнай царкве з набажэнствам у польскай мове. З такіх рэформістых мы павінны назваць, напр., Маджаеўскага і Асалінскага. У Беларусі ідэі рэформізму праводзілі ў жыцьцё Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Цяпінскі ператлумачыў на беларускую мову Эвангэльле. У прадмове да свайго Эвангельля ён бядуе аб тым, што некаторыя з беларусаў «у польскія школы або ў іншыя сябе і дзеці свае без встыду заправуюць». Трэба ўсё ж такі адзначыць, што і ў Польшчы, і ў Беларусі рэформацыя не зрабілася нацыянальнай справай, як, напрыклад, у немцаў, швайцарцаў і другіх народаў. У нас ня было беларускіх Лютараў і Кальвінаў. Ня спусьцілася рэформацыя ў Беларусі ў народныя нізы, не абурыла соцыяльных пытаньняў і не дала, як у Нямеччыне, абаронцы мужычых праў Тамаша Мюнцэра. Рэформацыя стала як-бы рэлігійнай фрондай. Знатныя фаміліі прымалі лютаранства і кальвінізм як нешта новае, цікавае. Асабліва пашырыўся кальвінізм. Такія, напрыклад, беларускія арыстократычныя фаміліі, як Радзівілы, Зяновічы, Валовічы, Кішкі, Глябовічы, Слушкі і др., сталі хутка кальвіністымі. За імі цягнулася шляхта і мяшчане. Але ўсё гэта ня было грунгрунтоўнай, важнай справай, каторая захоплівае інтарэсы працоўных мас і параджае там соцыяльны протэст. Як толькі настала потым рэакцыя і пачаўся моцны польска-каталіцкі ўплыў, усе гэтыя протэстанты, кальвіністыя і г. д. зрабіліся пакорнымі сынамі каталіцкай царквы і падданымі шляхецка-панскай улады.

СОЦЫЯЛЬНЫ СКЛАД ГРАМАДЗЯНСТВА

Насяленьне Полаччыны складала наогул дзьве соцыяльныя групы. З аднаго боку стаяла група заможнейшых лепшых людзей, каторыя былі прадстаўнікамі гандлёвага, прамысловага і зямельнага капіталу. З другога боку стаяла група меншых, «подлых» людзей, прадстаўнікоў працы, што эксплёатавалася капіталам. Пэўна, што гэтыя дзьве групы насельнікаў Полаччыны ня былі яшчэ выразна адзначанымі клясамі і злучаліся паміж сабрй пераходнымі соцыяльнымі групамі. Усё-ж такі трэба адзначыць, што ў аснове кожнай з гэтых абедзьвюх груп было як-бы нейкае ядро. Што датычыць да валасных князёў, то яны з сваімі дружынамі стаялі асобна ад гэтых соцыяльных груп і ў залежнасьці ад умоў жыцьця станавіліся на старану тэй ці іншай групы. Зразумела, што Беларусь не магла застанавіцца на гэтых формах экономічнага і соцыяльнага жыцьця. Ідзе новая формацыя грамадзянскіх груп-клясаў пад уплывам экономічна-політычнага разьвіцьця гаспадарства і пад уплывам, праўда, пакуль што яшчэ невялікім, суседкі Польшчы.

Гаспадарству на працягу ўсяго другога пэрыоду прыходзілася нясьці добра організованыя войны на два фронты. Гэтыя войны, каторыя дзяржаве трэба было вясьці раней з нямецкімі заходнімі ордэнамі, потым са ўсходнім суседам сопернікам, Маскоўскім гаспадарствам, павялічылі лік і важнасьць князя і яго дружыны. Дружына князя ўсё расьце і расьце, князь апіраецца на яе і робіцца ўсё больш і больш незалежным ад веча. Раней дружыньнікі за сваю службу даставалі як пэнсыю, частку здабычы ці проста частку тых налогаў, якія браў князь за суд і за абарону гандлю. Паступова ўводзіцца звычай аплачваць службу дружыньнікаў зямлёю. Дружыньнікі, атрымаўшыя за сваю службу, як пэнсыю, зямлю, асядаюць на месцы і робяцца зямляўласьнікамі, раней дробнымі, а з цягам часу ўсё больш і больш вялікімі. Гэты факт збліжае іх, як соцыяльную групу, з лепшымі людзьмі Полацкага пэрыоду. Баяры, служылы элемэнт лепшых людзей Полаччыны, таксама пачынаюць гуртавацца з быўшымі дружыньнікамі. Будуецца, такім спосабам, агульны служылы стан, каторы паступова ўбярэ ў свой склад амаль што ня ўсіх лепшых людзей. Сюды не ўвашлі толькі прадстаўнікі гандлёвага і прамысловага капіталу, каторыя злажылі потым асобную клясу, будучую буржуазію. З ростам вялікага княства ўдзельныя, валасныя князі павінны былі згубіць свае княжацкія правы і таксама ўвайсьці ў служылы стан, складаючы яго вышэйшы слой.

У служылы стан увашла ў пачатку пэрыоду частка і меншых людзей. Гэта былі тыя вясковыя вольныя земляробы, каторым прыходзілася несьці вайсковую службу ці ў князя, ці ў баяр. З усіх гэтых непадобных элемэнтаў склалася ў працягу Літоўска-Беларускага пэрыоду вялікая служылая кляса, асноўным капіталам якое зьяўлялася зямля. Прадстаўнікі гэтае клясы ў першай палавіне пэрыоду называліся баярамі і зямянамі. У Полацкай Русі назву баярына (балярын, болій, большы) мелі толькі вярхі вышэйшае клясы, але з цягам часу, перашоўшы ў Літоўска-Беларускае гаспадарства, гэты тытул панізіўся, і пад баярынам пачалі разумець нават дробнага служылага чалавека. У другой палавіне пэрыоду для служылае клясы атрымаў пашырэньне тэрмін «шляхта», «шляхэцтва», прышоўшы на Беларусь з Польшчы. У пазьнейшыя часы гэтая назва выціснула ўсе другія ранейшыя назвы. Верхнюю часьць шляхэцкае клясы складалі магнаты, ці паны. Яны адрозьніваліся ад звычайных рыцараў-шляхціцаў багацтвам і ўдзелам у Радзе, каторая знаходзіцца пры літоўска-беларускім гаспадары. Як паны Рады, яны падсудны не провінцыяльнай адміністрацыі, а гаспадарскаму суду.

Служылая кляса, шляхта, паступова набывала ўсё большыя і большыя правы. Вялікія князі, літоўска-беларускія гаспадары, пачынаючы ўжо з Ягайлы, павінны былі даваць шляхэцтву ў пачатку дробныя, а потым усё большыя і большыя правы-прывілеі. Найраней гэтая кляса выдзеліла з свайго складу так званую «раду паноў», каторая абмежавала гаспадара, маючы права контролю над яго дзейнасьцю. У палавіне XV сталецьця шляхта атрымала вызваленьне ад усялякіх дзяржаўных падаткаў, апроч тых, на якія яна сама згодзіцца. З гэтага часу сіла шляхты як клясы пачынае хутка расьці.

Гаспадары, калі яны мелі патрэбу ў грошах (а гэтую патрэбу яны мелі на кожным кроку), павінны былі склікаць прадстаўнікоў шляхты і ад іх атрымліваць згоду на аблажэньне шляхты падаткамі. Адсюль і пачаліся зьезды, ці соймы, шляхты, на каторых абгаворваліся раней толькі экономічныя, а потым і політычныя пытаньні. Стан, каторы захапіў у свае рукі ўладу, прагнуўся як мага монополізаваць свае правы і адгарадзіць сябе ад другіх станаў. Польскі ўплыў, каторы ўжо пачаўся ў гэты час, яшчэ больш узмацняў шляхту. Фэўдалізм, каторы прышоў праз Польшчу з Захаду, прынёс ёй правы заходняга рыцарства. Гэтыя «вольныя, добрыя і хрысьціянскія правы, як у каруне Польскай», несьлі злую няволю другім станам гаспадарства, асабліва сялянам.

Горад Полацкай Русі быў экономічным і політычным цэнтрам, да якога цягнула вёска. Гарадзское веча мела ўплыў на жыцьцё прылеглых да яго тэрыторый. Калі пачалі гуртавацца станы Літоўска-Беларускага гаспадарства, часьць лепшых людзей гораду ўвашла ў склад шляхэцкага стану. У мяшчанскім стане засталіся гандляры, рамесьнікі, чорнарабочыя і рольнікі прыгароднага раёну. Вёска пачала аддзяляцца ад гораду, а горад ад вёскі. Горад заняўся будоўляй не агульнаваласнога жыцьця, а свайго мясцовага. Усё гэта зрабілася дзякуючы пашырэнню на Беларусі нямецкага Майдэборскага права, каторае прышло сюды з Нямеччыны праз Польшчу. Вечы, асабліва ў першыя часы, яшчэ зьбіраюцца, але яны гавораць усё менш і менш да воласьці. Іх цікавіць амаль што выключна жыцьцё гораду. Толькі на поўдні гаспадарства доўга трымаецца старажытны вечавы звычай. Тут веча зьбірае на свае сходы ня толькі жыхароў гораду, але і жыхароў акругі, вясковае сялянства. Тут доўга яшчэ захоўваецца мяшчанска-сялянскае самакіраваньне; старшыні, абраныя вечам, зьбіраюць дань, раскладаюць паміж усімі жыхарамі воласьці абавязковыя работы і чыняць суд па ўсіх справах. Але і на поўдні з цягам часу ў гарадох пачынаюць уводзіцца новыя парадкі і звычаі, абапёртыя на нормах Майдэборскага права.

Сутнасьць яго была такая: гаспадар выдаваў гораду грамату, катораю забясьпечваліся за мяшчанскую грамадою правы суду над жыхарамі места, вольнасьць гандлю і гандлёвых збораў. За атрыманыя правы горад павінен быў плаціць гаспадару ўмоўленыя налогі. Літоўска-беларускім гаспадаром, каторыя заўжды мелі брак у грошах, было карысна выдаваць такія граматы. З другога боку, набываць Майдэборскае права было карысна і для гарадоў. Яны, дзякуючы граматам, вызваляліся ад часта нежаданага ўплыву на жыцьцё гораду ўрадовых провінцыяльных прадстаўнікоў і іх уціску. Часта на падставе грамат гораду давалася ня толькі права суду, але права самакіраваньня. Горад адгароджваўся ад вёскі, мяшчане выдзяляліся ад служылай шляхты і ад сялянства, гуртуючыся ў асобную соцыяльную клясу, у васобны стан. Гандляры разьбіваліся на гільдыі ці на сотні, рамесьнікі — на цэхі, і горад пачынаў жыць добра вядомым нам жыцьцём заходняга гораду. Недарма гэтае права называлася нямецкім. Гарады ня мелі прадстаўніцтва на соймах шляхты і не маглі, такім спосабам, рабіць уплыў на законадаўства дзяржавы.

Вольнае вясковае сялянства Полацкай Русі таксама ў гэты пэрыод павінна было перажыць некаторыя перамены. Яшчэ і раней адчувала яно на сабе цяжкую руку капіталістага-зямляўласьніка, пападаючы ў экономічную ад яго залежнасьць. Гэтая залежнасьць з цягам часу мацнела, і вольны селянін губіў сваю волю. Потым, калі формаваўся служылы стан, гаспадары давалі прадстаўніком яго замест пэнсыі зямлю, каторая была аброблена і засеяна сялянамі. Селянін у такім выпадку ўжо ня быў юрыдычным, а толькі фактычным уласьнікам свайго кавалку зямлі, бо права юрыдычнай уласнасьці адходзіла да служылага чалавека. На гэтага юрыдычнага гаспадара селянін ужо павінен быў рабіць асабістыя аплаты і выпаўняць павіннасьці. Яны ня былі цяжкімі ў старажытныя часы. Юрыдычны ўласьнік баяўся, што юрыдычна вольны селянін пяройдзе на зямлю другога ўласьніка ці на незанятую зусім, ратуючыся ад цяжкасьці жыцьця. З першай палавіны XV сталецьця ўжо пачынаецца юрыдычны ўціск над вольным селянінам. Служылая кляса і праўдамі і няпраўдамі пачынае змагацца з правам селяніна на вольны выхад. Гэтае змаганьне прывяло да таго, што лік вольных сялян усё зьмяншаецца; селянін усё мацней і мацней прывязваецца да зямлі, на каторай працуе. Прывязаўшы селяніна да зямлі, служылы шляхціц ужо не баіцца, што ад цяжкасьці павіннасьці ён пераменіць месца працы. А гэтая сьмеласьць разьвязвае шляхціцу рукі і ўзмацняе яго клясавы апэтыт на працу паднявольнага селяніна. Адным словам, у гэты пэрыод гісторыі Беларусі закладаецца грунт для будучай мужыцкай няволі і прыгону. Косьці служылага шляхціца ўсё бялеюць і бялеюць, а мужычая косць пачынае чарнець, каб даць у будучы пэрыод прадстаўнікоў двух парод людзей: белай і чорнай косьці. Сялянства дзеліцца на прыватнаўласьніцкіх мужыкоў і гаспадарскіх. Першыя з іх сядзяць на панскіх і шляхэцкіх землях, другія — на землях гаспадара. Па сваіх абавязках яны дзеляцца на групы. Цяглыя людзі адбывалі паншчыну і плацілі аброк. Дворныя людзі адбывалі службу пры панскім ці гаспадарскім двары; тут былі канюхі, сьвінары, бортнікі, рыбаловы, стральцы, псары, смаляры, садоўнікі, шаўцы, краўцы і г. д. Прыватнаўласьніцкія сяляне па сваіх правох паступова дзяліліся на «пахожых» і «непахожых» людзей[22]. «Пахожыя» людзі яшчэ маюць права перайсьці ад аднаго зямляўласьніка да другога. «Непахожыя» ўжо згубілі гэтае права. Лік першых паступова зьмяншаецца, лік другіх паступова расьце. «Непахожыя» людзі, каторыя нясьлі паншчыну, былі зусім падлеглы зямляўласьніку: ён меў права на ўласнасьць і працу свайго «непахожага», паншчыннага селяніна.

ПОЛІТЫЧНЫ ЎКЛАД ГАСПАДАРСТВА І ЦАРКВА

У той час, як у Маскоўскім гаспадарстве разьвівалася незнаёмае дагэтуль у рускіх тэрыторыях самаўладзства, Літоўска-Беларускае гаспадарства разьвівала далей політычную традыцыю Полацкай Русі, на аснове якой улада князя была абмяжована вечам. Гаспадар Літвы і Беларусі фактычна быў абмяжован, з аднаго боку, панамі, з другога боку, у адносінах да асобных тэрыторый,— мясцовымі прывілеямі. Вялікі князь, літоўска-беларускі гаспадар, абіраецца шляхэцкім станам Літвы і Беларусі. Ня гледзячы на вуніі, Польшча ня мае ўплыву на гэтыя выбары. Так былі абраны вялікія князі Вітаўт, Сьвідрыгайла; пасьля забойства Зыгманда Кэйстутавіча, пастаўленага Польшчаю, быў абраны Казімер, потым Аляксандар, Зыгмунд I і Зыгмунд II Аўгуст. Найгалоўнейшым абавязкам літоўска-беларускага гаспадара была абарона цэласьці тэрыторыі гаспадарства. Ён стаіць на чале збройных сіл краю, ад яго імя выдаюцца законадаўчыя акты і ўтвараецца суд. Ён вядзе дыплёматычныя зносіны з суседзьмі, абвяшчае вайну і згоду; ён назначае на ўрады, раздае і кіруе дзяржаўнымі маёнткамі. Гарады знаходзяцца пад яго асабістаю апекаю і па яго прывілею атрымоўваюць Майдэборскае права.

Пры гаспадары знаходзіцца гаспадарская рада паноў. Рада вядзе свой пачатак з старажытных часоў, калі яна існавала пры ўсякім удзельным князі. Рада мае права дарадчае. Раней сябры гаспадарскай рады назначаліся гаспадаром па яго ўласным выбары. З цягам часу звычай устанавіў склад рады. У пачатку XVI сталецьця рада складаецца з каталіцкіх біскупаў, вышэйшых, цэнтральных ураднікаў, ваявод і стараст. Раней у склад рады ўводзіліся выключна каталікі, але спачатку XVI сталецьця мы сярод паноў рады знаходзім ужо і праваслаўных. Паступова значэньне і моц рады раслі, і яна, замест дарадчай установы пры вялікім князі, зрабілася дзяржаўнаю ўстановаю, якая ўжо юрыдычна абмяжоўвала ўладу гаспадара. На аснове прывілеяў, выдадзеных гаспадарамі ў 1492 і 1506 годзе, рада мае такія правы. Дыплёматычныя зносіны вядуцца гаспадаром толькі пасьля абгавору ў радзе. Бяз рады гаспадар ня мае права выдаваць законы і пастановы агульнага характару; ня мае права раздаваць і аднімаць урады, расходваць самастойна дзяржаўныя даходы і г. д. Хутка са складу рады выдзелілася невялікая частка самых заможных і радавітых паноў, каторая зрабілася заўжды прысутнаю пры гаспадары ўстановаю, у той час, як уся рада зьбіралася толькі некалькі раз у год і разьбірала толькі выдатнейшыя справы.

Ужо з самага пачатку XV сталецьця (1401 г.) побач з радаю зьяўляецца другая ўстанова — Вальны Сойм26. Ён зьбіраецца толькі ў важнейшых выпадках, як, напрыклад, выбары гаспадара і абгаворваньне вуніі з Польшчаю. У пачатку сойм складаецца з усіх паноў (у тым ліку паноў рады) і шляхціцаў пагалоўна. Труднасьць сабраць такі сойм прывяла да патрэбы зрабіць яго прадстаўнічаю ўстановаю. Ужо ў 1512 годзе быў выдадзен гаспадарскі загад, каб перад Вальным Соймам зьбіраліся павятовыя соймікі з усіх паноў і шляхціцаў павету. На гэтых сойміках абіраюцца два прадстаўнікі ад кожнага павету. Апроч выбраных ад павету, маглі зьявіцца на сойм з пастаноўчым голасам больш вядомыя паны і шляхціцы павету па асабістым запрашэньні вялікага князя. Склад Вальнага Сойму канчаткова вызначыўся толькі к пачатку другой палавіны XVI сталецьця. Ён складаецца з гаспадарчай рады, каторую па польскім звычаі часам называюць Сэнатам, і з павятовых паслоў дэпутатаў, каторыя складаюць Пасольскую Ізбу. Пашыраецца і компэнтэнцыя сойму, каторы бярэ сабе правы Гаспадарскай Рады. Гэты факт сьведчыць аб тым, што вырастае значэньне і моц сярэдняга і дробнага зямлеўласьніцтва, шляхецтва, каторае пачынае ўжо змагацца за ўладу з вялікімі зямляўласьнікамі, магнатамі-панамі.

Што да цэнтральнай адміністрацыі, то на чале яе стаялі тры ўраднікі, каторыя паступова выдзеліліся з ураднікаў палацу. Першым з іх ёсьць канцлер, каторы трымае дзяржаўную пячатку і загадвае цэнтральнай дзяржаўнай канцылярыяй. За ім ідзе гэтман, каторы камандуе ў часе вайны арміяй, калі на чале яе не стаіць сам гаспадар. Загадчык дзяржаўнага скарбу насіў назву падскарбія земскага. Гэтыя тры вышэйшыя ўраднікі падлягалі беспасрэдна самаму вялікаму князю. Апроч іх пры асобе гаспадара знаходзіўся рад прыдворных ураднікаў. У ранейшыя часы яны нясьлі рэальныя абавязкі і іх было мала. З цягам часу лік іх значна павялічыўся і рэальнасьць іх абавязкаў адпала. Гэта былі проста пачэсныя ўрады. Да прыдворных урадаў належалі — маршалак дворны, чашнік, краўчы, стольнік, канюшы, мечнік і г. д.

Гаспадарства дзялілася на ваяводзтвы — Віленскае, Троцкае, Кіеўскае, Полацкае, Віцебскае і Смаленскае, староствы — Жмудзкае і Валынскае. На чале ваяводзтва і староства стаялі ваяводы і староствы, каторыя назначаліся на свае пасады гаспадаром дажывотна[23]. Ваяводзтвы і староствы дзяліліся на паветы, на чале каторых стаялі дзяржаўцы.

Праваслаўе перашло ў Літоўска-Беларускую дзяржаву з Полацкай Русі. Іерархічна яно было зьвязана з Кіеўскім мітрополітам. У XIV сталецьці Кіеўскі мітрополіт пераехаў на жыцьцё ў Маскву і зрабіўся такім спосабам Маскоўскім мітрополітам. Але яму на падставе традыцыі падлягала і праваслаўная царква Літоўска-Беларускай дзяржавы. Зразумела, што з гэтым не магла згадзіцца політычная ўлада гаспадарства. Самастойнае політычнае гаспадарства патрабавала самастойнасьці і ў царкоўных адносінах. У пачатку XV сталецьця па пропозыцыі Вітаўта зьбіраецца сабор епіскапаў і выбіраюць мітрополітам Грыгора Цамблака. Масква вельмі была абурана гэтым фактам і пастаралася зрабіць уплыў на Царградзкага патрыарха, каб ён адмовіўся зацьвердзіць Грыгора. Але Грыгор астаўся мітрополітам, і потым мы спатыкаем яго на Констанцкім саборы як прадстаўніка праваслаўнай літоўска-беларускай царквы. З гэтага часу мы бачым, што іерархічная сувязь Літоўска-Беларускай мітрополіі з Маскоўскай мітрополіяй то парываецца, то зноў аднаўляецца, залежна ад таго, удаецца ці не ўдаецца гаспадару Літвы і Беларусі мець свайго мітрополіта. Так цягнулася да 1589 году, калі Маскоўскаму гаспадарству ўдалося пабіць суперніка ўстанаўленьнем патрыархату ў Маскве, чым юрыдычна зноў праваслаўная царква Літвы і Беларусі была пастаўлена ў іерархічнае падданства Маскве. Як процівага гэтаму ў 1596 годзе ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве вынікла і аформілася царкоўная вунія з панствам. Каталіцтва зьявілася ў гаспадарстве з часоў формальнага аб'яднаньня з Польшчаю ў 1386 годзе. Раней яно зьявілася ў Літве, потым перашло і на Беларусь. Іерархічна яно залежала ад папы і кіравалася Віленскім біскупам. На Беларусі значных посьпехаў яно доўга ня мела. Каталіцтва адразу, па дагаворы з Ягайлам, заняло прывілейнае палажэньне. Тым ня менш, дзякуючы таму, што праваслаўных у гаспадарстве было больш, чым каталікоў, гаспадары павінны былі падтрымліваць і праваслаўе. Праваслаўная царква мела сваё права, хоць і меншае ад каталіцкага. Наогул, політыка была даволі верацярплівая.

Трэці пэрыод

[правіць]

ТРЭЦІ ПЕРЫОД ГІСТОРІІ БЕЛАРУСІ

(XVI—XVIII в.)

ЛЮБЛІНСКАЯ ВУНІЯ 1569 ГОДУ

Ня гледзячы на вунію 1386 году, Літва і Беларусь ня зьліліся з Польшчай за час прошлага пэрыоду. Абедзьве дзяржавы захоўвалі сваю палітычную і культурную асобнасць. Ня дарма вуніі і пасьля 1386 году некалькі раз аднаўляюцца юрыдычна. Гэты факт юрыдычных паўтарэньняў сьведчыць аб тым, што кожны з юрыдычных актаў ня меў жыцьцёвай, фактычнай моцы. Але, з другога боку, гэты факт сьведчыць і аб тым, што былі нейкія ўмовы ў жыцьці абедзьвюх дзяржаў, каторыя прымушалі зноў аднаўляць юрыдычныя вуніі. За час супольнага юрыдычнага жыцьця ў Літве і Беларусі стварыліся такія дзяржаўныя, соцыяльныя і культурныя зьявы, каторыя збліжалі гаспадарства з Польшчай. Гэтыя зьявы залежалі як ад паступовага руху ў жыцьці самога гаспадарства, так і ад польскага ўплыву.

Асабліва важнымі для ўтварэньня вуніі былі соцыяльныя прычыны. Справа ў тым, што ў Рэчы Паспалітай шляхта ў гэты час ужо адабрала ад магнатаў іх пераважнае, домінуючае палажэньне ў дзяржаве. Уся ўлада там была ўжо ў руках шляхты. Што датычна да Беларусі і Літвы, то тут магнаты яшчэ ня згубілі свайго старшынства і адціскалі шляхту на другі плян. Зразумела, што гэта парушала інтарэсы і пажаданьні беларускай шляхты. Яна жадала знаходзіцца ў тым самым палажэнні, у якім знаходзілася шляхта ў Польшчы. Сярод літоўска-беларускіх колаў вынікла зусім правільная думка, што атрымаць верх над сваімі магнатамі яны здужаюць куды лягчэй, калі іх гаспадарства ўтворыць рэальную вунію з Польшчай. Пры дапамозе вуніі беларуская шляхта думала зраўняцца ў правох і прывілеях з польскай шляхтай. Што справа абстаяла так, сведчаць факты. Вядома, напрыклад, што яшчэ ў 1562 годзе беларуская шляхта, сабраўшыся пад Віцебскам, утварыла так званую конфэдэрацыю, якая паставіла сабе за мэту, каб дабівацца ўсімі сіламі вуніі з Польшчаю.

Да вуніі вялі і чыста знадворныя абставіны, якія злажыліся ў абодвых гаспадарствах.

Мы ведаем, што, пачынаючы з канца XIV веку, на Літву і Беларусь ідзе націск з усходу, з боку Маскоўскага гаспадарства. Гэты націск пустошыць і руйнуе асабліва беларускія землі. У другой палавіне XVI сталецьця (1558—1582) з перарывамі і пераменным шчасьцем цягнулася так званая Лівонская вайна, пачатая Іванам Грозным. Лівонія, разьбітая маскоўскімі войскамі, аддалася пад абарону Літвы; Іван напусьціў свае войскі на Літоўска-Беларускае гаспадарства. Маскоўская армія больш як у 250 тысяч у 1563 годзе аблажыла і ўзяла горад Полацак. Шмат народу загінула, шмат фурманак з золатам, серабром і дарагімі рэчамі пацягнулася ў Маскву. Шукаючы паратунку ад маскоўскага націску, Літва і Беларусь прымушаны былі думаць аб апоры ў Польшчы.

Польскім каралём і літоўска-беларускім гаспадаром быў у гэты трывожны час Зыгмунд III (II) Аўгуст. Ён быў ужо зусім не маладым і ня мог спадзявацца на патомства. Канчалася такім спосабам старая лінія Ягелонаў, каторая была сувязьзю паміж гаспадарствамі. Польскія політыкі таго часу баяліся, што пасьля сьмерці апошняга караля з роду Ягайлавага Літва і Беларусь, баронячы сваю незалежнасьць, могуць абраць свайго асобнага гаспадара. Трэба было зрабіць больш адпавядаючую часу сувязь паміж гаспадарствамі яшчэ да сьмерці караля, не адкладаючы справы. Зыгмунд таксама згадзіўся з апошнім. Пачаліся перагаворы.

Магнаты Літоўска-Беларускага гаспадарства і кіруючыя колы Польшчы мелі не аднолькавыя думкі аб злучэньні.

Магнаты Літвы і Беларусі лічылі карысным зрабіць такую вунію, каторая б не касавала незалежнасьці і самабытнасьці іх гаспадарства. Паводле іх пляну, кожная з дзяржаў павінна была захаваць свой сойм. Некаторыя з літоўска-беларускіх прадстаўнікоў магнатаў хоць і згаджаліся на агульны для абедзьвюх дзяржаў сойм, але яны хацелі, каб ён зьбіраўся чаргова: адзін раз на тэрыторыі Літвы і Беларусі, другі раз на тэрыторыі Польшчы. Кароль і гаспадар злучанай дзяржавы павінен абірацца і абвяшчацца тэй і другою дзяржавамі асобна. Пасады ў кожнай дзяржаве займаюцца толькі «тубыльцамі», г. зн. ураджэнцамі яе.

Прадстаўнікі Польшчы не згаджаліся з такою пастаноўкаю пытаньня аб вуніі. Яны стаялі за пяршынство Польшчы і за скасаваньне незалежнасці Літвы і Беларусі. На іх погляд сойм у абедзьвюх дзяржавах павінен быць адзін і зьбірацца павінен ён выключна на тэрыторыі Польшчы. Палякі маюць права займаць пасады як у Польшчы, так і ў прылучанай да Польшчы дзяржаве.

Перагаворы зацягваліся. І тая і другая старана апіраліся на падставы, каторыя, на іх погляд, былі правільныя. Літоўска-беларускія магнаты і частка багацейшага шляхецтва ў сваіх пропозыцыях грунтаваліся на тых прывілеях, якія выдаваліся для літоўска-беларускіх зямель гаспадарамі ранейшага часу, каторыя ня згубілі яшчэ сувязі з Літвой і Беларусьсю і адчувалі сябе больш гаспадарамі Літвы і Беларусі, чым каралямі Польшчы. Гэта былі прывілеі Казімера IV, Зыгмунда I, Аляксандра, сутнасьць якіх была ў захаваньні праў Літоўска-Беларускага гаспадарства. Палякі грунтаваліся на граматах і прывілеях апошніх Ягелонаў (Зыгмундаў-Аўгустаў) і на некаторых пунктах ранейшых вуній. Яны рабілі выняткі ў сваю карысьць для паніжэньня і скасаваньня праў Літвы і Беларусі. Пры гэтым яны хваліліся, што ў Польшчы былі каралі, у той час, як у Літве і Беларусі былі толькі вялікія князі, каторыя па тытуле былі ніжэйшымі ад каралёў. Кожная старана цьвёрда стаяла на сваім грунце і перагаворы ня прыводзілі да згоды. Ужо й тады некаторыя з вяльмож заўважылі, што беларуска-літоўскае магнацтва і палякі ніколі дабром ня згодзяцца, што згадзіць усіх іх немагчыма. Зразумела, што тыя і другія чакалі, як павернецца жыцьцё. Ці ня дасьць яно вырашэньня пастаўленаму пытаньню.

Для канчатковага выяўленьня пытаньня аб вуніі быў назначаны агульны зьезд у Любліне на 23 сьнежня 1568 году. Літоўска-беларускія паслы, у ліку якіх шмат было магнатаў, адчуваючы, што абставіны жыцьця рыхтуюцца не на іх карысьць, зьбіраліся памалу і як-бы нехаця. Больш-менш значная большасьць іх сабралася толькі к 10 студзеня 1569 году. Абедзьве стараны стаялі кожны на сваім і не хацелі паступіцца сваімі пропозыцыямі. Літоўска-беларускія магнаты, бачачы, што ніяк не дайсьці да ладу, пачалі адзін за другім разьяжджацца. Тады палякі, апіраючыся на тым, што паўднёва-рускія землі - Палесьсе, Валынь і Падолія - у старадаўнія часы былі далучаны да Літоўска-Беларускага гаспадарства продкамі Ягелонаў, а таксама на тое, што беларуская шляхта гэтых зямель выразна цягнула да Польшчы, прасілі апошняга Ягелона падараваць гэтыя землі Польскай кароне. Зыгмунд так і зрабіў. Даведаўшыся аб гэткай крыўдзе, магнацкая частка паслоў Літвы і Беларусі зноў зьявілася ў Люблін. Яна энэргічна протэставала проці таго, што было зроблена, кажучы, што гаспадар ня мае права прылучаць да польскай тэрыторыі землі, каторыя ад веку ўходзяць у склад Літвы і Беларусі. Палякі не адступаліся ад зробленай імі крыўды. Яны бачылі, што Літва і Беларусь знаходзяцца ў такіх цяжкіх умовах, што ў іх няма магчымасьці аружжам бараніць свае правы, што Літва і Беларусь прымушаны будуць згадзіцца і на такую вунію. Справа ў тым, што Літоўска-Беларускаму гаспадарству на ўсходзе пагражала Масква, на поўдні пагражалі татары і туркі. Зразумела, і Польшча стала-бы ворагам, калі-б з ёю ня было зроблена вуніі. Апроч таго, Польшча бачыла, што беларускія і літоўскія паслы раскалоліся на магнацкую і шляхецкую групы, з каторых апошняя стаяла за ўтварэньне вуніі з Польшчаю.

Калі беларускія паслы-магнаты пераканаліся, што іх справа пройграна, яны пашлі на згоду. Днеўнік Люблінскага сойму апісвае, што паслы-магнаты Хадкевіч, Радзівіл і др. малілі палякаў і свайго апошняга гаспадара з роду Ягелавага, каб яны не рабілі крыўды іх гаспадарству, не паніжалі яго і не адрэзвалі ад яго векавечных яго зямель. Яны з плачам кінуліся на калені перад Зыгмундам, просячы яго ня губіць гаспадарства і не аддаваць яго ў «ляскую няволю». Але кароль і палякі ня выказалі спагады. Іх імпэрыялістычныя апэтыты не маглі не скарыстаць таго цяжкага палажэньня, у якім знаходзілася Літоўска-Беларускае гаспадарства. Зыгмунд загадаў літоўска-беларускім дэпутатам бяз лішніх размоў і прамоў прыняць вунію і прысягнуць Польшчы. Гэтая прысяга на вунію і адбылася 1-га ліпеня 1569 году.

Па Люблінскай вуніі Літва і Беларусь злучаюцца з Польшчай у адно цэлае, у адзін дзяржаўны організм. Новая непадзельная дзяржава называецца Рэч Паспалітая, іначай кажучы — Рэспубліка. Два злучаныя гаспадарствы маюць аднаго гаспадара, каторы носіць тытул «кароль польскі і вялікі князь літоўскі і рускі». Абіраюць гаспадара народы абедзьвюх дзяржаў разам, для якой мэты зьбіраецца сойм у Варшаве. Каранацыя гаспадара адбываецца ў Кракаве. Літва і Беларусь ня маюць права абраць для сябе асобнага вялікага князя. Сойм у тым і другім гаспадарстве адзін: ён складаецца з дэпутатаў, абраных на мясцовых павятовых сойміках. Калі ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве ёсьць якія-колечы пастановы, нязгодныя з умовамі вуніі, то яны касуюцца. Грашовыя знакі ў абедзьвюх дзяржавах агульныя. Паміж Польшчай, з аднаго боку, і Літвой і Беларусьсю — з другога боку, мяжы няма. Тавары перавозяцца з аднэй стараны ў другую вольна, бяз усякіх гандлёвых мыт і налогаў. Падданыя абодвух гаспадарстваў маюць права купляць і ўладаць нярухомай маемасьцю і ў той і ў другой старане. Валынь, Падолія і Падлясьсе былі аддзелены ад Літвы і Беларусі і прылучаны да Польшчы як землі кароны. Ня гледзячы на вунію, кожная з дзяржаў усё-ж такі захоўвала свае асобныя войскі, законы і некаторыя з важнейшых дзяржаўных пасад. Трэба таксама адзначыць, што грошы і ў кароне і ў вялікім княстве былі асобныя ў XVI і нават у першай палавіне XVII сталецьця.

Вунія 1569 году шырока адчыніла браму для польскага ўплыву. Праўда, гэты ўплыў існаваў і раней, але ён ня мог быць моцным. Цяпер для гэтага ўплыву ня было аніякіх перашкод. Польшча скарыстала польскі настрой беларускай шляхты і цяжкае палажэньне вялікага княства, скасавала яго самабытны політычны твар і прагнулася скасаваць твар культурны і нацыянальны. Гэта было грунтоўным недахватам вуніі, каторы налажыў сваю пячатку на далейшае сумеснае існаваньне кароны і княства. Вунія была эгоістычнай з боку Польшчы. З далейшай гісторыі мы ведаем, што пры націску Масквы і татар княства нават не атрымала ад Польшчы тэй дапамогі, якую Польшча абяцала даць. Беларусь, апроч таго, увашла ў дзяржаўны організм такога гаспадарства, каторае ўжо пачало хварэць і політычна і соцыяльна. Разумеецца, гэтая хвароба перадалася і Беларусі. З культурнага боку Беларусь таксама прайграла, бо польскі культурны ўплыў адарваў ад народу вышэйшыя станы, каторыя, апалячыўшыся, сталі чужымі для свайго народу як культурная сіла.

БЕРАСЬЦЕЙСКАЯ ЦАРКОЎНАЯ ВУНІЯ 1596 г.

Дзяржаўная Люблінская вунія забясьпечвала для Польшчы політыка-соцыяльны і часткаю культурны ўплыў на Беларусь. Але быў яшчэ адзін факт у жыцці злучаных дзяржаў, які ставіў перашкоды для скасаваньня асобнага твару вялікага княства: у Польшчы панавала заходняе хрысціянства, каталіцтва, на Беларусі - усходняе, праваслаўная вера. Гэты факт, апроч таго, збліжаў Беларусь з праваслаўнай Масквой і ставіў яе ў іерархічную залежнасць ад маскоўскага патрыарха, з чым Польшча не магла згадзіцца. Разумеецца, што за вуніяй дзяржаўнай павінна было падняцца пытаньне і аб царкоўнай вуніі. Гэтае пытаньне можа паднялося-б раней 1596 году, каб ня было прычыны, якая адлажыла яго амаль што не на 30 год. Такой прычынай быў рэформацыйны рух, падняты ў Польшчы і пагражаўшы як каталіцкай, так і праваслаўнай веры. Былі такія часы, калі можна было думаць, што рэформацыя, пашырыўшыся ў абедзьвюх дзяржавах, скасуе рэлігійную супярэчнасьць паміж імі.

Рэформацыйны рух прышоў у Літоўска-Беларускую і Польскую дзяржавы зараз-жа пасьля пачатку яго ў Нямеччыне, у першай чвэрці XVI сталецьця. Зьявіўся ён у палацы караля і вялікага князя Зыгмунда Старога. Тут яго стаў пашыраць духоўнік жонкі караля, Боны, Францішак Ліпмані. З палацу караля і вялікага князя рэформацыя вышла на вуліцу і пачала пашырацца сярод шляхецкіх і мяшчанскіх колаў. Зыгмунд і Зыгмунд-Аўгуст не рабілі ніякіх перашкод для рэформацыйнага руху. Шмат духоўных асоб кідалі свой сан і станавіліся на чале новага вучэньня. Сярод вышэйшых станаў больш пашыраўся кальвінізм, а лютаранства захапляла мяшчанскую клясу. У палавіне XIV сталецьця рэформацыя мела такі ўплыў, што сучасьнікі, гаворачы аб шляхце, лічылі яе цалком протэстанцкай. I тут была нейкая праўда. Вядома, напрыклад, што ў Наваградзкім ваяводзтве з 600 фамілій праваслаўнае шляхты асталося ў старой сваёй веры ўсяго толькі шаснаццаць. Беларусь стала месцам разьвіцьця рэформацыйнай навукі і асьветы. У Нясьвіжы працавала добра організованая друкарня Мікалая Радзівіла Чорнага, вялікага маршалка Літоўска-Беларускага гаспадарства. Тут-жа зьбіраліся выдатнейшыя прапаведнікі і вучыцелі кальвінізму. Прыняў кальвінскую веру і сам Радзівіл, за ім пацягнулася і акалічная, залежная ад яго высокай пасады і вялікай маемасьці шляхта. У Польшчу, Літву і Беларусь уцякалі людзі вольнага настрою рэлігійнай мысьлі, каторых гналі з другіх краёў. У 1555 годзе з Італіі ўцёк у Кракаў Лелій Соцін, каторы не прызнаваў тройчасьці бажаства. Яго рэлігійныя погляды, вядомыя пад назваю соцыніянства, антытрынітарства і унітарызму, з Кракава хутка сталі пераходзіць і на Беларусь. У 1554 годзе павінен быў пакінуць сваю бацькаўшчыну, Маскву, Феадос Касы са сваімі аднамысьленьнікамі. Ен, як і Соцін, але зусім незалежна ад яго, таксама вучыў аб ядыным бажастве. У пачатку ён працуе ў Віцебшчыне, потым пераяжджае ў Вільню. Усе сучасьнікі гавораць, што гэта быў чалавек вялікай энэргіі і розуму і быў надта добрым пропагандыстаю сваёй рэлігійнай навукі. Заслаўль Менскага павету і Любач Наваградзкага павету ў сваіх друкарнях працавалі над выданьнем кніжок антытрынітарскага, унітарскага кірунку.

Трэба зазначыць, што рэформацыйны рух у Польшчы, Літве і Беларусі ня меў усё-ж такі пад сабою моцнага грунту. Ен меў у сабе такія недахваты, каторыя рабілі яму вялікую шкоду. Перш за ўсё ён не даваў ядынай рэлігійнай тэорыі: ён распадаўся на мноства самых розных непадобных адна на другую сэкт. Такіх сэкт можна было ў час налічыць больш 70. І кожная з гэтых сэкт лічыла праўдзівай толькі адну сябе і змагалася з другімі сэктамі. А гэта было якраз у той час, калі заняпаўшае раней каталіцтва зноў паднялося на ногі, лічыла і організавала свае сілы на Трыдэнцкім саборы, і калі яно аб’ядналася і высунула такіх моцных, энергічных і практычных працаўнікоў на карысьць папства і царквы, як езуіты.

Апроч таго, рэформацыйны рух як у Польшчы, так і на Беларусі ня быў рухам шырокім і глыбокім. Ен ня спусьціўся ў працоўныя народныя нізы, не абурыў іх розуму і пачуцьця, не падняў там востра і рашуча політычных і соцыяльных пытаньняў. Ен лёгка закрануў розум, і толькі розум шляхецкага і верхне-мяшчанскага стану. Рабочыя нізы гораду асталіся з боку і не ўвайшлі ў рух. Мужык таго часу таксама не цікавіў ня толькі протэстантаў-паноў, але нават і тых рэформацыйных дзеячоў, каторыя тут працавалі. Ен таксама астаўся з боку. Беларусь і Польшча не атрымалі свайго Тамаша Мюнцэра, каторы ў Нямеччыне зрабіў рэформацыю пролетарска-мужыцкай справай, паставіўшы яе на соцыяльны грунт.

Усе гэтыя недахваты загубілі ў нас такі цікавы паступовы рух, як рэформацыя, і адчынілі дарогу для працы езуітаў і для клерыкальнага настрою грамадзянства ў Польшчы.

Мы ня будзем тут сачыць за гісторыяй ордэну езуітаў і рабіць характарыстыкі яго організацыі. Усё гэта добра вядома з агульнай гісторыі Заходняй Эўропы. Мы толькі зьвернем увагу на тое, што езуіцкі ордэн як організацыя ёсьць тыповая партыя нашага часу. Яна мела сваю програму максымум (божую славу на зямлі), сваю програму мінімум (пашырэньне каталіцтва і разам з ім улады папы), мела практычную, а не ідэалістычную мораль і этыку, якая дазваляла, нават прадпісвала, напрыклад, забойства, калі гэта вымагаецца мэтодамі організацыі: мэта апраўдвае сродкі. Да гэтага трэба дадаць чыста вайсковую дысцыпліну і добра пастаўленую консьпірацыю. Усе гэтыя факты рабілі ордэн моцнаю сілаю, каторая, дзе-б яна не зьявілася, пачынала рашуча і энэргічна сваю працу, якая насіла ня толькі рэлігійны, але і політычна-грамадзянскі характар. Так было і на Беларусі і ў Польшчы.

З Заходняй Эўропы езуітаў вызваў Віленскі каталіцкі біскуп Валерыян Пратасэвіч для барацьбы з рэформацыйным рухам. Езуітаў ня трэба было доўга запрашаць да працы. У 1569 годзе, якраз у час Люблінскай вуніі, невялічкі гурток езуітаў, у пяць чалавек, ужо пачаў сваю працу ў Вільні. Гурток быў добра падабраны. Усё гэта былі людзі разумныя, вучоныя, добрыя прамоўцы, энэргічныя і стройна організованыя. Раней за ўсё трэба было ім захапіць у свае рукі політыку. Для гэтай мэты яны ўвайшлі ў палацы заможнага панства як духоўнікі, як дарадчыкі, як дамовыя настаўнікі. Узяўшы ў рукі сумленьне магнатаў і робячы ўплыў на іх розум, яны атрымалі магчымасьць мець уплыў і на політыку. Апроч таго, узяўшы ў рукі магнатаў і панства, езуіты атрымалі магчымасьць здабыць і матэрыяльную, экономічную забясьпеку на сваю працу. Забясьпечыўшы свой політычны ўплыў і экономічнае палажэньне, ордэн прыняўся за народныя масы. Сярод народнай масы найлепшы матэрыял для ўплыву складае моладзь. З яе павінны былі пачаць сваю працу і езуіты. Хутка ў Вільні езуіты заснавалі сваю школу, так званы колегіум. Закранутае рэформацыйным рухам грамадзянства спачатку ня пускала сваіх дзяцей у каталіцкі колегіум, але езуіты ня спынялі працу, хоць ува ўсёй школе ў іх было толькі 15 вучняў. Адукацыйная справа, добра наладжаная, здольныя настаўнікі, добрыя адносіны да вучняў - усё гэта гаварыла само за сябе. Да гэтага трэба дадаць, што школа езуітаў была бясплатнай. Слава школы пачала расьці, пачаў расьці і лік вучняў. Цяпер езуіты сьмела маглі адчыняць свае школы і ў другіх мясцох. Праз нейкі час мы бачым езуіцкія колегіумы ў такіх гарадох, як Полацак, Смаленск, Нясьвіж, Мсьціслаў, Віцебск, Менск, Орша, Магілёў і г. д. Школа зрабіла сваю справу добра. Дзеці шчырых працаўнікоў рэформацыі і праваслаўя сталі шчырымі каталікамі. Прыкладаў ёсьць шмат. Чатыры сыны Мікалая Радзівіла Чорнага пад уплывам езуіцкай адукацыі прынялі каталіцтва. Адзін з іх прыняў нават сан і зрабіўся, пасьля сьмерці Валерыяна Пратасэвіча, віленскім біскупам. Другі сын, Мікалай, празваны Сіроткаю, затраціў 5 000 чырвонцаў на тое, каб знайсьці кнігі Бібліі, каторую выдаў яго бацька, і спаліць іх рукою ката. Тое самае было і ў фаміліі вядомага абаронцы і заступніка праваслаўнай веры, Канстантына князя Астроскага. Яго сыны перашлі ў каталіцтва, а ўнучка для пашырэньня каталіцтва ўжо крыўдзіла тых, каму дапамагаў і за каго заступаўся яе дзед.

Робячы ўплыў на моладзь, езуіты не забыліся і пра шырокія масы грамадзянства. Там яны працавалі праз школу, тут праз царкву. Ужо ў 1572 годзе езуіты атрымалі для свайго набажэнства касьцёл сьв. Яна ў Вільні. Шмат грошай затрацілі яны, каб гэты касьцёл рабіў уражаньне на масы. Быў пастаўлен выдатны орга́н, заведзена выдатная музыка і сьпевы. Народ вялікаю грамадою паваліў да новага касьцёлу і даў слухачоў для езуіцкіх казаньняў. Хутка езуіцкімі касьцёламі і кляштарамі пакрылася ня толькі Польшча, але й Беларусь. Абноўленае і ўзмоцненае езуітамі каталіцтва пачало выціскаць лютаранства, кальвінізм, унітарства і іншыя сэкты. Вышэйшыя станы беларускага грамадзянства, зацягнутыя раней у рэформацыйны рух, цяпер пераходзілі ў каталіцтва. У пачатку XVII сталецьця протэстанцтва і кальвінізм асталіся сярод мяшчан, але і тут былі частыя адходы ў каталіцтва. Вядома, што, напрыклад, у Вільні праз 5 год ад прыезду езуітаў павярнуліся ў каталіцтва каля 6 тысяч жыхароў гораду.

Такім чынам каталіцтва заняло месца рэформацыі сярод беларускіх магнатаў, шляхты і большай часткі мяшчан. Стаўшы каталікамі, яны рабіліся палякамі, бо згінула тая важная для таго часу розьніца, якая была паміж імі і польскай шляхтай і магнацтвам. Для іх ужо не патрэбна была рэлігійная вунія, бо яны політычна, соцыяльна і рэлігійна былі ўжо адным народам з палякамі.

Але апроч магнатаў і шляхты жыў яшчэ на Беларусі і просты народ, каторы ў час рэформацыі астаўся ня крануты яе ўплывам. Ён мэханічна трымаўся праваслаўнай веры. Цяпер трэба было зьвярнуць увагу і на яго. Падыйсьці да яго проста было трудна, бо ён, як народ цёмны, ня цікавіўся запутанымі догматычнымі тэорыямі і трымаўся свае веры толькі затым, што яна прышла да яго розуму і пачуцьця па традыцыі, ад яго дзядоў і бацькоў. Як такі шлях, езуіты і прапанавалі царкоўную вунію, каторая прывяла-б селяніна да каталіцтва паступова, не парушаючы яго традыцый. Трэба прызнацца, што шлях быў прыдуманы разумны. І па гэтым шляху можна было-б цьвёрда і пэўна прыйсьці да мэты, калі-б каталіцкі ўрад Польшчы быў такім-жа добрым політыкам, як і езуіты.

Думка аб вуніі ня была новаю і ня была выдумана езуітамі. Яна існавала ўжо даўно сярод людзей, зацікаўленых у ўзмацненьні царквы пры дапамозе яе аб'яднаньня. Была і проба рэалізацыі вуніі ў 1439 годзе ў Флёрэнцыі. Людзі рэлігійнага настрою таксама былі нездаволены, бачачы разьдзел хрысьціянскай царквы. Яны спадзяваліся, што вунія скасуе разьдзел і парушыць збудаваную вякамі загародку паміж цэрквамі. На Беларусі думка аб вуніі вынікла ў людзей, каторыя думалі аб спыненьні рэлігійных спрэчак і аб утварэньні беларускай нацыянальнай, дзяржаўнай царквы. Для іх справа аб вуніі была справаю як рэлігійнаю, так і політычнаю. На вунію яны глядзелі як на нешта пэўнае, трывалае, а не як на мост для пераходу з аднэй веры ў другую. Вядома, напрыклад, што такі шчыры праваслаўны і такі шчыры беларускі патрыот, як князь Канстантын Астроскі, адзін час падтрымліваў ідэю вуніі, лічачы, што яна ўтворыць беларускую дзяржаўную рэлігію. Ён стаў проці вуніі толькі тады, калі пабачыў, што вунія прапануецца зусім для другой мэты, што яна ўтварае мост для пераходу з праваслаўя да каталіцтва.

З езуітаў, каторыя шмат працавалі над ідэяй вуніі, мы павінны адзначыць добра вядомага ў свой час каталіцкага тэолёга і прамоўцу, рэктара Віленскай езуіцкай школы, якая з 1579 году атрымала правы і назову акадэміі, Пятра Скаргу. Ён напісаў твор, каторы мае такі загаловак: «Аб еднасьці царквы божай і аб грэчаскім ад сей еднасьці адступленьні». У гэтым сваім творы ён апісвае недахваты ў царкоўным праваслаўным жыцьці Беларусі таго часу. Праваслаўныя сьвяшчэньнікі маюць жонку і сям’ю. Дзякуючы гэтаму яны павінны думаць і клапаціцца больш аб сваіх уласных справах, чым аб справах божай царквы. Яны загразьлі ў зямных жыцьцёвых інтарэсах, агрубелі і зрабіліся, як «хлопы». Набажэнства ў праваслаўнай царкве адпраўляецца ў мове славянскай, дзеля чаго сьвяшчэньнікі ня ведаюць грэцкай і лацінскай моў. Нязнаньне гэтых моў прыводзіць да таго, што яны ня могуць падыйсьці да навукі, бо навука выкладаецца только ў гэтых мовах. У жыцьцё праваслаўнай царквы на Беларусі ўмешваюцца асобы сьвецкія, якія не павінны мець ніякай датычнасьці да царкоўных спраў. Нават епіскапы і тыя папалі ў рукі сьвецкіх асоб. Каб зьніштожыць усе гэтыя недахваты, трэба зблізіць праваслаўную царкву з каталіцкай, зрабіўшы паміж імі вунію. Пры гэтым праваслаўная царква можа аставіць у сваім карыстаньні, як і раней, усходні абрад; яна павінна толькі прызнаць галавою ўсёй хрысьціянскай царквы хрыстовага намесьніка на зямлі — рымскага папу і прыняць догматычную навуку каталіцкай царквы.

Мы ня будзем разьбірацца ў багаслоўскіх поглядах Скаргі, тым больш, што ўсе гэтыя тонкія тэолёгічныя разважаньні былі толькі многаслоўнымі размовамі, пад каторымі і за каторымі крылася політычная мэта. Мы прыпынімся толькі над некаторымі фактамі жыцьця праваслаўнай царквы на Беларусі, каторыя закрануты ў творы Пятра Скаргі.

Справа ў тым, што праваслаўная царква на Беларусі знаходзілася ў тыя часы ў вельмі цяжкім становішчы. Сучаснае жыцьцё нанясло ёй тры ўдары. Адзін удар па царкве зрабіла рэформацыя, другі ўдар - каталіцтва і трэці ўдар - політыка-соцыяльны польскі ўплыў. Перш за ўсё рэформацыя адцягнула ад царквы на сваю работу лепшыя сілы на сваю творчасьць; тое самае рабіла каталіцтва, каторае вышла на барацьбу з рэформацыяй. Ударыла па праваслаўнай царкве і Люблінская вунія. Яна прынясла на Беларусь польскі дзяржаўны і соцыяльна-культурны ўплыў; праваслаўная царква была пастаўлена ў паніжанае палажэньне, бо дзяржаўнаю вераю польскага гаспадарства было каталіцтва. У той час, напрыклад, як каталіцкія біскупы мелі свае крэслы ў сэнаце, праваслаўныя біскупы іх ня мелі. Зразумела, што гэты факт даваў значныя правы каталіцкай іерархіі перад праваслаўнай.

Старажытнае права патронату (заступніцтва) сьвецкіх асоб і ўстаноў над царквою ў гэты момант было таксама шкадлівым для праваслаўнай царквы. Калі раней літоўска-беларускі вялікі князь, магнат, шляхціц ці гарадзкая грамада лічыліся патронамі, апякунамі, заступнікамі царквы, то гэта давала царкве пэўную абарону і экономічную моц, бо гэтыя патроны былі праваслаўныя. Яны, як верныя сыны царквы, клапаціліся аб тым, каб цэрквы мелі добрых сьвяшчэньнікаў, былі забясьпечаны правамі, будынкамі, землямі, грашыма і г. д. Але гэта мела і адваротны бок: патрон меў права ўмяшацца ў хатняе жыцьцё царквы. Гэта было шкодна, калі патрон з праваслаўнага рабіўся протэстантам ці каталіком. З цягам часу такія здарэньні рабіліся ўсё часьцей і часьцей. Часта рэформацыя рабіла патрона протэстантам, кальвіністым ці антытрынітарам, польска-каталіцкі ўплыў - паляком і каталіком. Разумеецца, такі патрон-інаверац ужо ня мог мець пашаны да праваслаўнай царкоўнай установы, а яшчэ часьцей ён рабіў ёй толькі шкоду. На чале праваслаўных епархій, манастыроў і цэркваў такі патрон ставіў асоб, карысных і прыемных яму людзей, каторыя бачылі ў сваіх пасадах ня духоўны абавязак, а «духоўны хлеб». Бывалі і такія здарэньні, што патроны давалі манашацкую пасаду асобе жанатай і сьвецкай. Гэтая асоба лічылася «нарэчаным» епіскапам ці ігуменам і кіравала пастваю праз так званага вікарыя-манаха, астаючыся ў мірскім стане. Пэўна, што патрабаваць ад такіх асоб духоўнай асьветы і набожнага жыцьця ня было магчыма. Усе памяткі таго часу сьведчаць аб недастойным і непадобным жыцьці духавенства вышэйшага і ніжэйшага, чорнага і белага. Адзін сучасны твор так малюе гэты недахват царкоўнага жыцьця таго часу: «Аще-ли кто вопрошает их (духоўных асоб) о книгах, то отвещают глаголющее: убози есьмы, не имамы чим книг стяжати. Ходят-же не яко убози, но ризы носящие светлы и блещащеся, расширающе воскрылья, шеи же яко у тельцов, на заколение упитанных; ученик много, паче-же поваров множество, а другая же стыд и глаголати».

Калі паднялося пытаньне аб вуніі, то такое палажэньне праваслаўнай царквы давала як-бы грунт для вуніі. Вунія абяцала даць вышэйшаму духавенству сэнатарскія крэслы; апроч таго, яна вымагала скасаваньня контролю сьвецкіх устаноў і асоб над царквою. І тым і другім вунія маніла да сябе прадстаўнікоў вышэйшага духавенства царквы. У 1591 годзе некаторыя з праваслаўных епіскапаў падалі каралю Зыгмунду заяву такога зьместу: «Мы, ніжэй падпісаныя епіскапы, хочам прызнаваць нашым главою і пастырам намесьніка сьв. Пятра, найсьвяцейшага папу рымскага, ад чаго мы чакаем павялічэньня божай славы ў яго сьвятой царкве. Але, жадаючы быць у паслушэнстве ў найсьвятшага айца-папы, мы хочам, каб нам былі астаўлены ўсе цэрэмоніі, набажэнствы і абрады, якія трымае здаўна наша сьвятая ўсходняя царква, і каб яго каралеўская міласьць забясьпечыў за намі сваімі граматамі вольнасьці і зацьвердзіў тыя артыкулы, якія намі будуць пададзены. А мы абавязуемся быць пад уладаю і благаславенствам айца-папы. Гэты ліст з уласна-ручным нашым подпісам і прылажэньнем пячатак далі мы старшаму нашаму брату, айцу Кірылу Цярлецкаму, эгзарху і епіскапу луцкаму і астроскаму». Заява была падпісана Кірылам еп. Луцкім, Лявонціем Пінскім, Гэдэонам Львоўскім, Дыонісам еп. Холмскім і Уладзімерскім епіскапам Іпатам Пацеем. Кіеўскі мітрополіт Міхаіл Рагаза таксама згаджаўся на вунію, але ўхіліўся ад подпісу заявы. Сьвятыя айцы падавалі заяву каралю ў сваіх уласных інтарэсах і ў політычных інтарэсах каралеўства. Абедзьве стараны разумелі добра ўзаемныя інтарэсы і падтрымлівалі адна другую. Трэба было правесьці гэтую справу праз Рым. Улетку 1595 году К. Цярлецкі і І. Пацей, падпісаўшы разам з другімі епіскапамі акт аб вуніі, паехалі з гэтым актам як прадстаўнікі да Рыму. Рымскі папа Клімэнт VIII з радасьцю прыняў пасланцоў і даў сваё благаславенства і згоду. На славу падзеі была выбіта мэдаль з надпісам: «на злучэньне рускіх» (Ruthenis receptis). Зыгмунд III з свайго боку выдаў дэкрэт аб злучэньні цэркваў. Даведаўшыся, што шмат праваслаўных надта абураны справай, зробленай без агульнай згоды Цярлецкім і Пацеем, кароль узяў пад сваю абарону як іх, так і іншых епіскапаў, каторыя падпісалі акт вуніі. Не хапала толькі саборнага зацьвярджэньня. Спагадчыкі вуніі думалі абыйсьціся і без сабору, але праціўнікі вуніі дамагаліся, каб быў склікан сабор.

Сабор быў скліканы ў Бярэсьці ў кастрычніку 1596 году. На сабор зьявіліся прадстаўнікі двух усходніх патрыархаў, Цараградзкага і Александрыйскага. Як і трэба было спадзявацца, адразу вынік разлад паміж двума кірункамі. Фактычна адбыліся два саборы. Адзін сабор складалі абаронцы вуніі пад старшынством Львоўскага лацінскага арцыбіскупа Сулікоўскага. Другі сабор складалі праваслаўныя, ня згодныя з вуніяй, пад старшынством Львоўскага ўсходняга епіскапа, Гэдэона Балабана, з прысутнасьцю прадстаўнікоў ад усходніх патрыархаў. Вуніяцкі сабор зрабіў пасяджэньне ў берасьцейскай саборнай царкве, а праваслаўны — у прыватным будынку, бо Пацей, епіскап Уладзімерскі, да епархіі якога належала Бярэсьце, аддаў прыказ зачыніць для праціўнікаў вуніі ўсе цэрквы ў горадзе. Прадстаўнікі сабораў некалькі раз заклікалі на сваё пасяджэньне сваіх супернікаў, але нічога з гэтага ня вышла. Кожны з сабораў вёў справу асобна і застаўся пры сваёй уласнай думцы аб вуніі. Вуніяты абвясьцілі анатэму і лішылі сану епіскапаў, што не згаджаліся на вунію, а праваслаўныя зрабілі тое самае ў адносінах да сваіх супернікаў. Ня гледзячы на такі канец сабору, польскі ўрад і рымскі папа пачалі офіцыяльна лічыць вунію адбытым фактам. На праваслаўную веру ўрад глядзеў як на сэкту «схізму». У праваслаўных пачалі адбіраць цэрквы і манастыры, забралі Сафійскую саборную царкву ў Кіеве. Па гарадох было забаронена адпраўляць праваслаўнае набажэнства.

Праваслаўныя ўтрымалі за сабою Кіева-Пячэрскі манастыр і мітрополіцкую катэдру ў Кіеве. У далейшыя часы з ліку кіеўскіх мітрополітаў сваёю чыннасьцю праславіўся энергічны і з вялікаю эрудыцыяй чалавек, Пятро Магіла. Яшчэ ў бытнасьць сваю архімандрытам Кіеўскай лаўры ён заснаваў пры ёй раней духоўную школу, каторую потым перарабіў у вышэйшую школу — акадэмію. Сюды ён выпісаў з усходу вядомых у тыя часы профэсароў і зьбіраў вакол акадэміі і ў акадэміі моладзь, каторая шукала асьветы. Гэтая школа доўга была цэнтрам асьветы як для заходніх рускіх зямель, так і для Масквы.

Акт Берасьцейскай вуніі мае ня так царкоўнае, як нацыянальна-політычнае значэньне. Гэтая вунія ёсьць просты працяг вуніі Люблінскай. Справа была ня толькі ў тым, што праваслаўны кідаў сваю веру і рабіўся вуніятам ці католікам, але і ў тым, што ён прымаў політычны, культурны і нават соцыяльны ўплыў Польшчы. Пасьля Берасьцейскага сабору зьявіліся на Беларусі дзьве веры: адна каталіцка-вуніяцкая вера, упрывілеёваная ўрадам, другая — праваслаўная, схізматычная, каторую ўрад усімі сіламі стараўся зьнішчыць. Што датычыць вуніятаў, то і іх палажэньне ня доўга было прывілейным. Сама па сабе вунія ня была патрэбна ні езуітам, ні Польшчы. Утварэньне вуніі ня мела на мэце злучэньня вер. Калі з цягам часу выявілася, што вунія, як мост, не пераводзіць пад польска-каталіцкі ўплыў шырокіх мас так хутка, як спадзяваліся, яе перасталі лічыць патрэбнаю.

Нарэшце, вунія прынесла на Беларусь ня згоду, а разлад і выклікала рэлігійную барацьбу. Яна, як і Люблінская вунія, была накірована на тое, каб скасаваць незалежнасьць Літоўска-Беларускага гаспадарства. Зразумела, што на гэтай глебе ў дальнейшыя часы пачалася барацьба, каторая прыносіла вялікую шкоду як Літве і Беларусі, так і Рэчы Паспалітай. Творчыя сілы замест таго, каб будаваць жыцьцё, траціліся на непатрэбную грамадзянскую рэлігійную барацьбу.

ПОЛІТЫКА-СОЦЫЯЛЬНЫ ЛАД РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Вуніі 1569 і 1596 гадоў былі актамі, каторыя ўключылі Беларусь у склад Польскай дзяржавы. Літоўска-Беларускае гаспадарства паступова пераставала жыць сваім асобным ад Польшчы жыцьцём; адчынілася вольная дарога да заходняга, польскага ўплыву. Гэты ўплыў пасьля вуніі безбаронна мог пашырацца на Літве і Беларусі. Дзякуючы гэтаму нам трэба пазнаёміцца з тым, што было ў гэтыя часы ў Польшчы, каторая пасылала да нас свой уплыў; якім політыка-соцыяльным зьместам было запоўнена яе жыцьцё. Польскі зьмест жыцьця будзе ўходзіць у зьмест жыцьця Беларусі, каторая з часу вуній зрабілася толькі часткаю Рэчы Паспалітай.

Пазнаёмімся раней з політычным ладам Рэчы Паспалітай.

Законадаўчую ўладу ў гаспадарстве меў двухпалатны Вальны Сойм, каторы складаўся з сэнату (рады) і з дэпутацкай пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў). Сэнат-рада быў вышэйшаю палатаю сойму. Сюды ўходзілі знатнейшыя элемэнты польскага шляхецтва, асобы з вышэйшымі пасадамі як цэнтральнымі, так і провінцыяльнымі. Лік сэнатаў даходзіў да 150 пэрсон. Гэтая цыфра магла павышацца й паніжацца. Цыфра памяншалася з памяншэньнем тэрыторыі дзяржавы і павялічвалася з яе пашырэньнем. Клерыкальны кірунак улады адчуваўся адразу: першае месца ў сэнаце займае Гнезьнянскі арцыбіскуп, прымас[24] каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. За ім сядзяць па парадку і па чыну звычайныя біскупы, і толькі ўжо за імі ідуць сьвецкія ўраднікі-каштэляны, ваяводы і г. д. Старэйшыя сэнатары мелі свае месцы ў крэслах, а малодшыя на лавах. У ранейшыя часы сэнат быў проста прыватнаю радаю пры каралі і толькі потым, з пашырэньнем праў шляхецтва, ён зрабіўся дзяржаўнаю ўстановаю і ўвашоў у склад сойму як яго вышэйшая палата. Як перажытак мінулага астаўся звычай і ў дальнейшыя часы, каб сойм з сэнату абіраў 28 чалавек у каралеўскую раду на 2 гады. Сэнатары-дарадчыкі караля дзяліліся на 4 групы, па 7 сэнатараў у кожнай. Асобная група сядзела ў каралеўскай радзе шэсьць месяцаў.

Ніжэйшаю палатаю сойму была пасольская ізба. Сюды ўходзілі дэпутаты — паслы ад шляхты асобных паветаў гаспадарства; уходзілі таксама ў невялікім ліку паслы ад мяшчанства выдатнейшых гарадоў. Пасольская ізба з цягам часу робіцца галоўнаю часткаю сойму, адсоўваючы назад вышэйшую палату — сэнат. Паслы ў ізбу абіраліся шляхтаю на павятовых сойміках, каторыя склікаліся за шэсьць тыдняў да Вальнага Сойму. Выбарчая акруга ў гэтыя часы давала ад 1 да 8 паслоў, што было ў залежнасці ад велічыні тэрыторыі. Пасьля таго, як адбываўся Вальны Сойм у цэнтры, паслы склікалі па паветах так званыя рэляцыйныя соймікі, на каторых яны апавядалі ўсю чыннасьць сэсіі Вальнага Сойму і давалі справаздачу аб сваёй дзейнасці перад сваімі абірацелямі. Лік дэпутатаў пасольскай ізбы залежаў ад тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У XVI і XVII сталецьцях ён даходзіў да 200 асоб. Прадстаўніцтва ад мяшчанства гарадоў у пазьнейшыя часы мы ўжо ня бачым.

Вальны Сойм склікаецца каралём праз кожныя 2 гады. Два разы яго пасяджэньні адбываюцца ў Польшчы, у Варшаве, і адзін раз у Літве і Беларусі, у Горадні. Звычайна сойм склікаецца ўвосень «пасьля дня сьв. Мартына», калі ўжо скончаны пільнейшыя вяскова-гаспадарчыя работы. Гэта залежала ад таго, што сябры сойму былі зямляўласьнікамі. Працяг звычайнага сойму быў у шэсьць тыдняў. Пачынаецца сойм, як і падабае ў клерыкальным гаспадарстве, урачыстым набажэнствам, пасьля каторага йдзе абіраньне «маршалка», старшыні сойму. Калі сойм адбываецца ў Польшчы, старшынёю яго абіраецца паляк, калі ў Беларусі — беларус. Абраны старшыня абвяшчае пачатак працы сойму. Найперш ад усяго, як і заўсёды, ідзе праверка правільнасці мандатаў паслоў, пасьля чаго сэнат з ізбою робяць злучаныя пасяджэньні, на каторых урад дае адповедзь за сваю былую выканаўчую працу і ўносіць пропозыцыі наконт далейшага. Выслухаўшы гэта, абедзьве палаты сойму разыходзяцца і працуюць кожная асобна. За тыдзень да канца сойму зноў пачынаюцца сумесныя пасяджэнні ізбы і сэнату. Яны знаёмяць адзін другога з сваімі пастановамі. Пастановы сходныя і зацьверджаныя каралём атрымліваюць моц законаў. З гісторыі Польшчы мы бачым, што сойм, звычайна, цікавіцца толькі тымі пытаньнямі, каторыя беспасрэдна ці пасрэдна датычаць шляхецтва, з прадстаўнікоў якога выключна складаецца сойм. Пытаньні агульна-дзяржаўныя мала цікавяць, а то і зусім ня цікавяць паслоў і сэнатараў. Тут кароль польскі і яго ўрад могуць працаваць бесконтрольна. Усе справы як і ў сойміках, так і ў Вальным Сойме павінны былі выяўляцца як пастановы аднагалосна. Трэба зазначыць, што ў старажытныя часы гэтая аднагалоснасьць часта дасягалася даволі лёгка. Але з працягам часу прынцып аднагалоснасьці ўсё больш і больш перашкаджаў справядлівай і нормальнай працы сойму. Даволі было аднаму паслу не згадзіцца з пастановай большасьці і паставіць сваё «veto», «не дазваляю», як гэтая пастанова прыпынялася. Лепшыя людзі Польшчы яшчэ ў пачатку XVI сталецьця прабавалі змагацца з гэтым шкадлівым для гаспадарства прынцыпам, але ня здолелі дабіцца сваёй мэты. Шляхта бачыла ў скасаваньні аднагалоснасьці і вольнага «veto» касаваньне свайго права. Ужо ў 1652 годзе шляхціц Сіцінскі першы раз сарваў працу сойму сваім «veto». Сойм павінен быў разьехацца, не зрабіўшы нічога. Такія бясплодныя соймы ў далейшыя часы здараліся ўсё часьцей і часьцей. Па падліку Кастамарава, з пяцідзесяці апошніх соймаў Рэчы Паспалітай без усялякіх перашкод адбылося толькі 7 соймаў. Зрываньне сойму зрабілася крыніцаю даходу для асобных шляхціцаў і рабіла немагчымым дзяржаўны парадак. Не дарма аб Рэчы Паспалітай таго часу злажылася пагаворка, што «Polska nirzadem stoi».

На чале выканаўчай улады стаіць кароль, з канца XVI сталецьця — выбраны. Ні кароль пры сваім жыцьці, ні сойм пры жыцьці караля ня можа намеціць яму наступніка. Гэтым забясьпечваецца поўная свабода шляхты пры абраньні караля. Сыстэматычна, пасьля сьмерці кожнага караля, пачыналася выбарнае бязладзьдзе, каторае цягнулася ад некалькіх месяцаў да некалькіх год. На часы бескаралеўя існавала асобая пасада інтэррэкса, каторую звычайна займаў прымас арцыбіскуп Гнезьнянскі. Абірае караля так званы элекцыйны «выбарчы» сойм з усёй шляхтай; абраньне караля таксама павінна адбыцца аднагалосна. Правы польскага караля зусім нязначныя, яны больш падобны на абавязкі, чым на правы. Кароль мае права склікаць Вальны Сойм і назначаць тэрмін для яго пасяджэньня. Ад імя караля творыцца ў гаспадарстве суд. Кароль назначае на вышэйшыя ўрадавыя пасады; але пасады даюцца пажыцьцёва, і адабраць іх кароль можа з вялікаю цяжкасьцю і то толькі за якія-колечы політычныя праступствы. Кароль стаіць на чале шляхецкага апалчэньня, што фактычна перашло потым да кароннага гэтмана. Кароль вядзе зносіны з чужаземнымі дзяржавамі, пасылае і прымае паслоў. У сваёй чужаземнай політыцы ён адказвае перад Вальным Соймам. Кожнаму каралю перад яго абраньнем шляхта ставіла ўмовы, каторыя ён прымаў і падпісваў. Калі кароль парушаў якія-колечы з гэтых умоў, шляхта мела законнае права адмовіць яму ў паслушэнстве і парушыць даную яму прысягу на вернасьць. Усё жыццё караля было пад контролем. Нават такія прыватныя факты, як жаніцьба, развод, замежныя паездкі і г. д., былі падлеглы контролю сойму. Польскі кароль, седзячы на троне і носячы карону, быў хутчэй дажывотным прэзыдэнтам, чым каралём.

Прыняўшы пад увагу ўсё вышэй сказанае, мы бачым, што Польшча ня гледзячы на існаванне каралеўскай улады, была хутчэй рэспублікай, чым монархіяй — каралеўствам. Так глядзела на строй Польшчы і дзяржаўнае права, каторае дало ёй назву «Рэч Паспалітая», што ў тлумачэньні і значыць «рэспубліка». Далей мы бачым, што ўся ўлада ў гэтай рэспубліцы належала да Вальнага Сойму і да павятовых соймікаў, каторыя складаліся выключна з панства і шляхецтва. Ніжэйшыя станы гаспадарства ніякіх політычных праў ня мелі і былі безгалоснаю, бяспраўнаю масаю. Дзякуючы гэтаму Польская рэспубліка была панскай, шляхецкай рэспублікай бяз усякіх адзнак дэмократызму.

Вышэйшым станам у гэтай рэспубліцы, разумеецца, была шляхта. Лік шляхты ў Польшчы быў вялікі. Багацейшыя паны, князі і магнаты таксама ўходзілі ў склад шляхецкае клясы і ня мелі ніякай юрыдычнай перавагі над звычайнымі шляхціцамі. Яны і шляхта лічаць сябе братамі. Большасць шляхціцаў былі зямляўласьнікі, але зьвязак з зямлёю ня быў абавязковым для польскага шляхціца; шмат было і такіх, каторыя ўжо ня мелі зямлі. Яны прыстракваліся на службу ў палацах багатых і заможных магнатаў, складаючы іх сьвіту. Што датычыць да тытулаў князя, графа і др., то іх насілі толькі тыя фаміліі, каторыя атрымалі гэтыя тытулы да часу Люблінскай вуніі. Пазьней гэтыя тытулы нікому, апроч чужаземцаў, не даваліся. Кляса шляхты з вялікаю стараннасцю захавала чыстасьць белай косьці і благароднай крыві. Калі вынікала пытаньне аб нерадавітасьці якога-колечы шляхціца, то ён павінен быў абяліць сябе шасьцьма сьведкамі: двума па бацьку, двума па яго матцы і двума па сваёй матцы. Гэты спосаб абяленьня к пачатку XVI сталецьця ўжо зьнікае: шляхецкія фаміліі ўжо абмежавалі сябе і зацьвярдзілі сваю шляхецкую вартасьць. Высокімі мурамі адгарадзілася гэтая кляса ад другіх кляс і зрабілася кастаю. Шляхецтва атрымліваецца толькі ад бацькоў. Праўда, можна атрымаць шляхецтва праз пасынаўленьне, але толькі тады, калі на гэтае пасынаўленьне згаджаецца ўвесь род і сойм. Шляхецкую вартасьць можа дараваць і кароль. Дараваньне шляхецтва каралём таксама носіць кірунак пасынаўленьня. Кароль пасыноўленай асобе дае і гэрб. Дараваньне шляхецтва каралём з палавіны XVII сталецьця ўжо не сустракаецца: шляхта забясьпечыла сябе і з гэтага боку. Згубіць шляхецтва можна па суду і за няпрыстойныя для шляхціца паступкі. Такімі паступкамі лічыліся, напрыклад, заняцьце гандлем і прыняцьце ў род простага чалавека.

Атрымваць свае правы шляхта пачала яшчэ з канца XIV сталецьця. З разьвітку шляхэцкіх прывілеяў мы бачым, што для атрыманьня іх шляхта карысталася з двух фактаў жыцьця Польшчы: з свайго права абіраць караля і зацьвярджаць налогі. Абіраючы караля і зацьвярджаючы ў сойме налогі, шляхта ніколі не забывала сваіх клясавых інтарэсаў. Правы яе былі вялікія.

Шляхта, найперш усяго, — кіруючы стан гаспадарства. Шляхціцы і толькі шляхціцы даюць паслоў на сойм і на соймікі. Шляхта абірае караля пагалоўна (viritim); кожны шляхціц можа спадзявацца быць абраным за караля. Вышэйшыя ўрадавыя пасады займаюць толькі шляхціцы. Таксама стаяла справа і з духоўнымі пасадамі: пасаду прэлата, напрыклад, мог заняць толькі шляхціц.

Рымскі папа асобнаю буллаю забясьпечыў за шляхтаю гэтае права. Толькі шляхціц мае і грамадзянскае права: свабоду сходаў, свабоду слова, незачэпнасць асобы, памяшканьня і маемасьці. Толькі шляхціц можа мець земскі маёнтак з прыпісанымі да яго сялянамі. Што датычыць мяшчан, то яны могуць уладаць зямлёю толькі ў межах гарадоў. Усе землі шляхты свабодны ад дзяржаўных налогаў і павіннасьцяй. Наогул, усе фінансавыя абавязкі шляхты ў адносінах да гаспадарства былі толькі добравольныя і залежалі ад згоды самой шляхты! I трэба зазначыць, што шляхта на ўсім працягу гісторыі Польшчы добра паказала гэтую сваю «добрую волю» ў абавязках да дзяржавы, каторая ніколі ня бачыла, праўду кажучы, шляхецкіх ахвяр. Праўда, на шляхце даволі доўга ляжаў абавязак «паспалітага рушэньня», пагалоўнай службы ў апалчэньні, але і гэтыя апалчэньні ззываліся зусім ня часта. Апроч таго, гэты абавязак даваў шляхце права быць аружным станам і даваў магчымасьць зьбірацца заружжам у руках ня толькі на абарону дзяржавы, але і на абарону сваіх шляхецкіх праў, калі на іх насядаў кароль.

Былі ў шляхты і ўсялякія дробныя вольнасьці. Шляхціц быў зусім свабодны ад прымежных мытных пошлін. Толькі шляхта мела права курыць сьпірт і адчыняць шынкі, мець млыны, кузьні і г. д. Адным словам, шляхецкаму стану жылося ў Польшчы вельмі добра. Затое надта нядобра жылося селяніну.

У XIV і XV сталецьцях палажэньне хлопаў у Польшчы было яшчэ больш-менш выносным. Часам пападаліся каралі дэмократычнага кірунку (напр., кароль хлопаў Казімер Вялікі), каторыя разумелі ўсю важнасьць дабрабыту хлопаў для гаспадарства. Але з цягам часу шляхта стала ўсемагутнаю клясаю, з катораю кароль не адважваўся змагацца. Апроч таго, выніклі і некаторыя экономічныя прычыны, што пагоршылі мужычую справу.

У канцы XV сталецьця выявілася няпрыгоднасць для абароны гаспадарства паспалітага шляхецкага рушэньня. Каралі часта павінны былі карыстацца нанятымі войскамі, каторыя складаліся з шляхціцаў і няшляхціцаў, палякаў і непалякаў. Ваяўніцкая чыннасць шляхецкага рыцара паменшылася, і ён атрымаў магчымасьць сесьці на зямлю і заняцца вясковай гаспадаркай. Каля гэтага-ж часу былі прылучаны да Польшчы і землі пры ўтоку Віслы. Цяпер стала магчыма вывазіць заграніцу вяскова-гаспадарчыя продукты, што давала не малы даход. Разумеецца, шляхта з гэтага часу вельмі зацікавілася ўладаньнем зямлёю. Але адна зямля сама па сабе, калі над ёю не працаваць і не абліваць яе потам, не дае ні хлеба, ні добрых даходаў, і ёсьць мёртвы капітал. Шляхціц таго далёкага часу ведаў гэтую праўду так-жа грунтоўна, як і зямляўласьнік нашага часу. Ведаў ён таксама, што працаваць над зямлёю вельмі цяжка і няпрыемна і што куды прыямней, калі земляробам будзе мужык, а даглядчыкам над яго працаю і апякуном будзе ён, шляхціц. Мужыкі ў ранейшыя часы былі вольнымі і мелі права безбароннага пераходу з месца на месца. Ад пана, шляхціца, вельмі разумнага ў абшары сваіх клясавых інтарэсаў, мужык мог выйсьці са сваёю рухомаю маемасьцю ці на вольную, нікім не занятую зямлю, ці на зямлю якога-колечы другога пана, каторы яшчэ не падняў сваіх запатрабаванняў на мужычую працу так высока. Пэўна, што першым і неадложным заданьнем шляхецкай клясавай політыкі зрабілася — зусім прывязаць рабочага хлопа да зямлі, каб ён ня мог ад яе адарвацца і перабрацца ў другія месцы. Дабіцца гэтага заданьня было лёгка, бо законадаўчым органам гаспадарства быў сойм, які складаўся з прадстаўнікоў шляхты і яе інтарэсаў.

У пачатку законадаўчым шляхам пераходы мужыкоў з месца на месца толькі абмяжоўваюцца, а потым і зусім забараняюцца. Тады хлопы, бачачы, што другога выхаду няма, пачынаюць бяз усякага закону, проста, па-мужыцку, уцякаць з панскай зямлі. Сойм з свайго боку пачынае разьвіваць законадаўства ў гэтым кірунку і змагаецца з уцёкамі мужыкоў. За ўцёкі назначаюцца штрафы, пабоі і зварот мужыкоў на старое месца. Гэтыя штрафы і другія кары ўсё растуць і растуць, бо мужыкі ўсё ўцякаюць і ўцякаюць. Возьмем для прыкладу рост штрафаў: у канцы XVII сталецьця за зроблены ўцёк мужык плаціў штрафу 10 грывень, а ў 30-я гады XVII сталецьця ўжо 500 грывень; за палавіну сталецьця, такім спосабам, штраф быў павялічан соймам у 50 раз.

Потым сойм пастараўся адабраць у хлопа магчымасьць змагацца з шляхціцам у судзе. Было ўхвалена, што мужык мае права выступаць у судзе як жалабнік толькі тады, калі быў у судзе прысутным яго пан. Разумеецца, што ў цяжбе проці свайго пана мужык ніколі ня мог стаць у судзе, бо пану ня было ніякага сэнсу быць прысутным у судзе. Праз нейкі час сойм ухваліў пастанову аб тым, што мужыку зусім забараняецца скардзіцца ў судзе на шляхціца. На гэтым справа спынілася, бо йсьці далей шляхецкаму соймаваму законадаўству ўжо ня было куды.

Адабраўшы соймавымі законнымі пастановамі ў мужыка ўсякую магчымасць абараняцца, шляхта пачала бязупынную эксплёатацыю папаўшага ў яе рукі сялянства. Мужык зрабіўся для яе рабочаю жывёлаю, якая павінна працаваць і якую можна і трэба стрыгчы.

Найперш усяго ён плаціць вялікі чынш[25] за тую зямлю, каторую пан пазволіў яму ўзяць для яго ўласнай дробнай гаспадаркі. Мужык, апроч таго, павінен працаваць дарма на панскай зямлі і для гэтай мэты адбываць паншчыну, якая пачынаецца з некалькіх дзён у тыдзень. Потым яна ўсё расьце і расьце. Мужыку ўсё менш і менш застаецца часу для сваёй гаспадаркі. Некаторыя паны пакідалі мужыку для яго ўласнай працы толькі сьвята. Разам з чыншам і паншчынаю мужык павінен быў спаўняць розныя натуральныя павіннасьці: ён дастаўляў у панскі двор усялякія продукты, патрэбныя пану і яго дворным, напрыклад хлеб, мяса, грыбы, ягады, лыка і г. д.; ён нясе са сваёю ўбогаю канягаю фурманкавую павіннасьць; ён правіць дарогі, грэблі і масты; ён саджае дрэва па грунтовых дарогах і па дарогах да маёнткаў. Усіх павіннасьцяй мужыка таго часу і не пералічыць. А тут яшчэ з году на год пачынае расьці мужыцкае малазямельле, а часам і безьзямельле. У некаторых мужыкоў ужо зусім няма зямлі, нават агародняй. Палажэньне такіх (як іх тады звалі) халупнікаў зусім дрэннае. Адным словам, цяжка жылося рэспубліканцу-мужыку ў Польскай рэспубліцы.

Палажэньне мяшчан было лепшае, чым сялянства. З XIV сталецьця мяшчане лічыліся пад асабістай абаронай караля і вядомага нам Майдэборскага права. Гэтая абарона давала гарадом нейкую незалежнасць ад шляхецкае клясы і пачаткі для разьвіцьця гарадзкога жыцьця. Па гарадох пачалася нават дамовая барацьба паміж соцыяльнымі групамі мястовага грамадзянства. Поруч са старымі органамі гарадзкога самакіравання, як, напрыклад, мястовая рада, вынікаюць новыя органы, як, напрыклад, комісіі 20-цёх, 30-цёх і г. д. Гэтыя новыя органы выніклі на грунце барацьбы прадстаўнікоў вялікага капіталу, з аднаго боку, і прадстаўнікоў дробнага капіталу і працы — з другога боку. Нізы места, часта нездаволеныя самаўладным кіраваньнем мястовай рады і бурмістра, патрабуюць прызнаньня контроля з свайго боку. Буйная буржуазія, патрыцыят места, баючыся опозыцыі, павінны йсьці на згоду з «пасольствам», з звычайным дробным людам. Вось, урэшце, і ўтвараюцца гэтыя як-бы контрольныя комісіі, палавіна каторых складаецца з патрыцыяў, багатых купцоў, цэхавых майстроў і палавіна «з пасольства», дробных гандляроў, прыказчыкаў, падмайстраў і другога дробнага люду.

Але з цягам часу гэтая дэмократызацыя ў гарадох павінна была прыпыніцца, бо ўсё жыцьцё навокала гарадоў ішло ў бок арыстократызацыі. Шляхта, каторая рабілася ўсемагутнаю ў цэлым гаспадарстве, не магла пакінуць без свайго ўплыву мястовага жыцьця. Ужо з палавіны XV сталецьця пачынае яна касаваць незалежнасць і самакіраваньне гарадоў. Пачынаюць зьнікаць з складу соймаў паслы ад гарадоў, мяшчане, каторыя маглі-б бараніць інтарэсы тых гарадзкіх груп, каторыя паслалі іх у сойм як сваіх прадстаўнікоў. Дзякуючы іх ухіленьню гарады губяць абарону сваіх інтарэсаў у законадаўчай дзяржаўнай установе. Кароль, які лічыўся абаронцам мяшчан, усё больш і больш пападае ў рукі шляхты і робіцца абаронцаю не мяшчанскіх, а шляхецкіх інтарэсаў.

Найперш усяго шляхта, меўшая ў гарадох зямлю, дабівалася права так званай юрыдыкі. Сутнасць гэтай юрыдыкі была ў тым, што на зямлю шляхціца ў горадзе не пашыралася ўлада мястовага самакіраваньня. Шляхціц на сваёй зямлі ў месьце мог рабіць, што ён захацеў. Разумеецца, гэты факт рабіў дэзорганізацыю політычна-грамадзянскага жыцьця места. Апроч таго, права юрыдыкі мела і экономічныя пасьледкі. Шляхціц, меўшы юрыдыку, быў вольны ад усялякіх мястовых падаткаў і налогаў, якое-б ён прадпрыемства не заводзіў на сваёй зямлі. А гэта чыніла страту як рамесьнікам гораду, так і гарадзкому скарбу.

Потым шляхціцы пачалі ўмешвацца ў мястовыя справы, карыстаючы з таго, што яны былі зямляўласьнікамі ў месьце. Апроч таго, у жыцьцё гораду ўмешваліся органы дзяржаўнай улады, напрыклад, павятовыя старасты, каторыя лічылі горад толькі аднэю з частак іх павету. Соймы, з свайго боку, ухвалялі такія пастановы, каторыя нішчылі горад, руйнуючы яго політычныя правы і экономічныя інтарэсы. Купцом, напрыклад, было забаронена беспасрэдна мець зносіны з замежнымі старонамі. Часта шляхта дабівалася таксыроўкі тавараў, каб гандляры не маглі ставіць на тавары вольныя цэны. З тавараў не таксаваўся толькі хлеб дзеля таго, што гэта быў тавар, які дастаўляла на рынак шляхта. Каб шляхціц не зьмяшаўся з мешчанінам, яму забаронена было гандляваць. З другога боку, гандляром было забаронена купляць нярухомую маемасьць за сьценамі места, каб яны не зрабіліся зямляўласьнікамі. Такім спосабам між гэтымі двума клясамі ўтваралася прорва.

Такі быў політыка-соцыяльны стан Рэчы Паспалітай Польскай у тыя часы, калі яна ўзяла Беларусь пад свой уплыў. Само сабой разумеецца, што Беларусь павінна была прымаць гэты ўклад жыцця Польшчы, бо яна інкорпоравалася ў дзяржаўны організм Рэчы Паспалітай.

СТАН БЕЛАРУСІ ПАСЬЛЯ ВУНІІ З ПОЛЬШЧАЙ

У 1569 годзе ў Любліне адбылася вунія паміж Польшчаю і Літоўска-Беларускім гаспадарствам. Гэта ня была сувязь роўнага з роўным. Польшча скарыстала цяжкае палажэньне Беларусі і Літвы і налажыла сваю руку на тэрыторыі, каторыя дагэтуль былі ад яе незалежны. Ужо самая назва новага, створанага вуніяй гаспадарства — «Польская Рэч Паспалітая» сьведчыць аб гэтым. Політычная незалежнасць Літвы і Беларусі на аснове Люблінскага акту была зьнішчана. Ад вялікага Літоўска-Беларускага княства былі адабраны і сілком прылучаны да «кароны» (як называлі Польшчу) такія багатыя, каштоўныя землі, як Падолія, Валынь, Кіеўшчына і Падлясьсе. Крыльлі ў Літоўска-Беларускай дзяржавы былі адняты.

Тым ня менш незалежнасць Літоўска-Беларускага гаспадарства фактычна яшчэ доўга існуе, што выяўляецца нават і ў юрыдычных актах. Перад намі Статут Вялікага Княства Літоўскага, выданы ўжо пасьля Люблінскай вуніі ў 1588 годзе. Калі мы чытаем I, IV і V артыкулы трэцяга разьдзелу, то бачым, што 1) гаспадар Літвы і Беларусі павінен аберагаць цэласьць тэрыторыі гаспадарства і вярнуць у склад яе тое, што было ўзята другімі гаспадарствамі і 2) што землі ў вялікім княстве ён мае раздаваць толькі «родзічам» гаспадарства, яго тубыльцам. Палякі ў Статуце разглядаюцца як «замежнікі», і іх права зямляўладаньня ў Беларусі абмяжована. Урады ў гаспадарстве таксама раздаюцца толькі «родзічам», тубыльцам. Наогул Статут прыстасован да патрэб Літоўска-Беларускага гаспадарства як самастойнай дзяржавы. Самастойнасьць Літвы і Беларусі асабліва выяўлялася ў часы бескаралеўя. Вельмі часта ў гэтыя часы Беларусь вядзе нават зносіны з чужаземнымі гаспадарствамі.

Магнаты Літоўска-Беларускага гаспадарства не здаволены Люблінскаю вуніяй. Яны лічаць, што вунія нанесла гаспадарству крыўду. Іх політычны настрой часта выяўляецца ў розных літаратурных творах. Цікава ў гэтым сэнсе адзначыць адзін твор, вельмі пашыраны на Беларусі і вядомы пад назваю: «Прамова Івана Мялешкі, каштэляна Смаленскага, на Варшаўскім Сойме ў прысутнасьці караля Зыгмунда III ў 1589 годзе». Судзячы па зьместу гэтага твору, а таксама апіраючыся на погляды вучоных спэцыялістых, мы павінны прызнаць, што гэта ёсьць хутчэй політычны памфлет, політычная і бытавая сатыра, чым соймавая прамова. Аўтар протэстуе проці польскага ўціску, як культурнага, так і політычнага. Ён раўнуе старажытныя часы з сучаснымі яму, старых людзей — са сваімі сучасьнікамі і кажа, што раней было лепш. Раней гаспадары Літвы і Беларусі клапаціліся аб сваёй зямельцы, зьбіралі тэрыторыі і каштоўнасьці, сваю бацькаўшчыну мілавалі; іх памяць салодкая. Апошняга Літоўска-Беларускага гаспадара Зыгмунда II Аўгуста, каторы аддаў у няволю гаспадарства, аўтар ня можа лічыць нават за чалавека. Вось вынятак з гэтага твору:

«Прышло мне — з Вамі (пасламі Сойму) радзіці, а я на гэткіх зьездах ніколі ня бываў і з каралём, Яго Міласьцю, ніколі не засядаў; толькі за пакойнікаў Князёў нашых, каторыя каралявалі і што ваяводамі былі. Сэнтэнцый гэтых ня бывала, папросту правым сэрцам гаварылі. Політыкі ня зналі, а ў рот праўдаю, як солей у вочы, кідывалі. Скораж каралі больш немцаў, чым нас, улюбілі, зараз, што старыя нашыя сабралі, то ўсё нямцом раздалі. Нашыя гаспадары, проч Жыгімонта Аўгуста Караля (таго нечага і ў людзі лічыць), бо той Падлясьсе вынішчыў, Ляхам менючыся[26]. Але Жыгімонта Першага салодкая памяць яго, бо той немцаў, як сабак, ня любіў і ляхаў з іх хітрасьцю вельмі ня любіў. А Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў, і гаразда лепш нашыя за яго мяваліся»[27].

У тым, што Беларусь падпала пад польскі ўціск, вінаваты ня столькі каралі, колькі іх дарадчыкі, каторыя паддаліся польскаму ўплыву і інтарэсы Польшчы ставілі вышэй інтарэсаў Беларусі. «Ня вельмі вінаваты кароль, больш яго дарадчыкі, што пры ім сядзяць і круцяць. Многа тут гэткіх ёсць, што хоць і наша костка, аднак-жа сабачым мясам абрасла і ваняець».

Як відаць з вышэйпаданай «прамовы» Мялешкі, беларускія магнаты доўга не маглі згадзіцца са згубаю поўнай незалежнасьці і протэставалі, як маглі, проці той «несправядлівасці і крыўды», каторая была зроблена Люблінскай вуніяй. Можна думаць, што зьмест твору Мялешкі і яго опозыцыйны настрой быў блізкі да настрою даволі шырокіх колаў магнацтва канца XVI і пачатку XVII сталецьця.

Разам з абмежаваньнем політычнай незалежнасьці Люблінская вунія прыскорыла на Беларусі разьвіцьцё шляхецкіх прывілеяў у адносінах ня толькі да караля, але і да сялянства. Хутчэй стаў расьці панскі соцыяльны ўціск над мужыком. Ужо і ў папярэдні пэрыод гісторыі Беларусі палажэньне сялянства было благім. Цяпер мужыку стала яшчэ горш. На Беларусь прышла рэспубліка паноў, якіх нішто не магло ўстрымаць. Уся ўлада была ў іх руках. Яны мелі ў сваіх руках сойм, соймікі, караля, цэнтральную і мясцовую адміністрацыю і ўзброеную сілу. Іх «злота вольнасць» была цяжкай няволяй для гаротнага простага народу, каторы павінен быў карміць гэтую кіруючую клясу дармаедаў белай косьці, ня гледзячы на тое нават, што сам быў у цяжкім экономічным палажэньні. Поўная залежнасць ад пана, бязвыхадная беднасьць і нужда прыгняталі яго і рабілі яго ворагам таго соцыяльнага ўкладу, у якім ён знаходзіўся. Да гэтага трэба дадаць, што апроч пана мужык павінен быў на кожным кроку лічыцца і здавальняць загады панскай адміністрацыі, якая складалася з дробнай шляхты і нават простых людзей, каторыя былі прыбліжаны да асобы пана і былі выканаўцамі яго пажаданьняў экономічных і політычных. Гэтыя, як іх называў мужык, падпанкі былі ня менш шкадлівымі для мужыка, чым пан. Пана мужык рэдка калі бачыў, рэдка калі з ім спатыкаўся, і яго дзіцячаму мазгу здавалася, што падпанкі яшчэ шкадлівейшыя ад самага пана. Ня дарма і да нашага часу існуе сярод мужыкоў прыказка, што лепш мець справу з панам, чым з падпанкам. Так ці йначай, ясна адно, што мужыку ня было добра ні ад пана, ні ад падпанка, бо сутнасьць справы тая самая.

Залежнасьць мужыка ад пана выяўлялася ня толькі ў тым, што ён быў моцна прыкуты да панскай зямлі. Пан, апроч таго, захапіў у свае рукі і суд над сваімі падданымі. Стварылася гэта не адразу. Раней асобнымі соймавымі пастановамі ставіліся ўсякія перашкоды да таго, каб мужык мог стаяць у судзе як роўны з усімі грамадзянін гаспадарства. Паном даваліся правы судзіць мужыкоў па асабістых справах, фамільных і экономічна-грамадзянскіх. Але ўжо ў 1573 годзе быў выданы закон, каторы даваў пану права судзіць і накладаць кару на сваіх падданых ува ўсіх здарэньнях водлуг свайго ўласнага погляду. Гэты няясна выражаны закон разглядаўся панамі так, што ён даваў ім права накладаць на мужыкоў вышэйшыя кары, а ў тым ліку і кару сьмерці.

Адным словам, тая соцыяльная крыўда, якая ў гэты час была ў шляхецкай Польшчы, стала панаваць і ў Беларусі. Мужык ня мог знайсьці аніякай абароны ад пана. Змагацца з панам актыўна ён таксама яшчэ ня мог. I ён стаў шукаць спосабаў пасыўнага протэсту. Адным з такіх спосабаў было ўцяканьне са сваёй бацькаўшчыны да казакоў на Украіну.

Пасьля рэлігійнай вуніі 1596 году каталіцтва на Беларусі было абвешчана дзяржаўнай верай, як у Польшчы. Каталіцтва давала права для заняцьця вышэйшых урадавых пасад у Літве і Беларусі. Рэформацыйны рух сярод паноў зьнік. Яго зьмяніла каталіцтва, каторае было для беларускай шляхты тым шляхам, каторы правадзіў да вышэйшых пасад і да злучэньня з польскаю шляхтаю. Калі адбылася царкоўная вунія, то ўсім стала ясна, што яна мела не рэлігійны, а політычны кірунак, што яна таксама была шляхам ня толькі для пашырэньня каталіцтва, але і польскага ўплыву. Рэлігійнае пытаньне зьлілося з пытаньнем політычным і нацыянальным, каталіцтва — з польскасьцю. I да нашага часу астаўся гэты шкадлівы перажытак, калі і цяпер мы часта можам бачыць, як зьмешваюцца два разуменьні: паляк і католік, рускі і праваслаўны. Ужо і ў тыя часы некаторыя з разумнейшых людзей разумелі ўсю неправіловасьць такога злучэньня пытаньняў рэлігійна-царкоўных з пытаньнямі політыка-нацыянальнымі. Такім быў, напрыклад, ксёндз Калінка, пісьменьнік таго часу. У прадмове да напісанага ім жыцьця сьв. Езафата ён піша: «I да цяперашніх часоў сярод каталіцкага духавенства рэдка спаткаеш чалавека, што шанаваў-бы абрад і нацыянальнасьць таго народу, сярод каторага ён працуе. Ім здаецца, што зрабіць чалавека італьлянцам або французам (а ў нас палякам) — гэта найлепшы спосаб навярнуць[28] яго. Гэта фальшывы погляд. Усе народы створаны богам, мілы богу, ды ўсе яны, ня трацячы свайго нацыянальнага пачуцьця, могуць прылучыцца да ўсясьветнай царквы. Хто аб гэтым забывае, той сабе і справе веры шкодзіць, бо сее паміж усходнімі народамі думку, быццам каталіцтва — гэта толькі спосаб да дэнацыяналізацыі іх».

На Беларусі пачынаецца гвалтоўнае пашырэньне вуніяцтва і каталіцтва. На гэтым вырастае шмат і злачынства. Валынскі чашнік, пасол сойму Лаўрык Дрэвінскі так апісвае ў сваёй прамове на сойме (1620 г.) рэлігійныя справы ў Рэчы Паспалітай: «Пачну з Кракава. Якое йдзе пашырэньне божай славы пры дапамозе новавыдуманай вуніі. Ужо ў вялікіх гарадох цэрквы запячатаны, царкоўныя маёнткі раскрадзены, у кляшторах замест манахаў запіраюць быдла. Пяройдзем у княства Літоўскае: там у прымежных з Маскоўскім гаспадарствам гарадох робіцца тое самае. У Магілеве і Воршы цэрквы запячатаны, сьвяшчэннікі разогнаны; у Пінску зроблена тое самае; кляштар Ляшчынскага перароблен у карчму». Далей прамоўца кажа, што людзі ўсходняга абраду ня маюць магчымасьці жыць у гарадох, купцы ня маюць права гандляваць, рамесьнікі ня маюць права запісвацца ў цэхі і г. д.

Як мы бачым з вышэйшага, рэлігійная барацьба была толькі выразам экономічнай барацьбы. Праваслаўных гандляроў, рамесьнікаў і г. д. білі па кішэні. Зразумела, што такія факты вызывалі абурэньне і легальны протэст сярод тых соцыяльных груповак, якія маглі гэта рабіць ці на пасяджэньнях сойму, ці другім спосабам, напрыклад, у брацтвах, аб якіх мы будзем гаварыць далей. Сойму прыходзілася тады рабіць уступкі.

Так, напрыклад, пры каранацыі караля Ўладзіслава IV (1632) сойм павінен быў выдаць так званыя артыкулы для замірэньня народу, на аснове каторых прызнавалася легальнаю праваслаўная вера і праваслаўная іерархія. Але гэтае легальнае палажэньне інаверцаў дысыдэнтаў, як іх тады называлі, ня было пэўным. Чым далей, тым усё больш і больш губіцца політычны розум сойму. Усё часьцей і часцей выдаюцца пастановы проціў дысыдэнтаў, каторыя карысны каталіком-шляхціцам, гандляром і рамесьнікам, але шкадлівы для гаспадарства.

У 1732 годзе была выдана, напрыклад, такая пастанова: «У людзей іншых вызнаньняў (дысыдэнтаў) адбіраецца права быць абранымі ў паслы на соймы, трыбуналы і ва ўсякія асобныя комісіі, што ўтвараюцца для якіх-колечы спраў. Правы іх раўнуюцца з правамі гэбрэяў. Сойм 1766 году ўхваліў пастанову караць сьмерцю тых, каторыя пяройдуць з каталіцтва ў другую веру. У 1766 годзе сойм ухваліў як закон такую пропозыцыю кракаўскага біскупа Солтыка: Абвяшчаюць ворагам гаспадарства кожнага, хто асьмеліцца сказаць на сойме прамову на карысьць інаверцаў».

Гонячыся за тымі экономічнымі, соцыяльнымі і політычнымі карысьцямі, якія ім сулілі каталіцтва і разам з ім польскасьць, і ня хочачы мець тых збыткаваньняў[29], якія былі зьвязаны з праваслаўем і беларускасьцю, шляхта літоўска-беларуская пачынае паступова пераходзіць у польска-каталіцкі лягер, кідаючы хутчэй і веру, і нацыянальнасьць. Шляхта выходзіць са складу беларускай народнасьці, каторая губіць разам з ёю і культурных сваіх прадстаўнікоў, бо культура ў тыя часы была даступна толькі вышэйшым станам. У складзе беларускае нацыі і на баку праваслаўнай веры застаюцца тыя слаі, каторым каталіцтва і польскасьць ня прыносіць ніякіх экономічна-політычных выгад, — гэта працоўныя масы народу, найчасьцей сялянства.

Разам з політычным і рэлігійным уплывам польскасьці, а таксама і асобна ад яго ішоў уплыў і культурна-нацыянальны. Беларуская шляхта, атрымаўшы політычныя правы і веру Польшчы, пачала пераймаць польскі лад жыцьця. Польскія звычаі і мова сталі яе ідэалам. Езуіты дзеля рэлігійных мэт закладалі польскія школы і друкавалі кнігі ў польскай мове. Пашыралася польская адукацыя і польская кніга. Разумеецца, гэтая польская «паліроўка» пашыралася толькі сярод тых грамадзянскіх станаў, каторыя даставалі шляхецкія «вольнасьці», каторыя вучыліся ў школах і чыталі кнігі, г. зн. сярод вышэйшых станаў Беларусі. Усё менш і менш аставалася беларускіх паноў, якія хавалі беларускія звычаі, культуру й мову. З цягам часу Беларусь амаль што ня ўсіх сваіх паноў аддала польскай народнасьці. Але доўга яшчэ ўрадаваю, дзяржаўнаю моваю на Літве і Беларусі была беларуская мова. Урэшце было скасавана і гэта. Сойм у 1697 годзе выдаў такую пастанову: «Pisarz powinen nie po rusku, a po polsku pisac». З гэтага ўсе законы і ўрадавыя пастановы робяцца па-польску. Беларуская культура, звычаі і мова засталіся толькі ў тых, каму было на да «бляску», не да «паліроўкі», — людзі вясковага мужычага стану і гарадзкія працоўныя нізы. Само сабой зразумела, што ў гэтых соцыяльных групах, паднявольных політычна і экономічна, ня было магчымасьці разьвінуць і пашырыць беларускую культуру. У курных хатах вёскі, у глыбокіх сутарэньнях гарадоў захавалася гэтая культура і мова і стала клясаваю культураю і моваю працоўных слаёў грамадзянства. Адсюль і бярэ свой пачатак такая назова, як «мужыцкая, хлопская мова».

Такім спосабам, Польшча з соцыяльнага боку прынесла нам уплыў панскі, з рэлігійнага боку — каталіцкі. Культурны і рэлігійны ўплыў пашоў толькі на вышэйшыя грамадзянскія клясы. Ніжэйшая кляса атрымала ад Польшчы прыгон і няволю, астаўшыся пры сваёй беларускай мове і нацыянальнасці. Забіты і загнаны, пастаўлены ў стан «быдла», ён забыў нават, якую мову і якую нацыянальнасць ён захаваў. У яго цёмным розуме ўсё перапуталася і зьлілося. Пан, каталік і паляк — з аднаго боку; мужык і «тутэйшы» — з другога боку, сталі для яго розуму сынонімам. I да нашага часу астаўся гэты гістарычны перажытак, калі наш селянін лічыць, што пан, каталік і паляк — гэта ёсьць словы, каторыя называюць адну і тую катэгорыю.

Трэба зазначыць, што асобныя групы на Беларусі ў працягу данага пэрыоду не паддаваліся польскаму культурна-нацыянальнаму, рэлігійнаму і соцыяльнаму ўплыву. Завязалася нацыянальна-культурная і нацыянальна-соцыяльная барацьба. У барацьбе гэтай прынялі ўдзел так званыя царкоўныя брацтвы і казацтва. Брацтвы ўзялі на сябе заданьне быць павадырамі ў барацьбе нацыянальна-культурнай, а казацтва павяло з вялікаю энэргіяю нацыянальна-соцыяльную барацьбу. I тая і другая барацьба аслабляла гаспадарства Рэчы Паспалітай і вяла яго да гібелі.

БРАЦТВЫ НА БЕЛАРУСІ

Брацтвы ў сваім далёкім мінулым даходзяць аж да паганскіх часоў, яны маюць свой корань у старажытных звычаях, якія калісь існавалі ў быце рускіх славян. Яшчэ ў часы сівога політэістычнага паганства ў нашых прародзічаў быў звычай сьвяткаваць свае сьвяты грамадою. На сьвяты сьпяваліся сьпевы-малітвы, сьпевы-падзякі, вадзіліся хараводы, рабіліся ігрышчы. Гэтыя ігрышчы зьбіралі да сябе жыхароў ня толькі аднэй сялібы. Часта, як кажа і летапісец, ігрышчы былі «межю селы». Разумеецца, што гэтае сьвяткаваньне грамадою магло існаваць толькі тады, калі існавала нейкая грамадзянская організацыя, якая давала магчымасьць сьвяткаваць разам.

Калі прышло ў Полацкую Русь у свой час хрысьціянства, то яно не руйнавала паганства, а проста спаткалася з ім, як з фактам, і пачало паціху зжывацца і зьлівацца з ім. З новаю вераю да нашага продка прышлі новыя, нязнаныя дагэтуль багі: Хрыстос, Ільля, Улас, Ян, Мікола і г. д. Хутка гэтыя багі пачалі зьлівацца са старымі, добра вядомымі палачаніну багамі. Тое самае зрабілася і са сьвятамі. Сьвяты на пачэсту старых паганскіх багоў пачалі зьлівацца з новымі хрысьціянскімі сьвятамі. Сьвята нараджэньня Хрыста зьлілося з сьвятам сонца — каляды, сьвята Яна — з сьвятам сонца — купалы, сьвята Ільлі — з сьвятам бога маланкі і грому — Пяруна і г. д. Усе гэтыя сьвяты ў новай рэлігіі адбываліся таксама пры грамадзе, як і раней. Як і раней, сьвяты павінны былі організавацца асобнымі таварыствамі. Гэтыя гурткі-таварыствы пачалі гуртавацца вакол парафіяльнай царквы і палажылі пачатак брацтвам. Брацтвы пачалі клапаціцца аб тым, каб у выдатнейшыя царкоўныя сьвяты з большаю пыхаю адбывалася набажэнства і каб усе сябры брацтва ў гэтыя дні былі на сьвяце. Рабіўся агульны сход усіх братчыкаў, пасьля сходу варылася братчына, г. зн. мёд, якім і частаваліся як братчыкі, так і зазваныя на сьвята госьці. Воск, які заставаўся ад мёду, звычайна ці ахвяроўваўся на царкву, ці ішоў на ўтварэньне брацкіх царкоўных сьвечак. Па гарадох у брацтвы часам злучаліся цэхавыя, профэсыянальныя організацыі, каторыя мелі ня толькі рэлігійна-царкоўныя мэты, але і мэты сваёй профэсіі. У Вільні, напрыклад, з вельмі старажытных часоў было кушнэрскае брацтва, зьвязанае з цэхам, каторы вырабляў і гандляваў хутрамі (скурамі). Заснаваньне яго трэба аднесьці да першай палавіны XV сталецьця. Апроч яго былі яшчэ другія брацтвы: кажамякаў, шапачнікаў, сярмяжнікаў і нагавічнікаў. Апошнія чатыры профэсіі складалі адзін цэх і адно брацтва. Майдэборскае права беларускіх гарадоў давала шырокія магчымасьці для організацыі цэхавых брацтваў.

Такія організацыі былі і ў Заходняй Эўропе. Усім нам вядомае масонства вышла з такога профэсыянальна-царкоўнага таварыства.

Брацтвы пры цэрквах захаваліся на Беларусі па вёсках амаль што да нашага часу. Іх організацыя і мэты добра вядомы ўсім, хто ня згубіў зьвязку з сучаснай нам вёскай. Братчыкі плацяць у касу таварыства грошы ці даюць ахвяры, як, напрыклад, воск, лён, палатно і г. д. У час набажэнства братчыкі трымаюць у руках брацкія сьвечкі; у асобныя дні брацтва закупляе мшу[30], пасьля каторай робіцца брацкі абед. Калі хто з братчыкаў памірае, усе сябры брацтва павінны быць на хаўтурах. Адным словам, брацтвы, якія можна было спаткаць на вёсцы яшчэ перад апошняй вайной, мелі мэты, падобныя на мэты старажытных брацтваў.

З канца XVI веку і асабліва ў XVII сталецьці брацтвы пачынаюць пашыраць сваю працу, бяручы на сябе культурна-асьветныя і нацыянальныя заданьні. Пашырэньне братцваў пачалося ўжо з часоў рэформацыйнага руху на Беларусі. Ім прышлося дзеля абароны праваслаўнай веры зьвярнуць вялікую ўвагу на разьвіцьцё навукі, якая давала-б грунт для барацьбы з рэформацыйнымі тэорыямі. За рэформацыяй прышло на Беларусь узмацаванае, адроджанае каталіцтва з езуітамі на чале. Разам з каталіцтвам прышоў і нацыянальны польскі ўплыў. Былі ўтвораны дзьве вуніі (1569 і 1596 г.), каторыя накладвалі руку на незалежнасьць Беларусі. Перад магнацтвам, нездаволеным злучэньнем і брацтвамі, сталі ўрэшце нацыянальна-культурныя і політычныя заданьні. Трэба было абараняць Беларусь як самастойную адзінку, з сваім асобным нацыянальна-культурным тварам.

Найраней пачынае шырокую працу Львоўскае брацтва. За ім выступае на шлях шырокай грамадзянскай працы Віленскае брацтва. У XVII сталецьці вядомы брацтвы ў Магілеве, Воршы, Асьціславе, Слуцку, Менску, Полацку, Віцебску, Шклове, Крычаве і г. д. Найбольш брацтвы працуюць па гарадох, дзе сконцэнтраваліся культура і капітал. Майдэборскае права дае магчымасць для шырокай і бязупыннай організацыі брацтваў.

Сябром брацтва, апроч сяброў цэхаў, меў права быць усякі дарослы грамадзянін. У склад брацтваў, апроч мяшчан, уходзілі такім спосабам людзі і другіх станаў. Па вёсках сюды ўходзіла сялянства. Вельмі часта ў складзе і нават на чале брацтваў стаялі прадстаўнікі літоўска-беларускай магнатэрыі, якая была ў політычна-рэлігійнай опозыцыі да шляхты польскай і карыстала брацтвы для сваіх незалежніцкіх мэт. Юрыдычна сябры іх лічыліся роўнымі. На брацкіх сходах і за брацкім сталом радавіты шляхціц-магнат не павінен быў мець ніякіх прывілеяў параўнаўча з сябрамі, выходзячымі з ніжэйшых соцыяльных груп. Зразумела, што гэтая роўнасьць была формальнаю роўнасьцю, каторая зьнікала, калі справа пераходзіла ў жыцьцё. Заможнейшыя братчыкі былі апякунамі і рукаводнікамі ніжэйшых элемэнтаў брацтва, якія ад іх залежалі. Маючы на чале сваім опозыцыйную магнатэрыю, брацтвы маглі праз яе рабіць уплыў на сойм, маглі карыстаць з тых праў, якія давала дзяржава шляхціцам. Шляхціц ці магнат-братчык у Вальным Сойме і на сойміках быў абаронцаю політычных, нацыянальна-культурных інтарэсаў братчыкаў, мяшчан і сялян, карыстаючы іх для сваіх політычных незалежніцкіх мэт.

З усіх бакоў, як з боку самых праваслаўных, так і з боку протэстантаў, мы маем весткі аб адсутнасьці адукацыі і нават бязграматнасьці духавенства. Васіль Цяпінскі, вядомы нам перакладчык эвангэльля на беларускую мову, гаворыць, што праваслаўныя сьвяшчэньнікі не атрымліваюць аніякай адукацыі і нават не разумеюць славянскай мовы, якой напісаны сьвятыя кнігі і ў якой адпраўляецца набажэнства. Брацтвам прышлося і найперш ад усяго зьвярнуць сваю ўвагу на гэты недахват жыцьця. Трэба было даць асьвету цёмным пастырам чалавечых душ, каб праз іх трымаць у сваіх руках масы. Для гэтай мэты трэба было ўтвараць школы і друкаваць кнігі. Брацтвы і асобныя братчыкі заснавалі на Беларусі шмат школ і друкарань, каторыя працавалі ў процівагу каталіцка-польскім школам і друкарням езуітаў. Асабліва многа зрабіў у гэтым кірунку князь Канстантын Астроскі. Яго багацтвы далі яму магчымасьць заснаваць для Беларусі вышэйшую духоўную школу ў г. Астрозе. Там-жа, пры духоўнай акадэміі, ён заснаваў вялікую кнігарню і добра абстаўленую друкарню. Вельмі цяжка было набраць профэсароў для беларускай вышэйшай школы. У беларускім грамадзянстве ня можна было знайсьці патрэбны лік вучоных людзей. Езуітаў таксама, па погляду Астроскага, ня можна было запрашаць на профэсарскія катэдры, каб ня ўпусьціць каталіцка-польскага ўплыву на студэнтаў. Не шкадуючы вялікіх коштаў, Астроскі выпісваў выдатных вучоных з Грэцыі і з Нямеччыны, і навука акадэміі расходзілася ня толькі па Беларусі, але прасочвалася ў Маскоўскае гаспадарства, зьявіліся школы і друкарні па другіх гарадох Беларусі. Асобныя братчыкі і цэлыя брацтвы, бяручы прыклад з Астроскага, таксама не шкадавалі коштаў на пашырэньне асьветы і адчынялі школы.

Вышэй гаварылася, што даўней на Беларусі быў пашыраны звычай так званага патранату заможных асоб і ўстаноў над цэрквамі і манастырамі. Часта патранат быў у руках такіх асоб і ўстаноў, каторыя карысталі з гэтага патранату для сваіх уласных асабістых мэт. Разумеецца, такі патранат царква лічыла шкадлівым для сваіх інтарэсаў. Вось брацтвы і пачалі клапаціцца аб тым, каб патранат узяць у свае рукі, бо, маючы патранат над цэрквамі, манастырамі, брацтвы маглі рабіць вялікі ўплыў на жыцьцё царквы, а праз яе на шырокія колы грамадзянства. Патранат брацтваў і асобных братчыкаў у XVII сталецьці ўжо пашырыўся на многія цэрквы і манастыры. Вядома, напрыклад, што адзін толькі князь Астроскі быў патронам больш як 600 царквей. Патронамі былі і другія братчыкі-магнаты з літоўска-беларускай політычнай опозыцыі, менш заможныя, чым Астроскі. Калі царква ці манастыр не маглі атрымаць такога заможнага і багатага братчыка, як Астроскі, то апеку над ёю бралі другія парафіяне, каторыя для гэтай мэты складалі брацтва і ўходзілі ў сувязь з другімі брацтвамі. Лік брацтваў усё павялічваўся, шмат людзей з мяшчанскага і нават сялянскага станаў было ўцягнута ў гэтую ўтвораную жыцьцём організацыю. Паміж асобнымі брацтвамі йшлі жывыя зносіны, багацейшыя організацыі рабілі матэрыяльную дапамогу бяднейшым. Каб мець большую моц, брацтвы прагнуліся атрымаць ад патрыархаў так званую стаўрапігіяльнасьць. Сутнасьць стаўрапігіяльнасьці была ў тым, што ўстановы, што мелі яе, былі непадлеглымі ў адносінах да ўлады епіскапаў. Гэтая непадлегласьць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некаторых выпадках — нават права ўмешвацца ў чыннасьць епіскапаў. Выдатнейшыя брацтвы, як, напрыклад, Львоўскае і Віленскае, стаўрапігію атрымалі.

У XVII сталецьці чыннасьць брацтваў дашла да вышэйшай ступені свайго разьвіцьця. Гэта былі моцныя і вельмі багатыя організацыі. Багацьці іх складаліся як з грошай, так і наогул з рухомай і нярухомай маемасьці. Бяднейшыя сябры брацтваў укладалі ў касу невялічкія ахвяры, затое багатыя сябры на патрэбы брацтваў апісвалі вялікія сумы, вялікія каштоўныя будынкі і шмат зямлі. Лік брацтваў з году ў год павялічваўся, і яны пакрылі тэрыторыю Беларусі даволі густою сеткаю. Пытаньні, каторыя ставіліся на агульных сходах брацтваў, датычылі ня толькі хатняга, унутранога жыцьця організацыі. Часта тут ставіліся і разглядаліся пытаньні, каторыя мелі агульна-дзяржаўны і агульна-грамадзянскі характар. Грунтоўнейшым і часьцейшым з гэтых пытаньняў было пытаньне аб абароне праваслаўнай веры і беларускай нацыянальнай культуры, як веры і культуры тых соцыяльных груп, каторыя былі большасьцю ў складзе брацтваў. На пастаноўку і абарону гэтага пытаньня брацтвы выдзялялі з сябе энергічнейшых, разумнейшых і вучонейшых людзей. Яны часта станавіліся на чале работы ў брацтвах і працавалі словам, пяром і друкарскім станком. Жыва йшла праца ня толькі рэлігійная, але і культурна-нацыянальная, якая стала ў зьвязак з рэлігійнаю. З гораду яна пашыралася і на вёску, адбіваючыся на вясковым, больш сьвядомым элемэнце насяленьня.

Але барацьба была няроўная. З захаду йшоў ня толькі культурны, але і політыка-соцыяльны ўплыў. У польскі бок пачынае цягнуць вышэйшая магнацкая кляса беларускага грамадзянства, манячыся «вольнымі хрысьціянскімі правамі каруны Польскай», каторыя даюць ім экономічную карысьць. Політыка-культурная опозыцыя беларуска-літоўскага магнацтва зьнікае, бо яна непрактычна для магнатаў. На кожным кроку мы спатыкаемся з такімі здарэньнямі, што сыны і ўнукі вядомых магнатаў-братчыкаў ужо пераходзяць у той політыка-культурны лягер, з якім змагаліся ў ранейшыя часы іх бацькі і дзяды (Астроскія, Хадкевічы і др.). З цягам часу ўсё больш і больш культурныя сілы з вышэйшых станаў адрываюцца ад тэй працы, якая іх цікавіла і здавальняла. Магнацка-шляхецкая беларуская інтэлігэнцыя кідае культуру працоўных мас народу, да якога яны належалі, і паварочвае ў польскі бок. На варце беларускай культуры асталіся «худыя і няслаўныя» клясы грамадзянства, каторыя разам з тым узялі на сябе і соцыяльную опозыцыю.

КАЗАЦТВА НА БЕЛАРУСІ

Брацтвы рабілі на Беларусі нацыянальна-культурную, а часткаю і політычную работу. На чале гэтай работы стаяла сьвядомая, інтэлігэнтная частка грамадзянства. Няграматныя і няпісьменныя масы ўцягваліся ў брацкую організацыю як пасыўны матэрыял. Яны жылі сваім цяжкім працоўным жыцьцём. Разьвіцьцё шляхецкіх вольнасьцяй лажылася вялікім цяжарам на рабочыя масы ў форме соцыяльнага ўціску й прыгону. Апроч таго, працоўныя масы, асабліва сялянства, разам з соцыяльна-экономічным уціскам перажывалі ўціск рэлігійны і нацыянальны. Апалячаны і акаталічаны магнат-шляхціц быў для працоўнай мужычай масы вяльможным панам і пражорлівым прыгоншчыкам. У яго руках было жыцьцё працоўнай масы, каторая была залежнаю ад яго з усіх бакоў.

Ня маючы сілы змагацца з панам, мужык уцякаў ад яго туды, дзе аблогам ляжалі вольныя землі, куды панская дзяржава яшчэ не працягнула сваіх рук,— на поўдзень, у шырокія дняпроўскія стэпы. Там толькі станавіўся ён вольным чалавекам, казаком. З цягам часу ўсё больш і больш народу шукала паратунку ад уціску на поўдні, і к пачатку XVII сталецьця паўднёвыя стэпы на сваім абшары сабралі вялікую грамаду казацкага люду. Казацтва, якое злажылася на паўднёвай Украіне Рэчы Паспалітай, атрымала назву ўкраінскага.

Казацтва ня ёсьць зьявішча, выключна датычачае жыцьця Рэчы Паспалітай. Казак заўжды бывае там, дзе мужык ня мае магчымасьці бароцца з панам іначай, як толькі ўцякаючы ад яго панскай ласкі і апекі. Апроч вышэйназванага казацтва ўкраінскага мы на палуднёвым усходзе ведаем яшчэ казацтва прыволскае і прыдонскае, каторае адначасна злажылася на паўднёвай акраіне Маскоўскага гаспадарства. Яно таксама злажылася з паднявольнага экономічна і соцыяльна-прыгнечанага люду, каторы ўцякаў ад соцыяльнай і політычнай няволі Маскоўскага царства, каб зрабіцца вольным чалавекам. Калі казак прыволскі і донскі абураўся проці свайго гаспадарства з прычын політыка-соцыяльных, то казак украінскі, забраўшы ў свой склад беглых мужыкоў і з Беларусі, абураўся з прычын ня толькі політычна-соцыяльных, але і з прычын рэлігійных і нацыянальных. Яма паміж заходнім казаком і гаспадарствам была куды глыбей, чым яма паміж гаспадарствам і ўсходнім казаком. Вось чаму казацкі протэст на захадзе быў такім моцным, бязупынным і крывавым. Казакі ня былі зусім аднароднаю масаю. Яны ў сваю чаргу дзяліліся на дзве групы. Частка іх складалася з людзей (часта нават беглых шляхціцаў і мяшчан), каторыя на поўдні занялі добрыя землі, пабудаваліся і выдзелілі з сябе казацкага старшыню, каторы звычайна пападаў у польскія рэестры. Але гэтая частка лічэбна ня была вялікая. Казацкая маса складалася з беднаты, якая найчасьцей ня мела ні кала ні двара. Яны жылі з паляваньня, рыбалоўства, паходаў, адным словам, «казакавалі». Часам яны абсаджваліся на зямлю і займаліся земляробствам і разводзілі быдла. Але іх дробная гаспадарка сталаю ня была як за адсутнасьцю інвэнтара, так і затым, што акраіна гаспадарства ня была забясьпечана ад паўднёвага ворага — татарына і турка. Вельмі часта толькі ўрад нават дапаручаў казаком абарону граніц.

Казацкія паўстаньні проці соцыяльна-экономічнага, нацыянальнага і рэлігійнага ўціску ў Польскай дзяржаве пачаліся яшчэ з канца XVI сталецьця. Лепшыя польскія каралі разумелі, якую небясьпеку нясуць гаспадарству гэтыя казацкія паўстаньні. Апроч таго, у іх магла вынікаць і думка аб тым, каб з дапамогаю казацтва ўзмацніць свае правы ў адносінах да шляхты, каторая абмежавала ўладу караля. Так адносіўся да казакоў Уладыслаў IV (1632-1648). Ён лічыў, што казацтва ёсьць сіла, з катораю каралю парываць ня трэба, што ён можа выбраць адтуль патрэбныя яму заможнейшыя элемэнты, калі гэта будзе трэба.

Ёсьць паданьне, што аднаго разу казакі прыслалі да Ўладыслава сваіх паслоў, каб паскардзіцца на тыя крыўды, якія над імі ўчыняюцца. Кароль, выслухаўшы казацкіх паслоў і ня маючы рады абараніць іх парушаныя інтарэсы, быццам сказаў ім: «Вы маеце шаблі, самі абараняйце свае правы». Разумеецца, казакі ведалі гэтае і без караля, але словы караля толькі падкрэсьлілі для іх немагчымасьць згоднага сужыцьця Польшчы з вольным казацтвам. Цікава яшчэ зьвярнуць увагу на адно здарэньне. Заходняе казацтва, бяручыся за шаблю, казала, што яно хоча ратаваць сябе і караля з панскай «ляскай няволі». Такія самыя думкі былі і ўва ўсходняга маскоўскага казацтва. Вядома, што такія прадстаўнікі ўсходняга казацтва, як Разін і Пугачоў, лічылі сваім ворагам не цара, а баяр і дваран, ад улады каторых яны хацелі вызваліць і сябе і цара. Гэты настрой як заходняго, так і ўсходняга казацтва паказвае нам, што абураны мужык, зрабіўшыся паўстанцам-казаком, мала цікавіўся політычнымі мэтамі і пытаньнямі; ён змагаўся, больш стоячы на соцыяльна-экономічным, чым на політычным, грунце. Маскоўскі казак змагаўся з баярынам-памешчыкам і купцом, а ўкраінскі казак — з панам, каторы адначасна быў палякам і каталіком.

Казацкія паўстаньні на Украіне пачаліся яшчэ з канца XVI сталецьця. На чале казакоў сталі атаманы — Касінскі, Лабада і Налівайка. З мечам і агнём урываюцца казакі ў польскія землі, у сябе на Украіне зьнішчаюць шляхту, вызваляюць з прыгону мужыкоў і робяць іх вольнымі казакамі. Польскі ўрад ня мог спыніць гэтага паўстаньня. Казакі абралі сабе гэтмана Пётру Сагайдачнага, каторы стаў дзяржаўцам усёй Украіны. Усё гэтае, разумеецца, не спадабалася паляком, і пры першым здарэньні яны зноў пачалі рабаціць казакоў. Казакі на гэта зноў адказалі паўстаньнямі ў пачатку XVII сталецьця. На чале казакоў сталі атаманы — Тарас, Паўлюк і Астраніца. Многа гадоў Польшча і Украіна паліліся агнём і заліваліся крывёю. Урэшце перамаглі палякі. Паўлюк і Астраніца папаліся ў польскі палон. Атрымаўшы верх, польскі ўрад стаў рабіць на Украіне свае парадкі. Казакоў пакінулі толькі 6 тысяч, запісаўшы іх у так званыя рэестры, адабралі ад іх самакіраваньне, начальнікамі над імі паставілі польскіх паноў. Рэшту казакоў зрабілі зноў мужыкамі. Усё гэтае адбылося ў 1638 годзе.

Толькі 10 год трымалі казакі гэтую няволю. У 1648 годзе яны зноў падняліся, як адзін чалавек, пад кіраўніцтвам вядомага атамана Багдана Хмяльніцкага. Пад яго сьцяг сабраліся як рэестраўцы, так і казакі, папаўшыя зноў у няволю. Зьбіраліся наўкол яго і мужыкі, уцёкшыя ад прыгону з усёй Украіны і Беларусі. З вялікаю збройнаю сілаю йшоў Хмяльніцкі на помсту ў Польшчу, маючы на мэце выбіць з панскай няволі як казакоў, так і просты народ. Насустрэч яму былі высланы польскія войскі, каторыя ён разьбіў — першы раз пры Жоўтым Водах, другі раз пад Корсунем. Пад Корсунем казакі ўзялі ў палон польскіх гэтманаў Каліноўскага і Патоцкага. Гэтыя пабеды Хмяльніцкага адгукнуліся на Беларусі мужыцкім паўстаньнем: пад кіраўніцтвам рэестраўцаў мужыкі пачалі паліць панскія двары, біць паноў і зьневажаць ксяндзоў. Каб перамагчы Хмяльніцкага, у Польшчы было склікана «паспалітае рушэньне». Сабралося 40 тысяч шляхты, за імі йшло каля двухсот тысяч слуг з лёгкім аружжам і цягнуліся панскія вазы і карэты. Рушэньне дашло да Пілавіц і адсюль уцякло, нават ня біўшыся з казакамі. Першымі ўначы пабеглі начальнікі, за імі ўся шляхта, пакінуўшы свой абоз казаком. Дашло да таго, што Польшча павінна была прасіць згоды. Згода была зроблена на такіх умовах: 40 тысяч казакоў павінна трымаць Польшча сваім коштам; на Украіну ня могуць быць уведзены польскія войскі; праваслаўная вера мае правы пяршынства і «візівіты»[31] ня могуць жыць і адчыняць свае ўстановы на тэрыторыі Украіны; урадавыя пасады аддаюцца выключна толькі праваслаўным; Кіеўскі праваслаўны мітрополіт атрымлівае ў польскай вышэйшай палаце (сэнаце) месца, як і каталіцкія біскупы, і г. д.

Такая згода не здаволіла ні польскі ўрад, ні масы казакоў і мужыкоў. Польскі імпэрыялізм ня мог супакоіцца, згубіўшы паўднёвыя тэрыторыі, каторыя колёнізавала шляхта Польшчы. Мужыкі зноў забурыліся, бо ў Польшчы сіла прыгону ня была зьменшана. Апроч таго, сярод казакоў зьяўлялася новая дробная шляхта, каторая пачала накладаць руку на казакоў, каторыя масаю не ўвашлі ў склад новай украінскай шляхты. Хмяльніцкі таксама бачыў, што палажэньне яго ня моцнае як з боку Польшчы, так і з боку казацкага.

Хутка зноў пачынаецца змаганьне Хмяльніцкага з палякамі. Яно цягнецца 4 гады і канчаецца тым, што Хмяльніцкі, шукаючы ратунку ад Польшчы і баючыся абаперціся рашуча на паўстаўшыя нізы, падаецца пад апеку Маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча (1654 г.). Польшча, такім спосабам, сваёю політыкаю адкінула ад сябе такую багатую тэрыторыю, як Украіна.

Казацкія паўстаньні на Украіне маюць адносіны ня толькі да гісторыі Украіны, Польшчы і Масквы, але і да гісторыі Беларусі, бо ў складзе ўкраінскага радавога простага казацтва быў значны процант казакоў, каторых выгадавала беларуская вёска і выгнала з роднай хаты няволя на Беларусі. Трэба адзначыць, што паўстаньні на Беларусі ня мелі тэй моцы, як на Украіне, бо на Беларусі шмат было шляхецка-польскага элемэнту; тут увесь час было згуртована шмат польскага войска на выпадак вайны з Масквою; для падгатоўкі паўстаньня тут ня было шырокага паўднёвага стэпу, дзе казак меў ваяўніцкую практыку, змагаючыся з татарынам, і дзе ён мог, хаваючыся ад панскага ўраду, згуртавацца ў моцную збройную сілу.

Усё-ж такі казацка-мужыцкія паўстаньні на Беларусі былі. Яны ўцягвалі ў рух забітае прыгнечанае сялянства і нізы гарадзкога насяленьня. Лясы і балоты давалі магчымасьць паўстанцам гуртавацца і выносіць змаганьне з рэгулярнаю польскаю арміяю.

Першае казацкае паўстаньне на Беларусі стаіць у зьвязку з паўстаньнем Хмяльніцкага. Весткі аб разгроме шляхецкага войска пры Жоўтых Водах і Корсуні дашлі да цёмных вясковых куткоў Беларусі. Усе, хто ня мог зносіць соцыяльна-рэлігійнага і нацыянальнага ўціску, пачалі гуртавацца. На чале першых паўстанцкіх груп стаў Антон Нябаба. Да яго ў хуткім часе сталі падходзіць другія паўстанцкія групы. З атаманаў гэтых груп можна назваць Галавацкага, Няпаліча і Хвэську. Згуртавалася ўзброеная сіла каля 30 тысяч чалавек. Усё Папрыпяцьце запалілася вялікім полымем паўстаньня. Беларускае сялянства падтрымлівала казакоў харчамі і грамадамі прылучалася да паўстанцаў. Спачувала руху і мяшчанства, каторае вельмі часта станавілася на чале яго, маючы на мэце скінуць з сябе ярмо панскага фэўдалізму. Такія гарады, як Старадуб, Гомель, Лояў, Брагін і Пінск, адчынілі казацкаму войску свае брамы. Асабліва многа крыві пралілося ў Пінску, дзе паўстанцы выразалі ўсіх шляхціцаў, палякаў, не шкадуючы нават старых, малых і жанок. Вялікія спусташэньні і збойствы былі зроблены паўстанцамі пад Магілевам, Мсьціслаўлем і па другіх гарадох, каторыя прылучыліся да паўстаньня.

Чуткі аб паўстаньні казакоў і мужыкоў разышліся па ўсёй Беларусі і Польшчы. Ніжэйшыя станы, якія спадзяваліся дабіцца лепшай долі, спачувалі ім. Шляхта глядзела на паўстаньне са страхам і абурэньнем. Як толькі ў Польшчы даведаліся аб казацкім і мужыцкім руху на Беларусі, то ўрад сабраў армію і дапаручыў змаганьне з паўстанцамі літоўска-беларускаму гэтману Янушу Радзівілу, прадстаўніку магнацкай фаміліі, каторая была асабліва зацікаўлена экономічна тым, што рабілася на Беларусі, бо тут была большасьць радзівілаўскіх вялізарных маёнткаў. На тэрыторыі паўстаньня былі прысланы вялікія ўзброеныя сілы. Да іх далучаліся атрады мясцовай шляхты. Пашла барацьба, каторая была вельмі крываваю. Абодвы лягеры біліся да апошняга, ведаючы, што літасьці ні з таго, ні з другога боку ня будзе. Балоты і лясныя гушчары Беларусі, недаступныя для рэгулярнай арміі, доўга баранілі казацкае паўстаньне ад разгрому. Наймацней трымаліся казакі ў Пінску. Сюды былі зграмаджаны ўрадавыя войскі; горад быў абложан навокал так, што нельга было ні з яго выйсьці, ні ў яго ўвайсьці. Доўга трымаліся паўстанцы, ведаючы, што літасьці над імі ня будзе. Урэшце Пінск быў такі ўзят прыступам, зруйнаваны і заліты крывёю абаронцаў. Казацкае паўстаньне і ў другіх часьцях Беларусі было задушана, але не надоўга. Праз некалькі месяцаў дашлі да беларускага мужыка чуткі аб тым, што Хмяльніцкі разьбіў польскае шляхецкае войска пад Пілавіцамі. Зноў заварушыўся працоўны люд. Па вёсках хадзілі якіясь невядомыя людзі, каторыя гаварылі, што іх паслаў сюды сам бацька-атаман Хмяльніцкі. Гаварылі яны, што польская шляхта хоча забіць караля, каторы стаіць на баку мужыкоў, што, забіўшы караля, шляхта пачне рэзаць мужыкоў, што казакі паднялі паўстаньне на абарону праў толькі адных мужыкоў. Пачалі зьяўляцца сьляпыя старцы-лірнікі, каторыя, сьпяваючы аб цяжкай, гаротнай долі селяніна, клікалі яго на змаганьне за волю і веру і нацыянальнасьць. Мужыкі радзіліся паміж сабою, гуртаваліся, бралі ў рукі сякеры, косы і йшлі ў лясы і балоты, каб адтуль рабіць напады на сваіх ворагаў. Зноў Беларусь запалілася полымем паўстаньня. Казацкія сілы расьлі. Паўстаньне пашыралася ня толькі па вёсках. Мяшчане, бачачы, што шляхта стаіць ім папярок дарогі, таксама прынялі ўдзел у паўстаньні. Паўсталі такія гарады: Слуцак, Быхаў, Чорнабыль, Магілеў, Рэчыца, Мазыр, Бабруйск і інш. Януш Радзівіл, сабраўшы войска, пачаў барацьбу з казацтвам і паўстаўшымі мужыкамі і мяшчанамі. Лічбовая перавага была за паўстанцамі, затое ў іх ня было добрай організацыі. Асобныя групы біліся кожная за сябе, ня ведаючы часам, што блізка ёсьць другія групы паўстанцаў. Хоць і з вялікаю патугаю, але Радзівіл справіўся з паўстаньнем. У яго рукі папалі ўсе гарады. Найбольш бараніліся Рэчыца і Мазыр. На чале паўстанцаў Мазыра стаяў казацкі палкоўнік Міхаленка. Некаторыя гарады хоць і здаліся палякам, але праз нейкі час зноў падымаліся на барацьбу. Так, напрыклад, падняўся Бабруйск. Мяшчане Бабруйску, бачачы, што для іх няма ўжо ратунку, парашылі здацца на міласьць палякаў. Тады правадыры паўстаньня, на чале каторых стаяў атаман Паддубіч, ведаючы, якія мукі іх чакаюць, заперліся ў сваіх хатах, падпалілі іх і згарэлі там разам з сем'ямі і супрацоўнікамі па паўстаньні.

Доўга ня мог гэтман Радзівіл спыніць паўстаньця. Сярод топкіх балот і густых непрыходных лясоў Беларусі доўга існавалі вялікія групы паўстаўшых мяшчан, мужыкоў і казакоў. Іх падтрымлівалі тыя мужыкі, каторыя ня выходзілі з вёсак і ня губілі сваёй легальнасьці; прысылаў ім дапамогу з суседняй Украіны й Хмяльніцкі. Часта гэтыя групы даходзілі да некалькіх тысяч людзей. Седзячы ў балотах, казакі організавалі напады на рэгулярнае польскае войска і рабілі вялікія збойствы па маёнтках ваколічнай шляхты. Але йшоў час, лік казакоў зьмяншаўся, панская сіла павялічылася, і рух казацкі на Беларусі спыніўся. Мужык, падняўшы раней сваю галаву, пачаўшы барацьбу за лепшую долю, зноў упрогся ў сваё ярмо.

К пачатку XVIII сталецьця Беларусь ужо не протэстуе. Вышэйшыя станы зрабіліся палякамі, ніжэйшыя станы, застаўшыся беларусамі, жывучы ў зьдзеку і ў паднявольнай працы, ведалі толькі адно, што яны тутэйшыя «хлопы», што «хлопскую» маюць яны мову і нацыю, што жывуць яны гаротным, цяжкім жыцьцём.

АГУЛЬНЫ ПОЛІТЫЧНЫ АБГЛЯД

Люблінская вунія 1569 году, як мы ведаем, далучыла Літву і Беларусь у склад Рэчы Паспалітай Польскай. Літоўска-Беларускае гаспадарства павінна было перастаць існаваць незалежна. З гэтага часу Беларусь жыве адным політычным жыцьцём з Польшчаю.

Праз тры гады пасьля Люблінскай вуніі памёр апошні кароль з дому Ягайлавага, Зыгмунд II Аўгуст. Гэта быў разам з тым і апошні насьледны кароль. З 1572 году пачалася эпоха выбраных соймам каралёў. Каралеўская ўлада часта перарываецца бескаралеўямі, каторыя цягнуцца ад сьмерці аднаго караля да абраньня яго заступніка. Бескаралёўі цягнуцца часам цэлыя гады і наносяць вялікую шкоду гаспадарству, аслабляючы цэнтральную дзяржаўную ўладу.

На першы пачатак бескаралёўе цягнулася больш году. Запоўнена яно політычным бязладзьдзем і анархіяй. Шляхта разьбілася на некалькі партый, змагаючыся адна з другою наўкола пытаньня аб каралі. Кожная з партый дамагалася здабыць каралеўскую карону свайму кандыдату. Найбольш вядомымі і популярнымі з кандыдатаў на польскі каралеўскі пасад былі такія: Фёдар царэвіч Маскоўскі, сын Івана IV Грознага, Эрнэст прынц Аўстрыйскі і Гэнрых Анжуйскі, прынц Францускі. Партыя Фёдара складалася з літвіноў і беларусаў, на чале яе стаяў менскі каштэлян Глебавіч. Перагаворы з Грозным наконт Фёдара не далі нічога. Палякі патрабавалі, каб Фёдар зрабіўся каталіком і каб да Рэчы Паспалітай былі далучаны Смаленск і Полацак. Грозны сьмяяўся з гэтага, гаворачы, што Фёдар «не красная девица», што пасагу яму не належыць; лепш няхай палякі дадуць яму Кіеў. Проці гэтай кандыдатуры былі ўцекачы з Масквы — Курбскі, Цяцерын, Сарыгозін і інш. Яны ведалі добра слабавольны характар царэвіча Фёдара, поўную адсутнасьць у яго ня толькі політычнага, але й наогул звычайнага розуму, што гэта, па словах Грознага, «ня цар, а панамар». Яны разумелі, што, дзякуючы ўсяму гэтаму, каралём Польшчы быў-бы ня Фёдар, а яго бацька Іван Грозны, ад тэрору каторага яны і ўцяклі з Масквы. Не дагаварылася панства і з Эрнэстам Аўстрыйскім, каторы выяўляў рашучы характар. Пасьля доўгіх размоў і перагавораў быў абраны за караля Рэчы Паспалітай Гэнрых Францускі. Пракараляваў ён вельмі нядоўга (1573-1574). Прыехаўшы ў Варшаву і пабачыўшы, што караляваць у Рэчы Паспалітай ня так лёгка, як, напрыклад, у Францыі, Гэнрых праз 6 месяцаў неспадзявана для палякаў таемна ўцёк з Польшчы на сваю бацькаўшчыну. Там ён хутка заняў каралеўскую пасаду пасьля сьмерці свайго старшага брата Карла IX.

Зноў пачалося бескаралеўе, каторае пагражала зацягнуцца на доўгі час. Толькі ў 1576 годзе каралём Польшчы быў абраны Сяміградзкі ваявода Стэфан Баторы (1576-1586). Гэта быў разумны і выдатны політычны дзеяч і вельмі здольны ваяка. З вялікаю карысьцю для Рэчы Паспалітай ён ваяваў з Масквою (працяг Лівонскай вайны 1579-1582). Уся вайна адбылася на тэрыторыі Беларусі. Найраней войскі Рэчы Паспалітай былі пакірованы на Полацак, каторы ў папярэднія часы адышоў да Маскоўскага гаспадарства. Войскі аблажылі Полацак. Вясьці аблогу было вельмі цяжка: горад меў вельмі моцныя муры і замчышчы, апроч таго, была вельмі мокрая восень, каторая перашкаджала акопным работам і падвозу харчоў для арміі. Аблога зацягнулася. Ведаючы аб вялікіх багацьцях гораду, вэнгры, каторыя былі ў войску Баторага, пастанавілі першымі ўварвацца ў Полацак, каб добра паграбаваць горад. Ня гледзячы на храбрую абарону, ім, урэшце, удалося дабіцца сваёй мэты, і Полацак быў узят. Баторы, паважаючы храбрасьць абароны, абяцаў тым, хто мае намер вярнуцца ў Маскоўшчыну, даць вольны выезд, а тым, хто захоча застацца, даць права вольнага жыцьця ў Полацку. Калі маскоўскія войскі безаружныя выходзілі з гораду, сам кароль даглядаў за тым, каб яго абяцаньне ня было парушана і каб ніхто не зрабіў яму якой крыўды.

Пасьля выйсьця маскоўскіх войск пачаўся грабеж гораду. Найбольш грабавалі вэнгры. У час грабяжу загінула ад пажару вялікая і каштоўная полацкая кнігарня. Сярод рукапісаў кнігарні загінулі такія цікавыя рукапісы, як, напрыклад, пераклад сьв. Пісаньня, напісаны рукою славянскіх апосталаў, братоў Кірылы і Мэфоды і летапіс Крывіцка-Полацкай зямлі. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што раней, калі Полацак ад Польшчы перашоў у рукі Івана Грознага, шмат чаго было вывезена ў Маскву. Усё гэта, зразумела, нанасіла вялікую шкоду Беларускай зямлі.

Праз нейкі час войскі Стэфана Баторага ўзялі другарадныя крэпасьці Сокал і Сугну, каторыя былі пабудованы Іванам Грозным, а таксама і гарады Вяліж, Усьвят і Вялікія Лукі. У 1582 годзе Баторы пачаў аблогу моцнай маскоўскай крэпасьці Пскову, каторай ён ня здолеў ужо ўзяць. Абедзьве дзяржавы пасьля некалькіх год змаганьня былі вельмі аслаблены вайною, і распачаліся ўзаемныя перагаворы аб згодзе. Згода, урэшце, была падпісана тэю і другою стараною ў 1582 годзе. Маскоўскае гаспадарства павінна было прызнаць перамогу Рэчы Паспалітай і аддало ёй усю Лівонію і гарады Полацак і Вяліж.

Што датыча да Беларусі, то для яе гэтая вайна карыснай не магла быць, бо руйнаваўся яе набытак, што добра відаць з разгрому Полацку. Яшчэ відней гэта стане, калі мы дабавім, што, згодна весткам сучасьнікаў, увесь край, больш чым на 50 вёрст вакол Полацку, зрабіўся за часы Лівонскай вайны лясною пушчаю. Зьніклі вёскі, зьніклі нівы, зьнік і чалавек, працаваўшы тут у ранейшыя часы. А гэты чалавек меў мазольныя рукі і быў беларускім селянінам і рабочым. Зноў прышлося многа гадоў працоўнаму люду будаваць жыцьцё, каторае было зруйнована імпэрыялістычнаю крываваю барацьбою Рэчы Паспалітай і Масквы.

Па сьмерці Стэфана Баторага зноў пачалося бескаралеўе, каторае цягнулася каля году. На пасад Рэчы Паспалітай магнатамі і шляхтай быў абраны Зыгмунд III Аўгуст (1587—1632) са швэдзкай каралеўскай фаміліі Ваза. Гэта быў выхаванец і прыхільнік езуітаў, вельмі добры каталік і надта няздольны кароль. Ен даваў кірунак сваёй чыннасьці ня паводлуг політычных, дзяржаўных мэт, а паводлуг свайго рэлігійнага настрою. Гісторыя адчыніла яму вялікія магчымасьці для ўплыву на жыцьцё Маскоўскага гаспадарства, але, дзякуючы сваёй някемнасьці політычнай, ён гэтых магчымасьцяй не скарыстаў як трэба. Масква якраз перажывала смутныя часы, вялікую соцыяльную і політычную разруху. На маскоўскі пасад быў абраны сын Зыгмунда Ўладыслаў. У разумнейшых політыкаў Рэчы Паспалітай, напрыклад, у вядомага гэтмана Жалкеўскага, вынік цікавы плян утварэньня славянскага гаспадарства, у склад каторага ўвашла-б і Масква і на чале каторага стала-б Польшча. Зыгмунд сапсаваў увесь імпэрыялістычны плян свайго гэтмана сваёй упартай каталіцкай політыкай. Ён больш цікавіўся пашырэньнем каталіцтва, чым пашырэньнем тэрыторыі гаспадарства.

У часы гэтага караля зноў на тэрыторыі Беларусі йшла крывавая вайна. З восені 1609 году да восені 1611 году йшла аблога Смаленску, і Зыгмунд з вялікім войскам стаяў пад горадам, пакуль урэшце ня ўзяў яго. Само сабой разумеецца, што гэтая армія кармілася тым, што можна было ўзяць з Беларусі. Потым на працягу 7 год праз Беларусь бесьперарыўна праходзілі войскі, каторыя йшлі ў Маскву і вярталіся адтуль у Польшчу. Усе гэтыя войскі таксама карміліся з Беларусі. Шмат народу было сарвана з тэрыторыі Беларусі як у рэгулярную армію, так і ў тыя прыпадковыя вайсковыя групы, каторыя з усіх канцоў цягнуліся праз Беларусь у Маскоўскае гаспадарства, каб там лавіць рыбу ў каламутнай вадзе. Трэба думаць, што мала хто з іх вярнуўся да сваёй хаты.

Толькі ў 1618 годзе ў невялічкай вёсцы Дзяўліне (каля Масквы і Тройца-Сяргееўскай лаўры) адбылося часовае замірэньне паміж Масквою і Рэчаю Паспалітаю. Па гэтым замірэньні Смаленск увашоў у тэрыторыю Рэчы Паспалітай.

Але барацьба ня скончылася. Справа ў тым, што Ўладыслаў, абраны раней на Маскоўскі пасад, не хацеў адрачыся ад сваіх праў на Маскоўскае гаспадарства. З гэтым ня мог згадзіцца рускі цар Міхаіл Раманаў, абраны на Маскоўскую пасаду ў 1613 годзе. Калі каралём Польшчы зрабіўся вышэйназваны Ўладыслаў (Уладыслаў IV, 1632-1648), змаганьне пашло зноў, і зноў гэтае змаганьне адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Моцнае Маскоўскае войска лікам у 32 тысячы людзей пачало руйнаваць Беларусь і аблажыла Смаленск. На дапамогу Смаленску з Польшчы прышоў Уладыслаў з арміяй, каторы і прымусіў масквічоў здацца. Вайна цягнулася і далей, але ўжо бяз усякай карысьці для Уладыслава. Пасьля двух год (1632—1634) вайны пачаліся перагаворы аб згодзе. Паслы Масквы і Рэчы Паспалітай зьехаліся на памежнай рэчцы Палянаўцы і падпісалі „вечную згоду“. Смаленск і другія гарады, згубленыя Масквою за часы смуты, засталіся зацьверджанымі за Рэчаю Паспалітаю. Уладыслаў, з свайго боку, адмовіўся ад праў на Маскоўскую пасаду. Здаволілася Польшча, здаволілася і Масква, але аб інтарэсах зьнішчанай Беларусі ніхто не паклапаціўся.

У палове XVII сталецьця скончыўся казацкі рух на Украіне. Ён скончыўся тым, што Украіна, на чале каторай стаў казацкі рэестравы старшыня, паддалася пад „цара ўсходняга праваслаўнага“. Дзеля гэтага ў часы кіраваньня польскага караля Яна Казімера (1648—1668) і маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) зноў пачаліся войны паміж Масквою і Рэчаю Паспалітаю, а руйнавалася паводлуг звычаю зноў Беларусь, на тэрыторыі каторай ішло імпэрыялістычнае змаганьне. Руйнаваньне Беларусі йшло 17 год, з 1654 да 1667 году.

У Беларусь увашло маскоўскае войска амаль што ня ў 200 тысяч людзей. Яно разьбілася на чатыры часьці, Першая армія, на чале каторай стаяў сам цар, пашла на Смаленск і аблажыла горад. Другая армія праз усю цяперашнюю Віцебшчыну пашла на Полацак, трэцяя — на Магілеў, чацьвертая — на поўдзень ад Магілеву. Застагнала, задымілася ад надужыцьцяў і пажараў Беларусь, пакрылася крывёю чалавечаю. Уся праца спынілася; што было здабыта цяжкай працаю — руйнавалася. Найраней здаўся Смаленск, ваявода каторага Піліп Абуховіч быў падкуплены маскоўскім золатам. Цяпер былі насьцеж адчынены маскоўскаму войску вароты на ўсю Беларусь, і яно пашло ўперад, здабываючы ўсё новыя мясцовасьці і гарады. Прашло некалькі месяцаў, і ў руках маскоўскага гаспадара апынуліся гарады — Магілеў, Віцебск, Менск, Горадня, Коўна, Вільня і Трокі. У Троках быў забраны сілаю вядомы троцкі замак, каторага дагэтуль ніхто, нават і немцы ў свой час сілаю не маглі здабыць. І да нашага часу руіны гэтага замчышча сьведчаць аб працы маскоўскіх гармат. Усяго было ўзята Аляксеем Міхайлавічам больш чым 200 гарадоў, мястэчак і замкаў. Пасьля таго, як былі здабыты абедзьве сталіцы былога Літоўска-Беларускага гаспадарства — Вільня і Трокі, Маскоўскі гаспадар пачаў тытулаваць сябе «ўсея Вялікія, Малыя і Белыя Русі Самадзержцам».

У гэты самы час на Рэч Паспалітую з поўначы напалі швэды, а з поўдня — украінскія казакі. Гарады адзін за другім пераходзілі ў іх рукі. Польшча зусім гінула. Выратавалася гаспадарства толькі дзякуючы таму, што пачалася барацьба паміж швэдамі і маскоўскім царом, каторы зрабіў замірэньне з палякамі і пачаў вайну са швэдамі, а Рэч Паспалітая ў гэты час крыху паднялася на ногі, і справы яе пашлі лепш. Калі зноў, пасьля замірэньня, Масква пачала вайну з Рэчаю Паспалітаю, то ўжо яна ня мела вялікай для себе карысьці. Барацьба йшла з пераменным шчасьцем каля дзесяці год. Урэшце, змучаныя гаспадарствы павінны былі ў 1667 годзе зрабіць у Андрусаве (недалёка ад Смаленску) замірэньне на 13 1/2 год.

Умовы замірэньня былі такія. Маскоўскі гаспадар адмовіўся ад Літвы і Беларусі, здабытых яго войскамі, але затрымаў за сабою Смаленск з акалічнымі землямі, каторыя былі адабраны ад Масквы ў смутныя часы. Да Масквы яшчэ адышла леваберагавая Украіна і на правым беразе Дняпра — Кіеў. Кіеў быў адступлен Маскве на два гады, але застаўся за ёю назаўсёды. Адзін з артыкулаў замірэньня даваў маскоўскаму гаспадару права заступніцтва за праваслаўных жыхароў Польшчы.

У часы кіраваньня каралёў: Міхала Вішнявецкага (1669—1673) і Яна Сабескага (1674—1696) барацьбы паміж Рэчаю Паспалітаю і Масквою ня было. Рэчы Паспалітай прышлося змагацца з туркамі. Каб атрымаць дапамогу Масквы ў гэтым змаганьні, Ян Сабескі ў 1686 г. згадзіўся падпісаць «вечную згоду» з Масквою на ўмовах Андрусаўскага замірэньня. Маскоўскі ўрад ужо адкрыта абвясьціў сябе патронам праваслаўных у Рэчы Паспалітай. У грамаце згоды абгаворана недатычнасьць праваслаўных епархій і пасьвячэньне епіскапаў кіеўскім мітрополітам, каторы залежаў ад Масквы. Гэтыя артыкулы давалі маскоўскаму ўраду права ўмешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.

У часы кіраваньня караля Аўгуста II (1697—1733), сучасьніка Пятра Вялікага, на абшарах Беларусі, Украіны і Вялікарусі адбывалася добра вядомая ўсім Паўночная вайна. І тут паплацілася Беларусь за чужыя інтарэсы. Пётра, каб лепш падгатавацца да вайны ў сваіх межах, паслаў свае войскі на Беларусь, каб яны тут затрымлівалі швэдаў. З 1701 году аж да 1709 году Карл «увяз в Польше» і на Беларусі. Зноў руйнаваліся гарады і вёскі, зноў Беларусь была тэрыторыяй вайны. Расія карыстае са слабасьці Рэчы Паспалітай і ўмешваецца на грунце папярэдніх трактатаў у хатняе жыцьцё аслабелага суседа. Вядома, што, па запатрабаваньні Пятра, Аўгуст II ў 1720 годзе выдаў грамату, каторая забясьпечвала правы праваслаўнай беларускай епархіі. Па сьмерці Аўгуста II рускія войскі прыходзілі на Беларусь і Польшчу, каб пасадзіць на каралеўскую пасаду яго сына Аўгуста III (1733-1764). Гаспадарства ў часы яго кіраваньня перажывае хатнюю анархію, будуючы сабе труну. Кароль, ня маючы моцы спыніць бязладзьдзе, жыве ў сваёй бацькаўшчыне, Саксоніі, толькі часамі наяжджаючы ў Варшаву. Рэлігійны ўціск на Беларусі праваслаўных і протэстантаў прымусіў іх шукаць абароны свайго права за межамі Рэчы Паспалітай. Беларускі праваслаўны архіепіскап Ягоры Коніскі, езьдзіўшы ў Расію на каранацыю Кацярыны II, зьвярнуўся да яе з просьбаю аб абароне праваслаўнага насяленьня ў Рэчы Паспалітай. Тое самае рабілі прадстаўнікі польскіх протэстантаў у заходніх нямецкіх дзяржавах — Аўстрыі і Прусіі. Паступова падгатаўляўся той грунт, апіраючыся на каторы адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай у часы апошняга яе караля Станіслава Панятоўскага, які караляваў пад імем Аўгуста IV (1764-1795).

КАНЕЦ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Каля паловы XVIII сталецьця Рэч Паспалітая перажывала стан поўнага развалу. Уся політычная ўлада ў дзяржаве была ў руках шляхты, каторая карыстала з свае політыка-соцыяльнай «залатой» вольнасьці толькі ў сваіх клясавых інтарэсах. Другія станы гаспадарства і нават кароль ня мелі ніякіх праў. Усё права было ў шляхты. Дашло да таго, што шляхта мела права складаць у гаспадарстве ваенныя саюзы для абароны сваіх клясавых інтарэсаў і праў (так званыя конфэдэрацыі) і законна падымаць бунт проціў караля (рокош), калі ён парушаў шляхецкія правы. Кароль не заставаўся ў даўгу ў шляхты. Каб абараніць сябе, польскі кароль павінен быў шукаць апоры пры чужаземных дварох, і чужаземныя дзяржавы атрымалі поўную магчымасьць умешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.

Шляхта з свайго боку папала ў рукі багацейшых сваіх прадстаўнікоў, каторыя і зрабіліся сапраўднымі гаспадарамі ў дзяржаве. Соймы ў апошнія часы не маглі зусім працаваць, дзякуючы прынцыпу аднагалоснасьці. Даволі было падкупіць ці ўгаварыць якога-колечы добра ўпартага пасла сойму, каб ён не згаджаўся з пастановаю сойму, і ён мог яе сарваць сваім «weto» — «не позвалям» (liberum weto). Пры такіх умовах можна было прыпыніць кожную рэформу, вельмі карысную для гаспадарства, каторая чамусь не спадабалася якому-колечы крыкліваму шляхціцу-паслу.

У грамадзянскім жыцьці Польшчы таксама панавала поўнае бязладзьдзе. Магнаты вялі сапраўдныя войны паміж сабою і крыўдзілі як драбнейшую шляхту, так і другія станы грамадзянства. Шляхта наогул зьдзеквалася і крыўдзіла мяшчан і мужыкоў. Каталікі рабілі ўціск над некаталікамі, так званымі дысыдэнтамі. Дысыдэнты ў адказ на ўціск, ня маючы абароны ад дзяржавы, павінны былі складаць конфэдэрацыі і зьвяртацца да чужаземнай улады. Суседнія дзяржавы, разумеецца, карысталі з такога палажэньня Рэчы Паспалітай.

У 1767 годзе дысыдэнты (протэстанты, кальвіністыя і праваслаўныя) дзеля абароны сваіх парушаных каталіцкаю шляхтаю праў утварылі саюз з цэнтрам у Слуцку, так званую Слуцкую конфэдэрацыю. Гэтую конфэдэрацыю падтрымлівалі дзяржаўныя прадстаўнікі Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Калі сойм адмовіўся ўхваліць пастановы, якіх дамагаліся чужаземныя паслы і конфэдэрацыя, то ў Варшаву былі ўведзены рускія войскі, заарыштованы правадыры крайня каталіцкай партыі сойму, і сойм павінен быў здацца. У 1768 годзе сойм ухваліў пастанову, што ўсе дысыдэнты ў Польшчы не павінны прыгнятацца за іх рэлігійныя пераконаньні і маюць тое самае права, што й каталікі. Расійскаму ўраду было дадзена права аберагаць правы дысыдэнтаў і сачыць за недатычнасьцю асноўных законаў Рэчы Паспалітай. Такім спосабам, Расія атрымала як-бы протэктарат над Польшчаю.

У адказ на гэта ўтварылася супраціўная конфэдэрацыя ў г. Бары, каторая паставіла сабе за мэту абарону паменшаных, з яе погляду, праў каталіцтва і незалежнасьці сойму. I тая і другая конфэдэрацыі пачалі збройную барацьбу адна з другою. Барскія конфэдэраты, змагаючыся з праваслаўным насельніцтвам, каторае было ў большасці мужыцкім, выклікалі даволі шырокія паўстаньні так званых гайдамакаў (мужыкоў, што казакавалі ў правабярэжнай Украіне). Да гайдамакаў далучылася і дробная праваслаўная шляхта. На чале паўстаньня стаў запарожац Максім Жалязьняк. Найкрывавейшым эпізодам паўстаньня была вядомая Уманьская разьня.

Калі разгарэлася паўстаньне і прыняло выразны соцыяльны кірунак, то паміж рускім урадам, каторы зьявіўся наводзіць парадкі, і Барскай конфэдэрацыяй адразу адбылася згода. Абедзьве стараны прыняліся за паўстанцаў. Пачалася расправа. «Рускі праваслаўны» ўрад абманам злавіў праваслаўнага Жалезьняка і выслаў яго ў Сібір, пакараўшы раней «кнутом». Паўстанцаў і іх прыхільнікаў у паўстаньні вешалі і катавалі. Вельмі пашыранай карай было адсекваньне рук і ног. Вялікі лік бязногіх і бязрукіх жабракоў на Беларусі доўга сьведчыў аб гайдамацкім паўстаньні. А палажэньне Польшчы не паправілася, бо, расправіўшыся з паўстанцамі, Расія рукамі Суворава прыкончыла і з конфэдэратамі.

Пасьля гэтага Прусія, Аўстрыя і Расія паставілі пытаньне аб зьмяншэньні Польшчы, каторая ня можа сама справіцца з сваімі землямі. Згода паміж суседзямі хутка адбылася. Прусія ўзяла сабе Памаранію і кавалак Вялікай Польшчы — тыя землі, каторыя былі паміж Прусіяй і Брандэнбургам, Аўстрыя прылучыла да сябе Галіцыю. Расія атрымала ваяводзтвы — Магілеўскае, Мсьціслаўскае і часьць Полацкага. З гэтых зямель былі зложаны тры провінцыі Пскоўскай губэрні (Дзьвінская, Полацкая і Віцебская) і Магілеўская губэрня (провінцыі — Магілеўская, Аршанская, Мсьціслаўская і Рагачоўская). Так адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай у 1772 годзе.

Падзеі 1772 г. прабудзілі рэформатарскі рух сярод разумнейшых слаёў шляхты Рэчы Паспалітай. У сваіх думках яны трымаліся тых ідэй францускай асьветнай філёзофіі і літаратуры. Вялікая француская рэвалюцыя 1789 году падняла іх політычны настрой і дала ім сьмеласьць задумаць рэформу Польшчы. Скарыстаўшы рэформатарскі настрой болынасьці паслоў сойму, рэформацыйная партыя, на чале каторай стаяў граф Патоцкі, правяла праз сойм новыя дзяржаўныя законы, вядомыя пад назвай констытуцыі 3-га мая 1791 году. Гэтая констытуцыя была ўхвалена соймам бяз усякіх спрэчак у адным пасяджэньні, што сьведчыць аб высокім пад'ёме патрыотычнага настрою паслоў сойму.

Па новай констытуцыі прапанаваўся такі строй Рэчы Паспалітай. Законадаўчая ўлада належыць да двухпалатнага, пастаяннага сойму, каторы абіраецца на два гады. Выканаўчую ўладу мае кароль, ня выбраны, як гэта было раней, а насьледны. Пастановы ў абедзьвюх палатах сойму ўхваляюцца не аднагалосна, а большасьцю галасоў, дзякуючы чаму высоўваецца стары звычай liberum weto. Міністры нясуць адказнасьць перад соймам. Касавалася таксама права шляхты на ўтварэньне вольных конфэдэрацый. Шляхта, як і раней, лічылася пануючым станам у дзяржаве. Мяшчане дасталі права пасылаць у сойм сваіх паслоў. Апроч таго, яны атрымалі права купляць зямлю па-за межамі гарадоў і праз зямляўласьніцтва збліжацца соцыяльна і політычна з шляхтаю. Буржуазія, такім спосабам, дастала нейкае права, што адпавядала запытаньням таго часу. Але палажэньне сялян зусім не зьмянілася. Прыгон астаўся, як і раней, ва ўсёй моцы. Толькі і было новага, што пану давалася магчымасьць вызваляць мужыка ад прыгону і паляпшаць яго жыцьцё, калі на тое была яго добрая воля і панская ласка. Абвешчана была свабода веры, аднак-жа за каталіцтвам пакідалася палажэньне пануючай у гаспадарстве веры. Констытуцыя, апроч таго, абвясьціла поўнае зьліцьцё Польшчы і Літоўска-Беларускага гаспадарства ў адзіны і непадзельны організм.

Як мы бачым, новая польская констытуцыя ўтварылася пад уплывам вялікай францускай рэволюцыі. Праўда, яна вельмі далёка адышлася ад буржуазных яе запатрабаваньняў у бок старога фэўдалізму. Але і такая констытуцыя была не па густу звычайнай шляхецкай масе. Скора шляхта для абароны сваіх парушаных констытуцыяй старых вольнасьцяй злажыла Тарговіцкую конфэдэрацыю, на чале каторай сталі Шчэнсны-Патоцкі, Браніцкі, Ржэвускі, Ажароўскі і інш. Яны, згаварыўшыся яшчэ раней з рускім урадам, зьвярнуліся да царыцы Катарыны з заяваю, што яна, на аснове пастановы сойму 1768 году, павінна абараняць стары строй Рэчы Паспалітай. Разумеецца, рускія войскі ня прымусілі сябе доўга чакаць. Яны падтрымалі конфэдэратаў і занялі Варшаву. Прускі кароль з свайго боку, як-бы для спыненьня польскага бязладзьдзя, заняў сваімі войскамі заходнія провінцыі Польшчы. Зноў вынікла пытаньне аб компэнсацыі дзяржаў, каторыя патурбаваліся і зрабілі парадак у Рэчы Паспалітай. На гэты раз Расія й Прусія запатрабавалі ў сойме, скліканым у Горадні, згоды на аддачу ім за фатыгу зямель. Пасьля бескарысных спрэчак з прадстаўнікамі «дапамогшых» дзяржаў паслы сойму, бачачы, што няма рады абараніць тэрыторыі ад захвату, замоўклі зусім. У такім нямым пасяджэньні сойм прасядзеў да глыбокай ночы. Гэтае маўчаньне было растлумачана як згода, і адбыўся ў 1793 годзе другі разьдзел зямель Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй і Расіяй. Прусія забрала Данцыг і Вялікую Польшчу, а Расія Валынь, Падолію і Менскую акругу. Астатнія землі Рэчы Паспалітай былі абвешчаны формальна пад протэкторатам Расіі. Варшава была занята рускімі войскамі.

Патрыоты, ня гледзячы на ўсе беды, каторыя абрушаліся на Рэч Паспалітую, ня гледзячы на здраду з боку рэакцыйнай шляхты, не пакідалі сваіх плянаў аб тым, каб выратаваць сваю айчыну. Ня маючы магчымасьці працаваць адкрыта, яны павінны былі ўтварыць тайную організацыю і цэнтр яе перанясьці ў замежныя землі. Мэтаю організацыі была барацьба за непадзельную і незалежную Рэч Паспалітую з констытуцыяю 1791 году. Гэтыя організацыі былі і ў Польшчы, Літве і Беларусі. Яны працавалі сярод шляхты і мяшчан. Да сялянскіх слояў іх праца амаль што зусім не даходзіла.

Паўстаньне пачалося адразу пасьля другога разьдзелу. У 1794 годзе паўстаньнем былі ахоплены такія гарады, як Кракаў, Варшава, Вільня і Горадня. У Варшаве пасьля таго, як яна была захоплена паўстанцамі, злажыўся Часовы Урад, каторы абвясьціў вайну Расіі і Прусіі. Дыктатарам і галоўным начальнікам над усімі збройнымі сіламі быў абраны Тадэуш Касьцюшка, вядомы яшчэ раней як абаронца констытуцыі 1791 году ад Тарговіцкай конфэдэрацыі. Сын дробнага шляхціца на Беларусі, ён вучыўся раней у Бярэсьці, потым у вайсковай школе Чартарыйскага ў Варшаве, адкуль як здольны вучань пасылаўся на скарбовы кошт у Францыю. Тут ён захапіўся рэволюцыйным рухам і пасьля нядоўгага жыцьця ў Польшчы паехаў у Амэрыку, дзе абараняў незалежнасьць Злучаных Штатаў ад Англіі. Там ён выдзеліўся сваімі здольнасьцямі і храбрасьцю і вярнуўся дадому абараняць незалежнасьць Рэчы Паспалітай як рэформісты і змаганьнік за новую Польшчу.

У пачатку паўстаньне мела посьпех. Была захоплена Варшава, і рускія войскі прымушаны былі пакінуць горад з вялікімі стратамі. Тое самае адбылося ў Вільні і ў другіх гарадох. Касьцюшку ўдалося разьбіць некалькі раз асобныя рускія групы. Паўстанцаў падтрымлівалі ў пачатку сяляне, каторым Касьцюшка асобнаю адозваю абяцаў волю.

Цікава зазначыць, што адразу выявіліся нейкія нязгоды паміж асобнымі правадырамі паўстаньня. З Вільні Касьцюшка атрымаў вестку, што Найвышэйшая Літоўска-Беларуская Рада, на чале якой стаяў Ясінскі, галоўны начальнік над літоўска-беларускімі збройнымі сіламі, «прысвоіла сабе самазванна ўладу і ўводзіла дух нязгоды, што разрывае вунію двух братніх народаў» (H. Moscicki. Dzieje porozbierowe Litwy i Rusi. T. I. Wilno, 1913, str. 184). Касьцюшка павінен быў напісаць ліст Ясінскаму, у якім вінаваціў яго ў сэпаратызьме. Скора паўстанцы пачалі адчуваць патрэбу ў сродках. Тыя ахвяры, якія раней паступалі ў вялікім ліку, скараціліся. Перамяніўся і настрой сялянства ў адносінах да паўстаньня, бо хутка стала ясна, што абяцанкі Касьцюшкі так і астаюцца абяцанкамі, што шляхта і ня думае аб вызваленьні сялян. Сялянства як у Польшчы, так і на Беларусі не падтрымлівае ўжо паўстанцаў.

Пры такіх абставінах ня трудна было справіцца з паўстанцамі.

Першым увашоў з войскамі на землі Польшчы прускі кароль з заходняга боку. Праз нейкі час проціў войск Польшчы выправіла свае сілы Аўстрыя, заняўшы паўднёвыя землі. Катарына II, урачыста вызначыўшы, што Рэч Паспалітая зробіцца «гибельным горном, угрожающим спокойствию и безопасности соседей», пакіравала свае войскі з усходу пад кіраўніцтвам Румянцава і Суворава. Доля Рэчы Паспалітай вырашылася ў бойцы паміж рускімі і польскімі войскамі пад Мацаевічамі, недалёка каля Варшавы. Польскія войскі былі разьбіты, Касьцюшка быў паранены і ўзяты ў палон. Пасьля крывавага штурму была забрана ваколіца Варшавы Прага (1794). Варшава павінна была здацца. У горад былі ўведзены, апроч рускіх, аўстрыйскія і прускія войскі. Па ўсім краі паўстанцкія групы былі зьніштожаны. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) павінен быў адрачыся ад пасады і пераехаў на жыцьцё спачатку ў Горадню, а потым у Пецярбург, дзе й памёр праз некалькі год. Паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Расія з гэтага падзелу атрымала заходнюю частку Беларусі і ўсходнюю частку Літвы, што злажыла губэрні: Віленскую, Горадзенскую і Ковенскую. Апроч таго, да Расіі была прылучана і Украіна да Заходняга Бугу. Аўстрыя і Прусія прылучылі да сваіх зямель рэшткі польскіх зямель.

Рэч Паспалітая як дзяржава перастала існаваць, а Беларусь увашла ў склад царска-дваранскай Расійскай імпэрыі. Пачаўся новы пэрыод беларускае гісторыі.

Чацьверты і пяты пэрыоды

[правіць]

ЧАЦЬВЕРТЫ І ПЯТЫ ПЭРЫОДЫ БЕЛАРУСКАЕ ГІСТОРЫІ

Чацьверты і пяты пэрыоды гісторыі Беларусі праходзяць у XIX і пачатку XX сталецьця. Чацьверты пэрыод складаецца з гісторыі Беларусі, якая ўвашла ў склад Расійскай імпэрыі. Ён канчаецца разам з развалам царскай Расіі, гэтай вялікай «турмы народаў». Рэволюцыя 1917 году пачынае сабою пяты пэрыод гісторыі Беларусі, каторы мы перажываем у бягучы момант. Гэтыя два пэрыоды гісторыі Беларусі апрацованы аўтарам у асобнай кніжцы, да якой мы і адсылаем тых, хто хоча дэтальна азнаёміцца з гісторыяй Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця. Тут у «Кароткім нарысе» мы зробім толькі конспэкцыйны абгляд гісторыі Беларусі за IV і V перыоды.

БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЭРЫІ

Пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай уся этнографічная Беларусь увашла ў склад царскай Расіі. З дзяржавы ўжо разваленай яна папала ў дзяржаву, каторая таксама паступова развальвалася. I Расія хварэла тою самаю панска-шляхецкаю хваробаю, ад каторай памерла Рэч Паспалітая. Доля працоўных мас Беларусі не палепшылася ад політычнай перамены.

Урад Катарыны II, прылучыўшы новыя землі, абвясьціў насельніцтву Беларусі, што «каждое состояние (сословие) из жителей присоединенных земель вступает с самого сего дня во все оному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской». Выгады працоўных мас у Расіі нам добра вядомы. Зразумела, што гэтыя «выгады» не пасьміхаліся, напр., беларускаму сялянству. Іначай стаяла справа з беларускай шляхтай. Яна ня страціла прыгоннага права на сялян. У Расіі пакуль што яшчэ не было такіх моцных рэформістых, якія завяліся ў канцы XVIII сталецьця ў Польшчы і палохалі шляхту ўсялякімі проэктамі рэформ. Ня дарма панства прылучанай Беларусі паднясло рускаму ўраду адрас, у якім, паміж іншым, было сказана: «Живя не в Польше, мы чувствуем себя как-бы в Польше и даже лучше, чем в настоящей Польше».

Зусім іншым было палажэньне беларускага селяніна. Усе ачавідцы гавораць, што яно было вельмі цяжкае. Справа ў тым, што панская гаспадарка на захадзе вельмі рана хацела стаць на прамысловую ногу і вызваліць зямлю ад сялян, а сялян ад зямлі. Вось што піша па гэтым пытаньні ў сваіх запісках сучасьнік дэкабрыстых У. Тургенев: «Одно из самых возмутительных злоупотреблений замечается в белорусских провинциях, где крестьяне так несчастны, что вызывали сострадание даже русских крепостных. В этих провинциях помещики отдавали своих крепостных сотнями и тысячами подрядчикам, которые исполняли землекопные работы во всех концах империи. Эти бедные люди употребляются главным образом на постройку больших дорог и каналов. Помещик берет на себя обязательство поставить такое-то количество людей по условленной плате, а подрядчик обязуется кормить их во время работы. Правительственные инженеры, наблюдающие за работами, не требуют от подрядчика в пользу этих несчастных ничего сверх того, что требуется для поддержания их жизни. Что-же касается до денег, которые получает за них помещик, то правительство не вмешивается в это. Эти несчастные провели дороги в окрестностях Царского Села». Да гэтага малюнку нам няма чаго дадаць. У Рэчы Паспалітай працоўныя масы Беларусі былі рабочым «быдлам», а ў царскай Расіі яны зрабіліся рабочым «скотом». Палажэньне мяшчан таксама пагоршылася. Майдэборскае права ў гарадох Беларусі павінна было зьніштожыцца, бо існаваньне яго супярэчыла агульнаму строю імпэрыі. Купцы, расьпісаныя па гільдыях, плацілі налогі з капіталу, а жыхары места, прыпісаныя да стану мяшчан, былі абложаны агульным падушным падаткам. У вадносінах да адбываньня вайсковай павіннасьці мяшчане былі прыроўнены да сялян. «Гарадзкое палажэньне» 1785 году канчаткова прыраўняла беларускія гарады да рускіх. Гэбрэйскае жыхарства гарадоў было абмяжована ў правох. Пачала ўстанаўляцца добра вядомая нам «мяжа гэбрэйскай аселасьці». Гэбрэі павінны былі плаціць амаль што падвойны падушны падатак. Пачынаецца тая спэцыфічна гэбрэйская політыка з аддачаю дзяцей у контаністыя і ўрэшце з пагромамі.

Лібэральны ў пачатку ўрад Аляксандра I у 1807 годзе організуе на Беларусі Віленскую Вучэбную Акругу і засноўвае ў Вільні унівэрсытэт. Для польскай культуры быў адчынен шырокі шлях. Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што сярод апалячанай беларускай шляхты ў унівэрсытэце адчуваюцца мясцовыя сымпатыі. Устанаўляецца погляд на Беларусь, як на зусім асобную провінцыю Польшчы, што не падабаецца польскім патрыотам з Варшавы, каторыя зьяўляюцца абаронцамі адзінай і непадзельнай Польшчы. Шырака разьвіваюцца патайныя проціўрадавыя гурткі моладзі, на чале якіх становяцца Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан і інш. Усе гэтыя гурткі ў 20-х гадох былі разбураны Новасільцавым.

Вайна 1812 году да шчэнту спусташыла тэрыторыю Беларусі і пакрыла яе трупамі. Беларусь зрабілася нейкай сусьветнай трупярняй. Вядома, напрыклад, што на адну вярсту тэй дарогі, па якой выходзіла з Масквы наполеонаўская армія, прыходзілася ў сярэднім больш за сто трупаў. На Беларусі пачынаецца голад, насяленьне вымірае ад тыфусу, цынгі і халеры. Цэлыя вёскі стаяць пустымі. Карыстаючыся політычнай сытуацыяй, беларускае сялянства пачынае паліць маёнткі, выганяць і забіваць паноў. Як толькі рускі ўрад устанавіў парадак, то ён з вялікаю жорсткасьцю пачаў душыць паўстаньне і абараняць паноў, ня гледзячы на тое, што паны на Беларусі ў часы кампаніі выступілі проці рускага ўраду і ўтварылі незалежнае ад Расіі гаспадарства ў злучнасьці з Польшчай. Венскі Конгрэс у 1815 годзе аднаўляе Польскую дзяржаву. Літва і Беларусь у яе ўжо не ўвашлі, а асталіся ў складзе імпэрыі. Утварэньне Польскай дзяржавы дае палякам магчымасьць падгатаўляць паўстаньне 1830-31 году.

Паўстаньне кончылася няўдачай. Урад Мікалая I заняўся падаўленьнем і ліквідацыяй паўстаньня. Дасталося і шляхце, і сялянам, каторых рускі ўрад падазраваў у спачуцьці і падтрыманьні паўстаньня. Польшча, як дзяржава, скончыла сваё існаваньне. Віленская акруга была падзелена, унівэрсытэт зачынен. Пачалася русіфікацыя краю, якая ўдарыла ня столькі па моцнай польскай культуры, колькі па культуры беларускай, якая за астатнія часы зрабілася выключна культурай «мужыцкай». Палажэньне селяніна ў часы польскага паўстаньня было вельмі цяжкае. Калі ён ня йшоў у паўстаньне з панам, то пан рабіў яму помсту як свайму прыгоннаму; у праціўным выпадку яму даставалася ад расійскага ўраду. Пасьля ліквідацыі паўстаньня ўрад заняўся царкоўнай вуніяй. Калі ў свае часы вунія патрэбна была польскаму ўраду, то цяпер яна зусім была непатрэбна рускаму ўраду. Як і ў часы Польшчы, так і цяпер былі знойдзены патрэбныя епіскапы, каторыя і заняліся ліквідацыяй старой вуніі. На чале епіскапаў стаў Сямашка, каторы і давёў справу да канца. Зноў пачаліся гвалты. Зноў селяніна прымушалі мяняць веру. А калі ён не хацеў, то яго папросту секлі лозамі і запісвалі ў праваслаўныя. Ясна, якія вынікі маглі быць ад такога наварочваньня да праваслаўя. Сялянства, якое з вялікай цяжкасьцю выносіць прыгонную залежнасьць, яшчэ больш азлабляецца. Ня гледзячы на жорсткі рэжым, на Беларусі запальваюцца асобныя сялянскія бунты з падпаламі маёнткаў і забойствам паноў. Нават губарнатары (напр., менскі губарн. Доппэльмайер) даводзяць цэнтру ў сваіх данясеньнях, што так далей жыць няможна.

Сялянская рэформа няўхільна. У 1861 годзе за яе прымаецца ўрад Аляксандра II. Беларускае панства лібэральнага настрою, якое ўжо адчувае дыханьне прамысловага капіталізму, вельмі рада выпадку вызваліць сялян ад зямлі і зямлю ад сялян. Яно ўсімі сіламі прагнецца зьменшыць колькасьць зямлі, якую трэба нарэзаць сялянству. Для іх новай панскай гаспадаркі патрэбен малазямельны селянін, каторы і пасьля вызваленьня аддаваў-бы ім свае рабочыя рукі па нізкай плаце. Апроч таго, для правільнае пастаноўкі новай прамысловай вясковай гаспадаркі ім патрэбен абаротны капітал. Для гэтай мэты тыя маленькія сялянскія надзелы, якія нарэзваюцца вызваленым сялянам, прадаюцца ім пры дапамозе выкупнай опэрацыі па павышанай на 25 % цане. Ясна, якія вынікі ад рэформы адбыліся для амаль што двухмільённай сялянскай масы на Беларусі. Вызваліўшыся юрыдычна ад улады пана, яна экономічна паранейшаму знаходзілася ў яго руках. Парваўся вялікі ланцуг прыгону; адным канцом ён лёгка пагладзіў пана, а другім канцом моцна ўдарыў па вызваленым мужыку.

У часы рэалізацыі сялянскай рэформы загарэлася другое польскае паўстаньне 1863 году. Яно значна ўскалыхнула і Беларусь, зрабіўшыся тут, з аднаго боку, рухам сялянскім, пакірованым проці паноў, з другога боку, політыка-вызваленчым, незалежніцкім рухам, пакірованым проці царызму. Адразу пасьля ўтварэньня ў Варшаве паўстанцкага ўраду і ў Вільні організуецца літоўска-беларускі паўстанцкі ўрад. Ён рэзка дзеліцца на дзьве часткі — белых і чырвоных. Белыя прадстаўлены вялікімі беларускімі панамі, якія стаяць за ўтварэньне вялікай Польшчы з захаваньнем старога соцыяльнага строю на Беларусі. Чырвоныя прадстаўлены дробнай шляхтай, часам ужо безьзямельнай, і розначынскай інтэлігэнцыяй, настроенай радыкальна-народніцкі. Яны ставяць сабе за мэту радыкальнае разьвязаньне на Беларусі сялянскага пытаньня і ўтварэньне незалежнай ад Расіі і Польшчы Беларускай рэспублікі. Супрацоўніцтва ў пачатку паўстаньня гэтых дзьвюх груповак тармозіць рух на Беларусі. Сяляне, бачачы ўдзел у паўстаньні паноў, ня йдуць за паўстанцамі. Справа мяняецца, калі чырвоныя адлучаюцца ад белых і бяруць кіраўніцтва ў свае рукі. На чале паўстаньня на Беларусі тады становіцца рэволюцыянэр-народнік, чырвоны дыктатар Кастусь Каліноўскі. Рух прымае выразны процішляхецкі характар. Вось, напрыклад, словы, якія прыпісваюцца Каліноўскаму: «Сякера паўстанца не павінна затрымвацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці». Апроч таго, Каліноўскі ня хоча слухаць Варшавы. «Такой бязмозглай галаве, як Варшава, немагчыма давяраць будучую долю Беларусі»,— гаворыць ён. Сяляне пачынаюць прыслухоўвацца да поклічу чырвоных і прымаюць дзейны ўдзел у паўстаньні. Затое белая частка паўстанцаў адкрыта пераходзіць на старану вешальніка Мураўёва, прысланага на Беларусь для загашэньня паўстаньня. Чырвоныя не здаюцца і вядуць барацьбу на два фронты: проці белых здраднікаў і проці рускага ўраду. Такая барацьба непасільна для іх, і паўстаньне пакрысе пачынае заціхаць. У красавіку (7-20) 1864 г. быў павешан Каліноўскі. Да восені 1864 году паўстаньне было ўжо зьліквідавана. Беларусь пасьля гэтага надоўга робіцца арэнаю дзікай рэакцыі і бязупыннай русыфікацыі.

Палажэньне «вызваленага» сялянства на Беларусі ў другой палове XIX сталецьця вельмі цяжкае. Пан-зямляўласьнік сьціснуў сялянства з усіх бакоў. Недахват зямлі прымушаў яго шукаць прыработку на старане. Вольныя рабочыя рукі ён аддаваў за бясцэн пану-зямляўласьніку. Рэшта вольных рук ішла ў горад. А па гарадох на Беларусі работы ня было. «Мяжа аселасьці» сілком сабрала ў Беларусь гэбрэйскія масы. Так званыя «временные правила 1882 г.» утварылі ў «мяжы аселасьці» яшчэ адну мяжу: гэбрэям і на тэрыторыі Беларусі было забаронена жыць за межамі гарадоў і мястэчак. Гарады і мястэчкі перапоўніліся гэбрэйскім жыхарствам. Гэбрэйская буржуазія знаходзіла цэлы шэраг магчымасьцяў парушаць абедзьве мяжы, але зусім іншым было палажэньне гэбрэйскай беднаты. Слаба разьвітая прамысловасьць не магла заняць усіх вольных рук. Аставалася рамясло і дробны гандаль, найчасьцей на пазычаны капітал.

Зразумела, што пры такіх умовах вёска, пролетарызуючыся, не магла спадзявацца на горад, бо і гэбрэйскай беднаце ня было чаго рабіць. Пачынаецца эміграцыя з Беларусі ва ўсе бакі: у Амэрыку, Сібір, Цэнтральную Расію і г. д. Усё, што ёсьць больш энэргічнага і здольнага з беднаты, пакідае Беларусь.

Побач з экономічным уціскам працоўныя масы Беларусі перажываюць і нацыянальны ўціск. Аб гэбрэйстве, зразумела, і гаварыць ня прыходзіцца. Што датычна да беларусаў, то тут нацыянальны ўціск супаў з соцыяльным. Беларус у сваёй масе быў селянінам. Яго культура і мова былі прызнаны «мужыцкімі». Ідзе і ўціск гэтай «мужыцкай» культуры і мовы. Кіруючыя колы адчуваюць опозыцыйнасьць беларускай культуры і беларускага настрою, што зусім зразумела, бо гэтыя культуры і настрой — мужыцкія і, як такія, ня могуць ня быць опозыцыйнымі, бо селянін знаходзіцца пад уціскам фэўдальна-бюрократычнай імпэрыі. Пачынае падгатаўляцца рэволюцыя 1905 году як у горадзе, так і на вёсцы. Для вёскі зьяўляецца тыповым народніцкі беларускі рух, завешчаны загінуўшым на мураўёўскай шыбеніцы Кастусём Каліноўскім. Рэакцыя накладвае пячатку на беларускае народніцтва апошніх часоў. З рэволюцыйнага яно робіцца проста радыкальным. Прадстаўлена яно розначыннай інтэлігэнцыяй. Уладаром дум народнікаў зьяўляецца пясьняр Францішак Багушэвіч, які піша пад псэўдонімам Мацея Бурачка ці Сымона Рзўкі. Друкуецца ён за граніцай, бо для Расіі яго творы занадта радыкальны; апроч таго, у Расіі беларускі друк забаронен. Пясьняр становіцца на абарону праў беларускага селяніна і яго культуры і мовы. Яскравымі хварбамі малюецца эксплёатацыя селяніна. Працуе ён да крывавага поту — арэ, сее, будуе палацы, цэрквы і касьцёлы, каторыя зьзяюць срэбрам і золатам, а сам жыве ў мокрай яме, заткнуўшы анучамі дзіркі ў хаце. Хата селяніна «і цячэ, і гніе, і крывая, у сярэдзіне гной і стаіць на гнаі». Ад цяжкай працы, ад холаду і голаду, ад цемры й беднасьці вымірае беларускі селянін. Разам з ім вымірае і яго мова, «каторую мужыцкай завуць, а завецца яна беларускай». Аўтар адмоўна адносіцца да так званай «эпохи великих реформ», якою захапляюцца рускія лібэралы. Вызваленьне сялян яго зусім не здавальняе. Вызвалены селянін ня вышаў на лепшы шлях. Па гэтым пытаньні Багушэвіч піша так: «А цяпер? Ой, штосьці кепска выходзіць! Цяпер ці ня болей настала паноў? Ня надта свабодна ў гэтай свабодзе. I давай я лічыць паноў новых зноў: стараста, соцкі, пісар, старшыня, пасрэднік, ураднік, асэсар і суд, зьезд міравы і сход... Аж паднялася са страху чупрына, аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот».

Вёска глуха шуміць. Опозыцыя забітай вёскі перадаецца вучнёўскай моладзі, якая «вышла ў людзі» з беларускай вёскі. З 90-х год у гарадох і мястэчках засноўваюцца рэволюцыйныя і соцыялістычныя гурткі, каторыя, вырасшы на народніцтве, тым ня менш знаёмяцца з марксызмам, які зашоў у гарады на Беларусь. К канцу XIX сталецьця вясковы рэволюцыйны рух расьце і мацнее. У 1902 годзе ўжо засноўваецца «Беларуская Рэволюцыйная Партыя», каторая ў 1903 годзе рэорганізуецца ў «Беларускую Соцыялістычную Грамаду». Вырасшы ў сутнасьці з народніцкіх каранёў, яна тым ня менш носіць на сабе і адзнакі марксызму.

Для беларускага гораду зьяўляецца тыповым марксысцкі рабочы рух, ахварбованы ў гэбрэйскі нацыянальны тон. Тут ужо з 80-х год зьявіліся культурна-асьветныя гурткі, каторыя потым вырасьлі ў масавыя рабочыя экономічныя організацыі, як, напрыклад, касы ўзаемадапамогі і стачачныя касы. Калі праца зрабілася масавай і спаткалася з масавым гэбрэйскім рабочым, то ў абыход гурткоў стала ўваходзіць гэбрэйская мова. Організацыі расьлі сярод рабочай, у падаўляючай большасьці, гэбрэйскай масы, будуючыся на клясавым грунце. Трэба было аформіць гэты pyx i ўтварыць для яго кіраўнічы цэнтр. У 1897 годзе гэта было дасягнута заснаваньнем «Агульнага Гэбрэйскага Рабочага Саюзу ў Літве і Польшчы», вядомага ўсім пад назваю «Бунду».

У 1898 годзе ў Менску, пры ўдзеле Бунду, адбыўся ўстаноўчы зьезд РС-ДРП, каторая і пачала сваё існаваньне з гэтага часу. Бунд увашоў у РС-ДРП на правох аўтономнай адзінкі. Перажыўшы і зжыўшы са сьвету забастоўшчыну, каторая пабудавала свой цэнтр на Беларусі ў Менску, РС-ДРП і Бунд організавалі рабочыя масы на Беларусі. Бунд у тыя часы рабіў свой уплыў ня толькі на гэбрэйскія працоўныя масы. Вельмі часта ён організоўваў і рабочых негэбрэяў. Даволі ўзяць для прыкладу капыльскага гарбара, потым вядомага пролетарскага песьняра Цішку Гартнага (Д. Ф. Жылуновіча), каторы пачаў сваю рэволюцыйную і соцыялістычную «кар'еру» ў шэрагах Бунду. Наогул трэба сказаць, што і ў далейшыя часы РС-ДРП і Бунд рабілі марксысцкія ўплывы на Беларускую Соцыялістычную Грамаду, што вырасла з народніцкіх каранёў.

Рэволюцыя 1905 году паступова падгатаўлялася ў горадзе і вёсцы. Вайна 1904 году выклікала на Беларусі прамысловы крызіс, зачыніўшы для яе фабрык усходні рынак. Па гарадох пашыралася беспрацоўе, зьмяншалася заработная плата. Учасьціліся забастоўкі. Незадаваленьне сялянства на вёсцы пачало выяўляцца організована. Годы 1904-1906 запоўнены аграрным рухам. Адбываюцца стачкі і забастоўкі, ідуць самавольныя парубкі казённага і панскага лесу, падпалы маёнткаў і г. д. Агульная забастоўка 1905 году прашла дружна па гарадох Беларусі і адгукнулася на вёсцы. Працягам яе быў цэлы рад асобных забастовак, як экономічных, так і політычных, па ўсіх гарадох Беларусі. Перажыўшы разам з Расіяй у Сьнежні 1905 году найбольш рэволюцыйны пад'ём, які выявіўся ў маскоўскім паўстаньні рабочых, Беларусь потым павінна была перажываць і рэакцыю, якая ў партыйным жыцьці сказалася ў так званым легалізме і ліквідатарстве.

Легалізм на Беларусі зьвязан з порчаю клясава-рэволюцыйнай сутнасьці партый і з узмацненьнем у іх культурна-нацыянальнай працы, як беларускай, так і гэбрэйскай. «Грамадаўцы» заснавалі ў Вільні першую легальную газэту, спачатку пад назваю «Наша Доля», а потым, пасьля яе забароны, пад назваю «Наша Ніва». Рэволюцыйна-клясавыя ідэалы тут заменены ідэаламі нацыянальнымі. Соцыялізм заменен тут радыкалізмам, а часам проста лібэралізмам Вось што чытаем мы, напрыклад, у перадавым артыкуле 1-га нумару «Нашай Долі»: «Ня думайце, што мы хочам служыць толькі ці паном, ці адным мужыком. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму пакрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць. Мы будзем старацца, каб усе баларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсьць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы і памаглі нам у нашай рабоце». Далей у артыкуле вызначаецца і тактыка гэтай «нашай работы». Газэта абвяшчае, што яна будзе пісаць ня громка, а ціха і спакойна. Toe самае зрабілася і з Бундам. Ён паступова адрываўся ад РС-ДРП і таксама сьпешна пачаў зыходзіць з клясавага на нацыянальны грунт. Ён, напрыклад, прыняў жывы ўдзел у разьвязаньні такога пытаньня, як суботні дзень адпачынку ў гэбрэйскіх прадпрыемствах, якое было разьдзьмухана дробнай гэбрэйскай буржуазіяй. Бундаўская прэса перапоўнена артыкуламі аб разьвіцьці агульна-гэбрэйскай культуры і мовы «ідыш», аб барацьбе за «ідыш» і культурна-нацыянальную аўтономію, якую Бунд уставіў у сваю програму. Бунд прыняў дзейны ўдзел ў тым руху, які падняўся наўкола пытаньня аб організацыі сьвецкай гэбрэйскай абшчыны. Бунд лічыў, што абшчына, абраная на аснове агульнага, роўнага, простага і патаемнага галасаваньня, будзе тэй базай, на якой можна будзе пабудаваць культурна-нацыянальную аўтономію. Усю сваю энэргію ён укладаў у працу ў легальных культурна-нацыянальных організацыях, як, напрыклад, літаратурна-музыкальныя, драматычныя гурткі, вячэрнія школы для рабочых, гэбрэйскае літаратурнае вобчаства, вобчаства пашырэньня пісьменнасьці сярод гэбрэяў і г. д.

А між тым сярод рабочых і сялянскіх мас царскай Расіі зноў пачынаецца пад'ём. Цяжкае экономічнае палажэньне нізоў, бязупынная эксплёатацыя і політычны зьдзек вярхоў робяць сваю справу. Зноў пачынаюцца забастоўкі прамысловых і вясковагаспадарчых рабочых. Сялянская вёска дзе-нідзе таксама выяўляе сваё нездаваленьне. Самаўладзтва заўзята абараняе інтарэсы фэўдалаў-паноў і фабрыкантаў. Запаўняюцца турмы, ідуць расстрэлы тых, хто падымае галаву проці рэжыму. Вайна 1914 году ломіць старыя рамкі жыцьця і пачынае сабою новы пэрыод гісторыі як Расіі, так і Беларусі.

БЕЛАРУСЬ ПАСЬЛЯ ЗЬВЯРЖЭННЯ ЦАРЫЗМУ

Імпэрыялістычная вайна зрабіла з Беларусі фронт, на якім у імя імпэрыялістычных мэт адбываецца бойня працоўных мас Расіі, Нямеччыны, Аўстрыі і іншых краін. На працягу ўсёй гэтай бойні руйнуецца дабрабыт і без таго беднага краю. Зямля зрыта акопамі і рытвамі, абцягнута калючым дротам і напоена чалавечаю крывёю, пралітаю ў імя капіталу. Паляцца і руйнуюцца гарады і вёскі, гібеюць людзі і пустошацца палі. Для Беларусі пачынаюцца часы добра вядомага ўсім нам бежанства, якое ўпала ўсёй сваёю цяжкасьцю якраз на працоўныя, незаможныя групы жыхарства і якое не зьліквідована канчаткова яшчэ і да нашага часу. Па прыблізным падліку з Беларусі выехала і вышла каля мільёну з палавінаю людзей. Частка іх пачала свой цярністы бежанскі шлях па сваёй волі, зьняўшыся з сваіх наседжаных, дзедаўскіх гнёзд пад страхам тэрору імпэрыялістычнай бойні. Другая частка зьнялася з месца па загадах ваеннага камандваньня, якое чамусь лічыла, што пры адступленьні рускай арміі немагчыма астаўляць на месцы жыхароў Беларусі. Адыходзячы на ўсход, войскі палілі мястэчкі і вёскі і гналі беларускую і гэбрэйскую масу ў Цэнтральную Расію, дзе іх чакала цяжкая доля, асабліва сялян, рамесьнікаў і рабочых.

Зімою 1917-18 г. Беларускі Нацыянальны Комітэт у Маскве па заданьню Наркомнаца рабіў рэгістрацыю бежанцаў з Беларусі. У рэгістрацыйнай картачцы-анкеце была графа для абазначэньня тэй працы, якою займаліся і жылі ў момант рэгістрацыі бежанцы, якіх вайна выкінула за межы Беларусі. На падставе даных гэтай графы мы можам выявіць соцыяльны стан нашых бежанцаў. Графа дае такія матэрыялы: чорнарабочаю працаю зараблялі сабе хлеб 50 процантаў усёй бежанскай масы, былі рамесьнікамі 12,8 проц., займаліся земляробствам 23,6 проц. і працавалі ў інтэлігэнцкіх профэсіях 10,9 процанта. Адгэтуль ясна відаць, што бежанская доля выпала якраз на працоўныя нізы Беларусі. Найчасьцей гэта былі сяляне, адарваныя вайною ад сваіх загонаў. Меншая частка іх і ў бежанскім палажэньні неяк умудрылася сесьці на зямлю, а большая частка йшла на ўсялякія чорныя работы.

У той час, як лютаўская рэволюцыя нізьвергла з глінянымі нагамі кумір самаўладзтва, Беларусь апынулася падзеленаю імпэрыялістычным фронтам на дзьве часткі. Заходняя частка яе знаходзілася ў раёне так званай першай нямецкай окупацыі і ахранялася штыкамі кайзараўскай арміі. Сюды ўвашлі Горадзенская губэрня, большая частка Віленшчыны і невялічкая частка Меншчыны. За часы окупацыі з канца 1915 году там шырака разьвінулі сваю працу дробна-буржуазныя інтэлігэнцкія беларускія колы, высоўваючы думку аб беларускай дзяржаўнасьці. Прадстаўнікі беларускіх, літоўскіх, гэбрэйскіх і польскіх нацыяналістычных організацый абвясьцілі Конфэдэрацыю Вялікага Княства Літоўскага пад ахранаю Нямеччыны. Нічога з гэтай конфэдэрацыі ня вышла. «Узаемныя крыўды і свары», асабліва полёнізатарскі націск польскага панства, прывялі конфэдэрацыю да распаду, тым больш, што окупанты з ёю ня лічыліся. Тым ня менш культурна-грамадзянская беларуская праца тут даволі шырака разьвінулася. Адчыняюцца беларускія школы, друкуюцца кніжкі; выходзіць газэта «Гоман». Растуць культурна-асьветныя і нацыянальныя організацыі. Прадстаўнікі беларускіх організацый пабывалі нават у Лёзане на III конфэрэнцыі народаў, якая адбылася ў чэрвені 1916 году. Там яны падалі зложаны імі мэморыял, у якім даводзілі неабходнасьць існаваньня незалежнага Беларускага гаспадарства.

Што датычна Ўсходняй Беларусі, то яна, як і ўся Расія, перажыўшы часы астатняй перадрэволюцыйнай рэакцыі і падзеньня царызму, увашла ў эпоху многа-глаголівага Керанскага. У Менску ўтварыўся Беларускі Нацыянальны Комітэт, каторы стаў на чале беларускага нацыянальнага руху. Комітэт трымаецца на расійскай орыентацыі дзеля тых магчымасьцяй, «якія адчыніліся з рэволюцыяй перад дэмократычнай Расіяй». У ліпені 1917 г. Нацыянальны Комітэт склікаў зьезд Беларускіх організацый і партый, каторы абраў Цэнтральную Раду беларускіх організацый і партый, каторая і стала на чале беларускага нацыянальнага руху.

Яшчэ з 4 чэрвеня ў Менску пачынае існаваць організацыя бальшавікоў асобна ад меншавікоў. Хутка расьце лік яе сяброў і пашыраецца ўплыў на салдацкія і рабоча-сялянскія масы. Апорным пунктам бальшавікоў зьяўляецца Менскі Гарадзкі Савет. Пры Гар. Савеце організуюцца сілы для правядзеньня на Беларусі соцыяльнай рэволюцыі. 15 верасьня ў Менску адбываецца першая Паўночна-Заходняя Абласная Конфэрэнцыя партыі бальшавікоў. Конфэрэнцыя абгаварыла пытаньне аб збройным паўстаньні і абрала Паўночна-Заходні Абласны Камітэт Партыі. Праз тры тыдні сабралася яшчэ адна конфэрэнцыя партыі, якая прадстаўляла сабою каля 29 тысяч організованых членаў партыі і каля 30 тысяч прыхільнікаў. Партыя значна вырасла, яна ўжо гатова да перавароту на Беларусі.

Ужо 26 кастрычніка ў Менску ўтвараецца Ваенна-Рэволюцыйны Комітэт. К 1 лістападу ён ужо моцна забірае ўсю ўладу ў свае рукі. Вялікі Кастрычнік на Беларусі замацован. На Беларусі Кастрычніцкая рэволюцыя, разьвязаўшы соцыяльнае пытаньне, павінна была спаткацца і спаткалася з нацыянальным пытаньнем. Прынцып адзінага клясавага рэволюцыйнага фронту спатыкаецца з прынцыпам адзінага нацыянальнага фронту, на якім былі пабудованы нацыяналістычныя беларускія організацыі. На грунт адзінага нацыянальнага фронту стаў і Ўсебеларускі Конгрэс, каторы сабраўся ў сярэдзіне сьнежня 1917 году. Ён абвясьціў Беларусь Дэмократычнай Рэспублікай і разам з тым прызнаў Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў часоваю ўладаю на Беларусі. Мясцовай Савецкай улады ў асобе Абласнога Выканаўчага Комітэту Заходняга Фронту і яго камісараў Конгрэс ня прызнаў. Зразумела, што пасьля гэтага ён быў распушчан Абласным Комітэтам. Рада Конгрэсу схавалася ў падпольле і там распачала сваю працу, пакірованую проці мясцовай Савецкай улады. Нацыянальны рух на Беларусі, такім спосабам, адарваўся ад соцыяльнай рэволюцыі.

Савецкая ўлада на Беларусі не магла доўга астацца. На Ўсход пашыралася моцная кайзараўская армія, каторая і заняла Менск 25 лютага 1918 году. На Беларусі ў цэлым, на заходняй і ўсходняй яе частцы ўстанавілася нямецкая окупацыя. Рада Усебеларускага Конгрэсу выходзіць з падпольля. Адну за аднэй яна выдае тры ўстаўныя граматы. Апошняя з іх, прынятая Радаю 25 сакавіка 1918 году, абвяшчае Беларусь незалежнай народнай рэспублікай. Рада Конгрэсу абвяшчае сябе Радай Беларускай Рэспублікі. Пасьля гэтага з Рады выступілі прадстаўнікі земстваў і гарадоў, каторыя не згаджаліся з незалежніцкімі тэндэнцыямі Рады Конгрэсу. Іх месца займае так званае «беларускае прадстаўніцтва г. Менску», вельмі правае па сваіх політычных і соцыяльных поглядах і складалася з зямляўласьнікаў, духавенства, чыноўнікаў і г. д. Правыя элемэнты Рады цягнуць яе на паклон да кайзара Вільгельма, ад якога Рада спадзяецца атрымаць апеку. Як вынік гэтага, 25 красавіка на імя Вільгельма пасылаецца тэлеграма, у якой Рада дзякуе яго за вызваленьне Беларусі ад бальшавікоў і просіць «імпэратарскую вялікасьць» аб абароне ў справе ўмацаваньня дзяржаўнай недалежнасьці і недзялімасьці краю ў зьвязку з Германскай імпэрыяй. «Толькі пад абаронаю Германскай імпэрыі бачыць край сваю добрую долю». Гэтая тэлеграма адкалола ад Рады нават тыя права-соцыялістычныя групоўкі, якія ў ёй былі. Асталося толькі некалькі чалавек «грамадаўцаў», каторыя забыліся, што лічацца соцыялістымі.

Між тым набліжаецца нямецкая рэволюцыя. Хвалі яе ўсё падымаюцца вышэй і вышэй. Яна нізьвяргае «яго імпэратарскую вялікасьць», крывавага кайзэра, вызваляе Беларусь ад окупацыі і разам з ёю і ад Рады. У сярэдзіне сьнежня 1918 году чырвоныя войскі вызваляюць Менск. Крыху пазьней, у дваццатых чыслах сьнежня, у Смаленску зьбіраецца VI паўночна-заходняя конфэрэнцыя Расійскай Компартыі. На працягу працы конфэрэнцыі выявілася, што партыя павінна дзеля бальшавізацыі беларускіх мас узяць у свае ўласныя рукі разьвязаньне нацпытаньня. Выходзячы з гэтых прадпасылак і маючы на мэце далейшы посьпех у барацьбе за Савецкую ўладу на Беларусі, конфэрэнцыя абвясьціла, што яна стаіць за ўтварэньне незалежнай Беларускай Савецкай Рэспублікі. Разам з тым яна абвясьціла сябе Першым Зьездам Комуністычнай Партыі Беларусі. Пасьля зьезду было абрана Цэнтральнае Бюро КПБ, каторае і пачало кіраваць партыйнай і савецкай працай на тэрыторыі Беларусі.

У ноч з 31 сьнежня 1918 году на 1 студзеня 1919 году быў выдан маніфэст да рабочых, беднага сялянства і чырвонаармейцаў Беларусі, каторы ўрачыста абвяшчаў утварэньне незалежнай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі Беларусі. У сакавіку маладая Савецкая Беларусь злучылася з Савецкай Літвой у адну Літоўска-Беларускую Савецкую Рэспубліку, каб лепш абараняць рабоча-сялянскія масы новых рэспублік ад толькі што адноўленай імпэрыялісткі — Польшчы, якая лічыла Літву і Беларусь сваімі провінцыямі. Хутка пачынаецца цяжкая барацьба працоўных мас Літвы і Беларусі з белым польскім арлом. Падтрыманы Антантай, ён ідзе ў наступ. Хутка кіпці яго ўпіваюцца ў жывое цела рабоча-сялянскай Беларусі і Літвы.

З восені 1919 году на Беларусі пачынаецца Белапольская окупацыя. Войскі Пілсудзкага займаюць тэрыторыю Беларусі аж да Бярэзіны. «Начальнік» польскага гаспадарства вельмі шчодры на абяцанкі. Гэты абаронца Беларусі ад бальшавікоў усімі сіламі прагнецца прыцягнуць на свой бок беларускія нацыяналістычныя колы, што ў пачатку яму і ўдаецца. Зноў пачынае свае сходы Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, аднак, адразу-ж расколваецца на дзьве часткі па пытаньні аб давер'і да польскай окупацыйнай улады. Левая частка Рады, прадстаўленая партыяй беларускіх с.-р. і партыяй беларускіх соцыялістых-фэдэралістых, абвясьціла давер'е польскаму ўраду і ўтварыла асобную Раду. Правая частка вынесла пастанову, што яна згодна працаваць з окупантамі, і назвала сябе «Найвышэйшай Радай». Левая Рада пакідае тэрыторыю Беларусі і пакіроўваецца ў Літву, дзе прадае сябе на службу ўраду белай Літвы. А окупанты на Беларусі рабілі сваё. Хутка нават члены правай Рады, што трымаліся польскай орыентацыі і аставаліся ў Менску, павінны былі пераканацца, што з Пілсудзкім кашы зварыць ня можна.

Паміж тым зьверствы, зьдзекі і эксплёатацыя окупантаў у адносінах да рабочых і сялян Беларусі падымаюць у краі шырокі падпольны рух, які мае ня толькі соцыяльны, але і нацыянальны характар. Раней пад кіраўніцтвам падпольных работнікаў Компартыі Беларусі заварушыліся рабочыя ў гарадох. Хутка заварушылася і вясковая бедната. Да гэтага часу яна мела слабую сувязь з комуністычным рухам, але цяпер яна зразумела, з кім трэба ісьці. Працу на вёсцы разам з Компартыяй і пад яе кіраўніцтвам пачынае весьці падпольная Беларуская Комуністычная Організацыя, што вырасла сама сабою на каранёх беларускай вёскі. Яна складаецца найчасьцей з сялян і вясковых настаўнікаў. Організацыя працуе ў поўным падпарадкваньні Компартыі. Толькі баявыя абставіны падпольля задзержваюць яе формальны прыём у партыю, каторы адложан да лепшых, больш спакойных дзён. Пад кіраўніцтвам Компартыі падпольны рух абхапляе ўсю тэрыторыю окупаванай Беларусі. У лясох і балотах забранага краю з'організавалася шмат партызанскіх, сялянскіх і рабочых па складу, атрадаў, якія падрываюць моц окупантаў на Беларусі. Слабеюць крылы і кіпцюры пражорлівага імпэрыялістычнага белага арла Польшчы.

Пры такіх умовах пачынаецца наступ на захад Чырвонай арміі, каторая 11 ліпеня 1920 году ўрэшце займае Менск, сталіцу Беларусі. Зноў імем паўстаўшых рабочых і сялян 1 жніўня 1920 году абвяшчаецца другі раз Савецкая Соцыялістычная Рэспубліка Беларусі. Яшчэ раз у кастрычніку 1920 году белы арол зрабіў пробу зьніштожыць рабоча-сялянскую Беларусь, але гэта яму не ўдалося. Савецкая Беларусь абараніла сваё існаваньне і існуе як заходні авангард Саюзу Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік.

Такім чынам, Савецкая Беларусь радзілася сярод пяруноў і грознай буры Вялікага Кастрычніка. Радзілася яна як невялічкая рэспубліка ў складзе няпоўных шасьці паветаў былой Менскай губэрні. Заходняя частка этнографічнай Беларусі (Віленшчына, Горадзеншчына і частка Меншчыны) па Рыскай згодзе адышла да буржуазнай Польшчы. Усходняя частка Беларусі (Віцебшчына, Магілеўшчына і частка Смаленшчыны) яшчэ раней, у часы вострай рэволюцыйнай барацьбы, па сваёй добрай волі зьвязала сваё жыцьцё з Савецкай Расіяй. Маленькай Савецкай Беларусі трэба было правясьці падгатоўчую працу, каб здужаць абслугоўваць тыя беларускія тэрыторыі, якія часова абслугоўваліся Савецкай Расіяй. Тры гады было затрачана на гэтую падгатоўчую працу. Былі праведзены соцыяльныя і аграрныя мерапрыемствы, наладжаны цэнтральныя і мясцовыя органы ўлады, была падрабязна апрацована пастаноўка нацыянальнага пытаньня, падабраны культурныя сілы і сабраны культурныя сродкі. Якраз у гэты самы час стала пытаньне аб новым гаспадарчым і адміністрацыйным падзеле Савецкай Расіі ў сувязі з заданьнямі мірнага будаўніцтва. Усё гэта паставіла на чаргу дня пытаньне аб пашырэньні Беларусі, аб пабудоўлі яе політычна-дзяржаўнай тэрыторыі ў яе экономічна-этнографічных межах. Віцебскі, Гомельскі і Смаленскі губэрнскія зьезды Саветаў першымі вынесьлі ўхвалу аб прылучэньні да Беларусі тых частак сваіх губэрань, каторыя зьвязаны з Беларусьсю па сваіх экономічных і этнографічных прыметах. Потым сабраўся V-ы Зьезд Саветаў Беларусі, каторы прывітаў пастановы зьезду суседніх губэрань, згаджаючыся з імі. Тады першая сэсія Ўсерасійскага ЦВК (II скліканьня) і з свайго боку прыняла прынцыповую пастанову аб пашырэньні Беларусі і даручыла Прэзыдыуму канчаткова ўстанавіць межы паміж Беларусьсю і Расіяй. Прэзыдыум Усерасійскага ЦВК на сваім пасяджэньні 4 лютага 1924 году прыняў ніжэй-паданую пастанову па пытаньні аб пашырэньні Беларусі: "На аснове пастановы 1-ай сэсіі УЦВК па пытань-ні аб перадачы Беларусі раёнаў з пераважна беларускім жыхарствам Прэзыдыум ЦВК ухваляе: перадаць Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспубліцы: 1) Са складу Віцебскай губэрні, па межах старога адміністрацыйнага падзелу, паветы: Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Аршанскі, Полацкі, Сененскі і Сураскі. 2) Са складу Гомельскай губэрні — паветы: Магілеўскі, Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі і Чаўскі;і воласьці: Дзярновіцкую, Мухаедаўскую, Нараўлянскую, Дудзіцкую са ст. Калінкавічы, Круковіцкую (цяпер Савіцкая), Дамановіцкую, Карновіцкую цалком і часткі валасьцей: Аўцюцевіцкай, Юр'евіцкай і Якімаслабодзкай па межах вёсак: Баравікі, Шапейкі, Какуевічы, Аляксандраўка, Малыя Аўцюцевічы і вёску Дамарка. 3) Са складу Смаленскай губэрні: Горацкі павет поўнасьцю і воласьці: Шамаўскую, Старасельскую, Казімера-Слабодзкую і часткі Бахоцкай, Асьлянскай і Соенскай Мсьціслаўскага павету з гор. Мсьціславам.

Усе вышэйшыя пастановы былі зацьверджаны 7 красавіка 1924 году Прэзыдыумам ЦВК Саюзу ССР.

Так проста і дзелавіта адбыўся важны гістарычны акт. Пашыраная Беларусь, цьвёрда апіраючыся на працу рабочых і сялян, спакойна прыступае да далейшага будаўніцтва.

Крыніцы і падручнікі

[правіць]

КРЫНІЦЫ І ПАДРУЧНІКІ

1) Акты. изд. Виленской Археографической Комиссией, 20 томов.

2) Археографический сборник документов, относящихся к Истории Северо-Западной России, 11 томов.

3) Акты Западной России; издание Археографической Комиссии, 5 томов.

4) Сапунов. — Витебская старина, 4 тома.

5) Довнар-Запольский. — Акты Литовско-Русского государства (1340—1524 г.).

6) Литовская Метрика; изд. Археографической Комиссии. СПБ, 1903.

7) Изд. Сементавского. — Белорусские древности.

8) Собрание древних грамот и актов городов Минской губ.‚ православных монастырей, церквей и по разным предметам. Изд. Минской Временной Архивной Комиссии. Минск, 1848 г.

9) В. 3. Завитневич. — Из археологической поездки в Припятское Полесье. Чтения историч. общества Нестора Летописца, кн. IV. Киев, 1890 г.

10) Он-же. — Вторая археологическая экскурсия в Припетское Полесье; там-же, кн. VI. Киев, 1891 г.

11) Он—же. — О курганах Минской губернии. Календарь Северо—Западного края, 1890 г.

12) О. Турчинович. — Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен. СПБ, 1857 г.

1З) М. Каялович. — Литовская церковная уния. СПБ, 1859 г.

14) Он—же. — Лекции по истории Западной России. СПБ, 1864 г.

15) Ю. Ф. Крачковский. — Быт западно-русскою селянина. Москва, 1874 г. (Из чтений в обществе истории и древностей российских при Московском университете, 1873 г., кн. 4-я).

16) Чистович. — Очерк истории западно—русской церкви, ч. I и II. СПБ, 1882 г.

17) А. П. Сапунов. — Витебская старина, т. 1-5. 1883—1888 г.

18) А. С. Дембовецкий. — Опыт описания Могилевской губернии. Могилев, 1882 г.

19) В. М. Долгоруков. — Витебская губерния. Историко-географический и статистический обзор, 1890 г.

20) В. Цебриков. — Смоленская губерния, 1862 г.

21) И. Зеленский. — Минская губерния, 1864 г.

22) П. Бобровский. — Гродненская губерния, 1863 г.

23) А. Корева. — Виленская губерния, 1861 г.

24) Изд. Батюшкова П. Н. — Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо—Западного края. СПБ, 1890 г.

25) Памятная книжка Виленского генерал—губернаторства, под ред. И. Сементовского, 1868 г.

26) Пыпин. — История русской этнографии, т. IV, 1892 г.

27) Дашкевич. — Заметки по истории литовско-русского государства. Киев, 1885 г.

28) Антонович В. Б. — Монографии по истории Западной и Юго-западной России. Киев, 1885 г.

29) Брянцев П. Д. — История Литовского государства с древнейших времен. Вильна, 1889 г.

30) В. Е. Данилевич. — История Полоцкой земли до конца 14-го века. Киевские Университетские Известия. 1896 г.

31) Антонович В. Б. — История Великого Княжества до половины 15 столетия. Киевские Университетские Известия, 1877-8 г.

32) Богданович. — Пережитки древнею миросозерцания у белоруссов, 1895г. .

33) Живописная Россия. Отечество наше в поземельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под редакцией П. П. Семенова, т. III, ч. I-я. Литовское Полесье, ч. II-я. Белорусское Полесье, изд. Вольфа, 1882.

34) Россия. Полное географическое описание нашего отечества. Под редакцией П. П. Семенова, В. П. Семенова и В. И. Ламанского, т. IX. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. СПБ, 1905 г. История, география, этнография, статистика. Изд. Девриена.

35) Е. Ф. Карский. — Белорусы‚ т.т. I, II, III и IV.

36) Е. Р. Романов. — Белорусский сборник. Вып. I-IX. Киев-Вильно-Витебск, 1886—1912 г.

37) Довнар-Запольский. — Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах. Киев, 1901 г.

38) Он-же. — Очерки по организации западно-русскою крестьянства в 16 веке. Киев, 1905 г.

39) Он-же. — Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII-го века. Киев, 1891 г.

40) Он-же. — Западнорусская сельская община в XVI в. СПБ, 1897 г.

41) Он-же. — Польско-литовская уния на сеймах до 1569 года. Москва, 1897 г.

42) Он-же. — Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПБ. 1901 г.

43) Он-же. — Страница из истории крепостного права в XVIII и XIX вв. (Русская Мысль, 1904. III и IV кн.).

44) Он-же. — Исследования и статьи. Этнография, социология, обычное право, статистика, белорусская письменность. Киев, 1909 г.

45) А. С. Грущевский. — Очерк истории Турово-Пинского княжества X—XIII ст., Киевские Университетские Известия, 1901 г.

46) Он-же. — Очерк истории Украинского народа. СПБ, 1904 г.

47) Н. Я. Янчук. — По Минской губернии. Из поездки 1886 г. Москва, 1889 г.

48) Ефименко. — История Украинского народа. СПБ, 1906 г.

49) Ф. И. Леонтович. — Национальный вопрос в древней России.

50) Он-же. — Очерк истории литовско-русского права. СПБ‚ 1894 г.

51) Шахматов. — К вопросу об образовании русских наречий и народностей.

52) Владимиров П. В. — Доктор Франциск Скорина.

53) А. П. Смородский. — Столетие Минской губернии, 1793—1893 г. — Минск, 1893 г.

54) М. Ясинский. — Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства. Киев, 1889 г.

55) Янсон. — Опыт статистического исследования о крестьянских наделах и платежах. СПБ, 1881 г.

56) М. К. Любавский. — Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, изд. 2-е, 1915 г.

57) Он-же. — Литовско-русский сейм. Москва, 1901 г.

58) Он-же.— Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. Москва, 1893 г.

59) Он-же. — К вопросу об удельных князьях и местном управлении в Литовско-Русском государстве. СПБ. 1894 г.

60) Он—же. —— основные моменты истории Белоруссии. Москва, 1918 г.

61) И. И. Лаппо.— Великое Княжество Литовско—Русское.

62) Максимейко Н. А. — Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Харьков. 1902 г.

63) М. Ф. Владимирский-Буданов. — Хрестоматия по истории русского права, т. 1.

64) Он-же. — Очерки по истории Литовско-Русского права. Киев, 1893 г.

65) И. Малиновский. — Учение о преступлении по Литовскому Статуту. Киев, 1894 г.

66) Он-же. — Материалы, относящиеся к истории панов Рады. Томск, 1912 г.

67) Голубовский. — Очерк истории Смоленской земли до начала ХV-го столетия.

68) В. И. Пичета. — Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. Часть I и II. Москва. 1917 г.

69) Он-же. — История Белорусского народа.

70) Якубовский. — Земские привилеи Великого Княжества Литовско.

71) Бершадский. —— Литовские евреи.

72) Курс белоруссоведения. Пичета, Анучин, Силинич, Фортунатов, Чепурковский, Янчук, Расторгуев, Жилунович, Силищенский. Москва, 1920 г.

73) Власт. — Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 г.

74) З. Бядуля.— Жыды на Беларусі. Менск, 1918 г.

75) А. Турцевич. — Хрестоматия по истории Западной России. Вильна, 1892 г.

76) С. Бек и М. Бранн. — Еврейская история. Переработал и дополнил С. М. Дубнов. Одесса, 1897 г., т. 11.

77) М. Рафес. — Очерки по истории Бунда. Москва, 1923 г.

78) С. М. Дубнов. — Евреи в России и в Западной Европе. Москва, Петроград. 1923 г., 1 и П кн.

19) И. И. Лаппо.— Западная России и ее соединение с Польшей. Прага, 1924 г.

80) В. И . Пичета. — История крестьянских волнений в России. Минск, 1923 г.

81) «Беларусь». Нарысы гісторыі, экономікі, культурнага і рэволюцыйнага руху. Менск, 1924 г.

82) У. Пічэта. - Гісторыя Беларусі. Частка І. Масква, 1924 г.

83) І. Ігнатоўскі. - Гісторыя Беларусі у ХІХ-м і пачатку ХХ-га ст. Менск, 1925 г.

84) B. Limanowski.⬥Historya demokracyi polskiej w epoce porozbiorowej. Wyd. II. Warczawa, 1922 г.

85) H. Mościcki. Dzeje porozbiorowe Litwy i Rusi. T. I. Wilno, 1913 г.

86) I. Grabiec.⬥Rok 1863. Poznań, 1922./

87) L. Wasilewski.⬥Kresu Wschodnie. Warszawa, 1917 г.

  1. Выстарчыць — хопіць.
  2. Гаспадарства — дзяржава, гасударства.
  3. Фэўдальны сэрв — прыгонны селянін, які знаходзіцца ў асабістай залежнасьці ад феадала.
  4. Майдэборскае права — Магдэбурскае права, феадальнае, гарадское права, паводле якога эканамічная дзейнасць, маёмасныя правы, грамадска-палітычнае жыццё, саслоўны стан гараджан рэгуляваліся ўласнай сістэмай юрыдычных нормаў. Узнікла ў 13 ст. у г. Магдэбурзе (Германія).
  5. Размаітымі — неаднолькавымі, разнастайнымі.
  6. Вялікі водны шлях з Варагаў у Бізантыю — шлях з варагаў у грэкі. Бізантыя — Візантыя.
  7. Ураднік — службовая асоба, чыноўнік.
  8. Дзедзічнае — наследнае, дзедаўскае.
  9. Тут памылка друку. Далей у тэксце гаворка ідзе пра Святаполка Акаяннага.
  10. Грамадзянства — грамадства.
  11. Фатыгаваліся (польск.) хваляваліся, непакоіліся.
  12. Капіталістыя — купцы, ліхвяры.
  13. Атэнскі — Афінскі; Атэны — Афіны.
  14. Бусакамі — баграмі.
  15. Тут памылка друку. Трэба чытаць «заходніх зямель усходніх славян».
  16. Тут памылка друку. Трэба чытаць замест «усходня-славянская» — «усходнехрысціянская».
  17. Памылка друку. Замест «маскоўскіх» трэба чытаць «мясцовых».
  18. Яна III — Івана III.
  19. Надужыцьці — злоўжыванні.
  20. У гэтым сказе «гражданскага і грамадзянскага права» гэта значыць дзяржаўнага і цывільнага права.
  21. «…аб судох копных» — (ад капа — грамада). Суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які ўзнік на ранняй стадыі развіцця дзяржавы і права. Разглядаў пераважна справы простых людзей.
  22. У гэтым сказе «пахожыя людзі» — гэта феадальна-залежныя сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім у 15-17 ст., якія мелі права пераходзіць ад аднаго феадала да другога. «Непахожыя» сяляне былі пазбаўлены гэтага права.
  23. Дажывотна — да смерці.
  24. Арцыбіскуп — архібіскуп. Духоўнае званне, сярэдняе паміж епіскапам і мітрапалітам, а таксама асоба, якая носіць гэты тытул, старшы епіскап. Прымас — у каталіцкай і англіканскай цэрквах — тытул галоўных епіскапаў. (Ад лацінскага primas — галоўная асоба, галоўны).
  25. Чынш (гіст.). — у феадальнай Еўропе — рэгулярныя натуральныя і грашовыя плацяжы зямельнаму ўласніку за карыстанне зямлёй. На Беларусі і Літве ў 15-19 стст. — грашовы аброк.
  26. Менючыся — называючыся.
  27. Мяваліся — меліся
  28. Навярнуць — прыцягнуць, далучыць
  29. Збыткаваньняў — страт
  30. Мшу (царк.) — месу
  31. «Візівіты» — езуіты