Перайсці да зместу

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1919)/Першы пэрыод

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уступ да гісторыі Беларусі Першы пэрыод гісторыі Беларусі (IX—XIII ст.)
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1919 год
Другі пэрыод гісторыі Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Першы пэрыод гісторыі Беларусі.
(IX–XIII ст.)


Старажытные насельнікі Беларусі.

У ІХ-м сталецьці землі, занятые ӯсходнімі, рускімі славянамі, дзяліліся паводлуг рачных сыстэмаӯ і гандлёвых цэнтраӯ на чатыры кавалкі. На поӯначы, пасярод вазёр і лясоӯ, цэнтруючысь ӯкола Ільмэня, лягла зямля Наӯгародзкіх славянаӯ. Далека на ӯсход цягнуліся гэтые землі, даходзячы аж да Уральскіх гораӯ. Кіраваӯ імі „гаспадзін вялікі Ноӯгарад“. Пад ӯсходнімі землямі Ноӯгарада, паміж Волгаю і Акою ляглі землі, цягнуӯшые да Ростава Вялікага і да Суздалі. Значную роль будзе мець гэты кавалак толькі з пачатку ХІІІ-га сталецьця. На палудні, па сярэдняму і ніжшаму Дняпру, уходзячы аж у стэпы, лягла Дняпроӯская Русь, зцэнтрованая ӯкола багатага Кіева. Гісторыя гэтага кавалку нам добра вядома з агульных курсаӯ рускай гісторыі, якая разглядала жыцьце амаль што яго аднаго. Паміж заходнімі Наӯгародзкімі і Кіеӯскімі землямі, па вышэйшай Заходняй Дзьвіне і вышэйшаму Дняпру з Прыпяцьцю, Бярэзінаю і Сожам ляглі землі будучай Беларусі, каторые цэнтраваліся ӯкола гораду Полацку. Гэта ёсьць так званая Полацкая Русь.

Насельнікамі вышэйпаказанай тэррыторыі (Полацкай) былі тры ӯсходняславянскіе рускіе плямёны: Крывічы, Дрэговічы і Радзімічы. Сярод Крывічоӯ і Дрэговічаӯ жылі яшчэ літвіны, напр. Ятвягі.

Найвялікшым племем былі Крывічы, каторые жылі па вярхом рэкаӯ Заходняй Дзьвіны, Дняпра і Ловаці. Што датычыць назвы «Крывічы», то адны вучоные гавораць, што Крывіча так назвалі за тое, што ён быӯ хітры, двудушны, крывадушны чалавек. Другіе вучоные вядуць імя Крывічы ад слова «кроӯ», тады назву «Крывічы» магчыма разумець: «сваякі па крыві», кроӯные. Раскіданые па шырокаму абшару Крывічы сваею назваю як-бы падкрэсьлівалі свае радзство. Дрэговічы расьсяліліся паміж Прыпяцьцю і Заходняй Дзьвіною. Сярэдзіна сялібы Дрэговічаӯ супадае з нашай Меншчынай. Яны жылі пасярод лясоӯ і балатаӯ, гдзе шмат было трасінаӯ, інакш кажучы, дрыгвы, дрэгвы. Адсюль і пашло іх імя. Пасьля іх толькі ӯ Меншчыне засталося больш як 30 тысячаӯ курганоӯ-магільнікаӯ. Радзімічы былі невялікім племем і жылі па абодвым берагом Сожа. Яны прышлі сюды пазьней ад Крывічоӯ і Дрэговічаӯ з ляшскай (польскай) стараны. Летапісь гавора аб іх так: „Бяста бо два брата в Лясех: Радим, а другій Вятко, и пришедша седоста Радим на Соже, и прозвашася Радимичі, а Вятко седе с родом своім по Оце, от него-ж прозвашася Вятичи“.

Кіеӯскі летапісец так малюе жыцьце нашых прародзічаӯ: „Живяху в лесе, яко-ж всякій зверь, ядуще все нечисто, и срамословие в них пред отцы и пред снохами; и брацы не бываху в них, но игрища межю селы“… і т. д. Па гэтай летапіснай ведамасьці выходзіць, што нашые продкі ня мелі ніякай культуры і жылі ӯ лесе, як нейкае быдла. Што датычыць чужаземных сьведкаӯ, то яны ӯ адзін голас гавораць аб тым, што ўсходніе славяны і тады мелі ӯжо нейкую культуру. Так гавораць візантыйскіе аӯтары — Пракопі, Маӯрыкі, Канстанты Чырвонародны і арабскі аӯтар Масудзі. Той самый летапіс, які чорнаю фарбаю малюе культурны быт нашых продкаӯ, дае зьвесткі аб многіх гарадох, якіе былі раскіданы па тагачаснай Полацкай Русі. А мы ведаем, што прысутнасьць у народа гарадоӯ гаворыць так сама аб культурнасьці народу. Аб гэтым-жа маӯчком гавораць магільнікі-курганы, якіе засталіся да нашых часоӯ па ӯсяму нашаму краю. Раскопкі курганоӯ даюць шмат матар’ялаӯ, каб намаляваць культуру крывічоӯ, дрэговічаӯ і радзімічаӯ.

З раскопак мы бачым, што плямёны будучага беларускага народу, не зважаючы на сваю блізкасьць па крыві і па суседзтву, мелі ня зусім сходные звычаі. Так, напрыклад, кожнае з іх па свайму асабістаму звычаю хавала нябошчыкаӯ. Крывічы палілі труп, попел зьбіралі ӯ пасудзіну, якую потым пакрывалі насыпам. Укола насыпа капалі раӯчак і курган, абводзілі стужкай з каменьня. Дрэговічы клалі сваіх нябошчыкаӯ на зямлі і насыпалі над імі курганы. Радзімічы да X-га сталецьця сваіх нябошчыкаӯ палілі, а пасьля гэтага часу клалі памершага на ложка, пасыпанае попелам, і над ім рабілі наспу. Уклад хаӯтурны крывіцкі быӯ найскладнейшы; гэтае гаворыць аб тым, што і культура іх павінна быць вышэйшаю.

Па тым рэчам, што знаходзяцца ӯ курганох, ясна, што дзяды нашые ня сквапны былі да вайны, ім больш падабалася мірная праца: земляробства, зьвералоӯства і гандаль. Яны ӯмелі ӯжо ткаць на кроснах, ведалі бандарную і ганчарную справу. Былі яны людзі заможные, любілі хораша прыбрацца. На шыі яны насілі маністы з шкляных пацерак, часам бронзавых і срэбных, з размаітымі падвескамі, добра апрацованымі. Відаць, што пацеркі, вельмі штучна зробляные, дзесь купляліся. Беларус нашага часу ня можа прыбрацца так багата і цікава, як маглі прыбрацца яго продкі, каторые па летапісу „живяху в лесе, яко-ж всякий звер“. Праф. Завітневіч аб кургановых рэчах гаворыць так: „Курганные предметы Полесься по своему материалу ценнее, а по форме разнообразнее, затейливее, а иногда даже изящнее нынешних“. І няма тут а ніякага дзіва. Нашу бацькаӯшчыну багаціӯ вялікі водны шлях з Варагаӯ ӯ Візантыю, па катораму йшоӯ сусьветны гандаль таго часу. У гэтым гандлі працавалі і мелі не малы заробак і нашые прародзічы. Цікава тое, што некаторые рэчы, якіе ужываліся тады, ужываюцца і цяпер беларусамі нашага часу. Жыхар кургановага Палесья меӯ звычай падпяразывацца раменным паскам з шкуратовым кашэлікам, у каторым ён хаваӯ крэсала, крамень, губку і ножык. Наш беларус некаторых паветаӯ Горадзеншчыны, Магілёӯшчыны і Меншчыны так сама носіць пры сабе у кашэліку на рамяным паску такіе самые рэчы; толькі ён і дадаӯ да іх, як чалавек нашае культуры, шчэ тутун і люльку.

Чым з’ясьніць тое, што зьвестка летапісу аб някультурнасьці нашых прародзічаӯ так не падобна на зьвесткі чужаземных сьведкаӯ і курганоӯ? Трэба памятаць, то што хто-б ні быӯ аӯтар летапісу, ён быӯ манах, прадстаӯнік новай культуры і новай веры, якая прасочывалася ӯ нашые лясы. Пэӯна, што ӯсё тое, што насіла на сябе адзнакі не яго культуры, аӯтар лічыӯ някультурным. Шлюб, учынены водлуг звычаяӯ паганскай веры, яго не здаволіваӯ, і летапісець піша, што ӯ продкаӯ нашых «брацы не бываху». Калі продкі нашы ӯ постны па звычаю хрысьціянства, дзень елі скаромнае па свайму звычаю, манах летапісец кажа, што яны елі ӯсё нячыстае. Такіе здарэньні ацэнкі культуры ӯ гісторыі людзей мы бачым часта. Вядома нам, напрыклад, што рымляны звалі першых хрысьціянаӯ бязбожнікамі за тое, што яны верылі ӯ свайго нявіднага бога, а ня іх — рымляноӯ, — багоӯ; звалі распуснымі за тое, што у хрысьціянаӯ была свая, а не паганская мараль і т. д. Нават і ӯ наш час мы бачым, што калі адна політыка-соцыяльная партыя разумее рэвалюцыю ня так, як другая, то адтрымывае назву контр-рэвалюцыйнай партыі.


Дзяржаўна-політычныя справы.

С палавіны ІХ-га сталецьця сярод усходніх славянаӯ пачынаецца дзяржаӯна-грамадзянская арганізацыя. Плямёны Крывічоў, Дрэговічаӯ і Радзімічаӯ ідуць па тым-жа гісторычным шляху. Будуецца гаспадарства і тут. Яшчэ да зазваньня вядомых нам князёӯ-варагаӯ (862) пачалі тут складацца воласьці-князьствы. Вёскі валасьцёӯ цягнулі, як да цэнтру, да бліжэйшага гораду. Чым большы і багацейшы быӯ горад, тым большую тэррыторыю вясковую канцэнтраваӯ ён ӯкола сябе. Разумеецца, воласьці былі самые размаітые абшарамі сваіх тэррыторый. Найвялікшымі паміж імі лічыліся: Полацкая, Смаленская і Тураӯская. У летапісе, апроч іх, успамінаюцца яшчэ і другіе воласьці з меншай тэррыторыяй, напрыклад: Вітэбская, Аршанская, Друцкая, Мсьціслаӯская, Ізяслаӯская, Слуцкая, Навагрудзкая, Нясьвіжская, Менская, Пінская, Мазырская, Сьвіслацкая і іншые.

На чале воласьцей у ваяӯніцкіх справах стаялі асобные князі, каторые былі ня больш, як раданачальнікамі, а часам толькі прадстаӯнікамі плямёнаӯ або родаӯ. Князі-раданачальнікі былі, такім спосабам, мясцовымі людзьмі. Князі прадстаӯнікі былі прышлым элемэнтам. Як пападаӯ гэты прышлы элемэнт ӯ мясцовае жыцьце, мы бачым, напрыклад, з летапіснага паданьня аб зазваньні князёӯ варагаӯ. Валасные князі мелі выканаӯчую ӯладу ӯ сваім князьстве: яны баранілі тэррыторыю воласьці і яе маетнасьць, рабілі са сваею дружынаю паходы у чужые землі, чынілі суд, пільнавалі гандлёвые шляхі і караваны.

Заканадаӯчая ӯлада ӯ воласьці належала да веча, або да народнага сходу. Веча зьбіралася у найглаӯнейшым горадзе воласьці-князьства. Веча запрашала князя, гадзілася з ім, калі князь нарушаӯ пастаӯленые яму ӯмовы, яно «паказывала князю путь», іначай кажучы, адбірала ад яго княжацкую ӯладу. Веча выдавала ӯсялякіе пастановы для насельнікаӯ воласьці, абірала ӯраднікаӯ на патрэбные пасады, адбірала ӯ іх даные пасады. Веча абвешчала войны і рабіла згоду з суседамі. Улада веча шырылася ня толькі на горад, але і на ӯсю воласьць, якая цэнтравалася ӯкола гораду; на тые гарады і вёскі якіе былі параскіданы па ӯсяму князьству. Пры гэтым, меншые ӯ воласьці гарады лічыліся прыгарадамі галоӯнага гораду. Кіеӯскі летапісец так гаворыць аб уладзе веча: „Новгородци изначала, и Смольняне, и Кияне, и Полочане, и вся власти (воласьці), яко-же на думу, на веча сходятся; на что-же старейшии сдумают, на тым и пригороди станут“. Веча мела ӯ воласьці магутную моц. Усякі жыхар воласьці павінен быӯ слухаць яго голасу, у тым ліку і князь, які быӯ, як мы казалі вышэй, толькі наемнікам веча.

Звычай вечавога народапраӯства істнаваӯ, як у Кіеӯшчыне, так і ӯ Полаччыне, з незапомных часаӯ. Як рабіліся справы на вечах, мы мала ведаем, бо ад вечавых сабраньняӯ не засталося да нашага часу а ніякіх пісаных дакумэнтаӯ. Па тым невялічкім зьвесткам, якіе мы маем, на вечавы сход жыхары зьбіраліся па звону асобнага вечавога колакала, каторы вісеӯ на плошчы найглаӯнейшага гораду князьства. Па гэтаму звону са ӯсіх канцоӯ гораду йшлі як мешчане гораду, так і тые вясковые насельнікі воласьці, якіе ӯ гэты час былі ӯ горадзе па сваім справам. Права голасу на сходзе мелі ӯсе свабодные дарослые людзі, незалежные гаспадары. Сабраӯшымса людзям найперш апавядалася тая справа, на якую веча павінна было даць той цы іншы адказ. Апавяданьне справы рабілася цы князям воласьці, цы якім колечы ӯраднікам, цы проста якім-небудзь старым чалавекам. Патым йшло абгаварываньне справы. Веча адказывала прамоӯцам гоманам. Пэӯна, што асобных галасоӯ ня лічылі, а толькі па слуху адгадывалі, што ухваляе большасьць веча; Іншы раз выпадала так, што большасьць веча была незначная і меншасьць не хацела адступіцца ад сваей мэты. Тады справа даходзіла да бойкі і аднагалоснасьць дасягалася сілком; меншасьці затыкалі рот кулаком, і яе галасоў ня было чутно.

Наймагутнейшым было веча ӯ Полацку. Тут яно істнавала з незапомных часаӯ аж да канца XV-га сталецьця (1498 р.), калі гораду было дарована Майдэборскае права. Князь у Полацку юрыдычна ня меӯ амаль што ніякай сілы. Веча яго залежала ад яго індывідуальных здольнасьцяӯ. Ён і яго дружына нават і жылі не ӯ самым горадзе, а ӯ некалькіх верстах ад гораду, у вёсцэ Бельчыцах, гдзе былі для яго пабудаваны палацы. Князь і яго дружына ня мелі права купляць і мець у Полацку нярухомую маетнасьць. Так сама было ӯ Ноӯгарадзе і Пскове. Трэба адзначыць, што станавішча наӯгародзкіх князёӯ было больш пэӯнае, чым князёӯ полацкіх. Справа ӯ тым, што наӯгародцы звычайна абіралі сабе князя з роду Кіеӯскіх Яраславічаӯ. Пакрыӯджаны вечам наӯгародзкі князь мог знайсьці дапамогу ад сваіх кіеӯскіх родзічаӯ і ад кіеӯскага вялікага князя, каторы быӯ найстаршым ӯ родзе і павінен быӯ бараніць малодшых сваіх родзічаӯ. Што датычыць да полацкіх князёӯ, то яны нікому не маглі паскаржыцца на сваю крыӯду. Жылі яны асобным ад кіеӯскіх князёӯ жыцьцем і нават найчасьцей былі ӯ спрэчках з імі. Згубіӯшы па якім колечы прычынам свой пасад ӯ Полацкай воласьці, князь павінен быӯ бегчы на чужую старану, да чужых людзей. Такой стараною звычайна была Літва. Патрэбна аднак-жа сказаць, што палачане любілі і паважалі род сваіх князёӯ Ізяславічаӯ і баранілі іх, а разам з імі і сябе ад крыӯды князёӯ чужога роду, напрыклад, Яраславічаӯ Кіеӯскіх.

Полацк быӯ найглаӯнейшым горадам у воласьці. Усе другіе гарады яе былі залежны ад Полацку і лічыліся яго прыгарадамі. Такімі прыгарадамі былі, напрыклад, Менск, Вітэбск, Барысаӯ, Стрэжаӯ, Усьвят, Друцк і др. Гэтая залежнасьць датычыла толькі да надворных справаӯ. У сваіх хатніх справах усе прыгарады былі незалежнымі і кіраваліся сваімі вечамі і князямі.


Змаганьне Полаччыны з Кіеўшчынай.

У часы зазваньня варагаӯ (862) Полаччына мела сваіх мясцовых князёӯ, аб каторых гаворыць адна з скандынаӯскіх сагаӯ — Адмундава сага. Гэтых князёӯ мы ня ведаем па імёнам. Ужо і тады былі якіесь спрэчкі між Полацкім і Кіеӯскім цэнтрамі. Варагі Аскольд і Дзір, родзічы зазваных варагаў, захапілі ӯладу ӯ Кіеве. Асеӯшы тут, яны хутка ӯвайшлі ӯ мясцовые інтарэсы. У Ніканаӯскім летапісу мы чытаем: «Аскольд и Дзір воеваша Полочан и многое зло им сотвориша». Аскольда і Дзіра ӯ Кіеве зьмяніӯ Алег (879–912). Гэты першы гістарычна-праӯдзівы кіеӯскі князь пачаӯ цэнтраваць ӯкола Кіева размаітые плямёны. Ен накладаӯ на іх дань, адкуль і пашло слова „падданьных“. У ліку другіх падданьных плямёнаў Іпатскі летапіс называе і Крывічоӯ. Разам з Крывічамі пайшоӯ потым Алег на Смаленьск і ӯзяӯ яго без змаганьня. „Олег прия город Смоленеск и посади в нем муж свой“. Аб падданьні Алегу Полацку і Дрэговічаӯ у летапісу зьвестак няма, але магчыма думаць, што і гэтые землі былі ӯ некай залежнасьці ад Кіева. Так, напрыклад, летапіс, гаворучы аб „укладах“, якіе браӯ Алег з Візантыі, называе „уклад“ ня толькі на Смаленьск, але і на Полацк. „Укладам“ завецца ваенны здабытак, каторы прысылаӯся Кіеӯскаму князю з Візантыі. Зьвярнуӯшы ӯвагу на тое, што Смаленьск і Полацк мелі свае асобные уклады, мы павінны прызнаць, што яны былі не рабамі Кіева, а яго супольнікамі у змаганьні з Візантыяй. Гэты факт пацьверджаецца тым, што ӯ паходах Алега 907 і 944 року на Візантыю па летапісу Смаленьск і Полацк прыймалі учасьце. Праӯда, Алег ӯ далучаных гарадох ставіў сваіх „мужей“, але яны былі ня столькі ӯраднікамі, сколькі прадстаӯнікамі эканамічных інтарэсаӯ Кіеӯскага князя. Справы гарадоӯ і валасьцей па звычаю вялі мясцовые вечы і князі „под Ольгам суще“.

Пры наступніках Алега (Ігар, Ольга, Сьвятаслаў, 912–972) залежнасьць Полаччыны ад Кіева паступова ӯсё падае. У апошнюю чверць 10-га сталецьця ӯ Полацку ӯжо незалежна княжыць Рагвалод. Магчыма думаць, што Рагвалод быӯ патомкам тых мясцовых полацкіх князёӯ, якіе раней былі ӯ Полацку. Гэта пацьверджаецца чыста славянскім імем самага Рагвалода і дачкі яго Рагнеды.

Рагвалод скарыстаӯ спрэчкі, якіе йшлі паміж сынамі Сьвятаслава, Яраполкам, Алегам і Уладзімерам. Ен значна пашырыу Полаччыну, дадаӯшы да яе Тураӯскае князьства, каторае раней залежала ад Кіева. У сваіх спрэчках сыны Сьвятаслава, Яраполк і Уладзімер, шукалі сабе дапамогі з боку Рагвалода. Дзеля гэтай мэты абодва браты дамагаліся рукі дачкі Рагвалодавай Рагнеды, каб політычны зьвязак зацьвярдзіць радзтвом. Маладые князі заслалі сватоӯ да полацкай княжны. Летапіс гаворыць, што Рагнеда, даведаӯшыся, што Уладзімер быӯ сынам Сьвятаслава і рабыні, не захацела быць жаною рабыніча і з пагардай адказала таК: „не хочу разути рабынича, а за Ярополка иду“. Калі Уладзімеру перадалі адказ Рагнеды, ён ӯ 980 року пайшоў паходам на Полацк, разьбіӯ полацкае войска, зруйнаваӯ горад, забіӯ Рагвалода і яго двох сыноӯ, а Рагнеду забраӯ у Кіеӯ і прымусіӯ быць сваею жонкаю. Ад яе ён меӯ чатырох сыноӯ і дзьве дачкі, старшы з сыноӯ быӯ Ізяслаў.

Нават тут, у палацу Кіеӯскага князя йшоӯ працяг спрэчкі паміж Полацкам і Кіевам. Одгукі гатай спрэчкі адчуваюцца ӯ кіеӯскім летапісе. Паданьне гаворыць аб тым, што Рагнеда не магла забыць сваей крыӯды і хацела раз забіць Уладзімера. Ён хапіўся за меч, каб засячы гордую палачанку, але маленькі Ізяслаӯ стаӯ так сама з мечам на заслону сваей маткі. Гэты маленькі абаронец так спадабаӯся Уладзімеру, што ён даӯ яму дзядзічнае полацкае князьства. А для Рагнеды ён збудаваӯ каля Менску новы горад Ізяслаӯль і адаслаў яе туды на жыцьце (987 р.). Калі мы паміж радкоӯ перачытаем гэтае паданьне, то пабачым, што для кіеӯскага князя было ня сусім бэсьпечна трымаць каля сябе нават і жонку, калі яна была шчыраю палачанкаю. Ад Ізяслава і пачынаецца род гістарычных полацкіх князёӯ, каторые завуцца ізяславічамі. Поруч з гэтым часта летапіс называе полацкіх князёӯ „Рагваложымі ӯнукамі“.

Спрэчка паміж Полаччынаю і Кіеӯшчынаю ня скончылася пры Уладзімеры з высылкаю Рагнеды. Яна прыняла толькі другую хорму, ! ня выходзючы з сямьі вялікага князя кКіеӯскага. У летапісе мы чытаем адно апавяданьне, каторае на першы пагляд, як-бы і не дае матар’ялаӯ для нашага пытаньня, але, углядзеӯшыся ӯ каторае, мы бачым працяг Кіеӯска-Полацкага змаганьня. Мы разумеем тут барацьбу, якая йшла паміж Уладзімерам і Яраславам Кіеӯскімі з аднаго боку і Яраполкам Тураӯскім з другога боку. Трэба разабрацца ӯ гэтай гісторыі, бо яна ня ёсьць такая ясная, як здаецца.

У часы Рагвалода Тураӯская воласьць належала да Полацку. Уладзімер Кіеӯскі, перамогшы Рагвалода, прылучыў Тураӯ з яго землямі да Кіева, як асобную воласьць вялікакняжацкага пасаду. Разумеецца, што мейсцовые дрэговіцкіе князі тураӯскіе згубілі сваю незалежнасьць. Тураӯ зварачаў на сябе увагу вялікага князя Кіеӯскага, як быӯшая воласьць Полаччыны. Апроч таго, Тураӯ быӯ на Прыпяці, каторая была водным шляхам на Захад. Заходніе ӯплывы былі магчымы як у Тураве, так і ва ӯсей Полаччыне, дзякуючы такім рэкам, як Заходняя Дзьвіна, Неман і Прыпяць. Гэтые заходніе ӯплывы рабілі Тураӯ тыпічнаю воласьцю Полаччыны. Што датычыць да Кіеӯшчыны, то яна мела яўна выразны, чысты, Візантыйскі, ӯсходне паӯдневы напрамак.

Калі мы зьвернем увагу на гэтую зьяву, то зразумеем, чаму Кіеӯскіе князі заӯсёды на тураӯскам пасадзе трымаюць замесьнікамі сваіх старшых сыноў. Так было і у часы Уладзімера. Намесьнікам тут сядзеӯ Сьвятаполк Уладзімеравіч, каторы павінен быӯ, па мысьлі бацькі, праводзіць у жыцьце края кіеўскі, палуднёва-візантыйскі напрамак. Але Сьвятаполк ня спраӯдзіӯ надзей Уладзімера. Ён хутка стаў паддавацца заходняму ӯплыву. Ён, як вядома, ажаніӯся з дачкой польскага караля Балеслава І, каторая была хрысьціянкай заходняга абраду. З ею да Тураӯскага князя-намесьніка прыехаӯ заходні біскуп Рэйнбэрн. Апіраючыся на тураӯцаӯ, якіе добра памяталі незалежнасьць Тураӯшчыны ад Кіеӯшчыны, а так сама спадзяваючыся на дапамогу свайго цесьця Балеслава, Сьвятаполк замысьліӯ аддзяліцца ад Кіеӯшчыны. Уладзімер, даведаӯшыся аб плянах старшага сына, раптам напаӯ на яго, схапіӯ яго, жонку і біскупа і ӯсіх пасадзіӯ у „паруб“. Разумеецца, што пасьля ўсяго гэтага Сьвятаполк ужо ня мог быць тураӯскім князем.

Пасьля скананнья Уладзімера Сьвятаполк павінен быӯ, як старэйшы ӯ родзе, заняць кіеӯскі вялікакняжацкі пасад. Паміж ім і братамі, каторые былі ӯзгадованы ӯ другім напрамку, пачалася барацьба. Кіеӯскі летапісец, каторы стаяў на ӯсходня-хрысьціянскім, чыста-візантыйскім грунце і бачыӯ у асобе Сьвятаполка чалавека другога напрамку, чорнаю фарбаю малюе гэтага князя. Ен вінаваціць яго ӯ сьмерці братоӯ Барыса і Глеба, ӯ тым, што ён нават хацеӯ згубіць усіх братоӯ, і ўрэшце дае яму прозьвішча „Акаянны“.

Справа кончылася так: браты з Яраславам на чале перамаглі Сьвятаполка. Ен павінен быӯ выгнанцам бадзяцца па чужых краёх, пакуль і не загінуӯ гдзесь на чужыне. За тое, што быӯ у сваей бацькаӯшчыне-Кіеӯшчыне прадстаӯніком іншага напрамку.

А спрэчкі паміж Полаччынай і Кіеӯшчынай ідуць сваей чаргой. Яраслаӯ Мудры змагаецца з Барыславам Полацкім Ізяславічам, дзядзька з пляменьнікам. Спрэчка пачынаецца з за Ноӯгарада, каторы быӯ паӯночным: ключом вялікага воднага шляху з Варагаӯ у Грэкі. Хто меӯ гэты ключ, той меӯ магчымасьць замкнуць і адчыніць шлях тагочаснага багацьця і культуры. Апроч таго, спрэчка ідзе за ӯладаньне двума гарадамі — Вітэбскам і Усьвятам. Гэтые гарады мелі так сама вялікую каштоӯнасьць. Той, хто ӯладаӯ імі, ӯладаӯ ключамі ад вышэйшага Падзьвіньня і меӯ надта важную частку вялікага шляху, гдзе былі волакі між Дзьвіной і Дняпром. Спрэчка паміж Кіевам і Полацкам кончылася тым, што Яраслаў адмовіўся ад пратэнзыі на Вітэбск і Усьвят. Такім чынам, пытаньне аб Ноӯгарадзе ня было выяӯлена. З часу Брачыслава спрэчкі стануць няӯпыннымі і безперарыӯнымі. Кіеӯскіе Яраславічы ӯвесь час змагаюцца з полацкімі Ізяславічамі. Апроч старой Рагвалодавай і Рагнедзінай крыӯды, паміж гэтымі цэнтрамі лягло суперніцтво за ӯплыӯ на Ноӯгарад із за пяршынства ӯ усходня-славянскім міру. Разгар змаганьня выпадае на часы князяваньня ӯ Полацку Брачыслава, сына Усяслава.


Усяслаў Полацкі. (1044–1101).

Пачэснае мейсца ӯ гісторыі Полаччыны здабыӯ Рагвалодаӯ прапраӯнук Усяслаӯ. Шчыра працаваӯ гэты князь дзеля лепшай долі свайго роднага краю. Крывёю і потам сваім здабываӯ ён славу для сваей бацькаӯшчыны і бараніӯ яе ад ворагаӯ. Ня ведаӯ ён праз усё свае доӯгае жыцьце, што такое адпачынак. І адкуль толькі ӯзялося столькі політычнага розуму, нясчэрпанай энэргіі і жвавасьці у гэтага працаӯніка. Сучасные яму людзі ніяк не маглі згадзіцца з тым, што гэта быӯ звычайны, просты чалавек. Ці можа просты чалавек мець такую энэргію, такую моц і жвавасьць? І народ быӯ перакананы ӯ тым, што Усяслаӯ — чараӯнік; што ён можа рыскаць ваӯком за соткі вёрстаӯ. Хадзіла сярод людзей паданьне, што і радзіӯся ён ад чарадзейства; што ад нараджэньня меӯ ён на галаве асабісты радзімы знак, ад якога і залежала уся яго цудоӯная нечалавечая сіла. Каб ня кідаӯся людзям у вочы гэты знак, князь-чарадзей заӯжды насіӯ на галаве павязку.

Як чараӯніка, малюе Усяслава і вешчы баян, і пясьняр „Слова аб палку Ігоравым“. Ен так сьпявае аб князі: „Усяслаў — князь людзям суды судзіӯ, князём гарады парадкаваӯ, а ӯ начы сам воӯкам рыскаӯ: з Кіева ён дасягаӯ да Тмутаракані да першых пеӯняӯ, ваӯком перацінаючы шлях вялікаму Сонцу — Хорсу. У Полацку у сьвятой Зафіі званы звоняць на з вутраню, а ён у Кіеві званы гэтые чуе. Хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеӯ. Яму-та і Баян вешчы раней яшчэ прыказку сьпяяӯ: ні хітраму, ні гараздаму, ні птушцэ лятуч і суда божага не пазбыцца“. Сваім розумам, сваім непакорным, бурным, мятучымся духам князь-чараӯнік надоӯга застаӯся ӯ народным успамінку. Народ складаӯ аб ім казкі, пяяӯ песьні, казаӯ прыказкі. З усяго гэтага пясьняр Слова і зрабіӯ свой малюнак. Як у Полаччыне, так і у Кіеӯшчыне добра ведалі ӯсе гэтага чалавека з вешчым духам у харобрым целе.

Пакуль яшчэ быӯ жывы Яраслаӯ Мудры, Усяслаӯ быӯ у згодзе з палуднёвымі князямі. Пасьля скананьня Яраслава (1054 р.) ӯ валасьцёх Кіеӯшчыны сталі князяваць яго сыны, разабраӯшы асобные гарады па старшэнству. На кіеӯскі пасад сеӯ найстаршы сын Ізяслаӯ з тытулам вялікага князя, на Чарнігаӯскі пасад сеӯ Сьвятаслаӯ, на Пераяслаӯскі — Усевалад і г. д. У першые часы і з імі Усяслаӯ жыӯ згодна, нават быӯ супольнікам ӯ некаторых ваяӯніцкіх справах паӯднёвых князёӯ. На поӯдні ӯ гэты час зьявіӯся, на зьмену разьбітых печанегаӯ, новы мангольскі народ, Полаӯцы. Асеӯшы ӯ стэпах, Полаӯцы зьвярнулі на сябе ӯвагу Кіеӯшчыны, пагражаючы ей кожны мамэнт. Так было аж да 60-х гадоӯ. З гэтага часу ізноӯ пачынаецца змаганьне Полаччыны і Кіеӯшчыны, каторае цягнецца аж да скананьня князя Усяслава. Прычыны змаганьня добра нам невядомы. Магчыма думаць, што і цяпер, як і пры Брачыславе, сварка пачалася за ӯладаньне Ноӯгарадам.

Ноӯгарад у той час належаӯ да Кіеӯшчыны. З гэтым ніяк не магла згадзіцца Полаччына. У 1067-м годзе Усяслаӯ „вонзи стрекала і отвори врата Новуграду“. Узяӯшы ӯ Ноӯгарадзе шмат здабычы, вярнуӯся Усяслаӯ у Полацк. Даведаӯшыся аб гэтым, паӯднёвые князі Ізяслаӯ Кіеӯскі, Сьвятаслаӯ Чарнігаӯскі і Усевалад Пераяслаӯскі згадзіліся паміж сабою, адпомсьціць Полаччыне. Яны сабралі вялікую ӯзброенную сілу і пашлі паходам на Менск, каторы ӯ той час быӯ адным з багацейшых прыгарадаӯ Полацку. Ня гледзячы на абарону, Менск яны забралі. Забраӯшы ӯ багатым горадзе шмат здабычы, павялі яны свае войскі далей па рэчцэ Нямізе, цякучай у Сьвіслач, і тут сустрэліся з войскам Усяслававым. Маленькая рэчка 3-го сакавіка 1067-га году бачыла на берагох сваіх страшэннае збойства. Аб тым, што тут было, так пяе пясьняр Слова аб Ігоравым палку: „На Немизе снопы стелют головами, молотят цепами, булатными, на току жизнь кладут, веют душу от тела. Немиги кровавы бреги не житом были посеяны, а костьми сынов русских“. Рэчка Няміга цяпер высахла. Па рыцьве яе ідзе Няміжская вуліца ӯ Менску. Часам вясною напаӯняецца вадою Няміга і ӯспамінае сваё мінулае. А і

Дрэнна скончылася гэтая Няміжская бойка для сыноӯ Полаччыны. Большая частка іх палягла тут, як снапы на полі, і не вярнуліся яны да хат сваіх. Усяслаӯ быӯ разбіты. Але не малыя былі страты і кіеӯскіх Яраславічаӯ. Замест таго, каб скарыстаць пабеду і гнаць далей разьбітых палачан, яны павінны былі праз нейкі час зазваць да сябе Усяслава, каб зрабіць з ім згоду. Усяслаӯ з двума сынамі і невялікаю дружынаю прышоӯ у кіеӯскі лягер, не спадзяваючысь, што паӯднёвые князі ӯмысьлілі злачынства. Яны схапілі яго і сыноӯ, закавалі іх у моцные кайданы і адвязьлі ӯ палон у Кіеӯ. Смутна было на сэрцы палоннага князя, каторы сядзеӯ ӯ ланцугох у кіеӯскім парубе пад велікакняжацкімі палацамі. Душа яго вітала на роднай Полаччыне. Відаць, шмат ён думаӯ аб тым, што там робіцца, калі раніцаю ӯ турме чуӯ, як у далёкім родным Полацку ӯ сьвятой Зафіі званы званяць на завутраню. І звалі яго гэтые званы на бацькаўшчыну.

Нядоўга аднак-жа таміӯся князь-чарадзей у палоне. Чары яго былі мацней ланцугоӯ і праз сьцены турмы йшлі па Кіеву да народу Кіеӯскага. Небясьпечан быӯ палоцкі палоньнік для магутнага князя Кіеӯскага.

На другі год палону Ізяслаӯ Кіеӯскі павінен быӯ ісьці паходам на полаӯцаӯ, каторые пачалі руйнаваць паӯднёвые землі. Полаӯцы разьбілі яго, і вярнуӯся ён да дому з ганьбаю. Тады ӯзбунтаваліся кіеӯляне, вызвалілі з паруба князя-чарадзея і запрасілі на Кіеӯскі пасад замест Ізяслава, парушыўшы гэтым правы другіх паӯднёвых кназёӯ. Здаецца, чаго больш было жадаць Усяславу. З сумнай турмы падняӯся ён на златакованы Кіеӯскі велікакняжацкі пасад, на той самы пасад, які быў так жаданым для ӯсіх паӯднёвых князёӯ. Навокала было багацьце і пашана зьяла паӯднёвая сонца Украіны. Так ось не! Які і раней у парубе, звалі яго званы, якіе званілі ӯ сьвятой Зафіі ӯ Полацку. І моцна, відаць, званілі яны ӯ сэрцы князя Полаччыны, калі ён толькі сем месяцаў здалеӯ прасядзець на Кіеӯскім пасадзе. Цягнула яго далекая Полаччына, пакрытая смугаю туманаӯ, але блізкая яго сэрцу. С паходу зпад Белгараду уцёк полацкі князь-чарадзей на сваю бацькаӯшчыну. Усе гэтые падзеі так апісвае пясьняр Слова аб Ігоравым палку: „Кінуӯ тэрабье Усяслаӯ, даткнуӯся нікаю да залатага пасаду кіеӯскага. І пабег ён зьверам лютым ад іх аб поӯначы з Белгараду, і зьнік у сіней смузе“.

І пашло зноӯ змаганьне паміж „Рагваложымі ӯнукамі“, Ізяславічамі і Кіеӯскімі Яраславічамі, пасярод каторых ужо ӯзрасла новая працавітая і даравітая асоба — Уладзімер Манамах, сын Усевалада Пераяслаӯскага. Шмат бяды прынес Полаччыне гэты, добра вядомы нам вялікі князь Кіеӯшчыны. Пад яго кіраӯніцтвам злучаюцца паӯднёвые князі, каб руйнаваць і нішчыць нашу бацкаӯшчыну, каб палоннікамі, ӯзятымі з яе абшара, запаӯняць паӯднёвые рынкі. Два разы Яраславічы праганялі Усяслава з пасаду Полацкага, але ён зноӯ і зноӯ сядаӯ на ім, бо яго падтрымываӯ народ полацкі.

Апошні паход на Полацкую зямлю адбыӯся у 1084 году. Уладзімер Манамах сабраӯ вялізнае войска і павёӯ яго на поӯнач. Дайшлі да Менску. Горад быӯ узят і зруйнован да шчэнту. Воіны Уладзімера як кажа летапіс, „не оставивша ни челяднина, ни скотины, вся разграбиша и пожгоша“. Доўга потым Менск памінаӯ нядобрым словам Кіеӯскага князя Манамаха.

Гэтым паходам, здаецца, і закончылася барацьба Усяслава з Яраславічамі. Полацкі князь быӯ ужо вельмі стары. Цяжкае, поӯнае працы і барацьбы, жыцьце засьмірыла яго мятучуюся душу: „хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеӯ“. Пасьля 57-мі годняга князяваньня пашоӯ гэты працаӯнік спачываць у сырую зямельку сваей пакутнай бацькаӯшчыны, каторую ён так шанаваӯ і любіӯ. Пад 1101 рокам у летапісе запісана: „Преставися Всеслав Полотьский князь, месяца априля в 14 дзень, в 9 час дне, в среду“.

Усяславу мы павінны даць пачэснае месца ӯ гісторыі нашага краю. Яго праца не прайшла марна. Ен павялічыӯ тэррыторыю Полаччыны, прылучыӯшы да яе шмат новых асобных князьстваӯ.


Полаччына пасьля Усяслава.

Пасьля скананьня князя-чарадзея Полаччына пачынае хіліцца данізу. Гаспадарства пачынае хварэць. Прыгарады Полацку вядуць змаганьне з іх галоӯным кіруючым горадам, а так сама і паміж сабою. На чале спрачаючыхся гарадоӯ становяцца асобные князі Рагваложага роду і вядуць змаганьне, як адзін з другім, так і ўсе разам — з старэйшым Полацкім князем. У кожным горадзе на вечу ідуць спрэчкі паміж багацеійшымі і бяднейшымі станамі грамадзянства. Адным словам, на абшарах Полацкай тэррыторыі ідзе якаясь політычная і грамадзянская барацьба. З тых скупых зьвестак, якіе прыпадкова маюцца ӯ летапісах, няма ніякай магчымасьці даць падробны малюнак гэтай хатняй барацьбы і вызначыць яе прычыны.

А адначасьне з гэтым ідзе працяг таго змаганьня Полацкай воласьці з воласьцьцю Кіеӯскай, каторае пачалося яшчэ з часу Рагвалода. Уладзімер Манамах, каторы і раней выказаў сябе, як люты вораг Полаччыны, зноӯ робіць паходы на Полацкаю зямлю. Ен руйнуе такіе гарады, як Менск, Друцк, Оршу, Капыль і ін. Бачучы, што ӯ Полаччыне магчыма адтрымаць вялікі здабытак, Кіеӯскіе князі нават злучаюцца, што з імі рэдка бывае, і ӯ 1127-м року робяць хаӯрусны паход. Зніштожаны агнём і мечам такіе гарады, як Полацк, Лагойск, Ізяслаў і ін. Урэшце, Кіеӯскі вялікі князь Мсьціслаӯ (у 1129-м гаду) выгнаӯ з Полацку, Менску і ін. гарадоӯ Ізяславічаӯ і іх падручных князёӯ, а на іх месца пасадзіӯ сваіх сыноӯ і родзічаӯ. Вечы павінны былі згадзіцца з гэтым, бо на старане новых князёӯ была моц зброі. Гэтые чужынцы-князі фатыгуюцца толькі аб тым, каб як найбольш выкарыстаць з забранага краю.

Увесь край дайшоӯ да руіны. Гарады і вёскі пусьцелі. Аграбленые, заціснутые эканамічна насельнікі зямлі забіраліся ӯ няволю. Іх потым тысячамі прадавалі на нявольнічых рынках як Рускай зямлі, так і далёкай Азіі. Пашырыӯся нявольнічы гандаль. Ад яго карысталі чужынцы-князі і мяйсцовые капіталісты, інтарэсы каторых супалі з інтарэсамі князёӯ. Такім спосабам, мяйсцовая буржуазія таго часу і чужаземная політычная ӯлада, маючы на ӯвазе толькі сваю карысьць, руйнавалі край.

Але і народнай цярплівасьці часам прыходзіць канец. Так было і ӯ Полаччыне. Па летапісе, у 1132 гаду разгарэлася народная помста, паднялося паӯстаньне. Яно ахапіло вялікіе народные масы. Народ выгнаӯ чужынцаӯ князёӯ і іх прыхільнікаӯ. У Полацку сабралася веча і ухваліла вярнуць на бацькаӯшчыну выгнаных Кіеӯскімі князямі дзедзічаӯ Полацкага пасаду, Рагвалодавых унукаӯ. Мабыць добры ӯспамінак застаӯся у народзе аб сваіх былых князёх, калі ӯ цяжкі час жыцьця думаӯ ён аб іх, і зьвярнуӯся да іх, каб адбудаваць дзяржаву. Зазваные народным рухам і вечам вярнуліся Ізяславічы на Полацкаю Русь. Гадоӯ с 50 (ад 1132-га да 1180-га року) зноӯ кіравалі ӯ Полацкай воласьці Рагваложы ӯнукі. З князёӯ гэтага часу патрэбна адзначыць унука чарадзея Усяслава, Васілька Рагвалодавіча, і яго сына, Усяслава Васільковіча. Заціхлі дамовые войны і спрэчкі. Край пачаӯ ажываць, народ зноӯ прыняӯся за працу. Прыпыніліся і паходы з Кіеӯшчыны; Кіеӯская воласьць не пасылала больш на Полаччыну сваіх каршуноӯ за здабыткам. Ей было цяпер не да паходаӯ. Там настаӯ час асаблівага ӯціску палуднёвых качаӯнікоў полаӯцаӯ і усе сілы Кіеӯшчыны павінны былі адцягнуцца на палудзень. Не прыпыняліся там адначасьне і хатніе спрэчкі паміж асобнымі валасьцямі і князямі. Ад гэтых бед беглі людзі з Кіеӯшчыны, хто ӯ Полаччыну, хто ў Наӯгародзкіе землі, хто на паӯночны ӯсход, у Растова-Суздальскую тэррыторыю. Асабліва многа народу пашло на паӯночны ӯсход. Першымі сталі асядаць там некаторые з кіеӯскіх князёӯ, якіе шукалі спакайнейшага мейсца. Ужо Уладзімер Манамах быӯ адным з такіх князёӯ. Князі затрымоӯваюць тут бежанцоӯ з кіеӯшчыны, арганізуюць іх як эканамічна, так і політычна. Утвараюцца новые адносіны паміж насяленьнем і князем. Тут гаспадаром жыцьця становіцца князь. Юрый Доӯгарукі, потым яго сын Андрэй Багалюбскі найбольш разьвярнулі тут сваю княжацка-гаспадарскую працу. Хоць яны і Кіеӯскіе князі, але традыціі Кіева ӯжо чужые для іх. Расьце і ӯсмацняецца тая Растова-Суздальская тэррыторыя Русі, якая дагэтуль ня мела вялікага значэньня. Усе сілы гэтай тэррыторыі ідуць на яе ӯзрост, і ей зараз не да Полаччыны. Усё гэта давала Полаччыне магчымасьць зноӯ прыняцца за згодную працу і адпачываць ад таго цяжкога жыцьця, якое выпала на яе долю ӯ першай трэці ХІІ сталецьця.

Пасьля скананьня Усяслава Васільковіча, у 1180-м року, мы бачым у гісторыі Полаччыны надта цікавае здарэньне. Летапіс апісуе яго так. Усяслаӯ Васільковіч быӯ дужа любімы народам князь. Меӯ ён пашану ня толькі ад князёӯ Полацкай зямлі, але і ад простага люду. Усе яго паважалі за яго розум, справядлівасьць і дабрату і называлі нават вялікім. Калі ён памёр, то веча, перакананае ӯ тым, што другога такога князя не магчыма знайсьці, каб не зняважыць нябошчыка, не абрало аніякага князя і ӯхваліла ӯ Полацку рэспубліку. Замест князя абралі 30 старшын, каторые і кіравалі рэспублікай некалькі гадоӯ, да 1190-го году.

Не магчыма згадзіцца с тым, што рэспубліка ў Полацку утварылася толькі дзеле таго, што веча не знайшло дастойнага кандыдата на мейсца князя. Ня можна згадзіцца із тым, што веча не абрало князя толькі затым, што яно ніяк не магло кіравацца ў лініях радзтва князёӯ. Мы ведаем, што веча не лічыло для сябе абавязковым пры абраньні князя кіравацца яго старшыньством. Князем абіраӯся той, хто больш здаволіваў умовам веча. Трэба, такім спосабам, шукаць другіх, больш грунтоӯных прычын для такой політычнай падзеі, як перамена формы кіраваньня.

Каб дайсьці да прычыны заснаваньня рэспублікі ў Полаччыне, зьвернемся да параӯнаӯчага мэтаду. Мы зробім адзін успамінак з паданьняӯ дрэӯняй Эллады, каторы надта падобен на наша паданьне і ӯжо выяӯлены гістарычнаю навукаю.

Быӯ калісь у Аттыцэ, ӯ незапомные часы адзін цар на імя Кодр. Народ вельмі любіӯ яго за яго добрае, справядлівае кіраваньне. І ось, адзін раз напалі на Аттыку ворагі, ад каторых ніяк ня можна было абараніцца. Тады людзі зьвярнуліся да боскай дапамогі. Аракул даӯ такі адказ: адтрымае верх тая старана, гдзе загіне цар. Калі гэты адказ перадалі Кодру, ён замысьліӯ зрабіць афяру для свайго народу. Ацягнуӯся ён у лахманы, павесіӯ на плечы жабрацкую торбу і зусім непадобны на цара пашоӯ у воражы стан. Тут ён сумысьля пачаӯ якіе-сь спрэчкі. Ворагі, ня ведаючы, што гэты жабрак есьць афінскі цар, ӯ спрэчцы забілі яго. Тут толькі яны даведаліся аб боскім прыказе і аб тым, хто такі ёсьць забіты жабрак. Пасьля гэтага, не спадзяваючыся перамагчы афінян, бо з іх боку загінуӯ цар, ворагі самі адыйшлі ад Аттыкі. А Афіняны, вызваліӯшыся ад непрыяцеляӯ па афяры свайго цара, на сходзе зрабілі пастанову, каб не абіраць больш цара, бо другога такога цара, як Кодр, не магчыма знайсьці. Такім спосабам, у Аттыцэ была заложана рэспубліка. Трэба толькі адзначыць, што рэспубліка гэтая была не дэмократычная, а арыстократычная.

Гістарычная навука ӯ гэтым наіӯным паданьні угледзела далекі адгалосак барацьбы за ӯладу багацейшых і заможнейшых станаӯ гаспадарства з царамі, каторые абмежывалі іх моц. Цары былі тым небязпечны для арыстакратаӯ, што яны часта апіраліся на дэмос, на просты люд. Паміж прочым, у Афінах дэмос ня доӯга цярпеӯ арыстакратычную рэспубліку. Ён згруппаваӯся ӯкола Пізістрата і аддаў яму дзяржаӯную ӯладу. Для народу больш прыемна дэмакратычная ӯлада аднаго, чым арыстакратычная ӯлада некалькіх асоб (алігархія).

Павінна быць, што так сама абстаяла справа і ӯ Полаччыне. Скарыстаӯшы скананьне князя, каторы быӯ любімы і паважаны народам, трыццаць багацейшых баяраӯ павярнулі веча якімі колек срэдзтвамі ӯ свой бок і захапілі ӯ свае рукі політычную ўладу. Просты народ ня быӯ здаволены такою рэспублікаю, бо яна не дала яму мейсца ӯ справах дзяржавы. Арыстократы, злучыӯшы з політычнай ӯладай моц эканамічнаю і ня маючы пагрозы сабе з боку князя, апіраючагася на масы простага люду, рабілі што хацелі, а хацелі — што было карысна толькі ім. Абурэньне народу у 1190-м году кончыла гэтую рэспубліку, каторая істнавала толькі 9 гадоў.


Хрысьцьянства і асьвета

Нам добра вядома, як пашыралася хрысьцьянства ӯ Кіеӯскай Русі. Уладзімер, зрабіӯшыся хрысьцьянінам, выдаӯ прыказ зьніштожыць ідалаӯ: адных пасячы, другіх спаліць. Асабліва ён зьдзёкаваӯся над Пяруном. Яго прывязалі да конскага хваста, пацягнулі ӯ Днепр і па дарозе слугі князя білі яго батагамі. Потым бога кінулі ӯ раку і баграмі вялі яго аж да парогаӯ, каб ён ня выплыӯ. Веруючые людзі плакалі, бягучы за паруганным богам і крычалі: „выдыбай, божа!" Потым князь патрэбаваӯ, каб усе прыйшлі да ракі прыняць вадахрышча, абвесьціўшы, што невыкананьне гэтага прыказу будзе прызнана, як сапраціӯленьне княжацкай ӯладзе. Жыхары павінны былі павінавацца прыказу. У нікаторых мяйсцох была барацьба двух вераӯ, і хрысьцьянства пашыралася агнем і мечам.

Аб тым, як пашыралася хрысьцьянства ӯ Полацкай Русі, мы маем так сама некаторые зьвесткі. Прыняӯшы хрысьцьянства, ӯ тымжа году (989), Уладзімер ӯспомніў і аб сваей апальнай жонцы ӯ Полаччыне. Ен прыслаӯ у Ізяслаўль, гдзе жыла Рагнеда, сваіх пасланцоӯ, каторые ад імя князя перадалі ёй такіе словы: „аз убо ныне крещен есьм и приях веру и закон христианский; падобает мне едину имети жену, юже поял в христианстве. Избери себе от вельмож моих, его же хощеши, да сочетаю тя ему“. З гэтай зьвесткі мы бачым, што Уладзімер больш зацікаӯлен ліквідаваньнем сваіх паганскіх шлюбных зьвязкаӯ, чым пашырэньням ӯ Полаччыне хрысьцьянства. Выслухаӯшы пасланцоӯ, Рагнеда ӯ кароткіх словах так адказала свайму быӯшаму чалавеку: „быв княгинею, могу ли быть рабою у слуги твоего!“ Уладзімера гэты адказ не здаволіӯ, бо ён не ліквідаваӯ шлюбнай справы. Праз нейкі час зноӯ ідуць ад яго пасланцы да Рагнеды і прапануюць ей прыняць хрысьцьянства. Яна згадзілася і нават прыняла манашанскі пастрыг пад імем Анастасіі. Для навапастрыжнай манахіні-княгіні быӯ збудованы манастыр, у каторым яна і пражыла некалькі гадоӯ да скананьня у 1000 году. Ведама так сама, што ӯ гэты час ӯ Полацку была яшчэ адна хрысьцьянская цэрква. Гэтае летапіснае паданьне гаворыць нам аб тым, што кіеӯскі князю надта цікавіӯся вераю Рагнеды. У такога політыка, як Уладзімер, гэтая цікавасьць была не так рэлігійнага, як політычнага кірунку. Ен турбаваӯся не аб тым, каб яго апальная жонка знайшла пэӯнае мейсца ӯ нябескім царстве, а аб тым, каб злучыць Полацкую воласьць з Кіеӯскай ӯ рэлігійных адносінах, а ӯ царкоӯных адносінах, падчыніць яе кіеӯскаму мітрапаліту. Ва ӯсякім разе, трэба адзначыць, што ӯ Полаччыне кіеӯскі князь не выдаваӯ прыказаӯ аб абавязковым для ӯсіх прыняцьці вадахрышча, як у Кіеві, і не змагаӯся сілай з паганьствам.

Што датычыць да Ізяслава, сына Рагнеды, то магчыма думаць, што ён згодна, а ня сілком пашыраӯ новую веру ӯ Полаччыне. Адзін, праӯда ӯжо пазьнейшы, летапіс так малюе характар князя: гэты князь быӯ рахманы, ласкавы і міласэрдны; ён паважаӯ духоӯны і манашанскі стан і вельмі любіӯ чытаць сьвятое пісаньне. Такі характар князя як нельга лепей быӯ здатны для згоднага, паступовага пашырэньня хрысьцьянства.

Калі зьявіліся першые хрысьцьяны ӯ Полаччыне, трудна дазнацца. Гэтае пытаньне пакуль што яшчэ ня выяӯлено гісторыкамі. Есьць паданьня, што ӯжо ӯ ІХ сталецьце тут былі хрысьціяны. Пад гэтымі паданьнямі ёсьць пэӯные гістарычные асновы. Землі Беларусі былі распаложаны на вялікім водным шляху з Варагаӯ ӯ Грэкі. Па гэтаму шляху йшлі жывые гандлёвые зносіны як з ӯсходня-хрысьцьянскай Візантыей, так і з заходнімі хрысьцьянскімі народамі. Гандляры, як варагі так і рускіе, вязьлі па гэтаму вялікаму шляху ня толькі чужаземные тавары, але чужаземную хрысьцьянскую культуру і веру.

Усе гэтые зьвесткі гавораць нам аб тым, што новая вера ня прыйшла сюды, як вера змагаючаяся за сваю бытнасьць агнем і мечам. Хрысьцьянскіе пагляды прасачываліся ӯ жыцьцё, як і ӯся культура згодным паступовым шляхам. Часам яны выціскалі з быту грамадзянства старые паганскіе пагляды, а яшчэ часьцей зьліваліся з імі. Політэістычная паганская вера ня ставіла ніякіх перашкод для бога і сьвятых новай веры, бо яна прызнавала, што істнуе не адзін бог, а многа. Прызнаць новых багоӯ было для яе магчымым тым больш, што гэых новых багоӯ яна малявала падобнымі на сваіх старых багоӯ. Сьвяты прарок Ільля стаӯ падобен на Пяруна, сьвяты Уласій на Велеса і т. д. Такім спосабам утварылася яшчэ з часаӯ сівай дрэўнасьці тое дваяверые, якое істнуе і ӯ сучаснай нам Беларусі. Наша вёска і дагэтуль носіць на сваіх рэлігійных паглядах печатку далёкага мінулага. Тут згодна ужываецца старое славянскае паганства з усходнім і заходнім хрысьцьянствам.

Кніжная прасьвета ӯ Полаччыне з самага пачатку стала ӯ зьвязак з хрысьцьянскай верай. Укола цэрквы группавалася тады тыхчасовая адукаваная інтэлігэнцыя. Так было ня толькі ӯ Полаччыне, але і ӯ Кіеўшчыне і ӯ Заходняй Эӯропе і ӯ Візантыі. Прасьвета ӯсяго хрысьцьянскага міру насіла тады царкоӯны кірунак, і шмат патрэбна было часу змагацца прасьвеце за сваю незалежнасьць ад цэрквы. Рэлігійнымі і культурна-прасьветнымі цэнтрамі былі манастыры. У іх, альбо пры іх, істнавалі як-бы школы, пісаліся і перапісываліся кнігі, группаваліся людзі асьветы. У народ кніжная асьвета не пранікала так, як у нашые часы. Народ жыў сваім жыцьцем і тварыў сваю культуру. Ен сьпеваӯ свае песьні і быліны, баеў байкі, гутарыӯ пагаворкі і прыслоӯі, складаӯ лягэнды і другіе творы. Культура народу не была пісьменнаю культураю, а перадавалася з вуснаӯ у вусны. З прадстаўнікоӯ кніжнай прасьветы першага пэрыяду гісторыі Беларусі мы павінны адзначыць у Смаленску — Клімэнта Смаляціча, ӯ Тураве — Кірыла Тураӯскага і ӯ Полацку княжну Прадславу — Еӯфрасінію.

Клімэнт Смаляціч жыӯ у першай палавіне ХІІ-га сталецьця. Як кажа летапіс, гэта быӯ кніжнік, якого ня было на ӯсей Русі. Жыӯ ён у манастыры, але больш быӯ вучоным, чым манахам. У яго кэліі поруч з кнігамі сьвятога пісаньня мажліва было знайсьці і мірскіе кнігі, напрыклад, кнігі антычных аӯтараӯ: Гомера, Плятона і Арыстоцеля. Ен добра ӯчытываӯся ӯ сьвецкую літэратуру і бачыӯ, што ӯ ёй ёсьць шмат чаго такога, нашто трэба зьвярнуць увагу і без чаго ня можна добра зразумець сьвятога пісаньня. Па яго пагляду антычные аӯтары былі прадвесьнікамі хрысьцьянскіх ідэяӯ сярод паганскіх народаӯ так сама, як старазаветные прарокі сярод гэбрэяӯ.

Па зьвесткам, якіе дайшлі да нас, Клімэнт быӯ вельмі працавіты і пладавіты аӯтар: ён напісаӯ шмат кнігаӯ, казаньняӯ, лістоӯ, тлумачэньняӯ і г. д. З усіх гэтых матар’ялаӯ да нашага часу дайшоӯ толькі адзін ліст, напісаны Клімэнтам нейкаму смаленскаму сьвяшчэньніку. Гэты ліст мае вялікую каштоӯнасьць за тым, што ён сьведчыць напрамак мысьлі Клімэнта і яго сучаснікаӯ. Мы бачым, што тыхчасовая грамадзянства цікавілася навукова-рэлігійнымі пытаньнямі, а з іх асабліва пытаньнем аб тым, як разумець і тлумачыць сьвятое пісаньне. Адны гаварылі, што разумець біблію трэба так, як напісана т. е., літэральна. Другіе не здавольняліся такім тлумачэньнем і гаварылі, што зразумець сьвятые кнігі магчыма толькі пры дапамозе сьвецкай навукі, напрыклад, антычных аӯтараӯ. Звычайна, што такое тлумачэньне ӯжо не магло быць літэральным. Сам Клімэнт, як гэта відна з напрамку яго мысьлі, трымаӯся гэтага пагляду. Паміж спрачаючыміся старанамі спрытна йшла полеміка, ӯ якую паміма волі ӯцягівалася і мяйсцовае грамадзянства.

Другі прадстаӯнік кніжнай асьветы ӯ Полаччыне, Кірыл Тураӯскі, жыӯ так сама у ХІІ сталецьці. Гэта быӯ ня столькі кабінэтны вучоны, як Клімэнт, сколькі выдатны царкоӯны прамоӯца. Імя яго мы спатыкаем у агульных курсах гісторыі рускай літэратуры старэйшага пэрыоду. Усе прамовы Кірыла даюць нам добрые прыклады царкоӯнай красамоӯнасьці. Сучасьнікі далі яму назву рускага Златавусна, і гэтая назва з поӯным правам застаецца за ім і да нашага часу. Праф. Галубінскі, выдатны вучоны па гісторыі рускай цэрквы так характэрызуе яго казаньні: „Казаньні Кірыла Тураӯскага, ня маючы нічога агульнага з другімі сучаснымі яму казаньнямі і наӯчэньнямі, яӯляюць сабою зусім такіе самые аратарскіе творы, як казаньні сучасных нам вучоных-царкоўных прамоўцаў. Калі-б перакласьць іх на рускаю мову і сказаць, што яны належаць якому небудзь сучаснаму прамоӯцу, то, можа, толькі добры знаӯца справы закмеціць гэты абман“. Кірыл добра ведаў сучасную яму як заходняю, так і візантыйскую літэратуру, што відна з зьместу яго прамоваў. Ен гаварыӯ свае казаньні такою мовай, што пэўна толькі нязначная частка народу магла зразумець іх. Але ӯсё-ж, ня гледзячы на гэтае, яго добра ведалі ня толькі ӯ Полаччыне і Тураӯшчыне, але і у ва ӯсей Русі, як выдатнага царкоӯнага прамоӯцу.

Прадслава-Еӯфрасіньня, княжна Полацкая, жыла таксама у ХІІ-м сталецьці. Яна была ӯнукаю вядомага нам Полацкага князя-чарадзея Усяслава Брачыславіча. Як кажуць паданьні, яна сваім хараством і розумам стаяла вышэй ад усіх сваіх сьверсьніцаӯ. Жаніхі дабіваліся рукі княжны, але яна адмаӯлялася выйсьці замуж. Бацькі хацелі выдаць яе замуж сілком. Даведаӯшыся аб гэтым, яна патаемна пакінула родную сямью і ӯбегла да жаноцкага манастыра, на чале каторага стаяла яе цётка. Калі бацькі даведаліся аб тым, на што прамяняла іх дачка княжацкіе палацы, яны пачалі прасіць яе вярнуцца дамоӯ. Ня гледзячы на гэтае, Прадславе ӯжо-ж такі удалося застацца ӯ манастыры, і яна праз нейкі час нават прыняла пастрыг. Яшчэ жывучы ӯ Бацькоӯ, Прадслава любіла аддаваць свой адпачынак чытаньню кнігаӯ. Кніга ӯ тые часы была рэдкаю зьяваю ӯ грамадзянстве. Яшчэ і тады, каб мець спадабаӯшуюся кнігу, Прадслава з вялікім стараньням і цярплівасьцьцю перапісывала яе. Прыняӯшы манашанскі пастрыг, яна ӯвесь час пачала працаваць над перапіскаю кнігаӯ. Укола яе пачалі гуртавацца другіе пасьлядоӯцы асьветы і кнігі, апроч таго яна сама зьбірала у манастыры перапішчыкаӯ і перапішчыцаӯ. І ось, такім спосабам, той манастыр, гдзе жыла і працавала Прадслава-Еӯфрасіньня, стаӯ тым цэнтрам, ад каторага кнігі расходзіліся а ва ӯсе староны. Шмат кніжных людзей, дзякуючы працы манастыра, адтрымалі магчымасьць чытаць кнігу, і прасьвета пашыралася ӯ нашай бацькаӯшчыне. Праца Еӯфрасіньні была, такім спосабам, тым дапаӯненьнем да працы вучоных, без якого навука ня можа стаць культурным дастаньнем шырокіх колаӯ грамадзянства.


Гандаль і соцыяльны склад грамадзянства.

Сярод другіх промыслаӯ у жыцьці старажытнай Русі першае мейсца займаӯ гандаль. Магчымасьць гандлю і яго разьвітак залежалі ад таго, што праз Русь таго часу па рэкам праходзіӯ важны гандлевы шлях. Гэта ёсьць так званы „водны пуць з Варяг в Грекі“. Летапісец так апісуе гэтаю гандлёваю артэрыю краю: „Бе путь из Варяг в Греки и з Грек по Днепру, и верх Днепра волок до Ловоти, и по Ловоти внити в Ильмерь озеро великое, из него-же озера потечеть Волхов и втечеть в озеро великое Нево, и того озера внидеть устье в море Варяжское, и по тому морю ити до Рима, а от Рима прити по тому-же морю ко Царю-городу, а от Царя-города прити в Понт-море, в него ж втечеть Днепр река“.

Калі мы на географічнай карце пройдзем па шляху, які апісан тут, то пабачымо, што летапісец добра ведае „великий водный путь“, гандлёваю артэрыю краю. Гэта — пэӯна вялікі шлях, які цягнецца на некалькі тысячаӯ вёрстаӯ. Ен апаясуе з заходу ӯсю Эӯропу па марам і Атлянтычнаму акіяну і пераразае ӯсходняю Эӯропу па рэкам з палудня на поӯнач. На гэтым шляху ляжыць шмат дзяржаваӯ, шмат гандлёвых прыморскіх і прырэчных цэнтраӯ. Народ, пануючы на гэтым шляху, — ёсьць норманы-варагі, каторых добра ведаюць усе народы таго часу. Норманы — і гандляры, і воіны. Гэта дало ім магчымасьць быць першымі на шляху. Гдзе можна, яны першые розумам і опытам гандляра, гдзе ня можна, яны першые сваею зброяю і фізычна-ваенаю моцаю. Добра ведаюць норманаӯ-варагаӯ і ӯсходніе славяны. Калі яны завуць іх на сваю зямлю для арганізацыйнай працы, „княжыць і валадзець“, то абмылкі ня робяць.

Вялікі гандлёвы шлях багаціӯ тые землі, праз якіе праходзіӯ, у тым ліку і Русь Полацкаю. У Полаччыне была важная частка шляху. Справа ӯ тым, што паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіной, а так сама паміж Заходняй Дзьвіной і Лавацьцю былі волакі. Тут водны шлях перарываӯся, тавары трэба было перагружаць, пералядовываць і „валачы“ па сушы. У такіх мейсцох тавар затрымываӯся, а ӯкола тавару затрымываліся людзі і іх праца. Волакі былі мейсцам складаӯ тавараӯ, зграмаджэньня гандляроӯ, і разам з гэтым і капіталу. Капітал ӯ сваю чаргу цягнуӯ да сябе тых людзей, якіе шукалі заробку. Усё гэта рабіло з волакі каштоӯнымі пунктамі для тэррыторыі. Апроч таго ў Полаччыне водны шлях разходзіӯся. Адзін яго напрамак ішоӯ, на поӯнач; гэта той напрамак, які апісаны ӯ летапісе. Другі яго напрамак ішоӯ на заход, па Заходняй Дзьвіне да Рыжскай затокі, і значна скарачаӯ дарогу ӯ Заходню Эӯропу. Гэты факт так сама быӯ карысны для Полаччыны, бо даваӯ ён як-бы двухкалейны шлях замест звычайнага аднакалейнага.

Усё вышэйпаданае значна пашырала гандлёвые звароты Полаччыны параӯнаӯча з другімі тэррыторыямі па шляху. Тут было шмат багатых гарадоӯ, найбагацейшымі з іх былі Смаленск і Полацак. Смаленск панаваӯ на поӯночнай ветцы воднага шляху, а Полацак на заходняй. Апроч іх, мы ведаем шмат і другіх гарадоӯ, каторые былі хоць і не так багаты, але ӯсё-ж такі концэнтравалі вокала сябе значные гандлёвые абароты, напр., Менск, Вітэбск, Усьвят, Тураӯ і др. Усходніе тавары па воднаму шляху праз гарады Полаччыны йшлі на поӯнач і на захад — у Наӯгародзкаю Русь, да латышоӯ, фінаӯ і немцаӯ; з захаду тавары йшлі на ӯсход і на поӯдзень — да Баӯгараӯ па сярэдняй Волзе, ӯ паӯднёвую Русь, Візантыю, ӯ далёкую Арабію. Але Полаччына была ня толькі перадаӯцай чужаземных прадуктаӯ, яна сама дабывала прадукты і пастаӯляла на ӯсясьветны рынак тавары свайго ӯласнаго вырабу. Лясы, пушчы і балоты нашай бацькаӯшчыны гадавалі ӯ сваіх цэнтрах ваӯкоӯ, лісоӯ, дзікаӯ, кунаӯ, выдраӯ, бурых мядзьведзяӯ і г. д. Гэтые зьвяры давалі змагаӯшаму іх чалавеку скуры і мех. У борцях па лясох працавалі пчолы і давалі жыхару, як і ӯ нашые часы, шмат воску і мёду. Віӯся хмель, залатою хвалею калыхалася жыта на палёх, каторые ӯжо пачалі зьяӯляцца пасярод лясоӯ. У хатах сялян і мяшчан у кроснах жвава бегаӯ ткацкі чаӯнок, на кругох рабіліся гліняные гаршкі. Размаітые пароды дрэва давалі магчымасьць разьвітку кустарнага дравяога промыслу. Адным словам, край вырабляӯ свае ӯласные прадукты, з якіх карыстаў наш продак, вывозячы лішкі на тые рынкі, якіх так многа было па вялікім водным шляху. Аддаючы суседзям свае ӯласные прадукты, наша бацькаӯшчына ӯзамену адтрымлівала прадукты з суседніх і ня суседніх краёӯ. Далёкіе ӯсходніе і паӯднёвые землі пасылалі сюды аксаміты, маністы, пацёркі, пярсьцёнкі, ляхтарні і г. д. Паӯночная Скандынавія давала мячы, сякеры, пікі і др. мэталічные рэчы з зялеза, бронзы, сталі і срэбра. Нямеччына пасылала сюды свае віны, сукны, бурштын і г. д. Гандаль вялікага воднага шляху багаціӯ нашу бацькаӯшчыну. У Полацку, Смаленску і другіх гарадох было многа вельмі багатых людзей. Гандлёвые людзі таго часу плацілі страшэнную моц усялякіх налогаӯ, аброкаӯ і мытных збораӯ. Смаленскі князь, напрыклад, у пачатку ХІІ-га сталецьця меӯ даходу ад гандлёвых налогаӯ амаль што ня 600.000 рублеӯ ӯ год на нашые грошы. І горад мог вытрымаць у сваім бюджэце такіе расходы толькі па аплаце працы князя. Ня маючы сучасных банкаӯ, капіталісты таго часу хавалі сваю грашавую маемасьць у зямлі. І ось клады візантыйскіх і арабскіх грошай знаходзіліся аж да нашага часу па ӯсім абшары Полацкай, Смаленскай і Тураӯскай зямель. Смаленскіе і полацкіе гандляры не здаволіваліся мясцовымі рынкамі, іх капітал патрабаваӯ для сябе прастору эксплёатацыі. Гандляроӯ нашай бацькаӯшчыны магчыма было спаткаць па ӯсіх тэррыторыях Русі, ӯ Візантыі, Арабіі і Нямеччыне.

Чужаземные гандляры, з свайго боку, забяспечывалі ӯплыӯ на Полаччыну чужаземнага капіталу. Найбольш быӯ арганізованы заходні нямецкі капітал. У канцы ХІІ-га сталецьця немцы, так сама як і ӯ Ноӯгарадзе, мелі свае „двары“ ӯ разных гарадох Полаччыны. Асабліва грунтоӯна прыстроіліся яны ӯ Смаленску. Тут, пры ӯходзе ӯ Дняпро ракі Рачоӯкі, разьляглася іх слабада-сяліба, былі пабудованы вялізные магазыны-склады і магазыны-крамы, хаты на загранічны лад, заможна і жвава йшло жыцьцё. Над слабадою падымалася званіца нямецкай цэрквы заходняга звычаю і вежа ратушы. Жыхары чужаземнай слабады мелі свой урад. На чале калёніі стаяӯ абраны старшыня з абранымі радцамі, каторые ӯтваралі суд над сваімі землямі і вялі адміністрацыйные справы.

Паміж асобнымі гарадамі, Полацкай Русі з аднаго боку і нямецкімі гарадамі з другога боку, ӯтвараліся дагаворы аб узаемных правох і абавязках. З гарадоӯ Полаччыны меӯшых дагаворы, магчыма назваць такіе як: Полацак, Смаленск, Вітэбск, Менск; з нямецкага боку магчыма адзначыць: Данцыг, Брэмэн, Любэк, Мюнстэр, Рыгу, востраӯ Готлянд. Найцікавейшые па сваей апрацованнасьці ад усіх дагавораў — гэта смаленскіе дагаворы; з іх злажылася так званая „Смаленская Тарговая Праӯда“. З асобных артыкулаӯ Смаленскай Праўды мы бачым, якіе былі ў той час адносіны паміж нашымі продкамі і немцамі і наадварот. Перш за ӯсё мы бачым, што абедзьве з дагаварываючыхся старон маюць права ӯвозіць тавары бяз мытных збораӯ. Прывозячы тавары, гандляр павінен плаціць добра вызначаную вагавую павіннасьць. Калі трэба мець справу з абяднеӯшым пазычацелем, то першые выплаты з яго праданае маемасьці на тэррыторыі Полацкай Русі йдуць да немца, ӯ Нямеччыне — да Беларуса. Каб прыцягнуць на свае рынкі чужаземные капіталы, князі давалі нямецкім купцом розные прывілеі. З такіх прывілеяӯ трэба адзначыць „волачную прывілею“. Справа ӯ тым, што вялікі водны шлях, як мы ӯжо казалі вышэй, праходзячы праз Полаччыну, ӯ двох мясцох перарываӯся: паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіною і паміж Заходняй Дзьвіной і Лавацьцю. Тут з таварамі было шмат клопату. Іх трэба было выгружаць з барак, перакладаць на фурманкі; на Дзьвіне зноӯ пагружаць у баркі і потым перакладаць на фурманкі, каб вязьці да Лаваці; на Лаваці зноў пагружаць у баркі для далейшага шляху. Гандляру палачаніну, як мясцоваму чалавеку, было куды лягчэй рабіць гэтую перагрузку тавару, чым купцу чужаземнаму. Каб дапамагчы на волаках чужаземцам, ім была дадзена прывілея на тое, каб адтрымліваць фурманкі ад мясцовага насяленьня. Княжацкі ӯраднік, каторы меӯ дагляд за волакамі, павінен быӯ для чужаземных купцоӯ паставіць патрэбны лік фурманак ад мясцовых жыхароӯ па вызначнай таксе. Апроч таго, чужаземны гандляр быӯ на першай чарзе па адпраӯцы, калі ӯ волака зьбіралася многа народу і тавару.

У ва ӯсіх старанах з моцна разьвітым гандлем жыхары дзеляцца на сацыяльные групы, клясы па сваей маемасьці. Так было і ӯ Полацкай Русі. Гандлёвы і прамысловы капітал разьбіваӯ жыхароӯ яе таго часу на два лягэры, непадобные адзін на другі. З аднаго боку стаяла ня надта вялікая грамадка людзей з аграмаднай маемасьцю і белымі чыстымі рукамі. З другога боку стаяла вялікая грамада, з маленькай маемасьцю, альбо і без яе, з працавітымі мазолістымі рукамі. Першые зваліся людзьмі добрымі, лепшымі, другіе — меншымі, подлымі.

Добрые, ці лепшые людзі — гэта былі гандляры і земляӯласьнікі краю. Іх крамы і маёнткі былі раскіданы па ӯсей тэррыторыі. У іх руках была вялікая моц гандлёвага і зямельнага капіталу, з катораю часта не маглі спрачацца і змагацца нават князі. На вечах яны мелі перавагу не затым, што іх было многа, а затым, што ӯ іх бок цягнулі эканамічна залежачые ад іх дробные людзі, баючыся іх, як капіталістаӯ. Гэта зразумела тым больш, што галасаваньне на вечах ня было патаемнае. Лепшые людзі паміж сабою таксама дзяліліся на асобные групы больш ці меньш багатых людзей. Багацейшые фаміліі гэтых заможных людзей з роду ӯ род давалі прадстаӯнікоӯ на грамадзянскіе і політычные ӯрады і такім спосабам выдзяляліся з сваей соцыяльнай групы, як знатнейшые. Гэта і ёсьць баяры. Яны часта вялі барацьбу з князямі дэмакратычнага настрою і ӯ іншые часы перамагалі іх. Так, напрыклад, было ӯ Полацкай воласьці пасьля скананьня Усяслава Васільковіча ӯ 1180-м годзе, калі баяры полацкіе праз веча залажылі рэспубліку, на чале каторай сталі 30 чалавек старшын.

Усе бедные жыхары Полаччыны зліваліся ӯ адзін мнагалюдны кляс меншых, ці подлых людзей. Жылі яны як па гарадох, так і па вёсках. У гарадох гэта былі дробные гандляры, гандляваӯшые часам на пазычаны, часам на невялічкі ӯласны капітал; апроч іх, такімі людзьмі былі прыкашчыкі, рамесьнікі, работнікі і другі дробны мястовы люд. Па вёсках гэта былі мужыкі-сяляне. Частка іх была незалежнымі аратымі ӯласнага кавалачка зямлі, а частка ӯжо залежала эканамічна ад багатых земляӯласнікаӯ. Працовалі яны ӯжо не на ӯласнай зямлі, а часам мелі і ня ӯласны інвэнтар: і тое і другое яны бралі ӯ пазычку, ці ӯ арэнду у багатага земляӯласніка.

Паміж двума клясамі жыхароӯ старажытнай Полаччыны праз увесь першы гістарычны пэрыод Беларусі йшло змаганьне. Упачатку гэтае змаганьне мело прыпадковы характар, бо яма паміж багатырамі і бедакамі была ня так яшчэ глыбокая. Але йшлі часы, капітал усё рос і ӯзмацняўся, ӯсё больш і больш эксплёатаваў ён беднату, і яна паміж двума соцыяльнымі групамі станавілася глыбокаю прорваю. Соцыяльная барацьба становіцца ӯжо звычайнаю зьяваю. Асабліва відна яна ӯ вечавым жыцьцю. На вечах багатыры робяць націск на беднату, залежачую эканамічна ад іх капіталу, і бедната змушана ӯхваліць тое, што карысна багатыром. Гэтая эконамічная і політычная залежнасьць заӯсюды гняце беднату, і яна ӯсё часьцей і часьцей адказвае на ӯціск бунтамі і збойствамі. Такая хатняя барацьба, клясаӯ у Полаччыне ня можа прайці бяскарна для гаспадарства. Яно з кожным часам слабее і робіцца лёгкаю здабычаю для суседзеў.