Перайсці да зместу

Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху (Бурбіс)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху
Гістарычны нарыс
Аўтар: Аляксандр Бурбіс
1921 год
Крыніца: Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1921, № 1—2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кароткі аглях беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху.

Беларускі народны рух мае глыбокія карэньні ў мінуўшчыне, колішнім жыцьці Беларусі, у яе эканамічных, этнаграфічных і лінгвістычных асаблівасьцях. Беларусь займае 300 000 кв. вёрстаў, ці 30 міліёнаў дзесяцін. Гэтая раўніна (частка ўсходня-эўропэйскай) у чатырохвугольніку рэк - Заходняе Дзьвіны, Неману, Прыпяці, Дняпру з Сожам і яго прытокамі зьяўляецца асобнай географічнай краінай (раёнам). На паўдзеннай граніцы гэтай краіны — лясы і балоты Прыпяці — Палесьсе: на заходняй — лясныя гушчары, на паўночнай — лясы, вазёры, балоты да вадараздзелу рэк Заходняй Дзьвіны, вазёраў Чудзкага і Ільменя; на ўсходняй — лясы на Дзесне і лясы па вадараздзелу прытокаў Дняпра, Окі і Волгі. Па ўсходняй граніцы Беларусі праходзіць эўропэйскі вадараздзел, каторы дзеліць басейны Заходняй Дзьвіны і Дняпра, і вадараздзел Касьпійска - Чарнаморскі і Касьпійска-Бальтыцкі. Гэта вадзяны вузëл усёй ўсходняй Эўропы і натуральная ўсходняя граніца Беларусі. Яна адначасна і кліматычная мяжа, таму што ў вялікарускіх паветах Смаленскай губэрні (Гжацкі, Вяземскі, Юхнаўскі і Сычоускі) клімат ужо контынэнтальны. У беларускіх паветах Смаленскай губэрні атмосфэрных асадкаў больш 600 млм, тагды як у вялікарускіх да 500 млм.

Этнографічная граніца Беларусі праходзіць па географічнай і кліматычнай межам. Дзесна зьяўляецца пагранічнай этнаграфічнай ракой паміж Беларусью і Вялікарасеяй і Украінай.

Беларусь абмяжована вазёрамі, балотамі, ляснымі гушчарамі, якіе яшчэ ў мінуўшчыне адасобнілі беларускі край, як самабытную адзінку.

Згодна з даннымі навукі Беларусь — сельска-гаспадарчы край. Сялянства ў большай сваёй частцы малазямельнае (75,6%) і, калі далучыць сюды яшчэ 14,6% беззямельных, бачыма, што 90,2% селянства гэта бедната не карыстаючая з чужой працы; рэшта селянства гэта сярэдне-заможныя; кулакоў, як гэта мы бачым у Расеі, бадай што няма зусім.

Характэрнымі вызначаючымі рысамі сельскай гаспадаркі Беларусі зьяўляюцца — атсутнасьць форм супольнага уладаньня зямлёй, індывідуальная паасобная селянская гаспадарка, вялікі лік панскіх маёнткаў з капіталістычным характарам вытворчасьці (з агульнага ліку зямлі ў 30 міліёнаў дзесяцін, у паноў было каля 14 міліёнаў, у казны, цэркваў, касьцёлаў, манастыроў і другіх установаў 2½ міліёны), вялікі лік безьзямельных парабкаў пралетарыяў (толькі ў 6-ці паветах Меншчыны іх каля 60 тысячаў).

Характэрныя асаблівасьці сельскагаспадарчай вытворчасьці: вялікія абшары луга-балот, патрабуючыя асушкі й мэліорацыі (зямельных паляпшэньняў) у агульна-краёвым масштабе (у краі лічіцца няўдобнай зямлі 3.800.800 дзесяцін), шнуравая гаспадарка і дальне зямельле, пераход сялянства ад трохпалёўкі да вышэйшай сыстэмы гаспадаркі (многапольле).

Фабрычная прамысловасьць з прычыны недахвату ў краі вялікага капіталу і ў зьвязку з палітыкай быўшага царскага ўраду ў стасунку да «акраін» мала развілася і толькі ў апошнія даваенныя гады пачала расьці. У Беларусі вельмі разьвіліся рамёслы і сельска-гаспадарчая прамысловасьць (вырабы з прадуктаў сельскай гаспадаркі).

Усяго жыхароў у Беларусі больш меньш 16 міліёнаў, у тым ліку беларусаў ня меньш 80%.

Беларускі народ перажыў час найвялікшага разьвіцьця дзяржаўнасьці (XI-XII сталецьця) і сваёй нацыянальнай культуры (у XI-XVI сталецьцях), абудаваных на свабодна дэмакратычным фундамэнце. Ён затым на працягу многасталетняга жыцьця ў зьвязку Польшчай (XVI-XVIII сталецьця), а потым з Расеяй (XVIII-XX сталецьця) ніяк на мог згадзіцца з цэнтралізмам, які накідала Беларусі Польша ў форме шляхоцка-арыстократычнай рэспублікі й Масква ў форме баярскай олігархіі й манархічнага абсолютызму. З прычыны нацыянальна-рэлігійных антаганізмаў і іншых соцыяльных з'явішч беларускі народ ня змог захаваць свайёй дзяржаўнай незалежнасьці. Аднак ня гледзючы на ўсё гэта, ён ўсё ж такі захаваў рысы нацыі, што адрожнівають яго ад іншых народаў.

Пакінутая самой сябе з яе прымітыўным укладам жыцьця, беларуская народная маса захавала сваю мову, звычаі, свой самастойны культурны і эканамічны уклад жыцьця.

Першыя крокі беларускага на роднага руху былі адзначаны у 30-40-х гадох XIX сталельця адраджэньнем беларускага пісьменства, ала супраўды гэты рух начаўся у другой палове XIX сталецьця, калі сярод польскага грамадзянства пачалі шырыцца ідзі дэмократызму і соцыялізму ў сувязі з паніжэньнем ідэі Польшчы «ад мора й да мора», калі дэмакратычныя і сацыялістычныя ідэі захопліваюць паволі й беларускую абрусеўшую інтэлігэнцыю і гэта апошняе ўзьвязку з пашырэньнем і паглыбленьнем дэмакратычных ідэй у Расеі.

Польская, ці, кажучы інакш, спольшчаная беларуская моладзь на Беларусі пачынае цікавіцца жыцьцём сялянства і ня толькі з боку этнаграфічнага, як гэта было раней, але з боку сопцыальна-эканамічнага. Нарадзіўшыяся беларускія радыкальныя арганізаціі ідуць шляхам творчай беларускай культурнай працы і стаяць на грунці супраўднаго дэмакратызму без нацыянальнага шовінізму і ненавісьці да іншых народаў. Яны будзілі беларускае народнае самапачуцьцё ў масах, змагаліся з рэлігійным антаганізмом праваслаўных і каталікоў беларусоў, які быў пасеяны і русіфікаторамі і полёнізатарамі. Змагаючыся з пагардным стасункам да беларускай мовы, як хамскай, яны будзілі ў народнай масе самапачуцьцё людзкай годнасьці. Дзеля характэрыстыкі працаўнікоў навет яшчэ з 60-х гадоу ўспамянем Касьцюка Каліноўскага, які ў 1863 годзе разам з В. Урублеўскім, С. Сонгінам і Pyжанскім заснаваў у Беластоку беларускую патайную друкарню, у якой друкаваліся беларускія праклямацыі і часопісы "Мужыцкая Праўда" (вышла 6 нумароў) з подпісам пеаўданіму Каліноўскага «Яська гаспадар з пад Вільні». Гэты К. Каліноўскі 19 сакавіка 1864 году на Лукішках у Вільні, стаючы пад шыбеніцай (ён быў прысуджаны за сваю працу на сьмерць) на словы прыгавору "шляхціц Канстантын Каліноўскі — голаска крыкнуў: «Нeпраўда, у маёй бацькаўшыне няма шляхты, — усе роўныя!!» Успамянем так сама, што ў 70-х гадох стараньнем Н. Драгоманова друкаваліся ў Жэнэві беларускія брашуры, напр.: «Пра багацтва ды беднасьць» і інш. У дальнейшыя часы ў унівэрсытэцкіх гарадох засноўваюцца беларускія студэнцкіе арганізаціі (Пецярбург, Масква, Харкаў і др.), у іншых гарадох так сама паўстаюць такія самыя арганізацыі вучашчайся моладзі. Родзяцца беларускія выданьні — у Менску пачынае выходзіць нелегальная радыкальная беларуская газэта «Гоман». Зьяўляюцца пісьменнікі ўжо іншага як раней напрамку, не сантымэнтальна-шляхоцкага, як В. Дунін-Марцінкевіч, а супраўднага народнаго, як Ф. Багушэвіч («Мацей Бурачок») і Няслухоўскі, у творах якіх трэба адзначыць пачуццё даўгу прад народам, любоў гэтага народу і пашану да яго самабытнасьці. За граніцай друкуюцца творы Багушэвіча: «Дудка Беларуская» (Кракаў, 1891 году), «Смык Беларускі» (Познань, 1891 году).

У Пецярбурзі ў 1902 годзе засноўваецца «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры беларускай» — ён займаецца распаўсюджываньнем друкаваных заграніцэй беларускіх выданьняў і стараецца арганізаваць і ў Расеі беларускія выдавецтвы. Ён надрукаваў «Вязанку» Няслухоўскаго (у цэнзуру яна была пададзена, як напісаная па-балгарску); апрача таго на гэктографе выдаецца „Калядная пісaнка“. У Лебёдцы, Лідзкаго павету, Віленскай губ. В. Іваноўскі з братамі Валэйка (Пецярбурскія студэнты) выдалі на гэктографе газэту «Свабода» (адзін толькі нумар), але пры паліцэйскіх варунках усё выданьне прыйшлося зьнішчыць і асталіся толькі два нумара — адзін у Вільні ў жонкі Кіркара, а другі трапіў у Варшаўскую ахранку.

Узімку 1902 году частка моладзі соцыялістычнага напрамку з вышэй паказаных арганізацый разам з беларусамі (выхаванымі на польскай культуры) працаваўшымі ў арганізацыях П. П. С. на Беларусі, засновываюць «Беларускую Рэвалюцыйную Партыю». Радзілася яна ў Менску, дзе працавалі студэнты Пецярбурскага ўнівэрсытэту: Антон Луцкевіч (Антон Новіна), Іван Луцкевіч, селянін Казюк Кастравіцкі («Каганец»), селянін Віктар Зялязей і другія; адначасна утвараюць арганізацыі гэтай партыі ў Вільні — студэнт-тэхнолог Пранцыск Умястоўскі (Дзядзька Пранук), гімназіст Аляксандра Бурбіс («Піліп») і др., а так сама ў Пецярбурзе — студэнт-тэхнолёг Вацлаў Іваноўскі («Вацюк Тройца») курсістка Алёіза Пашкевіч («Цётка»). З пачатку гэта партыя апрацаванай праграмы ня мела, яна распаўсюджывала надрукаваныя заграніцай творы Ф. Багушэвіча, выразна адзначаючыя соцыяльную несправядлівасьць і клічучыя беларускія народныя масы да практычна - рэвалюцыйнай працы. Яна друкуе ў Лёндоне кніжку яго твораў на папіроснай паперы пад назовай «Песьні» з надпісам на вокладцы: «с разрешенія Синодальной типографии». Першая проклямацыя гэтай партыі была надрукована на гэктографе ў 1902 годзе і назначалася для пашыраньня сярод беларусаў-каталікоў Віленшчыны; напісама яна была па польску Лявонам Малецкім у Вільні й пачыналася словамі: «відзелісьце запэвна бедной хлопской вынэндзнялой шкапэн»... Яна была надрукавана і у лютавым нумары загранічнага «Пшэдсьвіту». У тым жа 1902 годзе партыя замяніла сваю назову на «Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду». З найбольш энэргічных працоўнікаў «Б. Р. Г.» можна залічыць апрача вышэй названых: Фэлікса Стэцкевіча («Аганёк») студэнта Пецярбурскага унівэрсытэту (родам з Шчучына, Віленскай губ., Лідзкага павету), студэнта Матусевіча, студэнта Рымскаго палітэхнікуму А.Уласова. У 1903 годзе адбыўся першы з'езд партіі, які прыняў агулам праграмy «П. П. С.»; ён пастанавіў дабівацца краёвай аўтаноміі Беларусі з Соймом у Вільні і культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нацыянальных меньшасьцяў на Беларусі і наказаў разпрацаваць зямельную (ar рарную) праграму на аснове канфіскацыі бяз выкупу маёнткаў паноў, казенных і інш. На гэтым з'ездзе Б. Р. Г. пастанаўляе называцца Беларускай Соцыялістычнай Грамадой".

У 1904 годзе на Беларусі залажылася яшчэ адна партыя «Соцыялістычная Партія Белай Русі», працаваўшая галоўным чынам у Гродзеншчыне. Заснавалі яе гродзенчукі студэнт Варшаўскага Вэтэрынарнага Інстытуту Трускоўскі і яго брат, М. Фальскі і студэнт аграном Адам Жаба з Меншчыны. Маючы на мэце зьяднаньне гэтых партый, «Б. С. Г.» восеньню 1904 году пасылае С. Лянкоўскага ў Варшаву, дзе паміж іншымы была арганізація "С. П. Б. Р.", згаварыцца з ёю; посьле гэтага парагаворы вядуцца ў Вільні і Менску, але гутаркі гэтыя скончыліся нічым. «Соц. П. Белай Русі» працавала незалежна галоўным чынам у Гродзеншчыне; яна надрукавала колькі проклямацыяў па беларуску ("Царская Гаспадарка" і др.), гэты проклямацыі распаўсюжывала і «Б. С. Г.». У 1906 годзе партыя перастала істнаваць. На сколькі нам ведама, "Соц. П. Б.Р." выразнай праграма не выпрацавала. «Б. С. Г.» ўлетку 1905 году закладае ў Менску "I краёвы камітэт", а у Вільні "II краёвы камітэт". У 1905 годзе «Б. С. Г.» выдае цэлы рад проклямацыяў па беларуску, а першая проклямацыя ў гэтым годзе адбіта на міміографе ў Пецярбурзе пад пазовай «Царэво жніво», а за тым у Менску на гэктографе "да гэтых мужыкоў, што возюць дровы на Тальку і Марьіну Горку"; посьле выйшла шмат проклямацыяў і лістовак, друкаваных па беларуску ў Віленскай друкарні «П. П. С.» і ўласнай партыйнай друкарні ў Менску, заснаванай у канцы 1905 году (ёю загадываў Ф. Стэцкевіч («Аганёк»), якога «Б. С. Г.» пасылала да гэтага ў Галіччыну навучыцца друкарству). Посьле заснаваньня ўласнай друкарні выдавецкая праца «Б.С.Г.» вельмі пашырылася. Апрача ўласных выданьняў „Б. С. Г.“ шырыла выданьні яшчэ раней па беларуску ў Лёндоне „П. П. С.“ кніжкі: «Хто праўдзівы прыяцель беднага народу», «Як зрабіць, каб людзям было добра жыць да сьвеце», «Куды мужыцкіе грошы ідуць». Зьвяртаюць на сябе увагу вершы-адозвы „Цёткі“ (А. Пашкевіч), «Мора» (Народная рэвалюцыя), «Хрэст на свабоду», «Пад штандаром" і другія, якія дзясяткамі тысячаў распаўсюжываліся асабліва сярод віленскіх работнікаў. Шмат з гэтых вершаў перадруковывалася іншымі соцыялістычнымі партыямі (напр. Літоўскай Соц. Дэм. Раб. П.). У 1905 беларускі нацыянальна-рэвалюцыйны рух прымае характар масавага руху працоўнай беднаты краю. У канцы 1905 году і ў 1906 саду «Б. С. Г.» шырока вядзе арганізацыйную работу й сярод сялянства (галоўным чынам сярод сельска-гаспадарчых работнікаў) і сярод работнікаў гор. Вільні, Нова-Вілейску, Менску. Трэба адзначыць, што агулам рэвалюцыйная праца сярод сялянства Беларусі вялася шырока галоўным чынам беларускімі рэвалюцыянерамі, якія ўносілі ў яе магчымы ў тыя часы максімум арганізацыі. Шмат куды (асабліва ў Віленскай і Гродзенскай губ.) соцыялістычныя ідэі траплялі ў першы раз на вёску толькі, дзякуючы працы беларускіх рэвалюцыянэраў. Яны шмат дзе ўзялі ў свае рукі кіраўніцтва сельска-гаспадарчымі масамі. У сакавіку 1905 году адбыўся 1-шы сялянскі з'езд, які вынес пастановы, каб адабраць зямлю ад паноў і др., прыдаючы гэтаму агітацыйнае значэньне; каб дабівацца краёвай аўтаноміі Беларусі з соймам у Вільні і т. п. пастановы.

Паволі "Б. С. Г." зьмяняецца з інтэлігенцкай па свайму складу, партыі ў селянскую, да яе прылучаюцца гарадзкія работнікі. Характэрнай асаблівасьцю «Б. С. Г.» было тое, што яна першая на Беларусі зьвярнула ўвагу на арганізацыйную працу на вёсцы і за распрацаваньне аграрнай праграмы, адпавядаючай мяйсцовым варункам сельска-гаспадарчага жыцьця. Яна утварыла і "Беларускі Сялянскі саюз". З прычыны таго, што фабрычная прамысловасьць мала разьвіта на Беларусі і ў зьвязку з тым, што ў краі вельмі мала прамысловага пралетарыату, "Б. С. Г.", працу сярод работнікоў у горадзе вяла, маючы толькі на маце утварыць моцную супраўдна пралетарскую грамаду працаўнікоў на вёсцы. Усю сваю энэргію партыя скіроўвала на выхаваньне і арганізацыю значнага лічэбна на Беларусі сельскага пралетарыяту малазямельна селянства. У студні 1906 году ў Менску адбыўся 2-гі з'езд «Б. С. Г.», які займаўся галоўным чынам зямельнай праграмай і вынес вось якія пастановы: (1) утварыць краёвы (беларускі) зямельны фонд з зямлі адабранай ад паноў, казны і др. 2) зямля у першы чарод даецца бязьзямельным і мала зямельным сялянам у карыстаньне да сьмерці. Больш за усіх права на зямлю пакінутую земляробам з прычыны сьмерці, неработаздольнасьці і др. маюць найбліжэйшыя яго супрацоўнікі. На разгаспадараваньне патрабуючыя атрымліваюць матэр'яльную помац 3) Зямельная рэнта аб'яўляецца ўласнасьцю краю ці, што лепш, ўласнасьцю працоўнай беднаты Беларусі. 4) Форму і парадак адабраньня (бяз выкупу) зямлі ад паноў павінна пастанавіць дзяржаўная краёвая арганізація. 5) Тое, сколькі патрабуецца зямлі дзеля забяспечання працоўнай беднаты, пастанаўляе мяйсцовая дзяржаўная арганізацыя. 6) Лясы, выганы і вадзяная сіла з'яўляюцца агульна краёвай уласнасьцю і знаходзяцца пад дзяржаўным краёвым загадам. Пастаноўленая зьездам работніцкая і агульнапалітычная праграма выразна соцыял-дэмакратычная. У пытаньні а дзяржаўным устройстве з'езд пастанавіў змагацца за Фэдэрацыйную Дэмакратычную Рэспубліку; за краëвую аўтаномію Беларусі з соймам у Вільні.

З'езд распрацаваў арганізацыйны устаў і выбраў Цэнтральны Камітэт у склад якога уходзілі: А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, В. Іваноўскі і А. Бурбіс. У 1906 годзе беларуская рэвалюцыйная праца і сярод сялян і сярод работнікоў (асабліва ў Менску) велась вельмі шырока; адначасна велася праца сярод народных вучыцелёў і вучашчэйся моладзі. У летку 1906 году «Б. С. Г.» ўзялася энэргічна за арганізацыю сельска-гаспадарчых забастовак (асабліва у Менскай губ.). Забастоўкі гэтыя праводзяцца, але ня так шырока, як было назначана, таму, што арышты без канца партыйных працаўнікоў руйнуюць партыйныя арганізацыі. У тым самым 1906 годзе арганізуецца "Беларускі вучыцельскі Саюз", «Беларускі Саюз Вучыцельскіх Сэмінарый», і др. Арганізуюцца работніцкія прафэсыянальныя хаўрусы. С працаўнікоў у Менску можна адзначыць — С. Кукеля («Апанас»), К. Яноўшчанку («Параска»), Г. Бухавецкага («Піліп) — праўдзівае прозьвішча яго А. Бурбіс; ён быў змушаны уцекаць з Віленшчыны і ў Менску вёў шырока работу і сярод работнікаў, і сярод сялян, пакуль ня быў арыштаваны ў Навагрудзкім павеце (вёска Шчорсы), далей Ф. Стэцкевіч (Аганёк) працаваў у нелегальнай друкарні, С. Скандракоў (Янка), А. Шабуня, К. Кастравіцкі (Каганец), В. Зялязей (у 1907 року пайшоў на вечнае пасяленьне) і шмат другіх.

Да канца 1907 году «Б. С. Г., зусім перастала быць інтэлігенцкай — у яе увайшла грамада работнікоў, сялян, народных вучыцелёў, але разам з тым царскі урад усё больш і больш руйнуе яе арганізацыі. Захопленае рэвалюцыйным рухам беларускае селянства засыпала першую і другую Гасударственыя Думы прыгаворамі і наказамі, патрабуючы зямлі, аўтаноміі Беларусі, нацыяналізацыі школы і т. п. Селянская моладзь у сваіх культурна-прасьветных гурткох выдае рукапісныя журналы. Выдавецкая работа ў канцы 1906 году была вельмі інтэнсыўнай - выдана шмат ксёнжак, лістовак, проклямацыяў, пісулек і т. п. З ксёнжак назывем колькі — «Што такое свабода", «Як рабіць забастоўку», «Ці старчыць дзеля ўсіх зямлі», «Скрыпачка», «Хрэст на сваботу» шмат іншых.

Наканец, у тым самым гаду пачынае выходзіць у Вільні легальна беларуская газэта «Наша Доля», ало канфіскацыі без канца забіваюць яе (з шэсьці нумароў канфіскавалі пяць) Арэшты і ссылкі руйнуюць беларускіе рэвалюцыйные арганізаціі і астаткі ўцалеўшых працаўнікоў пачынаюць гуртавацца каля новай беларускай газэты у Вільні «Наша Ніва», якая паставіла сваёй мэтай культурна-прасьветную працу сярод беларускіх працоўных мас без найменьшага нават знаку нацыянальнага шавінізму і звярынага нацыяналізму, што мусілі адзначыць навет не беларусы і ня прыхільныя беларускаму руху.

Дзеля паўнаты абразу таго пэрыоду беларускага рэвалюцыйнага руху скажам аб учасьці «Б. С. Г.» на зьездзе партый Расеі ў Парыжы ў 1904 годзе і ў сакавіку 1905 годзе на зьездзе ў Жэнэве, на якім былі: фінляндская партыя актыўнай абароны, П. П. С., армянскія дашнак цютюны, грузінскія эс-эр. фэдэралісты, латышскія с.-р., расейскія с.-р., «Б. С. Г.». З'езд гэты пакінулі расейскія соц.-дэм. і армянскія соц.-дем. («Рэвалюцыйная Расея» — 1905 г. і «Пшэдсьвіт» — 1905 г.). У 1907 годзе «Б. С. Г.» прымае ўчасьце ў з'ездзе аўтанамістаў.

Ад пачатку 1907 году паліцэйскія варункі даюць можнасьць вясьці толькі культурна-асьветную працу, хоць і гэтай працы царскі ўрад перашкаджаў на ўсялякі спосаб, уважаючы яе ці скрытай сацыялістычнай працай, ці «польскай інтрыгай». Але ўсё-ж такі праца гэта вялася вельмі шырока і захапіла моцна беларускую працоўную масу. Яшчэ ў 1906 годзе ў Пецярбурзе заснавалася выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца»: а крыху пазьней выдавецтвы ў Менску "Мінчук", у Вільні "Наша Хата", і «Палачанін» "А. Грыневіча". У 1912 годзе пачынае выхадзіць у Вільні пад кіраўніцтвам А. Уласава сельска-гаспадарчы месячнік «Лучынка» дзеля моладзі. У Пецярбурзе начынае выдавацца пэрыадычна паважны беларускі зборнік "Маладая Беларусь" пад кіраўніцтвам В. Іваноўскага і Эпімаха-Шыпілы. Друкуюцца літэрацкія творы, падручнікі для школ, практычныя сельска-гаспадарчы і брашуры, на пасьледак гістарычныя. Засноўваюцца патайныя беларускія школы.

У 1909 годзе арганізуецца беларускі народны тэатр і хоры. У Вільні арганізацыяй тэатру і хору займаецца А. Бурбіс, а ў Пецярбурзе В. Іваноўскі. У 1911 годзе ў Вільні заснаваўся «Беларускі Музыкальна-Драматычны гурток», а затым з'арганізоўваецца Ігнатам Буйніцкім разьездны беларускі тэатр. Той самы Ігнат Буйніцкі памастацку паставіў беларускія танцы на сцэне, — беларускі народны балет. Зьяўляецца цэлая грамада беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, вышаўшых з народу, як І. Луцэвіч (Я. Купала), К. Міцкевіч «(Якуб Колас)», «(Тарас Гушча)», М. Багдановіч, А. Пашкевіч (Цетка). А. Прушынскі (Алесь Гарун) і шмат іншых. У Пецярбурзе, Новай Александрыі і інш. гарадох працуюць навукова-літарацкія і этнаграфічныя гурткі, маючыя на мэце пазнаньне Беларусі.

У 1909 годзе пад уплывам расейскай і польскай шавіністычна-нацыянальна-містычнай прэсы, на ўсялякі спосаб брахаўшай на беларускі нацыянальна-культурны рух, родзіцца клерыкальна-шавіністычны кірунак (польскі) і выразна правы русыфікацыйны, зусім блізкі да скарбовага, Усерасейскага Нацыянальнага Саюзу («О-во Крестьяин", так званае «Белорусское О-во», выдаваўшае парасейску за грошы царскага ўраду «Белорусскую жизнь»). На грунце клясавых інтарэсаў зьяўляецца думка аб агульным фронце польскай шляхты з расейскім «дворанствам» проціў «хлопаў» і «хамаў», маючых прэтэнзію адабраць ад паноў прывілеі.

Рэвалюцыя 1905 году і размах беларускага рэвалюцыйнага руху ясна паказалі Расейскай уладзе ўсю сілу кіраваўшых гэтым рухам ідэй - гэта яго надта напалохала. Небясьпечнае становішча на Беларусі адзначалася ў Пецярбурзе яшчэ й тым, што польскае грамадзянства не пакінула старых прэтэнзій на пяршынство пры вырашэньні беларускага пытаньня і было немагчыма нават думаць аб тым, што яно спачувае так званаму тагды "беларускаму сэпаратызму". Падобныя думкі ня вытрымлівалі найменшай крытыкі проста таму, што польская шляхта на Беларусі заўсёды вяла клясавую палітыку. Яна вельмі добра разумела, што будаўніцтва Беларусі так, як гэта меркавалі беларускія дзеячы, пагубіць, бязумоўна, польскіх паноў = аграрнікаў.

Паляком, аб якіх ідзе мова, хацелася б мець Беларусь пад загадам Польшчы, што значыць тое, з чым беларускі народ ня можа згадзіцца, разумеючы, што гэта загубіла б яго.

Міністэрства Сталыпіна і правыя Гасударственай Думы ўсіх чатырох сазываў паставілі так званы імі "Западный вопрос" на першым пляне іх палітыкі і з ведама ўлады душылі беларускі рух. Яны выдумалі, што беларускі рух зьвязан з жаданьнем Польшчы вярнуць сабе незалежнасьць.

Расейскі ўрад, як і калісь, ня мог знайсьці на Беларусі клясы, на якую ён мог бы абаперціся. Прыдумалі, як гэта рабілася ўжо пры Кацярыне II, разьвясьці на Беларусі расейскіх земляўласьнікаў, але спробы гэтыя не ўдаліся з прычыны арганізованага адпору польскіх паноў. Тагды дзеля змаганьня з беларушчынай і польшчынай на Беларусі ствараюць асаблівую «клясу» палітычнага чыноўніцтва пад дзікай назвай - "Западно-Руссов", беларусаў «по русски», ці як іх іранічна называлі - «тоже-белоруссов». Але і гэта не памагло. Як паўтараста гадоў таму назад пад польскай уладай, так і ў апошнія часы перад вайной і рэвалюцыяй беларускі народ мучыўся і задыхаўся пад ярмом расейскага самаўмадзтва ў лапах чужой яму ўлады, але ня згінуў. Перад самым адходам расейскіх войск з Вільні пад націскам немцаў, расейскае камандаваньне (гэнэрал Эбэрт) закрыў «Нашу Ніву». Вайна 1914 году, напоўніўшая Беларусь міліёнамі зусім чужых для яе людзей і выгнаушая міліёны беларусаў уцекачоў з краю, прыдае новы характар працы беларускіх дзеячоў.

Арганізуюцца камітэты ўцекачоў і вобчаствы дапамогі ахвярам вайны (Вільня, Менск, Пецярбург і інш.). Але царскі ўрад перашкаджае нават такой працы беларусаў, адмаўляючы ў дапамозе беларускім камітэтам і інш.

Беларусы - ўцекачы апынуліся праз гэта ў цяжэйшых умовах як усе іншыя з тэй прычыны што прыватных дапамог хапіць не магло.

З самых першых дзён рэвалюцыі 1917 году беларускі рэвалюцыйны рух разьвіваецца надзвычайна шырока і глыбока. Але дзеля таго, каб добра зразумець усё тое, што робіцца далей на Беларусі, трэба адзначыць асаблівасьць руху беларускіх працоўных мас — выключнае і пераважнае значэньне ў гэтым руху соцыялістычных напрамкаў і выразную слабасьць буржуазных. Тлумачыцца гэта гістарычнымі і соцыяльнымі ўмовамі, у якіх праходзіў і праходзіць беларускі рух. Беларуская нацыянальная арыстакрація спольшчылася, ці абрусела, а гарадзкая буржуазея не разьвілася; дэмакратычная інтэлігэнцыя, вышаўшая з беларускай сялянскай і рабочай масы і з дробна-рамясловай буржуазеі гарадоў і мястэчак, вырасла і нацыянальна самавызначылася толькі ў канцы XIX сталецьця. Такім чынам, беларускі рух мог абаперціся толькі на вышэйпаказанай народнай інтэлігенцыі і сялянстве, адвечным нявольніку паноў.

Соцыялізм для беларускай інтэлігенцыі быў найбольш натуральнай палітыка-эканамічнай ідэалёгіяй і толькі на грунце клічу да соцыяльнай і разам з тым і нацыянальнай свабоды беларускіх працоўных мас пашырыўся і зрабіўся сапраўдна народным беларускі нацыянальны рух. У самым пачатку рэвалюцыі 1917 году ў сакавіку ў Менску адбылася канфэрэнцыя бе ларускіх соцыялістаў, аднавіўшая старую «Б. С. Г.». Крыху пазьней была ў Пецярбурзе яшчэ канфэрэнцыя, выдзеліўшая часова кіруючы цэнтр партыі. У Менску выдаецца часопісь «Б. С. Г.». - «Грамада»; «Б. С. Г.» вядзе на Беларусі даволі шырока працу і мае свае арганізацыі і ў Расеі (Пецярбург, Масква, Пскоў і ў іншых гарадох). Хутка выявілася, што Менскі камітэт «Б. С. Г.» прытрымліваецца права соцыялістычнай палітыкі. Яшчэ на першым зьезьдзе ў Менску (у сакавіку 1907 году) беларускіх партый і арганізацый, арганізуецца нацыянальны камітэт, у які ўвайшоў, як старшыня, працаваўшы да рэвалюцыі ў Менскім беларускім камітэце дапамогі ўцекачом, вялікі земляўласьнік Раман Скірмунт. Нацыянальны камітэт пасылае ў Пецярбург да Новага Расейскага Ураду дэлегацыю (В. Іваноўскі, Канчар і інш.) дзеля таго, каб згодна з пастановамі зьезду дабіцца згоды на арганізацыю краёвай улады, беларускай школы з навучаньнем па беларуску і інш. Часовы Расейскі Урад не ахвотна прыняў дэлегацыю, няпрыхільна выслухаў даклад і гэтым усё і скончылася.

Прысутнасьць у Нацыянальным Камітэце аднаго буржуя земляўласьніка было скрытна і энергічна выкарыстана старымі ворагамі беларускага руху і тым нават, якія ў свой чарод у Расеі былі саглашацелямі і прыяцелямі буржуазеі. Гэтыя быўшыя казённыя ворагі беларускага руху з першых дзён лютавай рэвалюцыі раптам палявелі і запоўнілі быўшыя на Беларусі расейскія арганізацыі і партыі. Яны хаўрусна з наехаўшымі ў Беларусь арміямі чужых людзей, незнаёмымі з мяйсцовымі ўмовамі жыцьця, стараюцца пашырыць у народзе перакананьне, што беларускае пытаньне гэта польская панская інтрыга, пакірованая проці сялянства і маючая на мэце аддзяленьне Беларусі ад Расеі. Такі воражы стасунак быў да ўсіх, хто пасьмеў-бы загаварыць пабеларуску, а не парасейску, хоць бы гэта быў сапраўдны вораг хаўрусаў з буржуазеяй і на Беларусі і ў Расеі.

Адначасна беларускія соцыялісты стараюцца скінуць «Беларускі Нацыянальны Камітэт» і захапіць у свае рукі ініцыятыву і кіраўніцтва рэвалюцыйным рухам беларусаў. У ліпені на зьезьдзе ў Менску прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў, скліканым "Беларускім Нацыянальным Камітэтам" па загаду членаў «Беларускай Соцыялістычнай Грамады», утвараецца Цэнтральная Рада беларускіх арганізацыяў і партыаў. Зьезд пастанавіў, што у склад Цэнтральнай Рады могуць увайсьці толькі тыя арганізацыі, якія дамагаюцца перадачы ўсей зямлі сялянству, беларускай нацыянальнай школы, Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі і інш.

Зьвяртаючыся да працы «Б.С.Г.», трэба адзначыць, што яе Маскоўскі Камітэт злучае найбольш рэвалюцыйнага напрамку людзей і пашырае сваю працу і на Беларусь; Пецярбурскі камітэт, апіраючыся на шырокія пралетарскія масы работнікаў, салдат, матросаў, знаходзіцца на самым левым скрыдле партыі, а Менскі камітэт, як вышэй ужо гаварылася, быў на правым скрыдле. Трэба тутака адзначыць, што «Б. С. Г.» ад пачатку рэвалюцыі 1917 году прабавала зьяднаць два кірункі — марксісцкі і народнічаскі; яна тагды была асаблівай «Адзіннай Соцыялістычнай Партыяй Беларусі», калі ня лічыць зусім нязначнай «Беларускай партыі Народных Соцыялістаў».

ІІІ зьезд «Б. С. Г.» ў Менску 14-25 кастрычніка 1917 году, хоць і пробаваў перагледзіць старую праграму і тактыку, аднак, ён выявіў выразна распад партыі. Крыху пазьней у заблутаных умовах рэвалюцыйнага жыцьця на Беларусі партыя распалася, і Цэнтральны Камітэт разваліўся так сама. На абломках «Б. С. Г.» вырас новы камуністычны і сацыялістычны беларускі рух.

Восеньню 1917 году ў Пецярбурзе арганізацыі левай «Б.С.Г.», беларускія арганізацыі работнікаў, беларускія ваенныя арганізацыі матросаў і салдат Пецярбургу, Кранштату, Гэльсінгфорсу засноўваюць «Беларускую Соцыял-дэмакратычную Работніцкую партыю» (бальшэвікоў), якая істнуе, як асобная партыя, і мае сваё прадстаўніцтва ў Камітэце Р. С. Д. Р. П. (бальшавікоў). Яна мела сваё прадстаўніцтва ў Пецярбурскай Радзе Рабочых, Сялянскіх і Салдацкіх Дэпутатаў.

У Камітэт партыі ўваходзілі А. Чарвякоў, Усьціловіч, Сосна, Гурыновіч, Лаўрэцкі, Памецка і Лагун (за выняткам А. Чарвякова — усе рабочыя). Партыя вяла шырока агітацыйна-прапагандную працу, арганізавала партыйную школу, хаўрус моладзі і культурна-асьветны гурток.

Б. С.-Д. Р. П. (бальш.) прымала ўдзел у арганізацыі беларусаў вайсковых Пецярбурскага гарнізону: прадстаўнікі яе ўваходзілі ў арганізацыйнае бюро, маючае склікаць вайсковую канфэрэнцыю; ад яе імя пададзена была заява ў Народны Камісарыят па Вайсковых Справах аб дазваленьні выдзяліць у вайсковых часьцёх беларусаў у асобныя часьні. Партыя ў Кранштаце арганізоўвала матросаў беларусаў і рэвалюцыйным парадкам ліквідавала стары камітэт уцекачоў і выбрала новы камітэт - Усьціловіча, Лагуна, Чарвякова, Сосну; ад "Б. С. Г." увайшоў у гэты камітэт — Жылуновіч. Яна паставіла пытаньне ў «Цэнтральнай Радзе Арганізацый Уцекачоў», каб беларусамі ўцекачамі быў заснованы Цэнтральны Камітэт арганізованы «Б. С.-Д. Р. П., (бальш.) і левай «Б. С. Г.», але з гэтага нічога ня выйшла з прычыны арганізацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту.

Камісар i яго намесьнік належалі да Б.С.-Д.Р.П. (бальш.). Партыя прымала удзел у абароне Пецярбургу ад немцаў, дзеля якой мэты: 1) Яна арганізавала вайсковую дружыну, 2) адчыніла кулямётныя курсы, 3) прымусіла ўсіх тых, што не ўвайшлі у дружыну, пайсьці ў агульна-работніцкія дружыны. Калі для Пецярбургу была вялікая небясьпека, яна дала 15 пэўных сваіх людзей у дружыну асаблівага назначэньня, арганізованую пры Пецярбурскім камітэце Р.С.Д.Р.П. (бальш.). Калі Беларускі Камісарыят пераехаў у Маскву, усе застаўшыяся ў Пецярбурзе члены Б.С.Д Р.П. увайшлі у мясцовую арганізацыю Р.К.П. на правох сэкцыі.

У сакавіку 1917 году адбылося шмат беларускіх вайсковых зьездаў — Заходняга, Паўночнага, ПаўдзённаЗаходняга, Румынскага франтоў і матросаў Балтыцкага флёту. Зьезды гэтыя адбыліся пад загадам Б.С.Г. і дамагаліся аўтаноміі Беларусі, непадзельнасьці беларускай зямлі у яе этнаграфічных граніцах, арганізацыі народнага беларускага войска дзеля абароны заваяваньняў рэвалюцыі ў Беларусі ад польскіх і нямецкіх імпэрыялістаў, безадкладнай перадачы ўсей зямлі сялянству і інш.

У рэзультаце вайсковых зьездаў арганізуецца ў Менску Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада. Гэтая Рада разам з Цэнтральнай Радай Беларускіх арганізацый і партый на зьездзе ў кастрычніку 1917 году арганізуе Вялікую Беларускую Раду, якая пасылае сваіх прадстаўнікоў у Пецярбург і Кіеў.

У 1917 году ў Пецярбурзе з мэтаю зьяднаць беларускае сялянства на ідэі аўтаномна-свабоднай Беларусі ў складзе Расейскай Фэдэрацыйнай Рэспублікі, ствараецца пры Ўсерасейскай Радзе Сялянскіх Дэпутатаў «Беларускі Абласны Камітэт», які склаўся пераважна з права-соціялістычнага кірунку людзей, галоўным чынам, з радзіўшыхся на Беларусі людзей, працаваўшых у арганізацыях правых расейскіх эс-эраў, і нават такіх, якія раней падтрымлівалі палітыку царскага ўраду, але пасьля рэвалюцыі раптам палявелі і, накінуўшы на сябе вельмі радыкальныя вопраткі, узяліся за руйнаваньне беларускага сапраўды народнага руху з нутра яго. У Маскве у травені 1917 году родзіцца беларуская арганізацыя ўцекачоў «Беларуская Народная Грамада». На скліканым ёю зьезьдзе ўцекачоў у Маскве выўляюцца палітычныя дамаганьні ўцекачоў - нацыянальна-краёвая аўтаномія Беларусі, зямля сялянству бяз выкупу і т. п.

У момант кастрычніка — лістападовай рэвалюцыі 1917 году, умацаваўшай дыктатуру пралетарыяту, у беларускім руху выразна азначыліся тры цэнтры, калі ня лічыць занятай тагды немцамі часткі Беларусі з Вільняй і Горадняй — Менск, Пецярбург і Масква. Беларускія працаўнікі ўважалі шкодным гэтакае становішча, асабліва у часе пагрозы з боку немцаў захапіць Беларусь. Кастрычнікавая рэвалюцыя ў Расеі, прагаласіўшая свабоднае самавызначэньне народаў Расеі нават аж да аддзяленьня, і дэклярацыя правоў народаў, абвешчаная Радай Народных Камісараў Р.С.Ф.С.Р. ад 2 лістапада 1917 году, - ставяць прад беларускімі арганізацыямі і партыямі пытаньне аб самавызначэньні Беларусі. Яшчэ ў лістападзе пачалася падгатоўка да Ўсебеларускага зьезду, які і адбыўся Ў сьнежні ў Менску ў згодзе з Цэнтральным Радавым (Савецкім) Урадам у Пецярбурзе. Пры арганізацыі зьезду выявілася разнагалосьсе паміж, галоўным чынам, Менскім Цэнтрам беларускага руху, Беларускай Народнай Грамадай у Расеі і «Беларускім Абласным Камітэтам у Пецярбурзе».

«Б. А. К.», аб якіх мы гаварылі ўжо вышэй, быў за беларускую вобласьць Расейскай Рэспублікі, а не за Беларускую Рэспубліку ў складзе Расейскай Фэдэрацыі, няпрыхільна адносіўся да нацыяналізацыі школы на Беларусі і г. д. Выдатнымі асобнікамі расейскага права-эс-эраўскага кірунку ў «Б. А. К.» былі Вазілла, Гальман і разам з імі аграном Канчар, з быўшых пры царызьмі людзей "казінага" напрамку - Караткевіч, а пераважвала лічэбна шэрая маса сялян, дэпутатаў на Усерасейскі Сялянскі зьезд, якімі камандавалі вышэй паказаныя. "Беларуская Народная Грамада" заснована ў травені 1917 году ў Маскве.

"Б. А. К." быў за тое, каб зьезд склікаць ня 5-га, а 15-га сьнежня і ня ў Менску, а ў Рагачове, дзе ня было ані беларускіх арганізацыі, ані Рады Народных Камісараў Заходняй Вобласьці. у канцы канцоў зьезд адбыўся ў Менску згодна з Цэнтральным Радавым Урадам і пры матар'яльнай дапамозе ад яго (Былі асыгнованы грошы i «Б. А. К.» — 50 тысячаў рублёў і «Бел. Сац.-Дэм. Раб. Партыі). Усамым пачатку сьнежня 1917 году былі размовы ў Наркамнацы з тав. Сталіным, якія скончыліся пастановаю аб супольнай працы і стварэньні Краёвай Савецкай (Радавай) Улады на Беларусі, ці інакш, поўнага права самавызначэньня беларускага народу (глядзі "Известія Петербургскаго Совета Раб. і Кр. Депутатов" ад 6/ХІІ 1917 году № 244). У тым самым часе "Бел. Сац. Дэм. П. вяла так сама размовы з Усер. Цэнтр. Выканаўчым Камітэтам, які даў грошы, каб партыя паслала сваіх дэлегатаў на зьезд.

На зьезьдзе было 1872 дэлегата (у тым ліку вайсковых асоб 716). Тут былі прадстаўнікі Меншчыны, Магілёўшчыны, Вітабшчыны, Смаленшчыны і нават Віленшчыны і Гродзеншчыны, занятых немцамі (ад гэтых двох апошніх губэрній былі прадстаўнікі уцекачоў).

Зьезд быў пераважна сялянскі але было шмат і работнікаў, прадстаўнікоў кааператываў, гарадоў, сацыялістычных партыяў і г. д. На зьезьдзе было змаганьне яўных і патайных ворагаў Радавай улады і праціўных самавызначэньню Беларусі (пераважна прадстаўнікі земства з расейскіх правых эс-эр. некаторых членаў "Б. А. К.") з аднаго боку, а з другога боку левай частке зьезду і прадстаўнікоў пераважнай часткі беларускіх арганізацыяў. Верх узялі левыя і зьезд пераважным лікам галасоў падаў свой голас за Ўладу Рад Работніцкіх, Сялянскіх і Салдацкіх дэпутатаў Беларусі і за ўзмацаваньне Радавай Улады на Беларусі, уваходзячай у Фэдэрацыйную сувязь з Р. С. Ф. С. Р.

Канец 1918 году, калі адбылася рэвалюцыя ў Нямеччыне і пачаўся выхад немцаў з Беларусі, адзначыўся пашырэньнем беларускай камуністычнай працы. 21-га сьнежня ў Маскве адбылася канфэрэнцыя беларускіх камуністычных секцый Р. К. П., якая пастанавіла прагаласаваць Беларускую Радавую Сацыялістычную Рэспубліку і выбрала Цэнтральнае Бюро беларускіх сэкцый Р. К. П. Адначасна у Смаленску на 6-ай канфэрэнцыі Р. К. П. выносіцца такая самая пастанова аб Беларускай Рэспубліцы ў складзе: Горадзеншчыны, Вітабшчыны, Магілёўшчыны, Меншчыны і Смаленшчыны. 6-ая канфэрэнцыі называе сябе 1-ым зьездам Камуністычнай Партыі Беларусі.

2-га лютага 1919 году часовы работніцка-сялянскі ўрад Беларусі абвяшчае Беларускую Радавую (Савецкую) Сацыялістычную Рэспубліку, Беларускае пытаньне прызнаецца юрыдычна пытаньнем дзяржаўным і міжнародным.

Стары Піліп.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.