Кароткая гісторыя Беларусі (1910, кірыліца)/Ліст да Обуховіча
Ліст да Абуховіча Проза Аўтар: Іван Цыпрыян Камуняка 1910 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ліст да Абуховіча. |
6 Траўня (мая) 1654 году царскае войско прыступіло к Смаленску, каторы, зачыніўшыся, нажыдаў непрыяцеля. Горад быў добра ўмацаваны і меў паддастаткам усякіх запасоў, — як ваенных так і харчоў, — дык мог доўгі час трымацца, тым больш, што ў горадзе было, апрача 4 тысяч шляхоцкаго войска ешчэ дзьве тысячы немецкай артылерыі з гарматамі, над каторымі старшым быў практычны ваяка немец Вільгэльм Корф, — ды ешчэ шмат мешчанскаго войска — так званай „смаленскай дружыны“. Алексей Міхайловіч хутка ўцяміў, што горад узяць сілай трудна, дык пачаў прабаваць іншых дарог. Смаленскім Ваеводай пад той час быў Піліп Обуховіч, чэлавек малодушны і перэкупны. Яму Маскоўцы і зрабілі посул, каб ён здаў ім горад за добрые падаркі. Обуховічу гэтаго два разы казаць ня трэба было: ён прыстаў на здачу горада, і горад хутка здаўся, хаця на гэта вельмі нарэкалі як само войско, так і мешчане, каторые рваліся да абароны. Здача Смаленска насьцеж аткрыла Маскоўскаму войску вароты ва ўсю Беларусь, і Цар Алексей Міхайловіч, не чэкаючы, скарыстаў з гэтаго. Здача Смаленска Маскоўцам абурыла ўвесь край і вызвала немала напасьцей на Обуховіча, аб чым сьведчаць нам розные гісторыкі. З дакумэнтоў, датыкаючых гэтых здарэньнёў, для нас мае не малую цэну ліст Комуніякі да Обуховіча, пісаный па беларуску, катораго шмат копій разходзілося па краю. Ніжэй друкуем гэты ліст, трымаючыся тэксту копіі, перэховыванай у Кракове ў „Narodowy’m Muzeum“ (z tek Emeryka Čapskiego 8, rękopisa cr. 1 Varia); папраўлены ён павэдлуг другой копіі, каторая празначэна для Беларускаго національнаго музэума і пакуль-што знайходзіцца ў прыватных руках.
„Міласьцівы Пане Обуховіч мой ласкавы Пане.
„З умыслу пасылаю служку нашаго, Пана Іоахіма Говорку, абвешчаючы добрае здароўе Вашмосьці ці нездароўе, ў якім тот час Господ хаваць рачыць пасьля того перэпуду Маскоўскаго! і я так знаю, што трудно Вашмосьці ўсім на жывоце. Да ня гневайся, Госпадару, на мене, што я тытула воеводзкаго не даложыў. Бо, напісаўшыб Воеводою Смоленскім, тобы я солгаў; напісаўбы безвоеводзкім, тобы Вашмосьць загневаў, хоць незашто. Бо мне бачыцца, калі Вашмосьць Смоленск продалі, то і тытул оддалі. Многа людзей звешчалі (аб тым), што і Вашмосьці людзі грошы пабралі (ад Маскоўцоў). Лепей было пане Філіпе сядзець табе у Ліпе. Уваляўся Вашмосьць у вялікую славу, як сьвіньня у гразь, горш таго калі хто пападзе у новым кожусе у густое балото. От нам затое, што дзёшова Масква соболі прадавала, ўсю Русь з людзьмі забрала, — мы, убачыўшы густые соболіе каўнеры, позналі есьмы, што худа будуць біцца і нашы жолнеры, а што мы бедные у кажухах сем лет Смаленска дабывалі, то вы мудрэйшые ў саболях за чатырнадцаць нядзель аддалі. Баюся я вельмі, штоб за тое баба каму пупа ня рэзала — за меншую віну, кажуць людзі, Пана Осьціка нябошчыка напалохаў кат у Вільні, аж мяса яго валаклося, што адно картачку пісаў да Масквы неосцерожна, а мы і Цара у ногу цалавалі, і грошы пабралі, але больш нам тое так не мінецца. Пан Госевскі не многа па лацінску умеў, а з меншым людам і апаратам ваенным і жыўнасьцю Смоленска дадзержаў. Мудрасьць вяліка, кажуць людзі, як тая сьвіня: калі много ее хто зажываець, той нічога не дбаець, — а калі чэлавек надта кусіць і пастагнаць, мусіць, і хвасту бывае непакой. Зофія філёзофія судзіла сядзець высока, гаварыць глыбока. Кудзеля, пане, жаноцкая рэч, ды штоб пекла гаразд оладкі. — Іосць у мене старые кнігі у новым куце, заўсёды я там многа вычытаў жаноцкай псоты, яковай з вума зводзяць людзей мудрых, многіх і сьвятых, а штоб як нас грэшных к ліху не прывялі. А каліб датуль Вашмосьць пісаром быў, тоб чэлавекам слыў, і того-б з нас годзі было за нашае ліхое шальберство. Паказуюць людзе і тое на Вашмосьці, якобы до вымысленя подымнаго ніхто не быў прычыною. Толькі Вашмосьць, каторым выкурылі нашых мужыкоў, як верабьёў з венікоў — без мало з мудрых ораціёў ня будзе много раціёў, послом зостаўшы много праўды не гаворыце, толькі берэце копы (даўней грошы лічылі на копы), дэпутатам копы, комісарам копы, а тые копы пастрыгуць не аднаго у хлопы, а ня ведама гдзе будзець. — У Гданьску ёсьць там каму валы сыпаці і без нас, што людзі старые мовілі, то ўсё праўда і горазд у памяці маю, колі быў пан Мелешка каштэлянам Смаленскім, то я, будучы на сэйме, на той час за ім з кордзіком стаяў — яго мова ў тые словы была. — Панове, кажу вам праўду, по вельмі мудрых людзях нічога на сём сьвеці, за тры хвілі з болота чыняць золото, а з золота болото своімі шальберскімі мовамі і разговорамі, штобы нас простых ошукаць і ў блазны пострыгці, але покуль ён таго докажэць, сам кепом зостанець. Надуўся ў Сэнаце, як петух галагуцкі, а праўды не пытай, усё баламутня. З гурбою дзержыць так, так, так, а калі мовіць тое не так і піскнуці ня хочэць. Не баяўся так караля Іхмосці Зыгмунта (Аўгуста) і ўсіх сэнатароў ані умеў болей толькі часоўнік і псалтыр перэчытаць, по многіх кнігах зблудзіўся. Цеперачны розум, як каза па лесе, а на праўду сьвятую ні ад каго здароваго нет, адно баламутня, і самі погібнуць і нас погубяць, кождэн Мосьці Пане ужываць будзе. Як цюнец мой быў з сынамі у мястэчку Палоннай з курмі на торгу, чуў од кагось і мне звестно, што ляхы на Вашмосьці вельмі пазакручывалі хвасты, одноб толькі сэйм дайшоў, бо яны хочуць Вашмосьці аб тое турбоваць не кепско, дай то Божэ штоб тое дармо не мінуло, і то лі праўда чылі не паказываюць на Вашмосьці якобы Вашмосьць у дванадзесят пехоты зьехаў на адзыскане Смоленска, дарэмно то Вашмосьці стараньне, маючы чатырнадсот пехоты да абароны Смоленска, людзей зацных і добрых пры жыўнасьці і гармаце, ды не хацеў бараніці, а цепер толькі маючы грэблю ў маетнасьці Полоннай сыпаці пазваляюць, а (не) Смаленска пазад адзысківаюць. Ой пане, годзі вы так як сліжа ў Неман упусьціць, не заўтра тое ужо будзе, людзі і тое кажуць даводне во ўсіх штурмах Вашмосьці толькі аднаго ткача забіто і то не вельмі знаменітаго, хтось поведзіл якобы Вашмосьці воеводзтво кракоўскае Кароль Его Міласць у награду Смоленска мае даці, бояцься Ляхы вельмі штобы Твая Міласьць Вэнгром оных не прадаў. — Нешто пане ото родом дому дзеецца. — Дзед Тваей Міласьці калі Генэралам быў у Мозыры, то слыў, што за малые грошы непраўду продаваў. — Пан оцец Вашмосьці судзьдзёю будучы Мозырскім за маей памяці у каго больш узяў, таго хороше осудзіў. Калі нябошчык з таго сьвету уступіў, Мозыране вельмі рады былі, а калі-б Вашмосьць дагэтуль за праўдаю хадзіў, тоб і Бог памагаў, дадушы то мне дзіўно што Вашмосьці трыста падвод пад адну пасьцель Масква дала, тоб гэта не посьцель была так вельмі цяжкая, хіба кождая перына абернулася ў чырвоные золотые, сяк так нагородыўся Вашмосьці ўпуд маскоўскі. Каліб гэтакую кучу гною даў вывозьці із Смоленска Хмельніцкаму до Чэгрына, і тоб не без шкоды было. Пане у мене гэтай брэдні ёсьць не мала, адных перын дзевяць кром дробных падушак, і то адна кабыла возіць, гдзе тэй брэдні патрэба! Меўбы і болей што да Вашмосьці пісаць, зленаваўся дужэ і стаць не магу. Да не гневайся Господару, а хтож каго осьцерэжэць, калі не мілы свой даўны друг.
Дан с Тулан дня 6 Юнія 1655 году.
Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.