Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (2022)
← Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1996, 2004) | Канстытуцыя 1994 года (са змяненнямі і дапаўненнямі) Аўтар: народ Крыніца: https://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/kanstytutsyi-belarusi/kanstytutsyya-1994-goda-sa-zmyanennyami-i-dapa-nennyami2022/ |
зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі,
усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей,
грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту,
абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурныя і духоўныя традыцыі,
сцвярджаючы правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, асновы прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства,
жадаючы забяспечыць мір і грамадзянскую згоду, дабрабыт грамадзян, непахіснасць народаўладдзя, незалежнасць і росквіт Рэспублікі Беларусь,
прымаем гэту Канстытуцыю – Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь.
РАЗДЗЕЛ І. АСНОВЫ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА ЛАДУ
[правіць]Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.
Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.
Артыкул 2. Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.
Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.
Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.
Любыя дзеянні па змяненню канстытуцыйнага ладу і дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.
Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама разнастайнасці палітычных інстытутаў і поглядаў.
Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.
Артыкул 5.. Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, дзейнічаючы ў рамках Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў чалавека і грамадзяніна.
Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам.
Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.
Артыкул 6. Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.
Артыкул 7. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права.
Канстытуцыя мае найвышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Іншыя прававыя акты выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.
Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.
Прававыя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі з палажэннямі Канстытуцыі, не маюць юрыдычнай сілы.
Нарматыўныя прававыя акты падлягаюць афіцыйнаму апублікаванню або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам.
Артыкул 8. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.
Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх.
Не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі.
Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Тэрыторыя Беларусі адзіная і неадчужальная.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне дзяржавы вызначаецца законам.
Артыкул 10. Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.
Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства.
Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.
Набыццё і спыненне грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам.
Артыкул 11. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі.
Артыкул 12. Рэспубліка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якія церпяць пераслед у іншых дзяржавах за палітычныя, рэлігійныя перакананні або нацыянальную прыналежнасць.
Артыкул 13. Уласнасць можа быць дзяржаўнай і прыватнай.
Дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці.
Дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці.
Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.
Нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Землі сельскагаспадарчага прызначэння знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.
Законам могуць быць вызначаны і іншыя аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, або ўстаноўлены асобы парадак пераходу іх у прыватную ўласнасць, а таксама замацавана выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці.
Дзяржава гарантуе працоўным права прымаць удзел у кіраванні арганізацыямі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сацыяльна-эканамічнага ўзроўню жыцця.
Артыкул 14. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі іх правоў і інтарэсаў.
Адносіны ў сацыяльна-працоўнай сферы паміж органамі дзяржаўнага кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафесійнымі саюзамі ажыццяўляюцца на прынцыпах сацыяльнага партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў.
Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.
Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Артыкул 16. Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.
Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.
Забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці.
Артыкул 17. Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
Артыкул 18. Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.
Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў.
Артыкул 19. Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Апісанне дзяржаўных сімвалаў і парадак іх выкарыстання вызначаюцца законам.
Артыкул 20. Сталіца Рэспублікі Беларусь – горад Мінск.
Статус горада Мінска вызначаецца законам.
РАЗДЗЕЛ ІІ. АСОБА, ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВА
[правіць]Артыкул 21. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы.
Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.
Кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы.
Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.
Артыкул 22. Усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
Артыкул 23. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.
Артыкул 24. Кожны мае права на жыццё.
Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў.
Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда.
Артыкул 25. Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам.
Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту.
Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медыцынскім або іншым доследам.
Артыкул 26. Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу. Той, каго абвінавачваюць, не павінен даказваць сваю невінаватасць.
Артыкул 27. Ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.
Артыкул 28. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго прыватнае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць.
Дзяржава стварае ўмовы для абароны персанальных даных і бяспекі асобы і грамадства пры іх выкарыстанні.
Артыкул 29. Недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў грамадзян гарантуецца. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і іншае законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі.
Артыкул 30. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.
Артыкул 31. Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.
Артыкул 32. Шлюб як саюз жанчыны і мужчыны, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.
Жанчына і мужчына па дасягненні шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступіць у шлюб і стварыць сям’ю. Сужэнцы маюць роўныя правы ў шлюбе і сям’і.
Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні, рыхтаваць да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду яго фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу.
Дзяржава аказвае падтрымку сем’ям з дзецьмі, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекавання бацькоў.
Дзяржава забяспечвае прыярытэт выхавання дзяцей у сям’і. Дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.
Жанчынам і мужчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных магчымасцей у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы і здароўя.
Артыкул 32-1. Дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства.
Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.
Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх.
Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, арганізацыямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.
Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.
Дзяржаўныя органы, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы.
Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, прыватнага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў.
Артыкул 35. Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай. Парадак правядзення ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам.
Артыкул 36. Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў.
Грамадзяне для ажыццяўлення і задавальнення палітычных, сацыяльных, эканамічных, культурных і іншых інтарэсаў маюць права на стварэнне палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, удзел у іх дзейнасці.
Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні ствараюцца і дзейнічаюць у адпаведнасці з законам.
Суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, ваенізаваных арганізацый, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый.
Артыкул 37. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбранных прадстаўнікоў.
Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў, іншых нарматыўных прававых актаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі.
У парадку, устаноўленым заканадаўствам, грамадзяне Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах.
Артыкул 38. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні.
Артыкул 39. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, прафесійнай падрыхтоўкай маюць права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах.
Артыкул 40. Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.
Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай.
Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам.
Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне ў прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) і права на забастоўку.
Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы на падставе судовай пастановы або ў адпаведнасці з законамі аб надзвычайным і ваенным становішчах.
Артыкул 42. Асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне.
Жанчыны і мужчыны, дарослыя і непаўналетнія маюць права на роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай вартасці.
Артыкул 43. Працоўныя маюць права на адпачынак. Для тых, хто працуе па найму, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку.
Артыкул 44. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю.
Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. Недатыкальнасць уласнасці, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваюцца законам.
Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай.
Дзяржава заахвочвае і ахоўвае зберажэнні грамадзян, стварае гарантыі вяртання ўкладаў.
Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з судовай пастановай.
Ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб.
Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам. Грамадзяне клапоцяцца аб захаванні ўласнага здароўя.
Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.
Права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развіццём фізічнай культуры і спорту, мерамі па аздараўленню навакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы.
Артыкул 46. Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права.
Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.
Рэспубліка Беларусь развівае атамную энергетыку з мірнымі мэтамі, забяспечвае бяспеку пры вытворчасці і выкарыстанні атамнай энергіі.
Артыкул 47. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросце, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.
Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, а таксама аб інвалідах і пажылых людзях.
Інвалідам забяспечваюцца роўныя магчымасці для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Дзяржавай рэалізуецца палітыка сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэння даступнага асяроддзя і паляпшэння якасці іх жыцця, падтрымкі сем’яў з інвалідамі.
Артыкул 48. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на жыллё. Гэтае права забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля.
Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясцовым самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх плаце ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.
Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.
Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных установах адукацыі.
Артыкул 50. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці.
Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам.
Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.
Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў.
Свабода мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці і выкладання гарантуецца.
Інтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.
Дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў, укараненню інавацый на карысць агульных інтарэсаў.
Артыкул 52. Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі Беларусі.
Артыкул 53. Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб.
Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.
Захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя і беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў – абавязак кожнага.
Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
Артыкул 57. Абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.
Артыкул 58.. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй і законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.
Артыкул 59 Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.
Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.
Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы.
Артыкул 60. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом у парадку і тэрміны, вызначаныя законам. Рашэнні і дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ўшчамляюць правы і свабоды, могуць быць абскарджаны ў суд.
З мэтай абароны правоў, свабод, гонару і годнасці грамадзяне ў адпаведнасці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.
Артыкул 61. Кожны мае права ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.
Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, іншых арганізацыях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.
Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.
Артыкул 63. Ажыццяўленне прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.
Пры ажыццяўленні асобых мер у перыяд надзвычайнага становішча не могуць абмяжоўвацца правы, прадугледжаныя ў артыкуле 24, частцы трэцяй артыкула 25, артыкулах 26, 31 Канстытуцыі.
РАЗДЗЕЛ ІІІ. ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
[правіць]ГЛАВА 1. ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА
[правіць]Артыкул 64. Выбары дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.
Не маюць права выбіраць і быць выбранымі грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі.
Узроставы і іншыя цэнзы для дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаюцца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у іншых выпадках з’яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.
Артыкул 65. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.
Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.
Артыкул 66. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў.
Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах.
Артыкул 67. Выбары дэпутатаў з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна.
Выбары дэпутатаў праводзяцца ў адзіны дзень галасавання ў апошнюю нядзелю лютага.
Артыкул 68. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца.
Артыкул 69. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць палітычным партыям, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам.
Артыкул 70. Расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў. У выпадках, прадугледжаных законам, расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў палітычных партый, іншых арганізацый, грамадзян.
Забараняецца фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, замежнымі грамадзянамі, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.
Артыкул 71. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Сістэму выбарчых камісій узначальвае Цэнтральная выбарчая камісія. Цэнтральная выбарчая камісія арганізуе выбары Прэзідэнта, дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах і рэферэндуме, а таксама іншыя паўнамоцтвы, устаноўленыя законам.
Старшыня і члены Цэнтральнай выбарчай камісіі выбіраюцца на пяць гадоў і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам.
Сістэма, парадак фарміравання, кампетэнцыя выбарчых камісій і гарантыі іх незалежнасці вызначаюцца законам.
Парадак правядзення выбараў вызначаецца законам.
Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча.
Артыкул 72. Адкліканне дэпутатаў ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных законам.
Галасаванне аб адкліканні дэпутата праводзіцца ў парадку, прадугледжаным для выбрання дэпутата, па ініцыятыве не менш дваццаці працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.
Падставы і парадак адклікання членаў Савета Рэспублікі ўстанаўліваюцца законам.
ГЛАВА 2.РЭФЕРЭНДУМ (НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАННЕ)
[правіць]Артыкул 73. Для вырашэння важнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы.
Артыкул 74. Рэспубліканскія рэферэндумы назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўласнай ініцыятыве, па прапанове Усебеларускага народнага сходу, а таксама па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якая прымаецца на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад устаноўленага Канстытуцыяй складу (поўнага складу) кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш як 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска.
Пытанні, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум, падлягаюць праверцы на адпаведнасць Канстытуцыі.
Прэзідэнт пасля ўнясення на яго разгляд у адпаведнасці з законам прапаноў Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі або грамадзян аб правядзенні рэферэндуму назначае рэспубліканскі рэферэндум.
Дата правядзення рэспубліканскага рэферэндуму ўстанаўліваецца не пазней як праз тры месяцы з дня выдання ўказа Прэзідэнта аб назначэнні рэферэндуму.
Рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам, падпісваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 75. Мясцовыя рэферэндумы назначаюцца адпаведнымі мясцовымі прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш дзесяці працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.
Артыкул 76. Рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання.
У рэферэндумах удзельнічаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
Артыкул 77. Рашэнні, прынятыя рэферэндумам, могуць быць адменены або зменены толькі шляхам рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана рэферэндумам.
Артыкул 78. Парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў, а таксама пералік пытанняў, якія не могуць быць вынесены на рэферэндум, вызначаюцца законам.
РАЗДЗЕЛ ІV.ПРЭЗІДЭНТ, УСЕБЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ СХОД, ПАРЛАМЕНТ, УРАД, СУД
[правіць]ГЛАВА 3.ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
[правіць]Артыкул 79. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Прэзідэнт увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады.
Артыкул 80. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віда на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі.
Артыкул 81. Прэзідэнт выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш за два тэрміны.
Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.
Выбары Прэзідэнта назначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта.
Калі пасада Прэзідэнта аказалася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым праз 70 дзён з дня адкрыцця вакансіі.
Артыкул 82. Лічыцца, што выбары Прэзідэнта адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш паловы грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў.
Прэзідэнт лічыцца выбраным, калі за яго прагаласавала больш як палова грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Калі ні адзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасавання па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лічыцца кандыдат у Прэзідэнты, які атрымаў пры паўторным галасаванні больш паловы галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Парадак правядзення выбараў Прэзідэнта вызначаецца законам.
Артыкул 83. Прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі наступнага зместу:
«Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».
Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці членаў Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў не пазней двух месяцаў з дня выбрання Прэзідэнта. З моманту прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзідэнта спыняюцца.
Артыкул 84. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:
1) назначае рэспубліканскія рэферэндумы;
2) назначае чарговыя і нечарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і мясцовыя прадстаўнічыя органы;
3) распускае палаты ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй;
4) выключаны;
5) утварае, скасоўвае і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, а таксама кансультатыўна-дарадчыя і іншыя органы пры Прэзідэнце, вызначае іх статус;
6) з папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў назначае на пасаду Прэм’ер-міністра;
7) вызначае структуру Урада Рэспублікі Беларусь, назначае на пасаду і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра, міністраў і іншых членаў Урада, прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў;
8) выключаны;
9) з папярэдняй згоды Савета Рэспублікі назначае на пасаду Генеральнага пракурора, Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам;
10) назначае суддзяў судоў агульнай юрысдыкцыі і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй;
11) выключаны;
12) выключаны;
13) звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі;
14) звяртаецца са штогадовымі пасланнямі да Парламента, якія заслухоўваюцца на Усебеларускім народным сходзе; мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленнем;
15) мае права старшынстваваць на пасяджэннях Урада Рэспублікі Беларусь;
16) назначае прадстаўнікоў Прэзідэнта ў Парламенце, памочнікаў, упаўнаважаных і іншых службовых асоб, пасады якіх вызначаны ў адпаведнасці з заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй;
17) вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненні і прадастаўленні прытулку;
18) узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, прысвойвае класныя чыны і званні, пазбаўляе дзяржаўных узнагарод, класных чыноў і званняў на падставах, прадугледжаных законам;
19) ажыццяўляе памілаванне асуджаных;
20) вядзе перагаворы і падпісвае міжнародныя дагаворы, назначае на пасаду і вызваляе ад пасады паслоў і пастаянных прадстаўнікоў пры міжнародных арганізацыях;
21) прымае даверчыя і адзыўныя граматы акрэдытаваных пры ім дыпламатычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў;
22) у выпадку стыхійнага бедства, катастрофы, а таксама спроб гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу, масавых і іншых беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі;
23) у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, мае права адкласці правядзенне забастоўкі або прыпыніць яе, але не больш чым на трохмесячны тэрмін;
24) падпісвае законы; мае права ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй, вярнуць закон або асобныя яго палажэнні са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў;
25) мае права адмяняць акты Урада;
26) непасрэдна або праз ствараемыя ім органы ажыццяўляе кантроль за захаваннем заканадаўства мясцовымі органамі кіравання і самакіравання; мае права прыпыняць рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў і адмяняць рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку неадпаведнасці іх заканадаўству;
27) фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь; назначае на пасаду і вызваляе ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі;
28) з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі; назначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узброеных Сіл;
29) уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі;
30) ажыццяўляе іншыя ўстаноўленыя Канстытуцыяй і законамі паўнамоцтвы, неабходныя для рэалізацыі ўскладзеных на яго канстытуцыйных функцый.
Артыкул 85. Прэзідэнт на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Указы і распараджэнні Прэзідэнта не павінны супярэчыць законам.
Артыкул 86. Прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, а таксама атрымліваць апрача заработнай платы грашовыя ўзнагароджанні, за выключэннем аўтарскага ўзнагароджання за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Прэзідэнт прыпыняе членства ў палітычных партыях на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў.
Артыкул 87. Прэзідэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзідэнта прымаецца Палатай прадстаўнікоў.
Артыкул 88. Прэзідэнт можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі.
Прэзідэнт можа быць зняты з пасады Усебеларускім народным сходам у выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі або ўчынення дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Прапанова аб выстаўленні абвінавачання Прэзідэнту і зняцці яго з пасады ўносіцца Усебеларускаму народнаму сходу па ініцыятыве не менш як адной трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў або не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам. Расследаванне абвінавачання арганізуецца Усебеларускім народным сходам.
Рашэнне Усебеларускага народнага сходу аб зняцці Прэзідэнта з пасады прымаецца пасля атрымання заключэння Канстытуцыйнага Суда аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі ў выпадку, калі Прэзідэнт абвінавачваецца ў такім парушэнні Канстытуцыі.
Рашэнне Усебеларускага народнага сходу аб зняцці Прэзідэнта з пасады лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Усебеларускага народнага сходу.
Непрыняцце Усебеларускім народным сходам рашэння аб зняцці Прэзідэнта з пасады на працягу двух месяцаў з дня ўнясення прапановы аб выстаўленні абвінавачання азначае адхіленне абвінавачання. Прапанова аб выстаўленні абвінавачання Прэзідэнту і зняцці яго з пасады не можа ініцыявацца ў перыяд разгляду ў адпаведнасці з Канстытуцыяй пытання аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Парламента.
У выпадку зняцця Прэзідэнта ў сувязі з учыненнем злачынства справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярхоўным Судом.
Артыкул 88-1. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам пераходзяць да Старшыні Савета Рэспублікі.
У выпадку гібелі Прэзідэнта ў выніку замаху на яго жыццё, учынення акта тэрарызму, ваеннай агрэсіі, у выніку іншых дзеянняў гвалтоўнага характару:
пасяджэнні Савета Бяспекі праводзяцца пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі;
неадкладна на падставе рашэння Савета Бяспекі ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча;
дзяржаўныя органы і службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасці з рашэннямі Савета Бяспекі.
Артыкул 89. Прэзідэнт валодае недатыкальнасцю, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам.
Палажэнні часткі першай гэтага артыкула распаўсюджваюцца на Прэзідэнта, які спыніў выкананне паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі ці стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта.
Прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Статус Прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, устанаўліваецца законам.
ГЛАВА 3-1.УСЕБЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ СХОД
[правіць]Артыкул 89-1. Усебеларускі народны сход – найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.
Артыкул 89-2. Дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу з’яўляюцца:
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі;
прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады;
прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў;
прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці на Усебеларускі народны сход выбіраюцца ад кожнай вобласці і горада Мінска ў парадку, які вызначаецца законам.
Гранічная колькасць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу складае 1200 чалавек.
Тэрмін паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу складае пяць гадоў.
Усебеларускі народны сход склікаецца на першае пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіяй не пазней за 60 дзён пасля выбараў дэпутатаў.
Дэлегат Усебеларускага народнага сходу прымае ўдзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу без адрыву ад працоўнай (службовай) дзейнасці.
Калегіяльным органам, які забяспечвае ў парадку, устаноўленым законам, аператыўнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзяць у кампетэнцыю Усебеларускага народнага сходу, з’яўляецца Прэзідыум.
Старшыня Усебеларускага народнага сходу, яго намеснікі і іншыя члены Прэзідыума выбіраюцца Усебеларускім народным сходам тайным галасаваннем.
Артыкул 89-3. Усебеларускі народны сход:
1) зацвярджае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі;
2) зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь;
3) заслухоўвае Прэм’ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь;
4) прапануе змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю;
5) прапануе правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў;
6) мае права разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў;
7) прымае рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады ў выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння ім Канстытуцыі або ўчынення дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства;
8) мае права ўвесці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь надзвычайнае або ваеннае становішча пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, і ў выпадку бяздзейнасці Прэзідэнта па гэтых пытаннях; увядзенне надзвычайнага або ваеннага становішча разглядаецца Усебеларускім народным сходам па ініцыятыве Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу або Савета Рэспублікі;
9) па прапанове Прэзідэнта, папярэдне ўзгодненай з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу:
выбірае Старшыню, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам;
выбірае Старшыню, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам;
выбірае Старшыню і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам;
10) па прапанове Прэзідэнта прымае рашэнне аб магчымасці накіравання ваеннаслужачых, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, іншых асоб за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі;
11) устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні;
12) узнагароджвае Прэзідэнта дзяржаўнымі ўзнагародамі, а таксама прапануе асоб для ўзнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі;
13) дае абавязковыя для выканання даручэнні дзяржаўным органам і службовым асобам, атрымлівае інфармацыю ад дзяржаўных органаў і службовых асоб, ажыццяўляе іншыя ўстаноўленыя Канстытуцыяй і законам паўнамоцтвы, неабходныя для рэалізацыі ўскладзеных на яго канстытуцыйных функцый.
Артыкул 89-4. Пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу праводзяцца не радзей чым адзін раз на год.
Усебеларускі народны сход можа быць скліканы на нечарговае пасяджэнне па ініцыятыве Прэзідэнта, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, абедзвюх палат Нацыянальнага сходу (сумесным рашэннем), а таксама па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
Артыкул 89-5. Усебеларускі народны сход для рэалізацыі ўскладзеных на яго канстытуцыйных функцый прымае рашэнні.
Рашэнні Усебеларускага народнага сходу з’яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў.
Артыкул 89-6. Кампетэнцыя, парадак фарміравання і дзейнасці Усебеларускага народнага сходу вызначаюцца Канстытуцыяй і законам.
ГЛАВА 4.ПАРЛАМЕНТ – НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД
[правіць]Артыкул 90. Парламент – Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь.
Парламент складаецца з дзвюх палат – Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.
Артыкул 91. Склад Палаты прадстаўнікоў – 110 дэпутатаў. Выбранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з законам на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па восем членаў Савета Рэспублікі. Восем членаў Савета Рэспублікі назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Членам Савета Рэспублікі пажыццёва з яго згоды з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі.
Выбары новага складу палат Парламента назначаюцца не пазней як за тры месяцы да адзінага дня галасавання.
Нечарговыя выбары палат Парламента праводзяцца на працягу трох месяцаў з дня датэрміновага спынення паўнамоцтваў палат Парламента.
Артыкул 92. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года.
Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш як пяць гадоў.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў Парламенце на прафесійнай аснове.
Адна і тая ж асоба не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат Парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць членам Урада, дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі.
Артыкул 93. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента – пяць гадоў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Паўнамоцтвы Парламента могуць быць прадоўжаны на падставе закона толькі ў выпадку вайны.
Першая пасля выбараў сесія палат Парламента склікаецца Цэнтральнай выбарчай камісіяй і пачынае сваю работу не пазней як праз 30 дзён пасля выбараў. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца з дня выбараў. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Савета Рэспублікі ажыццяўляецца з дня першага пасяджэння дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню па выбарах членаў Савета Рэспублікі ад вобласці або горада Мінска.
У выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць спынены датэрмінова. Са спыненнем паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі па рашэнню Прэзідэнта могуць быць таксама спынены паўнамоцтвы адпаведна Савета Рэспублікі або Палаты прадстаўнікоў.
Артыкул 94. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены пры адмове ў даверы Ураду, выказванні вотуму недаверу Ураду або двухразовай адмове ў дачы папярэдняй згоды на назначэнне Прэм’ер-міністра.
Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць таксама датэрмінова спынены на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі.
Рашэнні па гэтых пытаннях Прэзідэнт прымае не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са старшынямі палат.
Палаты не могуць быць распушчаны ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта ад пасады або ў перыяд вырашэння Усебеларускім народным сходам пытання аб зняцці Прэзідэнта з пасады.
Не дапускаецца роспуск палат на працягу года з дня іх першых пасяджэнняў і ў апошні год паўнамоцтваў Парламента.
У выпадку роспуску палат Парламента нававыбраны склад адпаведнай палаты ажыццяўляе свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў Парламента, выбранага ў адзіны дзень галасавання.
Артыкул 95. Палаты збіраюцца на сесію, якая адкрываецца ў трэці аўторак верасня і закрываецца ў апошні працоўны дзень чэрвеня наступнага года.
Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі ў выпадку асаблівай неабходнасці склікаюцца на нечарговую сесію старшынямі палат па ініцыятыве Прэзідэнта або большасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу кожнай з палат па парадку дня і ў тэрмін, вызначаныя ініцыятарам.
Артыкул 96. Палата прадстаўнікоў выбірае са свайго складу Старшыню Палаты прадстаўнікоў і яго намеснікаў.
Савет Рэспублікі выбірае са свайго складу Старшыню Савета Рэспублікі і яго намеснікаў.
Старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, іх намеснікі вядуць пасяджэнні і кіруюць унутраным распарадкам палат.
Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі са свайго складу выбіраюць пастаянныя камісіі і іншыя органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання палат.
Артыкул 97. Палата прадстаўнікоў:
1) разглядае па прапанове Прэзідэнта, Усебеларускага народнага сходу, не менш як адной трэці ад поўнага складу кожнай з палат Парламента або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю;
2) разглядае праекты законаў аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнародных дагавораў; аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; аб грамадзянстве, статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства; аб правах нацыянальных меншасцей; аб устанаўленні рэспубліканскіх падаткаў і збораў; аб прынцыпах ажыццяўлення адносін уласнасці; аб асновах сацыяльнай абароны; аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці; аб шлюбе, сям’і, дзяцінстве, мацярынстве, бацькоўстве, выхаванні, адукацыі, культуры і ахове здароўя; аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; аб вызначэнні парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы; аб мясцовым самакіраванні; аб судаўладкаванні, судаводстве і статусе суддзяў; аб крымінальнай адказнасці; аб амністыі; аб абвяшчэнні вайны і заключэнні міру; аб прававых рэжымах надзвычайнага і ваеннага становішчаў; аб устанаўленні дзяржаўных узнагарод; аб тлумачэнні законаў; праекты іншых законаў;
2-1) разглядае праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і аб зацвярджэнні справаздачы аб яго выкананні. Праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і аб зацвярджэнні справаздачы аб яго выкананні ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Урадам па ўзгадненні з Прэзідэнтам;
3) назначае выбары Прэзідэнта;
4) дае папярэднюю згоду Прэзідэнту на назначэнне на пасаду Прэм’ер-міністра;
5) заслухоўвае даклад Прэм’ер-міністра аб праграме дзейнасці Урада і адабрае або адхіляе праграму; паўторнае адхіленне палатай праграмы азначае выказванне вотуму недаверу Ураду;
5-1) штогод заслухоўвае інфармацыю Генеральнага пракурора, Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка аб выніках іх дзейнасці;
6) разглядае па ініцыятыве Прэм’ер-міністра пытанне аб даверы Ураду;
7) па ініцыятыве не менш як адной трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў выказвае вотум недаверу Ураду; пытанне аб адказнасці Урада не можа быць пастаўлена на працягу года пасля адабрэння праграмы яго дзейнасці;
8) прымае адстаўку Прэзідэнта;
9) выключаны;
10) адмяняе распараджэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў.
Палата прадстаўнікоў можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.
Артыкул 98. Савет Рэспублікі:
1) адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю; праекты іншых законаў;
2) дае папярэднюю згоду Прэзідэнту на назначэнне на пасаду і вызваленне ад пасады Генеральнага пракурора, Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, Старшыні і членаў Праўлення Нацыянальнага банка;
2-1) штогод заслухоўвае інфармацыю Генеральнага пракурора, Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка аб выніках іх дзейнасці;
3) выключаны;
4) выключаны;
5) аналізуе дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў, прымае меры па развіцці мясцовага самакіравання; адмяняе рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству;
6) прымае рашэнне аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння ім патрабаванняў заканадаўства і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам;
7) выключаны;
8) разглядае ўказы Прэзідэнта аб увядзенні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі і не пазней як у трохдзённы тэрмін пасля іх унясення прымае адпаведнае рашэнне.
Савет Рэспублікі можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.
Артыкул 99. Права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту, Усебеларускаму народнаму сходу, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш як 50 тысяч чалавек і рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.
Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, уносяцца ў Палату прадстаўнікоў пры наяўнасці заключэння Урада.
Прэзідэнт або па яго даручэнню Урад маюць права ўносіць прапановы ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі аб абвяшчэнні разгляду праекта закона тэрміновым. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў гэтым выпадку павінны разгледзець дадзены праект на працягу дзесяці дзён з дня ўнясення на іх разгляд.
Па патрабаванню Прэзідэнта або, з яго згоды, Урада Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі на сваіх пасяджэннях прымаюць рашэнні, галасуючы ў цэлым за ўвесь унесены Прэзідэнтам або Урадам праект ці яго частку, захаваўшы толькі тыя папраўкі, якія прапанаваны ці прыняты Прэзідэнтам або Урадам.
Артыкул 100. Любы законапраект, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, спачатку разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў, а потым у Савеце Рэспублікі.
Законапраект, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, становіцца законам пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў і адабрэння Саветам Рэспублікі большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай палаты.
Закон аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год прымаецца да пачатку фінансавага года. У выпадку непрыняцця закона аб рэспубліканскім бюджэце ва ўказаны тэрмін ажыццяўляецца часовае кіраванне рэспубліканскім бюджэтам.
Прынятыя Палатай прадстаўнікоў законапраекты на працягу пяці дзён перадаюцца на разгляд у Савет Рэспублікі, дзе могуць разглядацца не больш як дваццаць дзён, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Закон лічыцца адобраным Саветам Рэспублікі, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублікі, або калі на працягу дваццаці дзён, а пры абвяшчэнні законапраекта тэрміновым – дзесяці дзён з дня ўнясення ён не быў разгледжаны Саветам Рэспублікі. У выпадку адхілення законапраекта Саветам Рэспублікі палаты могуць стварыць пагаджальную камісію, якая фарміруецца на парытэтнай аснове, для пераадолення ўзнікшых рознагалоссяў. Тэкст законапраекта, выпрацаваны пагаджальнай камісіяй, прадстаўляецца на адабрэнне абедзвюх палат.
Калі пагаджальнай камісіяй не прыняты ўзгоднены тэкст законапраекта, Прэзідэнт або па яго даручэнню Урад могуць запатрабаваць, каб Палата прадстаўнікоў прыняла канчатковае рашэнне. Закон лічыцца прынятым Палатай прадстаўнікоў пры ўмове, што за яго прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.
Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным гэтым артыкулам, прадстаўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закона, ён у двухтыднёвы тэрмін падпісвае закон.
Калі Прэзідэнт на працягу ўказанага тэрміну звернецца ў Канстытуцыйны Суд з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці закона, тэрмін для падпісання такога закона прыпыняецца на час разгляду прапановы Канстытуцыйным Судом. Заключэнне Канстытуцыйнага Суда павінна быць прынята не пазней за дзесяць дзён з дня ўнясення Прэзідэнтам адпаведнай прапановы. Калі Канстытуцыйны Суд пацвердзіць канстытуцыйнасць закона, Прэзідэнт падпісвае яго ў пяцідзённы тэрмін з дня прыняцця Канстытуцыйным Судом адпаведнага заключэння. У выпадку прызнання Канстытуцыйным Судом закона не адпаведным Канстытуцыі Прэзідэнт вяртае яго ў Палату прадстаўнікоў.
Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу двух тыдняў пасля таго, як ён быў прадстаўлены Прэзідэнту, а ў выпадку прыняцця Канстытуцыйным Судом заключэння аб канстытуцыйнасці закона – пяці дзён з дня прыняцця адпаведнага заключэння, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не ўступае ў сілу, калі ён не мог быць вернуты ў Парламент у сувязі з заканчэннем сесіі.
Пры нязгодзе з тэкстам закона Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як праз трыццаць дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў пяцідзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як праз дваццаць дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён адобраны большасцю не менш як дзвюма трацямі галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у пяцідзённы тэрмін. Закон уступае ў сілу і ў тым выпадку, калі ён не будзе падпісаны Прэзідэнтам у гэты тэрмін.
У такім жа парадку палатамі разглядаюцца пярэчанні Прэзідэнта на асобныя палажэнні закона, якія вяртаюцца для паўторнага галасавання. У гэтым выпадку да вынясення адпаведнага рашэння Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі закон падпісваецца Прэзідэнтам і ўступае ў сілу, за выключэннем тых палажэнняў, адносна якіх маюцца пярэчанні Прэзідэнта.
Артыкул 101. Выключаны.
Артыкул 102. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх меркаванняў і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Гэта не адносіцца да абвінавачання іх у паклёпе і знявазе.
На працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі могуць быць арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды толькі з папярэдняй згоды адпаведнай палаты, за выключэннем учынення дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, а таксама затрымання на месцы ўчынення злачынства.
Крымінальная справа ў дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў або члена Савета Рэспублікі разглядаецца Вярхоўным Судом.
Артыкул 103. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі. Палаты, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяржавы, могуць прыняць рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння большасцю галасоў ад іх поўнага складу. У час пасяджэнняў, у тым ліку і закрытых, Прэзідэнт, яго прадстаўнікі, Прэм’ер-міністр і члены Урада могуць выступаць без чаргі тых, хто запісаўся для выступлення, столькі разоў, колькі яны гэтага запатрабуюць.
Палаты могуць збірацца сумесна для заслухоўвання штогадовай інфармацыі Генеральнага пракурора, Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка аб выніках іх дзейнасці, а таксама для вырашэння іншых пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Парламента.
Адно пасяджэнне ў месяц рэзервуецца для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі мае права звярнуцца з запытам да Прэм’ер-міністра, членаў Урада, кіраўнікоў дзяржаўных органаў. Запыт павінен быць уключаны ў парадак дня палаты. Адказ на запыт належыць даць на працягу дваццаці сесійных дзён у парадку, устаноўленым палатай Парламента.
Пасяджэнне палаты лічыцца правамоцным пры ўмове, што ў ім удзельнічае большасць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў або членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу палаты.
Галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі адкрытае і ажыццяўляецца асабіста дэпутатам, членам Савета Рэспублікі шляхам падачы голасу «за» або «супраць». Тайнае галасаванне праводзіцца толькі пры вырашэнні кадравых пытанняў.
Артыкул 104. Рашэнні Палаты прадстаўнікоў прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Пастановы Палаты прадстаўнікоў прымаюцца па пытаннях распарадчага і кантрольнага характару.
Рашэнні Савета Рэспублікі прымаюцца ў форме пастаноў.
Рашэнні палат лічацца прынятымі пры ўмове, што за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Законы падлягаюць неадкладнаму афіцыйнаму апублікаванню пасля іх падпісання і ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля апублікавання, калі ў самім законе не ўстаноўлены іншы тэрмін.
Закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.
Артыкул 105. Парадак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, іх органаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі вызначаецца законам і рэгламентамі палат, якія падпісваюцца старшынямі палат.
ГЛАВА 5.УРАД – САВЕТ МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
[правіць]Артыкул 106. Выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляе Урад – Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь – цэнтральны орган дзяржаўнага кіравання.
Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і адказны перад Парламентам Рэспублікі Беларусь.
Урад складае свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Урад Рэспублікі Беларусь складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У склад Урада могуць уваходзіць і кіраўнікі іншых дзяржаўных органаў і арганізацый.
Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне па гэтаму пытанню прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазней як у двухтыднёвы тэрмін з дня ўнясення прапановы па кандыдатуры Прэм’ер-міністра. У выпадку двухразовай адмовы ў дачы згоды на назначэнне Прэм’ер-міністра Палатай прадстаўнікоў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права назначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і назначыць новыя выбары.
Работай Урада кіруе Прэм’ер-міністр.
Прэм’ер-міністр:
1) ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва дзейнасцю Урада і нясе персанальную адказнасць за яго работу;
2) падпісвае пастановы Урада;
3) у двухмесячны тэрмін пасля свайго назначэння прадстаўляе Парламенту праграму дзейнасці Урада, а ў выпадку яе адхілення прадстаўляе паўторную праграму дзейнасці Урада на працягу двух месяцаў;
4) інфармуе Прэзідэнта аб асноўных напрамках дзейнасці Урада і аб усіх яго найважнейшых рашэннях;
4-1) штогод інфармуе Усебеларускі народны сход аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь;
5) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, звязаныя з арганізацыяй і дзейнасцю Урада.
Урад або любы член Урада маюць права заявіць Прэзідэнту аб сваёй адстаўцы, калі лічаць немагчымым далейшае ажыццяўленне ўскладзеных на іх абавязкаў. Урад заяўляе Прэзідэнту аб адстаўцы ў выпадку выказвання Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду.
Прэм’ер-міністр можа паставіць перад Палатай прадстаўнікоў пытанне аб даверы Ураду па прадстаўленай праграме або з канкрэтнай нагоды. Калі Палата прадстаўнікоў у даверы адмаўляе, Прэзідэнт мае права ў дзесяцідзённы тэрмін прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада або аб роспуску Палаты прадстаўнікоў і назначэнні новых выбараў. Пры адхіленні адстаўкі Урад прадаўжае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы.
Прэзідэнт мае права па ўласнай ініцыятыве прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада і вызваліць ад пасады любога члена Урада.
У выпадку адстаўкі або складання паўнамоцтваў Урад Рэспублікі Беларусь па даручэнню Прэзідэнта прадаўжае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да сфарміравання новага Урада.
Артыкул 107. Урад Рэспублікі Беларусь:
кіруе сістэмай падпарадкаваных яму рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, а таксама па пытаннях, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, сістэмай мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў;
распрацоўвае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі;
распрацоўвае і ўносіць па ўзгадненні з Прэзідэнтам у Палату прадстаўнікоў праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і аб зацвярджэнні справаздачы аб яго выкананні; забяспечвае выкананне рэспубліканскага бюджэту;
забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі і інавацый, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы, дзяржаўна-прыватнага партнёрства;
прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю;
выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзяржаўнай уласнасцю;
забяспечвае выкананне Канстытуцыі, рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, законаў, актаў Прэзідэнта;
адмяняе акты міністэрстваў і іншых падначаленых яму рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;
уносіць Прэзідэнту прапановы аб адмене рашэнняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку неадпаведнасці іх заканадаўству;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта.
Артыкул 108. Урад прымае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Прэм’ер-міністр выдае ў межах сваёй кампетэнцыі распараджэнні.
Пастановы Урада і распараджэнні Прэм’ер-міністра не павінны супярэчыць законам і рашэнням Прэзідэнта.
Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці Урада вызначаюцца на аснове Канстытуцыі законам аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 6.СУД
[правіць]Артыкул 109. Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца судамі.
Сістэма судоў будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі.
Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь вызначаецца Канстытуцыяй і законам.
Утварэнне надзвычайных судоў забараняецца.
Артыкул 110. Суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.
Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананню правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць па закону.
Артыкул 111. Суддзі не могуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, выконваць іншую аплачваемую работу, акрамя выкладчыцкай і навукова-даследчай.
Падставы для выбрання (назначэння) суддзяў на пасады і іх вызвалення прадугледжваюцца законам.
Артыкул 112. Суды ажыццяўляюць правасуддзе на падставе Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй іншых нарматыўных прававых актаў.
Калі пры разглядзе канкрэтнай справы ў суда ўзнікнуць сумненні ў канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню, суд да вынясення судовай пастановы ставіць ва ўстаноўленым законам парадку перад Канстытуцыйным Судом пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці гэтага нарматыўнага прававога акта.
Артыкул 112-1. Вярхоўны Суд узначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі і з’яўляецца найвышэйшым судовым органам, які ажыццяўляе правасуддзе праз грамадзянскае, крымінальнае і іншыя формы судаводства, прадугледжаныя законам.
Старшыня, намеснікі Старшыні і суддзі Вярхоўнага Суда выбіраюцца і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам. Старшыня і намеснікі Старшыні Вярхоўнага Суда выбіраюцца з ліку суддзяў Вярхоўнага Суда.
Артыкул 113. Справы ў судах разглядаюцца суддзямі аднаасобна, а ў прадугледжаных законам выпадках – калегіяльна.
Артыкул 114. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты.
Слуханне спраў у закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з выкананнем усіх правілаў судаводства.
Артыкул 115. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе.
Судовыя пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб і грамадзян.
Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.
Артыкул 116. Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве праз канстытуцыйнае судаводства з мэтай абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень.
Старшыня, намеснік Старшыні і суддзі Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам. Старшыня і намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца з ліку суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
Суддзі Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца на 11 гадоў.
Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Канстытуцыйнага Суда вызначаюцца Канстытуцыяй і законам.
Артыкул 116-1. Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда, Савета Міністраў дае заключэнні:
аб тлумачэнні Канстытуцыі;
аб адпаведнасці Канстытуцыі законаў, указаў Прэзідэнта, пастаноў Савета Міністраў, нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў.
Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта дае заключэнні:
аб канстытуцыйнасці праектаў законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю;
аб адпаведнасці Канстытуцыі законаў, прынятых Парламентам, да іх падпісання Прэзідэнтам;
аб канстытуцыйнасці пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум;
аб адпаведнасці Канстытуцыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія не ўступілі ў сілу.
У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны Суд у двухтыднёвы тэрмін дае заключэнні:
па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі;
па прапанове Прэзідэнта аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі.
Канстытуцыйны Суд па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу дае заключэнні аб канстытуцыйнасці правядзення выбараў Прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі.
Канстытуцыйны Суд у парадку, устаноўленым законам, выносіць рашэнні:
па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны;
па запытах судоў, правяраючы канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе судамі канкрэтных спраў.
Заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць.
РАЗДЗЕЛ V.МЯСЦОВАЕ КІРАВАННЕ І САМАКІРАВАННЕ
[правіць]Артыкул 117. Мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, мясцовыя рэферэндумы, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах. Артыкул 118. Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на пяць гадоў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
У выпадку роспуску мясцовага Савета дэпутатаў нававыбраны склад гэтага Савета дэпутатаў ажыццяўляе свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выбраных у адзіны дзень галасавання.
Артыкул 119. Кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў.
Артыкул 120. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў.
Артыкул 121. Да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў належаць:
зацвярджэнне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, мясцовых бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні;
устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў;
вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю;
назначэнне мясцовых рэферэндумаў.
Артыкул 122. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі.
Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымі прадстаўнічымі органамі.
Рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца адпаведнымі Саветамі дэпутатаў, вышэйстаячымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія абмяжоўваюць ці парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, а таксама ў іншых прадугледжаных заканадаўствам выпадках могуць быць абскарджаны ў судовым парадку.
Артыкул 123. У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясцовым Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Саветам Рэспублікі. Іншыя падставы датэрміновага спынення паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў вызначаюцца законам.
Артыкул 124. Кампетэнцыя, парадак стварэння і дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання вызначаюцца заканадаўствам.
РАЗДЗЕЛ VI.ПРАКУРАТУРА. КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ
[правіць]ГЛАВА 7.ПРАКУРАТУРА
[правіць]Артыкул 125. Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, указаў і іншых нарматыўных прававых актаў міністэрствамі і іншымі падначаленымі Савету Міністраў органамі, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў.
Пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў, адпаведнасцю закону судовых пастаноў па грамадзянскіх, крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, у выпадках, прадугледжаных законам, праводзіць папярэдняе следства, падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачанне ў судах.
Артыкул 126. Адзіную і цэнтралізаваную сістэму органаў пракуратуры ўзначальвае Генеральны пракурор, які назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Прэзідэнтам з папярэдняй згоды Савета Рэспублікі.
Ніжэйстаячыя пракуроры назначаюцца Генеральным пракурорам.
Артыкул 127. Генеральны пракурор і ніжэйстаячыя пракуроры незалежныя ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца заканадаўствам. У сваёй дзейнасці Генеральны пракурор падсправаздачны Прэзідэнту.
Артыкул 128. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца заканадаўствам.
ГЛАВА 8.КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ
[правіць]Артыкул 129. Дзяржаўны кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, Парламента, Урада і іншых дзяржаўных органаў, якія рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны, ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Артыкул 130. Камітэт дзяржаўнага кантролю ўтвараецца Прэзідэнтам.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Прэзідэнтам з папярэдняй згоды Савета Рэспублікі.
Артыкул 131. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю вызначаюцца заканадаўствам.
РАЗДЗЕЛ VII.ФІНАНСАВА-КРЭДЫТНАЯ СІСТЭМА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
[правіць]Артыкул 132. Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае бюджэтную сістэму, банкаўскую сістэму, а таксама фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, арганізацый і грамадзян.
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка.
Артыкул 133. Бюджэтная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты.
Даходы бюджэту фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў.
Агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з яго расходнай часткай.
У адпаведнасці з законам у Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды.
Артыкул 134. Парадак складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў вызначаецца законам.
Артыкул 135. Справаздача аб выкананні рэспубліканскага бюджэту прадстаўляецца на разгляд Парламента не пазней пяці месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фінансавага года.
Справаздачы аб выкананні мясцовых бюджэтаў падаюцца на разгляд адпаведных Саветаў дэпутатаў у вызначаны заканадаўствам тэрмін.
Справаздачы аб выкананні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў публікуюцца.
Артыкул 136. Банкаўская сістэма Рэспублікі Беларусь складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых банкаў. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносіны, грашовае абарачэнне, вызначае парадак разлікаў і валодае выключным правам эмісіі грошай.
РАЗДЗЕЛ VІІІ.ПАРАДАК ЗМЯНЕННЯ І ДАПАЎНЕННЯ КАНСТЫТУЦЫІ
[правіць]Артыкул 137. Выключаны.
Артыкул 138. Пытанне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі разглядаецца палатамі Парламента па ініцыятыве Прэзідэнта, Усебеларускага народнага сходу, не менш як адной трэці ад поўнага складу кожнай з палат Парламента або не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
Артыкул 139. Закон аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і адабрэнняў Парламентам з прамежкам не менш трох месяцаў.
Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Парламентам не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, а таксама ў апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў.
Артыкул 140. Законы аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб увядзенні ў дзеянне ўказаных законаў лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу кожнай з палат Парламента.
Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэнне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі шляхам рэферэндуму лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш як палова грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Лічыцца, што рэферэндум адбыўся, калі ў ім прынялі ўдзел больш як палова грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Раздзелы І, ІІ, ІV, VІІІ Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
РАЗДЗЕЛ ІX. ЗАКЛЮЧНЫЯ І ПЕРАХОДНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
[правіць]Артыкул 141. Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання такіх змяненняў і дапаўненняў, калі іншае не вызначана ў гэтым раздзеле.
Артыкул 142. Законы, указы Прэзідэнта і іншыя акты, што дзейнічалі да ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.
На працягу двух гадоў пасля ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі законы, прадугледжаныя ў Канстытуцыі, указы і распараджэнні Прэзідэнта павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з Канстытуцыяй.
Дэкрэты Прэзідэнта, выдадзеныя да ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, прымяняюцца да прызнання іх страціўшымі сілу законамі. Палажэнні адпаведных дэкрэтаў маюць прыярытэт у дачыненні да прынятых да іх выдання палажэнняў законаў.
Артыкул 143. Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыццяўляюць сваю дзейнасць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораны (выбраны, назначаны), або да спынення іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі, што абмяжоўваюць колькасць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду Прэзідэнта, уступаюць у сілу з дня ўступлення на пасаду нававыбранага Прэзідэнта.
Артыкул 144. Закон, які вызначае кампетэнцыю, парадак фарміравання і дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, падлягае прыняццю на працягу года з дня ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Асоба, якая займае пасаду Прэзідэнта на дату ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, можа адначасова з’яўляцца Прэзідэнтам і Старшынёй Усебеларускага народнага сходу.
Артыкул 145. Да фарміравання Усебеларускага народнага сходу выбранне (назначэнне), вызваленне ад пасады Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда, Старшыні, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыні і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама іншыя паўнамоцтвы, што перадаюцца Усебеларускаму народнаму сходу, ажыццяўляюцца ў парадку, які дзейнічаў да ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі.
Артыкул 146. Члены Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прызнаюцца членамі Цэнтральнай выбарчай камісіі і захоўваюць свае паўнамоцтвы на ўвесь тэрмін іх выбрання (назначэння).
Цэнтральная выбарчая камісія ажыццяўляе паўнамоцтвы па арганізацыі выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу пасля ўступлення ў сілу закона, які вызначае кампетэнцыю, парадак фарміравання і дзейнасці Усебеларускага народнага сходу.
Артыкул 147. Палаты Нацыянальнага сходу сёмага склікання захоўваюць свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу восьмага склікання.
Мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання правесці ў адзіны дзень галасавання ў апошнюю нядзелю лютага 2024 г.
Артыкул 148. Частка пятая артыкула 116-1 Канстытуцыі ўступае ў сілу пасля прывядзення заканадаўства аб канстытуцыйным судаводстве ў адпаведнасць са змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі і прымяняецца ў дачыненні да законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, прымененых (якія падлягаюць прымяненню) у канкрэтнай справе пасля яе ўступлення ў сілу.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
А.Лукашэнка
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.