Камяніца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Камяніца
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
Крыніца: http://old.knihi.com/dudar/


Гэты дзень пракляў глухі завулак -
для завулка страшны час прабіў.
Як манашкі, заламалі рукі
хаткі - патрухнелыя грыбы.

Муляры - народ такі вясёлы:
малаток ды песня - іх сябры.
Загудзелі людзі, нібы пчолы, -
то завулка прадсмяротны крык.

Паляцелі з ног старыя хаткі;
разнясліся з крыўдай груганы:
- Вось яны, праклятыя парадкі!..
- Вось яны, цяперашнія дні!..

Навязлі каменняў, белай вапны;
цэлы дзень працуюць муляры.
На муры скідаюць вокам сквапным
патрухнелых хат гаспадары...

- Нам бы, мабыць, гэтакіх палацаў
не пабачыць як сваіх вушэй!..
Муляры рытмуюць песню з працай,
і муры растуць штодня вышэй.

І ўзрасла надзіва камяніца.
Цешыць сэрца свежасць белых сцен.
Нават і суседняя званіца
перад ёю затанула ў цень.

Палілася сіла з жыл мядзяных,
пацякла з паверха на паверх.
І ліхтар кульгавы жоўтай плямай
перад новым светам ціха змерк.

Замільгалі ціхія газніцы
з шэрых хатак, нізкіх і сляпых.
Што яны прад стройнай камяніцай?
Як прад імі - прыдарожны пыл!..

Прыйдзе час, і з прыдарожным пылам
попелам рассыплюцца яны,
бо буяней кроў ў мядзяных жылах,
бо цвярдзейшы крок у камяніц!

І, як цені, у глухім завулку
дажываюць свой нядоўгі век,
покуль муляр з малаточкам гулкім
ім ў труну заб'е апошні цвік.

(1928)