Калі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Калі
Аўтар: Змітрок Бядуля
1919
Крыніца: Звон. - №19 (6 кастрычніка 1919 г.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі настане светлая часіна,
Што ўсе прачнуцца нашы ратаі,
Святы прамень над нашаю краінай
Калі блісне, калі?

Калі народ наш прыме пад увагу,
Што для чужых ліець ён шмат крыві,
Што для чужых ён мае шмат адвагі,
А для сябе калі?

Калі і наш сялянін зразумее,
Што ён тут сам ўладар свае зямлі,
Што на сябе павінен мець надзею.
Пад свой штандар - калі?