Каля тэрасы (1929)
Каля тэрасы Драма Аўтар: Міхайла Грамыка 1929 год |
М. ГРАМЫКА
КАЛЯ
ТЭРАСЫ
БЄЛАРУСКАЄ ДЗЯРЖАЎНАЄ ВЫДАВЄЦТВА
МІХАЙЛА ГРАМЫКА
КАЛЯ ТЭРАСЫ
ДРАМА ў 4-х ДЗЕЯХ
З ЧАСОЎ 1917 ГОДУ
БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК ———— 1929
АСОБЫ:
Барэновіч, Васіль Генадзевіч, памешчык, былы маршалак.
Генадзі, скончыў унівэрсытэт | яго сыны. |
Мікола, капітан |
Барэновіч, Андрэй Андрэевіч, стрыечны брат В. Ген., доктар.
Соф‘я Пятроўна (Софі), другая жонка Андрэя Барэновіча.
Манюня, дачка яго ад першай жонкі.
Тацяна, дзяўчына, дачка садоўніка ў Барэновічаў.
Барыка, Пётра, матрос бальтфлёту.
Сысой, селянін, салдат.
Матруна, яго жонка.
Прахайла, былы іспраўнік.
Раіса, яго дачка.
Ланцэвіч, павятовы камісар часовага ўраду.
Пігельскі, член зямельнага камітэту.
Тав. Станіслаў.
а. Іона Петрапаўлаўскі, сьвяшчэньнік.
Васіль (Вася), яго сын, „ударнік“.
Афіцэр „дзікай“ дывізіі.
Сяляне, казакі, два тэкінцы.
Дзея першая
[правіць]
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
ЗЬЯВА І
Генадзі, Манюня
Генадзі (уваходзіць з саду, кліча). Манюня, Манюня!
Ды кіньце ваш рояль. Які чароўны дзень, Манюня!
Манюня (выходзіць). Ну, што, кузэн Генадзі? У чым
справа?
Генадзі. Я кажу: які чароўны дзень… з пахам восені, — праўда?
Манюня. З пахам чырвонага лісьця. Ну, што будзем рабіць, кузэн?
Генадзі. Рабіць? Удумайцеся, Манюня, — работа, раб…
Манюня. Што? Ах вы, філёлёг. Нічога ня робіце?
Генадзі. Я люблю мысьліць, Манюня. Ды і то цяжка, — галава пачынае балець.
Манюня. Мне страшна, што ў вас і ў мяне можа быць хоць трошку агульнага ў крыві… Думаць — і то цяжка!
Генадзі. Не, не заўсёды. Я, напрыклад, люблю думаць аб вас, аб тым, як дзіўна, што наш дзядзя Андрэй пераехаў
сюды і якраз у такі страшны час…
Манюня. Пасьля революцыі?
Генадзі. Пасьля? Рэволюцыя толькі пачынаецца, Манюня…
Манюня. А я думала, што канец. Во цікава будзе!
Генадзі. Так… Танец галоў… Голавы, голавы, вышчараныя зубы…
Манюня. Добра, што сонечны дзень… — спужалася-б… Ха-ха!..
Генадзі. І ўсё голавы арыстократаў… такіх, як мы…
Манюня. А, вы — арыстократы, а? Ха-ха!..
Генадзі. Ну, і вы! Нашыя таткі…
Манюня. Таткі… А мамкі? Мая бабка ня была арыстократка. Мая маці, — таксама, значыць, у мяне толькі чвэртка гэтай самай крыві, а ў маіх дзяцей — яе будзе толькі васьмушка. Разумееце?
ЗЬЯВА II
Тыя ж і Мікола
Мікола. Што? Манюня марыць аб дзецях? Чудэсна! Ха-ха!..
Манюня. Кузэн Мікола, вы — нахал!
Мікола. О, божа мой! На жаль, я чую падобныя компліменты ня толькі ад сястрыц, але і наогул ад вашага мілага роду… які носіць заместа галіфэ… мм… як назваць…
Манюня. Сюды бліжэй, кузэн Мікола.
Мікола. З асалодай!
Манюня. Вось вам, вось вам! (Цягае яго за вуха).
Мікола. Ай-ай-ай!
Генадзі. Мікола, я забараняю паводзіць сябе так у прысутнасьці кузіны Манюні.
Мікола. Як вам падабаецца? Паводзіць сябе так! Мяне цягнуць за вуха, а я-маўчы…
Манюня. Ха-ха-ха!.. Ну вас! (Бяжыць у сад).
Мікола. Спрытная дзяўчынка Манюнька! Праўда, Генадзі?
Генадзі. У цябе вечна распуста, бруднасьць у думках. Манюня — наша сястра!
Мікола. Сястра! Дзесятая вада з чайнай лыжкі варэньня! У немцаў з дваюраднымі сёстрамі жэняцца… Ды што ты сьвятога выдаеш. Сам закахаўся, як манах у егуменьню…
Генадзі. Ты немагчымы, Ніколя! Ты… Фронт канчаткова сапсаваў цябе, зьбіў моральна…
Мікола. Калі кожны дзень на тваіх вачох з жывых людзей робяцца сушоныя ігрушы…
Генадзі. Які цынізм!
Мікола. Так! І хто гарачэй моліцца, той хутчэй ляціць да свайго бога! Так! Ды што з табой гаварыць… Вы, розныя тут паралюшнікі, сардэчнікі і іншыя — вы можаце філёзофстваваць, разважаць аб моралі, аб іншых тылавых матэрыях… А мы — франтавікі…
Генадзі. Калі вам так абрыдла ваяваць, — у чым справа? Тады бальшавікі правы — заключайце мір! Ты-ж сам, здаецца, член палкавога камітэту.
Мікола. Я член палкавога камітэту, а ты проста… Бальшавікі хітрыя! Як ты ня ўцяміш, што, па-першае, нам не дадуць заключыць міру саюзьнікі… Па-другое, і гэта галоўнае, як толькі мы скончым вайну і распусьцім усю гэтую ўзброеную мужычую масу па хатах, дык ты ўяўляеш сабе, што будзе?
Генадзі. Я думаю, Ніколя, што ўсё роўна гэта будзе.
Мікола. Што гэта?
Генадзі. Ды тое, чаго ты баішся. Я цяпер чытаю гісторыю францускай рэволюцыі. Павучальна, Ніколя.
Мікола. Ну, і навучайцеся! Нам няма часу. Нашая навука, во! (Паказвае рэвольвэр). А мір трэба заключыць тады, як мы тут крыху організуемся… (Аглядаецца).
ЗЬЯВА III
Тыя-ж і Сысой
Сысой (у шынэлю). Дзень добры, гаспадзін капітан!
Мікола. Добры дзень, гаспадзін ніжні чын.
Сысой (не заўважыўшы іроніі). Мая пляменьніца, Тацяна, тут служыць, у фальварку?
Генадзі. Так, так… (Да Міколы). Дачка садоўніка, памятаеш — Танюша.
Мікола. Добра памятаю, ну дык што?
Сысой. Так што, прышэдшы ў водпуск… самі мы бязьдзетныя, я і Матруна… адна пляменьніца, сястры-нябожчыцы дачка.
Мікола. Нам што да вашага сямейнага стану, гаспадзін…
Генадзі. Тацяна там, у садоўніцкай хаце. (Да Міколы). Садоўнік Піліп памёр месяцы тры таму…
Мікола. Я чуў…
Сысой. Дык пабачыць-бы пляменьніцу…
Мікола (да Генадзія). Клікні праводзіць… Да пляменьніцы дзядзюшку… Я цяпер ня ведаю, якія тут у вас парадкі…
Генадзі. Я праводжу вас, — во сюды можна. (Выходзяць з Сысоем).
ЗЬЯВА IV
Мікола, Манюня і Тацяна
Манюня. Знаёмцеся, грамадзянін Мікола, — грамадзянка Тацяна…
Тацяна (крыху саромліва, але ясна). Мы знаёмы з паніч… з Міколам Васілевічам…
Мікола. Танечка! Як ты вырасла, расьцьвіла, закрасавала…
Тацяна (успыхнуўшы). Вам так здалося.
Манюня. Дзіўна! Вы яго на „вы“, а ён вас на „ты“… Цяпер…
Мікола. Свабода, роўнасьць, брацтва! Революцыянэрка мая кузіна! А мы з Танечкай лепш будзем і не на не на „вы“, а на „мы“ — праўда, Танечка?
Тацяна. Я вырасла, Мікола Васілевіч.
Манюня. Ну, вы разьбірайцеся ў вашых адносінах, — бачу — вы даўно знаёмы, а я пайду сыграю што-небудзь.
Мікола. Кузіна Манюня так захапляецца музыкай, што я не адважваюся яе спыніць.
Манюня. Я іграю, каб хоць музыкай прымаць удзел у жыцьці… хоць гукамі рояля… (Зьнікае).
Мікола. Так… Ах, так, Танечка… Прабачайце Тацяна… э-э…
Тацяна. Майго тату звалі Гнат, калі вам так хочацца…
Мікола. Так, так, Гнат! Ах, галава! Вось што значыць фронт, Танечка. Я-ж контужаны.
Тацяна. Я чула… Вы нешта хацелі сказаць…
Мікола. Ах, так. Толькі што пытаўся цябе… вас… дзядзя, дзядзька нейкі.
Тацяна. Дзядзя Сысой? Ён тут? Вярнуўся з фронту? Куды-ж ён пайшоў?
Мікола. Яго праводзіў Генадзі, не клапаціся, Танечка…
Тацяна. Я пайду.
Мікола (азірнуўшыся. Чуваць акорды). А маліньнічак памятаеш, Танечка? А гаёк на могілках?..
Тацяна. Мікола… (Хоча ісьці, ён заступае дарогу).
Мікола (з запалам). Заві мяне так… памятаеш, каля кладкі, як купацца ішла, такая саромлівая… вочкі ў зямлю…
Тацяна. Сорам вам… Сталы чалавек, пагоны…
Мікола. Пагоны! Пагоны хутка скінуць з нас, Танечка. (Хоча абняць).
Тацяна. Мікола Васілевіч! Кіньце ўспамінаць! Я была дворнай дзяўчынкай, вы — звычайны разбэшчаны паніч! Кіньце! Жартаваць з сабой, як раней… я вам не дазволю зараз…
Мікола. Зараз рэволюцыя… Так?
Тацяна. Так, зараз рэволюцыя… пачалася…
Мікола. Пачалася? Можа канчаецца?
Тацяна. Пачалася. (Зьнікае).
Мікола. Манюня, кузіна Манюня. (Убягае шпарка ў пакой).
ЗЬЯВА V
Стары Барэновіч і Софі
Софі. І не кажэце, Васілі Генадзевіч! Андрэй Андрэевіч орыгінал, демократ!
Барэновіч. Вам, Соф‘я Пятроўна, брат не апавядаў пра нашую фамілію?
Софі. Фамілію? — Не. Раскажэце, цікава.
Барэновіч. Правільна наша фамілія Барановіч, а яшчэ правільней Баррэн… Барэнн…
Софі. Француская?
Барэновіч. Ну так. Наш продак быў француз.
Софі. Цікава! Значыць, у вас ёсьць частка гэтай жвавай, вясёлай крыві. А?
Барэновіч. Ннда, так! Праўда, яна разбаўлена… Але… у свой час, так гадкоў мм.… ну… ннда…
Софі. Ах, вам няможна даць вашых гадоў… Вы так добра адчуваеце сябе…
Барэновіч. Адчуваў, Соф‘я Пятроўна! На вялікі жаль толькі да февраля, калі праклятыя февралісты… Я называю так усіх, хто прымаў удзел… нннда… у агіднай справе… нізрынуцьця законнага гаспадара вялікай дзяржавы… ннда…
Софі. Ваш брат, мой муж, не такі прыхільнік монархіі.
Барэновіч. Болей таго, ваш муж — рэволюцыянэр! Барэновіч — рэволюцыянэр! Хто-б мог думаць! Проста, проста… н-да…
ЗЬЯВА VI
Манюня і Мікола
Манюня. Добры дзень, Соф‘я Пятроўна! А татка ня прыехаў з гораду?
Софі (холадна). Дзень добры, Манюня. Папа ня прыехаў, заняты.
Мікола. Як маецеся, Соф‘я Пятроўна. (Цалуе руку).
Софі. Мэрсі. Манюня, як ты сябе адчуваеш? Бачу, што добра. Дзе-ж старэйшы кузэн?
ЗЬЯВА VII
Тыя-ж і Генадзі
Манюня. А вось ён.
Генадзі. Добры дзень, цёця Соф‘я Пятроўна.
Мікола. Я-б на месцы Соф‘і Пятроўны пакрыўдзіўся за, „цёцю“…
Барэновіч. Што ты, Ніколя, чаму?
Генадзі. Я не хацеў… (цалуе руку).
Софі (да Міколы). Вам-бы я не даравала, а Генадзію…
Манюня. Генадзі шчыра сказаў.
Барэновіч. Манюня мае рацыю. Наш Генадзі…
Мікола. Ды бярэце сабе гэтага сьвятошу, калі ласка. Цалуйце яго, Манюня, цалуйце… (Прыцягвае Генадзія да Манюні).
Генадзі. Кінь, Мікола, кінь!
Барэновіч. Ніколя, я забараняю.
Манюня. І пацалую Генадзія, а ня вас. (Цалуе Генадзія).
Барэновіч. Ннда, Манюня! Ннда, ннда!
Софі. Манюня — ты прогрэсуеш! Паветра тут, у „Ліпках“, робіць цябе зусім незалежнай і сьмелай!
Манюня. Такой мяне выхаваў мой татка, я дзякую яму.
Софі. Ну, вядома — ня мне!
Барэновіч. Генадзі, што новага ў нас у маёнтку?
Генадзі. Прышоў Сысой, дзядзька Тацяны.
Барэновіч. Сысой? Які Сысой? Аа… ннда, брат яе… яе нябожчыцы-маткі… ннда.
Манюня. А мы пасябраваліся з Тацянай — слаўная дзяўчына, такая простая, ясная…
Мікола. Ну, ня зусім простая і ясная…
Софі. Манюня ўся цягнецца да „прастаты“, да пэйзанства, да мужыцтва.
Барэновіч. Ну, Тацяна, яна граматная, яна добра граматная. Ннда… Каб яе бацька, ннда… садоўнік Гнат… памёр раней, ёй было-б лепей… ннда…
Манюня. Гэта чаму-ж, не разумею, дзядзя?
Барэновіч. Тады можна было-б аддаць яе вучыць далей, а Гнат не хацеў, ннда… Словам, ннда, Манюня, гэта нішто, калі ты пасябравалася з ёю, ннда…
Генадзі. Тата, праўда, што яе маці была надзвычайна прыгожай кабетай?
Барановіч. Яе маці… дваццаць гадоў назад… ннда… пажалуй, ннда, паколькі можа быць „прыгожай“ жанчына з вечна бруднымі ад зямлі нагамі, ннда. А? Што, Соф‘я Пятроўна? Як ваш аўторытэтны погляд.
Софі. Я не ўяўляю сабе жанчыны, ну, дамы з бруднымі нагамі…
Мікола. Розна бывае! Розна бывае, „цётачка“!
Манюня. А я ўяўляю сабе жанчын ня толькі з такімі нагамі, але…
Генадзі. І з рукамі, Манюня?
Манюня. І з рукамі, і з душой, Генадзі.
Мікола. Чорная „душа“ пры вогненых валасох — вось гэта я разумею. Гэта шык!
Барэновіч. Ніколя, я-б спыніў цябе, але ты ўвесь у мяне, як я быў малады. Баррэн! Баррэн! Француская кроў!
ЗЬЯВА VIII
Тыя-ж і а. Іона
Усе (апрача Манюні, Софі). Айцец Іона, проша!
Іона. Іду і чую „кроў, кроў“! Сказана — „і пійце ад яе ўсі, сія бо есьць кроў мая новага завету, за вы і за многае зьліваемая!“
Мікола. Ха-ха!.. Тут была гутарка зусім аб іншай крыві, бацюшка!
Іона. Ісьціна адзіна, сын мой! Ну, як жывяце, Васілі Генадзевіч? Чуў, што госьці ў вас?
Барэновіч. Ннда! Знаёмцеся, супруга брата майго стрыечнага, Соф‘я Пятроўна, і дачка яго — Мар‘я Андрэеўна, Манюня Баррэновіч!
Іона. Высокая ступеня прыемнасьці! Дзіўны справы твае госпадзі! У такой маладой мамашы і такая, яко грозьдзь вінаградная, дасьпелая дачка!
Софі. Манюня — дачка майго мужа, а я ёй мачыха.
Іона. Ааа… і ўсё-ж дзіўны справы твае, госпадзі! Вось у нас, у нашым духоўным званіі па другому разу не абвянчаешся. Прэбывай у вялікім пасту!
Генадзі. А як-жа ксяндзы?
Іона. Ну… Ха-ха-ха!
Манюня. Пайду да Танічкі.
Генадзі. Можна мне праводзіць кузіну?
Манюня. Калі ласка!
Софі. А дзе жыве ваша Тацяна?
Генадзі. У канцы маладога саду, за дарогай.
Мікола. Ты-б застаўся, Генадзі.
Генадзі. Я?
Мікола. Хаця ідзі, ідзі! Ад цябе тут карысьці мала.
Барэновіч. Нда, нда. Ніколя — увесь у мяне!
Іона. Як і падабае добраму сыну.
Мікола. А дзе-ж ваш сын, бацюшка?
Іона. Вася? Зьбіраўся прысьці да вас, зьбіраўся… Але ці ўсочыць айцец за сынам у наш час. Муж жану не абрэце на ложы сваем, а ня тое што… Паверыце, Васілі Генадзевіч, за гэтыя поўгода народ да таго разбэсьціўся! Моладзь гару пачынае браць. А куды можа прывесьці моладзь?
Барэновіч. Ннда. Псыхічныя цэнтры яшчэ не ўсталяваны, не організаваны, як кажа псыхалёгія, нда, нда…
Іона. У тым і бяда, Васілі Генадзевіч, што цэнтры якраз добра ўсталяваны ў іх і організаваны! А толькі гады іхныя…
Мікола. Справа не ў гадох, бацюшка! Я малады, праўда?
Іона. Яко Давід прэд Саулам.
Мікола. Так вось. А погляды мае адпавядаюць хутчэй чыну, як гадом.
Барэновіч. Сталыя ў Ніколя погляды, бацюшка! Увесь у мяне Ніколя. Нда!
Мікола. Ну, папаша, поглядаў яшчэ мала. Трэба мець волю бараніць іх, праводзіць у жыцьцё сваё тое, што ты лічыш сваім…
Іона. Правільна!
Мікола. Дзіўлюся нашым памешчыкам, дваранам, усім, хто застаўся за бартом. Як мы скарыстоўваем гэтую знамянітую свабоду? Бальшавікі вядуць агітацыю на ўсю моц. Вынікі на далоні. Петраград ня сёньня—заўтра паўстане.
Іона. Ну? і скіне часовы ўрад?
Мікола. Ясна.
Іона. Слава вышняму! Я заўсёды думаў, што сталіца пакаецца і верне законнага монарха.
Мікола. Што? Што вы, бацюшка? Ха-ха, сталіца скіне Керанскага, каб перадаць уладу бальшавіком.
Барэновіч. Што ты, Ніколя? Ты нас пужаеш!
Мікола. Так, 4-га ліпня юнкеры і казакі выручалі Керанскага… А што ён зрабіў, каб умацаваць свой габінет? — Карнілаў хацеў павесьці справу далей, — вёў войска на Петраград, каб разагнаць Саветы.
Барэновіч. Божа, божа! Няўдача Карнілава гэта ня меншае гора для Расіі, як лютаўская рэволюцыя.
Мікола. Керанскі быў у згаворы з Карнілавым — гэта факт!
Іона. Керанскі за адно з Карнілавым?
Мікола. І спужаўся савету рабочых дэпутатаў — выдаў яго, прыкінуўся ворагам.
Іона. Словам, адрокся, яко апостал Пётра ад Хрыста, — мярзавец!
Мікола. Так! Я і кажу: нам трэба організавацца. Настрой сялянства ясна выражаны. Чыталі 242 наказы сялянскіх дэпутатаў?
Іона. Прызнацца, пасьля таго, як сучасным правіцельствам закрыта газэта „Сьвет“, — ісьціны сьвет, я ня чытаю нічога, — навошта! — Суета-сует і ўсячаская суета!
Барэновіч. Ннда! Я-б сам, бацюшка, з вялікай ахвотай ня чытаў сучасных газэт… Ннда!
Мікола. Вось, вось! Гэта характарна! Мы надта лёгка здалі свае позыцыі! Але мы не акапаліся на новых і нам прыдзецца адступаць і адступаць да самага…
Барэновіч. Ніколя, ты настроены занадта пэсымістычна, хаця вядома…
Мікола. Адступаць да самых асін, на якіх нас павесяць!
Іона. Што вы, што вы, Мікола Васілевіч? Да міне нас чаша сія!
Барэновіч. Што нам рабіць, Ніколя? Навучы, організуй! Пакажы прыклад усім памешчыкам.
Мікола. Я і прыехаў… Агледжуся… Орыентуюся… Перш за ўсё мы павінны мець сувязь з штабам, са стаўкай… па- другое, быць усе ўзброены з галавы да ног… Я наконт апошняга крыху паклапаціўся… Па-трэцяе, генэрал Карнілаў, які зараз…
ЗЬЯВА ІХ
Тыя-ж і матрос Барыка
Барыка. Прабачайце, магу я бачыць капітана Бараловіча?
Барэновіч. Вы хочаце сказаць — Баррэновіча?
Барыка. Я кажу, звычайна, тое, што хачу… а ў фаміліі можа і мыляюся…
Мікола. Ня важна, папаша! Я капітан, што вам угодна ээ… таваішч?
Барыка. Я матрос бальтфлёту і член матроскага камітэту з „Аўроры“.
Мікола. Бачу. Надта прыемна. Я член палкавога камітэту.
Барыка. Ведаю… Тут на адпачынку, пасьля кантузіі…
Мікола. У наступленьні 19-га чэрвеня… Але вы надзвычайна добра асьвядомлены… ээ…
Барыка. Дзіва! Я родам з нашага павятовага гарадку а вы тут усім вядомы, як…
Мікола. Ну так! Дык чым магу быць карысны?
Барыка. Карысны? Цяжка пакуль сказаць. Проста, я, даведаўшыся, усё-ж член палкавога камітэту — недалёка, тут схадзіць… ну, дык вось…
Мікола. А, так! Ну, што-ж, проша! Таксама ў адпуску?
(Барэновіч і сьвяшчэньнік ідуць у пакой).
Барыка. Я ранены.
Мікола. Флёт, здаецца, даўно ня прымаў удзелу…
Барыка. На моры, а на вуліцах, з вінтоўкай.
Мікола. Ах, на вуліцах… У лютым?
Барыка. Крыху пазьней…
Мікола. 4—5-га ліпня ў Петраградзе?
Барыка. Можа і там.
Мікола. Разумею… так, так. Вы бальшавік?
Барыка. Я матрос бальтфлёту.
Мікола. Ах, вы ня хочаце быць са мной шчырым… у такім разе не разумею вашага візыту, гаспадзін бальтыец!
Барыка. Проста цікава было, што было, што за член палкавога камітэту. Так як у нас, ці не… Калі гэта вас нэрвуе, калі ласка: маёнтак ваш!
Мікола. Дадайце яшчэ слова: „пакуль што ваш“. Ха!
Барыка. Можа і так… Дзіўна, як гэта лёгка расхваляваць пана!
Мікола. Пана? Пры чым тут „пан“! Я перш-на-перш — салдат!
Барыка. Хоць і ў залатых пагонах…
Мікола. Хаця-б сабе і ў залатых пагонах, — калі для вас гэта так важна!
Барыка. Нам ня важна, мы іх ня носім!
Мікола. Салдат-франтавік — тры гады на фронце, у акопах… гэта таксама для вас ня важна? Вас дзівіць, што я нервуюся?
Барыка. Што лёгка ўзрушыць вас…
Мікола. У кожнага культурнага чалавека ёсьць нервы гаспадзін матрос!
Барыка. А ў матросаў нэрваў гэтых самых — няма вядома!
Мікола. Я гэтага не кажу.
Барыка. Але думаю! Ну, добра. Болей мне нічога не патрэбна тут… бывайце.
Мікола. Цікава! Прышлі „паглядзець“, як сябе адчуваюць зараз „паны“!
Барыка. Ясна, што цікава — асабліва тыя, што хочуць іграць яшчэ нейкую ролю…
Мікола. І сыграюць, будзьце пакойны!
Барыка. Вось-жа і цікава пабываць на рэпэтыцыях… бывайце!
ЗЬЯВА X
Тыя-ж, затым Софі, Генадзі, Манюня
Софі. Манюня вечна ідэалізує: Тацяна — звычайная вясковая дзяўчына, ня болей.
Манюня. Але і ня меней!
Барыка. Гэта добра сказана! Нават дзіўна, што вы не вясковая, як відаць… Бывайце! (Зьнікае).
Манюня. Хто гэты матрос?
Мікола. Большавік, нахал! Помесь францускага санкюлёта з тутэйшым паўстанцам! Прышоў на вылазку з сваіх бальшавіцкіх акопаў: выведаць, як адчуваюць сябе „паны“!
Софі. Чаму вы не арыштавалі яго, Ніколя?
Генадзі. Цяпер! Што вы, цёця? Мы ня маем права! Мы цяпер толькі жывем!
Мікола. У пэрыод революцыі правы і законы ня пішуцца, а бяруцца сілком і высякаюцца шаблямі на чарапох! Можа быць Соф‘я Пятроўна і мае рацыю. Ва ўсякім разе трэба наглядаць за ім!
Манюня. А ўсё-ж вочы ў яго выразныя і сам…
Генадзі. Захапіліся? Кузіна Манюня, захапіліся? Праўда!
Мікола. Што-ж, гэта ў характары Манюні! Якая розьніца: матрос, афіцэр!
Манюня. Розьніца ёсьць, кузэн Мікола! (Уваходзіць у дом).
Софі. Манюня з яе выхаваньнем часам робіцца… проста… няпрыемнай…
Генадзі. Яна можа выйсьці замуж за… за… проста за якога-небудзь… Хаця і гэта ня важна! Што важна цяпер!
Мікола. Не твае разважаньні, ва ўсякім разе!
Софі. Я бачу, што Ніколя ня ў гуморы, Генадзі, пакажэце мне, як прайсьці на возера.
Генадзі. З вялікай ахотай, цёця Соня! Там лебедзі, праўда, толькі пара. (Выходзяць). (Мікола аглядае свой рэвольвер і ідзе ў другі бок саду).
ЗЬЯВА XI
Барыка, Сысой, Тацяна
Барыка (зірнуўшы на балькон). Аа, нікога! Як разагнаў хто! Не, нехта іграе там, у пакоях…
Тацяна. Гэта Манюня, дачка доктара. Прыехалі сюды нядаўна…
Барыка. Добра іграе, праўда, Тацяначка?
Сысой. Спэцыяльна! Ну, мусіць, вучылася, паненка!
Барыка. Навучымся і мы, пачакайце! Самі-ж нас вучыць будуць гэткія паненкі…
Тацяна. Яна слаўная гэтая Манюня, нібы не паненка зусім…
Сысой. Ат! Адна пся костка!
Барыка. Ну, Сысой, разьбірацца таксама трэба, — не ў адзін хлеў усё быдла!
Тацяна. Ведаеце, дзядзечка Сысой і вы Пётра. Вось нічаму не зайздрошчу панскаму — ані сукням, ані дываном, а таму што яны асьвечаныя, выхаваныя — зайздрошчу, прызнаюся — зайздрошчу!
Сысой. Ды ўсё забраць, толькі бяды!
Барыка. Калі толькі жыць захочуць, дык і асьвету перададуць нам, Тацяначка! Манюня яшчэ вас вучыць будзе.
Тацяна. Каб-жа! Ну, бывайце, дзядзечка і Пётра! Дзякую, што наведаліся, — адна я цяпер тут, як татка памёр. (Хоча ісьці на ганак).
Барыка. Куды вы, Тацяначка?
Тацяна. Да аканома, справа ёсьць, Пётра…
Сысой. Заходзь да нас.
Тацяна. Добра, добра, калі зайду! (Зьнікае назад у сад).
Барыка (да Сысоя, азірнуўшыся). За імі цяпер за ўсімі сачыць трэба. Ані на момант без свайго вока!
Сысой. Абізацельна!
Барыка. У кожным такім панскім куточку сядзіць, братка, контррэволюцыя.
Сысой. Контррэволюцыя?
Барыка. А ты думаў! Паабіралі ў камітэты розных палкоўнікаў ды капітанаў, вядома, па дурасьці, а цяпер…
Сысой. Па дурасьці, таварыш Барыка! Правільна, яшчэ тады па навіне, як цара скінулі. Яны-ж гэта „мы з вамі, братцы!“
Барыка. Ага, з вамі! А пасьля — Карнілава хочаш? Знаем мы іх! Вось адзін з такіх камітэцкіх тут, гэты капітан.
Сысой. Вось гэны? Ого! Мы іх усіх з маленства ведаем. Генадзі — той нейкі прыдуркаваты, а гэты — ого!
Барыка. Словам, браце, сачы! Ня я буду, калі ў самую! панскую гасьціную не забяруся, а не, дык…
{{разьбіўка|Сысой. У спальню пэўней будзе, так, таварыш Барыка.
Барыка. Ха-ха-ха! А ну цябе, Сысой!
Сысой. Гэта я так, глупства. Што я хацеў табе сказаць? Я, брат, уродзе як дызэртыр…
Барыка. Дызэртыр?
Сысой. Ага! Керанскі загадаў: трэба, каа, ваяваць ды загінуць, каа, за зямлю, і волю, каа. А навошта мне тая зямля, калі…
Барыка. Керанскі ня даў ні зямлі, ні волі! Усё адкладае на Ўстаноўчы Збор. А каб настаяшча адабраць ад паноў зямлю, ад капіталістых — вольную працу, дык за гэта варта загінуць, так ты і ведай.
Сысой. Ага, вось як!
Барыка. І калі-б ты ўцёк з таго, нашага фронту, як будзем адбіваць зямлю і волю, дык, браце, не падарую!
Сысой. Правільна! Страляй тады, во сюды ў грудзі. Правільна!
Барыка. Загіне не адзін!
Сысой. А каб так, не загінуць? А, таварыш Барыка? Каб, значыцца, паваяваць, адабраць усё, што трэба, ды каб пажыць пасьля, а? А то — абідна, таварыш Барыка!
Барыка. Можа і пажывем, ня ў тым рэч!
ЗЬЯВА XII
Тыя-ж і Матруна
Матруна. А я цябе шукаю. Прабачайце, таварыш… я…
Сысой. Ну што там яшчэ? Што здарылася?
Матруна. Ды там. (Шэпча яму). Прабачайце, гаспадарскія справы… Улез проста ў хату… я, каа, з дзікай дывізіі.
Сысой. Што? Дык як-жа так? Якое мае права? Ну, я зараз, таварыш Барыка. Дык я забягу ў горад да цябе.
Барыка. Заходзь, заходзь!
Матруна (у бок ганку). Жывуць! іграюць, балююць. Нібы нішто ніякае! і навошта тады гэтая леваруцыя?
Барыка. У тым і бяда, цётка, што дагэтуль была толькі праваруцыя, а цяпер і леваруцыя будзе!
Матруна. Хіба што так! (Да Сысоя). Ну, пойдзем! (Ідуць).
ЗЬЯВАXIII
Барыка і Манюня.
Манюня. Вы… вам… каго?
Барыка. Нікога і нічога! Слухаў як вы іграеце — толькі!
Манюня. Ну што-ж, мне прыемна… Заходзьце.
Барыка. Дзякую.
Манюня. Я думала, што мяне слухалі толькі старажытныя портрэты ў залі!
Барыка. Аж тут жывы матрос! А скажэце, навучыць іграць вы змаглі-б?
Манюня. Іграць на роялі? Я ня ведаю, ня вучыла дагэтуль…
Барыка. Каб прышлося… Тацяну, напрыклад, што тут жыве?
Манюня. Тацяну? Яна слаўная, яе з ахвотай… А што яна ваша…
Барыка. Нявеста. Хоць нядаўна пазнаёміўся з ёю… Яна гаварыла пра вас, таксама хваліла.
Манюня. Ну, я…
Барыка. Такія, як вы, могуць застацца жыць нават пасьля рэволюцыі, нават патрэбны!
Манюня. Нават? А іншыя? Хто не „такія“?
Барыка. Далоў з жыцьця!
Манюня. А калі і тыя захочуць жыць?
Барыка. Ясна, што захочуць! Прыдзецца біцца з імі!
Манюня. А хто-ж гэта, „такія, як я“?
Барыка. Хто можа і хоча перадаць нам вашае культурнае жыцьцё.
Манюня. Культуру? Вам?
Барыка (з запалам). Так! Вы ня ведаеце, як мы любім, як шануем вось музыку, іншае там! Мы зробім так, што вашую ігру будуць слухаць сотні, тысячы! Усе будуць працаваць, але лёгка, павольна, па сваіх здольнасьцях.
Манюня. Соцыялізм?
Барыка. І ўсім хопіць сонца і садоў, і кветак! Трэба толькі зразумець, на момант адчуць, паненачка…
Манюня. Я завуся Мар‘я…
Барыка. Ну, Мар‘я, Манюня, — усё роўна! У сэрцы трэба адчуць, ці каля яго, ня ведаю, што кожнаму хочацца жыць добра, прыгожа…
ЗЬЯВА XIV
Тыя-ж, Мікола з аднаго боку і Тацяна з другога
Тацяна. Пётра, вы яшчэ тут?
Мікола. Ха-ха-ха! Жыць прыгожа захацелася! Добрая агітацыя вядзецца і мусіць па загаду матроскага камітэту з „Аўроры“?! Барыка. Гаспадзін капітан!
Мікола. Ну, кузіна Манюня, як вы ўспрымаеце агітацыю?
Манюня. Я ўспрымаю ўсё, як належыць, кузэн Мікола!
Барыка. Тацяначка, я тут…
Тацяна. Я бачу, што тут… Мар‘я Андрэеўна, я да вас…
Манюня. Добра, Танечка, дык мы пойдзем. (Бяруцца за рукі, уваходзяць у дом).
Мікола. Ну-с!
Барыка. Каму мінус, каму плюс! (Адыходзіць).
Мікола (усьлед ціха). Мерзавец…
Барыка (крута павярнуўшыся). Што вы сказалі? (Бярэцца за кішэню).
Мікола. Ня вам!
Барыка. Ясна, самому сабе…
Мікола (таксама хапіўшыся за кабуру). Што?
Барыка. Да пабачэньня! (Зьнікае).
ЗАСЛОНА
Дзея другая
[правіць]
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
Кавалак панскага парку перад вёскай. Відаць кавалак гумна.
Сысой, ударнік Петрапаўлаўскі, сяляне.
ЗЬЯВА I
Сысой і ўдарнік
Сысой. Ды што там, „урэменнае правіцельства“! — Калі ўрэменнае, часова, значыцца, дык і ўхадзі, здавай позыцыю, адступай!
Ударнік Петрапаўлаўскі (з нарукаўнікам, на якім чэрап). Дазвольце, грамадзянін Сысой! А каму здаваць позыцыю?
Сысой. Ну, каму?
Ударнік. Урэменнае правіцельства абрана гасударсьцьвенай думай?
Сысой. Ну, думай!
Ударнік. Пасьля рэволюцыі?
Сысой. Пасьля рэволюцыі!
Ударнік. Значыцца, законна?
Сысой. Ну, законна!
Ударнік. Цяпер, па палажэньню, урэменнае правіцельства павінна здаць уладу Учрадзіцельнаму сабраньню, так?
Сысой. Хай будзе так, дык што?
Ударнік. Вот, значыцца, трэба чакаць! Вось чаму яно і ўрэменнае.
Сысой. Ну, а ўстаноўчы гэты самы збор, што ён будзе рабіць?
Ударнік. Ну! Устаноўчы збор, як вы кажаце! Ён усё установіць і зробіць. Па-першае, дзяржаўны лад: што ў нас павінна быць: монархія ці рэспубліка.
Сысой. Як? Дык ён можа і монархію зноў вярнуць?
Ударнік. Ну, калі, скажам, большасьць Устаноўчага збору захоча монархію, вядома, не самадзяржаўе, а констытуцыйную монархію на манер Ангельшчыны і іншых культурных краін.
Сысой. Ды як…
Ударнік. Калі захоча большасьць, вядома… яны-ж абраньнікі народу… яны-ж…
Сысой. Я ня хочу монархіі, вот тут мы ўсе, вунь, што гудуць там, — тады што?!
Ударнік. Дык гэта я так толькі кажу, чаго вы! Устаноўчы збор будзе разьвязваць і іншыя пытаньні.
Сысой. Пра зямлю?
Ударнік. Ну так, скажам, пра зямлю: як валадаць, хто мае права валадаць. Ці трэба выкуп на зямлю памешчыкам, ці так бяз выкупу…
Сысой. Дык той збор можа прымусіць мяне плаціць за зямлю памешчыкам?
Ударнік. Ат, які вы! Калі пастановіць!
Сысой. А мне такой пастановы ня трэба. Мне трэба такая пастанова, якая… якая мне трэба. Во! — на чорта мне тады той Устаноўчы збор? (Плюецца. Адыходзіць).
Ударнік (усьлед). Вас бальшавікі з‘агітавалі, пазьбівалі з правільнай дарогі. Чэрнь!
ЗЬЯВА II
Барыка, ударнік
Барыка. Ха-ха! Злуяцеся, гаспадзін ударнік? Цяжкавата з народам гаварыць… вам, га?
Ударнік. З цёмным народам, так, цяжка… аа…
Барыка. А з сьветлым, беленькім, куды лягчэй, ха-ха!..
Ударнік. Мір без анэксій і контрыбуцый? Ды вы ведаеце, таварыш з „Аўроры“, што нашы салдаты думаюць, што Анексія і Контрыбуцыя — краіны такія — ха-ха!..
Барыка. Што-б яны ні думалі, але прымаюць такія лёзунгі. А вашых разумных і зразумелых — „вайна да пабеднага канца“ — ня прымаюць!
Ударнік. Ведаем лёзунгі вашых лістовак: „Акопнай праўды“, „Дызэртырскай праўды“ і іншых вашых „Праўд“. Вы самі, таварыш матрос, ня ведаеце, што вы слугі германскага генэральнага штабу!
Барыка. І вам ня сорам, гаспадзін ударнік, паўтараць плёткі базарных кумак пра плямбірованыя вагоны?
Ударнік. А што-ж, няпраўда, скажаце?
Барыка. Ды вы чулі калі-небудзь тав. Леніна, або іншых нашых правадыроў!
Ударнік. Ня чуў, дзякуй богу, і не жадаю чуць!
Барыка. Вось-жа! А яшчэ асьвечаны, здаецца, чалавек. Я ведаю толькі, што калі гаворыць з намі Ленін ці іншы хто з яго партыі — дык гэта тое, што нам, матросам, рабочым, салдатам хочацца чуць! Яны гавораць пра тое, што нам хочацца, каб было. Вам гэта зразумела?
Ударнік. Ну, вядома! Ня так лёгка мяне зьбіць, таварыш бальтыец. Я ня Сысой які-небудзь!
Барыка. Калі трэба будзе, дык пазьбіваем і вас!
Ударнік. Што? Гэта мы вас пазьбіваем! Галоўнае, вашыя галоўкі там, кіраўнічкоў…
Барыка. Ой, рукі кароткія, гаспадзін ударнік!
Ударнік. А што? — можа зноў захацелі „выступіць“? — А памятаеце 5 і 6 ліпеня здорава вас тады лупцавалі ў Піцеры. І хто — юнкеры адны! Эх вы! Э-э, ды ці ня там і вас „пачаставалі“, ранілі? Толькі цяпер мне прышло ў галаву… трэба будзе…
Барыка. Што? Падказаць можа тут, каб злавілі? Шаліш! (Бярэцца за кішэню, як-бы за рэвольвэр).
Ударнік. Не запужаеце! (Пагражаючы разыходзяцца) Паглядзім.
Барыка. Паглядзім, калі наладзім. Карнілавец!
Ударнік. Я… я вас… бальшавік! (Уцякае).
ЗЬЯВА III
Пігельскі, Лапцэвіч
Лапцэвіч. Проста галава дурэе! Што там у Петраградзе, хто там у Петраградзе, — Керанскі, Саветы? Нічога не разьбяру!
Пігельскі. Бальшавікі рыхтуюць выступленьне падобна ліпеньскаму, рыхтуюцца ўсюды і ва ўсе жылы…
Лапцэвіч. І даюць сваімі падрыхтоўкамі грунт для організацыі контррэволюцыі! Каб не яны, рэволюцыя спакойна ішла-б наперад. Яны кідаюць каменьні на яе дарозе...
Пігельскі. А з другога боку, вы думаеце, Керанскі перамог-бы Карнілава, каб не агітатары і лістоўкі сярод салдат 3-га корпусу, што ішоў з ім на Петраград?
Лапцэвіч. Гэта так…
Пігельскі. Разграмі гэты чорненькі генэральчык Петраградзкі гарнізон, — і тады ня толькі бальшавікі, але і сам Керанскі і ўсе мы, паколькі мы соцыялістыя, — віселі-б на… Масы ідуць за бальшавікамі…
Лапцэвіч. Няўжо масы ня могуць дачакацца Ўстаноўчага збору? Які-небудзь месяц — і ўсё разьвяжацца.
Пігельскі. Ня зусім так проста, таварыш павятовы камісар. Няўжо вы думаеце, што памешчыкі так і аддадуць пакорна свае землі, капіталістыя — свае фабрыкі, як пастановіць Устаноўчы збор?
Лапцэвіч. Ну, а як-жа? Калі большасьць пастановіць?
Пігельскі. Гэта наіўна! Так думаць могуць толькі правыя эсэры!
Лапцэвіч. Дазвольце, таварыш левы эсэр! А вы як думаеце? Вы-ж таксама падтрымліваеце Устаноўчы збор? Вы-ж рыхтуецеся да выбараў?
Пігельскі. Мы… ня зусім так. Але мы, наш камітэт не атрымаў яшчэ дырэктыў ад таварыша… як яе… Сьпірыдонавай.
Лапцэвіч. Вось, тут і бяда. Бальшавікі — адзіны! А мы — рэволюцыйная дэмократыя — пабіліся на эсэраў правых, цэнтральных, левых, эсдэ, інтэрнацыяналістых, меншавікоў. У нас Чарноў супраць Сьпірыдонавай.
Пігельскі. Цэрэтэлі і Дан супраць Аўксеньцьева і Гоца, — натуральна!
Лапцэвіч. Мы павінны быць аб‘яднаны прыхільнасьцю да революцыі.
Пігельскі. Яшчэ кадэтаў дадайце сюды, ха-ха!
Лапцэвіч. А што-ж, паколькі яны за дэмократычную рэспубліку. Яны-ж засядаюць у Савеце Рэспублікі.
Пігельскі. У тым і бяда!
Лапцэвіч. Ды вы што, таварыш Пігельскі? Вашыя левыя эсэры ў канцы канцоў з бальшавікамі пойдуць?
Пігельскі. Як вам сказаць, таварыш Сьпірыдонава кажа, што… Мы павінны прыняць самы актыўны ўдзел у зьезьдзе саветаў…
Лапцэвіч. У зьезьдзе саветаў? Гэта напярэдадні Устаноўчага збору? Ды вы губіце рэволюцыю! Прыдзе зноў другі Карнілаў і раскідае вас!
Пігельскі. Якраз наадварот! Вы з вашай коаліцыяй з буржуазіяй і выклічаце новага Карнілава! Вы павінны ісьці з намі!
Лапцэвіч. Чарноў ніколі не пагодзіцца… з… з… гэтымі вашымі… (Зьнікаюць).
ЗЬЯВА IV
Натоўп сялян
Сысой. Вось і таварышы з гораду. Пойдзем у гумно, там будзе сход.
Усе. Ага! У гумно панскае! Там лепей будзе!
Матруна. А яшчэ лепш было-б у самы палац, там самая выгода!
Усе. А што-ж! Добра баба прыдумала. Пара. Час надышоў!
Лапцэвіч. Што вы, што вы, таварышы сяляне? Вы хутчэй пераступіце праз мой труп, — труп павятовага камісару часовага ўраду!
Сысой. Які-ж ён урад, калі ён часовы?
Лапцэвіч. Гэта бунт!
ЗЬЯВА V
Тыя-ж і Барыка
Барыка. Гэта рэволюцыя! Пара на месцы рабіць тое, што сказана ў наказах сялянскіх дэпутатаў! — У гумно, таварышы сяляне! Зараз прыедуць яшчэ нашыя з гораду.
Галасы. Хто? Бальшавікі?
Барыка. Так!
Галасы. Хадзем! Хадзем усе! (Ідуць у гумно).
Пігельскі (да Лапцэвіча). Ну, што-ж? Пойдзем, таварыш Лапцэвіч?
Лапцэвіч. Я туды не пайду! Адтуль могуць пайсьці на фальварак, паколькі кіруе мітынгам матрос Барыка…
Пігельскі. Куды-ж вы?
Лапцэвіч. Я? Я павінен зараз даць вестку губэрскаму камісару аб непарадках.
Пігельскі. Ну, гэта вашая справа, калі вы лічыце мітынг непарадкамі! (Ідзе за натоўпам. Далёкі голас).
ЗЬЯВА VI
Барэновіч, Генадзі, Прахайла
Барэновіч. Дзе Ніколя? Чорт ведае што такое? Чуеце? У маім гумне, разумееце, у маім гумне — мітынг! Дзе Ніколя? Ах, вы тут, гаспадзін… ээ… павятовы камісар.
Лапцэвіч. Я тут, грамадзянін Барэновіч.
Барэновіч. Як-жа вы дапускаеце.
Лапцэвіч. Я — бясьсільны…
Генадзі. Не хвалюйцеся, папаша! Што такое гумно? Нашае гумно?
Барэновіч. Што? Ты бязвольны чалавек! Табе скажуць, што на аснове ўсеагульнага, тайнага і яўнага, прыкрытага раскрытага і прочая і прочая… Ах, я сам ня ведаю, што я кажу! Дзе Ніколя?
Прахайла. Ваша прэвасхадзіцельства!
Барэновіч. Хто цяпер прэвасхадзіцельства! Дзе цяпер прэвасхадзіцельства? (У бок Лапцэвіча). Февралістыя пазьнімалі з нас чыны і ордэны!
Прахайла. Зусім справядліва, вашаство! Пазьнімалі!
Лапцэвіч (пакрыўджана да Прахайлы). Вы, вы гаспадзін былы іспраўнік, былі-б удзячны за тое, што з вас пазьнімалі толькі ордэны! Прыдуць пасьля нас — вунь хто (паказвае ў бок гумна) і пазьнімуць…
Барэновіч і Прахайла (разам). Галовы?
Лапцэвіч. Так, галовы, калі вы ня будзеце падтрымліваць часовы ўрад!
Барэновіч. Ня вучэце нас, малады чалавек, каго падтрымліваць! Ніколя! (Выходзіць).
Прахайла. Да-с! Мы ведаем, каго падтрымліваць! (Выходзіць за Барэновічам).
Лапцэвіч (да Генадзія). Што рабіць? Выклікаць міліцыю, бараніць фальваркі?
Генадзі. Нічога не паможа, галубчык! Я чытаю гісторыю францускай рэволюцыі…
Лапцэвіч. Ну і што? Што там вычыталі?
Генадзі. Нічога добрага, гаспадзін камісар!
Лапцэвіч. Гэта мы і самі ведаем! (Выходзіць у бок мітынгу).
Генадзі (сам). А лісьць чырванее і чырванее… восень сыпецца на галаву!
ЗЬЯВА VII
Генадзі, Софі
Софі. Вы адзін, Генадзі?
Генадзі. Усе разышліся… раптам…
Софі. Што там за шум?
Генадзі. Мітынг у нашай сырабойні…
Софі. Якую жудасьць мы перажываем, Генадзі! Хто выдумаў рэволюцыю?
Генадзі. Мусіць, рэволюцыянэры…
Софі. Мой муж, ваш дзядзя, таксама якубінец, крайні… Што да мяне, то я ніколі не згаджуся з рэволюцыяй. Усе роўны? Усе браты? — Ніколі! Адзінае, што я прызнаю ў рэволюцыі, — свабоду, як я яе разумею.
Генадзі. Як-жа вы яе разумееце, цёця Соня?
Софі. Цёця? Ня веру, каб вы сур‘ёзна лічылі мяне цёцяй. Я — цёця для вас, Генадзі? Ха-ха!
Генадзі. Не разумею вас, цёця…
Софі (закрывае яму рот). Ні гуку! Я проста жанчына — Соня, Софі, як хочаце!
Генадзі. Я ня зусім разумею… вас… Соф‘я… Соф‘я Пятроўна… Я, прызнаюся, зусім ня ведаю жанчын…
Софі. О, гэта тым цікавей, Генадзі. Вакол нас рэволюцыя…
Генадзі. І яна толькі пачынаецца… цёця…
Софі. Бяз цёці! Рэволюцыя — гэта і жах і прывабнасьць!
Генадзі. Для вас?
Софі. Так, для мяне! Рэволюцыя робіць цёмным і страшным кожны заўтрашні дзень, і таму павінна быць радасьней сягоньня. Рэволюцыя адчыняе дзьверы…
Генадзі. Свабодзе, — кажуць рэволюцыянэры.
Софі. А для мяне дзьверы, — граху!..
Генадзі. Што вы… цёця.
Софі. Так, граху, мой хлопчык! Вы чытаеце гісторыю францускай рэволюцыі, а я — біблію.
Генадзі. Сьвятую біблію?
Софі. Сьвятую, ха-ха! Гэта цікавая кніга жыцьця! Там усё пераблытана: сьвятасьць і распуста, грэх і пакаяньне… мой хлопчык… пройдзем далей… тут чуваць галасы мітынгу…
Генадзі. А дзядзя Андрэй?
Софі. Дзядзя Андрэй занадта заклапочаны, каб цікавіцца намі.
Генадзі. Ой!
Софі. Ты — Іосіф прэкрасны! (Цалуе яго).
Генадзі. Ой!
Софі (вабіць яго ўглыб). Туды, мой хлопчык! (Зьнікаюць, Софі абнімае яго).
(Праходзяць бабы і Матруна)
Першая. Сьвет пераварочваецца, Таічка! Айцец Іона казаў: не даруе бог, што цара скінулі.
Матруна. А што было рабіць? Колькі народу набілі на гэтай вайне. Але-ж і цяпер усё ваююць… Во ўжо трэці месяц, як ад майго брата ліста няма. А Сысой кажа: дармо! Цара скінулі — мала! Трэба, каа, Керанскага разам з буржуазеяй… Каа…
Першая. З панамі, значыцца…
Матруна. Тут ужо ўсе разам…
Першая. Сьвет пераварочваецца, ды годзі! А якога енярала прывезьлі ў наш горад, Карнейчыкам… завецца…
Матруна. Ды не Карнейчыкам, а Карнілавым!
Першая. Мо‘ і Карнілавым, хто яго ведае! Чула, Таічка, матрос гэты, што да вас ходзіць, да паненкі Манюні Барэновіч заляцаецца.
Матруна. Брэшуць бабы!
Баба. Ты пачакай! Кажуць, нават, што ён… (Шэпча ёй на вуха).
Матруна. Тфу! Брахня!
Баба. Ты пачакай тфукаць! Сама мо‘ такая!
Матруна. Што? Брахуха ты!
Баба. Тфу! Каб мае вочы цябе ня бачылі! Каб мае ногі да цябе ня ступалі. Каб… (Праходзяць).
ЗЬЯВА VIII
(Тацяна падслухала апошнія словы)
Тацяна. Што, няўжо?
ЗЬЯВА IX
Тацяна, Мікола
Мікола. Танечка! Адна?
Тацяна. З кім мне быць?
Мікола. З кім? Хацеў-бы я, каб або ні з кім, або… Са мной толькі, Танечка!..
Тацяна. Навошта вы мне, навошта мне хто… Я так… Чуеце? у вашай сырабойні галасы…
Мікола. Рэволюцыя, Танечка, што? Вы-ж спачуваеце рэволюцыі, Танечка, так?
Тацяна. Нам зараз нібы вальней… надзей болей, але грунту усё-ж няма: каб стаць… каб пад нагамі адчуць…
Мікола. Танечка, Танечка, божа-ж мой, якія мы разумныя! Чудесна! Далібог, вас варта было-б у савет рабочых і дэзэртырскіх… прабачайце… салдацкіх дэпутатаў…
Тацяна. Мікола Андрэевіч, я чула, нібы вы ў такім камітэце, што супраць народу?
Мікола. Хто вам гаварыў — гэта цікава… Праўда, хто вам гаварыў?
Тацяна (як-бы ня хочучы). Пётра гаварыў… ды іншыя… Ды што? Я і сама бачу: як вы сказалі пра салдат. Вы іх ня любіце, вы афіцэр, капітан, вядома…
Мікола. Лганьнё, Тацяна! Матроскае лганьнё! Нідзе ані ў якой арміі ня было такой мяккай дысцыпліны, як у нашай, рускай. Мы, афіцэры, з салдатамі жылі, як браты. Лганьнё форменнае!
Тацяна. А ваш дзяншчык? Хіба я ня чула, як вы лаялі яго? А як ударылі яго па твары… А? Як браты?
Мікола. Усё бывае, Танечка! Бывае і брату дасі па твары, Танечка! Было, было, цяпер ня тое, Танечка. Я не рэакцыянэр, я прыхільнік рэволюцыі, — выбралі-ж мяне ў палкавы камітэт.
Тацяна. Во пра гэты камітэт і казаў…
Мікола. Матрос Пётра Барыка! Кінем яго… можа ен пасвойму і правы!.. А ты скажы: яны хочуць далей падзяліць панскую зямлю, далей і коні, і каровы, і авечкі, і дываны, і рояль таксама, іначай кажучы, — пабіць, парэзаць, зьнішчыць усё!
Тацяна. Ня можа таго быць!
Мікола. Гэта ёсьць, Танечка! Такая програма крайніх соцыялістых, бальшавікоў. Далей усё агульнае: і ежа, і пітво і жонкі, і каханкі… Сягоньня адна, заўтра другая, — каханьня няма… Ну, а як без каханьня, Танечка? Жыць няцікава, Танечка!
Тацяна. Без каханьня?
Мікола. Ну так! Ня вер усяму, што кажуць… там розныя беглыя салдаты, ну, і гэтак далей. Раз мы прызналі рэволюцыю, — не пашлі-ж мы цара бараніць, арыштавалі — і крышка! Арыштавалі і генэрала Карнілава, — крышка! Мы згодны падзяліцца з народам сваім дастаткам, але паступова, па справядлівасьці… Я, Танечка, дэмократ! Во калі ласка, — на пагоны! (Зрывае, падае Тацяне).
Тацяна. Навошта мне, Мікола…
Мікола. Мікола… і досыць для мяне!..
Тацяна. Кіньце, Мікола Васілевіч!
Мікола. Вер, Танечка, што пры роўнасьці праў — я ня горай за матроса! Ты такая прыгожанькая, такая ясненькая, такая… Танечка. (Абнімае).
Тацяна. Мікола…
Мікола. Я тады жартаваў… праўда, цяпер — не! Цяпер… Танечка, хочаш заўтра ў царкву?
Тацяна. Ня трэба мне царква!
Мікола. Ну, што хочаш, Танечка, што захочаш! Усё зраблю. (Абнімае яе калені, страсна цалуе і нясе ў глыб сцэны).
ЗЬЯВА X
(Натоўп з мітынгу. Уперадзе м. Станіслаў і іншыя)
Тав. Станіслаў (да Пігельскага). Адно з двух, таварыш Пігельскі: з намі ці супраць нас!
Пігельскі. Мы, левыя… эсэры…
Станіслаў. Вы павінны канчаткова парваць з правымі эсэрамі і з меншавікамі, яны зьвязаныя людзі, яны на дне ямы, як піша т. Ленін. і праўда. Яны-ж прымалі ўдзел у так званай „дзяржаўнай нарадзе“ ў Маскве, дзе выступаў Карнілаў. Гэта-ж была ні больш, ні менш, як каранацыя контррэволюцыйнага часовага ўраду.
Пігельскі. Левыя эсэры па ўсіх пропозыцыях Карнілава галасавалі супраць.
Станіслаў. І гэта не перашкодзіла міністру Полаўцаву ўнесьці кару сьмерцю для салдат, забараніць мітынгі на фронце!
Пігельскі. Ды мы-ж гэта не падтрымліваем, што вы, таварыш Станіслаў!
Станіслаў. Тады ідзеце да нас цалкам!
Пігельскі. Сялянства прымае нашую програму…
Станіслаў. І мы яе прымаем у частцы, што датычыцца зямлі…
Сысой. Правільна!
Галасы:
— Мы згаджаемся! Гэта правільна!
— Адабраць панскую зямлю!
— Конфіскацыя, значыцца, жывога
і мёртвага інвентару.
— Значыцца, коні, каровы, сьвіньні…
— А мёртвы? Які гэта мёртвы інвентар!
— Машыны — дурны!
— Аа! Правільна. Конфіскацыя?
— А каму?
— Ды нам, беднякам!
Сысой. Далоў вайну! Мір без анэксіі і контрыбуцыі! Бяз іх, бяз іх. На чорта яны нам. Свой Сібір ёсьць (Жвава праходзіць).
Барыка (да Матруны). Матруна, можа пройдзеш у двор, Тацяну паклічаш?
Матруна. Тацяну? А праўда, чаму-ж гэта яна ня прышла на мітынг…
Барыка. Ня прышла. Дык паклічаш?
Матруна. Добра, паклічу. (Зьнікае).
ЗЬЯВА XI
Барыка, Тацяна
Барыка. Тацяна!
Тацяна. Ня хочу, ня хочу цябе!
Барыка. Тацяначка, што з табой?
Тацяна. Ідзі да Манюні! (Махае безнадзейна рукой).
Барыка. Тацяначка! (Парываецца за ёй).
ЗЬЯВА XII
Барыка, Мікола, Манюня
Мікола. Намітынгаваліся, таварыш матрос?
Барыка. Дзеля вашай асалоды, гаспадзін капітан! Чаму-ж вы ня прышлі?
Мікола. На фронце, дзякуй богу, мітынгі ўжо забаронены. Хутка будзе і тут…
Барыка. Не дачакаецеся, пане капітане!
Мікола. Што? Заўтра тут у мяне будзе стаяць аддзел тэкінцаў, тады памітынгуйце без дазволу!
Барыка. Аа! Дык вось як! Дык вось які вы член палкавога камітэту, прадстаўнік салдат? Добра-ж!
Мікола. Сягодня ў гумне, заўтра ў залі? Ды гэта маё, маё, разумееш ты гэта?
Барыка (спакойна). Яно будзе маё, вось наша, усіх, — але я не ірытуюся так за гэтае дабро.
Мікола. Нахал! Санкюлот. Я… я…
Барыка. Ты, ты!
Мікола (хапаючыся за рэвольвэр, ідзе за Барыкам. З другога боку Манюня).
Манюня. Кузэн Мікола, Кузэн Мікола! Куды?
Мікола (вярнуўшыся). Аа, вы, кузіна Манюня?
Манюня. Там ідзе… матрос… вы за ім?
Мікола. Так. Мы пагаварылі, і я забыўся яму нешта перадаць на памяць…
Манюня. На памяць? Вы?
Мікола. На добрую памяць аб капітане Барэновічу…
Манюня. Мне здаецца, то вы... Ну, мы, калі хочаце, і без таго пакінем па сабе „добрую“ памяць.
Мікола. Вы захоплены ім, Манюня, гэта сур‘ёзна?
Манюня. Я яшчэ ім не захоплена, кузэн Мікола… Але думаю, што яны, такія матросы, і наогул „яны“ захопяць хутка ўсіх нас!
Мікола. Мяне не захопяць, будзьце надзейны. (Гуляеццаі з рэвольверам).
Манюня (глядзечы ў бок, дзе Барыка). Чаго баяцца рэволюцыі, хаця б самай жудаснай?
Мікола. Ну, ну! Далей, Манюня!
Манюня. Ну, пажар. Усё згарэла, — дом, нават рояль… а сонца, а неба — застануцца? А возера — таксама?
Мікола. І матрос Барыка застанецца! Ха-ха!
Манюня. Чаму вы такі злосны, кузэн? Яшчэ малады. Злымі маюць права быць толькі старыя.
Мікола. Стары ня той, хто жыве, а той, хто сябе перажывае…
Манюня. Вы правы, кузэн…
ЗЬЯВА XIII
Тыя-ж, Генадзі
Генадзі (засмучоны). Вы тут, кузіна Манюня і ты Ніколя. Як усё дзіўна… зірнеце… усюды чырвоны лісьць, чырвоны лісьць…
Манюня. Ён сымболь зьмены, Генадзі…
Генадзі. Мне здаецца, што гэтая восень ніколі ня скончыцца… ніколі… ня скончыцца… Хочацца плакаць… (Плача).
Мікола. А мне страляць… страляць… кулямётаў… кулямётаў…
Манюня. А мне сьмяяцца хочацца… сьмяяцца і іграць. Іграць, Бэтховэна іграць, сонату героічную! (Бяжыць).
Мікола і Генадзі (за ёй). Манюня! Манюня!
ЗАСЛОНА
Дзея трэцяя
[правіць]
ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
ЗЬЯВА I
Афіцэр, Мікола, Рая, ударнік
Афіцэр. „Ала-вэрды — гас-подзь з табою
„какой бы ні был ты страны.
Усе: Ала-вэрды, ала-вэрды…
Мікола. Раічка, пацалуй мяне!
Рая. Ня хочу і ня хочу. Вы цалавалі Тацяну, што ў вас служыць, я ведаю. Вы…
Мікола. Якая асьвядомленасьць, Раічка! Памятаеш — Ліпкі! Ліпачкі і лапачкі нашай Раічкі. (Цалуе, абнімае яе).
Афіцэр. Всё харашо — віно, музыка… песьня. Жэншчын не хватает!
Мікола. Жанчын не хапае, дык жанчыну ён хапае. (Зноў абнімае Раю).
Афіцэр. Ах, не магу! Вся крофь ад галавы адходыт! Вы гаварылі, у вас сэстра Манюня, где Манюня?
Вася. Ого! Манюня! Рукі кароткія! Соф‘я Пятроўна? Дзе Соф‘я Пятроўна?
ЗЬЯВА II
Тыя ж і Софі
Софі (відавочна выпіўшы). Хто ўспомніў пра кахатынскае? Дайце мне кахэтынскага…
Афіцэр. З нашым удавольствіем.
Софі. Вот мужчына, — з галавы да ног! У каго гэта сказана: „мужчына з галавы да ног“?
Афіцэр. Апределеніе давольна точнае: да ног, ніжа некуда!
Софі. Рая, вы адчуваеце сябе добра?
Рая. Я? Мне бяз вас, Соф‘я Пятроўна, было страшна: адны мужчыны…
Мікола. І пры тым, — ад галавы да ног, Раічка, праўда? (Цалуе яе).
ЗЬЯВА III
Тыя-ж, Барэновіч і Прахайла
Барэновіч. Ніколя, вы піруеце, банкетуеце, я нічога ня маю супраць, я таксама быў малады… але… але… нда… час! Наш час! Ты сам гаварыў аб актыўнасьці… Мы сабраліся…
Афіцэр. Гаспадын капітан дастатачна актыўны…
Мікола. Бяз жартаў, гаспадзін паручнік! Папаша, я добра памятую аб галоўным нашым заданьні, — організацыі ўсіх актыўных сіл дзяржаўнага парадку.
Барэновіч. Ннда, парадку! Раней за ўсё!
Прахайла. Так-с, парадку! Хто цяпер пільнуе парадак? Калісь, яшчэ да рэволюцыі…
Мікола. Гэта было ўсяго 7 месяцаў назад.
Прахайла. А мне здаецца, — прайшлі гады, дзесяткі гадоў, стагодзьдзі — вось што робіць рэволюцыя!
Рая. Ня трэба было служыць у паліцыі, папаша!
Прахайла. Дазвольце, а дзе-ж служыць? Кім служыць? Тады-ж яшчэ быў гасудар імпэратар… вот дурачка маміна!
Рая. Вы маму нябожчыцу пакіньце! А служылі-б матросам, а то рабочым!
Мікола. Ха-ха! Ды вы комік, Раічка. (Да Прахайлы). Дазвольце першы раз дакрануцца да ручкі вашае райскае Раічкі!
Прахайла. Дакранайцеся, Мікола Васілевіч, калі ласка. Я… я што? — Адстаўка. (Усхліпвае).
Афіцэр. Што вы? Гаспадын адстаўной, успакойтесь! Кахэтынскага нужна выпіць, січас праходыт… (Дае віна).
Вася. Нічога, гаспада… tempora tempantur, то есть mutantur, прабачайце, уся сэмінарская латынь з галавы вылецела… на фронце… часы мяняюцца, усё верціцца і цячэ, як казаў філёзоф…
Мікола. Філёзофаў кінь, ударнік Петрапаўлаўскі! Лепш выкладзі твае пляны адносна аб‘яднаньня ўсіх мясцовых элемэнтаў, якія павінны падтрымліваць дзяржаўнасьць, вялікасьць Расіі.
Барэновіч. Расіі! Ты праў, Ніколя. Ты ўвесь па маёй лініі, Расія, — вялікая дзяржава, і яна павінна быць і далей вялікай, ня гледзячы на рэволюцыю! У Расіі павінен зьявіцца моцны духам чалавек, свой Наполеон. Нда, нда! Што яшчэ можна дадаць? Свой На-по-ле-он!
Мікола. Гэтая думка ўжо даўно нарадзілася ў штабе. Карнілаў павінен быў быць такім Наполеонам.
Прахайла. Наш першы Наполеон ужо сядзіць, на гора нам усім, усёй Расіі — сядзіць пад арыштам! І дзе? Хоць бы ў Петрапаўлаўскую крэпасьць засадзіў яго негадзяй Керанскі, а то куды? У гарадок Быхаў, дзе я калісь быў іспраўнікам! Гэта…
Мікола. Гэта трагічна. Хаця ў Расіі ўсе турмы, прыблізна, аднолькавы, і з кожнага гарадка можна зрабіць Петрапаўлаўку!
Генадзі. Бурцаўская газэта „Общее дело“ патрабуе дыктатуры Карнілава і Керанскага… Я чытаў.
Барэновіч. Ты занадта многа чытаеш, Генадзі, — трэба больш актыўнасьці, як патрабуе Ніколя! Ды і глупства твой Бурцаў піша: — Карнілаў так! А прычым тут Керанскі? Што? Нда! Нда!
Прахайла. Прычым тут Керанскі? Я таксама гляджу.
Барэновіч. Хаця, як вам сказаць. Па апошніх дырэктывах… Правіцельства, так званае Врэменнае, нібы адумалася і ў будучыні новаму Карнілаву нічога, здаецца, пагражаць ня будзе… Нда! Нда! Калі-б такі ўзьнік…
Афіцэр. Мы асвабадым Карнілава, — факт!
Мікола. Што вы, гаспадзін паручнік. (Азіраючыся). Не кажэце глупства!
Афіцэр. Как эта „глупства“? А кто са мной гаварыл насчет этава?
Мікола. Ччорт! Пеце кахэтынскае і маўчэце!
Афіцэр. Мэдам! Мяне аскарбілі. Я-жэ мужчына з галавы да ног?
Софі. Нам апошняе невядома.
Генадзі. Цёця Соня!
Софі. Зноў „цёця“?
Рая. Ха-ха!, „Цёця“! Вы — цёця Генадзія?
Прахайла. Маўчы, Райка. Ты што? Ад каго набралася? Ці не ад матроса гэтага? Проста, ведаеце, чорт ведае што такое, прабачайце, Васілі Генадзевіч, ваша прэвасхадзіцельства!
Барэновіч. Якое ваша прэвасхадзіцельства!
Прахайла. Вы ізволілі сказаць: Врэменнае правіцельства і г. д. А мой, прабачайце, паліцэйскі, сабачы нюх, даводзіць, што пазнавата адумаліся гаспада Керанскія! Да-с! Ня тым пахне, даз-с!
Мікола. Ды што гэта, па праўдзе, у нас? Ня сур‘ёзная політычная гутарка, а чорт ведае што! Вучыцца нам трэба яшчэ, вучыцца ў бальшавікоў! Прыгатавішкі!
Барэновіч. Ты — праў, Ніколя! Я папрашу усіх заняць свае месцы і мы пачнем…
Афіцэр. Мы же все на стульях.
Рая. Ха-ха!
Барэновіч. Прашу ў мой габінет, там інтымней…
ЗЬЯВА IV
Тыя-ж і а. Іона
Іона. Я не спазьніўся на сабраньне? А-а-а, бачу, што не… Благаславенна трапеза сія, пшаніца, віно і елей!
Рая. Пшаніца і іерэй!
Прахайла. Елей, дура!
Софі. Бацюшка, з пералічаных вамі страў, у нас на стале толькі віно.
Афіцэр. Кахэтынскае, бацюшка!
Іона. Ну што-ж, усё благаславеньне пойдзе на кахатынскае. Грахі, грахі!
Барэновіч. Добра, бацюшка, што вы да нас прышлі, нда, нда, нам трэба цяпер часьцей быць разам…
Іона. Ну што-ж! Аб‘яднацца, дык аб‘яднацца!.. Модна! Хоць сказана ў евангельлі: дзе двое зьбяруцца ва імя мае, там і я між вас. Значыцца, і ў тыя далёкія прыятныя часы аб‘ядналіся!
Барэновіч. Ісьціна айцец Іона! Ісьціна!
Іона. Але праўду трэба сказаць, хоць-бы і горкую, ці часта вы зьбіраліся ва імя „яго“? Я кажу пра царкву сьвятую. Кайся інтэлігенцыя, кайся! І вяльможы такжа! Ці прыходзіў хто з паноў да мяне спавядацца? Да іншага віна, прычасьця, ці прыкладаў вусны свае? Рэдка, рэдка!
Барэновіч. Айцец Іона кажа, як прарок! Мы забыліся на царкву, на веру продкаў нашых, нда!
Софі. Васілі Генадзевіч, вы мне казалі, што продкі вашыя французы, вера ў іх… каталіцкая.
Барэновіч. Я? Нда, нда… канечна…
Іона. Царква хрыстова адзіна, — католічаская, кафолічаская — гэта знача сусьветная! Усход і Захад аб—яднаюцца, будзе час!
Барэновіч. Так, так! Цяпер, калі здарылася з намі вялікая бяда, у часы, страшна сказаць, — рэволюцыі… хто ведае. Можа революцыя — кара за вольнадумства, лібэралізм, і нда, інда…
Афіцэр (ціха напявае). Ала… вэрда…
а. Іона (заўважыўшы сына). І ты тут, блудны сын мой, Васілі?
Вася. Вы маглі-б успомніць іншую прытчу, айцец мой!
а. Іона. Мне лепей знацца ў прытчах: гэта мой фронт. А ты… во за кім ідзі! (Паказвае на Міколу).
Вася. Я і іду за гаспадзінам капітанам.
Афіцэр. Вып‘ем, бацюшка. Пажалуста!
а. Іона. Суета сует… Ну, за… каго? За страждушчых і плененных.
Афіцэр. За пленных — харашо! Кто папался в плен, харашо. (Хватае руку Софі).
Генадзі. Азіяты — гарачы народ, але прычым тут жанчыны?
Афіцэр. Жэншчыны тожа гарачы народ…
Софі. Ну, кіньце! Сядайце там. Яшчэ далей!
а. Іона. Прышлося адступіць перад дамай, гаспадзін афіцэр. Бывае. Я удовы, — і то не бяда! Бяда ў іншым: пачаткі згублены. Пачынаеш — „благачасьцівейшага, самадзяржаўнейшага“ — крышка, няма!.. „Яшчэ молімся о благовернем“… няма! Пачаткі згублены! Зьбіваешся ў маленьні і нялоўка перад парафіянамі!
Афіцэр. Бацюшка, аб воінах нужна тэпэр маліцца, что-бы вайна харашо кончылась, пабедай над полнымі врагамі.
Рая. Над поўнымі врагамі!
Мікола. Гэта над вамі, Раічка.
а. Іона. Ды што-ж воіны? Воінства стала не хрысталюбівае, а міралюбівае…
Мікола. Трапна сказана! Міралюбівае воінства! Усё роўна, што не танцуючая балерына!.. Шык! (Зноў зацягваецца „ала-вэрда“… 3 саду час ад часу даносіцца далёкі голас натоўпу).
Генадзі. Ціху, ціху! Чуеце там?
Усе. А-а? Што? Праўда, недзе гудуць…
Барэновіч. Можа зноў санкюлоты захапілі нашае гумно. А? Ніколя?
Мікола. А тэкінцы? Дзе вашыя тэкінцы, гаспадзін паручнік?
Афіцэр. Кахэтынцы? То есьць тэкінцы, да! Вы знаеце, гаспада, что?
Усе. Ну?
Афіцэр. Очэнь нэ харашо! Маі тэкінцы началі очэнь внимательна слушаць разных агітаторов… вчэра адын матрос…
Мікола. Што? Зноў Барыка тут? Трэба ўбраць гэтага сабаку — іначай нас або спаляць, або…
Прахайла. У Тульскай і іншых губэрнях даўно ўжо нападаюць на маёнткі… У нас народ крыху сьмірнейшы, але…
Мікола. Трэба арыштаваць матроса Барыку! — На камісара Лапцэвіча нечага спадзявацца — тыповы прадстаўнік правіцельства Керанскага: сягодня гатоў арыштаваць зямельны камітэт, заўтра — бяжыць у савет рабочых дэпутатаў параіцца.
Прахайла. Галоўны тут муціла, так званы таварыш Станіслаў і гэты Пігельскі, член зямельнага камітэту… Я іх ведаю ого з якіх часоў!
Мікола. Так. Але праводзіць у жыцьцё ўсе іхныя дырэктывы, усе пастановы, — матрос Барыка. Ён вечна па вёсках, яго трэба… Захапіць.
Прахайла. Ну так, ясна. Мікола Васілевіч праў — тысячу разоў праў! Правіцельства тады толькі ўспомніць пра старую паліцыю, калі будзе позна! Не цяперашняй міліцыі весьці барацьбу з бальшавікамі! Падумайце? Нейкі акцызьнік — начальнік павятовай міліцыі! Адна справа бандэролькі правяраць, — іншая, — во сюды даваць! За каўнер ды сюды, ды вось так. (Паказвае).
Рая. Фі, фі. Брыдка! Мне стыдна, стыдна! І чаму мая мама ня вышла замуж за… за начальніка павятовай міліцыі! (Плача).
Софі. А ўсё ваша кахэтынскае. (Выводзіць яе ў другі пакой).
Генадзі. Лісьцё жаўцее… і чырванее болей і болей… Пах восені пранікае ў самую…
Мікола. Сказаў-бы я куды…
Генадзі. У самую душу! Ад яго хмялее ў галаве.
Мікола. Ня пі віна, калі слабы на галаву!
Генадзі. Ты ня чулы, Мікола, і толькі.
Мікола. Быць чулым у часе рэволюцыі, — вельмі дзякую.
Барэновіч (да а. Іоны). Два браты! Родныя браты!
Іона. Ва ўсе часы бывала: Ісаф і Якаў.
Вася (у куце). Як пазбыцца сэмінарыі…
Іона. Яшчэ ўспомніш і пашкадуеш!
Афіцэр. Жэншчыны вышлі і сразу зделалась, как недахват продуктаф на фронтэ… „Ала-вэрды“.
Барэновіч. Ты прапануеш, Ніколя, актыўнасьць! Дзе цэнтр, які мог-бы кіраваць усім… такія паасобныя маленькія групкі, як нашая… нда… нда…
Мікола. Цэнтр ёсьць! Трэба зараз організаваць сувязь паміж падобнымі групамі мясцовых патрыётаў і тым цэнтрам, а таксама і груп між сабой…
Прахайла. Якраз, як нелегальныя організацыі. Я ведаю іх — ого! Даліся мне калісь!
Мікола. Тым лепей. Моцная спайка і кругавая парука. І тады…
Іона. О, Госпадзі! Хаця ў Майсея сказана: „вока за вока, зуб за зуб“.
Генадзі. А ў хрыста? Вы, бацюшка, прадстаўнік каго?
а. Іона. І кроткія сэрцам могуць выклікаць абурэньне! Няправільнае толкаваніе хрысьціянскай цярплівасьці. Так: „ашчэ ўдараць цябе ў левую ланіту, падстаў правую“! Але толькі ў выпадку, калі не запануе зло ўсеагульнае!
Прахайла. Усеагульнае зло!
Іона. А біч, каторым ізгна хрыстос таргуюшчых з храма?
Барэновіч. Якая эрудыцыя, начытанасьць!
Іона. Вось-жа і яно!
Генадзі. Не магу прыняць усяго гэтага, не магу! Для мяне ясна: быць пасыўным болей моральна і болей адпавядае хрысьціянству.
Усе (да яго).Як? Жывымі ў труну лезьці?
Зьнікнуць са сьвету?
Закапацца ў зямлю?
(Генадзі адыходзіць на балькон).
Мікола (усьлед). Талстовец, клікуша! Непраціўленьне злу! Толькі хвалёная расійская літаратура магла выхаваць такія экзэмплярчыкі, як мой брацец!
Барэновіч. Ты праў, Ніколя. Нда! Але ўсё-ж, крыху рэзкаваты… нда…
Іона. Ну, Вася, прыдзецца табе падняць меч!
Мікола. Усё павінна быць мобілізавана!
Барэновіч. Радзянка піша: „Немцы пагражаюць Піцеру. Я не пашкадую гораду анархіі“… нда!
Прахайла. Правільна! Вось хто інапляменьнікі, рэволюцыянэры, бунтаўшчыкі! Дык гэта Радзянка піша? Малайчына! Адумаўся, негадзяй, скінуўшы гасудара! Усе яны адумаюцца, ды позна!
Мікола. Ня каркайце, гаспадзін іспраўнік! Трэба вера ў сябе!
ЗЬЯВА V
Генадзі (з балькону)
Генадзі. Манюня сюды ідзе.
Усе. Манюня? Сюды? Адна?
Генадзі. Не адна — і матрос з ёю.
Усе. Хто? Матрос?
Мікола. Барыка!
Барэновіч. Ах, белыя нагавіцы! Грубы чалавек, можа высьмеяць!
Прахайла. Ого! Гэта-б яшчэ нічога!
Мікола. Што за глупства! Што такое матрос Барыка ў нас у доме? Вы зьдзіцянелі ўсе!
Барэновіч. Манюня нда… так выхавана, што можа і бальшавіка ў залю прывесьці… нда… Проша! (Выходзіць. Афіцэр напявае „ала-вэрда“. Застаюцца Мікола і Генадзі ў розных кутох залі).
ЗЬЯВА VI
Манюня і Барыка на бальконе
Манюня. Вы, як новы сьвет расчыняеце… Цікава! — Я думала пра гэтае ўсё, — як ня думаць, калі вакол такое… Але ў вас ясьней, прасьцей выходзіць…
Барыка. Іначай ня ўмею!
Манюня. Ну добра, але зайздрасьць усё роўна будзе і пры соцыялізьме!
Барыка. Зайздрасьць? Так, яна моцная, але мы перавыхаваем і зайздрасьць! Трэба вызваліць каханьне, каб яно было вольнае…
Манюня. Ну і што тады?
Барыка. Я чуў, у нас у Кранштадзе гаварыў адзін, мітынг быў… Уся наша братва, дзесяткі тысяч матросаў, якія плавалі па пяціганнёвых хвалях, стаялі і слухалі, як зачараваныя… Між іншым, ён гаварыў і аб каханьні. Самыя вольныя, самыя шчасьлівыя і самыя паважаныя людзі ў будучай грамадзе, кажа, будуць тыя, хто… ну…
Манюня. Хто?
Барыка. Хто захопіцца каханьнем… Ну, я ня ўмею перадаць усяго, што ён казаў.
Манюня. Можа ваш аратар праўду казаў… але ў нас пакуль што гэтае пытаньне…
Барыка. Так, пакуль гэта цяжка разьвязаць усё… Многа ўсяго трэба разблытаць.
Манюня. Вы даўно бачыліся з Тацянай?
Барыка. Тацяначка неяк нібы хаваецца ад мяне… я і кажу, што…
Манюня. Тацяна перажывае страшэнную драму...
Барыка. А што? Пакрыўдзіў яе хто тут у фальварку? Ваш брацец капітан?
Манюня. Мікола? Ня ведаю. Тут жудасная сямейная тайна… цётка Матруна, Сысоева жонка…
Барыка. Ну, так, знаю, дык што?
Манюня. Раскрыла ёй учора, што яна… ня Гнатава, садоўніка дочка…
Барыка. А чыя?
Манюня. Нібы яе айцец — Васілі Генадзевіч, мой дзядзя… (Генадзі і Мікола адначасна робяць уздох страшэннага зьдзіўленьня).
Манюня. Тут у залі нехта…
Барыка. Вось яно як! Што-ж рабіць? Трэба шукаць Тацяну… Што яшчэ можа быць… Я пабягу… бывайце.
Манюня. Бывайце… вам лепш за ўсё пагаварыць з ёю, супакоіць…
Барыка. Так, так! Ах, панства, панства! (Выходзіць).
(Манюня ўваходзіць у залю. Генадзі ціха плача).
Мікола. Манюня!
Манюня. Гэта вы тут, кузэн?
Мікола. Няўжо гэта праўда, пра Тацяну?
Манюня. Вы чулі, як мы гаварылі?
Мікола. Я чуў усё, як „вы“ гаварылі…
Манюня. Ну што-ж! Вы знайшлі сястру, родную сястру і такую слаўную… Вы павінны зараз-жа прывесьці яе сюды.
Генадзі. Я прывяду яе, Манюня, прывяду!
Мікола. Яна сюды ня прыдзе, будзь пэўны!
Генадзі. Прывяду, прывяду! (Выходзіць плачучы).
Манюня. Генадзі лепшы брат!
Мікола. Яму лёгка быць братам, — ён толькі брат!
Манюня. А вы? Няўжо вы…
Мікола. Так, кузіна Манюня… я ня толькі брат…
Манюня. Самец! (Выходзіць у бакавыя дзьверы).
ЗЬЯВА VII
Софі, Рая
Софі. Ні душы! Ах не, Ніколя. Дзе-ж іншыя?
Мікола. Напудзіліся матроса з „Аўроры“!
Софі. Дзе-ж матрос? Нічога не разумею. Хто там іграе?
Мікола. Там Манюня!
Рая. Ах, я пайду да Манюні!
Мікола. Ня варта! Яна вам ня цікава, а вы — ёй! Чуеце што іграе?
Софі. Марш. Незнаёмы марш… першы раз чую…
Мікола. Вы — так! Манюня добра яго ведае, як відаць: „На барыкады, далоў кайданы — марш, марш уперад рабочых рады“. Ха-ха-ха! Раічка, хочаш віна? А? Вып‘ем з табой віна!
Рая. Я піла, Мікола Васілевіч, можа годзе?
Мікола. Годзі! Ніколі ня годзі! Ты яшчэ ня ведаеш добра, што такое віно! Ня ведаеш! Пі! Цёця Соня, і вы — за здароўе новай вашай пляменьніцы. Во!
Рая. Ах, што вы, Мікола Васілевіч. Я…
Мікола. Што? Ты? Пляменьніца ты? Ах, ты, Раічка, пухленькая Раічка! Не, ня ты пляменьніца! Вашая новая пляменьніца, цёця Соня, завецца Тацяна.
Софі. Тацяна? Якая там яшчэ Тацяна? Вечна выдумае нешта Ніколя.
Мікола. Хай выдумаў! Так, гэта я выдумаў! Усё, усё! І фронт, і палковы камітэт, і кузіну Манюню, і Танічку, і матроса з „Аўроры“. Усё! Ну, пі, Райка, і цалуй мяне!
Софі. Ніколя!
ЗЬЯВА VIII
Усе ранейшыя (з бакавых дзьвярэй)
Барэновіч. Што-ж ты ня ідзеш, Ніколя? Чакалі, чакалі цябе… нда…
Іона (да Прахайлы). Нічога ня зробіш: вока за вока.
Прахайла. 3 папраўкай цяпер трэба: за вока — два вока, за зуб — цэлая сківіца! Падумаць! Шапка без какарды, плечы без наплечных знакаў, адстаўка бяз мундзіру і пэнсіі і з адной Райкай на шыі!
Рая. Зусім я ня ў вас на шыі, папаша!
Вася. Прычым тут шыя?
Афіцэр. Всё харашо, — снова віно і снова жэншчыны.
Вася. „Вэйн, швэйн унд кірхэ“, як кажуць немцы, гаспадзін паручнік!
Іона. Ты нешта, Вася, наблытаў з нямецкім, а?
Софі. Немцы кажуць: вэйн, вэйб унд лідэ — віно, жанчына і песьня.
Іона. Чуеш, Вася!
Вася. Сэмінарыя, самі аддалі мяне туды!
Афіцэр. Канечна вэйн! Што такое? Віно! Кто там іграет? Марш? Может быць Манюня? Аа! Харашо… Ала-вэрды. (Ідзе да дзьвярэй, якія замкнуты).
Афіцэр. Какая предусмотрытэльнасьць атнасытэльна двэрэй! Проста нэ вэрыцца, што барышня, проста дамачка!
Мікола. Кіньце, паручнік! (Галасы з саду ўсё мацней).
Барэновіч. Ніколя! Мы гаспадары тут, ці не? Калі гэта скончыцца?
Мікола. Тады, калі або яны запануюць тут, або мы зноў, — там!
ЗЬЯВА IX
Тыя-ж і Генадзі
Генадзі. Я не магу, не магу! Яе нясуць, яе нясуць!
Усе. Каго? Каго нясуць?
Генадзі. Колькі ў вас дзяцей, папа, папа!.. (Плача).
Барэновіч. Што? Коля, што з ім, Коля? (Уносяць Тацяну. Натоўп сялян. Тэкінцы. Паступова паны выцясьняюцца ў кут).
Сысой (да паноў). У садзе вісела, у вашым, га? Што-ж гэта? Парадак, га?
Матруна. А галубанька-ж ты наша! А Тацяначка! А каб-жа таму, праз каго ты загубілася, ані спасеньня, ані каяньня!
Барэновіч. Тацяна? У нас у садзе? А? Ніколя? Дачка садоўніка?
Матруна. Твая яна дачка, утроба ты панская, твая!
Барэновіч. Што? Што ты кажаш? Як ты асьмельваешся! А?
Матруна. Твая яна, бяспутнік ты!
Барэновіч. Я… я… яе матка нічога не гаварыла… Даўнасьць, моладасьць… Тацяна…
Матруна. Яна-ж і падобна да цябе і да яго. (Паказвае на Міколу).
Барэновіч. Так, так… падобнасьць мяне дзівіла… так… Як-жа быць, Ніколя. А?
Мікола. Як быць? Перш-на-перш ачысьціць дом ад… ад натоўпу! А затым… (Шум у натоўпе).
Манюня. Не клапацецеся, брацец Мікола! Вы сваё зрабілі — прынялі сястру ў свой дом!
Галасы (глуха).
— Добра прыняў!
— Іш, брацец!
— Ня іхні дом!
— Яе дом, нябожчыцы!
— Наш, усіх!
Іона. Дазвольце, праваслаўныя хрысьціяне, мне цяпер! — „Во блаженным усьпеніі вечны пакой“…
ЗЬЯВА X
Тыя-ж, Барыка
Барыка. Тацяна, Тацяначка! Прэч ад яе! Адпявай вунь тых! І пары нашай не дачакалася, Тацяначка! Памажэце, хлопцы! Вынясем яе з гэтага смуроду! Нашая яна па матцы, па жыцьці сваім! Тацяначка! Ня вытрымала! А да вас яшчэ прыдзем! (Тацяну чынна выносяць. Каля яе Манюня. Барыка).
Барэновіч. Коля! Як быць? Я… я ня ўпэўнены… Так усё нечакана. Можа Тацяна… нда… і… нда…
Мікола. Тацяна памерла, яе няма! Што-ж? Ісьці да іх, да матроса Барыкі? Ды што вы? Хаваць вас так, як зараз Тацяну, ня будуць! Паручнік, ударнік! За мной у горад! Там у нас ёсьць каго вызваляць!
ЗАСЛОНА
Дзея чацьвёртая
[правіць]
ДЗЕЯ ЧАЦЬВЕРТАЯ
Сцэна, што і ў першай дзеі. Уся дзея ідзе жвава.
ЗЬЯВА I
Сысой, Матруна, сяляне
Сысой. Гэта-ж уцёк разам з Карнілавым! Во ён які!
Селянін. Каторы?
Матруна. Каторы? Мікалай, капітан!
Сысой. Ну, дык таварыш Барыка загадаў ня пускаць нікога з паноў з фальварку, пакуль яны там, значыцца бальшавікі, у горадзе пасправяцца.
Селянін. Гэта-ж, кажуць, у Петраградзе што робіцца!
Сысой. Што! Што трэба, то і робіцца: Керанскага выгналі, уцёк кудысь, а ўладу забралі рабочыя, матросы і…
Селянін. Словам, буржуазеі крышка.
Матруна. Цішэй вы, — пачуюць, паўцякаюць!
Сысой. Куды дзенуцца! Вось што, бабы, хлопцы, — у кусты і ляжы, не варушыся!
Селянін. Каб-жа ўлетку, а то…
Сысой. А ты лістом прыкрыйся, яшчэ лепей! Ну, хадзем. (Хаваюцца).
ЗЬЯВА II
Два тэкінцы.
Першы. Нам сказал: страляй мужык! А сам удырал — нэ харашо!
Другі. Какой началства? Ныкакой началства!
Першы. Сам удырал — не началства!
Сысой (выскаквае). Хадзі сюды! Давай вінтоўкі, — так! Кінжалы сабе пакінь.
Першы. Нэ будэш сэкім башка?
Сысой. Ды не! На чорта мне твая башка! Дык вы ў нас страляць наняліся? Ах вы сучыя пляменьнікі!
Другі. Палямэньнікі, — так, так. Дурак был, а он началства был!
Першы. Началства ўдрал…
Сысой. Кінь ты аб тым начальстве гаварыць. Начальства настаяшчае можа сягодня будзе тут!
Першы. Будыт? Апят он будыт?
Сысой. Ды ня ён, ня твой. Другі зусім, наш.
Першы. А, ваш — карашо!
Сысой. І ваш.
Другі. І ваш і наш началства, — карашо!
Матруна. І якіх толькі народаў на сьвеце няма! І ўсім жыць ахвота!
Сысой. Ды вы скуль? З якой мясцовасьці?
Першы. Ныкакой мясцовасты.
Сысой. Як гэта так? Зямля ў вас ёсьць?
Другі. Зэмля? Пэсок зэмля, Кызыл-кум зэмля.
Сысой. А паны ёсьць?
Першы. Какой шпана?
Сысой. Князь ёсьць?
Другі. Кназ нэ карош: на вайна пасылал, стралят давал…
Сысой. Вось-жа! Страляць даваў, а зямлі не даваў — хадзі сюды, ня бойся, нашых князёў выганяць будзем разам.
Першы. Нэ карош кназ!
Другі (да Сысоя). Ты карош, таварыша. Страляй нэт?
Сысой. Ды не, навошта нам вас цяпер страляць, — хадзі!
Матруна. Цішэй! (Зьнікаюць).
ЗЬЯВА III
Барэновіч і Генадзі
Барэновіч (зьбіраюцца ў дарогу). Мы адны, Генадзі! Ніколя кінуў нас у такі момант! Ніколя можа выратаваць нас… Ён гаварыў пра казакаў, і ўсё-ж… Нда, нда…
Генадзі. Казакі акажуцца ня лепей за тэкінцаў, папаша!
Барэновіч. Я сягоньня бачыў тут двох тэкінцаў, значыць, яны не паехалі?
Генадзі. Думаю, што знарок схаваліся.
Барэновіч. Загітаваны! Што рабіць, Генадзі?
Генадзі. Рабіць? У нашым стане пасыўнасьць больш моральна, я даўно кажу.
Барэновіч. Ты сваё! Ты і Манюня, — вырадкі з фаміліі Баррэновіч.
Генадзі. Я — так. А Манюня — поўная сілы і інстынкту жыцьця!
Барэновіч. Ах, інстынкт жыцьця! Я таксама ўсё жыцьцё быў поўны гэтага інстынкту! Бальшавікі не пратрымаюцца: супраць іх падымецца ўся Эўропа! Што рабіць?
Генадзі. Зараз Эўропа сама ваюе. Ды і што такое Эўропа? Там ёсьць свае матросы Барыкі і свае Сысоі — я адчуваю гэта, папаша!
Бэрэновіч. Ты адчуваеш! Лепш ты адчуваў-бы нешта іншае! Там культура — разумееш! Ах, дзе Ніколя? З ім зусім іншае! Трэба запрэгчы коні!
Генадзі. Хто іх запражэ?
Барэновіч. Хто, — Андрэй, конюх! Схадзі, клікні!
Генадзі. Ужо два дні іх нікога няма на кухні.
Барэновіч. Ну, дык запражы сам!
Генадзі. Я ня ўмею надзяваць хамут, — галава ня лезе
Барэновіч. Ах, гэтае нашае дваранскае выхаваньне! Што ты рабіў тут усе гады?
Генадзі. Я чытаў, думаў… што вы, папаша!
Барэновіч. К чорту. Пераапрануцца і на коні, — я запрагу!
Генадзі. Усе мае гарнітуры добрыя, ды і вашыя далёка не пролетарскія.
Барэновіч. Замазаць, парваць. Ах, чаму ня едзе дзядзя Андрэй, ён доктар, знаецца з „таварышамі“…
Генадзі. Дзядзя Андрэй адносіцца да нас, як і Манюня…
Барэновіч. Але-ж ён стрыечны брат мне! Ён павінен памагчы, трэба ехаць на станцыю!
Генадзі. Што вы, папаша? Усе станцыі заняты салдатамі.
Барэновіч. Скажы лепш — бальшавікамі! Тады проста шляхам, куды-небудзь на поўдзень, вёрст за сто… на два-тры дні… А затым я вярнуся, я вярнуся! І я адамшчуся за ўсе мукі! Ах, Ніколя! Абяцаўся гранат, бомб здабыць!
Генадзі. Гранаты? Навошта гранаты нам?
Барэновіч. Паліць вёскі! Разумееш? Калі пачнуць паліць нас, а то і раней… самі… А што-ж!
Генадзі. Які жах! Які жах! Яны ідуць на нас з голаду, з гразі, а мы. Няўжо нам…
Барэновіч. Замаўчы. Замаўчы! Ты гатоў сам усё аддаць ім. Я не магу болей выносіць твайго сьвятоцтва! Ніколя праў — ты… ты… ідыёт!
Генадзі. Я… што-ж… можа і праўда…
Барэновіч. Ты сын мой, ці не?
Генадзі (ціха). А Танічка?
Барэновіч. Як ты адважыўся напомніць мне. (Ударае Генадзія па твары. З саду голас Матруны: „Ня біся!“).
Барэновіч. Што? Хто там? Там нехта ў садзе, ты чуў?
Генадзі. Там чырвонае лісьце… сыплецца…
Барэновіч. Я пагарачыўся, даруй, Генадзі!
Генадзі. Ды нічога… вы ня больна… толькі… (Ціха плача).
ЗЬЯВА IV
Тыя ж і Софі
Софі. Ніводнай фурманкі, Васілі Генадзевіч! Прышлося так, а ў мяне бацінкі… думала памру!
Барэновіч. А дзе Андрэй, вы адна?
Софі. Ах, божа! Андрэй! Андрэй з імі, з таварышамі!
Барэновіч. Што яны там? Што яны кажуць?
Софі. Што кажуць! Зьбіраюцца організаваць у вас, у „Ліпках“, школу-комуну!
Барэновіч. Што?! Нячуванае нахальства! Яны вераць, ідыёты, што бальшавіцкае паўстаньне ў Петраградзе пераможа! А Масква? А Дон? А ўся Расія? Я так спадзяваўся на Андрэя, а ён… Коля, Коля, дзе ты? Я вар‘яцею!
Софі. Я кінула іх там і пайшла да вас, дзе мяне лепш разумеюць. Праўда, Генадзі?
Генадзі. Усё дзіўна, усё дзіўна!
Софі. Андрэй цікавіўся, дзе Манюня. Яна тут?
Генадзі. Манюня? Манюні я ня бачыў у нас з таго моманту, як вынесьлі цела… нашай… нашай сястрыцы Танічкі…
Барэновіч. Маўчы, Генадзі! У мяне няма нікога, апрача Ніколя! Запрагаць, запрагаць коні! (Зьнікае).
Софі. Я не магу забыцца на тое нашае спатканьне!
Генадзі. Я… цяпер… мне трэба вучыцца запрагаць коні.
Софі. Нікуды ты не паедзеш, мой хлопчык! Пойдзем туды… там столькі лісьця…
Генадзі. Чырвонага лісьця… яно шаволіцца пад нагамі… Мне страшна.
Софі. Мы будзем таптаць яго, таптаць. (Вабіць яго; праз нейкі момант крык).
Софі (бяжыць назад). Там нехта ляжыць пад лісьцем. Цела, цела!
Генадзі. Я казаў, я казаў! (Абое бягуць на тэрасу).
ЗЬЯВА V
Тэкінец, Сысой
Тэкінец. Какой-та жэншчын напугал, на меня наступал!
Сысой. Ха-ха-ха! Ну, і чудак ты азіяцкі, брацішка! Вось што, адыйдзі крыху далей, туды ў кусты.
Тэкінец. Удырал?
Сысой. Ды не! Навошта табе ўцякаць! Лажысь там, далей і ляжы!
ЗЬЯВА VI
Сысой, Манюня
Манюня (шпарка). Таварыш Сысой, вы тут?
Сысой. Мы тут, вартуем… Таварыш Барыка… сказаў…
Манюня. Вось што, таварыш Сысой! Бярэце яго і за мной во сюдэю, — трэба адну рэч вынесьці.
Сысой. З дому?
Манюня. Так. Праз вакно. Хутчэй. (Вядзе іх у бок дому, не праз тэрасу).
ЗЬЯВА VII
Прахайла, Раіса (з рэчамі)
Прахайла. Калі Барэновічы ўжо ўцяклі, што я буду рабіць? Куды ўцякаць? Да каго?
Рая. Мікола Васілевіч казаў мне, што хутка вернецца сюды…
Прахайла (дражнячы). Мікола Васілевіч ёй казаў! Да ў яго такіх як ты — во колькі! Ты адна думаеш?
Рая. Ня сьмейце! Коля мне прызнаўся, што… што любіць мяне, — а вы…
Прахайла. Ха! Падумаеш, „Коля“ ёй прызнаўся. Ды зразумей ты, панчошка вязаная, што калі ў вас з ім да „Колі“ дайшло, дык тут не адным прызнаньнем папахвае!
Рая. Ня сьмейце так думаць!
Прахайла. Эх, ты! І куды матка глядзела, — выгадавала!
Рая. Я сама гадавалася — у гімназіі!
Прахайла. Сама! Гадавалася, ды ня вучылася! Табе што!
Даруюць, што іспраўнікава дачка, а мне не падаруюць: усіх „таварышоў“ прыпомняць! Пастой тут. (Уваходзіць на тэрасу).
(3 саду — клапатня, крык…).
ЗЬЯВА VIII
Мікола, Вася, афіцэр, два казакі, Сысой. (Вядуць Сысоя)
Мікола. Вядзі яго сюды, разгледзім, хто такі? (Да казака). Што стаіш, як пень! Ээ! Дык гэта ты, „дзядзюшка“! Што ты тут зьбіраўся рабіць? А? Вас тут многа? А? Кажы, а не, дык…
Сысой. Ды што вы, гаспадзін капітан! Бога не баіцеся!
Мікола. Бога? Іш ты, бога ўспомніў, халуй!
Сысой. А што-ж, і ўспомніў! Чаму ня ўспомніць хоць-бы сабе і бога! А толькі дарма гэта ўсё: мы вартуем вас тут…
Мікола. Вартуеце? Ад каго?
Сысой. Ды як ад каго? Усяка бывае, рэволюцыя! А толькі ваш папаша прасілі…
Мікола. Што? Дык ты папраўдзе тут па просьбе старога пана? Ты не бальшавік?
Сысой. Мы? Я-ж кажу, мы тут вартуем.
Мікола (да казака). Папільнуй яго тут, а мы абойдзем дом і сад… (Ідуць).
Сысой (да казака). Ды што ты? За каго ты?
Казак. Мы нейтральныя — ні за Керанскага, ні за бальшавіков. А капітан взял нас сюды, — мы і ня знаем, што і как!
Сысой. Ня знаем! Малы ты ці што? Ня бачыш, што ўсім ім крышка! А калі вас тут знойдуць, дык і вам! За каго? За паноў, генэралаў? Няўжо вы ўсё там на Дану распанелі?
Казак. Зачем, мы… ваабшчэ…
Сысой. Зараз тут будуць з гораду бальшавікі… Керанскаму капут…
Казак. Нам-бы на Дон, толька і дзялоф!
Сысой. Дык на Дон і адпусьцяць, калі мяне зараз выпусьціш, — я, брат, уродзе як ад‘ютант у нашага начальніка, — не падаруюць, лепш пусьці!
Казак. А мы? А мы как без тебя?
Сысой. Без мяне? Ды так, я ўцяку, а ты за мной лаві, можаш стрэльнуць, толькі не пападзі, во! (Уцякае, казак бяжыць за ім. Крык).
ЗЬЯВА IX
Мікола, Вася, афіцэр (затым на тэрасе іншыя)
Галасы. Што? Дзе? Хто гэта? Ах, нашы!
Мікола. Уцёк ці што? Папаша, вас тут вартуюць?
Барэновіч. Коля! Колечка, спасіцель!
Мікола. Добра, добра, — рана яшчэ спасіцелем вялічаць! Хто вас тут вартуе?
Барэновіч. Нас усе пакінулі, усе, Колечка!
Мікола. Ах, божа мой! Больш мужнасьці!
Вася. Вунь, бягуць казакі, ловяць. (Далёкі стрэл).
Мікола. Ну, чорт з ім! Пасьля разьбярэм! Вось што. Усе слухаць уважліва і дзейнічаць! Карнілаў далёка, у небясьпецы!
Усе. Слава богу.
Мікола. Я вярнуўся сюды з імі і з некалькімі казакамі, каб выратаваць вас усіх.
Барэновіч. У горадзе бальшавікі захапілі ўладу, ты чуў, Ніколя?
Усе. Што там робіцца — жах!
Мікола. А заўтра тут будуць казакі з стаўкі.
Усе. Ну, праўда? Слава богу!
Мікола. І тады паглядзім! Усіх гэтых таварышоў бальтыйцаў і іншых…
Прахайла. Пігельскага не забудзьце, Мікола Васілевіч, таварыша Станіслава! (Цямнее).
Мікола. Мы павінны пратрымацца тут ноч, можа дзень яшчэ, пакуль казакі справяцца ў горадзе, а затым, узброіўшыся да зубоў, разам з усімі памешчыкамі і наогул з усімі, хто за Расію — далей! Мы павінны пакласьці пачатак дабравольчаскай арміі.
Барэновіч. Што? Арміі? Цэлай арміі?
Вася. У Міколы Васілевіча цэлы плян…
Мікола. Барацьба толькі пачынаецца, гэта я для цябе кажу, Генадзі! Ты вечна паўтараў — рэволюцыя толькі пачынаецца!
Генадзі. Я не магу, Мікола… я…
Мікола. Маўчаць і слухацца! Усе за зброю! Я прыпас гранаты…
Дамы. Ах! Які жах!
Мікола. Ня бойцеся, не ўзьляціце! На вёсцы ўсе бабы ўзброены. А вы…
Софі. Самае вострае, што ў мяне захавалася — булаўка…
Мікола. А самае ўзрыўнае — пудра? Чудесна з вамі ваяваць! Ну, мужчыны, ударнік і вы… за мной.
Галасы. Зараз! Фанары! Лямпу! (Запальваюць два фанары. У дзьвярах тэрасы спакойна і моцна спала Манюня).
Мікола. Аа! Кузіна Манюня тут? Прыятнае спатканьне
Усе. Манюня?
Манюня (у бок Міколы). Вайна, кузэн Мікола?
Мікола. Так, кузіна Манюня! Фронт мяне папсаваў. Кулямётны кашлік мне мілей за вашага Шопэна. Ды і вам наўрад ці дадуць разыгрываць яго на вашым роялі!
Манюня. У мяне няма свайго рояля.
Мікола. Ну, на нашым! Словам — вайна! Прымайце ўдзел!
Манюня. Прымаю! (Сыходзіць з тэрасы ў цёмны сад).
Софі. Ах, божа, божа, дзе мой муж? Дзе Андрэй? У такі момант я павінна быць з маім мужам!
Афіцэр. А ваш муж тожэ мужчына з галавы да ног?
Софі. Кіньце! Генадзі! Генадзі!
Барэновіч. Генадзі! Сур‘ёзна, дзе Генадзі? А?
Прахайла. Генадзі Васілевіч пашоў туды, я бачыў… Ён зьбіраўся ў лес…
Барэновіч. Яго заб‘юць там! Нам трэба быць каля нашага Колі!
Прахайла. Я чалавек тылавы, я мірны чалавек! Я ніколі ня кідаў бомб і гранат!
Афіцэр. Но вы-жэ былі іспраўнік. Аружые імелі?
Прахайла. Яно вісела вось тут. Я ніколі… Калі прывядуць, зловяць, ну дык я… і то сам, без аружыя… сваім кулаком, так сказаць…
Усе.
— Дзе-ж Мікола Васілевіч? Што рабіць?
— Што гэта? Галасы? Шум?
— Божа! Страшна! Страшна!
Вася. Я ня трус, паверце… я… усё ж быць іерэем лепей, спакайней…
Афіцэр. Да! што там такое? Гдэ капітан? Што-бы не было какова-нібуд случайнава „ала-вэрды“!
ЗЬЯВА X
Тыя-ж, Мікола
Мікола (у дзьвярах тэрасы; за ім Барэновіч). Гранат няма! З такім клопатам і рызыкай прывёз! Няма! Свой шпіён у доме! Свой! Ну, нічога! Я вам пакажу, санкюлоты! А? Што за галасы ў садзе? Нападаць? Ноч выбралі! Скралі гранаты! Ударнік, паручнік — не здавацца, страляць! (Стаў у баявую позу, гледзячы ў сад. Усе іншыя ў позах поўнага жаху. Афіцэр трымае на руках Софі. Ударнік выглядае з-за барта тэрасы, трымаючы рэвольвэр).
Софі, Рая. Ах, ах! (У гэты момант, ззаду, праз тэрасу — Барыка, Сысой, тэкінцы).
Барыка (хапаючы за рукі Міколу) Стой! Папаўся, капітан! Годзі! Паваяваў! Бяры рэвольвэр! Так!
Мікола. Казакі!
Казак. А казакі ня людзі, што лі? Куда народ, туда і мы!
Сысой. Сюды, сюды, вырываецца! Стой, панічок! (Па дому ходзяць з агнямі, аглядаюць — чуваць біцьцё шкла).
Мікола. Ня здамся! (Уцякае).
Усе. Уцёк! Дзяржы! Лаві!
(За сцэнай) — Руку парэзаў! — Ваўчанё!
— Гатоў! Зарэзаўся!
— Кінжалам!
Сысой. Ну, і капут! Яшчэ лепей — сам сябе!
(ЗАСЛОНА, ЦІ ЗАЦЯМНЕНЬНЕ)
Абразок
[правіць]
АБРАЗОК
ЗЬЯВА XI
Доктар Барэновіч, т. Станіслаў, м. Пігельскі
Доктар. Як-бы мы не спазьніліся, таварыш Станіслаў. Усё магло здарыцца надта хутка, асабліва прымаючы пад увагу хваробу майго сваяка Васіля.
Станіслаў. Ваш сваяк хворы?
Доктар. Прывязанасьцю да тэрас, да габінетаў… Хвароба ўласнасьці, бацыля пропрыатыка (bacyla propriatyca), як я называю…
Станіслаў. Ха-ха! Добра. Трапна!
Сысой (прачнуўшыся). Дзень добры, таварышы! Мы гэта тут вартуем. Тав. Барыка нам загадаў…
Станіслаў. Вартуеце? Бачу! Ну, ладна! Дзе гаспадары маёнтку?
Сысой. Так што паны ўсе ў цэласьці тамацькі, у залі… А капітан Мікола…
Доктар. Ён тут?
Сысой. Як мы яго, значыцца, крутнулі за рукі, — собственна ня мы, а канешне, таварыш Барыка.
Станіслаў. Ну? Што ён рабіў?
Сысой. Ну, вядома, хацелі ў нас стрэльнуць, казакаў прывёў…
Доктар. Я так і думаў! Бацыля пропрыатыка!
Сысой. Мы, канешне, лівальвэр адабралі, а кінжал недзе захаваў за паяс — цёмна было…
Станіслаў. Ну, хутчэй, што далей?
Сысой. Ну, вырваўся ды ў кусты, мы тут, аж ён — рраз — гатова!
Тэкінец. Таварыш! Началства ӱдырал, дамачка на руках дэржал, мы ево забірал… он здэсь.
Станіслаў (да казака). А вы, таварыш казак?
Казак. Как мы былі нейтральные — ні за Керанскава, ні за саветы…
Станіслаў. Гм. Гэта ўжо горай!
Сысой. Гэта я іх, таварыш, прывёў у настаяшчае паразуменьне, давёў, што і да чаго… дык цяпер яны з намі — нічога!
Станіслаў (да Сысоя). Вядзі сюды арыштаваных.
Сысой (да казака і тэкінца). За мной, марш!
ЗЬЯВА XII
Тыя-ж, Манюня
Манюня. Тата! Татачка!
Доктар. Манюня, ты тут?
Манюня. Страшна было і… добра… усё кончылася!
Доктар. Нэрвы. Ну супакойся. Дзе Соня?
Манюня. Соф‘я Пятроўна ўвесь час была з імі, там.
Доктар. Значыць, арыштаваная, — гэта добра, а то я думаў…
Станіслаў. Ваша жонка, доктар?
Доктар. Так.
Станіслаў. Зараз выпусьцім. Дзе-ж таварыш Барыка? Ён тут быў?
Манюня. Так, ён тут быў… Пабег у горад, на тэлеграф… Цікавіцца, як Гатчына.
Станіслаў. Так, Керанскі захапіў Гатчыну.
Доктар. Кажуць, у яго казачы корпус…
Станіслаў. У яго штаб казачага корпусу, ды не казакі.
Доктар. Хаця праўда!
Станіслаў. Ну трэба зараз-жа прыняць інвэнтар маёнтку „Ліпкі“, трэба адразу паказаць прыклад!
(Вядуць арыштаваных).
Софі. Андрэй, Андрэй, мяне арыштавалі, што, перажыла, Андрэй!
Доктар. Не адна ты, Соня!
Станіслаў (да Барэновіча). Ваш сваяк, доктар, бярэ вас на парукі, як і ўсю вашую сям‘ю…
Барэновіч. У мяне няма сям‘і! Нічога няма! Усё скончана! Самае большае, што вы мне можаце пакінуць жыцьцё!
Доктар. Гэта ня мала, Васіль.
Барэновіч. Для цябе! У мяне няма маёнтку, няма сына… (Плача).
Доктар. А Генадзі?
Барэновіч. Сына аддайце мне, Колю!
Станіслаў. Вашага сына ніхто ня браў у вас!
Матруна. А шкада яго, хоць і пан! Да такога палажэньня дайсьці!
Усе. Ха-ха-ха!
Сысой. Пана пашкадавала! Ня жонка, а адно сэрца ты ў мяне!
Тэкінцы (трымаючы афіцэра). Гаспадын таварыш! Какой началства? Никакой началства. Дамачка пад ручка дэржал!
Станіслаў (да афіцэра). Афіцэр дзікай дывізіі?
Афіцэр. Савершэнна случайна!
Станіслаў. Што случайна? Што вы тут? Ці што вы ў дзікай дывізіі.
Афіцэр. І то і другое!
Станіслаў. Ага! (Да Васі) А вы? 3 чэрапам на рукаве?
Вася. Я… уласна кажучы, сэмінарскай асьветы, але… tempora tempantur — выбачце, забыўся латыні!
Станіслаў. Лепш-бы вы забыліся Карнілава…
Прахайла. Не чакаючы, так сказаць, дазвольце, таварыш начальнік… служыў, прызнаюсь, па справе парадку!
Станіслаў. Ды вы парык скіньце! Аа! Па непарадачнай справе служылі, лепш скажыце! Стары знаёмы. Ну! (Дае знак).
Прахайла. Верай і праўдай буду служыць, таварыш! (Яго выводзяць).
ЗЬЯВА XIII
Тыя-ж, а. Іона
Іона. Дзе-ж Вася мой? Вася!
Вася. Я тут, айцец!
Іона. Аа! Ну, што-ж, Вася! Власьцем предержашчым повінуйся! Несьць бо власьць, ашчэ не от бога.
Станіслаў. Альбо ад рэволюцыі, бацюшка?
Усе. Ха-ха!
Іона. Так, так! Магчыма. Усё ад бога!
Станіслаў. І рэволюцыя?
Іона. Што-ж, і рэволюцыя!
ЗЬЯВА XIV
Тыя-ж, Барыка
Барыка (шпарка). Таварыш Станіслаў! Таварыш Станіслаў! Тэлеграма!
Станіслаў. Ну, што таварыш Барыка?
Барыка. Чаму я ня там, чаму ня разам з сваімі бальтыйцамі?
Усе. Што? Што там у тэлеграме?
Барыка. Толькі што! Ад Петраградзкага рэв-ваен-са-вету! Гатчына ўзята! Керанскі ўцёк канчаткова! Генэрал Красноў здаўся. Урра!
Усе. Урра!
Іона. Урра!
Станіслаў. Таварышы! З прычыны радаснай весткі аб поўнай перамозе пролетарскай рэволюцыі, абвяшчаю амністыю ўсім тут (азірнуўшыся) прысутным!
Усе. Урра!
Станіслаў. Пры ўмове поўнай пакорнасьці і абяцаньня…
Усе. Урра!
Станіслаў. Трэба ўсё прывесьці ў парадак. Бітае шкло — крэслы, — усё прыбраць. Тут будзе школа-комуна для дзяцей, для нашых дзяцей.
Усе. Урра! Урра! Добра! (Вядуць Генадзія).
Голас. Яшчэ адзін! У лесе знайшлі!
Матруна. Гэта-ж Генадзі! Ён добры!
Софі. Генадзі!
Генадзі. Я нічога ня хочу, нічога!
Станіслаў. Пусьцеце яго! Я чуў пра вас ад доктара Барэновіча… вы…
Генадзі. Дзядзя тут?
Барыка. Тут, тут, супакойцеся! Усе тут!
Галасы.
— Ён добры!
— Вучыцелем будзе!
— А што-ж, хай!
Станіслаў. А дзе таварышка Манюня?
Барыка. Манюня! А там, чуеце? (3 дому чуваць гучны марш перамогі. Усе ідуць у дом. Некалькі момантаў сцэна пустая. З дому гукі, галасы. Выбягае на тэрасу Манюня, за ёй Барыка). Таварышка Манюня!
Манюня. Што, таварыш Барыка?
Барыка. Скончана! Змарыўся да сьмерці, але добра!
Манюня. Добра таварыш Барыка!
Барыка. Не магу болей. Люблю цябе, люблю!
Манюня. Ня так моцна, таварыш!
Барыка. Мая галубанька!
Манюня. Мой бальтыец, цалуй!
Барыка. Хваля мая, „Аўрора“ мая!
(Нясе Манюню ў сад. З дому чуваць „урра“. Гімн).
ЗАСЛОНА
ЦАНА 1 р. 20 кап.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.