Каля акна ў астрозе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Каля акна ў астрозе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy


Высока, высока ў астрозе акно,
І крэпка жалезам абіта яно!

А глянеш за горад — і вочы гараць,
Ад далі шырокай іх трудна адняць.

Не выказаць, брацці, як воля міла,
Якая журбота на душу лягла

Па вольным жыцці, па абшары палёў,
Па роднаму шуму зялёных лясоў!

Эх, меў бы я крылле, свабодна б махнуў
І поўнымі б грудзьмі я волю ўдыхнуў,

І там бы на момант душою спачыў,
І слаўную б песню аб волі злажыў.

Ды крэпкі аковы, а крылляў няма,
І сэрца мне душыць, як камень, турма.

(1910)