Перайсці да зместу

Казкі (А. К., 1928)/Як дзяцел спагнаў сваю злосьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вайна ваўка з сабакаю Як дзяцел спагнаў сваю злосьць
Казка

1928 год
Мужык і пан
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як дзяцел спагнаў сваю злосьць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК ДЗЯЦЕЛ СПАГНАЎ СВАЮ ЗЛОСЬЦЬ.

Зьвіў сабе дзяцел гняздо, нанёс яечак і вывеў дзетак — трое дзятлінятак. Цешыцца дзяцел: „Выгадую, думае — будзе ўцеха, а на старасьць падмога“. Але не здарма людзі кажуць: „Хто-б дзятла знаў, каб не яго доўгі нос?“ Ня ўмеў ён радавацца сам з сабою, а раструбіў па ўсім лесе, што Бог яму дзетак паслаў; каго з птушак не спаткае — на радзіны просіць. Зыйшліся госьці, згулялі радзіны, участаваліся так, што ледзьве да хатаў давалакліся. Пайшла па ўсім лесе слава, якія гучныя радзіны спраўляў дзяцел. Пачула аб гэтым лісіца. „Пастой—жа, паганец, — кажа яна сабе, — мяне на радзіны не пазваў, я-ж табе дамся ў знакі.

Дзяцел дзяцей гадуе, корміць, поіць, а лісіца каля яго гнязда пахаджывае, зубы скаліць, прыдумывае, як бы дзяцей дзятлавых са сьвету звясьці. Надумалася такі. Падходзіць раз да таго дрэва, дзе было дзятлава гняздо, і пачынае стукаць хвастом па дзераве.

— Што ты, лісіца, робіш? — Пытае ў яе дзяцел: — на што маіх дзяцей пужаеш?

— Во як, кажа лісіца, у цябе і дзеці ёсьць… а я і ня ведала— Ну, выганяй-тка іх вон з гнязда, бо мне гэтае дрэва патрэбна на дровы…

— А лісынька, а кумачка! — стаў прасіць дзяцел: дай ты мне дзетак ўзгадаваць, тады сабе сячы дрэва.

— Не магу я чакаць, кажа лісіца: хто-ж табе вінават, што ты тут зьвіў гняздо! Мала табе было лесу?

— Яно праўда, лесу ня мала, кажа дзяцел: але хто-ж цябе знаў, што ты гэтае дрэва маеш секці?

— Трэба было запытацца, язык маеш, кажа лісіца: сам вінават, няма на каго жалкаваць.

— Што-ж мне рабіць, кумка? Дай раду! — просіць яе бедны дзяцел.

— Ты рады просіш? Вот табе мая рада: ня трымай дзяцей пры сабе, бо спесьцяцца, разгультуюцца, а аддай іх ляпей ў людзі ў навуку, каля людзей вытруцца, работы навучацца, — людзьмі будуць.

І табе будуць дзякаваць і шанаваць пад старасць…

„Можа і праўда твая, — кажа дзяцел: але-ж я такіх людзей ня знаю, каб каму аддаць дзяцей ў навуку“.

— Аддай іх мне — кажа лісіца: я табе памагу, я аддам тваіх дзяцей у навуку.

„А дзякуй-жа табе, мая кумачка, што ты вырабляеш мяне з бяды. Буду табе век дзякаваць…

— Падзякуеш пасьля, — кажа лісіца: а цяпер кідай іх мне.

Кінуў дзяцел аднаго дзяцёнка; лісіца падхапіла яго, забегла за куст і зьела. Аблізалася і ідзець да дзятла. „Аддала, кажа, вучыцца кавальства: карысная работа. Кідай другога!“ Скінуў дзяцел і другога. Схапіла яго лісіца, занясла за куст і зьела. Вярнулася да дзятла. „Аддала, кажаць, вучыцца за сталяра. Самая работа для дзятла: будзе кусок хлеба мець. Давай трэцяга: аддам яго ў бандары, — дзятлы да бандарства спраўны“.

Скінуў ёй дзяцел і трэцяга дзяцёнка, дзякуючы лісіцы, што так яна клапоціцца аб яго дзецях.

Зьела лісіца і трэцяга дзяцёнка, як і двух першых. Прышла да дзятла.

„Кідай яшчэ, калі ёсь“, кажа яму.

— Ужо ўсе, кажа ёй дзяцел.

„А калі ўсе, — дык за зад мяне ўкусі: я тваіх дзетак паела. Было не зухавацца“.

Як пачуў гэта дзяцел, дык як заплачаць ён бедны, як загалосіць: і дзяцей жаль, і злосьць яго ўзяла, што лісіца так яго абсьмяяла. Каб сіла — разарваў-бы яе, паганую, на часьці, але сілы ня даў Бог дзятлу. А лісіца наругаецца — зубы выскірае.

„Што я каму зрабіў кепскага?“ думае ён сабе: „Абязьдзеціла мяне лісіца, насьмяялася нада мною, насьмяюся-ж і я з каго-колечы. Будуць і мяне помніць.

І паляцеў дзяцел шукаць, на кім-бы яму злосьць загнаць. Ляціць дзяцел, бачыць — едзець мужык, нешта ў бочцы вязець. „Ось на кім я злосьць спаганю, на мужыку: ён ўва ўсім вінават. А мужык вёз у бочцы мазь прадаваць; хацеў солі купіць. Сеў дзяцел на бочку з мазьзю і давай дзяўбці носам у бочку. Глянуў мужык: прадзяўбе, думае, бочку, мазь вылье. Выхапіў тапор з-за пояса і — дрататах! абухам, але не па дзятлу, а па бочцы. Разьбіў бочку. Яшчэ і не апамятаўся мужык, глядзіць — дзяцел сеў на лобе ў каня і дзяўбе. Мужык размахнуўся тапаром, хацеў забіць дзятла, а сякануў па лобе каня — конь і ня жыў, а дзяцел фурр! — паляцеў. Плачаць мужык: „бочку разьбіў, мазь выліў, каня забіў, усё праз праклятага дзятла. Во каб яго папасьці, помніў-бы ён!“

А дзяцел паляцеў у мужыкову хату. Мужыкова жонка хлеб расчыняла, а нагой дзіця калыхала. Глянула баба — бачыць дзяцел клюець дзіця. „Ах, каб ты выдах!“ закрычала яна і троп! палонікам; але не па дзятлу ды па дзяцёнку. Забіла дзяцёнка. Злосьць узяла яе на дзятла, кінулася яго лавіць: Злавіла такі — і гаршчком закрыла. Стала прыдумваць, якую дзятлу сьмерць зрабіць? Аж тут надходзіць яе мужык, ідзець і плачаць. Чаго ты плачаш?“ пытае яна ў яго. Так і так, расказвае ён ёй.

— А я-ж хоць дзіця забіла, але праклятага дзятла злавіла, — кажа яму баба.

— Пакажы яго, я яго жыўцом зьем, кажа мужык.

Падняў мужык гаршчок, узяў дзятла ў рукі: „Я цябе зьем, гад ты!“ — і горла разявіў. А дзяцел пурх! яму ў рот, а з рота ў жывот пралез. Трапечацца ў жываце. Ня ведае мужык, што яму рабіць: баліць жывот — дзяўбе там дзяцел; і на двары хадзіць не дае, за зад кусае. І няма як яго адтуль выдабыць: Але такі надумаўся мужык. „Хадзі-тка ты сюды, баба! — кажа ён жонцы: бяры касу ў рукі і як толькі дзяцел пакажаць галаву — рэж яго касой“. Узяла баба касу, глядзіць прытка, пільнуець дзятла. А ён пакажаць галаву ды і ўзноў барджэй схаваецца, як-бы з імі дражніцца. Высунуў ён такі нос — баба шась касой. „А-я-яй!“ заенчыў мужык: баба яму зад адрэзала, а дзяцел жывюсенькі выляцеў.