Перайсці да зместу

Казкі (А. К., 1928)/Сучкін сын

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мужык і пан Сучкін сын
Казка

1928 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сучкін сын (казка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СУЧКІН СЫН.

Злавілі рыбакі шчупака — рыбу прожыр; вельмі вялікі быў шчупак. Прынясьлі яго пану да двара. Стаў кухар варыць шчупака, варыць — не надзівіцца, такі шчупак тлусты. І даў кухар пакаштаваць кусочак рыбы сваёй жонцы. Падалі шчупака да панскага стала — есьць пані не наесца. Косьці сучцы выкінулі — і яна пажывілася. І забярэменелі ад рыбы прожыра пані, кухарыха і сучка. І радзілі яны па сыну: панін сын харошы, кухарыхін пякней яго, а сучкін яшчэ пякнейшы. Разам дзеці гадаваліся, разам іх і ў адукацыю аддалі. Панін сын вучыўся добра, кухарыхін ляпей яго, а сучкін яшчэ лепш.

Вырасьлі хлопцы, у сілу ўвабраліся. Сільны панін сын, кухарыхін сільней яго, а сучкін яшчэ сільней. Жылі яны ў радасьці, у вясёласьці… Толькі і была ў іх адна бяда — сучкінага сына ўсе звалі сабачанё. І кажа сучкін сын сваім таварышом: „пойдзем, браткі, у сьвет, у такую старонку, гдзе мяне ня знаюць, хоць зваць мяне ня будуць так пагана“. Надумаліся яны і сталі зьбірацца ў дарогу — булавы сабе каваць. Панін сын скаваў булаву валавяную, кухарыхін мядзяную, а сучкін сын зялезную. Куець ён, куець — выйдзець на двор і прабуе яе мацаты — падкінёць пад неба і падставіць калена. Першы раз падкінуў, ударылася булава аб калена — зламалася напалову. Зварыў ён яе, накаваў зялеза больш — падкінуў уверх, ударылася аб калена — сагнулася. Яшчэ накаваў зялеза — як падкінуў уверх, больш гадзіны ляцела, ударылася аб калена, толькі нага ў землю ўвязла, а булава і не кранулася.

Сабраліся хлопцы і пашлі ў сьвет. Ідуць яны, ідуць і зайшлі ў такі лес, ў цемраж, што і выбрацца ня могуць. Прабіраліся яны лесам, прабіраліся — выйшлі такі на палянку. Ідуць па палянцы, аж бачаць — стаіць палац, а навокала яго каменная сьцяна. Падыйшлі пад вароты — зачынены. Стукалі яны, стукалі — не адчыняюць.

— Выбівай вароты! — крыкнуў сучкін сын панінаму. Той стукнуў разы са тройчы булавой — толькі булава сагнулася, а вароты і не крануліся.

— Пачакай-жа! я папрабую, кажа кухарыхін сын: Стукаў-стукаў — вароты не паддаюцца. Зазлаваўся тут сучкін сын, як стукнуў сваей зялезнай булавой — вароты і разьляцеліся.

Увайшлі хлопцы на двор — нікога з людзей няма, а ўсяго многа — збожжа і быдла…

— Ну што-ж, — кажа сучкін сын, няма гаспадароў, значыцца гэта ўсё наша — будзем мы гаспадарамі тут.

Пашоў сучкін сын, зарэзаў вала, абяліў яго, завесіў кацёл і наварыў мяса. Сталі яны ўтрох есьці. Пад‘еўшы, паслалі пасьцелі і паляглі спаць. На заўтрашні дзень умовіліся, што адзін з іх будзе ім есьці варыць, а другія пайдуць дзеля гуляньня на паляваньне: І застаўся на першы дзень варыць яду панін сын, а кухарыхін і сучкін пашлі на паляваньне. Зарэзаў панін сын вала, абяліў яго, палажыў у кацёл і стаў варыць. Як зварылася мяса, як трэба, тады ён лёг адпачываць, чакаючы таварышоў. Аж чуець — нехта стукаець у дзьверы. — Адчыні хату! — крычыць.

Глянуў панін сын праз вакно і абамлеў — так спужаўся. Стаіць страшыдла — Сам-Скокаць, барада з локаць, а нос з сажань.

— Адчыні дзьверы! — ўзноў крычыць. Нечага рабіць, адчыняе панін сын дзьверы.

— Перасадзі цераз парог! — Дрыжыць, а перасаджвае.

— Уссадзі на лаву! — Садзіць.

— Давай піць і есьці! — Падаець.

Сам-Скокаць паеў усё; паеў, зьбіў панінага сына на горкі яблык, падкінуў пад лаву, а сам як скрозь землю праваліўся. Усьцягнуўся панін сын на пасьцель, ляжыць, чуць дышыць. Прышлі яго таварышы з паляваньня — няма чаго есьці,

— Што-ж ты, — кажуць, — панская морда, нічога не наварыў?

— Саўсім, кажа, быў нездароў і цяпер чуць дыхаю. Нечага рабіць — мусілі яны самі сабе есьці гатаваць. Яшчэ і яго накармілі.

На заўтрашні дзень застаўся варыць есьці кухарыхін сын, а тыя пайшлі на паляваньне. Толькі кухарыхін сын прыгатаваў яду, аж ужо стукаець Сам-Скокаць, барада з локаць, а нос з сажань, і крычыць: „адчыні дзьверы, перасадзі цераз парог, уссадзі на лаву“. Спужаўся і кухарыхін сын — адчыніў дзьверы, перасадзіў цераз парог, ўссадзіў на лаву гэтае страшыдла, а сам стаіць і трасецца.

„Давай мне есьці!“ крычыць Сам-Скокаць. Падаў яму і есьці. Зьеў усё Сам-Скокаць, а кухарыхіна сына зьбіў на горкі яблык і сам зьнік.

Прышлі з паляваньне таварышы — няма чаго есьці.

„Занядужаў“, кажа ім кухарыхін сын, „таму і есьці не наварыў!“

— Што гэта вас хвароба апанавала, закрычаў сучкін сын, што мне прыходзіцца вам есьці варыць? Нечага рабіць — мусіў і на гэты раз сам гатаваць яду. На трэці дзень прышла чарада сучкінаму сыну: варыць есьці для сябе і для таварышоў. А яны пашлі на паляваньне, радуючыся, што і сучкінаму сыну дастанецца на барышы ад Сам-Скокця. Яно і праўда: толькі згатаваў абед сучкін сын — зьявіўся Сам-Скокаць, барада з локаць, а нос з сажань, і крычыць: атчыні дзьверы.

— Каго там нялёгкая прынясла? Дзьверы ня замкнуты — сам адчыніш! — так адказвае яму сучкін сын. Мусіў сам Сам-Скокаць адчыніць. Як увідзеў сучкін сын Сам-Скокаця, не ўцярпеў — расьсьмеяўся. „Сколькі, кажа, я жыву на сьвеце, а такой уродзіны ня бачыў“. Разсердзіўся Сам-Скокаць: „чаго, кажа, сабачанё, зубы лупіш? ўссадзі вот мяне на лаву і давай есьці. У маім доме жывецё, маё дабро п‘ецё, ды яшчэ нада мной кпінкі строіце?“ Тут зазлаваўся і сучкін сын, што яго абазваў Сам-Скокаць сабачанём.

— Ах ты, кажа, пачвара! Здохнеш ты ўпярод,пакуль я для цябе буду гатаваць. А вот я табе пакажу, як мяне сабачанём называць. Вось я цябе накармлю, што доўга будзеш аблізвацца! — Схапіў сучкін сын з сьценкі булаву і давай біцца з Сам-Скокцем: сучкін сын — булавой, а Сам-Скокаць — галавой, і так моцна адзін аднаго дубашаць, што аж сьцены трасуцца. Бачыць Сам-Скокаць, што не змагчы яму сучкінага сына — ухапіўся за булаву і праваліўся з ёю скрозь зямлі — толькі дзірка ў зямлі асталася, ды грохат пашоў па ўсім сьвеце. Хацеў сьледам за ім кінуцца і сучкін сын. але думае сабе — трэба пачакаць таварышоў, парадзіцца з імі. Аж скора ўходзяць у хату, усьмехаючыся, і таварышы. Марганулі адзін другому, дый кажуць: „а што, зварыў абед?“

— Зварыць то не вялікая штука — і вы варылі, але хто яго еў? А вот я хоць булаву страціў, ды абеду не аддаў гэтаму чортаваму насеньню, што сюды прыходзіла вам хваробы дадаваць. Вунь поўны кацёл мяса ешце, дый жывеце тут адны, пакуль я вярнуся, я пайду сваю булаву дабываць. Ці сам галавой налажу, ці гэтую погань даканаю.

Пасьля абеду стаў сучкін сын з таварышамі валоў рэзаць, бяліць іх і рэзаць скуры на паяскі… Паяскі пасшывалі ў адзін доўгі шляк; да шляку прывязалі кошык. І кажа сучкін сын развітваючыся, сваім таварышом.

— Пільнуйце тут па чародзе. Калі я буду варочацца, дык таргану тады за шляк, вы і цягнеце. І стаў спускацца на той сьвет. А вядома, што ёсь зямля пад намі, і зямля над намі. Над намі Бог з сьвятымі жывець, а пад намі — ўсякая нячыстая сіла. На землю да нячысьцікаў і спусьціўся сучкін сын. Ішоў ён, ішоў, аж падходзіць к палацу. Уходзіць у першы пакой і спатыкае пекну паненку. Сядзіць яна, шыець і плачаць. Убачыла: яна сучкінага сына, засьмяялася і кажаць: здароў, Сабачанё!

— А ліханька на вас! Які чорт вам весьці заносіць, як каго завуць? — кажа ёй сучкін сын.

— Ня гневайся на мяне, — кажа паненка, — бо без мяне табе свае булавы ня бачыць і адсюль галавы ня вынесьці: А як цябе дражняць, мне сказаў ня чорт, а мой бацька — Сам-Скокаць. Ён чуць выхадзіўся пасьля бітвы з табою. І дакляраваў задаць табе такую лазьню, каб ты да новых венікаў помніў. Але ты слухай мяне, дык цэлы астанешся. А цяпер ідзі да маіх сясьцёр і бацькі.

Сучкін сын падзякаваў ёй і пашоў далей. Уходзіць ён у другі пакой, і спатыкае там двух паненак, сядзяць і шыюць. Гэта былі большыя дочкі Сам-Скокцевы. Ён іх больш любіў, чым меншую, а яе трымаў ў загоне. Толькі ўвайшоў сучкін сын, аж зараз яны і закрычалі: Здароў, Сабачанё!

— „А каб вы выхваралі, чортава насеньне што вы лаецеся?“ кажа ён ім за злосьці.

„Ты не сярдуйся, Сабачанятка“, кажуць яны яму, „дык мы скажам бацьку, што ты прышоў: ён з табой хутчэй расквітаецца“. З гэтым і пашлі да бацькі.

Трошкі пачакаўшы, выходзіць і Сам-Скокаць, барада з локаць, а нос з сажэнь.

— Здароў-здароў, Сабачанё! — Такі ты зьявіўся за булавой! Я толькі цябе і чакаў. Але ты тагды возьмеш булаву, калі са мной ў лазьні папарышся, кажа так Сам-Скокаць.

„Добра“, кажа сучкін сын, „мыцца я гатоў, толькі ты ўпярод булаву аддай“.

— Возьмеш і булаву, толькі невядома, ці паможа тут яна табе. А цяпер, пакуль лазьню нам прыгатуюць, пагасьці ў мяне. — Сказаў так Сам-Скокаць і пашоў сказаць меншай дачцэ, каб яна лазьню прыгатавала і паставіла ў правым вуглу кадушку вады-жывіцы, а ў левым мяртвіцы. Пашла малодшая дачка паліць лазьню. Выпаліла, але паставіла ваду жывіцу налева, а мяртвіцу направа. Прышла і сказала аб гэтым сучкінаму сыну.

— Стане, — кажа яна, — бацька з табою біцца ў лазьні і калі абясьсілее, дык, каб набрацца сілы будзе паласкацца ў кадушцы направа, думаючы, што там вада жывіца, а ты палашчыся ў той кадушцы, што стаіць налева, бо я там паставіла жывіцу, — дык ты і зможаш бацьку“. Сказаўшы гэта, яна пашла да бацька, аб‘ясніць, што лазьня гатова. І пашоў Сам-Скокаць з сукіным сынам у лазьню. Сталі яны парыцца і ад пары сталі млець. Тады і кінуўся Сам-Скокаць на сучкінага сына і стаў з ім біцца. Біліся яны, біліся, — абясьсілілі. Кінуўся Сам-Скокаць ў кадушку направа, а сучкін сын налева. Сам-Скокаць аслабеў яшчэ больш, а сучкін сын пасільнеў удвое. Б‘юцца ўзноў. Стаў Сам-Скокаць слабець. „Дай“, кажэ, „зьбярэм сілы, „сунемся ў халодную ваду“. Акунуўся Сам-Скокыць — яшчэ больш аслабеў, а сучкін сын яшчэ больш пасільнеў, і б‘юцца далей. Кінуўся Сам-Скокаць — яшчэ больш аслабеў, а сучкін сын яшчэ больш пасільнеў, і б‘юцца далей. Кінуўся Сам-Скокаць ў сваю кадушку і ўжо ня можа вылезьці з яе, і просіць ён сучкінага сына, каб ён перанёс яго ў левую кадушку, бо пазнаў, што вада заменена, але сучкін сын яго не паслухаў. — „Здыхай тут, кажа, мара чорная!“ — і затапіў яго ў вадзе мяртвіцы. Там ён і засьвяжыўся.

Потым сучкін сын выняў яго з вады мяртвіцы і закапаў пад печай, націснуўшы каменьнем. А сам узяўшы булаву, пашоў у палац.

— Ну, дзякуй табе, мая любая, што ты памагла мне змагчы гэтую нячыстую сілу. За гэта, калі хочаш, вазьму цябе замуж і вывезу на наш сьвет“. Яна з мілай ахвотай згадзілася. І сталі яны сабірацца ў дарогу. Забірае з сабой сучкін сын і другіх сясьцёр, — „Будуць жонкамі маім таварышом, а то як я адзін буду жанаты, то ім будзе завідна“. Падыйшлі яны да кошыка. Пасадзіў сучкін сын старшую сястру ў кошык, таргануў за шляк, кошык стаў падымацца. Спусьціўся яшчэ раз, — сучкін сын пасадзіў другую сястру. Таргануў — і яе паднялі. Яшчэ спусьцілі кошык — села малодшая сястра і яе ўсьцягнулі. І больш кошыка ня спушчаюць. Чакаў, чакаў сучкін сын — няма кошыка.

„Ну“, думае ён сабе, „здрадзілі мяне таварышы, прыдзецца прападаць на гэтым сьвеце!“ Пачакаў ён яшчэ трохі — відзіць кошыка ня спушкаюць і пашоў, куды вочы глядзяць.

Ішоў ён, ішоў — нідзе чалавечай душы ня відна… Маркотна яму зрабілася… Аж загрымеў гром, маланка заблішчала і пашоў такі вялікі град, як яблыкі. Падыйшоў сучкін сын пад дзерава, каб ад граду захавацца. Бачыць — пад дзеравам вялікае гняздо з птушачкамі галапупцамі, кажыная велічыні з нашую гусіну. Пішчаць яны, курчацца ад граду. Жаль стала іх сучкінаму сыну і закрыў ён іх сваёй сярмяжкай. Перайшоў град, уціх вецер. Аж чуець сучкін сын, нешта шугаець, як-бы зноў вецер узьнімаецца. А гэта ляцела вялікая — правялікая птушка, — матка тых птушанят, што сучкін сын закрыў ад граду. Падляцела яна да гнязда, глянула, што дзеці яе цэлы і закрыты сярмяжкай, стала дзякаваць сучкінаму сыну на гэта. — „Дзякуй“, кажа, „табе, сучкін сын, што ты маіх дзяцей абараніў ад граду; я табе за гэта адплачу, чым ты захочаш“.

— „Выбаў мяне на наш сьвет“, кажа ёй сучкін сын, — „Добра!“ кажа яна яму. „Толькі ты прыгатуй мне яды і піцьця на дарогу, бо так ня ўздолею цябе падняць, ты надта цяжкі“:

І стаў сучкін сын рабіць сілкі, лавіць птушак і складваць іх у кадушку. Наклаў поўную кадушку: Выбраліся яны ў дарогу. Паставіў сучкін сын, як птушка яму сказала, на правае крыло кадушку з птушачым мясам, а на левае — кадушку з вадой, а сам сеў пасярэдзіне. Сталі яны падымацца. Як паверне птушка галаву направа — ён кладзе ёй у рот кусок мяса; паверне галаву налева дае коўш вады і так усё вышэй і вышэй падымаюцца.

Не стае ў сучкінага сына мяса. Паварочвае птушка галаву на права, а ён дае ёй коўш вады. Птушка вады не бярэ.

Бачыць сучкін сын, што птушка аж задыхаецца і ўжо толькі крыльлямі машаць, а вышэй не падымаецца, а ўжо і да нашай зямлі недалёка. Што тут рабіць? Узяў ён нож і — шась — кусок сцёгна свайго адрэзаў і сунуў птушцы ў рот, зьела яна, толькі скоса на яго паглядзела. Павярнула галаву налева — запіла мяса вадой. Узноў павярнула галаву направа — адрэзаў ён кусок другога сьцёгна і падаў птушцы. Выпіла яна коўш вады і выляцела на гэты сьвет.

— „Ну, дабралася“, кажа; „злазі Сабачанё!“

— Не магу зьлезьці — у мяне сьцёгны адрэзаны.

„А — а! Я-ж бо гляджу; што мяса нешта салодкае. Ну, пастой-жаж“… Карханула птушка адзін раз — выплюнула і другій.

„Прыкладывай, кажа, да ног — прыжывуць“.

Прылажыў сучкін сын сваё мяса да сьцёгнаў і, праўда зараз жа яны і прыжылі. Злез ён з птушкі, падзякаваў ёй, развітаўся з ёй і пашоў сваіх здрадлівых таварышоў шукаць. А птушка пажыравала на гэтым сьвеце і ўзноў паляцела ў сваю старану.

Знайшоў сучкін сын сваіх таварышоў, аж яны ўжо пажаніліся з старшымі сёстрамі, а сучкінага сына маладуху зрабілі маладчанкай. Зазлаваў сучкін сын, схапіў сваю булаву і парадкам адмясіў бакі сваім таварышом. Хацеў нават выкінуць іх на той сьвет, але потым такі ўзьмілаваўся, і сталі яны ўсе разам жыць.