Казкі (А. К., 1928)/Клімко
Клімко Казка 1928 год |
Вайна ваўка з сабакаю → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Клімко (казка). |
КЛІМКО.
Быў у пана ў двары адзін мужык: яго называлі Клімко. Часта вельмі ён краў і часта яго білі, а пасьля пан прыказаў выгнаць яго з двара.
Пайшоў Клімко, наняўся ў жыдоў гуркі пільнаваць. Ён у шабас жыдоўскі назьбіраў хлопцаў, паварочаў ім усе гуркі, прадаваў па траяку за капу. Па шабасе агледзіліся жыды, што гуркі ўсе папсаваны; пайшлі яны зьбіраць сваю кампанію, каб Клімка выбіць. Клімко [тым часам] пайшоў у мястэчка і купіў новы гаршчок. Прыйшоў пад будку, разлажыў агонь, наліў ў гаршчок вады і заварыў ваду. Клімко ўзяў, загарнуў пяском агонь, а гаршчок у гарачым пяску і варыцца, а сам палажыўся і храпе. Прыходзяць жыды з кампаняю біць Клімка, — глядзяць: Клімко храпе, гаршчок стаіць на пяску без агню і варыцца. Давай будзіць Клімка: „Клімко! Клімко!“ — „Га!“ адазваўся Клімко — ізноў храпе. Жыды ізноў клічуць: „Клімко! Клімко!“ — „Га!“ — ізноў адзываецца Клімко.
„Цуеш Клімко,“ кажуць жыды, „цаму гэта твой гаршчок без агню варыцца?“
— Што-ж вы ня відзіце, што гэта такі гаршчок, ён усё без агню мне варыць.
„Цуеш, Клімко, прадай нам гэты гаршчок, сто хочаш дамо, толькі прадай.“
— Дайце трыццаць рублёў, то прадам.
Цуеш, Клімко, будзе з цябе дваццаць, ты-ж нам столькі шкоды нарабіў.
— „Ну, то чорт вас бяры! Давайце грошы і бярэце“. Узялі жыды гаршчок і вельмі рады, што Клімка ашукалі. — Пайшлі яны да хаты, налілі вады ў гаршчок, паставілі ў попеле на прыпечку, а гаршчок ня кіпіць дзень, ня кіпіць і другі. Жыды яшчэ больш зазлаваліся на Клімка — хочуць яго забіць.
Клімко тым часам купіў за рублёў тры каня, і пачаў карміць яго сенам і аўсом, а як пад’еў конь добра, то Клімко падставіў пад хвост каню цэбар, а як конь ў цэбар апаражніўся, то Клімко насыпаў ў гной грошы і разьмяшаў. А тым часам жыды пазьбіраліся Клімка біць, бачаць: Клімко ў цэбры ў гнаі конскім выбірае грошы.
— Што ты робіс, Клімко?
— Што-ж вы ня відзіце, што я раблю? Грошы з гною выбіраю!
— Сто твой конь грашыма гноіць.
— Што-ж вы, падлы, асьлеплі, ня відзіце, што грошы.
— Ну, цуес, Клімко, прадай ты нам гэтага каня.
— А што-ж вы мне за яго дасьцё?
— Сто хоцас дамо.
— Сто рублёў дайце, то прадам!
— Эй, на сто так дорага?
— Што? Дорага? Пайшлі вон, падлы!
— Ну, ну Клімко! цуес, адпусьціся, Клімко! Будзе з цябе трыццаць рублёў.
— Ня менш, як пяцьдзесят.
—І на барыс нічога?
— Ані гроша!
„Ну, то на, бяры! Няхай буцзе нам сцасьце!“
Далі Клімку пяцьдзясят рублёў, а каня павялі ў стадолу і давай карміць яго ўсім, чым ні папала і кожды жыд свае далоні падстаўляў, а з-пад хваста грошы ня падаюць. Жыды бачаць што Клімко іх ізноў ашукаў, пайшлі скардзіцца да пана на яго. Пан, як выслухаў іх скаргу, сказаў прывясьці да сябе Клімка; запытаў у яго: як умее красьці і ашукваць? Прыказаў Клімку: „калі ты такі здатны, то глядзі, каб ты ўкраў у мяне начную кашулю“. — „Добра, пане,“ кажа Клімко. Ён папрасіўся ў лёкая паказаць яму той пакой, дзе пан сьпіць. Ён забраўся туды і схаваўся пад ложак. Як прынясьлі пану кашулю, Клімко з-пад ложка за кашулю і памаленьку за тым, што прынёс — і выбег; потым пайшоў у карчму, узяў за кашулю кварту гарэлкі і п’е.
Прыйшоў пан спаць, глядзіць — няма кашулі. Сказаў знайсьці Клімка. Прывялі яго да пана. Пан пытае яго: „ты Клімко, украў маю кашулю?“
— Я!
„Дзе-ж ты яе падзеў“?
— Узяў за яе кварту гарэлкі. Падмацаваўся, што мучыўся пад панскім ложкам.
— Глядзі-ж ты, Клімко, калі ты такі здатны, каб ты маю паню ўкраў.
— Добра, пане.
Клімко знаў, калі пані езьдзіць на шпацыр: пашоў купіць новыя боты і прыпільнаваў, як пані выехала з хурманом; адыйшоўся ад маёнтку, сеў пры дарозе, кудою пані будзе ехаць. Як убачыў, што пані едзе, кінуў адзін бот пры дарозе, а сам пабег далей з поўвярсты і кінуў другі бот, і сам сеў і чакае. Едзе хурман з паняю, угледзеў: ляжыць на дарозе новы бот. Хурман просіцца ў пані каб пазволіла падняць бот; але пані не пазволіла. Паехалі далей — бачаць: ляжыць другі бот аднэй пары. Тады пані пазволіла пабегчы і па той бот. А Клімко з-за куста выбег, сеў на коні, дый драла з паняю, завёз паню ў самую пропасьць, дзе жывуць чэрці, пазваў чарцей і прадаў ім паню, а сам пайшоў да хаты.
Пан дачуўся, што пані ўжо няма, згадаў і паслаў па Клімка. Ледзь знайшлі Клімка: пьяны спаў. Будзяць яго: „Клімко! а Клімко! Ідзі да пана.“
— Га!
— Чуеш, Клімко, ідзі да пана!
— Га? — і яшчэ сьпіць.
— Ідзі да пана!
— Ідзеце вы да чорта! ён мне грошай даў, і я цяпер такі самы пан, маю за што выпіць і закусіць.
— Але-ж ідзі да пана.
— Дайце мне пасьля працы выспацца, — я быў у далёкай дарозе, у пекле, бачыў самага старшага чорта, дайце мне выспацца“.
Сам пан, не дачакаўшы Клімка, прыбег да яго і пытаецца: „Клімко! ты паню ўкраў?“
Клімко схапіўся, стаў перад панам і гаворыць:
— Я, пане.
— Дзе-ж ты дзеў яе?
— Прадаў, пане, чорту.
— Як гэта чорту?
— Але, чорту ў пекле.
— І дзе-ж яна цяпер?
— У чорта, пане, у пекле.
— А мой-жа-ж ты Клімко, мой-жа-ж ты добры! Ці ня можаш ты адабраць у яго паню назад?
— Паглядзімо, пане, можа як адбярэм, але вельмі трудна.
— А зьмілуйся, Клімачка, што захочаш дам, толькі адбяры.
— Добра, пане, пастараюся, толькі дайце мне, пане, вязку калочкаў і вялікі клубок ніцей, альбо якой-небудзь пражы.
Пан прыказаў і зараз далі Клімку ўсяго! Клімко ўзяў вязку калочкаў і вялікі клубок ніцей і пайшоў туды, дзе чарцям прадаў паню. Стаў ён над тым мейсцам біць у кружочак калочкі і абводзіць ніткамі навокала калочкаў. Абводзіць ды абводзіць. Аж выбегае адтуль чорцік.
— Што, Клімко, гэта робіш?
— Цэркву! Ці ты ня бачыш?
— Чуеш, Клімко. пакінь ты тут рабіць цэркву! мы цябе просім.
— А вам што за дзела? Мне мусі трэба тут будаваць царкву — і ўсё абводзіць ніткамі навокала калочкаў. Чорцік ізноў просіць яго: — Чуеш, Клімко, што хочаш дамо, только тут цэрквы не рабі.
— Няхай так, калі аддасьцё мне назад маю паню.
— То пачакай, не рабі; я пайду скажу нашаму старшаму. — І пабег чорцік да старшага. Аж выходзіць адтуль і нясе з сабою жалезны кол і кажа:
— Ну, Клімко, хто з нас вышэй падкіне гэта палена, то таго будзе пані.
— Ну, кідай ты, — сказаў Клімко да чорта. Як кінуў той, чуць стала відаць жалеза. Падаў чорт Клімку: „Ну, кідай ты!“ Клімко ўсьпёрся на кол, — ледзьве дзяржыць яго і ўсё глядзіць на сонца, на неба, і ўсё глядзіць. Пытае чорт: „што ты там глядзіш?“
— Я гляджу — вунь там дзьверы, паказвае на сонца; там кузьня, там мой брат кавалём жыве; я яму хачу закінуць гэта жалеза; то яму будзе многа чаго нарабіць з яго.
„А ня кідай туды! Гэта наша палка, што мы падпіраем пекла, каб ніхто бяз нас туды не ўвайшоў.“ І адабраў у Клімкі палку, пашоў да люцыпара на скаргу. Аж выходзіць за другім разам і гаворыць чорт Клімку:
— Ну, папрабуем: хто з нас выцісьне з каменя больш вады, то таго будзе пані.
— Ну цісьні! — кажа Клімко.
— Чорт стаў ціснуць камень — ледзьве паказалася вада. А Клімко аглянуўся — бачыць казьляк — грыб сядзіць — ухапіў ён гэты грыб і як пацісьне; так і палілася вада; ўзяў і пляснуў у вочы чорту. Той ізноў пабег да свайго старшага дзьябла. Давай яны ўсім пеклам радзіць, што з Клімкою рабіць? Паслалі ізноў к яму чорта: „Ідзі і скажы, хто з вас барджэй каня абнясе навокала таго лесу?“ — Прыбегае чорт к Клімку і кажа: „хто з нас абнясе вунь таго каня навокала таго лесу, таго будзе ўжо пані.“
— Ах ты, падла! што мне нясьці гэтага каня? Нясі ты ўпярод. Чорт узяў каня на плечы і панёс навокала лесу. Ледзьве абнёс, увесь задыхаўся. А тагды Клімко як сеў вярхом на каня, як прысьпічыў яго, конь, як відзіш, абнёс Клімка. „А каб вы папрападалі! Я буду з вамі доўга тармасавацца? буду рабіць царкву.“
„Ай! пачакай, ня строй, ня строй! я зараз прыйду і аддам паню тваю.“ Пашоў чарток, сказаў старшаму чорту, як Клімко хутка абнёс каня навокала лесу. Чорт удзівіўся і падумаў: што тут цяпер рабіць? Пані шкода аддаваць. Паслаў яшчэ раз таго чартка: „Няхай Клімко з табою бяжыць навыперадкі, каторы з вас каторага перагоніць.“ Пакуль чорт угаварваўся, Клімко, йдучы, напаў на двух маленечкіх зайчыкаў і пабраў іх у торбачку і трымаў. Прыбягае чарток і гаворыць: „Клімко! яшчэ адну работу зрабі, то тады аддамо паню, бяжым мы з табою навыперадкі, хто з нас раней абяжыць навокала лесу.
— Ах ты, падла! дурны! Табе зьбегчыся са мною? Ось паглядзімо, зьбегнісь ты з маім маленечкім сынком,“ і выняў Клімко зайчыка і пусьціў. Чорт пабег, а зайчык сабе.
Прыбегае чорт да Клімка, а Клімко трымае ўжо зайца за вушы і паказвае чорту. „А што? пакуль ты прыбег, ён даўно ўжо ў мяне на руках.“ Пашоў чорт і заплакаў. Чутно было, як ўсё пекла плакала. Выводзяць паню з пекла і даюць на рукі Клімку. Глядзіць ён і чыста зьлякаўся: ня можа пазнаць свае пані; яна лезе яму рукі цалаваць, а ён баіцца яе. Прывёз Клімко паню да пана, і пан ня можа яе пазнаць, уся чорна — ні вачэй ні твару ня відаць, і вопратка пераменілася на ёй і гаворыць ня так. Пан заплаціў Клімку — папрасіў жыдоў, каб яны Клімка злавілі і ўтапілі. Жыды пазьбіраліся Клімка распытваць, як ён ваяваў з чарцямі ў пекле. Клімко ім стаў расказваць. Жыды накінулі на яго сваім талесам і тады ўхапілі яго з разу і ўпіхнулі яго ў мяшок і цыцаламі завязалі, каб Клімко з яго ня уцёк. Зацягнулі, жыды Клімка ў мяшку пад праломку і пакінулі яго там, а самі пашлі яшчэ да кагалу, на раду, — што рабін скажа? Ці можна жыдом хрышчонага тапіць, каб рук не атрэфіць? А Клімко тут лежачы, давай крычаць: „Ня ўмею ні чытаць, ні пісаць; за караля абіраюць! Гвалт! ратуйце! Доўга Клімко так крычаў. Едзе якісь вялікі пан на чацьвярыку; слухае, што ў мяшку крычыць чалавек „Ня ўмею ні чытаць, ні пісаць, за караля абіраюць! Я гэтага не хачу! — Гвалт! Людзі! ратуйце!“ Астанавіўся пан і пытае ў Клімка: калі хочаш чалавеча, я цябе адмяню.
— Ай добра, пане!
„Я ўмею чытаць і пісаць і магу быць крулем.“ Разьвязаў пан мяшок, — вылез Клімко. Пан аддаў яму сваё адзеньне і коні з хурманом, сам улез у мяшок і папрасіў Клімка яго завязаць.
Клімко паехаў да маёнтку таго пана і з паняю пазнаўся, а пан троха паляжаў, пакуль жыды прышлі і пытаюць:
— А сто, хоцес быць за караля?
— Хачу!
„Ось мы цябе зробім каралём“, — пацягнулі мяшок і ўпіхнулі ў палонку, толькі бульбаткі забалматалі — і ўсё… Жыды там пастаялі і ў ладжы запляскалі: „тут узе табе, Клімко, зіць, да нас больс не хадзіць.“
Праз поўгадзіны жыды сталі зьбірацца да пана, каб падзякаваць, што пан пазволіў злодзея са сьвету зьвесьці і хацелі ў той дзень сьвята залажыць… Глядзь, хтось едзе да пана на чацьвярыку. Выбягае сам пан з паняю прынімаць гасьця; хочуць распытацца, як гэты госьць завецца і скуль ён? Аж ён сам упярод сказаў, што ён Клімко, з таго сьвету прыехаў зваць іх туды.
Давай жыдкі яму рукі цалаваць, каб ён расказаў ім, як там на тым сьвеце. Клімко давай разказваць: „Як вы мяне ўкінулі, так мяне зараз ухапілі пад рукі, павялі мяне ў такія пакоі, што я ў бацькі нашага пана ня бачыў такіх, а што там золата, алмазаў — і не палічыць і не перамерыць! Я захацеў паехаць, як бачыце, чацьвёрку коняй падвялі — і я сюды прыехаў… Ах, што там за багацьце!
— Пане Клімко, выбачайце, ой на нас за вас. Можэ вы нас туды прапусьцілі-б.
— А чаму-ж? Можна.
„Пане Клімко, ай каб зараз, ой вэй!“ І сам пан стаў прасіць яго, каб пана наўпярод упусьціць у тое каралеўства.
Усе пазьбіраліся пад палонку і паўлазілі ў мяшкі, а Клімко цягне і ўпіхае ў палонку, а пана сваяго наўпярод упіхнуў, а за ім жыдоў паўпіхаў, — толькі яны там пішчалі. А сам Клімко астаўся панам над усімі маёнткамі і над жыдоўскімі хатамі.