Каза ў арэхах
Каза ў арэхах Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://kazki.unicef.by/kazki.html |
Пайшоў казёл з казой у арэхі – казёл шчыпле, каза есць. Нашчыпалі тры мяхі, а чацвёрты – шалухі!
– Каза-каза, хадзем дадому!
– Не, не пайду!
Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пачакай жа, каза! Нашлю я на цябе ваўкоў! Ваўкі-ваўкі! Ідзіце казу есці!
Ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пачакайце ж, ваўкі! Нашлю я на вас мядзведзя! Мядзведзь-мядзведзь! Ідзі ваўкоў драць!
Мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пачакай жа, мядзведзь! Нашлю я на цябе стральцоў! Стральцы-стральцы! Ідзіце мядзведзя біць!
Стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пастойце ж, стральцы! Нашлю я на вас вяроўкі! Вяроўкі-вяроўкі! Ідзіце стральцоў вязаць!
Вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пастойце ж, вяроўкі, нашлю я на вас агонь! Агонь-агонь, ідзі вяроўкі паліць!
Агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пачакай жа, агонь, нашлю я на цябе ваду! Вада-вада! Ідзі агонь тушыць!
Вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пачакай жа, вада, нашлю я на цябе валоў! Валы-валы! Ідзіце ваду піць!
Валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пастойце ж, валы, нашлю я на вас даўбні! Даўбні-даўбні! Ідзіце валоў біць!
Даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пастойце ж, даўбні! Нашлю я на вас тапары! Тапары-тапары! Ідзіце даўбні сеч!
Тапары не ідуць даўбні сеч, даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пастойце ж, тапары! Нашлю я на вас камяні! Камяні-камяні! Ідзіце тапары тупіць!
Камяні не ідуць тапары тупіць, тапары не ідуць даўбні сеч, даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пастойце ж, камяні! Нашлю я на вас чарвей! Чэрві-чэрві! Ідзіце камяні тачыць!
Чэрві не ідуць камяні тачыць, камяні не ідуць тапары тупіць, тапары не ідуць даўбні сеч, даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пастойце ж, чэрві! Нашлю я на вас курэй! Куры-куры! Ідзіце чарвей дзяўбці!
Куры не ідуць чарвей дзяўбці, чэрві не ідуць камяні тачыць, камяні не ідуць тапары тупіць, тапары не ідуць даўбні сеч, даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.
– Пастойце ж, куры! Нашлю я на вас каршука! Каршук-каршук! Ідзі курэй драць!
Каршук пайшоў курэй драць, куры пайшлі чарвей дзяўбаць, чэрві пайшлі камяні тачыць, камяні пайшлі тапары тупіць, тапары пайшлі даўбні сеч, даўбні пайшлі валоў біць, валы пайшлі ваду піць, вада пайшла агонь тушыць, агонь пайшоў вяроўкі паліць, вяроўкі пайшлі стральцоў вязаць, стральцы пайшлі мядзведзя біць, мядзведзь пайшоў ваўкоў драць, ваўкі пайшлі казу есці. Ёсць каза з арэхамі! Ёсць каза з калёнымі!