Каза лупленая
Каза лупленая Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: https://knihi.com/Bielaruskaja_Narodnaja_Tvorcasc/Kazki_pra_zyviol_i_caradziejnyja_kazki.html#chapter94 |
Жыў дзед з бабай. Было ў іх сем коз і сем дачок. Гаворыць дзед сваёй большай дачцэ:
— Гані, мая большая дачушка, коз у поле!
Дачка і пагнала. Пасціла, пасціла, стала ўжо цямнець; яна і спрашваець:
— Козы мае, козачкі, ці пад’елі вы, ці напіліся?
Вот старая каза заблекатала, затопала нагамі, матнула галавой і кажаць:
— Дзякуй табе, пад’елі і напіліся ўволю. А цяпер ужо вечар, упала сцюдзёная раса, гані нас дамоў на ноч.
Гоніць дачка коз дамоў, а дзед сеў у варотах у чырвоных ботах ды пытаець:
— Козы мае мілыя! Ці пілі вы, ці елі?
Усе кажуць: «Я напілася, наелася, я напілася, наелася...»
А старая маўчыць.
— А ты, старая каза, ці напілася, ці наелася?
— Не, дзед, не напілася я, не наелася: бегла цераз калінавы масток, ухваціла асінавы лісток, ля згароды жменечку травы з ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.
Рассердзіўся дзед на дачку, біў, біў, забіў і пад печку падкаціў. На другі дзень гаворыць дзед другой дачцэ:
— Гані, мая дачушка другая, у поле коз ды харашэнька пасі!
Пагнала дачка коз у поле чуць дзень. Пасціла, пасціла ды пад вечар і спрашваець:
— Козы мае, козачкі, ці пад’елі вы, ці напіліся?
Старая каза заблекатала, затопала нагамі, матнула галавой і кажаць:
— Дзякуй табе, пад елі мы і напіліся ўволю. Гані нас на ноч дамоў, бо ўжо пала сцюдзёная раса!
Пагнала дачка коз дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і пытаець:
— Козы мае мілыя, ці напіліся, ці наеліся?
— Я напілася, я наелася, я напілася, я наелася, я напілася, я наелася...
— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?
— Не, дзед, не піла я, не ела, толькі бегла цераз калінавы масток, ухваціла рабінавы лісток, ля згароды жменечку травы з ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.
Рассердзіўся дзед, біў, біў дачку, забіў і пад печку падкаціў. На другі дзень выслаў дзед сваю трэцюю дачку:
— Гані, мая трэцяя дачушка, у поле коз ды харашэнька напасі!
Пагнала яна чуць дзень. Пасціла, пасціла, а пад вечар і спрашваець:
— Козы мае, козачкі, ці пад’елі вы, ці напіліся?
Старая каза заблекатала, затопала нагамі, матнула галавой і гаворыць:
— Спасіба, наеліся і напіліся ўволюшку!
Гоніць яна іх дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:
— Козы мае мілыя! Ці напіліся вы, ці наеліся вы?
А яны яму:
— Я напілася, я наелася, я напілася, я наелася...
— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?
— Не напілася я, не наелася: а як бегла цераз калінавы масток, ухваціла бярозавы лісток, ля згароды з’ела жменечку травы ды выпіла лыжачку вады. Толькі я піла і ела.
Рассердзіўся дзед, біў, біў дачку, забіў і пад печку падкаціў. Пагнала на другі дзень чацвёртая дачка. Пасціла, пасціла, накарміла, напаіла і гоніць дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:
— Козы мае мілыя! Ці напіліся вы, ці наеліся вы?
А козы яму ў атвет:
— Я напілася, я наелася, я напілася, я наелася...
— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?
— Не, дзед, не напілася, не наелася: толькі бегла цераз калінавы масток, ухваціла дубовы лісток, ля згароды жменечку травы з’ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.
Біў, біў дзед дачку, забіў і пад печку падкаціў.
— Гані, мая пятая дачушка, коз у поле! Ды харашэнька напасі!
Пагнала пятая дачка; пасціла, пасціла, накарміла, напаіла і гоніць. Дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і пытаець:
— Козы мае мілыя, ці пілі вы, ці елі?
А козы гавораць:
— Я напілася, я наелася, я напілася й наелася...
— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?
— Не, дзед, не напілася, не наелася: як бегла цераз калінавы масток, ухваціла кляновы лісток, ля згароды жменечку травы з’ела ды лыжачку вадзіцы выпіла...
Рассердзіўся дзед, забіў дачку і пад печ падкаціў.
— Гані, мая шостая дачушка, коз у поле!
Яна пагнала, пасціла, пасціла з рання ды да вечара і гоніць дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:
— Козы мае мілыя! Ці напіліся, ці наеліся вы?
— Я напілася, наелася, я напілася, наелася...
— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?
— Не, дзед, не напілася, не наелася: як бегла цераз калінавы масток, ухваціла альховы лісток, ля згароды жменечку травы з'ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.
Забіў дзед і гэту дачку і пад печ падкаціў.
— Гані, мая сёмая дачушка, коз у поле ды глядзі ж, харашэнька напасі!
Пагнала дачка коз у поле чуць дзень: пасціла, пасціла, а пад вечар і пытаець:
— Козы мае, козачкі, ці напіліся вы, ці наеліся?
Старая каза заблекатала, затопала нагамі, матнула галавой і кажаць:
— Дзякуй табе, наеліся і напіліся ўволю: гані нас ужо дамоў, бо на зямлю ўжо пала сцюдзёная раса!
Гоніць яна, а дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:
— Козы мае мілыя, ці напіліся вы, ці наеліся вы?
— Я напілася, наелася, я напілася, наелася...
— А ты, каза старая, ці напілася, наелася?
— Не, дзед, не напілася, не наелася: толькі як бегла цераз калінавы масток, ухваціла арэхавы лісток, ля згароды жменечку травы з’ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым піла і ела.
Рассердзіўся дзед, біў, біў тую дачку, забіў і пад печ падкаціў.
— Ну, баба, гані коз у поле!
Пагнала баба, пасціла, пасціла, стала ўжо прыцемна, гоніць яна іх дамоў. А дзед сеў у варотах у чырвоных ботах і спрашваець:
— Козы мае мілыя, ці пілі вы, ці елі?
— Я напілася й наелася, я напілася, я наелася...
— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?
— Не напілася, не наелася: бегла цераз калінавы масточак, ухваціла лазовы лісточак, ля згароды жменьку травы з ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Толькі піла я і ела.
Рассердзіўся дзед, біў, біў бабу, забіў і пад печ падкаціў. На другі дзень пагнаў сам коз у поле, зняўшы чырвоныя боты. Пасціў, пасціў і гоніць. А сам забег напярод, надзеў чырвоныя боты, сеў у варотах і спрашваець:
— Козы мае мілыя, ці напіліся, ці наеліся вы?
— Я напілася й наелася, я напілася й наелася...
— А ты, каза старая, ці напілася, ці наелася?
— Ну, дзед, я не напілася, не наелася: як бегла цераз калінавы масток, ухваціла ясеневы лісток, ля згароды жменечку травы з'ела ды лыжачку вадзіцы выпіла. Аб тым я піла і ела.
Заплакаў дзед:
— Ах жа ты, праклятая! Перавяла маіх дачок, перавяла маю бабу!
Біў, біў ён тую казу, біў, біў — ажно бок аблупіў. Схваціў яе за рогі і прывязаў вяровачкай к калёсам, а сам прычытаець ды прыгаварваець:
— Каза мая, каза, не казліся позна, каза мая белая ля згароды бегала, а я казу за нагу, заўтра на торг павяду: казу белую прадам, за тры грошыкі аддам!
Пачула гэта каза, адарвалася яна ад калёс і пабегла з двара! Бегла, бегла, забегла ў лес, а ў лесе лісічкіна хатка. Забегла яна ў хатку і палезла пад печ. Прыйшла лісічка, чуець — нехта ёсць у хатцы. Яна і кажаць:
— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!
— Я каза луплена, за тры грошы куплена, як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся за парогам, залатой барадой замяту!
Спужалася лісічка, села на завалінку і плачаць. Ідзець зайчык:
— Кумка-галубка, чаго ты плачаш?
— Як жа мне не плакаць: нехта ў маёй хатцы ёсць.
—Хадзі, кумка-галубка, ці не выганім мы?
Прыйшлі:
— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!
— Я каза луплена, за тры грошы куплена. Як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся за парогам, залатой барадой замяту!
Спужаўся зайка, уцёк. Сядзіць лісічка на заваліне і плачаць. Прыйшоў воўк:
— Кумка-галубка, чаго ты плачаш?
— Як жа мне не плакаць: нехта ў маёй хатцы ёсць.
— Хадзі, ці не выганім мы яго?
Прыйшлі.
— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!
— Я каза луплена, за тры грошы куплена. Як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся пад парогам, залатой барадой замяту!
Спужаўся воўк і ўцёк. Пайшла ізноў лісічка на завалінку, села і плачаць. Ідзець мядзведзь:
— Кумка-галубка, чаго ты плачаш?
— Як жа мне не плакаць: нехта ў маёй хатцы ёсць.
— Хадзі, ці не выганім мы яго?
Пайшлі і спрашваюць:
— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!
— Я каза луплена, за тры грошы куплена. Як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся за парогам, залатой барадой замяту!
Спужаўся мядзведзь і ўцёк. Сядзіць лісічка, плачаць. Аж во паўзець рак:
— Кумка-галубка, чаго ты плачаш?
— Як жа мне не плакаць: нехта ў маёй хатцы ёсць.
— Пойдзем, кумка-галубка, ці не выганім мы з табой.
— І дзе табе, рачык, выгнаць? Зайчык гнаў — не выгнаў, воўк гнаў — не выгнаў, мядзведзь гнаў — не выгнаў і ты не выганіш.
— Ну, а ўсё-такі хадзем!
Пайшлі і спрашваюць:
— Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!
— Я каза луплена, за тры грошы куплена. Як дам капытом — апынешся пад кутом, як дам рогам — апынешся за парогам, залатой барадой замяту!
Рак тады пад печ, падпоўз пад казу ды як шчыпнець! Як пабяжыць тая каза з-пад печы, ды з хаты, ды ў лес!.. Лісічка накарміла, напаіла рака, а сама стала жыць ды пажываць, ды дабра нажываць.