Каб усе так слёзы нашага народа
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Каб усе так слёзы нашага народа... Аўтар: Гальяш Леўчык 1908 Крыніца: https://knihi.com/Haljas_Leucyk/Kab_usie_tak_slozy_nasaha_naroda.html |
Каб усе так слёзы нашага народа
Раптам сабраліся ў дажджавую воду,
То такім бы ліўнем хлынулі, плылі,
Што другі патоп зноў быў бы на зямлі:
Сорак дзён і ночаў дождж тагды ўсё ліў бы,
Цэлы свет вадою зноў ён затапіў бы!
Каб усю так крыўду беднай Беларусі,
Стогны, боль, загубу (зносіць што ў прымусе),
Жальбы ўсе і гора сонцу паказаць,
То ад грому неба стала бы дрыжаць,
З перуноў-маланак хутка бы аглухла,
Ад пракляцця ж сонца яснае патухла!..