З XXI-га Процігарэлачнага Міжнароднага Кангрэсу
З XXI-га Процігарэлачнага Міжнароднага Кангрэсу Артыкул Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1931 год Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 13 (112), кастрычнік 1937 г., б. 6-7 |
Злыбядаў рознаякіх шмат на шляху адзінак паасобных ды грамадзтваў людзей. Бязумоўна да аднае з найгоршых злыбядаў, можна было-б казаць пошасьці, бязлітасна трымаючае ў напружаньні чалавецтва цывілізаванае, належыць г а р э л к а.
Гарэлка — гэта вораг і загуба чалавека — чытаем у кніжках, брашурах, афішках. Гарэлка—гэта праклён кожнага добрага пачыну ў напрамку наладжаньня лепшае гаспадаркі. Гарэлка—гэта крыніца распусты і злачынства—чуем, ці прынамся павінны пачуць ад настаўніка, ад духоўніка, ды ад кожнага сьвядомага і разумнага чалавека.
Гэныя праўды зразумелі калі ня ўсе людзі, дык прынамся лепшыя з іх, і пачалі змаганьне з гарэлкаю, як з ворагам адзінкі і адначасна ворагам грамадзкім, народным, ды трэба было-б думаць і ворагам дзяржаўным. Апошні сказ у адносінах да дзяржавы вымагае агаворкі дзеля таго, што якга можна падумаць, што дзяржава паддзержывае гарэлку; дзяржава мае манаполь, ад яе залежыць ці народ будзе піць і колькі ён будзе піць. Дзяржава, як казаў высокі польскі ўрадовец, адначасна чалавек навукі (Доц. Др. Шульц), імкнецца да таго, каб народ найбольш піў, бо дзяржава на гарэлцы зарабляе больш, чымся на якім іншым прадмеце. Дзякуючы такой сытуацыі да 80 прац. вязьняў з нашых земляў гэта самагоншчыкі. Самагоншчыкі канкурэнты скарбу й манаполю. Калі-б пілі манапольку, ніхто іх не чапаў-бы…
Праблемаю гарэлкі (алькаголю) займаюцца рознаякія адумысловыя ўстановы і людзі навукі. Адны займаюцца лекарскаю стараною праблемы, дасьледуюць ці алькаголь сапраўды шкодны і якім органам цела і г. д., адным словам займаюцца сьледамкамі гарэлкі на целе тых, што п’юць.
Іншыя займаюцца дасьледаваньнем, як гарэлка дзеіць на патомства п’яніцаў. Гэная галіна навукі завецца эўгэнікаю.
Іншыя яшчэ займаюцца эканамічнаю стараною алькаголізму. А яшчэ іншыя—статыстычнаю,—дасьледуюць, якія ўмовы спагадаюць распаўсюджваньню п’янства, якія суадносіны гарэлкі да зладзействаў, разбояў і г. д.
На гэтым месцы хацеў-бы паясьніць, што сучасная навука алькаголікам, п’яніцаю заве ня толькі тых, што ня выходзяць з карчмы ці рэстарану, што напіваюцца да бяспамяці. Алькаголікам будзе „буржуй“, які кожны дзень, каб ахватней зьесьць мяса, п’е адну-дзьве чаркі перад абедам. Алькаголікам будзе і той, што прапівае апошні грош, хаця дзеці ў хаце галодныя і ня маюць ў што апрануцца, каб паказацца перад людзьмі. Хай такі чалавек п’е ня кожны дзень, хай ён бярэцца за чарку адзін раз на тыдзень. Ён нявольнік атруты, для яго няма абавязку, ён недаступны маралі. Дык хаця мо’ людзей і ня шмат напіваецца, алькаголікаў аднак шмат.
І вось больш ужо сарака гадоў сабіраюцца міжнародныя кангрэсы з прадстаўнікоў тых, што зразумелі ўсю шкоднасьць і небясьпеку гарэлкі, дзеля супольных нарадаў, дзеля абмену думкамі, з мэтаю адначасна падрахаваць зьдзейсьненыя перамогі і здабычы на вельмі цяжкім шляху змаганьня. На такіх кангрэсах праблема алькаголю разглядаецца ўсебакова з мэтаю знайсьці лепшы спосаб барацьбы, бо няма ніякіх спрэчак сяньня аб тым, ці гарэлка шкодная. Бяссумліўна гарэлка шкодная і здарою і душы чалавека.
На такіх кангрэсах бывае народу шмат — ад некалькі сот да некалькі тысяч чалавек. У такой вялікай грамадзе немагчыма было-б спакойна працаваць, ды і не маглі-б усе выказаць таго, з чым паводле іх трэба было-б падзяліцца з іншымі. Дзеля гэтага кангрэс дзеліцца на некалькі сэкцыяў прыкладам сэкцыя лекарская, грамадзкая, агульная і г. д.
Чарговы такі кангрэс XXI быў сёлета ў Варшаве ад 12 да 17 верасьня. Народу было прыехаўшы шмат, нешта больш дзьвёх тысяч. Прыехалі ня толькі з усіх куткоў Эўропы, а былі людзі і з Амэрыкі і з Азіі. Былі там лекары, псыхолёгі, фізыёлёгі, грамадзкія дзеячы, настаўнікі, прадстаўнікі розных веравызнаньняў. Сёлетні кангрэс вызначаўся з іншых тым, што было на ём шмат каталіцкага духавенства, што навонкі праявілася, між іншым, у наладжаньні адумысловага I-га міжнароднага процігарэлачнага каталіцкага кангрэсу.
Іншая асаблівасьць сёлетняга кангрэсу гэта прысутнасьць на ём упяршыню ў арганізаванай форме шматлікіх групаў моладзі. Гэная прысутнасьць моладзі, можна казаць, была адным з найпрыгажэйшых мамэнтаў кангрэсу.
На адумысловым агульным паседжаньні дэлегацыі моладзі: фінскае, латыскае, францускае, нямецкае і іншых сустрачаліся з прадстаўнікамі адыходзячага пакаленьня пры энтузыязьме ўсіх прысутных. Пацалункам найстарэйшага з прысутных са швайцарскаю дэлегаткаю (між іншым прыстойнаю дзяўчынаю) была падчыркнута патрэба моладзі на гэным фронце процігарэлачным. І бязумоўна толкьі сіла, сьвежасьць, вера моладзі можа быць зарукаю перамогі.
Адзін з місыянараў, што працаваў сорак гадоў у цэнтральнай Афрыцы, казаў у прамове, што шмат лягчэй працаваць з дзікімі народамі, чымся на фронце процігарэлачным. Варшаўскі кангрэс быў паказальнікам гэных цяжкіх умоваў. З аднае стараны прадстаўнікі навукі даказывалі, што алькаголь вельмі шкодны чалавеку і жывёле, што ад гарэлкі хварэе ў першую чаргу найбольш важны і далікатны орган чалавека—мозг. Гарэлка пакідае шкодныя сьледамкі на дзецях алькаголікаў, яны кепска гадуюцца, паміж імі многа ёсьць дурнаватых і хворавекіх людзей.
Адначасна дакладчыкі, асабліва на сэкцыі грамадзкай, падчырківалі, што пакуль дзяржава ня стане на шлях змаганьня з гарэлкаю, датуль на жаль рэзультаты ня будуць вялікімі. Усе падчырківалі, што хаця прогібіцыя ў Злучаных Штатах Паўночнае Амэрыкі кончылася ня зусім слаўна, аднак толькі выключна ў такой плошчы законадаўства дзяржаўнага жджэ нас вызваленьне ад гарэлкі. Трэба спадзявацца, што ўсьведамленьне агульнае, асабліва сярод моладзі, ідэі проціалькагольнае давядзе і дзяржавы на гэны шлях і мо‘ тады чалавецтва будзе свабоднае ад страшнае пошасьці, што йдзе з гарэлкаю ў хату.
Др. Ст. Грынкевіч
Арыгінальны тэкст
[правіць]Złybiadaŭ roznajakich šmat na šlachu adzinak paasobnych dy hramadztvaŭ ludziej. Biazumoŭna da adnaje z najhoršych złybiadaŭ, možna było-b kazać pošaści, biazlitasna trymajučaje ŭ napružańni čalaviectva cyvilizavanaje, naležyć h a r e ł k a.
Harełka — heta vorah i zahuba čałavieka — čytajem u knižkach, brašurach, afiškach. Harełka—heta praklon kožnaha dobraha pačynu ŭ napramku naładžańnia lepšaje haspadarki. Harełka—heta krynica raspusty i złačynstva—čujem, ci prynamsia pavinny pačuć ad nastaŭnika, ad duchoŭnika, dy ad kožnaha śviadomaha i razumnaha čałavieka.
Henyja praŭdy zrazumieli kali nia ŭsie ludzi, dyk prynamsia lepšyja z ich, i pačali zmahańnie z harełkaju, jak z voraham adzinki i adnačasna voraham hramadzkim, narodnym, dy treba było-b dumać i voraham dziaržaŭnym. Apošni skaz u adnosinach da dziaržavy vymahaje ahavorki dziela taho, što jakha možna padumać, što dziaržava paddzieržyvaje harełku; dziaržava maje manapol, ad jaje zaležyć ci narod budzie pić i kolki jon budzie pić. Dziaržava, jak kazaŭ vysoki polski ŭradoviec, adnačasna čałaviek navuki (Doc. Dr. Šulc), imkniecca da taho, kab narod najbolš piŭ, bo dziaržava na harełcy zarablaje bolš, čymsia na jakim inšym pradmiecie. Dziakujučy takoj sytuacyi da 80 prac. viaźniaŭ z našych ziemlaŭ heta samahonščyki. Samahonščyki kankurenty skarbu j manapolu. Kali-b pili manapolku, nichto ich nie čapaŭ-by…
Prablemaju harełki (alkaholu) zajmajucca roznajakija adumysłovyja ŭstanovy i ludzi navuki. Adny zajmajucca lekarskaju staranoju prablemy, daśledujuć ci alkahol sapraŭdy škodny i jakim orhanam cieła i h. d., adnym słovam zajmajucca śledamkami harełki na ciele tych, što pjuć.
Inšyja zajmajucca daśledavańniem, jak harełka dzieić na patomstva pjanicaŭ. Henaja halina navuki zaviecca eŭhenikaju.
Inšyja jašče zajmajucca ekanamičnaju staranoju alkaholizmu. A jašče inšyja—statystyčnaju,—daśledujuć, jakija ŭmovy spahadajuć raspaŭsiudžvańniu pjanstva, jakija suadnosiny harelki da zładziejstvaŭ, razbojaŭ i h. d.
Na hetym miescy chacieŭ-by pajaśnić, što sučasnaja navuka alkaholikam, pjanicaju zavie nia tolki tych, što nia vychodziać z karčmy ci restaranu, što napivajucca da biaspamiaci. Alkaholikam budzie „buržuj“, jaki kožny dzień, kab achvatniej źjeść miasa, pje adnu-dźvie čarki pierad abiedam. Alkaholikam budzie i toj, što prapivaje apošni hroš, chacia dzieci ŭ chacie hałodnyja i nia majuć ŭ što apranucca, kab pakazacca pierad ludźmi. Chaj taki čałaviek pje nia kožny dzień, chaj jon biarecca za čarku adzin raz na tydzień. Jon niavolnik atruty, dla jaho niama abaviazku, jon niedastupny marali. Dyk chacia mo’ ludziej i nia šmat napivajecca, alkaholikaŭ adnak šmat.
I voś bolš užo saraka hadoŭ sabirajucca mižnarodnyja kanhresy z pradstaŭnikoŭ tych, što zrazumieli ŭsiu škodnaść i niebiaśpieku harełki, dziela supolnych naradaŭ, dziela abmienu dumkami, z metaju adnačasna padrachavać ździejśnienyja pieramohi i zdabyčy na vielmi ciažkim šlachu zmahańnia. Na takich kanhresach prablema alkaholu razhladajecca ŭsiebakova z metaju znajści lepšy sposab baraćby, bo niama nijakich sprečak siańnia ab tym, ci harełka škodnaja. Biassumliŭna harełka škodnaja i zdaroju i dušy čałavieka.
Na takich kanhresach byvaje narodu šmat — ad niekalki sot da niekalki tysiač čałaviek. U takoj vialikaj hramadzie niemahčyma było-b spakojna pracavać, dy i nie mahli-b usie vykazać taho, z čym pavodle ich treba było-b padzialicca z inšymi. Dziela hetaha kanhres dzielicca na niekalki sekcyjaŭ prykładam sekcyja lekarskaja, hramadzkaja, ahulnaja i h. d.
Čarhovy taki kanhres XXI byŭ sioleta ŭ Varšavie ad 12 da 17 vieraśnia. Narodu było pryjechaŭšy šmat, niešta bolš dźvioch tysiač. Pryjechali nia tolki z usich kutkoŭ Eŭropy, a byli ludzi i z Ameryki i z Azii. Byli tam lekary, psycholohi, fizyjolohi, hramadzkija dziejačy, nastaŭniki, pradstaŭniki roznych vieravyznańniaŭ. Sioletni kanhres vyznačaŭsia z inšych tym, što było na jom šmat katalickaha duchavienstva, što navonki prajaviłasia, miž inšym, u naładžańni adumysłovaha I-ha mižnarodnaha prociharełačnaha katalickaha kanhresu.
Inšaja asablivaść sioletniaha kanhresu heta prysutnaść na jom upiaršyniu ŭ arhanizavanaj formie šmatlikich hrupaŭ moładzi. Henaja prysutnaść moładzi, možna kazać, była adnym z najpryhažejšych mamentaŭ kanhresu.
Na adumysłovym ahulnym pasiedžańni delehacyi moładzi: finskaje, łatyskaje, francuskaje, niamieckaje i inšych sustračalisia z pradstaŭnikami adychodziačaha pakaleńnia pry entuzyjaźmie ŭsich prysutnych. Pacałunkam najstarejšaha z prysutnych sa švajcarskaju delehatkaju (miž inšym prystojnaju dziaŭčynaju) była padčyrknuta patreba moładzi na henym froncie prociharełačnym. I biazumoŭna tolki siła, śviežaść, viera moładzi moža być zarukaju pieramohi.
Adzin z misyjanaraŭ, što pracavaŭ sorak hadoŭ u centralnaj Afrycy, kazaŭ u pramovie, što šmat lahčej pracavać z dzikimi narodami, čymsia na froncie prociharełačnym. Varšaŭski kanhres byŭ pakazalnikam henych ciažkich umovaŭ. Z adnaje starany pradstaŭniki navuki dakazyvali, što alkahol vielmi škodny čałavieku i žyviole, što ad harełki chvareje ŭ pieršuju čarhu najbolš važny i dalikatny orhan čałavieka—mozh. Harełka pakidaje škodnyja śledamki na dzieciach alkaholikaŭ, jany kiepska hadujucca, pamiž imi mnoha jość durnavatych i chvoraviekich ludziej.
Adnačasna dakładčyki, asabliva na sekcyi hramadzkaj, padčyrkivali, što pakul dziaržava nia stanie na šlach zmahańnia z harełkaju, datul na žal rezultaty nia buduć vialikimi. Usie padčyrkivali, što chacia prohibicyja ŭ Złučanych Štatach Paŭnočnaje Ameryki končyłasia nia zusim słaŭna, adnak tolki vyklučna ŭ takoj płoščy zakonadaŭstva dziaržaŭnaha ždže nas vyzvaleńnie ad harełki. Treba spadziavacca, što ŭśviedamleńnie ahulnaje, asabliva siarod moładzi, idei procialkaholnaje daviadzie i dziaržavy na heny šlach i mo‘ tady čałaviectva budzie svabodnaje ad strašnaje pošaści, što jdzie z harełkaju ŭ chatu.
Dr. St. Hrynkievič