З сучасных настрояў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
З сучасных настрояў
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1922
Крыніца: http://mihascharot.ru/prazdel/34-z-suchasnih-nastroyau.html


…Калі настрой душы маей
Кране па струнах ліры гучнай,
У даль ляціць акорд смялей,
Які з паэтам неразлучны.
І гэтай песні адгалос,
Які у полі віхрам скача,
Убачыць шмат на свеце слёз…
А слёз маіх — ніхто не бачыць.
Хачу я пець на новы лад,
Каб гук ляцеў вясёлай песні…
Спяваю шумна, рад — не рад,
Хоць сонца й свеціць на прадвесні.
Хачу я пець пра кветкі, май,
Пра погляд зорак з небасхілу…
3ірну наўкола — там, дзе гай,
Чарнее поле ад магілаў.
Крыжы стаяць — пакуты знак,—
Там ціха спяць байцы за волю…
Мільёны дзетак-небарак
Там між магіл шукаюць долю.
А смерці воблік тут і там
Вітае вечна над балотам…
І хоць не страх памерці нам,
Але і жыць яшчэ ахвота.
Я нейкім чорным туманом
Усё жыццё свае спавіты…
Я бачыў шчасце толькі сном…
Мой човен хвалямі разбіты.
Змагаю сілу бурных хваль,
Пакуль не згіну у змаганні…
Гляджу я праз туман у даль,
Бляск сонца бачу на кургане.
І я хачу развеяць сум,
Каб песні радасці пець краю…
Але ўвесь рой вясёлых дум
Жыццё без жалю разганяе…
…І зноў пад гукі лірных струн
У чорных колерах ўсё бачу…
Смяюся моцна, як лясун…
І ціха… ціха… ціха плачу.

(1922)