Перайсці да зместу

З пушкі на Луну/Навакол Луны/XVIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XVII. Кратэр „Ціхо“ XVIII. Важныя пытанні
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XIX. Барацьба з немагчымым

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХVIII

Важныя пытанні

Снарад між тым пранёсся ўжо над «Ціхо». Барбікен і яго таварышы назіралі з найвялікшай увагай за бліскучымі палосамі, якія славутая гара раскідала па ўсіх напрамках.

Што гэта за прамяністы арэол? Што ўтварае гэтыя агністыя праменні?

Гэта пытанне, як і трэба, вельмі непакоіла Барбікена.

Перад яго вачыма ва ўсіх напрамках цягнуліся светланосныя палосы, адны шырынёю ў 20, другія ў 50 кілометраў. У некаторых месцах гэтыя агністыя палосы мігцелі на працягу тысячы кілометраў ад «Ціхо» і, здавалася, закрывалі, асабліва к усходу і поўначы, палавіну паўднёвага паў- шар’я. Адна такая паласа святла ішла, закругляючыся да «Мора Нектара», перарэзвала яго і, прабегшы 1 200 кілометраў, разбівалася аб ланцуг «Пірынеяў». Іншыя палосы цягнуліся мігатлівымі ніткамі к захаду і закрывалі моры «Воблакаў» і «Вільгаці» нібы прамяністай сеткай. Адкуль браліся ўсе гэтыя ззяючыя праменні, якія беглі і па раўнінах і па гарах, якая-б ні была іх вышыня? Усе праменні ішлі з агульнага цэнтра — з кратэра «Ціхо».

Гершэль прыпісваў бліскучы іх выгляд даўнім патокам лавы, застыўшай ад холаду, але гэта думка не была прынята. Другія астраномы бачылі ў невытлумачаных праменнях рады вялізных глыб і скал, знесеных лёдам.

— Што-ж, гэта прыдумана ўдала, — сказаў Ніколь, якому Барбікен выкладаў розныя вучоныя думкі.

— Правільнасць гэтых бліскучых ліній і сіла, неабходная для перанясення вулканічных вяшчэстваў на такую адлегласць, нерастлумачальны! — сказаў Барбікен.

— Ужо і нерастлумачальны! — засупярэчыў Ардан. — Па-мойму, вельмі лёгка растлумачыць паходжанне гэтых праменняў.

— Сапраўды? — прагаварыў Барбікен.

— Сапраўды, — адказаў Ардан. — Калі я скажу вам, што гэта абшырная зоркападобная трэшчына падобна на тую, якую робіць на шкле ўдар кулі ці каменя, дык усё і будзе сказана.

— Надзвычайна! — адказаў Барбікен, усміхаючыся. — Ну, а чыя-ж магутная рука кінула камень, які зрабіў такі ўдар?

— Рука тут зусім і непатрэбна, — адказаў Ардан, ані не саромячыся, — а што да каменя, то дапусцім, што месца каменя тут заняла камета.

— Камета? Куды толькі не суюць гэтыя каметы! Найпаважанейшы Мішэль, тваё тлумачэнне добрае, але камета лішняя тут, можаш яе забраць. Удар, зрабіўшы гэтую трэшчыну, мог адбыцца з нетраў самай Луны. Гэта зоркападобная трэшчына магла ўтварыцца проста ад хуткага сціскання луннай кары пад уплывам ахаладжэння. Такой з’яўляецца думка англійскага вучонага Нэсміта, і яна здаецца мне цалкам дастатковай для вытлумачэння данай з’явы.

Падарожнікі доўга яшчэ любаваліся хараством гары «Ціхо». Снарад, патанаючы ў падвойным ззянні — праменняў Луны і Сонца — вельмі награваўся. Яны перайшлі ад вялікага холаду да нязноснай спёкі. Прырода рыхтавала з іх жыхароў Луны.

Стаць жыхарамі Луны! Гэта думка зноў навяла на гутарку аб заселенасці Луны. Ардан пачаў выпытваць думку сваіх таварышоў і абавязкова патрабаваў, каб яны станоўча адказалі яму: ці ёсць на Луне прадстаўнікі жывёл і чалавецтва?

— Я думаю, што на гэта можна адказаць, — сказаў Барбікен. — Толькі, па-мойму, пытанне павінна быць інакш пастаўлена.

— Ну, пастаў яго інакш! — адказаў Ардан.

— Добра. Задача тут падвойная і патрабуе падвойнага вырашэння: заселена цяпер Луна ці не? Ці была Луна калі-небудзь заселена?

— Добра, — сказаў Ніколь, — разгледзім спачатку першае пытанне: ці заселена Луна цяпер?

— Праўду кажучы, я нічога пра гэтае не ведаю, — адказаў Мішэль Ардан.

— А я адмоўна адкажу, — сказаў Барбікен. — У тым стане, у якім цяпер знаходзіцца Луна, — вазьміце толькі пад увагу яе рэдкую атмасферную абалонку, яе высахлыя моры, рэзкія пераходы ад цяпла да холаду, ночы і дні па 354 гадзіны, — мне здаецца, яна не можа быць заселенай. Як на ёй развіцца жыццю?

— Згодзен, — адказаў Ніколь. — Але, можа быць, на Луне жывуць істоты, маючыя зусім асобую арганізацыю?

— На гэта пытанне цяжэй адказаць, але я ўсё-ж паспрабую. Скажы, калі ласка, як ты думаеш: жыццё, пры якой-бы там ні было арганізацыі, ці можа не суправаждацца рухам?

— Зразумела, не, — адказаў Ніколь.

— Ну, а мы назіраем за луннымі мацерыкамі з адлегласці не больш пяцісот метраў, і ніякага руху на паверхні Луны не заўважылі. Прысутнасць якога-б там ні было жыцця выдала-б сябе якімі-небудзь змяненнямі ў натуральным выглядзе луннай паверхні, рознымі будынкамі, нават руінамі. А мы што бачылі? Усюды і заўсёды работу прыроды, але ніколі і нідзе — работу чалавека. Значыць, калі прадстаўнікі жывёл і існуюць на Луне, то яны захаваны ў невымерных упадзінах, куды не можа пранікнуць вока чалавека. Гэтага я не магу дапусціць, таму што яны ўсё-ж пакінулі-б якія-небудзь сляды на раўнінах, якія пакрыты слоем, хаця і вельмі рэдкім, атмасфернага паветра. Такіх слядоў нідзе не відаць. Застаецца адно: дапусціць, што тут жыве парода жывых істот, якім не ўласцівы рух.

— Ну, гэта адно і тое-ж, што сказаць: вось жывыя істоты, якія не жывуць, — засупярэчыў Ардан.

— Іменна, — адказаў Барбікен.

— Значыць, мы можам рэзюміраваць сваю думку? — сказаў Ардан.

— Можам, — адказаў Ніколь.

— Добра, — казаў далей Мішэль Ардан. — Вучоная камісія, будучы на паседжанні ў снарадзе Пушачнага клуба, на аснове новых фактаў, большасцю галасоў рашае, што на Луне няма жыцця.

— Цяпер, — сказаў Ніколь, — возьмемся за другое пытанне. Я запытваю: ці было на Луне калі-небудзь жыццё?

— Слова мае грамадзянін Барбікен, — сказаў Ардан.

— Мілыя сябры, — адказаў Барбікен, — яшчэ перш чым выправіцца ў гэтае падарожжа, я ўжо рашыў, што на Луне было некалі жыццё. Дадам, што нашы асабістыя назіранні толькі пацвердзілі мае ранейшыя здагадкі. Дапускаю, нават сцвярджаю, што на Луне жыў чалавек, які меў аднолькавую з намі арганізацыю, што на ёй пладзіліся жывёлы такой самай будовы, як і зямныя; але і чалавечыя істоты і жывёлы аджылі свой час і цяпер зусім зніклі.

— Так, значыць, Луна многа старэйшая за Зямлю? — спытаў Ардан.

— Не, — адказаў Барбікен. — Луна не старэйшая, але толькі хутчэй састарылася: яна ўтварылася і разбуралася намнога хутчэй, чым Зямля. Арганізуючыя сілы матэрыі ўнутры Луны дзейнічалі значна мацней, чым унутры нашага зямнога шара. Цяперашні знадворны выгляд луннага дыска з трэшчынамі, упадзінамі, узгоркамі ясна даказвае гэта. Можна ўпэўнена сказаць, што, калі наша Зямля была яшчэ ў поўвадкім стане, Луна ўжо зацвярдзела пад уплывам ахаладжэння, і на ёй магло быць жыццё.

— Так, гэта правільна, — сказаў Ніколь.

— Тады, — казаў далей Барбікен, — Луна была абкружана атмасферай. Вада, якая трымалася газападобнай абалонкай, не магла выпарвацца. Пад уплывам паветра, вады, святла, сонечнага цяпла і цяпла ўнутранага расліннасць павінна была хутка развівацца на падрыхтаванай для яе глебе, і, вядома, каля гэтай эпохі тут з’явілася жыццё, таму што прырода ніколі не выдаткоўвае сваіх дароў бескарысна: свет, годны для засялення, павінен быць заселены.

— Аднак, — засупярэчыў Ніколь, — многа-ж з’яў, якія залежаць ад руху нашага спадарожніка, павінны былі перашкаджаць развіццю і расліннасці, і жывёл. Хаця-б, напрыклад, гэтыя дні і ночы, што цягнуцца па 354 гадзіны…

— На зямных полюсах яны бываюць па шэсць месяцаў, — заўважыў Ардан.

— Ну, гэта аргумент не асабліва сільны, таму што на полюсах-то якраз і не жывуць.

— Заўважце, сябры мае, — сказаў Барбікен, — што калі ў сучасны момант гэтыя доўгія ночы і доўгія дні з’яўляюцца прычынай тэмператур, нязносных для арганізма, то ў даўнейшыя часы гэта было не так. Тады атмасфера засцілала лунны дыск густым пакрыццём, а гэта стрымлівала пякучасць сонечных праменняў і затрымлівала начное выпрамяненне… Акрамя таго, я вас здзіўлю…

— Здзіві, — ахвотна згадзіўся Ардан.

— Я, бачыце, дапускаю, што ў эпоху жыцця на Луне ночы і дні не былі па 354 гадзіны…

— Чаму?

— Таму, што тады, пэўна, перыяд вярчэння Луны каля сваёй асі не раўняўся яе перыяду абарачэння вакол Зямлі, — гэта роўнасць, як вядома, падстаўляе кожную кропку дыска пад дзеянне сонечных праменняў на працягу цэлых пятнаццаці сутак. — Згодзен, — адказаў Ніколь, — але чаму-ж гэтыя рухі тады не былі роўнымі, калі яны роўныя цяпер?

— Таму што роўнасць устанавілася толькі паступова, з прычыны зямнога прыцяжэння.

— Такім чынам, чалавецтва знікла з Луны? — спытаў Ардан.

— Так, — адказаў Барбікен, — знікла, але, пражыўшы, напэўна, цэлыя тысячы стагоддзяў. Затым паволі атмасфера пачала радзець. Луна стала непрыгоднай для жыцця, якой стане калі-небудзь і наша Зямля.

— Ты думаеш, што такі-ж лёс чакае і Зямлю? — перапытаў Ардан.

— Вельмі магчыма.

— Значыць, мы рашаем, што на Луне было жыццё? — спытаў Ніколь.

Адказ далі станоўчы.

Між тым снарад хутка нёсся да луннага экватара, паступова аддаляючыся ад луннай паверхні.

Хутка горы зліліся ў далечыні, зніклі іх абрысы, і ад ранейшага цудоўнага відовішча засталіся толькі адны ўспаміны.