З пушкі на Луну/Навакол Луны/V
← IV. Крыху алгебры | V. Пахаванне Спутніка Раман Аўтар: Жуль Верн 1865 (пераклад 1940) |
VI. Пытанні і адказы → |
РАЗДЗЕЛ V
Пахаванне Спутніка
Рэзультат вылічэнняў, як гром, аглушыў нашых падарожнікаў. Каму магла-б прыйсці ў галаву думка аб такой памылцы? Прэзідэнт усё яшчэ не хацеў верыць гэтаму.
Ніколь зноў перагледзеў усе свае вылічэнні — памылкі не знайшоў. У правільнасці формулы, па якой рабілася вылічэнне, сумнявацца было немагчыма.
Пасля паўторнай праверкі аказалася, што для дасягнення жаданага пункта, сапраўды, трэба было даць снараду пачатковую скорасць у 16 576 метраў, у іншым выпадку ён не можа даляцець да Луны. Усе ўтраіх, не гаворачы ні слова, толькі пераглядаліся. Аб снеданні ніхто і не думаў. Барбікен, насупіўшыся, са сцятымі зубамі і з канвульсійна сціснутымі ў кулакі рукамі, думаў аб нечым, гледзячы ў акно. Ніколь у роспачы дзесяты раз правяраў усе свае лічбы.
— Вось вашы вучоныя! Усё ў іх так выходзіць! — мармытаў Мішэль Ардан. — Дваццаць залатых даў-бы, каб упасці цяпер на Кембрыджскую абсерваторыю і папрыціснуць рэбры тым, хто ў ёй засядае.
— Дзіўна, — сказаў капітан, звяртаючыся да Барбікена і, відаць, заняты неадчэпнай думкай, — па хранометру цяпер сем гадзін; значыцца, мы ляцім трыццаць дзве гадзіны; больш паловы шляху мы ўжо праляцелі і, як мне здаецца, яшчэ не падаем.
Барбікен не адказаў ні слова. Ён пранікліва паглядзеў на капітана, схапіў інструмент, якім звычайна вымяраў вуглавую велічыню дыяметра Зямлі, і праз ніжняе акно зрабіў дакладнае назіранне. Устаўшы і абцёршы лоб, на якім ад стараннасці выступілі кроплі поту, ён пачаў рабіць нейкія вылічэнні па паперы. Ніколь са страхам глядзеў на яго: ён здагадаўся, што прэзідэнт хоча па вымеранай велічыні зямнога дыяметра знайсці адлегласць ад снарада да Зямлі.
— Не! — ускрыкнуў Барбікен пасля некалькіх хвілін маўчання, — не, мы не падаем! Мы знаходзімся цяпер за 200 000 кілометраў ад Зямлі! Ужо мы прайшлі тое месца, дзе снарад спыніўся-б, калі-б яго пачатковая скорасць была толькі 11 000 метраў! Выходзіць, што мы ўсё яшчэ падымаемся.
— Гэта правільна, пацвердзіў Ніколь, — і, значыцца, пачатковая скорасць была значна больш 11 000 метраў! Цяпер зразумела, чаму мы маглі сустрэць другога спадарожніка пасля трынаццаці мінут палёту: ён абарачаецца на адлегласці 8 140 кілометраў ад Зямлі.
— У гэтым нельга сумнявацца! — усклікнуў Ніколь.
— О, мой мілы Ніколь, — усклікнуў Барбікен з урачыстым выглядам, — мы не загінем!
— Ёсць! — спакойна сказаў Ардан. — Ну, калі выратаваны, то можна ўзяцца і за снеданне!
Ніколь сапраўды не памыліўся: пачатковая скорасць снарада была значна большай за тую, якую вылічылі кембрыджскія астраномы.
Супакоіўшыся пасля ілжэтрывогі, нашы падарожнікі расселіся за сталом і пачалі снедаць. Усе елі з вялікім апетытам і весела гутарылі аб усякай усячыне.
— Чаму-б гэта нам і не дасягнуць сваёй мэты? — цвярдзіў Мішэль Ардан. — Мы-ж усе яшчэ ляцім. Нішто нам не можа перашкодзіць: камення на нашай дарозе, спадзяюся, не будзе. Выбраны намі шлях лепшы за шлях карабля, якому даводзіцца рассякаць хвалі акіяна, лепшы і за шлях аэрастата, які плыве ў паветры па напрамку ветра. Аднак караблі прыходзяць, куды ім трэба, аэрастаты падымаюцца на вялікія вышыні — чаму-б і нам не дабрацца да Луны?
— Май толькі цярплівасць, дабярэмся, — адказваў Барбікен.
— Так! Неабходна дасягнуць мэты для гонару амерыканскага народа, — дадаў натхнёны Ардан, — адзінага народа, які толькі здольны на такую справу, адзінага народа, у якога мог з’явіцца Барбікен. А ці ведаеце вы, аб чым я думаю: цяпер, калі нам зусім няма аб чым клапаціцца, чым-бы нам заняць час? Сядзець, склаўшы рукі — нуда заесць!
Барбікен і Ніколь не ведалі, што адказваць, і адмоўна ківалі галовамі.
— Я, аднак, усё гэта прадбачыў, мілыя прыяцелі, — гаварыў далей Мішэль. — Вам варта толькі сказаць слова — і ўмомант з’явяцца на сцэну: шашкі, шахматы, карты, даміно! Вось хіба толькі більярда не будзе!
— Як, — засупярэчыў Барбікен, — няўжо ты забраў з сабою гэтую драбязу?
— А як-жа, — адказаў Мішэль, — і не толькі для нашых забаў, а каб забяспечыць імі лунныя рэстараны.
— Пахвальна, вельмі пахвальна, — сказаў Барбікен. — Толькі мне здаецца, што ты крыху спазніўся са сваімі паслугамі. Калі на Луне ёсць жыхары, то, без сумнення, яны з’явіліся на свет некалькі сотнямі тысяч гадоў раней, чым мы, бо і сама Луна пакрылася цвёрдай карою раней, чым наша планета. А калі гэтыя жыхары існуюць ужо сотні тысяч гадоў і мозг іх мае такую-ж самую будову, як наш, то яны ведаюць не толькі ўсё тое, што мы вынайшлі, але нават і тое, аб чым мы даведаемся толькі праз некалькі стагоддзяў. І бадай ці нам прыдзецца іх вучыць: хутчэй яны нас чаму-небудзь навучаць.
— Як? — засупярэчыў Мішэль, — ты думаеш, што ў іх былі ўжо такія мастакі, як Фідый, Мікель-Анджэло і Рафаэль?
— Вядома.
— І такія паэты, як Гомер, Віргілій, Мільтон, Ламартын і Гюго?
— Разумеецца. — Такія філосафы, як Платон, Арыстотэль, Дэкарт і Кант?
— Без сумнення.
— І Архімед, Еўклід, Паскаль, Н’ютон і розныя такія вучоныя?
— Магу за гэта паручыцца.
— І такія фатографы, як… Надар?
— Ды чаму-ж ім не быць?
— Ну, калі па-твойму, мілы дружа Барбікен, гэтыя жыхары Луны такія разумныя, як мы, а можа, і таго больш, то чаму-ж ім да гэтага часу не прышло ў галаву паспрабаваць завесці зносіны з Зямлёю?
— А табе адкуль-жа вядома, што яны нічога такога не прадпрыймалі? — запытаў зусім сур’ёзна прэзідэнт.
— Сапраўды, — заўважыў Ніколь калі яны не зрабілі гэтага, то зусім дарэмна — ім гэта лягчэй удалося-б, чым нам, і вось з якіх прычын: прыцягальная сіла Луны ў шэсць разоў слабейшая за цягаценне зямнога шара, што значна палегчыла-б узлёт іх ядра: ім прышлося-б дамагацца падняцця ядра ўсяго на 30 000 кілометраў, а не на 300 000; значыцца, пачатковую скорасць у першым выпадку трэба было-б надаць ядру куды меншую, чым у другім.
— Так, гэта дзіўна, — сказаў Мішэль. — Я зноў паўтараю, чаму-ж ім не прышло гэта ў галаву?
— А я, — засупярэчыў Барбікен, — у сваю чаргу, запытваю ў цябе: хто сказаў табе, што яны гэтага не зрабілі?
— Ну калі-ж?
— А за тысячы гадоў да нашага з’яўлення на свет.
— Ды дзе-ж іх снарад? Пакажыце мне яго! — Мілы дружа, — адказаў Барбікен, — можа, табе вядома, што вада пакрывае пяць шостых паверхні зямнога шара. Спадзяюся, лёгка таму ўявіць, што калі такі снарад і быў выпушчаны насельнікамі Луны, то ён спачывае цяпер на дне Атлантычнага ці Ціхага акіяна, а можа нават папаў у якую-небудзь трэшчыну ў той час, калі зямная кара яшчэ не паспела зацвярдзець.
— Што значыць вучоны чалавек, — сказаў Мішэль, — на ўсё ў яго знойдуцца самыя станоўчыя адказы; я проста пракланяюся перад тваёю мудрасцю, найласкавейшы Барбікен.
Ён не паспеў закончыць, як Дыяна галосным гаўканнем уступіла ў гутарку; яна, відавочна, таксама была не ад таго, каб пад’есці.
— Вось табе на! — усклікнуў Мішэль, — мы так захапіліся гутаркаю аб будучым, што зусім забылі пра Дыяну і Спутніка.
І Мішэль умомант згатовіў з рэшткаў снедання поліўку, на якую Дыяна накінулася з вялікім апетытам. Але Спутнік з будкі не вышаў.
— А ведаеш што, Барбікен, — сказаў Мішэль, — дарэмна мы не ўзялі з сабою па пары ўсіх хатніх жывёлін.
— Гэта-то так, — адказаў прэзідэнт, — але ў нас нехапіла-б месца.
— Годзе! — засупярэчыў Мішэль, — варта-б толькі крыху пацясніцца!
— Гэта было-б тым больш дасціпна, — заўважыў Ніколь, — што бык, карова і конь на Луне былі-б для нас вельмі карыснымі. На няшчасце, у гэтым вагоне дзіўна зрабіць нешта накшталт стайні ці хлева.
— Прынамсі, — сказаў Мішэль, — можна было ўзяць хаця-б маленькага осліка. Як я люблю гэтых дужых і цярплівых жывёлін! На няшчасце, прырода іх пакрыўдзіла: іх, бедных, б’юць не толькі жывых, але нават і пасля смерці…
— Як гэта так?
— Ды з асліных скур вырабляюць барабаны.
Гэта глыбокамысная заўвага Мішэля выклікала вясёлы смех яго прыяцеляў. Але раптоўны роспачлівы крык дасціпніка адразу спыніў іх. Ардан хутка глянуў у будку Спутніка і, устаючы, сказаў.
— Сябры мае, Спутнік ужо не хворы!
— Цудоўна, — сказаў Ніколь.
— Не, — казаў далей Мішэль, — Спутнік зусім не хворы, але, — дадаў ён з сумным выглядам, — ён памёр!
Няшчасны Спутнік сапраўды не перанёс сваёй раны. Ён здох — у гэтым нельга было сумнявацца.
Мішэль Ардан устрывожана глядзеў на сваіх прыяцеляў.
— Цяпер належыць вырашыць новае пытанне, — сказаў Барбікен. — Мы не можам трымаць у снарадзе гэтага сабаку…
— Зразумела, не можам, — адказаў Ніколь, — але ў нас вокны на шарнірах, іх лёгка можна адчыняць; мы адчынім адно якое-небудзь, і няхай наш Спутнік гуляе па бязмежнай прасторы.
— Мы так і зробім, — сказаў прэзідэнт пасля некалькіх хвілін развагі, — але пры гэтай аперацыі неабходна захаваць розныя перасцярогі.
— Якія-ж, іменна? — з цікаўнасцю запытаў Мішэль.
— Бачыш: па-першае, трэба зрабіць усё гэта як мага хутчэй, каб не выпусціць шмат паветра з нашага ядра.
— Мы-ж аднаўляем паветра! — Аднаўляем, ды не зусім. Мы атрымліваем адзін кісларод, а другі газ — азот, які, хаця і не служыць для дыхання, усё-ж складае істотную, неабходную частку паветра, — мы не аднаўляем. Праз адчыненае акно яно вельмі хутка вылеціць ад нас.
— Ці многа яго вылеціць за некалькі секунд, пакуль мы выкінем беднага Спутніка! — засупярэчыў Мішэль.
— Многа ці мала, а я ўсё-ж яшчэ раз паўтараю: усю аперацыю трэба зрабіць як мага хутчэй.
— Якая-ж яшчэ небяспека? — запытаў Мішэль.
— Другая небяспека — знешні холад можа пранікнуць да нас у снарад, і тады мы можам замерзнуць.
— Што-ж — сонца грэць перастане?..
— Зусім не. Праменні сонца награваюць наш снарад, таму што ён убірае ў сябе гэтыя праменні; але тыя-ж самыя праменні зусім не награваюць пустой прасторы, у якой мы ляцім.
— Якая тэмпература прасторы, у якой рухаюцца планеты? — запытаў Ніколь. — Як я памятаю, французскі вучоны Пулье сцвярджае, што тэмпература ў дальніх абласцях сонечнай сістэмы 142 градусы ніжэй нуля па Цэльсію. Гэты рэзультат можна праверыць.
— Толькі не зараз, — адказаў Барбікен, — таму што цяпер сонечныя праменні падаюць прама на тэрмометр, і ён, значыцца, паказаў-бы вельмі высокую тэмпературу. А вось калі нам удасца даляцець да Луны, то на працягу пятнаццацідзённых ночаў, пануючых то на адным, то на другім яе баку, мы паспяхова зробім гэтыя назіранні, тым больш, што і Луна рухаецца ў пустой прасторы.
Падарожнікі пачалі хаваць Спутніка. Яго трэба было выкінуць у прастору, усёроўна, як маракі кідаюць у мора трупы людзей, што памёрлі на караблі. Уся аперацыя закончылася вельмі хутка: Ніколь з Барбікенам асцярожна вынялі аконныя балты, а ўсхвалёваны Мішэль за гэты час падрыхтаваўся кінуць сабаку. Акно адчынілася, і верны друг Дыяны паімчаўся ў пустую прастору.
3 снежня пражылі без усякіх прыгод, і прэзідэнт пераканаўся, што снарад хаця і з паменшанай скорасцю, усё-ж прадаўжае набліжацца да Луны.