З поўдню
Выгляд
З поўдню Верш Аўтар: Юрка Лявонны 1926 |
Я бачыў мора — пад колер сталі —
У ціхім шэпце крылатых хваляў.
У кроплях пены, з ружовым тварам —
На ўлоньні крымскіх, паўднёвых чараў.
Я бачыў мора юнацкім зрокам —
Хавалась сонца ў грудзёх шырокіх…
Ківаўся вечар на грэбню чмарым,
Калі зазьзяла вада пажарам,
Калі на рэйдзе ўдваіх матросы
Сьвістком часалі зары валосьсе.
Я бачыў — мора кудысь няслося —
Ды толькі ціха… Ці мо — здалося?..
Купалась раньне ў празрыстых хвалях, —
Імкнулась моцна да сьветлых даляў.
Я бачыў мора… Ды мо — ня тое?!.
Навошта ж столькі у ім пакою?..
Аб чым жа хвалі на Чорным сьняць?..
Вакол — прыгожасьць і цішыня…
Адэса, 10–20 жніўня