З нашых дзён
З нашых дзён Апавяданне Аўтар: Міхась Зарэцкі Крыніца: https://knihi.com/Michas_Zarecki/Z_nasych_dzion.html |
I
[правіць]Па выпадку святочнага дня ў краме Дзям’янкаўскага спажывецкага таварыства незвычайная рухавасць. Да крамы раз-пораз падходзяць то купамі, то ў адзіночку сяляне: мужчыны, бабы, моладзь. Ідуць не з тым дзелавым заклапочаным відам, як звычайна ходзяць купцы ў краму. На тварах гультава-вясёлая святочная давольнасць, давольнасць адпачынку пасля тыднёвае цяжкае працы. Ідуць больш дзеля цікавасці. Ці давядзецца купіць што якое, ці не, а галоўнае - цікава падзівавацца, што новенькае прывязлі ў краму, чым узбагаціўся за апошні час «свой» кааператыў, а за адным ходам і апошнія навіны пачуць.
У самой краме народу, як той кажа, пальцам не пратыкнуць... А гоман стаіць, тлум страшэнны.
Тут «барадачы» косы разглядаюць... Круцяць іх ва ўсе бакі, важаць на руцэ, «звон» прабуюць. З рук у рукі перадаюць косы, праводзячы іх адпаведнымі ўвагамі, гэтак жа ёмкімі, як смяхотнымі...
- Так яна, здаецца, і нічога, а вот папрабуй кляпаць, дык і пасыпецца, што порах...
- Якая, во гэта пасыпецца?.. Столькі ты разумееш...
- Не, калі Змітра паклепець, дык напэўна адзін прут астанецца...
- Ну, а сам... Пасля твайго кляпання тож хоць на йгрышчы іграй на касе: лапатуха на лапатусе...
Троху далей бабы ўважна і з відавочным здаволеннем разглядаюць паркалі. Разварачваюць свежыя «штукі», шчыра абшчупваюць, глядзяць на свет, прабуюць драць асцярожна з краю. Робяць усё гэта з такім паважным і ўрачыстым відам, быццам і сапраўды вялікія знаўцы...
- Летась я сваёй Зосьцы якраз во гэткага на сукенку набрала, дык што ж бы вы думалі: як памыла, дык ён і аблез адразу... І такі стаў, што апрануць брыдка...
- Ага, яно, відаць, адразу аблезе...
І бабы з тым жа паважным відам бяруцца за другую «штуку».
- Не аблезе, цёткі, не аблезе, - заспакойвае баб прыказчык Саўка, маленькі, спрытны, рухавы мужычок, які спраўляецца ўсім паказаць, з усімі пагутарыць і ў той самы час зрэдку абкінуць здаволеным поглядам краму, багата абстаўленую рознымі таварамі.
У краму ціснуцца ўсё новыя і новыя асобы, і робіцца ўсё цясней і цясней. Выходзяць неахвотна... Нават як купяць і адыдуць ад прылаўка, - усё яшчэ стаяць купамі, гамоняць аб тым, аб другім, пачынаючы ад тавараў і канчаючы бадай не міжнароднай палітыкай... А як выйдуць з крамы, ізноў некаторы час сядзяць яшчэ на ганках і, плюскаючы на яркае паўднёвае сонца, разглядаюць адзін у аднаго справункі і толькі потым з тым самым вясёла-святочным відам разыходзяцца па пылкай, купаючайся ў шчодрых сонечных праменнях вуліцы...
II
[правіць]А на другім канцы таго самага сяла Дзям’янкава стаяла другая крама тутэйшага багатыра Кубарскага. Высокі ганак, вялізныя вокны з жоўтымі выразанымі вакеніцамі, нават старая напалавіну аблупленая табліца з надпісам: «Бакалейная таргоўля Кубарскага», адным словам - усё на месцы: магазін, дый годзе... Аднаго толькі не ставала да поўнага ўражання - гэта купцоў. А іх сапраўды не відна было. Як быццам наўмысля згаварыліся сяляне не заходзіць у гэта «заведение». І «бакалейная таргоўля» выдавала чымсьці нежыццёвым, застыглым, целам без душы.
Затым не дзіўна, што гаспадар крамы, здаровы, дзябёлы мужык, сядзеў сярод сваіх тавараў у надта непрыемным настроі. Час ад часу ён абглядаў хмурным поглядам сцены сваёй крамы, абстаўленыя плоймай паліц з рознымі таварамі, і кожны раз сумна ўздыхаў.
Бывала, яго радавала багацце тавараў у краме, стварала ў яго душы прыемнае пачуццё поўнасці, здаволення, а цяпер... Цяпер ён прагнымі вачмі шукаў новага пустога месца дзе-небудзь на паліцы - і не знаходзіў яго. На паліцах стаяла сёння цалком тое, што стаяла ўчора, таксама, як учора стаяла тое, што надоечы, і г. д.
Кубарскі прыслухоўваўся да крокаў на вуліцы, з надзеяй чакаючы, што во-во яны пабліжэюць, раздадуцца на яго ганках, і вясёла-гарэзна задзілінкае павешаны на дзверы званок. Аднак крокі бліжэлі й далелі, зноў бліжэлі і зноў далелі, а ў краму ніхто не зазіраў.
У нецярплівасці Кубарскі раз-пораз падыходзіў к акну і цікуючым поглядам праводзіў сялян, якія праходзілі па вуліцы. Злосць яго брала, калі ён бачыў у руках некаторых з іх, відаць, толькі што здабытыя справункі.
- Во, ліха на іх галаву, завялі яшчэ нейкую хваробу... Кааператыў. Усякую трасцу выдумаюць... без гэтага і ўсё добра было... не... трэба ім...
У яго ў душы закіпвала злосць, такая нянавісць да новае ўстановы, што, здаецца, калі б была магчымасць, ён разрушыў бы ў пух і прах кааператыў і яго ўтварыцеляў. Ён бачыў, што кааператыў падрывае яго гандаль, і чуў, калі так будзе цягнуцца, дык хутка застанецца адно - закрыць сваю крамку ці, іншымі словамі, разарыцца, пазбыцца зусім сродкаў к бяспечнаму жыццю.
Але Кубарскі не хацеў гэтак скора здавацца. І, седзячы ў сваёй бязлюднай крамцы, ён увесь час упарта, напружна думаў, бясконца будаваў планы, вышукваў сродкі, як бы пазбавіцца ад гэтай навалы.
У апошні час асабліва настойна лез у галаву адзін план, план трудны, але ўсё-ткі магчымы. Кубарскі з усіх бакоў яго абдумваў, меркаваў, стараўся зараз згадаць усе магчымасці, падлічыць усе сродкі.
Сёння гэты план асабліва часта занімаў яго думкі, не выходзіў ані на часінку з галавы і здаваўся гэткім простым і пэўным, што ў хуткасці Кубарскі сам сабе задзівіўся: чаго ён яшчэ марудзіць?..
І ён рашыў дзейнічаць...
III
[правіць]Пад вечар, калі ўжо сонца, схіляючыся к захаду, пачало працягваць па зямлі даўжэнныя цені і ў ціхім, нібы застыглым ад спякоты паветры, задрыжэла перадвячорная жоўць, - усе сяляне паразышліся, і ў кааператыве астаўся адзін прыказчык Саўка. Ён выцягнуў з скрыні дзянную выручку і стаў карузлымі, але абвыклымі рукамі перабіраць пакомчаныя замасоленыя паперкі.
Сёння выручка ладная. Каб гэтак кожны дзень, кааператыў шпарка пайшоў бы ўгару.
Саўку падабалася, калі кааператыў добра працаваў. Ён тагды з нейкім асаблівым каханнем глядзеў на сваю крамку і з асаблівым здаволеннем, з смакам арудаваў таварамі, якія знаходзіліся пад яго загадам. За час сваёй службы ён так зжыўся з ім, што лічыў яго чымсь сваім, родным, блізкім. Нягледзячы на тое, што пенсія яго была зусім невялічкая, нягледзячы на тое, што яго дамоўныя гаспадарчыя справы былі ні к чаму варты, - ён аддаваў кааператыву столькі часу, сколькі было трэба і нават не трэба.
Цяпер Саўка, падлічваючы выручку, быў таксама здаволены, як быў бы здаволены, каб пералічваў свае ўласныя грошы. І толькі адзін раз у яго міганула выпадковая думка:
- Эх, каб мне столькі грошай, каня можна б было купіць добрага!..
Але гэтая думка вылецела таксама шпарка, як і прыляцела, і замянілася думкамі аб тым, што трэба здабыць у краму, што мае добры ход, і г. д. Аба ўсім гэтым сёння ўвечары прыйдзецца меркаваць з «упраўленнем». Саўка так углыбіўся ў свае рахункі, што нават не ўгледзеў, як у краму ўвайшоў Кубарскі.
- Добры дзень!..
- Добрага здароўечка! - азваўся Саўка і сказаў гэта такім тонам, у якім ясна чулася, што ён надта здзіўлены нечаканым прыходам. - Што гэта, ці не воўк пад гарой здох, што Нічыпар уздумаў наведацца ў наш магазін?..
- Якое там, мыла трэба ў вас узяць.
- Во нешта... Ці ў вас свайго мала?..
- Ёсць і сваё, але казалі, у вас добрае прывязлі... «Ага! - падумаў Саўка. - Мусіць, нявыгадна сваё ўжываць: самому даражэй стоіць...»
Але зараз жа зрабіў звычайны дзелавы від і спытаўся:
- Сколькі вам?
- Ды хунцікі са два адваж...
Узяўшы мыла, Кубарскі, аднак, не рупіўся ісці. Ён сеў на зэдлік і азірнуў цікавым поглядам краму...
- А вы разжыліся трохі... нічога сабе... На сколькі ўсяго набярэцца?
- Міліярдаў на 35.
- О, грошы ладныя... Каб табе гэткія грошы, дык бы не служыў тут, я думаю...
Саўка не разумеў ясна, чаго хоча ад яго Кубарскі, але чуў, што ёсць нешта такое асаблівае, дзеля чаго той прыйшоў к яму.
- Сколькі атрымліваеш пенсіі?
Гэта было дужа прыкрае пытанне. Саўка атрымліваў пенсію не надта вялікую, і некаторыя з кулакоў часта шкелілі над ім, кажучы, што ён ад свае службы толькі шкоду ў гаспадарцы мае. І Саўка пастыдаўся адказаць Кубарскаму...
- Ат, троху даюць...
- Так... Жыццё тваё незавіднае...
Ён памаўчаў. Саўка ўзяўся зноў за сваё дзела, але яно ў яго не ладзілася: ён напружна чакаў, што скажа далей Кубарскі. Змаўчаўшы, той пачаў зноў:
- Служачаму чалавеку дрэнна цяпер жывецца... Цяпер той толькі і жыве, хто гаспадарку добрую мае...
- Аб гэтым што й гаварыць! З гаспадаркай чалавек - ён сам сабе пан. Працуе сабе памаленьку, у яго й тое і другое, ні ў чым ён не нуждаецца... Што й казаць... Але дзе ж яе ўзяць, гэту гаспадарку?..
У Саўкі была адна замілаваная думка, якую ён кукобіў праз усё сваё гарапашнае жыццё, думка, якая заўсёды неадходна стаяла перад яго вачмі. Гэта думка была - мець добрую, спраўную гаспадарку. Аднак выканаць гэтую думку яму ніяк не выпадала. Раней зямлі не было, потым і зямлю сталі даваць, а ўсё роўна нічога не выходзіла... Зямлі аднае мала. Да зямлі трэба яшчэ ўсялякая худоба, а вось яе якраз і няма.
Кубарскі патрапіў падысці да Саўкі, патрапіў крануць патрэбныя струны. Саўка ажывіўся, разгаманіўся. Пачаў выкладаць свае погляды на сельскую гаспадарку, будаваць планы і г. д. Кубарскі толькі патураў яму ды чакаў моманту, калі можна будзе пачаць. Як Саўка канчаткова захапіўся, ён мнагазначна прагукаў:
- А ўсё гэта табе можна мець.
Ад раптоўнасці Саўка асалапеў, падумаў, што жартуе, але Кубарскі глядзеў зусім сур’ёзна.
- Як гэта так?
- Як?.. А во так...
Кубарскі нагнуўся і сказаў паўшопатам:
- На сколькі, ты сказаў, у вас тут тавару?..
Саўка сцяміў і сціх. А Кубарскі гаварыў далей:
- Цяпер жа толькі так і можна, на гэтым свет увесь стаіць... Хто цяпер, скажы, жыве па сумленню, га?.. Дурань які, дык ён здыхае з голаду...
Кубарскі доўга гаварыў у гэтым кірунку. А Саўка ўсё маўчаў. Урэшце прагукаў нерашуча:
- Не, гэтак не выходзіць. Гэтак, брат, не варта... Абчэсцвеннае дабро...
- Ды гэта тваё дзела, як сабе хочаш... Вядома, каму можна, а каму й не...
І, прыдаўшы свайму твару выраз поўнай няўважнасці, ён дадаў:
- А ўжо вечар на дварэ... Трэба мне ўжо, мусіць, пасунуцца... Бывай здаровы!..
Узняўся і нібыта што пайшоў к дзвярам...
- Стой, падажджы троху! - відавочна змагаючыся сам з сабой, затрымаў яго Саўка.
І Кубарскі застаўся...
Як ужо шэрай гадзінай выходзіў ён з крамы, па яго шырокаму твару расплывалася здаволеная ўсмешка.
IV
[правіць]Чорная ноч настаражылася... Быццам зацяла дух і чула прыслухоўваецца да чагосьці, чагось напружна чакае...
Сяло спіць смяротным сном, ахінутае цемрай і магільнай цішой... Ані зыку... Ані руху... Быццам чорная бяздонная цемра прыціснула сяло магутнымі грудзямі і задушыла ў сваіх абнімках усе праявы жыцця...
Але... што гэта? Там, у канцы сяла, дзе густая цемень вуліцы ўліваецца ў гэткую ж цемень бязмежных палёў, - быццам шолах чуваць... Яшчэ і яшчэ... Што гэта? Хто важыцца турбаваць урачыста-лагодную цішу ночы?.. Хіба гэта забытая ў полі скаціна, спалохаўшыся ночнае цемры, прыйшла да будынкаў і шукае сабе ночнага прытулку?..
Чырк... Чырк...
Пудліва, нясмела выбухнуў агоньчык і зараз жа згас. За ім другі... Гэты ўжо затрымаўся, прадрыжэў некаторы час, і раптам - выбухнула полымя...
- Пажар!.. - недзе самотна празычэў спалоханы голас.
- Пажар! - адгукнуўся нехта ўжо ў другім канцы месца.
А цераз колькі часін усё сяло ажывілася. Забегалі людзі, узняўся гвалт, тлум...
Гарэў кааператыў... Полымя разраслося й кідала ў неба вялізныя агнявыя снапы. Вакол таго месца, дзе гарэў будынак, стварылася светла-чырвонае кола, абмяжованае сцяной мраку, і ў гэтым коле туды й сюды сноўдаліся ўзрушаныя людзі. Асвятлёныя плямістым, дрыжачым водблескам пажару, яны здаваліся нейкімі таёмнымі, незвычайнымі стварэннямі, якія сабраліся на дзікае, цудоўна-вясёлае свята. Іхныя абураныя рухі, іхная бязладная бягня па асвятлёнаму кругу, гвалты, паблытаныя, бязглуздыя і затым дзіўна-незразумелыя, - усё гэта рабіла ўражанне дзіка-жвавых, гуллівых і таёмных скокаў.
- Вады давайце!..
- Нясіце багор!..
- Тапор сюды давай!..
- Ламайце!..
- Раскідаць, братцы, трэба, а то на сяло пойдзе!..
- Сюды, сюды!..
- Ану, жывей, братцы!..
Сяляне стараліся з усіх сіл. Кожны знаў, што тут гарыць і яго маленькая частка.
Дзесь на сяле застагнаў спознены звон...
- Ключ у каго? - дагадаўся нехта. - Ключ дзе? Адамкнуць трэба, дабро ратаваць!..
- Ключ!.. Ключ!.. Ключ у каго?! - разам паляцела ва ўсе бакі...
- Ключ у Саўкі! - закрычаў нехта.
- А дзе ён?.. Саўка! Саўка!..
Але Саўкі нідзе не было, і, сколькі яго ні шукалі, найсці не ўдалося... Папрабавалі ламаць, але моцныя, надзейныя былі запоры і не паддаваліся.
А полымя не спала. Як наўмысля, борзда перакінулася яно на пярэдні бок і адагнала прэч кучку людзей, усё яшчэ, нягледзячы на вялікую спякоту, прабаваўшых як-небудзь саўладаць з дзвярмі.
Стала відавочным, што адратаваць нічога не ўдасца. Вось забурылася страха, а за ёй і столь. Хмара іскраў шуганула ў неба...
Сяляне стаялі вакол і толькі глядзелі, як гіне ў пражорлівым полымі іхнае дабро.
Але каб здалелі яны зірнуць усярэдзіну, туды, дзе ўжо нястрымана бушавала мора агню, - яны б убачылі, што ў гэтым агні гараць адны толькі голыя паліцы...
Крама была пустая...
V
[правіць]«Бакалейная таргоўля Кубарскага» аджыла. Ізноў, як і раней, вясёла зазвінеў на дзвярах званок, ізноў загрукалі частыя крокі на высокіх ганках, ізноў чарадой пацягнуліся з крамы клункі з цукрам, соллю, бутэлькі з газаю, кавалкі рознакалёрнага паркалю.
Кубарскі праз цэлыя дні «працаваў» за прылаўкам, і на яго тлустым твары блішчэла давольнасць і патаёмная радасць.
Тручы ад здаволення рукі, ён думаў:
«Ага, даждаліся і мы свайго свята... Цяпер во няхай пагандлююць... Паглядзім, як скора яны ізноў разжывуцца...»
І ён быў пэўны ў сваёй моцы...
А з Саўкам тварылася нешта нядобрае. З часу пажару ён змяніўся - не пазнаць... Здзічэў, стаў стараніцца ад людзей, баяўся з імі сустракацца. Калі траплялася каму-небудзь загаманіць з ім пра кааператыў, ён неяк стуляўся, утупляў вочы, замінаўся і стараўся хутчэй спыніць гутарку.
Асабліва ўпарта ён унікаў стрэчы з Кубарскім. Калі той, устурбованы гэткай яго чыннасцю, памыкаўся знайсці яго і пагутарыць з ім, ён кожны раз стараўся ўцячы. Аднаго разу, нават спаткаўшыся з Кубарскім, ён зараз жа без усялякіх размоў павярнуў назад, быццам яго палохаў адзін від гэтага чалавека.
Па ўсяму было відаць, што Саўка мучыцца ў душы, што ў ім ідзе ўпартая барацьба з самім сабой і што гэта барацьба ў канцы канцоў павінна скончыцца чым-небудзь сур’ёзным.
І гэта здарылася.
Прыблізна тыдні праз два пасля пажару Саўка раптам паехаў у горад. Там ён, нікуды не заходзячы, пашыбаваў проста ў міліцыю і заявіў, што ён хоча гаварыць з начальнікам па надта важнаму дзелу. Яго правялі ў кабінет.
- У чым справа? - запытаў начальнік міліцыі.
- А во што, таварыш, - пачаў Саўка, і па тону, якім ён пачаў, можна было ўцяміць, што ён сапраўды рыхтуецца сказаць нешта важнае. - Ці чулі вы, што нядаўна ў Дзям’янкаве кааператыў згарэў?
- Ага, ведаю...
- Ну дык вось я прыйшоў да вас заявіць, што гэта я падпаліў яго...
- Як гэта так? А хто вы такі?..
- Я прыказчык гэтага кааператыва...
- Так... Што ж вас прымусіла падпаліць краму?..
- А ліха яго ведае... Спакусіў мяне гэты Кубарскі... Пагаліўся я на дабро абчэсцвеннае...
- Хто гэты Кубарскі?
- А гэта ў нас крамнік такі ёсць, таксама таргуе... Яму ад нашага кааператыва шкода вялікая была, дык вось ён і замысліў пазбавіцца ад яго і падбіў мяне, а я па слабасці і паддаўся...
- Ага, разумею... Во што: раскажыце мне ўсё па парадку.
Саўка расказаў, як прыходзіў да яго ў краму Кубарскі, як спакушаў яго, падгаварваў, як потым уночы ён, Саўка, абабраў краму і падпаліў яе, - расказаў усё чыста.
- Ну, во што, таварыш, - сказаў начальнік міліцыі, як Саўка кончыў. - Вы зрабілі злачынства, і злачынства, трэба сказаць, цяжкае, але ваша шчырае прызнанне, безумоўна, гаворыць у вашу карысць. Скажыце, ці ёсць у вас довады на тое, што Кубарскі меў якое-небудзь дачыненне да гэтае справы?
- Дык як жа ж... У яго і тавар увесь з кааператыва ляжыць. Ён сам мне параіў у яго скласці... дзеля смеласці...
- Ага... Во як... Гэта дужа добра...
Цераз месяц Саўка і Кубарскі стаялі перад народным судом...
1923?