Перайсці да зместу

З вёскі (Маракоў)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З вёскі
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1925
Крыніца: Савец. Беларусь. — 1925. — 19 лістап. — С. 5.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Эх, прастор сінякудрых палёў, —
Срэбралітая рэчка ў даліне,
А над рэчкай фальварак разьлёг
І купаецца сонца у сіні.
А над рэчкай бярозавы сьмех
Віхрамётнай праносіцца хваляй:
То ускочыць на золата стрэх,
То ў калосьсях шнуроў закрышталіць.
Я схіліўся над белым пяньком,
Песьні слухаў і думаў пра горад.
Там, дзе вуліц шырокі пракос
Прада мною ляжаў, шумны, горды;
Там, дзе гулкі машынны удар
Мяне клікаў на новыя хвалі —
Я на хвалях тых сонца аддаў
За напевы віхрастыя сталі.
Ну, дык што ж! Ў буйным сэрцы ізноў
Устае безупынна жаданьне —
Каб пачуць зноў акорды станкоў
І згубіцца ў сталёвым тумане…
А над рэчкай бярозавы сьмех
Віхрамётнай праносіцца хваляй:
То ускочыць на золата стрэх,
То ў калосьсях шнуроў закрышталіць.