З Новым Годам!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З Новым Годам!
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1929
Крыніца: Луцкевіч А. З Новым Годам! // Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня; Беласток, 2009. С. 407—408. Тэкст друкуецца паводле: Н! 1929. 31 сьнежня.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Стары гэта звычай — абменівацца пажаданьнямі ў дзень Новага Году. І мы, выпускаючы гэты нумар у апошні дзень Старога Году, будзем вернымі гэтаму звычаю.

Чаго ж пажадаем мы нашаму народу, нашай вялікай сярмяжнай сям’і, зь якой кроўна ці ідэйна зьвязана і ўся беларуская інтэлігенцыя?

У мамэнт адыходу ў вечнасьць Старога Году сумны від мае наша грамадзкае жыцьцё. Зусім такі, які бывае пасьля нейкага страшнага пагрому. І калі, звонку гледзячы, можа здавацца чужому чалавеку, што ў нас „усё як у людзей“: і паслы ў Сойме засядаюць, і вось розныя культурныя ўстановы існуюць, ды мы сябе не ашукаем: усё гэта — адно толькі „фірмы“, толькі „вывескі“, за гучнымі назовамі якіх у большасьці выпадкаў няма ніякага зьместу...

Сяньня маем адвагу сказаць гэта публічна. Цяжкі крызіс перажыў беларускі рух у Заходняй Беларусі ад часу разгрому Грамады. Многа сіл змарнавалася. Шмат устаноў замерла ці мо заснула. І цэлыя галіны беларускага жыцьця аказаліся зусім неабслужанымі або абслужанымі блага й недастатачна.

Але — „мінае зьнемажэньня пара“! Народ наш ад выбуху сусьветнае вайны і глыбокіх устрасеньняў, што раскатурхалі нашае жыцьцё, незвычайна вырас духова. Даволі параўнаваць тое, што было ў даваенныя і дарэвалюцыйныя часы, з тым, што прадстаўляе наша вёска і нашае места сягоньня, і сэрца расьце ад пачуцьця тэй магутнай сілы духовай, якую выяўляе сягоньня наш народ.

Хай цяжка нам сягоньня; хай цешацца нашы ворагі з таго ўнутранага разладу, які ўнясла чужацкая рука ў жыцьцё нашага грамадзянства ў Заходняй Беларусі; хай урэшце трыюмфуе — да часу! — маскоўскі нацыяналізм, які разьбівае вялікі культурны гмах беларускі ў БСРР, але ж усе гэтыя нягоды толькі дачаснае зьявішча. Збуджаныя зь векавечнага сну беларускія масы ўжо не заснуць нанова. Выяўленая імі творчая сіла залечыць нанесеныя ім раны і будзе ўсьцяж і ўсьцяж тварыць новыя культурныя цэннасьці і — будаваць Беларусь.

Мы бачым ужо праявы гэтага. Да нас даходяць галасы з нашае вёскі — здаровы водрух цьвярозага розуму працоўных масаў на спробы варожых нам сілаў здушыць беларускі вызвольна–адраджэнскі рух, скрывіць нашы нацыянальныя і сацыяльныя ідэалы. Народ ізноў пачаў варушыцца і кліча сваю інтэлігенцыю да творчае працы, да арганізоўваньня жывых сілаў вёскі і места.

Няхай жа ў гэтым Новым Годзе, што заўтра пачынаецца, нанова ўзьнімецца магутная хваля народнага руху — у імя нашага нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня! Няхай закіпіць ізноў наша творчая праца на ўсіх абшарах Зямлі Беларускае наабапал гранічнае мяжы, што разрэзала жывое цела нашае Бацькаўшчыны. І няхай пачуюць на ўсім сьвеце — свае і чужыя, што жыве Беларусь, што ўрэшце збудзіўся гаспадар яе, што

Беларускаю рукою
Сьветлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай!

Гэткія словы глыбокае веры й надзеі шлем сяньня ўсім нашым чытачом як навагодняе віншаваньне.