Зіма (Явар)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да: рух, знайсці
Зіма
Верш
Аўтар: Міхась Явар
Крыніца: "Шлях моладзі" №2 (люты 1934 г.)


Усё зіма, ды зіма… Так сцюдзёна… мароз!
Белы снег пад нагамі скрыпіць,
Вецер той, што не знае ні гора ні слёз
Злосна свішча, рагоча, гудзіць…
Па-над шэрымі стрэхамі песні пяе,
Прэцца ў шчыт, крціць снег куралём,
Часам стукне ў вакно, крутане, дзьмухане,
Зробіць у коміне цэлы «садом»
І наводзіць тугу ён па згубленых днях
Па мінулай шчаслівай вясне!
І бядняк не адзін Чуе боль у грудзях
І пытае сябе: «Жыць, ці не?»
У хатках шэрых, панурых у гэтакі час,
У якіх голад спрадвеку гасціць
Пачуць можна так часта, так часта ня раз:
«О, ці трэба ці варта так жыць?»
— «Мамка, холадна мне!» - «Татка, хлеба ці ёсць?»
Вецер дзіка рагоча, гудзіць…
— «О, ці трэба ці варта так жыць».
О, мой брат! О гаротны, бяздольны мой брат
Хоць зімовы нам віхар гудзіць,
Ня чурайся, бяздольны, тых шэранькіх хат!
Ня сумуй і не плач — будзем жыць!
О, мой брат! Будзем жыць для цудоўнай вясны
Што насустрач к нам хутка ідзе!..
Што прыйдзе да нас, здзейсніць нашыя сны,
І уладанне зімы прападзе.
Яна прыдзе да нас з ясным святлом,
У вянку з красак нашых палёў,
Яна прыйдзе да нас з хараством і цяплом
І сагрэе нядолі сыноў.
Яна хутка ужо ідзе, яна шчасце нясе!
Хутка сковы зімовы парве,
Бо ж ня вечна, мой брат, бо ж нядоўга ўжо, не,
На зямлі панаваць злой зіме!