Перайсці да зместу

Зямлянка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зямлянка
Аўтар: Мікола Сурначоў
1943

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да франтавой маёй хаціны
Ісці нядоўга. На бугры,
Сярод жытнёвай зеляніны,
Яна стаілася ў нары.
Страхі няма. Заместа столі
З бярвення зроблены накат,
Ды куча заімшэлых голляў,
Пакладзеных паверх няўлад.
На сценцы дзве ці тры бусолі
Ды томік Блока ў шынялі,
Як бы не існавала болей
Другіх паэтаў на зямлі.
У гліне высечаны сцены,
Пячурка зроблена штыком, —
Вось мой прытулак летуценны,
Мой франтавы надзейны дом.
Яго зімой снягі ўсцілалі,
Вясной дажджы мачылі дах,
Яго шрапнеллю засыпалі
Гарматы ўдзень і па начах.
І часта зранку мінамёты
Ўзрывалі зроблены насціл.
Крышылі, як арэхі, дзоты, —
На дом мой не ставала сіл.
Абвеяны ён ветрам польным,
Абсушан сонейкам удзень,
Пад небам франтавым прывольным
Не раз туліў нас у бядзе.
І хоць з прывычкі неахвота, —
Час развітання блізка ўсё ж,
І будаваць другі нас потым
Пакліча па-суседску Сож.
Калі часіне той збывацца,
Гадаць не будзем, але мы
Не думаем вось тут, прызнацца,
Сядзець, чакаючы зімы.

1943