Зялёны месяц (1925)
Выгляд
Зялёны месяц Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1925 Крыніца: Чырвоны сьцяг, 1925, №7 |
гл. таксама Зялёны месяц (Маракоў) |
* * *
Зялёны месяц над ракой
Ўстае ў крыштальных пералівах,
І ночка сінім васільком
Схіліла твар свой сіратлівы.
Ой, ночка!.. ночка!.. над вакном
Рабіна блішча пазалотай,
І устаюць жаданьні зноў
Пайсьці за рэчку, на балота.
Пайсьці і песьняй маладой
Зноў ажывіць жыцьцё дубровы,
Што гольля нізка над вадой
Схіліла ў полымі сталёвым.
І дзе вясны жыцьцё цьвіло,
Дзе вецер песьні кідаў срэбрам,
Яна разгонам шчырых слоў
І зноў мо' скажа: «ты патрэбны...»
Ой, месяц!.. месяц над ракой
Ўстае, сьмяецца, б'е паклоны,
І ночка сінім васільком
Схіліла твар свой на загонах.