Перайсці да зместу

Зь нязнаных рукапісаў Янкі Купалы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зь нязнаных рукапісаў Янкі Купалы
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
4.ІV.1937
Крыніца: БДАМЛМ: ф. 3, воп. 1, адз. захав. 273

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Даклад А. Луцкевіча на паседж<аньні> літ<аратурна>-маст<ацкай> сэкцыі Бел<арускага> Нав<уковага> Т-ва 4.ІV.1937 г

1. Няскончаая паэма «Гарыслава» Янкі Купалы

2. Пачаткавая форма камэдыі «Паўлінка»

«ГАРЫСЛАВА» ЯНКІ КУПАЛЫ

На канцавых лістох рукапісу «Паўлінкі» зьмешчаны пачатак напісанае Купалай паэмы «ГАРЫСЛАВА» з датай на пачатку 17.V (відаць, 1912 году), калі была напісана «Паўлінка», якую паэта закончыў 3.V.1912). За motto ўзяў Купала адказ Рагнеды кіеўскаму князю Ўладзімеру: «Не хочу разути рабынича, а за Ярополка иду!» Купала напісаў «Прамову» (6 строф чатырохрадковых) і пачатак 1-е песьні (12 строф), пасьля якога йдзе плян паэмы:

1) У Полацку. Рагвалод. Рагнеда. Украпленьне. Войска. Сватаўство. Весьці ад Яраполка і ад Уладзімера. Адказ Рагнеды.

2) У абозе Уладзімера. Паход. Бітва пад Полацкам. Гібель Рагвалода і Рагвалодавічаў.(У рукапісе — Рагвалодзічай). Палон Рагнеды.

3) Жыцьцё Рагнеды ў цераме над рэчкай Лыбедай. Яе сыны. Няўдачная месьць Уладзімеру за яго нявернасьць. Суд Уладзімераў. Заступства Ізяслава.

4) Заслаўе. Жыцьцё у ім Рагнеды. Вялікае цярпеньне яе. Войны ў той час і доля зямель Полацкіх. Манашаства Рагнеды.

5) (нічога не напісана).

Падаем тое, што Купала з надуманага пляну выпаўніў.

ГАРЫСЛАВА

«Не хочу разути рабынича, а за Ярополка иду!»

(Із адказу Рагнеды, княжны полацкай, Уладзімеру, князю Новгородскому)[1]

Прамова

Гэй, павейце, разгуляйцеся,

Ветры вольны, лёгкакрылыя (раздольныя)

Над старонкай (зямліцай) над крывіцкаю

Зашуміце, неўгамонныя!


Паміж небам і зямліцаю

Віхрам-птахам пранясіцеся,

Леты даўна прамільгнуўшыя

Уздымайце з чорна-попелу!


Ўскалыхніце сэрцам каменным,

Звонам-вечам ды ўсё полацкім!

Хай звон звонка разгамоніцца

Дый раскажа быль бывалую,


Быль бывалую пра доч князеву,

Ту красавіцу ненаглядную,

Пра ту княжну пра свабодную,

Што Рагнедай называлася,

(Называную Рагнедаю)


А пасьля што з гора горкага

Стала зваціся Гарыславаю,

А гардыняй недаступнаю

Кругом-вокала праславілась.


Пра яе вы, звоны вечавы,

Ветры буйныя, свабодныя,

Раскажыце сьвету цэламу

Быль бывалую ў землях Полацкіх.

(Сьвету-люду беларускаму)


I

Даўно, даўно было ўжо гэта,

Як там у запісах (запісях) стаіць,

Дзе пішуць: вось такога лета

Было павінна тое быць.


Шмат хмары вылілі вадзіцы,

Навек заснуў бор не адзін,

І шмат павысахла крыніцаў

За гэты час. Патомак-сын


Бацькоў, застыўшых у магіле,

Забыўся ўжо аб іх жыцьці —

Аб тым, як дома лад вадзілі,

Як на вайну умелі йсьці


І як у славе уміралі

За чэсьць і волюшку сваю...

Забыўся сын аб быўшай хвале,

Ў прыгон прадаў сябе, сям’ю.


Расою здоблючы чырвонай

Свае загоны і лугі,

Прыблуднай чэрні б’е паклоны,

Куе сабе сам ланцугі.


На батракоў здаліся ўнукі

На вольнай прадзедаў зямлі,

Пайшлі ў няволю без прынукі,

Як па вяровачцы пайшлі


І праслаўляюць мазалямі

Парабаціцеляў сваіх,

Сябе згубіўшы між людзямі,

Паміж мучыцеляў глухіх.


Няма нікому даступіцца,

Збудзіць заснуўшыя званы[2],

Прызваць к жыцьцю жывой расіцай

Нямыя сьведкі — курганы.


Так растачыла зьністажэньне

Свае ўладарства ў старане[3],

Што воляй рдзела неадменьне[4],

Як тое сонца ў вышыне[5].


Адно падчас у сумнай песьні

Або у казцы дзе якой

Край праўды выгляне з-пад плесьні

І ўскалыхне жывой душой.


Нямыя вербы над ракою

Зашалясьцяць сухім лістом,

А далей дрэмле ўсё ў спакою,

Ўсё сьпіць магільным рабскім[6] сном.


Калі ж, калі ж ты, родна маці

Старонка бедная[7] мая,

Пачнеш ізноў выводзіць раці

Да нова збудзішся жыцьця?

* * *

Паэмы Купала, праўдападобна, не дапісаў, бо яна нідзе не друкавалася.

ДА НАПІСАНЬНЯ КАМЭДЫІ КУПАЛЫ «ПАЎЛІНКА»

Пачаткова Купала пачаў пісаць апавяданьне п. н. «А вербы шумелі...» Пачатак гэтага апавяданьня (тры лісткі) далучаны да рукапісу Купалы з тэкстам «Паўлінкі».

Паэта апісывае вясну на Беларусі — зварачаючы ўвагу на тое, што сыны яе праз сьлёзы і кроў ня бачаць хараства «старонкі-пакутніцы». На фоне веснавога абраза — Мікола і Паўлінка сядзяць пад шумлівымі вербамі і гутараць аб сваей любові. Зь іх слоў відаць, што бацька Паўлінкі, хоць некалі вельмі любіў Міколу, цяпер ня хоча і слухаць аб іх жанімстве. Мікола кажа, што гатоў усяляк служыць бацьком Паўлінкі, абы толькі выслужыць яе. А калі не, дык кідае думку ўцячы з Паўлінкай.

На гэтым рукапіс спыняецца. Відаць, Купала, які ня мае нахілу да апавяданьняў у прозе, захапіўшыся ідэяй «Паўлінкі», зараз жа перайшоў з формы апавяданьня на форму драматычную. І гэтак паўстала камэдыя «Паўлінка».

Вось пачатак Купалавага апавяданьня ў прозе «А вербы шумелі...»

А вербы шумелі...

...А вербы шумелі, як яны ўдваёчку хадзілі над рэчкай, праглядаліся ў люстры бліскучай вадзіцы, бегалі, зьбіралі на зялёнай сенажаці кветкі-пралескі, пасьля садзіліся ўдваёчку пад зялёнымі галінамі, а вербы над імі шумелі, шумелі.

Вясна была. Наша Крывіцкая зямелька ўмее сябе ў часе вясны ахарошыць зеленьню і кветкамі. Ня бачуць толькі гэтага хараства сыны, родныя дзеці гэтай няшчаснай старонкі-пакутніцы. Сьлёзы і кроў залілі сінія беларускія вочы, сьлёзы і кроў... Пасьлеплі на службе батрацкай ў працы крывавай, паднявольнай...

Вясна... Цьвітуць яблыні... Белыя яблыні цьвітуць, плюскочуць, бурляцца рэчкікрыніцы, шуміць лес, голасна зялёны лес шуміць, жаліцца, плача...

Гэта ўжо другая ці трэцяя вясна ішла, як яны спазналіся, як яны адно к другому да сэрца прыпалі. Другая ці трэцяя вясна, а ўсё нічога не выходзіла. Бацькі яе насупроці ішлі, каб яны з сабою пабраліся. А яны так любілі адно другога, так любілі...

Сядзяць пад вербамі... Рады, што ніхто іх ня бача, ніхто ім не замінае. Адно толькі неба сіняе ды агністае сонца ім прыглядаюцца, любуюцца. А вербы зялёныя шумяць, шалясьцяць лісточкамі, як бы штось соладка-мілага пашэптываюць ім ненаглядным...

— І дакуль жа ўсё гэта будзе цягнуцца? — адазваўся прыглушаным голасам першы ён. — Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе? Калі ўжо надойдзе тая часінка, што нас злучыць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся?.. Калі, калі?..

— Ха-ха-ха! На сьвятое ніколі, — засьмяялася яна неяк дзіўна. — Чуў жа ты хіба ня раз, што бацькі вытвараюць, як даведаліся, што я з сваім Міколкам дужа блізкае знаёмства забрала...

— А ўсё-такі нічога яны ня зробяць гэтай сваей злосьцю. Я ўсе свае сілы ўлажу, жыцьця не пажалею, буду чарвяком перад імі поўзаць, горкімі сьлязьмі вымалю ў іх цябе, мая ненаглядная зорачка...

— Э! не туды, мой дурненькі Міколка, паехаў. Уедзеш гэтак у нерад, што ні ўзад, ні ўперад... Вельмі ўжо старыя заеліся, і хоць ты ім кол на галаве чашы — нічога не выдзяўбеш. Ці ж ты і сам ня ведаеш, што яны, а найбольш (наболей — у рукапісе) — бацька, вычвараюць на цябе? Татка мой родны, каб мог, дык на першай галіне цябе павесіў бы... Ці ж ня ведаеш?

— Ой, чаму ня ведаю... А ўсё-такі надзеі ня трачу... А вось адпусьціцца... Такі ж ён некалі мяне любіў... Быў час, што і ў бядзе памагаў мне...

— Быў час, быў, але прахам сплыў... Другую песьню цяпер татка мой пяе... Нож на цябе точыць, востра точыць нож на таго, каго калісь сам любіў і каго я палюбіла і вечна любіць буду, — закончыла яна зь нейкай сумнай рызыкай.

— А ведаеш што, Паўлінка, — адазваўся да яе, памаўчаўшы трохі (у рукапісе) крыху, Мікола, — калі нічога просьба не паможа, мы ўцячом з табой.

* * *

На гэтых словах абрываецца рукапіс. Прынамся ведама, што ў друку апавяданьне Купалы «А вербы шумелі...» не зьявілася. Затое ідэя ўцёкаў Паўлінкі зь яе любым выкарыстана і праведзена ў камэдыі Купалы «Паўлінка».

Дзеля таго, што камэдыю сваю Купала закончыў 3 мая 1912 году, трэба думаць, што адрывак недакончанага апавяданьня быў напісаны крыху раней — у канцы зімы і ў раньнюю вясну 1912 году.

  1. Абмылка Я. Купалы.
  2. Зачыркнуты варыянт: «Зьвясьці нявольнічыя сны».
  3. Вычырнуты варыянт: «над зямлёй».
  4. Зачыркнуты варыянт: «...зіхацела у праменьні».
  5. Зачыркн<уты> варыянт: «Свабоды ласкай залатой».
  6. Зачыркн<уты> варыянт: «цьвёрдым».
  7. <Зачыркнуты варыянт:> «родная».