Зь беларускага палітычнага жыцьця ў Менску ў 1917—18 гг.
Зь беларускага палітычнага жыцьця ў Менску ў 1917—18 гг. Даклад Аўтар: Вінцэнт Гадлеўскі 1934 Крыніца: Газэта «Беларуская Крыніца», 1934, №№ 16-19 |
Рэфэрат прачытаны на Надзвычайным Агульным Сходзе Беларускага Нацыянальнага Камітэту Вільні ў 16-тыя ўгодкі Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі дня 25 сакавіка 1934 году. |
Сьвяткуючы з году ў год дзень Абвешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якой асновы былі азначаны ўжо на Ўсебеларускім Кангрэсе ў канцы 1917 году, а дня 25 сакавіка гэтыя асновы былі аформлены з боку юрыдычнага, сьвяткуючы гэты дзень, мы думкай пераносімся ў Менск, цэнтр тагачаснага бел. палітычнага жыцьця, каб прыпомніць сабе некаторыя з тагачасных падзеяў. Сам акт 25 сакавіка 1918 году ўжо распрацаваны, апісаны і аб ім ведаюць ня толькі старэйшыя, якія помняць гэты дзень, але і маладзяж, якая знае гэты факт зь гісторыі. Дзеля гэтага над самым актам Абвешчаньня Незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны я затрымлівацца ня буду, а перайду лепш да тых мамэнтаў менскага палітычнага жыцьця, якія мала ведамы, якія, аднак, цікавяць і старэйшае, і маладзейшае грамадзянства. Аб гэтых фактах часта ўспамінаецца ў часопісях, аб іх часта гаворыцца, відаць, што людзі хацелі-б ведаць усё, што датычыць тагачасных вялікіх падзеяў, хацелі-б ведаць ня толькі факты, але і прычыны тых фактаў, якія для сяньняшняга пакаленьня часта астаюцца незразумелы. Гэтакіх фактаў, як-бы фрагмэнтаў (адламкаў) беларускага палітычнага жыцьця ў Менску я выбраў чатыры:
1. Роля Рамана Скірмунта ў тагачасным беларускім жыцьці і ягоныя спробы залажыць беларускую абшарніцкую партыю;
2. Роля Абліскамзапу і разгон ім Усебеларускага Кангрэсу;
3. Паўстаньне і дзейнасьць Менскага Беларускага Прадстаўніцтва;
4. Прычыны пасылкі Радай тэлеграмы да Вільгэльма II.
Гэтыя чатыры фрагмэнты тагачаснага беларускага палітычнага жыцьця адбываліся на маіх вачах; апроч гэтага, я карыстаўся гадавікамі газэт, якія выходзілі ў тых часох, асабліва гадавікамі «Вольнай Беларусі», «Беларускай Рады» і Гоману" з 1918 г.; карыстаўся так-жа зборнікамі дакумэнтаў, якія выходзілі ў Менску і за межамі, і зборнікамі: «Беларусь» з 1924 году; «Замежная Беларусь», якая ў 1926 годзе вышла ў Празе Чэскай; кнігай Турука: «Очерк истории национального и революционного движения белоруссов», Москва, 1921 г.; часопісам «Вольны Сьцяг», Менск, 1921 год (н-ры 1-4), у каторых праф. Ігнатоўскі пісаў на гэтую самую тэму, што і Турук.
I. Роля Р.Скірмунта ў тагачасным беларускім жыцьці і ягоныя спробы залажыць беларускую абшарніцкую партыю
[правіць]Роля Скірмунта ў бел. палітычным жыцьці пачынаецца ад расейскай рэвалюцыі, г. зн. ад лютага месяца 1917 году. Да гэтага часу быў ён ведамы як краёвец, каторы хацеў стварыць супрацоўніцтва народаў, якія знаходзіліся даўней у граніцах В. Княства Літоўскага і яшчэ ў 1906-9 гг. многа працаваў над польска-беларускім збліжэньнем. Чалавек, бясспрэчна, зь вялікай духовай культурай, шырокім сьветаглядам і высокай асьветай, Скірмунт належаў у тыя часы да групы тых рэдкіх абшарнікаў на Беларусі, для каторых беларускі селянін быў бліжэйшы за селяніна, а нават шляхціца з этнаграфічнай Польшчы і каторыя пачуваліся да нейкай і маральнай, і фізычнай сувязі з народам беларускім. Ад 1917 году Скірмунт становіцца ў рады беларускіх дзеячоў і, хоць буйны земляўласьнік (да яго належыць вялікі двор Парэчча ў Пінскім павеце), стаецца вялікім дэмократам і нават (шчыра ці няшчыра) беларускім патрыётам. Пры ўсім гэтым ён добра ўладаў беларускай мовай (трохі з палескім акцэнтам: «шо, шчо»), і ягоныя прамовы на бел. сабраньнях выдзяляліся і зьместам і формай, яны былі заўсёды высока-патрыётычны зь беларускага пункту гледжаньня і часам нават проста рэвалюцыйны, што выклікала ў прысутных буру воплескаў. І вось гэты чалавек скора выбіваецца на чало беларускага руху.
Зараз пасьля рэвалюцыі быў скліканы ў Менску зьезд беларускіх дзеячоў, каб выбраць беларускі палітычны цэнтр і каб нарысаваць плян працы на будучыню. Зьезд адбыўся дн. 25-26 сакавіка 1917 г., якраз на год прад абвешчаньнем Незалежнасьці Беларусі. На гэты зьезд прыехалі бадай усе актыўныя беларускія сілы ня толькі зь Беларусі, але з абшару ўсяе даўнейшае Расеі, зь Петраграду, Масквы, Кіева і іншых гарадоў. На зьезьдзе былі рэпрэзэнтаваны ўсе тагачасныя палітычныя кірункі, пачынаючы ад беларускіх народнікаў, а канчаючы на соцыялі- стах. На гэтым зьезьдзе доўгі час дыскутавалася пытаньне, каго выбраць на старшыню такое важнае інстытуцыі, як першага Беларускага Нацыянальнага Камітэту, і пасьля доўгіх спрэчак бадай усе дзеячы затрымаліся на асобе Р.Скірмунта, б. дэлегата ад Меншчыны ў 1-ую Дзяржаўную Думу, і ён быў выбраны на старшыню Б. Нац. Камітэту ў Менску.
Чаму не каго іншага выбралі, а Скірмунта?
Трэба ведаць, што на пачатку расейскай рэвалюцыі ніхто не спадзяваўся, што яна будзе паглыбляцца штораз далей, аж да камунізму. Людзі думалі, што ўрад князя Львова, а потым Керанскага, будуць трывалкімі, што расейскі лібэралізм і дэмократызм, які дайшоў да ўлады, будзе дэцыдаваць аб будучым дзяржаўным строю Расеі, што кадэты, а потым і эсэры, якія стаялі на чале ўлады, не аддадуць гэтай улады нікому. А ў гэтых людзей, асабліва ў кадэтаў, асоба Скірмунта, як ведамага палітычнага дзеяча і сябры 1-ай Дзяржаўнай Думы, мела свае значэньне.
Вось дзеля гэтай прычыны Скірмунт ня толькі быў выбраны на старшыню Бел. Нац. Камітэту, але і пастаўлены на чале дэлегацыі, якая была выбрана ў ліку 7-мі чалавек на гэтым-жа зьезьдзе беларускіх дзеячоў, каб перадаць расейскаму ўраду рэзалюцыі і дамаганьні зьезду ў справе школьніцтва, самаўраду і аўтаноміі Беларусі.
Скірмунт у той час быў пакліканы яшчэ як фаховец («спэц») ад палітычных і вонкавых спраў (нешта падобнае як Чычэрын у бальшавікоў)[1]. І трэба сьцьвердзіць, што як Чычэрын для бальшавікоў, так Скірмунт для беларусаў у свой час прынясьлі шмат карысьці і адыйшлі (або былі адсунуты) тагды, калі іх услугі сталіся непатрэбнымі. Пры ўсім гэтым магчыма, што Скірмунт хацеў на беларускай справе зрабіць палітычную кар’еру, бо палітыцы ён быў адданы целам і душою, не шкадаваў для яе ні фізычных ні маральных трудоў.
Скірмунт, будучы на становішчы старшыні Б. Нац. Камітэту (ад 26.III. да 9.VII. 1917 году), стараўся прыцягнуць да беларускай працы так-жа сваіх аднадумцаў з буйных земляўласьнікаў і стварыць бел. абшарніцкую партыю. Магчыма, што ён, як добры палітык, першы рэальна адчуў правільны шлях, па якому павінна было ісьці бел. абшарніцтва, г. зн. па беларускаму народнаму шляху, і на гэты шлях хацеў яго скіраваць або, лепш кажучы, вярнуць. На аднэй з чародных сэсіяў Б. Нац. Камітэту (13-15.V.17 г.) былі прысутны, апроч Скірмунта, Ад. Вайніловіч, ведамы менскі дзеяч, княгіня М. Радзівіл, ведамая філянтропка і мэцэнатка беларускага і літоўскага руху і князь Друцка-Любэцкі. Апроч гэтага, у Б. Нац. Камітэт заходзіў і князь Станіслаў Радзівіл са Століна, прыяцель і аднадумец Скірмунта, які на зьезд беларускіх дзеячоў дня 25- 26.111.17 прыслаў нават прывітальную тэлеграму са Століна і вельмі інтэрэсаваўся беларускай працай наагул.
На тэй сэсіі дня 13-15.У.17 г заходзіла да такіх мамэнтаў, што, здавалася, буйныя земляўласьнікі на Беларусі пачынаюць пазнаваць самі сябе і варочацца да таго народу, з каторага яны вышлі. Такі, напр., князь Друцка-Любэцкі (здаецца, з-пад Лунінца) у сваёй прамове заявіў, што ён добра ведае, што паходзіць з старадаўняга роду беларускіх князёў і што ён невінаваты, што над яго калыскай пяялі не беларускія, а польскія песьні (іншымі славамі, што яго ўзгадавалі на паляка). Але ўчасьнікі сэсіі мала праняліся гэтымі славамі князя, бо надыходзіў такі час, што ад князёў і буйных земляўласьнікаў трэба было быць як найдалей, і прыхільнікі Скірмунта, адчуўшы гэты настрой да іх сяброў сэсіі Б. Нац. Камітэту, вышлі, каб болей ужо не вярнуцца. Спужала іх радыкальнасьць беларускага руху. Асталіся толькі Скірдлунт і княгіня Радзівіл. Гэтая апошняя, хоць і далей памагала беларусам матэрыяльна, то ў палітычным жыцьці беларускім не адыгрывала ніякай ролі. Яна асталася мэцэнаткай беларускага руху да канца. Такім парадкам Скірмунту стварыць беларускую абшарніцкую партыю не ўдалося[2].
II. Абліскамзап і разгон Усебеларускага Кангрэсу
[правіць]Пераходзячы да апісаньня ролі Абліскамзапу ў разгоне Ўсебеяарускага Кангрэсу, трэба прадусім паставіць пытаньне, а што такое Абліскамзап?
Абліскамзап — гэта скарочаны тэрмін на азначэньне расейскага назову «Областной Исполнительный Комитет Западной Области». Паўстаў ён у лістападзе 1917 году, ужо пасьля бальшавіцкай кастрычнікавай рэвалюцыі і меў рэпрэзэнтаваць бальшавіцкую ўладу на абшары Беларусі, або, як бальшавікі тады называлі, Заходняй вобласьці. Да гэтага часу цэнтрам бальшавіцкай акцыі ў Менску быў Менскі Гарадзкі Савет, які пасьля выбараў у верасьні 1917 году мае ўжо бальшавіцкую большасьць.
Дня 25 кастрычніка была атрымана Менскім саветам радыятэлеграма № 1 зь Петраграду ад бальшавіцкага Ваенна-Рэвалюцыйнага Камітэту, у каторай было сказана, што пераварот ужо адбыўся і загадана ня пускаць з фронту ў Петраград ненадзейных вайсковых часьцей. Прэзыдыюм Менскага Савету выдае ад сябе прыказ N2 1 да насельніцтва Менска і ваколіц, што ўлада ў Менску пераходзіць у рукі Савету Рабочых і Салдацкіх Дэпутатаў, і прапануе прыступіць на мясцох да арганізацыі часовай рэвалюцыйнай улады. З вызваляных з турмаў палітычных арыштаваных салдатаў быў зарганізаваны 1-шы бальшавіцкі полк імяні Менскага Савету (пры помачы якога потым бальшавікі разганялі Ўсебеларускі Кангрэс).
Дня 26 кастрычніка, каб пашырыць уладу на ўсю Беларусь, Менскі савет утварыў Ваенна-Рэвалюцыйны Камітэт Заходняй Вобласьці, на чале каторага стаў Мясьнікоў. Але, апроч гэтага камітэту, у Менску быў яшчэ Франтовы Камітэт Зах. Фронту, выбраны яшчэ за часоў кераншчыны, і ён пачаў контракцыю, сьцягваючы ў Менск вайсковыя часткі. Тагды на падмогу бальшавіцкаму Ваенна-Рэвал. Камітэту ў Менску прыбыў уночы з 1 на 2 лістапада бранявы цягнік, які ўльтыматыўна зажадаў ад Франтовага Камітэту і Беларускай Вайсковай Рады здачы гораду. Дзеля нястачы вайсковых сіл трэба было здацца, і Ваенрэўком бярэ ў свае рукі ўладу ў Менску.
Пасьля гэтага ў днях 19-20 лістапада бальшавікі арганізуюць у Менску тры свае зьезды: 1) Абласны Зьезд саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 2) Зьезд сялянскіх дэпутатаў і 3) Зьезд Заходняга Фронту. Як рэзультат гэтых зьездаў і быў створаны Выканаўчы Камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх дэпутатаў Заходняй Вобласьці і Фронту або так зв. Абліскамзап. Складаўся ён не зь мясцовых людзей, а з прышлых, якія яўна выступілі проціў беларускага руху. На чале Абліскамзапу стаў Ляндэр (латыш). Гэты ж Абліскамзап і разагнаў Усебеларускі Кангрэс уначы з дн. 17 на 18 сьнежня (па старому стылю) 1917 году.
Аб самым разгоне зьезду ў «Вольнай Беларусі» (№ 36, 1917 г.) чытаем так:
«Каля 3 гадзіны ўначы Рада зьезду скончыла апрацоўваць рэзалюцыю. Старшыня пачаў яе чытаць перад усім зьездам. У гэты мамэнт падыйшлі да стала прэзыдыюму два салдаты і назваўшы сябе, першы — камісарам „Западнай обласьці“, а другі — начальнікам Менскага гарнізону, сказалі, што прыйшлі арыштаваць прэзыдыюм і разагнаць зьезд.
Тагды, пры іх-жа, старшыня зьезду агаласіў першы пункт рэзалюцыі, дзе Беларусь абвяшчаецца Рэспублікай. Бадай што ўвесь зьезд аднастайна зацьвердзіў гэты пункт[3].
Раптам аднекуль пачуўся голас: Таварышы, наш дом акружаны войскам! Каля яго стаяць кулямёты і бранявікі!
У залі падняўся шум. Тагды зьвярнуўся да зьезду з прамовай „начальнік гарнізону“ Крывашэін. Хістаючыся на нагах, крэпка выпіўшы, ён пачаў гаварыць. Але праз шум спачатку нельга было нічога разабраць. Толькі потым, як трохі пацішэла, пачуліся бязьвязныя фразы „начальніка“, каторы гаварыў аб нейкіх „лайковых перчатках“. Кончыў ён сваю „прамову“ вось як: „А теперь я распускаю ваше собрание“.
Пры гэтых славах у залю ўвайшлі ўзброеныя салдаты. Агульнымі сіламі іх выцягнулі за дзьверы, і пасьля гукаў марсэльезы нехта голасна сказаў:
„Браты беларусы! Мы бачылі жандараў Мікалая II, але сягоньня мы ўбачылі жандараў у свабоднай рэвалюцыйнай старане, пад маскай бальшавіцкіх камісараў, на вольным зьезьдзе вольнага народу!“
Ізноў уварваліся салдаты, разьбіраючы барыкады з крэслаў і зэдлікаў, накіданыя дэлегатамі зьезду, сялянамі і салдатамі. Пад сьпевы жалобнага маршу[4] выводзілі арыштаваны прэзыдыюм і шмат каго зь відных працаўнікоў зьезду. Арышт цягнуўся ўсю ноч. Прыклады працавалі направа і налева. Паволі пусьцела заля. Гасьлі лямпы. А ў цёмным кутку сядзеў адзінока сівы дзед-селянін. Плечы яго ўздрыгалі. Ён плакаў як дзіця.
Назаўтры, уначы, а 4 гадзіне разагналі і Вайсковую Беларускую Раду».
Гэтак апісвае разгон Усебеларускага Кангрэсу «Вольная Беларусь»[5].
А цяпер, дзеля паўнаты малюнку, зацытуем яшчэ словы другога навочнага сьведкі, П. Крэчэўскага, сябры прэзыдыюму кангрэсу: «Калі бальшавікі ўбачылі, — піша ён, — што большасьць зьезду стаіць за самастойную рэспубліку, рашылі зьезд разагнаць сілаю. Бальшавіцкія камісары — Крывашэін і Рэзаўскі — п’яныя (канстатую факт) зьявіліся ў залю зьезду якраз у той самы час, калі пасьля доўгіх дэбатаў, прыблізна каля часу ночы, меліся прыступіць да галасаваньня рэзалюцыі і абвесьцілі зьезд распушчаным, а прэзыдыюм арыштаваным. Будынак, дзе адбываўся зьезд, быў акружаны бранявікамі і кулямётамі. Падняўся страшэнны гвалт, бальшавіцкія салдаты са стрэльбамі стараюцца ўварвацца ў залю зьезду, дэлегаты строяць барыкады з крэслаў і свагмі грудзьмі абараняюць зьезд і прэзыдыюм зьезду, які, ня гледзячы на забарону камісара, вядзе далей сход і галасуе рэзалюцыю». Гэтак апісвае разгон зьезду Крэчэўскі (гл. «Замежная Беларусь», стар. 52-53).
Вось маем згоднае апісаньне двух чалавек, учасьнікаў зьезду. Іх апісаньне дае поўны абраз разгону гістарычнага Беларускага Сходу, разгону тымі людзьмі, якія вясьцілі (і цяпер вясьцяць) поўнае самаазначэньне ўсіх народаў «вплоть до отделения»[6].
Але нядоўга бальшавікі дзяржалі сваю ўладу ў Менску, уначы з 18 на 19 лютага камісары Абліскамзапу ўцяклі ў Смаленск перад другою чужацкай навалай, якая рынула на наш край, перад навалай нямецкай.
III. Менскае Беларускае Прадстаўніцтва
[правіць]Зараз, пасьля прыходу немцаў, у Менску ўтварылася Беларускае Народнае Прадстаўніцтва. (Немцы прыйшлі ў Менск 21.II., Бел. Прадстаўніцтва зарганізавалася 25.II.1918 г.) Складалася яно з элемэнтаў, якія не ўвайшлі ў Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Кангрэсу і потым у Раду Бел. Народнай Рэспублікі.
Каб адказаць на пытаньне, чаму гэтыя элемэнты, якія стварылі Прадстаўніцтва, не ўвайшлі ў Раду Рэспублікі, трэба нам глянуць назад, на падзеі зь ліпня месяца 1917 г. У гэтым месяцы на зьезьдзе беларускіх арганізацыяў і партыяў дайшла да перавагі ў беларускім палітычным жыцьці адна партыя — Беларуская Сацыялістычная Грамада. На гэтым зьезьдзе (8-9 ліпня) яна сарвала адны выбары, якія выпалі не па яе думцы, а зажадала новых. Ня хочучы зрываць адзінага беларускага нацыянальнага фронту, усе іншыя партыі якія былі на зьезьдзе, а галоўна народныя сацыялісты і хаддэкі, пайшлі на ўступкі і далі магчымасьць Б. Сац. Грамадзе ўзяць павадырства ў свае рукі. Ад гэтага часу пачынаецца верхаводзтва Б. Сац. Грамады ў беларускім палітычным жыцьці.
Гэтая ўступка з боку народнікаў і аддача павадырства ў рукі аднэй партыі цяпер, можа, выглядае на памылку, але тагды было жыцьцёвай канешнасьцяй. Трэба было тагды браць пад увагу ня толькі еднасьць беларускага нацыянальнага фронту, але і псыхіку расейскай рэвалюцыі. А гэта псыхіка вымагала штораз большай левізны, і тая партыя магла спадзявацца аўторытэту і послуху ў масаў, якая магла даказаць, што яна левая, ды яшчэ лявейшая за ўсе іншыя. А такою найболей леваю партыяй у беларускім палітычным жыцьці была тагды якраз Б. Сац. Грамада. Апроч гэтага, у псыхіцы мае стварылася тагды такое пракананьне, што толькі сацыялізм можа даць шчасьце народным масам, і дзеля гэтага ў той час кожная партыя, нават такая, якая ня мела ў сваей ідэолёгіі нічога соцыялістычнага, выступала пад фірмай сацыялізму. І так — творацца тагды (апроч сацыялістаў рэвалюцыянэраў) яшчэ іншыя «сацыялістычныя» партыі: народных сацыялістаў, сацыялістаў-фэдэралістаў, сацыялістаў-аўтанамістаў, незалежных сацыя- лістаў і іншыя. Так і Б. Сац. Грамада ня была чыста сацыялістычнай партыяй (з пункту гледжаныня марксызму), апіраючай сваю ідэолёгію на матэр’ялізьме і інтэрнацыяналізьме, а была партыяй беларускіх патрыётаў, якія, пасвоему разумеючы сацыялізм, імкнуліся да адраджэньня Беларусі пры помачы модных тагды сацыялістычных клічаў[7].
Вось у рукі такой партыі народнікі здалі павйдырства ў бел. палітычным жыцьці ў ліпні 1917 г. і далей працавалі ўжо як памагальнікі. У «нагароду» за гэтую уступку Б. Сац. Грамада не дапусьціла да Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага Кангрэсу а гэтым самым і да Рады Б. Нар. Рэспублікі, якая ўтварылася з Выканаўчага Камітэту Рады, ніводнага народніка, хадэка або народнага сацыяліста[8].
Як мы ўжо бачылі, Выканаўчы Камітэт Рады Кангрэсу, а потым Рада Б. Н. Р., на пачатку свайго існаваньня складаліся выключна зь сяброў аднэй беларускай партыі, іменна Б. Сац. Грамады. Гэтае зьявішча было ненармальным, асабліва пасьля прыходу немцаў, якія не хацелі лічыцца з такою вузкапартыйнай Радай.
Дык тыя групы, якія ня былі дапушчаны да Вык. Камітэту Рады Кангрэсу, сабраліся дня 25.II.1918 г. разам з прадстаўнікамі насельніцтва гораду Менска і стварылі Менскае Беларускае Народнае Прадстаўніцтва (або, як называлі па-нямецку: «Das Minsker Weissruthenisches Volks-Komitee»). Складалася яно з тых элемэнтаў, якія не ўваходзілі ў Б. Сац. Грамаду, а іменна: народнікаў, народных сацыялістаў, хадэкаў і беспартыйных. Іншымі славамі, у Беларускае Прадстаўніцтва ўвайшлі ўсе тыя групы, якія тварылі даўней Б. Нац. Камітэт, апроч Б. Сац. Грамады.
Гэтага-ж самага 25 лютага быў выбраны і Выканаўчы Камітэт Прадстаўніцтва ў ліку 9-ці асоб, у які ўвайшлі: пратаерэй Кульчыцкі, генэрал Кандратовіч[9], Скірмунт, кс. Гадлеўскі, Уласаў, Аляксюк, Чаўсаў, Зямкевіч і Русецкі.
Прадстаўніцтва ўзяло на сябе абавязак, як піша «Б. Шлях», "прадстаўляць інтарэсы Беларускага народу і быць нацыянальным цэнтрам, куды за ўсялякімі спраўкамі мелі зварочвацца ўсе, каму дарагая незалежнасьць Беларусі, «культура і самабытнасьць Беларускага народу» (гл. «Б. Шлях», № 1, з дн. 8.III.1918).
Значыць, Прадстаўніцтва паставіла сабе мэту паддзяржаць традыцыі даўнейшага Бел. Нац. Камітэту, разьбітага ў ліпні 1917 г. Б. Сац. Грамадою і быць нацыянальным цэнтрам, злучаўшым і прадстаўляўшым не адну, але ўсе беларускія партыі, апынуўшыяся па-за Радай Рэспублікі. Апроч гэтага, Прадстаўніцтва паставіла ясна і адкрыта незалежнасьць Беларусі.
На чале Прадстаўніцтва стаў Скірмунт, які, дасканальна ўладаючы нямецкай мовай, у гэты час мог быць вельмі карысны. Бел. Прадстаўніцтва пачало тагды выдаваць першую штодзённую беларускую газэту пад назовам «Беларускі Шлях», які выходзіў ад 8 сакавіка 1918 г. да восені гэтага-ж году (вышла да 150 нумароў).
Пасьля прыходу немцаў беларусы як з аднаго, так і другога лягеру скора зразумелі, што патрэбен ізноў адзіны нацыянальны фронт, як гэта было на пачатку расейскай рэвалюцыі (ад сакавіка да лгпня 1917 г.). Злучэньне ўсіх беларускіх сіл у аднэй народнай рэпрэзэнтацыі было тагды жыцьцёвай канешнасьцяй. Дзеля гэтага паміж прадстаўнікамі Рады БНР і Прадстаўніцтвам пачынаюцца гутаркі аб злучэньні. Гутаркі гэтыя, ведзеныя беспасярэдна і пры пасярэдніцтве віленскіх беларусаў, якія змаглі ўжо прабрацца ў Менск, не зацягнуліся доўга: пастановай Рады з дн. 12 красавіка 1918 году ўсё Прадстаўніцтва ўвайшло ў склад Рады БНР. Гэтым самым стварыўся ізноў адзіны беларускі нацыянальны фронт, які быў парваны адліпня 1917 г.
Якія-ж былі адносіны Прадстаўніцтва да незалежнасьці Беларусі?
Той час, калі Прадстаўніцтва ўвайшло ў Раду, ужо быў пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі (што, як ведаем, сталася 25 сакавіка, на 19 дзён перад уваходам Прадстаўніцтва ў Раду). Аднак трэба тут адзначыць, што Прадстаўніцтва ад самага пачатку свайго існаваньня было за незалежнасьць Беларусі. Трэба тут падчыркнуць, што калі пасярод Б. Сац. Грамады былі да апошняга часу адзінкі, якія стаялі на грунце аўтаноміі Беларусі ў граніцах Расейскай Фэдэрацыі (рабілі яны гэта затым, што баяліся адкінуць ад сябе расейскую і жыдоўскую меншасьці, якія былі проціў незалежнасьці Беларусі, бо з расейскіх партыяў ніводная не стаяла за незалежнасьць Беларусі, а з жыдоўскіх толькі Поалей-Сыён), то пасярод сяброў Прадстаўніцтва выступленьняў проціў незалежнзсьці ня было, і Прадстаўніцтва ад самага пачатку свайго існаваньня рашыла парваць з усякімі аўтанамічнымі концэпцыямі ў граніцах вялікай Расейскай Фэдэрацыі і стала здэцыдавана на грунт незалежнасьці Беларусі. Відаць гэта, паміж іншым, з "Б. Шляху, « органу Прадстаўніцтва, які ў 1-шым нумары з дня 8 сакавіка 1918 г. на першай старонцы тлустым друкам гэтак пісаў: „Беларускі Шлях“ ставіць сабе мэтай: незалежнасьць Беларусі, нацыянальная еднасьць і арганізацыя, разьвіцьцё беларускай духовай і матэрыяльнай культуры».
Далей у перадавіцы гэтага-ж ну мару чытаем так: «Шмат што нас дложа разлучаць, але ўсіх нас яднае адно: гэта доля нашай Бацькаўшчыны-Беларусі, каторая палепшыцца можа толькі праз закладзіны моцнага фундаманту яе незалежнасьці на грунце непадзельнасьці Беларускага народу ў яго этнографічных рубяжох; праз падняцьце нацыяналь- най творчай сілы народу як духовай, так і матэр’яльнай, праз увядзеньне станоўчай зямельнай рэформы ў інтарэсах дробных земляробаў і безьзямельных, каб згодна з досьледамі соцыяльнай навукі падняць іх дабрабыт і дапамагчы эканамічнаму разьвіцьцю краю».
Гэтак пісаў «Б. Шлях» у сваім періііым нумары з дн. 8 сакавіка 1918 г. Як бачылі, у адным і тым-жа нумары ён аж тры разы сьцьвярджае канешнасьць незапежнасьці Беларусі і ставіць гэту незалежнасьць як галоўную мэту тае арганізацыі, ад імя якое ён прамаўляе, г. зн. Бел. Прадстаўніцтва.
Урэшце, уваходзячы грэміяльна ў Раду, Прадстаўніцтва прызнала акт 25 сакавіка. Ня яго віна, што групы, якія былі згуртаваўшыся ў ім, ня былі прысутнымі на гістарычным акце абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, ад гэтага ўчасьця, як мы ўжо казалі, яны былі адсунуты Б. Сац. Грамадою, якая ўзяла на сябе і цяжар, і заслугі юрыдычнага будаўніцтва Незалежнасьці Беларускага народу. Кажам: юрыдычнага, бо фактычна і ідэова Прадстаўніцтва стала на грунт незалежнасьці, як мы ўжо бачылі, перад 25-ым сакавіка і працавала ў гэтым кірунку, пашыраючы праз свой орган «Б. Шлях» ідэю аб поўнай незалежнасьці нашага народу.
IV. Прычыны пасылкі тэлеграмы да Вільгэльма II
[правіць]Пасьля з’яднаньня ўсіх беларускіх груп у Радзе БНР трэба было ўзяцца супольнымі сіламі за пазытыўную работу над увядзеньнем у жыцьцё трэцяй устаўной граматы аб незалежнасьці Беларусі. Аднак над Менскам і цэлым краем моцна зацяжыла рука нямецкага жаўнера. Вайсковая нямецкая ўлада зырка сачыла за ўсімі праявамі беларускага руху. Трэба было так ці інакш увайсьці зь ею ў кантакт з мэтай будаўніцтва незалежнасьці Беларусі, тым болей, што якраз у тыя часы немцы прызналі незалежнасьць Украіны і Літвы[10]. Менскія беларускія дзеячы аб гэтых фактах ведалі і паволі прыходзілі да пракананьня аб канешнасьці падобнага звароту да нямецкіх цэнтральных уладаў. Перад гэтым Рада Рэспублікі і Прадстаўніцтва, кожнае ад сябе, зварочваліся да нямецкага ўраду з дамаганьнем прызнаньня Беларусі, аднак без рэзультату, цяпер-жа, пасьля злучэньня, быў пададзены праект паслаць тэлеграму ад Рады Рэспублікі, аб’еднываючай усе беларускія партыі, і ўжо не да нямецкага ўраду або рейхстагу, але да самога кайзэра.
Ініцыятыва пасылкі тэлеграмы выйшла ад Скірмунта. Спачатку на высылку тэлеграмы ня ўсе згаджаліся, бо крок быў запраўды рызыкоўны, але потым, ня бачачы іншага выхаду з тагачаснага цяжкога палажэньня, а з другога боку, маючы прад сабою прыклады Літвы, Украіны і нават Польшчы, якія былі прызнаны немцамі de jurę, сябры Рады прыходзяць да пракананьня аб патрэбе высылкі тэлеграмы… Болей празорлівыя пасылаюць Скірмунта ў менскае Обэр-Коммандо разьведаць грунт. Обэр-Коммандо, відаць, само не ар’ентуючыся ў палітыцы свайго цэнтру, а можа хочучы дадаць яшчэ адзін козыр нямецкай міжнароднай палітыцы ў форме тэлеграмы ад Беларускай Рады, падае надзею, што тэлеграма да кайзэра знойдзе ў Бэрліне належны водгук…
Дык справа тэлеграмы была пастаўлена на парадак дня на закрытым паседжаньні Рады дня 25 красавіка 1918 г. Сам прынцып пасылкі тэлеграмы ня выклікаў большых спрэчак (гэта было ўжо вырашана ў прыватных гутарках), а доўгую, вельмі доўгую дыскусію выклікала зрэдагаваньне тэлеграмы і яе зьмест. Ішло аб тое, каб не сказаць замнога і не сказаць замала. "Урэшце, пасьля доўгіх і гарачых спрэчак быў прыняты такі тэкст тэлеграмы: «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, як абраная прадстаўніца Беларускага народу, зьвяртаецца да Вашай імпэратарскай Вялікасьці з славамі найглыбейшай падзякі за асвабаджэньне Беларусі нямецкімі вайскамі зь цяжкога ўціску, чужога пануючага зьдзеку і анархіі. Рада БНР дэкляравала незалежнасьць цэльнае і не дзялімае Беларусі і просіць Вашую імпэратарскую Вялікасьць аб абароне ў яе кіраваньня дзеля ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці і недзялімасьці краю ў зьвязку зь Германскай імпэрыяй. Толькі пад абаронай Германскай імпэрыі бачыць край сваю добрую долю ў будучыне»[11]. Пры галасаваньні за тэлеграму было пададзена 35 галасоў, проціў 4 галасы, 4 устрымаліся.
Прыхільнікі высылкі тэлеграмы аргумэнтавалі так: у тэлеграме няма зрачэньня незалежнасьці, а нават гэтая незалежнасьць два разы падчырківаецца, апроч гэтага, гаворыцца аб недзялімасьці краю; няма там ані слова аб тым, што Беларусь пераходзіць пад панаваньне немцаў, а толькі гаворыцца аб зьвязку або саюзе зь Нямеччынай; Нямеччына, як дзяржава далейшая, ня так страшная для існаваньня Беларусі як, напрыклад, Расея або Польшча. Апроч гэтага, гаварылася аб эканамічных карысьцях сувязі зь Нямеччынай, куды Беларусь зможа высылаць свае земляробскія прадукты, а урэшце, на заканчэньне ўсяе аргумэнтацыі, гаварылася, што іншага выхаду няма, што гэтаксама робяць іншыя народы і дабіваюцца пажаданых рэзультатаў і г. д.
Падпісалі тэлеграму ад імя Рады пяцёх чалавек: Скірмунт, Аляксюк, Лявіцкі, Зямкевіч і пяты, якога я тымчасам не назаву, бо знаходзіцца ён у дзяржаве, якая цяпер моцна прасьледуе беларусаў. Падпісалі і выслалі празь менскае Обэр-Коммандо. Высылаючы, спадзяваліся хуткага адказу і разам з адказам прызнаньня Беларускай Рады і Беларускай Народнай Рэспублікі de jure з боку сільнай тагды яшчэ Нямеччыны. Спадзяваліся так-жа, што такім парадкам беларуская справа стане на грунт міжнародны.
Аднак адказу на тэлеграму ня было. Чаму? На гэтае Нямеччына мела свае прычыны.
Прадусім Нямеччына не хацела дражніць савецкай Расеі, зь якою падпісала ў Берасьці выгадны для сябе мір. Чуючыся штораз слабейшаю на Захадзе, дзе Антанта прыгатаўлялася да апошняга рашучага бою, нямецкая палітыка не хацела тварыць для сябе новых труднасьцяў на Ўсходзе. Яшчэ ў сакавіку, калі Прадстаўніцтва зьвярнулася да нямецкага ўраду з просьбай помачы ў будаўніцтве Беларусі, «Berliner Tageblatt», каторы заўсёды стаяў блізка міністэрства загранічных спраў Нямеччыны (№ 142, з дн. 18.111.1918 г., вячорнае выданьне), пісаў так: «Імпэрскі ўрад стаіць на тым становішчы, што гэтакая помач немагчыма, бо пры падпісаньні міра ў Берасьці ён цьвёрда забавязаўся не паддзержываць ніякіх сэпаратыўных тэндэнцыяў у новых вялікарускіх граніцах». З гэтага відаць, што Нямеччына хацела быць лёяльнай адносна бальшавікоў: яна ў гэтай лёяльнасьці бачыла для сябе карысьць.
Бэрлін меў тагды яшчэ іншыя пляны адносна Беларусі: ён хацеў празь беларускую тэрыторыю, паміж Літвою (якая даходзіла да Саколкі) і Ўкраінай (якая даходзіла да Бельска), стварыць для сябе карыдор у Расею, каб абмінуць транзытныя дарогі праз новаствораныя дзяржавы і мець беспасярэднія зносіны зь вялікім расейскім рынкам. Карыдор гэты быў створаны па лініі Граева-Беласток-Баранавічы. Граніца паміж Нямеччынай і Расеяй мела праходзіць паводле Берасьцейскага трактату на палове дарогі паміж Ваўкавыскам і Слонімам па рацэ Зэльвянцы. Карыдор гэты меліся немцы далучыць да Прусіі.
Гэтак стаіць справа з тэлеграмай. Углядаючыся на гэту справу ў пэрспэктыве 16-ці гадоў, мы даходзім да пракананьня, што высылка тэлеграмы была памылкай. Гэтак мы думаем цяпер, але тагды? Тагды здавалася, што яна ёсьць жыцьцёвай канешнасьцяй, і затым яна сабрала столькі галасоў. Пры гэтым трэба зьвярнуць увагу на тое, што ў палітыцы тыя крокі ўважаюцца за памылковыя, якія не ўдаліся, а тыя, што ўдаліся, уважаюцца часта за геніяльныя. Высылка тэлеграмы была аднэй з многалікіх спробаў шуканьня выхаду зь цяжкога палажэньня, у якім апынуўся тагды Беларускі народ.
* * *
Аднак, паміма ўсіх памылак, Беларускі народ штораз цьвярдзейшаю ступою ідзе да свае незалежнасьці. У 1918 годзе, пры існаваньні вонкавых магчымасьцяў стварэньня Незалежнай Беларусі, не хватала Беларускаму народу нутраных магчымасьцяў і сіл, а іменна: зразуменьня патрэбы стварэньня сваей незалежнай дзяржавы і колектыўнай волі у кірунку стварэньня гэтай незалежнасьці, іншымі славамі, ня было яшчэ ў Беларускага народу агульнага, колектыўнага, абымаючага ўвесь народ, паняцьця аб патрэбе сваей незалежнасьці.
Такія колектыўныя, абымаючыя ўвесь народ, паняцьці маюць усе народы, мае іх і народ Беларускі. Паміж такімі колектыўнымі паняцьцямі ў нашым народзе на першае месца выбіваюцца тры:1) уся зямля народу, 2) «польская» вера і 3) "руская вера[12]. Гэтыя тры паняцьці так пашыраны і так глыбока закараніліся ў душы беларуса, "што іх сапраўды трэба назваць колектыўнымі паняцьцямі Беларускага народу. Колектыўным паняцьцем павінна стацца і паняцьце незалежнасьці Беларусі. Кожны народ, які збудаваў пасьля вайны сваю незалежнасьць, меў перад гэтым колектыўнае паняцьце незалежнасьці і меў колектыўную волю дайсьці да гэтай незалежнасьці. Гэтакай дарогай павінен ісьці і народ Беларускі. Калі гэтае колектыўнае паняцьце абыйме ўвесь Беларускі народ: і інтэлігенцыю, і работнікаў, і сялянскія масы, калі яно ўвойдзе ў душу і кроў народу, то не сягоньня, а заўтра, пры спрыяючых абставінах, гэта незалежнасьць будзе здабыта. А цяпер кожнае нашае збліжэньне да гэтага колектыўнага паняцьця і колектыўнай волі ёсьць збліжэньнем да незалежнасьці.
Заўвагі
[правіць]- ↑ Чычэрын, як ведама, ня гледзячы на тое, што паходзіў з расейскае арыстакрацыі, быў пакліканы бальшавікамі ў першых гадох іхняй улады на высокае становішча камісара загранічных спраў і спаўняў гэты абавязак пакуль яго не замяніў Літвінаў.
- ↑ Цяпер Р.Скірмунт працуе ў польскай санацыі, якая яго дэлегавала ў сэнат і ў беларускай працы ня прыймае ніякага ўчасьця.
- ↑ Першы пункт рэзалюцыі, за каторы бальшавікі разагналі Кангрэс, быў такога зьместу: „Замацоўваючы свае правы на самаазначэньне, абвешчанае расейскай рэвалюцыяй, і прыймаючы рэспубліканскі дэмократычны строй на абшары Беларускай зямлі, для паратунку роднага краю і для забясьпечаньня яго ад разьдзелу і адлучэньня ад Расейскай Дэмократычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі, Першы Ўсебеларускі Зьезд ухваляе: безадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Ўсебеларускага Савету сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіраваньня краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнаю ўладаю, адпавядальнай перад Саветам рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў“ (гл. зборнік „Беларусь“, Менск, 1924, стар. 199). Бальшавікам найболей не спадабаліся ў гэтым пункце словы аб рэспубліканскім дэмократычным строю Беларусі і аб утварэньні краёвай улады. Пунктаў у рэзалюцыі было 15, агаласіць і прыняць пасьпелі толькі гэты першы аб дзяржаўным строю Беларусі.
- ↑ „Мы жертвою пали в борьбе роковой“.
- ↑ Гэты стары дзед, дэлегат ад сялянскай беларускай масы, ёсьць сапраўды сымбалям старой Беларусі, бязвольнай, плачучай і наракаючай на сваю долю. Маладая Беларусь павінна сказаць: Даволі гэтага! Пры разгоне кангрэсу было моцна пабітых прыкладамі ад стрэльбаў 5 асоб.
- ↑ Старшыня камісараў Абліскамзапу Ляндэр у сваей тэлеграме ў цэнтр тлумачыць ліквідацыю зьезду тым, што зьезд абвесьціў у краі новую ўладу, адкінуўшы абраны зьездам Саветаў Абласны Вык. Камітэт Заход- няй вобласьці і фронту, або, інакш кажучы, адкінуўшы гэты самы Абліскамзап (гл. зборнік «Беларусь», стар. 199). А камісар Рэзаўскі быў перад тым загадчыкам асьветы пры Менскім гарадзкім савеце: калі да яго зьвярнуліся беларусы з жаданьнем выданьня беларускіх школьных падручнікаў, ён адказаў, што ніякіх беларусаў не прызнаець. Гэтакія людзі стаялі на чале Абліскамзапу.
- ↑ Б. Сац. Грамада ў сваей праграме і дзейнасьці была копіяй ППС на беларускім грунце. Як ППС ёсьць патрыятычнай і разам соцыялістычнай партыяй у Польшчы, так Б. Сац. Грамада была ў Беларусі.
- ↑ Як ведама, Усебеларускі Кангрэс, каб болей усыстэматызаваць працу, выбраў зь сябе Раду Кангрэсу; Рада мела апрацоўваць рэзалюцыі, якія пасьля прыняцьця іх Радай перадаваліся на пленум Кангрэсу, і наагул — кіраваць усей працай Кангрэсу. У Раду ўваходзілі ўсе беларускія партыі і арганізацыі, ня выключаючы народнікаў, народных сацыялістаў, хадэкаў і г. д. Пасьля разгону Кангрэсу большасьць дэлегатаў сабралася тайна ў жалезнадарожным дэпо і там перадала Радзе паўнамоцтвы на далейшае змаганьне за ідэалы беларускага народу. Дзеля таго, што ня усе сябры Рады маглі быць заўсёды ў Менску, быу выбраны Радай Выканаўчы Камітэт Рады, у каторы ўжо ўвайшлі адны толькі сябры Б. С. Грамады. Ад імя Выканаўчага Камітэту Рады былі выданы першая і другая ўстаўныя граматы да народаў Беларусі (21.11. і 9.111.1918 г.). Пасьля гэтага ў Выканаўчы Камітэт Рады ўваходзяць прадстаўнікі ад расейцаў, жыдоў, літоўцаў, палякоў (ад партыі ППС уваходзіў А.Прыстар), а так-жа прадстаўнікі ад земстваў і гарадоў (самаўрадаў) Беларусі. Пасьля ўваходу гэтых груп Выканаўчы Камітэт Рады Кангрэсу прыймае назоў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, і ўжо гэтая Рада, дня 25 сакавіка, ухваляе незалежнасьць Беларусі, і трэцяя ўстаўная грамата «аб незалежнасьці» выдаецца ад імя Рады Б. Н. Р.
- ↑ У беларускім руху тагды прымалі ўдзел два генэралы: адзін — Кандратовіч, аб каторым тут гутарка, а другі — Аляксееўскі, каторы быў на Ўсебеларускім Кангрэсе як дэлегат ад беларусаў-ваякаў Гэльсінгфорскага гарнізону (у Фінляндыі). Калі на гэным Кангрэсе адзін бальшавік, які прыйшоў нібы прывітаць Кангрэс, зажадаў скінуць беларускі бела-чырвона-белы сьцяг, то ген. Аляксееўскі падыйшоу да сьцягу і пад бурныя воплескі Кангрэсу пацалаваў яго, заяўляючы, што для кожнага беларуса нацыянальны сьцяг — гэта вялікая сьвятасьць, каторай ён адкінуць ня можа, не адкідаючы беларускага імені.
- ↑ Украіна была прызнана незалежнай на аснове Берасьцейскага трактату з дня 3 сакавіка 1918 г., а Літва 23 сакавіка гэтага-ж году. Адносна прызнаньня Літвы справа была так. Дня 11 сьнежня 1917 г. Літоўская Тарыба была зьвярнуўшыся да нямецкага кайзэра і ўраду з мэморыялам, просячы «адбудаваць Літву як незалежную дзяржаву, зьвязаную зь Нямеччынай вечнай сувязяй і конвэнцыямі». На гэту просьбу канцлер нямецкі заявіў дня 23.111.18. літоўскай дэлегацыі наступнае: "Пасьля таго, як быўшых раней дзяржаўных сувязяў Літвы цяпер няма, Літва прызнаецца Нямеччынай свабоднай і незалежнай дзяржавай на аснове памянёнага мэморыялу Літоўскай Краёвай Рады з дня 11.XII.1917 г. (гл. «Гоман», № 25, з дн. 26.III.1918 г.).
- ↑ Аўтэнтычны тэкст тэлеграмы зьмешчаны ў зборніку «Беларусь», Менск, 1924 г., стар. 202. Цытуе гэту тэлеграму і Ст. Элскі ў сваей брашуры «Sprawa białoruska» (Варшава, 1931, стар. 36), але ў сфальшаваным выглядзе. Наагул брашура гэта напісана вельмі павярхоўна і поўная памылак. Відаць, аўтар, ня знаючы беларускай справы, зьбіраў бязь ніякага крытыцызму тое, што сказалі іншыя.
- ↑ Гэтыя два апошнія паняцьці памылковыя, бо кожны сьведамы чалавек ведае, што ані «польскай», ані «рускай» веры няма, аднак яны таксама пашыраны ў народзе, як і першае паняцьце.