Зьезд польскіх панскіх радаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зьезд польскіх панскіх радаў
Публіцыстыка
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1919 год
Крыніца: Беларуская Думка. — 9 мая 1919. — №6; бач. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗЬЕЗД ПОЛЬСКІХ ПАНСКІХ РАДАУ.

Надоячы у мейскай залі адбыўся сход прыехаўшых з Варшавы злучаных польскіх панскіх радаў: Менскай, Магілеўскай, Віленскай і другіх.

Прадстаўнікі гэтых рад апаведалі сваю бяздольную гісторыю, як яны былі у Варшаві, у Парыжу, як стараліся, каб зрабіць Польшчу ад мора да мора.

Усё гэта не абыякія паны, найбагацейшыя земляўласьнікі, і скардзіліся яны, што Варшаўскі Сацыялістычны Урад не прыняў іх, не прызнаючы, каб яны мелі мандаты ад усіх палякоў Беларусі.

Так сама не прыняў іх і цяперашні Сойм.

Праз увесь час гутаркі гэтых паноў ні слова мы ня чулі, каб на „панскіх“ землях жыў нейкі іншы народ, чым ся польскі.

Даведаліся мы толькі, што яны хочуць граніц Польшчы з 1772 году, што пісалі яны шмат мэморыялаў і наагул напрацаваліся…

З іх гутаркі мы дазналіся, што у Варшаву езьдзілі дзьве беларускія дэлегацыі: адна з Навагрудка, а другая з Адэссы. Дэлегацыя з Навагрудка высказалася за прылучэньня да Польшчы.

У склад гэтае дэлегацыі уваходзіла колькі паноў і панскіх прыяцеляў селян, Кіравалі дэлегацыяй паны Янтсэн і Цьвірка-Гадыцкі. Гэтая дэлегацыя панам спадабалася і яе хвалілі, хаця, як мы ведаем з Варшавы, прынята там была ня надта добра: мандаты былі не ад ўсяго беларускага народу!

Дэлегацыя з Адэссы саўсім не спадабалася.

Закід быў зроблены, што у склад увайшлі быўшыя чыноўнікі краю.

Сумна было слухаць рэляцыю паноў. Для іх німа незалежнасьці Беларусі, Літвы ці Украіны, аб гэтых народах амаль не гаворыцца, здабыткі рэвалюцыі хоць бы і найменьшыя не прызнаюцца, аб аграрнай справе ні слова. Няўжо-ж усё гэта не жыцьцёвая патрэба і канешнасьць, а адны выдумкі злых соцыялістаў?

Час ідзе, тое што было пераменяецца і ніхто і нішто ня спыніць чалавечай думкі і поступу. Маральнае права ніколі не прападзе, а гвалтаўнікі яго ня змогуць і яно будзе сьвяткаваць сваю пабеду.

Але што-ж, паны думаюць па-панску і не разумеюць, што яны ўжо толькі — morituri…

Саука Барывой.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.