Перайсці да зместу

Зноў у справе лемантара Любіч-Маеўскага

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зноў у справе лемантара Любіч-Маеўскага
Публіцыстыка

1930
Крыніца: Газэта «Беларуская Крыніца», № 30, 9 лістапада 1930 г., б. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зноў у справе лемантара Любіч-Маеўскага.

Нашы чытачы хіба помняць, як у прошлым годзе ўсё беларускае грамадзянства пратэставада проціў выданага польскім дзяржаўным выдавецтвам беларускага лемантара Любіч-Маеўскага. Лемантар гэты быў настолькі няўдалы з боку пэдагогічнага і тэхнічнага, што самі ўлады пастанавілі выняць з прадажы і ня ўвадзіць ў школы. Доўга гэты лемантар хадзіў па руках беларускай віленскай санацыі і ўрэшце быў „папраўлены“: Увялі замест польскага „sz“ і „cz“ беларускае „š“ і „č“, выкінулі ўсе нясінеціцы і недахопы з боку пэдагогічнага, паправілі граматычныя памылкі — і вось мы ўжо маем новае папраўленае выданьне гэтага лемантара. Друкаваны ён таксама лацінкай, як і той першы. Распараджэньнем Мініст. Асьветы з дн. 8.VIII. с. г. гэты лемантар уводзіцца ва ўсе беларускія пачаткавыя школы.

Але гэтае распараджэньне міністэрства ня ёсьць простым распараджэньнем, якое можа прайсьці бясьледна ў беларускім жыцьці. Тое распараджэньне мае ў сабе такія мэты, што аб іх варта пагаварыць шырэй.

Вось-жа ў гэны лемантар, друкаваны лацінкай, укладаецца дадатак, друкаваны граждавкай. Гэты дадатак, абымаючы ў сабе гражданскую абэцэду, праваслаўныя малітвы і некалькі чытанак, празначаны толькі для праваслаўных. Каталіцкае дзіця пад срогай адказнасьцю вучыцеля пры сваім лемантару гэтакага дадатку мець ня можа. Мала гэтага — гэты дадатак можа быць уведзены толькі ў тых школах, дзе ёсьць большасьць праваслаўных дзяцей, а дзе іх меншасьць, то нават праваслаўным дзецям гэтага дадатку даваць ня можна, яны павінны вучыцца з лемантара друкаванага лацінкай!

З гэтага распараджэньня міністэрскага выплываюць дзьве рэчы: 1) далейшае паглыбленьне падзелу і пропасьці паміж беларусамі каталікамі і праваслаўнымі і 2) імкненьне да шыбчэйшага спалянізаваньня праваслаўных там, дзе яны знаходзяцца ў меншасьці пасярод каталікоў. Для нас ясна, што ўрад хоча зусім вывесьці гражданку з грамадзкага жыцьця там, дзе ёсьць праваслаўныя ў меншасьці, а ў меншасьці яны бліжэй этнаграфічнай Польшчы… Значыць, адсоўваючы ўжываньне гражданкі далей на ўсход, польская палітыка думае гэтак-жа далёка пасунуць полёнізацыю „крэсаў“…


Мы ў прынцыпе не зьяўляемся праціўнікамі лацінкі. Ужо здаўных мы стаім на тым становішчы, што лацінка ёсьць такім самым беларускім шрыфтам, як і гражданка. Абедзьве абэцэды маюць у нас поўныя правы. Аднак мы заўсёды цьвердзілі, што ў імя еднасьці Беларускага народу нам патрэбны два шрыфты: і гражданка і лацінка. Калі на ўсходзе будуць доўга яшчэ ўжываць гражданку, а тут у нас лацінку, мы баімся, каб наш народ ня быў падзелены на дзьве часьці, так як сэрбы і харваты. Урэшце нашым старадаўным, гістарычным шрыфтам ёсьць гражданка, мы яе ня можам адкінуць, так як ня можам адкінуць слаўнае мінуўшчыны.

Затым мы і стаім за гражданку, як за наш гістарычны шрыфт і стаім таксама за лацінку, як за сучасны шрыфт усіх культурных народаў.

Практычна падходзячы да справы мы будзем заўсёды дамагацца, каб чытанкі ў школах былі друкаваны і лацінкай і гражданкай, каб дзеці, скончыўшы школу, маглі прачытаць кніжку або газэту друкаваную і лацінкай і гражданкай. Гэта зусім магчыма, як нам паказвае практыка у немцаў: там усе школьныя чытанкі друкуюцца і готыкай і лацінкай у перамешку. Калі-б польскі ўрад гэтага зрабіць не хацеў, але ў імя сваіх палітычных мэтаў далей праводзіў свае пляны, мы будзем прымушаны ўсімі сіламі проціў гэтага пратэставаць і пры ўсякай нагодзе вучыць наш народ і гражданкі нараўне з лацінкай. З гэтай мэтай мы выдаём ужо блізка год „Б. Крыніцу“ ня толькі лацінкай але і гражданкай, мы будзем яе выдаваць і надалей гэтак і разам з гэтым будзем пільна сачыць за ўсімі падходамі польскага ўраду да справы гражданкі. Далейшыя выдавецтвы беларускіх чытанак для старэйшых аддзелаў пакажуць, ці нашыя пажаданьні ўрад узяў пад увагу ці не. Калі-б аказалася, што чытанкі выпушчаны толькі лацінкай, мы будзем прымушаны рашуча бараніць нашае цяперашняе становішча ў справе шрыфтаў. Мы ў газэтах і кніжках, друкаваных лацінкай, будзем удзяляць месца і гражданцы, каб такім парадкам знаёміць наш народ ня толькі з лацінкай, але і гражданкай, і будзем рабіць гэта ў імя вялікай ідэі: еднасьці Беларускага народу.