Зноў прыйшла, прыйшла ты… (1926)
Зноў прыйшла, прыйшла ты… Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1926 Крыніца: Полымя, 1926, №4 |
гл. таксама Зноў прыйшла, прыйшла ты… |
* * *
Зноў прышла, прышла ты
Да сялянскай хаты,
На прастор шырокі радасных дуброў —
Ты сягоньня будзеш
Ў маладыя грудзі
Уліваць жаданьні і юнацтва кроў.
Хай цьвіце Айчына
На прасторах сініх,
Дзе агнём палае прозалаць-зара —
Ужо ты красуеш
І жыцьцё чаруеш,
Ўжо лясоў кашулі ў зелені гараць.
Ты прышла, і ў нівах
Радасна-шумлівых
Твая радасць-кветка б’е агнём крыніц;
Толькі я прывольля
Ня сустрэў на полі,
Не адчуў каханьня сваіх родных ніў.
І цяпер пад сонцам
Хочацца бясконца
Абхапіць рукамі гэту даль і шыр,
Каб агнём поэты
Перад новым сьветам
Ўсё сказаць і — шчыра, што я перажыў!..
Зноў прышла, прышла ты
Да сялянскай хаты,
На прастор шырокі радасных дуброў —
Вось затым сягоньня
Рвуся я на гоні,
Вось затым сягоньня так шумуе кроў!..
Менск 1926